355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Койданава » Текст книги (страница 2)
Койданава
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 17:00

Текст книги "Койданава"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)

Койданаўцы


КАЗIК

Казiк вярнуўся з працы зусiм хворы. У яго падскочыла тэмпература, а жывот пакрыўся гiдкiмi плямiнкамi зудлiвае высыпкi.

У хаце занепакоiлiся. Пайшоў з дому здаровы чалавек, а вярнуўся ледзь жывы. I Казiкава жонка Ядзя, i ягоная мацi Маня, i нават дачка, школьнiца Валя, без перапынку пыталiся: "Што з iм?". Казiмiр ляжаў, выпрастаўшыся, на канапе, i ледзь чутна адказваў. Жанчыны даведалiся, што iх муж, сын i бацька нiчога кепскага не еў i не пiў, што на працы пачуваўся добра, што пасля зайшоў у краму па папяросы, па дарозе з крамы адчуў нямогласць, галава пачала круцiцца, у вачах заскакалi зорачкi. Як дайшоў да ўласнага падворка, не помнiць. Жанчыны пакiнулi хворага ў зале, перайшлi ў варэльню, каб абмеркаваць бяду дый пачаць нешта рабiць, бо ад лекара Казiк адмовiўся. Яму не верылася, што ў трыццаць пяць гадоў чалавек можа без дай прычыны сканаць.

Казiкаў сын Антось сядзеў на крэсле каля канапы ды спалохана зiркаў на змярцвелы вастраносы бацькаў твар, што нядобра цямнеў на белай падушцы.

– Тата, а вы не памраце, як дзед Ваця? – Антось спытаў шэптам.

Яму згадаўся дзед, што памёр увесну. Згадалася пахаванне i глыбокая ямiна на каталiцкiм баку могiлак. У ямiну струменiўся падсохлы на травеньскiм сонцы светлы пясок. Шасцiгадовы Антось забаяўся, што бацьку, як i дзеда, пакладуць у чорную труну, галавою на белую падушачку, а баба Маня прымусiць пацалаваць халодны, як камень у пограбе, лоб нябожчыка.

– Не бойся, Антосiк, не памру. Мы яшчэ з табою на гармонi пайграем. I на трубе я цябе граць навучу. Будзем на святы ў аркестры хадзiць. Мы яшчэ з табой машыну купiм i катацца будзем. Захочам у лес – селi ды паехалi. А захочам у Мiнск, мы i ў Мiнск з'ездзiм, – Казiк пагладзiў стрыжаную пад бокс галаву сына i падправiў чубок, што выглядаў непатрэбным над спалоханым тварыкам з заечаю губой.

Казiку раптам зрабiлася крыўдна за сябе, маладога, калi ён п'яны хапануў сякеру ды кiнуўся на жонку, што ўжо восьмы месяц хадзiла Антосем. Цяжарная жанчына ледзь уцякла з хаты, а раз'юшаны муж пахапаў яе сукенкi дый пасек на парозе. Антось нарадзiўся хваравiты i брыдкi з твару. На левай скронi ён насiў вялiкую, як боб, чорную радзiмку, з якой тырчалi сiвыя валаскi. А пад носам у яго ружавеў глыбокi шнар заечай губы...

У свае васемнаццаць гадоў Антось паспрабаваў запускаць вусы, але яны раслi рэдзенькiмi, светлымi i не хавалi непрыгожай адмецiны. Тады ён наляпiў сабе штучныя вусы, але i ад iх давялося адмовiцца – людзi кпiлi i насмiхалiся. I сын пракляў бацьку, бо паверыў, што брыдкая губа з'явiлася на твары ў той самы момант, калi п'яны Казiк секануў на парозе па Ядзiнай сукенцы.

Ядзя гэтаксама пракляла Казiка i з'ехала ў Мiнск да Валi, якая паспела выйсцi замуж за курсанта вайсковай вучэльнi.

Адно згорбленая баба Маня дажыла доўгi век пры сыне, якi ўпарта iшоў да мары свайго жыцця – легкавой машыны, уласнай, дагледжанай i любай, на якой можна i ў лес, i ў Мiнск, i нават у горад Парыж да сцяны камунараў, да той самай сцяны, паўз якую Казiка правялi ў калоне палонных у 1945 годзе.

Шлях да сцяны Парыжскiх камунараў пачынаўся з тае самае хаты, дзе ён ляжаў на канапе з невядомай хваробай. I пачынаўся з гульнi, з дзiцячай забаўкi. Казiк майстраваў з рэечак i паперы мадэль самалёта, а ягоная кузiна, лядашчае дзяўчо, схавала клей. Нястрыманы, шалёны ад прыроды Казiк зазлаваў, пачаў лаяцца, разламаў ушчэнт мадэль, а калi бацька паспрабаваў супакоiць сына скураным пасам, выскачыў на сярэдзiну вулiцы i закрычаў:

– Страляць вас усiх трэба! Страляць!!! Бандзюгi, партызаны! У гэтай хаце партызаны!..

Iшоў 1942 год, i ў Койданаве было поўна немцаў i палiцыянтаў. Казiкаў крык перапалохаў усю вулiцу. Людзi пахавалiся ў дамкi i з-за фiранак цiкавалi, як Казiкаў брат Бронiк разам з бацькам Вацем звязвалi рамянямi хлопца, што з'ехаў з глузду. Звязаны Казiк праляжаў у хаце на печы два днi, пакуль афармлялiся ягоныя дакументы на адпраўку ў Нямеччыну. Ваця сам пайшоў у палiцыю, дзе i ўгаварыў кiраўнiцтва, каб забралi сына i звезлi куды найдалей. Палiцыянты ўпарцiлiся, не хацелi браць дакументаў, бо Казiк быў занадта малады, усяго 15 гадоў, але Ваця дамовiўся, i ў паперах змянiлiся лiчбы, i неслух паехаў у Германiю.

Пра жыццё ў Нямеччыне Казiк успамiнае з прыемнасцю, ён не хаваў, як iншыя, што жылося там соладка i сытна на вялiкiм хутары пад Берлiнам. Казiк трапiў не на завод i не на шахту, а на дагледжанае поле заможнага гаспадара, якому спадабаўся белагаловы вастраносы хлопчык-беларус.

– I чаму ты не нарадзiўся немцам? – ушчуваў гаспадар. – Ты ж, Казiк, рыхтык немец – арыец. I валасы ў цябе светлыя, i вочы блакiтныя, i профiль германскi, можна i на манеце выбiць. Каб не ведаў, што са славянаў, дык i не паверыў бы, што ты беларус.

А ў дадатак да гэтых вартасных характарыстык за якiя паўгода Казiк вывучыўся гаварыць па-нямецку. I гаспадар прызначыў яго на пасаду наглядчыка. Казiк сачыў, каб два дзесяткi маладых славянак мелi ўсё неабходнае i добра працавалi.

Але вось вайна скончылася. Нямеччыну падзялiлi на зоны. Казiк апынуўся ў французскай, i яго адправiлi ў парыжскi лагер для iнтэрнаваных асобаў. Калi калону славян вялi паўз сцяну камунараў, нейкi жартаўнiк-афiцэр загадаў спынiцца, каб усе паглядзелi на помнiк сваiм "iдэйным папярэднiкам".

У Парыжы Казiк пражыў паўгода. Першыя тры месяцы ён чакаў дакументаў, а калi нарэшце атрымаў пашпарт, дык не змог яго зберагчы. Укралi. Можа i дагэтуль недзе жыве несапраўдны Казiмiр Вацлававiч Кiсель – беларус i каталiк. Ну, ды Бог з iм. Толькi Казiку з-за гэтага злодзея давялося прасядзець у лагеры яшчэ тры месяцы. Адно суцяшала – Парыж, як там нi кажыце, не Архангельск, а Францыя не СССР, дзе Казiку давялося адразу пасля прыезду пайсцi ў войска, каб не апынуцца ў якiм сiбiрскiм цi архангельскiм лагеры, хапала i таго, што ён вярнуўся ў лагер сацыялiстычны.

Першае, што Казiк зрабiў, як прыйшоў з войска, дык ажанiўся, узяў зусiм маладзенькую сiрату Ядзю. Неўзабаве нарадзiлася Валя, а за ёй праз тры гады – Антось, якi так баяўся за бацьку, каб той не памёр, пакуль жанчыны ў варэльнi нiяк не маглi вырашыць, дзе шукаць ратунку ад невядомай хваробы. Тым разам менавiта Антось выратаваў бацьку. Той самы стрыжаны пад бокс Антось, якi пазней пракляў Казiка i на ўсiх фотакартках у сямейным альбоме замазаў бацькаў твар чорным атрамантам.

Сям'я развалiлася. Баба Маня памерла. Казiк застаўся адзiн у вялiкай хаце. Ён зрабiў рамонт, адпусцiў рудыя з сiвiзною вусы ды пачаў насiць капялюш замест шарай кепкi. А самае галоўнае: Казiк нарэшце прыдбаў машыну – новую памаранчыкава-чырвоную, зiхоткую.

Неяк я праходзiў паўз Казiкаў сад. Ён гукнуў мяне i пачаў прасiць, каб я пагаварыў з Антосем i сказаў, што бацька ў чалавека адзiн, якi ўжо ёсць, i другога не будзе, а машыну ён усё роўна аддасць сыну. Зрабiлася шкада гэтага пакрыўджанага лёсам i людзьмi дзядзьку ў фетравым капелюшы з вядром iгруш лiмонак у руцэ. Я паабяцаў перагаварыць з Антосем. Да той размовы я недалюблiваў Казiка, бо недзе ў душы застаўся дзiцячы сполах ад таго, што ён, убачыўшы мяне на сваёй яблынi, паабяцаў абрэзаць грабеньчыкам стручок, якi хаваецца ў хлопцаў памiж ног. Але ў восеньскiм садзе пад iгрушаю прыйшло на памяць, што гэта мая мацi Нiна схавала клей, якiм Казiк мацаваў мадэль самалёта.

Антося я ўгаворваў доўга. Мы пiлi гарэлку, i ён паказваў фотаальбом, дзе замест Казiкавага твару чарнелi неакуратныя плямiны. Нарэшце я выцягнуў з яго абяцанне паехаць да бацькi i пагаварыць. Антось i сапраўды з'ездзiў у Койданава, а Казiк паказаў яму завяшчанне, паводле якога машына пасля смерцi бацькi пераходзiла да сына. Але Антось з Казiкам зноў пасварылiся. Сын жа не ведаў, што праз месяц бацька памрэ ў той самай машыне.

Казiк не трапiў у аварыю, ён цiха скiраваў на ўзбочча дарогi, дастаў з кiшэнi трубачку з нiтраглiцэрынавымi таблеткамi, але сэрца раптам спынiлася. Казiка пахавалi побач з мацi, на каталiцкiм баку могiлак.

А ў сям'i пачалася новая сварка з-за спадчыны, бо Валя не захацела, каб за проста так новая машына належала брату. Бог iм суддзя. Але дзе Бог, там i людзi, якiя маюць прагу да чужых радасцяў i бедаў.

Такую прагу да ўсёведання мела Казiкава суседка – цётка Пэля, яна ведала ў Койданаве ўсё i пра ўсiх, а чаго не ведала Пэля, таго або зусiм не было, альбо яно не ўяўляла анiякай цiкавасцi. I гэта пра яе ўспомнiў Антось, калi зблажэлы бацька ляжаў на канапе i нiхто не мог прыдумаць, як ратаваць нябогу. Антось пабег да жанчын у варэльню i сказаў, што трэба як хутчэй паклiкаць цётку Пэлю. Жанчыны ўзрадавалiся, бо i сапраўды, хто ў Койданаве, як не Пэля, мог загаварыць сполах, напрарочыць лёс, назваць хваробу? Толькi яна i магла.

Пэля прыйшла i села на край канапы, дзе ляжаў невядома чым агаломшаны Казiк.

– Казiчак, – пачала цётка сваiм касцельна-ласкавым голасам, – а цi не пашкадаваў ты чаго сам сабе?

Нечакана для ўсiх Казiк сеў на канапе, чым перапужаў прысутных, акрамя, зразумела, цёткi Пэлi, якая адно заправiла сiвую пасмачку пад чорную хустку i сказала:

– А я вось зайшла, бачу, ляжыць наш Казiчак нi жывы нi мёртвы i адчуваю, што пашкадаваў ён сабе нешта, моцна так пашкадаваў...

– Торт! – выгукнуў на ўсе грудзi Казiк. – Торт я сабе не купiў. Зайшоў у краму па папяросы. На вiтрыне торт стаiць з крэмавымi ружамi, шакаладнымi лiсцiкамi. I так мне захацелася таго торта, што ледзь слiну пракаўтнуў. Ледзь стрываў. А ў кiшэнi поўна грошай, зарплата i прэмiя. Але ж усе ведаюць, на машыну трэба адкладаць. Не купiў я торт. Сцяўся i не купiў. Ядуць яго чэрцi. Дый не можа такога быць, каб мяне так скруцiла, а потым выпрастала з-за нейкага там торта з ружамi! Нешта вы, цётка Пэля, наблыталi...

Казiк разгублена зiрнуў на жонку. Ядзя адвярнулася, каб не засмяяцца.

– Можа, i блытаю. Бог яго ведае, – стоячы ў парозе, пагаджалася Пэля i падсоўвала наравiстую пасмачку валасоў пад край хусткi. – Толькi ты ж сабе, а не мне пашкадаваў.

Казiкаву дачку Валю выправiлi ў краму, але дарма – тарты раскупiлi.


IВАН

Iван сядзеў на зэдлiку пасярод пакоя i засяроджана пазiраў на ўласныя ногi. Белая, накрухмаленая да сiнечы кашуля так напялася на Iванавым круглым жываце, што здавалася, вось-вось гузiкi не вытрымаюць, пырснуць ды пакоцяцца па розных кутках. Бурачковы атласны гальштук ляжаў на сытым плячы, не раўнуючы, як сабачы язык. Загарэлую лысiну абсыпалi драбнюткiя пацеркi поту. Пасястая шкарпэтка спраўна сядзела на ступаку. Iван паварушыў пальцамi другой босай нагi i ўздыхнуў так цяжка, нiбыта збiраўся на пахаванне, а не на вяселле да сваякоў. – Казiк Кiсель выдаваў замуж дачку Валю.

– Бацька, што ты сядзiш? Мы чакаем, а ён сеў тут i ўздыхае, як той кабан у загарадцы. – Iванава жонка Мiля падбегла да люстэрка i яшчэ раз, мо ўжо пяты, падфарбавала вусны.

– А iдзiце вы ўсе, лiха вашай матары. Не пайду я нiкуды. – Iван забурчэў у падлогу. – Чорт з iм, з вяселлем. Абыдуся.

– Бацька, а што ж гэта на цябе найшло? – са святочнай i вясёлай Мiля стала перапалоханая. – Толькi што збiраўся... Усе збiралiся iсцi. Падарункi на ганку стаяць. Дык што здарылася?

– Нiчога. Не пайду, i ўсё. Не хачу. Перадумаў! – Iван, сцягваючы праз галаву падобны да сабачага языка гальштук, ускудлацiў вянок сiвых валасоў на патылiцы.

– А Божачка мой, звар'яцеў наш бацька!

Iван скамячыў гальштук i шпурнуў яго пад канапу.

Мiля памкнулася ў сенцы i з iх закрычала да сына ў двор:

– Шурык, сынок, хадзi ў хату.

Тым часам Iван пайшоў да канапы, лёг i заклаў рукi пад галаву.

Шурык заскочыў у пакой з такiм выглядам, нiбыта збiраўся ўбачыць зялёнага цмока пасярод хаты, а не роднага бацьку, якi заплюшчыў вочы i ўдаваў, нiбыта спiць.

Iван, вядома, не спаў. Але будзе i такi выпадак, калi ён засне, сам таго не хочучы. Ён састарэе, пойдзе на пенсiю са свайго маторнага завода, дзе вечарамi пацiху, каб не бачылi тыя, каму не трэба, рабiў чыгунныя формы для пiрагоў. У Койданаве гэта былi найлепшыя формы. I ў суботу перад Вялiкаднем усё мястэчка згадвала добрым словам Iвана Мiлько. Але аднойчы Iван, сам таго не хочучы, заснуў.

– А дзе бацька? – спытаў тады Шурык у мацi.

– Можа, на двор пайшоў, – спакойна адказала Мiля.

Хата ў Iвана была невялiкая: калiдор, кухня i тры пакоi. Гэта пазней, калi ажэнiцца Шурык, зробяць прыбудову з асобным уваходам, а на той час згубiцца ў хаце было проста немагчыма. Мiля з Шурыкам не на жарт спалохалiся. Быў бацька, тупаў-тупаў па хаце – i раптам не стала. Гэта ж не кот, што зашыецца за шафу, i ты шукай не шукай, а не знойдзеш, пакуль сам на малако не выйдзе. I не вавёрка, якую трымала Iванава суседка цётка Косця. Вавёрка была надзiва шкадлiвая.

Аднаго разу, звечара, Косця выбрала кошык яблыкаў, каб наранiцу завезцi прадаць. Яблыкi выбiрала круглейшыя, сакаўныя, без чарвяточынак. А ўначы вавёрка ўзяла i параскiдала iх па ўсёй хаце. I каб жа толькi параскiдала, а то ж яшчэ i панадкусвала кожны яблык. Ранiцай Косця збiрала яблыкi i кляла сваю вавёрку. А тая, стаiўшыся за абразом, цiкавала. Вавёрку Косця набiла венiкам.

Але тое вавёрка... А дзе ж падзеўся Iван?

Мацi з сынам абшукалi ўсю хату, пакуль Шурык не здагадаўся зазiрнуць у вузкую шчылiну пад канапаю. Там ён i ўбачыў бацькавы ногi. Непаразуменне прайшло толькi тады, як выцягнулi бацьку на сярэдзiну пакоя, а за iм дасталi з-пад канапы пусты слоiк, што патыхаў самагонкай. Iван любiў выпiць, а Мiля не давала. Тады i была прыдумана ды абсталявана схованка. Пакуль усе глядзелi тэлевiзар, Iван iшоў сабе ў залу, залазiў пад канапу i праз гумовы шланг ад пульверызатара высмоктваў са слоiка грамаў са сто. Але на той раз доза атрымалася большая, i ён сам не заўважыў, як заснуў. Дый старасць надыходзiла, сiлы не тыя.

Вось у маладосцi, Iван сам казаў, мог выпiць вядро. Асаблiва шмат давялося выпiць, калi служыў у ахове маскоўскага Крамля. Грошай ахоўнiкам амаль не давалi, але добра кармiлi i налiвалi, колькi захочаш. I хлопцы, маладыя, здаровыя, пiлi.

Пра НКВД Iван гаварыць не любiў. А нiхто, зрэшты, тады i не цiкавiўся ў Койданаве тым НКВД. Усе ж недзе служылi, недзе ваявалi...

Гэта цяпер, калi я буду праходзiць паўз Iванаў сад, а Шурык будзе закладаць падмурак пад гараж, мы загаворым пра Фелiкса Дзяржынскага, у гонар якога i пераназвалi Койданава ў 1933 годзе. Зрэшты, i Койданава не першапачатковая назва мястэчка, раней яго называлi Крутагор'е. Мы загаворым пра НКВД, i Шурык скажа:

– Шкада, бацька памёр, а то паказаў бы яму газеты, дзе пра НКВД пiшуць i пра Дзяржынскага. Цiкава, што б ён на гэта сказаў?

Iван Мiлько памёр раней, чым беларускiя газеты пачалi друкаваць матэрыялы пра масавыя забойствы.

Апошнi раз я сустрэў Iвана каля веснiчак. Iшоў паўз ягоны двор, а ён якраз выходзiў на вулiцу ў сваiм чорным скураным палiтоне, шыракаполым капелюшы i наваксаваных да металёвага бляску хромавых ботах. Пад пахаю ён сцiскаў вялiкi папяровы пакунак.

– Што гэта ў вас пад пахаю, дзядзька Ваня? – замест прывiтання спытаў я.

– Камiля паслала сала прадаць.

– А цi добрае сала?

– Ты што, не бачыш? – дзядзька закрыўдаваў. – На чатыры пальцы. Калi добра прадасца, дык i бутэльку сабе куплю.

Гэта апошняе, што я пачуў ад Iвана, якi ўсё ж добра гульнуў на вяселлi Казiкавай Валi.

Але спачатку ён ляжаў на канапе i ўдаваў, нiбыта спiць. Мiля i Шурык стаялi пасярод хаты i нiяк не маглi зразумець, што ж такое здарылася, пакуль сын не спытаў:

– Тата, а чаму гэта вы босы?

– Таму што шкарпэтка згубiлася. – Iван адказаў, але вачэй не расплюшчыў.

– I з-за такой драбязы ўвесь гвалт? А Божачкi вы мае, ды знойдзем зараз тваю шкарпэтку. – Мiля адчынiла шафу i пачала ператрасаць у шуфлядзе з панчохамi.

– Няма там, – Iван спусцiў ногi з канапы. – Я ўжо два разы ўсю шафу перамацаў.

– А можа, раней дзе згубiлася? Можа, мацi, калi мыла, дзе на двары пакiнула? – разважаў Шурык.

– Ды ў тым i рэч, што абедзве ў руках трымаў, адну я надзеў, а другую як той чорт схапiў. – Iван мо ўжо трэцi раз зiрнуў пад канапу, але акрамя свайго гальштука нiчога не ўбачыў.

Шурык зняў валiкi з канапы, але дарэмна. Мiля прынесла венiк ды выграбла ўвесь пыл з-пад буфета, шафы i ложка, але ўсё дарма. Шурык разабраў ложак, а калi засцiлаў, мармытаў праклёны. Шукалi доўга, шукалi паўсюль, нават зазiрнулi ў кубелец з салам. Сям'я Мiлько ўвайшла ў пошукавы азарт: адчынялiся i зачынялiся, а потым зноў адчынялiся шафы, буфет, стол, сервант, сцягвалiся i слалiся абрусы i покрывы, выварочвалiся кiшэнi пiнжакоў, жакетаў, портак i палiтонаў, перастаўляўся абутак...

Раптам вялiкi кутнi гадзiннiк з латунным цыферблатам i вялiкiмi, на ланцужках, гiрамi заскрыгатаў i ўдарыў – вяселле пачалося.

– Бацька, ды надзеньце вы другiя шкарпэткi, – Шурык прахапiўся з пошукавага азарту, нiбыта са сну. – Вунь iх у шафе поўная шуфляда, выбiрайце i пайшлi.

Iван выбраў пару новых, яшчэ з круглым папяровым цэтлiкам шкарпэтак, сеў на зэдлiк i пачаў сцягваць праклятую пасястую, з-за якой пачаўся ўвесь тарарам. Тут усе i зразумелi, дзе падзелася другая. Iван надзеў дзве шкарпэткi на адну нагу.

Смяялiся доўга. Смяялiся Мiля, Шурык i Iван. Смяялася ўсё вяселле, калi госцi даведалiся, з-за чаго спазнiлiся Мiлько. Смяяўся i я. I адзiнае, пра што мне хацелася ведаць, i разумею, што нiколi не даведаюся: што думаў Iван, калi надзяваў дзве шкарпэткi на адну нагу?


СТЭФА

Стэфа шаткавала капусту. Доўгiм тонкiм нажом спрытна разразала крамяныя качаны напалам, а потым хутка-хутка рэзала на дробныя скрылiкi. Хрумсткiя храпкi кiдала ў белую эмалiраваную мiсу, а нашаткаванае зграбала з дыктавага кружка ў выварку. Верхняе лiсце Стэфа збiрала ў горшае вядро, каб зварыць кабанам. Працавала яна з iмпэтам, нiбыта i не было на свеце лепшага занятку, як шаткаваць капусту.

Качаны ўсе як адзiн невялiкiя, чыстыя, крэпкiя. I нядзiўна. Каму як не Стэфцы выбраць сабе самыя тугiя качанчыкi, бо працавала ў краме "Садавiна i гароднiна"?! Яна навыбiрала цэлы мех i нож з прылаўка ўзяла востры, са зручным драўляным тронкам. Можна было б i шаткарню ў суседзяў пазычыць, у Казiка цi ў цёткi Пэлi, але Стэфа не з тых, хто па суседзях лётае i пазычае. Яна нажом накрышыць танчэй, чым iншы шаткарняю. Што-што, а згатаваць i паесцi Стэфа любiла. I гэтая простая любоў адбiлася на ёй самым непасрэдным чынам. Чысты, румяны, што восеньскi яблык, твар. Яркiя, нiбыта нафарбаваныя бурачным сокам, поўныя вусны. Пастава, налiтая здароўем i сiлаю. Такая пастава, што ў свае трыццаць пяць Стэфа яшчэ заўважала, як мужчыны, хай сабе i праз аднаго, але ж заглядаюцца на яе.

I вось пры такой зямной прыгажосцi мела яна за мужа дробненькага, нiжэйшага за сябе, хваравiтага алкаголiка Волеся Радзевiча. Койданаўцы адно пацiскалi плячыма, калi бачылi iх побач на нядзельным кiрмашы цi на пляцы пад царквою. Але ў кожнага, як любяць казаць, свае болькi. Хочаш жыць з алкаголiкам, жывi. Каму якая справа?!

Дзяцей Волесю i Стэфе Бог не даў. Можа, праз гэта Волесь i распусцiўся ды пачаў пiць. Спачатку ён напiваўся, як i ўсе, па вялiкiх святах, але ўжо да непрытомнасцi, да поўнага забыцця. I Стэфа цягнула мужа, калi такое здаралася ў гасцях, на сабе. Здымала з яго акуляры дый вяла пад руку, а то i на плечы ўскiдвала, каб хутчэй, каб людзi не бачылi. Але ў Койданаве не схаваешся. Не паспееш у адным канцы паветра сапсаваць, а ў другiм ужо гавораць, што ты ў порткi наклаў. За кожным вялiкiм святам стаiць цвярозы будзень, але для Волеся ён пачынаўся пахмелкаю. Волесь не мог жыць, калi пасля гулянкi наранiцу не выпiваў грамаў са сто гарэлкi цi шклянку моцнага вiна. I, як слушна зазначыў ягоны сусед Iван, няправiльная тэхнiка апахмелу прыводзiла Волеся да доўгатэрмiновых запояў.

Пра Волесева п'янства Стэфанiя Радзевiч раскажа на судзе:

– Пiў мой Волесь! Апошнiя тры гады дзень у дзень "пад газам" прыходзiў, але не буянiў, не бiўся, як iншыя. Бурчэць бурчэў, лаяўся, гаварыў абы-што, але не бiўся. I дзе ж ён да мяне бiцца палезе? Гляньце на мяне. Ды баязлiвы ён! Ад п'янага, кажуць, i чорт уцякае, а я – цярпела, спадзявалася... I прасiла, i ўгаворвала, i плакала, i палохала, што ў лякарню да вар'ятаў пасаджу, а ён усё роўна кожны вечар п'яны ў хату ўвальваўся. Гультаю штодня свята, а п'янаму – тым больш. Прыйдзе, сядзе каля тэлевiзара i глядзiць праз свае лупатыя акуляры, пакуль не засне. Што ён на тым экране мог бачыць? Хай бы ён i ў той вечар, калi я капусту крышыла, лепей свой тэлевiзар уключыў...

Стэфа перакрышыла якраз палову мяшка i была ў самай рабоце, калi ў хату ўсунуўся п'яны Волесь.

– Iзноў набраўся, – Стэфа развалiла напалам вялiкi, белаваты качан.

– Ай не дундзi. Вось, – Волесь сеў на зэдлiк i ўтаропiўся на спрытныя жаночыя рукi.

У хаце вiсеў густы свежа-халаднаваты пах капуснага соку.

– Што ты мне пад руку гаворыш? Ты ж ведаеш, не люблю, калi на мяне глядзяць. Я ж магу i палец сабе адрэзаць. Iдзi спi.

– Ай не дундзi. Вось, – ён заплюшчыў вочы i падцягнуў ногi ў брудных ботах пад зэдлiк.

– Ты пагавары мне яшчэ тут, пагавары... Хоць бы боты скiнуў, а то гразi поўную хату навалок. Я тут мыю, прыбiраю, а яму ўжо i боты зняць цяжка. Iдзi кладзiся. Чуеш? Я табе кажу, слепень у акулярах, – яна ссыпала нарэзанае ў сiнюю выварку. – Iдзi спаць.

Волесь не азваўся, сядзеў, заплюшчыўшы вочы, на зэдлiку i трымаўся за яго абедзвюма рукамi, каб не павалiцца.

Стэфа з трэскам рассекла яшчэ адну капусную галаву, павярнулася да мужа i ткнула яму ў грудзi нажом.

– Iдзi спаць. Апошнi раз табе кажу. Што ты тут рассеўся, як у гасцях?

Волесь расплюшчыў вочы, заморгаў i спытаў:

– Нашто ты мяне зарэзала?

– Спаць iдзi, п'яны дурань. Зарэзала яго, га-га-га...

Жаночы басавiты смех мяшаўся з густым капусным духам, а муж ужо сунуўся з зэдлiка на падлогу. Стэфа дарэзала качан i толькi потым зiрнула на Волеся, якi знерухомеў на падлозе.

– Уставай! Чуеш, каму кажу?

Мужаў твар увобмiльг збялеў. Жонка абтрасла з пальцаў паналiпалае крышыва i нахiлiлася над Волесем...

На судзе Стэфанiя Радзевiч далей пакажа так:

– А я ж i думаць не думала, што мой Волеська нежывы. Ляжыць, бачу, на падлозе i храпе, маю на ўвазе, спiць. Ён не хроп. Вось, думаю, насмактаўся атруты, што i да ложка не дайшоў. Паклала нож на стол. Рукi фартухом выцерла. Нахiлiлася i кажу: "Уставай! Гад ты печаны. Падымайся i боты брудныя сам скiдай!" А ён ляжыць, не варушыцца, мой Волеська. Я кашулю на iм расшпiлiла, падумала ж, можа, i запраўду нажом крышку падрапала. Бачу: грудзi белыя, чыстыя, нiякай крывi нiдзе нi кропелькi. Адкуль жа я пра тое нутраное кровацячэнне ведаць магла?! "Ляжы, – кажу, – спi на падлозе, калi ты так накаўтаўся, што нi боты, нi акуляры зняць не можаш!" А сама ўзяла качан i шаткую.

А калi дзве поўныя вываркi, сiняя i зялёная, стаялi накрытыя ручнiкамi, а ў кухнi быў наведзены парадак, Стэфа паспрабавала падняць мужа. Той быў халодны i цяжкi. Стэфа прыклала сваё гарачае вуха да мужавых грудзей i, не пачуўшы сэрца, жудасна, па-воўчы завыла.

У турме Стэфанiя Радзевiч прасядзела тры гады. Вярнуўшыся ў Койданава, яна прадала дом, паставiла Волесю помнiк з мармуровай крошкi i ўцякла. Казалi, што яна пасялiлася недзе на Украiне, пад Львовам. Краму, дзе яна працавала, i дагэтуль называюць Стэфчынай. А Волесева магiла сама сабою зарасла белым бэзам.


ЧЭСЬ

Чэсь стаяў пад райскай яблыняю з граблямi ў руках i сачыў, як я маляваў сякеру, усаджаную ў бярозавую калоду. Я збiраўся паступiць у мастацкую вучэльню i хадзiў рыхтавацца да Чэсевага сына Толiка. Навука была простая: Толiк браў i ставiў перада мною нейкую рэч, напрыклад сякеру, даваў аркуш i сыходзiў. Ну, а я сядзеў пад яблыняю дый пацiху крэмзаў.

Дзядзька Чэсь стаяў басанож на невысокай мяккай траве. I мне было добра вiдаць, што на адной назе ў яго не хапае вялiкага пальца. Я старанна вымалёўваў старое тапарышча i раптоўна адчуў, што iснуе невытлумачальная сувязь памiж сякерай i адсутнасцю пальца. Рука з алоўкам спынiлася, я глянуў на Чэсеў загарэлы твар, i мой позiрк сустрэўся з цёмна-блакiтнымi вачыма.

– Гладка малюеш, як мой Толiк, – Чэсь гаварыў сур'ёзна. Ён любiў свайго сына, i таму параўнанне набывала кошт самай высокай адзнакi.

– А чаму ў вас аднаго пальца няма? – я нават сам здзiвiўся нясцiпласцi, але пытанне прагучала.

– У партызанах згубiў.

Партызанаў у Койданаве не любiлi. А мае сваякi дык асаблiва. А за што iх было любiць? За тое, што адзiн п'яны распуста застрэлiў у вёсцы Рудзiца, пад Койданавам, другога нецвярозага дурня? Толькi першы быў партызанам, а другi служыў у палiцыi, таму немцы i спалiлi вёску ды забiлi дзевяць мужчын. Майго прадзеда, а Чэсевага бацьку, спалiлi жыўцом.

Мае сваякi, хто ў лесе перахаваўся, перабралiся ў Койданава, на апусцелыя яўрэйскiя вулiцы. Дзядзькi Чэся тады ўжо не было нi ў Рудзiцы, нi ў Койданаве. Яго яшчэ раней забралi ў савецкiя партызаны. Уночы прыехалi тыя партызаны ў Рудзiцу на конях, зайшлi ў нашу хату, пэўна, нехта падказаў, бо афiцэр у парозе сказаў, што ў нас многа мужчын i таму адзiн пойдзе з iмi. Мужчын у хаце было чацвёра, але за тыдзень у вёску прыходзiлi польскiя партызаны i павялi з сабою двух Чэсевых братоў, Ладака ды Яся. Сказаць расейцам пра палякаў было б тое самае, што галавою кiнуцца ў пельку. I Чэсь пайшоў за расейскiм афiцэрам. А ў вялiкай хаце пры дзедавай кузнi застаўся адно стары гаспадар, ну i жанчыны з дзецьмi...

– Добра, што толькi палец згубiў, а не што iншае, – дзядзька засмяяўся.

– А як вы яго згубiлi? – маляваць расхацелася.

– А табе ўсё цiкава...

Расказваць пра сябе Чэсь не любiў. I на цвярозую галаву амаль нiчога не распавядаў. Але галава ў беларускiх дзядзькоў бывае i захмялелая, тады вам i апавяданнi, i смех, i байкi з показкамi, ну i слёзы.

Калi Чэсь моцна напiваўся, дык не iшоў дадому, а заварочваў да сваёй сястры, а маёй бабы – Ядзi. Ён доўга з крэктам разуваўся ў калiдоры, нязграбна бразгаў клямкаю, заходзiў у хату i сядаў за стол. Казаў, што дадому ён такi п'яны не пакажацца, а пасядзiць тут, пакуль працверазее. Ядзя ведала, што да ранiцы ён не паправiцца, i слала чыстыя прасцiны на канапе ў зале. Але Чэсь наравiста зiркаў на сястру, упарцiўся, не iшоў спаць, а сядзеў за пустым сталом i абураўся, чаму гэта ягоная прыгожая сястра пайшла за маленькага, тоўстага Бронiка Кiсяля, а не знайшла сабе высокага i кучаравага хлопца, як яе браты. Бронiк адно пасмейваўся, бо ўсе ведалi, што i Чэсева жонка Алена анi блiзка не мае той прыгажосцi, якую Бог даў Ядзi. Часам Бронiк садзiўся за стол, каб Чэсю было каму расказваць, каб ён выгаварыўся i яму зрабiлася лягчэй. Чэсь гаварыў пра партызанаў, Маскву, немцаў, Берлiн, забойствы...

У расейскiх партызанах Чэсь прабыў месяцы тры. На самалёце яго перакiнулi праз фронт у Маскву, дзе ён правучыўся ў разведчыцкай школе ажно да самага канца вайны. I калi Масква адсвяткавала перамогу над Берлiнам, для Чэся толькi i пачалася вайна. Яго накiравалi ў Германiю, дзе Чэсь павiнен быў адшукваць асуджаных завочна ваенных злачынцаў. Праца гэтая была зусiм не для такiх, як ён. За два гады ў Нямеччыне Чэсь так змянiўся, высах, зблажэў, што калi вярнуўся ў Койданава, дык яго ледзь пазнавалi сваякi. Зрэшты, гэта i нядзiўна.

Прахварэў дзядзька Чэсь больш як год, i яго ўрэшце камiсавалi.

– Не магу я людзей забiваць! Ядзя, чуеш? Не навучыўся, – мармытаў Чэсь, седзячы за пустым сталом. – А цi ж можна прывыкнуць забiваць па графiку? А ў нас у iнтэрнаце на сцяне такi графiк вiсеў. Надыходзiць твой дзень, бярэш зброю, iдзеш у камеры i страляеш. Адны перад смерцю плакалi, другiя малiлiся, а знаходзiлiся i такiя, што маўчалi. А ты заходзiш у камеру i страляеш, страляеш. I ведаеш: праз тыдзень зноў твая чарга, зноў пойдзеш i застрэлiш чалавека, а потым нап'ешся, як скацiна. А быў немец, якога я так i не змог забiць. Адчынiў дзверы, а ён устаў з ложка i глядзiць на мяне. Я ўзняў пiсталет i стрэлiў яму ў грудзi. А ён як стаяў, так i стаiць гарою. Я нацiснуў курок, але пацэлiў толькi ў руку. Захваляваўся. А ён пайшоў на мяне, ускiнуў здаровую руку з кулаком i пайшоў на мяне. Перапужаўся я, выскачыў з камеры i дзверы на ключ зачынiў. Вярнуўся да маёра i кажу, што больш людзей страляць не буду. А маёр пачаў, што гэта i не людзi зусiм, яны твайго бацьку ў хляве зачынiлi i хлеў той газаю аблiлi i падпалiлi... А я ўсё адно паўтараю – не буду болей забiваць.

Маёр загадаў мне выпiць вады i павёў у камеру, каб разам паглядзець, цi застрэлiў я вялiкага немца. Ён ляжаў пры самых дзвярах i, напэўна, ужо i не дыхаў, але маёр узяў мой пiсталет i стрэлiў немцу ў патылiцу. Мяне ўсяго закалацiла, пачало курчыць, скручваць, ванiтаваць... Прахапiўся я толькi ў шпiталi. Да мяне яшчэ, дзякуй Богу, жаўтуха прыляпiлася. Вось мяне i адпусцiлi.

Чэсь уставаў з-за стала, казаў, што паўгадзiнкi паляжыць на канапе, i спаў да ранiцы. А баба Ядзя хадзiла праз гароды да Чэсевай жонкi, каб сказаць, што ён спiць у нас. Чэсева Алена прасiла перадаць, каб ён ранiцай абавязкова забег дадому.

Перад працаю Чэсь заходзiў дамоў, каб пагалiцца ды выслухаць жончыны нараканнi.

Не ведаю дакладна, як называлася пасада, якую займаў Чэсь Александровiч, але ў Койданаве яго называлi галоўным гандляром. Пасля войска Чэсь атрымаў мiрную, як ён гаварыў, прафесiю эканамiста. Маючы здольнасцi ў такой даволi складанай навуцы, як местачковы гандаль, ён, у дадатак, не краў. А калi галоўны гандляр не крадзе, то i прадаўшчыцы з кладаўшчыкамi пабойваюцца многа выносiць. I таму на Чэсева пахаванне выйшла ўсё Койданава, каб правесцi паважанага чалавека ў апошнi шлях. Многiя плакалi, многiя шэптам успамiналi добрыя часы, калi ў крамах шмат чаго было, бо Александровiч не даваў красцi i перапрадаваць даражэй.

Перад смерцю Чэсь доўга хварэў. Ён памёр у мiнскай лякарнi, у палаце, дзе за тыдзень да яго адышоў на вечны спачын легендарны мiнскi разьбяр Кастусь Сарока. Чэсь памёр ад рака, якi спачатку ўбiўся ў страўнiк, а потым так засушыў дзядзьку, што я, прынёсшы перадачу, ледзь пазнаў яго. З гожага i дужага мужчыны Чэсь, не раўнуючы ваўкалак у паданнях, перакiнуўся ў сухенькага дзядка. Скура на ягоных руках так зжоўкла i патанчэла, што я, пацiскаючы iх, баяўся, каб прывiтанне не абярнулася болем.

– Не пазнаў адразу? – дзядзька Чэсь павёў даланёю па выцвiлай, шарай, як мышыная спiна, пiжаме.

Не паспеў я адказаць, бо ўглядаўся ў змораны твар i згадваў густыя кудзеры, замест якiх над высокiм iлбом адсвечвалi сiвiзною рэдкiя, нiбыта чужыя, валасы.

– Не пазнаў i не пазнаў. Нiчога страшнага. Мяне, калi з Германii вярнуўся, таксама не пазнавалi. Толькi тую вайну я выйграў, а гэтую прайграю.

– Тут шакалад i часопiсы новыя...

– Непрыемна тут, у бараку. Хворыя людзi. Пiжамы. Тапкi. Так што, iдзi на сонца. Сягоння сонца. Цёпла...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю