Текст книги "Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)"
Автор книги: Алексей Толстой
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 5 страниц)
Ён iх неўзабаве ўбачыў. Дырэктар тэатра лялек сядзеў на беразе ручая, Дурамар ставiў яму на гуз кампрэс з лiстоў конскага шчаўя. Здалёк было чуваць страшэннае бурчанне ў пустым жываце ў Карабаса Барабаса i сумнае папiскванне ў пустым жываце ў прадаўца лячэбных п'явак.
– Сiньёр, нам неабходна падсiлкавацца, – гаварыў Дурамар, – пошукi нягоднiкаў могуць зацягнуцца да глыбокай ночы.
– Я з'еў бы цяпер цэлае парася i парачку качачак, – панура адказаў Карабас Барабас.
Прыяцелi павалаклiся да харчэўнi "Трох печкуроў" – яе шыльда вiднелася на прыгорку. Але хутчэй, чым Карабас Барабас i Дурамар, кiнуўся туды Бурацiна, прыгiнаючыся да травы, каб яго не прыкмецiлi.
Каля дзвярэй харчэўнi Бурацiна падкраўся да вялiкага пеўня, якi, знайшоўшы зернетка цi кавалачак кураняцiнай кiшкi, ганарлiва трос чырвоным грабеньчыкам, шаркаў кiпцюрамi i з трывогаю клiкаў курэй на пачастунак:
– Ко-ко-ко!
Бурацiна падаў яму на далонi крошкi мiндальнага пiрожнага:
– Частуйцеся, сiньёр галоўнакамандуючы.
Певень строга зiрнуў на драўлянага хлапчука, але не ўтрымаўся i дзеўбануў яго ў далонь.
– Ко-ко-ко!..
– Сiньёр галоўнакамандуючы, мне трэба было б прайсцi ў харчэўню, але так, каб гаспадар мяне не заўважыў. Я схаваюся за ваш цудоўны рознакаляровы хвост, i вы даведзяце мяне да самага камiнка. Добра?
– Ко-ко! – яшчэ з большым гонарам вымавiў певень.
Ён нiчога не зразумеў, але каб не паказаць, што нiчога не зразумеў, важна пайшоў да адчыненых дзвярэй харчэўнi. Бурацiна схапiў яго пад крылы за бакi, прыкрыўся яго хвастом i на кукiшках прабраўся на кухню, да самага камiнка, дзе мiтусiўся лысы гаспадар харчэўнi, круцячы на агнi ражны i скавародкi.
– Пайшоў прэч, старое булённае мяса! – крыкнуў на пеўня гаспадар i так паддаў нагой, што певень:
– Ку-дах-тах-тах! – з роспачным крыкам вылецеў на вулiцу да псрапалоханых курэй.
Бурацiна, незаўважаны, шмыгнуў мiма ног гаспадара i прысеў за вялiкiм глiняным збаном.
У гэты час пачулiся галасы Карабаса Барабаса i Дурамара.
Гаспадар, нiзка кланяючыся, выйшаў iм насустрач.
Бурацiна залез у глiняны збан i там прытаiўся.
Бурацiна даведваецца пра таямнiцу залатога ключыка
Карабас Барабас i Дурамар падсiлкоўвалiся смажаным парасём. Гаспадар падлiваў вiна ў шклянкi.
Карабас Барабас, абсмоктваючы парасячую нагу, сказаў гаспадару:
– Дрэнь у цябе вiно, налi хiба мне вунь з таго збана! – i паказаў косткаю на збан, дзе сядзеў Бурацiна.
– Сiньёр, гэты збан пусты, – адказаў гаспадар.
– Хлусiш, пакажы.
Тады гаспадар падняў збан i перакулiў яго. Бурацiна з усяе сiлы ўпёрся локцямi ў бакi збана, каб не вывалiцца.
– Там нешта чарнеецца, – прахрыпеў Карабас Барабас.
– Там нешта бялеецца, – пацвердзiў Дурамар.
– Сiньёры, скула мне на язык, прастрэл мне ў паяснiцу, – збан пусты!
– Калi так, стаў яго на стол – мы будзем кiдаць туды косцi.
Збан, у якiм сядзеў Бурацiна, паставiлi памiж дырэктарам тэатра лялек i прадаўцом лячэбных п'явак. На галаву Бурацiна пасыпалiся абгрызеныя косцi i скарынкi.
Карабас Барабас, выпiўшы шмат вiна, падставiў да агню бараду, каб з яе капала налiплая смала.
– Пакладу Бурацiна на далонь, – выхваляючыся, гаварыў ён, – другой далонню плясну, – мокрае месца ад яго застанецца.
– Нягоднiк цалкам гэтага заслугоўвае, – пацвярджаў Дурамар, – але спачатку яму добра было б паставiць п'явак, каб яны выпiлi ўсю кроў...
– Не! – стукаў кулаком Карабас Барабас. – Спачатку я адбяру ў яго залаты ключык...
У размову ўмяшаўся гаспадар, – ён ужо ведаў пра ўцёкi драўляных чалавечкаў.
– Сiньёр, вам няма чаго стамляць сябе пошукамi. Зараз я паклiчу двух кемлiвых малайцоў, – пакуль вы падмацоўваецеся вiном, яны хутка абшукаюць увесь лес i прыцягнуць сюды Бурацiна.
– Добра. Пасылай малайцоў, – сказаў Карабас Барабас, падстаўляючы да агню вялiзныя падэшвы. I паколькi ён быў п'яны ўжо, дык на ўсё горла заспяваў песню:
Дурны i рахманы
Мой народ драўляны.
Уладарнiк лялек
Вось хто я, каб зналi...
Грозны Карабас,
Слаўны Барабас...
Лялькi прада мною
Сцелюцца травою.
Нават i на кралю
Бiч не мае жалю,
Бiч у сем хвастоў,
Бiч у сем хвастоў.
Як махаць iм стану
Мой народ слухмяны
Песенькi спявае,
Грошыкi збiрае
У маю кiшэнь,
У маю кiшэнь...
Тады Бурацiна змененым голасам завыў з глыбiнi збана:
– Адкрый таямнiцу, няшчасны, адкрый таямнiцу!..
Карабас Барабас ад нечаканасцi гучна ляснуў скiвiцамi i вылупiўся на Дурамара.
– Гэта ты?
– Не, гэта не я...
– Хто ж сказаў, каб я адкрыў таямнiцу?
Дурамар верыў у забабоны; апрача таго, ён таксама выпiў шмат вiна. Твар у яго пасiнеў i зморшчыўся ад страху, нiбы грыб смарчок.
Гледзячы на яго, i Карабас Барабас заляскаў зубамi.
– Адкрый таямнiцу, – зноў завыў таемны голас з глыбiнi збана, – iнакш не ўстанеш з гэтага крэсла, няшчасны!
Карабас Барабас паспрабаваў усхапiцца, але не мог нават i прыўзняцца.
– Яку-ку-кую та-та-таямнiцу? – спытаў ён, заiкаючыся.
Голас адказаў:
– Таямнiцу чарапахi Тарцiлы.
Ад жаху Дурамар павольна палез пад стол. У Карабаса Барабаса адвiсла скiвiца.
– Дзе знаходзяцца дзверы, дзе знаходзяцца дзверы? – нiбы вецер у комiне ў асеннюю ноч, правыў голас.
– Адкажу, адкажу, замоўкнi, замоўкнi! – прашаптаў Карабас Барабас. Дзверы – у старога Карла ў каморцы, за намаляваным камiнкам...
Толькi ён прагаварыў гэтыя словы, з двара ўвайшоў гаспадар.
– Вось надзейныя малайцы, за грошы яны прывядуць да вас, сiньёр, хоць самога чорта...
I ён паказаў на лiсiцу Алiсу i ката Базiлiо, якiя стаялi на парозе. Лiсiца пачцiва зняла стары капялюш.
– Сiньёр Карабас Барабас падорыць нам на беднасць дзесяць залатых манет, i мы аддадзiм вам у рукi нягоднiка Бурацiна, не сыходзячы з гэтага месца.
Карабас Барабас залез пад бараду ў кiшэню камiзэлькi, выняў дзесяць залатых.
– Вось грошы, а дзе Бурацiна?
Лiсiца некалькi разоў пералiчыла манеты, уздыхнула, аддаючы палавiну кату, i паказала лапай:
– Ён у гэтым збане, сiньёр, у вас пад носам...
Карабас Барабас схапiў са стала збан i раз'юшана шпурнуў яго на каменную падлогу. З чарапкоў i кучы абгрызеных костак выскачыў Бурацiна. Пакуль усе стаялi, разявiўшы раты, ён, як страла, кiнуўся з харчэўнi на двор проста да пеўня, якi ганарлiва разглядаў то адным вокам, то другiм здохлага чарвячка.
– Гэта ты мяне выдаў, стары катлетны фарш! – злосна выцягнуўшы нос, сказаў яму Бурацiна. – Ну, цяпер iмчы што маеш духу...
I ён моцна ўчапiўся ў яго генеральскi хвост. Певень, нiчога не разумеючы, растапырыў крылы i кiнуўся бегчы на цыбатых нагах. Бурацiна – у вiхры – за iм, – з гары, цераз дарогу, па полi, да лесу.
Карабас Барабас, Дурамар i гаспадар харчэўнi апамяталiся нарэшце ад здзiўлення i выбеглi ўслед за Бурацiна. Але колькi яны нi азiралiся, яго нiдзе не было вiдаць, толькi далека па полi iмчаўся з усяе сiлы певень. Але паколькi ўсiм было вядома, што ён дурань, то на гэтага пеўня нiхто не звярнуў увагi.
Бурацiна першы раз у жыццi прыходзiць у роспач, але ўсё канчаецца шчаслiва
Дурны певень змарыўся, ледзь бег, разявiўшы дзюбу. Бурацiна выпусцiў нарэшце яго пакамечаны хвост.
– Iдзi, генерал, да сваiх курэй...
I адзiн пайшоў туды, дзе скрозь лiсце ярка блiшчала Лебядзiнае возера.
Вось i сасна на камянiстым узгорку, вось i пячора. Навакол параскiдана наламанае галлё. Трава прымята слядамi колаў...
У Бурацiна моцна закалацiлася сэрца. Ён саскочыў з узгорка, заглянуў пад каравыя карэннi...
Пячора была пустая!!!
Нi Мальвiны, нi П'еро, нi Артамона.
Толькi валялiся дзве анучкi. Ён iх падняў, – гэта былi адарваныя рукавы ад кашулi П'еро.
Сяброў нехта выкраў! Яны загiнулi! Бурацiна ўпаў нiцма, – нос яго глыбока ўваткнуўся ў зямлю.
Ён толькi цяпер зразумеў, як моцна прывык да сваiх сяброў. Няхай Мальвiна займаецца выхаваннем, няхай П'еро хоць тысячу разоў запар чытае вершыкi, Бурацiна аддаў бы нават залаты ключык, каб зноў убачыць сяброў.
Каля яго галавы бясшумна ўзняўся пульхны пагорачак зямлi, вылез аксамiтны крот з ружовымi далонямi, пiсклява чхнуў тры разы i сказаў:
"– Я сляпы, але я вельмi добра чую. Сюды пад'язджала каламажка, запрэжаная авечкамi. У ёй сядзеў Лiс, губернатар Горада Дурняў, i сышчыкi. Губернатар загадаў:
– Забраць нягоднiкаў, якiя збiлi маiх лепшых палiцэйскiх пры выкананнi абавязкаў! Забраць!
Сышчыкi адказалi:
– Цяў!
Кiнулiся ў пячору, i там пачалася шалёная тузанiна. Тваiх сяброў звязалi, кiнулi ў каламажку разам з клункамi i паехалi".
Што за карысць была ляжаць, уткнуўшы нос у зямлю. Бурацiна ўсхапiўся i пабег па слядах колаў. Мiнуў возера, выйшаў на поле з густой травой.
Iшоў, iшоў... У яго не было нiякага плана ў галаве. Трэба выратаваць таварышаў, – вось i ўсё.
Дайшоў да кручы, адкуль пазаўчарашняй ноччу звалiўся ў лопух. Унiзе ўбачыў брудную сажалку, дзе жыла чарапаха Тарцiла. Па дарозе да сажалкi спускалася каламажка; яе цягнулi дзве худыя, як шкiлеты, авечкi з абадранай воўнай.
На козлах сядзеў тлусты кот, з надзьмутымi шчокамi, у залатых акулярах, ён служыў пры губернатары патайным нашэптвальнiкам у вуха. Ззаду яго – важны Лiс, губернатар... На клунках ляжалi Мальвiна, П'еро i ўвесь забiнтаваны Артамон, – заўсёды такi расчасаны хвост яго валокся кутасiкам па пыльнай дарозе.
Ззаду за каламажкай iшлi два сышчыкi – доберманы-пiнчэры.
Раптам сышчыкi ўзнялi сабачыя морды i ўбачылi наверсе кручы белы каўпачок Бурацiна.
Моцнымi скачкамi пiнчэры пачалi ўзбiрацца па крутым схiле. Але раней чым яны дабеглi да верху, Бурацiна, – а яму ўжо нiкуды нi схавацца, нi ўцячы, склаў рукi над галавой i – ластаўкай – з самага крутога месца рынуўся ўнiз, у брудную сажалку, зацягнутую зялёнай раскай.
Ён апiсаў у паветры крывую i, вядома, трапiў бы ў сажалку пад абарону цёткi Тарцiлы, калi б не моцны парыў ветру.
Вецер падхапiў лёгенькага драўлянага Бурацiна, закруцiў, завярцеў яго "двайным штопарам", шпурнуў убок, i ён, падаючы, бразнуўся проста ў каламажку, на галаву губернатара Лiса.
Тлусты кот у залатых акулярах ад нечаканасцi звалiўся з козлаў, i паколькi ён быў падлюга i баязлiвец, дык прыкiнуўся, што самлеў.
Губернатар Лiс, таксама страшэнны баязлiвец, з вiскам кiнуўся ўцякаць па схiле i тут жа залез у барсукову нару. Там яму давялося не соладка: барсукi сурова распраўляюцца з такiмi гасцямi.
Авечкi кiнулiся ўбок, каламажка перакулiлася. Мальвiна, П'еро i Артамон разам з клункамi пакацiлiся ў лопух.
Усё гэта адбылося так хутка, што вы, дарагiя чытачы, не наспелi б палiчыць усiх пальцаў на руцэ.
Доберманы-пiнчэры вялiкiмi скачкамi рынулiся ўнiз з кручы. Падскочыўшы да перакуленай каламажкi, убачылi тлустага ката ў непрытомнасцi. Убачылi ў лопуху параскiданых драўляных чалавечкаў i забiнтаванага пудзеля. Але нiдзе не было вiдаць губернатара Лiса.
Ён знiк, – нiбы скрозь зямлю правалiўся той, каго сышчыкi павiнны ахоўваць, як сваё вока.
Першы сышчык, узняўшы морду, у роспачы залямантаваў па-сабачы.
Другi сышчык зрабiў тое ж самае:
– Ай, ай, ай, ай-у-у-у!..
Яны кiнулiся i абшукалi ўвесь схiл гары. Зноў тужлiва завылi, таму што iм ужо бачылiся бiзун i жалезныя краты.
Збянтэжана вiляючы азадкамi, яны пабеглi ў Горад Дурняў, каб нахлусiць у палiцэйскiм аддзяленнi, нiбыта губернатар быў узяты на неба жывым, – так па дарозе яны прыдумалi ў сваё апраўданне.
Бурацiна пацiхеньку абмацаў сябе, – ногi, рукi былi цэлыя. Ён папоўз у лопух i вызвалiў ад вяровак Мальвiну i П'еро.
Мальвiна, не кажучы нi слова, абхапiла Бурацiна за шыю, але пацалаваць не магла – перашкодзiў яго доўгi нос.
У П'еро да локцяў былi адарваны рукавы, белая пудра абсыпалася са шчок, i выявiлася, што шчокi ў яго звычайныя – румяныя, нягледзячы на яго любоў да вершаў.
– Я здорава бiўся, – грубым голасам сказаў ён. – Каб мне не далi падножку – нiзавошта б мяне не ўзялi.
Мальвiна пацвердзiла:
– Ён бiўся, як леў.
Яна абхапiла П'еро за шыю i пацалавала ў абедзве шчакi.
– Досыць, досыць лiзацца, – прабурчаў Бурацiна, – уцякайма. Артамона пацягнем за хвост.
Яны ўхапiлiся ўсе трое за хвост няшчаснага сабакi i пацягнулi яго па схiлу гары.
– Пусцiце, я сам пайду, мяне гэта зневажае, – стагнаў забiнтаваны пудзель.
– Не, не, ты вельмi слабы.
Але ледзь толькi яны ўскарабкалiся да палавiны гары, як наверсе паказалiся Карабас Барабас i Дурамар. Лiсiца Алiса паказвала лапкай на ўцекачоў, кот Базiлiо тапырыў вусы i агiдна шыпеў.
– Ха-ха-ха, вось дык цудоўна! – зарагатаў Карабас Барабас. – Сам залаты ключык iдзе мне ў рукi!
Бурацiна хуценька прыдумваў, як выблытацца з новай бяды. П'еро прыцiснуў да сябе Мальвiну, маючы намер дорага прадаць жыццё. На гэты раз не было нiякай надзеi на выратаванне.
Дурамар хiхiкаў наверсе гары.
– Хворага сабачку-пудзеля, сiньёр Карабас Барабас, вы мне аддайце, я яго кiну ў сажалку п'явачкам, каб мае п'явачкi растаўсцелi...
Тоўсты Карабас Барабас ленаваўся спускацца ўнiз, ён вабiў уцекачоў пальцам, падобным на сардэльку:
– Iдзiце, iдзiце да мяне, дзеткi...
– Нi з месца! – загадаў Бурацiна. – Гiнуць – дык весела! П'еро, гавары якiя-небудзь свае самыя брыдкiя вершыкi. Мальвiна, рагачы на ўсё горла...
Мальвiна, нягледзячы на некаторыя недахопы, была добры таварыш. Яна выцерла слёзы i засмяялася вельмi крыўдна для тых, хто стаяў наверсе схiлу.
П'еро зараз жа склаў вершы i завыў вельмi непрыемным голасам:
Алiсы лёс лядачы
Па ёй палка плача.
Кот Базiлiо старац
Зладзюга, паганец.
Дурамар, наш дурачок,
Найагiднейшы смарчок.
Карабас ты Барабас,
Не баiмся надта вас...
У гэты час Бурацiна крыўляўся i дражнiўся:
– Гэй ты, дырэктар тэатра лялек, старая пiўная бочка, тлусты мяшок, напханы дурнотай, спусцiся, спусцiся да нас, – я табе наплюю ў аскубленую бараду!
У адказ Карабас Барабас страшэнна зароў, Дурамар узняў худыя рукi да неба.
Лiсiца Алiса крыва ўсмiхнулася:
– Дазвольце скруцiць шыi гэтым нахабнiкам?
Яшчэ хвiлiна, i ўсё было б скончана... Раптам са свiстам прамчалiся стрыжы:
– Сюды, сюды, сюды!..
Над галавой Карабаса Барабаса праляцела сарока, гучна лапочучы:
– Хутчэй, хутчэй, хутчэй!..
I наверсе ўзгорка з'явiўся стары тата Карла. Рукавы ў яго былi закасаны, у руцэ сукаваты кiй, бровы нахмураны...
Ён плячом пiхнуў Карабаса Барабаса, локцем – Дурамара, дубiнкай перацягнуў па спiне лiсiцу Алiсу, ботам адшпурнуў убок ката Базiлiо...
Пасля гэтага, нагнуўшыся i пазiраючы з горкi ўнiз, дзе стаялi драўляныя чалавечкi, сказаў радасна:
– Сын мой, Бурацiна, дураслiвец, ты жывы i здаровы, – iдзi ж хутчэй да мяне!
Бурацiна нарэшце вяртаецца дадому разам з татам Карла, Мальвiнай, П'еро i Артамонам
Нечаканае з'яўленне Карла, яго дубiнка i нахмураныя бровы нагналi жах на нягоднiкаў.
Лiсiца Алiса адпаўзла ў густую траву i адтуль дала драла, часам толькi спыняючыся, каб пакурчыцца пасля ўдару дубiнкай.
Кот Базiлiо, адляцеўшы крокаў на дзесяць, шыпеў ад злосцi, як праколатая веласiпедная шына.
Дурамар падабраў крыссе зялёнага палiто i пасунуўся з узгорка ўнiз, паўтараючы:
– Я нi пры чым, я нi пры чым...
Але на крутым месцы сарваўся, пакацiўся i са страшэнным шумам i плёскатам плюхнуўся ў сажалку.
Карабас Барабас застаўся стаяць, дзе стаяў. Ён толькi ўцягнуў усю галаву да макаўкi ў плечы; барада яго вiсела, як пакулле.
Бурацiна, П'еро i Мальвiна ўскарабкалiся наверх. Тата Карла браў iх па аднаму на рукi, гразiў пальцам:
– Вось я вас ужо, свавольнiкi!
I клаў за пазуху.
Потым ён спусцiўся на некалькi крокаў з узгорка i прысеў над няшчасным сабакам. Верны Артамон узняў морду i лiзнуў Карла ў нос. Бурацiна адразу ж высунуўся з-за пазухi:
– Тата Карла, мы без сабакi дадому не пойдзем.
– Э-хе-хе, – адказаў Карла, – цяжкавата будзе, але ўжо ж як-небудзь данясу вашага сабачку.
Ён ускiнуў Артамона на плячо i, сапучы ад цяжкага грузу, палез наверх, дзе, усё гэтак жа ўцягнуўшы галаву, вылупiўшы вочы, стаяў Карабас Барабас.
– Лялькi мае... – прабурчаў ён.
Тата Карла адказаў яму сурова:
– Эх ты? З кiм на старасцi год звязаўся, – з вядомымi ўсяму свету жулiкамi, з Дурамарам, з катом, з лiсiцай. Маленькiх крыўдзiце! Сорамна, доктар!
I Карла пайшоў па дарозе ў горад.
Карабас Барабас з уцягнутай галавой iшоў услед за iм.
– Лялькi мае, аддай!..
– Нiзашто не аддавай! – залямантаваў Бурацiна, высоўваючыся з-за пазухi.
Так iшлi, iшлi. Мiнулi харчэўню "Трох печкуроў", дзе ў дзвярах кланяўся лысы гаспадар, паказваючы абедзвюма рукамi на скавародкi, якiя шыпелi на агнi. Каля дзвярэй узад i ўперад, узад i ўперад пахаджваў певень з выскубленым хвастом i з абурэннем расказваў пра хулiганскi ўчынак Бурацiна. Куры спачувальна падтаквалi:
– Ах-ах, якi жах! Ух-ух, певень зух!..
Карла ўзышоў на пагорак, адкуль вiдаць было мора, дзе-нiдзе пакрытае матавымi палоскамi ад павеву ветрыка, ля берага – стары гарадок пясочнага колеру пад спякотным сонцам i палатняны дах тэатра лялек.
Карабас Барабас, стоячы на тры крокi ззаду Карла, прабурчаў:
– Я табе дам за лялькi сто залатых манет, прадай.
Бурацiна, Мальвiна i П'еро перасталi дыхаць – чакалi, што скажа Карла.
Ён адказаў:
– Не! Калi б ты быў добрым, добрым дырэктарам тэатра, я табе, так i быць, аддаў бы маленькiх чалавечкаў. А ты – горшы за ўсякага кракадзiла. Не аддам i не прадам, iдзi прэч!
Карла спусцiўся з узгорка i, ужо больш не звяртаючы ўвагi на Карабаса Барабаса, увайшоў у гарадок.
Там на пустой плошчы нерухома стаяў палiцэйскi. Ад гарачынi i нуды ў яго абвiслi вусы, павекi злiплiся, над трохкутным капелюшом кружылiся мухi.
Карабас Барабас раптам засунуў бараду ў кiшэню, схапiў Карла ззаду за кашулю i закрычаў на ўсю плошчу:
– Трымайце злодзея, ён украў у мяне лялькi!..
Але палiцэйскi, якому было горача i нудна, нават i не зварухнуўся. Карабас Барабас падбег да яго, патрабуючы арыштаваць Карла.
– А ты хто такi? – лянiва спытаў палiцэйскi.
– Я доктар лялечных навук, дырэктар славутага тэатра, кавалер вышэйшых ордэнаў, блiжэйшы сябар Тарабарскага караля, сiньёр Карабас Барабас...
– А ты не крычы на мяне, – адказаў палiцэйскi.
Пакуль Карабас Барабас з iм спрачаўся, тата Карла, таропка стукаючы кiем па бруку, падышоў к дому, дзе ён жыў. Адамкнуў дзверы ў паўцёмную каморку пад лесвiцай, зняў з пляча Артамона, паклаў на ложак, з-за пазухi выняў Бурацiна, Мальвiну i П'еро i пасадзiў у радок на стол.
Мальвiна адразу ж сказала:
– Тата Карла, перш за ўсё займiцеся хворым сабакам. Хлопчыкi, зараз жа мыцца...
Раптам яна з роспаччу пляснула рукамi:
– А мае сукенкi! Мае новенькiя туфелькi, мае прыгожыя стужачкi засталiся на дне яра, у лопуху!..
– Нiчога, не бядуй, – сказаў Карла, – увечары я схаджу, прынясу твае клункi.
Ён асцярожна разбiнтаваў Артамонавы лапы. Выявiлася, што раны амаль ужо загаiлiся i сабака не мог паварушыцца толькi таму, што быў галодны.
– Талерачку аўсянай зацiркi ды костачку з мазгамi, – прастагнаў Артамон, i я гатовы бiцца з усiмi сабакамi ў горадзе.
– Ай-яй-яй, – журыўся Карла, – а ў мяне дома нi крошкi, i ў кiшэнi нi сольда...
Мальвiна жаласлiва ўсхлiпнула. П'еро цёр кулаком лоб, разважаючы:
– Я пайду на вулiцу чытаць вершы, прахожыя надаюць мне кучу сольда.
Карла пакiваў галавой:
– I будзеш ты начаваць, сынок, за валацужнiцтва ў палiцэйскiм аддзяленнi.
Усе, апрача Бурацiна, засумавалi. Ён жа хiтра ўсмiхаўся, круцiўся так, нiбы сядзеў не на стале, а на перакуленай кнопцы.
– Сябры, даволi хныкаць! – Ён саскочыў на падлогу i штосьцi выцягнуў з кiшэнi. – Тата Карла, вазьмi малаток, адарвi ад сцяны дзiравае палатно.
I ён задзёртым носам паказаў на камiнак, i на кацялок над камiнкам, i на дым, намаляваныя на кавалку старога палатна.
Карла здзiвiўся:
– Навошта, сынок, ты хочаш зрываць са сцяны такую цудоўную карцiну? У зiмовы час я гляджу на яе i ўяўляю, што гэта сапраўдны агонь i ў кацялку сапраўдная полiўка з баранiнай i з часнаком, i мне робiцца крыху цяплей.
– Тата Карла, даю чэснае лялечнае слова, – у цябе будзе сапраўдны агонь на камiнку, сапраўдны чыгунны кацялок i гарачая полiўка. Сарвi палатно!
Бурацiна сказаў гэта з такой упэўненасцю, што тата Карла пачухаў патылiцу, пакiваў галавой, пакрактаў, – узяў абцугi i малаток i пачаў адрываць палатно. За iм, як мы ўжо ведаем, усё было зацягнута павуцiннем i вiселi дохлыя павукi.
Карла старанна абмёў павуцiнне. Тады сталi вiдаць невялiкiя дзверцы з пацямнелага дубу. На чатырох вуглах на iх былi выразаны твары, якiя смяялiся, а пасярэдзiне – чалавечак з доўгiм носам, чалавечак гэты танцаваў.
Калi з яго сцерлi пыл, Мальвiна, П'еро, тата Карла, нават галодны Артамон закрычалi ў адзiн голас:
– Гэта партрэт самога Бурацiна!
– Я так i думаў, – сказаў Бурацiна, хоць ён нiчога такога не думаў i сам здзiвiўся. – А вось i ключ ад дзверцаў. Тата Карла, адамкнi...
– Гэтыя дзверцы i гэты залаты ключык, – прамовiў Карла, – зроблены вельмi даўно нейкiм дасцiпным майстрам. Паглядзiм, што схавана за дзверцамi.
Ён усунуў ключык у замочную шчылiну i пакруцiў... Пачулася нягучная, вельмi прыемная музыка, нiбы зайграў арганчык у музычнай скрынцы.
Тата Карла пiхнуў дзверцы. Са скрыпам яны пачалi адчыняцца.
У гэты час пачулiся паспешлiвыя крокi за акном, i голас Карабаса Барабаса зароў:
– Iменем Тарабарскага караля – арыштуйце старога ашуканца Карла!
Карабас Барабас урываецца ў каморку пад лесвiцай
Карабас Барабас, як мы ведаем, дарэмна стараўся ўгаварыць соннага палiцэйскага, каб ён арыштаваў Карла. Нiчога не дамогшыся, Карабас Барабас пабег па вулiцы.
Яго раскудлачаная барада чаплялася за гузiкi i парасоны прахожых. Ён штурхаўся i ляскаў зубамi. Услед яму прарэзлiва свiсталi хлапчукi, шпурлялi ў спiну яму гнiлымi яблыкамi.
Карабас Барабас прыбег да начальнiка горада. У гэты спякотны час начальнiк сядзеў у садзе, каля фантана, у адных трусiках i пiў лiманад.
У начальнiка было шэсць падбародкаў, нос яго ўтапiўся ў ружовых шчоках. За спiнай яго, пад лiпай, чацвёра панурых палiцэйскiх тое i рабiлi, што адкаркоўвалi бутэлькi з лiманадам.
Карабас Барабас кiнуўся перад начальнiкам на каленi i, барадой размазваючы слёзы па твары, заенчыў:
– Я няшчасны сiрата, мяне пакрыўдзiлi, абакралi, набiлi...
– Хто цябе, сiрату, пакрыўдзiў? – адсопваючыся, спытаў начальнiк.
– Самы злосны вораг, стары катрыншчык Карла. Ён украў у мяне тры самыя лепшыя лялькi, ён хоча спалiць мой славуты тэатр, ён падпалiць i абрабуе ўвесь горад, калi яго зараз жа не арыштаваць.
Для падмацавання сваiх слоў Карабас Барабас выцягнуў жменю залатых манет i паклаў у туфель начальнiка.
Карацей кажучы, ён такога наплёў i нахлусiў, што напалоханы начальнiк загадаў чатыром палiцэйскiм пад лiпай:
– Iдзiце за шаноўным сiратой i зрабiце ўсё патрэбнае iменем закону.
Карабас Барабас пабег з чатырма палiцэйскiмi да каморкi Карла i крыкнуў:
– Iменем Тарабарскага караля – арыштуйце злодзея i нягоднiка!
Але дзверы былi замкнуты. У каморцы нiхто не адклiкнуўся. Карабас Барабас загадаў:
– Iменем Тарабарскага караля – ламiце дзверы!
Палiцэйскiя нацiснулi, гнiлыя палавiнкi дзвярэй сарвалiся з завесаў, i чатыры бравыя палiцэйскiя, бразгаючы шаблямi, з грукатам звалiлiся ў каморку пад лесвiцай.
Гэта было ў тую самую хвiлiну, калi праз патаемныя дзверцы ў сцяне, нагнуўшыся, выходзiў Карла.
Ён знiк апошнiм. Дзверцы
Дзынь!..
Зашчоўкнулiся. Цiхая музыка перастала iграць. У каморцы пад лесвiцай валялiся толькi брудныя бiнты i парванае палатно з намаляваным камiнкам...
Карабас Барабас падбег да патаемных дзверцаў, загрукаў у iх кулакамi i абцасамi:
Тра-та-та-та!
Але дзверцы былi моцныя.
Карабас Барабас разагнаўся i ўдарыў у дзверцы задам.
Дзверцы не паддалiся.
Ён затупаў на палiцэйскiх:
– Ламiце праклятыя дзверы iменем Тарабарскага караля!..
Палiцэйскiя абмацвалi адзiн у аднаго – хто пабiты нос, хто гузак на галаве.
– Не, тут работа вельмi цяжкая, – адказалi яны i пайшлi да начальнiка горада сказаць, што iмi ўсё зроблена па закону, але старому катрыншчыку, вiдаць, памагае сам нячысцiк, таму што ён уцёк праз сцяну.
Карабас Барабас iрвануў сябе за бараду, павалiўся на падлогу i пачаў раўцi, енчыць i качацца, як шалёны, па пустой каморцы пад лесвiцай.
Што яны знайшлi за патайнымi дзвярыма
Пакуль Карабас Барабас качаўся, як шалёны, i рваў на сабе бараду, Бурацiна наперадзе, а за iм Мальвiна, П'еро, Артамон i – апошнiм – тата Карла спускалiся па крутой каменнай лесвiцы ў падзямелле.
Тата Карла трымаў агарак свечкi. Яе мiгатлiвы агеньчык адкiдваў ад Артамонавай калматай галавы цi ад працягнутай рукi П'еро вялiкiя ценi, але не мог асвятлiць цемры, куды вяла лесвiца.
Мальвiна, каб не заплакаць ад страху, шчыпала сябе за вушы.
П'еро – як заўсёды, нi к сялу нi к гораду – мармытаў вершыкi:
Скачуць ценi на сцяне,
Больш нiшто не страшна мне.
Хоць крутыя сходцы тут,
Хоць i цёмны кожны кут,
Толькi ж, пэўна, не к бядзе
Шлях падземны прывядзе.
Бурацiна апярэдзiў таварышаў, – яго белы каўпачок ледзь бачны быў глыбока ўнiзе.
Раптам там штосьцi зашыпела, упала, пакацiлася, i пачуўся яго жаласны голас:
– Сюды, на дапамогу!
У момант Артамон, забыўшыся на раны i голад, павалiўшы Мальвiну i П'еро, чорным вiхрам рынуўся ўнiз па лесвiцы.
Заляскалi яго зубы. Агiдна завiшчала нейкая iстота.
Усё сцiхла. Толькi ў Мальвiны гучна, як у будзiльнiку, стукала сэрца.
Шырокi прамень святла знiзу асвятлiў лесвiцу. Агеньчык свечкi, якую трымаў тата Карла, зрабiўся жоўты.
– Глядзiце, глядзiце хутчэй! – гучна паклiкаў Бурацiна.
Мальвiна – задам наперад – паспешлiва пачала спускацца з прыступкi на прыступку, за ёю заскакаў П'еро. Апошнiм, нагнуўшыся, сыходзiў Карла, раз-пораз губляючы драўляныя чаравiкi.
Унiзе, там, дзе заканчвалася крутая лесвiца, на каменнай пляцоўцы сядзеў Артамон. Ён аблiзваўся. Каля яго ног валяўся задушаны пацук Шушар.
Бурацiна абедзвюма рукамi прыўзнiмаў спарахнелы лямец, – iм была завешана адтулiна ў каменнай сцяне. Адтуль лiлося блакiтнае святло.
Першае, што яны ўбачылi, калi пралезлi ў дзiрку, – гэта яркiя праменнi сонца. Яны падалi са скляпенчатай столi праз круглае акно.
Шырокiя праменнi, у якiх танцавалi пылiнкi, асвятлялi круглы пакой з жаўтаватага мармуру. Пасярод яго стаяў цудоўны тэатр лялек. На заслоне блiшчаў залаты зiгзаг маланкi.
Па баках заслоны ўзнiмалiся дзве квадратныя вежы, размаляваныя так, нiбы яны былi складзены з маленькiх цаглiнак. Высокiя дахi з зялёнай бляхi ярка блiшчалi.
На левай вежы быў гадзiннiк з бронзавымi стрэлкамi. На цыферблаце супроць кожнай лiчбы намаляваны вясёлыя тварыкi хлопчыка i дзяўчынкi.
На правай вежы – круглае акенца з рознакаляровых шкельцаў.
Над гэтым акенцам, на даху з зялёнай бляхi, сядзеў цвыркун, якi ўмее гаварыць. Калi ўсе, разявiўшы раты, спынiлiся перад цудоўным тэатрам, цвыркун прагаварыў павольна i выразна:
– Я папярэджваў, што цябе чакаюць жахлiвыя небяспекi i страшныя прыгоды, Бурацiна. Добра, што ўсё скончылася шчаслiва, а магло скончыцца i нешчаслiва... Вось як...
Голас у цвыркуна быў стары i крыху пакрыўджаны, таму што цвыркуну, якi ўмее гаварыць, у свой час усё ж папала па галаве малатком i, нягледзячы на стогадовы ўзрост i прыродную дабрату, ён не мог забыць незаслужанай крыўды. Таму ён больш нiчога не дадаў, – таргануў вусiкамi, нiбы страсаючы з iх пыл, i павольна папоўз кудысьцi ў адзiнокую шчылiну – далей ад мiтуснi.
Тады тата Карла прамовiў:
– А я дык думаў, мы тут, прынамсi, знойдзем кучу золата i серабра, а знайшлi ўсяго толькi старую цацку.
Ён падышоў да гадзiннiка, устаўленага ў вежу, пастукаў пазногцем па цыферблату, i паколькi збоку гадзiннiка на медным цвiчку вiсеў ключык, ён узяў яго i завёў гадзiннiк...
Пачулася гучнае цiканне. Стрэлкi рушылi ў дарогу. Вялiкая стрэлка падышла да дванаццацi, маленькая – да шасцi. Унутры вежы загуло i зашыпела. Гадзiннiк звонка прабiў шэсць...
Адразу ж на правай вежы расчынiлася акенца з рознакаляровых шкельцаў, выскачыла завадная стракатая птушка i, затрапятаўшы крыламi, праспявала шэсць разоў:
– Да нас-да нас, да нас-да нас, да нас-да нас...
Птушка схавалася, акенца зачынiлася, зайграла катрыначная музыка. I заслона ўзнялася...
Нiхто, нават тата Карла, нiколi не бачыў такой прыгожай дэкарацыi.
На сцэне быў сад. На маленькiх дрэвах з залатымi i сярэбранымi лiсцiкамi спявалi завадныя шпакi велiчынёй з пазногаць. На адным дрэве вiселi яблыкi, кожнае з iх не большае за зерне грэчкi. Пад дрэвамi пахаджвалi паўлiны i, прыўзнiмаючыся на дыбачках, дзяўблi яблыкi. На палянцы скакалi i бралiся ў рожкi двое казлянят, а ў паветры ляталi матылькi, ледзь прыкметныя воку.
Так прайшла хвiлiна. Шпакi змоўклi, паўлiны i казляняты падалiся назад, за бакавыя кулiсы. Дрэвы правалiлiся ў патайныя люкi пад падлогу сцэны.
На задняй дэкарацыi пачалi разыходзiцца цюлевыя воблакi. Паказалася чырвонае сонца над пясчанай пустыняй. Справа i злева, з бакавых кулiсаў, выкiнулiся галiнкi лiян, падобныя да змей, – на адной сапраўды вiсела змяя ўдаў, на другой разгойдвалася, ухапiўшыся хвастамi, сям'я малпаў.
Гэта была Афрыка.
Па пяску пустынi пад чырвоным сонцам праходзiлi звяры.
Трыма скачкамi прамчаўся грывасты леў, – хоць быў ён не большы за кацяня, але страшны.
Перавальваючыся, праклыпаў на заднiх лапах плюшавы мядзведзь з парасонам.
Прапоўз агiдны кракадзiл, – яго маленькiя брыдкiя вочкi прыкiдвалiся добранькiмi. Але ўсё ж Артамон не паверыў i загыркаў на яго.
Прамчаўся насарог, – для бяспекi на яго востры рог быў надзеты гумавы мячык.
Прабегла жырафа, падобная на паласатага, рагатага вярблюда, якi з усёй сiлы выцягнуў шыю.
Потым iшоў слон, сябар дзяцей, – разумны, лагодны, – памахваў хобатам, у якiм трымаў соевую цукерку.
Апошнiм пратупаў бачком страшэнна брудны дзiкi сабака – шакал. Артамон з брэхам кiнуўся на яго, – тату Карла ледзь удалося адцягнуць яго за хвост ад сцэны.
Звяры прайшлi. Сонца раптам пагасла. У цемры нейкiя рэчы апусцiлiся зверху, нейкiя рэчы высунулiся з бакоў. Пачуўся гук, нiбы правялi смычком па струнах.
Загарэлiся матавыя вулiчныя лiхтарыкi. На сцэне была гарадская плошча. Дзверы ў дамах расчынiлiся, выбеглi маленькiя чалавечкi, палезлi ў лялечны трамвай. Кандуктар зазванiў, вагонаважаты крутнуў ручку, хлапчук жвава прычапiўся да каўбасы, мiлiцыянер засвiстаў, – трамвай рушыў у бакавую вулiцу памiж высокiх дамоў.
Праехаў веласiпедыст на колах – не большых за сподачак для варэння. Прабег газетчык, – у чатыры разы складзеныя лiсткi адрыўнога календара – вось якой велiчынi былi ў яго газеты.
Марожаншчык пракацiў цераз пляцоўку каляску з марожаным. На балкончыкi дамоў выбеглi дзяўчынкi i замахалi яму, а марожаншчык развёў рукамi i сказаў:
– Усё з'елi, прыходзьце другiм разам.
Тут заслона апусцiлася, i на ёй зноў заблiшчаў залаты зiгзаг маланкi.
Тата Карла, Мальвiна, П'еро не маглi апамятацца ад захаплення. Бурацiна, засунуўшы рукi ў кiшэнi, задраўшы нос, сказаў, выхваляючыся:
– Што – бачылi? Значыцца, недарэмна я мок у балоце ў цёткi Тарцiлы... У гэтым тэатры мы паставiм камедыю – ведаеце якую? – "Залаты Ключык, або незвычайныя прыгоды Бурацiна i яго сяброў". Карабас Барабас лопне ад зайздрасцi.