355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Аляксандр Петрашкевіч » Прарок для Айчыны » Текст книги (страница 2)
Прарок для Айчыны
  • Текст добавлен: 31 октября 2016, 05:55

Текст книги "Прарок для Айчыны"


Автор книги: Аляксандр Петрашкевіч


Жанры:

   

Драма

,

сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)

Б о н а. Не трэба нас палохаць, канцлер!

Г а ш т о л ь д. Божа нас барані. Але закон пра забарону адбіраць зямлю, некалі дараваную каралямі Ягелонамі нашым падданым, трэба ў Статут унесці.

Б о н а. Я выкупляю каралеўскія землі! Я абурана намёкамі канцлера!

Ж ы г і м о н т. Канцлер, не намякайце! Што ў вас яшчэ, доктар?

С к а р ы н а. Я далучыўся б да пана канцлера, а ў Статут дадаў бы яшчэ палажэнне, якога чакаюць як магнаты, так і паны-рада, пра тое, што ў землях Вялікага княства Літоўскага ні кароль, ні яго нашчадкі нікому з чужаземцаў не будуць даваць ва ўладанне зямель, замкаў, гарадоў і якіх бы то ні было званняў і чыноў, але толькі мясцовым уражэнцам Вялікага княства.

Б о н а. Ці не занадта вы многа хочаце, шаноўны доктар?

Г а ш т о л ь д. Гэтага хоча Вялікае княства!

Б о н а. Санта Мадонна!

Ж ы г і м о н т (міралюбна ). дарагі Альбрэхт, не треба думаць, што наша княства даражэй вам, чым нам.

Б о н а. Канцлер з доктарам проста згаварыліся!

С к а р ы н а. Я толькі мушу сказаць, яснавялькожная каралева, што інтарэсы Вялікага княства пацерпяць страты, калі ў Статуце не будуць замацаваны правы і прывілеі не толькі шляхты, але і люду простага.

Б о н а. А гэта нешта ўжо зусім новае!.. Нечуванае!..

Я н ( перапалохана ). Пабойцеся Бога, доктар Скарына!

Г а ш т о л ь д. Бог не будзе ў крыўдзе, калі кароль і вялікі князь захаваюць у цэласнасці вольнасці княжат, панят, шляхціцаў і мяшчан.

С к а р ы н а. І калі мяшчане ўсіх гарадоў будуць адказныя перад судом за раны і забойствы сялян.

Г а ш т о л ь д. Калі закон забароніць няволю, залог і куплю-продаж хрысціян жыдам і татарам.

С к а р ы н а. І калі ваяводамі будуць адбірацца тайныя корчмы, ад якіх нараджаецца так многа зла на нашай зямлі.

Я н. Даўно пара!

Б о н а. Брава, біскуп! Доктару ўдалося закалыхаць не толькі караля і канцлера, але і вас. А можа, вы ўсе заадно разам з каралём?!.

Ж ы г і м о н т (іранічна ). Найяснейшая каралева! Ці ж не бачна, як мы аднадушны...

Б о н а. Неверагодна! І законы, і вольнасці, і суды – адны для ўсіх: ад князя да селяніна. Нас жа засмяе Еўропа!

С к а р ы н а. Можа і так стацца, найяснейшая каралева, што Еўропе ў нас давядзецца вучыцца. Тым больш што вы даўно дакляруеце стварыць шчаслівае каралеўства па Платонавым узоры...

Б о н а. Мне шкада вас, летуценнік!

С к а р ы н а. Так, летуценнік. І мой дэвіз – роўная свабода ўсім, агульнае багацце для ўсіх. І ён не прыдуманы некім злым. Ён паходзіць ад закона прыроджанага: тое чыніце іншым усім, што самому люба ад іншых усіх. І таго не чыніце іншым, чаго сам сабе не хочаш ад іх меці...

Б о н а. Вы, доктар Скарына, на здзіўленне лёгка нажываеце сабе не толькі супраціўнікаў, але і ворагаў.

С к а р ы н а. Вышэй за ўсё на свеце я цаню ісціну, яснавяльможная каралева.

Г а ш т о л ь д. Я падзяляю гэтую думку доктара, як і многія яго заўвагі да Статута, хоць мы з ім далёка не ў дружбе.

Я н. А я з доктарам у даўняй дружбе, але мне ўсё ж падалося, што ён сёння вольна ці не вольна наважыўся не столькі ўмацоўваць новымі законамі дзяржаву, колькі прапаведаваць рэфармацыю і роўнасць усіх перад законам. Перад Богам – згодзен, але ж не перад законамі... Ужо сам факт пастаноўкі вамі, доктар, на першае месца натуральнага ці, як вы кажаце, прыроджанага чалавечага права, раней Бібліі і кананічнага права, сведчыць аб шкодным і небяспечным

вальнадумстве.

Б о н а. Мы былі б далёка ад ісціны, калі б сказалі, што ў нас сяброўскія адносіны да біскупа Яна, але да яго ацэнкі вальнадумства доктара (глядзіць

на караля) мы далучаемся.

С к а р ы н а. Я дзіця сваёй эпохі, што носіць імя Адраджэнне, і быць вальнадумцам не толькі маё прызванне, але і мой абавязак перад Айчынай, мая

найяснейшая каралева.

Б о н а. Баста! Баста!

Ж ы г і м о н т. Вы добры і разумны чалавек, доктар Скарына, а таму не ўберагчы вам галавы...

С к а р ы н а(з усмешкай). Адсякаць такую галаву, як мая, ваша вялікасць, сабе ж на страту...

Г а ш т о л ь д. Асабліва калі ўлічыць, што з дапамогай доктара нам давядзецца надрукаваць Статут, хочам мы таго ці не...

Б о н а ( ускоквае з трона). Вам бы спачатку пра тое нас спытацца! Аўдыенцыя скончана! Баста! ( Выходзіць.)


Усе кланяюцца, адступаючы да дзвярэй.


Ж ы г і м о н т. А вы, канцлер, застаньцеся...


Скарына і Ян выходзяць.


Вы што, сапраўды наважваецеся надрукаваць Статут?

Г а ш т о л ьд. Я толькі сказаў, што нам з вамі давядзецца зрабіць гэта, хочам мы таго ці не...

Ж ы г і м о н т (незадаволена). Канцлер, вы бераце мяне за глотку. Нібы не бачыце... ( Ківае на дзверы, у якія выйшла Бона.)

Г а ш т о л ь д. Будзе горш, калі і мяне і вас з каралеваю за глотку возьме шляхта. І вы, яснавяльможны кароль, і наша слаўная каралева...

Ж ы г і м о н т (незадаволена ). Не чапайце, канцлер, каралеву, якой бы слаўнай яна ні была!.. Мне надакучыла вас мірыць...

Г а ш т о л ь д. Я толькі мару. каб каралева не чапала мяне...

Ж ы г і м о н т. Многа хоча каралеўскі канцлер...

Г а ш т о л ь д. Толькі з тае прычыны, што я яшчэ і канцлер Вялікага княства.

Ж ы г і м о н т (больш мякка). Мы яшчэ і сябры...

Г а ш т о л ь д. Я і прашу вас па-сяброўску: падтрымайце доктара Скарыну ў намеры надрукавадь Статут. Ён зробіць гэта і хутка, і належным чынам.


Кароль моўчкі скідае чаравікі, вешае "дзяржаву" на адзін старчак трона, а карону на другі. Падбірае ногі на трон, уладкоўваецца, нібы перад сном.


Ж ы г і м о н т (пазяхнуўшы). Статут яшчэ трэба правесці праз сейм...


Гаштольд выходзіць. Праз нейкі час з'яўляецца Бона.


Б о н а. А я спадзявалася перасварыць сёння назаўсёды караля, канцлера, епіскапа і доктара.

Ж ы г і м о н т ( не расплюшчваючы вачэй). Інтрыгі пры двары, ваша вялікасць, вельмі шкодзяць.

Б о н а. Санта Мадонна! А дзе ваша вялікасць бачыла двор без інтрыг?.. Ці, можа, я не бачу, як за маёй спінаю вы згаварваецеся з Гаштольдам? Як хітрыць ваш сынок епіскап Ян, прыгрэўшы на грудзях гэтага доктара. На словах ён нібы яму антаганіст, а на справе – у хаўрусе. Са слуцкімі князямі яны адкрылі ў Веснічах пад Гародняй не толькі касцёл, але і парафіяльную школу. Скарынаву школу. Ці, можа, не епіскап Ян заплюшчвае вочы на друкарскую дзейнасць доктара ў Вільні? Можа, ён не з ім разам вышуквае шляхецкіх і купецкіх сынкоў і пасылае ва універсітэты краіны, дзе правяць ненавісныя мне Габсбургі?.. А Гаштольд?! Ён хоча перашкодзіць мне вяртаць каралеўству гарады і маёнткі!..

Ж ы г і м о н т. Пабойцеся Бога! Вы ж толькі што авалодалі княствам Пінскім, ледзьве не ўсім Валынскім, захапілі Кобрын, Клецк, Абольцы пад Оршай, два староствы ад Гародні да Коўна, у вас пад рукою ўся Мазовія!..

Б о н а ( спакойна, з усмешкай). У Боны Сфорцы Арагонскай пад рукою яшчэ і каралеўства ў Італіі...

Ж ы г і м о н т. І ў Італіі... А вы пра інтрыгі... А я так думаю: інтрыгі інтрыгамі, а Статут Вялікага княства давядзецца рабіць такім, каб ён нарэшце

быў прыняты панамі-радай.

Б о н а (здзекліва). І ваша міласць пра гэта будзе зноў пісаць Радзівілам на мове дзікуноў, што жывуць за Нёманам...

Ж ы г і м о н т. Можна падумаць, што ваша вялікасць піша Радзівілам па-італьянску, якой яны, між іншым, цудоўна валодаюць. А то навошта б вам трымаць пры сабе перакладчыка з італьянскай на беларускую... А ў дзікуноў, як пераканалася мая каралева, хапіла спрыту і розуму, каб стварыць законы, якіх яшчэ не ведаў свет. І, відаць, таму, што за Нёманам дзяржава ад мора і да мора. І хто б пісаў тым Радзівілам, каб не было Алелькавічаў і іншых, што спяць і бачаць Белую Русь уз'яднанай з Руссю Маскоўскаю.

Б о н а. Між іншым, Польшча...

Ж ы г і м о н т (перапыняе). Польшча нішто без Вялікага княства! Нішто!..

Б о н а. Санта Мадонна! Але і Вялікае княства без Польшчы...

Ж ы г і м о н т (перапыняе). А гэта яшчэ як сказаць...

Б о н а (занепакоена). Вы наважыліся пагадзіцца з прыняццем гэтых законаў?!.

Ж ы г і м о н т. Прымаць законы – яшчэ не азначае выконваць іх. Пісаць на мове Радзівілаў і Алелькавічаў – яшчэ не азначае паважаць іх мову і іх саміх. Абяцаць Гаштольду – яшчэ не азначае выконваць абяцанкі...

Б о н а ( з падвохам ). А як жа з сяброўствам?..

Ж ы г і м о н т. Такі падслухоўвалі?!.

Б о н а. Можна падумаць, што вы на гэта не разлічвалі...

Ж ы г і м о н т. Бо хацеў, каб яснавяльможная ведала, што кароль не толькі сабе знайшоў сябра, але і саюзніка каралеўству, пра якое каралеве варта было б думаць больш, чым пра свае амбіцыі.

Б о н а. Канцлер абвядзе нас вакол пальца, як рабіў гэта ўжо не раз!..

Ж ы г і м о н т. Канцлер Гаштольд непакоіцца за Вялікае княства, як і я непакоюся за Каралеўства Польскае. І мы, калі бывае трэба, водзім адзін аднаго не толькі вакол пальца, але і за нос. Тым не менш я давяраю Гаштольду, бо менавіта ён, Гаштольд, шукае збліжэння з Аўстрыяй і з Прусіяй, а не з Масковіяй. І не хто іншы, як ён, Гаштольд, у свой час схіліў вялікі сейм, каб той яшчэ пры маім жыцці зрабіў нашага сына Аўгуста маім пераемнікам. Такога яшчэ не ведаў свет!

Б о н а. Баста! Баста! Гэта я зрабіла Аўгуста наследнікам караля!

Ж ы г і м о н т (пасля паўзы, не слухаючы). Пад рукой Гаштольда дзяржава, паны-рада, вальнадумная шляхта. Іх пальцы на маёй шыі! І пра гэта яснавяльможная каралева таксама чула! І рана ці позна яны не толькі прымуць, але і надрукуюць свае законы. Лепш было б зрабіць гэта з нашае волі, з нашае ласкі і нашага блаславення.

Б о н а (катэгарычна). Ніколі! Ці пасля маёй смерці! Баста!

Ж ы г і м о н т. Кароль ці нават каралева могуць памерці. А каралеўства павінна жыць! Польшча павінна жыць! І яна будзе жыць. І добра, каб у міры і згодзе з Вялікім княствам...

Б о н а. І з Масковіяй...

Ж ы г і м о н т. І з Масковіяй, і з Турцыяй, і з Аўстрыяй, і з Венгрыяй, і з Чэхіяй, і з Прусіяй, і з імператарам Вялікай Рымскай імперыі. Інакш – пагібель! Каралеўская казна пустая, войска непаслухмянае, у дзяржаве разарэнне і мор, якіх яшчэ не было. І вам, яснавяльможная, варта было б памаліцца на Вялікае княства, якое стаіць заслонаю і ад маскавітаў, і ад татараў, і ад турак. І карона не зваліцца, калі каралева хоць для прыліку схіліць галаву перад тымі ж Радзівіламі, Гаштольдамі, Сапегамі ці Алелькавічамі. Дзякуй табе, Божа, што

яны яшчэ не адмаўляюць Ягелонам у сваёй дружбе і падтрымцы.

Б о н а. Але якой цаной вы купляеце іх дружбу?!.

Ж ы г і м о н т. Калі ўсё цаніць на грошы, можна чорту душу прадаць...

Б о н а (паднімае ўверх рукі). О Санта Мадонна!О Польшча?! O Rzeczpospolita?!

Ж ы г і м о н т. Не трэба заломваць рукі. Трэба раз і назаўсёды засвоіць, што ў Польшчы, не кажучы пра Вялікае княства, не прынята, каб камандавала жанчына.

Б о н а. А калі жанчына – каралева?..

Ж ы г і м о н т. Тым больш. Тут нават караля выбіраюць, які не заўсёды па сваёй волі выбірае каралеву... Усё! Баста!

Б о н а. Санта Мадонна...


Сцэна зацямняецца.


Д З Е Я Д Р У Г А Я


ІV


Познань. Скарына ў вязніцы. Грымяць запоры, уваходзіць Вартаўнік.


В а р т а ў н і к. Лічы, братачка, што табе пашанцавала: мальцы гатовы, Анэлька згодная, другога каня купіў, хоць і не такога, як канакрады звялі, але ехаць можна. (Вымае з-за пазухі свечку, запалкі, бутэлечку чарніла, гусінае пяро і аркуш паперы.) У самога пракурора пазычыў. Хацеў падзякаваць, ды пабаяўся, каб не дагналі. Напішы ім на памяць, каб шукалі ветру ў полі. А да раніцы наш і след прастыне.

С к а р ы н а. Рызыкоўны ты мужык, як я бачу!!.

В а р т а ў н і к. У нас у Полацку амаль усе такія: за дружбу – што ў вір, што ў балота!.. А Анэлька дык мяне яшчэ і разумным лічыць. А ёй пожна верыць, як мне!

С к а р ы н а. Тады канешне... А мальцам тваім – колькі?

В а р т а ў н і к. Што – колькі?..

С к а р ы н а. Гадоў колькі?..

В а р т а ў н і к. Семнаццаць.

С к а р ы н а. На двух?

В а р т а ў н і к. Чаму на двух? Кожнаму па семнаццаць. Мне Анэлька адразу двойнечку прэзентавала. А пастараешся, кажа, то мне і трох не цяжка. У Познані, маўляў, на гэта кожная здатная. Я табе, братачка, шчыра, па-зямляцку скажу, калі яшчэ не жанаты, то лепей жонкі за польку не знойдзеш. Без мух бабы! І калі ты да яе з ласкаю, то яна за табою...

С к а р ы н а (перапыняе). І ўсё ж уцякаць з Познані не будзем...

В а р т а ў н і к (разгублена). А што ж мы тады будзем?..

С к а р ы н а. «Насилию силою отпрение!»

В а р т а ў н і к (не разумее). Ты мне прасцей як-небудзь...

С к а р ы н а. За насілле адлуп дадзім. Змагацца будзем, каб перамагчы і Познань пакінуць паважанымі людзьмі, а не беглымі даўжнікамі.

В а р т а ў н і к. Ды разлічыўся я з усімі сваімі даўгамі!

С к а р ы н а. Ты разлічыўся, а я сваё з Лазара і Мойшы спагнаць хачу.

В а р т а ў н і к. З Лазара і Мойшы даўгі?.. Дык з іх жа яшчэ ніхто ніколі не спагнаў.

С к а р ы н а. Тады я першым буду! Дапамажы толькі – адзін не ўпраўлюся.

В а р т а ў н і к. Палачанін я ці не палачанін?!.

С к а р ы н а. Тады давядзецца табе, палачанін, паслаць аднаго сына ў Вільню, а другога ў Гданьск.

В а р т а ў н і к. І пашлю – не раз былі і не маленькія ўжо...

С к а р ы н а. У Гданьску трэба знайсці купца Рамана Скарыну – ён мне пляменнік, а ў Вільні епіскапа Яна – я на службе ў яго быў сакратаром і лекарам. Расказаць абодвум, дзе я і што са мною. Толькі епіскап можа дапамагчы Раману сустрэцца з каралём.

В а р т а ў н і к. Не возьмецца епіскап Я іх натуру ведаю.

С к а р ы н а. Ян возьмецца. Ён каралю пазашлюбны сын. І любіць каралеву, як кот сабаку...

В а р т а ў н і к. Хіба што...

С к а р ы н а. Мяне ж можа выратаваць толькі кароль, бо ўсе цянёты, як мне здаецца, сплецены на мяне за яго спінаю.

В а р т а ў н і к. І кім жа?

С к а р ы н а. Думаю, што каралевай.

В а р т а ў н і к. Во курва!

С к а р ы н а ( заціскае рот Вартаўніку ). Т-с-с!.. Мы дагаварыліся адзін аднаму да канца...

В а р т а ў н і к. Тады менш размоў! Пішы, што трэба, а я тым часам мальцаў папярэджу, каб коней у дарогу рыхтавалі. Мой яшчэ нічога, а куплены не

вельмі... ( Выходзячы. ) Канакрады – пся крэўі..


Грымяць запоры. Скарына запальвае свечку, ставіць яе на лаўку, прымошчваецца на падлозе, каб напісаць пісьмы.


Сцэна зацямняецца.


V


Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.


Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Гаварыце. Там чакаюць. (Паўза. ) Што кароль?

Б о н а. Кароль без улады – не кароль...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Дакладней!

Б о н а. Ён не можа распараджацца казною. Ён сядзіць у Кракаве, а ў Вялікім княстве верхаводзяць канцлер, гетман, ваяводы, кашталяны, маршалкі. Ён не можа адмяніць рашэнні сейма і паноў-рады. Канцлер у Вялікім княстве – большы кароль за караля ў Польшчы. Пад яго рукой сілы, якія маюць... усе магчымасці маюць...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м (перапыняе). Што шляхта?

Б о н а. Непадуладныя каралю магнаты душаць шляхту, шляхта душыць мяшчан і сялян, а тыя шукаюць паратунку і бягуць з вёсак і маёнткаў у гарады. Шляхта бунтуе ў сеймах і судах, якія судзяць па асобных указаннях, па «сумленні» і «мудрасці», але толькі не па закону. Але калі шляхце даць закон, яна знясе самога караля... А на гэты раз яна, здаецца, атрымае закон. Як ні дзіўна, але

кароль гэтага хоча. А хутчэй за ўсё не мае сілы супрацьстаяць канцлеру.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Што лютаране?

Б о н а. У Вялікім княстве іх адзінкі, у каралеўстве множацца, як саранча. Папскія эдыкты супраць ерэтыкоў ігнаруюцца. Умяшанні рымскай курыі выклікаюць выбухі нянавісці да каталіцкіх духоўнікаў. Тут і магнаты і шляхта яднаюцца. І тыя і другія гатовы адмяніць дзесяціну, павялічыць свае ўладанні за кошт царкоўных зямель і пазбавіцца залежнасці ад каралеўскай улады.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Каму кароль не давярае і з кім у згодзе?

Б о н а. Не давярае ў першую чаргу мне...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Мы не дзеля гэтага зрабілі Бону Сфорцу каралеваю...

Б о н а. Санта Мадонна! (Пасля паўзы.) У згодзе кароль з пасынкам Янам – епіскапам віленскім, пляменнікам Альбрэхтам – герцагам прускім, з Гаштольдам – канцлерам Вялікага княства і ваяводам віленскім. Менавіта ён і хоча наблізіць да

двара нейкага палачаніна Францыска Скарыну – у навуках вызваленых і лекарстве доктара. Праз яго канцлер і хоча надрукаваць Статут Вялікага княства пасля яго зацвярджэння сеймам.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. А што кароль?

Б о н а. Як заўсёды, кароль будзе хітрыць і з Гаштольдам і з каралеваю...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Як даўно Гаштольд сышоўся з доктарам Скарынай?

Б о н а. У іх былі адны настаўнікі ў Ягелонскім універсітэце. А яшчэ Гаштольд быў ваяводам полацкім. Менавіта пры ім купцы Скарыны выйшлі на гарады Еўропы і Масковію. Цяпер Гаштольд карыстаецца вучонасцю аднаго з гэтых Скарынічаў.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Адносіны каралевы з канцлерам?

Б о н а. Мы ворагі да смерці.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м . Не пра тое я!

Б о н а. Канцлер Гаштольд усімі сродкамі змагаецца за незалежнасць Вялікага княства супраць уніі з Польшчай. Ён жа ўстанавіў адносіны з аўстрыйскім дваром і з прускім герцагам Альбрэхтам. Ён жа авалодаў маёнткамі ў Троках, Вільні,

Падляшшы, Любчы, Ашмянах, Біржы, Койданаве. Ён жа разам з Радзівілам пазбавіў мяне магчымасці набыць і адсудзіць маёнткі ў шэрагу паветаў Вялікага княства. І я прасіла б...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Наша вока ўсё бачыць. Наша вуха ўсё чуе. (Падае руку для пацалунка)


Бона пакорліва цалуе руку і знікае.



З успамінаў Скарыны


Вільня. Скарына ў рэзідэнцыі Гаштольда.


С к а р ы н а. Даруйце, шаноўны канцлер, але я гляджу на Статут Вялікага княства як на своеасаблівую канстытуцыю незалежнасці слаўнай Літоўскай дзяржавы. І яго друкаванне на друкарскім варштаце стала б не толькі гістарычнай адзнакай высокай прававой культуры ў краі, але і важнай унутранай і знешнепалітычнай акцыяй на ўсходзе Еўропы. Надрукаваны Статут стаў бы першым сапраўдным сімвалам беларускасці. Ён засведчыў бы арыгінальнасць і еўрапейскую годнасць жывой беларускай мовы і пісьмовай культуры. Мова, што б мы ні гаварылі, жыве пад пагрозай паланізацыі.

Г а ш т о л ь д. Доктар, вы стараецеся пераканаць мяне ў тым, у чым я даўно ўжо перакананы, і я запэўніваю вас, што выданне Статута чакае большасць адукаваных і знакамітых людзей княства, не кажучы пра шляхту. Але гэтага баяцца дзяржаўцы

ў каралеўстве, гэтага не хоча каралева, гэтаму да апошняга будзе перашкаджаць каталіцкая царква, да якой я, дарэчы, належу.

С к а р ы н а. Даруйце, але гэта якраз тая "недарзчнасць", якой я не разумею.

Г а ш т о л ьд (пасля паўзы). Калі дасць вам Бог, некалі зразумееце. Між іншым, я пакуль так і не зразумеў, якому вы Богу самі моліцеся.

С к а р ы н а. Калі шчыра, то ніякаму, хоць гэта зусім не азначае, што я не маю цара ў галаве, а Бога ў сэрцы...

Г а ш т о л ь д. Брава, доктар!

С к а р ы н а . Я пра «недарэчнасць» толькі таму, што і польскім магнатам, і каралю, і каралеве, і нават каталіцкай царкве давядзецца лічыцца з тым, чаго хоча беларуская шляхта сваёй Айчыне. Чаго хоча люд паспаліты сваёй Бацькаўшчыне.

Г а ш т о л ь д. Можна зразумець і шляхту, і люд паспаліты, і вас, доктар Скарына, з вашым захапленнем такімі моцнымі сёння ідэямі, як незалежнасць, справядлівасць, дабрыня, чалавекалюбства, асветніцтва, хараство, гармонія...

С к а р ы н а. Дазволю сабе запярэчыць, што ўсё тое, што вы пералічылі, ужо не мода. Гэтым пачынае жьць цэлы свет. Было б крыўдна спазніцца на гэтае людское свята.

Г а ш т о л ь д. Можа, і не мода. Можа, і не варта спазняцца. Зазначу толькі не ў крыўду, што вы думаеце вельмі далёка ад рэальнасці. А яна жорсткая і няўмольная. Яе трэба ведаць, прадбачьщь і ўмець змяняць, а змяняць на карысць усё той жа Айчыны, якую кожны ўяўляе і бачыць па-свойму: кароль – як вотчыну, з якой можна здзерці сем шкур; каралева з епіскапамі – як каталіцкі прыход, у якім можна распараджацца і чужой маёмасцю, і чужымі душамі; магнаты, да іх належу і я сам,– як арэну барацьбы і з каронаю і з папскай курыяй; а шляхта – як поле бітвы з магнацкім самаўладствам. А для тых, хто на самым нізе ці, як вы кажаце, для люду паспалітага, Айчына – гэта тое, што дае ўратавацца і ад каралёў, і ад епіскапаў, і ад магнатаў, і ад шляхты, і бог ведае яшчэ ад якіх насільнікаў усё той жа Айчыны-Бацькаўшчыны, сапраўдных законаў для якой мы, нажаль, яшчэ не напісалі і бог ведае, калі напішам.

С к а р ы н а. Але тое, што напісалі, павінна быць ведама людзям. Законы павінны жыць, дзейнічаць, змагацца. І гэта яшчэ не ўсё. Законы, якія мы з вамі зрабілі на мове народа, гэта якраз тое багацце дзяржавы і народа, якое сцвярджае іх годнасць перад народамі-суседзямі. Законы, як нішто іншае, садзейнічаюць захаванню, пашырэнню і развіццю мовы і літаратуры, і вы ведаеце, што менавіта яны сцвярджаюць іх значэнне як унутры дзяржавы, так і далёка за яе межамі.

Г а ш т о л ь д. Вы былі б несправядлівы, доктар, калі б западозрылі мяне ў абыякавасці да роднай нам мовы. Тое, што сёння беларуская мова – мова вялікай дзяржавы і што сам кароль вымушаны звяртацца да нас на нашай мове, а каралева трымае пры сабе перакладчыка з італьянскай на беларускую, не ў малой ступені мая заслуга і заслуга маёй канцылярыі. Сёння менавіта яна, канцылярыя канцлера Гаштольда, яе заканадаўцы і пісары надаюць пэўную накіраванасць развіццю мовы народа Вялікага княства. Паны-рада, сейм, мая канцылярыя ствараюць, пішуць і рэдагуюць безліч папер, дакументаў, заканадаўчых актаў і грамат. Мае пісары,

як ніхто, ведаюць цану выразнаму слову народа. Ім пакланіся, доктар Скарына! Гэта яны стварылі перадумовы таго, што наша мова стала дзяржаўнаю. І пакуль жыве наша дзяржава, будзе жыць і яе мова.

С к а р ы н а. Але ж вы не будзеце пярэчыць, што, пакуль жыве мова, будзе жыць і дзяржава. Будзе жыць дзяржаўнасць!

Г а ш т о л ь д. Не буду пярэчыць. Я толькі, бадай што, не здолею дапамагчы вам надрукаваць Статут у межах нашай дзяржавы. Дакладней, каб і здолеў, то мне, як і вам, перашкодзяць зрабіць гэта.

С к а р ы н а (у роспачы). Але ж гэта наш Статут, а не каралеўскі!

Г а ш т о л ь д. Улічыце, доктар, што Гаштольд толькі канцлер у караля і вялікага князя, а не вялікі князь...

С к а р ы н а. Шкада.

Г а ш т о л ь д. Шкада.


Абодва смяюцца.


С к а р ы н а. Што вы параіце мне, шаноўны канцлер?

Г а ш т о л ь д. Я парадуюся разам з вамі, шаноўны доктар, калі вам удасца надрукаваць Статут за межамі нашай Айчыны.

С к а р ы н а. Бедная Айчына...

Г а ш т о л ь д. Не будзем губляць надзеі набагацець...

С к а р ы н а. Не будзем.


Развітваюцца.


Сцэна зяцямняецца.


VІІ


Кракаў. Гаштольд і Жыгімонт прагульваюцца па прасцэніуму.


Г а ш т о л ь д. Ваша вялікасць, мы не можам не лічыцца з доктарам Скарынай. Яго непараўнальны розум, дасведчанасць, глыбокія веды ў многіх навуках, яго працаздольнасць і працавітасць на карысць сваёй дзяржавы і свайго народа, нарэшце, яго...

Ж ы г і м он т ( перахоплівае ). .. .яго упартасць...

Г а ш т о л ь д. І яго упартасць. Яна робіць яму гонар, але можа каштаваць і жыцця... І тут у вас, у Польшчы, і там у нас, у Вялікім княстве...

Ж ы г і м о н т. Што вы яшчэ ад мяне хочаце?..

Г а ш т о л ь д. Доктар Скарына другі ў Еўропе, пасля чэхаў, пераклаў Біблію на мову свайго народа і надрукаваў яе. Гэта падзея незвычайная, гістарычная падзея! Ад яе нельга адлучыць Скарыну, між іншым, як і ад Статута Вялікага княства, у які ён уклаў і сваю душу і свой розум. Друкарня Скарыны ў Вільні, працу ў якой ён прыпыніў, бо быў заняты Статутам, магла б пакласці пачатак...

Ж ы г і м о н т (вельмі агрэсіўна). Я не дазволю друкаваць ерэтычныя кнігі на тэрыторыі ( падкрэслена ) майго каралеўства!

Г а ш т о л ь д. Скарына мяркуе надрукаваць толькі каралеўскі Статут...

Ж ы г і м о н т (крыху мякчэй). Я не магу адмяніць папскія эдыкты на забарону друкавання ўсіх кніг, акрамя богаслужэбных лацінскіх. І вы добра ведаеце, як гэтаму ўзрадаваўся біскуп Ян.

Г а ш т о л ь д. Я яшчэ ведаю і тое, як ваша вялікасць настойліва вывучала і прыстойна ведае беларускую мову. Біскуп Ян мог бы ў гэтай справе пайсці за бацькам...

Ж ы г і м о н т (амаль па-свойску). Ён, як і я, баіцца каралевы і не хоча сварыцца з рымскай курыяй. А дакладней, ён падае сябе большым католікам, чым сам Папа Рымскі, толькі дзеля таго, каб насаліць каралеве. Любасць у іх узаемная і глыбокая.

Г а ш т о л ь д. І ўсё ж я не думаю, што вы лічыце за лепшае пасварыцца з праваслаўнымі князямі Вялікага княства Літоўскага. А сярод іх нямала міласнікаў асветы і друкаванай кнігі на роднай мове. Возьмем хоць гетмана Канстанціна Астрожскага, хоць князёў Алелькавічаў. Адзін Юрый Слуцкі чаго варты ды і іншыя...

Ж ы г і м о н т (злуецца). У вас, канцлер, дурная звычка палохаць.

Г а ш т о л ь д (аж хрысціцца). Даруйце! Я толькі хацеў папярэдзіць вашу вялікасць, што доктара Скарыну з яго яснай галавою, добрым сэрцам і ўмелымі рукамі можа прыбраць Масковія, як прыбрала ўжо многіх нашых майстроў і мастакоў, што аздобілі іх храмы на зайздрасць усяму свету.

Доктар Скарына паказаў сваю здольнасць не толькі ў перакладзе богаслужэбных кніг на беларускую мову, але і надрукаваў Апостала на царкоўнаславянскай. Гэта якраз тое, чаго яшчэ не было на Маскве. Князі Алелькавічы ў хаўрусе з іншымі вам жа на шкоду могуць дапамагчы і доктару Скарыне і Маскве ўмацаваць і без таго магутнае праваслаўе.

Ж ы г і м о н т (занепакоена). Яны не пасмеюць гэтага зрабіць...

Г а ш т о л ь д. Пасмеюць. Запэўніваю вас, што пасмеюць, як пасмелі некалі пасля смерці караля Аляксандра ўзвесці вашу вялікасць на велікакняскі прастол нават не параіўшыся з польскімі магнатамі. І вы ведаеце, што ім нічога не заставалася, як

абраць вашу вялікасць каралём Польшчы.

Ж ы г і м о н т (з прыкрасцю). Ну пры чым тут гэта?

Г а ш т о л ь д. Толькі пры тым, што нашы князі, і праваслаўныя і католікі, вельмі лёгка дагаварваюцца, калі бачаць, што могуць зрабіць вам прыкрасць, а то і шкоду. А доктар Скарына са сваёй справаю – якраз той выпадак. І я вельмі баюся, каб вялікі князь маскоўскі Васілій ІІІ не пасмяяўся з караля польскага Жыгімонта І. А ведаючы схільнасці і характар доктара Скарыны, я маю смеласць

запэўніць вас у магчымасці такога смеху.

Ж ы г і м о н т. І тым не менш я не магу лютэраніну, а яшчэ горш, схізматыку Скарыне дазволіць друкаваць свае ерэтычныя кнігі ні ў каралеўстве, ні ў Вялікім княстве... Пакуль што я яшчэ кароль! І баста, як кажа каралева.

Г а ш т о л ь д. Відаць, ваша вялікасць хоча, каб лютэранства бесперашкодна паўзло да нас не толькі з Захаду, але і з Усходу.

Ж ы гі м о н т. Гэта не падыходзіць нам тым больш! Гэта было б яшчэ больш небяспечна!

Г а ш т о л ь д. Мушу супакоіць вашу вялікасць і з усёй адказнасцю запэўніць, што доктар Скарына не толькі не прыхільнік лютэранства, а, наадварот, яго перакананы супраціўнік. Лютэранінам жа Скарыну зрабіла папская курыя, каб пашкоцзіць яго асветніцкай дзейнасці. Падтрымкай папскіх эдыктаў супраць друкарскай справы вы дамагліся таго, што доктар Скарына фактычна спыніў у Вільні сваю выдавецкую справу. І зараз яму губляць няма чаго. З'едзе хоць у Маскву, хоць зноў у Прагу. А там ведаюць цану друкаванай кнізе. А як многа доктар

мог бы зрабіць на карысць умацавання саюза княства з каралеўствам! Іх незалежнасці, як ад Захаду, так і ад Усходу...

Ж ы гі м о н т ( зморана ). Вы, канцлер, майстра пераконваць. 1 за гэта я вас люблю. Але і вам ці варта было так хутка кідацца на выкананне тых папскіх эдыктаў...

Г а ш т о л ь д. У крыві ў нас ужо гэта – загадаюць дурням маліцца, дык яны і лбы паразбіваюць...

Ж ы г і м о н т (зусім прымірэнча). Каб не Ян ды каралева, я гэтыя эдыкты наогул бы... Усе навокал друкуюць, а мы сапраўды як тыя дурні... калі з цягам часу з'явіцца магчымасць выправіць справу...

Г а ш т о л ь д. Ваша вялікасць, магчымасць ёсць, і не благая. Трэба толькі ўгаварыць герцага прускага Альбрэхта запрасіць доктара Скарыну ў Кёнігсберг. Я ведаю, што герцаг збіраецца адкрываць універсітэт і наладжваць друкарскую справу. Лепшага за доктара Скарыну параіць цяжка. Мець жа пры двары такога лекара, як Скарына, палічыць за гонар не толькі герцаг, але і любы кароль.

Ж ы г і м о н т. У вашай прапанове нешта ёсць. І каралева доктара там не дастане. Пляменнічак у мяне з норавам!

Г а ш т о л ь д. Ваша вялікасць, зрабіце Альбрэхту сапраўдны падарунак! Далібог, ён вам гэтага век не забудзе.

Ж ы г і м о н т. Абы толькі каралева не здагадалася, пакуль падарунак у нашых руках.

Г а ш т о л ь д. Будзем спадзявацца і маліцца.

Ж ы г і м о н т. Маліцеся, ды, глядзіце, лоб не расквасце.


Гаштольд кланяецца і выходзіць.


Сцэна зацямняецца.


VІІІ


Познань. Скарына ў вязніцы. Грымяць запоры, уваходзіць Вартаўнік.


В а р т а ў я і к. Добрага ранку!.. Ну, і як?..

С к а р ы н а. Добрага ранку... Што – «як»?"

В а р т а ў н і к. Сам жа казаў, што вылічваеш, хто цябе сюды заканапаціў. Калі вылічыў – гавары, я яму, гаду, пакажу, дзе ракі зімуюць...

С к а р ы н а. Як вылічу, абавязкова скажу, а то мне аднаму, відаць, не ўправіцца.

В а р т а ў н і к. Гэта ўжо сапраўды. Гуртам, кажуць, і бацьку добра біць... А ваўком лепш выць аднаму.

С к а р ы н а. Чым далей думаю, тым больш завыць хочацца. ( Пасля доўгай паўзы.) Лепш бы сказаў, што ад пальцаў чуваць...

В а р т а ў н і к. Хуценькі Петрачок.

С к а р ы н а (зацікаўлена ). Хто, хто?..

В а р т а ў н і к. А-а-а... Петрачок у нас у Полацку быў, сусед, рукавы такі чалавек. Адначасова мог канём правіць, бручку грызці і малую патрэбу спраўляць. Хуценькім Петрачком і празвалі.

С к а р ы н а. Дык я ж яго ведаю. Не раз на чужыне ўспамінаў небараку, калі сам не ведаў, за што раней ухапіцца. І вучня свайго Пятра Мсціслаўна Хуценькім Петрачком называў, калі той адначасова кідаўся і фарбу варыць, і набор ліць, і гравюру рэзаць.

В а р т а ў н і к. Можа, твой Мсціславец і яшчэ што такое незразумелае мог, а наш палачанін толькі тое, што я пералічыў...

С к а р ы н а (нечакана). А раптам мальцы з дарогі саб'юцца, не даедуць...

В а р т а ў н і к. Мае мальцы саб'юцца?!. Лявонка ўжо звечара дома – Анэлька не нарадуецца, а за Андрэйку непакоіцца і нават плача – бог ведае, дзе тая Вільня і што там за біскуп. Ведаў я аднаго – за вярсту на казе не пад'едзеш.

С к а р ы н а (ускоквае з месца). Лявонка вярнуўся з Гданьска?!.

В а р т а ў н і к. І не адзін – калі ўсё будзе ціха, прывяду я табе сёння пляменніка.


Скарына абдымае Вартаўніка, цалуе яго.


Не абдымайся – я не баба і тым больш не дзеўка. А пляменнік прасіў, каб ты напісаў усе паперы, якія нам у судзе на карысць будуць. Я, кажа, у судовых

справах ні выплюнуць ні праглынуць.

С к а р ы н а. Затое мне ў іх давялося не аднаго сабаку з'есці.

В а р т а ў н і к. Тады пішы і мяркуй, як мы за тваю адседку некаму бакі намнём.

С к а р ы н а. (весела, узбуджана). Ды давядзецца ўжо!.. (Ціха.) А пляменніка Рамана сюды не вядзі – пастка ўсім тром. Закрыецца – не вылезем.

В а р т а ў н і к. Сапраўды, гэта нікому не ў шапку, як нячысцік падкоціцца. (Вяртаецца, вымае з-за пазухі скрутак.) Аладкі з'ясі. Анэльчыны, з макам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю