Текст книги "Койданава"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 5 страниц)
МА-МА
Ма – тое самае, што i няма
(звычайна ў гутарцы дзяцей).
Як прыснiцца сырое мяса – абавязкова захварэеш, вядома, калi з чацвярга на пятнiцу. А калi не хочаш, каб сон спраўдзiўся, дык да абеду не расказвай цi, яшчэ лепш, раскажы вадзе. Можаш на кран гаварыць, пусцiць ваду i расказаць. Я так i раблю, каб злое паплыло з вадою, хай плынь тое злое, чорнае панясе. Калi саснiш кроў – атрымаеш вестку ад крэўнага, гэта калi крывi нямнога, адна кропля; больш – чакай сваяка, пэўна ж прыйдзе цi прыедзе. Вось калi Рэня павiнна была прыляцець, я ўбачыла, нiбыта пабiла руку, ударыла аб востры кант i падрапала, на скуры кроў выступiла.
Не веру ва ўсе гэтыя друкаваныя соннiкi, толькi ў тое, што ў нашым Койданаве казалi.
Я таксама не веру, але чытаць люблю, паэзiя ёсць. Вось прыклад з соннiка, прыдбанага за рубель у падземным пераходзе: "Рэха – пiсьмо здалёк". Метафара, грэгерыя на ўзроўнi Рамона Гомеса дэ ла Серны. У яго: "Суфлёр – рэха яшчэ да слова". Але што тут спрачацца, зразумела: Койданава блiжэй за Мадрыд, Беларусь, а не Iспанiя, мацi...
А мама мяне заўсёды папярэджвае, прыходзiць у сон i папярэджвае: калi ты цi Мiрак захварэеце.
Вось аднойчы: я спала, а снiлася, што ляжу i чытаю. Начная лямпа на тумбачцы гарэла – паўзмрок. I ўсё цалкам рэальна: кнiга, спачывальня, ложак, лямпа. Раптам адчынiлiся дзверы, мама зайшла. Яна ў зялёнай кофтачцы, ты павiнен помнiць – яркая, зялёная. Ведаю, мамы няма, памерла. А яна зайшла i стаiць над маiм ложкам. Я з пярэпалаху пачала сварыцца: "Мама, нашто вы прыйшлi?!" Памятаеш, я маму заўсёды на "вы" называла. "Мама, iдзiце адсюль, iдзiце", – рукою махаю, вось так. А яна стаiць i старэе – з маладой жанчыны ў старую кабету ператвараецца. Твар зрабiўся цёмны, земляны, пасечаны дробнымi зморшчынкамi, у жыццi такога нiколi не было. Састарэла, змеркла i растала ў паветры. Я прахапiлася i паўночы не магла заснуць. Ляжала, але бацьку не будзiла. Так з кнiгаю ў руках i заснула. I толькi заснула, як iзноў мама прыйшла. Прынесла ў спачывальню два вядры з вадою. Адно вядро ўпала, вада разлiлася, а з другога – толькi крышку расплюхалася на падлогу. Мама сышла. Да ранiцы я не змагла заснуць. А за дзень, мiтусня, той сон i забыўся. А ўвечары – няшчасце, Мiрак заспакаяльнага тры канвалюты прыняў. "Хуткая дапамога", бальнiца. Толькi праз дзень цi нават праз два я той сон з вёдрамi згадала.
Гэтаксама i ў мяне, вада – небяспека. З дзяцiнства, калi саснiў, што плыву ў моры i нясцерпна хочацца ў прыбiральню па маленькай патрэбе, а бераг далёка. Прачнуўся, а ў ложку мокра. Страх, ноч, сорам, бо ўжо ў школу хадзiў. Вось i цяпер, як ваду сасню – прахоплiваюся, ад таго дзiцячага страху, напэўна.
А бываюць зусiм iншыя сны. Вось цэлы год не было ў мяне добрых ботаў. Былi нейкiя старыя драныя-рамантаваныя, а новыя нiдзе не магла набыць. У мяне, як у мамы, пад'ём высокi. Колькi па крамах нi хадзiла – няма ботаў, цi памер не падыходзiць. Толькi пра боты думала. Бывае так, думаеш увесь час пра адно i тое ж, пра драбязу, аж сорамна робiцца, а ты ўсё не можаш адкiнуць яе. Вось уключыла тэлевiзар, прысела ў крэсла, а тут мама ў кватэру заходзiць i трымае ў руках новенькiя боты на высокiх абцасах. "Што ж ты, Нiна, боты сабе не купiш?" -спытала, i няма. Тэлевiзар iдзе. I гэта нават не сон, а так, нешта найшло. Насланнё, як кажуць. Праз дзень я ў магазiне "Чаравiчкi", што каля кiнатэатра "Цэнтральны" такiя боты i набыла, брунатныя, з маланкаю, на высокiх абцасах.
Гэта не сны.
Як мама памерла, я ўсё плакала. Успомню – слёзы самi цякуць. Мы тады каля могiлак Кальварыйскiх жылi. Бацька за сталом сядзеў, пiсаў, я на ложку ляжала, вы спалi. Мама ўспомнiлася, i сляза, вялiкая-вялiкая, па скронi пабегла. Нават цяпер адчуваю тую слязу. Тут бачу маму, яна злосна глядзiць на мяне i гаворыць: "Нiна, што вы з Бронiкам крычыце ўсё i крычыце? Спакою не даяцё. Перастань крычаць!" Сказала i выйшла на гаўбец. А мне падумалася – цiха плачу i зусiм не крычу. Чаму яна кажа, што з айчымам крычу? Устала з ложка i ў бацькi спытала: "Ты маю маму бачыў?" Бацька збялеў, па сардэчныя кроплi на кухню пабег. Прынёс. "Ты што, Нiна? Якая мама? Супакойся". А я: "Вось дзверы гаўбцовыя яна адчынiла". – "Скразняком дзверы адчынiла. Восьмы паверх". Мы тады на восьмым паверсе жылi. Вокны – на могiлкi. Мама iх любiла. Каплiцы, касцёл закiнуты. Яна ж каталiчка.
Як плакаў па бабе Ядзi наш дзед Бронiк, я забыць не магу. Штодня, i ўвосень, i ўзiмку, хадзiў на могiлкi, клаўся каля Ядзiнага капца i плакаў. Не мог ён без яе. Увесну iнсульт. А ўлетку, якраз праз два гады, каля Ядзiнага капца насыпалi Бронiкаў. Зямля пухам.
Трэба ў Кальварыйскiм касцёле iмшу замовiць.
А самае яркае, самае рэальнае з'яўленне было ў школе. Я тады ў школьнай бiблiятэцы працавала. Дзецi разышлiся. Цiха. Кнiжкi па палiчках расставiла, сяджу за сталом. Сцямнела. Я сяджу, стамiлася, устаць не магу. Спачатку крокi на калiдоры, потым мама ў бiблiятэцы. Падышла i так цiха-цiха ласкава шэптам: "Нiначка, сябе не глядзiш зусiм. Трэба да доктара iсцi, трэба сябе глядзець. Няўжо надумала дзяцей пакiнуць?" Яна гаворыць. А праз яе голас – крокi на калiдоры. Мама праз чытальную залю, за стэлажы, у кут, там зусiм цёмна. У бiблiятэку дырэктар заходзiць, святло запальвае i гучна-гучна: "Нiна Уладзiмiраўна, што з вамi?" Лямант, мiтусня. Я не варушуся. Ён пабег у медпункт. Школьная доктарка яшчэ не сышла. Укол мне зрабiлi, "хуткую дапамогу" выклiкалi, але ў бальнiцу не павезлi. Бацьку нiчога не сказала, ён i так пасля адчыненых на гаўбец дзвярэй моцна перажываў.
