Текст книги "Парастак"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Публицистика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 4 страниц)
МОЙ РАДАВОД
Маленькі ўступ.
У падфорках запісаў «Залетась» i «Летась» я ў той ці ў іншай меры гаварыў пра свой радавод.
А тым часам, незалежна ад з'яўлення тых запісаў у часопісе «Дзеяслоў» i ў беластоцкім штогодніку «Тэрмапілы», старэйшае за ix «Роднае слова» ўгаварыла мяне напісаць нарэшце абяцанае – гісторыю майго роду, што зрабілі ўжо шмат хто з іншых людзей культуры. Нарыс быў надрукаваны ў названым часопісе, дзе тэкст шчодра падмацаваны фотаздымкамі з майго сямейнага архіва. Тут ix, вядома, не дасі. А вось за некаторыя паўторы фактаў, хоць гэта i непазбежна, хочацца папрасіць прабачэння.
* * *
Да леташняй вясны пачынаўся ён, мой радавод, з двух дзядоў, – па бацьку, у нашым Загоры, быў дзед Даніла Брыль, а па матцы, у найбліжэйшай вёсцы Маласельцы, дзед Іван Чычук.
Дзякуючы свайму, на шмат маладзейшаму, вясковаму суседу, акадэміку Мікалаю Ламану, я пабагацеў на бацькавых ранейшых продкаў – прадзеда Ёсіпа i прапрадзеда Яську, як ён значыцца ў няпыльных хартыях Нацыянальнага гістарычнага архіва. Запіс той датуецца 1795 годам, калі, пасля разгрому паўстання Касцюшкі i трэцяга падзелу Польшчы, беларусаў пачалі перапісваць з польскай мовы на рускую. Яська Сямёнаў сын Брыль. Без нейкіх там, модных апошнім часам буйнейшых, а то хоць дробненькіх прэтэнзіяў на шляхецтва, проста дваровы хлоп пана Судзя ў недалёкім маёнтку «Уцеха». Калі Яська памёр, батрацтва прышлося ў спадчыну яго сыну, майму прадзеду Ёсіпу Брылю. I толькі пасля адмены паншчыны, дый то не адразу, Яськаваму ўнуку, а майму дзеду Данілу з ягоным братам, зноў жа Ёсіпам, пашэнціла купіць пяць дзесяцін зямлі на двух. У дружных братоў было па адным сыне, у Данілы мой будучы бацька Антон, a ў Ёсіпа Павел. Пасталеўшы, абодва не захацелі заставацца на гаспадарачцы, падаліся ў Адэсу на чыгунку.
Мне ўжо прыйшлося, дый не аднойчы, пісаць пра гэтае i ў «Птушках i гнёздах», i ў «Муштуку i папцы», i ў аўтабіяграфічным нарысе «Думы ў дарозе», i ў некаторых іншых творах, аднак жа вось i зноў трэба паўтарацца з пэўнымі асаблівасцямі свайго жыццяпісу.
Калі бацькі мае пажаніліся, Антон Данілавіч працягваў працу на чыгунцы, спакваля даслужыўшыся да прыбытковай пасады правадніка вагонаў першага класа, a маці, Анастасія Іванаўна, гаспадарыла ў вёсцы, балазе ўласнай зямлі пакрысе прыбывала. Спачатку бацька бываў у Загоры наездамі. Абедзвюх дачок, Ганну i Уліту, па-вясковаму Віліту, удала выдалі замуж, а двух старэйшых сыноў, Уладзіміра i Ігната, пасля заканчэння імі гарадскога вучылішча ў Міры, бацька забраў у Адэсу, у гімназію. Энергічная, працавітая i талковая маці з двума хлопчыкамі, Мікалаем i Міхасём, заставалася ў вёсцы. Спачатку дапамагаў ёй дужы ды цягавіты свёкар Даніла, а пасля яго раптоўнай смерці наймала парабка, а то яшчэ i наймічку, a ў пільніцу касцоў ды жанцоў, i ў думках не маючы, што ў не так i далёкай будучыні гэта стане для сям'і класавай небяспекай... Так жылося да пачатку Першай сусветнай вайны. А потым бацька забраў жонку i хлопчыкаў у Адэсу, гаспадарку пакінуўшы на Віліту i зяця Юстына Брылевіча, бо яна была замужам у Загоры.
Апошні з дзесяці дзяцей Антося i Настулі, як пра ix гаварылася ў вёсцы, я нарадзіўся ў Адэсе. Калі, пакінуўшы Валодзю ды Ігната там, бацькі з трыма малымі хлопцам! вярталіся ў Загора, мне было няпоўных пяць гадоў, Міхасю восьмы, Колі дванаццаты – такія памочнікі. У горадзе перад ад'ездам бацька перахварэў тыфам, брушным i зваротным, a ў сакавіку 1924-га, прастудзіўшыся ў лесе, не вытрымаў запалення лёгкіх. На сваім пяцьдзесят чацвёртым годзе. А мама – на тры гады маладзейшая.
Маленства маё, апошняга пястуна, пасля гарадскога вясковае, працягвалася пры ёй. Вечна занятай, строгай, але i справядліва добрай.
Пра ўсё гэта, асабліва пра вобраз бацькі, я напісаў у «Птушках i гнёздах» з той непасрэднай шчырасцю, якую тут мне цяжка, а то й немагчыма паўтарыць. Зрэшты, як i пра ўсё маё за доўгі час пражыта-перажытае. Лепш пагаворым пра радню.
Бабуляў у мяне нібы й наогул не было – толькі чуў ад мамы, што свякроў яе, жонку дзеда Данілы, звалі Ульянай, a маміну маму, жонку дзеда Івана, Анэтай. Дзяўчом яна была пакаёўкай у пані Анцўтавай i да смерці малілася па кантычцы. Не больш магу сказаць i пра сваіх дзядоў, пазабываўшыся нават i шмат чаго з апавяданняў матчыных i сёстраў Ганны ды Віліты, што ім з маленства памяталася.
У бацькі была адна сястра, па маці Ульяна, замужам за Янкам Свірыдам у вёсцы Рап'ёва, за сем вёрст ад нашай, што тады было няблізка. Яшчэ перад «мікалаеўскай» вайной яна памерла, асіраціўшы двух сыноў, падлеткаў. Меншага з ix, байчэйшага Федзю, наш папа, як гаварылася ў сям'і, забраў у Адэсу, дзе той падвучыўся на вагоннага афіцыянта, а старэйшы, прастадушны, цялюкаваты Сцяпан, застаўся пры бацьку i мачасе. Калі мы вярнуліся з горада на разбураную войнамі ды «свабодамі» гаспадарку, ён прыязджаў дапамагаць свайму добраму дзядзьку Антосю, пра што я ўдзячна згадваю ў апавяданні «Коею мой, коею...».
З Федзем у маіх малечых успамінах спалучаны бацькаў рогат, калі яго спрытны выхаванец прыехаў прасіць «дядю и тётю» праз тыдзень пасля вяселля на хрысціны, якія ў вёсцы называліся радзінамі.
А пра Сцяпана яшчэ ёсць у апавяданні «Шчопцямі i пудамі», дзе гэта іменна ён у распоранай жыдоўскай камізэлі i сапраўды знайшоў золата. А найлепш помніцца тое, як ён даў мне ўпершыню адчуць шчасце ўзвышэння – пасядзець на кані, нават трохі пад'ехаць.
Куды больш дваюрадных было ў мяне па маміных братах Лукашу ды Навуму. У найстарэйшага з дзяцей дзеда Івана Рыгоравіча, здаравякі Лукаша былі адна дачка i чатыры сыны, з якіх найцікавейшы – Аляксей, якога чамусьці змалку звалі Алесем. З франтоў Першай сусветнай ён вярнуўся з трыма «Георгіямі», i двойчы паранены быў, i з аўстрыйскага палону ўцёк, a паміж дзвюма рэвалюцыямі нават камандаваў ротай. Колькі ж ён нарасказваў у нашай хаце пра тыя свае прыгоды-злыбяды!.. Пасля Другой сусветнай мы з братам Міхасём, калі ўжо i намі прачытаўся «Ціхі Дон», называлі Алеся беларускім Грышкам Мелехавым. Дажыў ён да дзевяноста гадоў, да канца гарласта-малайцаваты ды працавіты, колішні бравы вахмістр «летучей пулемётной команды». Пра яго я расказваю ў апавяданні «Праведнікі i зладзеі», у замалёўцы «Палітаддзел», а найбольш у аповесці «Золак, убачаны здалёк». А цяпер вось пішу i сумнавата-цёпла ўспамінаецца, як ён са мною, на дваццаць сем гадоў маладзейшым, заўсёды вітаўся пры нячастых сустрэчах. Яшчэ ўсё з моцным поціскам рукі i ледзь не ўрачыстым тонам: «Здароў, брат!..»
У дзядзькі Навума, наймаладзейшага ў дзедавай сям'і, было таксама чатыры сыны. От сабе, добрыя хлопцы. Ды тут ужо найбольш цікавым быў сам іхні тата. Калека-гарбун, якога зноў жа наш бацька забраў быў у Адэсу, дзе, як у вёсцы казалі, «вывучыў на краўца». Таленавіта ахвочы, вясёлы апавядальнік, нястомны словатворца, дабрадушны, шчыры чалавек. Маме маёй i дзядзьку Навуму Іванавічу я многа абавязаны як літаратар, – багаццю іхняй мовы, незаменна ды невычэрпна шчодрым сваёй жыццядайнай роднасцю. Зноў жа, i дзядзька жыве ў мяне як прататып у апавяданнях «Праведнікі i зладзеі», «Цуды ў хаціне», крыху ў «Птушках i гнёздах», а найбольш у аповесці «Ніжнія Байдуны», дзе я яго, у Маласельцах Навумчыка, замаскаваў як свайго хроснага Рафалка, хоць хросным у мяне быў дзядзька Павел, адэскі.
Пра маму пісаў я, як пра бабулю, у аповесці «У сям'і», як пра маці – у «Птушках i гнёздах», a ўжо зусім адкрыта, «без выдумкі», – уапавяданнях «Тыжывеш», «За светлую памяць», у многіх лірычных запісах-мініяцюрах.
Гэтак яно бывае i ў іншых шматдзетных сем'ях, што нехта з некім бліжэй, не з усімі пароўну.
Тут будзе трохі з датамі. Найпершыя з нас, сёстры Ганна (1894-1972) i Віліта (1896-1971) i браты, Уладзімір (1899-1938) i Ігнат (1901-1960), былі для мяне як быццам i зусім даўнімі, адмежаванымі ад нашай апошняй тройкі – Мікалая (1910-1970), Міхаіла (1914-1966) i мяне, не толькі сваімі гадамі, але i тым, што паміж Ігнатам i Мікалаем была дзесяцігадовая паўза, калі паўміралі маленькімі першы Міша, Павел i Марыя, дый яшчэ тым, што сёстры даўно жылі асобна, прычым Ганна ў далёкім, за семнаццаць вёрст цікавым сяле Палужжа каля Карэлічаў, а Валодзя ды Ігнат наогул у іншай краіне, ужо ажно вельмі далека ад нашага заходнебеларускага Загора,
Мне прыемна i нават з гонарам думаецца часамі, як гэта з братам Мікалаем мы за ўсё жыццё ніколі не пасварыліся. Валодзю, па даносу расстралянага ў Кіеве, рэабілітаванага ў Маскве, пра якога ў асноўным уся мая маленькая сага «Муштук i папка», я ледзь-ледзь памятаю з Адэсы. Як i Ігната, якога рэальна ўбачыў улетку 1946-га, калі ён з адзіным сынам Шурам, дэмабілізаваным афіцэрам-франтавіком, прыязджалі з ix зауральскага Троіцка. А вось з Міхасём, ці з Мішам, як часцей гаварылася, мы былі, як мама казала, «з самага малку спрэжаныя ». Ягонай памяці прысвечаны «Птушкі i гнёзды», дзе ён – Толя Руневіч, пра яго я наогул многа пісаў, усяго, што ў памяці ды ў сэрцы не выказаўшы, яшчэ i ў зусім нядаўняй кніжцы «Блакітны зніч».
Там нават упершыню сказалася, што мы i пажаніліся з сёстрамі, хутаранкамі з Бродзішчаў паблізу Маласельцаў, спачатку ён з Марыяй, Мурай, а потым я з Нінай Міхайлаўнай, у прозвішчы якіх – Клаўсуць, a па-вясковаму Клэвусь – гучыць штосьці літоўскае, як быццам звязанае з паслухмянасцю. Наш агульны цесць, Міхаіл Вікенцьевіч, якога маласельцы за чалавечую прастату i ў сталасці называлі Міхасём, прымаў удзел у першай расійскай рэвалюцыі, пра што ёсць сведчанне ў кнізе «Революционное движение в Белоруссии в 1905-1907 гг.», выпушчанай выдавецтвам Акадэміі навуку 1955 годзе. На 580-581 старонках гэтага аб'ёмістага тома публікуецца i «донесение» ад 17 жніўня 1906 года пра сялянскія забастоўкі i падбухторванне да ix у весках нашага наваколля, у тым ліку i ў Маласельцах, дзе ў Клаўсюца (так у тэксце даносу), апроч пракламацыяў сацыялістычнай рабочай партыі знойдзена была i «Донская речь». Да жанімства ён працаваў у Луганску.
Ужо даволі пажылым, адносна інтэлігентным кавалерам Міхась Вікенцьевіч ажаніўся з маладой дзяўчынай з мястэчка Турэц, Таццянай Рыгораўнай Выдрыцкай. Ёсць такая легенда сямейная, што калі яны вянчаліся, у маладой ад свечкі загарэлася фата – нядобрая прыкмета... Яна й нагаравалася пры сваім дабрадушным, вясёлым Міхасю, які то «забастоўшчыкам» быў, за кратамі сядзеў, то нейкім «перпетуум мобілем» займаўся, то кніжкі чытаў, часамі нават коней з плугам у баразне пакінуўшы. Я яго, можна сказаць, i зусім не знаў, раз ці два за жыццё сустракаўся, а нашаму Мішы будучы цесць быў да спадобы. Тут ужо падабенства характараў. Памёр стары вясною 1937-га, маючы добра за семдзесят, – больш дакладна няма ўжо ў каго спытацца. А баба Таня, ціхая, цягавітая гаспадыня, адгадавала сына i чатырох дачок, а потым займалася ўнукамі. То на сваім запушчаным хутарку з дзвюма стромкімі, здалёк бачнымі таполямі, ca старым садком у зацішку вішнёвых абсад, з дагледжаным агародам i духмяна расквечаным шыпшыннікам перад вялікімі вокнамі прасторнай пасівелай хаты. А то жыла бабуля ў нас у Мінску, дзе i памерла, таксама ціха, як i жыла, напрадвесні 1959-га, на сёмым дзесятку.
У тым жандарскім «донесении», на жаль, не згадваецца Чычук Мікалай, яшчэ адзін брат маёй маці, таварыш Клэвуся ў рэвалюцыйных падзеях. Гультаяваты весялун, якім яго называла мая мама. «Усё недзе ходзіш, – кажу тыя разы, калі ён ноччу-апоўначы зойдзе да нас у Загора, – усё шукаеш бяды на сваю галаву. Лепш бы ты працаваў, як людзі!..» Дык ён: «Ладна, ладна, сястра! С понедельнічка начнём!..» I смяецца...» Мікалай спачатку недзе спрытна хаваўся, а потым шмыгануў у Адэсу, да швагра Антона, які зафрахтаваў яго на амерыканскі карабель. Ужо й не памятаю, ці гаварылася пра гэтага дзядзьку больш, ці пісаў ён калі, аднекуль, ці не...
Трэці, апошні раздзел у «Блакітным знічы» прысвечаны памяці маёй Ніны Міхайлаўны, i мне яшчэ ўсё вельмі няпроста вяртацца да нашай разлукі. Маці нашых дзяцей, бабуля нашых унукаў, – яна жыве ў незагойнай памяці. На працягу нашых з ёю многіх гадоў я пісаў пра яе ў лірычных нататках, аднак жа, як мне цяпер відней, мала i не ўсё.
Маімі натуршчыкамі заўсёды былі дзеці, спачатку сясцёр ды братоў, а потым свае, за імі i ўнукі, якія ўжо таксама павырасталі. Калі я ў юнацтве марыў ды рыхтаваўся стаць літаратарам, мне спачатку наогул хацелася стаць пісьменнікам толькі дзіцячым, пісаць перш за ўсё для малых. Аднак i сам я ведаю, i іншыя казалі, што ўсё маё вакол дзяцей – не для ix, а пра ix. Аднак жа i гэтага таксама нямала ў святой пажыццёвай любові, пра што ў мяне гаворыцца i ў творах большых, i ў запісах, сабраных у значны раздзел «Адкуль паэзія», найпаўнейшы ў першым томе «Выбраных твораў у трох тамах».
Дзеці. Унукі. Сям'я. Незаменнае значэнне гэтых слоў я разумеў, здаецца, заўсёды. Аднак, застаўшыся ў адзіноце ды ў старэчых немачах, я разумею ix, чым далей, тым лепш. I калі мы па-святочнаму збіраемся ў мяне, i калі сустракаемся па-будзённаму, i перазвоньваемся.
Лічачы толькі найбліжэйшую радню маю ды Нініну, – братоў, сясцёр, дзяцей, унукаў, пляменнікаў, – дык набіраецца i добрая паўсотня. A які букет прафесіяў! Даяркі, механізатары, рабочыя-майстры, педагогі i настаўнікі, інжынеры, фізікі i энергетыкі, афіцэры, прадпрымальнікі... Жанчыны i мужчыны ўперамежку. А то ж i адзіночкі: заатэхнік, святар, бібліятэкар, стаматолаг, ветэрынар, архітэктар, кравец, ювелір...
Я даволі часта выступаў на розных літаратурных сустрэчах, у Беларусі і, як цяпер гаворыцца, у бліжэйшым i далейшым замежжы. I неаднойчы атрымліваў то вусныя пытаньні, то ў запісках: a ці пайшоў жа хто з вашых дзяцей ці ўнукаў у пісьменнікі? I часам хацелася адказаць, што не, не пайшлі, бо я ix, відаць, нядрэнна выхаваў, – каб не лезлі, куды не трэба. У думках маючы на ўвазе не заўсёды тактоўныя ды плённыя прыклады літаратурнай сямейнасці ў нашым Саюзе пісьменнікаў. Але ніколі я, вядома ж, так не сказаў, a толькі тое, як яно ёсць, як кожнае з маіх дзяцей i ўнукаў самі сабе выбіралі дарогу. Дачка Галіна – старшы выкладчык іспанскай мовы i літаратуры ў тым жа інстытуце (цяпер універсітэце), які паспяхова закончыла. Сын Андрэй i нявестка Ніна Піліпаўна – фізікі, ён – кандыдат фізіка-матэматычных навук. Далей, улічваючы i дачку Наталллю, трэба сказаць i пра бліжэйшае да літаратуры. На беларускую філалогію БДУ па сваёй ахвоце пайшлі спачатку дзве мае пляменніцы: дачка аднаго брата Лідзія Мікалаеўна Брыль, па мужу-пісьменніку Карамазава, заслужаны работнік культуры Беларусі, шматгадовы стыліст у часопісах «Полымя» i «Спадчына», у «Беларускім кнігазборы»; дачка другога брата, Брыль Ганна Міхайлаўна, у замужжы Буй, па службе мужа-земляка, палкоўніка з акадэмічнай адукацыяй, жывучы ў Арле, працавала ў музеі I. С. Тургенева, перад сваёй заўчаснай смерцю выконваючы абавязкі вучонага сакратара; мая малодшая дачка Наташа, па мужу-паэце Семашкевіч, за тры дзесяцігоддзі працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» (цяпер вядучы рэдактар), адрэдагавала цэлую бібліятэку кніг, у тым ліку асабліва працаёмкі дзевяцітомнік (у дзесяці кнігах) поўнага збору твораў Купалы, чатырохтомны збор твораў Зарэцкага, шасцітомны Быкава (прыязным аўтографам каторага заслужана ганарыцца), васьмітомны, яшчэ не закончаны выданнем, Шамякіна...
Наташына дачка Данута – па ўласнаму выбару настаўніца пачатковых класаў, а муж яе, Мікалай Мадзярскі, талковы прадпрымальнік. Галінін сын, Міхаіл Лунеўскі, пасля школы i службы ў арміі таксама прадпрымальнік i студэнт-завочнік політэхнічнага універсітэта, а ягоная Маша закончыла геафак БДУ i засталася там лабаранткай. Андрэевы дзеці, матэматыкі-праграмісты, Волечка з мужам Аляксандрам Біруковым i Антон з жонкай Кацяй займаюцца ў аспірантуры, у Італіі.
A літаратарамі, кожны па сабе дый нехалтурным шляхам сталі двое – я i Ігнатава ўнучка Таццяна Аляксандраўна Лейка, рускамоўная паэтэса, аўтарка зборніка вершаў «Сентябрь обетованный» i перакладчыца беларускай паэзіі. Што ж, калі ў мяне – празаіка, папярэднікаў у нашым родзе не было, дык у яе дзед, пратаірэй айцец Ігнацій, i студэнтам, i ў тайзе ды на Беламорканале, дзе адбываў «перавыхаванне » як малады сельскі святар з Адэшчыны, i пасля, калі быў выкладчыкам рабфака, а затым па здароўі выйшаў на пенсію i зноў вярнуўся да святарства, i завочна вучачыся ў Ленінградскай духоўнай акадэміі, – заўсёды ён вершы пісаў, як гаворыцца, для душы, калі ў шуфляду стала, a калі толькі ў зэкаўскай памяці. I заўсёды любіў літаратуру, асабліва Дастаеўскага.
I ўсе ў нас заўсёды многа чыталі. I чым далей, то ўсе на большай колькасці моў. У гэтым рэй вядзе наша мама-бабуля Ніна ca сваімі лацінскай, англійскай, нямецкай, польскай. Тады ідзе Андрэй з англійскай i польскай, якую вывучыў самастойна. Дануся, пры школьнай ды педінстытуцкай англійскай, закончыла адпаведныя курсы італьянскай, ужо з дзесятак разоў наведала гэтую краіну з групамі «чарнобыльскіх» дзяцей. Аспіранты-матэматыкі добра трымаюцца англійскай, Волечка – праходзячы яшчэ i курсы французскай, а Антось – жыва цікавячыся ірландскай мовай, літаратурай, краінай. A ў сваім паўночна-італьянскім Трэнта цяпер яны ахвотна ўжываюцца ў яшчэ адну мову.
...Калі прапрадзеда Яську перапісвалі з панятоўскай Польшчы ў кацярынінскую Расію, яму было сорак шэсць гадоў. У 1799-м ён памёр, пражыўшы пяцьдзесят. A ў яго ж былі бацькі, дзяды, трэба думаць, i прадзеды, – яшчэ на стагоддзе далей...
Акадэмік Ламан, батанік з абуджаным у душы гісторыкам, не толькі марыць, але i мае намер прадоўжыць свае пошукі ў архівах Польшчы.
Хацелася б i мне дачакацца яго новых знаходак, жадаючы паважанаму земляку як найболей поспехаў у гэтай важнай патрыятычнай рабоце.
* * *
Вясёлы пастскрыптум.
10 красавіка, калі ўжо гэты нарыс быў здадзены ў рэдакцыю «Роднага слова» i прыняты да выхаду ў чэрвені, я на шарай гадзіне, не ўключаючы святла, у адзіноце спяваў сам сабе, у нейкія моманты нават i ў слёзнай асалодзе ад музыкі i слоў – родных, рускіх, украінскіх, польскіх. I тут нечаканы i доўгачаканы званок ад Галі, што вось i яна ўжо бабуля, а я – такім чынам, прадзед!.. У Мішы з Машай – дачушка, імя якой падрыхтавана бацькамі загадзя – Даша, Дар'я, a ў нас па-загорску – Адарка, Адара. Зноў жа высокае хваляванне, святочная навіна, пра якую мне захацелася дапісаць, бо яна ж i да месца ў размове пра мой, пра наш радавод.
2005; 2006.