Текст книги "Прарок для Айчыны"
Автор книги: Аляксандр Петрашкевіч
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 4 страниц)
Прарок для Айчыны
Дзейныя асобы:
Скарына Францыск.
Максім Грэк.
Жыгімонт І Стары – кароль Польшчы і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага.
Бона Сфорца – каралева.
Гаштольд – канцлер.
Я н – епіскап віленскі.
Альбрэхт – герцаг прускі.
Вартаўнік.
Чалавек у чорным.
Маргарыта – жонка Скарыны.
Раман – пляменнік Скарыны.
Іван – брат Скарыны.
Бабіч Якуб – найстаршы бурмістр Вільні.
Астрожскі Канстанцін – гетман Вялікага княст-
ва Літоўскага.
Гусоўскі Мікола-паэт.
Лонгій Мацей – павераны Скарыны.
Скаргардыян Валянцін-бурмістр Познані.
Войт.
Лаўнікі і радцы.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
I
Познань. У цеснай вязніцы на драўлянай лаве, прыкаванай да сцяны, сядзіць Скарына . Замест вопраткі па небараку лахманы. Ён паднімае галаву, прыслухоўваецца. Здалёк чуецца сумная-сумная песня.
Як было ў мамкі да тры донькі,
Да пайшлі ж яны ў бор па ягадкі.
Адна донька ўтапілася,
Другую доньку звяры з'елі.
Другую доньку звяры з'елі,
Трэцюю доньку татары ўкралі.
Скарына сціскае галаву рукамі. Лязгаюць запоры. Адкрываюцца дзверы. Уваходзіць Вартаўнік. Ён прыносіць ваду і хлеб і моўчкі падае вязню. Той бярэ прынесенае, з удзячнасцю схіляе галаву. Есць няспешна, з павагаю да вады і хлеба. Вартаўнік назірае за ім.
В а р т а ў н і к. Чы пан зна цэнэ хлеба?
С к а р ы н а. Так, пан ведае цану хлебу...
В а р т а ў н і к (пасля паўзы). Валацуга?..
С к а р ы н а. Валацуга... ды яшчэ які...
В а р т а ў н і к. Далёканька ж цябе занесла, нябога.
С к а р ы н а. Мяне яшчэ не так заносіла...
В а р т а ў н і к. Выходзіць, пабачыў свету?
С к а р ы н а. Пабачыў, хоць і не так многа, як бы хацелася...
В а р т а ў н і к. І дзе ж цябе яшчэ нялёгкая насіла?
С к а р ы н а. Калі мне было гадоў 14, занесла ў Кракаў да палякаў, а як споўнілася 17, падаўся я ў Капенгаген да датчан, пасля 22-х апынуўся сярод італьянцаў у Падуі, адтуль накіраваўся ў Прагу да чэхаў, у 27 вярнуўся дамоў, потым занесла мяне Вітэнберг да немцаў, у Кёнігсберг да прусакоў, а зараз, як бачыце, у Познань зноў да палякаў. Між іншым, Маскву таксама не абмінуў...
В а р т а ў н і к (з зайздрасцю і недаверам ). Палётаў, голуб!..
С к а р ы н а. Палётаў бы яшчэ, ды крылы звязаны...
В а р т а ў н і к (нечакана). І ўсюды краў?..
С к а р ы н а (здзіўлена). Чаму краў?..
В а р т а ў н і к. Каб папрасіць, трэба ж ведаць па-нямецку, і па-дацку, і па-чэшску! А італьянцы?!.
С к а р ы н а. Я яшчэ магу прасіць па-руску, па-грэчаску, па-яўрэйску і на... латыні...
В а р т а ў н і к (з недаверам). Трапляліся мне прахвосты, а такіх, як ты, яшчэ не было!
С к а р ы н а. І не будзе!.. А мо ў наступным стагоддзі і народзяцца...
В а р т а ў н і к. Але ж ты нарадзіўся?..
С к а р ы н а. Я апярэдзіў час... Гадоў гэтак на сто-паўтараста.
В а р т а ў н і к. Прахвост няшчасны!..
С к а р ы н а (без крыўды і нават з усмеш кай).Памыляешся, шаноўны. Перад табой чэсны і... даволі шчаслівы чалавек...
В а р т а ў н і к. Влазнаваты ты, а не шчаслівы. І ўпякуць цябе паны суддзі за валацужніцтва туды, дзе ты яшчэ не быў...
С к а р ы н а. Мяне не за валацужніцтва, мяне за даўгі ўпякуць.
В а р т а ў нік. І многа ты напазычаў?
С к а р ы н а. Кажуць, нібыта 206 коп грошаў.
В а р т а ў н і к (аж прысеў). Колькі?!.
С к а р ы н а. 206 коп.
В а р т а ў н і к. Дык гэта ж статак коней. Такіх грошай у Лазара з Мойшам не будзе!
С к а р ы н а. Будзе!.. Калі з мяне суд спагоніць, то ў Лазара і Мойшы будзе больш якраз на 206 коп.
В а р т а ў н і к (з іроніяй). А ты часам не Радзівіл будзеш? Ці мо сам Сапега?..
С к а р ы н а. Бяры вышэй!
В а р т а ў н і к. Дык жа некуды браць... вышэй.
С к а р ы н а. Сапраўды, вышэй некуды...
В а р т а ў н і к. Ілгаць, братка, таксама трэба ўмець...
С к а р ы н а. Бадай што, трэба...
В а р т а ў ні к. Тут і сумнявацца няма чаго, бо затаўкуцъ... Хочаш анекдот?.. Не бойся, не пра караля з каралеваю...
С к а р ы н а. Калі не пра караля, то хіба што...
В а р т а ў н і к. Быў у нас такі Янка – ілгаў, недавядзі бог. Яму ўжо не тое што суседзі, родныя дзеці не верылі. Дык прыходзіць ён аднойчы да свайго дзядзькі, а той і кажа: салжы, пляменнічак, толькі гладка,– авечку дам. Няма, адказвае, часу лгаць,– бяры, дзядзька, венікі і прыходзь у лазню. Прыйшоў дзядзька з венікам, а лазня, вядома, не топленая. (Весела рагоча.) Я тут усялякіх нагледзеўся, але, калі шчыра,– ты мне даспадобы. Люблю вясёлых.
С к а р ы н а. Дзякуй на добрым слове.
В а р т а ў ні к. Ілжы на здароўе – у мяне ўсё роўна авечкі няма. А хлеба дабаўлю.
С к а р ы н а. Шчыра дзякую.
В а р т а ў н і к. Дзякуй на зуб не пакладзеш.
С к а р ы н а. Многа есці шкодна.
В а р т а ў н і к. Сказаў бы нехта іншы, можа б, я і паверыў.
С к а р ы н а. Ты мне павер – я лекар.
В а р т а ў н і к. Можа, ты яшчэ поп ці ксёндз? Тыя таксама пасты хваляць.
С к а р ы н а. Я і не поп, я і не ксёндз, хоць нейкае дачыненне да царквы і паствы маю... І, можа б, ты да кашталяна турмы схадзіў і сказаў яму, каб ён мне маю Біблію вярнуў. Скажы, з Богам захацеў даўжнік-бадзяга пагаварыць.
В а р т а ў н і к. Там будзе відаць... А малаком я з табой падзялюся. Мне мае мальцы вечарам яшчэ прынясуць. Харошыя ў мяне мальцы растуць... што па-польску, што па-палачанску сякуць – аж ад зубоў адскоквае. І Псалтыр, як рэпу, грызуць...
С к а р ы н а (нечакана). З полькай ажаніўся, а сам з Полацка будзеш?..
В а р т а ў нік (насцярожана ). А табе скуль ведаць?!
С к а р ы н а. Хлопцаў "мальцамі" называюць толькі на Полаччыне. Дзе ні быў – і ў Гародні, і ў Навагародку, у Нясвіжы, Міры, Слуцку, Клецку, Мазыры, Тураве – толькі хлопцы. А ў Полацку мальцы.
В а р т а ў н і к. Чаго не ведаў, таго не ведаў. А мальцы, яны і ёсць мальцы. Хлопцы – то ад халопаў. А каму халопам быць ахвота?
С к а р ы н а. Я і пра нятопленую лазню з авечкаю ў Полацку чуў. Землякі мы, выходзіць, з табою, служывы.
В а р т а ў н і к (адчужана, адступаючы да дзвярэй). Хопіць языком мянціцьі А то ты да мяне і ў сваякі напросішся. Пры службе я – разумець трэба, і палёгкі не чакай. Палёгку суд дае, а я па-чалавечы паспачуваць магу. І граху ў тым не бачу.
Якія б яны ні былі, а ўсе людзі – чалавекі. (Забраўшы конаўку. выходзіць.)
Грымяць заноры.
С к а р ы н а (задуменна). Усе людзі – чалавекі...Усе людзі – чалавекі... Адкуль жа тыя здрада, вераломства, ліхвярства, ілжывасць?.. Сам, сваёю рукою ў закон каралеўскі і велікакняжацкі першым артыкулам запісаў аб адказнасці за паклёпы і абгаворы. І тым не менш у турме не паклёпнік, а я, Францыск, сын Скарынін... у якасці валацугі, што збег ад даўгоў, якіх ніколі і ні ў кога не пазычаў. О свет! О людзі-чалавекі... Хіба не для вас законы ў душах вашых і на паперы напісаны для паспалітага добрага?!. (Зноў чуе песню.)
Ой, не так жаль тое, што ўтапілася,
Ой, не так жаль тое, што зверы з'елі.
Ой, не так жаль тое, што зверы з'елі,
Вельмі жаль тое, што татары ўкралі...
(Садзіцца на лаву, заціскае вушы.)
Святло згасае, у цемры з'яўляюцца прывіды Маргарыты, а потым Бабіча, Астрожскага, Максіма Грэка, Івана, Гусоўскага.
М а р г а р ы т а. Што ты клічаш мяне, любы? Хіба не ведаеш, што я два гады таму, як памерла? Калі б жывая была, хіба не прыйшла б? Хіба не прыбег-
ла б? Зязюлькаю шэраю, галубкаю шызаю, ластаўкаю імкліваю не прыляцела 6? А што не забыў – паклікаў, дзякуй. Ці ж не я была тваёю адзінаю, тваёю любаю? Ці ж не я была табе памочніцай і дарадчыцай? Ці ж не я нарадзіла табе двух сыночкаў? Кахала, як умела, аберагала, як магла. Толькі мінула маё лецейка. Як жа я адсюль дапамагу табе, любы мой, адзіны мой, гаротны мой?!. Цярпі! Трымайся! Ёсць жа Бог на свеце, хоць ты ніколі на яго вельмі не спадзяваўся. Да людзей найбольш былі
твае малітвы. Ды не ўсе, відаць, іх слухалі. А сярод тых, што пачулі, як бачыш, звяры драпежнъш трапіліся. Ад іх паратунку не чакай. Цяпер уся надзея на Якуба Бабіча... (Знікае.)
Б а б і ч. Адкуль ведаць табе, бедная жанчына, што ў хуткім часе і я пайшоў за табою. І карысці з Якуба Бабіча памерлага аніякае. Не крыўдуй. Не спадзявайся. Найстаршы бурмістр слаўнага горада Вільні бездапаможны. Не папракай, дружа,-
справу тваю кніжную я падтрымліваў, колькі мог. Гапарыўся дружбай з табою, рад быў аддаць дом свой пад друкарню тваю, што была і застанецца першаю ў нашым краі. А што згарэла яна з домам маім – бяда вялікая і няўцешная, калі ж лічыць,
што тры чвэрці самога горада згарэла... Дасць Бог, выблытаешся з цянётаў, пераможаш здраду і каварства і зноўку сваю вялікую справу распачнеш. Канстанціну Астрожскаму пакланіся. Гетман дапаможа. Ён міласнік царквы, школы і кнігі, якіх у княстве нашым мала. (Знікае.)
А с т р о ж с к і. Бабіч, Бабіч! Ведаць бы табе, што вялікі мор на Белай Русі следам за табой і мяне звёў у магілу. Якая ж карысць другу нашаму кланяцца
памерлым? Яны ж дапамагчы не могуць.
С к а р ы н а (як стогн). На Маскву, на цябе, Максім Грэк, былі ўсе мае спадзевы!..
М а к с і м Г р э к. Рады я, што памятаеш мяне, што не забыў сустрэчы нашы. Не здзіўляйся, што зайздрошчу лёсу твайму, хоць абодва мы ў няволі. Розніца толькі ў тым, што ты чацвёрты месяц, а я шосты год. А белая зайздрасць толькі з тае прычыны, што ты здзейсніў мару і справу свайго жыцця. На Маскве ж паміраюць за адзіную літару "аз". Мужайся і памятай, што на свеце ёсць людзі, якія маюць жыццё, але ўжо не маюць надзеі. А ты яшчэ жывы і, дасць Бог, Фартуна павернецца да цябе тварам. Мужайся, брат мой! (Знікае.)
З'яўляецца Іван Скарына.
С к а р ы н а. Што ж ты нарабіў, браце мой, Іване?! Хіба ж так здраджваюць родным?!
І в а н. Не судзі мяне строга за тое, што пакінуў пасля сябе адны даўгі. Не згарэла б наша друкарня ў Вільні, і я, відаць, пажыў бы яшчэ. У полымі тым
загінула твая мара, а мае грошы. Сэрца і не вытрымала нашага канчатковага краху. Калі дасць Бог сыну Раману разлічыцца з даўгамі і зноў паставіць на ногі купецкую справу і славу Скарынічаў, можа, ён табе і дапаможа. А можа, і не варта. Можа, пустое ўсё гэта, друкарства наша...
А с т р о ж с к і (строга). Як жа можна так, Іван, сын Скарынін?! Мы з табою памерлі, а яму жыць, і справе кніжнай жыць! Не мне табе расказваць, як менавіта яна, кніга, школа, адукацыя, абнаўленне царквы ўскалыхнулі дзяржавы і вялікія, і малыя. Можа, ёй, асвеце, і суджана прымірыць людзей, пазбавіць вайны і смерці. Колькі жыў, столькі і ваяваў гетман Канстанцін Астрожскі. Больш за 60 разоў перамог крымчакоў на поўдні дзяржавы, не раз біў маскалёў на яе ўсходзе. Зведаў ганьбу палону ў вялікага князя маскоўскага. І ўцёк з яго, каб зноў змагацца з находнікамі і набежнікамі за непадлегласць дзяржавы нашае. А паміраючы, зра-
зумеў: мала рупіўся князь Астрожскі аб справе мірнай, кніжнай, асветніцкай і святой, каб не звярэлі людзі, не зводзілі адзін аднаго са свету, не сеялі
зайздрасць, ярасць і нянавісць. Паміраючы, зразумеў, што моц дзяржавы, яе сіла і годнасць не столькі ў моцы зброі, колькі ў_моцы духу, згодзе, супольнасці, другалюбстве.
І в а н. Добра гаворыш, гетман, а што мы маем на справе? Выбітыя і вымерлыя сёлы, спустошаныя гарады, здратаваныя нівы і здзічэлыя гоні, заняпалы гандаль. А наперадзе новыя войны, паборы, ахвяры!.. Якія ўжо тут кнігі?!.
Асвятляецца Мікола Гусоўскі, а за ім і ўсе тыя, каго мы ўжо бачылі.
С к а р ы н а. Я чакаў цябе, Мікола!..
Г у с о ў с к і. Цела маё амаль памерла, але душа яшчэ не адляцела. (Пачынае чытаць па памяці.)
"...Бачу я з найвялікшым для сябе жалем і, зразумела, з пэўнай стратай для дзяржавы, што славуцейшыя сэрцы зусім не паважаюцца. Яны з-за матэрыяльнай нястачы і беднасці цалкам не могуць сябе праявіць. Бачу я таксама, што ёсць нямала людзей, якія валодаюць і багаццем і талентам. Але калі яны заўважаюць, што вучоных, мастакоў і паэтаў так мала шануюць і паважаюць, то імкнуцца больш узбагачацца, чым ахарошваць душу...
Дзяржава абапіраецца больш на мужнасць духу, чым на сілу цела, пра што сведчаць як грэкі, так і рымляне. Іх магутнасць квітнела найбольш тады, калі расцвіталі навукі. А як толькі пачалі нікнуць таленты, сілы іх згаслі, а з заняпадам апошніх абрушылася іх дзяржава і ўсталявалася рабства. Таксама і ў нас...
Хоць нам не ўласцівыя ні норавы, ні звычаі старажытных, аднак вечная сіла неба і мужнасць нашага воіна-ратніка не падвядуць, як справа дойдзе да зброі, калі толькі мы, бяззбройныя, не будзем раздушаны нейкім наканаваным няшчасцем, ці, ясней кажучы, спрытным круцельствам некаторых і сваёй бяздзейнасцю..."
Усе прывіды знікаюць. Вязніца патанае ў цемры. Чуваць толькі спеў Скарыны і Маргарыты:
Ой, скінусь я ды зязюлькаю,
Да маленькаю, да рабенькаю.
Да маленькаю, да рабенькаю.
Да маленькаю, да рабенькаю.
Да палачу ж я к доньцы ў госці...
ІІ
Сцэна асвятляецца.
У дзвярах стаіць Вартаўнік.
В а р т а ў н і к. Спяваеш, няшчасны?..
С к а р ы н а (цытуе па памяці). "В певнице ест справедливость, там ест чистота, душевная и телесная. Там ест наука всякое правды. Там мудрость и разум совершеный. Там ест милость и друголюбство без ильсти и вси иные добрые нравы, якобы со источника оттоле походять. ...Псалмы якобы сокровище всих драгих скарбов, всякии немощи, духовныи и телесныи, уздравляють, душу и смыслы
освещають, гнев н ярость усмиряють, мир и покой чинять, смуток и печаль отгоняють, чувствие в молитвах дають, людей в приязнь зводять, ласку и милость укрепляють, бесы изгоняють, ангелы на помощь призывають..."
Вартаўнік садзіцца на лаўку, доўга маўчыць. Відаць, словы Скарыны ўразілі яго.
В а р т а ў н і к. Я таксама іншы раз спяваю... як вып'ю. Занятак у мяне, братачка, такі, што нікому добраму не пажадаеш... Бывае, што і вінаватых шкада, а не вінаватых яшчэ больш шкада. А паспрабуй разбярыся, як каго судзіць, калі суддзі іншы раз не могуць. Вось ты, галота няшчасная, а як цябе судзіць? То дурнем прыкідваешся, лухту нясеш, то Біблію просіш. Пра песню сказаў, як іншы і
не змог бы. А колькі вас, няшчасных, прайшло перада мною. Я іншы раз і забойцу лічу няшчасным. Хіба чалавек ад радасці забівае? Даносы, злоба, паклёпы людзей і з дарогі і са свету зводзяць. Вось у песні пра дзяўчыну, што татары звезлі. А іх жа, такіх зязюлек нашых, тысячы тысячаў чумазлаі ў палон звозяць. А мы заместа таго каб бараніцца сукупна, між сабою тузаемся і адзін другога са свету зводзім. Зямля асірацелая крычыць нема, і людцы стогнуць. Усіх шкада... акрамя канакрадаў. Ты часам не канакрад?..
С к а р ы н а (весела смяецца). Не, я горш...
В а р т а ў н і к. Горш за канакрада нікога не бывае!
С к а р ы н а. Я бакалаўр, магістр і яшчэ ў навуках вольных і лекарстве доктар.
В а р т аў н і к ( устае з лаўкі, абыякава). Хопіць брахаць. А калі ўжо брэшаш, то меры не губляй. Я, між іншым, да цябе як да чалавека...
С к а р ы н а. Як да чалавека, кажаш, а Біблію не прынёс...
В а р т а ў н і к ( задзірыста ). Чаму гэта не прынёс? Цэлы стос прывалок. Кашталян адлічыў – аж дваццаць тры кнігі. І яшчэ дзве ў прыдачу, праўда,
адна вельмі маленькая. ( Вымае з-за пазухі «Малую падарожную кніжку», аддае Скарыне.)
Скарына нечакана цалуе Вартаўніка.
С к а р ы н а ( усхвалявана ). Любы ты мой чалавеча!
В а р т а ў н і к ( адчужана, паступіўшы ад Скарыны ). А вось гэтага не трэба! Я табе не любы, і ты мне не сваяк. Мне далі – я прынёс... Скажуць адабраць – адбяру.
С к а р ы н а. Дык дзе ж яны... астатнія?!
В а р т аў н і к (паблажліва). Я да цябе не наймаўся пуп надрываць. Выйдзі і вазьмі. (Адчыняе дзверы.)
Скарына выходзіць пад наглядам Вартаўніка і вяртаецца а важкім клункам кніг, завязаных у посцілку. Кладзе яго на лаўку, развязвае рагі посцілкі, гладзіць
кнігі рукою, складае ў стос.
С к а р ы н а (вельмі пранікнёна ). Якую ж ты мне радасць прынёс, добры чалавек!
В а р т а ў н і к. А навошта табе столькі?..
С к а р ы н а. Мне не трэба. Я табе хацеў паказаць.
В а р т а ў нік. Навошта, калі я ў грамаце...
С к а р ы н а. Каб ты паверыў, што я не забойца, не бадзяга, не канакрад... што я не толькі чалавек сумленны, але і не дурны...
В а р т а ў н і к. А пры чым тут кнігі?
С к а р ы н а. Я зрабіў іх уласнымі рукамі. Сам, разумееш?
В а р т а ў н і к (збянтэжана). Як сам?!
С к а р ы н а. Ну, не адзін, вядома,– з сябрамі, з таварышамі...
В а р т а ў н і к. Дык ты мо і сам чытаць умееш?!.
С к а р ы н а. Я і пісаць яшчэ ўмею. (Смяецца)
В а р т а ў н і к. Акрамя смеху?..
С к а р ы н а. Магу паклясціся...
В а р т а ў н і к. Перахрысціся!
Скарына хрысціцца.
Я разумею, калёсы там зрабіць, хамут ці барану...А чаму гэта менавіта ты за кнігі ўзяўся?..
С к а р ы н а. А больш не было каму.
В а р т а ў н і к. Як гэта не было? Манахі гэтым у Полацку спрадвеку займаліся. Іх гэта справа... і тут, у Познані.
С к а р ы н а. Справа якраз у тым, што перапісваў я гэтыя кнігі з незразумелай латыні полацкімі словамі, каб дзеткі паспалітыя і людзі простыя разумець маглі.
В а р т а ў н і к (захоплены пачутым ). І даказаць гэта можаш?!.
С к а р ы н а. Магу... Ты толькі сядай.
В а р т а ў н і к. Пакуль разам з табою не пасадзілі, пастаю...
С к а р ы н а. Ну, пастой сабе. (Бярэ кніжку. адгортвае старонку: чытае больш па памяці, чым па тэкце. ) «В сей книзе всее прироженое мудрости зачало и конець... В сей книзе вси законы и права, ими же люде на земли справоватися имеють, попи-
ваны суть... В сей книзе вси лекарства, душевные и телесные зуполне знайдете. Ту навчение филозофии добронравное, яко любити Бога для самого себе и ближнего для Бога, имамы...
Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполнай Бивлии, Псалтыру, чти ее...»
В а р т а ў н і к. Распавядаеш прыгожа, і паверыць хочацца, а не магу... Не, калі заплюшчыць вочы, можа б, і паверыў, што ты ўсё гэта сам у кнігу ўставіў, а як гляну на тваё рыззё – не магу.
С к а р ы н а (падае кнігу). Тады патрымай... пагартай...
В а р т а ў н і к. А што з таго?..
С к а р ы н а. Ну, хоць на выявы паглядзі!.. Я іх сам маляваў і ў кнігі ўставіў. ( Цытуе па памяці.)«А для таго, абы братия моя Русь, люди посполитые, чтучи могли лепей разумети...»
В а р т а ў н і к (разглядае малюнкі і з захапленнем, і са здзіўленнем, і са страхам). А гэта хто?..Хрыстос ці мо епіскап які?..
С к а р ы н а. Гэта – я...
В а р т а ў н і к. Як – ты?!
С к а р ы н а. А так, як бачыш: уласнай персонаю, толькі не ў лахманах, ад якіх у цябе такі недавер, а ў доктарскай мантыі...
В а р т а ў н і к ( з недаверам і злосцю ). Значыцца, ты яшчэ і святы?!. Каго толькі ў маёй вязніцы не было, а святыя яшчэ не трапляліся... (Крычыць.)Прахвост ты, манюка, а не святы! І хопіць мяне ў дурні ўшываць!.. А даведаюся, што канакрад, я цябе валацугу...
С к а р ы н а. Не гарачыся. Прыгледзься да мяне і да маёй выявы. ( Становіцца бліжэй да святла, прыгладжвае валасы, вусы.) Там жа ўнізе так і напісана: (цытуе) «Прото я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарскых науках доктор, разумея сее, иже без страху Божня, без мудрости и без добрых обычаев не ест мощно, почстиве жити людем посполите на земли, казал есми тиснути книги
сии руским языком напред ко чти и к похвале створителю, спасителю, утешителю Богу... потом людем простым посполитым к пожитку и ко розмножению добрых обычаев, абы, научившися мудрости, добре живучи на свете, милостивого Бога хвалили...»
Пакуль Скарына па памяці чытае гэтыя словы, Вартаўнік збянтэжана глядзіць то на яго, то на выяву ў кнізе.
В а р т а ў н і к. Францішак?! Ты той самы Францішак, сын старога купца Лукі Скарыны?!.
С к а р ы н а. Той самы, якога ты, Янка, вучыў некалі плаваць і які чытаў табе на Барысавым камені, што ляжыць на стрыжні Дзвіны, загадкавае і старажытнае: «Господи, помози рабу своему Борису».
Вартаўнік кідаецца ў абдымкі да Скарыны.
В а р т а ў н і к (крыху супакоіўшыся). Што ж ты мне колькі дзён галаву тлуміш?!.
С к а р ы н а. Прыглядаўся. Мальцаў хацеў тваіх пабачыць. Ці падобныя, думаю, на бацьку ў свае гады...
В а р т а ў н і к (вельмі таропка ). Чым дапамагчы?!. А можа, сёння не і збяжым?!. Мне толькі мальцаў папярэдзіць, а мая пані Анэлька за мной на край свету з'едзе. І што мне ў гэтай Познані?!.
С к а р ы н а. Барані Божа – ніякіх уцёкаў. Не канакрад жа я,сапраўды!
В а р т а ў н і к. Дык а што тады?!.
С к а р ы н а. Прынясі мне аркуш паперы, чарніла і пяро. Я напішу ліст аднаму чалавеку, і мярзотнікі, якія надзелі на мяне гэтае рыззё, у зубах прынясуць мне доктарскую мантыю!
В а р т а ў н і к (узбуджана глядзіць на Скарыну, абыходзіць яго вакол, дакранаецца да кнігі). Ай, Францішак! Ай, братачка! Калі ты мне пераказваў
знакі з Барысава каменя, я мог бы здагадацца, што далёка пойдзеш! Але каб у твае гады, жывым... у святыя?!. Згубіш ты галаву, чалавек...
С к а р ы н а. Мне і кароль пра тое казаў.
В а р т а ў н і к (збянтэжана). Як – кароль?!.
С к а р ы н а. Быў выпадак.
Сцэна зацямняецца.
ІІІ
З успамінаў Скарыны
Кракаў. Тронная зала. На троне кароль польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Жыгімонт І Стары. Яму каля шасцідзесяці. Ён зняў чаравікі і падабраў ногі на трон. Карону павесіў на старчак спінкі трона злева. На старчаку справа вісіць «дзяржава». Кароль салодка спіць. Відаць, яму сніцца прыемны сон. Увахоцзіць каралева Бона. Надзвычай прыгожая, эфектная і вельмі экспансіўная жанчына. Ёй каля трыццаці, але выглядае намнога маладзейшай. Са здзекам і іроніяй глядзіць на караля, які падцягнуў пад сябе ногі і хавае пад пахі рукі, каб было цяплей. Нешта мармыча праз сон.
Б о н а. О, Санта Мадонна! Можа, прачнемся, ваша вялікасць?!. Прэсто! Прэсто!
Ж ы г і м о н т ( падхапіўшыся, перапалохана і таропка абувае чаравікі). Такі быў сон!.. Такі сон...
Б о н а ( надзявае каралю карону, дае ў рукі «дзяржаву» ). Ноччу, ноччу, ваша каралеўская вялікасць, будзеце сны глядзець...
Ж ы г і м о н т. Ноччу, мая слаўная каралева, як і заўсёды, я буду глядзець на вас, і не ў сне, а наяве...
Бона (сур'ёзна). Жартаваць, між іншым, таксама будзем ноччу...
Ж ы г і м о н т (не расшалопаў здзеку ). Была б ваша воля...
Б о н а (смяецца). Мая воля будзе... была б ваша моц.
Ж ы г і м о н т (разгублена і вікавата). Ну... тут ужо, як выпадзе...
Б о н а. О, Санта Мадонна! ( Садзіцца на свой трон, звоніць у званочак.)
З'яўляецца канцлер Гаштольд, схіляе галаву.
Яго вялікасць хоча бачыць доктара Скарыну і епіскапа Яна. ( З'едліва. ) Не лішнімі і вы будзеце, шаноўны канцлер...
Пакланіўшыся, канцлер выходзіць і вяртаецца зараз жа са Скарынай і епіскапам Янам. Запрошаныя вітаюць караля і каралеву нізкімі паклонамі. Усе апрануты
згодна сваіх пасад і званняў. Скарына – у доктарскай мантыі і берэце, які не здымае нават перад каронай.
Ж ы г і м о н т. Мы хацелі б прасіць нашых шаноўных канцлера і епіскапа даць магчымасць многавучонаму і знакамітаму мужу Францыску, сыну Скарыніну, пазнаёміцца з канчатковым тэкстам Статута Вялікага княства Літоўскага, да якога б ён прыклаў сваю руку і розум, які мы высока цэнім, і менавіта да таго, як вынесці названы збор законаў княства нашага на зацвярджэнне сейма.
С к а р ы н а (нечакана). Калі ваша вялікасць дазволіць, я скажу, што гэта справа мною ўжо зроблена ў межах маіх здольнасцей...
Б о н а ( здзіўлена ). О-о!
Ж ы г і м о н т. Але ж Статут, распрацаваны пад апякунствам нашага канцлера (глядзіць на Гаштольда ), быў толькі ў нас (глядзіць на каралеву) і ў епіскапа Яна.
С к а р ы н а. Я не быў бы Францыскам Скарынай, калі б упусціў магчымасць пазнаёміцца і ўнесці сваю лепту ў святую справу вашай вялікасці, якая робіцца на карысць маёй Айчыны.
Б о н а (з'едліва). На карысць нашага каралеўства і нашага княства, хацеў сказаць слаўны доктар.
С к а р ы н а. Менавіта так, мая слаўная каралева...
Ж ы г і м о н т. Вы наважыліся зараз жа і выказаць свае заўвагі?..
С к а р ы н а. Менавіта так, ваша вялікасць. .. І, з вашага дазволу, не столькі заўвагі, колькі прапановы...
Б о н а (паспешліва). Мы слухаем вас, доктар...
Ж ы г і м о н т. Так, слухаем...
С к а р ы н а. Пры ўсёй важнасці і каштоўнасці зробленага па абагульненні законаў і прывілеяў нашага княства, Статуту, як мне здаецца, неабходна надаць пэўную стройнасць, як усякаму твору высокай навукі і мастацтва. 1 перш-наперш прымяніць строгую сістэму і структуру размяшчэння прававых нормаў. А таксама ўключыць тыповыя і абагульненыя нормы, якія ў першую чаргу тычыліся б дзяржаўнай юрысдыкцыі і дзяржаўнага кіравання.
Б о н а. Даруйце, але мяне здзіўляе, як вы маглі не заўважыць сістэмы і структуры?!.
С к а р ы н а. Справа ў тым, што я хацеў бы прапанаваць сваю...
Б о н а. Наш доктар не памрэ ад сціпласці...
С к а р ы н а (весела і прыязна). Мая слаўная каралева, сапраўды, я, відаць, памру ад нечага іншага, бо не змагу адмовіцца ад таго, што ўжо ведаю.
Б о н а. Пабойцеся Бога, доктар, вашы грахі ў яго на ўліку.
С к а р ы н а. Бог і кароль мне найвышэйшыя суддзі.
Б о н а. Але ж навошта нажываць сабе ворагаў?
Я н. Ваша прыязнасць, яснавяльможная каралева, да доктара Скарыны ведама і Богу і каралю.
Б о н а (са злосцю ). Санта Мадонна!..
Ж ы г і м о н т (строга). Ян! Я не дзеля таго цябе сюды паклікаў...
Я н (нібы пакорліва ). Палюбіце адзін аднаго, як Бога нашага і памазанніка яго...
Б о н а (са злосцю). Амін! Прэсто! Прэсто, доктар Скарына!
Ж ы г і м о н т. Гаварыце, доктар!
С к а р ы н а. Раздзелам першым бачу законы, дадзеныя дзяржаве, нашаму Вялікаму княству Літоўскаму, Рускаму, Жамойцкаму. Другі раздзел – аб абароне земскай; трэці – аб вольнасцях щляхты. Найгалоўнейшым жа лічу сцвярджэнне суверэнітэту
дзяржавы насуперак існуючаму касмапалітызму. А яшчэ адзінства права і прыярытэт пісанага права перад правам звычаёвым. Я запісаў бы літаральна: жадаем і пастанаўляем і на вечныя часы павінна быць захавана, што ўсе нашыя падданыя як бедныя, так і багатыя, якога б саслоўя і становішча яны ні былі, роўна і аднолькава павінны быць судзімы па гэтых пісаных законах, а калі б суддзі судзілі інакш, то павінны былі б самі быць судзімы. Без гэтага, пан канцлер, сейм зноў адхіліць праект Статута.
Б о н а ( з мілай усмешкаю ). А гэта ўжо не вашы турботы, пан доктар!
Скарына надоўга замаўкае.
Ж ы г і м о н т. Гаварыце, доктар.
С к а р ы н а. Таксама ніхто не павінен быць пакараны і прыгавораны за чужое злачынства, а толькі той, хто вінаваты. І ніхто не павінен быць пакараны, калі яго віна не будзе ўстаноўлена судом,– ні жонка за злачынства мужа, ні бацька за злачынства сына, ні сын за бацьку, а таксама ніхто з родзічаў, ні слуга за пана.
Б о н а. А пра гэта трэба яшчэ падумаць.
Г а ш т о л ь д. Думаць – не толькі высокае прызванне, але і абавязак дзяржаўцаў.
Б о н а ( дзёрзка ). Каралю, як і каралеве, вядомы іх абавязкі!
Ж ы г і м о н т. Кароль за сябе сам скажа! (Больш мякка.) А падумаць – не пашкодзіць.
Б о н а. І хоць бы таму, што вядома, як будуць сябе паводзіць бацькі-злачынцы, калі загадзя вызваліць ад адказнасці іх дзяцей...
С к а р ы н а. Тым не менш час няўмольна патрабуе, яснавяльможная каралева...
Б о н а ( з усмешкаю ). Вы многа бачылі і многа ведаеце, доктар, але павучаць караля і каралеву...
Ж ы г і м о н т. А я асабіста люблю паслухаць разумных людзей. Не фальваркам, дзякаваць Богу, правім, а каралеўствам.
Б о н а. І яшчэ, між іншым, княствам... Вялікім княствам Літоўскім!
Ж ы г і м о н т (стрымана). Калі б я правіў ім «між іншым», аднаму Богу вядома, пад чыёй рукой яно было б сёння...
Я н. Сапраўды...
Бона аж перасмыкаецца ад рэплікі Яна.
Ж ы г і м о н т. Гаварыце, доктар...
С к а р ы н а. Я хацеў бы падтрымаць канцлера і ў першую чаргу прапанаваць такі запіс: згодна Статуту яго вялікасць кароль Польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага абавязваюцца захоўваць і берагчы цэласнасць дзяржавы.
Ж ы гі м о н т. Гэта і так вядома.
Г а ш т о л ь д (настойліва). Ваша вялікасць, абставіны ўнутры каралеўства і княства, а таксама за яго межамі патрабуюць гэтага запісу. Многа ў чым я мог бы не пагадзіцца з доктарам Скарынай, але толькі не ў гэтым.
Б о н а. Дзіўнае аднадушша...
С к а р ы н а ( пакланіўшыся Гаштольду ). Да вышэйсказанага я дадаў бы наступнае: мы, кароль польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага,
таксама абяцаем, што ў землях Вялікага княства ні мы, ні нашы нашчадкі нікому з чужынцаў не будзем даваць ва ўласнасць і ўтрыманне зямель, замкаў, гарадоў і якіх бы там ні было званняў і чыноў, але толькі мясцовым ураджэнцам тых зямель нашага Вялікага княства.
Б о н а. Санта Мадонна! Да гэтага нават пан канцлер не дадумаўся...
Я н. На гэтым пан канцлер з панам доктарам пасябруюць.
Г а ш т о л ь д. У пана доктара не ўсё так блага, як пану біскупу часам падаецца.
Я н (зводзіць на жарт). Вось бачыце...
Г а ш т о л ь д. А калі б хто-небудзь з падданых збег з нашай дзяржавы ў зямлю нашых непрыяцеляў, то пазбаўляецца свайго гонару, а яго іменне спадчыннае, выслужанае і купленае не пераходзіць ні да дзяцей, ні да родзічаў, а толькі да вялікага князя.
Б о н а. Грацыо, пан доктар... Грацыо!
Ж ы г і м о н т ( глянуўшы на каралеву ). Разумна!
Б о н а. Хоць і не настолькі, каб гэтым захапляцца...
С к а р ы н а. А яшчэ не адбіраць у маёмасных людзей пасад і маёмасці без суда.
Г а ш т о л ь д. 1 нікому з саноўнікаў нашых не даваць дзвюх пасад.
Б о н а. Я і гэта павінна ўзгадняць з вамі?!.
Г а ш т о л ь д. Не са мною, але з законам...
Б о н а (амаль крычыць). Баста! Ніколі!
С к а р ы н а. А яшчэ – публічнасць здзяйснення правасуддзя пры роўнасці бакоў у працэсе і права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката.
Г а ш т о л ь д. І ніхто не адказвае за чужую віну.
С к а р ы н а. А каб папярэдзіць паклёпы, даносы і нагаворы, першым жа артыкулам першага раздзела першага кодэкса нашага я запісаў бы на абарону
дзяржавы і яе падданых: калі б хто агаворам-паклёпам абвінаваціў каго і абвінавачаны павінен быў бы падлягаць ганьбаванню ці смяротнай кары, ці канфіскацыі маёмасці, ці якому іншаму пакаранню, тады той, хто агаварыў іншага, але не прадставіў доказаў, сам павінен панесці такое пакаранне. Менавіта гэтая норма зберагла б не толькі падданых дзяржавы, але і яе гонар паміж дзяржавамі. Даносы і паклёпы вынішчаюць людзей не горш, чым войны, паморкі і татарскі палон.
Каб залішне не стамляць вашу каралеўскую вялікасць, я змаўкаю.
Б о н а (іранічна). Мы ўдзячны знакамітаму доктару. Ва ўсякім разе, становіцца зразумелым, чаму шляхта на сеймах ігнаруе волю караля і не прымае Статут... Назавіце мне хоць адну дзяржаву, дзе законы манархаў так зацята адвяргаюцца падданымі ўжо больш за шэсць гадоў?.. Няма такіх дзяржаў!
Г а ш т о л ь д. Але ж не было яшчэ і такіх законаў...
Ж ы г і м о н т. Канцлер мае рацыю.
Б о н а. Якая карысць ад непрынятых законаў?
Г а ш т о л ь д. Законы будуць прыняты, але магнаты і паны-рада чакаюць ад нас уступак.
Б о н а. Не ад вас, а ад нас!
Г а ш т о л ь д. Яны патрабуюць ад кароны захаваць усе старыя пастановы, а новыя не прымаць без іх удзелу. Рада настойвае на літаральным запісе ў Статуце: вялікі князь бярэ на сябе абавязак дзяржаву яго міласці Вялікае княства Літоўскае і паноў-раду ні ў чым не прыніжаць... Гэта па меншай меры...