355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Post scriptum » Текст книги (страница 2)
Post scriptum
  • Текст добавлен: 1 декабря 2017, 09:00

Текст книги "Post scriptum"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)

* * *

Нацыяналiст – гэта гiсторык, якi стварае рамантычнае мiнулае нацыi.

* * *

Кароль жыве ў кожным чалавеку; кепска толькi, што большасцi каралёў не хапае служак.

* * *

Памiж смеласцю i безразважнасцю няма мяжы.

* * *

Аскетызм паходзiць не ад сквапнасцi, а ад шчодрасцi.

* * *

Тэрарыст уваходзiць у вечнасць праз асляпляльную яркасць аднаго iмгнення.

* * *

Экстрэмiзм – шлях лайдакоў.

* * *

Караля робiць свiта. Або суседняя дзяржава.

* * *

Калi ты дамовiшся з сабою, ёсць надзея, што паразумеешся з iншымi.

* * *

Трэба рабiць непатрэбнае.

* * *

Як гэта зноў навучыцца спакойна чакаць?

* * *

Чым болей жаданняў, тым больш прынiжэнняў.

* * *

Паразумення не дасягнеш прымусам.

* * *

Запросяць – пагаджайся.

* * *

Майстры працуюць у майстэрнях, бо майстэрства – найперш служба.

* * *

Выказваць недавер – глупства, лепш выкажы давер.

* * *

Не разумееш – не асуджай.

* * *

Каб перамовы мелi поспех, табе давядзецца ахвяраваць iнтарэсамi хаўруснiкаў.

* * *

Усяляк абстрактную параду варта ператварыць у параду самому сабе, каб убачыць яе сапраўдныя вартасцi.

* * *

Змена паводзiнаў – найцяжэйшае з мастацтваў.

* * *

Не бывае больш сумнага занятку, чым iмiтацыя весялосцi. Спачувай блазнам.

* * *

Чытачы лёгка падзяляюцца на садыстаў i мазахiстаў.Садысты чытаюць Захер-Мазоха, а мазахiсты – маркiза дэ Сада.

* * *

Рабы служаць гаспадарам, а кепскiя людзi – страсцям... Сцвярджаў Дыяген. У такiм разе, лепей быць рабом пры разумным уладары, але гэта фантастычная перспектыва.

* * *

Дыяген абраў для жытла бочку, бо брэх у ёй i больш гулкi, i гучнейшы, i густы. Нездарма ён адзначаў сваё падабенства да настаўнiка спеваў, якi знарок бярэ iншы тон, каб вучнi зразумелi – як трэба спяваць iм самiм.

* * *

Калi прачытаў, што Дыяген нiколi не насiў абутку, бо ногi менш далiкатныя за твар i вочы, i ён нiколi не бачыў, каб чалавек хадзiў з вачыма, абутымi, як ногi, то падумаў, што акуляры кiнiк знелюбiў бы яшчэ болей за чаравiкi. Толькi патрушчыць акуляры лепш за ўсё абцасам мужчынскага бота.

* * *

Дыяген заўважыў, што асноўнае спаборнiцтва мiж людзьмi зводзiцца да скiдання адзiн аднаго пендалямi ў канаву. Мiнула два тысячагоддзi, а Нiцшэ са сваiм "падштурхнi таго, хто падае" i Камю з "такой халоднай вадою", у якой топiцца самагубца, так i стаяць разам з намi на беразе бруднай Дыягенавай канавы.

* * *

"Да жывых варта ставiцца зычлiва, а вось пра мёртвых трэба казаць толькi праўду", – прачытаў у Вальтэра i зазначыў вельмi рацыянальны падыход да ўласных паводзiнаў. Адзiнае, што варта дадаць, – калi збiраешся казаць праўду пра мёртвых, памятай пра ўласную смерць.

* * *

"Людзi вельмi мала цэняць выпадак зрабiць радасць блiзкаму; часам здаецца, што яны займаюць пасаду толькi дзеля таго, каб мець магчымасць рабiць паслугi, але не карыстацца ёю самому; першае, што прыходзiць iм на розум, – адмаўляць; а вось згоду яны даюць, толькi добра падумаўшы", – разважае дасцiпны маралiст Жан дэ Лабруер у сваiм афарыстычным творы "Характары, або Норавы цяперашняга веку" i памыляецца, бо папрашайкi выкленчваюць у цябе не што iншае, а пасаду, якую ты займаеш, а самае непрыемнае – абяцаннi i клятвы, што яны будуць на гэтай пасадзе больш сцiплыя, больш сумленныя, больш добрыя за цябе, толькi дазволь, толькi пусцi... Зрэшты, радасць, зробленая нават вельмi блiзкаму чалавеку, каштуе значна менш, чым страта, нанесеная самому сабе.

* * *

Не трэба дзейнiчаць i гаварыць, нiбыта ў сне... Павучае Гераклiт. I можна было б не спрачацца са старажытным грэкам, што толькi "для нядрэмных iснуе адзiны i агульны космас (а той, хто спiць, павернуты ў свой уласны свет)", каб не паўсонны стан, у якiм ты пiшаш цi чытаеш таго ж Гераклiта.

* * *

На высокую вежу можна ўзняцца толькi па вiтых сходах... Афарызаваў Бэкан. Наiўны, не ведаў лiфта.

* * *

Нават калi чалавек сыходзiць ад людзей i пачынае жыць толькi з жывёламi ды птушкамi сярод раслiнаў, ён iмкнецца давесцi ўласную праўду менавiта людзям, а не птушкам, жывёлам i раслiнам. Згадай хоць бы Генры Дэвiда Тора, якi сыходам у лес выказаў пратэст супраць грамадства.

* * *

Немагчыма выйсцi за межы ўласнай iндывiдуальнасцi, але варта паспрабаваць.

* * *

Унутраная пустэча i незадаволенасць – вось што гонiць чалавека ў суполкi, у вандроўкi i на чужыну... Прачытаеш у Шапенгаўэра. Але ёсць жа стома ад самога сябе, ад навакольнага краявiду, ад перанасычанасцi звыклым. Тады, каб адчуць смак адзiноты, руш у падарожжа цi ўдзельнiчай у спрэчках.

* * *

Было б добра, каб ты зразумеў, што iснуюць чатыры арыстакратыi: арыстакратыя ўлады, арыстакратыя капiталаў, арыстакратыя розуму i арыстакратыя ад нараджэння. І было б яшчэ лепей, каб ты не рабiў спробы садзiцца адразу на чатыры крэслы.

* * *

Задумвайся не над набыткамi, а над стратамi. Радуйся не прыдбанаму, а нязгубленаму. Лепей свядома аддай, чым выпадкова займей.

* * *

Найбольш папрокаў выслухоўваеш з-за непаслядоўнасцi. Ну, а як можна быць паслядоўным, калi сама прырода выступае супраць запланаванасцi?

* * *

Калi не знойдзеш сабе занятак, ён сам знойдзе цябе. У большасцi сваёй гэта будзе нiкчэмная i пустая страта часу: п’янства, распусныя вандроўкi, глядзенне ў тэлескрынку...

* * *

Бяздзейнасць – рэч пакутлiвая, амаль нездзяйсняльная. Толькi вельмi мужны чалавек можа абраць бяздзейнасць за асноўны занятак.

* * *

Забывацца на кепскiя ўчынкi iншых – яшчэ паўбяды, а запамятаеш уласныя кепствы, дык лiчы – згалеў.

* * *

Пастаяннасць зменаў стомiць i адначасна супакоiць.


7. Веды

* * *

Настаўнiкаў заўсёды менш, чым падручнiкаў.

* * *

Развагi пра ўзаемазалежнасць рэчаў стамляюць не менш за чаканне перад зачыненымi дзвярыма.

* * *

Ведаеш: усё папулярнае – кепскае; але ведаць недастаткова, каб умець тое рабiць, а тым больш – выкарыстоўваць.

* * *

Развагi селянiна часам больш рацыянальныя за часопiсную эсэiстыку навукоўцаў.

* * *

З дакладным веданнем сваiх жаданняў жывецца лягчэй; няведанне, як цемра, поўнiцца небяспекаю.

* * *

Калi сапраўды збярэшся вучыць iншых, не забудзься ўзяць кiй ды надзець шлем.


8. Здароўе

* * *

Сумная iсцiна... Здароўе чалавецтва вызначаецца па колькасцi хворых.

* * *

Калi ты хоць на iмгненне навучышся грэбаваць жыццём, ты пазбавiшся страху ўчынiць самагубства.

* * *

Вар’ят варты сардэчных адносiнаў i спачування, але дзеля яго ж i трэба трымаць напагатове кашулю з даўжэзнымi рукавамi.

* * *

Медыцына – найпапулярнейшая ў ХХ стагоддзi форма рэлiгii.

* * *

Лекi нараджаюць хваробы.


9. Вайна

* * *

Слабыя душой, на думку Вавенарга, упэўненыя, што разбурэнне – верная прыкмета смеласцi i магутнасцi. Так яно i ёсць, але слабыя i моцныя духам тут нi пры чым.

* * *

Мiр – кароткая пярэрва памiж войнамi, прысвечаная пераўзбраенню i рэформам у армii.

* * *

Хто ведае, можа, менавiта страсцям абавязаны розум самымi блiскучымi сваiмi заваёвамi, – пакеплiвае са стоiкаў i аскетаў Вавенарг. Можа i так, толькi словазлучэнне "заваёвы розуму" выдае акупанта, якi ўвесь час прамалёўваецца ў постацi маралiста Вавенарга.

* * *

Мусiць, я не першы, хто заўважае, што вайсковую форму вельмi любяць iдыёты. I як сумна, што на вулiцах гэтай формы ўсё болей i болей.

* * *

Вайсковы патрыятызм вырастае з нянавiсцi да суседзяў, а тая нянавiсць грунтуецца на зайздрасцi... I варта памятаць: зайздросныя ваяўнiчыя варвары зруйнавалi Рым.

* * *

Хто хоча мiру, хай рыхтуецца да вайны... Зазначыў старажытнарымскi пiсьменнiк Вегецый. Толькi падрыхтоўка да вайны – вайна, а не мiр, як i ўрачыстае святкаванне перамогi над ворагамi – працяг вайны.

* * *

Знiшчы грошы – i знiкнуць войны... Спадзяваўся старажытнарымскi аратар Квiнтылiян. Дарэмныя спадзяваннi. Б’юцца, ваююць, забiваюць i за кавалак акрываўленага мяса.

* * *

Старажытнарымскi паэт Клаўдыян выказаўся пра перамогу так: "Сапраўдная перамога толькi тая, калi самi ворагi прызнаюць сябе пераможанымi". А я сумняваюся, што сэрца чалавека, якi падпiсвае капiтуляцыю, пагаджаецца з тым, што робяць розум i рука.

* * *

Ёсць класiчнае выказванне: калi двое б’юцца, трэцi радуецца. А цi не азначае гэта, што, калi двое памiрацца, – трэцi заплача?

* * *

Калi становiшся на бок пацыфiстаў, варта памятаць, што вайскоўцы ведаюць старажытнае правiла: у адносiнах да ворагаў усё дазваляецца.

* * *

Вайскоўцы любяць вайскоўцаў, нават вайскоўцаў варожых дзяржаў, i ненавiдзяць пацыфiстаў, асаблiва суайчыннiкаў.

* * *

"Перамогi не будзе!" – менавiта з такiм перакананнем iдзеш на бой.

* * *

Войска выбудоўваецца, каб разбураць.

* * *

Смелы ваяр – гэта найперш пакорлiвы раб.

* * *

Злапамятнасць i злараднасць – два слупы, на якiх трымаецца нацыянальная годнасць, бо нацыя не павiнна нiкому дараваць нават дробныя напады на свае правы. Таму на занятках гiсторыi ты вывучаў розныя крыўды, бойкi ды войны. Вось таму на ўсiх скрыжаваннях услаўляюцца забойствы, забiтыя ды крыважэрнасцi, названыя подзвiгамi. Вось i святкуюцца ваенныя перамогi ўсенародна. Не ўдзельнiчай у гэтых урачыстасцях.

* * *

Асэнсоўваць непатрэбнасць усялякай вайны варта ў цiшынi i на адзiноце, бо ў акопе пра вайну не падумаеш.

* * *

Каб ператрываць чорныя часы, бывае дастаткова ўявiць чарнейшыя хвiлiны.

* * *

На першы погляд, дзяржава – з’ява антыпрыродная, бо яна iмкнецца забаранiць дзве з асноўных праяваў эвалюцыi: падман i забойства. Але пры больш пiльным разглядзе заўважаеш: калi з дапамогаю законаў ды пакаранняў дзяржава здольная збольшага забаранiць гэтыя праявы на ўласнай тэрыторыi, дык адразу ж распачынаецца вайна з суседнiмi дзяржавамi, яна сама пачынае падманваць i забiваць. Дзяржава вымушаная забiваць чужых i сваiх, каб не забiваць адно сваiх. Дзяржава – прыродная пабудова, як статак, як зграя, як гайня.

* * *

Моц халаднакроўных гадаў у тым, што яны здатныя не толькi ўкусiць, але i атруцiць. Кiнжал ды келiх з атрутаю – твая зброя, калi разумны i мужны. Зрэшты, атруту можна выпiць самому, не раўнуючы, як Сакрат.


10. Гвалт

* * *

Усялякая мараль сканчаецца ў кропцы, з якой пачынаецца пошук задавальненняў ад пакут жывёлаў, людзей, народаў, краiн...

* * *

Тыранii ўласцiвая гарачкавая iмпульсiўнасць, пачуццёвасць, безразважнасць, а яе ўвесь час спрабуюць аналiзаваць з пазiцыяў светлага розуму i халоднай логiкi.

* * *

Спачатку ты палохаешся, потым баiшся i, урэшце, не можаш адмовiцца ад гвалтоўнага ўчынку.

* * *

Нацыя, якая забiвае тырана, становiцца на шлях гвалту i падтрымлiвае цэласнасць сваёй дзяржавы з дапамогай бясконцых злачынстваў. Зрэшты, нацыя, якая забiвае забойцу, не лепшая за нацыю, што забiвае караля, бо кароль i з’яўляецца перш-наперш забойцам, гвалтаўнiком i тыранам.

* * *

Нельга ўладарыць бязвiнна. Але ў больш спакойных дзяржавах уладараць прайдзiсветы, махляры i зладзеi, а ў дзяржавах ваяўнiчых кiруюць адно забойцы. Таму, абiраючы кiраўнiка дзяржавы, трэба аддаць перавагу хiтраму махляру, каб не зрабiцца закладнiкам бескарыслiвага гвалтаўнiка.

* * *

Найгоршае з забойстваў – знiшчэнне бацькоў. Гэта вяршыня гвалтоўнага паўстання супраць прыроды, лёсу, Бога. Менавiта да бацьказабойства заклiкаюць рэвалюцыянеры: "Разбураць да падмуркаў!", "Выцерцi радзiмыя плямы!", "Рэвалюцыя вышэй за ўсё!" Рэвалюцыйнае разуменне сацыяльнай роўнасцi натыкаецца на сцяну ўзаемаадносiнаў дзяцей з бацькамi i дзядамi. Пачынаецца бессэнсоўнае змаганне маладых са старымi.

* * *

Толькi сам тыран выдае нацыi iндульгенцыю з правам на паўстанне, на гвалт i на пакаранне смерцю ўласнай асобы.

* * *

Калi гвалтаўнiк заклiкае знiшчыць людзей выдатных, народ з задавальненнем пачынае забiваць тых, хто вылучаецца з натоўпу; паступова даходзiць чарга да гвалтаўнiка, i крык: "Я ж такi, як i вы!" – не ўратоўвае.

* * *

Гвалтаўнiк абапiраецца на спрошчанае вызначэнне свабоды. Для яго свабода – гэта магчымасць падпарадкаваць кожнага сваiм жаданням. Гвалтаўнiк не спыняецца; падпарадкаваўшы людзей, ён захоплiвае iншыя дзяржавы i, што самае дзiкае, – пачынае змагацца з прыродаю: выпростваць рэкi, злучаць моры i акiяны... Ловiць вецер, адным словам.

* * *

Паводзiны гвалтаўнiка вельмi iмпульсiўныя, ён на кожным кроку рызыкуе, парушае законы, iгнаруе выпадковасцi i жыве паводле правiла: я зраблю табе любое зло, якое толькi захачу, а ты гэтаксама рабi мне зло, якое зможаш.

* * *

Гвалтаўнiк – гэта ахвяра i кат у адной асобе; кульмiнацыяй гвалту, вiдавочна, будзе самазнiшчэнне.

* * *

Рэвалюцыйныя хваляваннi выносяць на вяршыню ўлады гвалтаўнiкоў, бо менавiта яны абяцаюць спынiць i нарэшце спыняюць гэтыя ж рэвалюцыйныя хваляваннi.

* * *

Знявага прыроды – вось мара шчырага гвалтаўнiка, але ў гэтым шчыраваннi ён расплываецца ў бясконцасцi, а прырода застаецца абыякавай. Таму ўвесь час у мяне ўзнiкае жаданне сказаць гвалтаўнiку адно слова: "Супакойся".

* * *

Гвалт будуецца на празмернасцях, таму ворагi ягоныя – бязмежнасць, цiшыня, спакой.

* * *

Гвалтаўнiк знаходзiцца ў стане перманентнай барацьбы з уласнымi страхамi. Ён ведае, што спалох вядзе да страты ўлады, а таму ў халодным поце прымае самыя неверагодныя паставы, якiя мусяць дэманстраваць смеласць i рашучасць. Гвалтаўнiк верыць у свой тэатр, бо ведае: як толькi апусцiцца заслона, Смерць здыме ягоную гарачую галаву.

* * *

Чалавек адрознiваецца ад жывёлы тым, што добра ведае, як зручна нападаць удваiх на аднаго.

* * *

Бунт – рэалiзаваная мара рабоў.

* * *

Не сумнявайся, народ залiчыць тырана ў вялiкiя дабрадзеi, калi ён выпусцiць з турмы цябе, якога сам жа пасадзiў без усякай тваёй вiны.

* * *

Дэспат хавае злыя дзеяннi за добрымi словамi.


11. Палiтыка

* * *

Патрыёт у сваiх палымяных прамовах апелюе да пачуццяў, да Радзiмы, да крывi. Розум i дух чужыя для патрыёта. На гэтай глебе i сыходзяцца патрыёты з дыктатарамi.

* * *

Мара любога тырана – не столькi гвалт над жанчынамi, колькi ўсынаўленне iхнiх дзяцей, пабудова такога грамадства, дзе ўсе дзецi належаць дзяржаве i, адпаведна, падпарадкоўваюцца тырану. Адсюль i "бацька нацыi".

* * *

Дэмакратыя – волевыяўленне падвяселенага нядзельнага натоўпу.

* * *

Выйграе той палiтык, якi не забывае пра схiльнасць народа да пакоры. Змагацца цяжэй, чым скарыцца.

* * *

Тыран раздае ўзнагароды i пасады найгнюснейшым з лiслiўцаў, каб хоць бы на нейкi час пазбавiцца ад iх.

* * *

Папулярнасць фармуецца ў нетрах натоўпу, якi прагне яскравых праяваў сляпога лёсу. Адсюль i Папялушка з ператварэннем у прынцэсу, i прэзiдэнт з сялян-жабракоў.

* * *

Кожная нацыя смяецца з iншых, тым часам як iншыя насмiхаюцца з яе. Шкада, што з тваiх беларусаў кпяць вельмi мала.

* * *

Пазбягай дзяржаўных узнагарод.


12. Праца

* * *

Робячы вялiкую справу, ты не зможаш абысцiся без таго, каб не нарабiць непатрэбшчыны i не стварыць нiкчэмнасцей.

* * *

Ведаеш, вораг не павiнен здагадвацца пра твае планы, але толькi ён можа ацанiць iх каштоўнасць. Таму так i карцiць паказаць ворагу перспектыўныя распрацоўкi, а выйшаўшы за дзверы, шпурнуць iх у сметнiк. Галоўнае – не складай планы з тымi, хто iдзе iншым шляхам.

* * *

Захапляцца ўласнай працаю найлепей у цiшынi ўласнага кабiнета, сам-насам.

* * *

Праца пазалотчыка заўсёды карыстаецца большай увагай, чым праца дойлiда... Крыўдуе маралiст Вавенарг. I дарэмна. Па-першае, кожны дойлiд пры жаданнi можа працаваць пазалотчыкам. Па-другое, сам Вавенарг у лiтаратуры – больш ювелiр i пазалотчык, чым дойлiд.

* * *

Нават падробка пад мудрасць – ужо фiласофiя... Казаў Дыяген Сiнопскi. Сапраўды, каб навучыцца нешта рабiць, спачатку неабходна ўмець тое нешта падрабляць.


13. Час

* * *

На транспартных прыпынках не толькi сам спыняешся, але i час замаруджваецца, i ты спрабуеш яго падштурхоўваць позiркам на гадзiннiк.

* * *

У замкнёнай невялiкай прасторы час паўзе. Ты iмклiва ляцiш у самалёце, а час пасоўваецца марудна, нiбыта ў турэмнай камеры.

* * *

Вельмi павольна хвiлiны цякуць у чэргах. Наогул, чарга – сымболь маруднасцi.

* * *

Для пацыента ў бальнiцы час цяжкi, доўгi i маркотны.

* * *

На паседжаннях, сходах, канферэнцыях час iдзе няспешна. У якасцi доказу на сталах i крэслах застаюцца скрэмзаныя шматкi паперы. Бяздумнае крэсленне на аркушах iмiтуе дзейнасць i запаўняе час.

* * *

Назiранне за стрэлкамi i цыферблатам iстотна замаруджвае час. Побач з хранометрамi iмгненнi ператвараюцца ў хвiлiны. Калi ты чакаў каханую пад гадзiннiкам, дык ведаеш месца, дзе час плыве марудна.

* * *

У ложку з каханай жанчынаю час пралятае iмклiва, як нiдзе.

* * *

На барцоўскiм кiлiме, на рынгу, на футбольным полi, на баскетбольнай пляцоўцы час рухаецца хутка, але найхутчэй ён бяжыць на полi бiтвы, у рукапашнай бойцы.

* * *

За картачным сталом гадзiны ператвараюцца ў хвiлiны. Азарт з’ядае час, як воўк – ягня.

* * *

Каля магнiтафона, тэлевiзара, кампутара час паскараецца. Тэлефон гэтаксама здатны ўсмоктваць хвiлiны.

* * *

У жытнёвым полi, на санцагрэi можа ўзнiкнуць жаданне спынiць час – не прыпынiць, не замарудзiць i не паскорыць, а забiць. Вiнцэнт Ван Гог i застрэлiўся, ахоплены пякельнай прагаю забiць час пасярод жытнёвага поля. У беларускiм фальклоры ёсць вобраз пачвары, якая ўзнiкае ў самы санцапёк апоўднi – Кадук. Ён здатны глытаць людзей, жыццё i час.

* * *

А дванаццатай ночы, на адзiноце, у пустым памяшканнi само сабою з’яўляецца памкненне прыпынiць час. Асаблiва моцна жаданне выяўляецца ўзiмку, калi ночы бясконца доўгiя. Можа, таму так урачыста, ярка, вогненна святкуецца Новы год.

* * *

На золку пасля пакутлiвага бяссоння ледзь стрымлiваешся, каб не паквiтацца з часам раз i назаўсёды.

* * *

Мы не здатныя ўбачыць будучыню, бо жывём тварам да мiнуўшчыны.

* * *

Машына часу ёсць у кожнага чалавека – гэта памяць.

* * *

Гадзiна ў дзiцяцi ўтрая даўжэйшая за гадзiну ў дарослага, а яму ўсё адно мала. Мацi клiча, а яно – ну, яшчэ пяць хвiлiнак!


14. Грошы

* * *

Запэўнiваць адукаванага чалавека ў тым, што бяднейшы лепшы за багатага – неразумна. Бяднейшы найперш бяднейшы розумам, а як вынiк – грашыма.

* * *

Папракаючы жабрака, ты адмаўляеш яму ў спачуваннi i правiльна робiш. Прысаромлiвай жабракоў. Хай ён рот не паспее адкрыць, а ты скажы: "Дайце мне грошай на хлеб".

* * *

Забраць грошы значна цяжэй, чым iх даць, асаблiва цяжка вярнуць назад грошы пазычаныя.

* * *

Баяцца трэба не жорсткiх уладароў i заможных людзей, а зайздросных нябог i агрэсiўных жабракоў, якiм няма чаго губляць.

* * *

Хлеб, намаляваны мастаком, як i хлеб, паказаны ў тэлевiзii, каштуе значна больш за сапраўдны; у гэтым i хаваецца найвялiкшая эканамiчная памылка чалавека.

* * *

Вядома, сярод багатых вельмi рэдка сустрэнеш мудрага чалавека, але сярод бедных такога знайсцi яшчэ цяжэй.

* * *

З кiм пагаворыш пра багацце, калi i золата, i дыяменты маўчаць? Застаецца шаптацца пра грошы з папераю.

* * *

Капiтал, як стары зводнiк, заваблiвае наiўных у свет перажыванняў, турботаў i няпэўных перспектыў. Толькi бедны шукае ў капiтале свабоду i незалежнасць.

* * *

Калi абмяркоўваюцца галеча цi багацце, не трэба параўноўваць iх з уласнымi стратамi або набыткамi, бо гэта непрыстойна.

* * *

У зменлiвым свеце няма нiчога вартага глыбокiх перажыванняў, i грошы – не выключэнне.

* * *

Наяўнасць у доме вялiкага багацця, як i прысутнасць у горадзе безлiчы салдат, спакою не дадае.

* * *

Месяц, пабыўшы поўняю, робiцца ветахам; справа дасягае росквiту i прыходзiць у заняпад. Усё, што даходзiць да кульмiнацыi, наблiжаецца да разбурэння – такi закон. Каб захаваць грошы i багацце, трэба мяняць справы i шукаць новыя шляхi заробку. Правiла актуальнае не толькi для заможных, але i для бедных.

* * *

Iснуе зваротная сувязь у паводзiнах. Пасядзi на занятках, зрабiўшы твар iдыёта, – нiчога не зразумееш i не запомнiш. Нельга малпаваць злодзея, жабрака, няздару. Маскi хутка прырастаюць да твараў. Каб стаць заможным, трэба спачатку стаць падобным да заможных i разумных, а не супрацьпастаўляць сябе iм i скалiць зубы з "новых беларусаў".

* * *

За выкананне камерцыйных праектаў варта брацца гэтаксама неадкладна, як за напiсанне хоку ў час азарэння.

* * *

Падаюць там, дзе сто разоў прайшлi, як i тонуць зазвычай вельмi добрыя плыўцы. Тое самае з багаццем... Бядняк не можа згубiць шмат грошай, хоць ён зусiм не асцярожны. Капiтал – гэта найперш – сквапнасць, асцярожлiвасць i планамернасць.

* * *

Калi займаешся бiзнесам, разумееш: грошы, здабытыя вялiкiмi намаганнямi, i грошы, прыдбаныя лёгка, роўныя ў цане, хоць з гэтым цяжка змiрыцца.

* * *

Чалавеку заможнаму даводзiцца ўвесь час асцерагацца зладзеяў, бо людзi бедныя, калi губляюць месца працы, пачынаюць красцi i думаюць, што ў багатага скрасцi лягчэй, хоць гэта i не так.

* * *

Нельга спазнаць iншых, не спазнаўшы сябе; так не заробiш грошы для чужога, не зарабiўшы для сябе, сваiх родных i блiзкiх. У багатага шмат сваякоў ды кампаньёнаў i няма сяброў.

* * *

Калi ты сам лiчыш усё заробленае чыстым i сумленным, дык лёгка пераносiш крыклiвыя нараканнi, зайздросныя пагляды i злосныя выпады.

* * *

Найгоршая хвiлiна ў бiзнесовых справах надыходзiць тады, калi кампаньён кажа: "Я выходжу са справы i забiраю сваю долю!"

* * *

Ведаючы ўласныя недахопы, значна хутчэй вучышся памнажаць капiтал. Замест таго, каб выхваляцца здабыткамi, пачынаеш ганiць сябе прылюдна, чым выклiкаеш спачуванне i павагу.

* * *

Калi збiраешся кiраваць светам цi хоць бы невялiкiм вытворчым працэсам, трэба найперш быць аскетычным i ашчадным, а грошы, iх колькасць i наяўнасць, будуць паказчыкам у працэсе.

* * *

Досыць цяжка збалансаваць жаданнi i магчымасцi. Жаданняў заўсёды шмат, а грошай нестае. Але бываюць i такiя часы, калi дробныя жаданнi знiкаюць. Пачынаеш задаваць сабе пытанне без адказу: "Цi варта жыць?" Грошы ў падобным стане страчваюць чароўнасць i магутнасць.

* * *

Здаецца, зайздрасць да тваiх капiталаў не павiнна ўзнiкаць у людзей, якiя маюць значна больш за цябе, але гэта адбудзецца толькi пры адной умове – калi людзi не будуць ведаць, колькi ты маеш, i твой капiтал не працячэ праз iхныя рахункi.

* * *

Чым даражэйшы кубак з дробнай расколiнай, тым больш непрыемна з яго пiць.

* * *

Пакупнiка адштурхоўвае не вялiкi кошт, а кепскi прадукт.

* * *

Галеча i прынiжанасць – гэта тое, што людзi ненавiдзяць... Заўважаеш у Канфуцыя. Але большасць не дасягае багацця i знатнасцi, хоць i iмкнецца да iх усёй душою, а таму пачынае разам з галечаю наракаць на высакародных.

* * *

Сорамна атрымлiваць заробак i калi ў дзяржавы ёсць шлях, i калi яго няма... Знаходзiш у Канфуцыя. Варта зазначыць, што сорамна атрымлiваць i ўзнагароды. А колькi людзей iмкнуцца ўхапiць як мага большы заробак i найкаштоўнейшыя ўзнагароды? Зрэшты, узнагароды iснуюць дзеля суцяшэння сквапных i зайздрослiвых.

* * *

Цяжка жабраку не займець злосцi... Варта пагадзiцца з Канфуцыем. Дарэчы, я нiколi не кiдаю грошы ў жабрацкую шапку, бо ёсць iншыя месцы, куды можна падзець вольныя фiнансы. А жабрак – ён, апрача што зласлiвы, яшчэ i няўдзячны.

* * *

Не аспрэчыш наяўнасць старэйшых i малодшых. Дык чаму розныя змагары за роўнасць увесь час спрабуюць абвергнуць заканамернасць iснавання багацейшых з бяднейшымi. Мяркую, з-за недасведчанасцi. Няма роўных сярод роўных.

* * *

Мець – не азначае ўмець карыстацца.

* * *

Бедныя бачаць у багаццi праяву лёсу, заможныя – плён уласнай працы.

* * *

Быць шчодрым вельмi хутка надакучвае, як i хутка збрыджвае цвярозасць i разважлiвасць.

* * *

Заўтрашнiя прыбыткi грунтуюцца на сённяшнiх стратах.

* * *

Багацце i знатнасць, набытыя несумленна, Канфуцыю падаюцца воблакам, што праплыло мiма. Як сумна, што няма нiводнай аблачынкi, якая б не праплыла мiма. Хмаркi нябесныя – вечна вандроўныя.

* * *

Ты маеш утрая менш, чым маюць цябе. Маёмасць – палон добраахвотны i салодкi. Кожная прыдбаная рэч толькi павялiчвае залежнасць.

* * *

Ветлiвасць – умоўнасць, такая ж самая, як i папяровыя грошы. Калi разумнасць – залатая манета, дык ветлiвасць, выхаванасць, далiкатнасць – зашмальцаваныя ад штодзённага ўжытку банкноты. Толькi памятай: па хлеб не пойдзеш з залатым талерам.

* * *

Любоў да золата павялiчваецца з узростам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю