Текст книги "Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)"
Автор книги: Франсуа Мориак
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 7 страниц)
Мориак Франсуа
Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)
Франсуа Марыяк
Тэрэза Дэскейру
Раман
Пераклад: Леанiд Казыра
Божа, злiтуйся над аблуднымi мужчынамi i жанчынамi! О, Божа, няўжо могуць iснаваць пачвары перад лiкам тваiм...Ты, адзiны, хто ведае, чаму яны iснуюць, як сталi яны такiмi i як маглi яны ўратаваць сябе...
Шарль Бадлер
Тэрэза... Многiя скажуць, што цябе няма. Але я добра ведаю: ты ёсць. Шмат гадоў я сачу за табой, часта спыняю цябе на дарозе i зрываю з цябе маску.
Памятаю, яшчэ юнаком убачыў я твой бледны тварык з тонкiмi губкамi ў душнай судовай зале. Ты была сярод адвакатаў. Расфуфыраныя дамы жорстка ўпiвалiся ў цябе позiркамi. Болей жорстка, чым тыя, хто збiраўся судзiць цябе.
Потым, у вясковым маёнтку, ты з'явiлася перада мной у вобразе маладой нервовай жанчыны, якой абрыдзелi клопаты старых сваякоў i прастадушнага мужа. А тыя даўмецца не маглi.
– Што гэта з ёю робiцца? Мы ж далi ёй усё, што трэба для шчасця!
Колькi разоў пасля таго зачаравана назiраў я, як ты прыкладвала да прыгожага твару сваю крыху велiкаватую руку! Колькi разоў глядзеў я праз жывыя краты клеткi, што завецца сям'ёй, як ты пакутуеш там, нiбы ваўчыца ў няволi. I я лавiў тады на сабе твой злосны, сумны позiрк.
Многiя будуць дзiвiцца, як мог я стварыць вобраз, яшчэ больш агiдны, чым мае астатнiя героi. Няўжо мне нiколi так i не давядзецца гаварыць пра людзей велiкадушных, дабрачынных, пра людзей з адкрытай душой. Аднак "душы наросхрыст" не маюць трагiчных гiсторый. А боль душ замкнутых, прыкаваных да грэшнага цела, мне добра вядомы.
Мне хацелася б, Тэрэза, каб твае пакуты, прывялi цябе да Бога, каб ты была вартая iмя святой Лакусты*. Але многiя з тых, хто верыць у падзенне i водкуп нашых змучаных, загубленых душ, пачалi б тады крычаць пра святатацтва...
* Лакуста (? – 68 – вядомая атручальнiца ў старажытным Рыме. Атруцiла iмператара Клаўдзiя i яго сына Брытанiка. (Тут i далей – заўвагi перакладнiка.)
Ва ўсякiм разе, я спадзяюся, што ты не адзiнокая на тым тратуары, дзе я развiтаўся з табой.
I
Адвакат адчынiў дзверы. Цёмны бакавы калiдор будынка суда напоўнiўся сырасцю. Тэрэза не спяшалася выходзiць i прагна ўдыхнула ў сябе свежае асенняе паветра. Яна баялася, што там, на дварэ, яе чакаюць. Чалавек з настаўленым каўняром адышоў ад платана: яна пазнала бацьку. Адвакат гучна сказаў яму: "Справа спынена. Саставу злачынства няма", i да Тэрэзы:
– Вы можаце выйсцi: тут нi адной душы.
Яна спусцiлася па мокрых прыступках. Сапраўды, на маленькай плошчы нiкога не было. Бацька не абняў яе i нават не паглядзеў у яе бок. Ён пачаў распытваць у адваката Дзюро. Той адказваў цiха, нiбы баяўся, што iх падслухаюць. Да Тэрэзы даляталi абрыўкi размовы:
– Заўтра я атрымаю афiцыйную пастанову суда.
– А што, нiякiх сюрпрызаў ужо не будзе?
– Не. Усё ў парадку.
– Я думаю, паказанне майго зяця выратавала становiшча.
– Выратавала... выратавала... У такiх справах нiколi не ведаеш...
– Але, раз ён сам прызнаўся, што нiколi не лiчыў кропель, прымаючы лякарствы...
– Ведаеце, Лярок, у падобных выпадках паказаннi ахвяры...
Пачуўся Тэрэзiн голас:
– Нiякай ахвяры не было!
– Я хацеў сказаць, мадам, ахвяры сваёй уласнай неасцярожнасцi.
Позiркi абодвух мужчын на нейкi момант спынiлiся на нерухомай фiгуры маладой жанчыны, зацiснутай у палiто, на яе бледным, абыякавым твары. Тэрэза папыталася, дзе стаiць iх экiпаж. Бацька сказаў, што загадаў фурману чакаць за горадам, на дарозе ў Бюдо, каб не прыцягваць да сябе лiшняй увагi.
Яны перайшлi цераз плошчу. На мокрых лаўках валялася апалае лiсце платанаў. Добра, што дзень стаў карацейшы i ўжо змяркалася. Дый прайсцi да экiпажа можна было непрыкметна: вулiцы ў гэтым раёне былi малалюдныя. Тэрэза iшла памiж мужчынамi. Яны вялi сваю размову, як быццам яе тут i не было. Часам яна заходзiла трохi наперад, i тады мужчыны адразу штурхалi яе локцямi, бо яна замiнала iм гаварыць. Нарэшце яна крыху адстала, зняла пальчатку з левай рукi i час ад часу зрывала пучкi моху, што нарос на старой каменнай сцяне, уздоўж якой яны iшлi. Яе абмiналi двухколкi, рабочыя на веласiпедах, i трэба было прыцiскацца да сцяны, каб не апырскала граззю адзежы. Змрок апускаўся на горад, i Тэрэза ўжо не баялася, што яе пазнаюць. Прывычны пах свежага хлеба, што iшоў з пякарань, пах туману Тэрэза ўспрымала цяпер нiбы водар жыцця, якое нарэшце зноў вярталася да яе. Тэрэза прыплюшчвала вочы, з асалодай смакуючы дыханне соннай зямлi i мокрай травы, i старалася не чуць гэтага маленькага чалавечка на кароткiх крывых ножках, якi нi разу не азiрнуўся на сваю дачку. Яна магла ўпасцi на гэтай дарозе: нi бацька, нi Дзюро гэтага не заўважылi б. Цяпер ужо не было патрэбы шаптацца, i яны гаварылi на ўвесь голас.
– Сапраўды, паказанне месьё Дэйскейру было цудоўнае... Але ж гэтая гiсторыя з рэцэптам... Па сутнасцi, там было фальшывае... Дый доктар Педмэ падаў скаргу...
– Але ж ён забраў яе назад...
– Тым не менш, вы паглядзiце, якое яна дала тлумачэнне: нейкi незнаёмы перадаў ёй рэцэпт...
Не так ад стомы, як ад жадання не чуць больш гэтых слоў, якiмi яе мучылi ўжо колькi тыдняў, Тэрэза пайшла памалей. Дарэмна. Немагчыма было не пачуць бацькавага фальцэту:
– Колькi разоў я ёй казаў: "Няшчасная, прыдумай ты што-небудзь другое..."
Што ж, супраць нiчога яму не скажаш: ён i праўда не раз гаварыў ёй гэта. Але чаму ж тады ён зноў хвалюецца. Тое, што ён лiчыць гонарам сям'i, выратавана. Да выбараў у сенат усё забудзецца, i нiхто не ўспомнiць пра гэтую гiсторыю. Так разважала Тэрэза, якой зусiм не хацелася даганяць сваiх спадарожнiкаў. Тыя, як на злосць, так захапiлiся размовай, што спынiлiся пасярод вулiцы:
– Паверце мне, Лярок, вам трэба апярэдзiць падзеi i перайсцi ў наступленне. Трэба змясцiць у нядзельным нумары "Сейбiта" артыкул з загалоўкам накшталт... "Агiдны паклёп..." Цi вам хацелася б, каб гэта я ўзяў на сябе?
– Не, дарагi, не. Дый цяжка напiсаць што-небудзь такое. Усе ведаюць, што следства вялося на скорую руку. Нават не падключылi экспертаў, каб высветлiць па почырку, хто напiсаў рэцэпт. Канешне, дзеля iнтарэсаў сям'i я гатоў пайсцi на ўсё, я буду дзейнiчаць. Але цяпер трэба заглушыць гэтую справу... замяць яе i маўчаць!
Адказу Дзюро Тэрэза не пачула, бо мужчыны рушылi з месца. Яна зноў прагна ўдыхнула вiльготнае начное паветра, нiбы баялася прыпадку ўдушша. Нечакана ўспомнiлася Жулi Белад, невядомая ёй бабка па матчынай лiнii. Твару яе Тэрэза нiколi не бачыла. Дарэмна было б шукаць яе партрэта, дагератыпа, або фатаграфii ў Лярокаў цi ў Дэскейру – нiхто пра яе нiчога не ведаў, акрамя таго, што яна сышла з дому. Тэрэза ўявiла сабе, што i яна магла б вось так знiкнуць, пайсцi ў нябыт, i яе дачка, яе маленькая Мары, нiколi не знайшла б у сямейным альбоме аблiчча той, хто падараваў ёй жыццё. А цяпер Мары засынае ў сваiм пакойчыку ў Аржалузе. Тэрэза вернецца дадому позна вечарам. Яна падыдзе да калыскi, прыслухаецца ў цемры да соннага дыхання дзiцяцi, схiлiцца над галоўкай Мары i, нiбы ад моцнай смагi, прыпадзе губамi да гэтай спакойнай крынiчкi жыцця.
Каля прыдарожнай канавы стаяў экiпаж з апушчаным верхам. Лiхтар высвечваў два худыя конскiя азадкi. Уздоўж дарогi цёмнай сцяной узвышаўся лес. Хвойныя вершалiны спляталiся ў высокую арку, пад якой пралягала дарога ў таямнiчую цемру. Мiж густымi сасновымi галiнамi вiдаць было начное неба.
Фурман з несхаванай цiкавасцю пазiраў на Тэрэзу. Яна папыталася, цi паспеюць яны на станцыю Нiзан на апошнi цягнiк. Фурман сказаў, што паспеюць, але не трэба затрымлiвацца i лепш выехаць раней.
– Вам з-за мяне толькi клопат, Гардэр. Але гэта ўжо апошнi раз.
– Значыцца, спраў тут у мадам больш няма?
Яна кiўнула галавой, а фурман усё не адводзiў ад яе позiрку. Няўжо цяпер усё жыццё яе так будуць разглядаць?
– Ну што? Ты задаволена?
Бацька, здавалася, нарэшце заўважыў, што яна тут. Тэрэза глянула на яго злосны, зямлiсты твар; лiхтар экiпажа ярка асвятляў жаўтаватае, сiвое шчацiнне бакенбардаў. Яна цiха сказала:
– Я столькi адпакутавала... Я зусiм разбiтая...
I змоўкла: цi варта гаварыць? Ён усё роўна не слухае i ўжо нават не глядзiць на яе. Што яму да яе перажыванняў? Яму важна адно: барацьба за месца ў сенаце, якую давялося часова спынiць з-за скандалу. ("Усе бабы – калi не iдыёткi, то iстэрычкi!") Добра яшчэ, што яна хоць не носiць прозвiшча Лярок. Цяпер яна Дэскейру. З палёгкай уздыхнуў ён толькi тады, калi ўдалося пазбегнуць суда прысяжных. Але што зрабiць, каб сапернiкi не вярэдзiлi гэтай раны? Заўтра ж ён пойдзе да прэфекта. Дзякуй Богу, уладальнiк газеты "Ланд кансерватрыс" пагарэў на спакушэннi малалетак. Цяпер ён ужо не канкурэнт... Месьё Лярок узяў Тэрэзу за руку:
– Сядай, пара ехаць.
Тады адвакат – можа, наўмысна, а можа, каб хоць што-небудзь сказаць Тэрэзе на развiтанне, – папытаўся, цi сустрэнецца яна сёння вечарам з месьё Дэскейру. Яна адказала: "Вядома, муж чакае мяне..." – i толькi цяпер, упершыню пасля суда, уявiла сабе, як праз некалькi гадзiн пераступiць парог спальнi, дзе ляжыць яшчэ не зусiм здаровы муж, i што многа дзён i начэй давядзецца ёй жыць разам з гэтым чалавекам.
З самага пачатку следства Тэрэза пасялiлася ў бацькавым доме на ўскраiне невялiкага гарадка. З таго часу не раз i не два рабiла яна такое падарожжа, як сёння. Але тады яе турбавала толькi адно: як мага больш дакладна ўсё расказаць мужу. Кожны раз перад ад'ездам дадому ўважлiва слухала яна парады адваката Дзюро, як трымацца мужу на чарговым допыце. У тыя днi Тэрэза не адчувала нiякiх пакут сумлення, нiякай няёмкасцi пры думцы, што зараз яна твар у твар сустрэнецца са сваiм хворым мужам. Тое, што адбылося з iмi, нiякага значэння тады не мела, затое важна было ведаць, пра што гаварыць, а пра што лепш памаўчаць. Бяда зблiжала Тэрэзу i Бернара, i нiколi яшчэ не адчувалi яны такой еднасцi, як у тыя днi, – iх яднала маленькая iстота – дачка Мары. Зноў i зноў узгаднялi яны сваю простую, але складную версiю, каб яна не выклiкала падазрэння ў дасцiпных следчых. Кожны раз пасля размовы з адвакатам Тэрэза сядала ў гэты экiпаж i кожны раз ёй хацелася, каб хутчэй скончылася яе начное падарожжа. А цяпер яна марыла пра тое, каб яно было бясконцым! Тэрэза добра памятае: варта было толькi сесцi ў экiпаж, як ёй ужо карцела апынуцца ў Аржалузе. А дарогай яна перабiрала ў памяцi звесткi, якiх чакаў Бернар. Яму не трэба баяцца i можна заявiць, што аднойчы вечарам жонка расказала яму, як нейкi зусiм незнаёмы чалавек упрасiў яе заказаць па рэцэпце лякарства. Сам незнаёмы нiбыта не мог пайсцi ў аптэку, бо быў вiнаваты аптэкару... Адвакат Дзюро лiчыў, аднак, што Бернару не трэба заходзiць занадта далёка i гаварыць, што ён памятае, як папракаў жонку за такую неасцярожнасць...
Але пра што гаварыць з Бернарам сёння, калi гэты жах развеяўся?.. Тэрэзе мроiцца iх адзiнокi дом, дзе муж чакае яе, спальня з кафлянай падлогай, лямпа на стале сярод газет i бутэлечак з лякарствамi... Яшчэ брэшуць на дварэ сабакi, пабуджаныя грукам экiпажа... Потым яны сцiхаюць i зноў усё нямее i настае ўрачыстая цiшыня, як i ў тыя ночы, калi Тэрэза глядзела на Бернара, а той пакутлiва курчыўся ад прыступаў рвоты. Тэрэза спрабуе ўявiць сабе той позiрк, якiм яны хутка абмяняюцца з мужам; а як пройдзе ноч, што будзе заўтра, праз тыдзень, праз месяц – у гэтым доме, дзе ўжо не трэба разам прыдумваць выгадную для сябе версiю перажытай драмы. Цяпер памiж iмi будзе стаяць толькi рэальнае, толькi тое, што адбылося... Тэрэзу ахоплiвае страх, яна штосьцi мармыча, павярнуўшыся да адваката (на самай справе яна гаворыць гэта бацьку):
– Я збiраюся пабыць некалькi дзён дома, з мужам. Калi яму палепшае, я вярнуся да бацькi.
– Вось як? Нi ў якiм разе, дарагая, чуеш?
Фурман заварушыўся на сваiх козлах, i Лярок, панiзiўшы голас, дадаў:
– Ты што, зусiм здурнела? Пайсцi ад мужа ў такi момант? Не, цяпер вы павiнны быць разам, як два пальцы адной рукi. Чуеш? Да самай смерцi...
– Праўда, тата. I што гэта мне прыйшло ў галаву? Але ж ты будзеш прыязджаць да нас у Аржалузу?
– Тэрэза, я буду чакаць вас, як i заўсёды, у чацвер – у днi кiрмашу. Так што прыязджайце да мяне, як i раней прыязджалi!
Проста неверагодна, як яна дагэтуль не зразумела, якой небяспекай было яму i ўсiм найменшае парушэнне прыстойнасцi! Гэта смерць! Зразумела? Цi мог ён разлiчваць на Тэрэзу? Яна ж нарабiла столькi непрыемнасцi сям'i...
– Ты будзеш рабiць усё, што скажа муж. Здаецца, я гавару ясна.
I месьё Лярок падштурхнуў Тэрэзу ў экiпаж.
Адвакат падаў Тэрэзе руку з цвёрдымi пачарнелымi пазногцямi: "Добра ўсё, што добра канчаецца", – сказаў ён. I гэта прагучала шчыра, бо калi б справа пайшла iнакш, ён не меў бы нiякай выгады: сям'я Лярокаў i Дэскейру наняла б адваката Пэйрэкава з судовай акругi Вардо. Сапраўды, усё скончылася добра...
II
Тэрэзе падабаўся гэты асаблiвы пах прэлай скуры старога экiпажа. Яна не любiла палiць у цемры i таму не вельмi перажывала, што забылася цыгарэты. Лiхтары асвятлялi адхон дарогi, махрыстую папараць, тоўстыя камлi волатаў соснаў. На грудах шчэбеню адбiваўся цьмяны сiлуэт экiпажа. Часам сустракалiся вазы, запрэжаныя муламi. Мулы самi скiроўвалi ўправа, а разамлелыя вазакi драмалi. Тэрэзе здаецца, што нiколi не будзе канца гэтай дарозе. Яна цешыць сябе надзеяй, што нiколi не даедзе да Аржалузы. Яшчэ больш за гадзiну язды да станцыi Нiзан, потым прыгарадны цягнiк з бясконцымi прыпынкамi. Ад Сэн-Клера, дзе ёй трэба выходзiць, да Аржалузы – 10 кiламетраў на двухколцы (дарога такая, што нiякi шафёр уночы не рызыкне туды ехаць на аўтамабiлi). На кожным павароце яшчэ можа ўмяшацца лёс i ўратаваць яе ад гэтай страшнай сустрэчы з мужам. У галаву ёй зноў прыходзяць думкi, якiя валодалi ёю напярэдаднi суда: калi б следства падтрымала абвiнавачанне, ёй хацелася б толькi аднаго землетрасення. Яна зняла капялюшык i прыцiснулася шчакой да пахучай скураной абiўкi. Ад штуршкоў кiвалася яе маленькая галоўка, яе бледны твар...
Да гэтага вечара яна жыла, нiбы загнаны звер, i толькi цяпер адчула непамерную стому. Асунуты скуласты твар, выцвiлыя губы i прыгожы высокi лоб. У яе быў выгляд чалавека, якi страцiў усе надзеi. I хоць людзi не прызналi яе вiнаватай, яна была прыгаворана – да вечнай адзiноты. Такую абаяльнасць (а раней яе лiчылi прыгожай) маюць людзi, якiм не заўсёды ўдаецца схаваць свае патаемныя пакуты i шчымлiвы душэўны боль. Затаiўшыся ў куточку экiпажа, Тэрэза – гэтая выкрытая атручальнiца, – едзе па калдобiстай дарозе праз гушчар сасновага бору. Яна з пяшчотай гладзiць правай рукой свой твар пакутнiцы, якiх жывых спальваюць на вогнiшчы. Што скажа ёй пры сустрэчы Бернар? Ён жа выратаваў яе сваiмi непраўдзiвымi паказаннямi... Наўрад цi ён сёння будзе пра што-небудзь пытацца... Але заўтра? Тэрэза заплюшчвае вочы, потым, расплюшчыўшы iх, глядзiць навокал. Конi iдуць паволi. Тэрэза спрабуе пазнаць, дзе яна, што гэта за ўзгорак... Ах, не варта думаць пра гэтую сустрэчу. Магчыма, усё будзе намнога прасцей, чым ёй здаецца. Не трэба нiчога думаць. Заснуць... Чаму яна ўжо не ў экiпажы? Стол, засланы зялёным сукном. За сталом нейкi чалавек. А-а, гэта следчы... Iзноў ён... Але ж ён добра ведае, што справа спынена. Тым не менш ён адмоўна кiвае галавой i справа не спыняецца, ёсць новы факт. Новы факт? Тэрэза адварочваецца, каб вораг не бачыў яе перакошанага твару. "Паспрабуйце ўспомнiць, мадам, хiба вы нiчога не схавалi ў кiшэнi той старой палярыны, якую вы носiце цяпер толькi ў кастрычнiку, калi iдзяце на паляванне, пастраляць вехiроў?" Адмаўляцца немагчыма. Тэрэза задыхаецца. Не зводзячы вачэй са сваёй ахвяры, следчы кладзе на стол пакецiк, запячатаны чырвоным сургучом. Тэрэза магла б на памяць расказаць, што там напiсана, а з вуснаў следчага ляцяць словыстрэлы:
Хлараформ – 10 грамаў.
Аканiцiн – 2 грамы.
Дыгiталiн – 0,2 грама.
Следчы пачынае рагатаць... Заскрыгатаў тормаз. Тэрэза прачынаецца. На поўныя грудзi ўдыхае ў сябе туман (мусiць, пачаўся спуск да Белага ручая). Вось так i ў юнацтве ёй не раз снiлася, што яе памылкова прымушаюць другi раз здаваць выпускныя экзамены. I цяпер да яе прыйшло тое радаснае адчуванне палёгкi, як i тады, калi яна прачыналася ад страшнага сну. Непакоiла трохi толькi тое, што няма афiцыйнага дакумента пра спыненне справы. "Але ты ж ведаеш, што спачатку давядуць да ведама адваката..."
Вольная! Чаго ж яшчэ жадаць? Цяпер можна будзе проста наладзiць жыццё з Бернарам. Адкрыць яму ўсю душу, нiчога не ўтойваючы, – вось дзе выратаванне. Неадкладна, сёння ж вечарам, трэба расказаць яму пра ўсё. Ад гэтага рашэння Тэрэзе становiцца лёгка i радасна. Па дарозе да Аржалузы ў яе яшчэ хопiць часу, каб "падрыхтавацца да споведзi", як любiла гаварыць яе верная сяброўка Анна дэ ля Траў кожную суботу ў бесклапотную пару iх летнiх канiкулаў. Мiлая малодшая сястра Анна, нявiннае стварэнне, ты так многа месца займаеш ва ўсёй гэтай гiсторыi! Нават людзi крыштальнай чысцiнi не ведаюць, у якiя путы яны ўблытваюцца кожны дзень, кожную ноч i якiя атрутныя зярняты прарастаюць там, дзе ступалi iх дзiцячыя ножкi...
Што казаць, гэтая маленькая дзяўчынка мела рацыю, калi паўтарала лiцэiстцы Тэрэзе, гэтай разважлiвай насмешнiцы: "Ты i ўявiць сабе не можаш, якую палёгку адчуваеш, калi на споведзi прызнаешся ва ўсiм i атрымлiваеш адпушчэнне грахоў. Усё нядобрае знiкае, сцiраецца, i можна пачынаць жыццё нанава". I праўда, варта было Тэрэзе наважыцца пра ўсё расказаць мужу, як з яе спаў цяжкi груз: "Бернар будзе ведаць усё. Я сама яму раскажу..."
Але што яна скажа? З чаго пачаць прызнанне? Хiба можна перадаць словамi гэтае заблытанае спляценне жаданняў, рашэнняў, непрадбачаных учынкаў? А як спавядаюцца тыя, хто свядома iшоў на злачынства?... "Але ж я... я не разумею свайго злачынства. Я не хацела зрабiць таго, у чым мяне абвiнавачваюць. Я сама не ведала, чаго хацела. Я не ведала, куды прывядзе мяне гэтая неўтаймоўная сiла. Колькi ж яна разбурыла на сваiм шляху? Нават самой страшна..."
Пад'ехалi да чыгуначнай станцыi Нiзан. Закураны лiхтар асвятляў пабеленую сцяну вакзала. Каля ўвахода стаяла брычка. (О, якая цемра пануе над лiхтаром!) Недзе зусiм побач пыхкаў паравоз. Гардэр узяў Тэрэзiн сакваяж, зноў акiнуўшы яе сваiм цiкаўным позiркам. Яму, вiдаць, жонка загадала: "Ты ж хоць паглядзi на яе добранька, якая яна цяпер, мо i з твару змянiлася..." Тэрэза падаравала бацькаваму фурману тую сваю колiшнюю ўсмешку, якая вымушала людзей гаварыць: "Яе не зразумееш, прыгожая яна цi не, проста адчуваеш яе абаяльнасць..." Тэрэза папрасiла Гардэра купiць бiлет – самой страшна было iсцi ў касу праз пачакальню, дзе сядзелi над сваiм вязаннем нейкiя дзве жанчыны.
Фурман прынёс бiлет. Тэрэза сказала яму пакiнуць рэшту сабе. Ён дакрануўся рукой да шапкi, сеў на козлы, паправiў лейцы i апошнi раз глянуў на дачку свайго гаспадара.
Цягнiка яшчэ не сфармiравалi. Калiсьцi, прыязджаючы на летнiя канiкулы цi вяртаючыся ў горад на пачатку навучальнага года, Тэрэза Лярок i Анна дэ ля Траў радавалiся доўгай затрымцы на станцыi Нiзан. Яны заходзiлi ў харчэўню, елi яечню з вяндлiнай, а потым, абняўшыся, шпацыравалi па дарозе. Якая ж яна сёння цёмная i непрытульная! А тады, – успамiнаецца Тэрэзе, – усё навокал было залiта пяшчотным месячным святлом... Сяброўкi бесклапотна смяялiся, гледзячы на свае доўгiя ценi, якiя злiвалiся ў адзiн. Гаварылi яны пра сваiх настаўнiц, таварышак. Адна абараняла свой манастырскi пансiён, другая – свой лiцэй. "Анна..." – гукнула ў цемру Тэрэза. Перш за ўсё Бернару трэба расказаць пра Анну... Ён жа так любiць дакладнасць: педантычна раскладвае ўсе пачуццi, кожнае разглядае асобна i не мае нiякага ўяўлення, якая складаная сетка шляхоў, пераходаў i перапляценняў iснуе памiж iмi. Як жа пазнаёмiць яго з гэтымi заблытанымi матэрыямi, якiмi жыла i пакутавала Тэрэза. А зрабiць гэта трэба. Застаецца толькi адно: сёння вечарам зайсцi ў спальню, сесцi каля яго ложка i расказваць, расказваць... пакуль Бернар не спынiць яе i не скажа: "Цяпер я ўсё разумею. Устань. Я дараваў табе".
Яна цiха прайшла цераз садзiк начальнiка станцыi, адчула пах хрызантэм, хоць самiх кветак у цемры не было вiдно. У купэ першага класа пуста. Ды пры такiм цьмяным асвятленнi наўрад цi хто й пазнаў бы яе. Чытаць немагчыма. Зрэшты, самы цiкавы раман падаўся б Тэрэзе прэсным у параўнаннi з яе асабiстым жыццём. Можа, яна памрэ ад сораму, ад страху, ад пакут сумлення, ад стомы, але толькi не ад суму.
Яна прыцiснулася да сцяны, заплюшчыла вочы. Няўжо такая разумная жанчына, як яна, не здолее расказаць усёй гэтай драмы так, каб сутнасць яе стала зразумелая? Можа, усё адбудзецца вось як: Тэрэза скончыць сваю споведзь i Бернар скажа ёй: "Тэрэза, iдзi, супакойся i не хвалюйся. Мы будзем жыць у Аржалузе, у гэтым жа доме, да самай смерцi, i нiколi памiж намi не паўстане тое, што адбылося. Я хачу пiць. Схадзi сама на кухню i прынясi мне шклянку апельсiнавага напiтку. Я вып'ю яго залпам, нават калi ён будзе мутнаваты i з тым самым прысмакам, што ў таго шакаладу, якiм ты паiла мяне тады ранiцай. Помнiш, любая, як мяне рвала? Ты падтрымлiвала мне галаву сваiмi мiлымi рукамi, не адводзячы вачэй ад зеленаватай вадкасцi, якую выкiдваў мой страўнiк. Прыступы рвоты зусiм не палохалi цябе. Але як жа ты збялела ў тую ноч, калi я сказаў табе, што ў мяне нямеюць i адымаюцца ногi! Помнiш, мяне пачало трэсцi. А гэты прасцяк доктар Педмэ нiяк не мог уцямiць, чаму ў мяне тэмпература нiзкая, а пульс такi часты..."
"Ах, не, – думае Тэрэза, – так ён нiчога не зразумее. Трэба пачаць з самага пачатку..." А дзе гэты пачатак? Наша жыццё, калi мы хочам адасобiць, iзаляваць яго, нагадвае раслiны, якiя нельга вырваць з усiмi каранямi. Можа, пачаць з самага дзяцiнства?.. Але ж i дзяцiнства – гэта таксама нейкi канец, нейкае завяршэнне.
Тэрэзiна дзяцiнства – гэта чысты празрысты выток самай каламутнай ракi. У лiцэi яна, здавалася, была да ўсяго абыякавая i не заўважала тых маленькiх драм, якiя перажывалi яе сяброўкi. Тэрэзу Лярок настаўнiцы часта ставiлi за прыклад: "Тэрэзе не трэба нiякiх узнагарод, акрамя радаснага разумення, што яе лiчаць увасабленнем высокiх чалавечых пачуццяў. Сумленне – вось яе адзiная пуцяводная зорка. Гордая думка, што яна належыць да чалавечай элiты, падтрымлiвае яе больш надзейна, чым страх перад пакараннем..." Так характарызавала яе адна настаўнiца. "А цi была я такая шчаслiвая, чыстая сэрцам", – пытаецца ў сябе Тэрэза. Вядома, усё, што было да замужжа, згадваецца як нешта асаблiва чыстае ў параўнаннi з агiдным брудам шлюбнай ночы. Лiцэй, усё, акрамя шлюбу i мацярынства, – усё гэта цяпер рай. Аднак тады я гэтага не разумела. I хiба можна было дапусцiць, што ў той час, калi жыццё маё яшчэ не пачыналася, я якраз i жыла сапраўдным жыццём. Папраўдзе, я была чыстая, я была анёлам! Аднак анёл гэты быў залiшне перапоўнены моцнымi пачуццямi. Што б там нi гаварылi пра мяне настаўнiцы, а я пакутавала i прымушала пакутаваць другiх. I гэта было мне прыемна. Нашы беды былi вельмi чыстыя i не выклiкалi нiякiх пакут сумлення. Нашы непрыемнасцi i радасцi спараджалiся самымi нявiннымi жаданнямi.
Тэрэзе ўспомнiлiся спякотныя летнiя днi, калi яны сустракалiся з Аннай у цяньку пад векавымi дубамi Аржалузы. Як прыемна тады было адчуваць сябе роўнай з гэтым нявiнным дзяўчом, выхаваным манашкамi ў Сакрэ-Кёр. З поўным правам яна магла сказаць тады: "Паслухай, Анна! Каб быць такой жа чыстай, як ты, мне зусiм не патрэбны гэтыя вашы ладанкi i бясконцыя малiтвы". Тым болей што i сама чысцiня Анны дэ ля Траў iшла перш-наперш ад няведання, бо выхавальнiцы Сакрэ-Кёр стваралi дзесяткi перагародак памiж рэальным жыццём i сваiмi выхаванкамi. Тэрэза ставiлася з пагардай да гэтых дзяўчатак за тое, што яны не размяжоўвалi дабрачыннасцi з няведаннем. "Анна, дарагая, ты зусiм не ведаеш жыцця", – любiла яна паўтараць у той далёкi слаўны час...
Цягнiк нарэшце кранаецца з месца. "Што ж, – думае Тэрэза, – калi я хачу ва ўсiм разабрацца, то трэба i пачынаць з гэтых бесклапотных незабыўных дзён". Неверагодна, але, напраўду, гэта так – ясны золак нашага жыцця ўжо тоiць у сабе грозныя навальнiцы. Блакiтны свiтанак – чакай буры цi маланак. А пасля буры – разбураныя кветнiкi, паламаныя дрэвы, гразь...
За ўсё сваё жыццё Тэрэза нiколi нi аб чым не задумвалася, нiчога сабе наперад не загадвала; на яе шляху не было рэзкiх паваротаў: спачатку памалу, а потым усё хутчэй i хутчэй апускалася яна ўнiз... I сёння ў Аржалузу едзе зусiм не юная шчаслiвая iстота, каб пацешыцца летнiмi вакацыямi, а забiтая горам жанчына. Едзе крадком, пад сховам цемры...
Як жа яна стамiлася... Дый нашто разблытваць клубок прычын таго, што адбылося? Чорная цемра стаiць за вагонным акном, у якiм бачыцца Тэрэзе толькi цьмяны адбiтак яе мёртвага твару. Рытмiчнае пагойдванне нечакана спыняецца, чуваць працяжны гудок лакаматыва. Цягнiк асцярожна падыходзiць да чарговай станцыi. Хтосьцi памахвае лiхтаром, чуецца гаворка на мясцовым дыялекце, пранiзлiва вiшчаць парасяты, якiх, вiдаць, выгружаюць на платформу: гэта ўжо Узэст. Яшчэ адна станцыя – i Сэн-Клер. Там Тэрэза перасядзе на двухколку i даедзе да самага дому. Як мала застаецца часу, каб падрыхтавацца да абароны!
III
Аржалуза – гэта i праўда край свету. Далей ехаць ужо няма куды. Тутэйшыя людзi завуць гэтую мясцiну "акалодкам": тут няма нi царквы, нi мэрыi, нi могiлак – проста некалькi фермаў, раскiданых вакол жытняга поля. За 10 кiламетраў адгэтуль – невялiчкi гарадок Сэн-Клер, куды вядзе адзiная разбiтая дарога. За Аржалузай яна разгалiноўваецца на шматлiкiя пясчаныя сцяжынкi, i да самага акiяна, на 80 кiламетраў, перад вамi будуць толькi балоты, лагуны, чэзлыя хвоi, дзюны, дзе пасуцца авечкi, у якiх воўна напрадвеснi набывае характэрны попельны колер. З гэтага закiнутага акалодка паходзяць самыя заможныя сем'i Сэн-Клера. У сярэдзiне мiнулага стагоддзя, калi смала i драўнiна пачалi прыносiць прыбытак да тых мiзэрных заробкаў, якiя жыхары Аржалузы мелi ад авечкагадоўлi, дзяды сённяшнiх багатых людзей Сэн-Клера перасялiлiся ў гэты гарадок, а iх колiшнiя двары ў Аржалузе сталi фермамi. Выразаныя з дрэва фiгуркi, якiя ўпрыгожваюць вокны i ганкi, ды мармуровыя камiны, што яшчэ сям-там збераглiся, сведчаць пра колiшнюю годнасць i густ гаспадароў. Але з кожным годам сялiбы ўсё больш асядаюць, а некаторыя стрэхi дастаюць амаль што да зямлi.
Сярод гэтых старых будынкаў яшчэ заставалiся два панскiя дамы. Сем'i Лярок i Дэскейру захавалi iх у тым выглядзе, у якiм атрымалi ў спадчыну ад сваiх продкаў. Мэр горада Б., член генеральнага савета дэпартамента Жэром Лярок меў сваю галоўную рэзiдэнцыю пры ўездзе ў сталiцу супрэфектуры, i нiчога не хацеў мяняць у доме ў Аржалузе, якi яму пакiнула нябожчыца жонка (яна памерла пры родах, калi Тэрэза была яшчэ зусiм малая). Тое, што Тэрэза любiла летнiя канiкулы iменна ў Аржалузе, дзе яна ўпершыню ўбачыла свет, зусiм не дзiвiла месьё Лярока. Яна прыязджала сюды ў лiпенi i жыла пад наглядам цёткi Клары, старэйшай бацькавай сястры. Гэта была жанчына ў гадах, якая састарэла ў дзеўках, да таго ж глухая. Цётка таксама любiла гэты адзiнокi куточак, дзе, як яна казала, ёй не трэба было ўвесь час сачыць за чужымi губамi, каб хоць напалову зразумець субяседнiка. З ёй тут размаўлялi толькi вецер ды сосны...
Месьё Лярок ахвотна пускаў сваю дачку ў Аржалузу. Гэта здымала з яго лiшнi клопат, а галоўнае – зблiжала Тэрэзу з Бернарам-Дэскейру, за якога яна павiнна была выйсцi замуж. Так пажадалi абедзве сям'i, хоць iх пагадненне яшчэ не мела афiцыйнага характару.
Бернар Дэскейру атрымаў ад свайго бацькi дом у суседстве з Лярокамi. Праўда, паяўляўся ён там толькi з надыходам паляўнiчага сезону, жыў найчасцей у будане, а ў доме начаваў толькi ў кастрычнiку. Зiмой гэты разважлiвы малады чалавек вывучаў права ў Парыжы. Летам прыязджаў сюды хiба што на некалькi дзён, бо недалюблiваў свайго айчыма Вiктора дэ ля Траў, якi прыйшоў у сям'ю Дэскейру гол як сакол, затое вельмi хутка пацвердзiў перад усiм Сэн-Клерам сваю рэпутацыю адмысловага марнатраўцы. Бернар без асаблiвай увагi адносiўся да сваёй зводнай сястры Анны дэ ля Траў, бо лiчыў яе яшчэ зусiм малой. А цi многа ён думаў пра Тэрэзу? У ваколiцах толькi i гаварылi пра iх вяселле, бо сама маёмасць Лярокаў i Дэйскейру, здавалася, на тое i iснавала, каб аднойчы аб'яднацца. Разумны малады чалавек пагаджаўся з гэтай усеагульнай думкай. Разам з тым ён нiчога не пакiдаў на волю выпадку i лiчыў справай гонару ўменне наладзiць уласнае жыццё: "Чалавек бывае няшчасны толькi па сваёй вiне..." любiў паўтараць гэты сытаваты юнак. Да жанiцьбы ён пароўну дзялiў свой час на справы i забаўкi. Любiў добра з'есцi, выпiць i асаблiва хадзiць на паляванне. Затое i ў працы, i ў вучобе гэты чалавек быў, са слоў мацi, "апантаны", – бо муж павiнен быць больш адукаваны, чым жонка. Мiж тым, Тэрэза ўжо тады славiлася сваiм розумам. "Што ж, яна i праўда разумная, нiчога не скажаш...", – пагаджаўся Бернар. Зрэшты, ён добра ведаў, як паставiць жанчыну на месца... "I хiба дрэнна, – не раз паўтарала яму мацi, – мець за цесця месьё Лярока? Хто-хто, а гэты чалавек будзе карысны..."
I вось у 26 гадоў, зрабiўшы некалькi падарожжаў па грунтоўна прадуманым маршруце ў Iталiю, Гiшпанiю, Галандыю, Бернар Дэскейру вырашыў ажанiцца. Яго абраннiцай была адна з самых багатых i разумных дзяўчат ва ўсёй акрузе. Магчыма, яна была не самая прыгожая, аднак гэта ж пра яе гаварылi: "Яе не зразумееш, прыгожая яна цi не. Проста адчуваеш яе абаяльнасць..."
Тэрэзе стала аж смешна, калi яе фантазiя намалявала вось гэтую карыкатуру на Бернара: "Што нi гавары, а ён намнога лепшы, чым большасць маладых людзей, за якiх я магла б выйсцi замуж".
Увогуле жанчыны ў гэтых мясцiнах больш адчувальныя, тонкiя, чым мужчыны, якiя са школьнай парты кампануюць толькi памiж сабою i асаблiвай душэўнай вытанчанасцi не набываюць. Мужчынскае сэрца назаўсёды аддадзена ландам. З iмi звязаны ўсе радасцi мужчыны. I нават на нейкi час пакiдаючы ланды, ён усё роўна ў думках застаецца з iмi. Страцiць падабенства з фермерам, адрачыся ад мясцовай гаворкi, адмовiцца ад грубаватых манер, звычаяў – азначала б для мужчыны здрадзiць родным ландам. Але цi не хаваецца пад суровым выглядам Бернара нейкая своеасаблiвая дабрыня? Калi ён хварэў i быў амаль што гатовы развiтацца з гэтым светам, фермеры гаварылi: "Другога такога гаспадара ўжо не будзе..." Канешне, Бернар добры, справядлiвы, шчыры. Нiколi не любiць гаварыць пра тое, чаго не ведае, не пераацэньвае сваiх магчымасцей. У маладосцi ён быў не такi ўжо i непрыгожы, гэты нязграбны Iпалiт*, якога дзяўчаты цiкавiлi куды менш, чым паляванне на зайцоў.