Текст книги "Ксю"
Автор книги: Андрэй Федарэнка
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)
АНДРЭЙ ФЕДАРЭНКА
КСЮ
Аповесць
І.
Аляксей Дарафей, ці Леанід Дарафей (у пашпарце і ў ваенным білеце ён пісаўся Аляксей, а людзі, у тым ліку і родная маці, звалі яго Лёня: чамусьці сярод беларусаў распаўсюджана такая блытаніна) – дык вось, у гэтага Леаніда-Аляксея па прозвішчы Дарафей пачала кепска заводзіцца яго “Кіа”. Пасля працы ён заехаў у райцэнтр на станцыю тэхнічнага абслугоўвання. Знаёмы механік пакалупаўся і сказаў, што трэба мяняць стартэр, назваў суму – восемдзесят даляраў, але ў Мінску на аўтарынку ці ў Ждановічах такія самыя – па трыццаць. Так што калі Дарафей не лянуецца і мае час, прасцей самому з’ездзіць у Мінск.
– А я за дзякую пастаўлю...
– Дзякую ў шклянку не нальеш, – адказаў Дарафей.
Ён падумаў і вырашыў ехаць. Не таму, што шкада 50$, грошы ў яго былі: крыху даляраў на чорны дзень, крыху еўра; ляжалі беларускія на пластыкавай картцы і на банкаўскім рахунку. Проста даўно не быў у сталіцы, засумаваў па ёй. А тут такая нагода. Электрычкі цяпер хуткасныя, раніцай туды, удзень назад. Да таго ж ён як чыгуначнік меў магчымасць бясплатнага праезду раз на год у любы куток Беларусі і яшчэ ні разу гэтым правам не скарыстаўся.
Ён узяў адгул, папярэдзіў маці, што яго не будзе паўдня, і паехаў у Мінск. У першым жа павільёне аўтазапчастак на Ждановічах знайшоўся новенькі, у змазцы, стартэр. Да электрычкі хапала часу. Дарафей пакатаўся ў метро, выйшаў на плошчы Перамогі.
Пасля падземкі востра, прыемна пахла свежаскошанай травой з газонаў. Стаяў май, свяціла ранішняе сонца, ехала палівальная машына і мыла вуліцу. Высокія кусты белага бэзу цвілі буйнымі суквеццямі – кіпелі, а не цвілі. Дарафей паволі крочыў ад метро ў парк, разглядваючы капоты і зады прыпаркаваных машын, дзівячыся, якіх толькі марак не бывае. Раптам ён уздрыгнуў ад рэзкага сігналу. Азірнуўся. Белы “Лексус” асцярожна зарульваў на вузкае вольнае месца паміж машынамі. І за тую долю секунды, пакуль адчыняліся дзверцы, Дарафей зразумеў (прадчуванне часта абганяе зрок), што сігнал адрасаваны яму, і ўжо ведаў, каго зараз убачыць.
“Не можа быць!” – падумаў ён, узіраючыся ў ледзі, якая выйшла з машыны. А яна ўжо ішла да яго – нерашуча, збянтэжана, вінавата і міла пасміхаючыся, ва ўсім белым: сукенка, адкрытыя загарэлыя плечыкі, белая сумачка, белыя туфлі. На шыі блішчэў срэбны ланцужок.
– Ты пазнаеш мяне?
– Ксю...
Яна абняла яго моцна за шыю, прытулілася і абсыпала твар пацалункамі.
– Як даўно мяне так не звалі! Гэта ж колькі часу мінула!..
II.
Яны пазнаёміліся пятнаццаць гадоў назад. Аляксей якраз вярнуўся з арміі, а перад гэтым была вучоба ў палітэхнікуме, і так атрымалася, што ён гадоў сем, не лічачы кароткіх, на выхадныя, наездаў, практычна быў ізаляваны ад роднай вёскі. За гэты час аднакласніцы павыходзілі замуж, сябры – хто служыў, хто, вярнуўшыся з войска, адразу ж з’язджаў у горад, балазе, той быў блізка, а там – гіганцкі, на ўсю Еўропу вядомы металургічны завод.
Аляксей прайшоў з канца ў канец па вуліцы, дзівячыся зменам. Многа новых хат, і ў старых хатах – таксама нейкія новыя, чужыя людзі.
– Я амаль нічога тут не пазнаю, – сказаў ён дома маці.
– Што ты! Усё памянялася. Старыя паўміралі, маладыя паз’язджалі на металургічны... І ў лес не хадзі, бо заблудзішся.
Загаўкаў сабака, маці выглянула ў акно.
– Жэня сунецца...
Аляксей таксама паглядзеў. Ад веснічак праз двор ішоў незнаёмы мужчына, высокі, дужы, гадоў пад сорак, у клетчатых штанах, з сумкаю ў руцэ, – ішоў дзіўна, віхляючы задам, як жанчына. Зверху да каленяў ногі ў яго былі шчыльна сціснуты, а ад каленяў ішлі ўраскід, нібы ён не меў над імі ўлады, хоць ён стараўся рабіць маленькія крокі. Пастукаў у дзверы, узнік на парозе.
– Ну, з вяртаннем! – Рука ў яго была моцная, мазолістая. – Жэня Бракарэнка.
Аляксей наморшчыў лоб, а Жэня сказаў:
– Не старайся – не ўспомніш. Мяне твая маці толькі памятае, і то ледзь-ледзь. Я не з пустымі рукамі. Вось вам, – пачаў выкладваць з сумкі на стол, – каб не падумалі, што проста выпіць прыйшоў... Вось бутэлька, сала, мяса, яйкі свежыя...
– Не трэба! – для парадку, па вясковай звычцы завялася маці. – У нас усё ёсць.
– Такога няма. У мяне замежнае, – Жэня падміргнуў Аляксею. – Сыр, каўбаска, вінаград... А гэта, – працягнуў маці некалькі купюраў, – за клопат. Бяры, бяры, ты не адна цяпер.
Маці ўзяла грошы, узяла выпіўку, закуску. Аляксей, якому не давала спакою знаёмае прозвішча, раптам прыгадаў:
– У ваенкамаце быў хірург... Бракарэнка, здаецца?
– Гэта мой родны брат, – коратка адказаў Жэня. – Ужо ён не ў ваенкамаце, а на тым свеце.
Памаўчалі. Жэня прысеў за стол.
– Ну, расказвай. Якія планы? У горад на металургічны?
– Не, не! – Аляксей аж замахаў рукамі. – Толькі не туды!
Ён разлюбіў свой горад адразу, як там з’явіўся славуты металургічны завод – задымлены, зачумлены, з цэхамі і трубамі. Будавалі яго ад пачатку да канца аўстрыйцы і італьянцы; пабудавалі – ды так і засталіся, працавалі тут. Вось гэтыя чароўныя словы – “замежнікі, еўрапейцы” – як магнітам прыцягвалі сюды, у нікому раней невядомы, правінцыйны беларускі гарадок, а цяпер – Кландайк, Эльдарада шукальнікаў шчасця з усіх куткоў Саюза. Сюды, на гэтую выспачку буржуазнай свабоды, злятаўся, сцякаўся, спаўзаўся самы розны непатрэбны люд. Тут можна было лёгка набыць жуйкі, джынсы, цэлафанавыя пакеты з малюнкамі каўбояў, замежныя цыгарэты з тытунём і з анашой, псіхатропныя таблеткі і транквілізатары, заморскае спіртное і наркотыкі, а таксама, калі пашэнціць – венерычнае захворванне.
– Не, не ў наш горад, – паўтарыў Дарафей. – Там без мяне хапае. Я вучыцца думаю. У Мінск паступаць.
– Па якой спецыяльнасці? – пацікаваўся Жэня.
– Па сваёй, тэхнікумаўскай. Прамысловае і грамадскае будаўніцтва. Дыплом маю, характарыстыкі добрыя з арміі.
– Паступіш! Усё ў цябе атрымаецца, інжынерам станеш!
– Ды не – я думаю застацца ў аспірантуры.
– Таксама правільна. Вось за гэта хвалю, – для Жэні толькі выказаны намер быў ужо здзейсненым фактам. – Аспірантура, потым кафедра, ды па камсамольскай лініі пакруцішся, а там глядзіш – да міністэрства недалёка...
– Не суроч, сплюнь, – умяшалася маці.
– А што, міністраў з неба спускаюць? Яны з такіх, як мы, людзей бяруцца. Галава ў яго светлая, характар добры, кампанейскі... Толькі на гэта і глядзяць.
– У мяне яшчэ законныя тры месяцы ў запасе. Нешта прыдумаецца.
Жэня чамусьці азірнуўся і перайшоў на шэпт:
– А ты не хочаш папрацаваць? Са мной? На чыгунцы? Сезонным транспартным рабочым?
– А можна?
– З рукамі адарвуць. Людзей не хапае. Праца лёгкая, у ахвоту, чыстае паветра... Грошы неблагія.
Жэня зноў азірнуўся, нібы іх маглі падслухаць, зашаптаў:
– А то прынесці таго-сяго... Таварнякі багатыя бываюць. У Крывой спыняюцца на перагоне. Ёсць такая паваротка – Крывая. Прабяжышся каля вагонаў, глядзіш – пломба сарваная, нехта ўжо трыбушыў. І экспедытара няма... ну, таго, хто суправаджае груз. У вагоне – скрынкі... Памідоры, вінаград... Віно.
Маці, якая ўжо, відаць, бачыла сына міністрам, загарачылася:
– Ты яго гэтаму не вучы! У яго будучыня!
Жэня прыкрыў далоняю рот:
– Не, я ж так, да слова...
– А машыніст? – спытаў Аляксей.
– Машыніст нічога не бачыць. Цягнік заварочваецца, як змяя, з першага вагона хвост не відаць. Дык як, падумаеш?
– Падумаю...
Калі госць пайшоў, ад выпітага яшчэ больш віхляючы задам, маці пачала расквазаць. Сапраўды, Жэня гэты родам з іхняй вёскі, жыў тут, калі Аляксея яшчэ не было на свеце. Потым пасадзілі яго за нешта – “яны ж не кажуць, за што”, не паспеў выйсці – зноў сеў.
– Таму вы і не бачыліся: пакуль ты ў школе, у тэхнікуме, у арміі, ён
– па турмах...
Нарэшце Жэня нібыта ўзяўся за розум, ажаніўся, купілі з жонкаю хату, бо ягоная развалілася, ды жывуць памалу. Дзве дзяўчынкі ў іх. А ходзіць так дзіўна, бо на лесапавале дрэвам пераламала абедзве нагі, балты ў косці ўкручаныя, ён нават на працу да блізкай – паўтара кіламетры – станцыі ездзіць на мапедзе.
– А ў таго яго брата, хірурга Бракарэнкі, які цябе на камісіі глядзеў, жонка памерла ад рака, – манатонна, як казку дзецям на сон, расказвала маці, – дык ён з гора павесіўся, дзвюх дачок сіротамі пакінуў, адна вялікая, Света, у яе ўжо ў самой невядома ад каго маленькая Наста, другая
– школьніца, Аксана; абедзве гулёны, п’юць, мо нават і кураць, я, праўда, не бачыла, але хіба той завод, той горад добраму навучаць...
Аляксей амаль не слухаў гэтую сагу. Ён абдумваў Жэневу прапанову. Першы экзамен толькі ў жніўні. І праўда, засохнеш тут ад нуды. А так
– удзень працаваў бы, вечарамі рыхтаваўся да паступлення... Мо паспрабаваць?
III.
Так Аляксей Дарафей апынуўся на чыгунцы, на пасадзе “сезонны транспартны рабочы”.
З яго прыходам у брыгадзе стала шэсць чалавек: тры пастаянныя і тры сезоннікі. Пастаянныя: Жэня Бракарэнка, другі – брыгадзір Рэвут, чалавек нелюдзімы, пануры, родам з Тураўшчыны (гаварыў: палёх, лясох, карчох), і трэцяя – яго жонка кіргізка, маладая, ганарыстая, вульгарная: мацюкі так часта зляталі з яе прыгожых вуснаў і так натуральна яны ў яе гучалі, што не было сумнення, адкуль яны ўзяліся, якога яны паходжання, – дзікаватай разгульнай азіятчынай павявала ад іх, бяскрайнім палынным стэпам, вольніцай, нізкімі кашлатымі конікамі з доўгімі хвастамі, да якіх прывязваліся за валасы адсечаныя чалавечыя галовы, у запечанай крыві і ў пыле...
Чамусьці яна любіла прымаўкі, звязаныя з татарамі: “Нам, татарам, што з гары, што пад гору!”
Сезоннікі – Аляксей, стары дзед-пенсіянер і жанчына гадоў трыццаці пяці, зацяганая, пакамечаная, пашкамутаная жыццём, з наколкай “Шура” на запясці левай рукі, дзе гадзіннік носяць. Яна адсядзела год у турме, за растрату, калі працавала буфетчыцай у горадзе на, канечне ж, металургічным. Разумеючы сваю адрынутасць, заўсёды трымалася збоку. Курыла танныя цыгарэты, ад якіх кашляла. Аляксей адразу ж спадабаўся ёй, яна звала яго на “вы”, спрабавала фліртаваць: “Вы яшчэ такі малады, у вас жыццё наперадзе... Я таксама была ого... Нават замуж ледзь не выйшла. Каб не зайздрасць чалавечая... Падставілі, ні за што пасадзілі...”
На гэта Жэня з веданнем справы ёй зазначаў:
– Усе ні за што.
Дзед гаварыў мала, але калі гаварыў, таксама націскаў, што ён ахвяра нейкіх таямнічых зайздроснікаў. У яго было светлае, удачлівае мінулае і абы-якое дажыванне – цяпер. Да пенсіі, у тым удачлівым жыцці, ён працаваў ці то майстрам, ці прарабам, ці нават намеснікам начальніка ўчастка, і таму надта хваравіта ўспрымаў сваё паніжэнне. Яшчэ ён не любіў і баяўся грубага Рэвута. “Хам, – ціха скардзіўся ён, калі брыгадзіра не было блізка. – Зладзюган. Я такіх уласнай рукой звальняў без суда і следства – рад, другое, трэцяе і таму падобнае...”
Пастаянныя мянялі шпалы, забівалі кастылі, рабілі абход палатна з абстукваннем реэк і праверкаю іх “узроўнем” – спецыяльнай такой планкай з кропляю пасярэдзіне пад шклом; абглядвалі люфты-зазоры, абмацвалі стыкі, падцягвалі, падымалі, апускалі – карацей, хапала працы, затое і грошай яны атрымлівалі больш.
Сезоннікі калупаліся ў складзе-бытовачцы, наводзілі там парадак. Доўгімі дручкамі з пакляй-квачам на канцы змазвалі рэйкі, складзеныя на двары шчыльна, як роўная, гладзенькая чыгунная падлога. Мачаеш квач у вядро з густым чорным мазутам, са шлюпаннем выцягваеш – і так прыемна ён ходзіць у руках... Асабліва любіў гэты занятак дзед. Касілі адхоны, падразалі секачамі сярод камення на чыгуначным палатне траву “перакаці-поле”: амаль ідэальна круглыя шарыкі, якія сохлі без сонца, без ветру, рабіліся лёгкія, каціліся, ляталі.
Зрэдку даводзілася памагаць пастаянным. Аляксей ішоў ахвотна. Шура спрабавала рыпацца:
– Чаму твая жонка не йдзе? – і тады атрымлівала ад Рэвута:
– Ёй яшчэ раджаць трэба! Яна ж жанчына! А ты ўжо старая кабыла, уцягнутая!
Шура ад гэтых слоў сціналася, больш не пярэчыла, моўчкі рабіла, што скажуць.
Гультаяваты ж дзед стараўся адкруціцца любым чынам, уцякаў, хаваўся за склады, у лесе. Пападала і яму. Аляксей неяк стаў сведкам, як Рэвут біў яго нагой пад зад. Ад моцнага ўдару дзед па інерцыі прабег некалькі метраў на старэчых, артрытных нагах, упаў, падняўся і заплакаў. Так здаровая мужчынская сіла здзеквалася з нямоглай старасці.
– Злодзей... Зладзюган... Я на яго ў суд падам, – выціраючы рукавом слёзы, шаптаў дзед. – Напішу, як ён крадзе з вагонаў у Крывой... Рад, другое, трэцяе і таму падобнае...
Калі выпадала працаваць на перагоне ў Крывой і спыняўся там цягнік, Жэня з Рэвутам знікалі, вярталіся або з пустымі рукамі, або з поўнымі сумкамі. Жэня ніколі нічога не расказваў Аляксею, нічым не дзяліўся
– відаць, памятаючы тую размову з маткаю, а, можа, проста не хочучы ўцягваць у свае цёмныя справы маладога хлопца.
Увогуле Аляксея ніхто не чапаў. У брыгадзе адразу прызналі, што ён не такі; замацавалася за ім і пачало ўспрымацца, як належнае, што ў яго нейкая вялікая, незвычайная будучыня, таму за гэта ён заслугоўвае асаблівага да сябе стаўлення.
Ні ён сам, ні хто іншы не сумняваўся, што ён тут часова, “сезонна”.
IV.
Аляксей палюбіў рана ўставаць, умывацца халоднай вадой; яму падабалася дарога праз лес, раса на траве, ранішнія птушкі, неба над галавой, пахі блізкага лета.
Прыемна ішлося, бо наперадзе чакала лёгкая праца, цікавая, з рознымі канцэртамі-разборкамі, якія яго не тычыліся, з якіх можна толькі пасмяяцца.
Ён праходзіў кіламетр. Ззаду чулася тарахценне – Жэня даганяў яго на мапедзе, марудна ехаў збоку, і яны размаўлялі. У іх ужо было сяброўства, якое часта ўзнікае паміж маладым і сталым, калі сталы выступае апекуном, горнецца да маладзейшага, вучыць яго жыць, “перадае вопыт”, а маладзейшаму, канечне, прыемна гэта.
Увечары пасля працы Аляксей заходзіў да Жэні ў двор, сядаў на прызбу ці на драўляны, нагрэты за дзень шырокі ганак. У Жэні заўсёды знаходзілася загадзя купленае вінцо, а то калі-небудзь пасля ўдалага набегу на таварняк у Крывой ён выносіў на ганак якоесь асаблівае, нетутэйшае віно, памідоры, вінаград, сыр... Жэня называў гэта – “прысмакі”.
– Жонка сварыцца не будзе?
– А не пайшла б яна, – адказваў Жэня, шэптам і азіраючыся.
Жонка яго, рослая, статная, але з нечакана рэзкімі, мужчынскімі рысамі твару – нават здавалася, яна крадком голіцца, як мужчына, – жонка па імені Тацяна працавала прыбіральшчыцай у электрасталеплавільным цэху ўсё таго ж інтэрнацыянальнага металургічнага завода. Прыязджаў на станцыю спецыяльны аўтобусік, забіраў людзей увечары, раніцай прывозіў. Тацяне выпадалі нейкія дзіўныя змены: ці ў дзень, ці ў ноч, але неяк так яны перасякаліся, што яе практычна не было дома. Вечна ў руху, на хаду, на бягу, яна тым не менш усё паспявала: есці наварыць, дзяцей абмыць, сачыла, каб муж не быў галодны, і яшчэ ўмудралася трымаць у парадку агарод. Жэня ў вочы зваў яе: “Гаспадынька мая”, “Тацяначка мая”, а за вочы казаў адно й тое ж:
– Не пайшла б яна.
Застаючы мужа з Аляксеем на ганку, з вінцом, Тацяна ніколі не сварылася, як і ўсе, яна ніякавела перад маладым, перспектыўным Аляксеем.
– “Зялёны Луг”, Танечка! – балбатаў Жэня. – Ён у Мінску ў “Зялёным Лузе” будзе жыць, там, дзе твой брат жыве!
– Вам добра, – уздыхала Тацяна; яна таксама звала Аляксея на “вы”. – Пабыў і паехаў. Жыццё пабачыце, людзей... А тут век дрыжы, што прыедуць ды зноў пасадзяць. – Яна падазрона аглядвала закуску і ківала мужу пальцам: – Ты дакрадзешся! Ты калі-небудзь наляціш! Узяў моду трыбушыць вагоны... Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе.
Жэня прыкладаў руку да сэрца – маўляў, каюся, апошні раз.
Двор іхні пасярэдзіне быў пясчаны, толькі каля веснічак, ды паўз плот, ды дзе-нідзе плямамі вакол гэтага авальнага пясчанага “возерка”, нібы пазначаючы берагі яго, рос мурог. Нагрэты за дзень шэры пясочак доўга не астываў, у ім ляжалі стомленыя куры, побач з курамі ў пяску валтузіліся Жэневы дочкі, Анька з Валькай, чатырох і пяці гадоў, ужо загарэлыя, у адных спаднічках без трусікаў, і калі адна ці другая паварочвалася, нагіналася – не-не ды і блісне ярка-ружовая палоска спераду ці ззаду. А то каторая сядала насупраць ганка і бязвінна, бяздумна пазіраючы на бацьку з яго госцем, раскінуўшы ножкі, сыпала цёплы пясок, каб ён сцякаў роўна па ружовай шчылінцы. Аляксей тады адводзіў вочы, чырванеў, а Жэня дабрадушна пасмейваўся.
– Курвачкі растуць...
– І не сорамна табе, – ушчуваў Аляксей. – Ты ж родны бацька!
– Можа, для цябе гадуюцца.
– Мне, чужому, і то сорамна...
– Які ты чужы? Ты мне як малодшы брат! Я цябе адразу палюбіў, прыкіпеў душою... Вось убярэцца лета, пачнуць пляменніцы прыязджаць, я цябе са Светай пазнаёмлю... Дачкой майго брата-хірурга-нябожчыка. Во такая дзеўка! агонь баба! З Тацянай маёй на металургічным працуе. Адна, без мужа. Чарку бярэ, цыгарэту закурыць. Бо табе ж трэба, ты пасля арміі, галодны...
– Кінь, мне непрыемна слухаць. І ніякі не галодны...
– А хочаш, з меншай, Аксанай, пазнаёмлю? Экзамены здае, школу канчае...
Неўзабаве, у чэрвені, і праўда пачалі наведвацца пляменніцы. Першай прыехала падобная на маладзенькую мініяцюрную японачку Аксана, з чорнымі, кароткімі, у карэ, валасамі, з жывымі, вішнёвага колеру вачыма. Сямнаццаць гадоў. Знаёмячыся з Аляксеем, працягнула ручку: “Ксю. Так мяне бацька зваў”.
Аляксей у думках паспрабаваў прыкінуць да яе іншыя варыянты імені. Аксана-Оксана – украінска-гогалеўскае, Аксеня, Ксеня – старое, Аксіння – шолахаўскае, Ксюша – расейскае... А кароткае Ксю сапраўды так падыходзіла ёй!
Потым, у выхадныя, пачала прыязджаць Света, высокая, белая, зусім не падобная на сястру-“азіятачку”. Прыязджала то адна, то з маленькай, чатыры гады, дачкой Настай, і дзяўчынкі ўжо ўтрох – дзве Жэневы і Наста – калупаліся ў пяску, гулялі ў здаганялкі; самая большая, Анька, закрывала далонькаю вочы і лічыла:
– Раз... два... два-а з палавінаю... два-а з валасінаю... Валасіна абрываецца – тры пачынаецца! – і з піскам дзеці разбягаліся.
– Тры свае, – загінаў пальцы Жэня, – тры пляменніцы, плюс Наста... Аднымі курвачкамі акружаны! Ды яшчэ сам, як цэлка, хаджу, – пасміхаўся ён, маючы на ўвазе свае скалечаныя ногі.
Света сядзела разам з імі на ганку, піла чарка ў чарку, пасміхалася, слухаючы распутнага дзядзьку. А дзядзька, выпіўшы, не сунімаўся:
– Дай ты чалавеку. Свой жа хлопец, не чужы. Пасля арміі...
– Я старая для яго, – адмахвалася Света, трымаючы шклянку з віном у руцэ.
“Старой” было не больш за 25. Аляксей пазіркваў збоку на яе прыгожы твар, прыпухлыя вусны, на грудзі, рукі, плечы, на выцягнутыя, адна на адну пакладзеныя ногі. Ад яе пахла спіртным, і гэта было прыемна; гэты пах ад маладой жанчыны трывожыў, і бударажыў, і радаваў. Яна падабалася Аляксею куды больш за Ксю – найперш уяўнай даступнасцю; ён чамусьці заўсёды лічыў, што белыя дабрэйшыя за чарнявых, меншыя ламакі, з імі лягчэй.
– Трэба ж памагаць людзям! – чапляўся да пляменніцы Жэня, заклікаючы яе да своеасаблівага гуманізму. – І самой карысна... Для здароўя...
– Мне што, на гэтым ганку зараз разлегчыся? Ці на пяску пасярод двара? Хай купляе бутэльку ды прыязджае, – ужо без усмешкі адказвала Света. Вочы ў яе патухалі.
– Чуў? Аляксей! Бачыш, як проста, – шчыра радаваўся Жэня.
Але Аляксей не бачыў тут нічога простага. Гэтае дэманстратыўнае, перабольшанае самапрыніжэнне толькі насцярожвала яго. Хаця... ты іх зразумееш? Калі яны гуляюцца, а калі кажуць праўду?
V.
Света прыязджала рэдка, на выхадныя. Затое Ксю ў канцы чэрвеня, здаўшы экзамены, скончыўшы школу, часцей пачала бываць у вёсцы, а потым і зусім пасялілася ў дзядзькі. Дні стаялі цёплыя, вечары – яшчэ цяплейшыя. Жэня даваў пляменніцы поўную волю. Праўда, Ксю была “жаваронкам”, рана лягала спаць, але ўлетку цямнее позна, і ў іх – у яе з Аляксеем – хапала часу нагуляцца.
Аляксей паступова прывыкаў да Ксю. Ён ставіўся да яе як да малодшай сястры, не забываў, што яна сірата, і яму прыемна было адчуваць сябе гэткім старэйшым братам, хацелася клапаціцца пра яе, абараняць, аберагаць. Ён трохі паблажліва зваў яе:
– Мая маленькая пяшчотная сяброўка.
З ёю можна было гаварыць на любую тэму. Ксю жаночай інтуіцыяй адгадвала яго думкі, жаданні, наперад ведала, якіх слоў яму хочацца, якога настрою, якіх інтанацый ён ад яе чакае – і акурат такія ён атрымліваў.
– Ты незвычайны, – шаптала яна, прыціскаючыся да яго.
– Чым?
– Ад цябе прыемна пахне, – проста адказвала яна.
Ён абдымаў яе і, каб падражніць, пераводзіў размову на Свету.
– Слухай, Ксю, хачу з табой параіцца. Можа, мне ўзяць тваю сястру замуж? Ты была б мне сваячка...
Ксю сярдзіта адсоўвалася. Яго цешыла гэтая мілая, няўмелая рэўнасць.
– Нічога не атрымаецца, – сур’ёзна адказвала Ксю. – Яна за цябе не пойдзе.
– Чаму?
– А ў яе ёсць. Нейкі чэх, ці немец. Не, чэх.
– Што ён тут робіць?
– Працуе на металургічным, інжынерам. Стары, непрыгожы, – хутка дадала яна.
Канечне, ён не верыў ні ў якага інжынера. У душы ён пасміхаўся з яе. “Ты не ў курсе, дарагая. Ты не ведаеш нашых размоваў на ганку. Не ведаеш, што Света мяне сама запрашае”. Але яму падабалася пацяшацца з сваёй даверлівай, наіўнай сяброўкі.
– Ну, хай сабе чэх. Мала хто ў каго ёсць. Ён жа не збіраецца жаніцца? А я б ажаніўся. Афіцыйна. Насту ўдачарыў бы...
Ксю пакрыўджана маўчала. Аляксей абдымаў яе, цалаваў у шчочкі, у лоб, гладзіў па галаве.
– Дзіўныя вы, мужчыны, – з уздыхам, задуменна казала яна. – Усё шукаеце нечага... А не бачыце таго, што пад носам. Не заўважаеце тых, хто, можа, па-сапраўднаму ўмее кахаць. Як я, напрыклад. Я – не Света. Ты мяне зусім не ведаеш. А прыязджай у госці? – Ксю не ў першы раз гэта прапаноўвала. – Пазнаёмімся бліжэй... Кавы пап’ем.
– Як гэта – узяць ды прыехаць? А тут яшчэ інжынер...
– Нашто табе інжынер? Да мяне прыедзь! Паглядзіш, як я жыву, – і заўсёды дадавала: – Кавы пап’ем.
– Малая ты яшчэ “на каву” запрашаць.
– Малая! – гмыкала яна. – Сямнаццаць хутка. Знайшоў дзяўчынку!..
Аляксей тады ўспамінаў трыццаціпяцігадовую Шуру, на якую Рэвут казаў – “старая кабыла”, згадваў Свету – “я ўжо старая”; цяпер яшчэ і Ксю.
– Дык якія ж вы тады бываеце маладыя?! – шчыра ўсклікваў ён. – Калі вы дзяўчынкі?! Такія, як Наста? Як Жэневы дочкі?
– Відаць, толькі тады, – смеючыся, пацвярджала яна.
Раніцай Жэня па дарозе на станцыю даганяў Аляксея, глушыў мапед і, клыпаючы побач, вёў яго ў руках.
– Ну, прызнавайся. Вы гуляеце – а ёсць толк?
– Які толк, – чырванеў Аляксей. – Мы проста сябруем – як з табою. Мне ўвогуле здаецца, што яна яшчэ нечапаная дзяўчынка.
– Дык добра. Пашанцавала табе. Нехта ж робіць дзяўчынак жанчынамі.
– Ведаеш, я думаў пра гэта...
– А тут не трэба думаць – рабіць трэба, – параіў Жэня.
– Мне здаецца, ёсць нейкія прафесіяналы, якія толькі гэтым і займаюцца. Гэта іхняя спецыяльнасць. З адпаведным запісам у працоўнай кніжцы. Яны і бываюць заўсёды першыя – па законе, а ўсе астатнія, такія, як я, заўсёды другія.
– Не кажы, чаго не ведаеш. І запомні: хто п... пашкадуе – сам п... стане!
– выдаў Жэня адну са сваіх зэкаўскіх прымавак.
Канчаўся ліпень, Ксю паехала ў горад. А ў выхадныя ў Аляксея адбылася нечаканая размова са Светаю. Яна ўсё ж зрэдку ўспамінала, што павінна апекавацца меншай сястрою. Света пачала здалёк, з рамантыкі, усё з таго ж – “зайздрошчу я вам, маладым, і табе, і Ксю... у вас будучыня, усё наперадзе, можна з’ехаць, уцячы ад гэтых п’янак, хамства, ненавіснага металургічнага...” Затым перайшла да справы.
– Ты гуляеш з Ксю, я ведаю. Яна ўжо закаханая ў цябе. Ты неўзабаве паедзеш, паступіш. Канечне, у цябе іншыя планы, што табе да нейкай правінцыялкі. Але павер – яна цудоўная. Добрая, разумная, гаспадарлівая. Чыстая, – зрабіла націск Света. – Табе ўсё роўна трэба будзе жонка, надзейная, памочніца. Калі зрабіць гэта адразу, на пачатку – ажаніцца я маю на ўвазе – ты большага ў жыцці даб’ешся, і хутчэй. Бо інакш ты не столькі будзеш вучыцца, колькі шукаць, і добра, калі пашанцуе, і знойдзеш такую, як Ксю. А калі памылішся?
Аляксею страшэнна няёмка было, упершыню ў жыцці яго так адкрыта сваталі, і хто – дзяўчына, якая яму самому падабаецца! Яна што, не разумее, што яму ўсяго дваццаць, што ён не ведае жыцця, ён не збіраецца планаваць яго матэматычна, хай яно ідзе спантанна, хай будуць памылкі, расчараванні, але гэта будуць яго памылкі, яго расчараванні, яго вопыт. Якія жаніцьбы!
– А ... ты, Света? – спытаў ён.
– Што я?
– Не перадумала? Памятаеш, тады, на ганку, казала...
Зноў вочы ў яе адразу патухлі. Яна не чакала гэтага.
– Мы ж дамовіліся, – стомлена, абыякава сказала яна. У голасе яе знікла шчырасць. – Купляй пляшку ды прыязджай. Я ж толькі на такое і годная.
На гэты раз Аляксей прапусціў міма вушэй яе падазронае самапрыніжэнне. З усёй размовы ў памяці ў яго засталося: “Ксю ў цябе закаханая”. Акрылены гэтымі словамі, успамінаючы іх часта, ён кожны раз адчуваў у сабе спакойную, сталую, мужчынскую ўпэўненасць. Во як, дзве адразу! Прыгожыя, даступныя, і абедзве запрашаюць! Заставалася толькі выбрацца ў горад.
VI.
Вечарам Аляксей сядзеў у Жэні на ганку, і размяклы, добры, назіраў, як сонца заходзіць у хмару. Да Жэневай хаты пад’ехаў знаёмы дачнік, пасігналіў – маўляў, еду ў горад, у машыне ёсць месца, ці не трэба падкінуць. Жэня яшчэ раней, у чаканні выхадных, напакаваў пляменніцам гасцінцаў. На агародзе ўжо расла маладая бульба, раннія гуркі, познія цыбуля і часнок. Плюс “прысмакі” (яны з Рэвутам нядаўна растрыбушылі чарговы вагон).
Жэня – знарок, вядома, бо не такія цяжкія былі гасцінцы, каб самому не ўправіцца, прапанаваў Аляксею:
– Збірайся, паможаш, – а калі той пачаў муляцца, сказаў цвёрда, загадным тонам: – За кампанію!
На ўездзе ў горад пацямнела, пайшоў дождж, дачнік уключыў дворнікі. Каля ўніверсама Жэня папрасіў яго спыніцца, сунуў Аляксею грошы: “На, збегай. Адной вам хопіць?” Пад’ехалі да блочнага пяціпавярховіка, дачнік у машыне застаўся чакаць, Аляксей з Жэнем падняліся на трэці паверх. Дзверы адчыніла Ксю, і адразу ж на пляцоўку прашмыгнула Наста. Адна шчака ў яе была тоўстая ад ваты і перакрыжаваная лейкапластырам:
– А ў мяне – во!
– Бесталковая, – сказала Ксю, радасна, адкрыта гледзячы на Аляксея.
– Дагулялася, дабегалася, пакуль у дзвярах на кухню ледзь шкло галавой не вынесла. Тры швы наклалі.
– Тры! – пацвердзіла з гонарам Наста, растапырыўшы пальчыкі.
Не заходзячы ў кватэру, Жэня паставіў долу ношку.
– Ну, ты пабудзеш? – дзелавіта, нібы між іншым сказаў Аляксею. – Яшчэ два аўтобусы вячэрнія, дабярэшся. А я з дачнікам. Мяне там унізе машына чакае, – патлумачыў ён Ксю. – А дзе Света?
– Спытай што лягчэйшае. У чэха свайго.
– А! Ну, прывітанне ёй, – Жэня нязграбна, віхляючы задам, пайшоў уніз.
– Дык чэх існуе? – разгублена спытаў Аляксей. – Я думаў, ты падманваеш, разыгрывает мяне...
– Яшчэ як існуе. Знайшоў каму верыць – Свеце. Не ведаю, што яна табе абяцала, але верыць ёй – сябе не паважаць.
– Тады, можа, і я паеду? З імі? Пакуль машына...
– Вось смешны. Куды ты паедзеш? Праходзь! Кавы пап’ем.
У дзвярах на кухню шкла ў ніжняй палавінцы не было зусім. Цікаўная Наста і цяпер круцілася пад нагамі.
– Наста, ідзі спаць, – Ксю ўключыла святло, бо за вакном цямнела. – Дождж пачынаецца.
– А ў мяне парасона няма.
– Можа, ён не спатрэбіцца.
– Як гэта?
– Начуй тут.
– А Света?
– У нас два пакоі. Усім хопіць месца. Ды можа яшчэ і не прыйдзе яна. Наста, спаць ідзі...
Ён падумаў пра маці, што не папярэдзіў яе. Як малы. Маці пачне хвалявацца, пабяжыць да Жэні. Што ёй Жэня скажа? Што твой сын у маіх пляменніц начуе? Ксю сірата, не разумее, як гэта – калі за цябе перажывае родны чалавек.
– Аляксей, ты есці хочаш? Катлеты з макаронамі.
– Ты ўмееш гатаваць?
– З дванаццаці гадоў усё, што хочаш, – з гонарам адказала яна. – Наста, ты ж паела! – ідзі спаць...
У яго адразу пацяплела на душы. Ён не чакаў, што яна можа быць такой хатняй. Разам з тым яго не пакідала адчуванне, што ўсё, што тут адбываецца, трохі несапраўднае – вось як нібы дзеці гуляюць у “абедкі”, ці ў “тату-маму”.
Але катлеты, макароны, і яго гарэлка, і Жэневы каўбаса з памідорамі – усё аказалася сапраўдным. Аляксей піў, і еў, а насупраць яго, стараючыся пераймаць яго рухі, ела Наста. Сама Ксю, як і належыць гаспадыні, за стол не прысела, пакуль не здаволяцца госці. Яна стаяла, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Дождж даўно барабаніў па шыбах. Залева! І ад гэтага, ды яшчэ ад хмелю ў галаве, знікала адчуванне часу – здавалася, што вельмі позна ўжо. Нарэшце Ксю адвяла малую Насту з парэзанай шчакою спаць.
“Давай святло выключым і будзем глядзець на дождж”, – прашаптала яна, вярнуўшыся.
Выключылі, пачалі глядзець. Не змаўляючыся, абое перайшлі на шэпат: ці то ад таго, што чалавек спіць, ці то прыцемкі, такія ўтульна-інтымныя, спрыялі гэтаму.
“А ведаеш, можа, мы разам будзем вучыцца. Я таксама паслала дакументы ў Мінск. І мне адказалі! Адказалі, што нават калі не паступлю, увосень, як будзе недабор, мяне могуць прыняць як сірату і як з чарнобыльскай зоны. Праўда, пасля вучобы абавязкова давядзецца вярнуцца назад...”
“І ты думаеш вяртацца?”
“Я думаю, мы абое паступім і будзем разам”, – прашаптала яна.
Яму ўспомнілася Свеціна сватаўство. Ад прыцемак, ад роўнага стуку кропляў па шыбіне, ад спіртнога, а галоўнае, ад дзявочага блізкага шэпту так цёпла, так спакойна было. Ён выпіваў грамаў па пяцьдзясят перыядычна.
“Сядзь мне на калені”.
“А, хітры”, – і адразу ж села.
На яго найшло нейкае да слёз замілаванне; хацелася шкадаваць усіх і ўсё, каяцца ў нечым, прасіць прабачэння за штосьці і даказваць камусьці, што ён вельмі добры, што ў яго і ў думках няма нячыстых намераў.
“Ксю! Можа, ты баішся, што я пакрыўджу цябе? Пачну рабіць тое, чаго ты не хочаш?”
“Нічога я не баюся. Калі б баялася, не запрашала б, і не сябравала б з табою”.
“Не! Кажы праўду! Я магу пайсці. Хочаш, я пайду?”
“Сядзі!”
І засядзеліся да дванаццаці. Ён забыў пра аўтобусы, пра Свету, пра маці; ён цалаваў яе, смелай рукою лазіў ёй па ўсіх месцах, якія можна было дастаць, якія яна дазваляла яму – а дазваляла яна многае; і бялелі ў цемры трусікі, адцяняючы загарэлыя, рухавыя дзявочыя ногі... “Аляксей... Пачакай! Ты можа думаеш, што я шлюшка?”
“Як можна, Ксю...”
“Калі так думаеш, правільна робіш – я і ёсць шлюшка... Калолася, лячылася... Я халодная. Ну, фрыгідная. Мяне за дзяўчыну не лічаць. Я пішу вершы – пра дахі, раскрыжаваныя антэнамі!..”
“Выдатная метафара”.
Ён дакрануўся вуснамі да яе вачэй, вочы былі мокрыя і салёныя. “Ксю! Ты што?! Я ж нічога ад цябе не хачу... Рабі так, каб табе добра было!
“Прабач... Я такая дурная... Усё нахлусіла... Хіба так дзяўчына павінна рабіць, як я раблю? Сама запрашала цябе... Добра, я прызнаюся – Света можа прыйсці ў любы час, і не адна... Толькі гэта! Ты ж не пакрыўдзішся?” “Якія крыўды! Як ты скажаш, так і будзе. Хачу дачакацца Свету!” Прага дабрыні да ўсіх і да ўсяго не знікала. Ён і Свеце, і яе чэху таксама хацеў выказаць, як іх любіць.