Текст книги "Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)"
Автор книги: Франсуа Мориак
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 7 страниц)
У пачатку снежня хвароба з новай сiлай навалiлася на Бернара: неяк ранiцай ён прачнуўся ад страшэннага холаду i адчуў, што ў яго адымаюцца ногi... А што было пасля? Вечарам свёкар прывёз з Бардо ўрача. Той аглядзеў хворага i доўга маўчаў. (Тэрэза трымала лямпу, а жонка Бальёна потым успамiнала, што гаспадыня была белая як смерць.) На слаба асветленай лесвiчнай пляцоўцы Педмэ цiха, каб не пачула Тэрэза, тлумачыў свайму калегу, што аптэкар Даркэ паказаў яму два падробленыя рэцэпты, якiя, аднак, былi падпiсаны iм, доктарам Педмэ. На адным нечая злачынная рука напiсала: "Каплi Фаўлера", а на другiм былi выпiсаны даволi моцныя дозы хлараформу, дыгiталiну i аканiцiну. Бальён перадаў iх аптэкару разам з iншымi рэцэптамi. Даркэ засумняваўся, занепакоiўся, што адпусцiў яды, i назаўтра прыбег да Педмэ... Што ж, Бернар усё гэта ведае не горш, чым Тэрэза. Яго адразу адправiлi ў Бардо, у клiнiку, i там яму палепшала. Тэрэза засталася ў Аржалузе адна. Але якой бы глыбокай нi была гэтая адзiнота, да яе даносiўся нарастаючы гул: загнаны ў нару звер ужо чуў наблiжэнне ганчакоў... Яна знемагала, нiбы пасля бясконцага марафону, калi да мэты было ўжо рукой дастаць, а яе раптам бразнулi вобземлю, i яна ўпала як падкошаная...
Неяк вечарам у канцы зiмы да яе прыязджаў бацька. Як жа ён стараўся ўгаварыць Тэрэзу зняць з сябе абвiнавачаннi i падазрэннi! – "Усё яшчэ можна ўладзiць. Доктар Педмэ згадзiўся забраць з суда сваю скаргу, бо ён нiбыта да канца не ўпэўнены, цi адзiн рэцэпт не напiсаны ягонай рукой. А што да хлараформу, дыгiталiну i аканiцiну, то ён, вядома, не мог выпiсаць iх у такiх вялiкiх дозах. Ну, а раз у крывi хворага гэтыя рэчывы не выяўлены..."
Размова тая адбывалася ў цёткi Клары. Лямпы не запальвалi. Водблiскi агню з камiна напаўнялi халодны пакой дрыготкiм святлом. Тэрэза, нiбы вучанiца, якая пераказвае вызубраны ўрок, гаварыла цiхiм манатонным голасам (Божа! Колькi бяссонных начэй паўтарала яна гэты ўрок сама сабе!):
– Я спаткала на дарозе нейкага нетутэйшага чалавека. Ён сказаў, што ведае, што я пасылаю чалавека ў аптэку па лякарствы, i папрасiў узяць ад яго рэцэпт. Сам ён быў вiнаваты аптэкару грошы i не хацеў там паказвацца. Ён не пакiнуў мне свайго адраса, абяцаў сам прыйсцi i забраць лякарствы...
– Тэрэза! Прыдумай што-небудзь другое! Прашу цябе, дзеля нас усiх, дзеля сям'i! Прыдумай што-небудзь!..
Бацька ўпарта, зноў i зноў паўтараў свае просьбы. Глухая цётка адчула смяротную небяспеку, што навiсла над Тэрэзай, i прыўзняла галаву ад падушкi: "Што ён табе кажа? Чаго ён хоча? Чаму табе хочуць зрабiць нешта нядобрае?" Тэрэза знайшла ў сабе сiлы ўсмiхнуцца цётцы, пагладзiць яе рукi, а сама, як дзяўчынка на ўроку закону божага, усё паўтарала: "Сустрэла на дарозе чалавека. Ужо сцямнела, i я не разгледзела яго ў твар. Ён не сказаў мне, на якой ферме жыве... А нядаўна вечарам ён прыходзiў i забраў лякарствы. Як на тое, дома нiкога не было i нiхто яго не бачыў".
IX
Вось i Сэн-Клер. Тэрэза выйшла з вагона, яе нiхто не пазнаў. Пакуль Бальён забiраў рэчы, яна прашмыгнула памiж штабелямi дошак, абышла станцыю i выйшла на дарогу, дзе стаяў фаэтон.
Цяпер гэты фаэтон быў яе адзiным прытулкам. Тэрэза больш не баiцца сустрэць каго-небудзь у такi познi час на гэтай калдобiстай дарозе. Аднак гiсторыя яе жыцця i злачынства, адноўленая ў памяцi з такой цяжкасцю, пацярпела крах: нiчога не засталося ад падрыхтаванай споведзi. Ёй няма чаго сказаць у сваю абарону... Нiводнага разумнага доваду... Застаецца толькi адно: маўчаць i адказваць на пытаннi. А ўрэшце, чаго ёй цяпер баяцца? Ноч гэтая пройдзе, заўтра ўзыдзе сонца, яна ўпэўнена, што выцерабiлася з гэтай бяды, што б там далей нi здарылася. Горш за гэтую абыякавасць, за гэтую адарванасць ад усяго свету i нават ад сябе самой – горш за гэта ўжо нiчога быць не можа... Вось i сутыкнулiся ў адной iстоце жыццё i смерць, i Тэрэза ўжо адчувала смерць, як толькi гэта можа адчуваць жывы чалавек...
Вочы яе прывыклi да цемры, i Тэрэза на паваротцы дарогi пазнала ферму, нiзкiя пабудовы якой былi падобныя на вялiзных сонных жывёлiн. Тут некалi Анна заўсёды палохалася сабакi, якi кiдаўся пад колы яе веласiпеда. Крыху воддаль ад дарогi ў лагчыне рос алешнiк, дзе ў самыя спякотныя днi халадок асвяжаў расчырванелыя шчокi сябровак. Дзяўчынка на веласiпедзе, яе ўсмешка, белыя зубы, капялюшык ад сонца, дзiньканне веласiпеднага званка i радасны голас: "Глядзi! Я пускаю руль i еду без рук!" – усё гэта яшчэ захоўвае памяць... I гэта ўсё, што застаецца ад перажытага!... I гэта ўсё, ад чаго можа спачыць ушчэнт змучанае сэрца!..
I ў такт цоканню капытоў конiка, што бяжыць трушком, Тэрэза машынальна паўтарае: "Марнае маё жыццё – нiкчэмнае маё жыццё – адзiнота бязмерная мая няўцешная доля мая". Ах, ёсць адзiнае, што можа ўратаваць... Але хiба Бернар на гэта здольны?.. О, калi б ён сустрэў яе з адкрытымi абдымкамi i нiчога не пытаўся!.. О, калi б магла яна прытулiцца галавой да чалавека i адчуць яго жывое цяпло!..
Вось i той узгорак жытняга поля, дзе калiсьцi ў гарачы дзень сядзеў Жан Азеведа. А яна ж тады паверыла, што ёсць на свеце такое месца, дзе яна магла б расквiтнець, – сярод людзей, якiя зразумеюць яе, магчыма, будуць захапляцца ёю i дарыць ёй сваю любоў! Але адзiнота навалiлася на яе, як балячкi на пракажонага: "Нi для мяне, нi супраць мяне нiхто ўжо нiчога зрабiць не можа".
– А вунь i нашы насустрач iдуць.
Бальён нацягнуў лейцы. Два ценi наблiжалiся да фаэтона. Бернар – ён жа яшчэ зусiм слабы... А ўсё ж такi выйшаў сустракаць... Мусiць, хоча хутчэй пачуць, чым усё скончылася... Тэрэза высоўваецца з фаэтона i яшчэ здалёк крычыць: "Справа спынена!" А ў адказ гучыць сухая рэплiка: "Ды хiба магло быць iнакш!" Бернар дапамог цётцы Клары залезцi ў фаэтон, сам узяў лейцы, а Бальёну сказаў iсцi пехатой. Цётка Клара села памiж Бернарам i Тэрэзай. Давялося крычаць ёй у самае вуха, што ўсё абышлося добра i справа ўладзiлася (старая дагэтуль мела даволi цьмянае ўяўленне пра ўсю гэтую драму). Як звычайна, цётка пачала гаварыць, гаварыць без перадыху: "У iх толькi адна тактыка, – гнеўна паўтарала яна, – i цяпер зноў пачынаецца справа Дрэйфуса*. Паклёп – на гэта яны майстры! Ну што ж, паклёпнiчайце, але ведайце, што праўды не схаваеш. Сiлы ў iх хапае, i дарэмна рэспублiканцы перасталi трымаць вуха востра. Iм адно дай паблажку, i гэтыя смярдзючыя жывёлiны добрага чалавека з вантробамi з'ядуць..." Тэрэза з удзячнасцю слухала цётчыну гамонку: хоць на нейкi момант адцягвалася страшная, непазбежная размова з мужам...
* Судовая справа па несправядлiвым абвiнавачаннi ў шпiянажы на карысць Германii афiцэра французскага Генеральнага штаба Альфрэда Дрэйфуса (1859-1930). Нягледзячы на адсутнасць доказаў, ваенны суд прыгаварыў А.Дрэйфуса ў снежнi 1894 г. да пажыццёвай катаргi, але пад актыўным нацiскам перадавых рабочых, сацыялiстаў, прагрэсiўнай iнтэлiгенцыi ён быў памiлаваны (1899), а потым поўнасцю рэабiлiтаваны (1906 г.).
Потым цётка Клара, цяжка дыхаючы, падымалася па лесвiцы. У руках у яе быў падсвечнiк з запаленымi свечкамi:
– А вы што, яшчэ не будзеце класцiся? Тэрэза, ты ж, пэўна, стамiлася. Там мы пакiнулi табе талерку булёну i халодную курыцу.
Бернар i Тэрэза ўсё яшчэ стаялi ў прыхожай. Старая бачыла, як Бернар адчынiў дзверы ў гасцiную, прапусцiў наперад Тэрэзу i сам пайшоў следам. О, калi б яна не была глухая!.. Яна абавязкова цiхенька падышла б да дзвярэй i ўсё падслухала!.. А так нiхто i не думае яе асцерагацца: жывая, а нiбы замураваная... I ўсё ж цётка патушыла свечкi, вобмацкам спусцiлася на першы паверх i зiрнула ў замочную шчылiну: Бернар якраз перастаўляў лямпу. Яго ярка асветлены твар меў нейкi напалоханы i адначасна ўрачысты выгляд. Тэрэза сядзела спiной да дзвярэй. Яе палiто i капялюшык ляжалi на крэсле. Ад яе мокрых боцiкаў, што стаялi каля камiна, iшла пара. На iмгненне яна павярнулася тварам да мужа, i старая з радасцю ўбачыла, што Тэрэза ўсмiхаецца.
Так, Тэрэза ўсмiхалася. За тыя кароткiя хвiлiны, пакуль яна iшла побач з Бернарам ад канюшнi да дому, ёй раптам стала ясна, як трэба сябе паводзiць: адно толькi наблiжэнне гэтага чалавека ўшчэнт разбiла ўсялякую надзею, што ён выслухае, зразумее яе... Як мяняюцца ў разлуцы нашы ўяўленнi пра людзей, якiх мы добра ведаем! На працягу ўсёй гэтай паездкi яна падсвядома прымушала сябе ствараць у душы новы вобраз Бернара, здольнага зразумець цi хоць паспрабаваць зразумець... А ўбачыла яго такiм, якiм ён i быў у сапраўднасцi, – чалавекам, якi нiколi, нi разу ў жыццi не паставiць сябе на месца другога i не паспрабуе нават убачыць тое, што бачаць другiя... I ўвогуле, цi будзе ён яшчэ слухаць яе?.. Ён хадзiў узад-уперад па вялiкiм сырым пакоi. Пад яго нагамi патрэсквала падлога. На жонку не глянуў нi разу. Ён быў увесь заняты тым, што ўжо даўно абдумаў i што павiнна было вось-вось прагучаць. Зрэшты, Тэрэза таксама ўжо ведала, што яна зараз скажа яму. Самае простае выйсце – гэта тое, над якiм яны нiколi i не задумвалiся. Яна збiралася сказаць: "Я пайду, Бернар. Пра мяне не турбуйся. Калi хочаш, я пайду зараз жа i знiкну ў начным змроку. Нi лес, нi цемра мяне не палохаюць. Гэта мае старыя сябры. Я была створана па вобразу i падабенству гэтага бясплоднага чэзлага краю, дзе няма нiчога жывога, акрамя пералётных птушак ды дзiкоў. Можаш выкраслiць мяне са свайго жыцця. Спалi ўсе мае фатаграфii. Няхай мая дачка нiколi не пачуе iмя сваёй мацi. Няхай уся ваша сям'я лiчыць, што мяне i не было нiколi..."
I ўжо Тэрэза адкрыла рот. I ўжо з вуснаў зляцела:
– Дазволь мне знiкнуць, Бернар.
Пачуўшы яе голас, Бернар павярнуўся i кiнуўся да яе. На лобе ў яго набраклi жылы:
– Што?! Ты асмельваешся гаварыць пра нейкiя свае жаданнi? Даволi! Больш нi слова! Цяпер ты будзеш толькi слухаць i выконваць мае загады! Чуеш?!.
Ён гаварыў без запiнкi старанна абдуманымi фразамi. Ён абапёрся на камiн, дастаў з кiшэнi паперку i, час ад часу заглядваючы ў яе, сурова гаварыў, гаварыў... А Тэрэза яго ўжо не баялася. Ёй нават захацелася засмяяцца: якi ж ён усё-такi смешны! I навошта ён усё гэта дэкламуе, ды яшчэ з такiм вымаўленнем, з якога не смяюцца хiба што толькi ў Сэн-Клеры? Усё роўна яна паедзе. Навошта iграць гэтую трагедыю? Невялiкая бяда, калi б на аднаго дурня стала менш! Яна заўважае на белым лiстку паперы яго дрыготкiя пальцы, недагледжаныя пазногцi. Манжэтаў ён, безумоўна, не носiць. Ён з тых мужыкоў, на якiх пальцамi паказваюць, калi яны вылазяць са сваёй глушы. А жыццё iх нiякай карысцi не дае. Такiя не патрэбны нi справе, нi iдэi, нi людзям... Увогуле, мы толькi па прывычцы надаём такое вялiкае значэнне iснаванню чалавека. Рабесп'ер меў рацыю, дый Напалеон i iншыя... Бернар убачыў усмешку на твары ў жонкi i раз'юшана павысiў голас. Воляй-няволяй Тэрэзе даводзiцца слухаць:
– Ты ў маiх руках!.. Гэта ты хоць разумееш? Ты будзеш рабiць толькi тое, што вырашыць наша сям'я, а калi не...
– А калi не – то што тады?
Яна больш не хацела прытварацца абыякавай i загаварыла дзёрзкiм, насмешлiвым тонам:
– Ты спазнiўся! Ты сведчыў на судзе на маю карысць! I ты не зможаш забраць сваiх слоў назад. Iнакш цябе самога засудзяць за лжывыя паказаннi...
– Заўсёды могуць адкрыцца новыя факты! Дарэчы, адзiн такi факцiк схаваны ў маiм сейфе. Дзякуй Богу, тэрмiну даўнасцi ён не мае.
Яна здрыганулася i спыталася:
– Чаго ты хочаш ад мяне?
Ён унурыўся ў сваю паперку, а Тэрэза некалькi секунд прыслухоўвалася да мёртвай цiшынi Аржалузы. Да першых пеўняў яшчэ далёка. А цяпер нiводзiн ручаёк не цурчыць у гэтай пустынi, i самы нясмелы подых ветру не парушыць спакою хваёвых вершалiн...
– Я пакiдаю ўбаку мае асабiстыя меркаваннi. Не пра мяне гутарка. Самае галоўнае – гэта сям'я. Iнтарэсы сям'i – вось што заўсёды вызначала i вызначае ўсе мае рашэннi. I толькi дзеля таго, каб выратаваць гонар сям'i, я пайшоў на падман перад судом. Няхай судзiць мяне за гэта Бог...
Гэты напышлiвы тон прыгнятаў Тэрэзу. Ёй хацелася папрасiць Бернара гаварыць прасцей.
– Для нашай сям'i вельмi важна, каб усе лiчылi, што я абсалютна ўпэўнены ў тваёй невiнаватасцi. Трэба, каб усе думалi, што жывём мы з табой у поўнай згодзе. Разам з тым, я хачу як мага больш надзейна засцерагчы сябе...
– Я наводжу на цябе страх, Бернар?
Ён прамармытаў:
– Страх? Не. Жудасць! – I потым: Паслухай, больш да гэтага я вяртацца не хачу. Таму трэба ўсё вырашыць раз i назаўсёды. Заўтра ж мы паедзем адгэтуль i будзем жыць у нашым доме. Мне надакучыла гэтая твая глухая цётка. Снеданне, абед i вячэру табе будзе падаваць жонка Бальёна ў тваю спальню. Ва ўсе астатнiя пакоi заходзiць табе забараняецца. Хадзiць па лесе можаш колькi захочаш. У нядзелю разам будзем ездзiць на месу ў Сэн-Клер: трэба, каб людзi бачылi, як ты iдзеш са мной пад руку. У першы чацвер кожнага месяца будзем ездзiць у адкрытым экiпажы ў Б. да твайго бацькi на кiрмаш, як гэта мы заўсёды рабiлi.
– А Мары?
– Заўтра Мары разам з нянькай паедзе ў Сэн-Клер, а потым мая мацi павязе яе на поўдзень нiбыта на лячэнне. Спадзяюся, ты i не разлiчвала, што табе пакiнуць дачку. Яе таксама трэба схаваць ад небяспекi. У выпадку маёй смерцi да яе пяройдзе ўся спадчына... Дык чаму ж пасля мужа не прыбраць i дачку?
Тэрэза ўскочыла з месца i ледзьве стрымала крык:
– Няўжо ты думаеш, што я зрабiла гэта, каб захапiць твае сосны?..
З тысячы патаемных вытокаў яе ўчынку гэты дурань не ўбачыў нiводнага i прыдумаў сабе самую ганебную прычыну.
– Ну вядома, прычынай усяго былi сосны. А што ж яшчэ? Я шукаў метадам выключэння. Цi, можа, у цябе ёсць якi-небудзь другi матыў?.. Урэшце, усё гэта нiякага значэння ўжо не мае i зусiм не цiкавiць мяне. Ты для мяне цяпер нiшто. Праўда, адзiнае, што яшчэ ў цябе застаецца – гэта маё прозвiшча... Праз некалькi месяцаў, калi ўсе пераканаюцца, што ў нас мiр i згода, i Анна выйдзе замуж за маладога Дэгiлема... Дарэчы, ты хоць ведаеш, што Дэгiлемы папрасiлi адкласцi вяселле? Яны хочуць яшчэ падумаць... Словам, калi ўсё гэта ўладзiцца, я змагу, нарэшце, пераехаць у Сэн-Клер, а ты... Ты застанешся тут... Мы скажам, што ў цябе неўрастэнiя цi што-небудзь такое...
– Вар'яцтва, напрыклад.
– Не, гэта магло б некалi пашкодзiць Мары. Прыдумаем што-небудзь прыстойнае... Вось так, дарагая!
Тэрэза шэпча:
– У Аржалузе... да самай смерцi...
Яна падышла да акна i адчынiла яго. У гэты момант Бернар святкаваў сваю перамогу над гэтай жанчынай: ён заўсёды крыху пабойваўся яе, адчуваў сябе прыгнечаным i зняважаным. Але сёння – ён яе ўладар! Няхай зразумее, што ён, яго сям'я, усе пагарджаюць ёю! Бернар ганарыўся сваёй стрыманасцю. Нездарма мацi столькi разоў паўтарала ўсiм, што ён – святы чалавек. Уся сям'я была ў захапленнi ад яго высакароднасцi. I ўпершыню ў жыццi адчуваў ён велiч сваёй душы. Калi ён ляжаў у клiнiцы i яму асцярожна намякнулi, што жонка збiралася яго атруцiць, трэба было бачыць, з якою жалезнай вытрымкай выслухаў ён такую страшную навiну. Мiж тым, гэта не каштавала яму нiякiх намаганняў: хiба чым узрушыш чалавека, няздольнага нi кахаць, нi ненавiдзець!.. У душы Бернара не было месца моцным пачуццям, тады ён адчуў толькi жывёльную радасць, што ўцёк ад смяротнай небяспекi. Так адчувае сябе чалавек, якому раптам сказалi, што шмат гадоў, сам таго не ведаючы, ён жыў плячо ў плячо з вар'ятам... Але ў гэты вечар Бернар пачуў у сабе моц, упэўненасць i быў поўным гаспадаром становiшча. Ён любаваўся сабой i думаў, што нiякiя цяжкасцi не могуць зламаць такога цвярозага, прамога i разважлiвага чалавека, як ён. Нават пасля ўсiх сваiх бедаў i пакут ён, як i раней, гатоў сцвярджаць, што людзi бываюць няшчаснымi толькi па сваёй вiне. Вунь якая драма адбылася з iм! I што ж: адолеў, як адолеў бы i любую другую справу. А людзi бадай што i ведаць нiчога не будуць. Усё прыстойна... Нiкому i ў галаву не прыйдзе шкадаваць яго (ён не хацеў, каб яго шкадавалi). Нiчога страшнага i зняважлiвага ў тым няма, што ажанiўся з пачварай, тым больш калi ў рэшце рэшт утаймаваў яе. У жыццi халасцяка ёсць свае перавагi. А сустрэча твар у твар са смерцю зноў вярнула яму цiкавасць да соснаў, палявання, аўтамабiля, смачнай яды, добрага вiна, – словам, да жыцця...
У зняменнi стаяла Тэрэза ля акна. У цемры ледзь-ледзь бачылася светлая стужка пясчанай сцяжынкi; вецер даносiў пах хрызантэм; а крыху воддаль вiднелася чорная сцяна дубоў, якiя сабою засланялi сасновы бор; начное паветра было напоена смалiстым водарам; Тэрэза ведала, што лес, нiбы варожае нябачнае войска, з усiх бакоў акружае маёнтак. Гэтыя дрэвы – яе панурыя вартавыя (Тэрэзе здаецца, што яны пасылаюць ёй сваю прыглушаную скаргу) – будуць бачыць, як мучыцца яна тут у доўгiя зiмы, як знемагае ад спёкi ў летнiя днi... I наканавана гэтым векавым волатам быць сведкамi яе пакутлiвай агонii... Тэрэза зачынiла акно i падышла да Бернара.
– Ты што, збiраешся сiлай мяне тут утрымаць?
– Называй гэта як сабе хочаш, але ведай: адгэтуль ты выйдзеш толькi ў кайданах.
– Не трэба перабольшваць. Я ж цябе ведаю: не такi ты ўжо злосны... Няўжо ты захочаш, каб на тваю сям'ю ўпала такая ганьба? Хiба можна тут у чым сумнявацца...
Бернар, чый сухi розум яшчэ задоўга да гэтай размовы ўсё абдумаў, усё ўзважыў, растлумачыў ёй, што паехаць адсюль – значыла б прызнаць сябе вiнаватай. У такiм выпадку ганебную пляму з сям'i можна будзе вывесцi толькi адным спосабам: адсекчы заразную частку цела, адрачыся ад злачынкi перад усiмi людзьмi.
– I ўявi сабе: якраз гэта мая мацi i хацела спачатку зрабiць. Мы нават былi вырашылi не ўмешвацца ў справы суда, i ты атрымала б сваё... I толькi клопат пра будучыню Мары i Анны... зрэшты, гэта зрабiць яшчэ не позна. Так што падумай, не спяшайся. Да заўтра!
Цiха, нiбы самой сабе, Тэрэза сказала:
– У мяне яшчэ ёсць бацька.
– Бацька? Але ж ён цалкам згадзiўся з намi. У яго сваё жыццё. Яму трэба зберагчы сваю палiтычную кар'еру, свой прэстыж у партыi. Ён толькi i думае пра тое, каб патушыць гэты пажар, заглушыць гэты скандал, чаго б гэта нi каштавала. Успомнi, колькi ён зрабiў для цябе. Гэта ж дзякуючы яму следства вялося абы-як, на скорую руку. Спадзяюся, ён сказаў табе сваё слова на гэты конт. Хiба не так?
Бернар ужо не павышаў голасу i быў амаль што ветлiвы. I не таму, што шкадаваў Тэрэзу. Гэтая жанчына, здавалася, ужо не дыхала: яна была зламаная, i заняла нарэшце сваё месца. Усё ў парадку. Бернар з гордасцю пра сябе падумаў, што другi чалавек на яго месцы наўрад цi вытрымаў бы такi ўдар. Памыляцца можа кожны. I ўсе памылiлiся наконт Тэрэзы... Нават яго мацi, якая звычайна разбiралася ў людзях. А ва ўсiм вiнавата беспрынцыповасць. Людзi не хочуць разумець небяспекi ад той адукацыi, якую атрымала Тэрэза. Яна – пачвара, што тут гаварыць! Але, калi б яна верыла ў Бога... Страх – вось дзе крынiца мудрасцi i пакорлiвасцi. Так меркаваў Бернар. А яшчэ ён думаў пра тое, як жыхары ваколiц, такiя сквапныя да плётак i скандалаў, будуць расчараваны, калi ўбачаць яго з Тэрэзай у нядзелю ў царкве. Няхай бы хутчэй прыйшла нядзеля, каб паглядзець на гэтыя фiзiяномii!.. А справядлiвае пакаранне ад гэтага нiчога не страцiць... Ён падняў лямпу, i святло ўпала на Тэрэзiны плечы.
– Ты яшчэ не iдзеш да сябе ў спальню?
Тэрэза, здавалася, не пачула гэтых слоў. Бернар выйшаў, пакiнуўшы яе ў цемры. Каля лесвiцы скурчыўшыся сядзела цётка Клара. Адчуўшы на сабе яе заклапочаны позiрк, Бернар напружана ўсмiхнуўся i, узяўшы старую пад руку, дапамог ёй падняцца. Але тая ўпiралася, нiбы стары, адданы сабака, якi не хоча адыходзiць ад пасцелi свайго гаспадара-нябожчыка. Бернар паставiў лямпу на падлогу i пачаў тлумачыць, што Тэрэзе ўжо лепш, але ёй хочацца пабыць трохi адной:
– Вы ж ведаеце яе капрызы.
Ого, цётка iх ведала: колькi разоў на сваё няшчасце заходзiла яна да Тэрэзы акурат у той момант, калi ёй хацелася пабыць адной! Варта было толькi адчынiць дзверы, як яна пачынала адчуваць сябе няпрошаным госцем.
Старая праз сiлу ўстала i, абапiраючыся на моцную Бернараву руку, паплялася ў свой пакой. Услед за ёй зайшоў Бернар, клапатлiва запалiў свечку на стале, пацалаваў цётку ў лоб i выйшаў. Старая не адзодзiла ад яго вачэй. Яна не магла пачуць, але выдатна ўмела чытаць твары людзей. Яна пачакала, пакуль Бернар выйшаў, i цiхенька адчынiла дзверы... Не, ён яшчэ на лесвiцы... Палiць... Старая хуценька вяртаецца. Ногi дрыжаць, дыханне перахапiла, няма сiлы скiнуць з сябе адзежу... Так яна i кладзецца i ляжыць з расплюшчанымi вачыма.
X
А ў цёмнай гасцiнай нерухома сядзела Тэрэза. У камiне яшчэ дагаралi галавешкi. Стаяла глыбокая ноч. I зноў у памяцi паўсталi абрыўкi той споведзi, якую яна падрыхтавала ў цягнiку. А цi варта сябе дакараць, што так i не змагла яму сказаць пра ўсё, што думалася ў дарозе? Шчыра кажучы, гэтая складаная гiсторыя не вельмi стасавалася з праўдай. Чаму ёй прыйшло ў галаву надаваць такое значэнне размовам з Жанам Азеведа? Вось дзе глупства! Як быццам балабонства гэтага хлапчука можна было ўспрымаць сур'ёзна!.. Яна ва ўладзе няўмольнага суровага закону. Не змагла разбурыць гэтай сям'i – значыць, цяпер сям'я знiшчыць яе. У iх ёсць усе падставы лiчыць яе пачварай, але ж i яна ў сваю чаргу бачыць у iх пачвар. Не падаючы нават выгляду, цiха, метадычна яны будуць дабiваць яе. "Цяпер на мяне пусцяць гэтую магутную сямейную машыну. А мне так i не ўдалося зламаць яе цi хоць уцячы з-пад яе колаў. Якiя тут могуць быць апраўданнi, акрамя аднаго: "Уся бяда ў тым, што яны – гэта яны, а я гэта я..." Увесь час хадзiць пад маскай, захоўваць прыстойнасць, прытварацца, iлгаць... Майго цярпення на гэта ледзьве хапiла на два гады. А як жа астатнiя (а ў iх такая самая доля, як i ў мяне) – нясуць гэты крыж да самай смерцi? Можа, iх ратуе прыродная здольнасць да ўсяго прыстасоўвацца?.. Можа, iм памагае нейкая наркатычная прывычка: людзi дранцвеюць, тупеюць, але застаюцца ў лоне па-мацярынску пяшчотнай i ўсемагутнай сям'i... Але я... Як быць мне?.."
Яна ўстала, зноў адчынiла акно. Павеяла ранiшнiм свежым халадком. А можа, уцячы адгэтуль? Варта толькi вылезцi праз акно... Цi будуць гнацца за ёю? Зноў аддадуць пад суд? Што ж, трэба рызыкнуць. Горшага, чым гэтая бясконцая агонiя, няма ўжо нiчога на свеце. Ужо Тэрэза падсунула да акна крэсла... Але ж у яе няма грошай. Яна гаспадыня хваёвых абшараў, але без дазволу Бернара не зможа атрымаць нiводнага франка. А можа, усё-такi лепш пусцiцца наўцёкi ў ланды, як некалi ўцякаў той забойца Дагэр. Доўга тады шукалi яго. Тэрэза (тады яна яшчэ была зусiм малая) – вельмi шкадавала небараку. Яна помнiць, як да iх заходзiлi жандары, як Бальёнава жонка частавала iх на кухнi вiном. А натрапiў тады на след бандыта сабака Дэскейру. Яго схапiлi ледзь жывога ад голаду ў верасовым зараснiку. Звязалi, кiнулi ў воз з саломай i павезлi. Казалi потым, што ён сканаў на арыштанцкай баржы, калi яго перавозiлi ў Каену*. Арыштанцкая баржа... Катарга... Няўжо яны могуць здаць яе ў палiцыю, як пагражаў Бернар?.. I пра якую гэта ўлiку ён гаварыў? Хутчэй за ўсё страшыў... Калi толькi не знайшоў у кiшэнi старой палярыны той пакецiк з ядам...
* Каена – галоўны порт i горад французскай Гвiяны (Лацiнская Амерыка), месца ссылкi катаржнiкаў.
"Каб не сумнявацца, трэба праверыць", – вырашыла Тэрэза. Цiхенька, на пальчыках iшла яна па лесвiцы. Чым вышэй яна падымалася, тым было святлей. Хутка ўжо першыя промнi сонца засвецяць у акно. Вось нарэшце лесвiчная пляцоўка ля самага гарышча. Шафа. Тут вiсiць старая адзежа. Яе пакуль што нiкому не аддаюць, бо апранаюць на паляванне. Вось старая выцвiлая палярына з глыбокай кiшэняй: цётка Клара хавала туды сваё вязанне яшчэ ў той час, калi i сама падпiльноўвала ў будане вехiроў. Тэрэза засоўвае руку ў гэтую кiшэню i дастае адтуль пакецiк:
Хлараформ – 10 грамаў.
Аканiцiн – 2 грамы.
Дыгiталiн – 0,2 грама.
Яна перачытвае гэтыя страшныя словы i лiчбы. Памерцi... Яна заўсёды баялася смерцi. Галоўнае – не глядзець смерцi ў вочы, а думаць толькi пра тое, што трэба зрабiць: налiць у шклянку вады, усыпаць туды парашок, размяшаць, адным махам выпiць, легчы ў пасцель, заплюшчыць вочы. I нi ў якiм разе не думаць пра тое, што будзе пасля смерцi. Навошта баяцца гэтага сну. Гэта сон, самы звычайны сон... Яе пранялi дрыжыкi. Нiчога, гэта проста халодная ранiца. Тэрэза iдзе ўнiз, спыняецца ля пакоя, дзе спiць Мары. Чуваць моцны жывёльны храп нянькi. Тэрэза адчыняе дзверы. Праз шчылiны аканiц прабiваецца дзённае святло. У змроку бялее маленькi жалезны ложак. З-пад коўдры высунулiся дзве маленькiя ручкi. На падушцы – яшчэ няпэўны дзiцячы профiль. Тэрэза глядзiць на крыху велiкаватае вушка. Такое, як i ў мамы. Нездарма ж усе кажуць: "Дачушка-вылiтая мама". Вось яна ляжыць сонная, спакойная... "Я пайду, каб памерцi... Але гэтая мая часцiнка застанецца, i спазнае яна сваю долю, нiчога адтуль не выкiнеш, нiчога не зменiш. Усё паўторыцца: мары, iмкненнi, схiльнасцi... Закон крывi – непарушны закон..." Тэрэза недзе чытала, што даведзеныя да адчаю самазабойцы бяруць з сабой у магiлу i дзяцей сваiх... Добрыя людзi, прачытаўшы такое, выпускаюць з рук газету: "Ды як гэта можна?.." Тэрэза – пачвара, i добра разумее, што такое можа здарыцца. Каб яшчэ трохi, i яна... Яна становiцца на каленi i ледзь-ледзь датыкаецца губамi да маленькай ручкi. I што за дзiва: нешта нарастае ў глыбiнi яе душы, падымаецца да вачэй, абпальвае шчокi: слёзы. Божа, яна ж нiколi не плакала!..
Тэрэза ўстала, яшчэ раз глянула на малую i пайшла ў свой пакой. Налiла вады ў шклянку i ў нерашучасцi задумалася: якi з трох ядаў выбраць?..
Акно было адчынена. Ужо пераклiкалiся пеўнi. Здавалася, сваiм спевам яны разрывалi заслону туману, i толькi дзе-нiдзе ў хваёвых галiнах яшчэ заставалiся яго празрыстыя пасмы. Усё кругом было залiта святлом зары... Як жа развiтацца з гэтым ззяннем? Смерць... Нiхто ж не ведае, што гэта такое... Тэрэза не была ўпэўнена, што гэта – небыццё. Яна не верыла, што там, на тым свеце нiкога няма. Тэрэза ненавiсная сама сабе за гэты сляпы страх. Яна i хвiлiны не вагалася, калi збiралася пiхнуць у бездань небыцця другога чалавека, а сама так упiраецца... Якая агiдная баязлiвасць! Божа, калi ты ёсць... (на нейкi момант перад вачыма ўсплывае тое шэсце на свята цела гасподняга, кюрэ ў цяжкай пазалочанай мантыi, чаша, якую ён трымае абедзвюма рукамi, дрыготкiя губы i знявечаны пакутлiвы твар). Божа, калi ты ёсць, спынi злачынную руку, пакуль яшчэ не позна! А калi ж будзе воля твая i нiкчэмная сляпая душа пераступiць парог жыцця, то хоць з любоўю прымi гэтую пачвару, створаную табой!.. Тэрэза выбрала хлараформ. Гэтая назва ёй больш знаёмая, менш палохала яе i чамусьцi давала надзею на спакойны, салодкi сон. Трэба спяшацца. Дом ужо прачынаецца: жонка Бальёна з грукатам адчынiла аканiцы ў спальнi цёткi Клары. Чаму яна так крычыць сёння? Звычайна старая разумела яе па губах. Забразгалi дзверы, нехта бяжыць па лесвiцы. Тэрэза ледзьве паспела прыкрыць стол сваёй хусткай, каб схаваць пакецiкi з ядам. Без стуку ў пакой уляцела жонка Бальёна.
– Мадмуазэль Клара памерла! Я прыйшла, а яна нежывая ляжыць у пасцелi. Адзетая. Ужо халодная зусiм, адубела...
Цётцы Клары, гэтай старой бязбожнiцы, у рукi паклалi ружанец. На грудзях ляжала распяцце. Прыходзiлi фермеры, станавiлiся на каленi, а перад тым, як пайсцi, пiльна аглядалi Тэрэзу ("Хто ведае, можа, i старую яна са свету звяла"). Бернар паехаў у Сэн-Клер наказаць родным i выканаць неабходныя фармальнасцi. Хутчэй за ўсё ён лiчыў, што смерць гэтая вельмi дарэчы: адцягне ўвагу людзей ад галоўнага. Тэрэза глядзела на нябожчыцу, якая была ёй адданай да апошняга iмгнення i нават сваёй смерцю перагарадзiла ёй дарогу да пагiбелi. Што гэта? Выпадковасць? Супадзенне? Калi б хто сказаў, што гэтак было наканавана лёсам, яна б толькi плячыма пацiснула. Людзi шапталiся: "Вы бачылi? Стаiць i хоць бы выгляд зрабiла, што плача..." А ў думках сваiх Тэрэза гаварыла з той, што ляжала ў труне: "Як жа мне цяпер жыць? Быць жывым трупам ды яшчэ сярод тых, хто мяне ненавiдзiць?.. I нават не спрабаваць глянуць, што робiцца за кратамi гэтай турмы?.."
На пахаваннi Тэрэза займала належнае ёй месца. А ў першую ж нядзелю яна з Бернарам паехала ў царкву. Бернар дэманстратыўна вёў яе пад руку, i замест таго, каб прайсцi да сваёй лаўкi як звычайна, праз бакавы ўваход, ён спецыяльна правёў яе цераз неф. Тэрэза прыўзняла жалобны вэлюм толькi пасля таго, як села памiж свякроўю i мужам. Калона хавала маладую жанчыну ад прагных позiркаў прысутных, а насупраць яе быў толькi клiрас. З усiх бакоў была яна акружана: ззаду – натоўп, справа – Бернар, злева – мадам дэ ля Траў. А перад ёю – толькi кюрэ. У суровым напружаннi стаiць ён памiж двума хлопчыкамi-служкамi, штосьцi ўмольна шэпча, крыху расставiўшы перад сабой рукi.
XI
Вечарам яны вярнулiся ў Аржалузу, але цяпер у дом Дэскейру, дзе шмат гадоў амаль нiхто не жыў. Камiны там дымiлi, вокны зачынялiся дрэнна, а пад паточаныя шашалем i пагрызеныя пацукамi дзверы дзьмуў вецер. Але восень у той год выдалася такая добрая, што Тэрэза спачатку амаль не заўважала гэтых дробязяў. Кожны дзень Бернар хадзiў на паляванне i прападаў у лесе да самага вечара. Вярнуўшыся, ён адразу iшоў на кухню, каб перакусiць разам з Бальёнам. Да Тэрэзы даляталi прыглушаныя манатонныя галасы, звон посуду. У кастрычнiку цямнее рана. Кнiгi, якiя прынеслi з роднага дому, Тэрэза ведала яшчэ з дзяцiнства. А яе просьбу выпiсаць кнiгi з Бардо Бернар прапусцiў мiма вушэй. Адзiнае, што ёй было дазволена – гэта папаўняць запас цыгарэт. Што рабiць? Да чаго прыкласцi рукi ў гэтыя доўгiя вечары? Варушыць качаргою вуголле ў камiне... Але ад едкага дыму кацiлiся слёзы, пяршыла ў горле, якое i так было ўжо хворае ад тытуню. Як толькi старая служанка выносiла посуд з амаль некранутай вячэрай, Тэрэза адразу тушыла лямпу i клалася ў пасцель. Колькi бясконцых гадзiн курчылася яна пад коўдрай, чакаючы выратавальнага сну!.. Цiшыня Аржалузы не давала заснуць. Крыху лягчэй было, калi дзьмуў вецер: у журботнай скарзе, што гучала ў хваёвых вершалiнах, было штосьцi ад чалавечай спагады. Гэтыя гукi закалыхвалi, i ў непагадзь яна засынала хутчэй.
Нудныя i бясконцыя былi гэтыя вечары. Часам здаралася, што Тэрэза яшчэ завiдна вярталася з прагулкi дамоў. I тады яна бачыла, як людзi цураюцца яе: мацяркi, яшчэ здалёк угледзеўшы яе, хапалi сваiх дзяцей i хутчэй валаклi iх на свой надворак, а пастухi, якiх яна нават ведала асабiста, нiколi не вiталiся... Ах, як добра было б згубiцца ў вялiкiм, шматлюдным горадзе! Апынуцца ў самай гушчы людзей, якiя цябе не ведаюць! А ў Аржалузе не знойдзеш чалавека, якi не ведаў бы плётак пра яе (ёй нават прыпiсвалi смерць цёткi Клары). Яна нiколi цяпер не адважылася б пераступiць чужы парог. З дому выходзiла тайком, дарогу выбiрала як мага далей ад фермаў, а пачуўшы грукат сялянскага воза, хутчэй уцякала з гасцiнца i хавалася ў лесе. Хадзiла яна хутка, подбегам, нiбы напалоханы звер, а адпачывала толькi ў глухiх лясных зараснiках...