Текст книги "Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)"
Автор книги: Витовт Черопко
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
– Князь, я прывёў яе, – мовiў Вышак i выйшаў са святлiцы.
– Вiтаю цябе ў маiм новым доме! – прамовiў князь i ўзяў Бажэну за далонi.
– Нявольнiцай я ўвайшла ў твой дом.
Гэты голас пранiкаў у яго душу, i здрыганулася сэрца ад успамiнаў пра тую чароўную ноч, калi дзяўчына пакорлiва аддалася яму.
– Каханая, дарагая, я вельмi сумую па табе i буду сумаваць заўсёды, калi расстаюся з табой на дзень, на два, на тыдзень, на месяц. Таму што я кахаю цябе, таму што не магу без цябе. Мiлая мая, харошая мая, дарагая, як пакутлiва я жыў столькi дзён без твайго кахання, як чакаў нашай сустрэчы i як доўга цягнецца наша разлука, – ён казаў тое, што вынасiў у душы за гэтыя доўгiя днi iх расстання. Казаў, каб вызвалiцца ад пакуты. Колькi разоў, прачынаючыся ранiцай, уяўляў ён побач з сабой на ложы каханую. I здавалася князю, што адчувае цяпло яе цела, чуе яе дыханне. Працягнi толькi да яе руку, i яна, прачнуўшыся, даверлiва прытулiцца. I як жахлiва было чакаць новага дня, бо ён пройдзе без каханай. I з кожным днём у душы яго расла туга па Бажэне. I ён рашыўся.
– Калi ты кахаеш мяне – адпусцi майго бацьку, – холадна гучаў голас Бажэны. – Адпусцi бацьку.
– Добра. Я падарую яму волю, але цяпер ты будзеш маёй.
Ён асцярожна, нiбыта чакаў, што рэзкiм рухам спужае дзяўчыну, абняў яе. Калi б яна ўзмалiлася, пачала вырывацца, ён бы зразумеў, што яна ненавiдзiць яго. Але яна моўчкi, сцяўшы вусны, прыняла яго пацалунак – яна ахвяравала сабой дзеля бацькi. Ён даможацца свайго – верне яе каханне. Ён гатовы чакаць, ён цярплiвы. Нi грубым словам, нi насiллем не пакрыўдзiць яе. Ён не хоча з-за спатолення сваёй страсцi страцiць яе каханне. Яму не патрэбна суложнiца, якая моўчкi i з агiдай будзе прымаць яго ласкi. Хай гучыць яе смех у гэтым доме, хай будзе яна шчаслiвай з iм. Слёзы, якiя яна стрымлiвала, пацяклi з вачэй. А той, у чыёй уладзе яна апынулася, бачыў, як дрыжаць яе плечы ад плачу, чуў яе ўсхлiпы. Ён кахаў яе i мучыўся ад таго, што яна плача. I што рабiць, ён не ведаў: суцешыць яе, упэўнiць, што нiчога благога не зробiць ёй? Або проста пакiнуць адну, даць выплакацца? I ён выйшаў на вулiцу. Завейка пад аховай ваяроў сядзеў на зямлi. Падняў галаву, асуджана зiрнуў на Воўка.
– Я дарую табе. Iдзi з мiрам.
Але навошта яму гэтае жыццё, калi яго Бажэны не будзе з iм? Калi стане яна суложнiцай нялюбага ёй чалавека. Што яму гэтае жыццё, што ён стане рабiць у iм?
– А як жа Бажэна? – спытаў Завейка.
– Будзе воля багоў, i ты ўбачыш яе.
– Адпусцi яе, я дам выкуп.
– Яна мая заручоная княгiня.
* * *
Мiналi днi. Не расплялi Бажэне косаў, не абстрыглi iх, i не накiнуў Воўк на дзявочую галаву павоя. Не наважыўся князь загаварыць з дзяўчынай пра жанiцьбу. Цяжка пераносiў ён дзявочае маўчанне, i калi загаворваў з Бажэнай, яна без ахвоты адказвала яму. Ды толькi не мог ён страцiць каханую – занадта цяпер недасягальнай стала яна, а таму яшчэ больш жаданай. А ёй заставалася перанесцi да канца гэтае выпрабаванне долi i спадзявацца, што рана цi позна яна вернецца ў бацькоўскi дом. Не заставацца ж тут ёй з князем-iзгоем, якога заўтра разаб'юць русы i звязеняць.
I аднойчы Воўк пачуў размову Бажэны з Вышакам. Яны не бачылi яго. Ён вяртаўся вечарам пасля абходу цвержы. Падышоў да хаты i пачуў галасы.
– Дапамажы мне, Вышак.
– Я дапамагу. Не плач.
– Пацалуй мяне.
Боль разануў яго па сэрцы. I з адчаем Воўк зноў пераканаўся, што не здолее адмовiцца ад Бажэны, аддаць яе другому, нават крэўнаму брату. I нават калi яна ўжо не кахае яго, ён не ў сiлах перажыць тое, што яна шчаслiвая з другiм. У гэты момант iм авалодалi пачуццi, а не розум. Меней яго хваляваў лёс брата. Нельга дапусцiць, каб Вышак забраў у яго Бажэну. Хто-небудзь iншы, але толькi не брат, бо разам з дзяўчынай ён згубiў бы i Вышака i за стаўся б адзiнокiм. Але ён тут жа авалодаў сваiмi пачуццямi. Бажэна абмарочыла яго. Ды гэта толькi дурань злуецца, што двое людзей пакахалi адно аднаго. Яму стала шкада самога сябе. Яго лепшыя памкненнi растаптаныя. Ён павярнуўся i цiхенька пайшоў ад хаты.
А пасля ў братоў адбылася размова.
– Ты павiнны забыцца пра яе, – сурова мовiў Воўк.
Забыць Бажэну! Але гэта немагчыма. Ён кахае яе i не адмовiцца, калi гэтага патрабуе нават брат. Яна выбрала яго, Вышака, яна кахае яго.
– Не, – першы раз у жыццi Вышак супярэчыў брату.
I гэтае "не" сведчыла, што Вышак настроены рашуча i не саступiць яму. Чаго палохаўся Воўк, тое i здарылася – Бажэна зачаравала брата.
– Ты павiнен забыць пра яе. Вышак, браце, яна згубiць цябе, – ён паклаў руку на яго плячо, але той скiнуў руку.
– Я не выракуся яе!
Гэтая ўпартасць, з якой брат змагаўся за сваё каханне, пужала Воўка. Перад iм стаяў зусiм iншы чалавек, не той бесклапотны i мяккi юнак. Гэты Вышак быў зусiм iншым: упартым, брата не прызнаваў.
– Усё, – мовiў Воўк, – угаворваць цябе я не буду. У галаве тваёй вецер.
– Князь, – спынiў Вышак яго за руку, – ты задумаў супраць яе нядобрае?
Ён удзячны Бажэне за тыя светлыя хвiлiны кахання. Але ён гатоў адмовiцца ад каханай, каб толькi не страцiць брата. Заўтра ранiцай ён загадаў Гваю праводзiць Бажэну дадому.
– Не табе мне ўказваць, – груба абарваў брата Воўк.
* * *
Уцекачы выбралiся з падземнага ходу ў лес. Перапляценнi галiн перагароджвалi iм шлях. I на кожным кроку Вышаку даводзiлася мячом прасякаць дарогу. Ён мог павесцi дзяўчыну па сцежках, ды асцерагаўся пагонi цi наткнуцца на вартавыя заставы i таму вырашыў прабiрацца праз гушчар, арыентуючыся па зорках. I ўпарта, не зважаючы на стому, сек галiны i хмызняк, каб можна было прайсцi Бажэне. Неўзабаве яны трапiлi ў хвойнiк. Iсцi стала лягчэй. Ногi танулi ў мяккiм iмху. Каля невялiчкай ручаiны, што зiхацела ў месячным святле сярод парослых травой нiзкiх берагоў, уцекачы спынiлiся. Вышак апусцiўся на кукiшкi i сунуў руку ў ваду.
– Халодная, – мовiў ён.
– А пiць яе можна? Я хачу пiць.
– Гэта ж крынiчная вада.
Ён чакаў, што Бажэна, апусцiўшыся на каленi, нахiлiцца да ручаiны i прыпадзе вуснамi да вады, як звычайна пiў ён з крынiц. Але яна прысела на кукiшкi, чэрпнула вады ў складзеную лодачкай далонь i паднесла яе да вуснаў. I гэты рух Бажэны ачараваў яго вытанчанасцю i прыгажосцю.
– Смачная, – мовiла дзяўчына. – Паспрабуй, – яна зачэрпнула далонню вады i паднесла да яго вуснаў. – Пi хутчэй, – засмяялася Бажэна, – а то выцеча.
Ён прыпаў вуснамi да яе маленькай далонi. Колькi там той вады – кропля, але i не пiў ён ваду, а цалаваў дзявочую далонь.
– Ну вось i выцекла, – наўмысна незадаволеным голасам мовiла Бажэна.
I зноў дзяўчына зачэрпнула вады i паднесла да вуснаў Вышака, i ён не пiў, а цалаваў яе руку. А пасля пяшчотна ўзяў яе за тонкiя запясцi i пацалаваў дзяўчыну ў вусны. I з кожным яго пацалункам, адчуваючы яго блiзкасць, яна трацiла тую волю, якая дапамагла ёй перацягнуць на свой бок Вышака. Дзiўна, ёй хацелася быць слабой, бездапаможнай, каб ён, мужны i моцны, клапацiўся пра яе, абараняў. Iх прытуленыя адна да адной постацi адбiвалiся ў вадзе.
Раптам дзяўчына адчула, як яго моцныя рукi падхапiлi яе i паднялi над зямлёй. Пад Бажэнай цурчала вада. Ён пераносiў яе праз ручай. I ад пачуцця ўдзячнасцi яна абняла Вышака за шыю i прытулiлася да яго. Яму было прыемна ад яе даверлiвасцi.
На беразе ручаiны ён вырашыў заначаваць. Хутка насек мячом дроў, паслаў на зямлю яловых лапак. I вось ярка загарэлася вогнiшча. Прыемна патыхала дымком. Дзяўчына сядзела каля вогнiшча. Водблiск полымя асвятляў яе задумлiвы твар.
– Бажэна, табе трэба паспаць.
– Я хачу пасядзець з табою.
Стамiлася, але бадзёрыцца. I хiба зможа ён запярэчыць, калi сам жадае яе. Дзяўчына перахапiла яго позiрк i ласкава ўсмiхнулася. Яна сядзела побач. Iльняная спаднiца абцягвала яе каленi. Як добра было б пакласцi ёй на каленi галаву, заплюшчыць вочы i каб яе пяшчотныя рукi гладзiлi галаву; ляжаць i адчуваць яе ласку i нi пра што не думаць.
Ён узяў дзявочую руку i адчуў, як яна дрыжыць. I такая пяшчота да дзяўчыны ахапiла яго, што ён не ў сiлах быў стрымацца i, цалуючы яе далонi, зашаптаў:
– Бажэна, каханая мая.
З асалодай адчуў, як дзяўчына лёгкiм рухам пальцаў прабегла па яго валасах i абхапiла рукамi шыю. Дзявочыя вусны прыпалi ў доўгiм пацалунку да вуснаў Вышака. I калi яна патрабавальна прыцягнула яго да сябе i апусцiлася на яловыя галiнкi, якiя ўсцiлалi зямлю, ён зразумеў, што Бажэна ў яго волi.
Яшчэ можна было апамятацца, але позна... Так прыемна было ад яго пацалункаў, ад ласкi яго рук. Яна не супрацiўлялася, калi ён развязаў шнурок на сарочцы i прагнымi вуснамi прыпаў да набухлых ружовых смочкаў грудзей. Не магла вытрымаць пакутлiвай асалоды, што перажыла ў гэты момант, i цiха застагнала. Болей не было ўжо нi сораму, нi сумненняў.
* * *
Стомленыя, яны ляжалi побач, глядзелi высока ў неба, дзе зiхацелi россыпы зорак. Ляжалi абняўшыся i маўчалi – думалi кожнае пра сваё.
Бажэна кахае яго. Так даўно ён чакаў свайго кахання – вось яно. I не разлучыцца ён з Бажэнай. Нiкому не дасць каханай у крыўду. Ну, а брат? Хай змагаецца з русамi, калi яму так прагнецца подзвiгаў. Хiба не брат штурхнуў яго на ўцёкi? Хiба не брат стаў памiж iм i Бажэнай, злуючыся на тое, што яна выбрала яго, Вышака? Цяпер ужо позна нешта перамянiць. А яна не ведала, цi клясцi сябе за сваю слабаць, што паддалася страсцi, цi лiчыць, што канчаткова перамагла княжыча. Ну, пацалавацца, прылашчыць хлопца, каб болей прывязаць яго да сябе, – дапускала, а вось гэта... Гэта Вышак перамог яе, i яна цяпер у яго волi.
* * *
Стараючыся не разбудзiць Бажэны, ён выцягнуў з-пад яе галавы руку i, нахiлiўшыся над дзяўчынаю, пацалаваў яе ў скроню. Нават не пацалаваў, а з удзячным замiлаваннем перад яе прыгажосцю i даверлiвасцю дакрануўся вуснамi.
Сонца паднялося над зямлёю. Туман сплыў. Трава i лiсце дрэў зiхацелi на сонцы ўсыпанай Родам расой.
– О вялiкi Сварожыч, у гэты дзень усцеражы i блаславi нас, – сказаў замову князь i тройчы пацалаваў свае рукi. Рассякаючы са свiстам крыламi паветра, праляцелi некалькi качак i з шумам селi на ваду. Вышак, паклаўшы на лук стралу, пракраўся туды, дзе селi качкi. Птушкi не бачылi чалавека i спакойна плавалi на вадзе, раз-пораз ныралi пад ваду i праз iмгненне вынырвалi. Княжыч выбраў качара i прыцэлiўся. Было б добра, каб удача не адвярнулася ад яго, вось бы прыемна ўразiў дзяўчыну. Страла трапiла птушцы ў грудзi. Перадсмяротны крык, некалькi слабых удараў крыламi па вадзе, i качара панесла цячэннем. Качкi з шумам узляцелi ў паветра. I яшчэ доўга чуўся свiст iх крылаў. Падабраўшы забiтую птушку, выцягнуўшы з яе стралу, Вышак знайшоў глiну. Каля вогнiшча абмазаў качара глiнай i паклаў яго ў агонь. Дзяўчына яшчэ спала.
– Бажэна, – паклiкаў княжыч i пацалаваў яе ў шчаку.
Дзяўчына прачнулася i пяшчотна ўсмiхнулася юнаку.
– Вышак, – прашаптала яна i, абняўшы яго за шыю, адказала пацалункам.
Гледзячы, як Вышак упэўнена распараджаецца каля вогнiшча, як спрытна ламае галiны i падкiдае iх у агонь, як выцягнуў з агню абмазаную глiнаю птушку, разламаў глiняныя чарапкi, на якiх засталiся птушыныя пёры, як нажом абрэзаў смачныя кавалкi, ёй хацелася па-сапраўднаму даверыцца яму, моцнаму, знаходлiваму, рашучаму. I, забыўшыся, што ашуквала яго, яна радавалася таму, што Вышак клапоцiцца пра яе.
I гэтая ранiца, залiтая яскравым сонечным святлом, рэчка, у якой праз светлую ваду вiднелася жоўтае дно, птушыны шчэбет, высокiя цёмна-зялёныя хвоi, вогнiшча, што весела патрэсквала агнём, – усё здавалася дзяўчыне незвычайным, i чамусьцi было шкада, што болей не паўторыцца ў яе жыццi нi гэтая ноч, нi гэтая ранiца.
* * *
Пустата сустрэла яго дома. За гэтыя днi Воўк прызвычаiўся да Бажэны i без яе адчуў адзiноту. З цяжкiм сэрцам хадзiў ён па пакоях, натыкаўся на стол i лавы. Не мог супакоiцца. Суцяшаў сябе, што Вышак вернецца назад. Але мала верыў у гэта. А калi не вернецца, калi прамяняе яго на Бажэну? I што цяпер? Цi чакаць брата, цi выслаць за iм пагоню? Не вытрымаў i выклiкаў да сябе дзядзьку.
– Гвай, – звярнуўся ён да дзядзькi, – не загадваю табе, а прашу: даганi Вышака з Бажэнай. Выратуй брата. Яна загубiць Вышака.
– Князь! Не таi ў сэрцы немарасцi. Усё, што адбылося, – гэта твая доля. Калi яна асудзiла цябе на страту гэтай дзеўнiцы, дык ужо не вернеш Бажэны, як нi старайся.
* * *
Пасля страты дачкi Завейка страцiў i цiкавасць да жыцця. Навошта яму жыццё, калi пазбавiўся ён адзiнага дарагога чалавека, любай Бажэны. Што з ёй? Сэрца аблiвалася крывёю, калi думаў, як гэты iзгой Воўк цешыцца яго дачкою. Ездзiў ён да намеснiка рускага князя ў Новым градзе, падбiваў на паход супраць Воўка. Намеснiк адгаворваўся: то дружына маленькая, то дарогi добра не ведае, то справы не дазвалялi iсцi ў паход. Завейка сваю дружыну падняў, але вояў не хапала. Каб вось дапамаглi русы.
I днi мiналi ў хваляваннi за долю дачкi.
I адбылося дзiва. За дзвярмi раздалiся гучныя галасы. Завейка незадаволена паморшчыўся. Чаго там раскрычалiся слугi? Дзверы расчынiлiся – на парозе стаяла Бажэна. Яго родная крывiнка, яго радасць i ўцеха вярнулася дадому. Сарваўся з лавы i падбег да дачкi, якая кiнулася да яго.
– Татачка!
– Бажэна! – i спынiўся ўражаны Завейка. – Бажэна? – перапытаў ён.
– Татанька! – прыпала да яго грудзей дзяўчына. – Татанька!
Ён абдымаў яе, жывую, здаровую. Яна зноў з iм. I тут убачыў, як увайшоў у пакой Вышак. Без палахлiвасцi, упэўнена, як у свой дом. I паменшала радасць князя. Зразумеў – каханне штурхнула Вышака да яго дачкi.
– Вышак выратаваў мяне, толькi яго разую.
Цяжка ўздыхнуў Завейка i адказаў:
– Няволiць цябе не буду.
* * *
А праз колькi дзён з Новага града выступiла дружына. Грукацеў пад нагамi ваяроў i конскiмi капытамi перакiдны мост. Нi адзiн з вояў не ведаў, куды iх вядзе Завейка. Наперадзе ехаў Вышак – ён павiнен быў паказаць дарогу да цвержы Воўка. Угаварыў яго Завейка.
– Ты iзгой. Твой брат ваюе з русамi. I як паставiцца да цябе князь Яраслаў! Ты павiнен паказаць, дзе хаваецца твой брат. Калi ты адмовiшся, цябе i сiлай прымусяць паказаць дарогу. Гэта не здрада. Ты дапаможаш спынiць непатрэбную вайну ў Лiтве. Мы разбiты русамi, i трэба прызнаць iх уладу. Кожны новы дзень гэтай непатрэбнай вайны прыносiць смерць. А Воўк... ён сам выбера сваю долю: цi прыме клятву Яраславу, цi трапiць у паруб. Ты ж будзеш уладаром бацькоўскiх земляў. – Яшчэ казаў Завейка, а Вышак ужо ведаў, што згодзiцца на яго прапанову. Нiчога яму не застаецца, як згадзiцца.
– Пераступаю сваю праўду.
Як не хацеў таго, але адолелi яго ўспамiны. Нагадаў ён брата. З Воўкам нiколi не быў ён блiзкi. Нейкая адчужанасць лягла памiж iмi. Мабыць, ад таго, што Воўк старэйшы за яго i жыў iншым, чым ён. Нiколi слоў лагодных мiж сабою не мовiлi. I ўсё роўна не мог Вышак уявiць, што нiколi адкрыта не зiрне брату ў вочы. Няма цяпер у яго роднага брата, пакiнуў яго назаўсёды.
Пра адно думаў Вышак, як папярэдзiць брата, каб ён пакiнуў цвержу i схаваўся ў пушчы. Ды як папярэдзiць? Спадзяваўся на тое, што вiжы ўбачаць русаў. Тады ўсё было б памысна – Воўк пакiнуў бы цвержу.
* * *
Здзiвiлiся русы. Нiкога яны не ўбачылi на сценах. Адчыненая брама i не падняты перакiдны мост над ровам. I раптам з брамы выехаў на белым канi чалавек.
Завейка пазнаў яго – князь Воўк. Пазнаў брата i Вышак. Не пакiнуў Воўк цвержы, не схаваўся ад русаў у пушчы. Адчуваў Вышак сэрцам бяду. Конь з вершнiкам наблiжаўся да русаў. Завейка ўзяўся за меч.
– Не спяшы, князь, – мовiў Вышак i паехаў насустрач брату. Воўк злез з каня i чакаў яго. Нiякай зброi ён не меў перад сабой, нiбыта выйшаў здавацца.
Вышак спынiў каня, пакiнуў сядло i падышоў да брата.
– Падай меч свой! – сурова прамовiў Воўк.
Вышак паслухмяна выцягнуў з похваў меч i аддаў яго брату.
– Продкi нашыя! – усклiкнуў Воўк. – Вось чалавек, якi прыйшоў на суд ваш. Здрадзiў ён клятве багам нашым i за вiну сваю мусiць ад зброi сваёй памерцi. Аддаю яго вам у ахвяру, о продкi нашыя!
Вострае джала мяча, накiраванае бязлiтаснай рукой, увайшло Вышаку ў грудзi. Адчуў Воўк, як рукi брата схапiлi яго за тулава i папаўзлi ўнiз. Брат упаў на зямлю. Вось i ўсё. I Воўк ударыў мячом сабе ў жывот: "Я iду да вас, продкi!"
1987 г.