Текст книги "Порт у тумане (на белорусском языке)"
Автор книги: Жорж Сименон
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 8 страниц)
Ён хмурыў бровы, з усёй сiлы ўзiраючыся ў мора, нiбыта можна было, напружыўшы волю, разгледзець што-небудзь у гэтай непрагляднай цемрадзi. Двое рабочых ужо збiралiся зачыняць вароты шлюза. Дэлькур крыкнуў iм:
– Пачакайце крыху!
I раптам вымавiў здзiўлена:
– Гэта ён...
У той самы момант метраў за пяцьдзесят ад iх пачуўся голас:
– Гэй, Луi! Стаў фок i падыходзь левым бортам.
Голас даносiўся знiзу, з цёмнай дзiркi, ад пiрсаў. Светлячок наблiжаўся. Цяпер можна было ўжо разгледзець збольшага чалавека на палубе. Зазвiнелi колцы ветразей, якiя са звонам упалi на леер.
Потым мiма Мэгрэ праплыў, як выцягнуць руку, разгорнуты грот-парус.
– Ну i ну! – прабурчаў капiтан. – Злаўчылiся ж!
Павярнуўшыся да паруснiка, Дэлькур крыкнуў:
– Дайце наперад! Носам да левага борта парахода, iнакш не зачынiць вароты...
Нейкi чалавек саскочыў на зямлю са швартовым i, упёршыся рукамi ў бокi, выглядваў нешта ў цемры.
– "Сэн-Мiшэль"? – спытаўся Мэгрэ.
– Ён самы... Яны iшлi з хуткасцю парахода...
Унiзе, на палубе, гарэла толькi адна маленькая лямпачка, якая асвятляла бочку, груду канатаў, чалавека, што бег ад руля да носа шхуны.
Адзiн за адным падыходзiлi шлюзаўшчыкi i, не верачы вачам, глядзелi на судна.
– На месцы, хлопцы!.. Давайце!.. Гэй там, каля дзержакоў!
Калi вароты зачынiлiся, вада пайшла праз засаўкi i судны пачалi падымацца. Слабы агеньчык наблiзiўся яшчэ больш. Палуба была ўжо на ўзроўнi прычала, i чалавек на ёй загаварыў з начальнiкам порта:
– Як справы?
– Нiчога, – адказаў Дэлькур. – Хутка ж вы ўправiлiся!
– Вецер быў спадарожны, i Луi паставiў усе ветразi. Нават абышлi нейкi параход!
– Ты ў Кан iдзеш?
– Але, на разгрузку! Тут нiчога новага?
Мэгрэ стаяў за два крокi ад капiтана "Сэн-Мiшэля", з якiм гаварыў Дэлькур, Вялiкi Луi – крыху далей, але яны амаль не бачылi адзiн аднаго.
Начальнiк порта павярнуўся да камiсара, не ведаючы, што i сказаць.
– Праўда, што Жарыс вярнуўся? Здаецца, пра гэта пiсалi ўжо ў газеце...
– Ён вярнуўся i зноў паехаў...
– Як гэта?
Засунуўшы рукi ў кiшэнi, Вялiкi Луi падышоў крыху блiжэй. Незвычайна высокi i шырокi ў плячах, быў ён нейкi нязграбны, скасабочаны, азызлы. Праўда, у гэтакай цемрадзi ён мог здацца шмат больш непрыгожы целам, чым быў на самой справе.
– Ён памёр...
Цяпер Луi наблiзiўся да Дэлькура ўсутыч.
– Гэта праўда? – выцiснуў ён з сябе.
Толькi цяпер пачуў Мэгрэ ягоны голас. Ён быў нейкi млявы, хрыплы, манатонны. Твар па-ранейшаму быў нябачны.
– У першую ж ноч, як вярнуўся, яго атруцiлi...
Абачлiвы Дэлькур паспяшаўся дадаць – з яўным намерам папярэдзiць:
– Вось камiсар з Парыжа, якому даручана справа.
Дэлькуру стала лягчэй. Ён ужо даўно думаў, як iм пра гэта паведамiць. Можа, ён баяўся якой-небудзь неабачлiвасцi экiпажа "Сэн-Мiшэля"?
– А, гэта пан з палiцыi...
Судна ўсё яшчэ падымалася. Капiтан перамахнуў праз борт на прыстань, не ведаючы, падаваць Мэгрэ руку цi не.
– Ну i ну! – вымавiў ён, думаючы пра Жарыса.
Адчувалася, што ён таксама занепакоены – i яшчэ больш, чым Дэлькур. Велiзарны нязграбны Луi тупаў на месцы. Ён усё роўна як прагаўкаў нешта зусiм неразборлiвае.
– Што ён кажа? – спытаў камiсар.
– Балбоча па-тутэйшаму: "Свалата на свалаце!.."
– Хто – свалата? – спытаўся Мэгрэ ў былога катаржнiка.
Але той толькi паглядзеў яму ў вочы. Цяпер Мэгрэ i Луi стаялi амаль побач. Вiдаць было, што твар у матроса азызлы, адна шчака таўсцейшая або здавалася такой, бо ён трымаў галаву набок. Вочы – вялiкiя, лупатыя.
– Учора вы былi тут, – сказаў яму камiсар.
Шлюзаванне скончылася. Адчынiлiся верхнiя вароты. Параход паплыў па канале, i Дэлькуру прыйшлося бегчы за iм, каб спытаць, якi ў яго танаж i адкуль ён iдзе. З мастка данеслася:
– Дзевяцьсот тон!.. Руан...
Але "Сэн-Мiшэль" са шлюза не выходзiў. Людзi, якiя стаялi на сваiх месцах, гатовыя да манеўру, адчувалi, што адбываецца нешта незвычайнае, i напружана чакалi.
Вярнуўся Дэлькур, занатоўваючы на хаду ў нататнiк атрыманыя звесткi.
– Ну дык як? – нецярплiва спытаўся Мэгрэ ў Луi.
– Што – як? – прабурчаў той. – Вы кажаце, што я быў тут. Ну, значыцца, быў...
Зразумець яго было нялёгка, бо ён неяк дзiўна глытаў словы, гаварыў, не разяўляючы рота, усё адно як жаваў штосьцi. Да таго ж у яго было тыповае тутэйшае вымаўленне.
– Навошта вы прыходзiлi?
– З сястрою пабачыцца...
– А раз яе не было дома, пакiнулi ёй цыдулку.
Мэгрэ ўпотайкi разглядваў капiтана шхуны, якi быў апрануты гэтаксама проста, як i яго матрос. Нiчога асаблiвага ў iм не было. Выдаваў хутчэй на заводскага майстра, чым на капiтана.
– Прастаялi тры днi на рамонце ў Фекане. Вось Луi i скарыстаўся выпадкам, каб праведаць Жулi! – умяшаўся ён.
Людзi, што стаялi вакол шлюза, прыслухоўвалiся, напэўна, да размовы i старалiся не шумець. Удалечынi выла сiрэна. Туман рабiўся ўсё больш вiльготны, i брук пад нагамi аж блiшчаў.
На палубе шхуны адкрыўся люк, высунулася нечыясь галава. Валасы ў чалавека былi раскудлачаныя, твар няголены.
– Ну i што?.. Так i будзем стаяць тут?..
– Заткнiся, Сэлестэн! – рэзка крыкнуў гаспадар шхуны.
Дэлькур прытупваў нагамi – можа, каб сагрэцца, а можа, каб не выдаць сваёй збянтэжанасцi, бо не ведаў, што цяпер рабiць: заставацца тут цi iсцi, куды яму трэба.
– Чаму вы лiчыце, Луi, што Жарысу пагражала небяспека?
– Ну... раз яму рассадзiлi чэрап, – пацiснуў плячыма матрос, – дык няцяжка здагадацца.
Каб размаўляць з iм, патрэбны быў, бадай што, перакладчык, так нялёгка было разабраць яго бурчанне.
Дужа скоўвала няёмкасць, а тут яшчэ ўсё адно як нейкая трывога павiсла ў паветры.
Луi паглядзеў у бок Жарысавага дома, але нiчога не ўбачыў.
– Яна там, Жулi?
– Там... Вы пойдзеце да яе?
Ён пакруцiў галавою, усё роўна як мядзведзь.
– Чаму?
– Раве цяпер, вiдаць, – сказаў ён з агiдаю чалавека, якi цярпець не можа слёз.
Туман гусцеў i гусцеў. Дэлькур не мог ужо больш выносiць гэтага маўчання i тупання на адным месцы.
– Можа, хадзем вып'ем?..
Нейкi рабочы, якi стаяў непадалёк, папярэдзiў:
– Шынок толькi што зачынiлi.
Тады капiтан "Сэн-Мiшэля" прапанаваў:
– Давайце прапусцiм па адной у кубрыку – калi хочаце...
* * *
Яны сядзелi ўчатырох: Мэгрэ, Дэлькур, Вялiкi Луi i капiтан судна Ланэк. Кубрык быў невялiкi. Маленькая печачка ажно палала, i ўсё вакол запацела. Святло падвеснай газнiчкi здавалася чырвоным.
Сцены былi з пакрытых лакам сасновых дошак. Дубовы стол сцёрты i парэзаны нажом, месца жывога на iм не было. На стале – брудныя талеркi, залапаныя шклянкi з тоўстага шкла, паўбутэлькi чырвонага вiна.
Ложкi капiтана i Луi, яго памочнiка, былi незасланыя. На iх валялiся боты i брудная адзежа. Пахла смалою, спiртам, кухняй i спальняй, але ўсё гэта перабiвалi карабельныя пахi, якiя цяжка назваць нейкiм пэўным словам.
У асветленым пакоi людзi ўжо не здавалiся такiмi загадкавымi. У Ланэка былi цёмныя вусы, жывыя, разумныя вочы. Ён ужо дастаў з шафы бутэльку i апалоскваў цяпер шклянкi, вылiваючы ваду на падлогу.
– Здаецца, вы былi тут у ноч на шаснаццатае верасня? – спытаўся Мэгрэ.
Вялiкi Луi сядзеў, ссутулiўшыся i паклаўшы рукi на стол. Налiваючы ў шклянкi, Ланэк адказаў:
– Але, былi.
– Вы рэдка начуеце ў порце? З-за прылiву тут вачэй нельга спускаць са швартовых...
– Бывае такое, – адказаў Ланэк i вокам не маргнуўшы.
– Гэта дае магчымасць выйграць некалькi гадзiн, – уступiў у гамонку Дэлькур, якi, здаецца, узяў на сябе ролю лагодна настроенага пасрэднiка.
– Капiтан Жарыс не падымаўся ў тую ноч да вас на борт?
– Калi шлюзавалiся... А больш не.
– I вы i не бачылi i не чулi нiчога дзiўнага?
– Ваша здароўе!.. Не... нiчога.
– Вы, Луi, ужо спалi?..
– Здаецца, спаў...
– Што вы сказалi?
– Я сказаў, што, здаецца, спаў... I ўжо даўно.
– Вы не заходзiлi да сястры?
– Можа, i заходзiў... Ненадоўга.
– А хiба Жарыс не забаранiў вам прыходзiць у яго дом?
– Пустое!
– Што вы хочаце гэтым сказаць?
– Нiчога... Пустая балбатня – i ўсё... Я вам яшчэ патрэбен?
Нiякiх фактаў супраць яго не было.
– Сёння – не.
Луi сказаў нешта па-брэтонску гаспадару, узняўся, дапiў налiтае i дакрануўся рукою да брыля фуражкi.
– Што ён вам сказаў? – спытаўся камiсар.
– Што я не маю ў iм патрэбы, каб схадзiць у Кан i назад. Я забяру яго па дарозе назад, разгрузiўшыся.
– Куды ён пайшоў?
– Гэтага ён не сказаў.
Дэлькур падышоў да люка, высунуў галаву i прыслухаўся.
– Ён на борце драгi, – сказаў начальнiк порта.
– На борце чаго?
– Вы бачылi дзве драгi, у канале? Яны стаяць на прыколе. Там можна заначаваць. Маракi ахвотней спыняюцца нанач на судне, чым у гатэлi.
– Яшчэ шкляначку? – прапанаваў Ланэк.
Прыплюшчыўшы вочы, Мэгрэ агледзеўся па баках i ўладкаваўся ямчэй на крэсле.
– У якi порт зайшлi вы адразу пасля шаснаццатага верасня, як выйшлi з Вiстрэама?
– У Саўтхэмптан... Мне трэба было выгрузiць там будаўнiчы камень...
– А потым?
– У Булонь.
– А ў Нарвегiю вы не заходзiлi пасля гэтага?
– Я быў там толькi адзiн раз, шэсць гадоў таму...
– Вы добра ведалi Жарыса?..
– Мы тут, вы разумееце, усе няблага знаёмыя... Ад Ля Рашэлi да Ратэрдама... Ваша здароўе! Джын я прывёз якраз адтуль, з Галандыi. Вы цыгары палiце?
Ён дастаў з шуфляды скрыначку з цыгарамi.
– Яны каштуюць там дзесяць цэнтаў... цэлы франк штука!..
Цыгары былi тоўстыя, з залатымi абадкамi.
– Дзiўна! – уздыхнуў Мэгрэ. – Мне сказалi, што Жарыс падымаўся да вас на борт ужо ў порце, разам з нейкiм чалавекам...
Ланэк засяроджана абрэзаў кончык цыгары. Калi ён падняў галаву, твар у яго быў такi ж спакойны, як i да камiсаравай заўвагi.
– Мне не было б сэнсу ўтойваць гэта...
Пачуўся шум – наверсе нехта скочыў на палубу. Над лесвiцай паказалася галава.
– Параход з Гаўра!
Дэлькур ускочыў i ўжо на хаду кiнуў камiсару:
– Трэба падрыхтаваць для яго шлюз... "Сэн-Мiшэль" зараз адправiцца...
– Думаю, што мне можна iсцi далей, – сказаў Ланэк.
– У Кан?
– Ну. Заўтра вечарам закончым, пэўна, разгрузку...
Усе яны здавалiся прастадушнымi. Усе глядзелi адзiн аднаму ў вочы. I ўсё ж такi ва ўсiм адчувалася i нешта фальшывае! Але пачуццё гэтае было настолькi няўлоўнае, што цяжка было сказаць, чаму яно ўзнiкала, ад чаго менавiта патыхала фальшам.
Мiлыя людзi! I Ланэк, i Дэлькур, i Жарыс, i ўсе наведнiкi "Марацкага прытулку" – пра каго з iх можна было сказаць што благое? А хiба Вялiкi Луi не здаваўся ладным марачком?
– Я сам аддам швартоў, Ланэк... Сядзi!
I начальнiк порта пайшоў здымаць трос з кнехта. Стары матрос, якi вылез з будкi, зусiм скалелы i незадаволены, вылаяўшыся, сказаў:
– Вялiкi Луi зноў змыўся!
Ён паставiў ветразi – фок i бом-клiвер, пасля бусаком адштурхнуў шхуну ад прычала. Мэгрэ саскочыў на зямлю ў сама апошнi момант. Цяпер ужо iшоў дождж, якi разагнаў туман. Можна было ўбачыць агнi ў порце, постацi людзей, параход з Гаўра, якi нецярплiва даваў гудкi.
Скрыпелi дзержакi. Вада выцякала са шлюза праз адчыненыя пад'ёмныя засаўкi. Ветразi шхуны перакрывалi перспектыву канала.
Стоячы на мосце, Мэгрэ разгледзеў дзве драгi – жудаснага выгляду збудаваннi з вельмi складанымi контурамi i змрочнымi заржавелымi надбудовамi.
Ён падышоў да iх асцярожна, бо наўкол валялася ўсялякае смецце, старыя канаты, якары, розныя жалязякi. Пасля прайшоў па дошцы, якая служыла сходкамi, i ўбачыў праз шчылiны слабае святло.
– Луi! – паклiкаў ён.
Святло адразу ж пагасла. З люка, якi нiчым не быў прыкрыты, высунуўся Вялiкi Луi i буркнуў:
– Чаго вам?
У той самы час пад iм, у труме драгi, пачуўся шоргат. Потым асцярожна праслiзнуў нейкi цень. Чуваць было, як чалавек на нешта натыкаўся. Разы са тры празвiнела лiставое жалеза перакрыцця.
– Хто тут з табою?
– Са мною?..
Мэгрэ агледзеўся, зрабiў крок убок i ледзь не ўпаў у трум, на дне якога было цi не па каленi гразi.
Несумненна, тут нехта толькi што быў, але цяпер ужо ён далёка адсюль. Скрып даносiўся з другога боку драгi. Мэгрэ ступiў яшчэ крок i ўдарыўся галавою аб велiзарны коўш.
Не маючы нiякага ўяўлення пра тое, што i дзе тут месцiцца, камiсар адчуваў сябе на дразе бы сляпы.
– Маўчыш?
У адказ пачулася нейкае невыразнае мармытанне, якое, пэўна, азначала: "Не разумею, пра што вы будзеце казаць..."
Каб абшукаць у гэтакай цемрадзi абедзве дарогi, спатрэбiўся б добры дзесятак палiцэйскiх, якiя выдатна ведаюць порт. Мэгрэ адступiў. Праз дождж галасы было чуваць здалёк – проста надзiва. Камiсар пачуў, як нехта ў порце сказаў:
– ...якраз папярок фарватэра...
Мэгрэ падышоў да шлюза. Памочнiк капiтана з гаўрскага парахода паказваў нешта Дэлькуру, якi, убачыўшы камiсара, збянтэжыўся.
– Цяжка паверыць, што яны згубiлi яе i не прыкмецiлi гэтага, – сказаў чалавек з парахода.
– Што згубiлi? – спытаўся Мэгрэ.
– Шлюпку.
– Якую шлюпку?
– Тую, на якую мы натыкнулiся ў порце, – адказаў чалавек з парахода. – З паруснiка, што iшоў наперадзе нас. Назва напiсана на карме "Сэн-Мiшэль".
– Можа, яна сама адвязалася, – уставiў Дэлькур, пацiснуўшы плячыма. Бывае i такое.
– Яна не магла адвязацца з той простай прычыны, што ў дрэннае надвор'е шлюпку трымаюць не на вадзе, за кармою, а падымаюць на палубу.
Шлюзаўшчыкi, кожны на сваiм месцы, па-ранейшаму прыслухоўвалiся да размовы.
– Заўтра паглядзiм. Пакiньце лодку тут.
Павярнуўшыся да Мэгрэ, Дэлькур прамармытаў, ненатуральна ўсмiхнуўшыся:
– Бачыце, што за работа ў нас. Вечна што-небудзь здарыцца.
Але камiсар не ўсмiхнуўся ў адказ. Наадварот, ён сама сур'ёзным тонам сказаў:
– Калi заўтра ў сем цi, скажам, восем гадзiн ранiцы мяне тут не будзе, тэлефануйце ў пракуратуру Кана.
– Што?..
– Дабранач! А шлюпка няхай застанецца тут.
Каб збiць iх з панталыку, Мэгрэ пайшоў уздоўж пiрса, засунуўшы рукi ў кiшэнi i ўзняўшы каўнер. Мора шумела каля яго ног – i ўперадзе, i справа, i злева. Паветра, напоўненае пахам ёду, лагодна лашчыла твар.
Дайшоўшы амаль да канца пiрса, ён нахiлiўся i падняў нешта з зямлi.
V. КАПЛIЦА Ў ДЗЮНАХ
На золку, ледзь цягнучы ногi ад стомы, Мэгрэ вярнуўся ў гатэль. Ад сырасцi яго палiто ацяжэла, у горле пяршыла: усю ноч ён палiў люльку за люлькаю. У гатэлi было пуста. Пахадзiўшы, камiсар знайшоў гаспадара на кухнi – той разводзiў агонь.
– Правялi ўсю ноч у порце?
– Але. Прынясiце мне кавы, i, калi ласка, як мага хутчэй. А ванну ў вас можна прыняць?
– Калi толькi катлы распалiць.
– Тады не варта...
Ранiца была шэрая, усё яшчэ стаяў туман, але ўжо празрысты. Пашчыпвала павекi. Чакаючы, калi гаспадар прынясе каву, Мэгрэ падышоў да адчыненага акна.
Дзiўная ноч. Нiчога асаблiвага ён не знайшоў – хiба што адкрыў колькi больш-менш цiкавых дэталяў. Аднак ён усё ж пасунуўся крыху наперад у расследаваннi гэтай драмы, намацаў у ёй новыя звеннi.
Прыбыццё "Сэн-Мiшэля". Паводзiны Ланэка. Нельга, вядома, сказаць, што яны двухсэнсоўныя. Але ж адчувалася ў iх i нейкая няўпэўненасць. Тое самае можна было сказаць i пра Дэлькура. Дый пра ўсiх астатнiх, хто быў тады ў порце!
Напрыклад, наводзяць на падазрэннi паводзiны Вялiкага Луi. Ён не адправiўся на шхуне ў Кан, а пайшоў начаваць у драг. I было ясна, што быў ён там не адзiн.
А крыху пазней стала вядома, што перад тым, як увайсцi ў порт, "Сэн-Мiшэль" згубiў шлюпку. У канцы пiрса быў знойдзены прадмет, дужа незвычайны для гэтага месца: асадка з залатым пяром.
Пiрс быў драўляны i стаяў на палях. У канцы яго, каля зялёнага сiгнальнага агню, у мора спускалася жалезная лесвiца. Там i знайшлi лодку.
Значыць, на "Сэн-Мiшэлi", калi той прыбыў у порт, быў пасажыр, якому важна было, каб у Вiстрэаме яго не заўважалi. Ён прычалiў да берага ў шлюпцы, а потым яна паплыла па цячэннi. На верхнiх прыступках лесвiцы, калi ён нахiлiўся, каб выбрацца на пiрс, з яго кiшэнi выпала асадка з залатым пяром.
Пасажыр схаваўся на адной дразе, куды i прыйшоў да яго потым Луi.
Дакладнасць гэтай лагiчнай пабудовы была амаль матэматычная. Растлумачыць гэтыя факты неяк iнакш было немагчыма.
Выснова: у Вiстрэаме хаваецца незнаёмы. Прыбыў ён сюды не проста так: у яго была пэўная мэта. I быў ён з таго кола людзей, у якiм карыстаюцца асадкамi з залатым пяром!
Гэта не марак! I не просты бадзяга! Раз чалавек меў такую асадку, значыцца, i вопратка ў яго была адпаведная. Такога чалавека ў гэтых мясцiнах назавуць, вядома, панам.
А зiмою ў Вiстрэаме такую асобу не могуць не прыкмецiць. Удзень ён драгу пакiнуць не мог. Тады, можа, ноччу выберацца дзеля справы, якая яго сюды прывяла?..
Не ў лепшым гуморы згадзiўся Мэгрэ з неабходнасцю сачыць гэтай ноччу за драгаю: гэта ж занятак для вышукнiка-пачаткоўца. Гадзiнамi трэба будзе сядзець пад дажджом i напружлiва ўзiрацца ў вычварныя абрысы гэтай драгi.
I прамучыўся ён гэтую ноч марна, нiкога не падпiльнаваў. А на свiтанку злаваўся, што не можа прыняць гарачую ванну. Глядзеў на свой ложак i думаў, цi варта класцiся на колькi гадзiн.
Гаспадар прынёс каву.
– Вы спаць не збiраецеся?
– Пакуль не ведаю. Маглi б вы зрабiць ласку занесцi на пошту тэлеграму?
Гэта быў загад iнспектару Люка, з якiм камiсар звычайна вёў разам справу, прыехаць у Вiстрэам. Мэгрэ не хацелася зноў правесцi ўсю ноч на нагах.
Праз расчыненае акно былi добра бачныя порт, Жарысаў дом, пясчаныя водмелi бухты.
Пакуль Мэгрэ пiсаў тэкст тэлеграмы, гаспадар стаяў каля акна i пазiраў на вулiцу. Не надаючы значэння сваiм словам, ён сказаў:
– А вунь i капiтанава служанка выйшла прагуляцца...
Камiсар узняў галаву i ўбачыў Жулi, якая, зачынiўшы брамку, хутка пайшла да пляжа.
– Што ў тым баку?
– Пра што гэта вы?
– Куды яна можа пайсцi? Там ёсць дамы?
– Нiякiх дамоў там няма. Проста бераг, на якi нiколi не ходзяць, бо там хвалярэз i ямы з цiнаю.
– А ёсць якая-небудзь дарога цi хоць сцежка?
– Не! Ад самага вытоку Орны ўздоўж берага адны балоты... Не, забыўся!.. У балотах ёсць буданы для палявання на качак...
Нахмурыўшы лоб, Мэгрэ выйшаў з гатэля. Ён хутка прайшоў праз мост, i, калi выйшаў на бераг, памiж iм i Жулi было толькi нейкiх дзвесце метраў.
Бераг – суцэльная пустка. Адны чайкi з крыкамi лёталi ў тумане. Справа былi дзюны, i камiсар зайшоў за iх, каб заставацца нябачным.
Паветра дыхала прахалодаю. Мора было неспакойнае. Белы яго краёчак накатваўся i накатваўся, разбiваючыся, на бераг. Шапацелi раструшчаныя ракавiны.
Жулi не прагульвалася. Яна iшла хутка, захiнаючыся ў чорнае палiто. Пасля смерцi Жарыса яна не паспела яшчэ справiць сабе жалобную адзежу i насiла ўсё чорнае цi проста цёмнае, што толькi знайшла ў сябе: шарсцяныя панчохi, капялюш з паламанымi палямi, палiто, якое даўно ўжо выйшла з моды...
Ногi яе гразлi ў пяску, i таму паходка была вельмi няроўная. Двойчы яна азiралася, але не прыкмецiла Мэгрэ, якi iшоў, хаваючыся за дзюнамi.
Нарэшце, прыкладна за кiламетр ад Вiстрэама, яна павярнула направа – i зрабiла гэта так раптоўна, што камiсар ледзь не выдаў сябе.
Але iшла яна не да будана, як падумаў спачатку Мэгрэ, а да невялiкай будынiны, што самотна ўзвышалася сярод пяску i асакi.
Тварам да мора, метраў за пяць ад таго месца, да якога ў прылiў даходзiла вада, стаяла каплiца. Адзiн яе мур быў цалкам зруйнаваны. Пабудавана яна была, пэўна, яшчэ некалькi стагоддзяў назад.
Скляпенне было паўкруглае. Пралом у муры даваў магчымасць вызначыць таўшчыню iншых муроў: каля метра кладкi.
Жулi ўвайшла ў каплiцу – i неўзабаве Мэгрэ пачуў, як яна шоргае там нейкiмi невялiкiмi прадметамi, хутчэй за ўсё марскiмi ракавiнамi.
Камiсар падкраўся да каплiцы. У дальнiм ад яго муры была невялiкая закратаваная нiша. Пад ёю было нешта накшталт малюпасенькага алтара. Нахiлiўшыся долу, Жулi штосьцi там шукала.
Дзяўчына iмклiва азiрнулася, пазнала камiсара, якi не паспеў схавацца, i хутка спытала:
– Што вы тут робiце?
– А вы?
– Я... я прыйшла памалiцца Божай Мацi Дзюнаў.
Жулi была ўстрывожаная. Па ёй няцяжка было здагадацца, што яна нешта хавае. Мабыць, яна дрэнна спала гэтай ноччу, бо вочы ў яе былi чырвоныя. З-пад капелюша выбiвалiся дзве пасмачкi кепска прычасаных валасоў.
– Дык гэта што – каплiца Божай Мацi Дзюнаў?..
Сапраўды, за кратамi ў нiшы стаяла статуя Божай Мацi, такая старая i знявечаная часам, што яе i пазнаць было амаль немагчыма.
На муры, вакол нiшы, людзi зрабiлi, хто алоўкам, хто сцiзорыкам, надпiсы, якiя напаўзалi адзiн на адзiн:
"Няхай Дэнiза здасць экзамен... Святая багародзiца, зрабi так, каб Жажо навучыўся хутка чытаць... Дай здароўя ўсёй сям'i i асаблiва дзядулю з бабуляю..."
Былi i такiя – над сэрцамi, працятымi стрэламi:
"Рабэр i Жанна – каханне навек".
На кратах засталiся сухiя сцяблiнкi, якiя колiсь былi кветкамi.
Увогуле, каплiца была падобная на многiя iншыя – адно што ў гэтай былi марскiя ракавiны, складзеныя на разбураным алтары. Ракавiны ўсякiх формаў, якiя толькi можна ўявiць... I на ўсiх, у асноўным, алоўкам, надпiсы. Найчасцей няўпэўнены дзiцячы почырк.
"Няхай будзе ўдалы лоў на Новай Зямлi, i няхай тату не трэба будзе iсцi ў новы рэйс".
Але iншы раз адчувалася i больш моцная рука.
Глiнабiтная падлога. Праз велiзарную дзiрку ў муры бачны быў прыбярэжны пясок i серабрыстае, у белай смузе мора. Жулi, не ведаючы, як сябе паводзiць, з асцярогай паглядвала на ракавiны.
– Вы прынеслi сваю? – спытаўся Мэгрэ.
Яна адмоўна пакруцiла галавою.
– Аднак, калi я прыйшоў, вы iх перасоўвалi. Што вы шукалi?
– Нiчога... Я...
– Вы?
– Нiчога!
Жулi ўпарцiлася i яшчэ больш захуталася ў палiто.
Мэгрэ прыйшлося перабiраць ракавiны адну за адной i чытаць надпiсы на iх. I раптам ён усмiхнуўся. На адной велiзарнай ён прачытаў:
"Святая багародзiца, зрабi так, каб Луi ўсё ўдалося i мы сталi шчаслiвыя".
Пад надпiсам была пазначана дата: "13 верасня". Iнакш кажучы, гэтая ракавiна з просценькiм надпiсам Жулi была пакладзена тут за тры днi да знiкнення Жарыса!
I цi не прыйшла сюды цяпер дзяўчына, каб забраць яе?
– Вы гэта шукалi?
– А што вам да гэтага?
Яна вачэй не адводзiла ад ракавiны. Можна было падумаць, што яна збiралася кiнуцца на Мэгрэ, каб вырваць яе ў яго з рук.
– Аддайце яе мне!.. Пакладзiце яе на месца!..
– Я пакладу яе на месца, добра, але трэба, каб i вы яе адсюль не забiралi... Хадзем!.. А па дарозе пагаворым...
– Мне няма пра што гаварыць з вамi...
Яны пайшлi, нахiляючыся наперад, бо ногi гразлi ў мокрым пяску. Было так холадна, што насы ў iх пачырванелi, а скура на твары задубела.
– Ваш брат нiчога талковага ў жыццi не зрабiў, праўда?
Яна моўчкi глядзела на пясчаны бераг.
– Ёсць рэчы, якiх нельга ўтоiць. Я не толькi пра тое... што прывяло яго на катаргу...
– Ну як жа, зноў гэта! I праз дваццаць гадоў будуць языкi часаць.
– Ды не! Не, Жулi. Ваш брат – добры марак. Кажуць, нават выдатны марак, мог бы стаць i памочнiкам капiтана. Толькi прыходзiць раптам дзень – i ён напiваецца з выпадковымi сябрамi, робiць розныя глупствы, не вяртаецца на судна, недзе бадзяецца цэлымi тыднямi, нiдзе не працуючы. Хiба не? I iдзе ў такiя днi за дапамогаю да вас. Да вас, а яшчэ некалькi тыдняў назад i да Жарыса. А потым зноў жыве спакойна i не турбуе вас.
– Ну i што?
– Якi ў вас быў план трынаццатага верасня? Вы ж хацелi, каб вам нешта ўдалося?
Жулi спынiлася, паглядзела Мэгрэ ў твар. Цяпер яна была намнога спакайнейшая. Мусiць, абдумалася. У вачах у яе з'явiлася прыемная сур'ёзнасць.
– Я ведала, што ўсё гэта прывядзе да няшчасця. Але брат мой, знайце, не рабiў нiчога благога! Я клянуся вам, што, калi б ён забiў капiтана, я была б першая, хто адплацiў бы яму тым самым.
У яе глухiм голасе пачулася рашучасць.
– Проста бываюць супадзеннi. А тут яшчэ гэтая гiсторыя з катаргай, якую ўвесь час прыгадваюць. Зробiць чалавек у жыццi адну памылку, ну i вешаюць на яго пасля ўсе чужыя грахi...
– Якi ў Луi быў план?
– Гэта быў не план. Усё намнога прасцей. Ён сустрэў нейкага чалавека, вельмi багатага, не ведаю вось толькi – у Гаўры цi ў Ангельшчыне. Мне ён яго прозвiшча не называў. Чалавеку гэтаму надакучыла жыць на сушы, i ён хацеў купiць яхту. Вось i папрасiў брата знайсцi яму судна.
Яны ўсё яшчэ стаялi. Удалечынi, там, дзе быў Вiстрэам, адсюль вiднеўся толькi бялюткi маяк, якi добра вылучаўся на фоне бледнага неба.
– Луi расказаў пра гэта гаспадару. Ланэк i сам з некаторага часу падумваў прадаць "Сэн-Мiшэль". Вось i ўсё! "Сэн-Мiшэль" – лепшы кабатажнiк, якi толькi можна знайсцi, каб перарабiць яго на яхту. Спачатку брат павiнен быў атрымаць, калi тое выйдзе, дзесяць тысяч франкаў. А пасля пакупнiк прапанаваў яму застацца на гэтым судне капiтанам – як даверанаму чалавеку.
Яна адразу ж пашкадавала, што сказала апошнiя словы – Мэгрэ мог iранiчна засумнявацца, – i ўгледзелася цяпер у яго твар, чакаючы ўсмешкi.
Не ўбачыўшы яе, дзяўчына адчула ўдзячнасць. Мэгрэ ж мог i прыкладна так адказаць: "Катаржнiк – давераная асоба?!"
Але нiчога падобнага яму ў галаву не прыйшло. Камiсар думаў. Ён быў здзiўлены простасцю гэтага расказу, тою простасцю, якая надавала словам Жулi праўдзiвасць.
– Толькi вы не ведаеце, хто гэты пакупнiк?
– Не ведаю.
– Дзе ваш брат мусiў зноў сустрэцца з iм?
– Не ведаю.
– Калi?
– Вельмi хутка. Здаецца, шхуну хацелi пераабсталяваць у Нарвегii, а праз месяц яна павiнна была адправiцца ў Мiжземнае мора, да Эгiпта.
– Гэты чалавек – француз?
– Не ведаю.
– А сёння вы прыйшлi ў каплiцу забраць вашу ракавiну?
– Таму што падумала: знойдуць яе – чаго толькi не падумаюць, апрача праўды. Прызнайцеся, вы ж не верыце мне?
Замест адказу ён спытаў:
– Вы бачылiся з братам?
Яна ўздрыгнула.
– Калi?
– Сёння ноччу цi ранiцай.
– Луi тут?
Здавалася, што пытанне напалохала яе, збiла з панталыку.
– "Сэн-Мiшэль" прыйшоў.
Гэтыя словы крыху яе супакоiлi, быццам яна баялася, што брат з'явiцца тут без шхуны.
– Дык ён адправiўся ў Кан?
– Не! Ён пайшоў спаць на драгу.
– Хадзем! – сказала яна. – Мне холадна.
Вецер з мора ўсё свяжэў, а хмары яшчэ больш зацягвалi неба.
– I часта ён спiць на старых суднах?
Яна не адказала. Гаворка абарвалася сама сабою. Яны iшлi, чуючы толькi шапаценне пяску пад нагамi i гудзенне прыбярэжнай машкары – устрывожаная людзьмi, яна спынiла свой пiр i кружыла цяпер над водарасцямi, выкiнутымi на бераг прылiвам.
"Яхта... Асадка з залатым пяром", – круцiлася ў галаве ў Мэгрэ.
Камiсар думаў. Ранiцай цяжка было растлумачыць, хто б мог згубiць на пiрсе гэтую асадку: знаходка нiяк не вязалася нi з экiпажам "Сэн-Мiшэля", нi з ягонымi гасцямi, людзьмi для такой рэчы дужа простымi. "Яхта... Асадка з залатым пяром..."
Цяпер з'яўлялася логiка! Багаты немалады мужчына шукае яхту для падарожжаў i губляе асадку з залатым пяром...
Але заставалася яшчэ растлумачыць, чаму гэты чалавек, замест таго каб прыйсцi ў порт са шхунаю, сышоў з яе i перасеў у лодку, потым выбраўся на пiрс i схаваўся на дразе, якая цi не напалову ўжо затанула.
– У той вечар, калi знiк Жарыс, брат, як прыходзiў да вас, нiчога не казаў пра свайго пакупнiка? Не казаў, напрыклад, што той на шхуне?
– Не... Ён толькi аб'явiў мне, што справа амаль ужо скончана.
Яны падышлi да маяка. Жарысаў дом стаяў побач, злева, i ў садзе яшчэ вiднелiся кветкi, пасаджаныя капiтанам.
Жулi пахмурнела, разгублена азiрнулася вакол, як чалавек, якi ўжо не ведае, што рабiць у жыццi.
– Мусiць, вас хутка выклiчуць да натарыуса з нагоды завяшчання. Цяпер вы багатая...
– Ды кiньце вы! – сказала яна суха.
– Што вы хочаце сказаць?
– Самi добра ведаеце... Казкi ўсё гэта – пра багацце... Капiтан не быў багаты...
– Вы не можаце гэта ведаць.
– Ён нiчога не ўтойваў ад мяне. Калi б у яго былi сотнi тысяч франкаў, ён сказаў бы. I, вядома, купiў бы летась зiмою паляўнiчую стрэльбу за дзве тысячы франкаў. Яна ж яму так спадабалася! Ён убачыў яе ў мэра i даведаўся пра цану...
Яны падышлi да брамкi.
– Вы зойдзеце?
– Не... Я, мабыць, хутка вас убачу...
Яна не рашалася ўвайсцi ў дом, дзе зноў застанецца адна.
* * *
Прайшло некалькi гадзiн. Нiчога не здарылася. Мэгрэ хадзiў вакол драгi, паглядаючы на яе, усё роўна як разявака ў нядзелю, якi з мiжвольнай пачцiвасцю назiрае новае для сябе вiдовiшча. А тут было што разглядаць: вялiкiя трубы, каўшы, ланцугi, кабестаны...
Гадзiн у адзiнаццаць ён выпiў аперытыву з партавiкамi.
– Не бачылi Вялiкага Луi?
Яго бачылi ранiцай. Ён выпiў у шынку дзве чаркi рому i рушыў некуды па шашы.
Мэгрэ хацелася спаць. Ноччу ён, мусiць, прастудзiўся. I настрой у яго быў, як у чалавека, якi захварэў на грып. Гэта можна было прыкмецiць па яго рухах i млявым твары.
Камiсар i не спрабаваў хаваць свой дрэнны настрой, што яшчэ больш устрывожыла наведнiкаў шынка, якiя ўпотайкi паглядвалi на яго. Размова не клеiлася. Капiтан Дэлькур спытаў:
– Што мне рабiць са шлюпкаю?
– Прышвартуйце яе дзе-небудзь.
I зноў Мэгрэ задаў пытанне без неабходнай хiтрасцi:
– Нiхто не бачыў сёння на вулiцы незнаёмага?.. Не заўважылi нiчога такога каля драг?..
Нiхто нiчога не бачыў! Але цяпер, пасля гэтага пытання, усе пачалi нечагась чакаць.
Цiкава: людзi чакалi, што здарыцца нейкая драма. Прадчуванне? Пачуццё таго, што ланцуг падзей не замкнуўся, што ў iм не хапае нейкага звяна?
Пачуўся гудок парахода, якi запрошваў у шлюз. Партавiкi ўзнялiся. Мэгрэ пайшоў на пошту паглядзець, цi няма яму якiх паведамленняў. Люка адбiў тэлеграму, што прыедзе ў дзве гадзiны дзесяць хвiлiн.
У названы час цягнiчок, якi iшоў уздоўж канала Кан – Вiстрэам i быў падобны на дзiцячую цацку – са сваiмi вагонамi ўзору тысяча васемсот пяцiдзесятага года, прагудзеў удалечынi. Пад грукат тугiх тармазоў i свiст пары ён спынiўся каля самага порта.
Люка выйшаў, падаў камiсару руку. Здзiвiўся, убачыўшы хмурны твар Мэгрэ.
– Ну як?
– Нармальна.
Нягледзячы на рознiцу ў чыне, Люка не ўтрымаўся ад смеху.
– Па вас не скажаш!.. Ведаеце, я не абедаў...
– Хадзем у гатэль. Там што-небудзь засталося напэўна, каб перакусiць...
Яны селi ў вялiкай зале, дзе гаспадар зладзiў стол новаму жыльцу. Гаварылi вельмi цiха. Гаспадар, здавалася, чакаў моманту, каб уставiць слова.
Падаўшы сыр, ён рашыў, што момант настаў, i спытаўся ў Мэгрэ:
– Ведаеце, што здарылася з мэрам?
Мэгрэ ўздрыгнуў. Твар у яго быў такi ўстрывожаны, што гаспадар сумеўся.
– Нiчога асаблiвага... Карацей кажучы, ён упаў у сябе дома на лесвiцы... Не ведаю, як гэта яго собiла, але твар у яго цяпер такi размаляваны, што ён нават злёг...
У галаве ў Мэгрэ адразу ж блiснула здагадка. Менавiта здагадка, бо ў адно iмгненне ён выразна ўявiў, як яно здарылася.
– Панi Гранмэзон цяпер у Вiстрэаме?
– Не. Ранiцаю, як толькi развiднела, паехала з дачкою на машыне... Думаю, у Кан...
У камiсара грыпозны настрой як рукою зняло.
– Доўга ты яшчэ будзеш аб'ядацца? – буркнуў ён iнспектару.
– Ну, вядома, – спакойна адказаў Люка, – таму, у каго жывот поўны, галодны за сталом здаецца монстрам... Яшчэ тры хвiлiны! Не забiрайце камамбер*, гаспадар!
* Гатунак сыру.
VI. ПАДЗЕННЕ НА ЛЕСВIЦЫ
Гаспадар гатэля не падмануў. Але ўсё-такi перабольшыў: Гранмэзон не ляжаў у ложку.
Калi, адаслаўшы Люка назiраць за драгаю, Мэгрэ падыходзiў да мэравай вiлы, ён заўважыў за адным акном постаць чалавека ў класiчнай позе хворага, вымушанага сядзець дома.
