Текст книги "Трава і камень"
Автор книги: Юсцінас Марцінкявічус
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
перад скананнем? Ну, кажы!
Каб мне дастаць яго – далёка.
Каб адштурхнуць – занадта блізка.
Ён неадхільны і прыгожы,
мой брат, сваёй бязмоўнай смерцю.
1978
ТРЫПЦІХ
1. РАНІЦА З ВАДОЙ
Пра радасць жыць крычыць світальна ранак.
Ружовацелы, кволіцца ў расе.
Яго нясуць праз поле птах і кветка,
каб паказаць вадзе спачатку ранак
і ўпасці кропляй даць дазвол пасля.
Прыйдзі хутчэй з зямлі і неба ў губы,
мне воблік бога нагадай, які
ў бясконцых водах колісь быў адбіты:
ўжо на святло глядзець магу я ўгору
і дасканаласць кроплі разумець.
Нясуць праз поле птах і кветка кроплю.
Праз пальцы жудасна цячэ жыццё.
Сачу, схілёны, нібы для малітвы,
як цьмяніцца вада, дзе на паверхні
свой пасвятлелы раптам бачу твар.
2. ДЗЕНЬ З ТАБОЙ
Кажу: час – бескалёрная расліна.
I пад галінкай хісткаю яго
з тваіх дрыготкіх рук свой твар бяру я.
З цябе магу сябе я толькі ўбачыць,
нібы вужа, што мерыць цені дня.
Свет: тое, што душа мая кранае.
Яна ідзе ў аблоках, бы ў гарах,
яна цвіце ў кахання пад нагамі.
Я ціхі краявід паўдзённай згоды
з аблокамі, з квітненнем і з табой,
дзе сэнс мой пераносіць вецер часу
як семя дрэў, куды, калі, нашто.
Зямлю пячэ маё пустое цела,
як выпаўзень вужа, які зрабіўся
зацесным для кахання і жыцця.
3. ВЕЧАР З АГНЁМ
Агонь пусці ў сваё жытло пустое —
пагутары з ім, з богам залатым
(Цяпло, крыло, магчыма, гэта мова,
што полымя ў бясконцасці ўмяшчае?
Магчыма, помняць сцены воблік сну?).
Чуваць, як лес шуміць у семі дрэва.
У цемры затаіўся знак жыцця —
яшчэ ні рух, ні формы невядомы,
чым выявіць сябе жыццё. I толькі
глядзіш, як час гайдаецца ў агні.
I не жыццё яшчэ, але на твары
ўжо залатыя пальцы бога ўчуў.
Схіліўшыся паміж жыццём і сненнем,
крылу агню даверыўшыся, знаеш,
што ўжо нікому не належыш ты.
1977
РАДАСЦЬ З ТАБОЮ
Сонца ў ветраны вечар спускаецца.
Мой праменьчык, і ў нас канчаецца
наша лета. Кляваць сініцы
абмарожаныя брусніцы.
Паміж восенню і зімой —
радасць з табой!
Кветкай рук уключыць спяшаешся
начнічок і вачыма пытаешся:
дзе паставіць? Заўжды ахвочы
ты, праменьчык, свяціць сабой.
Паміж днём і імглою ночы —
радасць з табой!
Раптам слова ў цішы пачуецца,
як далонь да шчакі, прытуліцца
ў самым сэрцы, і ўжо з журбой
ты не знаешся, а з табой —
толькі радасць, праменьчык мой!
1976
***
Дачакаюся цябе з дзянніцы.
Вось засінела вачам
акно раніцы,
яно расчыняе мяне
для твайго жыцця,
каханне!
I мора ва мне,
і яго спяваючы бераг.
Не аддзяляю таго,
што было,
ад таго, што будзе яшчэ,
нічога не хачу забываць,
цябе сустракаючы
вуснамі: тут.
Хто ідзе па мне,
як па сцяжыне?
Хто з мяне п’е,
нібы з крыніцы?
Быццам кветка
ці птушка.
Апярэнне яе
колеру бога.
1978
ВОСЬ Я – ТЫ!
Толькі не гавары,
што мы незнаёмы.
Рукі, рукі мы,
што стрэліся ў поціску.
Святло мы,
аб якім павінны
ўсім абвясціць.
Вусны раскрыў я табою —
і яны заспявалі.
За табой яны паспяшаюць —
ты маё бясконцае слова!
Бачу: праз цябе
мне бліжэй да сябе.
Вось я – ты!
Ты сцвярджаеш мяне ці не?
Можаш проста кіўнуць галавой.
Толькі не гавары,
што мяне не ведаеш.
Давай пабяромся за рукі,
каб не страшна было,
каб рука Чурлёніса ў нас,
не дасягнуўшы неба,
не высахла.
Каб на нашы сляды
не падалі недаверу
чорныя слёзы.
Выкінь камень з грудзей,
што носіш супроць мяне,
утрымай мяне, нястрыманага.
Чалавек, разгайдай
любові маёй,
маёй веры дрэва.
Вось ты – я!
1978
ГЭТЫХ ДВА СЛОВЫ
Усе зернавыя пасеяны.
Думкі – таксама правеяны.
Зараз і ў склад радковы
вусны пасеюць словы.
А пра ўмалот прамовы
покуль што жаўруковы.
Дзе тая цераспалосіца?
Ды ці ж загон папросіцца
ў шыр тваю, маці Айчына!
Як у гняздо, ўсяліся
ў сэнс гэтых слоў, дзяліся
з братам па-братняму жытам.
А перад тым як мову
зойме, два гэтыя словы
побач, як меч, палажы ты
2
.
1977
ПРЫСВЯЧЭННЕ
Бытаваць табе не балюча?
Пазіраць на другіх не холадна?
Сэрца выгаварыць не цёмна?
Зачарпну з цябе, як з крыніцы,
дабраты і любві, цярплівасці
і рашучасці – слова па слову.
Змочыш імі, як лекамі, вусны,
стане млосна – прамыеш вочы,
і ўтаймуецца боль.
Дзе ні быць ім – дадому вернуцца
нат з-пад шыбеніц, з-пад расстрэлаў.
Рана, позна – ў акно пастукаюць,
як даўней з пасялення ссыльныя.
А сышоўшыся ў гурт, адразу ж
за работу з любоўю возьмуцца
і, калі тут да месца ўзнёсласць,
перад вечнасцю схіляць калені.
1978
ЗАКЛІНАННЕ
Палямі ўздыхні,
Адзавіся лясамі:
Хай будзе вядомым
Тваё невядомае слова.
Ногі ў дарозе.
Дарога – ў заходзячым сонцы:
Хай бачнымі будуць нябёсы,
Ў якія ідзеш ты.
Камень на сэрцы.
На камні птушка.
Хай будзе пачуты
Апошні твой крык.
1977
***
Мабыць, вечар яшчэ ніколі
не глядзеў так пяшчотна ў вочы,
як сягоння. Ён па-бацькоўску
лоб абмацвае – і ў даглядзе
мы расцём, мы ўжо з днём нароўні.
Кожны з нас пасталеў і бачыць,
як наш дзень распагодзіўся к поўдню.
Аглянёмся і ўспомнім, якім ён
быў, наш ранак – маленства наша.
Белы свет быў замглён, заслонен
непасільнай штодзённай працай.
Мы былі ў ім і дном, і верхам.
О, як мутна было на днішчы!
О, як хмарна было ў вяршыні!
Але ж вечар цябе шукае,
прыўзнімі галаву – адчуеш
на ілбе цеплыню далоні.
Удыхай цішыню яго дрэва,
задавольвайся ззяннем зорак,
мілагучнасцю хору кроны.
Бачыш, як падраслі мы разам,
адчуваючы ствол плячамі.
Гэты вечар закрэсліў рысу
паміж дном нашым і вяршыняй.
Ён і камень замшэлы зверне
на магільніку боскасці нашай.
Уздыхаем, але з палёгкай,
бо і чуем, і бачым, душою
адчуваем, што з нас таксама
ў невымерны прасцяг нябёсаў,
як з маленькага пругкага сэрца,
паскарае свой пульс
бясконцасць.
1977
***
Жыць буду я ў табе.
Вось толькі працягні руку:
Прамень, траву ці корань.
I дай мне свет:
Сон, зорку,
Крыху хлеба.
Цяпер ужо я буду ўмець
Пра шчасце гаварыць.
I сам дабром дзяліцца.
Пусціце да мяне бліжэй
Расцвіўшых,
Падаючых,
Плывучых.
Я гавару:
Зямлю цераз парог перанясіце.
Брат, якім з’яўляюся я:
Як цяжка
Самому ноччу уявіць сябе!
А ці патрапіш свет стварыць
З птушкі, кветкі, смеху?
Мне сніцца, што мы яшчэ жыць будзем
Пад камнем і пад сонцам.
Вось цвітуць мае працягнутыя рукі:
Зямля, падыдзі бліжэй!
1978
ВЕЧАР ВІЛЬНЮСА
Вечар вежаў
у небе Вільнюса.
Анёлак горада —
белы голуб —
абдымае чырванацэглыя плечы Анны.
Жыццё, як арган,
вышэй узнесена.
Рукі жыцця цалую,
поўныя ўсіх і мяне:
мой твар павярні, кажу,
ў кірунку галоўнага алтара,
бо ўжо занадта мілосць вялікая,
каб мог замаўчаць яе —
жыццё маё не маё.
У цемрадзі
акуні мой пагляд
у самую глыбіню жыцця,
каб не пачуў, каб не адчуў
як за спіной
зачыняюцца дзверы —
жыццё маё не маё.
1978
***
Мне няўцям – дарога знае,
не чуваць мне – лес, ён чуе,
не відаць мне – бачыць поле
тваю думку
тваё слова
тваю душу
не сканчылася б дарога,
не аглух бы лес знячэўку,
толькі б не аслепла поле,
покуль думку зразумею,
покуль поўна слова ўчую,
покуль дно душы пабачу:
шлях збялелы
лес зялёны
роўнае поле
1978
НЯДЗЕЛЯ
Прыбярыся дрэвам, сыне,
каб было святочней сёння.
Дзверы ў лес вазьмі з сабою,
вокны з каранёў цярпення.
Пацалуй сякеру, сыне,
лютасці лязо прылашчы.
Захапі даверу бохан,
слова праўды зганьбаванай.
А Літва цябе шукацьме —
ты ёй пасвяці рукамі:
не прынось вачэй без птушкі,
сэрца без Літвы не слухай.
1978
***
самота наша
чорны агонь
ты апякаеш толькі
ці нават свеціш
не хачу
каб глядзела ты на мяне
свечка жыцця дрыжыць
над небыццём маім
неба не ведаю выйсця
з маленькай самай сцяблінкі
дапамажы
маёй непамыснасці
калі горла сціскаюць
пальцы самоты
кажу: я сам сцяг
і я ж сцяганосец.
1978
***
пасеяў я на гары
зерне жыцця
і не дачакаюся хлеба
што да стала прыходзіць
сонцам паліцца
дажджом згінаецца
вялікага ў нашым маўчанні
маленькага ў галасах зямлі
пад галінкаю ветру
пад рукою неба
пад дрэвам свету
прыносяць прыносяць чалавека
і побач з зернем кладуць
вітаю, браце!
1977
ІДУЧЫ
з імем тваім ідучы:
так маю тут шмат
што няма чаго адабраць
усё я аддаць магу
з радасцю тваёй ідучы:
тут днее ўвесь час
з глыбіняў цемры
святло дастае рука
з болем тваім ідучы:
колер праўды ў гэтай крыві
ужо вугалямі хлусні
не датыкайцеся да жывых ран
ах калі пустаруч ідучы:
абарані нас ад нас
айчына
1978
***
Пад ліпай знайшоў не зямлю,
а маці світальную: неба
ласкава на ўлонні трымала.
Нябёсы ў хусцінку кладзі,
у кветках вясёлых хусціну
і сцягвай на вузел любові.
А будзе праходзіць жыццё,
стамлёная жытка-жабрачка,
аддай ёй хатуль без развагі.
На ўсіх хай раздзеліць жыццё,
хай чэсна пароўну падзеліць,
усіх нас яднаючы з небам.
1978
У НАКІРУНКУ ДОБРЫХ СЛОЎ
У накірунку добрых слоў
свет пашыры, зрабі яго
хоць на адно жыццё глыбейшым.
Надзеі ападаюць тут,
ніхто іх не збярэ. Як ліст,
шапочуць пад нагамі думкі.
Ты сярод іх стаіш, як дрэва
зямное, верхавіну час
з учора і да заўтра хіліць.
Ды карані глыбей. Адтуль
ідуць угору сны і сум.
Там золата быцця цямнее.
Прыгожы некаму і ты,
бо з птушкамі расцеш у неба
у накірунку добрых слоў.
1978
ІШЛА БАГОЎКА ПА ВЯСЁЛЦЫ
Луг змаладзелы небам пах.
Ішла багоўка па вясёлцы.
I жаўранкагалосы хтось
глыбей яшчэ ў Літву ўваходзіў.
Спагадная (ён так спяваў),
калі цябе кажу – мне добра.
Дазволь і ў цемрадзі ў вачах
святло тваёй вяршыні ўбачыць,
твой боль губамі адшукаць
і паўтараць цябе на памяць,
гарэць у вугальку тваім,
на стол тваёю лыжкай легчы
ці гэтай трэсачкаю, што
сталу пад ножку падкладаюць,
пад хлебам і пад сэрцам каб,
калі ўсе сядуць, не гайдаўся...
1978
notes
Заўвагі
1
Паводле народнай легенды, азёры ляталі, пакуль ім не далі назваў.
2
У старадаўнія часы продкі паэта пры пахаванні нябожчыка-воіна клалі з ім побач у дамавіну і ягоны баявы меч. (Заўвага перакладчыка.)