Текст книги "Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)"
Автор книги: Витовт Черопко
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)
Черопко Витовт
Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)
Вiтаўт Чаропка
Навь-Явь-Правь
То быў нядобры знак. Так лiчылi ўсе жыхары града Жоўны – ад простага пасынка ў князёвай дружыне да самога князя князёў лiцьвiнскiх Жывiнбуда. Сярод яснага дня на вачах люду, як лятавец, зляцеў з неба чорны каршук на галубоў, што сядзелi пасярод двара князёвых харомаў. Вострыя кiпцюры драпежнiка ўпiлiся ў белую галубку, i ў паветры растаў яе перадсмяротны ўскрык. Каршук панёс у кiпцюрах сваю здабычу.
К вечару пра гэта ведалi жыхары града. I ў мiрныя днi нiчога добрага не вяшчала такая падзея, а цяпер i зусiм. Вёў сваю раць князь рускi Яраслаў на зямлю Лiтоўскую. Вiжы, якiя прыйшлi з-пад Пiнска, казалi, што русаў раць незлiчоная, браня на iх моцная, конi пад iмi сытыя, зброя ў iх вострая. Два гады таму хадзiў князь рускi на яцвягаў. На мячах сваiх неслi русы новага бога – Хрыста, бога, якi дазволiў сябе раскрыжаваць. Князi родаў лiцьвiнскiх i лепшыя людзi з'ехалiся да князя Жывiнбуда на веча. Вечарам, пакуль не зайшло сонца, сотнi лiцьвiнскiх вiцязяў сабралiся перад пагоркам, на якiм знаходзiлася выкладзеная каменем пляцоўка, дзе пад адкрытым небам стаялi стоды багоў. Перад стодам бога грому Перуна, якi быў выразаны з дрэва ў выглядзе барадатага мужчыны, з маланкай ва ўзцятай правай руцэ, гарэла ахвярнае полымя Знiч. Шмат стагоддзяў таму запалiлi жрацы гэты агонь i не давалi яму згаснуць. А вакол свяцiлiшча палыхала восем вогнiшчаў. Чакалi ваяры, калi выйдуць да iх князi. I вось выйшлi яны з храма.
– Браты мае, – звярнуўся да ваяроў Жывiнбуд, – рускi князь Яраслаў са сваiм воiнствам апалчыўся бранню на Лiтву. Не пакiнем сваiм сынам у спадак вечную ганьбу. Не дзеля таго, каб стаць парабкамi русаў.
I, нахмурыўшы бровы, Жывiнбуд чакаў адразу другiх князёў.
Першым мовiў князь Завейка, зiрнуў у натоўп, перачакаў, пакуль сцiхнуць галасы, i загаварыў:
– Я хачу, каб мудрасць не пакiдала нас. Няма нiчога больш каштоўнага за мiр. Шмат нечаканасцяў на вайне. Нiхто з нас не ўпэўнены, што мы пераможам русаў. I што нас чакае, калi русы разаб'юць нас на полi сечы? Яны выведуць у няволю нашых жонак i дзяцей. Хiсткае ваярскае шчасце: учора перамога, а сёння паражэнне. Навошта нам выпрабоўваць долю? А цi не лепш браталюбна жыць з русамi, плацiць iм чорныя куны i бель срэбра i не пралiваць крывi сваёй. Худы мiр лепш за вайну.
Словы князя адазвалiся ў натоўпе незадаволеным гулам галасоў.
Не чакалi ад яго такiх слоў. Апусцiў Жывiнбуд вочы. Наперад выступiў князь Хвел.
– Няўжо ты думаеш, што перад табой сабралiся жанчыны, што ганьбiш наш слых сваiмi непатрэбнымi словамi? – звярнуўся ён да Завейкi. – У цябе жаночае сэрца. Калi баiшся загiнуць, дык можаш схавацца ў сваiх харомах, а мы пойдзем шукаць славы ў бiтвах з ворагамi. Браце, дык не зганьбiм свае iмёны, дык не купiм сваё жыццё бясслаўем. Цi нам палохацца русаў? У нас непераможныя памочнiкi – бацькоўскiя багi. Мы не згубiлi смеласцi i велiчы духу. I не скорымся перад русамi, каб не замучылi яны нас паборамi, як углiчаў.
– Так, так, – загулi ваяры, – не здрадзiм бацькоўскiм багам! – не слухалi, калi Завейка ў роспачы закрычаў: "Вiхор губiць высокiя дрэвы, але бяссiльны ён перад травой".
Выбралi яны вайну з русамi. Пры першых зорках прынеслi Перуну ў ахвяру белага быка. Калi вялi звера да пагорка, ваяры бiлi яго кiямi i радасна прыгаворвалi: "Вось табе наша ахвяра, божа Пяруне. Просiм цябе даць нам перамогу над ворагам!" Са свяцiлiшча спусцiўся ўнiз па дванаццацi прыступках жрэц – ахоўнiк вечнага агню. Доўгая бялюткая сарочка з шырокiмi рукавамi, упрыгожаная вялiкiмi срэбнымi гузiкамi i ўзорамi на аплеччы, цягнулася па зямлi. Рухаўся ён павольна i велiчна. Прыцiхлi воi. Жрэц накiнуў на шыю быку пятлю, i тут жа канцы вяровак ухапiлi князi. Нядоўга змагаўся той за сваё жыццё: задушаны пятлёй, ён аслабеў i павалiўся на пярэднiя ногi. На iмгненне прысутныя знерухомелi – на якi бок упадзе Перунова ахвяра. На левы, значыць, гневаецца бог грому. Бык упаў на правы бок. Падняў рукi да неба жрэц i ўсклiкнуў:
– Радуйцеся, лiцьвiны! Чакае вас прыхiльнасць багоў! А пасля, калi адсеклi быку галаву i ўздзелi яе на кiй за стодам Перуна, клялiся ваяры ў вернасцi сваiм багам. Падыходзiлi да Знiча, бралi з яго рук турыны рог, напоўнены малаком i цёплай крывёю быка, пiлi па глытку, вярталi рог назад жрацу i па прыступках падымалiся да стода Перуна. Тут апускалi яны руку ў чару з бычынай крывёю, мазалi ёю твар i, паклаўшы зброю перад стодам бога грому, клялiся:
– Уладар мой, хай не станецца дапамогi ад цябе, хай не абаранюся шчытом сваiм, хай пасечаны буду мячом сваiм, хай загiну ад стрэл i ад iншай зброi сваёй, хай буду рабом увесь будучы век, калi пераступлю праз праўду сваю.
* * *
Падымалi чары i рогi з медавiнай на трэбiшчы, мо апошнi раз у жыццi. Хто ведае, як здзейснiцца над чалавекам воля багоў. Можа, прынясуць з сечы дадому на шчытах, а можа, i вып'е хмельную чару за перамогу над ворагам i на трызне па сябрах.
Сядзелi перад вогнiшчамi, пiлi медавiну. Князёвы отракi падносiлi кожнаму смажанае на вогнiшчы мяса ахвярнага быка. З'елi яго. Отракi тут жа паднеслi розную ядзь: мяса, рыбу, пiрагi, сыры, тварог i пра пiтво, не забывалiся, падлiвалi ў чары i рогi медавiну, пiва i квас.
Ударылi па звончатых струнах гусляры, i загучала песня.
У кроў ахвярнай жывёлы памачылi вестуны стрэлы i, узяўшы па патухлым вугольчыку, панеслi трывожную вестку па Лiтве. "Пагоня!"
* * *
Ранiшняе святло прагнала начную цемру i прадвяшчала ўсход велiчнага i дабрадайнага сонца, якое асвецiць зямлю.
Волак, якога празвалi Ваўком, ляжаў на мядзведжай шкуры, што ўсцiлала ложа, i паглядаў у кут, дзе на палiцы стаяў невысокi драўляны стол барадатага дзеда-хатнiка. На двары, нiбыта плакала немаўля, тужлiва вуркацеў голуб. Гэтай вясной у галiнах клёна, што рос побач з князёвымi харомамi, звiлi гняздо галубы, i з акенца ложнiцы княжыч пазiраў на птушак. Ён звыкся да гэтай галубiнай сям'i – белай галубкi i белага з сiнiмi пёрамi голуба, звыкся да iх вуркацення, шумнага трапцення птушыных крылаў.
Волак падняўся з ложа i зiрнуў у акенца. Птушка сядзела на галiнцы каля гнязда i, натапырыўшы пёры, вуркацела.
– Ты падняўся? – прагучаў за спiнаю княжыча голас яго малодшага брата Вышака. – Ну, то добра.
Волак азiрнуўся. Брат стаяў у дзвярах, апрануты ў белую льняную сарочку з вышытымi на беражку знакамi сонца – крыжамi, завязаную шнурком каля шыi. Iльняныя белыя парты былi ўвабраны ў мяккiя боты з астрогамi. На пасе са срэбнай спражкай вiселi ў шкураных похвах нож, капшук з крэсiвам. Вышакавы твар яшчэ не набыў суровага мужчынскага выразу. Невялiкi прамы нос, густыя бровы i выразна акрэсленыя вусны – матчына спадчына надавалi яго твару жаночую мiлавiднасць. У братавых вачах было больш хлапецкай гарэзлiвасцi, чым мужчынскай цвёрдасцi. Брат радасна ўсмiхаўся.
– Нiбыта плача, – прамовiў Воўк.
– А-а, гэты голуб, – махнуў рукою Вышак. – Збiрайся.
Браты збiралiся на ловы. Цяпер штодня яны разам з паляўнiчымi ездзiлi ў пушчу бiць звера. Калi ўдавалася завалiць вепрука або лася, прывозiлi яго на возе ў горад, дзе звера свежавалi на князёвым падвор'i, салiлi i вэндзiлi мяса да паходу. Апошнiя днi Волак адчуваў стомленасць i без ранейшай ахвоты ехаў у пушчу. Падумаў, што i сёння давядзецца лазiць па гушчары, i добра, калi багi пашлюць якую здабычу.
Даволi хутка Волак памыўся над невялiчкiм драўляным карытцам з прынесенага слугой срэбнага рукамыйнiка. Калi слуга вынес карытца, Волак касцяным грэбенем расчасаў бараду i доўгiя валасы, адзеўся ў такiя ж, як братавы, белыя льняныя срачыцу i нагавiцы, нацягнуў на ногi боты, аперазаў сябе скураным пасам. I каб не залатая вiтая грыўна на шыi, дык княжыч быў бы падобны ў сваёй вопратцы на простага отрака. Аднак загарэлы i сур'ёзны твар з прамым носам, суровы погляд вачэй выдавалi ў Волаку чалавека, якi прызвычыўся ўладарыць над людзьмi.
У стане ваяроў загучалi сурмы. Доўгi спеў турыных рагоў даносiўся i сюды, да князёвых харомаў. Новы дзень пачынаў панаваць над людзьмi. Воўк зняў са сцяны ясеневы лук, сагнуў яго i нацягнуў шаўковую цецiву, перакiнуў праз плячо скураны рэмень, прымацаваны да калчана са стрэламi. Са стала ўзяў карэц з вiном. Па прыступках княжыч спусцiўся з высокага драўлянага ганка. Ноччу прайшоў дождж, i ў паветры пахла мокрай зямлёй i травамi. Абмыты дажджом клён, што рос каля харомаў, радаваў вока яркай зелянiнай. З лiсця павольна скочвалiся кропелькi, з мяккiм гукам падалi на зямлю. Жмурачыся ад сонца, княжыч зiрнуў на авальны зашчытак харомаў, якi азначаў небасхiл з выразанымi на iм сонечнымi знакамi, двума львамi, якiя сiмвалiзавалi зямлю, i русалкай, якая сiмвалiзавала ваду. Каля разных конегаловых вiльчакоў сiратлiва сядзеў голуб.
Вялiкi i магутны Сварожыч у юнацкiм захапленнi перад прыгажосцю зямлi лашчыў яе сваiм боскiм святлом, саграваў жываносным цяплом i чакаў ночы, каб апусцiцца далёка за даляглядам на ложа, якое заслала яму Лада.
Княжыч апусцiўся на каленi, у дар Свярожычу вылiў на зямлю з карца вiно i, працягваючы рукi да сонца, узмалiўся:
– О вялiкi Сварожыч! У гэты дзень захавай i благаславi нас! Пазбаў нас лiха! Пашлi нам удачу супраць ворагаў, о вялiкi бог!
Праказаўшы замову, тройчы пацалаваў свае рукi i падняўся на ногi. Ён пайшоў на гаспадарчую частку двара. У прасторнай драўлянай клетцы, што стаяла каля стайнi, занепакоiлася рысь, якую некалi злавiлi на ловах. Выгнула спiну i пагрозлiва зашыпела. Воўк прыкрыкнуў на звера. Чалавечы голас узлаваў рысь, яна кiнула сваё пруткае цела на княжыча i ўдарылася носам у тоўстыя жэрдкi клеткi. На шыi i на спiне паднялася поўсць, гострыя кiпцюры звера драпанулi па дубовай падлозе – рысь сердавала. I мiжволi халадок боязi папоўз па спiне княжыча. Нянавiсць да чалавека, якi пазбавiў яе волi i цяпер насмiхаўся, гучала ў рысiным голасе.
Яго ўжо чакалi з асядланымi коньмi. Вярхом на белым канi сядзеў Вышак. Лоўчыя стрымлiвалi на тоўстых кiях з ашэйнiкамi дзiкаватых хортаў, якiя ўзбуджана скавыталi. Стары дзядзька Гвай, якi пасля пострыху княжычаў выхоўваў iх, падвёў да Воўка яго любiмага каня Кахая – рослага, з белай у чорныя яблыкi поўсцю. На конскiх грудзях вiсела лента са срэбнай пласцiнкай, на якой былi выгравiраваны ад дурнога вока сонечныя крыжы i Перуновы знакi. З торбачкi Гвай сыпануў на далонь княжычу аўса. Конь пацягнуўся мяккiмi вуснамi да чалавечай далонi.
* * *
З акна пакоя, дзе звычайна князь думаў з князямi i лепшымi людзьмi родаў пра строi i ўставы зямельныя, паглядаў на сыноў Жывiнбуд. I лагоднеў яго суровы твар. Радавалi князя сыны. Выраслi спадкаемцы – ёсць каму перадаць княства, i на суклоннi апошнiх дзён жыцця ён будзе спакойны.
У пакой увайшла княгiня Лаўса.
– З новым днём, княжа. Хай будуць мiласцiвымi да цябе багi, – прывiтала яна мужа.
Жывiнбуд павярнуўся да жонкi. Лаўса любiла пакрасавацца ў новых строях. Вось i сёння надзела нядаўна куплены ў вiзантыйскiх гасцей даўгаполы кабат са стаячым каўняром, сцягнутым поясам i пятлiцамi на грудзях. Чырвоная, вышытая залатымi нiткамi тканiна, з якой быў пашыты кабат, так спадабалася княгiнi, што Жывiнбуд выклаў рамеям не адну кунiцу, каб дагадзiць жонцы. Галаву княгiнi ўпрыгожвала залатая зубчастая дыядэма з выбражэннямi русалак, а на цэнтральнай пластцы – багiнi Лады. З абодвух бакоў дыядэмы на раснах апускалiся да плеч залатыя колты са знакамi турыных рагоў. Палюбiла княгiня раскошу i золата, а раней толькi i было ўпрыгожанняў што срэбныя колты ды бурштынавыя пацеркi. Змянiў час i характар Лаўсы i прыгажосць яе забраў. I ўжо не вабiў Жывiнбуда прыгажосцю жончын твар. Не адзiн дзесятак спальвалi Марэну вясной з таго часу, калi ён на раннi летаў сваiх гнаў каня ў няблiзкi свет, аж за Шчару i Зальвянку, каб хоць адным вокам зiрнуць на Лаўсу, дачку яцвяжскага князя Асiрга. I сэрца радасна трапятала ў грудзях. А ноччу ён вяртаўся дадому. Зоркi i месяц асвятлялi яму шлях. Маўклiвыя дрэвы глядзелi ўслед адзiнокаму вершнiку, якi парушаў iх начны сон. Першы пацалунак, калi ён нясмела дакрануўся вуснамi да яе шчакi, i дзявочыя словы: "Мне хочацца праехацца на тваiм канi". I калi яна ўпала з каня, ён, падняўшы дзяўчыну на рукi, прызнаўся, што кахае яе. Вось i пражыта з Лаўсаю жыццё. Чаго таiць – былi суложнiцы, якiя сваiм маладым целам абуджалi яго страсць, але яна мацi яго сыноў i разам з iм пойдзе ў вырай, да дзядоў. А час гэты ўжо блiзкi, i аднойчы ранiцай не дабудзяцца яго i ў адчыненае акно вылецiць яго душа з роднага дому. Як некалi даўно-даўно не дабудзiлiся яго дзеда Уценуса. Семдзесят i восем летаў пражыў Уценус. I постацi людзей ледзь бачыў князь, i галасы ўжо ледзь чуў, i рукi дрыжалi. Старасць паклала на яго плечы сваю цяжкую длань – сагнула князя. Аднойчы вечарам, калi дзед i ўнук засталiся адны ў пакоi, князь, якi нiкому i нiколi не скардзiўся на стомленасць, раптам мовiў: "Слабею. Непаслухмяныя чэлесы мае, цягне ўнiз да зямлi, – ён павольна пахiлiўся з лавы ўнiз i апусцiў далонь да падлогi, – час рыхтаваць санi. Семдзесят восьмы год жыву, а ўсё памятаю – i пострыг, i як упершыню сеў на каня, i першую сечу, i першую чару медавiны, i першую жанчыну, як учора ўсё было". Ён змоўк i цяжка ўздыхнуў. Жывiнбуд i не ведаў, што адказаць. Дзед падняўся з лавы i пакрочыў у ложнiцу, каля дзвярэй спынiўся, павярнуўся да яго i цiха папрасiў: "Будзiце мяне ранiцай моцна, а то не дабудзiцеся". Так i адбылося – ранiцай не дабудзiлiся Уценуса – князя князёў лiцьвiнскiх. А здаецца, толькi ўчора развiтаўся ён, Жывiнбуд, з дзедам.
– Хай i да цябе будуць мiласцiвыя багi, – адказаў жонцы Жывiнбуд.
Княгiня падала мужу чару з пiвам i кавалак хлеба. Штодня выконваў князь даўнi рытуал: памачыў хлеб у пiва, адпiў з чары, адкусiў трохi хлеба, вярнуў чару з хлебам княгiнi. Лаўса выйшла з пакоя i ў дзвярах, што вялi ў харомы, вылiла за парог пiва.
– Няхай будзе дастатак у гэтым доме для гаспадара, госця i жабрака, прамовiла яна.
* * *
Зубр наструнiў вушы. З узлеску даляцеў вiсклiвы сабачы брэх, а дзе сабакi, там павiнны быць людзi, якiя неслi з сабою смерць. Людзi, як i ваўкi, былi яго ворагамi. Калi чалавек сустракаў яго адзiн на адзiн, дык спуджана ўцякаў, i толькi калi людзi збiралiся ў зграi, бралi з сабой сабак, тады яны смялелi i нападалi на валадароў пушчы – зуброў. Можна было растаптаць капытамi, пырнуць рагамi аднаго, другога, трэцяга, але ўсё роўна нехта з людзей ударыць вострым кiем, на канцы якога – смерць.
Зубр падняў галаву, пераступiў з нагi на нагу, прыслухаўся. Сабачы вэрхал наблiжаўся. Трэба было ўцякаць.
Моцныя ногi неслi зубра далей ад небяспекi. Магутнымi грудзямi ён ламаў галiны дрэў i хмызняк – пракладаў сабе шлях. Але i адтуль, куды ён бег, данёсся сабачы брэх, людскiя галасы i гукi ражкоў. Аблава. Людзi акружылi яго. Жыццё зноў прымушала змагацца за сябе. Звер бег павольна, захоўваў сiлы для рашучага моманту, калi спатрэбяцца свежыя ногi i трэба будзе iмгненна прарвацца праз кола. Гучна стукалi па зямлi капыты. Трашчалi галiны. Напужаныя сабачым брэхам, выскоквалi з хмызнякоў лiсы i зайцы. Зубр не мяняў напрамку. Самае недарэчнае цяпер – страцiць вытрымку i замiтусiцца. Хаця гады i забралi ў яго сiлу i ён ужо не мог абаранiць сваё права правадыра статка i павiнен быў пакiнуць яго, але ў яго быў вопыт доўгага жыцця. Ён ведаў, што з людзьмi нельга лезцi ў бойку – яны толькi гэтага i чакаюць, акружаць яго, нацкуюць сабак i, варта толькi пачаць адбiвацца ад iх, наваляцца з усiх бакоў – не ўгледзiш, як вострым кiем удараць. Трэба прарвацца праз заслон людзей – гэта выратаванне. Зусiм блiзка брахалi сабакi...
Зубр выбег на паляну. Убачыў, як людзi спусцiлi з павадкоў сабак i тыя з брэхам рынулiся да яго. Моцным ударам капыта зубр раскрышыў чэрап аднаму з гэтых вiсклiвых звяроў, другога ўзняў на рогi i падкiнуў у паветра. Астатнiя шалёна брахалi на яго, але падыходзiць не адважвалiся. Зараз трэба было чакаць сустрэчы з людзьмi. Яны хавалiся за дрэвамi.
– Мой! – закрычаў Воўк i ўдарыў астрогамi каня.
Сцiснуўшы ў правай руцэ сулiцу, Воўк накiраваў каня на зубра. Звер прыпынiўся, нахiлiў нiзка галаву, выставiўшы наперад доўгiя рогi, i пагрозлiва рыкнуў. I конь пад княжычам, не слухаючыся паводдзяў, заiржаў i ўзняўся на заднiя ногi. Варта было зубру цяпер баднуць каня, як той разам з вершнiкам паляцеў бы на зямлю, а там чалавека можна растаптаць капытамi. Але кожная хвiлiна цяпер ратавала звера. Пакуль людзi яшчэ не акружылi яго – хутчэй бегчы адсюль. Да выратавальнага гушчару заставалiся крокi. Вострыя калкi астрог упiлiся ў каня, i боль быў мацнейшы за боязь перад пагрозлiвым зубрам, – конь падначалiўся моцнай руцэ вершнiка, якi трымаў паводдзе, i панёс свайго гаспадара ўслед за зверам. Волак дагнаў зубра i ўдарыў сулiцай у загрывак. Звер нырнуў у гушчар.
Гонар не дазваляў княжычу спынiць пагоню. Будуць пасля слугi плявузгаць, што задрыжала князёва рука i выпусцiў ён звера. Паранены зубр далёка не ўцячэ. Волак саскочыў з каня i перадаў паводдзе Гваю. Адзiн, трымаючы на творцы хорта, пусцiўся па слядах зубра. Лёгкiм i хуткiм быў бег чалавека. Маладая, нерастрачаная сiла бурлiла ў iм, прасiла выйсця. Чалавек атрымлiваў асалоду ад запалу, што ахапiў яго, чалавек быў ап'янелы ад прадчування ўдачы. Хорт нецярплiва скуголiў i цягнуў за сабой у глыб гушчару паляўнiчага. А зубр з апошнiх сiл уцякаў ад пагонi.
Доўга, прадзiраючыся праз галiны дрэў, гнаўся за зверам княжыч.
Хорт вывеў княжыча на вузкую сцежку. Волак агледзеўся. Вакол стаялi высокiя хваiны, а ўнiзе пад iмi буяў хмызняк. Нiколi ў гэтых месцах ён не быў. У запале i не заўважыў, што трапiў за няблiзкi свет. Трывожнае скуголенне хорта насцярожыла Волака. Сабака зноў нешта пачуў. Да слыху даляцеў тупат конскiх капытоў. Па сцежцы нехта ехаў. Ну, то добра, хоць спытаецца, у якi бок падацца да Жоўны, а мо i каня пазычыць.
Хор нецярплiва завiляў хвастом, некалькi разоў брахнуў. Неўзабаве на сцежцы паказалiся тры вершнiкi ў iльняных вопратках з лукамi i калчанамi за спiнамi. Аднаго вершнiка Воўк пазнаў – князь Завейка. Забачыўшы наперадзе княжыча, Завейка падскакаў на белым канi да яго. Хоць i быў ён апрануты, як яго слугi, у льняную срачыцу i парты, але на нагах боты з астрогамi, на шыi залатая грыўна, а ў правым вуху залатая круглая завушнiца i срэбныя бляхi на вуздэчцы i сядле – знакi княскага багацця. Нягледзячы на старасць, твар князя прываблiваў адкрытасцю i прыгажосцю – прамы нос, вузкiя, моцна сцятыя вусны, густыя вусы i барада, у якiх серабрылася сiвiзна, доўгiя, зачэсаныя назад валасы агалялi прамы лоб з барознамi маршчын. Чорныя вочы холадна глядзелi з-пад броваў на княжыча. Нават i ў такiя ўжо немаладыя гады сустрэча з гэтым шыракаплечым высокiм чалавекам не абяцала яго ворагу нiчога добрага.
– О, княжа, вось дык сустрэча, – нечакана для Волака прыязна прамовiў Завейка i ў доказ таго, што i сапраўды ўзрадаваны, усмiхнуўся, пасля злез з каня.
Абодва князi вынялi свае мячы з похваў i кiнулi iх на зямлю ў знак таго, што захоўваюць яны памiж сабою любоў i яднанне. I, наступiўшы на мячы, абнялiся.
– Гнаў зубра, ды вось заблукаў.
– Мiласцi просiм, княжа, у госцi, – прапанаваў Завейка. – Адпачнеш, падсiлкуешся, дам табе каня дабрацца дадому, – мовiў мiралюбна князь.
Адзiн са слуг перадаў свайго каня княжычу. Хай будзе так – прыме запрашэнне. Калi запрашаюць цябе ў госцi, нельга крыўдзiць адказам нават лютага ворага. Багiня Лада – ахоўнiца дамашняга агменю – за тваю ласку паспрыяе. Паднялi з зямлi мячы. Воўк паставiў нагу ў страмяно i ўскочыў у сядло. Адзiн за адным па вузкай сцежцы вершнiкi адправiлiся далей.
Усё ж цiкава блiжэй пазнаёмiцца з гэтым чалавекам. Такога, як Завейка, лепш трымаць за сябра, чым за ворага. Вось самi багi далi магчымасць паразумецца з iм.
Князевы харомы стаялi з краю вялiкага паселiшча. Праз зелянiну дрэваў вiднеўся крыты дранiцай дах. Высокi плот акружаў харомы. На вострых зубах хваёвых плах вiселi бiтыя гаршкi – каб адганяць наўцаў. Перад брамай, якую трымалi тоўстыя слупы, Завейка ўладарна крыкнуў: "Дарогу!" Браму адчынiлi два ваяры.
– Мiласцi просiм, князь, – паказаў Завейка рукой наперад.
I Волак уехаў на канi на двор.
Здзiвiла, як марудна i няўклюдна злез з каня баярын. Нiбыта засаромеўшыся сваёй няўклюднасцi, Завейка засмяяўся:
– Гэта цяпер пастарэў ды панягожаў, а ўперад дык птушкай лётаў.
Завейка, вiдаць, любiў жыць у раскошы. Харомы пабудаваў прасторныя i ўпрыгожаныя вытанчанай разьбой на лiштвах i прычэлiнах. На даху вiльчакi ўвенчаны разнымi конскiмi галовамi. Вiтыя слупы-калоны трымалi дах над высокiм з прыступкамi ганкам.
Яны ўвайшлi ў харомы. Князь адчынiў разныя дубовыя дзверы ў грыднiцу i прапусцiў наперад сябе госця. Волак спынiўся – пасярод пакоя стаяла рысь. Звер пагрозлiва зарыкаў на чалавека. Зараз бы сулiцу, што пакiнуў на двары.
Здалося, што рысь скочыць на яго – i не пабяжыш, i не закрычыш ад боязi. Ён жа князь, чаго-чаго, а свайго жаху нiколi не павiнен паказваць, нават азiрнуцца не мог, каб не выдаць сябе. I раптам уладарны дзявочы голас: "Сядзець", – i рысь паслухмяна апусцiлася на падлогу. Насустрач з дзвярэй другога пакоя выйшла дзяўчына. Вiдаць, гэта была воля багоў, каб ён заехаў да Завейкi, бо, убачыўшы дзяўчыну, зразумеў – вось яго доля. Дзявочыя, па-дзiцячаму даверлiвыя i разам з тым цвёрдыя, нават халаднаватыя вочы паглядалi на яго. Ён адчуваў iх позiрк. Доўгая льняная сарочка абцягвала спакуслiвыя выступы грудзей. I па ўпрыгожаннях – срэбных крынах на шыi, бранзалетах на вузкiх запясцях рук i залатой дыядэме, што ахоплiвала чорныя, заплеценыя ў касу валасы, i па тым, як дзяўчына ганарлiва трымала галаву, па гэтым цвёрдым позiрку цёмных вачэй можна было здагадацца – княгiня.
– Бажэна, да нас госць – княжыч Волак, – прамовiў з-за яго спiны Завейка.
Дзявочыя вусны задрыжэлi, i дзяўчына ўсмiхнулася даверлiвай i чароўнай усмешкай.
За сталом, якi накрылi слугi, Воўк, хоць i прагаладаўся, еў мала i раз-пораз кiдаў позiрк на дзяўчыну. Прысутнасць побач Бажэны – было цяпер галоўным для княжыча, ён адчуваў сiлу яе прыгажосцi над сабой. Любаваўся дзяўчынай. Яна падымала вочы на княжыча, каб, сустрэўшыся з iм позiркам, зноў апусцiць iх. Ды толькi не мог абед доўжыцца вечнасць – трэба было i адкланяцца.
– Дзякуй, князь, за хлеб ды соль, – прамовiў Воўк i адставiў пустую чарку, у якую слуга да гэтага тройчы налiваў халоднага пiва.
– Твая воля, княжыч. Не магу цябе затрымлiваць, але загадаю асядлаць табе каня, – Завейка падняўся з-за стала.
Воўк разгадаў маленькую хiтрасць князя – даў яму iмгненне пабыць сам-насам з дачкой. А за гэта дзякуй, мудры стары. I калi Завейка выйшаў, Воўк, не адводзячы вачэй ад Бажэны, мовiў:
– Я ведаю пра тваё жаданне?
Яна падняла вочы на яго, толькi цяпер ужо не ўсмiхалася, i разгублена спытала:
– Якое?
– Сустрэцца з табой на Купалле! Будзеш чакаць мяне?
– Так, – адказала яна i прама паглядзела на княжыча.
* * *
Гарэла купальскае вогнiшча – бацюхна Цар-Агонь. Конскi чэрап, умацаваны на высокiм кii, узвышаўся над вогнiшчам Купалы. Вакол яго спявалi i вадзiлi карагод дзяўчаты ў белых строях, падпяразаныя быллём i ўпрыгожаныя вянкамi з зелянiны i войнiкамi з блакiтнай тканiны. А юнакi з радаснымi крыкамi выхоплiвалi з вогнiшчаў паходнi, вярцелi iмi над галовамi – адганялi цемру.
Ён гнаў свайго каня. Яму хацелася пяшчоты – абдымаць i цалаваць Бажэну. Над дарогай раскiнулi галiны дрэвы. Месячнае святло бруiлася памiж галiн. Тупат конскiх капытоў будзiў начную цiшу. Воўк спадзяваўся на каханне. Наперадзе гарэлi купальскiя вогнiшчы. Прывязаў каня да дрэва ў гайку i падышоў да людзей. Нiхто не зважаў на яго. Стаяў у цемры i паглядаў на Бажэну, якая вадзiла карагод з дзяўчатамi, – нiкому не патрэбны i чужы тут. Што падумаў бы пра яго бацька, калi б даведаўся, што ён падаўся сюды, замест таго каб святкаваць Купалу разам з сям'ёй.
А пасля, калi перагарэў шост i конскi чэрап паляцеў у агонь, скакалi праз вогнiшча – падабенства сонца на зямлi, i дым ачышчаў людзей ад хвароб, надаваў iм здароўя.
– Што стаiш, княжыч?
Ён азiрнуўся i ў святле полымя ўбачыў Бажэну – усхваляваную i чароўную. Яна працягвала яму руку.
– Давай скокнем праз Купалу, – прапанавала дзяўчына.
I вось яе далонь у яго далонi – маленькая i пяшчотная. Толькi не выпусцiць яе пры скачку, тады, паводле павер'я, яны пажэняцца. Пабеглi разам да вогнiшча, i ўзляцелi яны ўгору перад полымем, i перасягнулi яго. I дзявочая далонь у яго далонi.
* * *
А праз дзень князь Жывiнбуд павёў сваю дружыну ў паход. I не срачыца, не жупан быў на iм, а кальчуга, злучаная са шлемам бармiцай, на скураным пасе вiсеў меч. Белы конь нёс князя. А за Жывiнбудам ехалi на конях вершнiкi, iшлi дружыннiкi. Зiхацелi на сонцы даспехi, срэбная вупраж коней. Услед вiцязям паглядалi iх жонкi i дзецi, сёстры i бацькi. Жыццё пачынала для iх новы адлiк часу – часу чакання з вайны сваiх сыноў, братоў i мужоў. Час трапяткой надзеi, што тыя перамогуць ворага i жывымi вернуцца дадому i не для iх давядзецца запальваць краду вогненную. I княгiня Лаўса з трывогай паглядала ўслед дружыне. Вось так два гады таму пакiдаў князь на чале сваiх вiцязяў град. Адправiўся з iм у паход на русаў старэйшы сын Лютавiт. I тады трывога сцiскала яе сэрца. А праз месяц вярнуўся князь з сечы. Нiзка апусцiў пасiвелую галаву Жывiнбуд. Прадчуваючы нядобрае, пабегла насустрач яму княгiня i ўбачыла, што вялi за мужам сынава каня. Нiчога не мовiў ёй князь, толькi цяжка ўздыхнуў. Расступiлiся воi i вынеслi на шчытах цела Лютавiта.
Нi муж, нi дзецi, нi чэлядзь – нiхто не бачыў яе слёз, не чулi, як па-бабiнаму карыла яна па забiтым сыне. Толькi калi дым ахвярнага полымя панёс яго душу ў вырай, лямантавала княгiня: "Сонейка маё, чаму так рана ты зайшло? Свеце мой светлы, чаму цемра ахiнула цябе? Куды ж ты ад мяне адлятаеш? Куды ж ты гэта прыбраўся? У якую дарожаньку i ў якую староначку? Дай жа мне вестачку, хоць праз кавулю. Рана-раненька буду слухаць, што кавуля пра цябе мовiць. Падымi ты сваю маладую галовачку i скажы ласкавае слоўца".
Яна падманвала сябе. Не ў вечным выраi продкаў душа Лютавiта, а жывы ён. Проста пакiнуў бацькоўскi дом i цяпер княжыць самастойна. За клопатамi не дабярэ часу наведаць бацькоў. Можа, таму не распытвала яна мужа, як загiнуў Лютавiт. Гэтае ашуканства суцяшала яе. Сны, якiя рэдка дарылi ёй сустрэчу з сынам, толькi замацоўвалi яе падман. Час адбiраў у памяцi рысы сынавага твару, i голасу яго ўжо не памятала, i боль страты сцiхаў, слабеў.
I вось праводзiць яна на сечу мужа i двух сыноў, i сэрца прадчувае бяду.
Апошнi вой схаваўся за даляглядам. Адчулi тыя, хто застаўся чакаць, нiбыта асiрацелi яны, i нагадалi выпадак з каршуном i белай галубкай – бяду павяшчае.
* * *
Дзiця сваiх пачуццяў, як хутка знайшла яна радасць у яго ласках i як у адчаi яна абдымала яго, калi яны развiтвалiся, нiбыта не жадала адпусцiць яго. "Ты пакiдаеш мяне?" Ён марыў, каб не скончылася гэтае iмгненне iх шчасця. Але ночы мiнуў час. I цяпер, хiстаючыся ў сядле, княжыч успамiнаў iх сустрэчу. Сядзелi ў адным з пакояў гаспадарскай пабудовы. Уразiлi яе словы.
– Я радуюся шчасцю жыць, – казала Бажэна. – I хай будзе боль i няўдача, але ёсць i каханне.
Чакаў, што Бажэна прызнаецца, што ён любы ёй. Але дзяўчына змоўкла. Сядзела на невялiчкай лаве каля сцяны i паглядала на трапяткi язычок свечкi. Маўчаў i ён, а пасля падняўся, падышоў да Бажэны i апусцiўся каля яе на каленi, паклаў рукi на яе ногi. Праз iльняную сарочку адчуваў мякка-пруткую пяшчоту яе сцёгнаў. Яе частае дыханне абпальвала ягоны твар. Розум паддаўся неадольнай сiле, якая вабiла яго да дзяўчыны. I ён хацеў цалаваць дзяўчыну ў прыемным пачуццi ўлады над ёю. А Бажэна смялася: "Хочаш патрымацца за нагу, дык патрымайся". Ён гладзiў яе ногi. "Ну, можаш патрымацца i тут, – смяялася дзяўчына. – Патрымаўся, i хопiць".
Сваёй насмешлiвасцю яна прынiжала яго самалюбства. Яна смяялася з яго.
Падняўся з калень i вярнуўся на сваё месца, сеў на лаву каля дзвярэй. Яшчэ гарачая кроў бегла па жылах, але да яго вярнуўся розум. Не стане прынiжацца перад ёй. Трэба было развiтацца. "Iдзi да мяне", – раптам папрасiла Бажэна. А ён сядзеў на месцы. Хай цяпер яна прынiзiцца перад iм. "Нiкога не прасiла, а цябе прашу", – казала дзяўчына. I ён падышоў да яе. Не чакаў, але дзяўчына ступiла насустрач i прытулiлася да яго. Яе пальцы трапяткой хваляй прабеглi па яго валасах. Ап'янелы ад блiзкасцi дзяўчыны, ён прыпаў да дзявочых вуснаў i абняў яе за плечы. З неспатоленай прагай яны цалавалi адно аднаго. Ад удзячнасцi, ад пакутлiвай асалоды дзявочых пацалункаў, ад той памыснасцi, якiя перажываў, ён багавеў перад дзяўчынай i пяшчотна цалаваў яе твар i шыю, гладзiў валасы.
"Ну што ты? Ну што ты? – шаптала Бажэна. – Распранi мяне". I ў знак поўнай пакорлiвасцi сама разула яго – прызнала сваiм мужам i спадаром. I ён быў шчаслiвы.
* * *
Панурыя твары, у позiрках вачэй адно – цi хутка прывал. Марудна па вузкай лясной дарозе паўзло войска князя русаў Яраслава. Маўчалi трубы i барабаны, не луналi сцягi, не чулася бадзёрых галасоў, толькi бязладны цяжкi тупат тысяч ног, цоканне конскiх капытоў, бразганне зброi i даспехаў, iржанне коней разносiлiся па лесе. Некалькi дзён таму пад вясёлы дроб барабанаў i спеў труб пакiдала раць руская Пiнск. Гарачылiся пад вершнiкамi конi, смяялiся воi. I, гледзячы на сваё войска, верыў Яраслаў, што не ўстояць перад iм лiцьвiны.
А цяпер ён i сам стамiўся ад гэтага нялёгкага паходу. Пасля дажджоў размыла дарогу, i ўсе сiлы забiрала слота. На пераправах праз рэчкi гiнулi людзi i конi. Пацягнулася глухая пушча. Высокiя дрэвы абступалi шлях, якi пракладвалi сякерамi ваяры. Сустракалiся густа парослыя зялёным мохам вялiкiя ствалы зваленых на зямлю дрэў. Гэтыя лясныя нетры, дзе скляпенне галiн хавала ад вачэй свет божы, пужалi вояў. Часта з гушчару ляцелi лiцьвiнскiя стрэлы. Наканечнiкi сваiх стрэл лiцьвiны змазвалi атрутай. I не паспявалi ваяры разрэзаць нажамi рану ў параненага таварыша i выцiснуць атруту, як ён памiраў.. Проста ў лесе i хавалi забiтых. Крыжы на iх магiлах адзначалi шлях войска русаў.
I чым далей забiралiся ваяры ў пушчу i высокiя сцены дрэваў бралi iх у палон, адгароджваючы ад астатняга свету, тым болей расло пачуццё трывогi i невядомасцi. То там то сям у неба падымалiся слупы дыму ад сiгнальных вогнiшчаў лiцьвiнаў. Нядоўгiя прывалы на якой-небудзь палянцы або ў сяле, якое пакiнулi жыхары, толькi расслаблялi вояў. Ноччу разбiвалi стан, выстаўлялi варту. Так iшлi яны на Лiтву.
Не вылучаўся сярод вояў князь Яраслаў. Нi золата, нi ўпрыгожанняў багатых, нi вопраткi князевай не надзеў ён. Такая ж простая кальчуга, як i ў вояў, наклады на нагах. Толькi востраканечны шлем з залатым крыжам вызначалi ў iм вялiкага князя рускага. Ехаў Яраслаў на канi ў сярэдзiне войска, акружаны грыдзямi. Без ахвоты выправiўся князь у гэты паход. Дапяклi папы сваiмi напамiнамi, што на межах яго княства жывуць паганцы i бягуць да iх тыя, хто не прыняў Хрыста. I вораг хрысцiянства сее плевелы сярод дарагiх расткоў божай веры. Хрыстос дакрануўся мiласцю духа свайго сэрца Яраслава, ўладара зямлi Рускай, каб забяспечыў ён межы хрысцiянскiя ад ворагаў паганцаў. Ну што ж, вось ён агнём выпалiць плевелы. Добра было б сядзець у сваiх харомах у стольным Кiеве, радавацца пражытым дням, няньчыцца з унукамi. Не такiя яго гады, каб выпраўляцца ў гэтую глуш супраць паганцаў. Як стамiўся ён разбiраць звадкi князёў, уцiхамiрваць iх свавольствы зброяй, забiваць сабе галаву думкамi пра ўстроi зямельныя, падладжвацца пад чыннасць падначаленых i, як скарамошку, iграць дабротлiвага i людалюбнага валадара, слухаць баярскiя глупствы на радах, лiслiвiць перад хiтрымi папамi – i гэта называецца кiраваць дзяржавай. Як стамiўся ён баяцца. У дзяцiнстве баяўся бацькi – князя Ўладзiмiра. Чужым i пагрозлiвым быў для Яраслава бацька. Нячаста прыязджаў ён у Лыбедзь, сяло пад Кiевам, дзе жыла яго жонка Рагнеда з дзецьмi. Цяжка сядаў на лаву, расставiўшы ногi, чырвонымi ад п'янак вачыма тупа глядзеў перад сабой i, здавалася, не заўважаў iх, сваiх дзяцей. А яны палахлiва падыходзiлi да яго. Нiколi бацька не прылашчыў нiкога з iх, i нiхто з iх так i не асмелiўся ўскараскацца яму на каленi, прытулiцца да грудзей. Яго змрочны твар, халодныя вочы i суровы голас пужалi iх. I пасля, калi бацька саслаў з Кiева Рагнеду за тое, што яна, помсцячы за свае прынiжэннi, ледзь не перарэзала яму, соннаму, горла, баяўся Яраслаў сваёй адзiноты. Не было яму да каго прытулiцца, знайсцi ласку i спагаду. Ноччу адзiн хаваўся з галавою пад коўдру, каб хоць неяк пазбавiцца жаху перад начной цемрай. Мацi ўжо не супакоiць яго. Баяўся ён рашучых ноўгарадскiх баяр, якiя, нiбыта тацi, падступiлiся да яго i патрабавалi не плацiць данiну Кiеву. Баяўся аславiцца баязлiвым. I было боязна бацькавага гневу, немiнучай вайны з Уладзiмiрам. А калi бацька пачаў збiраць супраць яго дружыну i ўжо масцiў масты i гацi, – малiў Бога, каб пазбегнуць вайны з Кiевам. Нечаканая смерць бацькi не прынесла яму палёгкi – трэба было ваяваць з братамi Барысам i Глебам. Баяўся, што стане вядома, што па яго загаду загiнулi яны ад рукi варагаў. Ды i загад не даваў; як Пiлат, умыў рукi, калi варажскi важар Эймунд папытаўся: "Але як жа быць, валадар, калi мы дабяромся да конунга Барыса, – забiць яго цi не?" – "Не стану я нi заклiкаць людзей да бою з Барысам-князем, нi вiнавацiць, калi ён будзе забiты". А калi Эймунд прынёс яму Барысаву галаву, хацелася схавацца ад пранiклiвых варагаў, каб не бачылi яны, як да кончыкаў вушэй ён пачырванеў, – што мовiць iм, не ведаў. I ад страху, што пракляне яго царква, звалiў усё вiну на тураўскага князя Святаполка, маўляў, ён, акаянны, успрыняў думку Каiнаву, каб перабiць усiх братоў i валодаць Рускай зямлёй. I не саромеўся перад дружыннiкамi заяўляць: "Не я пачаў забiваць братоў, а Святаполк, няхай будзе Бог мсцiўцам за кроў братоў маiх, бо без вiны пралiтая праведная кроў Барыса i Глеба. Вiдаць, i са мной тое самае зробiць? Судзi мяне, госпадзi, па праўдзе, няхай сунiмецца зладзейства грэшнага". Бога не баяўся, калi манiў, бо баяўся Свята полкавай перамогi над сабой i адказу за сваё злачынства. I, як заяц, уцякаў ад Святаполка, калi ў сечы на Бузе засталiся ад яго войска толькi чатыры чалавекi. Нават у Ноўгарадзе не апамятаўся, баяўся, што тураўскi князь заявiцца сюды, i ўжо за мора плыць сабраўся, як пасаднiк з ноўгарадцамi рассек ладдзi: "Хочам яшчэ бiцца са Святаполкам". Са страху i перамог Святаполка, i стаў кiеўскiм князем. Вяршыня ўлады не пазбавiла яго боязi. Баяўся страцiць вялiкакняжацкi пасад i кiнуў у паруб малодшага брата Судзiвоя, дагэтуль гноiць яго; баяўся свавольных варагаў, якiя патрабавалi плату за службу, i прагнаў iх; баяўся, што не любы дружыне, бо на пiрах для яе нi моцнага пiцця, нi ядзення смачнага, нi ўслад, нi гусельных спеваў, нi плясаў не дазваляў, бо баяўся папоў, якiя пра даўнюю вiну яго ведалi, таму патрабавалi ад яго чыннасцi хрысцiянскай i не ладзiць у харомах сваiх пiцця "бесов возвеселительной чаши", каб не было свар i лаяння сярод хрысцiянскiх вояў, каб не тварылi яны сабе п'яных шляхоў, якiя вядуць на пагубу. Як праклён, боязь валодала iм. Ён хiтрыў, асцярожнiчаў, гатоў быў саступiць, абы не рызыкаваць... i пра славiўся мудрым. Толькi без парады сваёй жонкi Iнгiгерды не прымаў нiводнага важнага рашэння. Не так слушнымi былi яе парады, як падпарадкоўваўся ён жаночай рашучасцi i забываўся на сумненнi свае i страхi. I каб выкупiць жонку, калi яна трапiла ў палон да полацкага князя Брачыслава, ён саступiў Полацкаму княству Оршу i Ўсвяты.