Текст книги "Порт у тумане (на белорусском языке)"
Автор книги: Жорж Сименон
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 8 страниц)
– Да вечара справа будзе скончана! – вымавiў ён нарэшце, быццам сам сабе.
Мэр па-ранейшаму спрабаваў iгнараваць камiсара. Узяўшы газету, якая ляжала побач, стаў рабiць выгляд, што чытае.
– Можа, вам прыйдзецца з'ездзiць з намi, скажам, у Кан.
– У Кан?
Гранмэзон узняў галаву i нахмурыўся.
– Але, у Кан! Варта было б сказаць вам пра гэта раней, тады б панi Гранмэзон не трэба было ехаць сюды.
– Не разумею, якое дачыненне можа мець мая жонка...
– Да гэтай гiсторыi? – скончыў Мэгрэ. – I я таксама не разумею!
Камiсар прайшоў да пiсьмовага стала, на якiм ляжалi запалкi, зноў распалiў люльку.
– Зрэшты, гэта няважна, – сказаў ён ужо больш спакойна, – бо хутка ўсё высветлiцца... Дарэчы, ведаеце, хто цяпер уладальнiк "Сэн-Мiшэля", якога збiраюцца зняць з мелi?.. Вялiкi Луi!.. Дакладней, мусiць, не ўладальнiк, а падстаўная асоба, якая дзейнiчае ў iнтарэсах Марцiно...
Мэр стараўся ўгадаць, у якiм кiрунку працуе камiсарава думка. Але пытанняў не задаваў i ўвогуле размовы не падтрымлiваў.
– Зараз вы зразумееце сувязь. Вялiкi Луi купляе "Сэн-Мiшэль" гэтаму самаму Марцiно за пяць дзён да знiкнення Жарыса... Гэта адзiнае судна, якое пакiнула Вiстрэам адразу ж пасля гэтай падзеi. Яно заходзiць у Ангельшчыну i Галандыю. I ў мяне ёсць факты, якiя дазваляюць мне сцвярджаць, што да таго як апынуцца ў Парыжы, капiтан Жарыс пабываў у Нарвегii... А Марцiно ж – нарвежац...
Мэр уважлiва слухаў.
– Гэта не ўсё. Марцiно вяртаецца ў Фекан, каб сесцi на "Сэн-Мiшэль". Вялiкi Луi, яго давераная асоба, знаходзiцца тут за некалькi гадзiн да смерцi Жарыса. Крыху пазней прыходзiць "Сэн-Мiшэль" з Марцiно на борце... А сёння ноччу гэты самы Марцiно спрабуе ўцячы разам з большасцю тых, каго я прасiў застацца тут у маiм распараджэннi... Толькi вас i знайшоў на месцы!
Мэр маўчаў. Толькi ўздыхнуў.
– Застаецца высветлiць, навошта Марцiно вярнуўся ў Вiстрэам, чаму спрабаваў дабрацца да Парыжа, а таксама чаму вы загадалi па тэлефоне жонцы тэрмiнова ехаць назад.
– Спадзяюся, вы не намякаеце на тое, што...
– Я? Ну што вы? Чуеце? Шум матора. Iду ў заклад, што гэта прыехала з Кана панi Гранмэзон. Магу я папрасiць вас нiчога ёй не казаць? Будзьце ласкавы.
Званок. Крокi служанкi ў калiдоры. Адгалоскi прыцiшанай размовы, потым служанчын твар у прыадчыненых дзвярах. Але чаму яна маўчыць? Чаму так трывожна паглядвае на гаспадара?
– Ну, што яшчэ? – з нецярпеннем спытаўся мэр.
– Бачыце...
Мэгрэ адштурхнуў яе, выскачыў у калiдор, у якiм убачыў аднаго толькi шафёра ў лiўрэi.
– Вы згубiлi панi Гранмэзон па дарозе? – спытаўся ён, працiнаючы шафёра вачыма.
– Яна...
– Дзе яна вас пакiнула?
– На развiлку дарог на Кан i Давiль. Яна дрэнна сябе адчувала.
Мэр, якi застаўся ў кабiнеце, узняўся. Ён часта дыхаў, твар у яго стаў яшчэ больш змрочны.
– Пачакайце мяне! – крыкнуў ён шафёру.
Але, сутыкнуўшыся з Мэгрэ, якi заступiў дарогу, спынiўся перад яго магутнай постаццю.
– Мяркую, вы згодзiцеся, што...
– Поўнасцю згодзен. Мы павiнны ехаць туды.
ХII. НЯСКОНЧАНЫ ЛIСТ
Машына спынiлася на развiлцы. Дамоў тут не было, i шафёр азiрнуўся, каб атрымаць новае распараджэнне. З таго моманту, як яны выехалi з Вiстрэама, Гранмэзон здаваўся iншым чалавекам.
На вiле ён кантраляваў сябе i думаў пра сваю годнасць нават у сама складаных для яго сiтуацыях.
Зусiм не тое было цяпер! Пэўна, яго ахапiла панiка. I гэта было тым больш адчувальна, што твар у яго ад пабояў лiтаральна ссiнеў. Позiрк быў неспакойны.
Калi машына спынiлася, ён дапытлiва зiрнуў на Мэгрэ, i камiсар, успомнiўшы, як яшчэ ўчора вечарам расказваў яму мэр пра сваё расследаванне, не вытрымаў.
– Што будзем рабiць? – спытаўся ён, тоячы ўсмешку.
Нi на дарозе, нi ў навакольных садах не было нi душы. Вядома, панi Гранмэзон выйшла з машыны не для таго, каб пасядзець на абочыне. Калi яна, дабраўшыся да гэтае мясцiны, адаслала шафёра – значыцца, у яе была прызначана тут сустрэча цi яна прыкмецiла чалавека, з якiм хацела пагаманiць без сведкаў.
Лiсце на дрэвах было вiльготнае. Зямля патыхала перагноем. Каровы, не перастаючы жаваць, глядзелi нерухомымi вачыма на машыну.
А мэр усё ўзiраўся ў сады, бы хацеў працяць iх поглядам, так спадзяваўся ўбачыць жонку за якiм-небудзь плотам цi дрэвам.
– Глядзiце! – сказаў Мэгрэ, нiбы дапамагаючы нявопытнаму памочнiку.
На дарозе ў Дзiў вiднелiся сляды шынаў. Вiдаць было, што тут спынялася нейкая машына, якая з цяжкасцю развярнулася на вузкай дарозе i паехала назад.
– Стары грузавiчок... Паехалi, шафёр!
Ад'ехалi недалёка. Задоўга да ўезду ў Дзiў сляды абрывалiся каля камянiстай сцежкi. Гранмэзон, па-ранейшаму насцярожаны, глядзеў вакол сябе з трывогаю, на Мэгрэ – з нянавiсцю.
– Што там, як вы думаеце?
– Вёсачка, метраў пяцьсот.
– У такiм выпадку машыну лепш пакiнуць тут.
Камiсар быў настолькi стомлены, што выглядаў абыякавым да ўсяго. Ён ледзь не спаў на хаду. Здавалася, заставаўся яшчэ на нагах толькi па iнерцыi. Убачыўшы, як яны iдуць па дарозе, кожны падумаў бы, што камандуе тут мэр, а Мэгрэ пакорлiва сунецца за iм, як i належыць падначаленаму.
Прайшлi мiма дома, вакол яго корпалiся куры. Гаспадыня здзiўлена глянула на незнаёмых. Мiнулi невялiкую цэркаўку, няшмат большую за звычайнае сялянскае жытло. Злева ад яе была тытунёвая крама.
– Вы дазволiце? – сказаў Мэгрэ, паказваючы пусты капшук.
Ён увайшоў у краму, дзе прадавалiся таксама бакалейныя тавары i розныя прадметы хатняга ўжытку. З пакоя са скляпенiстай столлю выйшаў стары, паклiкаў дачку, i тая прадала камiсару тытуню. Пакуль дзверы заставалiся адчыненыя, камiсар паспеў убачыць на сцяне тэлефон.
– У колькi гадзiн мой сябар прыходзiў званiць сёння ранiцай?
– Ды болей чым гадзiну назад, – адразу ж адказала жанчына.
– Значыцца, i панi прыехала?
– Прыехала! Нават да нас заходзiла, дарогi пыталася... Вам няцяжка будзе знайсцi, дзе тут яны спынiлiся... Па гэтай самай вулiцы – апошнi дом справа...
Мэгрэ выйшаў у поўным спакоi. А Гранмэзон стаяў перад царквою, пазiраючы вакол сябе з такiм выглядам, што проста не мог не выклiкаць у вяскоўцаў падазрэння.
– Я падумаў, – цiха сказаў Мэгрэ, – давайце падзелiмся... Вы будзеце шукаць злева, там, дзе поле, а я справа...
Камiсар прыкмецiў у вачах у спадарожнiка радасны бляск. Мэр разлiчваў першы знайсцi жонку i пагаварыць з ёю сам-насам. Але, радуючыся, трымаў сябе ў руках.
– Добра, – адказаў ён, напусцiўшы на сябе абыякавасць.
* * *
У вёсцы было дамоў дваццаць, не болей. У некаторых мясцiнах, прыцiснуўшыся адзiн да аднаго, хаты збiралiся ў нешта накшталт вулкi, якая, праўда, была завалена купкамi гною. Усё яшчэ iшоў дождж, такi дробненькi, што можна было сказаць, гэта сыпаўся з неба нейкi вадзяны пыл. На вулiцы нiкога не было. Аднак фiранкi на вокнах варушылiся. За iмi ў хатнiм паўзмроку ўгадвалiся зморшчаныя твары старых жанчын.
На самым краi вёсачкi, акурат каля агароджы вакол лугу, пасвiлiся два канi. Мэгрэ ўбачыў невялiчкую хацiну, дах якой прыкметна пакасiўся. Камiсар азiрнуўся i, пачуўшы мэравы крокi на другiм канцы вёсачкi, не стаў стукацца ў дзверы.
Увайшоўшы ў хату, ён пачуў нейкi шоргат. Было зусiм цёмна, у печы ледзь гарэла. Перад вачыма вырасла нейкая згорбленая старая ў белым каўпаку.
– Хто там? – спыталася яна, тупаючы насустрач камiсару.
Было горача. Пахла саломаю, капустаю, седалам. Вакол дроў, складзеных у куце, нешта дзяўблi кураняты.
Мэгрэ, якi амаль даставаў галавою да столi, убачыў дзверы ў глыбiнi памяшкання i зразумеў, што дзейнiчаць трэба хутка. Не кажучы нi слова, падышоў да гэтых дзвярэй i адчынiў iх. Панi Гранмэзон была там. Седзячы за сталом, яна нешта пiсала. Побач з ёю стаяў Жан Марцiно.
Убачыўшы камiсара, яны разгубiлiся. Жанчына ўзнялася з саламянага крэсла, а Марцiно адразу ж схапiў i змяў аркуш паперы. Абое iнстынктыўна наблiзiлiся адно да аднаго.
У хацiне былi толькi два пакоi. Другi быў спальняю старой. На яго сценах, пабеленых вапнаю, вiселi два партрэты i танныя лубкi ў чорных з пазалотаю рамках. Высокi ложак i стол, за якiм пiсала панi Гранмэзон. Вiдно было, што з яго толькi што знялi тазiк, якi стаяў цяпер на падлозе.
– Праз некалькi хвiлiн ваш муж будзе тут! – пачаў Мэгрэ.
Марцiно з нянавiсцю кiнуў:
– I гэта вы прывялi яго сюды?
– Маўчы, Раймон, – спынiла панi Гранмэзон.
Яна была з iм на "ты" i называла яго не Жан, а Раймон.
Адзначыўшы сам сабе гэтыя дэталi, Мэгрэ падышоў да дзвярэй, прыслухаўся i вярнуўся да стала.
– Будзьце ласкавы, перадайце мне лiст, якi вы пачалi пiсаць.
Раймон-Марцiно i панi Гранмэзон пераглянулiся. Жанчына была стомленая i бледная. Мэгрэ ўжо бачыў яе аднойчы, але тады яна выконвала пачэсныя абавязкi гаспадынi багатага дома, якая прымае ў сябе знакамiтых людзей Кана.
Тады ён адзначыў яе бездакорнае выхаванне i завучаную грацыёзнасць, з якой яна ўмела падаць кубак гарбаты або адказаць на камплiмент.
Ён уявiў сабе яе жыццё: хатнiя клопаты ў Кане, вiзiты, выхаванне дзяцей. Штогод два-тры месяцы на водах або ў санаторыях. Умеранае какецтва. Iмкненне не так здавацца прыгожай, як захаваць годнасць.
Бясспрэчна, усё гэта было ў жанчыне, якая стаяла цяпер перад iм. Але праглядвала i штосьцi iншае. Па праўдзе кажучы, яна трымалася больш спакойна i ўпэўнена, чым яе спадарожнiк.
– Аддай яму лiст, – сказала яна, калi ён сабраўся разарваць скамячаны аркуш.
Напiсана было ўсяго толькi некалькi слоў:
"Пан дырэктар, маю гонар прасiць вас..."
Буйны почырк з нахiлам – тыповы для жанчын, якiя выхоўвалiся ў пансiёнах пачатку стагоддзя.
– Сёння ранiцай вам двойчы званiлi, праўда?.. Адзiн раз – ваш муж... Цi, дакладней, вы яму самi паведамiлi, што едзеце ў Вiстрэам. Потым званiў пан Марцiно: прасiў вас прыехаць сюды. Ён паслаў па вас на развiлак грузавiчок.
На стале за чарнiлiцаю ляжаў нейкi пачак, якi Мэгрэ не адразу прыкмецiў, стос банкнотаў па тысячы франкаў.
Марцiно злавiў камiсараў позiрк. Хаваць грошы было позна. Надламаны стомаю, што агарнула яго, апусцiўся на край ложка i ўтаропiўся абыякавымi вачыма ў падлогу.
– Гэта вы прывезлi яму грошы?
I зноў маўчанне, у каторы ўжо раз у гэтым следстве! Маўчала Жулi. Не сказалi нi слова ў адказ Гранмэзон i Вялiкi Луi на мэравай вiле, калi камiсар заспеў матроса якраз у той самы момант, як ён лупцаваў гаспадара. Нi ў чым не адкрылiся мiнулай ноччу i сябры экiпажа "Сэн-Мiшэля".
Ну i ўпартасць! Нiводнага слова, якое б дапамагло хоць што-небудзь прасвятлiць!
– Мяркую, вы збiралiся адрасаваць гэты лiст дырэктару калежа "Станiслаў"? Ваш сын вучыцца там, i пiсьмо, напэўна, датычыць яго... А грошы... Ну вядома! Спяшаючыся, Марцiно быў вымушаны пакiнуць шхуну, якая села на мель, i дабiрацца да берага плывам... Там ён, як я разумею, i згубiў кашалёк... А вы прывезлi яму грошы, каб...
Раптоўна змянiўшы i тэму i тон, ён спытаўся:
– А астатнiя, Марцiно? Усе цэлыя?
Марцiно нейкi час вагаўся, алё ўрэшце кiўнуў галавою.
– Я не пытаюся ў вас, дзе яны хаваюцца. Ведаю, што гэтага вы не скажаце...
– Праўда.
– Што – "праўда"?
Гэта гучаў голас раз'юшанага мэра – дзверы былi шырока расчыненыя. Яго нельга было пазнаць. Ён проста задыхаўся ад нянавiсцi. Сцiскаў кулакi, гатовы кiнуцца на ворага. Пераводзiў позiрк з жонкi на Марцiно, з Марцiно на стос банкнот, якi ўсё яшчэ ляжаў на стале.
Погляд у яго быў пагрозлiвы, але раз-пораз мiльгалi ў iм не то жах, не то адчуванне краху.
– Што – праўда?.. Што ён сказаў?.. Што ён вам яшчэ наманiў?.. А яна? Яна, якая... якая...
Ён больш не мог гаварыць. Мэгрэ стаяў побач, гатовы ўмяшацца.
– Што – праўда?.. Што тут адбываецца?.. Што за балбатню вы тут развялi?.. I чые гэта грошы?..
Чуваць было, як у суседнiм пакоi старая шоргала нагамi i клiкала з ганка куранят: "Цып-цып-цып-цып!.."
Кукурузныя зярняткi градам сыпалiся на каменныя прыступкi ганка. Старая адганяла нагою суседскую курыцу:
– Кыш, кыш, пайшла вон, Чарнушка!..
А ў спальнi – нi гуку! Глыбокая цiшыня! Яна прыгнятала, як неба ў гэты дажджлiвы ранак.
Гэтыя трое нечага баялiся... Вядома, баялiся!.. Усе трое!.. I Марцiно, i мэр, i яго жонка!.. I кожны баяўся па-свойму... У кожнага быў свой страх!..
Мэгрэ напусцiў на сябе ўрачысты выгляд i паволi, быццам суддзя, пачаў:
– Пракуратура даручыла мне знайсцi i арыштаваць забойцу капiтана Жарыса, раненага стрэлам з пiсталета ў галаву, а праз месяц атручанага стрыхнiнам у сябе дома. Цi не хоча хто з прысутных заявiць што-небудзь з гэтай нагоды?
Дагэтуль нiхто не заўважыў, што печ у пакоi была няпаленая, – i раптам усе адчулi, як тут было холадна. Кожнае слова гучала гулка, як у царкве. Здавалася, што ўсё яшчэ чуецца: "...атручанага стрыхнiнам..." Асаблiва стаялi ў вушах апошнiя словы: "Цi не хоча хто з прысутных заявiць што-небудзь з гэтай нагоды?"
Марцiно першы апусцiў галаву. Панi Гранмэзон кiнула позiрк на мужа, пасля на нарвежца. Вочы ў яе блiшчалi.
Але нiхто не вымавiў нi слова. Нiхто не мог вытрымаць цяжкага позiрку Мэгрэ.
Дзве хвiлiны... Тры... Чуваць было, як старая падкiдвала ў печ дровы...
Зноў камiсараў голас, наўмысна сухi, без нiякага пачуцця:
– Жан Марцiно, iмем закона вы арыштаваны!
Крык жанчыны. Усёй сваёй iстотаю панi Гранмэзон падалася была да Марцiно i адразу ж страцiла прытомнасць.
Раз'юшаны мэр павярнуўся да сцяны.
А Марцiно, нiбыта скарыўшыся, стомлена ўздыхнуў. I нават не падышоў да жанчыны.
Мэгрэ нахiлiўся над ёю, пашукаў вачыма шклянку вады.
– Воцат ёсць? – спытаўся ён, адчынiўшы дзверы, у старой.
I без таго цяжкае паветра халупы змяшалася з пахам воцату.
Неўзабаве панi Гранмэзон апрытомнела. Узнервавана ўсхлiпнуўшы некалькi разоў, яна спынiла позiрк на нейкiм узоры на дыване.
– Вы можаце iсцi.
Яна слаба кiўнула галавою, паднялася i пайшла да дзвярэй няроўнай паходкаю.
– Прашу вас iсцi за мною, панове! Спадзяюся, гэтым разам я магу разлiчваць на тое, што вы будзеце памяркоўныя?
Разгубленая старая моўчкi глядзела iм услед. I толькi калi ўжо ўсе выйшлi на двор, яна кiнулася да дзвярэй i крыкнула:
– Пан Раймон, вы вернецеся абедаць?
Раймон! Ужо другi раз гучала гэтае iмя. Марцiно адмоўна пакруцiў галавою.
Усе чацвёра пайшлi па вясковай вулiцы. Перад тытунёвай крамай Марцiно спынiўся i сказаў Мэгрэ:
– Выбачайце, але я не ведаю, цi вярнуся яшчэ сюды, i мне не хацелася б пакiдаць за сабою даўгi. Я павiнен заплацiць тут за тэлефон, грог i пачак цыгарэт.
Заплацiў Мэгрэ. Выйшлi з вёскi. У канцы няроўнай дарогi iх чакала машына. Камiсар запрасiў усiх сесцi ў яе i, падумаўшы крыху, сказаў шафёру:
– У Вiстрэам! Але спачатку спынiцеся каля жандармерыi.
Усю дарогу праехалi моўчкi. Па-ранейшаму iшоў дождж, неба было ўсё такое ж шэра-халоднае, вецер спакваля ўзмацняўся i пагойдваў мокрыя дрэвы.
Перад жандармерыяй Мэгрэ папрасiў Марцiно выйсцi з машыны i загадаў начальнiку аддзялення:
– Пасадзiць яго ў камеру... Вы адказваеце за яго. Тут нiчога новага?
– Буксiр прыйшоў. Чакаюць, калi павысiцца ўзровень мора.
Паехалi далей. Мэгрэ трэба было пабываць у порце, i камiсар яшчэ раз спынiў машыну, выйшаў з яе на хвiлiнку.
Быў поўдзень. Шлюзаўшчыкi чакалi на сваiх месцах параход з Кана. Мора падыходзiла ўсё блiжэй да берага, белыя хвалi набiралi ўсё больш моцы.
Справа стаяў вялiкi натоўп. Людзi з цiкаўнасцю разглядвалi буксiр з Трувiля, што стаяў на якары за паўмiлi ад берага. Да "Сэн-Мiшэля", якi з прылiвам ужо напалову выраўняўся, наблiжалася невялiкая шлюпка.
Глянуўшы на машыну, Мэгрэ заўважыў, што мэр таксама назiрае за выратавальнымi работамi. З шынка выйшаў капiтан Дэлькур.
– Атрымаецца? – спытаўся камiсар.
– Думаю, што ўсё будзе нармальна. Вось ужо дзве гадзiны яны вызваляюць шхуну ад баласту. Толькi б швартовы не парвалiся. – Спрабуючы ўгадаць, якi будзе вецер, ён паглядзеў на неба, бы на карту. – Трэба адно зрабiць усё гэта да канца прылiву.
Начальнiк порта заўважыў, што ў машыне сядзяць мэр i яго жонка, пачцiва павiтаў iх, але больш у iх бок не глядзеў.
Падышоў Люка, адвёў камiсара на колькi крокаў ад Дэлькура.
– Узялi Вялiкага Луi.
– Гм!
– Сам папаўся!.. Сёння ранiцай жандары з Дзiў заўважылi сляды на полi... Сляды чалавека, якi iшоў напрасткi, перамахваючы праз агароджы... Сляды вялi да ракi, да мясцiны, дзе адзiн рыбак пакiдае звычайна на беразе лодку... А тут яна была на другiм беразе...
– Жандары перабралiся туды?
– Але... I выйшлi акурат насупраць шхуны. Там, каля дзюнаў, ёсць...
– Развалiны каплiцы!
– Вы ўжо ведаеце?
– Каплiца Божай Мацi Дзюнаў...
– Ну, там яго i накрылi... Ён залез туды i назiраў за выратавальнымi работамi. Калi я прыйшоў, ён упрошваў жандараў не забiраць яго адразу i дазволiць заставацца там, пакуль не выратуюць шхуну... Я дазволiў... Ён у кайданках... Аддае загады: баiцца, што без яго судна загiне... Не хочаце глянуць на яго?
– Не ведаю... Можа, крыху пазней...
Камiсара чакалi ў машыне мэр з жонкаю.
– Думаеце, дакапаемся ўрэшце да праўды? – спытаўся Люка.
I, паколькi Мэгрэ не адказваў, iнспектар дадаў:
– Асабiста я пачынаю думаць, што не. Усе маняць! А тыя, што не маняць, маўчаць, хоць i ведаюць сёе-тое. Можна падумаць, што ў смерцi Жарыса вiнаваты ўвесь гарадок...
Але камiсар адно пацiснуў плячыма i пайшоў да машыны.
– Да сустрачы! – толькi i сказаў на хаду.
У машыне ён вельмi здзiвiў шафёра, загадаўшы:
– Дамоў!
Нiбыта гаворка iшла пра яго ўласны дом, гаспадаром якога быў ён сам.
– Дамоў у Кан?
Па праўдзе кажучы, Мэгрэ яшчэ пра гэта не думаў, але словы шафёра навялi яго на думку.
– Але, у Кан!
Гранмэзон нахмурыўся. Што да яго жонкi, дык тая, здавалася, скарыўшыся, плыла па цячэннi.
* * *
Па дарозе ад гарадскiх варот да вулiцы Дзюфур з Гранмэзонамi павiталiся чалавек пяцьдзесят. Вiдаць, мэраву машыну ведалi ўсе. Вiталiся вельмi пачцiва. Суднаўладальнiк быў падобны на сеньёра, што аб'язджае свае землi.
– Простая фармальнасць! – сказаў Мэгрэ праз зубы, калi машына спынiлася. Выбачайце, што прывёз вас сюды. Але, як я ўжо вам казаў, неабходна, каб сёння вечарам усё было скончана...
Паабапал цiхай вулiцы стаялi прыватныя дамы, якiя цяпер можна ўбачыць толькi ў правiнцыi. Перад домам з пачарнелага каменю ўзвышалася вежа. На агароджы перад уваходам вiсела медная шыльда з надпiсам: "Ангельска-Нармандская навiгацыйная кампанiя".
У двары стаяў указальнiк: "Каса". На дзвярах вiсела яшчэ адна шыльда: "Кантора адчынена з 9 да 16 гадзiн".
Было крыху больш за дванаццаць. Дарога да Кана заняла ўсяго толькi дзесяць хвiлiн. У гэты час большасць служачых абедала, але некаторыя сядзелi яшчэ за сваiмi сталамi. У пакоях было змрочна. Тоўстыя дываны i мэбля ў стылi Луi-Фiлiпа надавалi канторы ўрачысты выгляд.
– Панi, зрабiце ласку, падымiцеся да сябе. Праз нейкi час я, напэўна, папрашу вас знайсцi для мяне колькi хвiлiн.
Першы паверх быў цалкам адведзены пад памяшканнi кампанii. У вялiзным вестыбюлi па баках стаялi свяцiльнi з каванага жалеза. На другi паверх, якi займалi муж i жонка Гранмэзон, вяла мармуровая лесвiца.
Мэр Вiстрэама, пахмурны, злосны, чакаў, што скажа яму Мэгрэ.
– Што вы яшчэ хочаце ведаць? – цiха спытаў ён i, падняўшы каўнер палiто, насунуў капялюш на вочы, каб служачыя не бачылi яго твару, спляжанага кулакамi Вялiкага Луi.
– Нiчога асаблiвага. Я толькi прашу ў вас дазволу пахадзiць тут, падыхаць паветрам дома.
– Я вам патрэбен?
– Не.
– У такiм выпадку дазвольце мне падняцца да панi Гранмэзон.
Пачцiвы тон, з якiм ён гаварыў пра сваю жонку, нiяк не вязаўся з ранiшняй сцэнаю ў халупе ў старой. Мэгрэ пачакаў, пакуль мэр падымецца па лесвiцы. Пасля прайшоў у канец калiдора i пераканаўся, што ў доме быў толькi адзiн выхад. Выйшаў на вулiцу, знайшоў непадалёк палiцэйскага i загадаў яму стаяць каля агароджы.
– Зразумелi? Выпускаць усiх, апроч суднаўладальнiка. Вы яго ведаеце?
– Ну, як не ведаць!.. Але... што ён нарабiў? Такi чалавек!.. Вы знаеце, што ён старшыня гандлёвай палаты?
– Тым лепш!
Кабiнет справа ў вестыбюлi "Генеральны сакратарыят". Мэгрэ пастукаў, адчынiў дзверы, удыхнуў пах цыгары, але нiкога не ўбачыў.
Кабiнет злева: "Дырэктар". Тая ж самавiтая, урачыстая атмасфера, тыя ж цёмна-чырвоныя дываны, шпалеры з пазалотаю, столi з мудрагелiстай лепкаю.
Уражанне такое, што нiхто не асмелiўся б размаўляць тут уголас. Камiсар уявiў сабе перапоўненых годнасцю паноў, у вiзiтках i штанах у палоску, з тоўстымi цыгарамi ў зубах, за дзелавой размоваю.
Самавiтая кампанiя! З традыцыямi, якiя перадаюцца тут, у правiнцыi, праз стагоддзi з пакалення ў пакаленне. "Пан Гранмэзон?.. Яго подпiс надзейны, як золата ў злiтках".
Мэбля ў кабiнеце была ў стылi ампiр, якi больш падыходзiў для галоўнага пакоя кампанii. На сценах – фатаграфii караблёў, статыстычныя таблiцы, каляровыя графiкi.
Мэгрэ хадзiў па кабiнеце, засунуўшы рукi ў кiшэнi, калi ў дзвярах з'явiўся нейкi стары.
– Што гэта такое?! – разгубiўся ён.
– Палiцыя! – кiнуў Мэгрэ такiм сухiм тонам, што збоку можна было падумаць: ён кажа так, любячы кантрасты.
Стары, збянтажаны ўжо дазвання, мала не закалацiўся.
– Не хвалюйцеся. Я расследую справу па даручэннi вашага патрона. Вы ж...
– Галоўны касiр, – спешна пацвердзiў стары.
– Гэта вы служыце ў кампанii вось ужо... вось ужо...
– Сорак два гады. Я пачынаў тут яшчэ пры пане Шарлi.
– Вельмi прыемна. Значыць, гэта ваш кабiнет справа? Па сутнасцi цяпер усё тут трымаецца на вас, праўда? Ва ўсякiм выпадку мне так казалi.
Тут усё ў Мэгрэ iшло як па масле. Дастаткова было ўбачыць дом, пасля гэтага старога слугу, каб здагадацца пра ўсё.
– Гэта ж натуральна, вы не згодны? Калi пан Эрнэст адсутнiчае...
– Пан Эрнэст?
– Пан Гранмэзон. Я ведаў яго, калi ён быў яшчэ зусiм дзiця, вось i называю яго панам Эрнэстам.
Мэгрэ нiбыта мiж iншым увайшоў у канторку старога. Гэта быў сцiплы пакой, адчувалася, што наведнiкаў тут не бывае. Затое стол быў завалены папкамi. Сярод iх ляжалi загорнутыя ў паперу бутэрброды. На спiртоўцы дымiўся маленькi кафейнiк.
– Вы тут i абедаеце, пан... Вось табе i на, забыў раптам ваша iмя...
– Бернардэн... Але ўсе завуць мяне "дзядзька Бернар"... Я жыву адзiн, так што i на абед дамоў хадзiць няма чаго... Вось... А пан Эрнэст запрасiў вас з нагоды дробнага крадзяжу на тым тыднi?.. Трэба было яму мяне папярэдзiць... Усё ўжо ў парадку... Адзiн малады чалавек узяў у касе дзве тысячы франкаў... Але яго дзядзька вярнуў грошы... Малады чалавек даў слова... Вы разумееце?.. У такiм узросце!.. Ды столькi ў нас дрэнных прыкладаў перад вачыма!..
– Мы пра гэта яшчэ пагаворым... Прашу вас, не звяртайце на мяне ўвагi, абедайце... Словам, вы былi даверанай асобай спачатку пана Шарля, а потым ужо яго сына, пана Эрнэста...
– Спачатку я быў касiрам... Тады ў iх яшчэ не было галоўнага касiра... Можна нават сказаць, што гэтую пасаду ўвялi спецыяльна для мяне...
– Пан Эрнэст адзiны сын у пана Шарля?
– Але, адзiны. Была яшчэ дачка, якая выйшла замуж за прамыслоўца з Лiля, але яна памерла пры родах разам з дзiцёнкам...
– А пан Раймон?
Стары здзiўлена ўскiнуў галаву.
– Як? Пан Эрнэст казаў вам?..
"Дзядзька Бернар" адразу ж насцярожыўся.
– Ён не належаў да гэтай сям'i?
– Стрыечны брат. Таксама Гранмэзон... Только спадчыны ён не атрымаў... Яго бацька памёр недзе ў калонiях... Такое ж часта здараецца ва ўсiх сем'ях, праўда?..
– Ва ўсiх сем'ях! – пацвердзiў не маргнуўшы вокам Мэгрэ.
– Бацька пана Эрнэста ўсё роўна як усынавiў яго... Карацей кажучы, знайшоў тут яму месца...
Мэгрэ патрабавалiся факты больш дакладныя, i ён перастаў хiтраваць.
– Хвiлiнку, пан Бернар! Дазвольце, я збяруся з думкамi... Заснавальнiк "Ангельска-Нармандскай кампанii" – пан Шарль Гранмэзон, так?.. У пана Шарля Гранмэзона – адзiны сын, пан Эрнэст, сённяшнi дырэктар кампанii...
– Але...
Стары зноў разгубiўся. Яго бянтэжыў такi дапытлiвы тон.
– Так! У пана Шарля быў брат, якi памёр у калонiях, таксама пакiнуўшы адзiнага сына – Раймона Гранмэзона.
– Але... Я не...
– Чакайце! Ды ешце, прашу вас. Пана Раймона, сiрату без грошай, прымаюць у дом дзядзькi, даюць месца ў кампанii. Якое?
– Гм, – запнуўся стары. – Яго назначылi ў аддзел фрахтавання нейкiм начальнiкам.
– Так! Пан Шарль памiрае i пакiдае спадчыну пану Эрнэсту. Пан Раймон усё яшчэ тут.
– Але.
– I раптам яны сварацца. Хвiлiнку! У момант сваркi пан Эрнэст быў жанаты?
– Не ведаю, цi магу я...
– Я раiў бы вам гаварыць, калi вы не хочаце мець на старасцi гадоў непрыемнасцi з правасуддзем.
– Правасуддзем? Пан Раймон вярнуўся?
– Няважна. Пан Эрнэст быў ужо жанаты?
– Не. Яшчэ не быў.
– Так! Пан Эрнэст – дырэктар кампанii. Яго стрыечны брат – начальнiк аддзела. Што адбываецца пасля?
– Я не думаю, што маю права...
– Я даю вам гэтае права.
– Такое бывае ва ўсякiх сем'ях... Пан Эрнэст быў чалавек сур'ёзны, як яго бацька... Нават у тым узросце, калi яшчэ робяць звычайна глупствы, ён быў такi, як цяпер...
– А пан Раймон?
– Поўная процiлегласць!
– Ну i?..
– Пра гэта ведаю толькi я i сам пан Эрнэст... Былi выяўлены парушэннi ў справаздачнасцi... Сур'ёзныя парушэннi...
– I?..
– Пан Раймон знiк... Iнакш кажучы, замест таго каб аддаць яго ў рукi правасуддзя, пан Эрнэст папрасiў яго выехаць за мяжу...
– У Нарвегiю?
– Не ведаю... Я пра яго больш нiчога не чуў...
– Пан Эрнэст ажанiўся неўзабаве пасля таго?
– Але... Прайшло колькi месяцаў...
Уздоўж сцен цягнулiся палiцы з папкамi непрыемнага зялёнага колеру. Стары клерк еў без усялякага апетыту. Ён быў устрывожаны i злаваўся на сябе, што мiжволi столькi ўжо расказаў.
– Калi гэта здарылася?
– Чакайце... Гэта было ў той год, калi пашыралi канал... Пятнаццаць гадоў таму... Не, крыху меней...
Ужо некалькi хвiлiн над галавою чулiся чыесьцi крокi.
– Гэта ў сталовай? – спытаў Мэгрэ.
– Але...
Раптам крокi сталi больш частыя, пачуўся глухi ўдар, гук цела, якое падала на падлогу.
"Дзядзька Бернар" збялеў, як папера, у якую былi загорнуты яго бутэрброды.
ХIII. ДОМ НАСУПРАЦЬ
Мэр быў мёртвы. Ён ляжаў на дыване. Яго цела здавалася велiзарным: галава – каля ножак стала, ногi – каля акна. Крывi амаль не было. Куля прайшла памiж рэбраў акурат у сэрца.
За некалькi сантыметраў ад Гранмэзона ляжаў рэвальвер, якi выпаў з яго рук.
Панi Гранмэзон не плакала. Яна стаяла, абапiраючыся на масiўны камiн, i глядзела на нябожчыка, быццам не разумела яшчэ, што здарылася.
– Усё! – сказаў Мэгрэ, выпростваючыся.
Пакой был вялiкi i сцiпла абсталяваны. Праз цёмныя шторы на вокнах прабiвалася шызаватае святло.
– Ён гаварыў з вамi?
Яна адмоўна пакруцiла галавою. Пасля з цяжкасцю прашаптала:
– Калi мы вярнулiся, ён усё хадзiў узад i ўперад... Два-тры разы павярнуўся да мяне, i я падумала, што ён збiраецца нешта мне сказаць... А потым раптам стрэлiў, але я нават не бачыла рэвальвера...
Яна гаварыла так, як гавораць вельмi ўсхваляваныя жанчыны, калi iм цяжка сачыць за ходам сваiх думак. Але вочы ў яе заставалiся сухiя.
Было вiдаць, што яна нiколi не кахала Гранмэзона, ва ўсякiм разе сапраўднага кахання памiж iмi не было.
Яна была яго жонкаю i выконвала свой абавязак. Прывычка, сумеснае жыццё ў нейкай меры зблiзiлi iх.
Але нясцерпнага гора, якое звычайна ахапляе людзей у момант смерцi па-сапраўднаму блiзкага чалавека, яна перад целам мёртвага мужа не адчувала.
– Гэта ён? – цiха спыталася яна ў Мэгрэ.
– Ён, – пацвердзiў камiсар.
Запала доўгае маўчанне. Мэгрэ назiраў за панi Гранмэзон. Тая глядзела ў акно. Вочы яе нiбыта нешта шукалi на вулiцы. Твар у яе быў вельмi сумны.
– Дазвольце задаць вам некалькi пытанняў, пакуль нiхто яшчэ не прыйшоў.
Яна згадзiлася.
– Вы ведалi Раймона да знаёмства з мужам?
– Я жыла ў доме насупраць.
Шэры дом, вельмi падобны на гэты. Над дзвярыма – пазалочаны герб натарыуса.
– Я кахала Раймона. I ён кахаў мяне. Эрнэст заляцаўся да мяне, але рабiў гэта зусiм не так, як Раймон.
– Яны – вельмi розныя, праўда?
– Эрнэст ужо тады быў такi, якiм вы яго ведалi. Халодны чалавек без узросту. А ў Раймона была благая рэпутацыя, бо жыццё, якое ён вёў, было для нашага маленькага гарадка дужа бязладнае. З гэтай прычыны, а таксама таму, што ён быў бедны, бацька не згаджаўся на мой шлюб з iм.
Дзiўныя былi гэтыя прызнаннi, якiя яна рабiла каля цела мёртвага мужа. Здавалася, яна падводзiла сумны рахунак свайго жыцця.
– Вы былi каханкай Раймона?
Яна апусцiла павекi.
– I ён паехаў?
– Нiкога не папярэдзiўшы. Ноччу. Мне сказаў пра гэта Эрнэст. Паехаў, узяўшы з сабою нейкую частку грошай з касы кампанii.
– I Эрнэст ажанiўся з вамi? Ваш сын – не яго, праўда?
– Гэта сын Раймона. Уявiце сабе, калi ён паехаў i пакiнуў мяне адну, я ўжо ведала, што стану мацi. А Эрнэст прасiў маёй рукi. Вы толькi паглядзiце на гэтыя дамы, вулiцу, горад, дзе ўсе ведаюць адно аднаго.
– Вы сказалi яму праўду?
– Але. I ўсё ж такi ён ажанiўся са мною. Дзiця нарадзiлася ў Iталii, дзе я правяла амаль год, каб пазбегнуць розных перасудаў. Я лiчыла, што муж паводзiў сябе проста гераiчна.
– А потым?
Яна адвярнулася, бо позiрк яе ўпаў на мужава цела. Уздыхнуўшы, загаварыла зноў:
– Не ведаю. Думаю, ён кахаў мяне па-свойму. Ён хацеў, каб я стала яго жонкаю, – i атрымаў мяне, вы гэта можаце зразумець? Чалавек, няздольны да парыву. Ажанiўшыся, ён жыў, як i раней, для самога сябе. Я была часткай яго дома. Нешта накшталт даверанай асобы ў канторы. Не ведаю, цi паведамлялi яму пасля што-небудзь пра стрыечнага брата, але калi аднаго разу сын убачыў фатаграфiю Раймона i спытаўся, хто гэта, Эрнэст толькi i сказаў:
– Стрыечны брат, якi дрэнна скончыў.
Мэгрэ быў крыху ўсхваляваны: перад яго вачыма прайшло цэлае жыццё. I жыццё не аднаго чалавека, а цэлага дома, сям'i!
I гэтак праляцелi пятнаццаць гадоў! Куплялiся новыя параходы. У гэтым вось пакоi ладзiлiся прыёмы, партыi ў брыдж i абеды, вячэры...
Лета праводзiлi ў Вiстрэаме i ў гарах.
А цяпер панi Гранмэзон адчувала толькi стомленасць. Яна апусцiлася ў крэсла, правяла рукою па твары.
– Не разумею, – прашаптала яна. – Гэты капiтан... Я яго нiколi раней не бачыла. Вы сапраўды думаеце, што?..
Мэгрэ прыслухаўся i пайшоў адчыняць дзверы. За iмi стаяў "дзядзька Бернар". Ён быў устрывожаны, але ўвайсцi ў пакой не асмельваўся. Клерк дапытлiва паглядзеў на камiсара.
– Пан Гранмэзон памёр. Паведамiце гэта яго доктару. А служачым i слугам скажаце крыху пазней.
Мэгрэ зачынiў дзверы, сунуў быў руку ў кiшэню па люльку, але перадумаў палiць.
У яго душы нарадзiлася дзiўнае пачуццё сiмпатыi, павагi да гэтай жанчыны, якая пры першай сустрэчы здалася яму вельмi банальнай iстотай.
– Гэта муж паслаў вас учора ў Парыж?
– Але. Я не ведала, што Раймон у Францыi. Муж мяне проста папрасiў забраць сына з калежа i правесцi з iм колькi дзён на поўднi. Я не разумела, нашто гэта трэба, аднак зрабiла, як ён хацеў. Але толькi я прыехала ў "Лютэцыю", Эрнэст пазванiў мне i сказаў, каб я не iшла ў калеж, а вярталася дамоў.
– А сёння ранiцай вам званiў Раймон?
– Званiў. Прасiў тэрмiнова прывезцi яму крыху грошай. Кляўся, што ад гэтага залежыць наш далейшы спакой.
