355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » А Кравцевич » Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 3 октября 2016, 20:38

Текст книги "Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)"


Автор книги: А Кравцевич


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 5 страниц)

Кравцевич А
Тэўтонскi ордэн – Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)

Алесь Краўцэвiч

Тэўтонскi ордэн

Ад Ерусалiма да Грунвальда

Уступ

Тэўтонскi ордэн моцна паўплываў на гiстарычны лёс Беларусi. Самыя цесныя адносiны з iм у Вялiкага Княства Лiтоўскага пачалiся з 80-х гадоў XIV ст. i працягвалiся больш за стагоддзе, да пачатку XV ст. Гэтыя адносiны нельга назваць добрасуседскiмi. Хутчэй мела месца зацятая барацьба, у якой абодва бакi адстойвалi свае жыццёвыя iнтарэсы.

Мы нiколькi не сумняваемся, што справядлiвасць у гэтай амаль безупыннай вайне была на баку нашых продкаў. Прышэльцамi i захопнiкамi з'яўлялiся ўсё ж рыцары ордэна – амаль выключна ўсе немцы, адкуль i назва ордэна – Тэўтонскi. Цяжка нават уявiць сабе, колькi жыццяў, намаганняў, матэрыяльных высiлкаў каштавала гэтая жорсткая барацьба.

У ёй гартавалася беларуская дзяржаўнасць. Пад пагрозай знешняй небяспекi вакол беларускага ядра ўсё цясней гуртавалiся землi былой Кiеўскай Русi ды Жамойцi. У прускiх суседзяў было чаму павучыцца i нашыя продкi скарысталi такую магчымасць. Новыя будаўнiчыя традыцыi i прыёмы (готыка), матэрыялы (вялiкапамерная цэгла, дахоўка) i шмат што яшчэ прыйшло да нас праз ордэнскую дзяржаву.

У барацьбе з лепшай эўрапейскай армiяй фармавалася i набiрала моцы беларускае прафесiйнае войска, якое затым доўга паспяхова стрымлiвала нацiск з усходу.

Цiкавы сам феномен Тэўтонскага ордэна. Гэта ўнiкальная ў гiсторыi з'ява, калi духоўна-рыцарскае аб'яднанне стварыла магутную дзяржаву, якая займала важнейшае месца ў тагачаснай Усходняй i Цэнтральнай Эўропе.

Наша праца – аб гiсторыi Тэўтонскага ордэна ад самых яго пачаткаў да Грунвальдскай бiтвы, з якой пачаўся паступовы заняпад ордэнскай дзяржавы.

СТВАРЭННЕ I ЎСТРОЙ ОРДЭНА БРАТОЎ-РЫЦАРАЎ ТЭЎТОНСКАГА ДОМУ ДЗЕВЫ МАРЫI Ў ЕРУСАЛIМЕ

Найвялiкшы ўздым магутнасцi Тэўтонскага ордэна адбыўся ў XIV – пачатку XV ст. на землях старажытнай Прусii. Аднак пачаткi гэтага цiкавейшага сярэднявечнага духоўна-рыцарскага аб'яднання i ў часе i ў прасторы ляжаць далёка ад часоў i мясцiн яго росквiту.

Ордэн абудзiўся да жыцця на зямлi Палестыны ў XII ст. пад час разгару крыжовых войнаў, калi амаль безупынныя баi крыжакоў з мусульманамi iшлi з пераменным поспехам. Пачатковая яго гiсторыя даволi цьмяная i шмат у чым легендарная. Вiдавочна, правобразам ордэна можна лiчыць аб'яднанне вакол шпiталю ў Ерусалiме, узнiкшае каля 1129 г. Адзiн немец, якi разам з жонкай асеў у Ерусалiме пасля заваявання горада крыжакамi, пачаў прымаць у свой дом убогiх i хворых суайчыннiкаў. Хворых было шмат, бо мясцовы клiмат стаўся нязвыклым i цяжкiм для выхадцаў з Германii. Пазней гэты добры чалавек (iмя яго невядомае) сваiм коштам збудаваў шпiталь i пры iм каплiцу ў iмя Дзевы Марыi. Жонка дабрачыннiка заснавала асобны жаночы шпiталь. У гэтых людзей з'явiлiся паслядоўнiкi. Многiя немцы ахвяравалi сродкi на карысць шпiталю i працавалi ў iм. Былi сярод iх рыцары i шляхта. Яны прымалi ўдзел у доглядзе за хворымi i адначасова ваявалi. Так пры шпiталi ўтварылася рыцарскае аб'яднанне. Яно ўзяло сабе за ўзор статуты ўжо iснуючых ордэнаў iанiтаў i тамплiераў*.

* Ордэн iанiтаў узнiк у Ерусалiме пры шпiталi i каплiцы Яна Хрысцiцеля ў ХI ст. Пазней вядомы як Мальтыйскi ордэн.

Ордэн тамплiераў з'явiўся ў 1128 г. у Палестыне. Меў мэтай абарону пiлiгрымаў з Эўропы ад нападаў мусульманаў i разбойнiкаў.

Пад час ваеннай выправы сябры шпiтальнай суполкi дзялiлiся на дзве часткi: старыя, калекi заставалiся на паслугах шпiталю, а баяздольныя iшлi ў паход. Такая падвойная служба дала iм назву шпiтальных братоў i рыцараў Дзевы Марыi па назве шпiтальнай каплiцы. У новага аб'яднання хутка ўзнiклi нейкiя непаразуменнi з ордэнам iанiтаў – рыцары Дзевы Марыi нейкi час падпарадкоўвалiся вялiкаму магiстру iанiтаў.

Афiцыйнае ўтварэнне ордэна адбылося на шэсць дзесяткаў год пазней, у 1190 г., пад час аблогi крыжакамi Акры – горада на ўзбярэжжы Мiжземнага мора. Хрысцiяне тады мелi шмат нягодаў ад голаду i хвароб. I вось некалькi немцаў з Брэмена i Любека зрабiлi з карабельных ветразяў палатку, сабралi ў ёй хворых, параненых i даглядалi iх. У гэтай дабрачыннай справе прынялi ўдзел i нямецкiя рыцары, адначасова спаўняючы вайсковую службу. Вiдавочна, да iх далучылiся i шпiтальныя браты, якiя пакiнулi заняты мусульманамi Ерусалiм. Швабскi князь Фрыдрых, застаўшыся правадыром нямецкiх крыжакоў пасля смерцi Фрыдрыха Барбаросы, прыняў гэтую справу пад сваю апеку.

Ён задумаў на яе аснове стварыць асобны рыцарскi ордэн. Энергiчна ўзяўшыся за справу, князь сабраў большую частку свецкiх i духоўных паноў, быўшых у Палестыне, у тым лiку вялiкiх магiстраў iанiтаў i тамплiераў. Сход адобрыў iдэю i вырашыў скласцi статут новага ордэна на аснове iанiцкага i тамплiерскага. Ад iанiтаў узяць тое, што тычыць догляду хворых, ад тамплiераў – ваенныя абавязкi. Такiм чынам, Тэўтонскi ордэн з самага пачатку стаў духоўна-рыцарскiм у адрозненне ад папярэднiкаў, першы з каторых – ордэн св. Яна спачатку быў толькi шпiтальным, а другi (тамплiераў) увогуле шпiтальным не быў.

У хуткiм часе папа рымскi зацвердзiў статут новага ордэна. Папа ўпаўнаважыў ерусалiмскага патрыярха надаць сябрам новага аб'яднання белую расу з чорным крыжам у якасцi iх асаблiвага адзення i прызначыць iм Тэўтонскi шпiталь Дзевы Марыi ў Ерусалiме. Германскi iмператар у сваю чаргу ўпаўнаважыў ерусалiмскага караля i Фрыдрыха Швабскага да зацвярджэння ордэна, апяразвання* першых рыцараў i надання iм права прымаць у ордэн новых сяброў, прычым толькi са шляхты даўняга роду.

* Галоўная частка абраду прыёму ў рыцары – апяразванне рыцарскiм поясам.

I вось перад князямi сталi 40 чалавек са старых шляхетных родаў i, укленчыўшы, прасiлi аб прыняццi ў новы ордэн. Ерусалiмскi кароль аперазаў пасам першага рыцара, Фрыдрых Швабскi другога, iншыя князi наступных. Затым новыя рыцары сталi на каленi i прынялi шлюбы. Патрыярх надаў iм Ерусалiмскi шпiталь i iмя: браты-рыцары Тэўтонскага дому Дзевы Марыi ў Ерусалiме.

Кароль ад iмя iмператара заклiкаў быць сапраўднымi рыцарамi, паўставаць на абарону Святой зямлi i ўсiх хрысцiянскiх земляў супраць ворагаў веры, падтрымлiваць i баранiць касцёл, духоўных, удоваў, сiрот i ўбогiх. Пасля сканчэння абраду кароль, швабскi князь i iншыя абралi з 40 рыцараў першага магiстра i надалi яму ўсе землi, якiя здабудзе ў няверных.

У 1191 цi 1192 г. папа Цэлестын III i германскi iмператар Генрых VI зацвердзiлi ордэн, якi абраў сабе за патронаў Дзеву Марыю i св. Юрыя.

Першы магiстр Генрых Вальпот заняўся выпрацоўкай рэгламенту жыцця i ўстройства ордэна. Пры iм сфармаваўся асноўны ўнутраны строй арганiзацыi, якая падначальвалася непасрэдна папе рымскаму.

Трэба сказаць, што суполка задумвалася i атрымалася надзвычай моцна з'яднанай, з абмежаваным доступам новых сяброў. Гэтая згуртаванасць у немалой ступенi паспрыяла небываламу ўздыму значнасцi i магутнасцi Тэўтонскага ордэна, а каставасць стала адной з прычын яго заняпаду.

Статут ордэна быў суровым i ў першыя стагоддзi iснавання вельмi дэталiзаваным. Пры прыняццi новых сяброў, абраннi магiстра кiравалiся падрабязна вызначанымi працэдурамi, гэтак жа як ва ўсiм распарадку жыцця.

Той, хто хацеў быць прынятым у ордэн, павiнны быў быць дужым, здаровым i належаць да нямецкай шляхты. Аб сваiм жаданнi ахвотнiк аб'яўляў пад час капiтулы*. Магiстр (або яго намеснiк) задаваў кандыдату пытаннi: цi не належыць да iншага ордэна, цi не служыць дзе-небудзь, цi не з'яўляецца чыiм-небудзь падданым, чалавекам простага звання, цi не мае даўгоў або ўтаёнай хваробы. Пасля адказаў на пытаннi паведамлялi, якiя неабходна прыняць шлюбы, а менавiта акрамя трох звычайных (беднасцi, бясшлюбнасцi, паслухмянства) яшчэ даглядаць хворых i ваяваць з ворагамi Крыжа, сумленна несцi службу, прызначаную магiстрам, бываць на капiтулах i дапамагаць радай, з ордэна не выходзiць, акрамя як з дазволу магiстра.

* Капiтула – збор сяброў ордэна, якi меў функцыi кiравання.

Калi кандыдат прымаў умовы, дазвалялi прысягаць: клаў два пальцы на Бiблiю i казаў: "Абяцаю i клянуся, што ўстрыманне цела будзе адным з маiх звычаяў, буду паслухмяным Богу, св. Марыi, а потым магiстру ордэна Нямецкага дому i вашым наступнiкам паводле статута i звычаяў ордэна Нямецкага дому аж да смерцi".

Затым новаму брату апiсвалi яго абавязкi ў наступных словах: "Калi мяркуеш у гэтым ордэне мець спакой i прыемнае жыццё, то ты вельмi памылiўся, бо ў гэтым ордэне прынята так: калi хочаш есцi, то мусiш пасцiцца, калi хочаш пасцiцца, то мусiш есцi; калi хочаш iсцi спаць, то мусiш быць нядрэмным, а калi хочаш быць нядрэмным, то мусiш класцiся спаць. Калi загадаюць iсцi туды цi сюды або стаць, то не можаш адмовiцца. Мусiш бацьку, мацi, брата, сястру i ўсiх сяброў нiжэй орэна паставiць, а ордэну быць паслухмянейшым i вярнейшым, чым iм. За гэта ордэн табе дае толькi хлеб i ваду ды сцiплую вопратку i нiчога болей дамагацца не можаш. Калi з часам набудзем лепшага i большага, тады будзеш ужываць нароўне з усiмi i на гэтым усё".

Потым новага брата ў поўнай зброi вялi ў касцёл i ў час iмшы апяразвалi рыцарскiм поясам. Магiстр, правiнцыйны магiстр або камандор (комтур) наносiў удар i казаў: "Рыцар, лепшы за слугу, у iмя нашай найяснейшай Дзевы; рыцар, лепшы за слугу, будзь паслухмяным свайму ордэну. Сцярпi гэты ўдар, але нiводнага болей". Затым зброю здымалi i святар апранаў рыцара паводле пэўнага абраду.

Тэўтонскi ордэн складаўся з трох катэгорыяў сяброў. На першым месцы былi рыцары, затым ксяндзы i, нарэшце, службовыя браты. Адзенне рыцараў – чорная тунiка i белы плашч з чорным крыжам на левым плячы. Ксяндзы – не абавязкова шляхетнага паходжання – адпраўлялi набажэнствы, удзялялi таямнiцы веры рыцарам i хворым у шпiталях, пад час вайны станавiлiся капеланамi. Насiлi такi ж убор, як i рыцары, толькi тунiка i плашч былi даўжэйшымi. Службовыя браты паходзiлi не са шляхты. Да iх належалi збраяносцы рыцараў, наёмныя жаўнеры, якiя часова прымалi шлюбы. Насiлi шэрыя плашчы з "паўкрыжам" – крыж без верхняй часткi (у выглядзе лiтары Т). Выконвалi ў войску функцыi падафiцэраў, загадвалi кузнямi, стайнямi, фальваркамi, шпiталямi.

Iснаваў яшчэ iнстытут паўбратоў, якiя жылi ў свеце, але былi звязаны з ордэнам. Да паўбратоў залiчвалi дабрадзеяў ордэна. Але гэтая катэгорыя сяброў, як i iнстытут ордэнскiх сёстраў, не атрымала значнага развiцця.

Iстотныя змены ў жыццi аб'яднання, такiя, як новае месца дзейнасцi, колькасны рост, стварэнне ўласнай дзяржавы, несумненна, уплывалi на яго статуты i структуру. Мы не маем мэтай высвятляць, як адбываўся гэты ўплыў, а паказваем ордэн пад час яго быцця ў Палестыне, а пазней у Прусii ўжо ў завершаным выглядзе.

Ордэнскiя браты жылi разам, спалi на цвёрдым ложы, елi ў сталоўцы, на першых часах небагата. Калi вялiкi магiстр (хохмайстар) сядаў за агульны стол, то яму давалi трохi большую, чым астатнiм, порцыю.

Рыцары абавязвалiся быць на iмшы або чытаць пэўную колькасць малiтваў. Не маглi без дазволу выходзiць з дому, пiсаць i атрымлiваць лiсты, мець што-небудзь пад замком, каб не было i думкi аб уласнасцi (уласнасць з'явiлася, калi ордэн разбагацеў). Адзенне найпростае, як i зброя з конскiм рыштункам. Належала мець добрага баявога каня i гартаваную зброю. Сябру ордэна нельга было размаўляць з жанчынай, асаблiва маладой, не мог нават мацi пацалаваць. Дазвалялася трымаць жанчыну для працы ў доме.

Ваенная арганiзацыя Тэўтонскага ордэна ў Палестыне абапiралася на братоў, завербаваных салдатаў i дапаможныя мусульманскiя аддзелы бедуiнаў i "туркапулаў". Адсюль у статутах згадваецца пасада туркапулёра, а слугi ўжо ў Прусii ўсё яшчэ звалiся каравановымi.

Спосаб маршу i прывалу, знаходжанне на пастоях i ў бiтве – усё дакладна рэгулявалася. На вайну бралi па тры-чатыры канi – столькi мела асноўная баявая адзiнка – кап'ё. Напярэдаднi Грунвальдскай бiтвы яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (дзiда, меч, шчыт), лёгкаўзброенага слугi цi збраяносца, стралка з лукам цi часцей з арбалетам. Чацвёрты конь служыў рыцару для пераходаў.

На маршы нельга было паiць каня без загаду, якi аддаваў харунжы прапорцам. Рыцар ехаў на паходным канi, побач з iм збраяносец. Калi не было небяспекi, баявы конь нёс частку зброi.

У бiтве рыцары перасядалi на баявых коней, а паходных пакiдалi слугам, якiя заставалiся ў тыле пад камандай аднаго са службовых братоў. Рыцары ў баi стаялi не паасобку, як заходнеэўрапейскiя, а самкнутымi аддзеламi; загады падавалiся не трубой (у тлуме бiтвы можна не пачуць), а харугвай.

На прывале нельга было злазiць з каня без загаду. Спачатку ставiлi палаткi для палявой каплiцы i камандзiра, толькi потым можна было злазiць з каня i размяшчацца на адпачынак. На прывале нельга было хадзiць у адведкi i аддаляцца больш чым на некалькi дзесяткаў крокаў. Пад час пераходаў i прывалаў загады аддавалiся трубой. На вайне не было агульнай кухнi. Кожнаму рыцару страву гатаваў яго канавод цi слуга. За войскам iшла палявая кузня, абоз з харчаваннем i фуражом. Здабытае харчаванне, за выключэннем травы i гароднiны, аддавалi гаспадарнiку. Крыжакi не распраналiся да сну, не здымалi абутку, елi два разы ў дзень, а ў посныя днi – адзiн.

На вайне i ў мiрны час iснавала жорсткая дысцыплiна. Спагнаннi можна было замянiць на пакаранне бiзуном, якое рыцар атрымлiваў у палатцы магiстра. У час адбывання спагнання забiралi каня i зброю, якую маглi часова аддаць iншаму. Гэта была вельмi цяжкая кара. У мiрны час каралi бiзунамi, зняццем плашча i працай разам з нявольнiкамi. Самай вышэйшай карай было выгнанне з ордэна без вызвалення ад шлюбаў, што ставiла вiнаватага па-за грамадствам. Такое пакаранне давалася за ўцёкi з поля бiтвы, адступленне ад веры, скаталожнiцтва, продаж пасадаў i годнасцяў i да т. п.

Лягчэйшай карай з'яўлялася пазбаўленне плашча на год за знiшчэнне дакументаў ордэна.

У мiрны час, каб не губляць навыкаў, крыжакi павiнны былi страляць з лукаў па птушках i паляваць на львоў (у Палестыне) i iншых буйных звяроў.

Войска Тэўтонскага ордэна адрознiвалася ад феадальных армiяў, яно мела ўзорна дысцыплiнаваныя аддзелы, якiя складалiся з майстроў ваеннай справы. Крыжакi ўмелi будаваць i здабываць замкi. Заўжды мелi добрую сiстэму разведкi.

Дакладна акрэсленым i адрэгуляваным было кiраванне. На чале Тэўтонскага ордэна стаяў вялiкi магiстр (па-нямецку хохмайстар). Ён выбiраўся пажыццёва генеральнай капiтулай, якая складалася з краёвых магiстраў (ландмайстраў), чыноў ордэна i сяброў сталiчнага канвента*. Пасля смерцi хохмайстра яго вопратку аддавалi ўбогiм, а аднаго ўбогага кармiлi цэлы год. Абраны намеснiк паведамляў аб скананнi кiраўнiка правiнцыйным магiстрам i прызначаў дзень выбараў новага хохмайстра. У дзень выбараў пасля малiтвы i iмшы аб Св. Духу чыталi правiлы i статут ордэна. Затым кожны брат прамаўляў 15 разоў "Ойча наш" i частавалi 13 убогiх.

* Канвент – орган мясцовага кiраўнiцтва, складаўся з рыцараў, святароў, службовых братоў.

Потым намеснiк (сам ён у выбарах не ўдзельнiчаў) выбiраў аднаго брата, якi кiраваў выбарамi, той абiраў другога выбаршчыка, другi трэцяга i так далей да 13. У iх лiку былi 8 рыцараў, ксяндзы, службовыя браты. Старалiся па меры магчымасцi абiраць прадстаўнiкоў розных правiнцый ордэна.

Выбаршчык не мог быць незаконнанароджаным або несцi ў гэты час пакаранне. Выбаршчыкi прысягалi, што нiчога не ўчыняць з-за непрыязi, нянавiсцi, страху, а будуць галасаваць за самага вартага. Разам з галоўнымi чынамi ўсе сябры капiтулы давалi прысягу прызнаць выбар пад пагрозай выгнання з ордэна. Калi хто з выбаршчыкаў сам быў кандыдатам на пасаду хохмайстра, то яго адсылалi да капiтулы, а тая прадстаўляла новага. Каб стаць хохмайстрам, патрэбна было набраць больш паловы галасоў выбаршчыкаў, гэта значыць не менш сямi.

Пасля выбару званiлi па ўсiх касцёлах, спявалi, праводзiлi ўрачыстасцi. Намеснiк вёў новага хохмайстра праз алтар, напамiнаў абавязкi, уручаў пярсцёнак i пячатку. Калi пад час выбараў хохмайстра не было на месцы, то аб выбраннi абвяшчалi толькi на капiтуле.

Хохмайстар з'яўляўся кiраўнiком ордэна, гаспадаром ордэнскай дзяржавы, камандзiрам войска. Аднак яго ўлада не была бязмежнай. Мусiў лiчыцца з думкай генеральнай капiтулы, якая збiралася штогод 14 верасня, i з голасам сталiчнага канвента, комтурам якога быў ён сам. Пастаянна пры хохмайстры знаходзiўся так званы кампаньён (ад'ютант). Хохмайстар не мог прызначаць свайго намеснiка, а толькi рэкамендаваць кандыдата на гэтую пасаду. Адчуваючы наблiжэнне смерцi, аддаваў пячатку аднаму з рыцараў i той вёў справы да выбару новага хохмайстра, калi ж капiтула хацела, то выбiрала новага намеснiка.

Пасля пераезду хохмайстра ў Прусiю ў Мальбарк пры iм утварылася рада, якая не прадугледжвалася статутам. Яна складалася з пяцi найвышэйшых саноўнiкаў (вялiкага комтура, вялiкага маршала, вялiкага шпiтальнiка, вялiкага шатнага, вялiкага скарбнiка) i аднаго з комтураў. Гэтыя шасцёра тварылi цесную раду. Яна часам пашыралася праз уключэнне ордэнскiх эканомаў (мальборскага i кёнiгсбергскага) i некаторых комтураў. З цягам часу функцыi большасцi саноўнiкаў адмерлi (за выключэннем маршала i скарбнiка), а тытулы засталiся.

На чале правiнцый стаялi правiнцыйныя магiстры (ландмайстры). У лепшыя часы iх было аж сем: прускi, нямецкi, iнфлянцкi (лiвонскi), аўстрыяцкi, апулiйскi, грэчаскi, арменскi. Потым iх колькасць зменшылася.

Вялiкi комтур быў намеснiкам хохмайстра ў кiраваннi дзяржавай. Пры адсутнасцi хохмайстра ў выпадку небяспекi ён меў права камандаваць армiяй. У мiрны час загадваў арсеналамi, вырабам рыштунку, складамi збожжа, а на вайне кiраваў абозам i быў галоўным iнтэндантам войска. Яму падначальваўся наземны i водны трапспарт. З'яўляўся адным з двух чыноў, якiя мелi ключы ад скрынi з пячаткай ордэна. Памочнiкам вялiкага комтура быў малы комтур.

Вялiкi маршал – намеснiк хохмайстра ў кiраўнiцтве войскамi, у выпадку адсутнасцi хохмайстра – кiраўнiк войска. У час мiру дбаў аб ваеннай падрыхтоўцы армii, у ваеннай выправе сачыў за парадкам на маршы, высылаў варту. Не меў права пачынаць бiтву без дазволу хохмайстра.

Вялiкi шатны загадваў складамi адзення, пральнямi, збраёўнямi, дзе захоўвалiся панцыры. Калi братоў было яшчэ няшмат, шатны ўсiх iх трымаў пад увагай, наглядаў за строямi i адпаведнасцю iх статуту. Новае адзенне выдаваў адзiн раз у год.

Вялiкi шпiтальнiк загадваў адпаведна шпiталямi (iх колькасць з цягам часу дасягнула некалькiх соцень), у першую чаргу галоўным шпiталем ордэна.

Вялiкi скарбнiк (гэтая пасада з'явiлася каля 1240 г., а да гэтага скарбам займаўся вялiкi комтур) вёў рахункi i распараджаўся скарбам ордэна. Золата i срэбра прымаў i складваў у скарбнiцу ў прысутнасцi хохмайстра з вялiкiм комтурам. Стан ордэнскага скарбу быў дзяржаўнай таямнiцай. Кожная з трох названых асоб мела па ключу ад скарбнiцы. Адчыняць яе маглi толькi разам. Скарбнiк плацiў грошы па даручэнню хохмайстра, вялiкага комтура цi вялiкага маршала, штомесяц складаў справаздачу.

Ордэнская дзяржава ў Прусах мела некалькi эканомаў. Два галоўныя з iх мальборскi i кёнiгсбергскi – называлiся вялiкiмi. Эканомы кiравалi ўсiм гандлем ордэна. Мальборскi экспартаваў у першую чаргу збожжа, кёнiгсбергскi бурштын, лён i вырабы з дрэва.

Дзяржава Тэўтонскага ордэна дзялiлася на акругi – камтурыi. На чале iх стаялi комтуры, якiя мелi вялiкую ўладу i самастойнасць. Комтур камандаваў войскам сваёй акругi, судзiў у земскiх судах сам або праз намеснiка, зацвярджаў змены гаспадароў у маёнтках, збiраў падаткi i ўвогуле правiў усёй акругай. Яму дапамагаў вiцэ-комтур. Комтурства iснавала там, дзе набiраўся поўны канвент – уласна кляштар крыжакоў. У канвенце мела быць сама меней 12 братоў-рыцараў, 6 братоў-святароў i па два службовыя браты на кожнага рыцара усяго 24. Ксяндзоў звычайна было менш чым 6, часта толькi адзiн, астатнюю колькасць набiралi з лiку клiрыкаў цi псаломшчыкаў. Увогуле духавенства не мела значнай ролi ў ордэне. Канвент быў самастойнай адзiнкай, сам распараджаўся даходамi з комтурства.

Там, дзе рыцараў да поўнага канвента не хапала, кiраваў не комтур, а войт або пракуратар, прызначаны суседнiм комтурам, цi хохмайстрам.

Суровы ў духу сярэднявечча статут Тэўтонскага ордэна, здавалася, прызначаўся для выхавання аскетаў, якiя ўсё ў зямным жыццi адрынулi i прысвяцiлi сябе змаганню за веру. Аднак зразумела, што браты-рыцары Тэўтонскага дому не былi такiмi набожнымi аскетамi, як можа здацца пасля знаёмства з iх статутам. Яны проста спаўнялi службу сродкам, уласцiвым iх саслоўю – гэта значыць са зброяй у руках.

Стварэнне Тэўтонскага ордэна, як i падобных яму на зямлi Палестыны, было выклiкана iмкненнем крыжакоў мець баяздольную добра арганiзаваную ваенную сiлу для барацьбы з ворагам, значна больш шматлiкiм. Час паказаў жыццястойкасць гэтага аб'яднання i яго здольнасць да дзейнасцi ў розных умовах.

Але на першай пары Тэўтонскаму ордэну прыйшлося не соладка...

З ПАЛЕСТЫНСКIХ ПЯСКОЎ У ПРУСКIЯ ЛЯСЫ

З самага пачатку, стаўшы ў шэраг воiнаў крыжа, рыцары Тэўтонскага ордэна неслi цяжкiя страты. Пад час адной з бiтваў з туркамi-сельджукамi ў сакавiку 1210 г. загiнула большая частка рыцараў, а вялiкi магiстр атрымаў смяротную рану.

Абраны на яго месца Герман фон Зальца сказаў, што быў бы рады страцiць вока, каб толькi мець да канца жыцця хоць дзесятак баяздольных рыцараў. Здарылася так, што менавiта пры гэтым хохмайстру i ў значнай ступенi дзякуючы яму справы ордэна пайшлi намнога лепш.

Герман фон Зальца не меў высокага арыстакратычнага паходжання, але быў чалавекам надзвычайных здольнасцяў. Пасада вялiкага магiстра давала яму магчымасць праявiць iх у поўнай меры. Умелы дыпламат, ён здолеў захаваць прыхiльнасць двух самых значных сiлаў Заходняй Эўропы – папства i рымскiх iмператараў, нават калi тыя варагавалi памiж сабой. Мала таго, фон Зальца выступаў пасрэднiкам пры iх прымiрэннi. Пры фон Зальца папы i iмператары надалi ордэну галоўныя прывiлеi ды маёмасцi ў Апулii, Арменii, Вугоршчыне i амаль ва ўсiх нямецкiх землях.

Iмператар прысвоiў Герману фон Зальца i ўсiм яго наступнiкам тытул князя Свяшчэннай Рымскай iмперыi з дазволам змяшчаць выяву iмперскага арла на гербах i харугвах. Яшчэ раней, у 1221 г., спецыяльным прывiлеем ордэн браўся пад апеку iмператара разам з усiмi рухомымi i нерухомымi маёмасцямi, як набытымi, так i будучымi, вызваляўся ад усякiх падаткаў i павiннасцяў.

Папа рымскi таксама абвясцiў хохмайстра князем i падараваў яму каштоўны пярсцёнак, а той пераказаў сваiм наступнiкам. Адсюль пайшоў звычай перадаваць кожнаму новаму хохмайстру разам з крыжам i гэты пярсцёнак.

Ерусалiмскi кароль як узнагароду за адвагу i цноту дазволiў хохмайстру i тым, хто прыйдзе на яго месца, насiць ерусалiмскi крыж над чорным ордэнскiм крыжам.

Тэўтоны былi ўдзельнiкамi ўсiх выпраў крыжакоў i паказалi сябе з найлепшага боку. Аднак ужо стала ясным, што перамога ў рэшце рэшт застанецца за мусульманамi. Герман фон Зальца пачаў рабiць захады для забеспячэння свайму ордэну iншага поля дзейнасцi.

Яшчэ ў 1211 г. вугорскi кароль Андрэй II запрасiў Тэўтонскi ордэн у Сямiграддзе, каб яны арганiзавалi адпор нападам качэўнiкаў. Крыжакi прыбылi туды ў значнай сiле i паспяхова справiлiся з задачай. Аднак у хуткiм часе кароль Андрэй скасаваў запрашэнне i выгнаў рыцараў. Затым у 1222 г. вярнуў назад, потым зноў адабраў падораныя землi. Замацавацца ў Сямiграддзi ордэну не ўдалося.

Тут якраз падышла прапанова з боку Польшчы. Мазавецкi князь Конрад вырашыў з дапамогай крыжакоў абаранiцца ад нападаў ваяўнiчых плямёнаў прусаў. Ордэн, не пакiдаючы поле бiтвы ў Палестыне, уступiў у балтыйскiя справы, а палякi атрымалi на сваю галаву новы клопат, якi праз нейкi час вырас у вялiкую бяду. Прусы былi язычнiкамi, што апраўдвала прысутнасць ордэна як арганiзацыi для барацьбы з нявернымi.

Конрад Мазавецкi ўжо спрабаваў сам стварыць спецыяльны ордэн для вайны з прусамi. Чатырнаццаць чалавек шляхты былi апранутыя ў белыя плашчы з вышытымi чырвоным мячом i зоркай i аб'яўленыя ордэнам Хрыста. Князь аддаў iм замак Добжынь, таму гэтае рыцарскае аб'яднанне вядома як Ордэн добжынскiх братоў. Аднак браты-рыцары з Добжыня не дасягнулi вялiкага поспеху ў вайне з прусамi, iх ордэн не здолеў набрацца моцы.

Тады Конрад вырашыў звярнуцца да сталай ужо арганiзацыi, якая мела значную сiлу. Ён выправiў паслоў да хохмайстра Тэўтонскага ордэна Германа фон Зальца з просьбай прыбыць на дапамогу са сваiмi рыцарамi. Абяцаў аддаць ордэну Хэлмiнскую i Добжынскую землi i ўсё, што той здабудзе ў паганаў. Рымскi iмператар Фрыдрых II у сакавiку 1226 г. выдаў акт, якiм навечна зацвярджаў наданне ордэну Хэлмiнскай зямлi i iншага, што здабудзецца ў няверных. У гэтым акце iмператар без лiшняй сцiпласцi выступае як уладар не заваяваных яшчэ Прусаў.

Што ж уяўляла сабой у тыя часы Прусiя? Гэтая краiна ляжала ля Балтыйскага мора, з усходу межавала з Жамойцю i Лiтвой, на поўднi – з Польшчай. Яна складалася з 12 вобласцяў, населеных балцкiмi плямёнамi. Усе гэтыя вобласцi ў пiсьмовых крынiцах называюцца "прускiмi землямi". На самой справе яны не былi заселеныя адным этнасам. У VI-XI стст. прусы насялялi паўвостраў Самбiю i паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа сучаснага Калiнiнградскага залiва. Да пачатку ХII ст. пад прускi ўплыў трапляюць тэрыторыi, якiя пазней атрымалi назвы "земляў": Памезанiя, Пагезанiя, Натангiя, Бартыя, Надровiя. Суседнiя плямёны (скальвы, ламаты, яцвягi) поўнасцю цi часткова прымаюць грамадскую арганiзацыю прусаў. Тэўтонскi ордэн пачынаў крыжовы паход непасрэдна супраць прусаў i для апраўдання тэрытарыяльных прэтэнзiй яму было выгодна называць усе гэтыя землi прускiмi. Ордэнскiя заваёвы спынiлi працэс утварэння дзяржавы на заходняй ускраiне балцкага арэала.

Прусiя – плоскi край, толькi на ўсходзе i поўднi ёсць пагоркi, прарэзаныя азёрамi. Месяцы травень, чэрвень, лiпень, жнiвень звычайна цёплыя, восень iмглiстая i пераменлiвая, зiма дастаткова суровая. Глеба ўраджайная – расце жыта, пшанiца, авёс, ячмень, проса, гарох, лён, каноплi, хмель. Многа было лясоў, дзе акрамя звычайнай дзiчыны ў тыя часы вадзiлiся туры, буйвалы i ласi. Прусы вялi гандаль футрам i бурштынам.

Герман фон Зальца паслаў да мазавецкага князя двух рыцараў з 18 людзьмi на агледзiны i высвятленне абставiн на месцы. Калi тыя прыехалi на мазавецкi двор, самога князя не было дома, гасцей прыняла яго жонка i прасiла пачакаць звароту мужа. Якраз у той час на Мазовiю напалi прусы. Тэўтонскiм рыцарам з'явiлася магчымасць прадэманстраваць свае баявыя вартасцi. Яны прынялi самы актыўны ўдзел у арганiзацыi абароны, магчыма, нават былi яе кiраўнiкамi. Бiтва з прусамi цягнулася цэлы дзень, урэшце мазуры кiнулiся наўцёкi i тут крыжакi паказалi сябе, прыкрываючы адступленне, пакуль не ўпалi пад мноствам стрэл. Перамога дасталася прусам дарагой цаной i яны ў тую ж ноч адышлi. Параненых рыцараў выхадзiлi i тыя прыступiлi да перагавораў з князем. Усе ўклады былi скончаныя ў 1230 г. Гэтым годам можна лiчыць пачатак будаўнiцтва ў Прусii ордэнскай дзяржавы.

Па просьбе крыжакоў князь збудаваў iм на гары левага берага Вiслы замак, названы Фогельзангам. У гэтым замку засела крыжацкая залога i баранiлася ад прусаў. Можна сказаць, гэты "птушыны спеў" (так перакладаецца з нямецкай мовы назва замка) стаў пачаткам пераможнай песнi крыжакоў над прускiмi абсягамi. Фогельзанг выканаў ролю ордэнскага плацдарма ў Прусах. Хохмайстар прыслаў падмацаванне з некалькiх рыцараў i сотнi конных. Рыцары былi надзеленыя пасадамi кiраўнiкоў новай правiнцыi (якой фактычна яшчэ не было). Галоўным сярод iх быў Герман Балк з тытулам намеснiка Прусii. З iм прыбылi прызначаныя ў новую правiнцыю маршал, комтур, дамавы комтур (камендант замка), шпiтальнiк. Напаўненне намiнальных пасадаў рэальным зместам залежала ад самiх рыцараў. Яны з запалам рынулiся "ў справу", гэта значыць у бойку, бо акрамя вайны iншых сродкаў не ведалi. Герман Балк адразу пачаў будаваць новы замак над Вiслай i назваў яго Няшава.

Конрад Мазавецкi прывiлеем у чэрвенi 1230 г. аддаў ордэну на вечныя часы Хэлмiнскую зямлю з рэкамi Дрвенцай i Мокрай i ўсё, што будзе здабыта ў Прусii. Адзiным абавязкам крыжакоў было змаганне супраць прусаў, пакуль тыя не прымуць хрысцiянства. Iмператар i папа зацвердзiлi гэтае наданне. Рымскi папа аб'явiў крыжовы паход супраць прусаў, яго ўдзельнiкам адпускалiся грахi нароўнi з крыжакамi, якiя хадзiлi ваяваць за Святую зямлю.

Забяспечыўшы сабе "прававую" падставу для заваёвы зямлi, жыхароў якой забылiся спытаць аб iх жаданнях, рыцары пачалi дзейнiчаць.

У 1231 г. Герман Балк з невялiкiм войскам на лодках перабраўся цераз Вiслу i дайшоў да аднаго з прускiх свяцiлiшчаў. Там стаяў дуб, якому пакланялiся мясцовыя жыхары. Крыжакi ўмацавалi гэтае месца – акружылi яго валамi i равамi, павесiлi на дубе сваю харугву i адбiвалiся ад насядаўшых прусаў, якiя iмкнулiся адагнаць чужынцаў ад святынi. Праз нейкi час на гэтым месцы быў закладзены замак i горад Торунь.

У хуткiм часе Герман Балк з дапамогай прыбыўшых з Эўропы крыжакоў выгнаў прусаў з усёй Хэлмiнскай зямлi. На месцы спаленага прускага гарадзiшча збудаваў горад Хэлмна, прызначыўшы яго на сталiцу Прусii. У 1234 г. аб'яднанае войска ордэна, Конрада Мазавецкага, сiлезскага князя Генрыка Барадатага, паморскага князя Святаполка, вялiкапольскага Ўладзiслава нанеслi прусам цяжкую паразу на рацэ Дзежгонь (Сiргуна). Пачалi будавацца новыя крыжацкiя замкi. 1237 год – Эльбланг, 1239 – Балга i г.д. Ордэн павольна прасоўваўся ўздоўж Вiслы, Нагаты, затым Вiслянскага залiва, каб не губляць воднай сувязi з базамi на Хэлмiнскай зямлi.

Так закладалiся асновы ордэнскай дзяржавы ў Прусii. Заваёвы новых земляў ажыццяўлялiся па простай i надзейнай схеме. На мяжы тэрыторыi, прызначанай для захопу, будаваўся замак, якi выкарыстоўваўся як апорны пункт для войска. Затым на адлегласцi 15-30 км углыб варожай зямлi (адзiн дзень дарогi) закладваўся новы замак i гэтак далей. Так стваралася сетка, якая з часам пакрыла ўсю Прусiю. У ХIII ст. крыжакi яшчэ не ставiлi шмат мураваных замкаў, бо не хапала сродкаў. Звычайна рабiлi ўмацаваннi з двух паралельных сценаў з ляжачых бярвенняў. Прамежак памiж iмi запаўнялi каменнямi i глiнай. Зверху адсыпалi вал з глiны i будавалi драўляныя вежы. Мураваныя замкi пачалi пашырацца пазней, у XIV ст. Вакол замка праводзiлi роў з вадой, праз яго да брамы вёў мост. Тэўтонскi ордэн прыняў нарманска-сiцылiйскi тып замкаў: квадрат з вежамi ў чатырох кутах. У ХIII ст. будавалiся i нерэгулярныя замкi з адной – дзвюма вежамi цi акрамя кутнiх мелася вежа i над брамай. Там, дзе быў поўны канвент, узводзiўся ўласна замак з будынкамi па ўсяму перыметру сценаў i падзамча за мурамi са стайнямi, iншымi гаспадарчымi пабудовамi. Там, дзе не набiралася поўнага канвента i кiраваў не комтур, а войт або пракуратар, замак меў адзiн цi два корпусы каля сценаў. На замку заўсёды была каплiца i агульная сталоўка. Звычайна яны размяшчалiся на другiм паверсе. Першы паверх займалi збраёўня, сядлярня, жыллё абслугi, кладоўка. Нiжэй былi скляпеннi. Комтур жыў на другiм паверсе. Пад дахам знахозiўся абарончы ярус з байнiцамi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю