Текст книги "Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)"
Автор книги: Алексей Толстой
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 5 страниц)
П'еро пацёр кулакамi наморшчаны лоб:
– Я напiшу гэтую камедыю цудоўнымi вершамi.
– Я буду прадаваць марожанае i бiлеты, – сказала Мальвiна. – Калi вы знойдзеце ў мяне талент, паспрабую iграць ролi прыгожанькiх дзяўчынак...
– Пачакайце, дзеткi, а вучыцца калi ж? – спытаў тата Карла.
Усе разам адказалi:
– Вучыцца будзем ранiцай... А вечарам iграць у тэатры...
– Ну, то-та ж, дзеткi, – сказаў тата Карла, – а я ўжо, дзетачкi, буду iграць на катрынцы, каб весялiць паважаную публiку, а калi пачнем ездзiць па Iталii з горада ў горад, буду кiраваць канём ды варыць полiўкў з баранiны з часнаком...
Артамон слухаў, задраўшы вуха, круцiў галавой, глядзеў блiскучымi вачыма на сяброў, пытаўся: а яму што рабiць?
Бурацiна сказаў:
– Артамон будзе загадваць бутафорыяй i тэатральнымi гарнiтурамi, яму дадзiм ключы ад кладоўкi. У час спектакля ён можа падрабляць за кулiсамi рык iльва, тупат насарога, скрыгат кракадзiлавых зубоў, выццё ветру – шляхам хуткага вярчэння хваста – i iншыя неабходныя гукi.
– Ну, а ты, ну, а ты, Бурацiна? – пыталiся ўсе. – Чым хочаш быць пры тэатры?
– Дзiвакi, у камедыi я буду iграць самога сябе i праслаўлюся на ўвесь свет!
Новы тэатр лялек дае першы спектакль
Карабас Барабас сядзеў перад камiнкам у дрэнным настроi. Сырыя дровы ледзь тлелi. На вулiцы лiў дождж. Дзiравы дах тэатра лялек працякаў. У лялек адсырэлi рукi i ногi, на рэпетыцыях нiхто не хацеў працаваць, нават пад пагрозай бiзуна ў сем хвастоў. Лялькi ўжо трэцi дзень нiчога не елi, вiселi на цвiках у кладоўцы i злавесна перашэптвалiся.
З ранiцы не было прададзена нiводнага бiлета ў тэатр. Ды i хто пайшоў бы глядзець у Карабаса Барабаса нудныя п'есы i галодных, абшарпаных акцёраў!
На гарадской вежы гадзiннiк прабiў шэсць. Карабас Барабас панура павалокся ў глядзельную залу, – пуста.
– Чорт бы пабраў усiх шаноўнейшых гледачоў, – прабурчаў ён i выйшаў на вулiцу. Выйшаўшы, глянуў, мiргнуў i разявiў рот так, што туды лёгка магла б заляцець варона.
Насупраць яго тэатра перад вялiкай новай палатнянай палаткай стаяў натоўп, не звяртаючы ўвагi на сыры вецер з мора.
Над уваходам у палатку на памосце стаяў даўганосы чалавечак у каўпачку, трубiў у хрыпучую трубу i нешта крычаў.
Публiка смяялася, пляскала ў далонi, i многiя заходзiлi ў палатку.
Да Карабаса Барабаса падышоў Дурамар; ад яго, як нiколi, пахла тванню.
– Э-хе-хе, – сказаў ён, збiраючы ўвесь твар у кiслыя маршчыны, – нiкуды не варты справы з лячэбнымi п'яўкамi. Вось хачу пайсцi да iх, – Дурамар паказаў на новую палатку, – хачу папрасiцца ў iх свечкi запальваць цi падмятаць падлогу.
– Чый гэты пракляты тэатр? Адкуль ён узяўся? – зароў Карабас Барабас.
– Гэта самi лялькi адкрылi тэатр лялек "Маланка", яны самi пiшуць п'есы ў вершах, самi iграюць.
Карабас Барабас заскрыгатаў зубамi, iрвануў сябе за бараду i пашыбаваў да новай палатнянай палаткi.
Над уваходам у яе Бурацiна выкрыкваў:
– Першы паказ цiкавай, займальнай камедыi з жыцця драўляных чалавечкаў. Праўдзiвы расказ пра тое, як мы перамаглi ўсiх сваiх ворагаў з дапамогай дасцiпнасцi, адвагi i смеласцi...
Каля ўвахода ў тэатр лялек у шкляной будачцы сядзела Мальвiна з прыгожым бантам у блакiтных валасах i не паспявала раздаваць бiлеты ўсiм, хто хацеў паглядзець вясёлую камедыю з жыцця лялек.
Тата Карла ў новай аксамiтнай куртцы круцiў катрынку i весела падмiргваў шаноўнейшай публiцы.
Артамон цягнуў за хвост з палаткi лiсiцу Алiсу, якая прайшла без бiлета.
Кот Базiлiо, таксама безбiлетны, паспеў уцячы i сядзеў пад дажджом на дрэве, гледзячы ўнiз злоснымi вачыма.
Бурацiна, надзьмуўшы шчокi, затрубiў у хрыпучую трубу:
– Спектакль пачынаецца!
I збег па лесвiцы, каб iграць першую сцэну камедыi, у якой паказвалася, як бедны тата Карла выстругвае з палена драўлянага чалавечка, не думаючы, што гэта прынясе яму шчасце.
Апошняй прыпаўзла ў тэатр чарапаха Тарцiла, трымаючы ў роце ганаровы бiлет на пергаментнай паперы з залатымi ражкамi.
Спектакль пачаўся. Карабас Барабас панура вярнуўся ў свой пусты тэатр. Узяў бiзун у сем хвастоў. Адамкнуў дзверы ў кладоўку.
– Я вас, паршыўцы, адвучу ленавацца! – люта зароў ён. – Я вас навучу заваблiваць да мяне публiку!
Ён ляснуў бiзуном. Але нiхто не адказаў. Кладоўка была пустая. Толькi на цвiках вiселi абрыўкi вяровачак.
Усе лялькi – i Арлекiн, i дзяўчынкi ў чорных масках, i чараўнiкi ў спiчастых шапках з зоркамi, i гарбуны з насамi, як агурок, i арапы, i сабачкi, – усе, усе, усе лялькi ўцяклi ад Карабаса Барабаса.
Страшна выючы, ён выскачыў з тэатра на вулiцу. Ён убачыў, як апошнiя з яго акцёраў уцякалi цераз лужыны ў новы тэатр, дзе весела iграла музыка, чуўся рогат, плясканне ў далонi.
Карабас Барабас паспеў толькi схапiць мультановага сабачку з гузiкамi замест вачэй. Але на яго, нi адсюль нi адтуль, наляцеў Артамон, павалiў, выхапiў сабачку i памчаўся з iм у палатку, дзе за кулiсамi для галодных акцёраў была прыгатавана гарачая полiўка з баранiнай i часнаком.
Карабас Барабас так i застаўся сядзець у лужыне пад дажджом.
1936 г.