Текст книги "Post scriptum"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 4 страниц)
* * *
Не трэба чакаць вялiкiх паслуг ад старых людзей... Запэўнiвае Вавенарг. Пагаджаюся. На старых нельга ўскладаць спадзяванняў, звязаных з доўгатэрмiновымi перспектывамi, але спакойна выслухоўваць iх крытычныя заўвагi адносна дня сённяшняга варта заўсёды. Крытыка цвярэзiць.
* * *
Парады старых людзей – нiбыта зiмовае сонца: свецяць, але не грэюць... Маркоцiцца Вавенарг. Дарэмна. Парада i не павiнна саграваць. Яна – не жанчына. Парада больш падобная да промня, якi асвятляе шлях.
* * *
Калi на схiле гадоў мы страчваем таленты i прыгажосць, замянiць iх могуць, дый тое з цяжкасцю, толькi добрае iмя i багацце... Спадзяваўся Вавенарг. Вядома, хацелася б даць веры. Але мой саракагадовы досвед падказвае, што спадзяваннi Вавенарга дарэмныя, хоць i не пазбаўленыя практычнасцi, асаблiва ў пункце пра багацце.
* * *
I на схiле гадоў не зашкодзяць доўгатэрмiновыя планы. Памiраць збiрайся, а жыта сей... Паўтарае мой бацька.
* * *
Спачатку перажываеш, што ты яшчэ не дарослы, потым – што не самы прыгожы, пазней – што небагаты, напрыканцы – што нешчаслiвы, хворы i стары. А перажываць i не варта.
* * *
Падчас гаворкi са старымi людзьмi не забывай пра iхняе жаданне надаваць значнасцi мiнулым падзеям, якiя амаль не ўплываюць на дзень сённяшнi.
* * *
Нi разу не апранутая кашуля хутка зношваецца.
15. Шчасце
* * *
Больш чым дастаткова быць шчаслiвым самому па сабе. Тым больш што i няшчасны – заўсёды ў адзiноце.
* * *
Свядомы сыход у цень – адзiн з найкарацейшых шляхоў да радасцi.
* * *
У мужчын на душы свята, калi яны трымаюць у руках конаўкi, дзе гарыць спiрт.
* * *
У жанчын на душы свята, калi яны глядзяць на новыя фотакарткi сваiх дзяцей.
* * *
У хлапчука свята, калi яму першы раз дазволiлi самому запалiць запалку.
* * *
У дзяўчынкi свята, калi яна фатаграфуецца побач з нявестай.
* * *
Радасць – усмешка, а не рогат.
* * *
Шчасце – калi можаш цiха ляжаць i думаць пра смерць.
16. Ідэалы
* * *
Нашто сто адзiнаццаты раз даводзiць тое, што ў масавай свядомасцi з’яўляецца бясcпрэчнай iсцiнай? Масавыя iсцiны трэба абвяргаць.
* * *
Iдэальная чысцiня патыхае хлёркаю.
* * *
Сумленне – шкадаванне таго, што зрабiў i не можаш вярнуць.
* * *
Больш за ўсё на свеце мяне вабiць узор задавальненняў, вытканы на кiлiме жыцця.
* * *
Гонар больш каштоўны за славу... Cцвярджае Шамфор. I можна было б з iм пагадзiцца, каб толькi займець першае i другое ў дастатковай колькасцi.
* * *
Не лепш было б людзям, каб спаўнялася ўсё, што яны пажадаюць... Заўважыў Гераклiт. Сапраўды. Людзi, чые запаветныя жаданнi спраўдзiлiся, нагадваюць iнвалiдаў-жабракоў.
* * *
"Толькi няправiльныя, павярхоўныя пытаннi маюць адказ, а правiльныя, глыбiнныя адказу не знаходзяць", – казаў Крышнамурцi, якi спытаў: "Як гучыць хлапок адной далонi?"
* * *
Дзеля таго, каб вывучаць парадак, не трэба вывучаць беспарадку... Упэўнены Латрэамон. Досыць пераканаўчы пастулат. Толькi вялiкi прыхiльнiк парадку – Леанарда да Вiнчы – пераконваў у адваротным. На ягоную думку, спасцiжэнне i стварэнне прыгожага i ўпарадкаванага непасрэдным чынам знiтаванае з даследаваннем пачварнага, бруднага i хаатычнага. Мне блiжэй пазiцыя Леанарда. I ў якасцi доказу падам прыклад з юнацтва майго бацькi. Ён вырашыў паплаваць у рэчцы пасля навальнiцы. Вада была высокая, плынь моцная. Вiр пацягнуў яго на дно. Бацька штосiлы супрацiўляўся, але змогi ўсплыць на паверхню неставала. Ён быў блiзкi да страты прытомнасцi i гiбелi ў цёмнай вадзе. Толькi ў апошнi момант узнiкла выратавальная здагадка – не супрацiўляцца моцнаму вiру, пайсцi на дно, а там адштурхнуцца ад цвёрдага i выплысцi на паветра. Бацькава перамога над хаосам бруднай паслянавальнiчнай вады пераконвае мяне ў неабходнасцi вывучэння беспарадку дзеля стварэння парадку.
* * *
Найлепшы спосаб пераканання – не пераконваць зусiм... Як пасля гэтых слоў не пацiснуць руку празорлiўцу Латрэамону? У дасканаласцi ягонае думкi давялося пераконвацца неаднаразова – i ў размовах з палiтыкамi, якiя ў большасцi не маюць сталых перакананняў, i ў размовах з прадстаўнiкамi праваахоўных органаў, у чыiх зрэнках утойваецца прага забойства.
* * *
Сапраўднае задавальненне немагчыма атрымаць без абмежаванняў i запатрабаванняў.
* * *
Абмяжуй уласныя патрэбы i пазбегнеш большасцi расчараванняў, але тады не атрымаеш i сапраўдных задавальненняў. Выбiрай.
* * *
Знайшоўшы мэту жыцця, пачынаеш пошук сродкаў дзеля яе ажыццяўлення i неўзабаве разумееш: у ахвяру мэце трэба прынесцi ўласнае жыццё. А цi вартая мэта, хай сабе i найвышэйшая, таго, каб губляць жыццё? Пэўна ж, не. Лепей адмовiцца ад мэты жыцця дзеля самога жыцця. Так яно i здараецца.
Паказальнiк iмёнаў да кнiгi Post scriptum
Адысон (Addison) Джозэф (1672-1719) – ангельскi лiтаратар, вучоны, журналiст i палiтычны дзеяч.
Арыстоцель (384-322 да н. э.) – старажытнагрэцкi фiлосаф i вучоны.
Бэкан (Bacon) Фрэнсiс (1561-1626) – ангельскi фiлосаф.
Вавенарг (Vauvenargues) Люк дэ Клап’е дэ (1715-1747) – французскi фiлосаф, прадстаўнiк эпохi Асветы.
Вальтэр (Voltaire) (сапраўднае iмя Франсуа Мары Аруэ [Arouet]) (1694-1778) – французскi фiлосаф, пiсьменнiк, гiсторык, прадстаўнiк эпохi Асветы.
Ван Гог (van Gogh) Вiнцэнт (1853-1890) – галандскi мастак.
Вегецый (Vegetius) Флавiй Рэнат (4-5 стагоддзi н. э.) – рымскi гiсторык.
Галiяф (Goljat) – у Старым Запавеце асiлак, якога забiў у двубоi Давiд.
Гераклiт з Эфаса (544/540/535-483/480/475 да н. э.) – старажытнагрэцкi фiлосаф.
Давiд (David – магчыма, "любiмы") – бiблейны герой, якi забiў Галiяфа.
Дыяген Сiнопскi (каля 400 – каля 327 да н. э.) – старажытнагрэцкi фiлосаф-кiнiк.
Дэманакт (1-2 стагоддзi н. э.) – старажытнагрэцкi фiлосаф.
Захер-Мазох (Sacher-Masoch) Леапольд фон (1836-1895) – аўстрыйскi пiсьменнiк.
Кадук – мiфалагiчны герой беларускiх паданняў.
Камю (Camus) Альбэр (1913-1960) – французскi фiлосаф, публiцыст, пiсьменнiк, драматург.
Канфуцый (Кун-цзы) (каля 551-479 да н. э.) – старажытнакiтайскi мысляр.
Квiнтылiян (Quintilianus) (каля 35 – каля 96 н. э.) – рымскi красамоўца.
Клаўдыян (Claudianus) (каля 375 – пасля 404 н. э.) – рымскi паэт.
Крышнамурцi Джыду (нарадзiўся ў 1895 або ў 1897 – 1986) – iндыйскi фiлосаф i паэт.
Леанарда да Вiнчы (Leonardo da Vinci) (1452-1519) – iтальянскi мастак, скульптар, iнжынер, архiтэктар, вучоны, мысляр.
Людовiк XIV (1638-1715) – французскi кароль з 1643 года. Ягонае праўленне – апагей абсалютызму.
Лабруер (La Bruyere) Жан дэ (1645-1696) – французскi пiсьменнiк.
Ларошфуко (La Rochefoucauld) Франсуа дэ (1613-1680) – французскi пiсьменнiк-маралiст.
Латрэамон (LautrОamont) (сапраўднае iмя Ізiдор Дзюкас (Ducasse)) (1846-1870) – французскi паэт.
Нiцшэ (Nictzsche) Фрыдрых (1844-1890) – нямецкi мысляр.
Нэсi – мiфiчная iстота, падобная да дыназаўра, якая нiбыта жыла ў Лахнескiм возеры ў Англii.
Платон (427-347 да н. э.) – старажытнагрэцкi фiлосаф i пiсьменнiк. Вучань Сакрата.
Расiн (Racine) Жан (1639-1699) – французскi драматург, прадстаўнiк класiцызму.
Рафаэль Санцi (Raffaello Santi) (1483-1520) – iтальянскi мастак i архiтэктар.
Савiнiа (Savinio) Альберта (1891-1952) – iтальянскi мысляр, кампазiтар, мастак i пiсьменнiк.
Сад (Sade) Данасьен-Альфонс-Франсуа дэ (1740-1814) – французскi пiсьменнiк.
Сакрат (470/469-399 да н. э.) – старажытнагрэцкi фiлосаф.
Скаварада Грыгорый Савiч (1722-1794) – украiнскi фiлосаф, паэт, педагог.
Тора (Thoreau) Генры Дэвiд (1817-1862) – амерыканскi пiсьменнiк i фiлосаф.
Фукс Эдуард (1870-1940) – нямецкi вучоны, пiсьменнiк i палiтычны дзеяч.
Фулер (Fuller) Томас (1654-1734) – ангельскi мысляр.
Хрыстос Ісус – богачалавек у хрысцiянскай мiфалогii.
Чорны чалавек – герой аднайменнай паэмы расейскага паэта Сяргея Ясенiна (1895-1925).
Шамфор (Chamtort) Нiколас-Себасцьен (1741-1794) – французскi пiсьменнiк.
Шапенгаўэр (Schopenhauer) Артур (1788-1860) – нямецкi фiлосаф-песiмiст.
Эзоп (VI стагоддзе да н. э.) – паўлегендарны старажытнагрэцкi байкапiсец.
Эклезiяст (грэцкае ekklёsiasteos, пераклад са старажытнагабрэйскага gёhIleth – той, хто прапаведуе ў сходзе) – адна з найбольш познiх кнiжак Бiблii (IV цi III стагоддзе да нашай эры), помнiк афарыстычнай лiтаратуры.
Эпiхарм (другая палова VI – першая палова V стагоддзяў да н. э.) – старажытнагрэцкi драматург i фiлосаф-пiфагарэец.
Эрот (Эрас) – у грэцкай мiфалогii бог любовi i кахання, яму адпаведны рымскi Амур (Купiдон).
Юда – у хрысцiянскай мiфалогii вучань Хрыста, здраднiк.