355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » А Кравцевич » Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 3 октября 2016, 20:38

Текст книги "Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)"


Автор книги: А Кравцевич


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 5 страниц)

Прусiю наведваў хохмайстар Герман фон Зальца. Гэты чалавек справу рабiў заўсёды грунтоўна. Былi прыдуманыя меры для заваблiвання сюды каланiстаў, у першую чаргу нямецкiх. Для гэтага новым гарадам i жыхарам надавалiся ўсялякiя iльготы i прывiлеi. Гарады Хэлмна i Торунь атрымалi самакiраванне па магдэбургскаму праву. Была арганiзавана вайсковая служба на феадальнай аснове. Той, хто атрымлiваў у лен ад ордэна пэўную колькасць зямлi i iншую маёмасць, павiнны быў па заклiку станавiцца ў войска ў поўнай зброi i самае меншае з двума збраяносцамi. Хохмайстар загадаў бiць у Хэлмне манету з найчысцейшага срэбра.

Вялiкую дапамогу ў заваёве Прусii Тэўтонскаму ордэну давалi крыжакi з Эўропы, галоўным чынам з Германii, а таксама польскiя князi. Толькi па гэтай прычыне заваёва адбывалася так хутка.

Наступiла чарга iншых вобласцяў: Вармii, Натангii i Бартыi. У крыжакоў здаралiся i няўдачы. Пад час адной з выпраў у 1237 г. у Вармii залога прускага гарадзiшча Балга амаль цалкам знiшчыла ордэнскi атрад. Аднак крыжакi хутка адпомсцiлi – захапiлi Балгу i выразалi ўсiх, хто там быў. Прусы абклалi ў гэтым гарадзiшчы ландмайстра Балка з яго войскам i той выратаваўся толькi дзякуючы нечаканай падмозе крыжакоў з Германii. У хуткiм часе жыхароў Вармii, Натангii, Бартыi прымусiлi скарыцца i прыняць каталiцкую веру. Каб замацаваць перамогу, спешна будавалiся замкi: Кройцбург у Натангii, Бартэнштайн, Рэзель, Вiсемберг у Бартыi, Брунзберг i Хейлзберг у Вармii. Тутэйшыя землi падзялiлi памiж нямецкiмi шляхцiцамi, якiя далi згоду пасялiцца ў Прусii на аснове леннай службы. Мясцовых жыхароў старалiся па-ўсякаму зняволiць, маладых людзей пасылалi ў Германiю, дзе з iх выхоўвалi прапаведнiкаў хрысцiянства.

У 1237 г. да Тэўтонскага ордэна ўлiўся ордэн рыцараў Хрыста, якiх па выяве мяча на плашчы звалi яшчэ мечаносцамi. Гэтае рыцарскае аб'яднанне больш вядома як Лiвонскi ордэн. Мечаносцы перажывалi цяжкiя часы. Ваюючы з русiнамi, лiвамi, курамi, эстамi, семiгаламi, яны пастаянна канфлiктавалi яшчэ з рыжскiм архiбiскупам. Ордэн мечаносцаў займаў у Лiвонii даволi сцiплае месца – з усiх заваяваных земляў ён атрымлiваў толькi трэцюю частку, а мясцовыя бiскупствы дзве астатнiя. Аб'яднаннем з Тэўтонскiм ордэнам рыцары Хрыста спадзявалiся паправiць свае справы. Цяжкая параза ад лiцвiнаў у 1236 г. (тады загiнуў магiстр мечаносцаў) паскорыла аб'яднанне. Лiвонскiм правiнцыйным магiстрам (ландмайстрам) быў прызначаны нястомны заваёўнiк Прусii Герман Балк. Нейкi час ён заставаўся i прускiм ландмайстрам.

У 1239 г. памёр Герман фон Зальца – выдатны дзеяч Тэўтонскага ордэна. Менавiта дзейнасць гэтага хохмайстра стварыла тую аснову, на якой узняўся магутны будынак ордэнскай дзяржавы.

Маюцца звесткi, што войска ордэна прымала ўдзел у вайне з мангола-татарамi ў 1240-1241 гг., але не вельмi ўдала.Татары разбiлi аб'яднаныя хрысцiянскiя войскi ў 1241 г. пад Лягнiцай, у баi быў паранены прускi ландмаршал.

У саюз з прусамi супраць ордэна ўвайшоў паморскi князь Святаполк. Вiдавочна, ён першы зразумеў, што пасля заваёвы паганаў-прусаў прыйдзе чарга i да суседнiх хрысцiянскiх земляў. Пасля непрацяглай, але кровапралiтнай вайны ордэн з дапамогай польскiх князёў перамог. Па мiрнай дамове ў 1242 цi 1243 г. Святаполк абавязаўся дапамагаць крыжакам ва ўсiх войнах з паганамi. Аднак праз непрацяглы час князь, аб'яднаўшыся з прусамi Судовii, спустошыў Хэлмiнскую зямлю i разбiў крыжацкае войска, пры гэтым загiнуў прускi маршал. Святаполк патрабаваў вярнуць яго сына, якi знаходзiўся ў руках ордэна як закладнiк. Браты-рыцары адмаўлялiся, заклiкаючы князя скарыцца. Святаполк збудаваў на востраве пасярод Вiслы замак Зантыр i перакрыў крыжакам водны шлях. У ходзе новай вайны ордэн з дапамогай крыжакоў з Германii i Польшчы зноў узяў верх. Святаполк быў змушаны ў 1246 г. заключыць мiр, абавязацца парваць адносiны з прусамi, дапамагаць у барацьбе з паганствам, сына пакiнуць у закладзе. Аднак i гэтая сутычка была не апошняй. Толькi ў 1248 г., вычарпаўшы свае сiлы, Святаполк пры пасрэднiцтве папскага легата заключыў мiрную дамову.

Браты-рыцары таксама з дапамогай легата 7 лютага 1249 г. увайшлi ў пагадненне з новахрышчанымi прусамi з Памеранii, Вармii i Натангii. Мясцовыя хрысцiяне атрымлiвалi пэўныя правы: маглi самастойна купляць i прадаваць зямлю, распараджацца рухомай маёмасцю, уступаць у шлюб. Яны абяцалi крыжакам не палiць сваiх памёршых, трымацца хрысцiянства, быць вернымi ордэну. Аднак прусаў-хрысцiянаў было яшчэ вельмi мала, ды i тыя не цвёрда трымалiся новай веры. Яны ў хуткiм часе аб'ядналiся з язычнiкамi, перакрылi дарогi памiж крыжацкiмi замкамi, знiшчылi вялiкi атрад тэўтонскага войска.

Ордэну зноў дапамаглi крыжакi, якiя ў 1257 г. прыбылi з Германii ў вялiкай колькасцi. З iх дапамогай ордэн заваяваў Памеранiю, Вармiю, Натангiю, Бартыю i Галiндыю. Мясцовы люд быў змушаны прыняць хрысцiянства.

У 1252 г. ордэн ваяваў Памор'е, а праз год заключыў новы мiр са Святаполкам на ўмовах, што калi той што-небудзь зробiць супраць ордэна, то пазбавiцца горада Гданьска.

З дапамогай заходнеэўрапейскiх крыжакоў у 1254 г. была заваёвана Самбiя, а праз год збудавалi замак Кёнiгсберг. Супрацiўленне прусаў узмацнiлася пасля таго, як аб'яднанае войска прускай i лiвонскай частак ордэна разам з датчанамi пацярпелi моцную паразу ад лiцвiнаў у 1259 г. ля возера Дурбе. У тыя ж часы лiвонская фiлiя ордэна ваявала з мясцовымi плямёнамi, Псковам, Ноўгарадам i маладой яшчэ дзяржавай – Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм.

У супрацьстаяннi з паганамi крыжакi не лiчылi абавязковым прытрымлiвацца нормаў хрысцiянскай маралi. Ордэнскi войт Вармii i Натангii брат Вальрад Мiрабiлiс сабраў на пiр да замка Ленцэнберг мясцовых арыстакратаў. Тыя прыйшлi без асаблiвай насцярожанасцi, бо такое адбывалася ўжо не адзiн раз. Калi госцi як след захапiлiся пiтвом i ежай, па загаду войта ў памяшканнi, дзе адбываўся пiр, былi зачынены дзверы i вокны, а дом падпалены. Вырвацца з полымя не здолеў нiхто. Гэты выпадак выклiкаў абурэнне ў Прусii i паспрыяў разгортванню паўстання супраць ордэна.

Толькi Хэлмiнская зямля i Памезанiя захавалi вернасць крыжакам, бо ўжо амаль поўнасцю былi заселеныя каланiстамi-хрысцiянамi. Самбiйскiя, натангiйскiя, вармiнскiя, пагезанскiя, бартыйскiя прусы паўсталi. Размах барацьбы, выбухнуўшай у вераснi 1260 г., быў такiм, што ледзь не знёс уладу ордэна ў Прусii. У шэрагу выпадкаў кiраўнiкамi паўстаўшых сталi людзi, якiх крыжакi ў маладых гадах выслалi да Германii для выхавання з iх руплiўцаў хрысцiянства. Тыя хрысцiяне, хто не паспеў схавацца па замках, былi забiтыя або захопленыя ў палон. Паўстанцы палiлi касцёлы, каплiцы, дамы хрысцiянаў, забiвалi святароў. Хранiст паведамляе, як аднаго святара самбiйцы паклалi галавой памiж двух бярвенняў i, сцiскаючы iх, павольна задушылi, гаворачы са здзекам, што ня смеюць пралiваць крывi такой святой асобы. Некаторых палонных прусы прыносiлi ў ахвяру сваiм багам. Так, у поўным узбраеннi на канi быў жыўцом спалены адзiн з палонных рыцараў.

Браты-рыцары сядзелi абложаныя ў замках. Двойчы з Германii да iх прыходзiла дапамога i двойчы прусы разбiвалi крыжакоў. Паўстанцы актыўна спрабавалi здабыць замкi Кёнiгсберг, Кройтцбург, Бартэнштайн i авалодалi двума апошнiмi. Залога Кройтцбурга пакiнула замак i ратавалася ўцёкамi, але яе дагналi i ўсю пабiлi. Залога з Бартэнштайна здолела ўратавацца дзякуючы хiтрасцi. Немцы ноччу цiшком выйшлi, а ў замку застаўся стары рыцар, якi рэгулярна званiў у звон, быццам заклiкаючы на набажэнства. Прусы не заўважылi падман. Доўга трымаўся замак Хейлзберг у Вармii, нягледзячы на пастаянныя штурмы i абстрэл з абложных машын. Урэшце залога здолела ўцячы i схавацца ў Эльблангу, прывёўшы з сабой 12 прускiх закладнiкаў. Iх асляпiлi i так выпусцiлi. Была выкрыта змова з прусамi двух крыжакоў. Ландмайстар загадаў спалiць здраднiкаў жыўцом. Каб спаленыя былi пагане, то ўсё скончылася б цiха, але тут за празмерную жорсткасць да хрысцiянаў ландмайстра пазбавiлi пасады.

Паўстанцы захапiлi малыя ордэнскiя замкi, а буйныя трымалi ў шчыльнай аблозе. Верныя ордэну Хэлмiнская зямля i Памезанiя аказалiся спустошанымi.

У 1263 г. крыжакам ўдалося задушыць паўстанне ў Самбii, аднак у iншых месцах вайна працягвалася. Натангiйскiя прусы разграмiлi крыжакоў у Хэлмiнскай зямлi, прычым загiнуў ландмайстар i некалькi дзесяткаў рыцараў. Шмат пацярпеў замак Радзынь. Яго двойчы захоплiвалi паўстанцы i двойчы крыжакi адбiвалi.

З Германii падыходзiлi ўсё новыя i новыя падмацаваннi. Урэшце з канца 1272 г. ордэн пачаў браць сiтуацыю пад кантроль. Пасля амаль 14-гадовай вайны былi прыведзеныя ў пакору Вармiя, Натангiя, Бартыя i iншыя вобласцi. Ужо ў 1274 г. заваёва новых вобласцяў у Прусii аднавiлася – на чаргу сталi Скаловiя, Надравiя, Судовiя. Аднак агонь паўстання ўсё яшчэ не патухаў. Крыжакi душылi яго з вялiкай жорсткасцю. Прускi ландмайстар Конрад фон Цiрберг амаль усiх жыхароў Пагезанii выселiў у iншыя вобласцi, шмат людзей уцяклi ў Беларусь i разам з сем'ямi аселi ў ваколiцах Гораднi.

Паўстанне паступова згасала i сведчанне таму тое, што ордэн змог вызвалiць частку сiлаў для новых заваёваў. Вайна вялася са звычайнай тады жорсткасцю i ўтрапёнасцю. Мемельскi комтур захапiў у палон аднаго з прускiх правадыроў у Скаловii. На прывале палоннага прывязалi да дрэва, каб не ўцёк. Калi варта заснула, той здолеў вызвалiцца, але ўцякаць не стаў. Схапiўшы меч, забiў рыцара i трох кнехтаў, чацвёртаму адсек руку. Астатнiя, разбуджаныя шумам, пасеклi раз'юшанага воя.

Апошняй у 1283 г. была заваявана Судовiя. Яна аказалася моцна спустошанай – шмат народу палягло ў вайне, частку крыжакi рассялiлi па iншых правiнцыях, частка выселiлася ў Вялiкае Княства Лiтоўскае. На месца загiнуўшых i ўцёкшых прыходзiлi каланiсты, галоўным чынам з Германii. Тыя мясцовыя жыхары, якiя прынялi хрысцiянства, доўгi час, нават яшчэ ў XVI ст., захоўвалi элементы сваёй даўняй веры.

Лiчачы ад 1231 г., калi Герман фон Балк упершыню пераправiўся з войскам праз Вiслу, да 1283 г., за 52 гады Прусiя была заваявана цалкам. Для гэтага спатрэбiлася намаганне не толькi Тэўтонскага ордэна, але i шляхты ўсiх германскiх земляў. Вайна нанесла такiя непапраўныя страты мясцовым плямёнам, што ў рэшце рэшт яны перасталi iснаваць як этнасы.

Унутраную палiтыку на тэрыторыi Прусii ордэн будаваў умела i мэтанакiравана. Каб прыцягнуць каланiстаў, крыжакi стварылi новае хэлмiнскае права. Было ўведзена фламандскае права спадчыннасцi– роўнасць мужчыны i жанчыны. Па вугорскаму праву дазвалялася свабоднае паляванне на дзiкага звера, акрамя баброў. Ужывалася яшчэ магдэбургскае i польскае права. Прусаў падзялiлi на дзве катэгорыi: вольныя i нявольныя. Тыя, хто захаваў вернасць ордэну пад час паўстання 1260-1274 гг., мелi больш правоў. Былыя паўстанцы – нявольныя хлопы – жылi ў асобных вёсках, мелi мiзэрныя гаспадаркi i мусiлi працаваць на крыжакоў. Яны не маглi сялiцца ў гарадах. Мясцовая шляхта анямечылася.

Каланiсты густа наплывалi да 1350 г., пасля iх прыток зменшыўся. Крыжакi стварылi 1400 новых вёсак (акрамя бiскупаў, царкоўных капiтулаў i феадалаў). Да 1410 г. у Прусii ўжо было 93 гарады. На пачатак XV ст. насельнiцтва Прусii ацэньваецца прыблiзна ў 400-600 з нечым тысяч чалавек.

Ордэнскiя ўлады шчыльна апякалi гаспадарчае жыццё краiны. Яны стварылi двайную сiстэму даходаў: праз адпрацоўкi, грашовы i натуральны падаткi (шляхта таксама iх плацiла) i яшчэ праз уласную гаспадарку (земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, крэдыт, гандаль). Галоўным аб'ектам гандлю былi авёс, ячмень i солад. Ордэн злоўжываў уладай – сваiх эканомаў ставiў у больш выгодныя ўмовы гандлю, чым астатнiх купцоў. За некалькi дзесяткаў гадоў Прусiя ператварылася ў квiтнеючую краiну, з чаго ордэн меў немалую выгоду.

У знешняй палiтыцы Тэўтонскага ордэна пасля пакарэння Прусii галоўнай задачай стала вайна з Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм.

БОЙКI З ЛIТВОЙ I ПОЛЬШЧАЙ

Пераломным у адносiнах Тэўтонскага ордэна з Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм стаўся 1283 год. Крыжацкi хранiст Пётр Дзюзбург пiсаў: "Скончылася пруская вайна, пачалася вайна лiтоўская". Аднак першы этап барацьбы з Лiтвой* пачаўся задоўга да гэтага часу. Упершыню прэтэнзii на Лiтву былi выказаныя ў прывiлеi германскага iмператара Фрыдрыха II у 1245 г. Па просьбе хохмайстра iмператар аддаваў ордэну землi, якiя той здабудзе ў Куронii, Лiтве i Семiгалii. Яшчэ раней, з пачатку ХIII ст., агрэсiўныя намеры да Лiтвы мелi лiвонскiя крыжакi. Спачатку яны абаранялiся ад нападаў лiтоўцаў**, а калi замацавалiся памiж Дзвiной i Фiнскiм залiвам, перайшлi ў наступ. Пацярпеўшы паразу ад лiтоўцаў пад Шаўламi ў 1236 г., мечаносцы тут жа (1237 г.) аб'ядналiся з Тэўтонскiм ордэнам. Цяпер адной з галоўных задач лiвонцаў стала злучэнне з Прусiяй па сушы. Дарога на Прусiю вяла праз Куронiю i мечаносцы атакавалi гэтую вобласць. Як выключную з'яву ў адносiнах памiж крыжакамi i Лiтвой даследчыкi разглядаюць мiрнае пагадненне Мiндоўга з лiвонскiм ландмайстрам. Аслабiла ордэн як у Прусах, так i ў Iнфлянтах параза ля возера Дурбе (1259 г.).

* Пад Лiтвой тут разумеецца дзяржава Вялiкае Княства Лiтоўскае.

** Лiтоўцы – назва жыхароў гiстарычнай вобласцi "Лiтва" ў Верхнiм Панямоннi са змешаным славянска-балцкiм насельнiцтвам.

Iстотных зменаў на лiтоўска-лiвонскiм фронце не назiралася да 1283 г., пакуль на арэне барацьбы не з'явiўся новы магутны дзеяч – прускiя крыжакi. Ордэн выступiў з прэтэнзiямi на Вялiкае Княства, спасылаючыся на фальшывую (цi праўдзiвую) даравальную грамату Мiндоўга. Паводле яе зместу, вялiкi князь прызначаў сваю дзяржаву ордэну ў тым выпадку, калi застанецца без нашчадкаў. Здарылася так, што ўсе сыны Мiндоўга загiнулi (у тым лiку вялiкi князь Войшалк) i ордэн выставiў свае патрабаваннi.

Адразу пасля заваёвы Судовii ландмайстар Конрад фон Цiрберг у той жа год зрабiў першы паход на Лiтву. У наступным годзе зруйнавалi Горадню.

У 1291 г. пала апошняя апора крыжакоў у Палестыне – Акра. Хохмайстар Тэўтонскага ордэна адплыў на караблi ў Эўропу i абсталяваўся ў Венецыi. З гэтага часу Прыбалтыка становiцца галоўнай арэнай дзейнасцi ордэна, а праз 19 год хохмайстры назусiм перабралiся ў Прусiю.

Паходы на Лiтву арганiзоўвалi ландмайстар, ландмаршал i парубежныя комтуры. Цягнулася непарыўная вайна, якая складалася з дробных i буйных наездаў, сутычак, засадаў, адступленняў, уцёкаў i пагоняў. Паходы з аднаго i другога боку адбывалiся па падобнай схеме. Збiралася войска ў колькасцi ад некалькiх дзесяткаў да некалькiх тысяч вояў i iшло ў паход на варожую тэрыторыю. Выправа цягнулася ад 2-3 дзён да некалькiх тыдняў (калi iшло вялiкае войска). Мелi мэтай здабыць адзiн цi болей замкаў, рабавалi ваколiцы, палiлi жытло, забiвалi або бралi ў палон насельнiцтва, зводзiлi жывёлу.

Выйграваў той, хто здолеў сканцэнтраваць сiлы, нечакана ўдарыць i адысцi са здабычай i палоннымi, пакуль вораг не арганiзаваў адпор. Другi варыянт: вызнаць цi прадугледзець час i накiрунак паходу ворага, сабраць у пэўным месцы большыя сiлы i нанесцi яму паразу ў сустрэчным баi цi ў пагонi.

Вялiкую ролю адыгрываў фактар нечаканасцi. Войска збiралi тайна i трымалi ў сакрэце месца выправы. Часам спецыяльна распаўсюджвалi чуткi аб намеры напасцi на адну вобласць, а iшлi зусiм у другую. Iснавала добра арганiзаваная служба памежнай варты i разведкi з абодвух бакоў. Для выведаў выкарыстоваўвалiся вандроўныя манахi i гандляры. Аднак нечаканыя напады ўдавалiся часта. Пакуль збiралi войска, арганiзоўвалi абарону, праходзiў пэўны час. Той, хто нападаў, з самага пачатку меў перавагу ў iнiцыятыве. У выпадку, калi жыхары аказвалiся папярэджанымi, яны хавалiся па замках са сваёй рухомай маёмасцю. Часам дзякуючы нечаканасцi ўдавалася захапiць i замак. Нягледзячы на амаль пастаянны стан вайны, у тыя часы не трымалi ў адным месцы вялiкага войска па той простай прычыне, што яго немагчыма было пракармiць.

У вынiку безупыннай вайны памiж дзяржавамi ўтварылася амаль незаселеная прыгранiчная паласа. Жыццё тут было вельмi небяспечным – пастаянна праходзiлi вайсковыя атрады, гурты рабаўнiкоў, сядзелi засады.

У канцы ХIII ст. адбылося паўстанне ў Натангii, Самбii i Судовii, але крыжакам удалося задушыць яго ў самым пачатку праз здраду.

На Лiвонii разрастаўся канфлiкт ордэна з рыжскiм архiбiскупам. Апошнi разам з рыжанамi заключыў дагавор з вялiкiм князем Вiценем i той прыняў непасрэдны ўдзел у гэтай барацьбе. У 1298 г. ён разбiў лiвонскiх рыцараў, прычым у бiтве загiнуў лiвонскi ландмайстар. Толькi падмога кёнiгсбергскага комтура прымусiла лiцвiнаў выйсцi з Лiвонii.

Хохмайстар Готфрыд фон Гогенлоэ вырашыў у 1303 г. перанесцi сталiцу Тэўтонскага ордэна ў Прусiю. Яго выбар паў на Мальбарк (цi Марыенбург) на рацэ Нагаце. Перанос сталiцы ў Прусiю быў цалкам лагiчным, бо менавiта ў Прыбалтыцы для ордэна адкрывалiся найабшырнейшыя перспектывы. Тут хапала земляў для заваёвы, непадалёк знаходзiлася Германiя (не тое, што ў Палестыне), адкуль заўсёды можна было атрымаць хуткую дапамогу. Намер Гогенлоэ ажыццявiў яго наступнiк Зыгфрыд фон Фойхтванген.

У пачатку XIV ст. ордэн панаваў над Прусамi, Курляндыяй, Семiгалiяй, часткай Лiвонii, некалькiмi паветамi Жамойцi. У яго шэрагi ахвотна ўступала як шляхта, так i буйныя феадалы. Тут можна было атрымаць уладу, ганаровую пасаду i немалы матэрыяльны набытак. Суровы статут не вытрымлiваў выпрабавання багаццем i ўладай. Ордэн ужо нельга было назваць зборам аскетаў i фанатыкаў-хрысцiянаў.

Адразу пасля абрання хохмайстар Зыгфрыд фон Фойхтванген у 1309 г. выехаў у Прусiю да Мальбарка. Пасада прускага ландмайстра стала непатрэбнай, хохмайстар зрабiў Генрыха фон Плотцке вялiкiм комтурам i даручыў нагляд над жыўнасцю i суднаходствам. Вялiкi комтур жыў пры двары хохмайстра гэтак жа, як вялiкi скарбнiк. Прускi маршал рэзiдаваў у Кёнiгсбергу, вялiкi шпiтальнiк – у Эльбланiу, вялiкi шатны – у Хрыстбурзе.

Тэўтонскi ордэн у гэты час настолькi ўверыўся ў сваёй моцы, што, не спыняючы валкi з Лiтвою, увязаўся ў доўгую i крывавую вайну з Польшчай за Памор'е (1309-1343 гг.). Тут ужо не было гаворкi аб барацьбе з нявернымi. Крыжакi ваявалi за хрысцiянскiя землi з канкрэтнай мэтай – захапiць ласы кавалак зямлi i напрамую злучыцца з нямецкiмi землямi. Валоданне Памор'ем давала гарантыю пастаяннай сувязi з Германiяй па сушы.

На валоданне паморскiм княствам прэтэндавалi акрамя ўласных князёў яшчэ брандэнбургскiя маркграфы i польскiя каралi. У 1294 г. кароль Пжэмыслаў усталяваў на Памор'i польскую ўладу. Аднак праз два гады яго неспадзеўкi заспелi i забiлi брандэнбуржцы. Барацьбу за Памор'е прадоўжыў Уладзiслаў Лакетак. Тым часам брандэнбургскiя маркграфы ўзялi ў германскага iмператара прывiлей на сваё валоданне Памор'ем (1295 г.). Не могучы сваiмi сiламi адабраць гэтую зямлю, Лакетак звярнуўся за дапамогай да Тэўтонскага ордэна. Паводле ўмовы крыжакi абавязалiся баранiць ад брандэнбуржцаў гданьскi замак. Праз год яны павiнны былi атрымаць плату i пакiнуць Гданьск. Выканаўшы справу – з поспехам абаранiўшы замак, браты-рыцары ў наступным годзе запатрабавалi плату. Лакетак заплацiць не змог. Тады крыжакi закавалi ў кайданы палякаў, якiя былi ў замку, а праз некаторы час выразалi польскую залогу ў горадзе i авалодалi iм. Затым ордэн заплацiў адступнога (10 тыс. грыўнаў) брандэнбуржцам i тыя адмовiлiся ад сваiх правоў на Памор'е на карысць ордэна. Гэта адбылося ў вераснi 1309 г. У 1311 г. iмператар зацвердзiў не толькi гэтую куплю, але i будучыя набыткi ордэна на Памор'i. Крыжакi даволi хутка здабылi паморскiя замкi. Адны захапiлi сiлай, iншыя паддалiся без бою. Больш за iншых супрацiўлялася польская залога ў Швецы, але i яна ўрэшце здалася. Ордэн стаў гаспадаром абодвух берагоў Вiслы, пачынаючы ад Польшчы i да ўпадзення ў Балтыйскае мора.

Не спынялася вайна з Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм. Вось некалькi эпiзодаў з яе. У 1305 г. вялiкi князь Вiцень сабраў нараду з найважнейшых паноў. Самбiйскi войт Пiлiп фон Голанд якраз напаў на Лiтву i памiж iншымi спалiў дзве вёскi вялiкага князя.

Той, разгневаны, кiнуўся ў пагоню з усiмi прысутнымi панамi. Крыжакi ўжо далёка ад'ехалi, таму былi бяспечнымi. Адзiн рыцар вёў войска, астатнiя, зняўшы зброю, вольна ехалi ззаду. Тут на iх ударыў вялiкi князь. Адразу быў забiты сын войта. Голанд, схапiўшы дзвюма рукамi меч, знёс галаву лiцвiну, але i сам палёг разам з iншымi рыцарамi.

Лiвонскiя крыжакi збудавалi ў вусцi Дзвiны замак i пачалi кантраляваць гандаль на рацэ, чым яшчэ ўзмацнiлi канфлiкт з Рыгай. Бiскупы з Лiвонii напiсалi да папы рымскага вялiкую скаргу на ордэнцаў. Рыцараў абвiнавачвалi ў розных грахах: ад забойства хрысцiянаў да дабiвання сваiх жа братоў-рыцараў, параненых у баi, i спальвання iх целаў па ўзору паганаў.

Актыўныя баявыя дзеяннi адбывалiся на берагах i водах Нёмана. Комтур Рагнеты прыдумаў збудаваць вялiкi i высокi карабель – сапраўдны плывучы замак – i паплыў на iм па Нёману ў выправу. Аднак карабель сеў на мель. Палiць яго было шкада (шмат каштаваў сродкаў i сiлаў), комтур спадзяваўся з часам вывесцi судна на глыбокую ваду. Пакiнуўшы на варце чатырох лучнiкаў, пайшоў за падмогай. Лiцвiны акружылi карабель на лодках. У гэты час ён неяк сышоў з мелкага месца i паплыў па цячэнню. Лучнiкi бесперапынна адстрэльвалiся з высокiх бартоў, аднак былi забiтыя, а карабель спалены.

Вайну з Лiтвой у гэтыя часы арганiзоўвалi галоўным чынам вялiкi маршал i комтуры пагранiчных замкаў. Хохмайстар быў заняты справамi з Польшчай. Цяжкую страту панёс ордэн у 1320 г. – загiнуў вялiкi маршал Генрых фон Плотцке. Пад час выправы да Меднiкаў, што на Жамойцi, ён быў акружаны лiцвiнамi i жамойтамi. Маршал з боем адступаў па адзiнай свабоднай дарозе, але яна аказалася перакрытаю ссечанымi дрэвамi. У роспачнай бойцы загiнулi разам з маршалам 20 рыцараў i шмат коннiцы. Памiж палоннымi быў самбiйскi войт. Яго, па паведамленню ордэнскага хранiста, у поўнай зброi прывязалi на канi i спалiлi жыўцом на ахвяру паганскiм багам. Немалыя страты крыжакам нанёс выдатны ваенны правадыр Давыд Гарадзенскi, зяць вялiкага князя Гедымiна.

Лiцвiны хадзiлi паходамi не толькi ў Прусiю, але i на Польшчу. Кароль Уладзiслаў Лакетак, уважаючы крыжакоў за галоўнага ворага, павёў палiтыку на саюз з Вялiкiм Княствам. Ён выправiў да Гедымiна паслоў з прапановай мiру i просьбай рукi яго дачкi Альдоны для свайго сына Казiмiра. Гедымiн даў згоду i ў якасцi пасага дачкi выпусцiў тысячу палонных палякаў.

Лакетак, не чакаючы сканчэння перамiр'я з крыжакамi (да Божага нараджэння 1326 г.), пачаў грамiць iх саюзнiкаў. Спачатку спустошыў землi мазавецкага князя. Затым надышла чарга маркграфства Брандэнбургскага. У 1326 г. разам з лiтоўскай падмогай на чале з Давыдам Гарадзенскiм палякi спустошылi ваколiцы Франкфурта-над-Одэрам. На адваротнай дарозе на прывале Давыд быў забiты ў спiну адным мазавецкiм шляхцiцам. Крыжакi ў 1327 г. разам з мазавецкiм князем Вацлавам спустошылi Куявы. На наступны год Лакетак зноў з лiтоўскай падмогай ваяваў Хэлмiнскую зямлю, а крыжакi з мазурамi хадзiлi на Куявы, дзе пацярпелi паразу. У 1341 г. пад час аблогi аднаго з крыжацкiх замкаў стрэлам з гарматы быў забiты вялiкi князь Гедымiн. Вайну з ордэнам прадоўжылi яго сыны Альгерд i Кейстут. На той жа год крыжакi захапiлi Добжынь. Польскi кароль, атрымаўшы падмогу з Аўстрыi, Лiтвы, Вугоршчыны, пайшоў на Хэлмiнскую зямлю. Аднак ордэнскае войска не давала яму пераправiцца праз раку Дрвенцу. Кароль 10 дзён стаяў на адным беразе, крыжакi – на другiм. Нарэшце палякi знайшлi новы брод. Каля яго затаiлася некалькi вайсковых аддзелаў, астатнiя пайшлi берагам да Броднiцы, ордэнскiя войскi iшлi паралельным курсам па другiм беразе. Схаваныя войскi Лакетка перайшлi раку i дымам падалi ўмоўны знак каралю, той рэзка павярнуў войска i на ўсю моц паiмчаў да броду. Крыжакi таксама павярнулi, але iх цяжкiя конi не паспелi за лягчэйшымi польскiмi i вугорскiмi, пераправа адбылася. Хохмайстар адступiў да Голуба. Было заключана перамiр'е, спрэчкi вырашылi перадаць на суд чэшскага i вугорскага каралёў. Тады ж заключылi перамiр'е i з Лiтвой – ордэн абавязаўся вярнуць заваяваную частку Жамойцi.

Лiвонскi ландмайстар абклаў горад Рыгу. Пасля працяглай абароны людны i багаты горад у 1330 г. з-за недахопу харчавання здаўся на ўнiжальных умовах. Самыя шаноўныя жыхары павiнны былi прыйсцi да ландмайстра i скласцi да яго ног усе свае прывiлеi. Ландмайстар загадаў засыпаць частку гарадскiх равоў, развалiць мур на 30 локцяў у шырыню i праз той пралом на чале войска ўступiў у Рыгу. Ландмайстар быў таўсцяком i адна кабета, пабачыўшы гэты ўезд, заявiла, што не дзiвiцца нежаданню крыжака прайсцi праз браму, як усе людзi. Каб трымаць горад у паслушэнстве, крыжакi заклалi ў Рызе свой замак. Яны доўга i без асаблiвых турбот жылi пад праклёнам папы, накладзеным за нежаданне вяртаць горад архiбiскупу.

Быў у ордэне рыцар заганных схiльнасцяў Ян фон Бендорф. Хохмайстар за гэта трымаў яго пад сваiм наглядам у Мальбарку. За нейкую правiннасць у Бендорфа адабралi каня. У дзень святой Элiзабеты, калi хохмайстар выходзiў з каплiцы, Бендорф нанёс яму смяротны ўдар нажом. Адзiны спадарожнiк хохмайстра – сабака пачаў так жахлiва брахаць i выць, што адразу збеглiся людзi. Забойца хацеў уцячы, але яго выкрылi па плямах крывi на белым плашчы i затрымалi. Рыцары не хацелi крывi свайго брата i аддалi яго на суд папе. Той прыгаварыў яго да пажыццёвага зняволення на хлебе i вадзе.

17 лютага 1331 г. генеральная капiтула абрала новага хохмайстра i прыняла меры для асабiстай бяспекi кiраўнiка ордэна. Яму далi варту з некалькiх рыцараў i жаўнераў. Капiтула ўзнавiла звычай выбару хохмайстрам у пастаяннае таварыства аднаго рыцара, званага кампаньёнам (ад'ютантам). У абавязкi кампаньёна ўваходзiла сачыць за бяспекай хохмайстра, прымаць звароты, просьбы i г.д. З часам хохмайстры мелi па тры i чатыры кампаньёны.

Перамiр'е ордэна з Польшчай скончылася, а мiрнага вырашэння спрэчак не адбылося. Вайна працягвалася далей. Крыжакi захапiлi ўсю Добжынскую зямлю. Пасрэднiкi – вугорскi i чэшскi каралi выдалi прысуд: Куяўскую i Добжынскую землi вярнуць Польшчы, Памор'е пакiнуць ордэну. Крыжакi не аддавалi захопленыя землi, патрабуючы ад караля Казiмiра пiсьмовай згоды з прысудам, а той яе не даваў. Нарэшце ў 1343 г. Казiмiр падпiсаў з ордэнам мiр у Калiшы, па ўмовах якога адрокся ад усiх правоў на Памор'е, Хэлмiнскую i Мiхалаўскую землi. Крыжакi перадалi Польшчы Куявы i Добжынь.

Пасля замiрэння з Польшчай вайна супраць Лiтвы павялася з небывалым размахам. З 1340 да 1410 г. было зроблена 97 паходаў на Лiтву. Галоўным чынам нападалi на Жамойць, а таксама на Горадню, Вiльню, Трокi, Берасце, Лiду, Наваградак. У адказ за гэты ж час лiцвiны ажыццявiлi каля 55 паходаў. Вялiкiя крыжацкiя выправы (па некалькi тысяч чалавек) адбывалiся ў 1382, 1383, 1384, 1390, 1391, 1394, 1402, 1403 гадах. Разам з тым штогод рабiлася 4-8 невялiкiх рабаўнiчых выпраў, якiя арганiзоўвалi комтуры Рагнеты, Балгi, Астроды.

У 1360 г. у крыжацкi палон трапiў Кейстут, ён быў акружаны i аддаў зброю лiвонскаму ландмайстру. Аднак князя хутка абмянялi на мноства палонных хрысцiянаў. Але ў хуткiм часе Кейстут зноў трапiў у палон. У бiтве яго скiнулi з каня, схапiлi i прывезлi да Мальбарка. Варта днём i ноччу стаяла ля дзвярэй цямнiцы, куды доступу не меў нiхто, акрамя крыжака з прыдворнай службы хохмайстра. Ён насiў князю ежу. Гэты крыжак быў родам лiцвiн, яго маладым узялi ў палон, ахрысцiлi на Адольфа, а па-простаму звалi Альфам. Доўгай i вернай службай ордэну Альф заслужыў давер хохмайстра. Кейстут знайшоў у адной сцяне вязнiцы выемку, якая мела глыбiню на 2/3 мура. Князь схiлiў Альфа на свой бок, атрымаў ад яго iнструменты i ламаў муроўку ў адтулiне, пакуль не прабiў выйсце. Ноччу Кейстут спусцiўся ў роў, вылез на другi бок па драбiнах, апрануў крыжацкi плашч i без перашкод выехаў з Мальбарка. Дабраўшыся разам з Альфам да лесу, кiнулi коней, некалькi дзён хавалiся па балотах, затым лясамi па начах дайшлi да Мазовii, дзе ўцекачоў прыняла княгiня Данута – родная дачка Кейстута.

У канцы 1379 г. ля ракi Нарвы з'ехалiся хохмайстар, Кейстут, Ягайла (бацька Ягайлы вялiкi князь Альгерд памёр у 1377 г.). Там яны прыйшлi да згоды i ў Троках заключылi мiр на 10 гадоў памiж пагранiчнымi раёнамi Прусii i Лiтвы. Па яго ўмовах з абодвух бакоў не павiнна было быць нiякiх нападаў. Жыхары пагранiчных раёнаў маглi ў складзе войскаў сваiх краiн удзельнiчаць у паходах на глыбiнныя раёны iншай варожай дзяржавы.

Ягайла, захацеўшы аднаасобна панаваць у Вялiкiм Княстве, увайшоў у тайную змову з крыжакамi супраць Кейстута. У 1380 г. была заключана патаемная дамова: вялiкi князь (Ягайла) гарантуе Тэўтонскамуордэну поўныя мiр i бяспеку. Калi ордэн пойдзе пустошыць край Кейстута цi яго сыноў, а вялiкi князь выведзе сваё войска ў поле, то мiр пры гэтым нiякiм чынам не будзе лiчыцца сарваным; толькi не павiнны ўступаць у бiтву з ордэнскiм войскам. Калi воi ордэна па няведанню ўвойдуць у землi вялiкага князя, зробяць шкоду, або захопяць палонных, то палон будзе выдадзены без выкупу, але каб дамоўленасць не адкрылася, рабiць выгляд, што выкуп атрыманы.

Ужо ў 1381 г. крыжакi пачалi ваенныя дзеяннi супраць Кейстута – пустошылi Жамойць. Кейстут арганiзаваў паход у адказ, якi меўся быць нечаканым, але крыжакi ўсюды былi гатовыя да яго прыходу, што здзiвiла старога князя. Усё стала яму зразумелым, калi атрымаў iнфармацыю аб дамове Ягайлы з крыжакамi. Кейстут сказаў аб здрадзе свайму сыну Вiтаўту, якi быў у вялiкай дружбе з Ягайлам i, можна сказаць, жыў пры iм. Вiтаўт не хацеў даваць веры, запэўнiваў бацьку, што вялiкi князь яму давярае i нiчога не робiць без яго ведама.

Праз нейкi час Кейстут нечакана авалодаў Вiльняй i ўзяў пад варту Ягайлу. Была знойдзена перапiска з крыжакамi i тэкст пагаднення. З Гораднi ў Вiльню прымчаўся Вiтаўт. Бацька яму сказаў: "Ты не хацеў мне верыць, глянь на гэтыя лiсты i даведайся аб змовах супраць нас. Дзякуй небу, што захавала нас ад згубы". Ягайлу пакiнулi ўдзел i ён пасялiўся ў Крэве.

У 1382 г. адбывалiся ўзаемныя напады з крыжакамi. Ягайла зноў наладзiў сувязь з ордэнам. Ён нечакана напаў на Вiтаўта, разбiў яго войска i захапiў Вiльню. Вiтаўт адступiў да Трокаў, потым пад Горадню. Ягайла злучыўся пад Трокамi з крыжацкiм войскам, захапiў горад i замак. Сюды падышлi Кейстут з Вiтаўтам. Варожыя войскi стаялi на адлегласцi ў 3-4 палёты стралы адно ад другога. Ягайла прыслаў свайго брата Скiргайлу з заклiкам да згоды i мiру. Кейстут паддаўся на гарачыя просьбы Вiтаўта, паверыў прысязе Скiргайлы аб бяспецы i разам з сынам паехаў да войска Ягайлы. Сам Ягайла, быццам для ўшанавання, выехаў насустрач з вялiкiм конным атрадам, якi адразу акружыў прыбыўшых князёў. Калi Кейстут сказаў аб мэце прыезду, Ягайла задумлiва адказаў: "Тут не месца для перагавораў, паехалi да Вiльнi". I тут жа конныя пачалi цяснiць прыехаўшых на вiленскую дарогу. У Вiльнi бацьку з сынам разлучылi. Кейстута ў кайданах вывезлi ў Крэва i пасадзiлi ў цямнiцу. Да вояў Кейстута прыбыў ганец i ад яго iмя перадаў, што князю ўжо не патрэбныя iх паслугi. Войска раз'ехалася па дамах. На пятую ноч зняволення ў Крэве Кейстут быў задушаны ў прысутнасцi кашталяна замка Проры. Памiж забойцамi быццам знаходзiўся нейкi крыжак. Ягайла загадаў прывезцi цела дзядзькi да Вiльнi i арганiзаваў пышнае пахаванне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю