Текст книги "Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)"
Автор книги: Витовт Черопко
Жанр:
История
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
I цяпер Яраслаў баяўся, што лiцьвiны, як два гады таму яцвягi, дадуць яму адпор i, градаў iх так i не ўзяўшы, давядзецца вяртацца нi з чым назад.
* * *
Вось ён, вораг, – на адлегласцi трох палётаў стралы – лiцьвiны патрасалi зброяй. У баявых iх крыках гучала радасць будучай перамогi. На полi каля града Ўслонiма сустрэлiся дзве рацi.
– Надышоў час нашай славы. Мы, нiбыта новыя Макавеi, пашыраем межы хрысцiянскага свету. Недруг роду чалавечага, вораг веры – д'ябал – чынiць розныя перашкоды i, пранiкнуўшы ў сэрцы лiцьвiнаў, штурхае iх да мяцяжу на загубу веры i хрысцiян. Хай наш востры меч знiштожыць плоць паганскую, – так казаў Яраслаў перад сечай. Цяпер ён быў адзеты ў панцыр з пазалочаных пласцiн, на галаве шлем з чырвоным ялаўцом. На белым канi ў абабiтым залатымi клёпкамi сядле сядзеў перад рускiм воiнствам Яраслаў i заклiкаў яго да бiтвы.
Думалi русы, што лiцьвiны бясчэсны бег учыняць. Доўгiмi шэрагамi стаялi яны наперадзе ў хрысцiянскага войска – д'ябал штурхаў iх на бой супраць хрысцiян.
Апошнiя хвiлiны перад сечай. Навостраны мячы, нацягнуты цяцiвы, пастроены дружыны. Апошнiя хвiлiны, а там бiтва, там патрэбна будзе адвага i цвёрдая рука, нянавiсць да ворага.
Жывiнбуд са сваёй дружынай стаяў на левым краi саюзнага войска. Побач з бацькам на конях сядзелi сыны: Волак i Вышак. Волак, прыклаўшы да лба далонь, пазiраў на невялiчкую стайку галубоў, што лётала ў небе над полем будучай сечы.
У гэты час у рускiм войску зайгралi свiрэлi i загрукаталi барабаны. З шэрагаў вояў выехаў на гнядым канi вiцязь у кальчузе з мячом у руцэ, пагнаў каня на сярэдзiну поля. Храбры рус прагнуў ветшбы вiцязевай i выклiкаў на паядынак вiцязяў з лiцьвiнскага войска, каб пачаць з iм сечу.
Вось падышоў доўгачаканы час, калi споўняцца яго юнацкiя мары пра подзвiг i славу. Воўк выняў з похваў меч i пацалаваў яго жалезнае лязо, губамi адчуваючы жалабок для сцёку крывi.
– Князь, я гатовы.
Жывiнбуд паклаў на плячо сыну руку. Блiзка перад сабой убачыў ён рашучыя вочы сына. Не, яго ўжо не спынiш, не адгаворыш.
– Беражы сябе, – толькi i мовiў у адказ Жывiнбуд.
Два вершнiкi скакалi насустрач адзiн аднаму, сцiскалi ў руках апушчаныя ўнiз мячы. Тысячы вачэй напружана глядзелi на iх. А ў небе высока кружлялi галубы, i нiхто iх не бачыў. Не бачыў i Воўк. Наблiжаўся да яго рускi вiцязь. Зiхацелi на iм браня i шлем. Усё блiжэй i блiжэй ён. Можна разгледзець скамянелы твар i сцiснутыя вусны.
Вершнiкi праскакалi адзiн каля аднаго, ледзь не ўдарылiся страмёнамi. Жалеза мячоў, якiя сустрэлiся ў паветры, пырснула iскрамi. I зноў два чалавекi пагналi сваiх коней адзiн на аднаго. Рус асадзiў каня i, прыўстаўшы ў страмёнах, падняў меч над сабой. Воўк паспеў падставiць пад удар абцягнуты валовай шкурай шчыт i тут жа ў адказ сам апусцiў меч на шчыт свайго працiўнiка.
Доўга секлiся памiж сабою яны. Рыкалi конi, хапалi адзiн аднаго зубамi. Немыя крыкi вырывалiся з глотак людзей, пот цурчэў па iх тварах. Перамога чакала таго, хто захавае болей сiл, хто выматае свайго ворага, каб нанесцi яму смяротны ўдар. Звiнелi мячы. Дзве рацi назiралi на гэты паядынак. I тая i другая чакала перамогi свайго вiцязя. Прыўзняўшыся ў страмёнах, Воўк узмахнуў мячом. Усю сваю злосць i адчай уклаў ён у гэты ўдар. Меч маланкай мiльгануў у паветры. Рус выкiнуў наперад шчыт. Пад ударам мяча драўляны шчыт разляцеўся. Адзiн з кавалкаў балюча стукнуў па галаве каня рускага воя. Ад болю жывёла не паслухалася паводдзяў, iрванулася наперад. I Воўк паспеў нанесцi другi ўдар на гэты раз па абцягнутым скурай драўляным шлеме руса. Вой адразу абмяк, выпусцiў з рукi меч. З-пад шлема тоненькiм струменьчыкам пацякла на твар кроў. Рус павалiўся грудзьмi на луку сядла.
Радасны клiч пракацiўся па шэрагах лiцьвiнскага войска. Воўк павярнуў свайго каня i паскакаў да сваiх.
* * *
I пачалася крывавая сеча. Тысячы людзей з баявымi крыкамi, выхапiўшы зброю, рынулiся насустрач адзiн аднаму. Зямля гудзела ад конскiх капытоў i тупату людскiх ног. Наперадзе рускага войска высокiя конi неслi на сваiх спiнах закутых у кальчугi вершнiкаў, доўгiя дзiды ў iх руках упiралiся ў лукi сёдлаў. Здавалася, адным ударам разаб'юць русы лiцьвiнаў, што скакалi насустрач iм на лясных конях. Нямала лiцьвiнаў наляцела на вострыя дзiды русаў: выбiтыя з сёдлаў, падалi пад конскiя капыты. Пачалася малацьба на смяротным полi. Смерць касiла людскiя жыццi. Лiцьвiны не вытрымалi цiску русаў i павярнулi сваiх коней. Русы ўслед за ўцекачамi дасягнулi лiцьвiнскага стану. I тут са сховiшчаў, з-за дрэў, хмызняку выскачыла некалькi соцень пешых вояў. Рослыя, моцныя, апранутыя ў звярыныя шкуры, лiцьвiны малацiлi мачугамi i сякерамi ворага. Сцягвалi вершнiкаў з коней i дабiвалi на зямлi.
А на левым краi лiцьвiнскага войска князь Жывiнбуд чакаў часу весцi сваю дружыну ў бой. Ён сядзеў на канi, якога за вуздэчку трымаў грыдзi, i, прыжмурыўшы вочы, напружана назiраў, што адбывалася на полi сечы. Нiбыта гуляў са смерцю князь – вакол гудзелi стрэлы, а ён не зважаў на iх.
А калi павёў Жывiнбуд ваяроў у бой, дык не шкадаваў сябе – бiўся з ворагам у першым шэрагу. У запале не адчуваў стомы. Меч маланкай мiльгаў у яго руцэ. А побач змагалiся з ворагам яго сыны Вышак i Воўк. Колькi ўжо доўжыцца гэтая бiтва? Хвiлiна – як вечнасць. Рука стамiлася ад напружання, i за кожным разам цяжэў меч. Пот залiваў вочы. А вораг насядаў, i толькi роспач i злосць надавалi сiлы. Трэба было змагацца, i яны змагалiся.
* * *
З васьмю вершнiкамi вырваўся князь Жывiнбуд з сечы. Уцекачы гналi коней па глухiх лясных сцежках. I толькi калi конi стамлялiся i з разарваных цуглямi пыс падалi шматкi чырвонай пены, воi спынялiся на кароткi адпачынак. I зноў у шлях. На ноч спынiлiся ў лесе. Высокiя хваiны, здавалася, надзейна хавалi iх ад ворага.
Жывiнбуд сядзеў на сядле каля вогнiшча. Не пазнаць было князя. На змарнелым твары глыбей запалi зморшчыны; памiж густымi бровамi пралягла пакутлiвая складка, куточкi вуснаў апусцiлiся ўнiз. Маўчаў Жывiнбуд, паглядаў на полымя. Вось ён ганебна ўцякае, заблытвае сляды. Дружына яго склала галовы на крывавым малацьбiшчы, а ён жывы-здаровы. Як паказацца яму на вочы свайму народу? Доўга не мог заснуць князь. Ляжаў на лапнiку каля вогнiшча i ўсё думаў пра бiтву i пра новыя бiтвы з русамi. Трывожна было на душы ў Жывiнбуда. Ужо даўно заснулi знясiленыя за нялёгкi дзень ваяры, толькi вартавы сцярог iх сон. З патрэскваннем гарэлi ў вогнiшчы дровы. Пырхалi прывязаныя да дрэваў конi. Князь пачуў нечыя асцярожныя крокi, нехта падышоў да яго. Жывiнбуд расплюшчыў вочы. У цемры вiднелiся абрысы схiленага над iм чалавека.
– Што здарылася? – спытаў князь.
Шырокая далонь зацiснула Жывiнбуду рот, i ў той жа момант ён адчуў пад сэрцам пякучы боль ад уколу нечым вострым.
Прачнуўся Воўк ад таго, што нехта трос яго за плячо. Расплюшчыў вочы. Ужо развiднела. Першыя промнi сонца праз прасветы мiж галiн падалi на зямлю.
– Княжа, – схiлiўся над iм Гвай.
Па яго ўстрывожаным твары здагадаўся, што нешта здарылася.
– Лiха, – мовiў дзядзька.
– Што? – падняўся Воўк i знерухомеў, не верачы сваiм вачам.
Васковы твар бацькi, безжыццёвыя шкляныя вочы, нерухомыя сцятыя вусны адразу зразумеў: бацька нежывы.
– Та-та! – закрычаў Воўк i апусцiўся на каленi перад Жывiнбудам. Душа, сэрца, розум – усё ў Воўку супрацiўлялася прызнаць гэтую горкую праўду. На iмгненне здалося, што ўсё адбываецца ў сне, – такiм чужым выглядаў гэты падобны на яго бацьку нежывы чалавек. Але гэта быў бацька. I гэта быў не сон. Холад бацькоўскiх рук, да якiх Волак дакранаўся, забраў у яго апошнюю надзею. Як жа так? Яшчэ ўчора... а вось сёння...
Навошта ў такi нялёгкi момант пакiнуў яго?
Адчуў, як набягае на вочы сляза.
Убаку моўчкi стаялi ваяры.
– Трэба зiрнуць тулава, – апусцiўся побач з Воўкам Гвай. – Заплюшчы вочы, каб не ўгледзеў жывых.
Воўк дакрануўся пальцамi да павек i закрыў бацькавы вочы.
– Княжа, – паказаў Гвай пальцам на сiнявата-чырвоную кропку пад левым смочкам. – Не Марэна чорнай ноччу ўсыпiла Жывiнбуда. Унавiлi яго.
– Як? – вырвалася ў Воўка.
– Гэта макавае зерне пад сэрцам у князя – след iголкi. Князя ўнавiлi.
Здавалася, што Воўк з цяжкасцю разумеў тое, што пачуў, утарапела паглядаў перад сабой i маўчаў. Нiбыта задыхаўся, высока падымалiся яго грудзi, ён з шумам дыхаў. Гвай чакаў адказу. Нарэшце Воўк няўпэўнена прагаварыў:
– Калi ўнаўцу не знойдзем, дык падумаюць на мяне – пасля бацькавай смерцi я адзiны яго спадкаемца. Значыць, смерць яго была ў ласку Воўку, – уголас выказаў сваю боязь княжыч. Яго вочы ўмольна паглядалi на Гвая.
Вось такi разгублены i бездапаможны Воўк быў толькi ў маленстве, калi многае ў гэтым свеце адкрываў упершыню. Ён умольна паглядаў на яго, свайго дзядзьку, – растлумач, дапамажы. I бездапаможнасць гэтага ўжо даўно дарослага чалавека не раззлавала Гвая, а выклiкала ў душы шкадобу да яго.
– