Текст книги "Парастак"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Публицистика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)
А яшчэ i тое, як Бэла Кун, ці нехта іншы з чырвоных камісараў, як сумняваецца аўтар кнігі, даў Валошыну вялікі спіс тых, каго павінны былі зусім неўзабаве расстраляць, i прапанаваў – паэту, мастаку, філосафу – выкрасліць па сваім меркаванні кожнага дзесятага... Во сітуацыя!..
Самога Валошына тэты венгр выкрасліў раней.
* * *
Игорь Бунич, «Операция «Гроза». Ошибка Сталина».
Надоело мне общество этих особей, грузина и немца!.. После четырёхсот страниц. А ещё сверх двухсот недочитанных к чёрту отбросил.
Нават i водгук гэты ад абурэння сам накінуты па-руску.
* * *
Мой колішні часовы сацрэалізм вінаваты яшчэ i ў тым, што напісаў я мала, залішне ходзячы, як кот вакол гарачай місы, каля якое-небудзь новае задумы, – a ці тое? a ці так? – замест таго, каб проста пісаць, «что Бог на душу положит». Як пісалі, скажам, Чэхаў, ці Шолам-Алейхем... Бо якраз чытаючы яго весела жывучыя апавяданні, яшчэ раз падумалася пра мае малапісанне.
* * *
Хай мне даруецца, калі гэта нясціпла, калі памыляюся, аднак i самому мне бачыцца, што каб я з канца 80-х не выдаў шэсць кніг новага, не падрыхтаваў надежным чынам трохтомніка выбраных твораў i некалькі іншых перавыданняў, a праматаў тэты час сякім-такім «палітыкам», было б – не лепш.
А да таго ж яшчэ былі i выступленні на актуальныя тэмы, у друку i на сустрэчах з чытачамі.
Кожнаму – сваё?
* * *
А можа, i варта зайсці неяк куды трэба ды на ўсякі выпадак спытацца:
– Скажыце, а дзе тут у вас запісваюць у чаргу на атрыманне нобелеўскай прэміі?..
Маладзенькая паэтка (прозвішча не запомнілася), у якое бяруць ці не першае ў жыцці інтэрв'ю, з птушынай упэўненасцю ў шчэбеце заяўляе, што цяпер, маўляў, у літаратуры найважней – рэкляма! Націскам на апошнім слове выразна прыглушваецца, проста здымаецца значэнне слова іншага – талент.
Добра, што хоць затоенай самарэкламы ў дзяўчаці менш, чым бывае, дый нярэдка, у некаторых старэйшых.
* * *
– Вашы Талстыя, Купалы, Міцкевічы – усё гэта ўжо безнадзейна састарэла!..
– Ну, вам, малады чалавек, такое, можна думаць, не пагражае.
* * *
Не жывыя пачуцці, не ўзлёты думкі, а нуднае прастарэканне, натужна зарыфмаваныя пераказы даўно вядомага, кульгавыя паўторы літаратурных штампаў. Такое «паэзіі» ў нас – нудная процьма. I ў маладых, i ў пажылых, i ў сямейных ідылічных параў з іхнім хатнім вязаннем вершаў... Пад мурлыкание ката ці кошачкі.
* * *
Ёсць i такія ўдовы, у якіх толькі адно, толькі былое пасцельнае права распараджацца творчаю спадчынай мужа, па прымаўцы польскай – «нібы шэрая гуска». Што ў тых паперах прачытаўшы на свой лад, што прыхаваўшы невядома навошта, а што i спаліўшы, як сямейны інквізітар...
* * *
Бомы-званочкі на лёгкім хамуціку, якія ў нас, на Міршчыне, называюцца не бомы, не шарахаўкі, як у Максіма Танка, а шаламэ. Як жа ix не любіла калісьці за шолам наша быстрая Каштанка! Спачатку проста капрызіла, дарэмна трэсла галавой, а потым дадумалася несці яе на рысях так роўненька, што званочкі змаўкалі. Бялюткі снег, ціхуткі бег...
Тым маўчаннем яны мне i прыгадаліся.
* * *
З грады высокіх, густых бярозак начны буран выгнаў на прылясную дарогу падоўжныя касатыя ахапкі свежазялёнага вецця.
Убачыўшы гэта на ранішняй праходцы, успомніў свята Сёмухі, якое палякі добра назвалі: Zielone Świątki.
* * *
...I думаецца, што ўсё яно не так сабе, a павінна ж мець пэўны вышэйшы сэнс. Занадта вялікі, занадта прыгожы наш свет, каб яму існаваць толькі каб існаваць, без высока-разумнай мэты.
* * *
A ці ж гэта не навагоднія падарункі – сынаў званок з Японіі, a ўнукаў з Італіі? З сынам кароткая гутарка, а ад унука праз хрып i трэск у тэлефоннай трубцы, толькі за трэцім званком нарэшце пачулася: «Дзяду-ля!..» На чым сувязь i абарвалася. Але ж мне i такога нямала.
Калі я праз дзень званіў свайму маладзейшаму сябру i расказаў пра тыя званкі, ён, Валодзя Ягоўдзік, засмяяўся, што гэта ў нас, у трох пакаленняў Брылёў, ідзе ад майго бацькі-чыгуначніка, вандроўніка па рэйках.
Дый сам жа я нямала ўсё-такі палятаў, паездзіў, пахадзіў па свеце.
I добра!
2005
СУСТРЭЧЫ З САФІЯЙ
Наваградак i Мір з руінамі ix замкаў я па-зямляцку ведаю з дзён школьнага маленства. A ў Полацк з яго Сафіяй упершыню прыехаў напрадвесні 1965-га. Калі ў Наваградку мне i спачатку i потым астанкі руінаў здаваліся нават i сцішнаватымі ад сваёй старадаўнасці, a ў Міры недаразбуранасць замка даволі выразна захоўвала адзнакі сваёй велічы, то сімвал Полацка, красуня Сафія, расчаравана ўбачылася заплямлена недагледжанай звонку i проста страшнай у сярэдзіне...
Прыехаў я не адзін, у групе сяброў-пісьменнікаў, па дзелавой прычыне. Ад віцебскага начальства ў ЦК партыі паступіў заклапочаны сігнал пра тое, што ў вобласці вельмі дрэнна разыходзяцца беларускія кнігі. I Саюз пісьменнікаў, цераз сваё бюро прапаганды мастацкай літаратуры, паслаў нас на сустрэчы з чытачамі.
I трэба ж было так здарыцца, што перад тымі сустрэчамі гасцінныя гаспадары паказалі нам гістарычную святыню, ператвораную ў кніжны склад. Дах гэтага кашчуннага склада працякаў на грувасцкія кубаметры твораў марксізма-ленінізма, рускай i замежнай класікі, штосьці прыходзілася таксама i на кнігі беларускія, што моклі ды плеснялі не кубаметрамі, a сціплей па колькасці, можа, толькі бярэмямі, a ўсё ж, калі верыць сігналам зверху, былі найбольш вінаватымі ў сваёй незапатрабаванасці...
Праўда, кнігі меліся i ў кнігарнях ды кіёсках, i яны даволі паспяхова раскупліваліся чытачамі на нашых сустрэчах, пераважна з моладдзю, i вельмі ўсцешна было нам ад чэргаў па аўтографы.
Найвыразней запомніліся дзве сустрэчы. Адна – з навучэнцамі кааператыўнага тэхнікума, на якую нас запрасіла i хораша вяла яе маладая выкладчыца i паэтка Алена Ніякоўская. А другая сустрэча помніцца мне тым, што яна прыкра не адбылася. У беларускую школу ў Задзвінні мы не змаглі дабрацца з-за раптоўнага ледаходу, які нібы й нечакана абрынуўся на Дзвіну, пераход па лёдзе ліквідаваўся, а на мост, у аб'езд, не памятаю ўжо чаму, транспарту не знайшлося ні на адным, ні на другім беразе ўзнятай паводкай ракі.
Паважаны дырэктар шырока вядомай кнігарні «Светач», Рыгор Аронавіч Міхаловіч, які забяспечваў нашы сустрэчы кнігамі, пацяшаў нас ад такой няўдачы, ды яшчэ ў апошні, заключны дзень: «Нічога не зробіш, таварышы, будзьце спакойны, цяпер, калі мы з вамі так прыемна пазнаёміліся, кнігі вашы я прадам». Нават падкрэсліў: «Калі я хачу прадаць кнігу – я яе прадам!..»
З той нашай пісьменніцкай групы мне найжывей помніцца таварыскі Янка Скрыган, мой сусед па кватэры, намнога старэйшы сябар, які мне i дома, i ў дарозе, i там, у Полацку, нямала цікавага нагаварьіў пра гэты блаславёны горад яго літаратурнай, дагулагаўскай маладосці...
A калі я другі раз, ды неўзабаве, у маі таго ж 1965-га, зноў апынуўся там, дык гэта ўжо з сябрамі маладзейшымі – Караткевічам i Барадуліным. Спыніліся мы ў Полацку праездам з Рагачова ў Вушачы. Была ў нас такая творчая задума: наведаць радзіму кожнага разам, утрох, a напісаць пра гэта паасобку, але ж i пра адно, ды прапанаваць яго ў часопіс ці на радыё. Усмак пагасцяваўшы ў Валодзевага дзядзькі ў Рагачове i яго маляўнічых ваколіцах, накіраваліся да Рыгоравай мамы ў Вушачах.
У Полацк дабіраліся мы, вядома ж, на машыне, дажджлівым вечарам. A раніца ўстала сонечная. Аднак Сафія, да якое мы адразу пайшлі, ад гэтага не стала прыгажэйшай... Заглянуць у яе кніжны могільнік не ўдалося. Пасумаваўшы, паабураўшыся, мы зазірнулі ў «Светач».
Рыгор Аронавіч, ветла павітаўшыся, спытаўся з пераможнай усмешкай: «Ну, пашукайце ў мяне вашы кнігі цяпер! Ix няма ». I паўтарыў сваё ранейшае: «Калі я хачу прадаць кнігу – я яе прадам!..»
Не скажу, што іменна тады, хутчэй гэта цяпер мне падумалася: «Во каго трэба было б перавесці загадам на тыя адсырэлыя кніжныя кубаметры!..» Толькі пры ўмове, каб па-сапраўднаму захацець ix прадаць, – i яму захацець, i усім тым, што клапоцяцца ў кабінетах, зверху ды здалёк...
Трэці раз, улетку 1972-га, я быў у Полацку зноў жа не адзін, з Алесем Адамовічам i Уладзімірам Калеснікам, сааўтарамі па кнізе «Я з вогненнай вёскі...»
Такія вёскі былі, вядома, i на Полаччыне. Ад змроку i болю новых сустрэчаў, спыніўшыся ў Полацку, мы адпачылі душамі ў назіранні залітай сонцам яшчэ ўсё не адроджанай святыні, седзячы то ў маўчанні, то ў ціхай гутарцы.
Толькі Калесніку не сядзелася – рупіла як найлепш захапіць з сабою на фотаплёнцы паднебна ўрачысты, па-херувімску светлы вобраз непараўнальнага помніка нашай спрадвечнасці...
Яшчэ раз я пабываў там у верасні 1988-га, заездам з Наваполацка. Літаратурнае аб'яднанне «Крыніца» запрасіла мяне выступіць у іхнім вячэрнім універсітэце «Роднае слова». Прыемна помніцца i той вечар, i іншыя вечары, знаёмства з новымі сябрамі... Была i паездка ў Полацк, у кампаніі з суседачкай Ірынай Жарнасек i Навумам Гальпяровічам за рулём уласнага легкавіка.
Сафія была ўжо іншая, i звонку, i ў сярэдзіне, абноўлена чыстая ў сваёй непераможнай святасці.
Хацелася б пабываць там хоць бы яшчэ адзін раз!..
2004
ЯШЧЭ АДЗІН...
Друкавацца я пачаў у часопісе «Шлях моладзі» на пачатку 1938 года, псеўданімамі не карыстаўся, i таму мае «пісьменніцтва» не было таямніцай для бліжэйшых землякоў, тым больш для сяброў, i няма нічога дзіўнага ў тым, што мяне, вясковага беспартыйнага дзецюка, радавога разведчыка штаба брыгады «Камсамолец», запрасілі да супрацоўніцтва ў газеце «Сцяг свабоды», органе Мірскага (падпольнага) райкома партыі, а потым i прызначылі часова выконваючым абавязкі рэдактара – па сумяшчальніцтву з далейшым удзелам i ў разведцы.
У лагеры нашай брыгады, на паўднёвым узлессі Налібоцкай пушчы, апроч свайго начальства размяшчалася яшчэ i вышэйшае – камандаванне «Партызанскага злучэння Стаўбцоўскай зоны», у якую ўваходзілі пяць брыгадаў i асобны конны спачатку атрад, пасля – дывізіён так званых «нёманскіх казакаў». Уся гэта сіла, звыш трох тысяч шасцісот чалавек, дзейнічала на тэрыторыі пяці раёнаў Баранавіцкай вобласці: Стаўбцоўскага, Мірскага, Карэліцкага, Гарадзішчанскага i Навамышскага. Тут, у нашым лагеры, быў таксама i своеасаблівы палітычна-маральны цэнтр названай зоны.
Сярод зямлянак, у засені дрэў, самавіта ўзвышалася прасторная хата, нават «у два канцы», у якой працавала зборная рэдакцыя пяці раённа-брыгадных газет, з надзейным радыёпрыёмнікам i друкарскай машынай, «плоскай амерыканкай», якая ў рух запускалася пры дапамозе ручное корбы, i з чатырма майстрамі маруднага ручнога набору.
На мне былі тэксты, i проза, i зрэдку вершаванне. З прынятага па радыё, пачутага ад людзей «у раёне», як гаварылася тады пра бліжэйшае i далейшае сельскае наваколле, i ў пушчы, у паасобных атрадах, з напісанага некім другім аматарам слова або прыдуманага самім сабою трэба было старанна ды не марудзячы выціснуць патрэбнае ў газету. Каб сцісла, змястоўна было, баявіта, цікава дый часам i смешна таксама.
A ілюстрацыі рабіў наш Міша, брат, з маленства мастак, хай сабе й самадзейны, як я літаратар, бо якім жа i можна было вырастаць у цёмнай, бяспраўнай заходнебеларускай вёсцы. У аднаго з брыгадных сувязных, вясковага столяра, даставаліся цвёрдыя, да глянцу адгабляваныя грушавыя чурачкі заказаных яму памераў. Мастак наш наносіў на ix задуманы малюнак, карпатліва вырэзваў яго старанна адвостраным складанчыкам, тады ўстаўляў у набор старонкі i той належна адціскаўся.
Летась на бібліятэчнай выстаўцы, прысвечанай чарговаму юбілею Перамогі, я аглядаў цераз шкло вітрыны тое наша наіўнае журналісцкае багацце, нават у ціхім i сумнаватым старэчым хваляванні...
Газеты нашы друкаваліся пераважна на старонках расшытых-разгорнутых школьных сшыткаў, а то i на трафейнай паперы, з павятовых ці гмінных устаноў, – выходзілі не строга перыядычна, а залежна ад матэрыялу, прынятага па радыё ці падказанага баявым i акупацыйным жыццём, i наяўнасцю паперы, назапашанай разведчыкамі цераз сувязных.
Час ад часу ў нашу рэдакцыю-друкарню са сваіх брыгадаў прыязджалі рэдактары, пры ўдзеле штабной машыністкі i зноў жа радыёпрыёмніка рыхтавалі свае новыя нумары i з цёпленькім тыражом вярталіся туды, адкуль прыехалі.
Падобна было i ў мяне. Выпусціўшы чарговы нумар «Сцяга свабоды», а то i сатырычнага дадатку да ўсіх газет нашай зоны, які меў назву «Партызанскага жыгала» (жыгалам, джалам у нас называлі вінтоўку), я ахвотна сядлаў свайго верхавіка, што застаяўся пад павеццю, i рысіў да дружнай сямёркі разведчыкаў, у нашу «кватэру» ў даволі далёкай ад лагера вёсцы Зарэчча, адкуль мы ноч у ноч, ціхімі ценямі шасталі па раёне з ажно чатырма нямецка-паліцэйскімі гарнізонамі, да найбліжэйшага з якіх ад нашых днёвак было толькі тры з нечым кіламетры.
Усе газеты выходзілі на роднай беларускай, што было натуральна для асабовага складу брыгады. У 1983 годзе ў Мінску выдадзена кніга «Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны», i ў кнізе той падаецца, што ў чатырох атрадах нашай брыгады было 588 партызан, з ix беларусаў – 542, рускіх – 17, украінцаў – 3, іншых нацыянальнасцяў – 26. Дзе менш, дзе больш аднолькава ў нацыянальных адносінах выглядала справа i ва ўсіх іншых брыгадах, дый, трэба думаць, не толькі ў нашай Стаўбцоўскай зоне.
З рэдакцыйнай работай мне, як пачынаючаму літаратару, пашанцавала перш за ўсё ў тым, што там я пабагацеў на двух новых сяброў, значна старэйшых за мяне, больш вопытных у літаратуры. Рэдактарам стаўбцоўскай газеты «Голас селяніна» працаваў яўрэйскі публіцыст Гірш Смоляр, пры Польшчы актыўны ўдзельнік заходнебеларускага рэвалюцыйнага падполля, блізка знаёмы з Максімам Танкам па віленскім творчым жыцці, а з Валянцінам Таўлаем i Піліпам Пестраком – па гродзенскай турме. Пра Смоляра пісаў я нямала раней, тут паўтарацца не буду. Трэба сказаць пра другое – пра рэдактара навамышскай газеты «Перамога», педагога-філолага i ў пэўнай меры літаратара Браніслава Ржэўскага, якога ў нас называлі Барысам, па бацьку Андрэевічам.
Людскім, вясёлым ды шчырым, цікавым чалавекам спакваля аказаўся гэты Барыс Андрэеевіч. Ён якраз з тых людзей, пазнаёміўшыся, a неўзабаве i пачаўшы сябраваць з якімі, думаецца, што інакш яно i не магло быць, як толькі лічыць ix не проста новымі, але i даўнімі сябрамі, – такое адчуванне. Адтуль, з пушчы, гучыць часамі ў маёй памяці яго захоплены голас, калі ён з памяці дэкламуе Купалава «Гэта крык, што жыве Беларусь...» або нешта іншае з любімага. Жыва прыгадваюцца нашы бясконцыя гутаркі – то ўтрох з Міхасём, калі ён не хадзіў у сямейны лагер, да сваіх малых, ці мы з Барысам удвух, то ў рэдакцыйнай хаце, а то проста ў лесе.
Успамінаецца i ранне-пасляваеннае, нашы сустрэчы, на жаль, нячастыя з-за большых адлегласцей. Прыязджаючы ў сталіцу, Барыс часамі i спыняўся ў мяне, а я, у сваю чаргу, але радзей, бываў у яго, спачатку ў Баранавічах, пасля ў Гродне. Вечнаю ды невычэрпнаю тэмай была ў нас літаратура, цяжкі лес роднай мовы. Мы ўзаемна чыталіся, бо ён жа таксама пісаў, прысылаў мне або прыносіў сваё новае, зрэдку надрукаванае ў абласной перыёдыцы.
...Дайшло тым часам да страшнага.
З Барысавай жонкай, Аляксандрай Ігнатаўнай, заслужанай настаўніцай Беларусі, я выпадкова сустрэўся ў Мінску вясной 1957 года, калі ён, Барыс, быў ужо арыштаваны. Сутыкнуліся мы каля металічнай брамкі 1-ай клінічнай бальніцы, яна ішла адтуль, а я туды. Вярнуліся з вуліцы ў двор, сышлі ў бок, пад засень дрэў, i даўгавата-такі пастаялі, гаворачы, бо было пра што, а да таго мы даўно не бачыліся.
Пра свайго Барыса яна справядліва сказала, што ён лішне даверлівы, легка, а то яшчэ i весела, калі пры чарцы, раскрываецца перад недастойным ці недастойнымі.
Аднаму з такіх ён прачытаў з чарнавіка сваё падрыхтаванае пісьмо наверх, а прачытаўшы, схаваў яго туды, адкуль дастаў – пад мармуровы цяжкі пісьмовы прыбор на сваім рабочым стале. Калі гэбісты прыйшлі першы раз, яны не сталі нічога шукаць-расшукваць, адразу сіганулі да стала, паднялі той пісьмовы прыбор...
Плюгавы «шчыры беларус», верны савецкі чалавек, яшчэ й, вядома, партыйны, нават ініцыялы якога мне праціўна называць, чалавечак ужо й стары, па-свойму быў вопытны ды старанны...
Наколькі потым стала вядома з апавядання самога Барыса, калі ён вярнуўся з лагера, усё пачалося з пісьма ў ЦК КПБ пра тое, што нават на шматлюдным пахаванні Якуба Коласа галоўны ідэолаг БССР, пацешна славуты таварыш Г., афіцыйны жаль агучваў з урадавай трыбуны па паперцы ды па-руску, паныла паўтараючы: «Наш дорогой Константин Михайлович Якубколос» (так, адным словам!)...
У Гродне, на бясконцых допытах яго не білі, нават i не надта лаялі. Следчы, малады, упасвены жыдок, калі сказаць па-заходніцку, слухаючы беларускія тлумачэнні пажылога педагога, толькі зверху пасміхаўся: «И кому это нужно?.. Ком-му эт-то нуж-но?..»
Пісьмо ў ЦК пра таварыша Г. стала па сутнасці галоўным абвінавачаннем. A ў падмацунак яму ўлічыліся i няправільныя, ды яшчэ ж перад студэнтамі, выказванні пра польскія, тым больш венгерскія падзеі восені 1956 года, а яшчэ i розныя падкрэсленні, пытальнікі ды клічнікі, а то i адкрытыя заўвагі на палях прачытанага ў часопісах i кнігах, забраных на ператрусе як рэчавыя доказы яўна антысавецкага зместу. Улічылі нават i «замену» прозвішча Ржэвускі на Ржэўскі, відаць, для нейкай маскіроўкі... Наскраблося, сабралася, каб асудзіць на сем гадоў, найпрасцей, па даўняй зручнай звычцы – «за белорусский национализм»... Так чулася тады i ў Мінску, ішло ад сыценькай усмешкі таварыша Г.
Калі ж пазней той ідэолаг з-за сваёй малапрыгоднасці з ЦК партыі быў паніжаны ў акадэмікі, узяты туды зноў жа ў ідэйнае кіраўніцтва, перагляд справы «нацыяналіста» Ржэвускага-Ржэўскага заварушыўся шпарчэй. Гаварылі нават, што, відаць, цяпер на пракурора СССР, нарэшце, падзейнічалі пісьмы з мноствам партызанскіх подпісаў у абарону невінаватага... Так ці інакш, а з лагера Барыс неўзабаве быў выпушчаны.
У мяне запісана, што ён з'явіўся ў маю сям'ю зранку 19 сакавіка 1961 года i многае, што хацеў расказаць за адзін раз, не расказаў, хоць i за цэлы наш перадвясенні, ужо вялікаваты, дзень i частку вечара, бо госць павінен быў ісці да сына, у якога спыніўся.
Што гаварылася?
Пра допыты, пра краты i нары, пра камедыю суда, этапы, лагерную бібліятэку на дваццаць дзве тысячы кніг, дзе яму, ужо ў Мардовіі, пашанцавала папрацаваць, дзе ён нават наладжваў абмеркаванні твораў рускай, усесаюзнай i беларускай літаратуры ў перакладах, у тым ліку i некаторых твораў маіх...
Усё гэта гаварылася Барысам жыва, дасціпна з адступленнямі, абагульненнямі, накшталт таго, што «ну, а бацьку, відаць, усё-такі выцягнуць за лапы з маўзалея...», i яшчэ нямала іншага, шырэй ды глыбей па значнасці.
За чатыры гады ён пастарэў, здалося мне, як быццам i не вельмі, аднак жа быў ужо прыкметна не той, што ў пушчы, калі прыязджаў ca сваёй брыгады ў рэдакцыю не надта каб спраўным кавалерыстам, але ж, затое, з добрай цаглінай сала пад пахай, што называецца – у заработкі на сваёй торбе...
Як не той, які аднойчы, неўзабаве пасля вайны, з'явіўся ў мой цесны закутак з Баранавічаў у толькі што набытым няновым скураным паліто i з парога пасвятлеў усмешкай, гыкнуўшы на прывітанне:
«Во, браце Яне, здзёр з мужыка яшчэ адну скуру ды на сябе!..»
I не той нарэшце, Барыс, які перажыў-такі клопат з абаронай кандыдацкай дысертацыі па даваеннай творчасці Максіма Танка.
Я быў на той абароне, нават i выступаў у падтрымку. Быў, вядома, i на рэстаранным банкеце, да поўначы, a назаўтра днём – у сям'і Міхася Ларчанкі.
Сябры Барысавай маладосці – крыху літаратуразнавец, супрацоўнік ЦК КПБ, колішні партызан Іван Гутараў ірваў на гармошку польку; выкладчык БДУ, абабіты прававернымі рупліўцамі смелы крытык, весела чарначубы Ларчык, як гаварылася паміж сябрамі-пісьменнікамі, мяцеліў тую польку вакол самога сябе, не запрасіўшы каторую з жонак; новы кандыдат навук ішоў у прысядку, раз-поразу, як нейкі Навум Прыгаворка, па-шляхецку пакрыкваючы: «Гу-га! Гу-га!..» Ён мне, зрэшты, заўсёды нагадваў нечым самога Дуніна-Марцінкевіча, хоць быў мужчынам не толькі мажным, але i высока-статным.
...У лістападзе таго самага шэсцьдзесят першага я выступаў у Гродне па запрашэнні універсітэта культуры, i на адным з выступленняў – i людным, i з мноствам запісак i вусных пытанняў на самыя вострыя злабадзённыя тэмы – у першым радзе сядзеў Барыс. Не адзін, а з маім земляком, датуль незнаемым, дырэктарам школы, у якой кандыдату навук, вопытнаму ды здольнаму выкладчыку педінстытута дазволілі падзарабіць, да ранейшай працы, хоць нібыта й апраўданаму Вярхоўным судом рэспублікі, не дапусціўшы...
I пасля таго тлумнага вечара былі ў нас сустрэчы дома ў яго ці ў мяне, аднак тая сустрэча помніцца неяк асобна. Барысу не было яшчэ шасцідзесяці, аднак ён прыкметна, у параўнанні з прадвеснем, калі гасцяваў у мяне, пастарэў пасля былых i новых выпрабаванняў. Можа, не так фізічна, як маральна...
Напісаў я гэта i спыніўся. З думкай, што не вельмі яно ў мяне справядліва, дакладна... Праўда, здароўе пачало яго падводзіць, чым далей, то ўсё больш, але ж цікавасць да нашага галоўнага, ды цікавасць не збоку, a ў шчырай актыўнай заклапочанасці, жылі ў ім i тады, i потым увесь час, да самага канца.
З Барысам мы перапісваліся, часам нават i часта. Ягоныя пісьмы, толькі з лагерным перапынкам, у мяне захаваліся, я здаў ix у архіў, сабе зрабіўшы копіі з некаторых. Аднак цяпер, каб i хацелася, цытаваць ix тут мне няёмка. Ён, хоць i шчыра, але занадта хваліць там усё мае ў часопісах ды ў пасланых яму кнігах.
Мае пісьмы Барысу, тыя, што пасылаліся да арышту, трэба думаць, далучаны да ягонай справы. Аляксандра Ігнатаўна, калі мы сустрэліся ля бальніцы, расказвала, што як толькі Барыса забралі, на кватэру да ix прыйшлі з ператрусам, i яна сама глядзела, як з шуфлядаў яго стала даставаліся пісьмы, ды многа ix, a ў адным пісьме аказаўся i мой фотаздымак, на якім я ў вясёлым рогаце. I ператрушчыкі, калі адзін з ix уголас зачытаў надпіс на абароце здымка, амаль зусім па-людску засмяяліся.
«Вы былі тады, – сказала Аляксандра Ігнатаўна, – толькі што пасля прэміі i напісалі на фота, я раней бачыла, нават па-руску: «Прими от морды, вкусившей славы».
Мы перапісваліся, вядома, i тады, калі ён вярнуўся з лагера, аднак чамусьці абодва пісалі пад канец з усё даўжэйшымі паўзамі. Лес маіх пісьмаў невядомы. Хутчэй за ўсё, i ў гэтым выпадку, як гаворыцца па-савецку, яны «не захаваліся...»
Памёр Барыс у 1980-м. Мне ніхто не паведаміў пра гэта ні своечасова, ні пазней. Аляксандры Ігнатаўны ўжо не было – за некалькі дзён да мужавага адыходу, ідучы да яго ў бальніцу, яна трапіла пад машыну. Ад самога, які ўжо быў зусім на схіле, гэта ўдалося ўтаіць. Дзеці, дарослыя сын i дачка, двойчы так удараныя, неўзабаве раз'ехаліся па сваіх гарадах.
Пра ўсё гэта мне значна пазней расказаў Алёша Карпюк, калі я, быўшы ў камандзіроўцы, пайшоў, як нічога ніякага, да Барыса на яго Гліняную вуліцу, дзе ўжо кватэру займала другая, незнаемая сям'я.
...Чарга на поўную рэабілітацыю дайшла да яго ў 1992-м.
1999; 2006.