Текст книги "Ксю"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
– Ідзі, – сказала яна. – Не, пачакай, – пакорпалася ў сумачцы. – На, вось візітоўка. На ўсялякі выпадак. Пішы, звані. Мала што. Можа, яшчэ сустрэнемся...
– Кавы пап’ем? – пажартаваў ён.
І хоць выйшла недарэчна, яна ўсміхнулася, праўда, не зусім весела, хутчэй неяк безнадзейна.
Праз дзесяць хвілін зялёны аўтобус-“сотка” вёз Аляксея Дарафея па шырокім праспекце, абсаджаным з двух бакоў каштанамі, з прыгожымі будынкамі справа і злева. І чым бліжэй да вакзала, тым больш, здавалася, шырэў праспект; вышэйшымі станавіліся каштаны, прыгажэйшымі – будынкі, святлейшымі – думкі.
Усмешка блукала на яго вуснах. Ён зусім не думаў, што едзе ў глушэчу, да хворага чалавека, да мазутных шпалаў, да звыклай ужо адзіноты.
Ён думаў, што хутка лета – усяго праз пяць дзён, і вось ён едзе, спяшаецца да яго, такога жаданага, таго самага, у якім засталася здаровая маці, ранішняя дарога, сонца, раса, Рэвут, жывы Жэня, прызба, ганак, выпіўка з “прысмакамі”, цёплы пясок з курамі і з дзяўчынкамі, добрая і загадкавая Света, бесклапотны, без цара ў галаве хлопец з дзяўчынкай – сваёй малодшай сястрой, сваёй пяшчотнай сяброўкай, якая цёплымі вечарамі ціснецца да яго, захапляецца ім, яго розумам, яго незвычайнай будучыняй...
Дзяўчынка з кароткімі, цёмнымі, у карэ падстрыжанымі валасамі, з вачыма, што мякка свецяцца, нібы гладзяць, да якой так пасуе яе кароткае, як летняя ноч, імя – Ксю.
2014 г.