Текст книги "Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)"
Автор книги: А Кравцевич
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 5 страниц)
Колькасць войскаў саюзнiкаў (без татараў) С.Кучыньскi ацэньвае наступным чынам:
польская кавалерыя – 18 тыс. разам з наймiтамi;
лiтоўская кавалерыя – 11 тыс., не лiчыўшы збройных слуг у табары;
польская пяхота – 2 тыс. (?), магло быць больш або менш;
лiтоўская пяхота – 500 чалавек.
Усяго 31 500 збройных. Кожны збройны браў з сабой харчаванне на 4-5 тыдняў. Акрамя харчавання войска везла палаткi, вопратку, запасную зброю, кухоннае начынне. На кожнае кап'ё мусiў быць хаця б адзiн воз. Усяго ў аб'яднаным войску магло быць каля 10,5 тыс. падводаў. Такая маса павозак iстотна замаруджвала рух армii.
Колькасць татараў, прымаўшых удзел у Грунвальдскiм паходзе, ацэньваецца прыблiзна ў 1-2 тыс. чалавек. Камандаваў iмi хан Джэлал-ад-Дзiн, якi разлiчваў на дапамогу Вiтаўта (i, як аказалася, недарэмна) у барацьбе за ўладу ў Залатой Ардзе. Магчыма, удзел у бiтве на баку саюзнiкаў прымалi малдаване, але ў невялiкай колькасцi.
Польскi гiсторык Ян Длугаш, якi пiсаў аб бiтве сорак з нечым гадоў пасля яе, па дакументах i ўспамiнах сведкаў, называе 50 польскiх i 48 лiтоўскiх харугваў.
Грунвальдскую бiтву з поўным правам можна назваць бiтвай народаў. На баку ордэна ў ёй удзельнiчалi перш за ўсё немцы з ордэна i розных частак Свяшчэннай Рымскай iмперыi. У ордэнскай армii былi палякi з Прусаў, самыя прусы i аддзелы заходнепаморскiх земляў пад началам князя Казiмiра Шчэцiнскага. Наёмныя аддзелы крыжакоў фармавалiся з чэхаў, мараўцаў, швейцарцаў. Саюзныя войскi складалiся з беларусаў, украiнцаў, палякаў, летувiсаў, былi яшчэ чэхi, татары, магчыма, малдаване.
На ўзбраеннi абодвух войскаў мелася артылерыя, але яна не зрабiла значнага ўплыву на лёс вайны i Грунвальдскай бiтвы. Выкарыстоўвалiся галоўным чынам бамбарды, якiя стралялi каменнымi ядрамi розных калiбраў. Да лёгкiх можна аднесцi бамбарды, якiя мелi ядры велiчынёй з кулак i вагой ад паловы да 10 фунтаў. Сярэднiя ядры важылi 10-25 фунтаў. Вялiкiмi лiчылiся бамбарды, якiя стралялi ядрамi (памерам з чалавечую галаву) вагой у 25 фунтаў i болей. Акрамя таго, ужывалiся гарматы, якiя стралялi свiнцовымi ядрамi. Яны мелi невялiкiя, зрэдку сярэднiя калiбры, найменшымi з iх былi рушнiцы. Перад Грунвальдскай бiтвай Тэўтонскi ордэн валодаў прыблiзна сотняй гармат. У 1408 г. у лiцейнай майстэрнi Мальбарка была зроблена асаблiва вялiкая бамбарда. Для яе адлiўкi было ўжыта каля 231 цэнтнера* металу (сумесь медзi, волава i свiнцу). Руля яе складалася з дзвюх частак, якiя сашрубоўвалiся; страляла ядрамi вагой у 9 цэнтнераў. Агнявы запас бамбарды ў паходзе 1409 г. складаўся з 14 ядраў, кожнае з якiх везлi на асобным возе. Яна вельмi паспрыяла здабыццю ордэнскiмi войскамi замкаў у Добжынскай зямлi. У саюзнiкаў артылерыi было менш, аб яе ўжываннi звестак няма. Вiтаўт наўрад цi браў з сабой шмат артылерыi, акрамя рушнiцаў i лёгкiх бамбардаў.
* Невядома, цi гэта метрычныя цэнтнеры (100 кг), цi нямецкiя XX ст. – 50 кг, цi сярэднявечныя – ад 50 да 65 кг.
У пачатку снежня 1409 г. Вiтаўт з Ягайлам сустрэлiся на тайнай нарадзе ў Берасцi. Хоць змест размоваў невядомы, але ён добра прачытваецца ў далейшых дзеяннях. Акрамя плану кампанii 1410 г. абмяркоўвалiся iншыя справы, адной з якiх быў лёс Свiдрыгайлы. Ягайла не даў згоды на пакаранне брата смерцю, але абяцаў пасля вайны перадаць Вiтаўту Падолле, якое падтрымлiвала мяцежнага Свiдрыгайлу.
План працягу вайны распрацоўвалi вельмi дэталёва. Вiтаўт i Ягайла – два буйных дзеячы, якiя выраслi на нiве беларускай дзяржаўнасцi, у стратэгiчным планаваннi паднялiся вышэй узроўню свайго часу. Галоўнай i адзiнай мэтай сярэднявечных войнаў амаль заўсёды быў захоп якой-небудзь прыгранiчнай вобласцi. Вялiкi князь з каралём задумалi i блiскуча правялi буйнамаштабную аперацыю па разгрому ўзброеных сiлаў Тэўтонскага ордэна. Былi абгавораныя час i месцы канцэнтрацыi войскаў, iх злучэння, накiрункi маршу, сродкi важнейшых пераправаў. Злучэнне войскаў у адну армiю i ўдар у цэнтр варожай краiны – на сталiцу давалi шэраг перавагаў саюзным войскам. Па-першае, iнiцыятыву i нечаканасць. Па-другое, ваенныя дзеяннi пераносiлiся на варожую тэрыторыю, тым самым свая засцерагалася ад вынiшчэння. Па-трэцяе, кiраўнiцтва ордэна мусiла сканцэнтраваць свае сiлы, каб перашкодзiць маршу i даць рашаючую бiтву. Тут павiнна была праявiцца перавага саюзнiкаў у колькасцi. Выкананне задумы ў значнай ступенi залежала ад захавання сваiх планаў у таямнiцы да акрэсленага часу, пакуль не будуць сканцэнтраваныя войскi. I гэта таксама было выканана. Сапраўдныя намеры хавалi з дапамогай дэманстрацый войскаў у розных месцах мяжы з ордэнам.
Ордэнскае кiраўнiцтва абрала абарончы варыянт вайны. Ульрых фон Юнгiнген разважаў катэгорыямi свайго часу i таго ж чакаў ад сваiх працiўнiкаў. Ён рыхтаваўся да ўдараў з розных бакоў: з Лiтвы, Польшчы i Мазовii. Адбiўшы гэтыя напады, хохмайстар меркаваў замацаваць за сабой Добжынскую зямлю, магчыма, i Куявы. Ордэнскае кiраўнiцтва энергiчна рыхтавала да абароны замкi i гарады, набiрала наёмныя войскi, вяло агiтацыйную кампанiю па заклiку на дапамогу рыцараў-"гасцей".
На лiтоўскiм фронце абарону трымалi комтуры Рагнеты, Рыну i Клайпеды (Мемель). Новую Марку i Дрэздэнак павiнны быў баранiць новы войт Новай Маркi Мiхал Кухмейстэр, Памор'е – комтуры Члухава, Тухолы, Швеца i аддзел з рагнецкага комтурства; Добжынскую i Мiхалаўскую землi – комтур Бежглава; рубеж па рацэ Дрвенцы – комтуры Броднiцы i Астроды. Галоўныя сiлы ордэна на чале з хохмайстрам павiнны былi сканцэнтравацца пад Швецам. Дзеяннi войскаў ордэна карэктавалiся ў залежнасцi ад зменаў сiтуацыi.
ГРУНВАЛЬДСКАЯ ВЫПРАВА
Наблiжалася заканчэнне перамiр'я. У Польшчы Ягайла актыўнасцю на гранiцы з Памор'ем i Новай Маркай дэманстраваў намер ударыць на Гданьскае Памор'е. Комтуры з лiтоўскай гранiцы паведамлялi хохмайстру аб канцэнтрацыi войскаў Вiтаўта i намеры яго нападу на Рагнеду цi Астроду. Яшчэ 26 траўня Вiтаўт пацвердзiў перамiр'е з ордэнам, 28 траўня прымаў вугорскага пасла, а гарматы ўжо былi высланыя ў невядомым кiрунку. 3 чэрвеня вырушылi войскi з Лiтвы i Жамойцi.
Каб дакладней паказаць разгортку падзей у iх дынамiцы, лепш за ўсё параўнаць дзеяннi бакоў.
Час Лiтоўска-польская армiя Ордэнская армiя
пачатак Збор лiтоўскiх войскаў ля ракi Умацаванне гранiц i замкаў. чэрвеня Нараў. Пераход ракi i марш на 1410 г. злучэнне з Ягайлам.
сярэдзiна Пачатак збору войскаў пад чэрвеня Швецам. 10 чэрвеня Ульрых
фон Юнгiнген прыбыў у
Энгельбург (ля Швеца).
24.06 Збор Ягайлы з наймiтамi i Хохмайстар у Торуне; па яго (сканчэнне апалчэннем МалаПольшчы каля просьбе перамiр'е прадоўжана перамiр'я) Волбажа блiз Пётркава. З захаду да 4 лiпеня. (Вiтаўта яно
прыблiжаюцца вялiкапаляне; зноў не тычылася.)
паўночней рыхтуюцца мазуры.
Жаўнеры руйнуюць ваколiцы
Торуня. Воi Вiтаўта, якiя
засталiся ў Лiтве, праводзяць
рэйд пад Юрбарг i Клайпеду.
Вiтаўт на маршы памiж
Бугам i Наравам.
26.06 Марш Ягайлы ў паўночным Комтуры Члухава i Тухолы
кiрунку да Любохнi i далей. зрабiлi рабаўнiчы напад
на прыгранiчныя польскiя
вобласцi.
27.06 Высакiнiцы – начлег.
28.06 Сеймiцы.
29.06 Казлоў – вестка ад Вiтаўта,
што ён ля ўпадзення Нарава
ў Вiслу.
30.06 Аб'яднанне Ягайлы з
вялiкапалянамi ў Чэрвiньску.
Пераправа цераз Вiслу па
наплаўному мосту.
Прыход Вiтаўта i мазураў.
1-2.07 Заканчэнне канцэнтрацыi войскаў. Марш да бродаў на Дрвенцы пад
Кужэтнiкам i iх умацаванне.
3.07 Марш да мяжы з ордэнам.
Кiраўнiк залогi ў Быдгашчы
перайшоў ордэнскую мяжу
i разбiў фон Плаўэна.
4.07 Войска фон Плаўэна ўзмоцнена (канец вялiкай колькасцю наймiтаў новага (600 коп'яў). перамiр'я)
5.07 Вугорскiя паслы ў лагеры
пад Ежавам прасiлi паведамiць
умовы мiру. Атрымалi iх:
Добжынскую зямлю – Польшчы,
Жамойць – Лiтве.
6.07 Агляд войскаў.
7.07 Дасягнулi ракi Вкры.
8.07 Дзень адпачынку – апошнi
прывал перад пераходам
ордэнскай мяжы.
9.07 Пераход гранiцы, зруйнаванне Да Кужэтнiка выступiў
Лiдзбарка (Лаўтэнбург). аддзел войска з Дзялдава
(Сольдаў).
10.07 Выступленне да бродаў на
Дрвенцы пад Кужэтнiкам.
11.07 Паварот назад да Лiдзбарка
i марш на Дзялдава.
12.07 У лагер пад Дзялдавам 11 цi 12.07 пераход на
прыйшла аб'ява вайны ад ўсходнi(левы) бераг Дрвенцы
Жыгiмонта Вугорскага па 12 мастах пад Брацянам
(войску аб гэтым i марш у паўночна-ўсходнiм
не паведамiлi). кiрунку.
13.07 Далейшы марш на поўнач; Верагодна, вечарам
заняцце Дуброўны. дасягнута Фрыгнава
каля 10 км ад Дуброўны.
14.07 Дзень адпачынку Падрыхтоўка пазiцыi
пад Дуброўнай. на месцы будучай бiтвы.
Дзеяннi Вiтаўта i Ягайлы адбывалiся паводле загадзя распрацаванага плана. Каб да апошняга хаваць задуму аб'яднаць свае войскi, саюзнiкi праводзiлi дэманстрацыi намераў ваяваць паасобку. Ягайла канцэнтраваў войскi на мяжы з Новай Маркай быццам для ўдару на Гданьскае Памор'е, нарыхтоўваў тут дрэва для мастоў. Калi Вiтаўт ужо рухаўся на злучэнне з Ягайлам, войскi, якiя засталiся ў Лiтве, зрабiлi паход на Прусiю.
Першая важная частка плана – аб'яднанне войскаў была выканана блiскуча. Заключыўшы перамiр'е з крыжакамi, Вiтаўт без перашкод правёў армiю ў Польшчу. Маршрут даўжынёй каля 600 км пралягаў уздоўж ордэнскай гранiцы. Злучэнне армiяў Вiтаўта i Ягайлы было поўнай нечаканасцю для хохмайстра. Не дапамагла i выдатна арганiзаваная ордэнская разведка. Калi адзiн са сведкаў пераправы саюзнiкаў цераз Вiслу паведамiў Ульрыху фон Юнгiнгену, што бачыў там Вiтаўта, той не хацеў даваць веры. Хохмайстар звярнуўся да быўшых тады пры iм вугорскiх паслоў, са смехам кажучы: "Гэта дробязi, i ўсё, што асмелiўся расказаць гэты чалавек, вельмi падобна на выдумку. Бо самыя надзейныя нашы разведчыкi прынеслi вестку, што польскi кароль знаходзiцца i раз'язджае каля ракi Вiслы i спрабуе, што праўда, але не можа пераправiцца цераз яе. Ужо шмат яго воiнаў загiнула ў хвалях пад час спробы перайсцi яе ўброд. Вiтаўт жа стаiць ля ракi Нараў i не асмельваецца яе перайсцi".
Невыпадкова месцам злучэння сiлаў абралi Чэрвiньск. Ён быў дастаткова аддалены ад ордэнскай гранiцы, каб не баяцца нечаканага нападу. Канцэнтрацыя тут войскаў магла азначаць намер удару ў розных кiрунках, што падтрымлiвала няпэўнасць камандавання варожай армii. Ад Чэрвiньска адразу пасля аб'яднання можна было без прамаруджвання пачынаць паход на Мальбарк.
Саюзнiкi зараней прадумалi i добра арганiзавалi пераправу цераз Вiслу. Зроблены за зiму i вясну пантонны мост падрыхтавалi да падыходу войскаў 30 чэрвеня. Пасля пераправы мост разабралi i сплавiлi да Плоцка, каб выкарыстаць на адваротным шляху.
Вiтаўт i Ягайла выдатна арыентавалiся ў абставiнах, якiя пастаянна змянялiся, i прымалi правiльныя рашэннi. Калi ўбачылi, што бой на бродзе пад Кужэтнiкам зараней ставiць iх у невыгоднае становiшча, то адышлi ўбок i зноў павярнулi на стары маршрут. Яны разумелi, што ордэнская армiя ўсё роўна павiнна заступiць iм дарогу на сталiцу. Шлях на Мальбарк быў разлiчаны такiм чынам, каб не пераходзiць раку, бо было ясна, што армiя крыжакоў не дасць пераправiцца без бою.
Абарончы варыянт Ульрыха фон Юнгiнгена меў шэраг недахопаў. Аб'яднанню саюзных войскаў магло перашкодзiць толькi рашучае наступленне ордэнскiх сiл. Раздрабленне iх для аховы гранiц прывяло да таго, што ў рашаючай бiтве адсутнiчалi моцныя групоўкi Генрыха фон Плаўэна i Мiхала Кухмайстра. З погляду на мiнулы вопыт няблага быў абраны зборны пункт армii – Швец. Напад найверагодней чакаўся ў кiрунку на захад ад Вiслы.
Умацаванне бродаў каля Кужэтнiка аказалася дарэмным, хоць дзякуючы разведцы быў дакладна вылiчаны прыход сюды ворага. Берагi Дрвенцы ўмацавалi палiсадамi i землянымi валамi, за якiмi паставiлi гарматы. Магiстр планаваў даць бой у выгодным для сябе месцы. Аднак гэта была не адзiная дарога на Мальбарк. Пасля адыходу саюзнiкаў ад бродаў Ульрых фон Юнгiнген, каб перакрыць накiрунак на сталiцу, прыйшоў на месца памiж возерам Лубень i паселiшчам Стэнбарк (Таненберг) i паспеў выбраць i падрыхтаваць пазiцыю.
Аднавiць ход Грунвальдскай бiтвы вельмi цяжка, хоць аб ёй захавалася даволi многа звестак. Непасрэдныя ўдзельнiкi апiсвалi асобныя эпiзоды, з якiх немагчыма скласцi агульны малюнак. Многiя дэталi вельмi цiкавыя i маляўнiчыя, але, на жаль, мала што даюць да рэканструкцыi агульнага ходу бiтвы. Напрыклад, вядома аб моцнай буры ў ноч перад бiтвай. Крынiцы паведамляюць, што на месяцы быў ясна вiдны рыцар, пранiзаны мячом, а ў хохмайстра Ульрыха фон Юнгiнгена з'явiлiся слёзы ад прадчування блiзкай смерцi i да т. п. Прычым частка такiх дэталяў – твор фантазii аўтараў. Грунвальдская бiтва мае на сабе яркi адбiтак сярэднявечча – у ёй рашаючае значэнне мела сутыкненне цяжкай панцырнай кавалерыi. Хаця класiчны перыяд сярэднявечнай ваеннай справы скончыўся яшчэ ў XIV ст. разам з буйнымi паразамi рыцарскай коннiцы ад сялянскай i гарадской пяхоты, усё ж асноўнай баявой адзiнкай заходнеэўрапейскiх армiй у той час заставаўся рыцар, закуты ў бронь, узброены дзiдай i мячом. Разам з iм бiлiся адзiн цi болей збраяносцаў, стралкi i слугi. У баi рыцары станавiлiся ў шэраг на адлегласцi некалькiх метраў адзiн ад другога. На няроўнай мясцовасцi ўжывалi пастраенне клiнам – калонай, якая звужваецца да пераду. Пад час атакi дрэнна трымалiся шэрагу i пасля першага ўдару бiтва распадалася на асобныя паядынкi. Рыцары вызначалiся iндывiдуалiзмам, неахвотна падпарадкоўвалiся камандам. Пяхота выдзялялася ў асобныя аддзелы, разам са стралкамi ставiлася перад коннiцай, i ў яе бывалi непрыемнасцi пры атацы сваёй кавалерыi – не паспявалi вызвалiць месца. Такой недысцыплiнаванай, маламанеўровай армiяй было цяжка кiраваць. Рэдка праводзiлiся абходныя манеўры, засады i г.д. Бiтвы вялiся наступным чынам: збiралiся войскi, сыходзiлiся, доўга рыхтавалiся да бою, у бiтве час ад часу рабiлi перапынкi для адпачынку. Перамагаў той, хто заставаўся на полi бою. Частка сiл выдзялялася ў рэзерв. Кiраўнiк войска звычайна станавiўся ў першыя шэрагi i вёў сваiх у бой. Пераможаныя адступалi, часта за iмi нават не гналiся.
Армiя Тэўтонскага ордэна вызначалася большай дысцыплiнаванасцю i арганiзацыяй, чым iншыя заходнеэўрапейскiя войскi. Для братоў-рыцараў вайна была безупынным заняткам. Аднак уласна ордэнскае войска ў Грунвальдскай бiтве складала меншасць сярод апалчэння прускай шляхты, "гасцей", наймiтаў i саюзнiкаў.
Ваеннае мастацтва беларусаў, якiя складалi аснову армii Вiтаўта, знаходзiлася на больш высокiм узроўнi. Актыўна ўжываючы рыцарскую коннiцу, беларусы i ўкраiнцы адначасова многае перанялi i ўдасканалiлi з ваеннага майстэрства ўсходнiх народаў. Iх войскi былi дысцыплiнаванымi, рухомымi, здольнымi на складаныя манеўры ў ходзе бiтвы, такiя, як флангавыя абходы, уяўныя адступленнi з падвядзеннем ворага пад удар свежых сiлаў i г.д. Гэтыя якасцi былi выдатна прадэманстраваныя ў Грунвальдскай бiтве.
Асноўныя падзеi разгарнулiся на няроўнай мясцовасцi памiж паселiшчамi Грунфельд (чамусьцi польскiя гiсторыкi перайменавалi яго ў Грунвальд, адкуль i назва бiтвы), Стэнбарк (Таненберг – у лiтаратуры бiтва называецца яшчэ Таненбергскай*) i Людзвiгава (Людзвiгсхоф). Тутэйшыя пакатыя пагоркi вышынёй каля 200 м падзялялiся даволi шырокiмi далiнамi. З трох бакоў месца бiтвы было акружана лясамi. Хохмайстар, дакладна вылiчыўшы маршрут ворага, першы прыбыў сюды з войскамi i прыняў меры да ўмацавання пазiцыi. Былi выкапаныя i замаскiраваныя ямы-пасткi, расстаўлены гарматы, арбалетчыкi i лучнiкi. Ульрых фон Юнгiнген разлiчваў затрымаць варожую коннiцу каля перашкодаў, засыпаць яе стрэламi з гармат, арбалетаў i лукаў. Адбiўшы такiм чынам атаку i нанёсшы ворагу страты, кiнуць у бой сваю коннiцу. Хохмайстар слушна iмкнуўся такiмi тактычнымi хiтрасцямi неяк кампенсаваць перавагу саюзных войскаў у колькасцi.
* Беларускi летапiс называе бiтву Дубровенскай па назве блiжэйшага горада.
Ноччу з 14 на 15 лiпеня перад узыходам сонца саюзная армiя выйшла з лагера пад Дуброўнай i рушыла ў накiрунку Стэнбарка i Ульнава. Праз 10 км войскi сталi абозамi каля возера Лубень. Ягайла ў спецыяльнай паходнай каплiцы якраз збiраўся слухаць iмшу, калi атрымаў паведамленне аб з'яўленнi ворага. Гэта былi высланыя на разведку ордэнскiя аддзелы. Аднак кароль не перапынiў набажэнства. Ян Длугаш увогуле апiсвае ўдзел Ягайлы ў бiтве як самы нязначны, а ўсё кiраўнiцтва прыпiсвае Вiтаўту. Спрэчкi аб тым, хто камандаваў саюзнай армiяй пад Грунвальдам, цягнуцца доўга. Акрамя Вiтаўта i Ягайлы называюцца яшчэ два кандыдаты. Мы схiляемся да думкi аб сумесным кiраўнiцтве вялiкага князя i караля. Абодва мелi акрамя дыпламатычнага яшчэ i немалы вайсковы вопыт. Вiтаўт з самых маладых гадоў прывучаўся бацькам да вайны з крыжакамi. У Грунвальдскай бiтве ролi былi падзеленыя. Вiтаўт знаходзiўся на пярэднiм краi, кiраваў войскамi непасрэдна ў баi, самой сваёй прысутнасцю натхняў i падбадзёрваў вояў. Ён арганiзаваў выдатны манеўр з уяўным адступленнем. Ягайла ж знаходзiўся ззаду войскаў, мог скласцi агульнае ўяўленне аб справе i ўплываць на яе, уводзячы ў бой рэзервы.
Вось саюзнае войска пачало выходзiць з лясоў i выстройвацца насупраць ордэнскага. На правым фланзе сталi лiтоўскiя аддзелы, на левым – польскiя. Значныя сiлы былi размешчаны ў рэзерве па лясах. Заняўшы фронт такой жа даўжынi, як i ордэнскае войска, армiя саюзнiкаў мела большую глыбiню пастраення. Паколькi мясцовасць была перасечанай, войскi, па ўсёй верагоднасцi, стаялi не ў лiнiю, а самкнутымi калонамi. Правы фланг лiтоўскай армii абапiраўся на балоцiстую пойму ракi Марэнзi. Левы польскi фланг, як i адпаведна правы фланг крыжакоў, прыкрывала балота.
Палкоў Вялiкага Княства было каля 50. На iх харугвах луналi гербы земляў, а таксама выява Пагонi – дзяржаўнага герба, якая рознiлася толькi дэталямi. На некаторых харугвах была выява радавога знака Вiтаўта – Калумны. Найслаўнейшыя рыцары стаялi ў харугвах: вiленскай, гарадзенскай, троцкай, ковенскай, наваградскай, лiдскай, меднiцкай, смаленскай, полацкай, вiцебскай, кiеўскай, пiнскай, берасцейскай, ваўкавыскай, драгiчынскай, мельнiцкай, крамянецкай, старадубскай i iншых. Буйнейшыя паны дзяржавы вялi ўласныя палкi. Татарскiм дапаможным аддзелам камандаваў хан Джэлал-ад-Дзiн, смаленскiмi i мсцiслаўскiмi палкамi – князь Сямён-Лiнгвен, брат Ягайлы, падольскiмi – Iван Жэдзявiд, лiтоўскiмi – Пётр Гаштольд i Манiвiд. Намеснiкам Вiтаўта, па ўсёй верагоднасцi, быў найслаўнейшы з усiх палкаводзец Сямён-Лiнгвен.
Пад галоўнай харугвай польскага каралеўства (белы арол у чырвоным полi) стаялi лепшыя рыцары. Побач размяшчалiся так званая Гоньча харугва (з двума залатымi крыжамi ў блакiтным полi) i надворная харугва Ягайлы з Пагоняй.
Затым iшлi харугвы ваяводстваў, мазураў, асобных паноў – усiх было 50.
Аб ордэнскiх харугвах захавалася больш звестак, бо 46 з iх апынулiся ў польскiм палоне i яшчэ ў 15 ст. былi апiсаныя i замаляваныя Длугашам. Галоўная ордэнская харугва мела выяву чорнага крыжа з арлом у цэнтры на белым полi. Разам з харугвамi прускiх комтурстваў стаялi палкi "гасцей", наймiтаў, саюзных паморскiх князёў пад уласнымi сцягамi. У цеснаце i тлуме сярэднявечнай бiтвы харугва была галоўным арыентырам. Ёю падавалiся сiгналы, да яе збiралiся пасля атакi цi адступлення. Калi харугва апускалася, гэта значыла, што полк разбiты. Невыпадкова харугву трымалi i ахоўвалi найлепшыя рыцары.
Нарэшце абодва войскi сталi, гатовыя да бiтвы. Яны займалi пакатыя схiлы пагоркаў, пасярэдзiне ляжала далiнка. Той, хто першы пойдзе ў атаку, павiнны спусцiцца трохi ўнiз, а затым падымацца на супрацьлеглы схiл.
Хоць бiтва яшчэ не пачалася, Ульрых фон Юнгiнген ужо меў пэўныя выйгрышы. Яго армiя здолела заступiць ворагу шлях на сталiцу, правiльна разлiчыць месца сустрэчы i падрыхтаваць пазiцыю. Цяпер патрэбна было зрабiць так, каб саюзнiкi пачалi атаку першымi i натрапiлi на перашкоды i абстрэл. Аднак, хоць сонца ўжо стаяла высока, з боку саюзнiкаў не назiралася нiякага руху.
Не спяшаўся, уласна, Ягайла, а Вiтаўт рваўся ў атаку. Кароль павольна апранаў латы, усаджваўся на баявога каня, потым выехаў на пагорак, агледзеўся... Затым вярнуўся ў далiну i пачаў пасвячаць у рыцары сваiх вояў. Сказаўшы прамову да новаспечаных рыцараў, Ягайла ўжо надзяваў шлем, калi прыйшла вестка, што ад ордэнскага войска прыбылi два герольды. У аднаго на грудзях быў знак Свяшчэннай Рымскай iмперыi: чорны арол у залатым полi, у другога – герб шчэцiнскiх князёў: чырвоны грыф на белым полi. Герольды прынеслi два аголеныя мячы – ад хохмайстра з вялiкiм маршалам каралю i вялiкаму князю – i на словах перадалi выклiк да бiтвы. "Калi ж, можа, вялiкаму князю i каралю не хапае прасторы, – сказалi пасланцы, – то мы адыдзем колькi трэба, каб даць месца". I на самой справе ордэнскiя войскi пасунулiся назад, адкрываючы далiну i пакiдаючы памiж сабой i ворагам прыгатаваныя перашкоды. Хутчэй за ўсё гэта перадавыя аддзелы вярнулiся да асноўнай групоўкi. Такi дзёрзкi выклiк меў на мэце падштурхнуць саюзнiкаў першымi пайсцi ў наступ. Так яно i здарылася. Лiтоўскае войска з поклiчам "Вiльня!" рушыла ў атаку. Затым пайшлi палякi, на хаду спяваючы "Багародзiцу". Паколькi наперадзе была лёгкая маняўровая коннiца, то страты ад ямаў-пастак аказалiся невялiкiмi. Крыжацкiя гарматы паспелi даць два залпы. Потым да канца бiтвы ўжо не было чуваць нi аб iх, нi аб стралках-лучнiках i арбалетчыках. Хутчэй за ўсё ў першым iмклiвым нацiску артылерысты, стралкi i пяхота, якая iх прыкрывала, былi выбiтыя. Затым у бой уступiла цяжкая коннiца. На правым лiтоўскiм фланзе i левым польскiм фактычна адбывалiся дзве асобныя бiтвы. "Калi шэрагi сышлiся, то ўзняўся такi шум i грукат ад ламання дзiдаў i ўдараў аб даспехi, як быццам абрушваўся нейкi велiзарны будынак, i такi рэзкi лязгат мячоў, што яго выразна чулi людзi на адлегласцi нават у некалькi мiляў" (Длугаш).
Вiтаўт знаходзiўся каля самых пярэднiх шэрагаў, Ягайла з моцнай аховай ад'ехаў на пагорак прыблiзна пасярэдзiне фронту.
Праз гадзiну цi болей на правым фланзе саюзнай армii адбылася падзея, якую даследчыкi ацэньваюць неадназначна. Пад нацiскам крыжацкiх войскаў частка лiтоўскiх аддзелаў адступiла. Адны разглядаюць гэта як уцёкi, iншыя гавораць аб тактычным манеўры. Такi прыём – уяўнае адступленне – часта ўжываўся на ўсходзе i прыносiў поспех. Вораг, паверыўшы ў перамогу, рассыпаўся ў пагонi за ўцекачамi i натыкаўся на засаду або свежае войска. Уцекачы раптам зноў аказвалiся сабранымi ў арганiзаваныя аддзелы i з новай сiлай нападалi на агаломшанага ворага. Беларусы i ўкраiнцы, якiя складалi большасць войска Вiтаўта, былi добра знаёмыя з такой тактыкай i карысталiся ёю. Галоўным аргументам за тое, што адступленне было манеўрам, з'яўляецца несумненны факт вяртання ў бiтву адступiўшых аддзелаў. Акрамя таго, не так даўно стаў вядомы дакумент, якi пацвярджае нашу думку аб адступленнi як арганiзаваным манеўры. Ужо пасля бiтвы адзiн з кiраўнiкоў ордэна папярэджваў хохмайстра, што ў новай бiтве вораг можа наўмысна выклiкаць уцёкi некалькiх атрадаў, каб прывесцi да разрыву баявых парадкаў цяжкай коннiцы, гэтак, як адбылося ў "вялiкай бiтве". Частка крыжацкiх войскаў, якiя гналiся за ўцекачамi, была акружаная i знiшчаная каля лiтоўскага табара. Манеўр з адступленнем планаваўся загадзя. Смаленскiя харугвы Вiтаўт пакiнуў на месцы, каб прыкрыць правы фланг палякаў i не даць крыжакам ударыць iм у спiну. Тры беларускiя палкi Смаленскай зямлi справiлiся са сваёй задачай, хоць панеслi значныя страты, а адзiн з iх амаль цалкам загiнуў.
На левым фланзе саюзнай армii, аддзеленым ад правага пагоркамi, iшла свая бойка. Палякi i немцы пакуль без асаблiвых маняўровых хiтрасцяў iшлi сценка на сценку. Бiтва працягвалася некалькi гадзiн без перапынку, людзi фiзiчна не маглi вытрымлiваць такой нагрузкi доўгi час, таму, вiдавочна, войскi на пярэднiм краi пастаянна змянялiся. Тут раней цi пазней павiнна была адчуцца перавага саюзнiкаў у коннiцы. Аднак пакуль палякам даводзiлася туга. Нечакана пакiнулi поле бою наймiты з Чэхii i Маравii. Яны адышлi ад поля i спынiлiся ў лесе. Толькi пасля таго, як каралеўскi падканцлер Мiкалай Тромба прысаромiў iх, воi вярнулiся ў бiтву. Пад нацiскам крыжакоў упала вялiкая каралеўская харугва з выявай белага арла. Аднак яе тут жа падхапiлi i паднялi зноў. У ордэнскiх шэрагах, пабачыўшых падзенне непрыяцельскага сцяга, пачуўся пераможны спеў "Хрыстос паўстаў". Гэта быў крытычны момант. Ягайла, вiдавочна, падаслаў падмацаваннi, якiя выправiлi становiшча. Праз лес пайшлi войскi для абходу правага фланга крыжакоў з захаду. У шэрагi ордэнскай армii стала частка рыцараў, якiя вярнулiся з праследавання лiтоўскiх войскаў. Жахлiвая бойка працягвалася далей. Ульрых фон Юнгiнген у сваю чаргу, убачыўшы, што шаля вагаў схiляецца не на карысць ордэна, прадпрыняў рашучую спробу перамянiць лёс бiтвы. Сфармаваўшы з рэштак свайго левага фланга i рэзерваў ударную групу ў 16 харугваў, ён стаў на яе чале i атакаваў каралеўскую армiю. Выкананне гэтай акцыi сведчыць аб добрай арганiзаванасцi войскаў ордэна i высокай вартасцi Ульрыха фон Юнгiнгена як военачальнiка.
Пад час гэтай атакi адбыўся напад на самога Ягайлу. Кароль са сваiм атачэннем знаходзiўся трохi ўбаку ад накiрунка атакi. Каб ордэнскiя рыцары не пазналi караля, быў апушчаны малы каралеўскi прапорац з белым арлом на чырвоным полi. Ягайлу з усiх бакоў засланiлi воi. Раптам з шэрагу крыжакоў вырваўся рыцар Леапольд фон Кёкерытц, апяразаны залатым поясам, i, разагнаўшы каня, цэлiў дзiдай у караля. Паводле рыцарскiх правiлаў Ягайла прыняў бой. Ён падняў сваю дзiду, выехаў насустрач i "ўласнай рукой паранiў" крыжака. Каралеўскi сакратар Збiгнеў Алешнiцкi заехаў збоку, ударыў Кёкерытца дзiдай i той упаў з каня мёртвы. У сваю чаргу польскi рыцар Дабеслаў Алешнiцкi напаў на хохмайстра, але той пазбегнуў удару лёгкiм адхiленнем галавы i падбiў дзiду паляка ўгору. Апошнi, убачыўшы сваю хiбу, павярнуў да сваiх. Ульрых фон Юнгiнген гнаўся за iм i паранiў каня, але мусiў вярнуцца, каб не трапiць у палон.
Адчайная атака ўдарнай групы ў 16 харугваў магла вырашыць лёс бiтвы, але працiўнiк быў занадта шматлiкi i дасведчаны. Войскi Вiтаўта пасля лiквiдацыi крыжацкiх аддзелаў, якiя прарвалiся да iх абозу, вярнулiся i напалi на групу хохмайстра з тылу i флангу. Пасланыя ў абход польскiя аддзелы пачалi акружаць правы фланг крыжакоў з захаду. Гэта быў пачатак канца.
Ударная група хохмайстра i правы фланг ордэнскай армii акружалiся паасобку. Некаторы час яны яшчэ вытрымлiвалi нацiск, але ўрэшце былi поўнасцю акружаныя i разбiтыя. Здалiся рыцары Хэлмiнскай зямлi. У бязвыхадным становiшчы аддалi сваю харугву замежныя "госцi" – у жывых засталiся толькi 40 рыцараў. Урэшце перасталi супрацiўляцца i астатнiя з тых, хто застаўся жывым.
Але гэта яшчэ не быў канец бiтвы. Шмат крыжакоў, якiя пазбеглi акружэння або вырвалiся з яго, умацавалiся ў абозе з намерам абараняцца. Акружаны ўмацаваннямi з вазоў, забяспечаны артылерыяй i аховай пяхоты абоз даваў такую магчымасць. Аднак паспяховай абароны не атрымалася. Рашучай атакай умацаваны лагер быў здабыты, а ўсе яго абаронцы пабiтыя. Вялiкую колькасць забiтых з боку ордэна ў абозе тлумачаць удзелам у гэтых эпiзодах бiтвы пяхоты саюзнiкаў, складзенай з сялян i гараджан. Простыя людзi найбольш цярпелi ад нападаў крыжакоў, таму мелi да iх асаблiвыя рахункi. Чалавек простага звання не мог атрымлiваць выкуп за палонных. Палонных пяхота не брала. Магчыма, якраз ад рук пехацiнцаў загiнуў хохмайстар Ульрых фон Юнгiнген.
Геройскую смерць на полi бiтвы прынялi амаль усе саноўнiкi Тэўтонскага ордэна. Акрамя хохмайстра загiнулi ў акружэннi вялiкi комтур, вялiкi маршал, вялiкi шатны, скарбнiк, хэлмiнскi, бежглоўскi, пакжыўнiцкi, грудзяцкi, гнеўскi, нешаўскi, астродскi, папоўскi, радзыньскi i iншыя комтуры.
Пад час уцёкаў страцiў жыццё Генрых фон Швельбок – камандзiр вайсковага аддзела з Тухолы. Яшчэ да бiтвы ён загадаў насiць перад сабой два аголеныя мячы i ўсiм казаў, што не ўкладзе iх у похвы, пакуль не афарбуе кроўю ворагаў. Брандэнбургскага комтура Маркварда фон Зальцбаха ўзялi ў палон i прывялi да вялiкага князя Вiтаўта. Той, убачыўшы даўняга ворага (комтур абразiў Вiтаўта, будучы паслом), сказаў: "А, ты тут, Марквардзе?" На што крыжак рэзка адказаў: "Так, i спакойна прыму тое, што мне ўгатаваў учарашнi дзень. А табе, князь, тое ж можа прынесцi дзень сённяшнi або заўтрашнi, бо не ў тваёй моцы вызначыць лёс!" Разгневаны Вiтаўт даў знак, комтура адвялi ў жыта i сцялi галаву.
Бiтва пад Грунвальдам – Стэнбаркам працягвалася ад 12 да 19 гадзiн i скончылася перад заходам сонца (па мясцоваму часу 15 лiпеня сонца заходзiць у 19 гадзiн 51 хвiлiну). Да ночы працягвалася пагоня за ўцекачамi. У захопленым абозе пераможцы знайшлi вялiкi запас кайданоў i вяровак, падрыхтаваных крыжакамi для палонных. Па загаду караля былi разбiтыя вiнныя бочкi, i вiно, змешанае з кроўю забiтых людзей i коней, бурным струменем вылiлася аж на лугi каля вёскi Таненберг (Стэнбарк). У бiтве з боку крыжакоў загiнула каля 18 тыс. салдат i абслугi табару, каля 14 тыс. трапiла ў палон, уратавалася каля паўтары тысячы чалавек. Вялiкiя страты панеслi i саюзнiкi. Усю ноч з 15 на 16 лiпеня войскi вярталiся з пагонi, везлi палонных, захопленыя харугвы i здабычу.
Назаўтра, у сераду 16 лiпеня, на полi бою былi адшуканыя целы хохмайстра i яго паплечнiкаў. Целы Ульрыха фон Юнгiнгена i некалькiх галоўных кiраўнiкоў ордэна адправiлi для пахавання ў Мальбарк. Астатнiх забiтых, сваiх i чужых, пахавалi на месцы.
Недалёка ад поля бiтвы адбылася вялiкая ўрачыстасць. На ёй пад слова гонару былi адпушчаныя палонныя, акрамя тых, хто належаў да ордэна. Затрымалi яшчэ саюзнiкаў крыжакоў – шчэцiнскага i алешнiцкага князёў.
Каб давесцi справу да канца, саюзнiкам патрэбна было заняць сталiцу ордэнскай дзяржавы. Таму замест абвешчанага трохдзённага прывалу армiя адпачывала толькi адзiн дзень i ўжо 17 лiпеня вырушыла на Мальбарк. Адлегласць да сталiцы па дарозе, абранай саюзнiкамi, складала 120 км. Праходзячы штодзённа каля 15 км, войскi без супрацiўлення займалi навакольныя гарады i замкi. Вельмi хутка большая частка ордэнскай краiны, у тым лiку i прускiя бiскупствы, прызналi ўладу пераможцаў. Мала таго, гараджане i шляхта самыя нападалi на ордэнскiя замкi, выганялi залогi i перадавалi ўмацаваннi саюзнiкам. Ордэнскi хранiст пiсаў, што такой здрады нiколi не было чуваць нi ў адной дзяржаве. Браты-рыцары Тэўтонскага ордэна ратавалiся ўцёкамi хто куды мог. Галоўнай прычынай такога хуткага i бяскроўнага падпарадкавання краiны быў, канешне, небывалы разгром армii ордэна пад Грунвальдам. Акрамя таго, дала аб сабе знаць каставасць ордэна, яго адасобленасць ад сваiх падданых, у тым лiку i шляхты.