Текст книги "Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)"
Автор книги: Жорж Сименон
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 8 страниц)
Ён увайшоў у каравульнае памяшканне, якое патыхала казармай, запытаўся, цi можа прыняць яго камiсар. Яму здалося, што глядзелi на яго з нейкай дзiўнай цiкаўнасцю. Але ён не надаў гэтаму ўвагi. Вiдаць, падумаў ён, сакратара з квартальнага камiсарыята лiчаць тут асобай даволi пасрэднай.
– Пасядзiце.
Палiцэйскiх было трое, адзiн пiсаў, двое сядзелi без справы. Кабiнет камiсара знаходзiўся побач, але нiхто i не падумаў пайсцi папярэдзiць яго, нiхто не звяртаў анiякай увагi на Мэгрэ; з iм паводзiлiся так, нiбыта ён не меў да гэтай установы нiякага дачынення. Становiшча было настолькi няёмкае, што ён не пасмеў нават набiць сваю люльку.
Праз чвэрць гадзiны ён асмелiўся запытацца:
– А што, камiсара няма?
– Заняты.
– Дзе знаходзяцца людзi, якiх забралi сёння ноччу?
Праходзячы па калiдоры, ён нiкога не пабачыў у прасторнай зале, дзе звычайна выгружаюць вылаўленую "дзiчыну".
– Наверсе.
Ён не адважыўся папрасiць дазволу схадзiць туды. Наверсе – азначала пакой, дзе праводзiлася антрапаметрыя. Усiх затрыманых выстройвалi ў рад, як у школе. Iм загадвалi распрануцца i стаць у ланцуг адзiн за адным. Iх аглядвалi, занатоўвалi самыя нязначныя характэрныя прыкметы, пасля чаго, дазволiўшы апрануцца, з iх знiмалi меркi, фатаграфавалi, бралi адбiткi пальцаў.
Цi Дэдэ ўсё яшчэ фанабэрыцца, стоячы ў ланцугу разам з жабракамi i бадзягамi?
Пазней, калi Мэгрэ стане працаваць у групе шэфа, ён набудзе права хадзiць усюды, куды трэба, па ўсёй гэтай установе.
Што да жанчын, то iхнi агляд рабiў медык у другiм пакоi, i хворыя адсылалiся ў Сэн-Лазараўскую бальнiцу.
– Вы ўпэўнены, што камiсар усё яшчэ заняты?
Ён чакаў ужо болей паўгадзiны. Яму падалося, што ўсе трое весела пераглянулiся.
– Трэба пачакаць яго званка.
– Але ён не ведае, што я тут. А ў мяне важная справа. Трэба папярэдзiць яго.
– Вы, здаецца, з квартала Сэн-Жорж?
I адзiн з палiцэйскiх, той, што пiсаў, кiнуў позiрк на нейкую паперку, што ляжала на яго стале.
– Жуль Мэгрэ?
– Ён самы.
– Прыйдзецца пачакаць, старына. Нiчога не магу парадзiць.
З суседняга пакоя, дзе мусiў быць камiсар, не даносiлася нi гуку. I толькi яшчэ праз гадзiну, калi Мэгрэ ўжо знемагаў ад нецярпення, з'явiўся камiсар, але не з кабiнета, а з вулiцы.
– Вы сакратар Лё Брэ?
Нарэшце дайшла чарга i да яго! А то сядзi тут на краёчку лаўкi, як проська...
– Вы, здаецца, паранены?
– Дробязi. Я хацеў бы...
– Ведаю. Вам трэба дапытаць аднаго чалавека, так званага Дэдэ. Я думаю, ён унiзе. Будзьце ласкавы, Жэрар, паглядзiце. Калi ён там, прывядзiце яго да мяне ў кабiнет.
I да Мэгрэ:
– Заходзьце, калi ласка. Мой кабiнет – у вашым распараджэннi.
– Мне трэба дапытаць яшчэ i адну жанчыну.
– Дык у чым справа?! Скажыце брыгаднаму.
Хiба ва ўсiм гэтым мелася што ненатуральнае? Мэгрэ ўяўляў сабе трошкi iначай развiццё падзей, але пакуль што ён не трывожыўся. Проста ён не ведаў яшчэ тутэйшых парадкаў, i таму ўсё гэта рабiла на яго такое ўражанне.
Палiцэйскi прывёў Дэдэ i таксама, як i камiсар, выйшаў i зачынiў за сабою дзверы.
– Як справы, Жуль?
Уладальнiк гаража з вулiцы Акацый быў у тым жа клятчастым гарнiтуры. У яго толькi забралi, згодна правiлам, гальштук i шнуркi ад чаравiкаў, што надавала яму трошкi неахайны выгляд. Мэгрэ нерашуча сеў за стол камiсара.
– Я рады, што вас не дужа пакалечылi, – сказаў Дэдэ. -Можаце запытацца ў гэтых ажанаў: першае, што я спытаў, калi прыбыў сюды, што з вамi.
– Вы ведалi, хто я, так?
– Яшчэ б, не ведаў – чорт пабяры!
– I я таксама ведаў, што вы ведаеце, – кiўнуў Мэгрэ.
– I вы што ж, не разумелi, што вам морду наб'юць? А калi б з вамi расправiлiся па-сапраўднаму?
– Сядай.
– Добра. Мне падабаецца, што вы са мной на "ты".
Мэгрэ ведаў, што тут прыняты менавiта гэткiя паводзiны з арыштантамi, але яшчэ не прывык да гэтага.
– Мне вядома i шмат што iншае, i, я думаю, мы здолеем паразумецца.
– Сумняваюся, – адказаў Дэдэ.
– Граф мёртвы.
– Вы так думаеце?
– Ноччу з 15 на 16 красавiка ты прывёз графа ў сваiм "дыён-бутоне" на вулiцу Шапталь i чакаў яго там, не выключаючы матора.
– Не прыпамiнаю.
– Потым у адным з пакояў расчынiлася акно, жанчына закрычала, i раздаўся стрэл. Тады ты ўцёк на вулiцу Фантэн. Аб'ехаў вакол квартала. Прыпынiўся на вулiцы Вiктор-Масэ, затым яшчэ раз праехаў па вулiцы Шапталь, каб паглядзець, цi не выйшаў Боб.
Дэдэ глядзеў на яго i спакойна ўсмiхаўся.
– Прадаўжайце, – сказаў ён. – У вас не знойдзецца цыгарэты? Гэтыя свiннi падчысцiлi ўсё, што было ў маiх кiшэнях.
– Я куру толькi люльку. Табе было вядома, навошта граф заявiўся ў той дом.
– Працягвайце, працягвайце.
– Ты зразумеў, што там адбылося нешта паганае. Назаўтра ты нiчога не знайшоў у газетах. Граф не вяртаўся. На наступны дзень зноў нiчога.
– Вельмi цiкава.
– Ты зноў наведаўся на вулiцу Шапталь – нiчога новага. Потым, здагадваючыся, што здарылася, ты адправiўся да Рышара Жандро. Не дадому, канешне, а ў офiс.
– I што ж я сказаў гэтаму субчыку?
– Што за пэўную суму, ну, тысяч так за пяцьдзесят, ты згодны маўчаць. Бо, ведаючы, што Боб меўся рабiць на вулiцы Шапталь, ты ведаеш, чаму яго забiлi.
– Гэта ўсё?
– Усё.
– Што вы мне прапануеце?
– Нiчога. Гаварыць.
– Што б вы хацелi, каб я сказаў?
– Граф ведаў Жандро. Ён неаднойчы наведваўся ў госцi да дзяўчыны. Ён быў яе палюбоўнiкам?
– Вы калi-небудзь бачылi яго?
– Не.
– Калi б вы бачылi яго, вы не задалi б мне гэтага пытання. Гэта не той хлопец, што ўпусцiць сваё.
– Яны хацелi пажанiцца, праўда?
– А ведаеце, вы мне падабаецеся. Гэта ж самае я казаў i Люсiль: шкада, што ён палiцэйскi! I як толькi вам узбрыло ў галаву – стаць шпегам? Гэта пры вашай паставе i магчымасцях?
– Табе больш даспадобы турма?
– Чаму?
– Калi ты скажаш, то, магчыма, табе даруюць шантаж Рышара Жандро.
– Вы думаеце, ён паскардзiцца?
– Даруюць i спробу забойства, ахвярай якога я аказаўся.
– Паслухай, Жуль. Шанцы ў нас с табой няроўныя. Не распiнайся дарэмна, мяне проста верне ад усяго гэтага. Ты слаўны хлопец. Магчыма, калi-небудзь мы сустрэнемся i раздавiм разам пляшачку. Але тут – мы не на роўных. Ты проста харыст. Цябе абвядуць вакол пальца – i вокам не мiргнуць.
– Хто?
– Няважна! Я хачу толькi вось што сказаць табе: Боб быў хлопец што трэба. Ён меў уласныя думкi наконт таго, як паводзiць сябе ў жыццi. Ён не мог без агiды глядзець на пэўныя мурлы. Але ён быў няздатны на подласць. Ушалопай гэта сваёй мазгаўнёй.
– Ён мёртвы.
– Магчыма. Я нiчога не ведаю. А калi i ведаю нешта, то да гэтага нiкому няма справы. I па-таварыску раю табе: "Кiнь!" Разумееш? Кiнь, Жуль. Мне няма чаго сказаць. Я нiчога не скажу. Такiя фокусы табе не пад сiлу. Дапусцiм, што гэта вышэй нашага разумення – i твайго, i майго. Я нiчога не ведаю, нiчога не бачыў, нiчога не чуў. Пяцьдзесят тысяч франкаў? Я паўтару гэта столькi разоў, колькi спатрэбiцца: я выйграў iх на скачках. Што да таго, як мне выбрацца адгэтуль, то – сляпы сказаў – пабачым! – Ён неяк шматзначна пасмiхнуўся, кажучы гэта. – Цяпер, калi можаш, зрабi такую ласку, не дужа прыставай да небаракi Люсiль. Яна сапраўды кахала свайго Боба. Ты можаш зразумець гэта? Можна быць шлюшкай i па-сапраўднаму кахаць. Не муч яе, магчыма, калi-небудзь я аддзячу табе за гэта. Усё.
Ён устаў i рушыў да дзвярэй.
– Дэдэ! – аклiкнуў яго Мэгрэ, таксама ўстаючы.
– Баста! Я набiраю ў рот вады. Ты не пачуеш ад мяне болей нi слова.
I Дэдэ расчынiў дзверы, паклiкаў палiцэйскiх.
– Мы скончылi, – сказаў ён са з'едлiвай усмешкай.
– Прывесцi жанчыну? – запытаў у Мэгрэ брыгадны.
Люсiль адмовiлася сесцi, стала ля стала.
– Вы ведаеце, пры якiх абставiнах памёр Боб?
Яна ўздыхнула.
– Я нiчога не ведаю.
– Яго забiлi ў адным доме на вулiцы Шапталь.
– Вы думаеце?
– Ён быў палюбоўнiкам адной дзяўчыны.
– Я не раўнiвая.
– Чаму вы не хочаце гаварыць?
– Таму, што мне няма чаго сказаць.
– Калi б вы ведалi, што Боб жывы, вы не паехалi б у Бельгiю?
Яна маўчала.
– Чаму вы не хочаце адпомсцiць за Боба?
Яна закусiла вусны i адвярнулася.
– Некалькi банкнотаў даражэй вам за яго забойцу?
– Вы не маеце права казаць так.
– Тады кажыце вы.
– Я нiчога не ведаю.
– А калi я дапамагу вам?
– Я нiчога не скажу.
– Хто бачыўся з вамi, пасля таго як вы апынулiся тут?
Ён нарэшце ўсё зразумеў. Яго змусiлi чакаць зусiм не таму, што камiсар быў заняты. Аддзелы Вышукной палiцыi, якiя займалiся апазнаннем асоб злачынцаў i iх ахвяр, – тыя, "наверсе", – былi звязаны з Набярэжнай Арфеўр.
Цi прайшоў Дэдэ праз антрапаметрыю? Цi перанесла Люсiль медыцынскi агляд? Мала верагодна.
Амаль неабвержна было другое: што нехта ўжо дапытваў iх, нехта з Вышукной.
Калi Мэгрэ прыйшоў сюды, прайшло не меней гадзiны, як Лё Брэ пакiнуў бульвар Рышар-Ленуар.
Цяжка было даць веры, аднак хiба цi i не сам Дэдэ намякнуў Мэгрэ, што яго проста абдурылi?
Ён выйшаў з кабiнета, i яму здалося, што ён заспеў усмешкi на тварах палiцэйскiх. Нiбыта выпадкова, якраз у гэты самы момант вярнуўся камiсар.
– Ну як, дружа? Можна павiншаваць з поспехам? Яны загаварылi?
– Што вы мяркуеце рабiць з iмi?
– Яшчэ не ведаю. Чакаю распараджэнняў.
– Ад каго?
– Ад начальства, як звычайна.
– Дзякуй вам.
Калi ён апынуўся на Набярэжнай, хлынуў лiвень. Мэгрэ раптова ахапiў такi адчай, што ён гатовы быў занесцi камiсару заяву аб звальненнi.
"Ты толькi харыст", – сказаў яму ўладальнiк гаража з адценнем шкадавання.
Ён, каму так хацелася быць прыналежным да гэтага дома, адкуль ён выйшаў з апушчанай галавой i з камяком у горле!
Ён зайшоў у пiўную "Дафiн", дзе заўсёды можна было сустрэць аднаго-двух iнспектароў з Набярэжнай Арфеўр, якiя заходзiлi сюды на куфаль пiва. Ён ведаў iх у твар, але сам быў для iх нечым не вартым увагi.
Спачатку ён прыняў пiлюлю, якую даў яму доктар, у надзеi, што яна падбадзёрыць яго. Затым выпiў вялiкую чарку гарэлкi.
Вось яны. Нядбайна развалiўшыся ў крэслах, сядзяць за сталом i абменьваюцца навiнамi, такiя задаволеныя сабой! Яшчэ б! Яны маюць доступ усюды, куды спатрэбiцца, яны ў курсе ўсяго на свеце!
Цi Мэгрэ ўсё яшчэ хацелася быць адным з iх? Цi не быў ён на шляху да адкрыцця, што погляд, якi склаўся асабiста ў яго пра палiцыю, быў памылковы?
Пасля другой чаркi ён быў гатовы адправiцца да свайго высокага начальнiка i заступнiка Ксаўе Гiшара i выказаць яму ўсё, што на душы набалела.
Яго пакiнулi ў дурнях. Лё Брэ выведаў у яго ўсе звесткi. Ля дзвярэй яго чакаў экiпаж. Безумоўна, ён адразу ж адправiўся на Набярэжную Арфеўр, а Мэгрэ прымусiлi чакаць.
"Мой сакратар проста звар'яцеў. Ён можа натварыць бог ведае што i давесцi справу да скандалу".
Хто ведае, цi не звярнуўся ён вышэй, да прэфекта, напрыклад, або да самога мiнiстра ўнутраных спраў?
А можа – чаму б не? – мiнiстр унутраных спраў таксама сутрапезнiк тых буржуа з вулiцы Шапталь?
Цяпер Мэгрэ быў перакананы: справу аддалi яму – ды яшчэ з гэткiмi папярэджаннямi аб асцярожнасцi! – толькi для таго, каб ён скруцiў сабе шыю.
"Вы хочаце дапытаць Дэдэ? Чаму б не? Калi ласка, дружа!"
Толькi спачатку яны самi як след пагавораць з уладальнiкам гаража. Бог ведае што было паабяцана Дэдэ за тое, каб ён маўчаў. Купiць яго маўчанне было лёгка: арыштоўваўся ён не ўпершыню. Што да Люсiль, то, калi яна не будзе маўчаць, яе ў любы момант маглi на адпаведны час запраторыць у Сэн-Лазараўскi вендыспансер.
"Ты толькi харыст".
Ён ухмыльнуўся, таму што некалi сапраўды быў харыстам, калi жыў у вёсцы.
Яны ўтапталi ў гразь яго веру, апаганiлi яго палiцыю. Ён не меў злосцi на тое, што яны ўкралi ў яго поспех. Пачуццё яго куды глыбей, яно хутчэй нагадвала расчараванне ў любвi.
– Гарсон!
Ён хацеў заказаць трэцюю чарку, але перадумаў, расплацiўся i выйшаў з уражаннем, што тыя чацвёра з-за свайго стала правялi яго iранiчнымi позiркамi.ь
Ён разумеў, што цяпер увесь час будзе натыкацца на падтасоўку. Што яму заставалася? Далучыцца да флейтыста. Таму што адзiным козырам, якiм ён валодаў у сваёй гульнi, быў флейтыст! Менавiта пра Жустэна Мiнара Лё Брэ распарадзiўся ў першы ж дзень сабраць звесткi.
Хай сабе ён, Мэгрэ, злуе, а калi што якое, то можна будзе сцвердзiць, што ад удару па галаве ў яго, беднага, цяпер проста не ўсе дома.
Ён ускочыў у папутны аўтобус i застаўся стаяць на пляцоўцы, насуплена ўдыхаючы пах мокрага сабакi, якi зыходзiў ад плашча. Яму стала душна. А можа, ён трошкi тэмпературыў?
Дабраўшыся да вулiцы Шапталь, ён ледзьве не павярнуў назад, прыгадаўшы Памэля, гаспадара "Старога Кальвадоса", якi таксама глядзеў на яго з паблажлiвасцю.
Хто ведае, можа, усе яны маюць рацыю? У рэшце рэшт, можа, ён проста перабольшыў свае магчымасцi, можа, ён абсалютна няздатны да прафесii палiцэйскага?
Аднак як слаўна адчуваў бы ён сябе, калi б яму развязалi рукi i ён давёў справу да канца! У гэтым доме, за якiм Мэгрэ назiраў з вулiцы, не засталося б нiводнага невядомага яму куточка, нiводнага невядомага яму насельнiка – i ўсё стала б яму ясна, ён раскусiў бы iх усiх, ад нябожчыка старога Бальтазара да Лiзы Жандро i Луi.
Тое, што адбылося ў ноч з 15 на 16, якраз не самае iстотнае, бо гэта ўсяго толькi завяршальны этап. Калi б ён выведаў думкi кожнага, яму было б няцяжка выявiць праўду, тое, што прывяло да развязкi.
Але гэты дом, як i дом на авеню дзю Буа, – крэпасць з замкнёнымi для яго дзвярыма. Па самай нязначнай трывозе да яе адсюль спяшалiся на помач. Дэдэ неспадзявана набiраў у рот вады, а Люсiль пакутлiва працiвiлася жаданню адпомсцiць за свайго Боба.
Ён злавiў сябе на тым, што на хаду размаўляў сам з сабою, пацепаўся плячыма i рэзка штурхнуў дзверы ў рэстаранчык.
Жустэн стаяў ля стойкi з чаркай у руцэ. Ён нiбыта падмянiў Мэгрэ пры сустрэчы з Памэлем. Апошнi не выказаў анiякага здзiўлення, убачыўшы новага клiента.
– I мне гэтага ж, – загадаў Мэгрэ.
Дзверы былi расчынены насцеж. Лiвень сцiхаў, праз рэдкую дажджавую сетку ззяла сонца. Маставая блiшчала, адчувалася, што яна хутка прасохне.
– Я так i думаў, што вы яшчэ завiтаеце сюды, – сказаў гаспадар. – Мяне толькi дзiвiць, што вы не разам з тымi ветрагонамi.
Мэгрэ рэзка павярнуўся да Жустэна Мiнара, якi не рашуча памуляўся, але ж усё прамовiў:
– У доме людна. Наехалi з паўгадзiны таму.
Машын на вулiцы не было. Значыць, госцi прыбылi на рамiзнiках.
– Хто?
– Не ведаю, але, па-мойму, судзейскiя. Там i нейкi белабароды месье, i малады службовец. Можа, пракурор з сакратаром?
Сутаргава сцiскаючы чарку, Мэгрэ запытаў:
– Яшчэ хто?
– Бог iх ведае. Мне не даводзiлася сустракацца з гэтымi людзьмi.
Жустэн з далiкатнасцю казаў не тое, што думаў.
– Калегi вашы, – буркнуў Памэль. – Не з камiсарыята. З Набярэжнай. Я пазнаў аднаго.
Бедны Мiнар! Ён не ведаў, куды падзець вочы. Выходзiла так, нiбыта Мiнар i яго падвёў пад дурнога хату. Мiнар быў перакананы, што менавiта Мэгрэ вядзе следства – флейтыст са шчырай душой памагаў яму.
I вось, аказваецца, Мэгрэ нiчога не варты, яго нават не папярэдзiлi, што збiраюцца рабiць.
Яшчэ раз ён ледзь стрымаўся, каб не вярнуцца дадому, у ярасцi скласцi заяву аб адстаўцы i легчы ў пасцель. Галава яго гарэла, ажно расколвалася ад шчымлiвага, таргатлiвага болю. Гаспадар трымаў пляшку кальвадосу. Мэгрэ кiўнуў галавой, каб налiваў.
Напляваць! Яго абышлi па ўсiх швах. Яны маюць рацыю. Ён усяго толькi харыст!
– Жэрмена таксама там, – прамармытаў Мiнар. – Я заўважыў яе ў акне.
Чорт бы iх забраў! I яна таксама. Ну што ж, усё натуральна. Яна, магчыма, не дужа вялiкага розуму, затое, як усе жанчыны, мае нюх. Скемiла, што стала не на тым баку, на якiм трэба, што Мэгрэ са сваiм флейтыстам усяго толькi пешкi ў чужой гульнi.
– Я пайду туды! – вырашыў ён раптам i паставiў чарку на стойку.
Ён так баяўся перадумаць, што ледзь не подбегам перасек вулiцу. Апынуўшыся ля брамы, убачыў двух мужчын, якiя капалi зямлю ў садзе. Злева, ля дзвярэй, што вялi ў хол, стаяў дзяжурны iнспектар.
– Я супрацоўнiк квартальнага камiсарыята, – прадставiўся Мэгрэ.
– Трэба пачакаць.
– Чаго?
– Пакуль там яны закончаць.
– Але ж я вёў расследаванне!
– Магчыма. Аднак так мне загадалi, старына.
Яшчэ адзiн з Набярэжнай Арфеўр!
"Калi мне самому калi-небудзь давядзецца служыць у Вышукной, – падумаў Мэгрэ, забываючыся пра свой цвёрды намер пакiнуць палiцыю, – клянуся, што нiколi не буду выказваць пагарды да небаракаў з камiсарыята!"
– I пракурор тут?
– Усе тут.
– Мой камiсар таксама?
– Я не ведаю яго. Як ён выглядае?
– У шэрым гарнiтуры. Высокi, хударлявы, з тонкiмi светлымi вусiкамi.
– Не бачыў.
– Хто прыехаў з Набярэжнай?
– Камiсар Барадэ.
Мусiць, той Барадэ, пра якога найчасцей пiсалi ў газетах. Гэты чалавек са старанна паголеным тварам швейцара, з маленькiмi дапытлiвымi вочкамi, якiя вечна глядзелi некуды ўбок, у вачах Мэгрэ быў, бадай, самай значнай асобай у свеце.
– Што шукаюць у садзе?
– Труп.
Палiцэйскi не дужа ахвотна адказваў на пытаннi, рабiў гэта толькi як бы з паблажлiвасцi.
– Рышар Жандро дома?
– Якi ён?
– Смуглявы, з доўгiм крывым носам.
– Ёсць такi.
Значыць, Жандро альбо не пайшоў, як звычайна, у свой офiс, альбо паспешлiва вярнуўся адтуль.
У гэты момант ля дома спынiўся фiякр. З яго выскачыла дзяўчына, таропка рушыла да дзвярэй, ля якiх перагаворвалiся Мэгрэ i iнспектар.
– Мадэмуазель Жандро, – холадна, ледзь разнiмаючы вусны, прадставiлася яна.
Iнспектар услужлiва расчынiў перад ёю дзверы.
– Так загадана, – даверлiва прызнаўся ён Мэгрэ.
– Яе чакалi?
– Мяне проста папярэдзiлi, каб я прапусцiў яе.
– Вы бачылi дварэцкага?
– Менавiта яго якраз i дапытваюць зараз. Вы ў курсе справы?
– Збольшага, – адказаў Мэгрэ.
– Як вiдно, мярзотны тыпус.
– Хто?
– Ды той, каго прыкончыў слуга.
Мэгрэ ўтаропiўся на свайго субяседнiка, разявiўшы рот ад здзiўлення.
– Вы ўпэўнены?
– У чым?
– Што Луi...
– Ведаеце, я нават не знаю, хто такi Луi. Я чуў толькi абрыўкi размовы. Адзiнае, што я ведаю, – не дапускаць тут людской зборнi.
Адзiн з далакопаў, якi, вiдаць, таксама быў з палiцыi, падышоў да параднага; той, хто застаўся ў садзе, быў, мусiць, камердынер. У першага рукi былi запэцканы, на чаравiкi таксама налiплi камякi зямлi, твар выказваў грэблiвасць i агiду.
– Лепш бы не бачыць! – на хаду прагаварыў ён.
Яму адчынiлi дзверы, i ён знiк у доме. За той мiг, пакуль дзверы былi прыадчынены, Мэгрэ паспеў заўважыць Элiз Жандро i яе брата, якiя стаялi ў холе i размаўлялi. Астатнiя, з пракуратуры, вiдаць, знаходзiлiся ў адным з салонаў. Дзверы туды былi зачынены.
– У вас тут прызначана спатканне, цi што? – запытаўся палiцэйскi ў Мэгрэ, якi ад нецярплiвасцi не мог стаяць на месцы.
– I сам не ведаю.
У яго нават выступiлi слёзы на вачах. Яшчэ нiколi не апынаўся ён у гэткiм прынiжэннi.
– Па-мойму, яны больш за ўсё баяцца журналiстаў. З-за гэтага i перасцярог столькi. Самае смешнае, што ўсе мы п'ем каву "Бальтазар". Вось ужо не думаў, што аднойчы...
З дому, вiдаць, часта некуды званiлi – да iх раз-пораз даносiлiся тэлефонныя званкi, адбоi.
– Калi вас паслаў ваш камiсар, то я магу пайсцi сказаць iм, што вы чакаеце.
– Не варта турбавацца.
Iнспектар пацiснуў плячыма. I зусiм збiўся з тропу, калi пабачыў, што Мэгрэ глытае пiлюлю.
– Вам нядобра?
– Вы не ведаеце, як усё гэта пачалося?
– Што пачалося?
– Вы былi сёння на Набярэжнай Арфеўр?
– Быў. Якраз збiраўся на аблаву ў квартале Лявiет. Камiсар Барадэ дапытваў аднаго тыпа.
– Невысокi, у клятчастым гарнiтуры?
– Так. Арол-хлопец.
– Барадэ званiў камiсару?
– Не. Яго выклiкаў да сябе галоўны. На той час мне нават прыйшлося пасцерагчы хлопца. Блазен. Папрасiў цыгарэту, а ў мяне якраз не было.
– А потым?
– Калi месье Барадэ вярнуўся, то на хвiлю яшчэ раз зачынiўся з тым субчыкам у клятчастым гарнiтуры, а нам загадаў быць напагатове.
– Каму?
– Ну, з опергрупы. Нас было трое, апрача камiсара. Двое iншых зараз у доме. Гэты, што капаў, – Барор, месяц назад быў паранены пры арышце аднаго паляка з вулiцы Каленкур.
Кожнае вымаўленае iнспектарам слова ўваскрашала ва ўяўленнi Мэгрэ пакой iнспектароў на Набярэжнай Арфеўр, прыязную ўладнасць Барадэ, якi ўсiх сваiх падначаленых называў "хлопчыкамi".
Чаму яны гэтак абышлiся з iм? Хiба ён дапусцiў якi промах? Хiба ён сам не справiўся б тут? Хiба сам ён не быў гранiчна шчыры?
Камiсар Лё Брэ, развiтаўшыся з iм на бульвары Рышар-Ленуар, пакiнуў яго ва ўпэўненасцi, што яму прадстаўлена поўная свабода дзеяння. А сам кiнуўся на Набярэжную Арфеўр! А пасля, мажлiва, явiўся яшчэ i сюды?
– Адным словам, абвiнавачваецца дварэцкi?
– Калi я правiльна зразумеў. Ва ўсякiм выпадку, мурло ў яго гнюснае.
– Анiчога ўжо не разумею.
– Вы яшчэ намагаецеся нешта зразумець?
Гэта быў, бадай, першы сапраўдны ўрок сцiпласцi, пададзены Мэгрэ. Iнспектар быў шмат старэй за яго. Яму, вiдаць, перавалiла за трыццаць. Ён валодаў тым спакоем, той абыякавасцю, што ўласцiва людзям, якiя шмат пабачылi на сваiм вяку. Ён нетаропка папыхваў люлькай, нават не спрабуючы падслухаць, што адбывалася ў доме.
Ва ўсякiм выпадку, гэта куды лепш, чым аблава на ўчастку Лявiет. Бог ведае, колькi часу яна забрала б...
Ля тратуара спынiўся аўтамабiль. З яго лёгка выскачыў малады доктар з цёмнай бародкай i з баульчыкам ў руцэ, i Мэгрэ адразу пазнаў яго, прыгадаўшы здымкi, якiя часта з'яўлялiся ў газетах. Гэта быў доктар Поль, судова-медыцынскi эксперт, амаль славутасць.
– Дзе нашы следчыя?
– Тут, доктар. А труп у садзе. Але вы, мусiць, хацелi б спачатку пабачыцца з пракурорам?
Усе мелi доступ у святая святых, за выключэннем аднаго Мэгрэ, прыгаворанага скрыгатаць зубамi ў парадным.
– Вось пабачыце, – не сунiмаўся яго субяседнiк, – уся гэта гiсторыя не зойме ў газетах i трох радкоў.
– Чаму?
– Таму!
I сапраўды, вечарам у газеце "Ля Прэс" можна было прачытаць наступнае:
"Ноччу з 15 на 16 гэтага месяца ў асабняк сям'i Жандро-Бальтазараў на вулiцы Шапталь уварваўся грабежнiк. Дварэцкi Луi Вiё, пяцiдзесяцi шасцi год, уражэнец Ансеваля, Ньеўр, забiў яго напавал стрэлам з рэвальвера, трапiўшы проста ў сэрца".
Мэгрэ ў гэты час ляжаў у пасцелi з трыццацiдзевяцiградуснай гарачкай, а мадам Мэгрэ не ведала, як збавiцца ад флейтыста, якi не хацеў iсцi дадому i, як нiколi, меў выгляд прыблуднага цюцькi.
Раздзел IX
СНЕДАННЕ ЗА ГОРАДАМ
Так працягвалася тры днi. Спачатку ён меў надзею, што сапраўды захварэе i што гэта падзейнiчае на iх сумленне. Аднак, калi на чацвёртыя суткi ён ураннi асцярожна расплюшчыў вочы, то выявiў у сябе ўсяго толькi моцны насмарк.
I тады ён пайшоў на хiтрасць. Нават перад жонкай было смешна валяцца з насмаркам, i ён застагнаў, закашляў, стаў скардзiцца на боль у грудзях.
– Давай пастаўлю гарчычнiкi. Каб хоць бранхiт не прычапiўся.
Бадзёрасць нiколi не пакiдала яе. Яна з пяшчотай даглядала яго. Можна сказаць, проста песцiла. I ўсё ж, ён адчуваў, што яе не ашукаеш.
– Заходзьце, месье Мiнар, – данёсся да яго яе голас з прыхожай. – Не, яму ўжо не кепска. Толькi прашу вас не дужа стамляць яго.
Гэта азначала, што яна таксама ўступала ў гульню.
– Якая тэмпература? – занепакоена запытаўся флейтыст.
– Не дужа пагрозлiвая.
Ёй страшэнна падабалася гатаваць усялякае зелле, прыпаркi, булёны i гогалi-могалi. Падабалася старанна зашторваць вокны i хадзiць на пальчыках, час ад часу прыадчынiць дзверы i правяраць, цi спiць ён.
Бедны Мiнар, тут было не да яго! Мэгрэ нават дакараў сябе за гэта. Ён вельмi палюбiў яго. I быў бы рады зрабiць яму прыемнасць.
Жустэн з'яўляўся шторанiцы, гадзiн ў дзевяць-дзесяць; ён не званiў, а сцiпла шкрабаўся ў дзверы, каб часам не патрывожыць Мэгрэ, калi той раптам яшчэ спiць. Потым шэптам пытаўся пра яго самаадчуванне цi хутка прашмыгваў у пакой, падыходзiў да ложка.
– Не, не, не падымайцеся! Я толькi праведаць прыйшоў. У вас няма для мяне нiякiх паручэнняў? Для мяне было б вялiкiм шчасцем...
Гаворка была ўжо не пра тое, каб высочваць злачынцаў. Ён гатовы быў да любой паслугi. Ён прапаноўваў сваю дапамогу i мадам Мэгрэ:
– Дазвольце мне схадзiць вам за пакупкамi. Я выдатна спраўлюся, вось пабачыце!
У рэшце рэшт, ён "усяго на адну хвiлiнку" прысаджваўся ля акна – i заставаўся на гадзiны. Калi ў яго пыталiся, як маецца яго жонка, ён жвава адказваў:
– Якое гэта мае значэнне!
Надвячоркам, перад работай, ён прыходзiў зноў, ужо ў фраку, таму што ён iграў цяпер на балях дзесьцi на бульвары Сэн-Мiшэль. Iграў ён ужо не на кантрабасе, а на карнет-а-пiстоне, што, мусiць, было цяжкавата для яго, бо вакол рота ў яго доўга трымаўся ружовы след.
Лё Брэ таксама шторанiцы прысылаў з камiсарыята дзяжурнага праведаць Мэгрэ. Гэтая акалiчнасць прывяла канс'ержку ў вялiкае расчараванне. Яна, канешне, ведала, што яе кватарант службовец, але яна нiколi не падумала б, што ён служыць у палiцыi.
– Камiсар загадаў перадаць, каб вы папраўлялiся i не хвалявалiся. Усё будзе добра.
Мэгрэ з галавой зарываўся ў падушку. Гэта дапамагала мысленна засяродзiцца. Тады ён яшчэ не ведаў, што гэта ўвойдзе ў прывычку, што ён даволi часта будзе карыстацца ёй ў хвiлiны адчаю цi скрутнага становiшча.
Усё пачыналася, як па камандзе. Замест таго каб думкi ўдакладнялiся, святлелi, яны блыталiся, як у гарачцы. Ён паступова правальваўся ў напаўзабыццё, i ява мянялася, набывала новыя формы, пераблытвалася з успамiнамi дзяцiнства. Усё спрыяла гэтаму: i асвятленне ў пакоi, i кветкi на шпалерах, нават пахi з кухнi i мяккiя, кацiныя крокi мадам Мэгрэ...
Ён узнаўляў усе падзеi з самага пачатку, расстаўляў усiх удзельнiкаў, як шахматныя фiгуркi на дошцы – стары Бальтазар, Жандро-бацька, Элiз i Рышар, Луi, Жэрмена, маленькая пакаёўка Мары.
Ён ажыўляў iх, прымушаў рухацца. Затым наставала чарга Лё Брэ: ён выходзiў з кватэры на бульвары Рышар-Ленуар, садзiўся ў свой экiпаж, коратка загадваў фурману: "Набярэжная Арфеўр!"
Цi быў ён на "ты" з вышэйшым начальствам – з Ксаўе Гiшарам? З гэтай хвiлiны ўсё набывала асаблiвую вастрыню. Што казаў Лё Брэ Гiшару там, у прасторным кабiнеце шэфа, куды Мэгрэ заходзiў толькi двойчы i якi быў для яго самым свяшчэнным кутком на зямлi?
"Мой сакратар, – той малады чалавек, якога вы мне рэкамендавалi, займаецца зараз адным расследаваннем. Я не змог зрабiць iнакш i вымушаны быў даверыць справу яму. Цяпер, здаецца, ён наламае нам дроў".
Цi гэтак казаў ён? Зусiм верагодна. Лё Брэ – свецкi чалавек, перш за ўсё. Ён шторанiцы займаецца фехтаваннем у клубе Гоша, бывае на прыёмах, прысутнiчае на ўсiх прэм'ерах i з'яўляецца на скачках у светла-шэрым парадным гарнiтуры.
А Ксаўе Гiшар? Ён быў сябар бацькi Мэгрэ i паходзiў з аднаго з iм асяроддзя. I жыў ён не ў далiне Мансо, а ў цеснай кватэрцы ў Лацiнскiм квартале, праводзячы свой вольны час хутчэй са сваiмi талмудамi, чым з шыкоўнымi дамамi. Не, ён не здольны нi на свiнства, нi на кампрамiс.
Аднак ён выклiкаў да сябе Барадэ. Што ён яму загадаў?
Ну а калi ўсё было менавiта так – хiба гэта сведчыць пра тое, што Мэгрэ дапусцiў нейкую памылку? Ён не давёў да канца сваё расследаванне, хай! Ён не ведае, хто стрэлiў у графа. Як не ведае i таго, чаму стрэлiў. Але ён дазнаўся б!
Ён адчуваў, што i хутка, i добра справiцца са сваiм заданнем. Нездарма ж гэтак перапужаўся камiсар!
Тады – чаму?
Газеты болей не ўсчыналi гаворкi пра здарэнне. Справу замялi. Труп Боба, мабыць, адправiлi ў морг, будуць ускрываць.
Мэгрэ зноў уявiў сябе ў двары дома на вулiцы Шапталь, у баку ад усiх гэтых месье, якiя не звярталi на яго ўвагi. Барадэ, якi не ведаў яго ў твар, мабыць, прыняў яго за каго-небудзь са слуг. Пракурор, суддзя i сакратар суда думалi, што ён з групы Барадэ.
Адзiн Луi кiнуў на яго насмешлiвы позiрк. Безумоўна, ён ад Жэрмены ведаў пра яго дзейнасць.
Усё гэта зневажала, прыводзiла ў роспач. Часам ён з заплюшчанымi вачыма, расслаблены ўтульнасцю пасцелi, маляваў сабе план iдэальна праведзенага расследавання.
"У наступны раз я зраблю вось так i вось гэтак..."
I вось нечакана на чацвёрты дзень яму збрыдла хварэць, i ён яшчэ да прыходу флейтыста падняўся, вымыўся, не шкадуючы вады, старанна пагалiўся, зняў павязку, якая ўсё яшчэ была на галаве.
– Ты на работу?
Ён адчуў патрэбу зноў дыхаць паветрам камiсарыята, сесцi за свой чорны пiсьмовы стол, агледзець вартых жалю клiентаў на лаўцы ля беленай сцяны.
– Што мне сказаць Жустэну?
Цяпер флейтыста яны звалi проста Жустэнам, як сябра сям'i, як далёкага сваяка.
– Калi хоча, то хай падыдзе да мяне ў гадзiну дня, паснедаем разам.
Ён не надзяваў нанач навуснiкi i вымушаны быў падкруцiць кончыкi вусоў гарачымi шчыпчыкамi для завiўкi валасоў. Большую частку дарогi прайшоў пешкам, каб падыхаць свежым паветрам бульвара, i яго зласлiвасць раставала ў ранiшняй веснавой свежасцi. "Навошта здалiся мне гэтыя людцы?"
Навошта яму думаць пра ўсiх гэтых Жандро ў iхняй крэпасцi? Пра старога, характар якога перадаецца ў спадчыну ў яго родзе толькi жанчынам? Пра iх выкрутасы з завяшчаннем? Пра тое, каму дастанецца ў спадчыну "Кава Бальтазара?"
Таму што ён разумеў, што справа не толькi ў грошах. На пэўным узроўнi багацця значэнне набываюць ужо не грошы, а ўлада.
Справа тычылася таго, у чыiх руках апынецца тоўсты жмут акцый, хто стане заправiлам адмiнiстрацыйнага савета. Элiз? Рышар?
Як жа ўелася ўсё гэта ў iх скуру, калi дзяўчына забылася на свае дваццаць адзiн год i снiла толькi пра дырэктарскi кабiнет, як некалi снiла пра яго яе матка!
Стаць галоўным патронам цi галоўнай патранесай!
"Хай сабе грызуцца!"
Чорт iх бяры! Менавiта гэта яны i ўчынiлi. А ў вынiку – забiты чалавек, якога нiхто не аплакаў, за выключэннем, праўда, адной дзеўкi з авеню дэ Ваграм.
Мэгрэ зайшоў у камiсарыят, пацiснуў рукi калегам.
– А Бертран паехаў праведваць вас.
Ён не паказаўся камiсару, адразу моўчкi заняў сваё месца, i толькi а палове адзiнаццатай Лё Брэ прыадчынiў дзверы i заўважыў яго.
– Вы тут, Мэгрэ? Зайдзiце ж да мяне. – Ён стараўся трымацца проста i нязмушана.
– Сядайце. Я вось думаю, цi разумна вы зрабiлi, што так хутка паднялiся з пасцелi? Магу прапанаваць вам водпуск, пакуль зусiм не акрыяеце. Як па-вашаму, не пашкодзiла б адпачыць некалькi дзён у вёсцы?
– Я выдатна адчуваю сябе.
– Тым лепш! Тым лепш! Дарэчы, самi бачыце, уся гэта гiсторыя ўладжана. Мiж iншым, вiншую вас, вы былi недалёка ад iсцiны. Якраз у той дзень, калi я быў у вас, Луi пазванiў у палiцыю.
– Па ўласнай iнiцыятыве?
– Прызнацца, я нiчога толкам не ведаю. Ды яно i не важна. Галоўнае, што ён сам прызнае сваю вiну. Ён, мабыць, пранюхаў пра ваша расследаванне, зразумеў, што вы дакапаецеся да праўды.
Мэгрэ не ўзнiмаў вачэй ад стала, а на яго твары не адбiлася анiякага пачуцця. Камiсар нiякавата прадаўжаў:
– Ён мiнуў нас i звярнуўся проста ў прэфектуру. Вы чыталi газеты?
– Так.
– Канешне, сутнасць трошкi падмалёвана. Данiна неабходнасцi, некалi вы зразумееце гэта. Бываюць выпадкi, калi скандал проста нi да чаго, калi суровая праўда прыносiць болей зла, чым дабра. Зразумейце мяне правiльна. Мы абодва ведаем, што граф прыйшоў туды зусiм не як грабежнiк. Магчыма, яго там чакалi? Элiз Жандро зрабiла нямала паслуг яму. У самым лепшым сэнсе слова.








