355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Франсуа Мориак » Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 31 октября 2016, 01:27

Текст книги "Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)"


Автор книги: Франсуа Мориак


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 7 страниц)

У нядзелю ў царкве яна не адчувала такога страху, i там ёй было крыху лягчэй. Ёй здавалася, што тут, у Сэн-Клеры, да яе людзi ставяцца больш-менш прыхiльна... Яна не ведала, што бацька i Бернарава сям'я з усяе сiлы старалiся зрабiць з яе нявiнную ахвяру, да смерцi напалоханую гнюсным паклёпам: "Мы баiмся, што няшчасная ўжо i не паправiцца. Нiкога не хоча бачыць. I ведаеце, доктар сказаў не пярэчыць ёй. Бернар клапоцiцца пра яе, усё робiць, што толькi можна. Але бачыце... псiхiка яе парушана".

Апошняя ноч кастрычнiка. Шалёны вецер навалiўся на Аржалузу. Трашчалi дрэвы, страшна гуло ў комiне.

Тэрэза драмала, i ёй здавалася, што да яе далятае шум далёкага акiяна... А ранiцай яе пабудзiлi iншыя гукi. Яна адчынiла аканiцы, аднак святлей у пакоi не стала: дробны асеннi дождж барабанiў па чарапiчных стрэхах, па яшчэ густым дубовым лiсцi. У той дзень Бернар не выходзiў з дому. Тэрэза запалiла цыгарэту, кiнула, выйшла на лесвiчную пляцоўку... Яна чула, што i Бернару не спiцца: ён хадзiў з пакоя ў пакой. Да яе дайшоў пах моцнага тытуню ад яго люлькi, якi перабiў водар яе слабых цыгарэт. Яна пазнала гэты пах, i ён нагадаў ёй пра мiнулае...

Першы дзень глыбокай восенi... А колькi ж яшчэ такiх дзён адведзена ёй адпакутаваць у гэтым пакоi ля камiна, дзе ледзьве тлеюць вугалi?.. Ад сырасцi па кутках паадставалi шпалеры... На сценах яшчэ вiднелiся сляды ад сямейных партрэтаў, якiя Бернар перавёз у Сэн-Клер. На iх месцы засталiся толькi ржавыя, цяпер ужо непатрэбныя цвiкi. На камiне ў трайной раме, падробленай пад чарапаху, фатаграфii: выцвiлыя, бледныя. Нiбы смерць, забiраючы тых людзей, прайшлася i па iх партрэтах: Бернараў бацька, бабуля i сам Бернар у маленстве з чубком на лобе i локанамi да плячэй.

Пражыць тут увесь гэты дзень... А потым тыднi, месяцы...

Вечарэла. Тэрэза не вытрымала: цiхенька адчынiла дзверы, спусцiлася па лесвiцы i зайшла на кухню. Бернар ад нечаканасцi ўскочыў са свайго месца, Бальён перастаў чысцiць стрэльбу, а яго жонка выпусцiла з рук вязанне.

– Вы што, спужалiся мяне?

– Заходзiць на кухню вам забаронена. Хiба вы не ведаеце?

Тэрэза нiчога не адказала i падалася да дзвярэй. Бернар спынiў яе:

– Раз вы ўжо тут... то лiчу неабходным паведамiць, што быць у гэтым доме больш у мяне няма патрэбы. У Сэн-Клеры нам удалося схiлiць да вас сiмпатыi людзей. Усе лiчаць або робяць выгляд, што лiчаць, вас трохi... неўрастэнiчнай. Мы пераканалi ўсiх, што вы захацелi пажыць адна, а я часта прыязджаю да вас. З сённяшняга дня я вызваляю вас ад абавязку ездзiць у царкву...

Тэрэза прамармытала, што ёй "зусiм не было непрыемна" хадзiць на месу. Бернар перапынiў яе i сказаў, што гаворка не пра тое, што ёй прыемна, а што не. Тое, чаго хацеў Бернар са сваёю сям'ёй, было дасягнута.

– Вось, а раз меса для вас нiчога не значыць...

Тэрэза памкнулася штосьцi сказаць, але не... змаўчала. А Бернар уладарна запатрабаваў, каб яна нiводным сваiм рухам, нiводным словам не сапсавала гэтага нечаканага хуткага поспеху. Яна спыталася пра здароўе Мары. Ён адказаў, што Мары адчувае сябе добра i заўтра разам з Аннай i мадам дэ ля Траў паедзе ў Балье. Ён i сам там пабудзе нейкi час – месяцы два, не больш. Потым ён адчынiў дзверы i даў Тэрэзе выйсцi.

На золку яна чула, як Бальён запрагаў каня. Потым пачуўся Бернараў голас, заржаў конь i загрукаталi колы... I зноў лiў дождж – на чарапiчныя стрэхi, на запацелыя вокны, на пустое поле, на ўсе сто кiламетраў ландаў i балотаў, на бясконцыя дзюны, на ўвесь акiян...

Тэрэза дапалiла цыгарэту i запалiла ад яе новую. Недзе гадзiны ў чатыры яна накiнула плашч i выйшла прайсцiся пад дажджом. Але праходка не ўдалася: у цемры ёй стала боязна i яна вярнулася. Агонь у камiне патух. Дрыжучы ад холаду, яна лягла ў пасцель. Гадзiн у сем служанка прынесла яечню, падсмажаную на сале. Ёй ужо абрыдзеў пах свiнога тлушчу. Кожны дзень адно i тое: альбо яечня, альбо кансервы... Жонка Бальёна апраўдвалася, што нiчога лепшага ў яе няма, бо месьё Бернар забаранiў рэзаць курэй. Яна пачала бурчаць, што сэрца ў яе хворае, ногi ацяклi, а тут цягайся туды-сюды без толку... Не пад сiлу ўжо ёй такая работа, i толькi, каб уважыць гаспадара...

Ноччу ў Тэрэзы пачалася гарачка. Ёй мроiлася жыццё ў Парыжы: вось яна ў тым самым рэстаране ў Булонскiм лесе, дзе калiсьцi была з Бернарам... Але цяпер яна не з мужам, а з Жанам Азеведа i нейкiмi маладымi жанчынамi. Вось яна кладзе на стол свой чарапахавы партсiгар, закурвае. Iграе аркестр, а яна расказвае, расказвае... i ёй становiцца лягчэй. Вакол яе – уважлiвыя твары. I нiхто не здзiўлены яе расказам. А адна дама гаворыць:

– Ды гэта ж зусiм так, як было са мной. Як мне ўсё гэта знаёма!..

Нейкi пiсьменнiк адводзiць Тэрэзу ўбок: "Вам абавязкова трэба напiсаць пра ўсё, што вы перажылi. Мы змесцiм гэты дзённiк сучаснай жанчыны ў нашым часопiсе".

Дадому яна едзе ў аўтамабiлi з маладым чалавекам, якi цэлы вечар закахана глядзеў на яе. Вось яны едуць па Булонскiм лесе. Яна раўнадушная да свайго суседа, але ёй прыемна, што гэтае маладое цела згарае ад нецярпення. "Не, не сёння, – гаворыць яна яму, – сёння мне трэба яшчэ заехаць да сяброўкi". – "А заўтра?" – "Таксама не магу". – "Дык у вас, выходзiць, усе вечары занятыя?" "Амаль што... Амаль што ўсе..."

Але ў яе жыццi ёсць мужчына, у параўнаннi з якiм усе астатнiя – проста нiшто. Яго нiхто з гэтага асяроддзя не ведае. Чалавек ён сцiплы, непрыкметны. Але для Тэрэзы ён – сонца, вакол якога круцяцца ўсе яе думкi, намеры, жаданнi. Да яго – да гэтага сонца, чыё цяпло ведае толькi Тэрэзiна цела, – iмкнецца яе душа...

Парыж гудзiць, нiбы вецер у соснах. А Тэрэза ўсёй сваёй iстотай адчувае цела каханага, такое лёгкае, i ўсё ж яно замiнае ёй дыхаць вольна. Але Тэрэза хутчэй задыхнецца, чым адсуне ад сябе гэтае дарагое цела. I яна робiць рух, нiбы кагосьцi абдымае: правая рука сцiскае левае плячо, а пазногцi левай упiваюцца ў правае плячо.

Яна ўстае, босая падыходзiць да акна, адчыняе яго. Ноч не халодная, але хiба можна спадзявацца, што хоць адзiн дзень гэтай восенi будзе без дажджу? Дождж, дождж, будзе лiць дождж да сканчэння свету...

Калi б у яе былi грошы, яна ўцякла б адсюль у Парыж, пайшла б да Жана Азеведа i ўсё расказала б яму. Ён змог бы знайсцi ёй работу. I была б яна вольная, сама зарабляла б сабе на хлеб i нi ад кога не залежала б. Быць без сям'i! I няхай само сэрца выбiрае сабе блiзкiх людзей – не па крывi, а па духу i плоцi! Знайсцi сапраўдных дарагiх сваякоў! Няхай iх будзе няшмат! Няхай яны будуць раскiданы па свеце!..

Нарэшце яна заснула. Але акно засталося адчыненае i ранiшнi холад i сырасць пабудзiлi яе. Яна так змерзла, што зуб на зуб не пападаў, але ўстаць i зачынiць акно яна не магла. У яе ўжо не хапала сiлы накрыцца як след коўдрай...

У той дзень яна так i не паднялася з пасцелi. З'ела кавалачак кансерваў, выпiла кавы, каб можна было запалiць. Нашча палiць яна ўжо не магла: балеў страўнiк. Хацелася аднавiць у памяцi начны сон. Цяпер не толькi ў доме, але i ва ўсёй Аржалузе панавала цiшыня. Змрочныя асеннiя днi мала чым адрознiвалiся ад ночы. У гэтыя самыя кароткiя днi года бясконцы дождж змешваў усё ў адно: ранiцу, дзень, вечар. Ранiшняя iмгла змянялася вячэрнiм змрокам, i толькi нiшто не магло адмянiць цiшыню... Цяпер Тэрэзе зусiм не хацелася спаць. Зноў i зноў цярплiва шукала яна ў сваiм мiнулым забытыя твары, губы, што вабiлi да сябе, уваскрашала ў памяцi расплывiстыя вобразы выпадкова спатканых мужчын, якiх клiкала ў начных мроях яе нявiннае цела. Яна прыдумвала сабе шчасце, малявала радасцi i ўцехi жыцця i па крупiнцы складала казку пра нейкае нерэальнае каханне...

– Яна ўжо зусiм не ўстае з пасцелi, а да яды i не дакранаецца, дакладвала праз нейкi час служанка Бернару. – Але затое бутэльку да дна выпiвае. Колькi нi дай вiна, усё выжлукцiць гэтая свалата! А ад цыгарэт то ўжо няма спасу. Папрапальвала вунь колькi прасцiн. Скончыцца гэта пажарам! Папомнiце маё слова! Палiць i палiць – пальцы ўжо ўсе жоўтыя. I гэта ж трэба: прапалiць такiя прасцiны! А iх жа спецыяльна заказвалi... Ну, цяпер яна ў мяне пачакае! Няскора я ёй iх памяняю!

Яна яшчэ нешта бубнiла, што не адмаўляецца падмятаць пакой, прыбiраць пасцель, але ж гэтая гультайка не хоча вылазiць з-пад коўдры. Дык цi варта для яе старацца. "Я ж хворая. Ногi вунь ацяклi. А кожную ранiцу прыношу ёй гарачай вады. I ўсё дарэмна: дзе паставiш збан – там вечарам i забярэш..."

Думкi Тэрэзы ўжо адарвалiся ад таго невядомага выдуманага мужчыны. Ёй надакучыла несапраўднае, уяўнае шчасце, i фантазiя вяла яе цяпер новымi шляхамi. Вось яна ляжыць на смяротным ложы. Вакол стаяць на каленях людзi. Да яе прыносяць аднаго з тых хлопчыкаў, што ўцякалi з усiх ног, убачыўшы яе. Ён б'ецца ў перадсмяротных сутаргах. Яна кладзе яму на галоўку свае жоўтыя ад нiкацiну пальцы, i адбываецца цуд: хлопчык устае здаровы. Былi ў яе i больш сцiплыя мроi. Вось яна пабудавала сабе дом на беразе мора. Яна ясна бачыць сад, тэрасу, пакоi, мэблю, рэчы. Спрачаецца сама з сабой, якую лепш выбраць абiўку...

Потым дэкарацыi мянялiся. Усё рабiлася цьмяным i расплывiстым. А перад вачыма стаяла толькi алея ды лаўка на марскiм узбярэжжы. Тэрэза адпачывае, сядзiць на гэтай лаўцы, абапёршыся на чыёсьцi плячо. Потым звiнiць званок: час абедаць. Яна ўстае i iдзе па цёмнай алеi. Нехта крочыць побач. Нечакана дужыя рукi абдымаюць яе... Пацалунак, ад якога спыняецца час... Ёй здаецца, што ў каханнi бываюць iмгненнi, якiя цягнуцца вечна. Яна ўяўляе iх, але сама не зведае нiколi... А вось i белы дом, студня. Скрыпiць помпа. Прыемна пахнуць палiтыя гелiятропы. Абед будзе адпачынкам перад тым шчасцем, якое чакае яе вечарам i ноччу. Яе чакае шчасце, якому немагчыма глянуць у твар, яно бязмежнае, i чалавечае сэрца не ў стане ахапiць яго. Так марыла Тэрэза пра каханне, якога была пазбаўлена ў жыццi. А яно, гэтае гарачае, таямнiчае пачуццё пранiзвала ўсю яе iстоту... Яна амаль не чуе звяглiвага голасу служанкi. Што яна там крычыць?

– Праз дзень-два можа вярнуцца з поўдня месьё Бернар. I што ён скажа, калi зойдзе ў ваш пакой? Ды гэта ж свiнушнiк! Уставайце, мадам! А не – дык падыму вас сiлай!

Тэрэза садзiцца на пасцель i тупа глядзiць на свае схуднелыя, як у шкiлета, ногi... Старая накiдвае на яе капот i падпiхае яе ў крэсла. Тэрэза машынальна шукае каля сябе цыгарэты, але рука ў немачы падае на каленi. Праз адчыненае акно льюцца халодныя сонечныя промнi. Служанка мiтусiцца, падмятае падлогу, сапе, мармыча праклёны. А кажуць, што яна добрая жанчына. Кожны год, калi пад каляды колюць свiнчо, выкармленае ёю, яна хаваецца i плача... А злуецца яна таму, што Тэрэза маўчыць i не адказвае ёй. Гэта для яе найбольшая абраза.

Аднак гаварыць няма ўжо сiлы ў Тэрэзы. Калi яна ўсiм целам адчула свежасць чыстых прасцiн, яна, як здаецца, сказала "дзякуй", але на самай справе нiводзiн гук не зляцеў з яе вуснаў... Адыходзячы, служанка з'едлiва кiнула:

– Ну, гэтых прасцiн то вы ўжо не прапалiце!

Тэрэза спалохалася, што старая забрала цыгарэты. А як жа цяпер... без цыгарэт?.. Яна так прывыкла да дыму... Ёй проста неабходна трымаць у руках гэтую сухую цёплую палачку. Цяпер старая вернецца толькi вечарам... Цэлы дзень без цыгарэт!.. Яна заплюшчвае вочы, а пальцы па прывычцы варушацца, нiбы размiнаюць цыгарэту...

Вечарам у сем гадзiн зайшла служанка. Прынесла з сабой свечку, паставiла на столiк паднос: малако, кава, акрайчык хлеба. "Мо яшчэ што?" Яна зларадна паглядзела на Тэрэзу, чакаючы, што тая папросiць цыгарэт. Але Тэрэза маўчала, адвярнуўшыся тварам да сцяны...

Служанка, мусiць, добра не зачынiла акно. Парыў ветру расхiнуў яго, i начны холад уварваўся ў пакой. А ў Тэрэзы ўжо не было нi сiлы, нi адвагi, каб адкiнуць коўдру, устаць i дайсцi да акна. Яна скурчылася, нацягнула коўдру да самых вачэй i нерухома ляжала, адчуваючы на павеках i лобе ледзяное дыханне ветру. За акном не сцiхаў шум лесу, падобны на гул акiяна, i ўсё ж сапраўдным гаспадаром усяго была глыбокая мёртвая цiшыня Аржалузы. Тэрэзе падумалася, што калi яна папраўдзе хоча пакутаваць, захварэць, памерцi, то не варта так захутвацца ў коўдру. Яна паспрабавала адкiнуць коўдру, але праз некалькi секунд зноў схавалася пад ёю. Потым ёй удалося вытрымаць трохi даўжэй пад холадам – яна нiбы падсвядома вяла нейкую гульню. Пакуты сталi яе адзiным заняткам i, хто ведае, можа, i сэнсам усяго яе iснавання на гэтым свеце.

XII

– Пiсьмо ад месьё Бернара!

Тэрэза не хацела дакранацца да гэтага канверта, але старая не адставала: тут, пэўна, напiсана, калi вернецца гаспадар, ёй трэба ведаць гэта, каб загадзя падрыхтавацца.

– Калi дазволiце, то я сама прачытаю...

– Чытайце! Чытайце! Што хочаце рабiце!

I Тэрэза, як заўсёды пры служанцы, адвярнулася да сцяны. Аднак тое, што па складах чытала жонка Бальёна, вывела яе са здранцвення:

"Быў вельмi рады, калi даведаўся з паведамлення Бальёна, што ў Аржалузе ўсё ў парадку..."

Бернар пiсаў, што хутка вернецца, але ён яшчэ будзе рабiць прыпынкi ў некалькiх гарадах, то не можа сказаць нiчога пэўнага пра свой прыезд.

"Ва ўсякiм разе, гэта будзе не пазней як дваццатага снежня. Не здзiўляйцеся, што я прыеду разам з Аннай i Дэгiлемам. Яны ўжо заручаны. Праўда, гэта пакуль што не афiцыйна. Дэгiлем вельмi хоча спачатку пабачыцца з Вамi. Ён пераконвае, што гэтага вымагае прыстойнасць. Але я падазраю, што ён хоча высветлiць для сябе некаторыя абставiны – Вы, безумоўна, здагадваецеся якiя. Вы дастаткова разумная, каб вытрымаць гэтае выпрабаванне. Не забывайцеся: Вы хворая, у Вас псiхiчнае расстройства. Словам, я вельмi спадзяюся на Вас. Я буду Вам вельмi ўдзячны, калi Вы не пашкодзiце шчасцю Анны i не скампраметуеце нас. Уся наша сям'я лiчыць, што гэта цудоўны шлюб ва ўсiх адносiнах. Калi ж Вы будзеце дзейнiчаць iнакш, то Вам давядзецца дорага заплацiць за любую спробу разлучыць гэтую пару. Зрэшты, я ўпэўнены, што нам няма чаго асцерагацца".

Стаяў цудоўны ясны халаднаваты дзень. Тэрэза такi паслухалася служанкi: устала з пасцелi i нават трохi прайшлася па садзе, абапiраючыся на руку старой. А вось даесцi кавалачак кураняцi яна так i не змагла. Да дваццатага снежня яшчэ заставалася дзесяць дзён. Служанка паўтарала, што варта мадам толькi ўзяць сябе ў рукi, прымусiць сябе ўставаць, выходзiць на двор, дыхаць свежым паветрам, як яна хутка стане на ногi.

– Не скажаш, што яна надта ўпарцiцца, – гаварыла жонка Бальёну, – яна проста зусiм раскiсла. Ого, месьё Бернар – майстар дрэсiраваць непаслухмяных сабак: чуць што – адразу надзене ашыйнiк з цвiкамi. I з гэтай доўга не важдаўся, а бачыш, як яна цяпер на жываце поўзае. Але было б такi лепш, каб ён не надта давяраў ёй...

А Тэрэза сапраўды сабрала ўсе свае сiлы, каб выйсцi з гэтага здранцвення. Яна адганяла прэч свае мроi, дрымоту, самазабыццё. Яна ўставала, хадзiла, ела, прывучала сябе зноў цвяроза глядзець на свет i людзей. Але адчувала яна сябе так, нiбы вярнулася ў ланды, падпаленыя сваёй рукой. Па калена ў попеле iшла яна сярод абгарэлых чорных хваiн... Яна рыхтавалася да сустрэчы, калi давядзецца гутарыць, усмiхацца ў лоне гэтай сям'i – яе сям'i.

Васемнаццатага снежня пасля абеду Тэрэза сядзела ў сваёй спальнi ля камiна i драмала, адкiнуўшы галаву на спiнку крэсла. Дзень выдаўся пахмурны, але без дажджу. Яе пабудзiў гул матора. У прыхожай пачуўся голас Бернара, потым загаварыла мадам дэ ля Траў. Калi служанка засопшыся ўбегла да Тэрэзы, тая ўжо стаяла перад люстэркам i падфарбоўвала сабе губы. Не звяртаючыся да старой, яна працадзiла праз зубы: "А то, крый Божа, напалохаю Аннiнага жанiха".

Але Бернар зрабiў памылку, што не падняўся адразу да жонкi. Малады Дэгiлем, якi абяцаў бацькам глядзець ува ўсе вочы, адзначыў для сябе, што "такая няўвага з боку мужа наводзiць на пэўны роздум". Ён крыху адышоўся ад Анны, наставiў свой футравы каўнер i цiха сказаў, што "гэтыя вясковыя маёнткi нiколi не напалiш". Потым папытаўся ў Бернара: "У вас унiзе падвал? Не? Ну, тады ў вас заўсёды будзе падгнiваць падлога, калi не пакласцi пад яе слой цэменту..."

На Анне было манто з футра вавёркi i фетравы капялюшык без стужкi i без банта. ("Але, – расказвала ўсiм мадам дэ ля Траў, -гэтыя капялюшыкi без нiякiх выкрунтасаў каштуюць цяпер больш, чым тыя, што калiсьцi насiлi мы, з пер'ем ды з эгрэткамi. Ну паглядзiце, якi цудоўны фетр! Праўда? Купiлi ажно ў Парыжы, а фасон выбралi ў самога Рэбу".)

Мадам дэ ля Траў грэла ногi ля камiна i нецярплiва паглядала на дзверы. Ад хвалявання скрывiўся яе сыты ганарысты твар. Яна абяцала Бернару быць на вышынi – толькi папярэдзiла яго: "I не прасi нават, каб я яе пацалавала. Нельга такога патрабаваць ад мацi. Мне за руку з ёю павiтацца i то брыдка. Адзiн Бог бачыць, што яна натварыла, але не гэта мяне абурае. Нiчога не зробiш: былi i ёсць забойцы сярод людзей. Але мяне абурае яе крывадушнасць. Вось што самае жахлiвае! Ты ж помнiш: "Мама, сядзьце ў гэтае крэсла. Тут вам будзе зручней..." А ўспомнi, як яна баялася "напалохаць" цябе! "Бедненькi, ён так баiцца смерцi, што гэты кансiлiум яго даканае...". Ведае Бог, я тады нiчога не падазравала, але, калi пачула гэтае "бедненькi", ажно здзiвiлася..."

А цяпер, у гэтай халоднай гасцiнай яе турбавала толькi адно: яўная няёмкасць, якую адчувалi ўсе прысутныя. Асаблiва пiльна сачыла яна за Дэгiлемам, што ўпiўся сваiмi кашэчымi вачыма ў Бернара.

– Бернар, табе трэба было б зайсцi да Тэрэзы. Можа, ёй нездаровiцца...

Абыякавая да ўсяго, што тут адбывалася, Анна першая пачула знаёмыя крокi: "Яна ўжо iдзе". Бернар схапiўся за сэрца. Зноў прыступ. Вось дурань! I чаму не было прыехаць сюды ўчора вечарам! Можна было б загадзя адрэпецiраваць гэтую сцэну з Тэрэзай... I што ж яна скажа? О, яна ўмее ўсё сапсаваць, i пры гэтым не зробiць нiчога такога, за што можна было б потым яе папракнуць. Як жа яна марудна iдзе па лесвiцы. Яны ўсе ўсталi даўно, павярнулiся да дзвярэй. Ну нарэшце...

Доўга потым помнiў Бернар, як пры з'яўленнi гэтай змарнелай, ледзь жывой iстоты, гэтага маленькага, бледнага i падмаляванага тварыка ў яго перш-наперш мiльганула думка: "Суд прысяжных". Але падумалася тады так не пра злачынства Тэрэзы. Яму раптам прыгадаўся каляровы нядзельны дадатак да "Пцi парызьен"*, што ўпрыгожваў разам з iншымi выразкамi яго альтанку ў Аржалузе; у спякотныя днi пад нуднае гудзенне мух i бясконцае стракатанне конiкаў ён, хлопчык, з жахам углядаўся ў гэты чырвона-зялёны малюнак, дзе стаяла "Вязнiца замка Пуацье".

* Папулярная парыжская газета. Выдавалася з 1875 года.

Так i цяпер спалохана глядзеў ён на абяскроўленую схуднелую Тэрэзу i ўсё дакараў сябе за сваё вар'яцтва: трэба было, чаго б гэта нi каштавала, прыбраць з дарогi гэтую страшную жанчыну, адкiнуць яе, як кiдаюць у ваду бомбу, што ў кожны момант можа ўзарвацца. Наўрад цi было выпадковасцю тое, што кожны, хто глядзеў на Тэрэзу, пачынаў думаць пра нейкую драму, нават больш – пра трагiчны выпадак з крымiнальнай хронiкi: у самым яе аблiччы было нешта i ад злачынкi, i ад ахвяры...

Сваякi з такой шчырай, непрытворнай спагадай сустрэлi Тэрэзу, што малады Дэгiлем засумняваўся ў сваiх вывадах i не ведаў цяпер што i думаць. А Тэрэза растлумачыла:

– Ды ўсё вельмi проста. У нас тут зусiм сапсавалася надвор'е. Я не магла выходзiць на двор, i ў мяне прапаў апетыт. Нiчога есцi не магла. Але ж лепш худзець, чым сыцець... Аднак пагаворым пра цябе, Анна. Я такая радая...

Тэрэза ўзяла яе за рукi (яна сядзела, а Анна стаяла) i доўга ўглядалася ў сваю былую сяброўку. Са змучанага твару на Анну пазiралi такiя знаёмыя вочы. Калiсьцi, у дзяцiнстве, iх уважлiвы позiрк раздражняў Анну, i яна часам гаварыла: "Чаму ты на мяне так глядзiш? Перастань!"

– Я радуюся, што да цябе прыйшло шчасце, Анна.

I яна ўсмiхнулася, вiншуючы Анну з яе "шчасцем". Была адрасавана ўсмешка i Дэгiлему, яго пляшывай галаве, яго жандарскiм вусам, яго пакатым плячам i сытым лыткам, абцягнутым штанамi ў цёмна-шэрую палоску (ды што тут, чалавек як чалавек, адным словам – муж). Тэрэза зноў перавяла позiрк на Анну i папрасiла:

– Здымi капялюшык... Вось так... Цяпер я цябе пазнаю, дарагая мая...

Анна цяпер зусiм блiзка бачыла трохi скрыўлены рот Тэрэзы i вочы, што нiколi не ведалi слёз, але яна не магла бачыць, пра што думала Тэрэза. Дэгiлем не зусiм дарэчы выказаў думку, што сапраўднай жанчыне, якая любiць сваё гняздзечка, i зiмой не страшна ў вёсцы: "У доме заўсёды столькi работы".

– Ты не пытаешся ў мяне пра Мары?

– Ах! Праўда, раскажы, раскажы пра яе!..

I тут Анна зноў надала сабе варожы, пагардлiвы выгляд. Недарэмна столькi месяцаў з такой самай iнтанацыяй, як у яе мацi, яна паўтарала: "Ды я ёй усё магла б дараваць. Чаго вы хочаце ад хворага чалавека? Але яе абыякавасцi да свайго дзiцяцi я не магу перанесцi. Гаварыце мне, што хочаце, а я тут не бачу нiякiх апраўданняў!"

Тэрэза добра здагадвалася пра гэта: "Яе заела, што я не адразу спыталася пра Мары. Як жа ёй растлумачыць? Ах, яна ўсё роўна не зразумее, што я цяпер жыву толькi сабой, толькi сабой... Анна чакае не дачакаецца дзяцей, у якiх яна ўся растворыцца. Тое самае было i з яе мацi, i з усiмi жанчынамi з iх роду. А я – я павiнна быць самой сабой... Быць, не страцiць сябе... Анна хутка забудзецца пра сваю маладосць, пра нашу дружбу, пра пяшчоту Жана Азеведа – усё вылецiць з памяцi пры першым жа крыку дзiцяцi, якiм яе адорыць гэты гном у сурдуце. Жанчыны гэтай сям'i бачаць сваю найвышэйшую мэту ў тым, каб адрачыся ад свайго ўласнага жыцця. Аддаць сябе справе прадаўжэння роду – гэта сапраўды прыгожа! Я адчуваю прыгажосць гэтага самаадрачэння... Але я... Я так не магу..."

Тэрэза спрабуе не слухаць гэтых людзей, а думаць пра Мары. Яна ж, напэўна, ужо гаворыць. "Прыемна было б паслухаць яе шчабятанне, але нядоўга, бо гэта мне хутка надакучыла б i захацелася б зноў застацца адной..." Тэрэза пытаецца ў Анны:

– А Мары ўжо, мусiць, добра гаворыць?

– О, паўтарае ўсё, што пачуе. Мы ўсе ад смеху качаемся. Закукарэкае певень цi засiгналiць машына, яна падыме пальчык i скажа: "Цуес? Петусок клiцыць". Такая ўжо слаўненькая, проста цуд!

Тэрэза думае: "Трэба паслухаць, пра што яны ўсё гавораць... О, як жа пуста ў мяне ў галаве... Што гэта там даказвае Дэгiлем?.." Яна праз сiлу засяроджваецца, прыслухоўваецца.

– У мяне ў Балiсаку маёнтак. Але нашы смалакуры не такiя спрытныя, як тут: смалу збiраюць чатыры разы на год, а ў вас – сем, а то i восем.

– Ну, вашы смалакуры проста гультаi. Цана на смалу вунь як падскочыла.

– Што вы, вядома. Сёння смалакур зарабляе па сто франкаў за дзень! Але мы, здаецца, стамiлi мадам Дэскейру...

Тэрэза сядзiць, адкiнуўшы галаву на спiнку крэсла. Усе ўсталi. Бернар вырашыў застацца пакуль што ў Аржалузе. Дэгiлем сказаў, што ён сам павядзе яго машыну, а заўтра шафёр прыгонiць яе назад i прывязе Бернараў багаж.

Тэрэза паспрабавала таксама ўстаць, але свякроў не дазволiла ёй.

Вочы яе заплюшчылiся, i яна пачула, як Бернар гаварыў сваёй мацi:

– Ну гэтыя Бальёны! Я iм пакажу! Будуць яны мяне помнiць!

– Пачакай, пачакай! Ты не надта... А то яны могуць i пайсцi ад нас. А навошта нам гэта: па-першае, яны занадта шмат ведаюць, а потым наша гаспадарка... Адзiн толькi Бальён i ведае межы нашых лясоў i палеткаў...

Потым, адказваючы на нейкую рэплiку Бернара, свякроў дадае:

– Ты ж глядзi, не вельмi ёй давярай! Сачы за кожным яе рухам, нiколi не дазваляй, каб яна адна заходзiла на кухню!.. Ды не... якая непрытомнасць? Яна спiць цi, можа, прытвараецца...

Тэрэза расплюшчвае вочы: перад ёю Бернар са шклянкай у руцэ:

– Вось, выпiце. Гэта гiшпанскае вiно. Яно павышае тонус...

Бернар, як заўсёды, верны свайму прынцыпу: сказана – зроблена. Ён iдзе на кухню i дае волю сваёй злосцi.

Размова адбываецца на мясцовай гаворцы. Чуецца вохканне старой служанкi, а Тэрэза думае: "Бернар чагосьцi спалохаўся. Але чаго?" Ён зноў заходзiць у гасцiную.

– Я думаю, што вам больш прыемна будзе абедаць у сталовай. Я загадаў, каб вам падавалi яду ў сталовай.

Перад Тэрэзай быў той самы Бернар, што i ў днi следства. Бернар супольнiк, Бернар – саюзнiк, якi жадае выцягнуць яе з бяды. Цяпер ён хоча, каб яна паправiлася. Яго напалохала яе хвароба – вось што! Тэрэза назiрае за iм: ён сядзiць ля камiна i варушыць качаргой дровы. Але як яна можа ўгадаць, якi вобраз ловяць яго лупатыя вочы ў полымi. А бачыць ён там чырвона-зялёны малюнак з дадаткам да "Пцi парызьен" – "Вязнiцу замка Пуацье...".

Колькi б нi лiлi дажджы, на пясчанай зямлi Аржалузы нiколi не было лужын. У самы разгар зiмы варта сонцу выглянуць хоць на гадзiнку i ўжо можна ў хатнiх тапачках шпацыраваць па дарогах, засланых дываном з мяккiх сухiх хваёвых iголак. Цэлыя днi Бернар бавiў на паляваннi, але заўсёды вяртаўся пад абед i перш-наперш пытаўся, як адчувае сябе Тэрэза. За ўсё iх сумеснае жыццё нiколi ён так не клапацiўся пра яе. У iх адносiны паступова вярталася шчырасць i нязмушанасць. Па яго парадзе раз у тры днi яна ўзважвалася. Ён дазваляў ёй палiць толькi па дзве цыгарэты пасля абеду. Угаварыў яе выходзiць у лес на прагулкi: "Хада найлепш узбуджае апетыт".

Цяпер Тэрэза не баялася Аржалузы. Ёй здавалася, што сосны расступаюцца перад ёю, падаюць нейкiя знакi i клiчуць да сябе, на волю... Аднойчы вечарам Бернар сказаў ёй:

– Я прашу вас толькi аб адным. Пачакайце, пакуль Анна выйдзе замуж. Трэба, каб усе ўбачылi нас разам на вяселлi. А потым – можаце на ўсе чатыры...

У тую ноч узбуджанасць i радасная няпэўная трывога не далi ёй заснуць. На золку яна пачула спеў пеўняў – здавалася, яны не пераклiкаюцца, як звычайна, а спяваюць хорам, усе разам, напаўняючы зямлю i неба адзiным радасным гiмнам. Што ж, Бернар адпусцiць яе з гэтай турмы, як некалi выпусцiў у ланды дзiкую свiнню, якую так i не змог прыручыць. Калi Анна будзе замужам, тады людзi хай кажуць, што хочуць. Бернар завязе яе ў Парыж, а сам вернецца дадому. Так яны сёння дамовiлiся. Нiякага разводу, нiякага падзелу маёмасцi. Яе адсутнасць будуць тлумачыць станам здароўя ("ёй намнога лепш, калi яна падарожнiчае"). Бернар рэгулярна будзе прысылаць яе долю даходу ад продажу лесу i збору смалы.

Бернар не пацiкавiўся яе планамi: "Няхай хоць павесiцца! Абы сышла адгэтуль!.."

– Я супакоюся толькi тады, калi яе нагi тут не будзе, – гаварыў ён сваёй мацi.

– Добра было б, каб яна ўзяла сабе дзявочае прозвiшча... Хаця што гэта нам дасць?.. Калi яна чаго наробiць, то цябе хутка знойдуць...

Аднак Бернар сцвярджаў, што Тэрэза "брыкаецца толькi ў аглоблях". А будзе на волi – можа, паразумнее. Ва ўсякiм разе, няхай паспрабуе. Так, дарэчы, меркаваў i Тэрэзiн бацька, месьё Лярок. Усё добра ўзважыўшы, сваякi прыйшлi да згоды: будзе лепш, калi Тэрэза знiкне з вачэй. Тады пра яе хутчэй забудуцца. Людзi перастануць языкамi мянцiць... Самае галоўнае цяпер – маўчаць... Вось такi быў план, i мяняць яго нiхто i не падумае. Тэрэзу адважылiся выпрагчы з аглобляў... Ах, як хацелася, каб зрабiлi гэта хутчэй!

Канчалася зiма. Тэрэза любiла гэтую пару, калi стаялi сонечныя днi, чыстае блакiтнае неба цешыла вока, а голыя палеткi i дрэвы (толькi на дубах сям-там было леташняе лiсце) чакалi ўжо новага веснавога ўбору. Якраз у гэты час адкрыла для сябе Тэрэза, што тая самотная, пакутлiвая цiшыня, якая, здавалася, вечна будзе прыгнятаць i душыць яе, знiкла. Нават у самую цiхую часiну лес нешта напяваў, нiбы скардзiўся цi закалыхваў сябе. Нават ноччу даходзiў да Тэрэзы таямнiчы лясны шэпт... А будучыня ўяўлялася ёй цьмяна. I хто ведае, можа, ёй калi-небудзь яшчэ давядзецца сустракаць новы дзень у такой млоснай адзiноце, што яна пашкадуе i Аржалузу, i гэтае прадвесне, i лясны гоман, i дружны хор пеўняў, i стракатанне конiкаў, i начны скрып цвыркуноў... Парыж... Там мяне будуць акружаць не знявечаныя чалавекам сосны, а хцiвыя, небяспечныя людзi... Замест бясконцых дрэў – натоўп людзей...

I Бернар, i Тэрэза здзiўлялiся, што цяпер пры сустрэчах i размовах яны не адчувалi, бадай, нiякай збянтэжанасцi i няёмкасцi. Тэрэза нават падумала, што чалавек спакайней ставiцца да самых непрыемных суседзяў, калi ўпэўнены, што хутка назаўсёды паедзе ад iх. Цяпер Бернар цiкавiўся i яе здароўем, i яе вагою, i нават планамi на будучыню. А Тэрэза як нiколi адказвала шчыра, адкрыта:

– У Парыжы... Калi я буду ў Парыжы...

Там яна будзе жыць у атэлi, а можа, i пашукае кватэру. Яна збiралася хадзiць на лекцыi, на даклады, на канцэрты. Яна хацела "пачаць з азоў сваю адукацыю". Цяпер Бернар зусiм не асцерагаўся яе, спакойна еў i пiў за адным сталом. Доктар Педмэ, якi часам сустракаў iх на прагулцы, не раз казаў сваёй жонцы:

– Ведаеш, што самае дзiўнае. Калi глядзiш, як буркуюць гэтыя галубкi, нi за што не паверыш, што яны прытвараюцца...

XIII

Цёплай сакавiцкай ранiцай, гадзiн каля дзесяцi, людская плынь ужо цякла па вулiцах Парыжа, падступалася да тэрасы "Кавярнi дэ ля Пэ", дзе сядзелi Бернар i Тэрэза. Яна кiнула дакураную цыгарэту i, як гэта робяць у ландах, старанна патушыла яе.

– Баiцеся падпалiць тратуар? – няшчыра засмяяўся Бернар. А ў душы ён ужо дакараў сябе за тое, што надумаўся праводзiць Тэрэзу да Парыжа. Вядома, на другi дзень пасля вяселля Анны так i трэба было зрабiць: менш будзе плётак. Але галоўная прычына была ў тым, што на гэтым настойвала Тэрэза, i ён не змог ёй адмовiць. У гэтай жанчыны сапраўдны талент ствараць недарэчныя сiтуацыi. I пакуль яна пэўным чынам будзе звязана з яго жыццём, Бернару, вiдаць, давядзецца яшчэ не раз патураць яе бяздумным жаданням. Нават на такога сталага, ураўнаважанага чалавека, як ён, гэтая вар'ятка мае нейкi ўплыў. Вось i цяпер, калi прыйшоў час развiтвацца, ён не змог адагнаць ад сябе пачуцця смутку i журбы, i сам не паверыў у гэта... Цяжка было знайсцi чалавека, скупейшага на такiя сантыменты, чым Бернар. А ў адносiнах да Тэрэзы iх тым больш быць не магло. Як жа хацелася яму хутчэй вызвалiцца ад усяго гэтага!.. Толькi ў цягнiку ён нарэшце ўздыхне вольна. Сёння вечарам у Лангоне яго будзе чакаць аўтамабiль. Адразу за станцыяй пачынаецца сасновы лес... Ён паглядаў на профiль Тэрэзы, бачыў, як яе позiрк спыняўся на якiм-небудзь чалавеку на вулiцы i сачыў за iм, пакуль той зусiм не губляўся ў натоўпе.

– Тэрэза... Я хацеў спытацца...

Ён адвёў вочы, бо нiколi не мог вытрымаць позiрку гэтай жанчыны, i з ходу выпалiў:

– Я хацеў бы ведаць... Чаму вы тады зрабiлi гэта? Таму што ненавiдзелi мяне? Я наводзiў на вас страх? Я брыдкi?..

Ён аж здзiвiўся, пачуўшы свае ўласныя словы. А на душы стала пуста i прыкра. Тэрэза ўсмiхнулася, а потым з сур'ёзным выглядам падняла на яго вочы. Нарэшце! Вось калi Бернар задаў тое пытанне, з якога Тэрэза i пачала б, калi апынулася б на яго месцы. А можа, i не будзе дарэмнай тая сумная споведзь, што падрыхтавала Тэрэза па дарозе з суда ў Аржалузу? Можа, цяпер i настала хвiлiна, калi прыйдзе адплата за ўсе яе бяссонныя ночы, за цяжкi одум, за пакутлiвыя спробы разабрацца ў сабе i знайсцi вытокi свайго ўчынку?.. Вiдаць Тэрэза, сама таго не жадаючы, прымусiла-такi Бернара завагацца, засумнявацца, разгубiцца. I вось ён звяртаецца да яе, як чалавек, якому шмат што незразумела ў гэтай гiсторыi, i ён не ведае, што пра яе думаць. Цяпер ён не такi ўжо i прасцяк i не такi бязлiтасны. Тэрэза паблажлiва, амаль па-мацярынску паглядзела на гэтага новага для яе Бернара. А адказала з насмешкай:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю