Текст книги "Прарок для Айчыны"
Автор книги: Аляксандр Петрашкевіч
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)
С к а р ы н а (бярэ скрутак). Еш дурань, бо то з макам...
В а р т а ў н і к. Не забыўся полацкай прымаўкі?..
С к а р ы н а. Памятаю...
Вартаўнік выходзіць. Грымяць запоры.
Сцэна зацямняецца.
ІХ
З успамінаў Скарыны
Кёнігсберг. Герцаг Альбрэхт праглядае ліст з падвешанай да яго пячаткай.
З'яўляецца Скарына.
С к а р ы н а (з паклонам). Рады вітаць вас, пан герцаг...
А л ь б р э х т. Рады вас бачыць, шаноўны доктар. Мне ўчора сказалі, што вы атрымалі ад сваіх блізкіх нядобрую вестку, якая вымагае часовага ад'езду
з Кёнігсберга.
С к а р ы н а. Так, ваша міласць, і толькі таму, каб знайсці справядлівасць у судзе і абараніць свае маёмасныя правы, парушаныя несумленнымі людзьмі... Хоць больш за ўсё мяне занепакоіла раптоўнае нагоршанне здароўя жонкі... Пры ёй двое
малых.
А л ь б р э х т. Вельмі вам спачуваю.
С к а р ы н а. Шчыра дзякую.
А л ь б р э х т (крыху напышліва). Спадзеючыся на наша хуткае спатканне, калі вы вернецеся да нас сям'ёю, і пацвярджаючы нашы самыя сардэчныя да вас адносіны, мы рады дапамагчы вам нашай просьбаю да слаўнага друга нашага канцлера Гаштольда быць да вас уважлівым і спагадлівым.
С к а р ы н а. Сардэчна дзякую вам.
А л ь б р э х т. Мне надзвычай прыемна зачытаць наша пасланне да пана канцлера, каб тым самым яшчэ раз выказаць нашу вам глыбокую павагу і самыя высокія ацэнкі вашай годнасці. І не доўгага нашага знаёмства было дастаткова, каб мы палюбілі вас назаўсёды.
С к а р ы н а. Вельмі крануты. Вельмі...
А л ь б р э х т ( не гучна, але ўрачыста чытае пасланне). «У абарону пана Францыска Скарыны з Полацка, доктара медыцыны.
Да пана Гаштольда, 16 мая.
Паклон шлём і ўсякае зычанне са шчырай гатоўнасцю нашай да ўчынення рознага роду міласцей. Знакаміты і высакародны, з выдатных сяброў найдаражэйшы.
Не так даўно прыбыў пад нашу ўладу выдатны і шматвопытны муж Францыск Скарына з Полацка, доктар прыгожых мастацтваў і медыцыны, даравіты выкладчык, падданы Вашай высокай Міласці і найслаўнейшага горада Вільні грамадзянін. Звярнуўшы
ўвагу як на яго сапраўдны і дзівосны талент, так і найвышэйшае майстэрства, якое ён дэманструе са здзіўляючым бляскам і вопытнасцю, якую набыў, відаць, не інакш як толькі праз сваю шматгадовую працу і падарожжы дзеля пазнання мноства ведаў,
мы міласціва прыпісалі яго да ліку і кола нашых падданых і верных мужоў і паставілі яго ў рад тых, да каго прыхільна адносімся...
Просім, каб вышэйназваны доктар Францыск, наш падданы і слуга, не быў пакінуты на волю лёсу, але, згодна з нашым пажаданнем і дзеля неабхоцнасці і нашага цеснага сяброўства, няхай Ваша слаўная Вялікасць будзе добры да яго, параіць і дапаможа ў яго справе з бесстароннасцю і справядлівасцю як чалавеку дастойнаму, рэкамендаванаму. За гэта мы Вам як сябру вельмі прыязнаму і ўсім Вашым з усякай рупнасцю і дбайнасцю
аддзякуем...
Дадзена ў Кёнігсбергу 16 мая 1530-га". ( Перадае грамату Скарыне.)
С к а р ы н а. Мне толькі і застаецца, што шчыраю і сумленнаю працаю пацвердзіць усё вамі сказанае.
А л ь б р э х т. Такое ж пасланне Віленскаму сенату я перадам вам перад ад'ездам.
Скарына схіляе галаву.
Сцэна зацямняецца.
X
Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Што ўдалося ў Кёнігсбергу?
Б о н а. Доктар зрабіў памылку, якую яму ніколі не выправіць.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Дакладней!
Б о н а. Паверыў хлусні нашага выведніка і не паверыў каралю.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м(настойліва). Дакладней!
Б о н а. Пры адным слове нашага выведніка, што яго жонка раптоўна захварэла, а сваякі накінуліся на спадчыну яшчэ не памерлай, доктар пакінуў Кёнігсберг і памчаў у Вільню.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Пры чым тут кароль?!.
Б о н а. Не так даўно кароль па просьбе доктара ўдзельнічаў у разглядзе судовай справы па абароне спадчыны яго жонкі. Суд вынес рашэнне, якім уся рухомая і нерухомая маёмасць замацоўвалася за жонкаю і дзецьмі доктара на вечныя часы, а яе родзічам было загадана «ў тым вечнае маўчанне меці».
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. А як доктар раскалупае правакацыю і вернецца да герцага?..
Б о н а. Не вернецца... Як толькі герцаг даведаўся, што доктар нахабна абакраў яго, тут жа напісаў абуральнае пісьмо канцлеру Гаштольду.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м (амаль урачыста).Францыск, сын Скарынін, у навуках вызваленых лекарстве доктар – злодзей! Не блага! Далібог, не блага! Пры такім спрыце шаноўная Бона Сфорца магла б быць і французскай каралеваю...
Б о н а. А тут ужо ваша прамашка... На карысць вашага ордэна я магла б паслужыць і іспанскаю і англійскаю каралеваю...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м (грозна). Язык!..
Б о н а. Я яшчэ не сказала, што ёсць усе падставы зрабіць доктара Скарыну беглым даўжніком і вечным бадзягаю...
Бона знікае. Чалавек у чорным глядзіць ёй услед і ціха, злобна смяецца.
ХІ
З успамінаў Скарыны
Вільня. Да Гаштольда ўваходзіць Скарына.
Г а ш т о л ь д. Не скажу, доктар, што я рады вас бачыць...
С к а р ы н а. Я і сам сябе не люблю з самае раніцы. Нехта разыграў такі дурны жарт.
Г а ш т о л ь д. Вы так думаеце?..
С к а р ы н а. А што ж яшчэ думаць? І жонка здаровая, і каралеўскае рашэнне адносна яе маёмасці ніхто не парушаў, а я кінуў усё на свеце і прыляцеў у Вільню, як той хлапчук... Такога стрэлянага вераб'я на мякіне злавілі.
Г а ш т о л ь д. Відаць, нядрэнныя лаўцы. Чытайце. (Падае пасланне з пячаткай.) Уголас чытайце, доктар!
С к а р ы н а (чытае). «Да пана Гаштольда. Альбрэхт, Божай міласцю герцаг прускі.
...Не вельмі даўно, калі мы былі ў Кракаве, звярнуўся да нас нейкі іудзей, заяўляючы, што займаецца медыцынай, і дакучлівымі просьбамі прыставаў, каб з нашай згоды і волі дазволілі яму паўсюдна ў нашым уладанні практыкаваць яго гаючае лекарскае мастацтва для карысці нашых падданых, прыгнечаных хваробаю. Палічыўшы яго прсьбы небескарыснымі для нашых падданых, мы міласціва падпісалі іх і дазволілі, і ён разам з намі прыехаў у наш горад Кёнігсберг, уладкаваўся і шмат хворых і іншых занядужалых узяў там жа пад свой дагляд. Між тым прыбывае таксама доктар, нейкі Францыск Скарына, якога мы прынялі ў наша прыдворнае акружэнне. Ён, адпраўляючыся адсюль з нашымі лістамі да Вашай Вялікасці па сваіх справах, якія меў у Вільні, дзе ён спадзяваўся затрымацца, зводніцкім сваім нагаворам гэтага чалавека, іудзея і нашага друкара тайна забраў з сабою, пакінуўшы тым часам тут без дапамогі мноства знясіленых і недалечаных... Нарэшце, з не меншай стратай і для нашых спраў, якія ён меў намер здзейсніць і надрукаваць у друкарні. Гэты дзёрзкі ўчынак чалавека выклікае ў нас прыкрасць э-за крыўды, нанесенай як нам, так і нашым падданым». (Адрываецца ад аркуша і збянтэжана глядзіць на Гаштольда.)
Г а ш т о л ь д. Чытайце. Чытайце, доктар...
С к а р ы н а (чытае). «Таму мы ветліва просім Вашу слаўную Вялікасць, няхай гэтага доктара Францыска Скарыну павучыць аб недарэчнасці тайнага вываду нашых людзей і асудзіць і зазначыць, што мы адносімся да яго з незадавальненнем і напрыхільнасцю і што мы ад яго не чакалі такога незаслужанага ўчынку, як гэты. І няхай чым хутчэй адашле ад сябе вышэйназванага іудзея да сваіх, тут пакінунутых і недалечаных хворых, і верне нам сюды нашага друкара. Гэтага, лічым, мы заслугоўваем за нашу прыхільнасць да Вашай слаўнай Вялікасці, каму найлепш з жонкай і мілымі дзецьмі жадаем жыць у здароўі.
Дадзена ў Кёнігсбергу 26 мая».
Скарына разгублены і прыгнечаны.
Г а ш т о л ь д (пасля доўгай паўзы). Як усё гэта разумець, доктар Скарына?
С к а р ы н а. Гэта загадка... Я і ў вочы не бачыў ні лекара, ні друкара герцага Альбрэхта. І загадка...
Г а ш т о л ь д (перапыняе). Ніякай загадкі, доктар. Вас проста справакавалі і тым самым назаўсёды адрэзалі шлях да вяртання ў Кёнігсберг.
С к а р ы н а (горача, усхвалявана ). Я пераканаю герцага! Хіба ў такое можна паверыць – доктар Скарына звёз лекара ад хворых?!. Я ж клятву Гіпакрата даваў!..
Г а ш т о л ьд. Не пераканаеце. Тыя, хто звёў ад герцага лекара і друкара, пры неабходнасці лёгка іх знойдуць, і можаце не сумнявацца, што «ўкрадзеныя» пацвердзяць вашу несумленнасць і здраду герцагу... Нас перахітрылі, доктар. Друкарня Скарыны за межамі Каралеўства і Вялікага княства некага вельмі напалохала...
С к а р ы н а ( зусім разгублена ). Што ж мне цяпер рабіць?..
Г а ш т о л ь д. Чакаць нечага новага яшчэ больш брыдкага і каварнага. Здаецца, мы з вамі недаацанілі каралеву і тых, хто за ёю... І выйсце ў вас цяпер толькі адно: з'ехаць калі не ў Масковію, то ў Чэхію. Хоць і тое і другое мне не даспадобы.
С к а р ы н а. У Чэхію я яшчэ паспею...
Сцэна зацямняецца.
Дзея Трэцяя
ХІІ
З успамінаў Скарыны
Валакаламскі манастыр. Манаская келля нечым падобная да Скарынавай вязніцы. Адрозніваецца ад яе хіба тым, што чэсаныя палаці прыкрытыя мешкавінаю, а на
покуці вісіць абраз. Перад ім пры святле свечкі моліцца Максім Грэк, адбіваючы нізкія паклоны. Колькі яму год – не скажаш, твар пад густой барадою. Ціха ўваходзіць Скарына ў манаскім адзенні.
М а к с і м Г р э к (адчуўшы, што нехта стаіць за плячыма, не паварочваючыся ). Хто ўзяў грэх на душу, перашкодзіўшы малітве?..
С к а р ы н а. Я, Максім... Я...
М а к с і м Г р э к (уздрыгнуўшы ад незнаёмага голасу, але не паварочваючыся ). Калі ты не прывід, то хто, грэшны?!.
С к а р ы н а (амаль шэптам ). Францыск, сын Скарынін, са слаўнага горада Полацка, у навуках вызваленых і лекарстве доктар...
Максім Грэк таропка, але цяжка паднімаецца з каленяў, Скарына спрабуе дапамагчы яму.
М а к с і м Г р э к (уважліва разглядае Скарыну, не пазнае, вагаецца). Гэтага не можа быць!..
С к а р ы н а. Як жа не можа, кали вось ён – я. А не верыш, патрымай за бараду.
Максім Грэк бярэ Скарыну за бараду. Яна застаецца ў яго руцэ. Дакранаецца да вусоў.
А вусы мае. (Смяецца, адкідае манаскі капюшон – пад ім доктарскі берэт.)
М а к с і м Г р э к (у жаху). Ты загубіў сябе, Францыск! (Хрысціцца.)
С к а р ы н а. Што-што, а да самагубства мне яшчэ далёка.
М а к с і м Г р э к. Да мяне яшчэ ніхто не заходзіў незаўважаным...
С к а р ы н а. У нас кажуць: чорт не выдасць, свіння не з'есці. Даруй за чорта ў святым месцы.
М а к с і м Г р э к. Якраз ад свінні і не ўратуешся!
С к а р ы н а. Не бойся, Максіме, мае сябры купілі свінню з усімі вантробамі. Будзе маўчаць і толькі рохкаць.
М а к с і м Г р э к. А яны адсюль далёка?..
С к а р ы н а. Лічы, за дзвярыма.
М а к с і м Г р э к (абдымае Скарыну). Францыск!!!
С к а р ы н а. Максім!!!
Разглядваюць адзін аднаго.
М а к с і м Г р э к. Колькі год! Колькі ж год?!.
С к а р ы н а. З 1512-га. Сустрэча ў Венецыі. Друкарня слаўнага кніжніка, настаўніка нашага Альда Мануцыя...
М а к с і м Г р э к (цытуе па памяці). Падуя. Універсітэт. Вышэйшая калегія. Прычына склікання Вашых дастойнасцей наступная: прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек , доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў...
для таго , каб узвялічыць славу і бляск Падуі, а таксама красуючай супольнасці філосафаў гімназіі і святой нашай Калегіі. Ён звярнуўся да Калегіі з просьбай дазволіць яму ў якасці дару і асобай міласці падвергнуцца з ласкі Божай выпрабаванням у галіне медыцыны пры гэтай святой Калегіі».
С к а р ы н а. Што было, тое было. Лічы, мінула з тых шчаслівых часоў 18 гадоў без малога. Бяжыць час...
М а к с і м Г р э к. Не табе, Францыск, скардзіцца на час. Колькі зрабіў! У 22 гады – доктар, у 27 – перакладчык і друкар Бібліі!.. Я мог бы не менш... ( Як
стогн. ) Францыск, я мог бы не менш! ( Утыкаецца тварам у грудзі Скарыне, плечы яго ўздрыгваюць.)
С к а р ы н а (падводзіць сябра да палацяў і сам садзіцца). Як ты апынуўся ў Маскве?! Хто кінуў цябе ў гэтую цямніцу?
М а к с і м Г р э к. Было каму, а падставы знайшліся.
С к а р ы н а. Хоць колькі слоў, Максім! Я так мала пра цябе ведаю. А чуткі такія супярэчлівыя... Колькі разоў меў памкненні знайсці цябе, ды бясконцыя войны Масквы з Вялікім княствам перашкаджалі. Толькі цяпер з перамірнымі гарантыямі ды падарожным лістом канцлера Гаштольда рызыкнуў па дарозе ў Маскву збочыць да Валакаламскага манастыра.
М а к с і м Г р э к. А мая рызыка ўсяго майго лёсу каштавала. Тут так і кажуць: загінуў Максім – і Бог з ім... У хуткім часе пасля нашага развітання ў Венецыі звярнуўся ў Ватапедскі манастыр на Афон-гары вялікі князь маскоўскі Васілій Інанавіч з просьбаю прыслаць у Маскву часова старца Саву, перакладчыка. З прычыны старасці Савы брація рашыла адправіць мяне як знаўцу многіх моў,
а таксама царкоўнай і філасофскай літаратуры. К таму часу я сапраўды быў на «ты» з багаццямі Вататапедскай бібліятэкі. А падарожжа ў такую загадкавую краіну, як Русь, вабіла незвычайна. У Маскве я быў прыняты вялікім князем і мітрапалітам з гонарам. Першай працай маёй быў пераклад Псалтыры, які заслужыў урачыстага адабрэння духоўнікаў і «сугубую мзду» князеву. Але дамоў па сканчэнні нягледзячы на мае настойлівыя просьбы адпусцілі толькі маіх спадарожнікаў з Афона. Я ж працягваў працу над перакладамі, зрабіў вопіс кніг надзвычай багатай велікакняскай бібліятэкі, выпраўляў, па даручэнні князя, богаслужэбныя кнігі – Трыодзь, Часасловец, святочную Мінею, Апостал. Прыгледзеўся тым часам да велікакняскага двара, асоб духоўных і маскоўскага быту і ўбачыў бязладдзе, што супярэчыла хрысціянскаму ідэалу. Не па маёй аскетычнай душы былі грубае распуства, ліхаімства, глыбокае невуцтва, забабоны... З Васіянам Касым і Берсенем Беклемішавым выкрывалі ўсё гэта бязлітасна і наклікалі гнеў мітрапаліта Данііла. Прыязныя ж сувязі з турэцкім паслом Скіндзерам, які,
відаць, быў ворагам Русі і хрысціянства, а таксама маё рэзкае неадабрэнне намеру вялікага князя парваць шлюб з жонкаю, канчаткова вырашылі мой лёс. У красавіку 1525 года, калі доктар Скарына ў Вільні ўзводзіў першы верставы слуп культуры і
асветы свайго народа, друкуючы Апостала – першую кнігу на сваёй зямлі,– у Маскве ў красавіку-травені таго ж года Сабор судзіць Максіма Грэка.
С к а р ы н а. Пра гэта да нас даходзілі чуткі.
М а к с і м Г р э к. Вінаватасць мая выводзілася з кніжных выпраўленняў, маёй выкрывальніцкай літаратурнай дзейнасці, маіх кананічных і дагматычных меркаванняў. Думкі ж мае адносна заганнасці славянскіх перакладаў богаслужэбных кніг былі прызнаны «елінскай герассю». І вось я шосты год ужо ў цямніцы Валакаламскага манастыра «обрацения ради н покояния и исправления» са строгай забаронай «сочинять и с кем-либо переписываться» Толькі таму ты і не атрымаў ад мяне горкай весткі, хоць я і ведаў, што ты ў Вільні.
С к а р ы н а. І ты змірыўся?! Прыняў свой лёс?!. Трэба ж змагацца! Скардзіцца! Біцца! Пісаць! Пратэставаць! Даваць здачы, не падстаўляць другую шчаку, калі цябе спляжылі па адной...
М а к с і м Г р э к. Цёмныя абрысы майго часу, Францыск. Свет жа маёй ісціны для вачэй, зацемненых невуцтвам, аказаўся вельмі рэзкім.
С к а р ы н а. Ты і сам аслеп ад цемры. Хіба не бачыш, што мяняюцца часы. Цемра не вытрымлівае промняў адраджэння чалавечнасці, культуры, асветы!
М а к с і м Г р э к. Вытрымлівае, і яшчэ як вытрымлівае... Усе скаргі мае і пратэсты трапляюць да мітрапаліта, а той адпісвае, што «узы твоя целуемъ, яко единого отъ святыхъ, пособити же тебе не можемъ». Згубіў надзею на выратаванне і сустрэчу з Радзімаю. Пацвердзіліся словы, што на Маскве гінуць за адзіную літару «аз». І мяне адсюль не выпусцяць хоць бы з тае прычыны, каб не раскрыў я перад праваслаўным светам невуцтва і забабоннасць цемнаты і маскоўскага духавенства
і велікакняскага двара. А за цябе я рад, што працівішся пакуль злу.
С к а р ы н а. Пры ўсім пры гэтым я не здраджваю свайму дэвізу: рабі іншым так, як ты хацеў, каб іншыя рабілі табе.
М а к с і м Г р э к. Рабі, дружа, як хочаш і як ведаеш, толькі не папракай Максіма Грэка. Чысціня намераў маіх не заплямлена. А тое, што аднялі волю... (Надоўга замаўкае.)
С к а р ы н а. Хіба мне папракаць цябе...
М а к с і м Г р э к. І не шкадуй. Раскажы лепш, што задумаў, з чым едзеш у гэты непрадказальны край.
С к а р ы н а. Дрэнь справы друкарскія ў родным краі, дружа Максіме. Кнігі мае пражскія нядобразычліўцы адносяць да лютэранскіх. Пераклады Святога Пісання на родную мову лічаць ерэтычнымі. А нядаўнія папскія эдыкты і наогул забараняюць друкаваць на якой бы то ні было мове, акрамя лаціны. Каралева Бона бачыць наша Вялікае княства паланізаваным і акаталічаным – якая тут ужо свая мова? Кароль Жыгімонт, праўда, глядзіць на рэчы больш цвяроза і ў такі поспех каралевы не верыць, хоць канцлера свайго Гаштольда ўсяляк стрымлівае ад друкавання кніг у княстве на роднай людзям мове. Сын караля, епіскап Вільні Ян, у якога я служу пісарам і лекарам, толькі і хацеў бы, каб я нічым іншым не займаўся. А я хачу
рабіць кнігі! Я ведаю іх вартасць для людзей!
М а к с і м Г р э к. І з гэтым ты едзеш у Маскву...
С к а р ы н а. З гэтым, Максім! З гэтым... Стагоддзямі ліецца кроў на межах народаў-суседзяў. Асвета, духоўнасць, узвышэнне, роўнасць перад адзіным Богам – толькі яны могуць спыніць братазабойствы, з'яднаць народы супраць татарскай,
турэцкай, нямецкай навалы, ад якой могуць загінуць і тыя і другія. Канцлер Гаштольд шукае саюзнікаў на захадзе. Кароль Жыгімонт імкнецца прыбраць да рук Белую Русь. Малая Русь яднаецца супраць Русі Вялікай.
М а к с і м Г р э к. Алелькавічы і паслалі цябе да маскавіцян?..
С к а р ы н а. Некалі яны фундавалі мае пражскія выданні. Сёння я бедны і голы, як царкоўная мыш. І ўсе мае спадзевы на Алелькавічаў.
М а к с і м Г р э к. Мне падабаецца ваша прымаўка: на спадзевах яешню не спражыш.
С к а р ы н а. Ёсць і яшчэ адна магчымасць. Князі Шамячыч і Старадубскі павінны былі майму другу і фундатару купцу Багдану Онкаву 900 коп шырокіх грошаў.
М а к с і м Г р э к. Ці не той самы Шамячыч, якога не так даўно загубіў вялікі князь з дапамогай мітрапаліта Данііла?..
С к а р ы н а. Той самы. І доўг яго Онкаву перайшоў на самога вялікага князя.
М а к с і м Г р э к. І ты задумаў спагнаць гэты доўг.
С к а р ы н а. Менавіта так. І кароль Жыгімонт на нашым баку.
М а к с і м Г р э к. Пара б табе, доктар, калі не памудрэць, то хоць бы пасталець.
С к а р ы н а. У крайнім выпадку мы пагодзімся дараваць доўг вялікаму князю, калі ён пагодзіцца на адкрыццё ў Маскве друкарні, у якой бы я мог рабіць кнігі як на патрэбу княскага двара і рускай праваслаўнай царквы, так і на вываз у свой беларускі край.
М а к с і м Г р э к. З паршывай авечкі хоць воўны касмыль.
С к а р ы н а. Хоць бы сабе і так...
М а к с і м Г р э к. Шчаслівы той, хто веруе. Толькі вера – гэта адно, а веда – другое. І раней, чым на Маскву ехаць, тое-сёе трэба было б пра яе норавы ведаць. А норавы тут трохі іншыя, чым, скажам, у Венецыі ці Празе, у Кракаве ці Вільні.
З гэтае прычыны мушу засцерагчы, бо само асяроддзе Маскоўшчыны, якая ледзь паспела вылузацца з татарскага ярма, рызыкоўнае і небяспечнае для чужынца, асабліва калі ён яшчэ чалавек у нечым дасведчаны. Край гэты пакуль пазбаўлены ўсякае асветы і асяродкаў яе. Тутэйшыя духоўнікі і дзятўцы перакананы, што асвета тут не толькі непатрэбная, але можа і пашкодзіць. Дзяржава бытуе пакуль па-за еўрапейскім духоўным светам. У кожнай галіне свайго бытавання пануюць звычкі, перанятыя ад татарскага складу і ладу жыцця. Тут яшчэ ніколі не пахла і сёння не пахне талеранцыяй, верацярпімасцю. Тут нязменна пакуль пануюць дагматызм і нязноснасць. Ні ідэя крытыкі, ні ідэя талеранцыі, ні ідэя духоўнага хрысціянства не даступны ні двару, ні духоўнікам, я ўжо не кажу пра іншых.
Для аграмаднай большасці пасяленцаў дзяржавы ідэі гэтыя проста незразумелыя. Тут шукаюць «хулу», «герась» у кожнай дробязі. Ты проста не ўпішашся
ў рамкі артадаксальнага маскоўскага дагматызму і жорсткага дэспатызму маскоўскага самадзяржаўя.
С к а р ы н а. Я быў бы рад, калі б ты памыляўся, Максім.
М а к с і м Г р э к. Не абяцаю ўцешыць – я многае тут пабачыў, а колькі яшчэ пабачу... Не так ужо даўно ў грубай жорсткасці тутэйшых звычаяў трагічна пераканаліся два заходнія лекары. Лекар Антон Немчын па загаду вялікага князя лячыў татарскага князя Каракучу. Лячэнне не ўдалося, хворы памёр. Тады вялікі князь загадаў лекара забіць. Татары-сваякі завялі Немчына пад маскварэцкі мост
і там, як сведчыць летапісец, «зарезали ножом яко овцу» . А пазней захварэў на ламоту ў нагах сын вялікага князя Іван. А ў Маскве быў гэтым часам лекар
Лявон Жыдовін з Венецыі. Лячыць сына князь загадаў яму. Ды стан хворага горшаў, а хутка ён і памёр. Тады князь кінуў лекара ў цямніцу. Калі ж ад смерці
князевага сына мінула 40 дзён, лекара Лявона завялі на плошчу Балванаўку і там адсеклі яму галаву.
С к а р ы н а. Ты мяркуеш, што і мне давядзецца лячыць некага з велікакняскай сям'і?..
М а к с і м Г р э к. А я не толькі пра лекараў, я табе і пра друкара скажу. Прыехаў неяк на Маскву вядомы любецкі друкар Барталамей Готан, каб друкарню наладзіць і кніжкі рабіць. За справу ўзяўся. А праз нейкія паўтара гады яго немаведама за што звінавацілі, абрабавалі і ўтапілі. Так што сам мяркуй...
С к а р ы н а. І ўсё ж я паеду да вялікага князя Васілія Іванавіча.
М а к с і м Г р э к. Вольнаму – воля, здаецца, так у вас гавораць.
С к а р ы н а. Так! Так, мой дружа Максіме! А за перасцярогу – дзякуй. Спадзяюся, што вялікі князь не пасмее затрымаць мяне хоць бы з тае
прычыны, што за мною перамірныя гарантыі пра незачэпнасць купцоў Літвы ў Маскоўшчыне, а маскоўскіх у Літве.
М а к с і м Г р э к. Які ж ты купец?
С к а р ы н а. На гэты раз у першую чаргу купец. Друкаром адкрыюся толькі пасля таго, як добра прадам, як тавар пойдзе, як вялікі князь маімі кнігамі зацікавіцца.
М а к с і м Г р э к. Мітрапаліт Данііл імі першы зацікавіцца... Скажу шчыра, Францыск, баюся я за цябе. Вельмі баюся...
С к а р ы н а. Будзем спадзявацца. А пры добрым ладзе я за цябе перад князем пахадайнічаю. Не гніць жа такому разумнаму і слаўнаму чалавеку ў гэтай яме.
М а к с і м Г р э к. Ратуй цябе Божа, Францыск!
Ціхі стук у дзверы.
С к а р ы н а. Пара мне, Максім...
Абдымаюцца.
М а к с і м Г р э к. Ратуй цябе Божа...
Скарына выходзіць.
Сцэна зацямняецца.
XIII
Кракаў. Бона набліжаецца да Чалавека ў чорным.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Сёння не пытаюся, але сам паведамляю навіну радасную: пасля няўдач у Кёнігсбергу доктар Скарына прыбыў да маскавіцян
з намерам стварыць на Маскве друкарню. На шчасце, вялікі князь папярэдне пазнаёміўся з кнігамі ерэтыка і загадаў спаліць іх на кастры. Сам жа
доктар уратаваўся ўцёкамі.
Б о н а. Санта Мадонна! (Хрысціцца.)
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Будучы самі невукамі, духоўнікі-схізматыкі імкнуцца ўсімі сродкамі перашкодзіць распаўсюджанню асветы, баючыся, што
выявіцца іх уласнае невуцтва і несумленнасць. З гэтай прычыны яны пераконваюць сваіх князёў, што ўсялякі поспех у адукацыі можа выклікаць пераварот у дзяржаве і, такім чынам, павінен быць небяспечным для іх улады.
Б о н а. Выходзіць, і нам ёсць чаму навучыцца ў маскавітаў?
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. У гэтым выпадку яны маюць рацыю, таму што чалавеку разумнаму і ўзвышанаму ведамі і свабодным выхаваннем цяжка пераносіць тыранічны лад...
Б о н а. Няўжо вы і там, у Маскве, дасталі беднага Скарыну?
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Што не, то не. Ён сам сябе ледзьве не ўзвёў на касцёр. Не ўлічыў небарака і падараваў вялікаму князю Апостала з пасляслоўем: «...при держаніи наіласкавшего господаря Жикгымонта Казімировича, короля полского и великого князя литовъского, и рускаго, и жомоитьскаго и иных во славном месте Виленском. Выложена и вытиснена працею и великою пилъностию
доктора Франциска Скорины с Полоцка...» Хіба ж мог сцярпець вялікі князь маскоўскі «караля рускага» , калі ён сам сябе лічыць і рускія, і жамойцкім.
Б о н а. Сапраўды, прамахнуўся доктар...
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. І нам пара браць яго за шчэлепы, пакуль ён не збег у Чэхію ці яшчэ куды.
Б о н а. З вашае ласкі на доктара даўно ёсць каралеўскі ўказ аб затрыманні яго як беглага даўжніка і бадзягу.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м. І ў каго ж ён пазычыў, каб збегчы?..
Б о н а. У варшаўскіх ліхвяроў-іудзеяў.
Ч а л а в е к у ч о р н ы м . І кароль ведае?..
Б о н а. Дай Бог каралю ведаць тое, што яму трэба ведаць...
Сцэна зацямняецца.
ХІV
Познань. Грымяць запоры. У вязніцу ўваходзяць біскуп Ян, Войт і Раман.
Я н. Хрыстос уваскрэс, доктар Скарына!
С к а р ы н а. Відаць, што уваскрэс, раз вы тут, пан епіскап.
Я н. Не кашчунствуй, грэшны. Сёння Вялікдзень...
С к а р ы н а. Можа, і грэшны, толькі не вінаваты ні перад Богам, ні перад людзьмі. (Хрыстосуецца з Янам.)
Я н. Што здарылася, доктар?
С к а р ы н а. Пра гэта лепш запытацца ў войта слаўнага горада Познані. У яго, а можа, і не толькі ў яго руках тут суд і права.
Я н. Уціхамірся, доктар!
С к а р ы н а. Даруйце, пан епіскап, але мой гонар і мая годнасць – гэта адзінае, чым я магу абараніцца ад абразы і хцівасці.
Я н (да Войта). Што ўлады Познані маюць да слаўнага доктара Скарыны?
В о й т (раскрывае паперы, чытае). «Жыгімонт, з ласкі Божай кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, мазавецкі і г. д., гаспадар і дзедзіч.
Усім і кожнаму з ваяводаў, кашталянаў, саноўнікаў і ўраднікаў, старостаў... гарадоў і мястэчак, бурмістрам, радцам ( з націскам) войтам і іншым нашым падданым, у якім бы стане, чыне і вартасці яны ні былі ў каралеўстве, панам вяльможным, пастаўленых намі, да якіх дойдзе гэта наша шчырая грамата, а таксама паважаным давераным – наша каралеўскае благаславенне! Шчыра паважаныя давераныя нашы, калі мы зусім нядаўна былі ў горадзе нашым Вільні, паскардзіліся нам Ла-
зар, сын, і Майсей, зяць старога Майсея, іудзея нашага варшаўскага, што слаўны памёршы Іван Скарына, наш віленскі грамадзянін, застаўся вінен яму дзвесце шэсць коп грошаў, а таксама заявілі і давялі, што доктар Францыск, яго брат, узяў сабе ўсё дабро, якое засталося пасля смерці самога Івана. Загадваем гэтаму доктару Францыску заплаціць ім...дзвесце шэсць коп грошаў. А таму, што гэтыя самыя
іудзеі Лазар і Майсей скардзіліся нядаўна ў нашай прысутнасці, што названы доктар Францыск уцёк з горада Вільні, пераязджае з аднаго месца ў другое, бадзяецца і зрабіць ім выплату названай сумы не хоча, загадваем вам, каб для гэтых варшаўскіх іудзеяў Лазара і Майсея ў адносінах да наконт раней названага доктара Францыска Скарыны, у якім бы месцы яны самі або іх павераныя або слугі не знайшлі яго, каб вы цераз іх адшукалі неабходнае і неадкладнае правасуддзе і скарысталі яго да Скарыны як да чалавека беглага і маёмаснага і каб не
вызвалялі яго да таго часу, пакуль сапраўды не задаволіць іх, іудзеяў, на суму ў дзвесце шэсць коп грошаў. І, на нашай міласці, не рабіце па-іншаму. Дзеялася ў Кракаве, у панядзелак [5 лютага] у год Божы тысяча пяцьсот трыццаць другі... (Паказвае
на пячатку.)
Да ўласнага ўказа Каралеўскай Вялікасці»
Я н (забірае ўказ, разглядае подпіс і пячатку).Вы верыце ўсяму гэтаму, сын мой?
В о й т. Я веру каралю, святы айцец. (Схіляе галаву.)
Я н. Трэба яшчэ верыць і Богу, сын мой...
В о й т ( вінавата ). Я не спяшаўся судзіць доктара, святы айцец, і нават збіраўся адпусціць яго, але ж...
Я н. Сын мой, вы да гэтага асабіста ведалі доктара Скарыну?
В о й т. Я добра ведаў яго брата, купца Івана Скарыну. Справядлівы быў чалавек. Яго ўся Познань ведала.
Я н. А што вы скажаце пра старога Мойшу?
В о й т. Тое ж, што і пра сына з зяцем... Ліхвяры... Што ж тут яшчэ скажаш? Толькі ( прыкрывае дзверы, амаль шэптам), здаецца мне, святы айцец, і яны не самі па сабе ўз'еліся на падсуднага. І каралю веру, і грэх вялікі чую. Нутром чую, святы айцец. ( Хрысціцца.)
Я н. Войт, ці не мог бы ты пакінуць нас?
В о й т (пасля паўзы). Мог бы, толькі вельмі баюся, каб вартаўнік не данёс і на мяне, і на вас таму, хто заадно з Мойшам.
Я н. Я вазьму клятву з вартаўніка. Урэшце, епіскап а ці не епіскап?!.
В о й т. Толькі ненадоўга, святы айцец, а то, не дай Божа, і мне будзе тое ж, а то і горай, чым доктару. Тут, у нас у Познані, усе павязаны. Адно слова – ліхвяры... павукі... ( Выходзіць, прычыніўшы дзверы.)
Я н. Доктар Скарына, я паспрабую дапамагчы вам, толькі абяцайце, што застанецеся маім сакратаром і лекарам. Не мне вам казаць пра сваё здароўе.
С к а р ы н а. Хіба ж я калі парушаў клятву Гіпакрата?
Я н. І яшчэ... Пакляніцеся, што не будзеце больш друкаваць ерэтычных кніг на мове люду паспалітага.
С к а р ы н а. Ерэтычных пакуль не буду, а Статут Вялікага княства Літоўскага надрукую!
Я н. Загубіце вы сябе, доктар.
С к а р ы н а. Бадай што... Надрукаваць Статут – мой святы абавязак перад Айчынай, справа майго грамадзянскага сумлення. Калі ж здолею быць вашым сакратаром і лекарам – і надалей палічу за гонар.
Я н (нечакана). Подпісы на ўказах не каралеўскія, хоць пячаткі і сапраўдныя.
С к а р ы н а. Мне так і падумалася...
Я н (знянацку). Курва!
С к а р ы н а. Хто?
Я н. Бона Сфорца Арагонская... Еду ў Кракаў! Разам з Раманам еду! Вазьму яшчэ адзін грэх на душу...
С к а р ы н а. Вазьміце і не пашкадуеце... Святы Пётр залічыць вам яго як подзвіг. Я ж у сваю чаргу пастараюся сваім лекарскім майстэрствам як мага
далей адцягнуць вашу сустрэчу са святым Пятром каля райскіх варот.
Я н ( па-свецку падаючы руку на развітанне). Калі б у вас, шаноўны, так ныла печань, як у мяне, вы не жартавалі б.
С к а р ы н а. Пазайздросціў лысы пляшываму...
Я н (Раману). Пашапчыся э дзядзькам, а я войта папільную. (Выходзіць і вяртаецца.) Наконт дзяцей, Францыск, не турбуйся – пры мне яны. (Зачыняе за сабой дзверы.)
С к а р ы н а (Раману). Каб не сутана, цаны б не было пану Яну. (Абдымае пляменніка. ) Ну што табе ўдалося? У каго быў? Каго бачыў?
Р а м а н. Пакуль чакаў біскупа Яна, усё зрабіў, як вы ў пісьме пісалі: наняў паверанага; з ім жа наведаў суд, дзе перад радцамі, войтамі і лаўнікамі заявіў, што з'яўляюся прамым спадчыннікам свайго бацькі Івана Скарыны, а доктар Францыск Скарына нічога не вінен ліхвяру Мойшу і што я за гэта магу не толькі паручыцца, але і ўступіць у спрэчку з самім ліхвяром. Па маім патрабаванні суд выклікаў
Мойшу старога, але ні ён сам, ні яго павераныя да ўстановы не з'явіліся. Тады я запатрабаваў ад суда прызнаць мяне паручыцелем і пасрэднікам свайго дзядзькі, а дзядзьку на падставе гэтага аб'явіць свабодным і з турмы вызваліць.
С к а р ы н а. Разумна.
Р а м а н. Суддзі абяцалі абмеркаваць гэта і даць адказ, але так і не далі. Тады я заявіў, што гатовы даць задатак за дзядзьку, і патрабаваў прызначыць суд для ацэнкі задатку. Больш таго, я сказаў, што разам з ацэненым задаткам гатоў быць
падуладным самім іудзеям аж да канчатковага вырашэння справы. А дзядзька, натуральна, павінен быць аб'яўлены вызваленым з турмы.
С к а р ы н а. Ты проста малайчына!
Р а м а н. Суд рашыў, а іудзей на задатак спакусіўся і праз свайго ўпаўнаважанага Якаба Бжоску атрымаў яго. Атрымаў і падаўся. Наш павераны