355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксандр Петрашкевіч » Прарок для Айчыны » Текст книги (страница 4)
Прарок для Айчыны
  • Текст добавлен: 31 октября 2016, 05:55

Текст книги "Прарок для Айчыны"


Автор книги: Аляксандр Петрашкевіч


Жанры:

   

Драма

,

сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 4 страниц)

так і кажа: паколькі іудзей уступіў са мною ў судовую спрэчку і прыняў задатак ад мяне, а не ад доктара Скарыны, то сам доктар зрабіўся свабодным ад турмы.

С к а р ы н а. Цудоўна! Толькі чаму я ў такім выпадку тут?

Р а м а н. Чаго не ведаю, што не ведаю.

С к а р ы н а. У тым і справа, што мы не ведае, дзе сабака закапаны... Будзеш з епіскапам у Кракаве – вуха трымай востра і ні пры якіх абставінах нідзе і нікому, акрамя караля, не прызнавайся, што ты мне сваяк. Гульня наша з каралевай не на жыццё, а на смерць.


Абдымаюцца на развітанне.


Сцэна зацямняецца.


ХV


Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.


Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Хто ўчора быў у караля?

Б о н а. Гаштольд і біскуп Ян.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Паасобку ці разам?

Б о н а. Паасобку.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. А мне падумалася...

Б о н а. Але з Янам быў яшчэ і нейкі юнак.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Юнак?

Б о н а. Так.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Значыцца, здарылася горшае... Пра што гаварыў кароль з Янам і з юнаком?

Б о н а. Ён прымаў іх у спальні.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Які гонар! Які этыкет!

Б о н а. Хворы кароль мог прыняць сына і ў спальні.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. А нейкага невядомага нам юнака?.. Пра што гаварылі?!

Б о н а. У спальню караля адзін уваход. Там няма вокнаў – кароль ратуецца там ад чужога вока і бяссонніцы...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Бона Сфорца Арагонская не мае доступу да каралеўскай спальні?.. І пры гэтым выхваляецца, што магла б паслужыць і

французскай каралевай.

Б о н а (аж ускіпае ). Санта Мадонна! Гэта ўжо праз край! Вы не лічыцеся са мною, як з каралевай, але не забывайце, што я яшчэ і жанчына!

Ч а л а в е к у ч о р н ы м (здзекліва). Жанчына, вам бы ведаць, што каралеўскі сынок Ян ратуе доктара Скарыну! Усе нашы старанні, даруйце, кату пад хвост! І цяпер яго вялікасць спытае вашу вялікасць за ўказы, падпісаныя ад яго імя...

Б о н а ( перапалохана ). Але да гэтага часу ніхто не мог адрозніць мой подпіс ад каралеўскага!..

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Да гэтага часу...

Б о н а. Вы палохаеце мяне, майстар?!. Пры чым тут доктар Скарына? Епіскап Ян не так ужо рэдка пакідае Вільню і прыязджае ў Кракаў...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Кучар епіскапа сказаў, што яны прыехалі з Познані, дзе святы айцец наведаў бурмістра, суд і турму!

Б о н а. Санта Мадонна! Калі ў вас кучар ведае больш, чым каралева, наступны раз пытайцеся ў кучара і пра караля!

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. У біскупа свой кучар, у караля свой, а калі каралева не давярае свайму кучару, то няхай ходзіць пешкі. ( Знікае.)


Бона доўга глядзіць услед Чалавеку ў чорным.


Сцэна зацямняецца.


XVI


Познань. Гарадскі суд – бурмістр Скаргардыян, Войт, радцы і лаўнікі. У пакоі епіскап Як, павераны Скарыны Мацей Лонгій і пляменнік Францыска Скарыны Раман. Вартаўнік прыводзіць Скарыну. Ён усё ў тых жа лахманах.


С к а р г а р д ы я н. Падыходзьце бліжэй, падсудны...

С к а р ы н а. Я не падсудны, хоць і закаваны, а таму пратэстую!..

С к а р г а р д ы я н ( Вартаўніку ). Здыміце кайданы з падсуднага!

С к а р ы н а. Са зняволенага і невінаватага...


Вартаўнік здымае кайданы.


С к а р г а р д ы я н. Якія будуць хадайніцтвы?..

С к а р ы н а. Вы, пан бурмістр, як абодвух праў і медыцыны доктар, відаць, разумееце, што ў сваёй доктарскай мантыі я адчуваў бы сябе перад вамі гэтак жа ўпэўнена, як і вы сябе перада мною. А таму прашу...

С к а р г а р д ы я н (перапыняе). Будзем зыходзіць з таго, доктар, што яго святая Каралеўская Вялікасць патрабуе судзіць вас згодна з законамі, да складання якіх вы мелі непасрэднае дачыненне.

С к а р ы н а. Кароль памыляецца! Караля завялі ў зман! Караля маглі проста абысці!

С к а р г а р д ы я н. Падсудны, пазбаўляю вас слова. А за абразу святой Каралеўскай Вялікасці вы адкажаце асобна.

С к а р ы н а. У такім разе за мяне скажа мой павераны магістр Мацей Лонгій. Што да абразы караля, то яе дапусціў той, хто месца і беспадстаўна агаварыў яго падданага, які мае ўласны герб.

С к а р г а р д ы я н. Падсуцны, суд улічыць і вашу дзёрзкасць!

С к а р ы н а. Лепш бы суду ўлічыць маю невінаватасць...

С к а р г а р д ы я н. Яшчэ раз папярэджваю, што суд можа разгледзець справу і без адказчыка... Ваша слова, магістр Лонгій.

Л о н г і й ( пакланіўшыся суддзям ). Мушу зазначыць, шаноўныя суддзі, што, не выклікаўшы істца і пазбавіўшыся ад даўжніка, суд пазбавіцца законнай падставы разглядаць справу, не кажучы пра справядлівасць рашэння. З гэтае прычыны і я і мой прынцыпал доктар Скарына настойваем на абавязковым выкліку ў суд варшаўскага іудзея Майсея.

С к а р г а р д ы я н. Даводжу высокаму суду, што я, выконваючы свае абавязкі, даручыў служку Іаану Кракоўскаму яшчэ ў мінулую суботу выклікаць у суд вышэйназванага іудзея. Тады ж, у суботу, ён з'явіўся да мяне асабіста і спаслаўся на суботняе свята, у час якога яму не можна нічога рабіць або распачынаць. І папрасіў, каб тэрмін, вызначаны яму ў позве, быў прадоўжаны да панядзелка. Сёння зноў субота, і ён, на жаль, зноў не з'явіўся. А ўказ караля – гэта ўказ караля! І тым больш што ён дае суду ўсе падставы абвінаваціць

беглага даўжніка і спагнаць з яго тое, што спагнаць належыць.

Л о н г і й. Маю гонар запярэчыць пану бурмістру і давесці суду, што каралеўскі ўказ якраз і не дае падстаў звінаваціць шаноўнага доктара Скарыну, бо суд павінен кіравацца законам і справядлівасцю, а не пажаданнямі, калі яны нават каралеўскія, у чым я і мой прынцыпал сумняваемся. А таму прашу занесці дзіўныя тлумачэнні пана бурмістра ў кнігу судовых актаў. Што да наўмыснага нез'яўлення

іудзея ў суд, то ад імя свайго прынцыпала доктара Скарыны і сябе асабіста заяўляю вусна і ў паперах пратэст. (Перадае паперу бурмістру.)

С к а р г а р д ы я н. Пратэст адхіляецца! На стале ў суддзяў указ святой Каралеўскай Вялікасці.

С к а р ы н а. Скажыце, калі ласка, як вы, доктар абодвух праў, паводзілі б сябе, калі б на стол суддзяў лёг указ святой Каралеўскай Вялікасці, скажам, у абарону таго ж доктара Скарыны?..

С к а р г а р д ы я н. Апошні раз папярэджваю: не задавайце пытанняў суддзям, пакуль яны не пазбавілі вас магчымасці прысутнічаць пры разборы справы!.. Прадаўжайце, пан магістр.

Л о н г і й. Паважаны пан бурмістр, пан войт, паны лаўнікі і радцы! Я, Мацей Лонгій,– заступнік выдатнага мужа пана Францыска Скарыны, мастацтваў і медыцыны доктара, сакратара і лекара найяснейшага і найдастойнейшага пана і гаспадара

епіскапа віленскага Яна, які прысутнічае тут і дапамагае ў справе супраць хлуслівага іудзея Майсея, заяўляю, што гэты хлуслівы іудзей разам з саўдзельнікам цяжбы лжывым расказам, зробленым перад святой Каралеўскай Вялікасцю, у якім ён ілжыва заявіў, што Скарына пасля смерці свайго роднага,

вечная яму памяць, брата быў і ёсць вінен яму, Майсею, дзвесце шэсць коп і што з-за гэтага доўгу Скарына нібыта ўцёк з Вільні і блукае ўсюды, і падманам дамогся ўказа, які звычайна пашыраецца толькі на злачынцаў і яўных бадзяг або на абвінавачаных даўжнікоў, якія не могуць выплаціць доўг, што з'явілася найбольшай несправядлівасцю для майго прынцыпала. У сілу патрабаванняў гэтага ўказа ён, іудзей, дамогся заключэння доктара Скарыны, абвінавачанага як злачынца без усякага на тое грамадзянскага іску і раней, чым законным чынам зроблена гэта абвінавачанне, у гарадскую турму, а таксама спагнання вялікай пені з найвялікшай

шкодай, цяжарам і стратамі як для самога доктара, так і для найяснейшага і найдастойнейшага пана і гаспадара епіскапа віленскага, у якога знаходзіўся на службе як прыбліжаны і слуга сам доктар.

С к а р г а р д ы я н. Вы змарылі нас, магістр.

С к а р ы н а. Калі можна, пан бурмістр, я выпраўлю прамашку магістра?!.

С к а р г а р д ы я н. Гэта нават цікава, калі, вядома, не доўга і без дзёрзкасці.

С к а р ы н а. Божа мяне барані! Я толькі скажу, што ўсе гэтыя несправядлівасці і заключэнне ў турму, спагнанні і страты для мяне асабіста з-за названага Майсея і з ім звязаных, я падкрэсліваю, і з ім звязаных людзей, я ацаніў на суму шэсць

тысяч залатых венгерскіх фларынаў сапраўднай і належнай вагі. І паколькі хлуслівы іудзей, выкліканы па позве, у тэрмін беспадстаўна не з'явіўся

і не з'яўляецца і не збіраецца з'яўляцца перад судом, я патрабую, каб судовая справа, на якой грунтуецца іск, была вырашана на маю карысць, а сам

хлуслівы іудзей Майсей як прайграўшы быў асуджаны згодна з найбольш відавочнымі палажэннямі права... А калі больш канкрэтна, то Лазара, сына, і Майсея, зяця старога Майсея, як і яго самога, судзіць згодна з артыкулам першага Статута

Вялікага княства Літоўскага, які дэкларуе: калі б хто агаворам-паклёпам абвінаваціў каго і абвінавачаны павінен быў бы падлягаць ганьбаванню ці

смяротнай кары, ці канфіскацыі маёмасці, ці якому іншаму пакаранню, тады той, хто агаварыў іншага, але не прадставіў доказаў, сам павінен панесці такое пакаранне. Калі так здарыцца, буду надзвычай уцешаны, бо гэты артыкул для Статута сфармуляваў я сам і здолеў адстаяць перад каралём.

С к а р г а р д ы я н. Вы ад сціпласці не памраце, шаноўны доктар.

С к а р ы н а. Так, калега. Пра гэта мне гаварыла сама найяснейшая каралева. Я калі і памру, то ў бойцы за свой гонар і годнасць. Аддаваць жыццё за нешта іншае проста не рацыянальна.

С к а р г а р д ы я н. Мы так і зразумелі. Утаіўшы ад Майсея дзвесце шэсць коп, вы можаце купіць сто баявых коней, а высудзіўшы ў таго ж Майсея шэсць тысяч залатых фларынаў, прыдбаць яшчэ і тры тысячы валоў. Ці не на Маскву вайной сабраўся шаноўны пан доктар?

С к а р ы н а. На валах і конях я некалі павязу на Маскву свае кнігі.

С к а р г а р д ы я н. Доктар, апусціцеся на зямлю. Ваша становішча такое ж безнадзейнае ў Познані, як і ў Маскве...

С к а р ы н а. Вы так думаеце?

С к а р г а р д ы я н. Перада мною другі ўказ святой Каралеўскай Вялікасці, дастаўлены ў суд самім Майсеем. (Бярэ са стала паперу, зачытвае. ) «Шаноўным бурмістру і радцам горада нашага Познані, дарагім давераным – наша каралеўскае благаславенне. Дарагія давераныя, расказаў нам, прыйшоўшы сюды, іудзей Майсей, зяць старога Майсея з Варшавы, што вы, атрымаўшы наша пасланне, прад'яўленае вам ім самім, зрабілі так, каб там, на месцы, быў затрыманы доктар Францыск з Вільні, так званы Скарына, на якога скардзяцца сам Майсей з Лазарам, сынам згаданага старога іудзея з Варшавы... Мы ўхваляем стараннасць вашу, якую

вы праявілі пры выкананні нашага ўказа... Даручаем вам, каб вы здзейснілі належнае і неадкладнае правасуддзе да згаданага Францыска на падставе

сумы ў дзвесце шэсць коп на карысць гэтым жа Майсею і Лазару і не вызвалялі датуль гэтага доктара Францыска, пакуль над ім там жа на месцы не завяршыцца правасуддзе, і інакш не рабіце па абавязку вашаму і па міласці нашай. Дадзены ў Кракаве [2 мая] у год Божы 1532-і».

С к а р ы н а. Я папярэджваў вас, шаноўны калега, Валянцін Скаргардыян... Давай, Раман!

Р а м а н (разгортвае скрутак з падвешанай пячаткаю ). Я прывёз ад святой Каралеўскай Вялікасці грамату... ( Зачытвае разгубленым суддзям.) «Жыгімонт і г. д. Абвяшчаем і г. д. З'явіўшыся асабіста перад намі, прадбачлівы юнак у правамоцным узросце Раман Скарына, віленскі грамадзянін... зазначыў публічна перад намі, што... доктар Францыск ніякага дабра, якое засталося пасля смерці

Івана Скарыны, яго бацькі, не атрымліваў, бо ён сам, Раман, атрымаў у спадчыну цалкам і па частках маёмасць таго ж Івана як праўдзівы і законны сын і спадчыннік, і некаторыя бацькавы даўгі, прызнаныя законнымі, ён ужо сплаціў, а яшчэ нясплочаныя гатоў сплаціць.

Мы [кароль] жадаем засведчыць гэта ўсім, каго датычыць, і загадваем гэтай граматай: каб вышэйназванага доктара Францыска Скарыну не выклікалі ні ў якія вашы судовыя інстанцыі і не судзілі за якія б ні было даўгі і маёмасць яго роднага брата... і каб пазбавілі яго ад нападаў і дамаганняў з боку ўсякіх крэдытораў якога б там ні былі абраду... І няхай не з'явяцца таму перашкодай якія б ні было лісты, любога зместу і даты, выдадзеныя нашай канцылярыяй супраць таго, каго мы вызваляем і аб'яўляем свабодным ад іх выплаты гэтай граматай. У пацвярджэнне чаго прыціснута наша пачаць. Дадзена ў Кракаве [21 лістапада] у год

1532-і праўлення нашага 26-ы».

С к а р г а р д ы я н (крыху абурыўшыся). Што ж вы трымаеце пры сабе такія паперы. ( Забірае ў Рамана ўказ, разглядае пячатку.) Выходзіць, вы свабодны, калега! ( Загадвае Вартаўніку. ) Мантыю доктару Скарыне.

С к а р ы н а. Свабодны я быў заўсёды. Абражаным жа аказаўся з ласкі мярзотнікаў. А таму прашу суд не проста вызваліць мяне з няволі, а згодна са звычаем і законам у судовым парадку прызнаць мяне невінаватым з самага пачатку. Тым больш што Раман прывёз каралеўскі ўказ і для вашай асабістай міласці. ( Вымае з-за пазухі скрутак, разгортвае і зачытвае. ) «Скарына быў несправядліва пасаджаны там у вас у турму і ў адносінах да яго раней не было знойдзена ніякага правасуддзя па яго праву... Мы даведаліся з данясення некаторых нашых дарадчыкаў, з тагачаснай пастановы вашага суда і з адкрытага сведчання, што... Францыск Скарына з'яўляецца вельмі паважаным і маёмасным чалавекам... Пры такім стане спраў загадваем вам гэтым указам неадкладна адпусціць згаданага Францыска Скарыну, які ў вас пасаджаны ў турму. Мы не хочам, каб нашы падданыя, перш за ўсё маёмасныя, па простым абвінавачванні кожнага так ганебна саджаліся ў турму». (Перадае ўказ Скаргардыяну. ) Скажыце, калега, а калі б кароль прыслаў пяты ўказ адсекчы мне галаву...

С к а р г а р д ы я н. Я служу каралю і выканаў бы яго волю. А што?

Я н. Добра было б, бурмістр, каб вы яшчэ служылі Богу, закону і людзям. (Хрысціць бурмістра, той цалуе яму руку.)


Усе суддзі выходзяць. Скарына абдымаецца з Раманам і Мацеем, потым з Янам. Вартаўнік прыносіць мантыю.


В а р т а ў н і к. Выходзьце, панове, а мы з доктарам пераапранемся...


Усе выходзяць. Скарына скідае лахманы, надзявае мантыю.


С к а р ы н а. Ну, і як яна мне? ( Паварочваецца перад Вартаўніком.)

В а р т а ў н і к (у захапленні). У рыхт! У самы рыхт!.. (Заклапочана. ) Толькі ў мяне адна закавыка. Не ведаю, ці й казаць... каб настрой не псаваць...

С к а р ы н а. Выкладвай – не мучайся.

В а р т а ў н і к (вызнае э кішэні пярсцёнак). Чмут адзін пярсцёначак во даў. Адкрый, кажа, вечка і тое, што так убачыш, падсып у ваду вязню Скарыне. Калі, маўляў, загнецца, пярсцёнак сабе пакінеш і зверху яшчэ грашыма атрымаеш. Адмовіцца не рашыўся – вельмі ўжо чмут прасіў...

С к а р ы н а (занепакоена ). Хто яшчэ пра гэта ведае?

В а р т а ў н і к. Я, ён, а цяпер яшчэ і вы... пан доктар.

С к а р ы н а. Збірайся ў дарогу, і ўсёй сям'ёй. Не жыць табе больш у Познані. Адпомсцяць!

В а р т а ў н і к. Я і сам ужо хацеў з табой прасіцца. Што мне гэта Познань?..


Скарына абдымае Вартаўніка.


Скажу табе шчыра – былі ў мяне сябры што трэба, але каб такія, як ты...

С к а р ы н а (напаўжартам). Ну, гара з гарою не сыходзяцца, а палачаніну з палачанінам чаму ж не сысціся?..

В а р т а ў н і к. Дык і я ж тое...


Выходзяць.


Сцэна зацямняецца.


ХVІІ


Кракаў. Кароль Жыгімонт пры ўсіх каралеўскіх атрыбутах. Ён дыктуе свой чарговы ўказ адносна Скарыны.


Ж ы г і м о н т. « ...Далучаючыся да шчырых просьбаў некаторых нашых дарадчыкаў і лічачы вартай даверу дабрачыннасць... і ўменне...Францыска Скарыны з Полацка, доктара мастацтваў і медыцыны, ды жадаючы дзеля гэтага адарыць яго асаблівай нашай ласкай, мы знайшлі патрэбным даць яму гэтыя льготы і прывілеі. Яму мы іх даём і пастанаўляем гэтай граматай наступнае:

Няхай ніхто, апрача нас саміх альбо спадчыннікаў нашых, як у Каралеўстве, так і ў Вялікім княстве Літоўскім... і ў іншых уладаннях нашых не мае права прыцягваць яго да суда і судзіць, якой бы ні была важнай ці нязначнай прычына яго выкліку ў суд.

Аказваючы доктару Францыску такую ласку, мы гэтым самым адказваем за яго поўную бяспеку і бяром яго пад нашу ахову і апеку з тым, каб з іх дапамогай ва ўсіх месцах нашага Каралеўства, раней згаданага Вялікага княства Літоўскага нашага, і ў іншых уладаннях нашых ён быў абаронены ад усякага насілля з боку розных асоб. І няхай ніхто не адважыцца затрымліваць альбо арыштоўваць яго самога ці яго маёмасць пад страхам цяжкай кары паводле нашага асуджэння.

І няхай прыгаданы доктар Францыск у тым горадзе і ў тым месцы, якія ён сабе выбера для жыхарства, будзе вызвалены і свабодны ад усякіх павіннасцей і гарадскіх службаў...

Аднак, каб названы доктар Францыск Скарына мог свабодней і паўней карыстацца тымі прывілеямі ды льготамі, якія мы яму міласціва ўчынілі, мы даручаем і настойліва загадваем гэтай граматай усім і кожнаму:

Дайце названаму доктару Францыску, якога мы прынялі пад сваю апеку, магчымасць карыстацца і валодаць вышэйпрыгаданымі правамі, ільготамі і прывілеямі і абыходзьцеся з ім з захаваннем іх.

Не смейце наогул умешвацца ў яго справы, якія б ні былі яны важныя ці нязначныя, учыняць яму якое-небудзь насілле...

І няхай ніхто з вас не адважыцца на гэта пад страхам кары адпаведна нашаму меркаванню, як сказана вышэй.

Гэта мы жадаем давесці і даводзім да ведама ўсіх і кожнага, каго гэта датычыць.

У пацвярджэнне граматы прыціснута наша пячаць».


Сцэна зацямняецца.


Да рамцы падыходзяць Скарына з Вартаўніком. Яны абодва ў дарожнай вопратцы.


С к а р ы н а. Позна... Позна, ваша святая Каралеўская Вялікасць. Спалены не толькі кнігі і друкарня, спалены і масты. Нарадзіўся я, відаць, зарана на сваёй шматпакутнай зямлі. Паспяшаўся стаць прарокам у сваёй Айчыне. І хоць еду прэч, на яе, любую і гаротную, не крыўдую.


Заслона


1990


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю