Текст книги "Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)"
Автор книги: Жорж Сименон
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)
Не забывайце, што яна нарадзiлася ў замку д'Ансенваль, што iснуюць повязi памiж iх сем'ямi.
Боб быў прапашчы чалавек. Ён з нейкiм шаленствам скочваўся ўсё нiжэй i нiжэй. Чаму б ёй было не паспрабаваць паставiць яго на правiльны шлях?
Гэта думка маёй жонкi, а яна добра ведае характар Элiз.
Але не ў гэтым справа. Цi не быў ён п'яны той ноччу, як гэта часта з iм здаралася? Цi не паводзiў ён сябе абуральна?
Луi даволi скупы на падрабязнасцi. Ён прыбег на крыкi. Калi ўбег у пакой, Боб i Рышар Жандро бiлiся, i яму здалося, што ў руцэ графа блiснуў нож.
– Нож знайшлi? – цiха запытаў Мэгрэ, не ўзнiмаючы вачэй ад стала.
Здавалася, ён упарта разглядвае нейкую плямку на палiраванай настольнiцы.
– Не ведаю. Расследаванне вёў Барадэ. Пацверджана, што на начным столiку ляжаў рэвальвер i што Луi, баючыся за жыццё свайго гаспадара, схапiў рэвальвер i стрэлiў.
Цяпер самi памяркуйце, мой юны сябар, каму быў выгадны скандал? Натоўп не прыняў бы праўды. Мы жывём у такi час, калi пэўныя класы грамадства ўзяты на мушку. На карту быў пастаўлены гонар мадэмуазель Жандро. Таму што менавiта яе гонар аказаўся б на языках.
Як бы там нi было, перад намi тыповы выпадак самаабароны.
– Вы верыце, што стрэлiў дварэцкi?
– У справе маецца яго прызнанне. Паразважайце над гэтым, Мэгрэ. Падумайце, якою была б рэакцыя пэўнай прэсы i якiя былi б вынiкi гэтай справы для дзяўчыны, абвiнавачваць якую нiшто не дае нам права. Нi ў чым, хiба толькi ў пэўнай... гм... экспансiўнасцi.
– Разумею.
– Мадэмуазель Жандро паехала ў Швейцарыю, у яе зусiм развiнчаны нервы, i яна, вiдаць, прабудзе за мяжой некалькi месяцаў. Луi пакуль на волi i, верагодна, адсвяткуе спыненне следства. Яго адзiная вiна ў тым, што, будучы ў замяшаннi, ён, замест таго каб неадкладна прызнацца ва ўсiм, закапаў труп у садзе.
– Ён сам закапаў яго?
– Пастаўце сябе на месца Рышара Жандро. Я бачу, вы ўсё яшчэ нiяк не можаце зразумець, але некалi вам усё стане ясна. Ёсць выпадкi, калi мы не маем права...
Ён замяўся, падбiраючы словы, i тады Мэгрэ падняў галаву i роўна, абыякава, амаль наiўна закончыў:
– ...паступаць так, як загадвае нам наша сумленне?
Голас Лё Брэ адразу ж загучаў суха i высакамерна, высакамерна, як нiколi.
– Маё сумленне не мае ў чым папракнуць мяне, – абрэзаў камiсар, – i я лiчу, што яно ў мяне гэткае ж далiкатнае, як i ў любога iншага. Вы юнак, Мэгрэ, i толькi пагэтаму я не магу крыўдзiцца на вас.
Роўна апоўднi ў службовым памяшканнi зазванiў тэлефон. Iнспектар Бесан зняў слухаўку i аклiкнуў Мэгрэ:
– Гэта вас. Усё той жа тып. Трэцi дзень ужо звонiць, i заўсёды ў адзiн i той жа час.
Мэгрэ схапiў слухаўку.
– Алё! Жуль?
Ён пазнаў голас Дэдэ.
– Як у вас – парадак? Вы ўжо зноў упрэглiся? Скажыце, вы збiраецеся снедаць?
– А што?
– Ды мне тут цюкнула ў галаву адна iдэя. Я даўно – з пэўнага часу – прагну выцягнуць вас снедаць за горад. Не бойцеся. Я прыеду за вамi на сваёй таратайцы. Не да камiсарыята, разумеецца, я не дужа люблю падобныя мясцiнкi. Буду чакаць вас на рагу вулiцы Фантэн. Згода?
Небарака-флейтыст, зноў яму не пашанцавала!
– Перадайце яму, што я вымушаны быў адлучыцца па важнай справе i абавязкова пабачуся з iм сёння ўвечары цi заўтра ранiцай.
Праз чвэрць гадзiны ён ужо сядаў у шэры "дыён-бутон". Дэдэ быў адзiн.
– Як вам – усё роўна куды? Вы любiце смажаных печкуроў? Толькi найперш трэба забегчы да Маё, прамачыць горла.
Яны сапраўды спынiлiся каля бара, зайшлi туды, i Дэдэ ўладна заказаў дзве чаркi густога абсенту.
Настрой у яго быў вясёлы, але ўглыбiнi вочы прытойвалi сур'ёзнасць. На iм быў усё той жа клятчасты гарнiтур, туфлi колеру гусiнага памёту i крыклiва яркi, пунсовы гальштук.
– Кульнём яшчэ па адной? Не? Воля ваша. Сёння ў мяне няма прычын спойваць вас.
Выехалi з горада, потым дарога пайшла берагамi Сены, на якой пагойдвалiся рыбацкiя лодачкi, i, нарэшце, спынiлiся ля невялiкага шынка ля самай ракi, з садам з альтанкамi.
– Ану, Густаў, скумекай нам абед на славу! Пачнём са смажаных печкуроў.
I растлумачыў Мэгрэ:
– Ён зараз закiне сетку, i мы атрымаем iх проста жывенечкiмi.
Затым зноў да гаспадара:
– А што падасi нам потым?
– Як наконт пеўня ў вiне, у ружовым бажале?
– Давай пеўня!
Дэдэ пачуваўся тут, як дома – пайшоў на кухню, потым спусцiўся ў склеп i вярнуўся адтуль з пляшкай белага луарскага вiна.
– Гэта зацьмiць усё пiтво свету. А цяпер, пакуль прычакаем смажанку, можаце набiваць люльку. Можна i пабалаболiць.
Ён, вiдаць, адчуў, што трэба растлумачыць свае паводзiны:
– Ведаеце, чаму мне захацелася пабачыцца з вамi? Таму што ў глыбiнi душы вы мне дужа даспадобы. Вы яшчэ не струхлi, як большасць вашых калег.
Ён таксама будзе трошкi падмалёўваць праўду – Мэгрэ выдатна разумеў гэта. Людзi такога гатунку, як Дэдэ, – страшэнныя балбатуны, i гэта часта губiць iх. Яны настолькi ганарацца сваёй персонай, што амаль заўсёды адчуваюць патрэбу расказаць пра свае ўчынкi.
– Дзе Люсiль? – запытаў Мэгрэ, якi чакаў, што ўбачыць тут i яе.
– Хочаце верце, хочаце не, але яна сапраўды захварэла. Цi ведаеце, гэтае дзяўчо па вушы ўлiпла ў Боба. Дзеля яго яна разбiлася б на друзачкi. Уся гэта гiсторыя проста даканала яе. Спачатку яна i слухаць не хацела пра тое, каб пакiнуць вулiцу Брэй: там, цi бачыце, усё нагадвае ёй пра яго. Учора я нарэшце ўгаварыў яе паехаць у вёску. I адвёз яе туды. Потым я паеду да яе. Але досыць! Можа, яшчэ калi-небудзь вернемся да гэтага.
Ён запалiў цыгарэту, павольна выпусцiў дым праз нос. Вiно iскрылася ў чарках, пад свежым ветрыкам трымцела маладая лiстота альтанак, было вiдно, як гаспадар, стоячы ў ялiку, пiльна ўзiраўся ў ваду, гатовы закiнуць сець.
– Думаю, вы з цiкаўнасцi кiнулi вокам у заведзенае на мяне дасье i змаглi пераканацца, што я нiколi не ўлiпаў у сур'ёзную справу. Усё па дробязях. Мне двойчы давялося адседзець па паўгода, i я пакляўся, што ўсё, завяжу, з мяне досыць!
Ён выпiў i працягваў:
– Газеты чыталi?
Мэгрэ сцвярджальна кiўнуў галавой.
– Для ўсемагутных i яны ўсёмагутныя. Калi б вы толькi бачылi Люсiль. Яна збялела як палатно. Памкнулася ляцець туды i выдаць хаўруснiкаў. Я ледзь супакоiў яе.
"Што гэта дасць?" – даводзiў я.
Трэба было загадзiць яго, вось яны i загадзiлi, цi ж не так? Калi б мне давялося сустрэць дзе-небудзь у цёмным кутку гэтага крываносага Рышара, цi як яго там, ох, з якой асалодай я натоўк бы яму лыч!
Гэта ж трэба, харкнуў мне пяцьдзесят тысяч канцоў – i не лыс. Ну што ж! Мiж намi, хоць гэта i ваш хлеб, запомнiце, нашы дарожкi з iм яшчэ сыдуцца. Рана цi позна. Падла ёсць падла. А гэтакiх асабiста я за вярсту нюхам пазнаю.
А што ў вас?
– Мне не дазволiлi прадаўжаць расследаванне, – прамармытаў Мэгрэ.
– Ведаю. I мне плоцяць за тое, што я гэта ведаю.
– Яны i вам загадалi маўчаць?
– Мне сказалi, каб я не соваў свой нос – тады квiты. Яны тады скрозь пальцы будуць глядзець на маю дзейнасць.
I азначала гэта, што яны заплюшчваюць вочы на ўсе дробныя грашкi Дэдэ, што яму даруюць удар, якi ледзь не адправiў Мэгрэ на той свет, i не стануць дапытвацца, адкуль узялiся сорак дзевяць тысяч франкаў, знойдзеных у ягоным партманеце.
– Але ад каленца з дварэцкiм я проста вочы вылупiў. Вы верыце ў гэта?
– Не.
– Разумна! Iначай я перастаў бы паважаць вас. Трэба ж было знайсцi некага, хто стрэлiў, – дык хай iм i акажацца лiзаблюд. Як па-вашаму, хто згуляў у "пiф-паф"? Тут можна быць шчырымi, праўда? Толькi ўлiчыце, што калi вам узбрыдзе ў галаву пакарыстацца тым, што я вам тут наказаў, я прысягну, што нi пра што падобнае я i не заiкаўся. Па-мойму, гэта – дзеўка.
– Я таксама так думаю...
– З той рознiцай, што ў мяне нямала падстаў думаць менавiта так. Дадам, што калi яна i кокнула Боба, дык зусiм памылкова. Бо ўгробiць яна хацела свайго мiлага браточка. Бо яны так ненавiдзяць адно аднаго, як толькi могуць ненавiдзець у падобных сямейках.
Шкада, што вы не былi знаёмы з Бобам. Шыкоўнейшы хлопец! Цi ж дзiва, што яны не пераварвалi яго!
Але ён не быў злы, скажу я вам. Ён не меў нi кропелькi зласлiвасцi. Ён быў вышэй гэтага. Ён настолькi пагарджаў iмi, што яму было проста смешна.
Калi гэтая дзеўка пачала круцiцца вакол яго...
– Калi гэта пачалося?
– Восенню. Бог ведае, хто навёў яе на розум. Кожны знаў, што Боба можна знайсцi пасля скачак а палове шостай у бары на авеню дэ Ваграм.
– I яна пайшла туды?
– Яшчэ б! Нават без вуалеткi. Яна прадставiлася яму, сказала, што жыве ў замку д'Ансеваль, што цiкавiцца iм i палiчыць за шчасце прымаць яго ў сваiм доме.
– Ён спаў з ёю?
– Дзiва што! За iм прысылалi. Ён нават прыводзiў яе ў вядомы вам гатэль на вулiцу Брэй. Каб паглядзець, да чаго яна можа дайсцi, разумееце? Слаўны хлопец. Але яна зусiм не тая лялька, каб пайсцi ў гатэль дзеля адных любошчаў.
Тэмпераменту ў яе не болей, чым у бетоннай сцяны. Ад Люсiль ён нiчога не ўтойваў. У яе не хапiла б рэўнасцi да ўсiх, што прайшлi праз яго рукi! А вось i печкуры! Цiкава, цi спадабаюцца яны вам?
Ён умеў i есцi, i гаварыць адначасова, i не прамiнаў нi таго, нi другога, у дадатак не забываючы прылашчыць другую пляшку, пастаўленую на стол.
– Не спрабуйце зразумець. Самому Бобу, не ў крыўду будзь вам сказана, якi быў хiтрэй нас абодвух разам, спатрэбiўся час на гэта. Што яго найбольш здзiўляла, дык гэта яе прага выйсцi за яго замуж.
Яна выклала яму свае ўмовы. Працаваць, зразумела, ён не будзе мець патрэбы, кожны месяц яму будзе выдавацца пэўная сума на кiшэнныя выдаткi – i ўсё. Боб i вухам не павёў. Ён разумеў, што яна проста шалее стаць графiняй д'Ансеваль. Ёсць такiя людзi. Спачатку яны купляюць замак. А потым iх бярэ сквапнасць насiць яго iмя, купiць i продкаў былога ўладальнiка замка. Гэтак Боб мне растлумачыў.
Ён паглядзеў Мэгрэ ў вочы i, задаволены зробленым уражаннем, сказаў, як адрэзаў:
– Дык вось, справа была зусiм не ў гэтым!
Ён грыз хрумсткiя печкуры, раз-пораз паглядваў на Сену, дзе марудна праплывалi баржы, якiя пачыналi гусцi яшчэ за некалькi соцень метраў ад шлюза.
– I не спрабуйце звесцi канцы з канцамi. Не зведзяце. Боб, калi дазнаўся пра гэта, аж задыхнуўся ад ярасцi. Хоць i ведаў назубок гiсторыю гэтай сямейкi. Ведаеце, ад каго зыходзiла думка пра шлюб? Ад старога!
Ён трыумфаваў.
– Прызнайцеся, што дзеля такой навiны варта паехаць снедаць ажно ў Божываль. Вы чулi пра старую мумiю, якая завяшчала свой дом i карцiны пад музей? Калi хочаце ад душы нарагатацца, дык слухайце, што было далей. Заўважце, я таксама не ўсё ведаю. Дый Боб ведаў не ўсё да канца. Аказваецца, стары, якi пачаў з таго, што валэндаўся са сваiм корабам па вёсках, марыў пра ўнукаў i праўнукаў высакароднага паходжання. Хочаце ведаць, што я пра ўсё гэта думаю? Гэта было б ягонай помстай. Бо, здаецца, Ансевалi не дужа цырымонiлiся з iм. Яны прадалi яму свой замак i фермы. Сцiпла выбралiся. Аднак нi разу не запрасiлi яго нi на абед, нi хоць на снеданне. I тады ён у сваiм завяшчаннi паставiў умовы, якiя ўсхвалявалi ўсю сям'ю. Яшчэ была жывая яго дачка, калi ён памёр, але мiльянеры – не дурнi, яны загодзь распараджаюцца сваiмi мiльёнамi. Стары ўсё прадугледзеў. Пасля смерцi дачкi акцыi павiнны былi быць падзелены на дзве часткi: пяцьдзесят адзiн працэнт – паненцы, сорак дзевяць працэнтаў крываносаму. Вiдаць, такi падзел мае вельмi вялiкае значэнне, бо ён, як яны кажуць, забяспечвае большасць галасоў дзяўчыне. Асабiста я не надта разбiраюся ў гэтым. Ды лiха з iм. Завяшчанне павiнна ўвайсцi ў сiлу, калi ёй споўнiцца дваццаць адзiн год.
– У наступным месяцы, – заўважыў Мэгрэ.
– Далей... Тым горш калi ўжо няма куды лезцi пеўню ў вiне!.. Дык пра што гэта мы гаварылi? Ага!.. Ды тут ёсць адна закавыка. Калi цыпулька выйдзе замуж за каго-небудзь з Ансевалей, яна атрымае абсалютна ўсе акцыi, з абавязацельствам выплочваць брацiку штомесячную дапамогу з яго долi спадчыны.
Гэта азначае, што тады яму не бачыць як сваiх вушэй нi офiса, нi замка нiчагусенькi. Бальтазары, Жандро зробяцца тады д'Ансевалямi, i род iх заўзыходзiў бы ад крыжаносцаў.
Боб быў вельмi дасведчаны ва ўсiх гэтых штукенцыях. I вы не можаце сабе ўявiць, як ён рагатаў!
– Ён даў згоду?
– За каго вы яго лiчыце?
– Якiм жа чынам ён даведаўся пра ўсё гэта?
– Ад браточка. I вы толькi гляньце, як па-дурному чалавек можа страцiць сваю скуру. Крываносы Жандро таксама не ёлупень. У яго няма жадання марнаваць час у клубах ды ўлягаць за служанкамi з вулiцы Мiра, як яго бацька. Яму таксама хочацца быць патронам.
– Я пачынаю разумець.
– Быць не можа! Нават Боб – i той не адразу зразумеў. Крываносы запрасiў яго да сябе ў офiс. Яго кабiнет – што рызнiца: усе сцены ў драўляных барэльефах, гатычная мэбля, а на адной сцяне – партрэт старога ад падлогi да столi. Ён глядзiць з яго, як жывы, а ў вачах – насмешка.
Калi папраўдзе, то з усёй сям'i я, можа, аднаго гэтага старога змог бы выцерпець. Боб казаў, што гэта была самая хiтрая бестыя, якую ён сустракаў калi-небудзь. Гэта, канешне, было сказана дзеля прыгожага слоўца. Боб i не бачыў яго, стары даўно памёр... Далей – болей. Браточак выкладвае ўсё як ёсць. Пытае ў Боба, цi збiраецца той жанiцца на яго сястры. Боб адказвае яму, што нiколi не меў такога намеру.
Той пярэчыць яму, што ён не мае рацыi, што гэта будзе выгадна для ўсiх. А чаму выгадна? Таму, што ён, Рышар Жандро, раскашэлiцца для мужа сваёй сястры. Падсыпле столькi грошай, колькi той пажадае. Пры адной умове: што ён будзе смыкаць яго сястру па белым свеце, будзе прыдумляць ёй усялякiя забавы, каб адбiць ахвоту ад камерцыi.
Цяпер цямiце? Боб адказвае, што не адчувае сябе здатным да гэткай работы. Тады гэты крываносы гад заяўляе, што ён рызыкуе вельмi дорага заплацiць за гэта. Як успомню, што вы гатовы былi запраторыць мяне за краты за пяцьдзесят канцоў, якiмi я разжыўся ў гэтай поскудзi!.. Але я не злую на вас. Што вы маглi ведаць?!
Iх агарнуў цудоўны водар, якi зыходзiў ад пададзенага пеўня ў вiне. Дэдэ, хоць толькi што скардзiўся на сытасць, усё ж з салiдным апетытам прыступiў да яго.
– Ану, паспытайце гэта бажале i прызнайцеся, што ўсё-такi было б шкада пазбавiць мяне такога снедання i пасадзiць на турэмную цуру! Ведаеце, што песцiў у сваёй мазгаўнi гэты лыч? Я казаў вам, што Боб быў шыкоўны хлопец, але я не хачу сказаць, што ён быў анёльчык. Яму, як усiм людзям, здаралася сядзець без капейкi ў кiшэнi. Ён з маленства быў знаёмы з усялякiмi багацеямi. I часам дзеля смеху ён падрабляў iх подпiсы на вэксалях i iншых паперках. I ў гэтым няма нiчога паганага. Доказам тое, што нiхто нават не скардзiўся на яго, i ўсё ўладкоўвалася самым найлепшым чынам. Дык вось, прыяцеле Жуль! Гэтая гадзiна богведама як скупiла цэлы жмут такiх паперак. "Калi вы не жэнiцеся на маёй сястры, я пасаджу вас за краты. Калi вы жэнiцеся на ёй, але не будзеце цаца, я зноў-такi пасаджу вас за краты". Звер! Люты звер! Яшчэ больш люты, чым стары! Магу пабажыцца, Боб ужо шкадаваў, што паквапiўся на курачку i ўлiп у гэту гiсторыю. Што да кралi, то яна страшэнна спяшалася. Ёй карцела iсцi пад вянец неадкладна, не чакаючы, калi споўнiцца дваццаць адзiн год. Яна закiдала яго лiстамi, дэпешамi. Прызначала яму спатканне за спатканнем. Ён калi хадзiў, калi не хадзiў. Часцей за ўсё не хадзiў. Тады яна сама iшла за iм на вулiцу Брэй i чакала яго на рагу авеню, зусiм не хвалюючыся, што яе могуць прыняць не за тую... Люсiль добра ведала яе...
– Калi вы адвезлi на вулiцу Шапталь, пятнаццатага ноччу...
– Ён вырашыў пакласцi гэтаму канец, выкласцi ёй усё, сказаць, што ён не купляецца i не прадаецца, анi ёй, анi яе браточку.
– Ён прасiў вас пачакаць яго?
– Не тое каб прасiў, але ён не збiраўся бавiцца там. Вам крылца цi лапку? Абавязкова паспытайце грыбкоў: Густаў сам i збiрае, i смажыць iх.
У Мэгрэ быў выдатны настрой, i прычынай яго, мусiць, трошкi было i бажале, выпiтае пасля белага сухога вiна.
– Вы не ламаеце сабе галаву над тым, чаму я вам усё гэта расказваю?
– Не.
– Самi ведаеце?
– Ведаю.
Прынамсi, ён здагадваўся. Дэдэ было цяжка на душы – ён павесiў нос на квiнту, як сказаў бы ён сам. Ён не мог маўчаць. З Мэгрэ ён нiчым не рызыкаваў. А з другога боку, ён меў i пэўны "дазвол".
Але якраз гэтым ён не ганарыўся. Сённяшнi сняданак ён прыдумаў для таго, каб самому прадставiцца ў лепшым святле.
Не раз потым гэты сняданак у Божывалi будзе прыходзiць на памяць Мэгрэ, i, магчыма, менавiта гэты ўспамiн неаднойчы засцеражэ яго ад безразважных рашэнняў i раптоўных вывадаў.
– Што адбылося там, наверсе, я не ведаю.
Мэгрэ таксама не ведаў, але ўстанавiць iсцiну было лёгка. Ён толькi хацеў бы ведаць, цi сапраўды Рышар Жандро збiраўся правесцi гэты вечар дома. Можа, ён павiнен быў застацца ў клубе цi яшчэ дзе-небудзь? А магчыма – i гэта было ў яго характары – сам Боб папрасiў Рышара падняцца да сястры? Чаму ж не?
Хоць бы для таго, каб выказаць iм абаiм усё, што ён пра iх думае.
"Па-першае, я не збiраюся жанiцца..."
У Мэгрэ, якому нiколi не даводзiлася сустракацца з Бобам, ужо складвалася выразнае ўяўленне пра яго характар i нават пра аблiчча.
"Па-другое, я не маю анiякага жадання прадаваць сваё iмя, якое няцяжка мне насiць i самому".
Бо калi ў раёне плошчы Тэрн i на бегавых дарожках скачак сёй-той i называў яго графам, то большасць з iх была пераканана, што гэта проста мянушка, i яны не мелi нават ўяўлення пра яго сапраўднае прозвiшча.
Як паводзiла Элiза Жандро? Ускiпела, нагадала пра свой гонар? А брат? Прыйшоў у ярасць?
"А вы ўвогуле заткнiцеся! Дарэчы, зараз я раскажу вашай сястры, што за камбiнацыю вы прыдумалi".
Ён меў час на гэта? Цi Рышар адразу кiнуўся на яго?
Сотнi тысяч людзей, якiя пiлi каву "Бальтазар" i, як мадам Мэгрэ, наклейвалi ў альбомы малюнкi разнастайных кветак, не маглi i ўявiць сабе, што iх ранiшняя фiлiжанка кавы аказалася стаўкай у бойцы ў адным з пакояў асабняка на вулiцы Шапталь.
У подлай бойцы, якую, можа, падцiкоўваў за дзвярыма лёкай.
Мужчыны, вiдаць, кiнулiся адзiн на аднаго з кулакамi. Магчыма, абодва пападалi.
Цi быў узброены Рышар Жандро? Ён, несумненна, здольны нанесцi ўдар спатайка.
– Па-мойму, стрэлiла шлюшка. Не са зла. Яна проста ашалела. Iнакш бы яна не кiнулася ў роспачы да акна i не стала б клiкаць на помач. А можа, акно было расчынена i раней? Прызнацца, я не заўважыў... Цi бачыце, мне здаецца, яна ў рэшце рэшт па-сапраўднаму падлюбоньвалася да Боба. Па ўсiм вiдаць, што так. Пачатак паклалi яе iнтарэсы. Але ён быў гэткi непадобны да марожаных судакоў, якiя звычайна акружалi яе... Мне здаецца, што, калi яна пабачыла, што Боб бярэ верх цi што брат зрабiў спробу нанесцi ёй подлы ўдар у спiну, яна проста ашалела. I стрэлiла. На няшчасце, яна не ўмела цэлiцца. I патрапiла ў Боба, ды яшчэ ў самае сэрца... А што, калi нам заказаць яшчэ пляшачку? Яно ж зусiм лёгкае, гэта вiнцо. Вось так, прыяцель Жуль!
Калi я ўбачыў, як нейкi дзiвак стаў ламацца ў дзверы, каб яго ўпусцiлi, я змыўся, потым зноў вярнуўся, але ўсё было ўжо цiха. Я палiчыў за лепшае даць драпака. Потым мы з Люсiль сталi раiцца, што рабiць. Мы ўвесь час спадзявалiся, што Боб вернецца, цi што хоць даведаемся, што ён у бальнiцы. Урэшце я адправiўся да Жандро ў офiс. Вось адкуль я i ведаю, як выглядае стары. Хiба было б лепей, калi б з гэтага нiхто не пакарыстаўся?
Ён раскашэлiўся амаль адразу ж, так што я нават пашкадваў, што не запатрабаваў сто тысяч замест паўсотнi. Мярзотнiкi! Вы звалiлiся нам на галаву якраз у той момант, калi мы збiралiся змыцца. Пагадзiцеся, было б занадта па-дурному дапусцiцца да таго, каб нас накрылi.
Ваша здароўе, старына!
Яны ўсё ўладкавалi як нельга лепей для сябе. Я пачынаю ўжо трошкi звыкаць з гэтай думкай. Але мяне проста верне, калi я сустракаю на вулiцы iх выязны экiпаж, дзе на конях такая шыкоўная збруя, а возны з такой пыхай красуецца на козлах!..
– Гаспадар! Кавы нам, толькi не "Бальтазар".
Прыйшлося, аднак, выпiць менавiта бальтазараўскую, таму што iншай у доме проста не знайшлося.
– Якое паскудства! – вылаяўся Дэдэ праз зубы. Адно шчасце, што можна зашыцца ў вёску.
– З Люсiль?
– Яна нiбыта не супраць. У нас ёсць пяцьдзесят тысяч, цi каля гэтага. Я заўсёды марыў адкрыць "бiстро" на беразе ракi, такое, да прыкладу, як гэта, i дзе клiенты будуць мае дружкi-таварышы. Але даволi цяжка знайсцi такую мясцiну, таму што трэба, каб яна была не дужа далёка ад iпадрома. Заўтра пашвэндаюся ў ваколiцах Мэзон-Лафiта. Якраз там я прыстроiў Люсiль.
Ён раптам збянтэжыўся i паспешлiва дадаў:
– Не думайце, аднак, што мы адразу ж зажывём як нявiнныя анёлачкi?!
* * *
Так прайшоў цэлы тыдзень. Кожнай ранiцы Мэгрэ па званку заходзiў у кабiнет камiсара i падаваў яму дзённы рапарт. Кожнай ранiцы Лё Брэ памыкаўся нешта сказаць, але так i не рашаўся, адварочваўся.
Яны не заводзiлi нiякiх iншых размоў, апрача службовых. Мэгрэ пасур'ёзнеў, рухi яго сталi больш спакойныя, хоць ён яшчэ i не атлусцеў. Ён нават перастаў усмiхацца i выдатна ўсведамляў, што быў жывым дакорам для Лё Брэ.
– Скажыце, даражэнькi...
Гэта было на пачатку мая.
– ...калi ў вас экзамены?
Экзамены па таму самаму прадмету, якi ён вывучаў у тую ноч, калi флейтыст убег у палiцэйскi камiсарыят, уварваўся ў жыццё Мэгрэ.
– На наступным тыднi.
– Мяркуеце здаць?
– Спадзяюся.
Адказваў Мэгрэ холадна, амаль суха.
– Гiшар казаў мне, што вы марылi паступiць у Вышукную.
– Марыў некалi.
– А цяпер?
– Не ведаю.
– Думаю, ваша месца якраз там, i хоць я вельмi цаню вас тут, аднак пастараюся памагчы вам у гэтай справе.
Спазм перахапiў горла Мэгрэ, i ён не вымавiў нi слова. Ён усё яшчэ злаваў. Ён нiяк не мог дараваць iм, усiм разам – i камiсару, i Жандро, i службоўцам з Вышукной, i, можа, нават самому Гiшару, якога ён у глыбiнi душы паважаў амаль так, як паважаў свайго бацьку.
Калi Гiшар, аднак...
Яны неабвержна мелi рацыю, Мэгрэ збянтэжана ўсведамляў гэта. Скандал нiчога не даў бы. У любым выпадку Элiз Жандро была б апраўдана.
У такiм разе?..
Цi не на само жыццё злаваў ён, i цi не памыляўся ён сам, не жадаючы ўразумець гэта?
Ён не чакаў, што будзе куплены. Ён не хацеў прымаць ад камiсара Лё Брэ анiякай ласкi.
– Пачакаю сваёй чаргi, – буркнуў ён цiха.
Назаўтра ж яго выклiкалi на Набярэжную.
– Усё яшчэ злуяце, мой хлопчык? – запытаўся шэф, кладучы руку яму на плячо.
Ён не змог утрымацца i амаль гнеўна, сапраўды як хлапчук, кiнуў:
– Гэта Элiз Жандро забiла Боба.
– Можа.
– Вы ведалi гэта?
– Не сумняваўся. Калi б гэта зрабiў яе брат, Луi не стаў бы ахвяраваць сабой.
Вокны кабiнета выходзiлi на Сену. Буксiры цягнулi за сабой цэлую нанiзку баржаў i, перад тым як прайсцi пад мостам, уключалi свае сiрэны i апускалi трубы. Трамваi, аўтобусы, фiякры, таксi бесперапынна рухалiся па мосце Сэн-Мiшэль, на тратуарах ажыўлена снавалi жанчыны ў яркiх апратках.
– Сядайце, старына.
Урока, пададзенага яму ў той дзень бацькоўскiм тонам, нельга знайсцi нi ў адным падручнiку па навуковай крымiналiстыцы.
– Вы зразумелi? Наша задача – наносiць як мага меней шкоды. Чаму магло паслужыць гэта выкрыццё?
– Праўдзе.
– Якой праўдзе?
I шэф заключыў:
– Можаце запалiць люльку. З панядзелка вы – iнспектар у групе камiсара Барадэ.
Мэгрэ i не падазраваў, што некалi, праз дваццаць два гады, ён зноў спаткаецца з Элiз, якая тады будзе насiць ужо iнакшае – арыстакратычнае iтальянскае прозвiшча мужа.
Не ведаў ён i таго, што яна прыме яго ў тым жа нязменным офiсе Бальтазараў – у кабiнеце, якi ён уяўляў толькi дзякуючы нейкаму Дэдэ, – дзе ён нарэшце ўбачыць партрэт старога, якi па-ранейшаму будзе вiсець на сваiм месцы.
"Месье камiсар..."
Камiсар – гэта ён, Мэгрэ.
"Лiчу не лiшнiм прасiць вас пра захаванне тайны..."
I справа будзе тычыцца таго, што на адмiнiстрацыйнай мове вызначаецца як "следства ў сямейных iнтарэсах".
"У маёй дачкi, на няшчасце, характар бацькi..."
Што да яе самой, то яна будзе спакойная i халодная, як стары Бальтазар, чый партрэт ва ўвесь рост будзе вiсець за яе крэслам.
"Яна дазволiла сабе захапiцца адной бессаромнай асобай, ён павёз яе ў Ангельшчыну, дзе дамогся дазволу на шлюб. Трэба любой цаной..."
Не, ён яшчэ не ведаў, што яму яшчэ раз давядзецца трымаць у сваiх руках гонар сям'i Бальтазараў.
Пакуль яму было ўсяго дваццаць шэсць гадоў. I яму рупiла хутчэй падзялiцца сваёй радасцю з жонкай: "Я паступаю ў опергрупу шэфа!"
Але яму не ўдалося адразу ж спраўдзiць сваё жаданне. На вулiцы яго чакаў Жустэн Мiнар.
– Кепскiя навiны?
– Добрыя! Мяне прасваталi!
Флейтыст расхваляваўся, здаецца, яшчэ болей, чым Мэгрэ.
– Вы пакiдаеце камiсарыят?
– З заўтрашняга дня.
– Замочым такую падзею?
I яны адправiлiся ў пiўную "Дафiн", у двух кроках ад Набярэжнай. Iнспектары з Вышукной, якiя сядзелi тут i пiлi пiва, зусiм не звярталi ўвагi на двух незнаёмцаў, што ўсё чокалiся i аж свяцiлiся радасцю.
Мiне колькi дзён, i адзiн з гэтых мужчын перастане быць для iх незнаёмцам. Мэгрэ стане iм раўня. Ён будзе заходзiць сюды, як дадому, гарсон пачне вiтаць яго па iменi i будзе ведаць, што яму падаць.
Дадому ён вярнуўся толькi ўвечары i – п'яны. Сто разоў – то флейтыст Мэгрэ, то Мэгрэ флейтыста – праводзiлi адзiн аднаго з аднаго канца вулiцы ў другi.
– Твая жонка... – пярэчыў Мэгрэ.
– Якое гэта мае значэнне?!
– Ты не спознiшся на свае танцулькi?
– Якiя танцулькi?!
Паднiмаючыся па лесвiцы, Мэгрэ нарабiў грукату. Ён расчынiў дзверы i сур'ёзна абвясцiў:
– Вiтай новага iнспектара з групы шэфа!
– А дзе ж твой кацялок?
Ён правёў рукой па галаве i пераканаўся, што сапраўды дзесьцi згубiў свой кацялок.
– Вось яны, жанчыны! Але заўваж... ты толькi заўваж, бо гэта вельмi важна... вельмi важна, чуеш?.. I камiсар тут нi пры чым... Яны даўно ўжо сачылi за мной, а я i не ведаў... Ведаеш, хто мне пра гэта сказаў?.. Сам шэф... Ён мне сказаў... Я не магу паўтарыць табе ўсё, што ён сказаў мне, але ён зусiм як бацька... Бацька, разумееш?
Яна прынесла яму пантофлi i згатавала моцную каву.








