355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Франсуа Мориак » Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 31 октября 2016, 01:27

Текст книги "Тэрэза Дэскейру (на белорусском языке)"


Автор книги: Франсуа Мориак


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 7 страниц)

Ён папытаўся ў мяне, цi чытала я кнiгу Рэнэ Базэна* "Жыццё айца Фуко". У адказ я неяк няшчыра, ненатуральна засмяялася. I тады ён сказаў, што гэтая кнiга ашаламiла яго. "Жыць у небяспецы, у самым глыбокiм сэнсе гэтага слова, дадаў ён, – гэта, бадай, i азначае, што чалавек не так шукае, як ужо знайшоў свайго Бога i iдзе па шляхах боскiх..." Ён быў на вяршынi шчасця ад "Жыцiя мiстыкаў", скардзiўся, што ў яго неўтаймаваны характар i ён толькi таму не можа пайсцi ўслед за мiстыкамi, што "колькi сябе помнiць, нiколi не быў дастаткова чысты для гэтага".

* Рэнэ Базэн (1853-1932) – французскi пiсьменнiк-раманiст. Аўтар раманаў "Усёй душой", "Адзiнокая", "Сёння i заўтра", "Чарнiльная пляма" i iнш. Ф.Марыяк прысвяцiў яму манаграфiю, выдадзеную ў 1931 г.

Гэтая бессаромнасць, гэтая лёгкасць, з якой ён паказваў усё сваё нутро якое ж усё гэта было новае ў параўнаннi з нашай правiнцыяльнай скрытнасцю i замоўчваннем усяго, што датычылася ўласнай натуры. Усе размовы i плёткi ў Сэн-Клеры iдуць толькi вакол таго, што наверсе, перад вачыма, а сэрцы там нiколi не адкрываюцца... Ну што я, урэшце, ведаю пра Бернара? Намалявала сабе карыкатуру, а можа, у iм хаваецца штосьцi куды больш значнае, важнае?..

Жан гаварыў, а я маўчала i слухала. На язык прыходзiлi толькi збiтыя, шэрыя фразы з нашых бесталковых сямейных спрэчак. Падобна да таго, як у нас у ландах вазы робяць "па каляiне", гэта значыць, з дастаткова шырокiм ходам, каб колы пападалi ў наезджаную каляiну, так i мае думкi да гэтага дня iшлi "па каляiне" майго бацькi i свёкра.

Жан крочыў побач. Як цяпер бачу я гэтую расшпiленую кашулю, што прыкрывала яшчэ зусiм хлапечыя грудзi i моцную шыю... Цi цягнула мяне да яго? Ды не, беражы Бог! Але мне ўпершыню сустрэўся чалавек, якi самым галоўным у жыццi лiчыў работу мозга, разумовую працу. Увесь час ён гаварыў пра сваiх парыжскiх настаўнiкаў, сяброў, прыводзiў iх думкi, расказваў пра кнiгi – лiчыць яго нейкiм вундэркiндам я, бадай, не магла: ён уваходзiў у кагорту тых выбраных людзей, хто, па яго словах, "жыве па-сапраўднаму". Адна за адной сыпалiся на мяне цытаты, iмёны, i Жан нават не дапускаў, што я магу iх не ведаць. А я i выгляду не падавала, што чую ўсё гэта ўпершыню.

Калi за павароткай паказалiся жытнёвыя палеткi i ўскраiны Аржалузы, я мiжвольна ўсклiкнула: "Як? Ужо?.." Даўно ўжо прайшло жнiво. Над панурым малаўрадлiвым полем вiлiся сiнiя клубы дыму: сёння тут палiлi пустазелле. Уздоўж дарогi, нiбы паток разлiтага малака, плыў статак авечак...

Тут Жану трэба было паварочваць i цераз поле iсцi дамоў у Вiльмiжа. Я сказала, што правяду яго: "Усё, што я сёння пачула – гэта так цiкава..." Але раптам мы абое зразумелi, што больш гаварыць няма пра што. Iсцi па ржышчы мне было цяжка: нават у сандалях калола ў ногi. Мне здалося, што яму захацелася хутчэй застацца аднаму i цалкам аддацца сваiм думкам. Я нагадала яму, што мы так i не пагаварылi пра Анну. "Мы не свабодныя ў выбары тэм для размоў, ды, вiдаць, i думак. Iнакш нам трэба было б прыняць метады i правiлы мiстыкаў, амаль з выклiкам адказаў ён. – Такiя людзi, як мы, заўсёды плывуць з вадой па цячэннi..."

Мы дамовiлiся спаткацца яшчэ раз, каб разам падумаць, што рабiць з Аннай. Ён гаварыў рассеяна i раптам, не слухаючы мяне, нахiлiўся i з дзiцячай радасцю паказаў мне баравiк, панюхаў аго i дакрануўся губамi да шапачкi.

VII

Бернар сядзеў на ганку i чакаў. Вось у вячэрнiм змроку з'явiлася постаць Тэрэзы. "Паслухай, у мяне нiчога не знайшлi! Нiчога! – радасна закрычаў ён. I хто мог падумаць, што ў мяне малакроўе! Гэта ў мяне, з маiмi бiцэпсамi i мускулатурай! Але што зробiш: па знешнасцi нiчога не ўгадаеш. Вазьмуся за лячэнне. Буду прымаць каплi Фаўлера* – яны з мыш'яком. Галоўнае цяпер апетыт..."

* Томас Фаўлер (1736-1801) – ангельскi лекар. Яго iмя дадзена "каплям Фаўлера", якiя рэкамендуюць пры нервовых захворваннях i адсутнасцi апетыту.

Тэрэза ўспамiнала, што спакойна выслухала ўсё гэта: не раздражняў яе нават i занудлiвы тон Бернара. Яна як быццам не чула мужавых слоў, бо душой i целам ужо была прывязана да другога свету, свету людзей, якiя прагнуць жыцця, iмкнуцца ў iм разабрацца, усё спасцiгнуць, зразумець i стаць, як паўтараў Жан, "самымi сабой".

Калi за сталом Тэрэза нарэшце загаварыла пра сустрэчу з Жанам, Бернар захваляваўся: "Як? I ты маўчыш? Ну, ты зусiм у мяне дзiвачка! Ну як? Што вы з iм вырашылi?"

Тэрэза на хаду прыдумала план, якi пасля i сапраўды здзейснiўся: "Жан Азеведа згадзiўся напiсаць Анне пiсьмо, у якiм ён вельмi тактоўна i далiкатна пазбавiць дзяўчыну ўсялякай надзеi". Бернар яхiдна засмяяўся, калi Тэрэза паведамiла, што малады чалавек зусiм i не дамагаўся рукi Анны: як, каб нейкi Азеведа не мроiў узяць за жонку мадмуазэль дэ ля Траў!

– Ты пры сваiм розуме? Ён жа нюхам чуе, што яму тут нiчога не перападзе! А такiя людзi, як ён, нiколi рызыкаваць не будуць, калi ёсць хоць доля сумнення. О! Якая ж ты ў мяне даверлiвая!

Лямпы не запальвалi, каб не наляцела камароў, i Бернар не бачыў, як на яго паглядзела Тэрэза. Да яго вярнуўся апетыт. Не дарэмна ён ездзiў у Бардо доктар зноў паставiў яго на ногi.

"Цi часта я бачылася з Жанам? Ён паехаў у канцы кастрычнiка... Здаецца, пяць цi шэсць разоў... Ды яшчэ тая прагулка, калi мы з iм складалi разам пiсьмо да Анны. Як жа стараўся гэты юнак падабраць мяккiя гаючыя словы!.. Я больш маўчала, хоць i поўнасцю адчувала iх бязлiтаснасць i жорсткасць... Чамусьцi злiваюцца ў памяцi нашы апошнiя сустрэчы ў нешта адно... Жан апiсваў мне Парыж, сваiх сяброў, i я пачынала ўжо бачыць гэты ягоны свет, дзе пануе адзiны закон: стаць самiм сабой. "Тут вы ўсе асуджаны лгаць да самай смерцi". А чаму ён так сказаў? Куды ён хiлiў? Што ён падазраваў? "Не магу сабе ўявiць, – гаварыў ён, – як вы можаце жыць у гэтым удушлiвым асяроддзi. Паглядзiце навокал: усюды бясконцае, аднастайнае балота, пакрытае лёдам, якi скаваў душы людскiя! Часам лёд дасць трэшчыну, бачыш чорную ваду: нехта бiўся там з апошнiх сiл, пайшоў на дно, i зноў усё пакрываецца лёдам... бо кожны тут, як i ўсюды, нараджаецца са сваiм уласным законам, кожны тут, як i ўсюды, мае сваю долю, i, тым не менш, усе жывуць ва ўладзе адзiнага для ўсiх сумнага лёсу. Сёй-той спрабуе бунтаваць, i тады ў шаноўных сем'ях узнiкаюць драмы, якiя так старанна замоўчваюцца. Як тут кажуць: "Лепш памаўчаць..."

"Так яно i ёсць! – вырвалася ў мяне. – Колькi разоў дапытвалася я пра лёс сваякоў – дзядзькi, дваюраднага дзядулi, бабулi, чые фатаграфii знiклi з усiх альбомаў, – i нiякага адказу! I толькi аднойчы мне сказалi: "Ён знiк... так было трэба..."

А цi не баяўся Жан, што i мяне чакае такая доля?.. Ён кляўся, што яму i ў галаву не прыйшло б гаварыць пра такое з Аннай, якая, нягледзячы на сваё палкае каханне, – натура залiшне простая, пасрэдная, звычайная: пастаяць за сябе не можа i вельмi хутка скарыцца. "Але вы! У кожным вашым слове я адчуваю прагу шчырасцi..." Цi варта гэта пераказваць Бернару? Ды трэба быць вар'ятам, каб паверыць, што гэты чалавек хоць што-небудзь тут зразумее! Але няхай бы ведаў, што я, прынамсi, не здавалася без барацьбы. Помню, як аднойчы я запярэчыла гэтаму маладому чалавеку, што ён хавае за прыгожымi фразамi самае агiднае прыняцце маральнага падзення. Я нават спрабавала знайсцi падтрымку ў тых лекцыях па этыцы i маралi, што нам чыталi ў лiцэi. "Быць самiм сабой? паўтарала я. – Але ж мы – гэта толькi тое, што мы робiм самi з сябе". (Цi трэба развiваць гэтую думку? Для Бернара, мусiць, трэба.) Жан не згаджаўся са мной i даказваў, што самае горшае падзенне – гэта адрачэнне ад самога сябе. Ён сцвярджаў, што не было нiводнага героя цi святога, якому б не давялося пераадолець сваю натуру i ва ўсёй паўнаце раскрыць сваё "я". "Каб знайсцi Бога, трэба перасягнуць самога сябе", – паўтараў ён. I яшчэ: "Сцвярджэнне свайго "я" патрабуе ад лепшых з нас, каб мы выступiлi супраць самiх сябе адкрыта, без хiтрасцi, у самай сумленнай дуэлi. Менавiта таму i здараецца, што той, хто "пераадолеў сябе", "вызвалiўся", часта добраахвотна звязвае сябе путамi самай абмежаванай рэлiгii".

Не варта спрачацца з Бернарам, наколькi абгрунтавана такая мараль; можна нават пагадзiцца з iм, што ўсё гэта – нiкчэмныя сафiзмы, але няхай жа ён зразумее, няхай пастараецца зразумець, як усё гэта было цiкава, як гэта захапляла мяне. I што пасля такiх размоў магла я адчуваць у нашай гасцiнай у Аржалузе?.. Побач, на кухнi, Бернар сцягваў з сябе боты i на мясцовай гаворцы расказваў пра сваю здабычу на паляваннi. На стале, нiбы жывы, курчыўся i трапятаўся паляўнiчы мяшок: там бiлiся злоўленыя вехiры. Потым Бернар садзiўся вячэраць. Еў марудна, смакаваў кожную страву i радаваўся, што апетыт не пакiнуў яго назаўсёды. Пасля вячэры з любоўю адлiчваў кроплi фаўлера: "Вось дзе маё здароўе", – любiў ён паўтараць. У камiне патрэсквалi дровы, i варта было толькi павярнуць сваё крэсла, каб адчуць усiм целам прыемную ласку агню. Часам пасля дэсерту ён браў у рукi мясцовую газетку i пачынаў драмаць. Дыхаў ён спакойна, роўна, вельмi цiха i толькi зрэдку пахрапваў. Жонка Бальёна шаркала шлёпанцамi на кухнi, потым прыносiла падсвечнiкi са свечкамi... А потым наставала цiшыня! Сапраўдная аржалузская цiшыня! Той, хто не быў у гэтай глухаманi, не ведае, што такое цiшыня: яна акружае дом густой цёмнай масай, падобнай на начны лес, дзе ўсё замiрала i толькi зрэдку вухкала сава (i тады ўдавалася, што ў цемры нехта жаласна плача).

Асаблiва востра я пачала адчуваць гэтую жудасную цiшыню пасля ад'езду Жана. Пакуль я ведала, што заўтра зноў пабачуся з iм, змрок i цiшыня ночы так не прыгняталi мяне. Адно тое, што ён спаў зусiм недалёка, уносiла ў гэтую непраглядную цемру, у гэтую ўсяленскую цiшыню iскрынку жыцця i надзеi. I вось ён паехаў. На апошнiм спатканнi ён абяцаў, што мы сустрэнемся праз год, калi я ўжо буду "свабодная". (Далiбог, не ведаю, якi сэнс ён укладаў у гэтае слова. Магчыма, што i яго даканала гэтая пустэча i цiшыня, а мной ён даражыў, як адзiнай субяседнiцай.) З таго дня, як ён паехаў, я быццам iшла па бясконцай пячоры, дзе ўсё згушчаецца i згушчаецца цемра. I я часта пыталася ў сябе, цi ўдасца мне выбрацца на прастор, на свежае паветра, або мне суджана так i задыхнуцца тут? Але да студзеня, да маiх родаў нiчога не змянiлася...

У гэтым месцы сваiх успамiнаў Тэрэза ў нерашучасцi спыняецца. Ёй хочацца, ой як хочацца абысцi ўсё тое, што адбылося на трэцi дзень пасля ад'езду Жана: "Не! Не! Нашто мне ўсё гэта, калi яно не мае нiякiх адносiн да справы. Я i так усё растлумачу Бернару! Няма ў мяне часу блукаць у гэтых успамiнах!.." Але чалавечая памяць упартая: немагчыма перагарадзiць ён дарогу... I перад вачыма зноў той кастрычнiцкi вечар... Бернар ужо быў наверсе, у спальнi, i раздзяваўся. Тэрэза сядзела ля камiна, чакала, пакуль згарыць апошняе палена, i радавалася, што хоць хвiлiнку можа пабыць адна. "Што цяпер робiць Жан Азеведа? – думала яна, гледзячы на агонь. – Можа, сабе выпiвае ў тым маленькiм бары, пра якi ён столькi расказваў? А можа, разам са сваiм сябрам катаецца ў аўтамабiлi па начным бязлюдным Булонскiм лесе? Магчыма, працуе за пiсьмовым сталом, а за вокнамi глуха гудзе Парыж? Жан сам стварае сабе цiшыню, адваёўваючы яе ад гарадскога грукату. I гэта iншая цiшыня, зусiм не такая, што душыць мяне тут. Там цiшыня не сягае далей, чым святло лямпы, не далей за кнiжныя палiцы..."

Раптам на дварэ забрахаў, а потым радасна заскавытаў сабака. Яго супакойваў знаёмы, стомлены голас. Анна дэ ля Траў адчынiла дзверы. Цёмнай восеньскай ноччу яна адна пехатой прыйшла з Сэн-Клера. На маленькiм, адразу пастарэлым тварыку лiхаманкава блiшчалi вочы. Яна кiнула на крэсла капялюшык, спыталася: "Дзе ён?"

Тэрэза i Жан напiсалi пiсьмо, адправiлi яго i вырашылi, што справа скончана. Магчымасць таго, што Анна будзе змагацца за сваё шчасце, была поўнасцю скасавана... Але хiба чалавек слухаецца лагiчных довадаў i разважанняў, калi гаворка заходзiць пра само яго жыццё!.. Анне ўдалося ўцячы з-пад нагляду мацi i сесцi на цягнiк. Па цёмнай дарозе да Аржалузы яе вяла светлая палоска неба памiж вершалiнамi прысад. "Пабачыцца з iм! Чаго б гэта нi каштавала! Калi мы ўбачымся, я зноў заваюю яго! Толькi б пабачыцца!" З гэтай адзiнай думкай спяшалася яна ў Аржалузу: iшла, бегла, спатыкалася на калдобiнах... I вось Тэрэза гаворыць, што Жан паехаў, што ён у Парыжы. Анна не верыць, яна не можа ў гэта паверыць, гатовая ўпасцi ад стомы i адчаю.

– Ты лжэш! Ты заўсёды мне хлусiла!

Не слухаючы Тэрэзы, яна дадае:

– А! Дык i ты заадно з гэтай сямейкай! Знайшлася мне вольная i незалежная!.. А выйшла замуж i бачыш, як ты заспявала! Канешне, ты хацела, каб лепш было мне!.. Прадала мяне дзеля маёй жа карысцi! Ды не старайся ты! Не трэба мне нiчога тлумачыць!

Яна пайшла да дзвярэй.

– Ты куды? – спыталася Тэрэза.

– У Вiльмiжа, да яго!

– Я табе яшчэ раз гавару, што яго няма там.

– Я не веру табе!

Анна выйшла. Тэрэза запалiла лiхтар, што вiсеў у прыхожай, i дагнала яе.

– Ты пайшла не ў той бок. Гэта дарога на Бiурж. А табе трэба вунь туды.

Над сенажаццю стаяў густы туман. Недзе забрахалi сабакi. Вось нарэшце i знаёмыя дубы... Адзiнокi, сонны, мёртвы дом... Анна падыходзiць да гэтага магiльнага склепа i абедзвюма рукамi стукаецца ў дзверы. Тэрэза паставiла лiхтар на зямлю i нерухома стаiць. Яна бачыць, як лёгкая фiгурка, нiбы здань, прыпадае да кожнага акна нiжняга паверха. А ў галаве адно толькi слова "Жан". Але не сарвецца яно з дзявочых вуснаў, не пабудзiць гэтай магiльнай цiшынi... На хвiлiну яна знiкае за домам, зноў выходзiць, садзiцца на парог i, абхапiўшы рукамi твар, утыкаецца ў каленi... Горкiя дзявочыя слёзы... Тэрэза падымае сяброўку i вядзе за сабой. Тая, як п'яная, увесь час спатыкаецца i ўсё паўтарае:

– Заўтра я паеду ў Парыж. Парыж не такi ўжо i вялiкi. Я знайду яго там...

Але ў яе голасе – апошняе супрацiўленне дзiцяцi, якое ўжо скарылася, але нiяк не хоча ўтаймавацца.

Бернар прачнуўся ад iх гоману, надзеў халат i чакаў у гасцiнай. Не, нiколi не забыць Тэрэзе той сцэны, што разыгралася памiж братам i сястрой... Гэты чалавек, якi змог груба схапiць за рукi змучанае няшчаснае дзяўчо, завалачы па лесвiцы на трэцi паверх, кiнуць у спальню i замкнуць дзверы, – гэты чалавек твой муж, Тэрэза! Гэта той самы Бернар! I праз дзве гадзiны ён будзе тваiм суддзёй... Гонар сям'i – гэта Бернараў шчыт, i гэты чалавек заўсёды, пры любых абставiнах, ведае, што трэба рабiць дзеля iнтарэсаў сям'i... Ты вось са страхам i трывогай рыхтуеш апраўдальную прамову. Але ж толькi людзi без сваiх прынцыпаў могуць пачуць i зразумець чужыя довады. Бернар пасмяецца з тваiх апраўданняў: "Я ведаю, што мне трэба рабiць". Ён ведае. Гэта праўда. А калi ўсё ж i ўзнiкнуць сумненнi, то ён скажа: "Мы абмеркавалi гэта ў сям'i i лiчым, што..." Няўжо ты думаеш, што ён яшчэ не вынес табе прыгавору? Лёс твой вырашаны раз i назаўсёды, так што лепш пастарайся заснуць.

VIII

Пасля таго, як бацькi забралi зламаную Анну дамоў, у Сэн-Клер, Тэрэза амаль да самых родаў жыла ў Аржалузе. Вось калi яна як мае быць спазнала цiшыню тых бясконцых лiстападаўскiх начэй! Пiсьмо, пасланае Жану Азеведа, засталося без адказу. Напэўна, ён вырашыў, што нiчога, акрамя нуды, перапiска з нейкай правiнцыялкай яму не дасць. Да таго ж цяжарная жанчына... А што можа быць прыемнага ў такiм успамiне? Магчыма, цяпер, на адлегласцi, Тэрэза здавалася гэтаму парыжскаму шалапуту прэснай i нецiкавай? Канешне, яму больш даспадобы прытворная вытанчанасць, ускладнёнасць, рысоўка. Але што ён мог зразумець у гэтай падманлiвай прастаце, у гэтым ясным прамым позiрку, у гэтых упэўненых рухах?.. Вiдаць, i яе ён лiчыў здольнай злавiць яго на слове, гатовай усё кiнуць i бегчы за iм. Жан Азеведа асцерагаўся жанчын, якiя занадта хутка здаюцца i складаюць зброю, калi мужчына яшчэ нават не паспеў зняць асады. Больш за ўсё на свеце ён баяўся такiх перамог!

Мiж тым Тэрэза iмкнулася зразумець духоўны свет гэтага юнака. Але кнiгi, якiя яна выпiсала з Бардо, здалiся ёй незразумелымi. А Жан быў ад iх у захапленнi!

Марудна iшоў час. Тэрэза жыла, нiчога не робячы. I дарэмна было б угаворваць яе шыць пялёнкi цi распашонкi будучаму дзiцяцi. "Ого! Гэта не для яе..." – з папрокам гаварыла свякроў.

У вёсцы шмат жанчын памiрае пры родах. I Тэрэза да слёз даводзiла сваю цётку, паўтараючы, што i ёй гэтага не вытрымаць, i яна памрэ, як некалi яе мацi. I заўсёды дадавала, што ёй усё роўна: жыць цi памерцi. Якая хлусня! Нiколi ёй так не хацелася жыць, як тады. Ды i Бернар нiколi так не клапацiўся пра яе. "Не, не мяне ён аберагаў, а таго, каго я насiла ў сабе". Дарэмна ён са сваiм жахлiвым мясцовым акцэнтам бубнiў адно i тое: "Вазьмi яшчэ пюрэ... Не еш рыбы... Ты сёння i так ужо многа хадзiла..." Усё гэта пралятала мiма вушэй, бо гэтак клапоцяцца пра наймiчку-кармiцельку, каб у яе было добрае малако. Бернар i яго бацькi бераглi мяне як свяшчэнны сасуд з будучым нашчадкам iх роду. I несумненна, што пры выпадку яны ахвяравалi б мною дзеля гэтага эмбрыёна. Я страцiла адчуванне свайго ўласнага iснавання. Для iх я была ўсяго толькi лазой вiнаграднай: значэнне меў толькi плод, якi выспяваў у маiм лоне.

Вось так у змроку i адзiноце жыла я да канца снежня. Святло ад нашага панурага дома адгароджвала чорная сцяна хваёвага лесу. А тут яшчэ гэтыя бясконцыя асеннiя дажджы!.. Зямля зрабiлася непраходным балотам. Ужо ледзьве можна было праехаць па адзiнай дарозе ў Сэн-Клер. I тады мяне перавезлi ў Бернараў дом. Тут было трохi больш святла, чым у нас, у Аржалузе. Старыя платаны на плошчы ўсё яшчэ змагалiся з ветрам i дажджом за свае апошнiя лiсты...

Цётка Клара не магла жыць у чужым доме i адмовiлася пераехаць разам са мной. Але часта, нават у самую непагадзь, яна прыязджала да мяне ў сваiм старым фаэтоне. Прывозiла мне гасцiнцаў, ласункаў, якiя я так любiла ў дзяцiнстве, i як яна думала, люблю i цяпер: шэрыя жытнiя пампушкi з мёдам, салодкi пiрог пад назвай "фугас" цi "румаджад".

Анну я бачыла толькi за сталом. Яна нiколi са мной не размаўляла. З усiм яна змiрылася, асунулася i неяк адразу страцiла сваю свежасць. Старанна зачасаныя назад валасы адкрывалi непрыгожыя, нiбы з воску, вушы. Iмя маладога Дэгiлема называць пры ёй нiхто не адважваўся. Але мадам дэ ля Траў пераконвала мяне, што хаця Анна яшчэ не дала сваёй згоды на гэты шлюб, цяпер яна ўжо не гаворыць i "не". Ах, як разгадаў яе Жан! Нямнога ж спатрэбiлася часу, каб накiнуць на яе аброць i ўцiхамiрыць!

Бернару стала горш, бо ён зноў пачаў выпiваць перад абедам.

А пра што гаварылi гэтыя людзi вакол мяне? Добра памятаю гэтыя бясконцыя размовы пра кюрэ (мы жылi акурат насупраць яго). Яны нiяк не маглi даўмецца, чаму кюрэ на дзень па чатыры разы праходзiў цераз плошчу, а дамоў вяртаўся нейкай другой дарогай...

Успамiнаючы свае размовы з Жанам Азеведа, Тэрэза цяпер лепш прыглядалася да гэтага яшчэ маладога святара. Ён нiбы цураўся сваiх прыхаджан, i ўсе яны лiчылi яго ганарлiўцам: "Не такi тут патрэбен кюрэ". Ён быў рэдкiм госцем у сям'i дэ ля Траў, але Тэрэза звярнула ўвагу на яго прыгожы высокi лоб i пабеленыя сiвiзной скронi. "Жыве сабе чалавек адзiн: нi сяброў, нi знаёмых. Як жа ён бавiць час у гэтыя доўгiя вечары?.. Чаму выбраў сабе такую дарогу?.." "Ён вельмi дакладна i строга выконвае ўсё, што патрабуецца, – гаварыла мадам дэ ля Траў. – Штовечар чытае малiтвы, але не хапае яму божага дару. Пра яго не скажаш, што ён надта набожны. А наша дабрачыннае таварыства, ён жа яго зусiм закiнуў". Яна скардзiлася, што кюрэ распусцiў аркестр, створаны папячыцелем таварыства, перастаў вадзiць дзяцей на футбольныя матчы: "Гэта вельмi добра, што ён сядзiць, уткнуўшы нос у свае кнiгi, але ж так нядоўга i прыход упусцiць".

Тэрэза некалькi разоў хадзiла ў царкву, каб паслухаць кюрэ. "Ну, дарагая, што гэта вы сабе ўздумалi? У вашым становiшчы можна i не хадзiць на службу". Пропаведзi святара тычылiся дагматаў, прынцыпаў маралi i былi залiшне агульныя, безаблiчныя. Але Тэрэзу цiкавiлi перапады ў яго голасе, iнтанацыi, яго жэсты i рухi... Часам нейкае слова здавалася ёй асаблiва значным... Ах, можа, ён дапамог бы разабрацца ў заблытаным клубку яе пачуццяў i думак? Ён жа такi непадобны на ўсiх астатнiх... I ён таксама ўспрымае жыццё трагiчна... Да сваёй глыбокай унутранай адзiноты ён дадаў яшчэ i пустыню, якую стварае сутана вакол таго, хто яе апрануў... Якую падтрымку, якое суцяшэнне мог ён знаходзiць у гэтых штодзённых царкоўных абрадах? Тэрэзе захацелася пайсцi на яго службу ў будзённы дзень, калi ў царкве нiкога не бывае, акрамя хлопчыка з хору, а святар, схiлiўшыся над кавалачкам хлеба, мармыча малiтву... Аднак пачэснае сямейства ды i ўсе жыхары гарадка ўспрынялi б гэта як страшэннае дзiвацтва i пачалi б крычаць, што яна кiнулася ў лона хрысцiянства.

Колькi нi адпакутавала Тэрэза ў гэтую пару, але толькi пасля родаў яна па-сапраўднаму зразумела, што не зможа вынесцi такое жыццё. Вонкава гэта нiяк не выяўлялася. Нiякiх сцэн з Бернарам. Да яго бацькоў яна ставiлася з большай павагай, чым ён сам. Але трагедыя ў тым якраз i была, што не знаходзiлася нiякiх падстаў для разрыву i нiчога, здавалася, не можа перашкодзiць гэтаму нуднаму жыццю так цячы да самай смерцi. Калi ў сям'i няма згоды, то для таго, каб адбыўся раскол, патрэбны сутычкi. Аднак Тэрэза амаль не сварылася з Бернарам i яшчэ менш – з яго бацькамi. Iх словы не даходзiлi да яе, i ёй i ў галаву нават не прыйшло б адказаць гэтым людзям. Нябачная сцяна ўстала памiж ёю i iмi. I адны i тыя ж, нават самыя значныя, словы разумелiся па-рознаму. А калi часам у Тэрэзы i вырываўся шчыры крык душы, то ўсе расцэньвалi гэта не iнакш, як яшчэ адзiн капрыз. "Я раблю выгляд, што не чую, – гаварыла мадам дэ ля Траў, – а калi яна настойвае на сваiм, то не надаю нiякага значэння яе крыкам. Хай ведае: у нас такiя выкрунтасы не праходзяць..."

Мiж тым было ў паводзiнах нявесткi тое, што напраўду дапякала свекрывi. Тэрэза з сябе выходзiла (i гэта не заўсёды ўдавалася схаваць), калi сваякi i знаёмыя ахкалi, што маленькая Мары – вылiтая мама: "От ужо дзе дачушка! Ад такой адрачыся нiяк нельга!.." А ў адказ чуўся злосны Тэрэзiн голас: "Ды яна зусiм на мяне непадобная! Паглядзiце, якая яна смуглая, вочы чорныя, як вугалькi. А вось мае фатаграфii – я была бялявая дзяўчынка".

Тэрэза не хацела мець хоць што-небудзь агульнае з гэтай малечай, плоць ад плоцi яе. I ўжо па гарадку пайшлi плёткi, што яна пазбаўлена мацярынскага пачуцця. "Што вы! Тэрэза па-свойму любiць дачку, – паўтарала мадам дэ ля Траў. – Вядома, ад яе не дачакаешся, каб яна паглядзела, як купаюць малую цi мяняюць пялёнкi. Гэта не ў яе звычаi. Але я сама бачу, як цэлымi вечарамi яна сядзiць над калыскай i ўсё глядзiць, глядзiць, як спiць Мары... Ведаеце, нават палiць перастала... Урэшце, нянька ў нас такая, што кожны пазайздросцiць. Дый наша Анна тут. От ужо з каго будзе мацi! Вось пабачыце!.."

I, праўда, з таго часу, як у доме з'явiлася дзiця, Анна нiбы ажыла. Жанчыну заўжды цягне да калыскi, але Анна была на сёмым небе, калi брала малую на рукi. Каб часцей забаўляцца з Мары, яна нават памiрылася з Тэрэзай. Але як далёка было гэтае прымiрэнне ад iх колiшняй непадробнай, шчырай дружбы!.. Больш за ўсё Анна баялася, што ў Тэрэзы ўзнiкне мацярынская рэўнасць: "Бо малая ведае мяне лепш, чым сваю маму: як убачыць – смяецца, радуецца. Учора Мары была ў мяне на руках, i калi Тэрэза хацела яе забраць, малая расплакалася. Яна больш любiць мяне, i мне нават няёмка перад Тэрэзай..."

Але дарэмна турбавалася Анна. У той перыяд жыцця Тэрэзу нiчога не кранала, нават родная дачка. I людзей, i рэчы, i сваё цела яна ўспрымала як нейкi мiраж, як густы туман, што навiс над яе iстотай. У гэтым небыццi адзiн толькi Бернар быў пачварнай рэчаiснасцю: яго дужая постаць, гугнявы голас, упэўнены тон i бясконцая самазадаволенасць... Пайсцi, уцячы адсюль... Але як?.. I куды?..

Першыя гарачыя днi яшчэ больш прыгняталi Тэрэзу. Аднак нiчога яшчэ не прадракала таго ўчынку, да якога яна ўжо была гатовая. Як прайшоў гэты год? Тэрэза не можа прыгадаць нiякiх канфлiктаў, нiякiх сварак. Успамiнаецца толькi адзiн дзень, калi Бернар здаўся ёй асаблiва брыдкiм i агiдным: было гэта на свята цела гасподняга. Ранiцай Тэрэза глядзела праз шчылiну памiж аканiцамi на хросны ход. Бернар быў, бадай што, адзiны мужчына ў гэтай працэсii. Плошча iмгненна апусцела, нiбы на вулiцу замест традыцыйнага ягняцi выпусцiлi льва. Людзi пахавалiся, каб не здымаць шапак цi не падаць на каленi перад працэсiяй. Але як толькi святочны натоўп мiнаў дом, там зноў адчынялiся дзверы i вокны. Тэрэза пiльна прыглядалася да кюрэ, якi ўзначальваў працэсiю. Iшоў ён амаль што з заплюшчанымi вачыма, трымаючы ў руках сваю дзiўную ношу. Губы яго варушылiся: аб чым малiў ён усявышняга з такiм сумным, пакутлiвым выглядам... А следам важна крочыў Бернар – ён "выконваў свой доўг".

Мiнула больш як месяц, а на разамлелую ад спёкi зямлю не ўпала нiводнай кроплi дажджу. Бернар вельмi баяўся ляснога пажару. Зноў пачало балець сэрца. Недалёка ад мястэчка Луша згарэла пяцьсот гектараў лесу. "Баранi Бог, вецер быў бы з поўначы, загiнулi б мае хвоi ў Балiсаку", – хваляваўся ён. Тэрэза ўсё чагосьцi чакала, чаго – i сама не ведала – ад гэтага спакойнага, абыякавага да ўсяго неба... Можа, нiколi ўжо не будзе больш дажджу... I, можа, прыйдзе дзень, калi затрашчыць, запалае ў агнi ўвесь лес навокал i згарыць нават сам гарадок. А цiкава, чаму ў ландах нiколi не загараюцца сялiбы? Тэрэза лiчыла несправядлiвым, што агонь заўсёды выбiрае сабе хвоi, а не людзей. У сям'i ўсё спрачалiся аб прычынах бяды: пэўна, нехта кiнуў акурак; а можа, хто знарок падпалiў? Тэрэзе мроiлася, што вось яна ўстае ноччу, выходзiць з дому, iдзе, iдзе ў лес, туды, дзе найбольш верасу, i кiдае цыгарэту. А на золку велiзарнае воблака дыму схавае неба... Але яна старалася хутчэй адагнаць ад сябе такую думку: любоў да лесу была ў яе крывi – не, не да хвояў спела ў ёй нянавiсць...

Вось i прыйшоў час адкрыта паглядзець на свой учынак. Як вытлумачыць яго Бернару? Нiчога не застаецца, як расказаць яму ўсё па парадку. Здарылася гэта ў той самы дзень, калi быў вялiкi пажар у ваколiцах Мано. У сталовую, дзе на скорую руку снедала ўся сям'я, заходзiлi i заходзiлi людзi. Адны казалi, што гарыць вельмi далёка ад Сэн-Клера, другiя настойвалi, што трэба хутчэй бiць у звон. У гэты дзень паветра было напоена пахам гарачай смалы, а сонца, здавалася, хтосьцi выпацкаў сажай. Перад вачыма ў Тэрэзы паўстае Бернар: ён слухае Бальёна, а дужай валасатай рукой трымае над шклянкай бутэлечку з лякарствам. Ён не заўважае, што каплi Фаўлера адна за адной падаюць i падаюць у ваду. Бернар залпам выпiў шклянку, размораная спёкай Тэрэза i не падумала нават папярэдзiць яго, што ён выпiў двайную дозу лякарства. Усе ўсталi з-за стала, толькi адна яна засталася i чысцiла свежы мiндаль. Яе зусiм не хвалявала i не цiкавiла гэтая агульная трывога: усе яе думкi былi засяроджаны на ўласнай драме. У звон вырашылi не бiць. Бернар нарэшце вярнуўся. "Ну хоць раз ты розум мела, што не хвалявалася, – гарыць далёка, каля Мано... – Потым спытаўся: – А каплi я пiў?" – i, не дачакаўшыся адказу, накапаў у шклянку лякарства. Тэрэза прамаўчала – можа, ад ляноты, можа, ад стомы. Чаго яна чакала, на што спадзявалася ў тую хвiлiну? "Не можа быць, каб я наўмысна тады маўчала!"

Мiж тым i ноччу, калi Бернара пачало рваць i ён страшэнна пакутаваў i плакаў, а доктар Педмэ пацiкавiўся ў яе, што адбылося днём, яна нiчога не сказала пра тое, што здарылася ў сталовай. А было ж так лёгка, не кiдаючы на сябе нiякага ценю, сказаць доктару, што муж прыняў залiшне многа лякарства. Яна магла б сказаць штосьцi накшталт гэтага: "Вы ведаеце, тады да мяне неяк i не дайшло... Мы ўсе надта перапалохалiся гэтага пажару... Але цяпер я амаль упэўнена, што ён прыняў двайную дозу..." Аднак яна прамаўчала. I цi было ў яе хоць якое жаданне сказаць пра гэта? Чорная задума, якая без яе ведама зарадзiлася на снеданнi, пачынала ўсплываць з патаемных глыбiнь душы... Намер гэты яшчэ не меў ясных форм, але быў ужо напалову асэнсаваны.

Калi доктар паехаў, яна доўга глядзела на Бернара. Той нарэшце заснуў. У галаве панавалi ўжо новыя думкi: "А дзе доказ, што захварэў ён ад таго? Можа, у яго прыступ апендыцыту цi iнфекцыйнага грыпу? Але ж няма iншых сiмптомаў..."

Праз дзень Бернар быў ужо на нагах. "Вельмi можа быць, што прычынай хваробы было iменна тое". I ўсё ж поўнай гарантыi яшчэ не было. А яе так хацелася мець... "Я зусiм не адчувала, што я ў палоне страшнага спакушэння. Проста мне трэба было задаволiць маю трохi небяспечную дапытлiвасць. I ў першы дзень, – калi я, чакаючы Бернара, накапала ў яго шклянку лякарства, – колькi я паўтарала сабе: "Адзiн раз, толькi адзiн разочак, каб быць пэўнай... Адзiн толькi раз – i ўсё! Больш нiколi..."

Цягнiк запавольвае ход, дае доўгi гудок. У цемры мiльганула два цi тры агнi: станцыя Сэн-Клер. Што ж, больш няма чаго ўспамiнаць: Тэрэза паляцела ў бездань злачынства. Што было пасля – Бернар i сам добра ведае. Зноў нечакана вярнулася тая хвароба, тыя ж рвоты i болi... Дзень i ноч дзяжурыла Тэрэза каля яго пасцелi. Ужо i сама выбiлася з сiл. Есцi нiчога не магла. Бернар нават угаварыў яе паспрабаваць лячыцца кроплямi Фаўлера, i яна ўзяла рэцэпт у доктара Педмэ. Бедны доктар! Ён нiяк не мог уцямiць, чаму Бернара рве гэтай зеленаватай вадкасцю. I ён нiколi не даў бы веры, што можа быць такая неадпаведнасць памiж пульсам хворага i яго тэмпературай. Не раз даводзiлася яму бачыць паратыфозных хворых. У iх быў замаруджаны пульс пры высокай тэмпературы. Але як вытлумачыць гэты часты, няроўны пульс пры панiжанай тэмпературы? Хутчэй за ўсё – гэта iнфекцыйны грып. Калi гэта на самай справе грып, тады ўсё зразумела.

Мадам дэ ля Траў хацела выклiкаць да Бернара якога-небудзь вядомага ўрача, але яна баялася пакрыўдзiць доктара Педмэ, гэтага даўняга сябра сям'i. Ды тут яшчэ i Тэрэза сказала, што з'яўленне медыцынскага свяцiлы магло б напалохаць Бернара. Аднак у сярэдзiне жнiўня, пасля аднаго асаблiва цяжкага прыступу, доктар Педмэ сам выказаў жаданне параiцца з кiм-небудзь са сваiх аўтарытэтных калег. Але, на шчасце, праз дзень Бернару стала лепш, а праз тры тыднi ён амаль што зусiм паправiўся. "Вось добра, што не паспелi нiкога выклiкаць, думаў сабе доктар Педмэ. – Падмок бы тады мой аўтарытэт, дый слава чорту лысаму пайшла б..."

Бернар папрасiў, каб яго перавезлi ў Аржалузу. "Канчаткова мяне паставiць на ногi толькi паляванне на вехiроў", – упэўнена паўтараў ён...

Цяжка давялося тады Тэрэзе. Цётка Клара не ўставала з пасцелi: яе скаваў рэўматызм. Усе хатнiя клопаты звалiлiся на маладую гаспадыню. А тут яшчэ двое хворых, малое дзiця... Акрамя таго, трэба было за цётку паклапацiцца пра тутэйшых бедалаг. Тэрэза абхадзiла ўсе фермы, заказала лякарствы хворым, плацiла за ўсё са свайго кашалька. Не было калi i сумаваць па тым, што дом у Вiльмiжа на замку. Больш яна не думала пра Жана Азеведа, дый нi пра кога на свеце. Праз доўгi чорны тунель iшла яна ў поўнай адзiноце наперад. Кружылася галава, але яна iшла i iшла, не раздумваючы, як жывёлiна, што рвецца на прастор з гэтага чаду i цемры. Хутчэй выйсцi на свежае паветра! Хутчэй! Хутчэй!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю