Текст книги "Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)"
Автор книги: А Кравцевич
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 5 страниц)
Вiтаўт у Вiльнi паводзiў сябе неспакойна, урэшце захварэў i быў таксама вывезены ў Крэва. Яго жонка княгiня Ганна дамаглася дазволу быць разам з мужам. Прыбылi на месца яшчэ перад смерцю бацькi. Пасля забойства Кейстута вырашылi ўцякаць. Княгiня ўзяла лiст бяспекi для сваёй паездкi ў Мазовiю. Аднойчы яна, як звычайна, прыйшла адведаць мужа i затрымалася ў яго. Вiтаўт перапрануўся ў адзенне адной са служанак, iмем Алена, а тая засталася на яго месцы. Потым князь быў спушчаны з мура i дабраўся да коней, прысланых ваўкавыскiм цiвуном. Хутка даiмчаў да Слонiма, затым праз Берасце на пяты дзень быў ужо на Мазовii ў Плоцку. Княгiня Ганна разам з дзецьмi таксама пакiнула Крэва. Алена так добра выдавала сябе за хворага князя, што ўцёкi адкрылiся толькi на трэцi дзень. Прор, атрымаўшы загад з пашанай вывезцi Вiтаўта да Вiльнi, зайшоў да князя, убачыў падмену i адразу забiў Алену. Некаторыя хранiсты пiшуць, што на месцы Вiтаўта засталася яго жонка.
Вiтаўт звярнуўся за дапамогай да ордэна i атрымаў яе. Прыбыўшы да Прусii, князь паслаў клiкаць на падмогу да сябе жамойтаў. Тыя доўга не хацелi даваць веры, што князь Вiтаўт можа быць у хаўрусе з крыжакамi.
У хуткiм часе Ягайла зрабiў важны палiтычны крок – згадзiўся прыняць польскую карону. У 1385 г. былi выпрацаваныя ўмовы Крэўскай унii, на наступны год Ягайла стаў польскiм каралём i прыняў каталiцтва з iмем Уладзiслаў.
Ягайла лiчыўся гаспадаром дзвюх дзяржаў каля 7 год. Барацьба Вiтаўта за бацькоўскi стол скончылася пагадненнем 1392 г. у Востраве. Ягайла фактычна прызнаў за стрыечным братам Вялiкае Княства Лiтоўскае, а сам застаўся толькi польскiм каралём, прыдумаўшы сабе на суцяшэнне тытул вярхоўнага князя Лiтвы.
НАБЛIЖЭННЕ ДА ВЯЛIКАЙ ВАЙНЫ
Адносiны ордэна з Лiтвой i Польшчай пастаянна былi напружанымi. Вiтаўт i Ягайла выдатна разумелi, што нясе iх дзяржавам далейшае ўзмацненне крыжакоў. Яны таксама ўсведамлялi ўсю цяжкасць змагання з ордэнам паасобку i Вялiкага Княства Лiтоўскага, i тым больш невялiкага каралеўства Польскага.
Небяспека з боку ордэна – вось аснова тагачаснага саюза Лiтвы i Польшчы. У iмя дзяржаўных iнтарэсаў вялiкi князь i кароль адкiнулi ўсе даўнiя крыўды, што было не простай справай, асаблiва для Вiтаўта. Памiж iм i Ягайлам ляжала смерць бацькi – вялiкага князя Кейстута.
У свой час Ягайла карыстаўся крыжацкай дапамогай у змаганнi за вярхоўную ўладу ў Вялiкiм Княстве. Потым ужо Вiтаўт быў змушаны звярнуцца да ордэна за дапамогай супраць Ягайлы. Высветлiўшы адносiны памiж сабой, стрыечныя браты ў сiлу абставiн (гэтыя людзi выдатна ўмелi ў iх разбiрацца) стварылi саюз дзвюх дзяржаў. Аб яго менавiта антыкрыжацкай накiраванасцi яскрава сведчыць тая акалiчнасць, што пасля разгрому ордэна ў Вялiкай вайне гэты саюз тут жа распаўся.
Прычын i повадаў для вайны хапала. Ордэн даволi бесцырымонна накладваў руку на землi, якiя Лiтва i Польшча здаўна лiчылi сваiмi. Асноўнай зонай канфлiкту з Вялiкiм Княствам была Жамойць. Крыжакi яшчэ з ХIII ст. iмкнулiся любым коштам захапiць яе, каб напрамую злучыцца з Лiвонiяй. Ва ўсiх перагаворах з лiтоўскiмi князямi ўзамен за дапамогу цi пры заключэннi мiру яны патрабавалi сабе Жамойць. Так было ў дамовах Вiтаўта з ордэнам у 1384, 1390 гадах, дагаворы дзвюх дзяржаў у 1398 г., укладзе Свiдрыгайлы з крыжакамi ў 1402 г. i, нарэшце, лiтоўска-польска-ордэнскiм трактаце 1404 г. у Рацяжы.
Усе гэтыя акты былi праявай дыпламатыi – жамойты не збiралiся скарацца крыжакам i тыя раз за разам хадзiлi паходамi на край, якi фармальна быў ужо iх уласнасцю. Пад пагрозай расправы жамойты далi вялiкую колькасць закладнiкаў i ў пачатку студзеня 1401 г. у Мальбарку было ўчынена паказальнае хрышчэнне жамойцкiх паноў. Аднак ужо ў сакавiку жамойты ўзнялi паўстанне. Лiтва iх падтрымала i пачалася вайна, якая скончылася трактатам 22 траўня 1404 г. у Рацяжы. Па яго ўмовах Польшча атрымала права выкупу ў крыжакоў Добжынскай зямлi, але Жамойць заставалася за ордэнам. Яго войскi зноў пачалi хадзiць туды паходамi. Тым не менш Жамойць заўжды была гатовая паўстаць, а Лiтва ў зручны момант падтрымаць яе.
Складанымi былi адносiны ордэна з Польшчай. У 1392 г. крыжакi адкупiлi Добжынскую зямлю ў князя Ўладзiслава Апольчыка (па-нямецку фон Опельн). Польшча, не гатовая да вайны, абмежавалася пратэстамi. Палякi не хацелi канчаткова адмаўляцца i ад Памор'я.
У 1402 г. Жыгiмонт Вугорскi намерваўся аддаць Польшчы Новую Марку (вобласць ля заходняй мяжы Польшчы) як заклад за грашовую пазыку. Аднак ордэн пазычыў Жыгiмонту суму значна большую, чым мог ахвяраваць польскi кароль, i такiм сродкам набыў Новую Марку для сябе. Польскiя землi аказалiся адрэзанымi ад саюзных заходнепаморскiх княстваў. Палякi, упусцiўшы ўсю здабычу, павялi спрэчку аб некалькiх замках на мяжы Польшчы з Новай Маркай, у першую чаргу аб Дрэздэнку. Яго ўладальнiк Ульрых фон Ост прысягнуў польскаму каралю, а калi Новая Марка дасталася ордэну, перайшоў на бок крыжакоў. Хохмайстар i ў гэтай спрэчцы не пажадаў саступiць, каб хоць трохi злагодзiць палякам горыч страты, i купiў у фон Оста яго ўладаннi.
Паступова станавiлася ясным, што справа дойдзе да вайны, i ўсе рыхтавалiся да яе. Ягайла i Вiтаўт старалiся трымаць свой саюз у тайне, крыжакi ж да апошняга не пакiдалi надзеi iх пасварыць.
Вялася актыўная дыпламатычная праца. Ордэн меў падтрымку ўсяго каталiцкага захаду, рознымi сродкамi здолеў зрабiць сваiмi саюзнiкамi паморскiх князёў. Па дагавору тыя абавязалiся за 4 тыс. коп грошаў даць падмогу супраць Вiтаўта i Ягайлы. Ужо ў ходзе вайны крыжакi аплацiлi i саюз з Жыгiмонтам Вугорскiм. Хоць у таго быў мiр з Ягайлам да 1413 г., але, атрымаўшы 300 тысяч дукатаў (фантастычная па тых часах сума), ён забавязаўся напасцi на Польшчу. Пасля перамогi Жыгiмонту павiнны былi дастацца Падолле, частка Русi i Малдова, а ордэну – Лiтва, Жамойць, Добжынская зямля i Куявы. Каб прыдаць сваiм дзеянням выгляд прыстойнасцi, Жыгiмонт запiсаў умову – ён дапаможа ордэну толькi ў тым выпадку, калi Ягайла будзе выкарыстоўваць у вайне паганаў або схiзматаў. Зараней было вядома, што разам з палякамi выступяць лiцвiны, жамойты (пагане), русiны (схiзматы) i татары (мусульмане).
Другi сусед – чэшскi кароль Вацлаў – меў саюз з Ягайлам, але i ён быў падкуплены ордэнам. У сваю чаргу Вiтаўт 14 верасня 1408 г. заключыў мiр з Маскоўскiм княствам i можна было не баяцца ўдару ў спiну. Рускiя гiсторыкi ацанiлi гэтую акалiчнасць як уклад Масквы ў разгром Тэўтонскага ордэна. Буйным поспехам дыпламатыi Вiтаўта з'явiлася адсутнасць войскаў лiвонскай фiлii ордэна ў важнейшых аперацыях вайны.
Паўсюды ў Эўропе па свецкiх i духоўных дварах вялася актыўная дыпламатычная барацьба. Галоўным козырам крыжакоў была святасць iх барацьбы з паганамi i схiзматыкамi. Польскага караля-каталiка яны абвiнавачвалi ў падтрымцы няверных. Ягайла ў адказ пiсаў, што ордэнскiя браты ў сваёй дзяржаве не прывялi да Бога прусаў, а пякуцца аб хрысцiянiзацыi Жамойцi i Лiтвы. З 1407 г. па Эўропе кружылi скаргi жамойтаў на ордэн, якiя, несумненна, iшлi праз дзяржаўныя канцылярыi Вiтаўта i Ягайлы. Хоць увогуле сiмпатыi ў Эўропе былi на баку крыжакоў, усё ж дыпламатычная актыўнасць саюзнiкаў прынесла пэўны плён. У гэтай вайне ордэн атрымаў значна менш падмогi ад iмперыi i заходнiх краiн, чым раней.
Калi разгледзець падзеi апошняга дзесяцiгоддзя перад вайной у храналагiчнай паслядоўнасцi, то атрымаецца такi малюнак:
1391 г. – сiлезскi Пяст Уладзiслаў Апольчык заклаў ордэну частку Добжынскай зямлi i Куяваў. Ордэнская армiя выгнала польскiя войскi, пасланыя ўтрымаць вобласць;
1392 г. – па прапанове таго ж Апольчыка хохмайстар узяў пад заклад усю Добжынскую зямлю, якая i так фактычна была пад ордэнам. Вiтаўт, атрымаўшы ўладу над Вялiкiм Княствам, замiрыўся з Ягайлам;
1392, 1393, 1394 гг. – крыжакi пустошылi лiтоўскiя землi;
1396 г. – польскi кароль заняў яшчэ не закладзеныя ордэну вобласцi Куявii i са згоды чэшскага караля Вацлава захапiў уладаннi Апольчыка ў Сiлезii;
1398 г. – па дагавору ордэна з Вiтаўтам да крыжакоў адыходзiла Жамойць. Ордэн з дапамогай марскога дэсанта заняў востраў Готланд;
1399 г. – параза Вiтаўта ад татараў на Ворскле;
1401 г. – жамойцкае паўстанне супраць ордэна, пачатак вайны ордэна з Лiтвой, узнаўленне саюза Вiтаўта i Ягайлы;
1403 г. – Ягайла атрымаў ад папы рымскага булу, якой тэўтонскiм рыцарам забаранялася праводзiць ваенныя паходы супраць хрысцiянаў-лiтоўцаў;
1402 г. – ордэн набывае Новую Марку ў Жыгiмонта Вугорскага;
1404 г. – Рацяжскi лiтоўска-польска-крыжацкi трактат. Польшча атрымала права выкупу Добжынскай зямлi, Жамойць адыходзiць крыжакам;
1407 г. – абранне хохмайстрам Ульрыха фон Юнгiнгена – прыхiльнiка актыўнай палiтыкi на ўсходзе.
Падзеi апошняга года перад вайной паказваюць немагчымасць мiрнага ўрэгулявання канфлiктаў. Абодва бакi гэта разумелi i актыўна рыхтавалiся да вайны. 6 студзеня 1408 г. у Коўна для вырашэння спрэчных пытанняў з'ехалiся Вiтаўт, Ягайла, Ульрых фон Юнгiнген. Прысутнiчаў i лiвонскi ландмайстар. Пасрэднiкам памiж Польшчай i ордэнам абралi Вiтаўта. Ягайла пажадаў ад хохмайстра вяртання Дрэздэнка. Той адклаў рашэнне справы да 24 чэрвеня, пазней аддаў яе на суд Вiтаўту, а ўрэшце выкупiў уладанне фон Оста. Ковенскi з'езд скончыўся беспаспяхова.
У чэрвенi 1408 г. крыжацкi войт Новай Маркi спалiў некалькi пагранiчных польскiх вёсак. Летам гэтага ж года сам хохмайстар аб'ехаў памежныя з Лiтвою i Польшчай замкi Астроду, Торунь, Штразбург, Голуб i iншыя. Ён прывёў у парадак iх арсеналы, арганiзаваў дастаўку з Мальбарка гармат, пракантраляваў забеспячэнне рыштункам i харчовымi прыпасамi. Прасачыў, як iдзе ўмацаванне замкаў Тыльзiт i Рагнета. Крыжацкi войт Жамойцi атрымаў загад парваць сувязi Жамойцi з Лiтвой i забаранiў лiцвiнам купляць на Жамойцi мёд, збожжа, жывёлу.
Малодшы брат Ягайлы Свiдрыгайла, якога крыжакi падтрымлiвалi супраць Вiтаўта, падаўся за падмогай у Масковiю. Узнiк канфлiкт. Вiтаўт правёў вайсковую дэманстрацыю на мяжы з Маскоўскiм княствам i 14 верасня 1408 г. заключыў з iм мiр.
7 верасня 1408 г. Дрэздэнка перайшоў ва ўладанне ордэна. Гэтай жа восенню жамойцкi войт i суседнiя комтуры паведамлялi ў Мальбарк, што Жамойць уздоўж i ўпоперак праходзяць лiцвiны, русiны i татары, часта апранутыя купцамi, i падбухторваюць насельнiцтва да паўстання. У снежнi 1408 г. адбылася тайная нарада Вiтаўта з Ягайлам у Наваградку. Магчыма, менавiта на гэтай сустрэчы аформiлася iдэя расправы з ордэнам.
Вiтаўт не хацеў пачынаць вайну заўчасна i здзiўляў крыжакоў сваёй памяркоўнасцю i iгнараваннем выклiкаў. Вясной 1409 г. адзiн з паслоў ордэна, раздражнены няпэўнымi адказамi Вiтаўта на пытанне, каго вялiкi князь будзе падтрымлiваць у пагранiчных спрэчках – Польшчу з Мазовiяй цi ордэн, дазволiў сабе абразу асобы Вiтаўта. У размове з людзьмi вялiкакняскага двара цi нават у прысутнасцi самога князя крыжак выказаўся ў тым сэнсе, што вялiкi князь ужо тры разы здрадзiў ордэну, а цяпер намерваецца зрабiць тое ж у чацвёрты раз. Гэтая нястрыманасць каштавала брандэнбургскаму комтуру Маркварду фон Зальцбаху галавы, але пазней, пасля Грунвальдскай бiтвы. Зараз жа Вiтаўт паслаў да хохмайстра запыт, цi ўпаўнаважваў той свайго пасла да такiх выказванняў. Хохмайстар быў вымушаны прасiць прабачэння.
У лiстах да кiраўнiка ордэна Вiтаўт завяраў таго ў сваiх намерах трымаць мiр i ў нейкай ступенi здолеў аслабiць пiльнасць крыжакоў. Тыя да апошняга моманту не гублялi надзеi ўбiць клiн памiж Вiтаўтам i Ягайлам. Без сумнення, вялiкi князь iмкнуўся выгадаць час для лепшай падрыхтоўкi да вайны. Хоць крыжакi не давяралi канчаткова нi яму, нi Ягайлу, тым не менш першымi вайну не пачыналi. Можа быць, не былi поўнасцю падрыхтаваныя або, як мяркуюць некаторыя даследчыкi, хацелi паказацца перад усiм светам у паставе абаронцаў.
31 траўня 1409 г. на Жамойцi выбухнула паўстанне. Жамойты нечакана напалi на Хрыстмемель i спалiлi замак. У сярэдзiне чэрвеня на Жамойць прыбыў староста ад Вiтаўта Румбольд Валiмунтавiч. Вiтаўт жа рабiў выгляд, што ён нi пры чым. У iх з Ягайлам была дамова пачаць вайну, "як паспее збожжа", гэта значыць у канцы лiпеня.
Ягайла выслаў пасольства, якое 10 чэрвеня ў Эльблангу, дзе знаходзiўся хохмайстар, прынесла яму скаргi наконт пагранiчных канфлiктаў. Ульрых фон Юнгiнген згадзiўся задаволiць большую частку прэтэнзiй. Потым хохмайстар у сваю чаргу выслаў да караля торуньскага комтура са скаргай на Вiтаўта, маўляў, паўстанне на Жамойцi паднялося з яго дапамогай. Затым прыходзiла яшчэ некалькi пасольстваў ад ордэна, меўшых на мэце выведаць, цi будзе Ягайла дапамагаць лiцвiнам i жамойтам. Ягайла сцвярджаў, што не можа даць адказ, пакуль не выкажацца каронная рада, якая павiнна адбыцца 17 лiпеня.
Сабраўшыся ў Ленчыцы, рада вырашыла не пакiдаць Лiтву. Тут жа Ягайла адправiў паслоў у ордэн, якiя 1 жнiўня сталi перад Ульрыхам фон Юнгiнгенам. Польскi кароль згаджаўся мiрна вырашыць усе спрэчкi праз трацейскi суд пры ўмове, што крыжакi да самага прысуду не будуць нападаць на Жамойць. Хохмайстар дабiваўся ад паслоў адказу на пытанне: цi будзе Польшча перашкаджаць ордэну пакараць паўстанцаў? Узамен абяцаў не чапаць нi Ягайлу, нi Вiтаўта, калi той пакiне жамойтаў. Кiраўнiк пасольства гнезненскi архiбiскуп Мiкалай Куроўскi ў запале заявiў, што калi ордэн уступiць у вайну з Лiтвой, то Ягайла ўдарыць на Прусы. Дакументы сведчаць, што хохмайстар падзякаваў архiбiскупу за яснае выражэнне пазiцыi караля i паведамiў аб намеры скiраваную супраць Лiтвы вайну абярнуць на Польшчу.
6 жнiўня 1409 г. з Мальбарка было паслана пiсьмовае аб'яўленне вайны, якое Ягайла атрымаў 14 жнiўня, а 16-га крыжацкiя войскi перайшлi гранiцу i пачалi пустошыць польскiя землi. Пачалася Вялiкая вайна...
ВАЕННАЯ КАМПАНIЯ 1409 г. I ПАДРЫХТОЎКА НОВАЙ
Наступленне было добра арганiзаваным i праводзiлася адначасова з некалькiх пунктаў. Галоўны ўдар пад кiраўнiцтвам хохмайстра i вялiкага маршала наносiўся на Добжынскую зямлю. Добжынь узялi прыступам, выбiлi залогу, спалiлi замак, разрабавалi горад. Яшчэ раней захапiлi Рыпiн i Лiпна. Потым здабылi Баброўнiкi. Упартае супрацiўленне аказала залога Златарыi, але i гэты замак апошнi пункт абароны ў Добжынскай зямлi – здаўся 2 верасня.
Адначасова комтуры з Тухолы i Члухава спустошылi Крайну (вобласць на захад ад Быдгашча) i рушылi на Быдгашч. Яны паведамлялi хохмайстру, што на працягу 8 дзён палiлi ўсiх i ўсё. Па дарозе вызвалiлi з польскага палону комтура са Швеца Генрыха фон Плаўэна – будучага выратавальнiка ордэна. Замак узялi без цяжкасцi, бо здраднiкi адчынiлi браму. Каля 1 верасня фон Плаўэн прыбыў у Быдгашч з вайсковым аддзелам i падрыхтаваў замак да абароны. У той жа час войт Новай Маркi Арнольд фон Бадэн пустошыў ваколiцы Дрэздэнка на паўночна-заходнiм пагранiччы Польшчы, а комтуры Астроды i Брандэнбурга – уладаннi Януша Мазавецкага. Тут крыжацкiя войскi сустрэлi супрацiўленне. Сын Януша Балеслаў уварваўся ў ордэнскую зямлю, спалiў Дзялдава (Зольдаў) i спустошыў ваколiцы да самага Растэнбурга.
Пачатак вайны быў нечаканым для палякаў. Вiдавочна, Ягайла спадзяваўся зацягнуць перагаворы на большы час. 4 верасня вялiкапольскае паспалiтае рушэнне было разбiта пад Велуням у Новай Марцы. У канцы жнiўня войска Вiтаўта злучылася са жамойтамi – першы адкрыты крок вялiкага князя да вызвалення гэтага краю. Паў ордэнскi замак Фрэдэбург, крыжацкi войт пакiнуў Дубiсу, спалiўшы замак. Быў захоплены горад Мемель (Клайпеда), замак жа застаўся ў руках крыжакоў. Каб спынiць далейшы рух Вiтаўта, вялiкi маршал з комтурамi Балгi i Брандэнбурга сабраў новае войска. Выйсцi насустрач Вiтаўту яно не змагло з-за дрэннага надвор'я i хваробаў, маршал толькi засланiў дарогу ўглыб краiны.
Да Волбажа, а затым пад Ленчыцу збiралася польскае паспалiтае рушэнне. Маецца звестка праз лiст вялiкага маршала да хохмайстра ад 15 верасня, што Вiтаўт з невялiкiм атрадам прыязджаў у гэты час да Ягайлы. Ад Коўна да Ленчыцы цi да Волбажа каля 600 кiламетраў, значыць, вялiкi князь быў у дарозе 8-10 дзён, калi ехаў на падменных конях. Вiдавочна, тады Вiтаўт з Ягайлам абмеркавалi становiшча i план далейшых дзеянняў.
Толькi 23 верасня польскiя войскi рушылi ў паход, а 28-га абклалi Быдгашч. На восьмы дзень аблогi яны штурмам здабылi замак. Яшчэ ў час аблогi ў лагеры Ягайлы знаходзiлася пасольства чэшскага караля, якое дамагалася спынення вайны i вырашэння спрэчкi праз пасрэднiцкi суд караля Вацлава. 5 кастрычнiка ўжо сам хохмайстар прапанаваў заключыць перамiр'е на наступных умовах: Ягайла спыняе аблогу i згаджаецца на пасрэднiцтва караля Вацлава. Ягайла адказаў, што ахвотна прыме прапанову, калi ордэн выведзе войскi з Добжынскай зямлi i да прысуду аддасць упраўленне ёю прадстаўнiкам чэшскага караля. 6 кастрычнiка палякi авалодалi Быдгашчам. Гэта, несумненна, паўплывала на ход справаў. Праз два днi, 8 кастрычнiка, памiж Польшчай i ордэнам было заключана перамiр'е да заходу сонца 24 чэрвеня 1410 г. Па яго ўмовах абодва бакi заставалiся пры ўладаннях, якiя мелi на момант падпiсання перамiр'я. Рашэнне спрэчак перадалi Вацлаву Чэшскаму, ён павiнны быў аб'явiць свой прысуд не пазней першага тыдня посту, гэта значыць 9 лютага 1410 г. Польскi бок абавязаўся нiякiм чынам не дапамагаць жамойтам i тым, хто iх падтрымлiвае. Калi якi-небудзь з бакоў парушыць хоць адну з умоваў, то чэшскi кароль мае права дапамагаць другому боку ўсiмi сродкамi, пакуль зноў не прыйдзе мiр. З умоваў перамiр'я вынiкала, што Польшча развязвае ордэну рукi для новага захопу Жамойцi i вайны з Лiтвой, паколькi перамiр'е не тычылася Вялiкага Княства Лiтоўскага.
Заключэннем перамiр'я скончыўся першы этап Вялiкай вайны 1409-1411 гг. Ён характарызаваўся ваенным i дыпламатычным поспехам крыжакоў у Польшчы. Добжынская зямля заставалася ў руках ордэна. З пасрэднiкам – каралём Вацлавам – можна было дамовiцца з дапамогай звонкай манеты. Перамiр'е з Ягайлам давала магчымасць спакойна заняцца Жамойцю i Лiтвой.
Нiхто не верыў у мiрнае вырашэнне спрэчак: нi бакi, якiя ваявалi, нi сам пасрэднiк. Ды i перамiр'е, заключанае толькi памiж Польшчай i ордэнам, цалкам не выключала працяг ваенных дзеянняў на Жамойцi i Лiтве. Аднак Тэўтонскi ордэн не скарыстаўся зручным момантам i нам не зусiм зразумела чаму. Iснуюць розныя меркаваннi на гэтую тэму. Адныя даследчыкi лiчаць, што ордэн не хацеў ваяваць да аб'яўлення прысуду чэшскага караля з дыпламатычных разлiкаў. Выказвалася думка, што калi разышлiся наёмныя войскi, то крыжакi не мелi армii для непасрэдных ваенных дзеянняў, асноўная частка iх уласных войскаў была раскiдана па замках. Таму, маўляў, крыжакi не маглi нават даць адпор нападу лiцвiнаў, калi тыя ўжо пасля заключэння перамiр'я пустошылi вобласцi ў ваколiцах Дзялдава i Нiборка.
Не пачынаючы ваенных дзеянняў супраць Лiтвы, ордэн арганiзаваў чарговую спробу развязаць у Лiтве мiжусобную вайну. Ужо калi пачалiся перагаворы аб перамiр'i з Польшчай, хохмайстар падпiсаў дагавор са Свiдрыгайлам, у якiм абяцаў таму дапамагчы атрымаць вялiкакняскi трон i не заключаць нi з кiм мiру, пакуль гэтая мэта не будзе дасягнутая. Свiдрыгайла збiраўся тайна перабрацца на тэрыторыю ордэна i адтуль пачаць вайну супраць Вiтаўта. Аднак пасланы ордэнскiмi ўладамi глейт бяспекi быў перахоплены, змова, такiм чынам, раскрытая, а Свiдрыгайла зняволены. Яго лёс вырашаўся на асабiстай сустрэчы Вiтаўта з Ягайлам.
Прыблiжаўся час аб'явы прысуду Вацлава Чэшскага. Да Прагi пачалi з'язджацца лiтоўскiя, польскiя, мазавецкiя, крыжацкiя паслы. Кароль Вацлаў не вытрымаў тэрмiну, яго рашэнне было агалошана не 9, а 15 лютага. Крыжацкiя паслы – вялiкi шпiтальнiк Вернер фон Тэццiнген i торунскi комтур граф Альбрэхт Шварцбург – прывезлi Вацлаву 60 тыс. фларэнаў "як кампенсацыю за сяброўскае пасрэднiцтва". Па прысуду абвешчана: кожны з бакоў застаецца пры тых землях, якiя меў перад вайной i на якiм мае правы паводле дакументаў папы, iмператара, каралёў i князёў. Добжынская зямля вяртаецца да Польшчы, а Жамойць – ордэну, але Ягайла атрымае Добжынскую зямлю не раней, чым крыжакi ўвойдуць ва ўладанне Жамойцю. Да гэтага часу ёю будуць кiраваць прадстаўнiкi чэшскага караля. Калi ўмова аб Жамойцi будзе выканана, то Добжынская зямля вернецца Польшчы, а калi не – то ордэну. Усе даўнiя дагаворы Польшчы i ордэна захоўваюць сiлу. Нi аднаму з бакоў нельга карыстацца дапамогай няверных або дапамагаць iм. Паслы Вялiкага Княства Лiтоўскага былi выключаны з перагавораў, лiсты Вiтаўта адвергнутыя i знiшчаныя перад усiмi ўдзельнiкамi.
Несумненна, прысуд быў на карысць ордэна. Па-першае, той заўсёды мог прад'явiць дакументы на ўладанне Памор'ем, а Польшча не хацела прымiрыцца са стратай гэтай вобласцi; гэтаксама ў крыжакоў здаўна мелiся праўдзiвыя (цi фальшывыя) дакументы на ўладанне Лiтвой. Па-другое, звязаўшы перадачу Польшчы Добжынскай зямлi з авалоданнем ордэнам Жамойцю, Вацлаў закладаў падставы для разладу памiж Вiтаўтам i Ягайлам. Польская дэлегацыя не прыняла гэты прысуд. Яшчэ пад час агалошвання рашэння прадстаўнiкi Польшчы i Мазовii пакiнулi памяшканне ў знак пратэсту таму, што дакумент чытаўся па-нямецку.
У пачатку чэрвеня 1410 г. крыжакi ўзялi ад Вацлава пацвярджэнне прысуду i сведчанне, што яны трымалiся ўмоваў выраку ў адрозненне ад Польшчы, таму ордэн таксама вольны ад яго далейшага выканання. Працяг вайны стаў непазбежнай рэальнасцю. Кожны бок узмоцнена вёў ваенную i дыпламатычную падрыхтоўку. Супернiчалi за саюз з вугорскiм каралём. Хоць у Жыгiмонта быў мiрны дагавор з Польшчай да 1413 г., ён пачаў схiляцца да саюзу з крыжакамi. За гэта ён атрымаў вялiкую суму грошай i "вадзiў за нос" Ягайлу з Вiтаўтам, прыняўшы яшчэ ад апошняга багатыя падарункi, у тым лiку 12 коней, падкаваных залатымi падковамi. Вiтаўт уручыў гэтыя дары на сустрэчы з Жыгiмонтам у Кежмарку. Ад вугорскага караля хацелi толькi, каб ён трымаўся мiру да 1413 г. Жыгiмонт дары прыняў, а потым даў зразумець, што ў выпадку далейшай вайны Ягайлы з ордэнам мiру з Польшчай ён не датрымае. У давяральнай размове Жыгiмонт прапанаваў Вiтаўту каралеўскую карону i саюз супраць Польшчы. Вялiкi князь прапанову не прыняў. Калi Вiтаўт пасля размовы вярнуўся на двор, дзе размяшчалася дэлегацыя, раптам у гэтай частцы горада ўспыхнуў пажар. Сярод тлуму i панiкi мела месца спроба замаху на вялiкага князя. Вiтаўт пакiнуў горад. Жыгiмонт дагнаў яго ў мiлi ад Кежмарка, развiтаўся, але ў перагаворы не ўступаў. Пасля Кежмарка Вiтаўт меў нараду з Ягайлам аб правядзеннi далейшай вайны з крыжакамi. Затым вялiкi князь спешна падаўся да Лiтвы i ўжо на чацвёрты дзень быў у Берасцi, адкуль даў загад усiм землям рыхтавацца да вайны з ордэнам. Тут ён правёў нараду з лiтоўскiмi i мазавецкiмi князямi, затым паехаў да Слонiма. У гэты час вялiкi маршал з войскам правёў хуткi i дзёрзкi паход у бок Берасця. 16 сакавiка 1410 г. ён нечакана напаў на Ваўкавыск, спалiў яго i пабiў шмат людзей, сабраўшыхся на набажэнства. Вiтаўт у гэты час знаходзiўся ў суседнiм Слонiме i, магчыма, рэйд маршала меў на мэце захоп вялiкага князя.
У траўнi ордэн прапанаваў Вiтаўту перамiр'е i яно было прынята да 24 чэрвеня, як i з Польшчай. Зноў вялася актыўная дыпламатычная барацьба па эўрапейскiх дварах. Праз паслоў, лiсты, падарункi апрацоўвалiся амаль усе эўрапейскiя духоўныя i свецкiя ўладары. Ворага лаялi, выкрывалi яго намеры. Поспех, аднак, мелi тыя выкрываннi, якiя падтрымлiвалiся звонкай манетай. Багаты ордэн тут меў перавагу, што вiдаць на прыкладзе з чэшскiм каралём Вацлавам i вугорскiм Жыгiмонтам. Вялася актыўная праца па вярбоўцы наёмных войскаў, прычым абодва бакi праводзiлi яе практычна ў адных i тых жа месцах: Чэхii, Аўстрыii, Мейсэне, Сiлезii, Швейцарыi. У прыватнасцi, швейцарцы ваявалi на абодвух баках. Былi выпадкi, калi вярбоўшчыкi ордэна i саюзнiкаў перахоплiвалi адныя ў другiх наёмныя аддзелы. Вiтаўт спецыяльна для вярбоўкi наймiтаў-прафесiяналаў прыслаў Ягайлу значную суму грошай.
У ордэна мелася рэальная магчымасць з дапамогай сваёй лiвонскай фiлii не дапусцiць актыўнага дзеяння Вiтаўта на прускiм тэатры вайны. Вельмi лагiчны план – лiвонскiя войскi скоўваюць Вiтаўта з паўночнага ўсходу, а ў гэты час пруская армiя распраўляецца з Ягайлам. У траўнi хохмайстар пажадаў, каб лiвонскi ландмайстар у выпадку няўдачы чэрвеньскiх перамоваў аб'явiў вайну Вiтаўту. Ландмайстар Конрад фон Фецiнгоф адказаў, што па ўмовах мiрнай дамовы з Вiтаўтам вайна можа пачацца толькi праз тры месяцы ад моманту атрымання яе аб'явы. Значыць, калi Фецiнгоф аб'явiў Лiтве вайну ў канцы траўня – пачатку чэрвеня, то ваенныя дзеяннi маглi пачацца толькi ў канцы жнiўня цi пачатку верасня.
Яўна, мясцовыя iнтарэсы лiвонцаў узялi верх над агульнай справай ордэна. У канцы 1409 г. Вiтаўт наладзiў добрыя адносiны з Ноўгарадам ды Псковам i Фецiнгоф асцерагаўся лiтоўска-пскоўска-ноўгарадскага саюзу. Таму ён нават не выслаў дастатковых падмацаванняў у Прусiю (на Грунвальдскiм полi была толькi адна харугва лiвонцаў), што, канешне, было адной з прычын паразы ордэна. Трохмесячны тэрмiн памiж аб'явай вайны i яе пачаткам даў магчымасць Вiтаўту прыняць удзел у Грунвальдскай выправе. Лiвонскiя войскi з'явiлiся ў Прусii толькi ў канцы жнiўня.
Вясной 1410 г. Жыгiмонт Вугорскi прапанаваў сваё пасрэднiцтва для мiрнага вырашэння канфлiктаў. Дамовiлiся правесцi перамовы ў Торунi 17 чэрвеня. Мiж тым падрыхтоўка да вайны iшла поўным ходам.
Паспрабуем параўнаць гаспадарчы патэнцыял i ўзброеныя сiлы краiн, якiя рыхтавалiся да рашаючага сутыкнення. Эканамiчны ўзровень ордэнскай дзяржавы быў вышэйшы, чым у Лiтве i Польшчы. Гаспадарка ордэна была ўзорнай у Эўропе. Скарбнiца ў сталiцы заўжды змяшчала значныя сумы грошай у паўнацэннай манеце. Акрамя таго, некаторыя ордэнскiя саноўнiкi трымалi яшчэ свае скарбнiцы. Вялiзнымi грашыма варочалi галоўныя ордэнскiя эканомы – мальборскi i кёнiгсбергскi. Ордэн змог вельмi шчодра аплацiць саюзы з чэшскiм i вугорскiм каралямi i выдзелiць вялiкiя грошы на наёмныя войскi.
У польскiм i лiтоўскiм скарбах не было такiх запасаў свабодных грошай, але мелiся iншыя iстотныя перавагi. Гэта ў першую чаргу перавага ў колькасцi насельнiцтва i памерах тэрыторыi, асаблiва ў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Маленькую Прусiю даволi лёгка аказалася акупаваць, аднак немагчыма ўявiць, каб ордэнскiя войскi здолелi заняць абшары Вялiкага Княства. Каставасць ордэна, фiскальная палiтыка, яго адасобленасць ад насельнiцтва сваёй дзяржавы, у тым лiку i прускай шляхты, выклiкалi апазiцыю з боку падданых. Гэта праявiлася ў ходзе Вялiкай вайны, калi пасля Грунвальда ўладу саюзнiкаў вельмi хутка прызналi ледзь не ўсе гарады i землi Прусii.
З iншага боку, Тэўтонскi ордэн меў грунтоўную падтрымку ў Заходняй Эўропе, асаблiва ў нямецкiх землях. Апошняе зразумела, бо ордэн складаўся з малодшых сыноў нямецкай шляхты. У многiх краiнах захаду iснавалi фiлii ордэна са сваiмi землямi i замкамi. Яны складалi значную гаспадарчую сiлу i пры патрэбе праводзiлi актыўныя прапагандысцкiя кампанii.
У розных крынiцах i даследаваннях маюцца сур'ёзныя адрозненнi ў ацэнцы колькасцi войскаў, якiя ўдзельнiчалi ў Грунвальдскай бiтве. Называлiся лiчбы не тое што ў сотнi тысяч, а нават у мiльёны людзей. Прускiя хранiсты пiсалi толькi аб забiтых у бiтве 60 тыс. лiцвiнаў з палякамi i 40 тыс. ордэнскiх жаўнераў. Некаторыя даследчыкi ХIХ ст. называюць наступную колькасць войскаў: 163 тыс. – саюзнiкi, 83 тыс. – ордэнская армiя, цi адпаведна 90 i 83 тыс., i гэтак далей. Больш сур'ёзныя i дэталёвыя падлiкi складваюцца ў значна меншыя лiчбы. Вядомыя гiсторыкам пiсьмовыя крынiцы не ўтрымлiваюць звестак аб дакладнай колькасцi войскаў, але даюць падставы для высвятлення блiзкiх да рэальнасцi лiчбаў.
Мы пройдзем гэты працэс услед за даследчыкамi – нямецкiм М.Оэлерам i польскiм С.Кучыньскiм, якiя, на наш погляд, найбольш грунтоўна займалiся падлiкам. Асноўнай мабiлiзацыйнай i баявой адзiнкай у тыя часы было "кап'ё". Яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (меў двух коней) з дзiдай, мячом i шчытом, аднаго цi двух лёгкаўзброеных збраяносцаў, стралка з лукам або, часцей, з арбалетам. Двое слуг знаходзiлiся ў табары. Збраяносец, як i рыцар, належаў да шляхецкага стану, стралок мог быць мешчанiнам або селянiнам. Тры вершнiкi – найменшая лiчба кап'я. Заможныя рыцары ў сваiм кап'i мелi большую колькасць збраяносцаў i стралкоў. З коп'яў складалiся харугвы (палкi). Прычым у харугвах магла быць розная колькасць коп'яў – дзесьцi ад 20 да 150.
Асновай кап'я, яго галоўнай ударнай сiлай быў рыцар у сталёвых даспехах i з цяжкiм узбраеннем. Побач з iм змагаўся збраяносец у больш лёгкiх даспехах i стралок, таксама ў панцыры або паўпанцыры. Частка коннiцы Вялiкага Княства складалася з лёгкаўзброеных вершнiкаў i была незаменнай у разведцы, пагонi за адступаючым ворагам.
Татарская коннiца з армii Вiтаўта падзялялася, верагодна, на дзве групы: цяжкую i лёгкую. Цяжкая кавалерыя мела панцыры з гартаванай на агнi буйвалавай скуры, жалезныя цi з такой жа скуры шлемы з нашыйнiкам, якi засцерагаў шыю з бакоў i ззаду. Была ўзброена шаблямi, пiкамi, арканамi, чаканамi. Лёгкаўзброеныя татарскiя коннiкi не насiлi панцыраў, мелi шаблi, арканы, коп'i i па два лукi. Пяхоту ў тагачасных войсках складалi выключна сяляне i мяшчане. Яны галоўным чынам знаходзiлiся пры абозе, у абознай ахове (прыходзiлася прыблiзна па аднаму капейшчыку на аднаго вазнiцу). Акрамя дзiдаў на ўзбраеннi пяхоты мелiся лукi, арбалеты, сякеры, шчыты. Крыжацкая пяхота была лепш узброенай за польскую i лiтоўскую. Мелi паўпанцыры, жалезныя шлемы з нашыйнiкам, акрамя звычайнага ўзбраення яшчэ былi алебарды.
У сярэднявеччы на вайну мабiлiзоўвалася ад 2 да 20% насельнiцтва, у залежнасцi ад абставiн i эпохi. Тэўтонскi ордэн у 1410 г. правёў максiмальна магчымую мабiлiзацыю. Крыжацкая армiя складалася з уласна войска ордэна, войска чатырох прускiх бiскупстваў, прускага зямельнага апалчэння, гарадскiх апалчэнняў, наёмных аддзелаў, войскаў паморскiх князёў i харугваў "гасцей" замежных рыцараў. Усяго ордэн пад Грунвальдам меў каля 33 тыс. чалавек, з iх прыблiзна 21 тыс. конных, 6 тыс. пехацiнцаў i 5 тыс. чэлядзi. Акрамя таго, частка крыжацкага войска засталася ў замкавых залогах; на левым беразе Вiслы знаходзiлася група харугваў пад началам Генрыха фон Плаўэна для прыкрыцця накiрунку магчымага ўдару. Не ўдзельнiчалi ў бiтве войскi з Лiвонii i Новай Маркi.
Мабiлiзацыйныя магчымасцi Лiтвы i Польшчы былi намнога большымi, чым у ордэна. Вiтаўт браў з сабой на гэтую вайну далёка не ўсё войска. Большая яго частка засталася дома. Патрабавалася прыкрыцце на мяжы з Прусiяй i Лiвонiяй, неабходна было неяк прыкрываць паўднёва-ўсходнiя межы ад Акi да Чорнага мора. У замках пакiдалiся залогi. Хуткi i доўгi марш лiтоўскай армii на злучэнне з Ягайлам мог адбыцца толькi пры адсутнасцi ў ёй вялiкай колькасцi немабiльнай пяхоты i артылерыi. Войска Вiтаўта складалася пераважна з коннiцы. Па падлiках С.Кучыньскага, з Вiтаўтам было каля 10-11 тыс. збройных, або каля адной трэцi ўсяго войска Вялiкага Княства. Колькасць польскiх войскаў пад Грунвальдам ацэньваецца ў 18 тыс. коннiцы, 2-3 тыс. пяхоты i каля 18 тыс. у табары. У гэтую лiчбу ўваходзяць i аддзелы прафесiйных салдатаў, завербаваных на грошы, прысланыя Вiтаўтам.