Текст книги "Ксю"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
“Аляксей... Можна, я цябе пацалую на развітанне, і ты пойдзеш?” “Толькі гарэлку дап’ю... ”
Дапіў; яна пацягнулася пацалаваць яго, ён выставіў руку:
“Не трэба, уяўляю, як ад мяне гарэлкаю нясе”.
“Ты цудоўны хлопец! Праўда, я такіх ніколі не бачыла яшчэ. Смешны толькі”, – і голас у яе быў мяккі, пяшчотны.
Калі ён выйшаў на цёмную вуліцу, дождж скончыўся, з неба падалі апошнія рэдкія кроплі.
Абмінаючы калюжыны, ён дабраўся да шашы, якую перасякала чыгунка. Па шашы да вёскі было пятнаццаць кіламетраў, напрасткі, па чыгунцы сем. Пайшоў напрасткі, па шпалах. Час ад часу даводзілася спыняцца, каб вытрусіць з кедаў каменьчыкі, ды яшчэ двойчы саступаў дарогу цягнікам, таварнаму і пасажырскаму. Вось і станцыя, будка, склад... Якія яны ўночы чужыя, адзінокія!
Сам Аляксей зусім не адчуваў сябе ні адзінокім, ні падманутым, ні няшчасным.
Ён нават ганарыўся сабой, сваім высакародствам, што вось не стаў карыстацца момантам, а мог бы. Цэлае жыццё наперадзе. Колькі ўсяго яшчэ будзе!..
VII.
На другі дзень раніцаю ён ішоў на працу, пакульгваючы, – сцёр-такі ногі да мазалёў. Ззаду затарахцеў мапед, Жэня дагнаў:
– Ну, хваліся! Чым скончылася?
– Нічым... Пасядзелі, пагаварылі...
– Усё зразумела з табою. Пашкадаваў п... – сам п... стаў, – махнуўшы рукой, рэзюмаваў Жэня.
Між тым часу да першага экзамена амаль не засталося. Кніжак, розных абітурыенцкіх дапаможнікаў Аляксей яшчэ ў пачатку лета поўна набраў у гарадской бібліятэцы; яны ляжалі на тумбачцы сімпатычным стосам, ён любаваўся імі, ды так ні разу не разгарнуў. Уся надзея была на армейскую характарыстыку. У войску казалі, што з добрай характарыстыкай прымаюць амаль без экзаменаў. Восьмага жніўня ён апрануў касцюм, павязаў гальштук, начысціў чаравікі і паехаў у Мінск – паступаць на “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, разлічваючы, што прабудзе ў сталіцы дзён дзесяць мінімум, па два дні на кожны іспыт: супрамат, фізіка, замежная мова, сачыненне. А прыехаў дамоў... праз дзень, безнадзейна праваліўшы першы ж экзамен. Ён углядаўся ў білет, а бачыў шпалы, рэйкі, расу, круглую траву “перакаці-поле”... Белыя трусікі на загарэлых ножках... Словам, лезла ў галаву абы-што. Нічога людскага з такой здачы не магло атрымацца.
Ён вяртаўся дамоў з пачуццём сораму і з адчуваннем, што не апраўдаў нейкіх надзей, якія на яго кімсьці ўскладаліся, не выканаў якогась важнага, даручанага яму задания, і вось вяртаецца – прыніжаны і з пустымі рукамі. Як яго сустрэнуць? Што скажуць? Што яму адказваць?
Аднак дарэмныя былі яго перажыванні. Нічога не змяніліся, у брыгадзе ніхто не ўспрыняў яго правал як няўдачу. Німб “вялікай будучыні” не пабляк над яго галавою.
– На другі год паступіш, – упэўнена заявіў Жэня. – Тваё ад цябе не ўцячэ!
Маці дык увогуле не хавала радасці. Ёй добра было з сынам – такая дапамога, праца блізка, грошы неблагія. Аляксей супакоіўся, і зноў жыццё пайшло, як і раней, пакацілася па сваіх знаёмых роўных рэйках. Восенню, у канцы верасня, Жэня паведаміў яму, што Ксю паступіла, ды не абы– куды – у БДУ:
– Пашкадавалі яе, – чамусьці вінавата дадаў Жэня, нібы апраўдваючы Аляксея і асуджаючы спрытную пляменніцу. – Узялі як сірату, з чарнобыльскай зоны...
Вось гэтая навіна па-сапраўднаму ўкалола самалюбства. Цяпер Аляксею было з чым параўноўваць уласную няўдачу – з чужой удачай. Да таго ж ён не сумняваўся, што “сіроцтва” і “зона” тут справа дзясятая, а проста Ксю, як разумная дзяўчынка, у адрозненне ад яго аказалася лепш падрыхтаванай.
З Ксю была ў іх яшчэ адна сустрэча – апошняя. З нізкага неба на скапаныя грады, на пусты, непрыветны, без дзяцей і курэй двор імжэў дождж, і стаяў у паветры, як туман. Ксю сказала, апусціўшы вочы:
– Прабач, калі можаш: і за той вечар. І...
Яна запнулася, але ён зразумеў – “і за паступленне”.
– Ты толькі не губляйся, добра? – горача сказала яна. – Пішы! Я цябе буду чакаць у Мінску. Ты абавязкова паступіш, мы будзем разам!
VIII.
Да канца восені ад Ксю прыйшлі два лісты.
Аляксей разрываў канверт з нецярплівым хваляваннем, спадзеючыся ўбачыць пісьмо з размытымі ад слёз радкамі, у якіх настальгічна, з сумам раскаяния ўспаміналася б іхняе лета, была б розная лірыка... Словам, чакаў таго, што ў яго самога было на душы і ў памяці. А ўбачыў – вясёлы, шпаркі почырк, узнёсла-радаснае паведамленне, як ёй добра ў Мінску, як яна ажыла там, колькі ў яе новых сяброў... Яна і яму, Аляксею, ад усяе душы раіць любым чынам імкнуцца ў Мінск, бо “толькі тут сапраўднае жыццё!.. ”
У другім лісце Ксю прасіла дапамогі. Ім далі задание (яна паступіла на псіхалогію) зрабіць апытанку-тэст, і вось яна просіць Аляксея адказаць:
а) ці задаволены Вы сваім жыццём;
б) якія колеры выклікаюць у Вас трывогу, якія – супакой;
в) ці была ў Вас у дзяцінстве якаясь псіхалагічная траўма;
г)...
Расчараваны, пакрыўджаны, ён не адказаў. Ды і пра што было пісаць? Чым маглі яе зацікавіць іхнія лакальныя, мясцовага маштабу навіны? Тое, што ён перавёўся з сезонных рабочых у пастаянныя? Ці што яе дзядзьку – Жэню Бракарэнку, разам з брыгадзірам Рэвутам застукалі-такі на крадзяжы, і ў вёску прыехаў міліцэйскі “ўазік”, забіраць яго. Перад тым, як сесці ў машыну, Жэня тужлівым паглядам аббег двор, агарод, дарогу, лес за ёю, падняў вочы ў неба – нібы развітваючыся назаўсёды.
“За бацькаў х... – ды век гаруй”, – прамовіў ён і палез у машыну. Тацяна галасіла па ім, як па нябожчыку. Анька і Валька не адставалі, трымаючыся з двух бакоў за яе спадніцу.
Рэвут атрымаў два гады, Жэня – тры. Жонка Рэвута, кіргізка, неўзабаве з’ехала ў Кіргізію. Дзед нядоўга радаваўся знікненню ворага, сам захварэў, не мог больш працаваць – нават змазваць мазутам рэйкі ў яго ўжо не стала сілы. Шура таксама звольнілася і, нібыта, зноў пайшла ў буфетчыцы на любімы металургічны. Брыгаду, як вайсковую адзінку пасля баявых стратаў, давялося тэрмінова дафармоўваць новымі людзьмі з горада.
Пасля таго, як Ксю паступіла, у кватэры засталіся толькі Света з маленькай Настаю. Тацяна хутка ацаніла сітуацыю і неўзабаве разам з дзецьмі (Аньцы трэба было ўжо ў школу) перабралася ў горад да мужавай пляменніцы. Ніхто больш не прыязджаў у вёску. Хата стаяла сіратлівая, запушчаная, двор зарастаў травою.
А Аляксей Дарафей так і працягваў жыць разам з маці і працаваць на станцыі. Ён – той, хто лічыў сябе часовым, сезонным, толькі адзін і застаўся пастаянным, на тым самым месцы, як укапаны.
Ён нечакана лёгка змірыўся з гэтым, перастаў думаць пра паступленні, ні на што не наракаў, ні аб чым не шкадаваў – проста жыў, як у вакууме, у нейкай духоўнай і фізічнай рэзервацыі, без імпэту, без мары, без асаблівага спадзявання на нешта, што магло б з ім здарыцца і змяніць яго жыццё.
Толькі калі-нікалі яму рабілася сорамна за тую веру ў сваю “абранасць”, у “незвычайную будучыню”. Якая лухта, з чаго ён узяў, што заслугоўвае большага?
Яго не цікавілі ні палітычныя, ні эканамічныя, ні сацыяльныя, ні нацыянальныя змены. Недзе ў вялікім свеце ўсё кіпела, бурліла, блыталася, разбураліся старыя дзяржавы і ўзнікалі новыя, ішло вялікае перасяленне народаў, умацоўваліся празрыстыя межы, лёгка падалі праржавелыя “жалезныя заслоны” і нетрывалыя “бетонныя сцены”... Усё абыходзіла яго бокам. Ён ведаў толькі шпалы, рэйкі, малаток ды кастыль. Фізічны час існаваў для яго хіба што ў пераменах года: за зімой прыходзіла вясна, за вясной – лета, ды яшчэ ў намінале купюр, якімі выплачвалі аванс, зарплату, прэміяльныя: спачатку лік ішоў на сотні, потым на тысячы, на мільёны – адсюль стваралася ілюзія руху жыцця, павышэння дабрабыту, нават кар’ернага росту.
Зрэшты, ён сам ужо быў брыгадзірам, меў падначаленых, ганяў іх, як некалі сваіх рабочых Рэвут, і таксама, як Рэвут, не скупіўся на моцныя слоўкі.
У матэрыяльным плане грэх было скардзіцца. Плацілі добра, Дарафей не піў, не курыў, плюс матчына пенсія. Так у яго з’явілася любіміца, “Кіа” – не новая, але і не дабітая, надзейная. Без машыны, як без рук, як колісь селяніну без каня. Рэйсавыя аўтобусы адмянілі, медпункт закрылі, аўталаўка не хадзіла, на працу туды і назад дабярыся: з гадамі лянота, ды і проста фізічна цяжка стала пехатой накручваць кіламетры. Пасля працы ці ў выхадныя Дарафей заязджаў у горад, закупляўся прадуктамі, лекамі для маці.
Маці хварэла на рэдкую немач: адсутнасць энергіі. У яе хапала сілы на якія паўгадзінкі раніцай, потым пераставалі слухацца рукі-ногі, яна клалася ў ложак і бяссільна плакала. Затое гэтыя каштоўныя паўгадзінкі яна выкарыстоўвала надзвычай ашчадна, на самае неабходнае, без чаго не абыдзецца сын, чаго ён сам не ўмее – на гатаванне ежы. Яна варыла, смажыла, пякла, каб хапіла на ўвесь дзень. Аляксей ніколі не быў галодны. Што да мыцця, яны купілі дарагую замежную пральную машыну.
Акрамя фізічнай хваробы, маці пакутавала духоўна. У тым, што ў сына, як ёй здавалася, не склаўся лёс, яна вінаваціла толькі сябе. Хіба такі добры, спакойны, працавіты чалавек, як яе сын, заслугоўвае такой долі – сядзелкаю быць пры ёй? Асабліва цяперашнім часам, калі ўсе дарогі адкрытыя? Гэта ж у міністры можна выйсці! Яна забрала сябе ў галаву, што ён і не жэніцца з-за яе. Якая дзяўчына пойдзе ў вёску, у хату, да хворай свякрухі? Трэба купляць кватэру, ці будаваць катэдж, распачынаць пераезды-пераборы, і ў любым выпадку яна, нямоглая, будзе лішняю. Не раз яна прасіла: здай мяне куды, у які дом састарэлых, цяпер гэта не сорамна, цяпер дзеці не глядзяць бацькоў, бацькі самі хочуць аслабаніць дзяцей.
– І табе, і мне лепш будзе...
Але сын злаваўся.
– Мне не кепска! – і маці бачыла, што ён не хлусіць, і плакала ўжо ад палёгкі, ад падзякі яму. Такіх сыноў пашукаць!
Вёсачка іхняя зусім занядбала, нават дачнікі чамусьці не хацелі тут сяліцца, можа, таму, што зямля запушчаная, і цяжка яе падымаць. Асабліва сумна было зімамі. Не радаваў кампутар з інтэрнэтам, ні плазменны тэлевізар з спадарожнікавай “талеркаю”, не было каму званіць па дарагім мабільніку, не чыталася з планшэтніка – толькі кнігі памагалі, і не новыя, а абавязкова старыя, зашмальцаваныя, чытаныя-перачытаныя. Калі ўвечары адарвешся ад пажоўклых, засліненых на ражках старонак і глянеш у вакно – убачыш праз марозную шыбіну прысыпаную снегам паляніцу дроў, ды завіруху, якая пачынаецца на ноч, сваім ветрам закручвае снег у сумёты з грэбнямі зверху.
А вось улетку Жэнева хата, ператвораная ў дачу, ажывала, прыязджалі Жэневы дзеўкі, Валька з Анькаю, якіх Дарафей памятаў малымі. Цяпер гэта былі добрыя маладзіцы; абедзве замужам, у абедзвюх дочкі. Прыязджалі на машынах. Мужы ў двор не заходзілі, нічога не звязвала іх з гэтай старэнькай хаткай, з аселым у зямлю, струхлелым ганкам; іх не цікавіў ні агарод, ні пахілены плот; усё было ім тут чужое і ніякіх асацыяцый не выклікала. Яны не адыходзілі ад сваіх машын, мылі іх, праціралі, любаваліся імі, уключалі музыку – кожны сваю.
Праходзячы каля Жэневай хаты, Аляксей Дарафей бачыў, як у двары ў пяску зноў калупаюцца дзяўчынкі, і дзівіўся з такой хуткай, відавочнай змены пакаленняў, з такой простай цыклічнасці жыцця. Калі-небудзь яго акліквала Анька:
– Дзядзька Аляксей!
Ён падыходзіў, абапіраўся на нізкае шула плота. Балбатлівая Анька расказвала, што яе бацька Жэня захварэў у турме і памёр там, маці Тацяна даўно на пенсіі, няньчыць унучак; ногі ў яе моцна пухнуць, таму ў вёсцы не з’яўляецца ніколі.
Слухаючы яе, гледзячы на яе, такую вялікую, Дарафею прыгадваліся Жэневы словы: “Можа, для цябе мае гадуюцца”, і думаў, што Жэня недалёкі быў ад ісціны.
І ў ім пачынала варушыцца нейкая крыўда, нават прыкрасць. Чаму яно ўсё так?.. Чаго Жэня не бярогся? Яму трэба былі тыя вагоны, каб потым расплаціцца жыццём за скрынку памідораў! А мог бы жыць, гадаваць дачок, радавацца ўнучкам, працаваць разам з ім, Дарафеем... Пасля Жэні ў яго так і не з’явілася блізкага сябра.
– А я цябе вось таку-у-сенькую, – паказваў Дарафей рукою, – без трусоў памятаю.
– Не кажыце, мне сорамна!
І яшчэ дзялілася навінамі гаманкая, добрая Анька, расказвала, што “цётка Света” даўно выйшла замуж за чэха і жыве ў Празе, “цётка Аксана” таксама замужам у Мінску; не прыязджаюць, бо такія часы, што кожны жыве сваім жыццём...
Дарафей слухаў мілую шчабятуху, ківаў, перапытваў, і яшчэ больш здзіўляўся. Усе персанажы з яго далёкага юнацтва ўяўляліся яму цяпер такімі нерэальнымі! Нават самыя імёны: Тацяна, Аксана, і Света, ды і Жэня – гучалі для яго як глухое, з іншага свету, рэха.
VIII.
І вось праз 15 гадоў, у маі месяцы, у цэнтры Мінска на Круглай плошчы лёс вяртаў яго ў мінулае. Даваў яшчэ адзін шанец сказаць недасказанае, а можа, і зрабіць недаробленае...
– Колькі ж гэта мы не бачыліся! – паўтарала радасная, узбуджаная Ксю.
– Роўна пятнаццаць гадоў.
– І ты так лёгка, адразу пазнаў мяне?
– Ты не змянілася, ніколькі.
– Ага, не змянілася!.. Трыццаць два гады, двое дзяцей. Вось калі мне стукнула трыццаць – гэта быў шок! А потым перастала глядзецца ў люстэрка, мінімум касметыкі... І памагло! Калі не камплексуеш, арганізм сам сябе пачынае рэгуляваць.
Яе вочы вішнёвага колеру вільготна блішчэлі. Дарафей бачыў, што яна непрыхавана, шчыра рада, і гэта пакрысе пачало перадавацца яму.
– Тое, што я цябе пазнаў, нічога дзіўнага – ты зусім не змянілася. А вось як ты мяне?
– Я б цябе пазнала нават з барадой да пояса. Нават калі б мы сустрэліся ў іншым жыцці і ты быў бы ў іншым абліччы. Ты мне так часта сніўся! – і ў сне, з гадамі, сталеў разам са мною. Акурат такім ты мне і бачыўся ў апошніх снах.
– А ты мне снілася заўсёды аднаго ўзросту, шаснаццаць з хвосцікам.
– Калі мне было шаснаццаць, а табе дваццаць, вось дзе была касмічная розніца! А цяпер, калі мне 32, а табе 35 – гэта нішто. Аднагодкі.
Яна азірнулася.
– Давай куды-небудзь зойдзем? Хочаш у “Бярозку”? Кавы пап’ем...
У “Бярозцы” ў фае яны адбіліся ў вялікім люстры, і Дарафею неча-
кана спадабаўся яго двайнік: у чорных джынсах, белай майцы, загарэлы, дужы, наліты мужчынскімі здаровымі вясковымі сокамі, выглядаў ён малайцавата. Побач Ксю моцна трымала яго за руку, нібы баючыся, што ён уцячэ.
– Я так і ведала, што мы калі-небудзь сустрэнемся. Гэтага не магло не адбыцца, бо мне вельмі хацелася, а калі моцна хочаш – абавязкова спраўдзіцца.
Столік, попелка, пах кавы – і недарэчная музыка, веснавой сонечнай раніцай, калі побач – парк, рака, птушкі... Ксю закурыла.
– Ну, расказвай. Хто ты, дзе ты, кім ты?
– Усё там жа, – неахвотна адказаў ён. – У вёсцы жыву, на станцыі працую.
– Не можа быць! Праўда?!
Ён пасміхнуўся.
– Няма нічога больш пастаяннага за часовае.
Ён пачаў расказваць, што працуе брыгадзірам, прывязаны да хворай маці.
– Дык ты... у вёсцы, – не слухала яна. – У той самай – нашай, далёкай... Як мне сніцца ўсё гэта, як не хапае!..
– Нічога ўжо не засталося ад нашай вёскі, – сказаў ён. – Зарасло, і бэз ніхто не ломіць – акурат як у вас у Мінску.
– Усё роўна хочацца туды, да бяспамяцтва.
– Дык прыедзь. Гэта ж не цяжка. Ці занятая вельмі? Спраў многа?
– Ды не сказаць... Усё ў мяне о’кей. Муж, дзеткі... Большай дзесяць, меншай пяць. Працую псіхолагам. І выкладаю псіхалогію.
– “Лексус”, – не без з’едлівасці заўважыў ён.
– І “Лексус”.
– Муж таксама псіхолаг?
– Амаль што, – усміхнулася яна. – А колькі тваім дзецям?
– Я не жанаты.... У сэнсе, халасты... Адзін... кажу ж.
На яе твары адначасова з’явіліся недавер, здзіўленне і радасць.
– Ты жартуеш? Ніколі не паверу! Такі мужчына...
Яна задумалася, потым, апусціўшы вочы, ціха спытала:
– Гэта... з-за мяне?
– Ну што ты! Так склалася, так стала пытанне: жонка ці маці. Ды нідзе і не бываю, дзе мог бы пазнаёміцца з жанчынаю, а калі б і бываў, і пазнаёміўся – хто цяпер захоча жыць у глухой вёсцы, з хворым чалавекам?
– А чаму ты мне не пісаў, не адказваў на лісты, не шукаў мяне? – паўшчувала яна мяккім, як колер вачэй, голасам.
– Навінаў не было.
– Хіба ж мне навіны трэба? Мне ты трэба быў. Я шукала цябе па розных сацыяльных сетках... Ці ты не займаешся гэтым?
– Чаму – у мяне ўсё ёсць. Тэлевізар з “талеркаю”, кампутар, усе навароты... Машына, дарэчы, – пахваліўся ён. – Не “Лексус”, канечне, але таксама іншамарка. Маці ў паліклініку звазіць, па прадукты ў горад з’ездзіць...
Ён загаварыў пра адлегласці, якія цяпер не маюць вялікага значэння, пра сацыяльны статус, узрост і месца пражывання – як ўсё гэта знівеліравана, наколькі ўраўнялася.
– Так што неабавязкова дзікуны жывуць у вёсцы, – сказаў ён. – Зазіраю я і ў кампутар, і ў сацсеткі, але не люблю. Агрэсіі многа. Лепш ужо старая добрая кніга, якую ведаеш на памяць...
– Колькі ў цябе часу? – перабіла яна.
– Гадзіны дзве, можа, больш.
– Слухай, тут тлумна, музыка. Хадзем да мяне? Я цябе запрашаю ў госці. Гэта зусім блізка. Кавы пап’ем...
Тыя ж вочы, тыя ж словы, сказаныя адным і тым жа голасам, на міг перанеслі яго на пятнаццаць гадоў назад, у тое самае лета.
– Ксю... Даўно хацеў у цябе спытаць. Запрашэнне “на каву” – я тады быў упэўнены, што яно толькі адно азначае.
– Яно толькі адно і азначала. Малая была, дурная. Рыхтавалася, хацела, каб лепш, прыгажэй, рамантычна... Набівала сабе цану, вылучыцца хоць нечым хацела... А як перажывала потым!
Яна зноў пацягнулася да пачка з цыгарэтамі, але не закурыла.
– Дык паедзем? Дома нікога няма. Пустая кватэра.
– А дзеці?
– Большая ў школе, меншая ў садзе.
– А праца?
– Я пазваню ім зараз.
– А муж?
– Ты што, зноў баішся? Шукаеш прычыны не ехаць? Дзе тут муж? Пакажы мне яго. Людзі існуюць, пакуль яны ў полі нашага зроку. А знік з вачэй – значыць, няма яго ў прыродзе. Ну, а калі з’явіцца – з балкона будзеш скакаць. Жартую, на працы муж. Да таго ж у нас першы паверх.
IX.
У салоне “Лексуса” стаяла ватная цішыня. А ў яго “Кіа” хоць зачыняй вакно, хоць адчыняй – аднолькава, кожны гук звонку чуваць. Не больш як праз тры хвіліны машына ўкацілася ў зялёны дворык. Многа дрэў, клумбы, кветкі. Вялікая дзіцячая пляцоўка. Трохпавярховы цагляны дом, падобны на катэдж. Каля пад’езда бабуля адной рукой калыхала каляску, другой прыціскла да вуха тэлефон, і чамусьці па-беларуску, манатонна, як аўтаадказчык, паўтарала: “...Паехаў у вёску – прабіў галаву, паехаў у вёску – прабіў галаву, паехаў у вёску – прабіў галаву... ” У калясцы сядзеў і хітра пазіраў на Дарафея, відаць, сам герой паездкі ў вёску – малы з забінтаванай галавою, абмазаны зялёнкаю.
– Бесталковы, – сказала Ксю, адчыняючы дзверы. – Не разумею, як гэта паехаць у вёску і прабіць галаву?
У калідорчыку адразу кінуліся ў вочы чужыя мужчынскія туфлі пад вешаком, а побач – дзіцячыя сандалікі. У ванным пакоі на шнуры, на нікеляванай трубе сохлі шкарпэтачкі, калготкі, трусікі, маечкі – усё яркіх дзявочых колераў, у кветкі, мячыкі, слонікі; і зноў – пад люстрам на палічцы ў празрыстым пластыкавым футарале – дарослы, непрыемны, чужы тут станок для галення.
– У вас адны дзеўкі нараджаюцца, – сказаў Дарафей, выходзячы на кухню з ручніком, выціраючы рукі.
– Добра – вайны не будзе...
Яна ўжо збірала стол, ставіла віны, гарэлкі, закускі. Ён, крыху засаромеўшыся, што ўся гэтая мітусня з-за яго, папрасіў сабе толькі гарбаты, чорнай, моцнай...
– І, калі ласка, лусту белага хлеба з маслам. Больш нічога. Прывык толькі такое.
– Сапраўды. Здаровы мужчына, фізічная праца... А я віна вып’ю. Пад цыгарэту. Мне цыгарэты памагаюць трымаць фігуру, – апраўдваючыся, патлумачыла яна. – Закурыш, дык не так есці хочацца. А памятаеш, як я цябе карміла тады, даўно? Макаронамі з катлетаю?
– Гэта мой самы светлы ўспамін.
– І мой....
Так яны ільсцілі адно аднаму, і яшчэ больш раставала, знікала насцярожанасць паміж імі. Ён падумаў, што павінен пахваліць яе – хоць з ветлівасці госця перад гаспадыняю, ды і чаму толькі з ветлівасці? – ён шчыра зайзросціў ёй, ганарыўся ёю, рад быў за яе.
– Ксю, якая ты малайчына. Такая кватэра, у такім месцы, машына, праца... Выглядаеш свежа, як кветка. І сама ж выйшла ў людзі – без блатаў, без грошай, з такой глушэчы, усяго дабілася розумам, прыгажосцю...
– Ага. Дабілася. Успамінаць не хачу. Эканоміла па капейцы. Кожныя канікулы, яшчэ студэнтамі, на ўсё лета ў Фінляндыю клубніцы збіраць... Света памагла. Усё дзякуючы ёй – і кватэра, і машына. Я да іх часта езджу, у Прагу.
– А як яна сама? – спытаў ён.
– Яна? Цвіце і пахне! Не п’е, не курыць, выглядае маладзей за мяне. Дзіця свайму чэху нарадзіла. Таксама, дарэчы, дзяўчынку. Хочаш у кампутары здымкі паглядзець?
– Не, не хачу.
– Разумею... Прабач.
– Я калі-небудзь бачуся з Жэневымі дочкамі, прыязджаюць у вёску, ды і ў іх – таксама дзеўкі. Памятаеш, як твой дзядзька Жэня казаў? Кім ён акружаны?
– Яшчэ як памятаю!
– Ён не са злосці, бяскрыўдны быў.
– Я ведаю. Я табе больш скажу, як псіхолаг: самыя страшныя мае пацыенты не хамы, не п’яніцы, не пахабнікі, не цынікі, а – ханжы. Іх пазнаеш адразу, з першага позірку; на людзях – ліслівыя, ветлівенькія, вочы бегаюць, пальцы не знаходзяць месца, а дома, у сям’і, з жонкай ці з дзецьмі – тыраны, монстры, і гэтае ўвесьчаснае двайное жыццё, ці гульня ў жыццё, хаванне сябе сапраўднага, сваёй сутнасці разрывае іх, як бомба замаруджанага дзеяння. А ў выніку – мне іх слухаць, лячыць... Зрэшты, гэта мой хлеб. Без працы не застануся.
Ён піў, стараючыся не сёрбаць, сваю гарбату, Ксю – сваё віно.
– А раскажы яшчэ пра сябе, – папрасіла яна. – Мне страшэнна цікава ўсё, з табой звязанае. Як, чым ты жывеш?
– Як жыву? Не сказаць, каб о’кей. Як у цябе, напрыклад. У каго ні папытай: цудоўна, шчасліва... Моташна ад гэтага фальшывага аптымізму. Ну, які о’кей, калі мы старэем, хварэем і паміраем? Прычым не ў будучым, а кожную хвіліну, вось, напрыклад, у гэтую самую.
– Цяпер не модная філасофія хваробы і смерці, – гулліва заўважыла яна.
– Калі гадамі жывеш з хворым чалавекам, яшчэ не да такой філасофіі прыйдзеш. Зрэшты, я ні аб чым не шкадую. Стараюся задавальняцца тым, што маю. І веру, што ўсё да лепшага. А смерць, можа быць, самае лепшае.
– О-о! Вось як? Колькі я такога наслухалася! Да таго ж ты сабе супярэчыш. Калі ўсё да лепшага, а смерць – самае лепшае, дык тады ва ўсіх і сапраўды о’кей. Чаму тады аптымізм фальшывы? Ён якраз-такі натуральны паводле тваёй тэорыі.
– Ксю, – пакорліва здаўся ён, – я дылетант. Ты мяне разаб’еш па ўсіх пунктах. Давай без прафесійных тэрмінаў. Я ж пакуль не на прыёме ў цябе.
Яна засмяялася.
– Я, калі казала о’кей, мела на ўвазе цела. Можна быць шчаслівай матэрыяльна, а з душою трэба яшчэ разбірацца.
– На псіхатрэнінгах?
– Хоць бы. Да таго ж я проста павінна быць шчаслівая. Прафесія вымагае. Уяві – прыходзіш ты да псіхолага і бачыш знерваванага, няшчаснага чалавека з абкусанымі пазногцямі і скрушным паглядам. Чым такі паможа?
– Дзякую, – сказаў ён, дапіўшы гарбату і збраючы крошкі хлеба са стала.
– Не чапай. Хадзем на балкон, я курыць хачу – не магу...
З балкона, коса закратаванага, відаць быў той самы дворык, у які яны ўехалі. Каля дрэў, паміж клумбаў з кветкамі бегалі са смехам дзеці. Ксю, знарок ці выпадкова, стала блізка і так, што Дарафей вымушаны быў глядзець не на дворык, а толькі на яе, і ўдыхаць дым яе цыгарэты.
– Дык ты праўда ні аб чым не шкадуеш? І ўсё ў цябе да лепшага? На кожнае “чаму” ёсць гатовае “таму”? Ты шчаслівы?
Ён паціснуў плячыма.
– Што значыць: шчаслівы – нешчаслівы? Удачлівы – няўдачлівы? Я ведаю толькі, што багаты можа быць добрым, бедны – злым, хворы – шчаслівым, здаровы – няшчасным...
– Яшчэ – не красці, не зайздросціць, даглядаць хворую маці...
– Прыблізна, – кіўнуў ён.
– Не можа быць. Не веру. Няўжо ты ўсім задаволены? І нічога не хацеў бы вярнуць, паправіць?
Усё ж яна заводзіла яго. Яму таксама захацелася пагаварыць сур’ёзна.
– Ведаеш, Ксю, мне кожны год здаецца, што я быў шчаслівы акурат у такі ж час у мінулым годзе. Я калі-нікалі спрабую зафіксаваць гэта, хачу замарозіць адчуванні, спыніць імгненне, ухапіць нюхам, зрокам, рукамі ўсе незлічоныя дэталькі, каб яны не сплывалі так хутка, так непазбежна...
– А казаў, мы кожную хвіліну паміраем.
– ...І пачынаю разумець, што быў шчаслівы менавіта ў тыя моманты, калі здаваўся сабе няшчасным, што кожная сённяшняя нязначная дэталь, маленькая падзея, нават адсутнасць падзеі – гэта цэлае шчасце ў будучым; трэба толькі, каб яно адфільтравалася часам.
– Смешны ты, – прамовіла яна. – Ніяк не змяніўся. Цяжка цяпер такім.
– Наадварот! Калі я думаю пра маладых, пакаленне 15-гадовых – вось каму не пазайздросціш! Як яны разбіраюцца ў гэтай каты? Колькі ў іх спакусаў, колькі верагоднасцей краху, катастрофы!.. Увесь час у стане выбару, усюды трэба паспяваць, круціцца, ірваць, хапаць, ні ў чым не сумнявацца, быць упэўненым, “паспяховым”, жорсткім... У іх няма нашага вопыту, мы хоць ведалі, што такое добра, што – кепска, яны і гэтага не ведаюць. Як ім элементарна ацалець, выжыць, не звар’яць, колькі трэба мець у запасе цынізму і подласці – што, можа, і някепска для выжывання, але дзе іх узяць, гэтыя цынізм і подласць, яны ж таксама талент, не кожнаму дадзены. Не паверыш, я радуюся, што мне пашанцавала, і гэты час заспеў мяне не маладым, а пад сорак. Дай мне цяпер 15-гадовыя мазгі – прападу, звіхнуся. А так – вазьміце мяне цяпер, можна ўмыць рукі і адысці ўбок.
Ён заўважыў, што Ксю хвалюецца. Яна ўжо трэцюю цыгарэту дакурвала.
– У цябе, аказваецца, выдатна адладжаны абарончы механізм. Ты як віеўскім кругам сябе абвёў, і ні пераступіць яго, ні прабіць. Усё ў цябе роўна, гладка, складна, распланавана, разлічана.
– Ну што ты, Ксю, – сумеўся ён. – У мяне акурат-такі нічога не атрымалася. Гэта ў цябе ўсё здорава, роўна і гладка, гэта ты ў параўнанні са мной усяго дабілася...
– Спытай, якой цаною. Я прайшла праз усё, што ты зараз казаў. Даводзілася і круціцца, і рваць, і кусацца, і быць цынічнай, і подлай... Так што дарэмна ты мяне хваліш. Ты нічога не страціў, толькі набыў, ты стаў лепшы, а я – горшаю.
Х.
Яны вярнуліся на кухню. Настала няёмкая паўза, якая сведчыла, што трэба мяняць тэму.
– А прызнайся, ты крыўдуеш на мяне, – ціха сказала Ксю. – Я падабалася табе, ты хацеў мяне. Я помню тую ноч, я сядзела ў цябе на каленях... Мы глядзелі на дождж... Памятаеш тыя залатыя часы?
Яна, не міргаючы, глядзела на яго. Чырвань на шчоках, паўраскрытыя вусны. Складзенымі накрыж рукамі яна абдымала сябе за плечы, нібы ёй холадна было. Тут, на кухні, пры такім асвятленні і ў такім ракурсе Дарафей упершыню ўбачыў, што яна змянілася; гэта ўжо не дзяўчынка, не яго Ксю, што і праўда яна, відаць, прайшла праз многае, перш чым стаць такой.
Раптам яму страшнавата зрабілася ад немігаючага позірку гэтых вачэй. Нешта гіпнатычнае, вядзьмарскае, містычнае з’явілася ў ёй (а можа, і заўсёды было). Нічога дзіўнага, што яе кліенты ніякавеюць перад ёю, яна не хваліцца, а так і ёсць, – і пачынаюць распранаць перад ёю душы. Яшчэ яму прыйшло ў галаву, што сярэднявечную інквізіцыю можна ў некаторых рэчах калі не апраўдаць, дык зразумець.
Яна адвяла вочы.
– Аляксей, у нас мала часу. Я хачу сказаць... Ты можаш святкаваць перамогу, – сказала з разгубленай, бездапаможнай усмешкай. – Ты выйграў. Божа, якая я дурная была! Якая вінаватая! Усе гады адчуванне, што зрабіла балюча чалавеку, які адзін па-сапраўднаму кахаў мяне... Я ведаю – гэта з-за мяне ты не жаніўся. Аляксей, пакуль у нас ёсць час... Мы адныя. Трэба карыстацца момантам. Дай мне шанец выправіць віну. Цяпер ужо я ў цябе прашу. Пайтттлі? Вунь пакой, там ложак.
– Ксю...
Ён пацягнуў яе да сябе, пасадзіў на калені і абняў. Яна аддана, гатоўна, з удзянасцю прыціснулася да яго. Горача зашаптала:
– Дарагі мой, дзякую... Як я чакала гэтага дня, гэтага моманту! Ты ўявіць не можаш, як дзяўчыне, жанчыне жыць з гэтым, насіць у сабе! І чым хутчэй бяжыць час, а ён бяжыць, тым цяжэйшы робіцца камень на шыі... Псіхолагі, маючы справу з не нормаю, самі набіраюцца негатыву. У мяне нейкая псіхалагічная траўма. Аляксей, мне вельмі цяжка, я хачу ў нашу вёску, у наша лета, у свае сямнаццаць! У мяне не жыццё, а існаванне, мне так адзінока, у мяне бяссонніца, я не ведаю, дзеля чаго жыву... Хочаш праўду? Я па-ранейшаму кахаю толькі цябе... я нават у ложку з мужам цябе ўяўляю на яго месцы!
Яна паднялася і ўзяла яго за руку, прапануючы ісці за ёю. Ён застаўся сядзець.
– Ксю... Мы ж сябры... Ты мне сястра...
Яна ўсё яшчэ не разумела, што адбываецца.
– Аляксей, у нас мала часу! Пятнаццаць год назад не была сястрою, калі ты ціскаў мяне ў сябе на каленях.
– Малады быў, п’яны... Кроў гарачая, дурная...
Яна выпусціла яго руку.
– Вось як? І... толькі?!
Нарэшце да яе пачало даходзіць, што ролі памяняліся: цяпер ужо яна ініцыятарка, а ён як бы зусім не свеціцца ад шчасця. Відаць, яна нават думкі не дапускала, што ён можа не кахаць, не хацець яе.
Яна выглядала няшчаснай, мілай, разгубленай і бездапаможнай.
– Але... ты не можаш адмовіцца. Жанчыны так могуць рабіць, але не мужчыны! Ты... зусім не хочаш мяне? Табе дарагая лыжка толькі ў абед? Гэта помста мне? Ты, як дзіця, адчуваеш нейкую насалоду ад таго, што цябе пакрыўдзілі, “не далі” табе? Не разумею! Забі – не разумею, як здаровы нармальны мужчына можа не скарыстацца такім шанцам!
Ён слухаў, глядзеў ёй у вішнёвыя вочы і маўчаў, бачачы, ведаючы, што не зможа ёй нічога растлумачыць. Усё, што магло паміж імі адбыцца, ужо адбылося, і не трэба спрабаваць перайначваць жыццё – можна толькі змірыцца і прызнаць, што яго Ксю, яго дзяўчынка з белымі трусікамі засталася там, у далёкім леце; што гэтыя бясконца доўгія гады, ды яшчэ памножаныя на адзіноту, зрабілі сваю справу – зрабілі тое, што яго нерэальная, выдуманая Ксю на самой справе стала для яго нечым большым нават за сяброўку, бліжэй, чым родная сястра.
А жанчына, якая цяпер стаіць перад ім, дарослая, самастойная, са сваім “Лексусам”, псіхалогіяй, мужам, дзецьмі, кватэраю – чужая яму.
І гэтую двухсэнсоўнасць, гэтае раздваенне, нават растраенне: у адным целе – каханая дзяўчынка, любімая сястра і чужая жанчына – ён ні за што не зможа прымірыць, спалучыць, зліць у адно – хоць на сцяну залезь, хоць лоб разбі.
– А хочаш, я скажу, што з табой адбываецца? Як псіхолаг?
Нечакана халодныя, насмешлівыя, жорсткія ноткі з’явіліся ў яе голасе. Усю прыкрасць, самалюбства пакрыўджанай, адрынутай жанчыны яна ўкладвала ў іх.
– Ты жывеш сваімі ўспамінамі, песціш іх, калоцішся над імі, яны табе даражэй за жывое, яны памагаюць табе паважаць самога сябе. Адбяры іх у цябе – ты загінеш! А тут я – замахваюся на святое! Прапаноўваю ўласнымі рукамі задушыць, знішчыць тое, што адно памагае жыць, з чым так прыемна насіцца! Так?
Ён маўчаў.
– Добра... Што гэта я на самой справе. Як насланнё нейкае, – яна правяла па вачах рукою, нібы стараючыся скінуць нябачныя павуцінкі гэтага наслання. – Калі так табе лягчэй...
Пазбягаючы глядзець на яе, ён узяў свой пакет са стартэрам, патаптаўся, што азначала: ісці трэба... электрычка хутка.