355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Жорж Сименон » Порт у тумане (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Порт у тумане (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 03:32

Текст книги "Порт у тумане (на белорусском языке)"


Автор книги: Жорж Сименон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)

– Не вiнавацiў вашага мужа?

– Не. Там, у халупе, ён нават не ўспомнiў пра яго. Гаварыў пра нейкiх сяброў, маракоў, якiм ён павiнен заплацiць, перш чым паехаць з Францыi. Казаў яшчэ нешта пра нейкае караблекрушэнне.

Прыйшоў доктар, сябра сям'i. З жахам, не верачы вачам, глядзеў на труп.

– Пан Гранмэзон скончыў жыццё самагубствам! – цвёрда вымавiў Мэгрэ. – А вам трэба вызначыць хваробу, ад якой ён памёр. Вы мяне разумееце? Палiцыю я бяру на сябе...

Ён падышоў да панi Гранмэзон, пакланiўся ёй. Тая пасля некаторых ваганняў спытала:

– Вы не сказалi мне, чаму...

– Раймон вам калi-небудзь усё раскажа... Апошняе пытанне... Шаснаццатага верасня ваш сын быў у Вiстрэаме з вашым мужам, так?

– Так, ён заставаўся там да дваццатага.

Адышоўшы спiнай да дзвярэй, Мэгрэ выйшаў з пакоя. Цяжка ступаючы, ён спусцiўся па лесвiцы на першы паверх, прайшоў па калiдоры, адчуваючы нейкi цяжар на плячах i агiду ў душы.

На вулiцы ён глыбока ўдыхнуў свежае паветра. Нейкi час стаяў пад дажджом з голай галавою, як бы хацеў асвяжыцца, скiнуць з сябе ўсё тое жахлiвае, што вынес з дома Гранмэзонаў.

Зiрнуў апошнi раз на вокны. Пасля паглядзеў на дом насупраць, у якiм мэрава ўдава правяла сваю маладосць, i глыбока ўздыхнуў.

* * *

– Выходзьце!

Мэгрэ адчынiў дзверы камеры, у якой сядзеў Раймон, i знакам загадаў арыштаванаму iсцi за iм. Камiсар iшоў паперадзе, спачатку па вулiцы, пасля па дарозе ў порт.

Раймон дзiвiўся, не разумеючы прычыны гэтага раптоўнага вызвалення.

– Вы нiчога не хочаце мне сказаць? – кiнуў Мэгрэ наўмысна незадаволеным тонам.

– Нiчога!

– Вы дадзiце вынесцi вам прысуд?

– Я паўтару перад суддзямi, што нiкога не забiваў!

– Але праўды не скажаце?

Раймон апусцiў галаву. Удалечынi ўжо вiднелася мора, чулiся гудкi буксiра, якi iшоў да пiрса, ведучы за сабою на стальным тросе "Сэн-Мiшэля". Тады, быццам бы гэта было нешта зусiм звычайнае, кiнуў:

– Гранмэзон памёр.

– Га?.. Што вы сказалi?..

Раймон схапiў яго за руку i лiхаманкава сцiснуў яе.

– Ён?..

– Налажыў на сябе рукi. Гадзiну таму назад, у сябе дома.

– Ён усё расказаў?

– Не! Хадзiў туды-назад па гасцёўнi хвiлiн пятнаццаць, пасля стрэлiў. Вось i ўсё!..

Яны зрабiлi яшчэ некалькi крокаў. Удалечынi, на сценах шлюза, стаялi, назiраючы за выратавальнымi работамi, людзi.

– Цяпер вы можаце сказаць мне ўсю праўду, Раймон Гранмэзон... Зрэшты, я ўжо ведаю яе ў сама агульных рысах... Вы хацелi забраць з сабою вашага сына?

Нi слова адказу.

– Сярод людзей, у якiх вы прасiлi дапамогi, быў i капiтан Жарыс... Але, на жаль...

– Змоўкнiце! Калi б вы ведалi...

– Хадземце сюды. Тут меней народу...

Дарога вяла да пустыннага берага, на якi накатвалiся хвалi.

– Вы праўда ўцяклi некалi з касай?

– Гэта Элен вам сказала?..

Ягоны голас стаў з'едлiвы.

– Ну вядома!.. Эрнэст расказаў ёй усё па-свойму... Што ж, я не сцвярджаю, што быў святы... Наадварот!.. Жыў, як кажуць, весела... I адзiн час захапляўся гульнёю... Выйграваў, прайграваў... Праўда, аднаго разу я скарыстаўся грашыма кампанii, i кузен гэта прыкмецiў... Я абяцаў вярнуць паступова ўсе грошы i ўмольваў яго не даводзiць справу да скандалу... Ён усур'ёз сабраўся звярнуцца ў суд i згадзiўся толькi пры адной умове: каб я паехаў за мяжу i нiколi болей не вяртаўся ў Францыю!.. Цяпер вы разумееце? Ён хацеў, каб Элен стала яго жонкаю! I ён гэтага дабiўся!

Горка ўсмiхнуўшыся, Раймон нейкi час маўчаў, пасля пачаў зноў:

– Звычайна людзi адпраўляюцца на поўдзень або ўсход... А мне падабалася поўнач, i я пасялiўся ў Нарвегii... З радзiмы я нiякiх навiн не меў... Лiсты, якiя я пiсаў Элен, заставалiся без адказу, а ўчора я даведаўся, што яны нiколi да яе не даходзiлi... Я пiсаў i кузену таксама, але адказу нi разу не атрымаў... Не, я не збiраюся здацца вам лепшым, чым я ёсць на самай справе, або разжалiць вас гiсторыяй няшчаснага кахання. Спачатку я не думаў пра гэта шмат... Вы ўбачыце, што я кажу вам абсалютную праўду!.. Я працаваў... Былi ўсякiя цяжкасцi, пра iх трэба было думаць... Хiба што вечарамi на мяне находзiла настальгiя... Здаралiся i непрыемнасцi... У кампанii, якую я арганiзаваў, справы iшлi няважна... Гэтак i праходзiў год за годам, то лепш, то горш, у чужой краiне... Там я змянiў прозвiшча... Каб лепш было працаваць, прыняў нарвежскае падданства... Калi-нiкалi ў гасцях у мяне бывалi афiцэры з французскiх суднаў, вось ад iх я i даведаўся, што ў мяне ёсць сын... Я сумняваўся, але параўнаў даты – i зразумеў, што гэта праўда!.. Напiсаў у роспачы Эрнэсту... Умольваў дазволiць вярнуцца ў Францыю, хоць на некалькi дзён... Ён адказаў тэлеграмаю: "Арышт пры перасячэннi мяжы". Iшоў час. Я стаў апантана рабiць грошы... Гэта нецiкава расказваць... Толькi вось у душы ўсё роўна як пустэча была... У Трамсё – тры месяцы палярная ноч... I тады настальгiя па радзiме проста з'ядала мяне... Каб падмануць самога сябе, я паставiў мэту: стаць такiм жа багатым, як i стрыечны брат. I вось я дайшоў гэтай мэты. Разбагацеў на трасковай iкры. Але адчуў сябе сама няшчасным чалавекам на свеце... Тады я раптам вярнуўся ў Францыю. Вырашыў дзейнiчаць... Але, праз пятнаццаць гадоў!.. Бадзяўся тут... бачыў сына на пляжы... Элен, здалёк... Нiяк не разумею, як я мог дагэтуль жыць без сына... Цi разумееце вы гэта?.. Купiў судна... Калi б я дзейнiчаў адкрыта, Эрнэст не задумваючыся засадзiў бы мяне ў турму... У яго заставалiся доказы!.. Вы бачылi маiх маракоў – добрыя людзi, нягледзячы на iх выгляд... Разлiчылi ўсё... У той вечар Эрнэст быў дома адзiн з хлопчыкам... Для большай надзейнасцi, каб выкарыстаць усе шанцы, я папрасiў дапамогi ў капiтана Жарыса, з якiм пазнаёмiўся ў Нарвегii, калi ён яшчэ плаваў... Капiтан ведаў Эрнэста, i мы дамовiлiся, што ён наведае яго, прыдумаўшы якую-небудзь прычыну, а пакуль яны будуць гаварыць, Вялiкi Луi паможа мне выкрасцi сына... Але скончылася ўсё гэта драмаю... Жарыс гаварыў з Эрнэстам у кабiнеце... Мы ўвайшлi праз заднiя дзверы, але, як назло, я зачапiў у калiдоры швабру, што стаяла каля сцяны... Швабра ўпала... Эрнэст пачуў шум. Ён вырашыў, што яго хочуць абрабаваць, i выхапiў з сакрэтнiка рэвальвер... Што было далей?.. Цяжка i расказаць... Нейкае насланнё... Жарыс выскачыў у калiдор услед за Эрнэстам... Святла там не было... Стрэл... I трэба ж было так здарыцца, што куля трапiла ў Жарыса!.. Я ледзь не звар'яцеў з адчаю... Баяўся скандалу, асаблiва перажываў за Элен... Ну хiба ж мог я расказаць усю гэтую гiсторыю палiцыi?.. Разам з Вялiкiм Луi я перанёс Жарыса на борт "Сэн-Мiшэля"... Капiтану была неабходная медыцынская дапамога... Мы пайшлi ў Ангельшчыну, куды дабралiся праз некалькi гадзiн... Але без пашпартоў нас на бераг не пускалi... Палiцыя была пiльная: строгi кантроль па ўсiм узбярэжжы... Калiсьцi я займаўся трохi медыцынай... Зрабiў сёе-тое, каб памагчы Жарысу, але гэтага было мала... Тады ўзялi курс на Галандыю... Там раненага трэпанавалi, але не маглi трымаць яго больш у клiнiцы, не паведамiўшы ўладам... Жахлiвае падарожжа!.. Вы ўяўляеце нас на борце судна з чалавекам, якi памiрае?.. Трэба было сама меней месяц лячыць чалавека, даглядаць яго... Я хацеў быў весцi шхуну ў Нарвегiю. Але рабiць гэта не прыйшлося, бо выпадак звёў нас з капiтанам аднаго судна, якое iшло на Лафатэнскiя астравы... Я ўзяў Жарыса з сабою на борт... На моры мы былi ў большай небяспецы, чым на сушы... У маiм доме ён правёў восем сутак. Але суседзi зацiкавiлiся таямнiчым госцем... Трэба было зноў некуды рушыць... Капенгаген... Гамбург... Жарыс адчуваў сябе лепш... Рана зацягнулася, але ён страцiў пры гэтым i памяць, i здольнасць гаварыць... Ну што я мог зрабiць, скажыце?.. Мне здавалася, што дома, у прывычнай атмасферы, ён ачуняе хутчэй, чым бадзяючыся па свеце... Я вырашыў хоць бы забяспечыць яго матэрыяльна i паслаў на яго iмя ў банк трыста тысяч франкаў... Але як памагчы яму дабрацца дадому?.. Вярнуцца сюды з iм я сам не мог, бо вельмi многiм рызыкаваў бы... А калi пераправiць яго ў Парыж, падумалася мне, дык ён абавязкова трапiць у палiцыю, дзе яго ўрэшце апазнаюць i завязуць дамоў... Так i здарылася... Толькi аднаго я не мог прадугледзець: што стрыечны брат, якi дрыжаў ад страху пры адной думцы пра тое, што Жарыс можа яго выдаць, гнюсна атруцiць капiтана... Гэта ж ён падсыпаў стрыхнiн у шклянку з вадою... Дастаткова было ўвайсцi ў дом з чорнага ўвахода, па дарозе на паляванне...

– I прадоўжылi барацьбу? – паволi сказаў Мэгрэ.

– Iнакш я i не мог! Я хацеў, каб мой сын быў са мною! Толькi Эрнэст наглядаў за iм пiльна. Хлопчык вярнуўся ў свой калеж, адкуль мне б яго не аддалi...

Мэгрэ ведаў усё гэта. Але цяпер ён лепш разумеў тую нябачную барацьбу, якая пачалася памiж стрыечнымi братамi.

Барацьбу не толькi памiж iмi двума, але i супраць яго, Мэгрэ!

Нельга было дапусцiць, каб у гэтую гiсторыю ўмяшалася палiцыя! Нi адзiн, нi другi не мог сказаць праўду!

– Я прыйшоў сюды на "Сэн-Мiшэлi"...

– Ведаю! I вы паслалi Вялiкага Луi да мэра...

Раймон мiжволi ўсмiхнуўся – камiсар расказваў за яго.

– Раз'юшаны Луi спагнаў на iм усю сваю злосць за ўсё тое, што яму прыйшлося зведаць у жыццi... I ён мог лупцаваць мэра, не баючыся, што той паклiча на дапамогу... Вось i адвёў душу!..Урэшце ён вымусiў яго напiсаць лiст, у якiм дазваляў вам забраць хлопчыка з калежа...

– Але... Я хаваўся за вiлаю, а ваш калега вiсеў у мяне лiтаральна на пятах... Вялiкi Луi пакiнуў лiст у дамоўленым месцы, а я перахiтрыў вашага памочнiка... Узяў ровар... У Кане купiў машыну... Трэба было спяшацца... Пакуль я ехаў забiраць сына, Луi заставаўся ў мэра, каб не даць яму адмянiць якiм-небудзь чынам тое, што ён напiсаў у лiсце... Дарэмна, бо Эрнэст паспеў ужо выправiць па дзiця Элен... Вы загадалi затрымаць мяне... Барацьба скончылася... Яе немагчыма было працягваць: вы ж так упарта iмкнулiся дакапацца да праўды... Заставалася толькi ўцячы... Калi б мы засталiся, вы б непазбежна ўсё разгадалi... Адсюль i падзеi апошняй ночы... Але няўдачы не адставалi ад нас... Шхуна села на мель... Мы з вялiкай цяжкасцю дабралiся да берага, а я згубiў пры гэтым на наша няшчасце кашалёк... Без грошай!.. I жандары на хвасце!.. Заставалася адно: тэлефанаваць Элен i прасiць у яе некалькi тысяч франкаў, каб мы маглi дабрацца ўчацвярых да мяжы... У Нарвегii я мог бы аплацiць сябрам усё, што яны страцiлi праз мяне... Элен прыехала адразу ж... Але i вы таксама! Вы ўвесь час паўставалi на нашай дарозе. Упарта дамагалiся разгадаць праўду, а мы вам нiчога не маглi сказаць. Не мог жа я крыкнуць вам, што праз вас могуць здарыцца новыя няшчасцi!..

Раптам у вачах у яго прамiльгнула трывога. Перамянiўшы голас, ён спытаў:

– Скажыце, Эрнэст напраўду скончыў жыццё самагубствам?

А што, калi яго падманулi, каб прымусiць гаварыць?

– Калi зразумеў, што праўды не схаваць... А ўцямiў ён гэта, калi я арыштаваў вас... Ён здагадаўся, што я пайшоў на арышт толькi дзеля таго, каб даць яму час падумаць...

Дайшоўшы да пiрса, яны спынiлiся. Перад iмi паволi праходзiў "Сэн-Мiшэль". З гордасцю круцячы штурвалам, шхуну вёў нейкi стары рыбак.

Тут нехта падбег да натоўпу на пiрсе, адштурхнуў аднаго, другога i ўскочыў на палубу шхуны.

Вялiкi Луi!

Ён уцёк ад жандараў, сарваў кайданкi! Адштурхнуўшы рыбака, Луi схапiў руль у свае рукi.

– Цiшэй, няхай на вас!.. Шхуну загубiце! – з усяе сiлы крыкнуў ён матросам з буксiра.

– А астатнiя двое? – спытаўся Мэгрэ ў Раймона.

– Сёння ранiцай вы былi за метр ад iх. Яны абодва схавалiся ў пунi ў старой сялянкi...

Люка, прадзiраючыся праз натоўп, наблiжаўся да Мэгрэ. На твары ў яго было здзiўленне: не чакаў ён убачыць тут побач з камiсарам Марцiно.

– Вы ведаеце, мы iх узялi!..

– Каго?

– Ланэка i Сэлестэна...

– Яны тут?

– Жандары з Дзiў толькi што даставiлi.

– Ну, дык скажы, каб iх выпусцiлi. I няхай абодва iдуць у порт...

Насупраць iх бачны быў дом капiтана Жарыса i сад, у якiм у начную буру зляцелi з ружаў апошнiя пялёсткi. За фiранкаю – постаць Жулi. Убачыўшы на палубе брата, яна не паверыла вачам.

Каля шлюза партавiкi сабралiся вакол капiтана Дэлькура.

– Ну i намучыўся ж я праз iх цьмяныя адказы! – уздыхнуў Мэгрэ, кiўнуўшы на маракоў.

Раймон усмiхнуўся:

– Гэта ж маракi!

– Я ўжо ведаю, што гэта за людзi. Не любяць яны, калi сухапутныя тыпы, як я, лезуць у iх справы!

Пальцам ён умiнаў тытунь у сваёй люльцы. Запалiўшы, спытаўся:

– Што iм сказаць?..

Эрнэст Гранмэзон быў мёртвы. Цi трэба казаць гэтым людзям, што забойца ён?

– Можна было б, – пачаў быў Раймон...

– Не ведаю! Скажу, вiдаць, што нейкая даўняя гiсторыя. Адзiн замежны марак адпомсцiў i ўцёк...

Маракi з буксiра паволi iшлi ў шынок i знакамi клiкалi шлюзаўшчыкоў.

А Вялiкi Луi iмклiва крочыў то ўзад, то ўперад па шхуне, абмацваючы ўсё, што траплялася пад руку, – гледзячы на яго, камiсар мiжволi прыгадаў сабаку, якi, вярнуўшыся дадому, радасны, хоча пераканацца, што ўсё на месцы i не змянiлася...

– Гэй! – крыкнуў яму Мэгрэ.

Матрос аж падскочыў. Але падысцi да камiсара цi пакiнуць шхуну ён не рашаўся. А калi ўбачыў раптам, што Раймон на волi, здзiвiўся не менш за Люка:

– Як гэта?..

– Калi "Сэн-Мiшэль" зможа выйсцi ў мора?

– Хоць зараз! Усё ў поўным парадку! Цуд, а не судна, клянуся!..

Луi дапытлiва глядзеў на Раймона. Той вымавiў:

– У такiм выпадку прагуляйся на шхуне з Ланэкам i Сэлестэнам...

– Яны тут?

– Зараз прыйдуць... Некалькi тыдняў марской прагулкi... Далей адсюль... Каб пра "Сэн-Мiшэль" тут ужо болей не гаварылi...

– Я мог бы прыхапiць з сабою i сястру – займалася б кухняю... Ведаеце, Жулi не з палахлiвых...

I ўсё ж такi яму было няёмка перад Мэгрэ. Перад вачыма стаялi падзеi апошняй ночы. I ён яшчэ не ведаў, цi можна ўсмiхнуцца, маючы iх на ўвазе.

– Вы хоць не прастудзiлiся?

Яны стаялi на краi шлюза, i Мэгрэ адным штуршком адправiў матроса ў ваду.

– Здаецца, мой цягнiк адыходзiць у шэсць, – сказаў пасля камiсар. Аднак ён не рашаўся пайсцi. Глядзеў вакол сябе з сумам: гэты маленькi порт стаў яму дарагi. Усё ж такi цяпер яму былi знаёмыя ўсе яго закуткi... I ў якое толькi надвор'е не давялося яму пабываць цi не ў кожным з iх: i пад слабым яшчэ ранiшнiм сонцам, i ў буру, i ў дождж, i ў непраглядны туман...

– Вы едзеце ў Кан? – спытаўся Мэгрэ ў Раймона, якi ўсё яшчэ стаяў каля яго.

– Не адразу. Думаю, так будзе лепш... Трэба, каб прайшоў нейкi час...

– Час, – скончыў за яго Мэгрэ.

Калi праз чвэрць гадзiны вярнуўся Люка i спытаў, дзе Мэгрэ, яму паказалi на "Марацкi прытулак", дзе ўжо гарэла святло.

Праз запацелыя вокны шынка iнспектар угледзеўся ў камiсара...

Той сядзеў, ёмка ўладкаваўшыся на саламяным крэсле, з люлькаю ў зубах i кухлем пiва ў руках, i слухаў розныя гiсторыi, якiя расказвалi вакол яго людзi ў марскiх фуражках i гумавых ботах...

У цягнiку, гадзiн каля дзесяцi вечара, Мэгрэ ўздыхнуў.

– Мусiць, сядзяць цяпер усе трое ў кубрыку ў цяпле...

– У якiм кубрыку? – спытаўся Люка.

– На "Сэн-Мiшэлi"... На зрэзаным стале – лямпа, цяжкiя шклянкi i бутэлька галандскага джыну... Печ патрэсквае... Дай мне запалкi!..


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю