Текст книги "Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)"
Автор книги: Алексей Толстой
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 5 страниц)
Толстой Алексей
Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)
Аляксей Талстой
Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны
Пераклад: А.Бачыла
Джузэпэ трапiлася пад руку палена, якое пiшчала чалавечым голасам
Даўным-даўно ў гарадку на беразе Мiжземнага мора жыў стары сталяр Джузэпэ, па мянушцы Шызы Нос.
Аднойчы яму трапiлася пад руку палена, звычайнае палена, якое кладуць у печ для ацяплення ў зiмовы час.
– Нядрэнная рэч, – сказаў сам сабе Джузэпэ, – можна змайстраваць з яго што-небудзь накшталт ножкi для стала...
Джузэпэ надзеў акуляры, абматаныя вяровачкай, – таму што акуляры былi таксама старыя, – пакруцiў у руцэ палена i пачаў яго часаць сякеркаю. Але толькi ён пачаў часаць, як нечы вельмi тоненькi галасок прапiшчаў:
– Ой-ой, асцярожней, калi ласка!
Джузэпэ ссунуў акуляры на кончык носа, пачаў аглядаць майстэрню, нiкога...
Ён заглянуў пад варштат, – нiкога...
Ён паглядзеў у кошыку са стружкамi, – нiкога...
Ён высунуў галаву за дзверы, – нiкога на вулiцы...
"Няўжо мне здалося? – падумаў Джузэпэ. – Хто б гэта мог пiшчаць?.."
Ён зноў узяў сякерку i зноў, – толькi ўдарыў па палене...
– Ой, балюча ж, кажу! – заскуголiў тоненькi галасок.
На гэты раз Джузэпэ спалохаўся не на жарт, у яго нават акуляры запацелi... Ён агледзеў усе куткi ў пакоi, залез нават у печ i, задраўшы галаву, доўга глядзеў у комiн.
– Няма нiкога...
"Можа, я выпiў чаго-небудзь благога i ў мяне звiнiць у вушах?" – разважаў сам з сабою Джузэпэ.
Не, сёння ён нiчога благога не пiў... Крыху супакоiўшыся, Джузэпэ ўзяў гэблiк, стукнуў малатком па задняй яго частцы, каб у меру, – не надта многа i не надта мала, – вылезла лязо, паклаў палена на варштат i – толькi ўзяў стружку...
– Ой, ой, ой, ой, слухайце, чаго вы шчыпаецеся? – запiшчаў тоненькi галасок...
Джузэпэ выпусцiў гэблiк з рук, адступiўся назад i сеў проста на падлогу: ён здагадаўся, што тоненькiм галаском гаварыла само палена.
Джузэпэ дорыць палена, якое ўмее гаварыць, свайму сябру Карла
У гэты час да Джузэпэ зайшоў яго даўнi прыяцель, катрыншчык, якога звалi Карла.
Калiсьцi Карла ў шыракаполым капелюшы хадзiў з цудоўнай катрынкай па гарадах i спевамi i музыкай зарабляў сабе на хлеб.
Цяпер Карла быў ужо стары i хворы, i катрынка яго даўно паламалася.
– Дзень добры, Джузэпэ, – сказаў ён, зайшоўшы ў майстэрню. Чаму ты сядзiш на падлозе?
– А я, ведаеш, згубiў маленькую шрубку... Ды ну яе! – адказаў Джузэпэ i скоса глянуў на палена. – Ну, а ты як жывеш, стары?
– Дрэнна, – адказаў Карла. – Усё думаю – як бы мне зарабiць на хлеб... Хоць бы ты мне памог, параiў бы, цi што...
– Вельмi проста, – сказаў весела Джузэпэ i падумаў сам сабе: "Пазбаўлюся я зараз ад гэтага праклятага палена". – Вельмi проста: бачыш – ляжыць на варштаце цудоўнае палена, вазьмi ты гэтае палена, Карла, i занясi дадому...
– Эх-хе-хе, – нявесела адказаў Карла, – а далей што? Прынясу я дадому палена, а ў мяне нават i печкi ў каморцы няма.
– Я табе не абы-што кажу, Карла... Вазьмi ножык, выраж з гэтага палена ляльку, навучы яе гаварыць розныя смешныя словы, спяваць i танцаваць, ды i насi па дварах. Заробiш на кавалак хлеба i на шклянку вiна.
У гэты час на варштаце, дзе ляжала палена, пiскнуў вясёлы галасок:
– Брава, цудоўна прыдумана, Шызы Нос!
Джузэпэ зноў затросся ад страху, а Карла толькi здзiўлена азiраўся, адкуль голас?
– Ну, дзякуй, Джузэпэ, што параiў, вазьму, бадай-што, тваё палена.
Тады Джузэпэ схапiў палена i хутчэй сунуў яго сябру. Але цi ён нязручна сунуў, цi яно само падскочыла i стукнула Карла па галаве.
– Ах, вось якiя твае падарункi! – пакрыўджана крыкнуў Карла.
– Даруй, дружа, гэта не я цябе стукнуў.
– Значыцца, я сам сябе стукнуў па галаве?
– Не, дружа, – вiдаць, само палена цябе стукнула.
– Хлусiш, ты стукнуў...
– Не, не я...
– Я ведаў, што ты п'янiца, Шызы Нос, – сказаў Карла, – а ты яшчэ i манюка.
– Ах, ты – лаяцца! – крыкнуў Джузэпэ. – А ну, падыдзi блiжэй!..
– Сам падыдзi блiжэй, я цябе схаплю за нос!..
Старыя абодва надзьмулiся i пачалi наскакваць адзiн на аднаго. Карла схапiў Джузэпэ за шызы нос. Джузэпэ схапiў Карла за сiвыя валасы, што раслi каля вушэй.
Пасля гэтага яны пачалi заўзята дубасiць адзiн аднаго кулакамi. Прарэзлiвы галасок на варштаце ў гэты час пiшчаў i падбухторваў:
– Лупi, лупi як след!
Нарэшце старыя стамiлiся i засаплiся. Джузэпэ сказаў:
– Давай памiрымся, цi што...
Карла адказаў:
– Ну што ж, давай памiрымся...
Старыя пацалавалiся. Карла ўзяў пад паху палена i пайшоў дахаты.
Карла майструе драўляную ляльку i называе яе Бурацiна
Карла жыў у каморцы пад лесвiцай, дзе ў яго нiчога не было, апрача прыгожага камiнка – у сцяне насупраць дзвярэй.
Але прыгожы камiнак, i агонь на камiнку, i кацялок, што кiпеў на агнi, былi не сапраўдныя, а намаляваныя на кавалку старога палатна.
Карла зайшоў у каморку, сеў на адзiнае крэсла каля бязногага стала i, пакруцiўшы i так i гэтак палена, пачаў нажом выразаць з яго ляльку.
"Як жа мне яе назваць? – думаў Карла. – Назаву хiба я яе Бурацiна. Гэта iмя прынясе мне шчасце. Я ведаў адну сям'ю, – усiх iх звалi Бурацiна: бацька Бурацiна, мацi – Бурацiна, дзецi – таксама Бурацiна... Усе яны жылi весела i бесклапотна..."
Перш-наперш ён выразаў на палене валасы, потым – лоб, потым – вочы...
Раптам вочы самi расплюшчылiся i ўтаропiлiся на яго...
Карла i выгляду не падаў, што спалохаўся, толькi ласкава спытаў:
– Драўляныя вочкi, чаму вы так дзiўна гледзiце на мяне?
Але лялька маўчала, – мабыць таму, што ў яе не было рота.
Карла выстругаў шчокi, потым выстругаў нос – звычайны...
Раптам нос сам пачаў выцягвацца, расцi, i атрымаўся такi доўгi востры нос, што Карла нават крэкнуў:
– Нядобра, даўгаваты...
I пачаў зрэзваць кончык носа. Але зрабiць гэта было не так проста. Нос круцiўся, выкручваўся, так i застаўся – доўгiм-доўгiм, цiкаўным, вострым носам.
Карла ўзяўся за рот. Але толькi паспеў выразаць губы, – рот адразу адкрыўся:
– Хi-хi-хi, ха-ха-ха!
I высунуўся з яго, дражнячыся, вузенькi чырвоны язык.
Карла, ужо не звяртаючы ўвагi на гэтыя штукарствы, працягваў стругаць, вырэзваць, калупаць... Зрабiў ляльцы падбародак, шыю, плечы, тулава, рукi...
Але як толькi скончыў выстругваць апошнi пальчык, Бурацiна пачаў лупiць кулачкамi Карла па лысiне, шчыпацца i казытаць.
– Паслухай, – сказаў Карла строга, – я ж яшчэ не скончыў цябе майстраваць, а ты ўжо дурэць пачынаеш... Што ж потым будзе... Га?..
I ён строга паглядзеў на Бурацiна. I Бурацiна круглымi вачыма, як мыш, глядзеў на тату Карла.
Карла зрабiў яму з лучынак доўгiя ногi з вялiкiмi ступнямi. На гэтым закончыўшы работу, паставiў драўлянага хлапчука на падлогу, каб навучыць хадзiць.
Бурацiна пахiстаўся, пахiстаўся на тоненькiх ножках, ступiў раз, ступiў другi, скок, скок, – проста да дзвярэй, цераз парог i – на вулiцу.
Устрывожаны Карла пайшоў за iм.
– Гэй, дураслiвец, вярнiся!..
Дзе там! Бурацiна бег па вулiцы, як заяц, толькi драўляныя падэшвы яго тукi-тук, тукi-тук – пастуквалi па бруку...
– Трымайце яго! – закрычаў Карла.
Прахожыя смяялiся, паказваючы пальцамi на шустрага Бурацiна. На скрыжаваннi стаяў высозны палiцэйскi з закручанымi вусамi i ў трохкутным капелюшы.
Убачыўшы драўлянага чалавечка, якi бег па бруку, ён шырока расставiў ногi, загарадзiўшы iмi ўсю вулiцу. Бурацiна хацеў праскочыць у яго памiж ног, але палiцэйскi схапiў яго за нос i так трымаў, пакуль не падаспеў тата Карла...
– Ну, пачакай жа ты, я з табой ужо распраўлюся, – аддыхваючыся, прагаварыў Карла i хацеў засунуць Бурацiна ў кiшэню курткi...
Бурацiна зусiм не хацелася ў такi вясёлы дзень пры ўсiм народзе тырчаць нагамi дагары з кiшэнi курткi, – ён спрытна выкруцiўся, бразнуўся на брук i прыкiнуўся мёртвым.
– Ай, ай, – сказаў палiцэйскi, – справа, здаецца, кепская.
Пачалi збiрацца прахожыя. Гледзячы на распластанага Бурацiна, кiвалi галовамi.
– Небарака, – гаварылi адны, – мабыць, з голаду...
– Карла яго да смерцi прыбiў, – гаварылi другiя, – гэты стары катрыншчык толькi прыкiдваецца добрым чалавекам, ён лiхi, ён злы чалавек...
Чуючы ўсё гэта, вусаты палiцэйскi схапiў няшчаснага Карла за каўнер i пацягнуў у палiцэйскае аддзяленне.
Карла пылiў чаравiкамi i моцна стагнаў:
– Ох, ох, на бяду сабе я зрабiў драўлянага хлапчука!
Калi вулiца апусцела, Бурацiна падняў нос, агледзеўся i, падскакваючы, пабег дадому...
Цвыркун, якi ўмее гаварыць, дае Бурацiна мудрую параду
Прыбегшы ў каморку пад лесвiцай, Бурацiна пляснуўся на падлогу каля ножкi крэсла.
– Што б такое яшчэ прыдумаць?
Не трэба забывацца, што Бурацiна iшоў усяго першы дзень ад нараджэння. Думкi ў яго былi маленькiя-маленькiя, кароценькiя-кароценькiя, дробязныя-дробязныя.
У гэты час пачулася:
– Крры-кры, крры-кры, крры-кры.
Бурацiна пакруцiў галавой, аглядваючы каморку.
– Гэй, хто тут?
– Тут я, – крры-кры...
Бурацiна ўбачыў стварэнне, крыху падобнае на таракана, але з галавой, як у конiка. Яно сядзела на сцяне над камiнкам i цiха патрэсквала, – крры-кры, глядзела пукатымi, як са шкла, вясёлкавымi вачыма, варушыла вусiкамi.
– Гэй, ты хто такi?
– Я – цвыркун, якi ўмее гаварыць, – адказала стварэнне, – жыву ў гэтым пакоi больш за сто гадоў.
– Тут я гаспадар, прэч адгэтуль.
– Добра, я пайду, хоць мне вельмi шкада пакiдаць пакой, дзе я пражыў сто гадоў, – адказаў цвыркун, – але раней чым я пакiну пакой, выслухай карысную параду.
– Надддта мне патрэбны парады старога цвыркуна...
– Ах, Бурацiна, Бурацiна, – прагаварыў цвыркун, – пакiнь сваволiць, слухайся Карла, без патрэбы не бегай з дому i заўтра пачнi хадзiць у школу. Вось мая парада. Iнакш цябе чакаюць жахлiвыя небяспекi i страшэнныя прыгоды. За тваё жыццё я не дам i здохлай сухой мухi.
– Ччччаму? – спытаў Бурацiна.
– А вось ты пабачыш – ччччаму, – адказаў цвыркун.
– Ах ты, стогадовая казяўка-маляўка! – крыкнуў Бурацiна. – Больш за ўсё на свеце я люблю страшэнныя прыгоды. Заўтра, як толькi развiднее, уцяку з дому лазiць па платах, разбураць птушыныя гнёзды, дражнiць хлапчукоў, цягаць за хвасты сабак i кошак... Я яшчэ не тое прыдумаю!..
– Шкада мне цябе, шкада, Бурацiна, пралiеш ты горкiя слёзы.
– Ччччаму? – зноў спытаў Бурацiна.
– Таму што ў цябе дурная драўляная галава.
Тады Бурацiна ўскочыў на крэсла, з крэсла на стол, схапiў малаток i шпурнуў яго ў галаву цвыркуна.
Стары разумны цвыркун цяжка ўздыхнуў, паварушыў вусамi i папоўз за камiнак, – назаўсёды з гэтага пакоя.
Бурацiна ледзь не гiне праз уласную легкадумнасць. Тата Карла склейвае яму адзенне з каляровай паперы i купляе азбуку
Пасля здарэння з цвыркуном, якi ўмее гаварыць, у каморцы пад лесвiцай стала зусiм сумна. Дзень цягнуўся i цягнуўся. У жываце ў Бурацiна таксама было сумнавата.
Ён заплюшчыў вочы i раптам убачыў смажаную курыцу на талерцы.
Жвава расплюшчыў вочы, – курыца на талерцы знiкла.
Ён зноў заплюшчыў вочы, – убачыў талерку маннай кашы папалам з малiнавым варэннем.
Расплюшчыў вочы, – няма талеркi маннай кашы папалам з малiнавым варэннем.
Тады Бурацiна здагадаўся, што яму страшэнна хочацца есцi.
Ён падбег да камiнка i сунуў нос у кацялок, што кiпеў на агнi. Але доўгi нос Бурацiна праткнуў наскрозь кацялок, таму што, як мы ведаем, i камiнак, i агонь, i дым, i кацялок былi намаляваны бедным Карла на кавалку старога палатна.
Бурацiна выцягнуў нос i паглядзеў у дзiрку, – за палатном у сцяне было нешта падобнае на невялiкiя дзверцы, але там было так заткана ўсё павуцiннем, што нiчога не разабраць.
Бурацiна пайшоў шукаць па ўсiх кутках, – цi не знойдзецца скарыначкi хлеба або курынай костачкi, абгрызенай кошкай.
Ах, нiчагусенькi, нiчагусенькi не было ў беднага Карла прызапашана на вячэру!
Раптам ён убачыў у кошыку са стружкамi курынае яйка. Схапiў яго, паставiў на падаконнiк i носам – цюк-цюк – разбiў шкарлупiну.
Унутры яйка пiскнуў галасок:
– Дзякуй, драўляны чалавечак.
З разбiтай шкарлупiны вылезла кураня з пухам замест хваста i з вясёлымi вачыма.
– Да пабачэння! Мама Кура даўно мяне чакае на двары.
I кураня выскачыла праз акно, – толькi яго i бачылi.
– Ой, ой, – закрычаў Бурацiна, – есцi хачу!..
Дзень, нарэшце, перастаў цягнуцца. У пакоi сцямнела.
Бурацiна сядзеў каля намаляванага агню i ад голаду пацiхеньку iкаў.
Ён убачыў: з-пад лесвiцы, з-пад падлогi паказалася тоўстая галава. Высунулася, панюхала i вылезла шэрая жывёлiна на нiзкiх лапах.
Не спяшаючыся, яна пайшла да кошыка са стружкамi, залезла туды, нюхаючы i шныпарачы, – сярдзiта зашамацела стружкамi. Мабыць, яна шукала яйка, якое разбiў Бурацiна.
Потым яна вылезла з кошыка i падышла да Бурацiна. Панюхала яго, круцячы чорным носам з чатырма доўгiмi валаскамi з кожнага боку. Ад Бурацiна ядою не пахла, – яна пайшла мiма, цягнучы за сабой доўгi тонкi хвост.
Ну, як яе было не схапiць за хвост! Бурацiна зараз жа i схапiў.
Гэта быў стары злосны пацук Шушар.
З перапуду ён, як цень, кiнуўся быў пад лесвiцу, цягнучы Бурацiна, але ўбачыў, што гэта ўсяго толькi драўляны хлапчук, – павярнуўся i з шалёнай злосцю накiнуўся, каб перагрызцi яму горла.
Цяпер ужо Бурацiна спалохаўся, выпусцiў халодны пацукоў хвост i ўскочыў на крэсла. Пацук – за iм.
Ён з крэсла пераскочыў на падаконнiк. Пацук – за iм. З падаконнiка ён цераз усю каморку пераляцеў на стол. Пацук – за iм... I тут на стале ён схапiў Бурацiна за горла, павалiў, трымаючы яго ў зубах, саскочыў на падлогу i павалок за лесвiцу, пад падлогу.
– Тата Карла! – паспеў толькi пiскнуць Бурацiна.
– Я тут! – адказаў гучны голас.
Дзверы расчынiлiся, увайшоў тата Карла. Сцягнуў з нагi драўляны чаравiк i шпурнуў iм у пацука.
Шушар, выпусцiўшы драўлянага хлапчука, скрыгатнуў зубамi i знiк.
– Вось да чаго даводзiць свавольства! – прабурчаў тата Карла, падымаючы з падлогi Бурацiна. Паглядзеў, цi ўсё ў яго цэлае. Пасадзiў яго на калена, выняў з кiшэнi цыбулiнку, ачысцiў.
– На, еш!..
Бурацiна запусцiў галодныя зубы ў цыбулiну i з'еў яе, хрумстаючы i прыцмокваючы. Пасля гэтага пачаў церцiся галавой аб шчацiнiстую шчаку таты Карла.
– Я буду разумненькi-разумненькi, тата Карла... Цвыркун, якi ўмее гаварыць, сказаў мне хадзiць у школу.
– Слаўна прыдумана, малеча...
– Тата Карла, але ж я – голенькi, драўляненькi, – хлапчукi ў школе мяне засмяюць.
– Эге, – сказаў Карла i пачухаў шчацiнiсты падбародак. – Праўду кажаш, малеча!
Ён запалiў лямпу, узяў нажнiцы, клей i абрыўкi каляровай паперы. Выразаў i склеiў куртачку з карычневай паперы i ярка-зялёныя штонiкi. Змайстраваў туфлi са старой халявы i шапачку – каўпачком з кутасiкам – са старой шкарпэткi.
Усё гэта надзеў на Бурацiна:
– Насi на здароўе!
– Тата Карла, – сказаў Бурацiна, – а як жа я пайду ў школу без азбукi?
– Эге, праўду кажаш, малеча...
Тата Карла пачухаў патылiцу. Накiнуў на плечы сваю адзiную старую куртку i пайшоў на вулiцу.
Ён хутка вярнуўся, але без курткi. У руцэ ён трымаў кнiжку з вялiкiмi лiтарамi i цiкавымi малюнкамi.
– Вось табе азбука. Вучыся на здароўе.
– Тата Карла, а дзе твая куртка?
– Куртку я прадаў... Нiчога, абыдуся i так... Толькi ты жывi на здароўе.
Бурацiна ўткнуўся носам у добрыя рукi таты Карла.
– Вывучуся, вырасту, куплю табе тысячу новых куртак...
Бурацiна з усяе сiлы хацеў у гэты першы ў яго жыццi вечар жыць без свавольства, як навучыў яго цвыркун, якi ўмее гаварыць.
Бурацiна прадае азбуку i купляе бiлет у тэатр лялек
Назаўтра ранiцай Бурацiна паклаў азбуку ў торбачку i, падскакваючы, пабег у школу.
Па дарозе ён нават не глядзеў на ласункi, выстаўленыя ў крамах, – макавыя на мёдзе трыкутнiчкi, салодкiя пiражкi i ледзянцы ў выглядзе пеўнiкаў, насаджаных на палачку.
Ён не хацеў глядзець на хлапчукоў, якiя пускалi папяровага змея...
Вулiцу пераходзiў паласаты кот Базiлiо, якога можна было схапiць за хвост. Але Бурацiна ўтрымаўся i ад гэтага.
Чым блiжэй ён падыходзiў да школы, тым мацней непадалёку, на беразе Мiжземнага мора, iграла вясёлая музыка.
– Пi-пi-пi, – пiшчала флейта.
– Ла-ла-ла-ла, – спявала скрыпка.
– Дзiнь-дзiнь, – бразгалi медныя талеркi.
– Бум! – бiў барабан.
У школу трэба было паварочваць направа, музыка чулася злева. Бурацiна пачаў спатыкацца. Самi ногi паварочвалi да мора, дзе:
– Пi-пi, пiiiii...
– Дзiн-лала, дзiн-ла-ла...
– Бум!
– Школа ж нiкуды ж не падзенецца ж, – сам сабе гучна пачаў гаварыць Бурацiна, – я толькi гляну, паслухаю i бягом – у школу.
З усёй моцы ён кiнуўся бегчы да мора. Ён убачыў палатняны балаган, упрыгожаны рознакаляровымi сцягамi, якiя трапяталi ад марскога ветру.
Наверсе балагана, прытанцоўваючы, iгралi чатыры музыкi. Унiзе тоўстая цётка ўсмiхаючыся прадавала бiлеты. Каля ўвахода стаяў вялiкi натоўп хлопчыкi i дзяўчынкi, салдаты, прадаўцы лiманаду, мамкi з груднымi дзецьмi, пажарнiкi, паштальёны, – усе, усе чыталi вялiкую афiшу:
"Тэатр лялек.
Толькi адзiн спектакль.
Спяшайцеся!
Спяшайцеся!
Спяшайцеся!"
Бурацiна тузануў за рукаў аднаго хлапчука.
– Скажыце, калi ласка, колькi каштуе ўваходны бiлет?
Хлопчык адказаў скрозь зубы, не спяшаючыся:
– Чатыры сольда, драўляны чалавечак.
– Разумееце, хлопчык, я забыўся дома мой кашалёк... Вы не можаце мне пазычыць чатыры сольда?..
Хлопчык зняважлiва свiснуў:
– Знайшоў дурня!..
– Мне страшшшшэнна хочацца паглядзець тэатр лялек! – скрозь слёзы сказаў Бурацiна. – Купiце ў мяне за чатыры сольда маю цудоўную куртачку...
– Папяровую куртачку за чатыры сольда? Шукай дурня.
– Ну, тады мой прыгожанькi каўпачок...
– Тваiм каўпачком толькi лавiць апалонiкаў... Шукай дурня.
У Бурацiна нават пахаладзеў нос – гэтак яму хацелася трапiць у тэатр.
– Хлопчык, тады вазьмiце за чатыры сольда маю новую азбуку...
– З малюнкамi?
– З ччччароўнымi малюнкамi i вялiкiмi лiтарамi.
– Давай хiба, – сказаў хлопчык, узяў азбуку i неахвотна адлiчыў чатыры сольда.
Бурацiна падбег да тоўстай цёткi i прапiшчаў:
– Паслухайце, дайце мне ў першым радзе бiлет на адзiны спектакль тэатра лялек.
У час паказу камедыi лялькi пазнаюць Бурацiна
Бурацiна сеў у першым радзе i з захапленнем глядзеў на апушчаную заслону.
На заслоне былi намаляваны чалавечкi, якiя танцавалi, дзяўчынкi ў чорных масках, страшныя барадатыя людзi ў каўпаках з зоркамi, сонца, падобнае на блiн з носам i вачыма, i iншыя цiкавыя малюнкi.
Тры разы ўдарылi ў звон, i заслона паднялася.
На маленькай сцэне справа i злева стаялi кардонныя дрэвы.
Над iмi вiсеў лiхтар у выглядзе месяца i адбiваўся ў кавалачку люстэрка, на якiм плавалi два лебедзi, зробленыя з ваты, з залатымi насамi.
З-за кардоннага дрэва выйшаў маленькi чалавечак у доўгай белай кашулi з доўгiмi рукавамi. Яго твар быў абсыпаны пудрай, белай, як зубны парашок.
Ён пакланiўся шаноўнай публiцы i сказаў сумна:
– Добры дзень, мяне завуць П'еро... Зараз мы пакажам вам камедыю пад назвай: "Дзяўчынка з блакiтнымi валасамi, або Трыццаць тры разы па карку". Мяне будуць лупцаваць палкай, даваць аплявухi i бiць па карку. Гэта вельмi смешная камедыя...
З-за другога кардоннага дрэва выскачыў другi чалавек, увесь у клетку, як шахматная дошка.
Ён пакланiўся шаноўнай публiцы:
– Добры дзень, я – Арлекiн!
Пасля гэтага павярнуўся да П'еро i даў яму дзве аплявухi, такiя звонкiя, што ў таго са шчок пасыпалася пудра.
– Ты чаго хныкаеш, дурнiца?
– Я сумны таму, што я хачу жанiцца, – адказаў П'еро.
– А чаму ты не ажанiўся?
– Таму што мая нявеста ад мяне збегла...
– Ха-ха-ха, – зайшоўся ад смеху Арлекiн, – бачылi дурнiцу!..
Ён схапiў палку i адлупцаваў П'еро.
– Як завуць тваю нявесту?
– А ты не будзеш больш бiцца?
– Ну не, я яшчэ толькi пачаў.
– У такiм выпадку яе завуць Мальвiна, або дзяўчынка з блакiтнымi валасамi.
– Ха-ха-ха, – зноў зайшоўся Арлекiн i тройчы ўдарыў П'еро па карку. Паслухайце, шаноўная публiка... Ды хiба бываюць дзяўчынкi з блакiтнымi валасамi?
Але тут ён, павярнуўшыся да публiкi, раптам убачыў на пярэдняй лаўцы драўлянага хлапчука з ротам да вушэй, з доўгiм носам, у каўпачку з кутасiкам...
– Глядзiце, гэта Бурацiна! – закрычаў Арлекiн, паказваючы на яго пальцам.
– Жывы Бурацiна! – залямантаваў П'еро, узмахваючы доўгiмi рукавамi.
З-за кардонных дрэў выскачыла мноства лялек – дзяўчынкi ў чорных масках, страшныя барадачы ў каўпаках, калматыя сабакi з гузiкамi замест вачэй, гарбуны з насамi, падобнымi на агурок...
Усе яны падбеглi да свечак, што стаялi ўздоўж рампы, i, углядаючыся, загаманiлi:
– Гэта Бурацiна! Гэта Бурацiна! Да нас, да нас, вясёлы дураслiвец Бурацiна!
Тады ён з лаўкi скочыў на суфлёрскую будку, а з яе на сцэну.
Лялькi схапiлi яго, пачалi абдымаць, цалаваць, шчыпаць... Потым усе лялькi заспявалi "Польку Птушку":
Птушка польку танцавала
На палянцы ў раннi час.
Нос налева, хвост направа,
Гэта полька Карабас.
Два жукi – на барабане,
Жаба дзьме у кантрабас.
Нос налева, хвост направа,
Гэта полька Барабас.
Птушка польку танцавала,
Бо вясёлаю жыла.
Нос налева, хвост направа,
Вось дык полечка была...
Гледачы былi расчулены. Адна мамка нават усхлiпнула. Адзiн пажарнiк плакаў наўзрыд.
Толькi хлапчукi на заднiх лаўках злавалiся i тупалi нагамi.
– Хопiць лiзацца, не маленькiя, працягвайце спектакль.
Пачуўшы ўвесь гэты шум, з-за сцэны высунуўся чалавек, такi страшэнны з выгляду, што можна было здранцвець ад жаху, калi толькi зiрнуць на яго.
Густая нячэсаная барада яго валаклася па падлозе, вылупленыя вочы круцiлiся, велiзарны рот ляскаў зубамi, нiбы гэта быў не чалавек, а кракадзiл. У руцэ ён трымаў сямiхвосты бiзун.
Гэта быў гаспадар тэатра лялек, доктар лялечных навук сiньёр Карабас Барабас.
– Га-га-га, гу-гу-гу! – зароў ён на Бурацiна. – Дык гэта ты перашкодзiў паказу маёй цудоўнай камедыi?
Ён схапiў Бурацiна, занёс у кладоўку тэатра i павесiў на цвiк. Вярнуўшыся, пагразiў лялькам сямiхвостым бiзуном, каб яны працягвалi спектакль.
Лялькi сяк-так закончылi камедыю, заслона закрылася, гледачы разышлiся.
Доктар лялечных навук сiньёр Карабас пайшоў на кухню вячэраць.
Запхнуўшы нiжнюю частку барады ў кiшэню, каб не замiнала, ён сеў перад камiнкам, дзе на ражне смажыўся цэлы трус i двое куранят.
Паслiнiўшы пальцы, ён пакратаў смажанiну, i яна здалася яму сырой.
У камiнку было мала дроў. Тады ён тры разы пляснуў у далонi.
Прыбеглi Арлекiн i П'еро.
– Прынясiце мне гэтага абiбока Бурацiна, – сказаў сiньёр Карабас Барабас. – Ён зроблены з сухога дрэва, я яго падкiну ў агонь, мой абед у момант сасмажыцца.
Арлекiн i П'еро ўпалi на каленi, упрошвалi злiтавацца над няшчасным Бурацiна.
– А дзе мой бiзун? – зароў Карабас Барабас.
Тады яны, плачучы, пайшлi ў кладоўку, знялi з цвiка Бурацiна i прывалаклi на кухню.
Сiньёр Карабас Барабас, замест таго каб спалiць Бурацiна, дае яму пяць залатых манет i адпускае дадому
Калi лялькi прывалаклi Бурацiна i кiнулi на падлогу каля камiнка, сiньёр Карабас Барабас, страшэнна сапучы носам, мяшаў качаргой вуголле.
Раптам вочы яго налiлiся крывёю, нос, потым увесь твар сабраўся ў папярочныя маршчыны. Мабыць, яму ў ноздры трапiў кавалачак вугалю.
– Аап... аап... аап... – завыў Карабас Барабас, закочваючы вочы, – аап -чхi!..
I ён чхнуў так, што попел узняўся слупам у камiнку.
Калi доктар лялечных навук пачынаў чхаць, дык ужо не мог спынiцца i чхаў пяцьдзесят, а часам i сто разоў запар.
Ад такога незвычайнага чхання ён бяссiлеў i рабiўся дабрэйшым.
П'еро цiшком шапнуў Бурацiна:
– Паспрабуй з iм загаварыць памiж чханнем...
– Аап-чхi! Аап-чхi! – Карабас Барабас набiраў разяўленым ротам паветра i з трэскам чхаў, трасучы галавой i тупаючы нагамi.
На кухнi ўсё калацiлася, брынчалi шыбы, гойдалiся скавароды i каструлi на цвiках.
Памiж гэтымi чханнямi Бурацiна пачаў енчыць жаласным тоненькiм галаском:
– Бедны я, няшчасны, нiкому мяне не шкада.
– Кiнь раўцi! – крыкнуў Карабас Барабас. – Ты мне перашкаджаеш... Аап-чхi!
– На здароўе, сiньёр, – усхлiпнуў Бурацiна.
– Дзякуй... А што – бацькi ў цябе жывыя? Аап-чхi!
– У мяне нiколi, нiколi не было мамы, сiньёр. Ах, я няшчасны! – I Бурацiна закрычаў так пранiзлiва, што ў вушах у Карабаса Барабаса пачало калоць, як iголкай.
Ён затупаў падэшвамi:
– Кiнь вiшчаць, кажу табе! Аап-чхi! А што – бацька ў цябе жывы?
– Мой бедны бацька яшчэ жывы, сiньёр.
– Уяўляю, як прыемна будзе твайму бацьку, калi ён даведаецца, што я на табе засмажыў труса i двух куранят. Аап-чхi!
– Мой бедны бацька ўсё роўна хутка памрэ з голаду i холаду. Я яго адзiная падтрымка на старасцi. Пашкадуйце, адпусцiце мяне, сiньёр.
– Дзесяць тысяч чарцей! – зароў Карабас Барабас. – Нi пра якую лiтасць не можа быць i размовы. Трус i кураняты павiнны быць засмажаны. Лезь у камiнак.
– Сiньёр, я не магу гэтага зрабiць.
– Чаму? – спытаў Карабас Барабас толькi для таго, каб Бурацiна вёў далей размову, а не вiшчаў у вушы.
– Сiньёр, я ўжо спрабаваў аднойчы сунуць нос у камiнак i толькi праткнуў дзiрку.
– Што за глупства! – здзiвiўся Карабас Барабас. – Як ты мог носам праткнуць у камiнку дзiрку?
– Таму, сiньёр, што камiнак i кацялок над агнём былi намаляваны на кавалку старога палатна.
– Аап-чхi! – чхнуў Карабас Барабас з такiм шумам, што П'еро адляцеў налева, Арлекiн – направа, а Бурацiна закруцiўся круцёлкай.
– Дзе ты бачыў камiнак, i агонь, i кацялок намаляванымi на кавалку палатна?
– У каморцы майго таты Карла.
– Твой бацька – Карла! – Карабас Барабас усхапiўся з крэсла, узмахнуў рукамi, барада яго разляцелася. – Дык, значыцца, гэта ў каморцы старога Карла знаходзiцца патайная...
Але тут Карабас Барабас, вiдаць, не жадаючы прагаварыцца пра нейкую таямнiцу, абодвума кулакамi заткнуў сабе рот. I так сядзеў нейкi час i глядзеў, вылупiўшы вочы, на пагасаючы агонь.
– Добра, – сказаў ён нарэшце, – я павячэраю недасмажаным трусам i сырымi куранятамi. Я табе дарую жыццё, Бурацiна. Мала таго...
Ён залез пад бараду ў кiшэню камiзэлькi, дастаў пяць залатых манет i падаў iх Бурацiна.
– Мала таго... Вазьмi гэтыя грошы i занясi iх Карла. Пакланiся i скажы, што я прашу яго нi ў якiм разе не памiраць з голаду i холаду i самае галоўнае – не выязджаць з яго каморкi, дзе знаходзiцца камiнак, намаляваны на кавалку старога палатна. Iдзi выспiся i ранiчкай бяжы дадому.
Бурацiна паклаў пяць залатых манет у кiшэню i адказаў з ветлiвым паклонам:
– Дзякую вам, сiньёр. Вы не маглi даверыць грошы ў больш надзейныя рукi...
Арлекiн i П'еро завялi Бурацiна ў лялечную спальню, дзе лялькi зноў пачалi абдымаць, цалаваць, штурхаць, шчыпаць i зноў абдымаць Бурацiна, якi так незразумела пазбег страшнай пагiбелi ў камiнку.
Ён шэптам гаварыў лялькам:
– Тут нейкая таямнiца.
Па дарозе дадому Бурацiна сустракае двух жабракоў – ката Базiлiо i лiсiцу Алiсу
Ранiцай Бурацiна пералiчыў грошы, – залатых манет было столькi, колькi пальцаў на руцэ, – пяць.
Сцiснуўшы манеты ў кулаку, ён, падскакваючы, бег дадому i напяваў:
– Куплю тату Карла новую куртку, куплю многа макавых трыкутнiчкаў, ледзянцовых пеўнiкаў на палачках.
Калi знiк з вачэй балаган тэатра лялек i сцягi, што развявалiся на ветры, ён убачыў двух жабракоў, якiя панура валаклiся па пыльнай дарозе: лiсiцу Алiсу, што кульгала на трох лапах, i сляпога ката Базiлiо.
Гэта быў не той кот, якога Бурацiна сустрэў учора на вулiцы, а другi, таксама Базiлiо i таксама паласаты. Бурацiна хацеў прайсцi мiма, але лiсiца Алiса сказала яму лiслiва:
– Дзень добры, добранькi Бурацiна. Куды так спяшаешся?
– Дадому, да таты Карла.
Лiсiца ўздыхнула яшчэ лiслiвей:
– Ужо i не ведаю, цi застанеш ты жывым беднага Карла, ён зусiм зблажэў ад голаду i холаду...
– А ты гэта бачыла? – Бурацiна разняў кулак i паказаў пяць залатых.
Убачыўшы грошы, лiсiца мiжвольна пацягнулася да iх лапай, а кот раптам шырока расплюшчыў сляпыя вочы, i яны блiснулi ў яго, як два зялёныя лiхтары.
Але Бурацiна нiчога гэтага не заўважыў.
– Добранькi, харошанькi Бурацiна, што ж ты будзеш рабiць з гэтымi грашыма?
– Куплю куртку для таты Карла... Куплю новую азбуку...
– Азбуку, ох, ох! – сказала лiсiца Алiса, кiваючы галавой. – Не давядзе цябе да дабра гэтая навука... Вось я вучылася, вучылася, а – бачыш – хаджу на трох лапах.
– Азбуку, – прабурчаў кот Базiлiо i сярдзiта фыркнуў у вусы. – Праз гэтую праклятую навуку я вочы страцiў...
На сухой галiне каля дарогi сядзела пажылая варона. Слухала, слухала i каркнула:
– Няпр-раўда! Няпр-раўда!
Кот Базiлiо адразу ж высока падскочыў, лапай збiў варону з галiны, выдраў ёй паўхваста, – ледзь яна вырвалася. I зноў прыкiнуўся, быццам ён сляпы.
– Вы за што яе так, кот Базiлiо? – здзiўлена спытаў Бурацiна.
– Вочы ж сляпыя, – адказаў кот, – здалося – гэта сабачаня на дрэве...
Пайшлi яны ўтраiх па пыльнай дарозе. Лiсiца сказала:
– Разумненькi, найразумненькi Бурацiна, хацеў бы ты, каб у цябе грошай стала ў дзесяць разоў больш?
– Вядома, хачу! А як гэта робiцца?
– Прасцей простага. Пойдзем з намi.
– Куды?
– У Краiну Дурняў.
Бурацiна крыху падумаў.
– Не, я ўжо лепей цяпер дадому пайду.
– Калi ласка, мы цябе на вяроўцы не цягнем, – сказала лiсiца, – тым горш для цябе.
– Тым горш для цябе, – прабурчаў кот.
– Ты сам сабе вораг, – сказала лiсiца.
– Ты сам сабе вораг, – прабурчаў кот.
– А то б твае пяць залатых ператварылiся ў кучу грошай...
Бурацiна спынiўся, разявiў рот...
– Хлусiш!
Лiсiца села на хвост, аблiзнулася:
– Я табе зараз растлумачу. У Краiне Дурняў ёсць чароўнае поле, называецца Поле Цудаў... На гэтым полi выкапай ямку, скажы тры разы: "Крэкс, фэкс, пэкс", пакладзi ў ямку залаты, засып зямлёй, зверху пасып соллю, палi як след вадой i iдзi спаць. Да ранiцы з ямкi вырасце невялiкае дрэўца, на iм замест лiсця будуць вiсець залатыя манеты. Зразумеў?
Бурацiна ажно падскочыў.
– Хлусiш!
– Хадзем, Базiлiо, – пакрыўджана зморшчыўшы нос, сказала лiсiца, – нам не вераць – i не трэба...
– Не, не, – закрычаў Бурацiна, – веру, веру!.. Хадземце хутчэй у Краiну Дурняў!..
У харчэўнi "Трох печкуроў"
Бурацiна, лiсiца Алiса i кот Базiлiо спусцiлiся з гары i iшлi, iшлi – праз палi, вiнаграднiкi, праз сасновы бор, выйшлi да мора i зноў павярнулi ад мора, праз той жа бор, вiнаграднiкi...
Гарадок на ўзгорку i сонца над iм паказвалiся то справа, то злева...
Лiсiца Алiса гаварыла, уздыхаючы:
– Ах, не так гэта лёгка трапiць у Краiну Дурняў, усе лапы сатрэш...
Пад вечар яны ўбачылi збоку ад дарогi стары дом з плоскiм дахам i з шыльдай над уваходам: харчэўня "Трох печкуроў".
Гаспадар выбег насустрач гасцям, сарваў з лысай галавы шапачку i нiзка кланяўся, просячы зайсцi.
– Не шкодзiла б нам падсiлкавацца хоць сухой скарыначкай, – сказала лiсiца.
– Хоць скарыначкай хлеба пачаставалi б, – паўтарыў кот.
Зайшлi ў харчэўню, селi каля камiнка, дзе на ражнах i скавародках смажылася ўсялякая ўсялячына.
Лiсiца ўвесь час аблiзвалася, кот Базiлiо паклаў лапы на стол, вусатую морду – на лапы, утаропiўся на яду.
– Гэй, гаспадар, – важна сказаў Бурацiна, – дайце нам тры скарыначкi хлеба...
Гаспадар ледзь не ўпаў нiцма ад здзiўлення, што такiя паважаныя госцi так мала патрабуюць.
– Вясёленькi, дасцiпненькi Бурацiна жартуе з вамi, гаспадар, – захiхiкала лiсiца.