Бываюць светлыя, радасныя з'яўленнi. Вось каля крамы "Бурацiна" – дзiцячае адзенне, бачу – мама насустрач iдзе. На ёй доўгая вiшнёвая сукенка, а праз руку, вось так, яшчэ некалькi сукенак перакiнутыя. Вецер. Валасы развяваюцца. Прыгожыя ў яе валасы былi, густыя, каштанавыя i вiлiся. Хустак мама не любiла. А вочы светла-блакiтныя. Твар белы, чысты. Яна такая гожая, маладая, iдзе мне насустрач, смяецца i гаворыць: "Ой, Нiна, як добра, што ты мне ў дарогу вiшнёвы адрэз паклала. Бачыш, якая сукенка атрымалася? Я тут самая прыгожая". Я хацела маму за руку ўзяць, а яна так мякка плячом павяла – не трэба. I пайшла. Я засталася. Схамянулася, а навокал пуста, вечар, нiдзе нiкога няма. А з гэтым вiшнёвым адрэзам вось як было... Калi ехала на пахаванне, дык па дарозе ў краму зайшла i купiла адрэз, ведала – мама больш за ўсё вiшнёвы колер любiла. Прыехала, у хату зайшла, а маму памылi ўжо i ў труну паклалi. Сукенка на ёй блакiтная i труна блакiтная. Дастала я з сумкi вiшнёвы адрэз i кажу: "Будзем пераапранаць. Пашыем зараз вiшнёвую сукню, блакiтную нажнiцамi разрэжам i здымем". Усе не чакалi такога i пагадзiлiся. Сваячка нават адрэз на стале разаслала, каб раскраiць. Але спачатку тая ж сваячка, а потым i ўсе астатнiя пачалi ўгаворваць – лета, гарачыня, не трэба... Я ў плач, у слёзы, а самой падумалася, што прывезла той адрэз маме, дык у труну ў ногi трэба пакласцi. Так i зрабiла.
Вочы ў бабы Ядзi былi блакiтныя. А здымак на помнiку брунатны. I ў дзеда Бронiка здымак брунатны. Але нават на карычневых здымках вiдаць, што вочы ў iх светлыя, блакiтныя. А можа, гэта толькi здаецца мне.
Звычайна, як хто блiзкi памiрае, я ў сне бачу яго. Першы раз гэта было, калi я ў iнтэрнаце жыла. Вярнулася з заняткаў, збiралася пачытаць, а ўсе дзяўчаты з нашага пакоя ў адзiн голас: "Мы будзем спаць, выключай святло". Пакрыўдзiлася, пайшла на калiдор чытаць. Суседка-аднакурснiца да мяне: "Чаго твая мацi сягоння прыязджала?" "Не сягоння, а ўчора", – кажу. А яна: "Учора гэта ўчора, а сягоння гэта сягоння. Тое i дзiўна, што два днi запар". Я ў наш пакой: "Вы спiце?" Спяць. Я грамчэй: "Вы спiце?" Тут Люда, самая старэйшая з нас, села на ложку: "Нiна, ты толькi не хвалюйся. Мы ж хацелi як лепей. У цябе баба Марыя памерла. А твая мацi хацела, каб ты заўтра ўранку прыехала. Мы i маўчалi". А сон? Сон быў напярэдаднi такi... Якраз у тую ноч, як баба памерла. Яна мяне ў дзяцiнстве вадзiла ў касцёл. I мне снiлася, што мы ўдзвюх заходзiм у касцёл. Яна – высокая, прыгожая жанчына, а я – зусiм маленькая дзяўчынка ў палярыне. У касцёле нiкога няма, светла, урачыста. Я глянула на бабу Марыю, яна вядзе мяне да алтара i маладзее. А я наадварот – расту. Я стала такой, як была на той час у сапраўднасцi. А яна – зусiм маленькая дзяўчынка. I ўжо не яна мяне вядзе, а я яе. Пасярод касцёла яна раптам вырвала сваю руку з маёй, пабегла i схавалася за алтаром. Я прачнулася.
А як мама памiрала, я ў дзiцячым лагеры была. Ну, правiльна, мы ж разам усе былi: i ты, i Мiрак. Мне ўбачылася такое: прыехала ў Койданава. Заходжу ў двор, а мама стаiць каля ганка i нешта робiць. Здаецца, бялiзну мые. Так, яна бялiзну мыла i пачула, як я клямкаю бразнула, азiрнулася. Яна маладая, смяецца, кажа: "Нiначка, мне ўжо нiчога-нiчога не балiць. (А ў яе рак, жахлiвыя болi.) Так добра. Я такая шчаслiвая. Нiна, мне нiчога не балiць". Я ўзрадавалася, iду да яе. А яна каля плота пабегла, стала маленькай, пад самай рукою маёй прабегла i – за веснiцы. Клямка бразнула. Прачынаюся, а ў вушах яшчэ бразгат клямкi звiнiць. Устала, выйшла на вулiцу. А тут ужо наш бацька: "Я па цябе. Машыну ўзяў. Трэба ехаць. Не плач".
У тую ранiцу пасля снядання я шукаў мацi па ўсiм лагеры. I ўбачыў яе, i пабег, а калi быў зусiм блiзка, схамянуўся – не мая мама, а выхавацелька. Я не спынiўся. Выхавацелька ўслед маё iмя крычыць. Слёзы душаць. Я ў лес. Ляжаў, плакаў на кастрыцы i пераконваў сябе, што баба Ядзя не памерла, што гэта я сам навыдумляў немаведама чаго. А калi слёзы скончылiся i прыйшоў да выхавацелькi i яна сказала, што баба Ядзя памерла, я не плакаў.
Мама мяне заўсёды папярэджвае. Даўно нешта не прыходзiла. Што гэта я кажу? Трэба па дрэве пастукаць.
Тук-тук-тук.
I ты пастукай.
Тук-тук-тук.
А калi абутак прыснiцца...
Як гэта я мог маму з выхавацелькай пераблытаць? Яны зусiм не падобныя.
...усё залежыць ад таго, якi абутак. Цi свой? Цi чужы? Цi новы? Цi чысты? А калi прыснiцца пажар, абавязкова пасварышся. Так у Койданаве казалi: пажар – сварка.
Сава
Саву ў Койданаве не любiлi. Нi тады, калi ён яшчэ стрыжаным пад нуль хлапчанём латашыў суседскiя сады i гароды, нi тады, як скончыў дзесяцiгодку i трос на танцах вiхрастым чубам. Яго недалюблiвалi яшчэ i з-за бацькi – мiлiцыянта, чалавека звераватага, якi нiкому нiчога не дараваў: нi накапанага на чужым полi кошыка маладой бульбы, нi падшыпнiка, вынесенага з рамонтнай базы дзецям на самакат. Бацька лупiў Саву мiлiцыянцкай партупеяю, але жорсткае выхаванне толькi азлiла ды загартавала лядашчага хлопца. Саву абыходзiлi аднагодкi яшчэ i з-за мацi – крыклiвай пляткаркi, якая магла без дай патрэбы ўчынiць такi гвалт i прылюдны здзек у чарзе па цукар, што сёй-той згодны быў каўтаць вар голы, абы толькi не чуць брудных слоў i праклёнаў, што выляталi з шырокага, аздобленага металам рота мiлiцыянцiхi.
Саву нiхто не шкадаваў, калi ягоныя бацькi загiнулi ў адначассе. На чыгуначным пераездзе яны, абмiнуўшы караткаваты шлагбаум, на ўсёй хуткасцi загналi жоўты службовы матацыкл пад колы лакаматыва. Хавалi iх у закрытых трунах, бо рэшткi людзей так перамяшалiся з анучамi ды жалеззем, што не раздзярэш, каб i хацеў. Парабiлi глыбокiя труны, паскладалi так-сяк тое, што яшчэ ўчора звалася прынцыповым мiлiцыянтам i нястрыманай жанчынаю, i занеслi на могiлкi. Сава застаўся на свеце адно з бабай Анцяй, якая з-за хворай нагi нават на магiлу сына i нявесткi не пайшла глядзець.
Тым летам Сава якраз i скончыў школу. Ён бадзяўся па Койданаве цэлымi днямi – забiваў час, што заставаўся да восенi, калi яго павiнны былi загрэбцi ў салдаты. Аднагодкi дый старэйшыя пазбягалi гэтага не па гадах дужага, шырокага ў плячах хлопца з белым чубам над заўсёды злосным гарбаносым тварам. Адно брыво Сава ўздымаў падчас гаворкi вышэй за другое, i з-пад яго, высока ўзнятага, пераламанага, глядзела на свет жоўтае, што ў рысi, вока. Адзiнае, што змянiлася ў Саве пасля гiбелi бацькоў, гэта губа пад носам – вусы запусцiў.
Прахалодны ранак. Сава сядзiць на дзёрне яўрэйскiх могiлак i пачэсвае пазногцем рудаватыя рэдкiя вусы. Насупраць яго на паваленым i ўрослым у зямлю помнiку габлюе калоду зашмальцаваных карт дробненькi ды кiрпаты Цiма, якi таксама чакае позву ў войска i не можа прыдумаць лепшага занятку, як з самай ранiцы гуляць "у дурня" з Савам. Карты хлёстка пляскаюць па адпалiраваным целе заваленага помнiка з квадратнымi тлустымi лiтарамi i шасцiканцовай зоркаю. Зноў пагоны! Сава акуратна выкладае на камень дзве чорныя сямёркi. Чакае цябе войска! Ён устае з дзёрну i ўскiдвае рукi, як салдат, здаючыся ў палон. Знайдзi ў мяне нож! Цiма разы са тры абшуквае Саву, абляпвае, абмацвае ўсяго, але нажа так i не знаходзiць. Бо той прышыў сабе да кашулi, за каўняром, мiж лапатак, патаемную скураную кiшэню, у якой i трымае бацькаў паляўнiчы нож. Цiма здзiўляецца. Нашто было столькi шыць? А ты, Цiмка, зiрнi на свае чобаты, брыдка глядзець, дзеўкi насы адварочваюць, як цябе ўбачаць. А ты лепшы? На тваiх спартыўных падштанiках каленi, што торбы, вiсяць... Не трапячыся, будуць у мяне нагавiцы i чаравiкi скураныя. Ты што, Саўка, рабаваць пачнеш? Можа, i нож схаваў, каб... Дагаварыць Цiма не паспявае. Дужыя рукi сцiскаюць каўнер на шыi: нi ўдыхнуць, нi выдыхнуць. Дробны тварык рудзее, моршчыцца, як антонаўка ў печы, вочкi вылуплiваюцца, а з носа вылятае зялёны смаркач. Падла здохлая, зараз ты ў мяне пасмяешся. Сава выпускае каўнер, замахваецца, каб урэзаць па сцятым тварыку, але спыняецца i апускае кулак. Заўтра паедзеш са мной у Маскву! Ехаць у Маскву Цiма хоча, нi разу не быў, цiкава глянуць. Толькi што за вандроўка з Савам, у якога мiж лапатак вiсiць нож?! Пярэчыць Цiма не адважваецца нi на могiлках каля паваленых помнiкаў, нi на другi дзень, калi Сава на золку грукае ў шыбу, нiбыта хлопцы збiраюцца на рыбу, а не ў Маскву.
Да Мiнска Сава з Цiмам даедуць на дызелi, без квiткоў i без прыгод. Усю дарогу прагуляюць у карты з рабочымi. Цiму будуць iсцi казыры, i ён выйграе колькi рублёў i страшэнна ўзрадуецца. Пакамечаныя паперкi ён аддасць мардатаму шафёру, якi на новенькiм, без нумароў "ЗIЛе" давязе хлопцаў да Барысава, так i не вымавiўшы нiводнага слова надзьмутымi сiняватымi губамi. Сава таксама нiчога не скажа: маўляў, твае грошы – рабi што хочаш. А вось калi касавокi скуласты шафёр белага легкавiка "Нiва", што за пяць гадзiн дамчыць хлопцаў з Барысава ажно да Тулы, запатрабуе разлiчыцца i Цiма пакорлiва палезе ў кiшэню, тады Сава папярэдзiць, што хай толькi касавокi скажа яшчэ хоць слова – яму адразу адрэжуць скуластую башку. Уладар "Нiвы" змаўчыць, лясне дзверцамi i так iрване легкавiк з месца, што хлопцам падумаецца, што, пэўна, шафёр удзельнiчае ў аўтаралi. Сава з Цiмам пойдуць пешкi. Неба зацягнецца хмурнасцю. Сцямнее. Зацярушыць дробны, вiдаць, надоўга, дождж. Машыны не будуць спыняцца, шархацецьмуць далей, пакiдаючы хлопцам смуродлiвыя аблокi пырскаў. Сава з Цiмам пратупаюць кiламетраў з дзесяць, праклiнаючы кожную машыну, што пакажа iм крывавыя агеньчыкi стоп-сiгналаў. Нарэшце шафёр вялiкай фуры пашкадуе вымаклых небаракаў, ён скажа, што едзе з Мiнска i баiцца заснуць, таму будзе гаварыць абы-што, каб не заплюшчылiся вочы. Ён высока ўздыме даўганосы профiль з высокiм, як на дваiх, кадыком i пачне крыць матам маскалёў, казацьме, што ўсе яны алкаголiкi i не ўмеюць працаваць, а Масква – самы сквапны горад з усiх, дзе ён быў. Вы б, хлопцы, да Краснай плошчы дайшлi, каб мяне не было. Яны ж тут i спынiцца баяцца. Хлопцы будуць пасмейвацца, зрэдку падтакваць кадыкатаму шафёру i незаўважна даедуць да маскоўскай кальцавой дарогi. Позна, застануся начаваць на стаянцы. Тут да метро два крокi. А грошай не трэба. Газiроўкi вып'еце за маё здароўе.
Хмары разыдуцца. Па блiскавiчным асфальце, прытанцоўваючы, пад зорамi Сава з Цiмам рушаць на Маскву.
У паўпустым абшарпаным вагоне метро Сава згледзiць першую ахвяру: смуглявую невысокую маладзiцу з цылiндрычным футаралам для чарцяжоў. Чарнявая маладзiчка хутка заўважыць нядобрыя зiркi нацятага Савы i паспрабуе ўцячы. З метро яна выйдзе на асветлены праспект, а з яго рэзка заверне ў прахадны двор. Сава дагонiць маладзiцу ў чэзлым скверыку i важкiм ударам у скроню прымусiць скурчыцца на растрэсканым асфальце. Футарал адкоцiцца ў пясочнiцу ды ляжа там, нiбыта забытая дзецьмi цацка. Сава забярэ ў маладзiцы гадзiннiк, шлюбны пярсцёнак i скураную сумачку. Футарал ён пакiне ў пяску, а сумачку растрыбушыць на сметнiку за тры кварталы ад месца, дзе тварылася злачынства. Цiма, агаломшаны ўбачаным, будзе iсцi за Савам, як прыблудны, ужо раз прагнаны сабака. Здарэнне так перапалохае Цiму, што ён, пераляканы, ажно перастане бачыць колеры, i свет паўстане для яго ў шарым аблiччы.
Першую маскоўскую ноч хлопцы пераседзяць на гарышчы вялiкай будынiны, па-над станцыяй метро "Смаленская". Разаслаўшы кардонныя скрынкi з-пад садавiны, Саўка засне. Цiма будзе ўслухоўвацца ў прапыленае чарноцце. А цi ж не iдуць мiлiцыянты iх арыштоўваць? Ён i пабудзiць Саву, як толькi пачуе ў двары радасны брэх кватэрных сабак, якiх павыводзяць на шпацыр. Абураючыся кучкамi сабачага гною, пакiнутага чатырохлапымi сябрамi гараджан, Сава прывядзе Цiму на Беларускi вакзал, дзе ў неахайнай цырульнi хлопцы пастрыгуцца. Каратканогаму цырульнiку ў бруднаватым расшпiленым халаце Сава загадае пагалiць свае рэдкiя вусы. У трэснутую чарупiну разам з густым мыльным шумам паляцiць i тое, чым яшчэ ўчора Сава намерваўся ганарыцца. Пах таннага адэкалону хлопцы панясуць у прывакзальны гастраном, дзе набяруць абаранкаў i пакетаў малака. Паснедаюць яны ў альтанцы, што ў дваровым калодзежы, прапахлым да дурноцця гастраномным начыннем. Закурыўшы пасля перакускi, Сава плюне на дашчанае дно альтанкi i скажа, што варта пашукаць новае месца начлегу, бо гарышча пыльнае, а спаць на скрынях мулка ды холадна.
Паселяцца хлопцы ў iнтэрнаце, дзе камендантам будзе працаваць далёкi сваяк Савы. Гэтаму вялiкагаловаму кульгаваму сваяку Сава будзе доўга тлумачыць пра свае намеры паступiць у вайсковую вучэльню i пра тое, што iспыты пачнуцца праз тыдзень, таму ў вайсковы iнтэрнат не пусцiлi. Камендант пашкрабе пазногцем цемя, напэўна, не паверыць нiводнаму слоўцу, але пакульгае да кладоўкi дый разам з ключом ад пакоя выдасць коўдры, падушкi, бялiзну i электрачайнiк з пагнутай дзюбай. Пакой будзе такi вузкi, што ў iм ледзь уцiснуцца два ложкi ды тумбачка. Займеўшы жытло, Сава пакiне Цiму засцiлаць ложкi, а сам злётае ў гастраном па пiва i гарэлку. Пакуль хлопцы каўтацьмуць саракаградусную вадкасць i запiвацьмуць яе перастаялым пiвам, брыдкаваты камендант раскажа пра любоўныя прыгоды са студэнткамi.
Пару дзяўчат, якiм не хапiла месца ў iнтэрнаце, камендант пускаў жыць у вузкi, што школьны пенал, пакойчык i замест кватэрнай платы браў з iх каханнем. Што мне тыя паперкi з Ленiным? Я з цялушак натураю патрабаваў. Не мучыў шмат. Але раз на тыдзень ногi раскiнь! Камендант задаволена пакрэктваў ад слодычы ўспамiнаў. А каб якая адмовiлася? Не было!
Выпiўшы гарэлкi з пiвам, Сава ляжацьме пад расчыненым акном i разоў з дзесяць паўторыць, што iм вельмi падфарцiла, бо пакой на першым паверсе, i калi хто прыходзiць i выходзiць – не вiдаць. Праспяць Сава i Цiма да самае ночы.
У цёмную Маскву хлопцы вылезуць праз акно. Сава запрапануе пачакаць каля вайсковае часткi якога п'янага афiцэра цi прапаршчыка. Частку ён запрыкмецiў яшчэ ўдзень, калi хадзiў па пiтво. Не праседзяць хлопцы i дзесяцi хвiлiн у прыдарожных хмызах, як убачаць тоўстага, нiбыта напампаванага тлушчам, маленькага афiцэра ў ссунутай на патылiцу фуражцы з аколышам колеру запечанай крывi. Афiцэр выкацiцца з кантрольна-прапускнога пункта i, хiстаючыся дый падскокваючы, пойдзе да тралейбуснага прыпынку. Важкi дыпламат будзе пагойдвацца на сагнутым у крук пальцы. Афiцэр будзе такi п'яны, што здасца, ён вось-вось заскавыча на ўсю вулiцу прыпеўку. Таўстун i заспяваў бы, але Сава лясне яму цаглiнаю ў патылiцу, калi афiцэр зацурболiць у бэзавых хмызах. Сытае цела шорстка асунецца ў палыновыя ды крапiўныя стамбуры. Лежачы на зямлi, непрытомны вайсковец будзе ўсё адно спраўляць патрэбу. Спрытны Сава адкiне цаглiну i павыцягвае з афiцэравых кiшэняў дакументы i партманетку. А перапужанага Цiму ён прымусiць валачы дыпламат.
Цiма, лежачы на ложку i гледзячы ў шарую столь, пачне ўгаворваць Саву больш не рабаваць людзей. Ён папросiць адпусцiць яго назад, у Койданава, дзе ў царкве ён замолiць як свае, так i Сававы грахi. Грэшнiк адно пасмяецца з Цiмкавага скавытання i паабяцае, калi ныццё не супынiцца, паабдзiраць вушы дый завязаць на вузел шланг, якi целяпаецца памiж ног.
Цiма сцiхне.
За выцягнутае з афiцэравых кiшэняў i дыпламата хлопцы справяць новыя кашулi i нагавiцы. Сава раскашэлiцца i на скураныя чаравiкi, а вось Цiма застанецца ў стаптаных чобатах. Яму выберуць абутак пасля рабавання прасторнай, на шэсць пакояў, кватэры. Да справы Сава будзе рыхтавацца ажно тры днi, а не тры хвiлiны, як да папярэднiх. Ён выбера дом у цэнтры Масквы, той самы, над станцыяй "Смаленская", дзе хлопцы перакiмарылi першую ноч. Сава абыдзе ўсе пад'езды з размаляванымi ў анёлы i вiнаград лiфтамi, паторгае дзверы, аблазiць сутарэннi ды гарышчы, паходзiць па даху i пазнаёмiцца з прыбiральшчыкам, барадатым, яшчэ не старым мужчынам у акулярах з трэснутым шклом на правым воку.
Прыбiральшчык будзе жыць у паўпадвале, бо калi ён вярнуўся з псiхiятрычнай клiнiкi, дзе спрабаваў вылекавацца ад алкагалiзму, дык жонка не пусцiла ў кватэру. На працу ў канструктарскае бюро не аднавiлi, давялося адукаванаму чалавеку ўзяць замест цыркуля венiк. Жонка выйшла замуж за журналiста i з'ехала ў Камерун, а ў шыкоўнай кватэры засталiся толькi цешча з цесцем, якiх прыбiральшчык сустракае кожную ранiцу, калi тыя клэпаюць па малако. Яны не вiтаюцца.
Сумнае апавяданне Сава пачуе за пляшкаю вiна ў паўпадвале, дзе раскажа пра сур'ёзныя намеры паступаць вучыцца на гiстарычны факультэт. П'яненькi iнтэлiгент расчулiцца i прапануе пажыць у яго, а не шукаць кватэру за невядома якiя грошы. Ты збiраешся знайсцi ў гэтым доме кватэру? Прыбiральшчык заперхае пракураным смехам. Ён не здагадаецца, што Сава не збiраецца здымаць кватэру, а намерваецца яе абрабаваць.
Сава з Цiмам дачакаюцца, стаiўшыся за сеткаю лiфтавай шахты, пакуль з кватэры сыдуць гаспадары: дзядок з казлiнай бародкаю ды гарбаценькая старая ў бялюткiх летуценных гольфах. Зачыненыя на два замкi дзверы Сава вынесе абцасам з трэцяга ўдару. Залацiстыя стрэмкi ўпрыгожаць шлях. На ўсё – тры хвiлiны, – прасiпiць Сава i кiнецца ў цемнаваты, прапахлы лекамi калiдор. За тры хвiлiны ён паспее натаптаць у вялiзную валiзу розных рознасцей, ад футра да завушнiц. А Цiма так i прастаiць скамянелы каля знявечаных, ашчэраных стрэмкамi дзвярэй.
Валiзу з нарабаваным Сава разбiрацьме ў камендантавай кладоўцы. Той будзе скрэбцi цемя, не хочучы заплацiць Саву запатрабаваныя грошы. Пярэчаннi Цiма падслухае праз тонкiя дыктавыя дзверы, калi будзе сядзець на iнтэрнацкiм падваконнi. Сава выйдзе радасны. Хлопцы вернуць кульгаваму каменданту падушкi, коўдры, брудную бялiзну i чайнiк з крывым носiкам.
З iнтэрната Сава з Цiмам папрастуюць на Беларускi вакзал. Хлопцы стаяцьмуць у чарзе па квiткi, калi Сава заўважыць, як вуграваты хлапчук лезе ў разяўлены партфель да ўзмакрэлага, стомленага вакзальнай каламесаю дзядзькi. Сава пакiне Цiму ў чарзе, а сам пойдзе за кiшэнным злодзеем. Спрацуе мiлiцыянцкая генетыка. Цiма сцiскацьме ў кулаку пругкiя кардонкi жаданых квiткоў да Мiнска, калi слых зловiць далёкi лямант. Вантробамi ўчуўшы нядобрае, ён подбегам памкнецца на крыкi. Працiснецца праз гудлiвы натоўп цiкаўных разявак i пабачыць на рудой кафлянай падлозе ў вакзальнай прыбiральнi Саву. Раскiнутае цела ў новенькай, толькi з крамы, вопратцы будзе ляжаць у плыткай лужыне. Над кадыком будзе чарнець эбанiтавая тронка нажа. Таго самага, якi не змог знайсцi на яўрэйскiх могiлках Цiма.
Саву не любiлi ў Койданаве, не было за што. Нават баба Анця не заплакала па сваiм адзiным унуку, зарэзаным у Маскве.
Злы ён быў, твой Сава. Злы, як рысь. Прашамкае старая ў расчырванелы п'яны тварык Цiмы. Той не адкажа, Цiма засне, паклаўшы галаву на бедны жалобны стол.