355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Койданава » Текст книги (страница 3)
Койданава
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Койданава"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 5 страниц)

Мы развiталiся. Я вярнуўся дамоў i па памяцi намаляваў партрэт чалавека, хворага на рак. Тады згадалася i сякера пад райскай яблыняю, i Чэсеў аповед пра партызанаў.

– Цэлы тыдзень я толькi рабiў, што бульбу абiраў. Да мяне прыглядалiся. Зброi не давалi. А я не рваўся, як другiя, да зброi. Быў упэўнены, што дадуць. I далi, паклiкалi да камандзiра i паказалi дзве вялiзныя супрацьтанкавыя мiны. Загад быў просты, як гэтыя граблi, – Чэсь пастукаў старымi граблямi ў зямлю, – узарваць чыгунку пад Негарэлым. Я з Наркевiчам сеў на воз i паехаў, а конь трапiўся наравiсты: то ён пабяжыць, а то i стане. Чорт, не конь. Нават як яго зваць, нiхто не ведаў. Прыехалi мы пад Негарэлае, каня ў лесе пакiнулi, а самi папаўзлi да адхону. Я адно па баках пазiраў, а мiны ставiў Наркевiч, ён быў мастак на такiя спрыты. Прыпаўзлi мы назад у лес, там на воз i ўцякаць. Кiламетраў з пяць ад'ехалi i пачулi выбух. Тут Наркевiч як закрычыць на ўвесь лес: "Спрацавала! Спрацавала!" А мне i няўцям, адкуль столькi радасцi. Выехалi мы з лесу на поле, а за полем вёсачка невялiкая, двароў дзесяць. Едзем праз поле i бачым, як з канцавой хаты людзi выходзяць i да нас iдуць. Я адразу i не зразумеў, што гэта казакi, якiх немцы супраць партызанаў па вёсках пасялiлi. Тут яны пачалi страляць па нас. Наркевiч з падводы саскочыў i напрасткi праз жыта ў лес паляцеў. Па мне страляюць, а я каня разварочваю, думаю, нельга ж дзяржаўнага каня пакiдаць, ну i воз таксама. Тут конь спудзiўся. Лейцы напялiся. Стаю на возе, а конь ляцiць, як шалёны. У лес ускочылi. Колы скачуць па карэннях, як не разваляцца. Я каня спынiць не магу. Заб'юся, круцiцца ў галаве, далiбог, храснуся аб якое дрэва. Нёс ён мяне па дарозе, пакуль тая не павярнула. Дарога ўбок завярнула, а конь проста па лесе паляцеў. Ён памiж соснаў праскочыў, а воз захрас. Ну, а я праз галаву i ў папараць. Прахапiўся, агледзеўся – цiха. Абмацаў сябе – цэлы. Толькi вялiкi палец на правай назе балiць. Устаў. Распрог каня. Воз адкацiў. Паглядзеў, даедзе – думаю. Запрог чорта наравiстага i павёў, кульгаючы, на дарогу. А калi прыехаў i нарэшце зняў чаравiк, дык палец мой быў крывы, распухлы ды чорны. Да фельчара прычыкiльгаў, а ён глянуў i кажа, што трэба адрэзаць. А я рады, што вярнуўся дый казакi не застрэлiлi. "Рэж! – кажу. – Лiха яго бяры". Прывязалi мяне рамянямi да стала, далi самагону выпiць. Наркевiч трымаў, а фельчар рэзаў. А ты малюй сякеру, не сядзi склаўшы рукi, малюй.


СТАСЬ

Стась адсядзеў больш за дваццаць гадоў па розных турмах i вярнуўся ў Койданава. Адны казалi, што ён вырашыў завязаць са сваiм мiнулым жыццём; другiя пераконвалi, што Стасю забаранiлi жыць у Мiнску, таму ён вымушаны быў наведацца ў пахiлены дамок сваiх родных сясцёр. Хутчэй за ўсё, мелi рацыю апошнiя, бо здарэнне, якое скаланула Койданава праз некалькi дзён, давяло ўсiм, што завязваць Стась не збiраўся.

Юзэфа ды Канстанцыя сустрэлi брата насцярожана, але бутэльку на стол паставiлi i ложак паслалi.

Сёстры, пэўна, падумалi, што ўсё ад Бога i калi наканавана iм на старасцi гадоў жыць з неспакойным братам, значыць, так яно трэба Усявышняму. Яны працавалi ў царкве: прыбiралi, гандлявалi свечкамi i абразкамi, мялi двор. Апраналiся сёстры ва ўсё чорнае, i таму койданаўскiя дзецi пабойвалiся i не любiлi Юзэфу ды Канстанцыю. Хто iх ведае, гэтых згорбленых старых у жалобных хустках i доўгiх спаднiцах?!

Стась выпiў гарэлкi, павячэраў i, падзякаваўшы сёстрам, пайшоў пад клуб.

Была летняя субота, i пры клубе ладзiлi танцы. Цёплымi вечарамi койданаўская моладзь танцавала ў высокай, не пералезцi, сятчастай загарадцы. Дзецi ў загарадку не iшлi, грошай на бiлет не было, таму заставалася адно назiраць праз сетку. Старэйшыя людзi таксама паглядалi на танцораў праз сетку. Стась пайшоў пад загарадку i стаў, склаўшы рукi на грудзях. На пляцоўцы гучаў вальс.

– Гэй, стары, можа цыгарэты маеш? – з цемры да Стася падышлi п'яныя хлопцы. Iх было трое. Адзiн высокi, хударлявы, двое нiжэйшыя, вельмi падобныя, толькi апранутыя па-рознаму. На адным усё было цёмнае, а на другiм – белая кашуля ды васiльковыя, ажно свяцiлiся, нагавiцы-клёш.

– У мяне папяросы, – Стась выцягнуў з кiшэнi i паказаў пачак "Севера" з сiнiм, нiбыта вытатуiраваным на пачку сонцам.

Праз два днi пра гэты пачак "Севера" загаварыла ўсё Койданава. А высокi i хударлявы Юрка Зiнкевiч дрыжачым голасам апiсваў тое здарэнне так:

– Лёнiк пашыў сабе васiльковыя клёшы. Падзея. Вырашылi замачыць нагавiцы, каб доўга насiлiся. Узялi чарнiла i пайшлi пад клуб, на сквер. Селi на лаўку пад помнiкам Дзяржынскаму ды пацiху выпiлi ўтрох дзве семсотграмоўкi. Сядзiм, кайф ловiм. Нi з таго нi з сяго Лёнiку закарцела цывiльную цыгарэту закурыць. Пашыў сабе нагавiцы файныя, паўлiтра вiна выпiў, а яму яшчэ i цыгарэту з фiльтрам падавай. У мяне "Прыма", а ў Базыля – "Беламор". Пайшлi мы пад загарадку, каб у каго стрэсцi па цыгарэце. Бачым: стары дзядзька, незнаёмы, пасярод дзяцей стаiць рукi склаўшы. Каб жа хто з нас у тым старым Стася Ажгiровiча пазнаў, мы б яго за тры вулiцы абышлi. А так стаiць сабе стары i незнаёмы. Чаму ў яго не запытацца пра цыгарэты? Лёнiк i папрасiў у Ажгiровiча цыгарэту, i той пачак "Севера" паказаў. Лёнiк раззлаваўся так, нiбыта ў старога ўсе кiшэнi замежнымi цыгарэтамi набiтыя, а ён нам смярдзючыя папяроскi падае. "Ты мне, сiвы казёл, цыгарэту дай, а не папяросу. Цi, можа, ты не дачуў? Дык зараз вушы прачышчу i рогi паабломваю!" – Лёнiк вакол Ажгiровiча заскакаў, як той певень вакол курыцы. А Стась стаiць, i хоць бы хны. "За "казла" магу i зарэзаць, смаркач паганы!" – цiха так сказаў Стась, а ў мяне ажно мурашкi па спiне пад нейлонавай кашуляй пабеглi. А Лёнiк на яго як кiнецца, з ног збiў i давай-давай чаравiкамi мясiць. Тут i Базыль дапамог. А Стась адно галаву рукамi закрыў, скурчыўся, павалiўся i як нежывы стаў, далiбог. А гэтыя месяць i месяць.

Яны б'юць, а я стаю, утрупянеў, не ведаю, што рабiць, куды кiнуцца. Танцы спынiлiся. Усе да сеткi падбеглi, глядзяць. Дзеўкi вiшчаць пачалi: "Забiваюць! Забiваюць!!!" Каб не гэтыя вiскi, i сапраўды забiць маглi. Але цяпер я ўжо i не ведаю, што лепей. Можа, хай бы яны яго тады забiлi. Даруй Божа.

I я закрычаў: "Шухер!"

Мы паляцелi ў сквер, абмiнулi помнiк Дзяржынскаму, перабеглi пляц каля царквы i схавалiся за хлебную краму. Там аддыхалiся. Выкурылi па цыгарэце i разышлiся дадому. Больш Лёнiка жывога я не бачыў.

Аповед Юркi Зiнкевiча пра бойку я пачуў пазней, можа, праз тыдзень, а на другi дзень пасля здарэння пад клубам, у нядзелю, я стаяў каля хлебнай крамы, дзе ўночы курылi Лёнiк i Базыль Даўнарыкi з Юркам. Белай вяроўкай я мацаваў на багажнiк свайго старога ровара шэсць боханаў чорнага хлеба.

Пыльны пляц каля царквы выглядаў чыстым з-за ранiшняе прахалоды i яшчэ не пякучага сонца. Сям-там на пляцы стаялi купкi мужчын, па двое, па чацвёра. Яны пiлi бутэлечнае пiва проста з рыльца. Непадалёк ад царкоўных веснiц пацягвалi пiва браты-блiзняты Даўнарыкi. Падабенства ў iх не такое ўжо вялiкае, адрознiць можна. Лёнiк – драбнейшы, i можа таму дзеўкi любiлi яго больш за ягонага брата. Але i агульнага ў iх было шмат: i чорныя, аж да сiнечы, цыганскiя валасы, i смуглявасць, i вочы з налiтымi блакiтам бялкамi – зiрне каторы, аж холад па спiне пойдзе, i каржакаватасць, i местачковая заземленасць. Адным словам – блiзняты. Каб не блыталi цi, можа, з-за характараў, апраналiся яны па-рознаму. Лёнiк у светлае, а Базыль у цямнейшае, чорнае. Той ранiцай на Лёнiку была белая кашуля ў тонкiя сiнiя пасачкi.

Браты пiлi сваё нядзельнае пiва. Колькi яшчэ закаркаваных пляшак стаяла каля ног, проста на зямлi.

Са сквера на пляц выйшаў не знаёмы мне стары ў зношаным гарнiтуры i шэрай паласатай кепцы. Гэта пазней даведаюся, што на асветлены сонцам пляц выйшаў з цёмнага сквера Стась Ажгiровiч.

Стась хвiлiну пастаяў на беразе шырокага пляца, прыглядаючыся да мужчын, знайшоў вачыма блiзнят i няспешна накiраваўся да iх. Нi Лёнiк, нi Базыль не адчувалi нават ценю небяспекi, былi ўпэўненыя ў сабе цалкам. Што можа зрабiць сухенькi, падобны да вераб'я, дзядок супраць здаровых дзецюкоў? Нiчога! А можа яму падалося, што пад клубам каля танцавальнай загарадкi яго дрэнна адмясiлi? Пэўна, такiя пытаннi круцiлiся ў Лёнiкавай, асмужанай пiўнымi парамi галаве, а што Базыль падумаў такое, ён i сам раскажа пазней.

Мужчыны, што пiлi пiва на пляцы, нечакана змоўклi. Шмат хто са старэйшых пазнаў Стася, i ў iх з'явiўся страх. "Нiбыта халодным скразняком астудзiла патылiцу", – казаў пазней Iван Мiлько.

Стась за два крокi да блiзнят выняў з унутранай кiшэнi свайго заношанага пiнжака самаробную фiнку. Ён ударыў Лёнiка ў сэрца. Той знямеў. Стась лёгка дастаў лязо з Лёнiкавых грудзей, схаваў зброю i павольна пайшоў у бок сквера.

Закрычаў Базыль.

Я стаяў каля крамы i трымаў у руках ровар з напакаваным на багажнiк хлебам, а Базылёў крык працiнаў мяне нябачнымi вострымi спiцамi...

Базыль упаў на зямлю, у светлы тонкi пыл i пачаў курчыцца, нiбыта гэта яму, а не Лёнiку ўдарылi фiнкаю ў сэрца. А Лёнiк спачатку стаяў i пахiстваўся. Упаў ён на спiну, роўна, як бервяно, iмгненне ляжаў, а потым цела пачало бiцца ў перадсмяротнай агонii. Белая кашуля зачырванела на грудзях. З разяўленага рота пацякла ружовая пухiрыстая пена. Базыль не пераставаў крычаць, поўзаў на карачках вакол брата i драў пальцамi зямлю.

Мужчыны папакiдалi недапiтыя пляшкi i абступiлi блiзнят шчыльным колам.

Трымаючы ровар, я не мог варухнуцца. Да мяне падышла цётка Пэля, нахiлiлася i зазiрнула мне ў вочы. Яна колькi разоў паўтарала маё iмя, а я ўсё не мог адказаць – мову адняло.

Але мова вяртаецца iмгненна, як i знiкае.

Цётка ўдарыла мяне па шчацэ, мова вярнулася, i я сказаў ёй, што Лёнiка зарэзалi.

Сёстры Юзэфа ды Канстанцыя плакалi i закрывалi насы белымi хустачкамi, калi мiлiцыянты прыехалi па Стася. Ён не супрацiўляўся, яму было ўсё роўна, дзе жыць – у турме цi ў Койданаве. Адзiная замiнка ў гэтай справе выйшла з фiнкаю. Калi ў Ажгiровiча спыталi, якiм нажом ён забiў Леанiда Даўнарыка, дык той дастаў з шуфляды кухоннага стала звычайны хлебны нож i сказаў, што вось iм. Мiлiцыянты спрабавалi адшукаць фiнку, але не знайшлi.

На Лёнiкавым пахаваннi старыя койданаўкi прадракалi Базылю хуткую смерць. Шапталi, што калi памiрае адзiн з блiзнят, то i другому век скароцiцца. Прароцтва не спраўдзiлася. Базыль жыве. Ажанiўся, дзецi знайшлiся, працуе на рамбазе i п'е, як усе.

А Стась Ажгiровiч памёр у турме.

Часам мне згадваецца фiнка. Яна ж недзе так i ляжыць, схаваная ў Койданаве. I думаю, што Стась слушна зрабiў, калi не аддаў зброю, якой абаранiў свой гонар.


ВIНАК

Вiнак вырошчваў памiдоры. У Койданаве кожная сям'я нешта садзiла i нешта збiрала. Памiдорамi нiкога не здзiвiш. Але памiдоры Вiнака Шавуры адрознiвалiся ад усiх астатнiх у мястэчку, як сонца ад месяца.

Гаспадынi куплялi ў яго насенне, распытвалi, як i што рабiць, у якi дзень высаджваць i калi палiваць. Толькi, як яны нi старалiся, а прыходзiў час – i самыя-самыя памiдоры вырасталi ў Вiнакавым гародзе.

Не скажу, што ў астатнiх былi кепскiя, i калi iх вывозiлi на мiнскiя рынкi, дык на прылаўках яны глядзелiся як мае быць i прадавалiся выдатна. А вось Вiнаку i вывозiць не было чаго, усё Койданава прыходзiла купляць ягоныя.

Навошта купляць, калi свае пад бокам? Два крокi ад ганка ступiў, пахадзiў па градах, навыбiраў спялейшых цi, калi любiце, i цвярдзейшых, намыў, нарэзаў, накрышыў цыбулi, пасалiў, напярчыў, кропу кiнуў, заправiў алеем цi, калi хочаце, смятанаю, i стаўце на стол. Бярыце, частуйцеся, госцi дарагiя. Усё так, але...

Як гавораць у Парыжы, "жакет ад Кардэна", так у Койданаве казалi: "памiдоры ад Шавуры". I можаце не верыць. Адно скажу, што Вiнак быў не такi просты, як выглядаў з твару.

Выглядаў Шавура будзённа i шэра. Сiвы, загарэлы па-сялянску, у старым пiнжаку, надзетым на майку. Нагавiцы ў зямлi. Галёшы на босых нагах. I ўся будзённасць i някiдкасць кампенсавалася тварам. Гэта жарт, што Вiнак меў просты твар. Калi каму цiкава, дык можна знайсцi ў Беларускай Энцыклапедыi кандыдата ў члены Палiтбюро ЦК КПСС з 1968 года Шавуру. Гэта, вядома, не койданаўскi агароднiк, але твар вельмi падобны. Вiнак, калi б на яго надзець белую кашулю i ўзяць пад гальштук, быў бы рыхтык кандыдат, i вядома чаму – стрыечныя браты.

Раней на розныя камунiстычныя святы на аскетычных фасадах урадавых пабудоў, акрамя чырвона-белых лозунгаў i сцягоў, вывешвалiся манументальныя палотны з тварамi Энгельса, Ленiна, Маркса i ўсiх жывых членаў i кандыдатаў у члены Палiтбюро ЦК КПСС. Жывыя (усе, як адзiн) былi намаляваныя ў цёмных пiнжаках, белых кашулях i пад гальштукам.

Сярод вохрыстых фатаграфiчна-дакументальных твараў я заўсёды адшукваў койданаўскага земляроба i з гонарам адзначаў сваю далучанасць да вельмi вялiкай справы.

Сваяцтва Вiнака Шавуры не магло не абрасцi ў мястэчку рознымi байкамi i казкамi, як у гародзе – колькi нi палiце, нi касiце, а крапiва куток свой знойдзе. I чаго толькi не плялi доўгiя языкi!

Гандлярка Стэфа з крамы "Садавiна i гароднiна" казала, што яе муж Волесь на ўласныя вочы бачыў, як Вiнак закопваў на сваiх градах бляшанкi з золатам, якiя яму на "чайцы" прывозiў маскоўскi брат.

– Ён таму i не ходзiць нiкуды са свайго двара ды поркаецца дзень i ноч на гародзе, – нашэптвала Стэфа даверлiвым старым цёткам – Юзэфе з Канстанцыяй. – I памiдоры садзiць, каб замаскiравацца. А сам крамлёўскае золата пiльнуе.

Стэфу ўсе разумелi, бо Вiнак адных памiдораў прадаваў больш, чым яна ўсёй сваёй дзяржаўнай садавiны разам з гароднiнай. План у Стэфчынай краме трымаўся толькi на тым, што напрыканцы месяца ёй прывозiлi дзесятак скрынак з "Вермутам" па сто дваццаць дзве капейкi за рыльца. А якiя ў краме памiдоры, усе i так ведаюць. А вось калi цётка Пэля параўнала свае памiдоры з Вiнакавымi, дык у яе нарадзiлася думка, што Вiнакаў брат прысылае ў Койданава амерыканскае насенне, бо толькi з амерыканскiх зярнятак могуць вырастаць такiя смачныя памiдоры. Пэля пераканала сябе i спрабавала запэўнiць iншых, што Шавура ўсiм прадае адно насенне, а сам садзiць другое.

Да таго дайшло, што Казiкаву Валю паслалi на пошту даведацца, цi не атрымлiвае часам Вiнак пакункаў з Амерыкi. Валя праз былую аднакласнiцу даведалася, што нiякiх пасылак з ЗША i Канады ў Койданава за апошнi год не прыходзiла, а Вiнак атрымлiвае толькi часопiсы па садаводству i маскоўскую газету "Правда".

Цётку Пэлю такiя звесткi не пераканалi:

– Ну i што? Калi не па пошце прыслаў, значыць, на машыне прывёз!

Пярэчыць было бессэнсоўна.

Доўгая чорна-блiскавiчная машына разы два на год спынялася каля нефарбаванай Вiнакавай брамы. З яе выскокваў, як чорцiк з табакеркi, увiшны шафёр з тонкiмi кагэбiсцкiмi вусiкамi. Адчынялiся другiя дзверцы, i на койданаўскую запыленую прыдарожную траву ступаў цьмяна-блiскучы вузкi чаравiк Шавуры-малодшага.

Кандыдат у члены Палiтбюро ЦК iшоў, высока ўзняўшы паголенае падбароддзе, у братаву хату, а за iм, угiнаючыся, бег, як ненавязаны цюцiк, адданы шафёр.

Пра што гаварылi браты Шавуры? Цi бралi яны чарку? Цi даваў малодшы старэйшаму грошы? Койданава не ведала.

Услужлiвы шафёр пакаваў у багажнiк дзяржаўнай машыны скрынкi з памiдорамi. Светлыя, з абгабляваных дошчачак, зграбныя, невысокiя скрынi Шавура-партыец прывозiў з сабою. Койданаўцы казалi, што ён возiць памiдоры ў маскоўскi Крэмль, каб частаваць Хрушчова, Брэжнева i ўсiх астатнiх членаў Палiтбюро ЦК КПСС. Сам ён столькi з'есцi не мог, а вазiць памiдоры на "чайцы", каб згнаiць i выкiнуць – глупства. Так што Шавура-цэкоўскi ўсё ж некага частаваў.

Пры ўсiм сваiм скептычным стаўленнi да ўрада, койданаўцы паважалi Шавуру-малодшага, бо разумелi – не было б яго, i не было б памiдораў ад Шавуры-старэйшага. Бо хто б тады дазволiў Вiнаку прадаваць свае таматы налева i направа?

Хто гэта ў канцы 60-х мог дараваць беларусу заняткi адасобленай уласнiцкай эканамiчнай палiтыкай? Хто б дазволiў яму садзiць памiдоры i толькi памiдоры, калi ўсе астатнiя садзяць бульбу, рэпу, капусту, моркву, буракi, агуркi i боб з гарохам? Нiхто!

А так вось былi ў Койданаве лепшыя ў Беларусi памiдоры. Я, ва ўсялякiм разе, смачнейшых не каштаваў.

Баба Ядзя давала мне папяровы рубель, манетку ў дваццаць капеек i чысты, не з-пад бульбы, кошык.

– Папросiш Вiнака, каб ён сам табе навыбiраў, – казала яна. – Ён прапануе выбiраць, а ты скажаш, лепей вы самi навыбiрайце.

У Вiнакавай светлай хаце панаваў кiславата-салодкi востры памiдорны водар. На вокны не вешалiся фiранкi, i сонца вялiкiмi ромбамi ляжала на падлозе. У Вiнака амаль не было мэблi, так, самае неабходнае – ложак, стол, крэслы. I паўсюль на разасланых газетах у ромбах густога святла i ў празрыстых блакiтных ценях ляжалi, свяцiлiся сакаўной мякаццю праз тонкую глянцавую скурку, чырванелi наспелымi бакамi, зелянелi вострымi пупавiнамi пладаножак, патыхалi летнiм цяплом Шавуравы памiдоры.

– Выбiрай, – казаў гаспадар i працягваў узважваць на шалях, што стаялi на падлозе каля дзвярэй, памiдоры для дзвюх дзяўчынак. Яны былi старэйшыя за мяне, i я iх не ведаў. Пэўна, прыйшлi з другога канца Койданава цi з вёскi, з якiх-небудзь Макаўчыц цi Бакiнава.

Вiнак пазвоньваў дробнымi гiркамi, састаўляў iх па росту каля плiнтуса.

– Чаго не выбiраеш?

– Навыбiрайце самi, калi ласка. У мяне грошай на тры кiлаграмы...

I ён выбiраў i складаў на алюмiнiевы сподак.

Падобныя да цацачных качак дзюбкi вагаў пачыналi скакаць, аж пакуль тая, дзе ляжалi памiдоры, не плыла ўнiз. Шавура акуратна перасыпаў памiдоры ў мой кош.

Нёс я iх асцярожна, гэта ж памiдоры ад Шавуры.

Пазней, ужо ў iнстытуце, калi буду чытаць Басё, згадаецца Вiнак. Вялiкi японец па мянушцы Горкi Гарбуз сказаў вучням: "Хоку, i нiякiх iншых думак".

Так i ў Шавуры, не было iншых думак, акрамя салодкiх памiдораў. Але ў Вiнака была мара.

Аднойчы ён зайшоў у нашу хату па нейкую драбязу. Здаецца, дзед Бронiк паабяцаў яму аддаць нашу старую спружыну на дзверы... Не памятаю. Толькi дзеда не было. Мы з бабай Ядзяй вячэралi. Вiнак адмовiўся сесцi за стол. Стоячы ў парозе, ён раптам сказаў, што хоча кiнуць памiдоры, бо думае паспрабаваць вырошчваць вiнаград, але нiяк не збярэцца прадаць дом i пераехаць у Берасцейскую вобласць, бо там цяплей, чым у Койданаве. Баба не адгаворвала Вiнака. Кожны чалавек павiнен сам выбiраць, куды ехаць i што садзiць на сваёй зямлi.

Праз гады тры Вiнак з'ехаў спачатку на Берасцейшчыну, а далей i ў Малдавiю. Цi жыве ён там цяпер, у Койданаве не ведаюць.

А для койданаўскiх памiдораў насталi новыя часы, часы цяплiц i парнiкоў, але цi можна параўнаць тамат з-пад полiэтыленавай плёнкi з памiдорам, якi рос i спеў на жывым сонцы?


ТОНЯ

Тоня хварэла ўсё сваё доўгае жыццё на чыста беларускiя хваробы: млявасць, агульную слабасць, нямогласць i каўтун. Хрэстаматыйны каўтун убiўся ў Тонiны валасы яшчэ ў мiнулым стагоддзi i недзе на самым пачатку нашага сышоў. Але ўспамiны аб iм прайшлi праз усе Тонiны размовы з койданаўскiмi лекарамi.

– Дзетачкi вы мае, – пачынала яна сваё доўгае апавяданне ў бальнiчным кабiнеце. – У мяне ж каўтун быў. З таго часу i балiць галава, не дакрануцца. I свет у вачах плыве, круцiцца ўсё вакол, як туманам засланае. I слабкасць, i рукi дрыжаць, нiчога рабiць не магу. Увесь час на сон хiлiць. Так бы, здаецца, i не прачыналася зусiм...

Лекараў на сваiм вяку Тоня перабачыла безлiч. I нi адзiн з iх нiколi нават не засумняваўся ў сапраўднасцi хваробаў i ў шчырасцi скаргаў. А скаргi цiха плылi, як шырокая рэчка праз балота, закалыхвалi i пераконвалi... Пэўна, лекару было вельмi цiкава слухаць тую сумную элегiю.

Шкада, што не знайшлося ў Беларусi фалькларыстаў – аматараў пазанатоўваць жаночыя скаргi на ўласнае здароўе. Менавiта жаночыя, бо ў мужчын яны каструбаватыя, неразгорнутыя, абсечаныя:

– Во!!! Палец цыркуляркаю адхапiла.

– Курыў, а вугельчык вазьмi ды ў вока пырснi.

– Хварэю, учора перапiў.

А ў жанчын зусiм iнакш, у iх плаўна, з iнтрыгаю, з накатам, з кульмiнацыяй. Яны так па-майстэрску складаюць свае апавяданнi, што лекар не заўважае, як робiцца суаўтарам i прагаворвае развязку, ставiць кропку – выдае такую патрэбную i доўгачаканую даведку на вызваленне ад працы.

У Тонiных скаргах кульмiнацыямi былi раптоўныя страты прытомнасцi i падзеннi.

– Я ж да вас i не пайшла б нiколi, i не стала б турбаваць, але баюся... Вось учора ранiцаю ўстала з ложка. Ледзь жа ўстала, ледзь прачнулася. Зрабiла два крокi i не помню, што адбылося, што са мной здарылася. Адно чую голас у цемры. Вочы расплюшчваю – Камiлька стаiць перапалоханая. Схiлiлася нада мною, а ў вачох – жах. Добры чалавек Камiлька, я ў яе цяпер жыву на кватэры. Яна дапамагла ўстаць i сказала: "Што ж гэта вы, цётачка, сябе зусiм не шкадуеце, не глядзiце? Вось ужо i падаеце на падлогу без прытомнасцi, а да лекара не сходзiце нiяк". Таму я i сабралася, i прыйшла сюды...

Твар у Тонi мучнiста-белы, нiбыта вылеплены з цеста, а зморшчынкi на iм тонкiя i глыбокiя. Вочы бясколерныя, вадзянiстыя, з драбнюткiмi, што льняныя зярняткi, зрэнкамi. I таму, калi глядзiш на Тоню, само сабою ўзнiкае жаданне засунуць яе галаву ў печ, каб твар набыў цёплы чалавечы румянец, а не патыхаў халаднаватай мярцвянасцю, за якую лекары выдавалi самыя каштоўныя даведкi.

Даведак у Тонi назбiралася безлiч. Яна гадзiнамi перабiрала, вывучала, перачытвала гэты адзiны свой сапраўдны скарб. Паперы трымалiся ў глыбокай кардоннай пушцы з-пад зефiру ў шакаладзе. У такiх ружова-залацiстых, з выцiснутымi кветкамi на накрыўках пушках дзяўчынкi зазвычай складаюць вiншавальныя паштоўкi з ружамi, цукерачныя абгорткi i фольгу, шаўковыя стужкi i зусiм маленечкiх лялек. Але ў Тонiным далёкiм дзяцiнстве не было гэткiх цацак, i яна на старасцi гадоў гуляла ў дзявочую папяровую гульню на поўным сур'ёзе. Гуляла i выйграла аднапакаёвую кватэру на першым паверсе цаглянага дома ў самым цэнтры Койданава. У свае сто чатыры гады Тоня нарэшце перабралася з прыватнай кватэры ва ўласную. Усе казалi, што ёй пашанцавала, але я не хацеў бы сто чатыры гады пражыць у падсуседзях... А ў Тонi якраз такi лёс – жыць у людзей i нiдзе не працаваць нiводнага дня, бо яшчэ на самым пачатку нашага стагоддзя высветлiлася, што падымаць больш за кiлаграм ёй нельга, нахiляцца няможна, хутка хадзiць, а тым больш бегаць, не варта, а займацца карыснай разумовай дзейнасцю ўвогуле забараняецца. Апошнi пункт у гэтым пералiку Тоня парушыла, але парушыла несвядома, бо свае паэтычныя скаргi яна не лiчыла за работу. А я дык якраз бачыў у Тонi таленавiтую паэтку, якая нiчым iншым, як паэзiяй, адпрацоўвала самы мiнiмум патрэбнага ў гэтым жыццi.

Тонiна паэзiя мела яшчэ адну выразную рысу – рэлiгiйна-мiстычную. Ва ўсiх яе апавяданнях пра хваробы зiхацелi словы i выразы накшталт: даруй Божа, а Божачка ты наш, хай Бог дапаможа... А пры Тонiным ложку, дзе б яна нi жыла, заўсёды на тумбачцы, на падваконнi цi проста на крэсле стаялi маленькiя каталiцкiя абразы. Пры бясконцых пераездах-пераходах з хаты ў хату яны складалiся ў пушку для даведак.

А пераходаў за сто чатыры гады было столькi, што i сама Тоня не палiчыць.

Вось у некага са знаёмых сына забралi ў войска, вызвалiўся пакой, з якога на гаспадароў пачынае павяваць халоднай проймаю страты. I яны не знаходзяць нiчога лепшага, як запрасiць пажыць у iх Тоню. Цi ў каго iншага дачка выйшла замуж i з'ехала з Койданава ў Мiнск цi куды далей. I зноў жа месца прапаноўвалася Тонi.

Так вось пасялiлася яна ў Мiлi Мiлько, калi Шурыка забралi служыць у Егiпце. А ў цёткi Косцi Тоня жыла пасля таго, як Ада выйшла за вайскоўца i з'ехала з iм у Нямеччыну ажно на пяць гадоў. У цёткi Пэлi Тоня пражыла гадоў сем, бо даводзiлася роднай сястрой Пэлiнаму мужу Ясечку, якi, дарэчы, быў старэйшы за Тоню i пражыў пад койданаўскiм небам сто тры гады.

Я нiколi не чуў, каб Тоня скардзiлася каму на лёс. Яна скардзiлася толькi на хваробы. Можа, яна скардзiлася i на што iншае падчас споведзi рубяжэвiцкiм ксяндзам. Але пра тое ведае адзiн Бог, бо старыя ксяндзы памерлi, а да новага, маладога, Тоня не ездзiць. А раней жа разы са два на год яна выбiралася да касцёла. Адкуль прывозiўся i ставiўся каля ложка новенькi яркi абразок. Звычайна – Мацi Божая Дзева Марыя з белым тварам i складзенымi на грудзях рукамi, такiмi ж чыстымi i белымi, бо не ведалi нi зямлi, нi пральнай дошкi, нi бруднага, завэдзганага тлушчам посуду.

Тоня жыве. I сто пяты год бачыць мацiцовае койданаўскае неба.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю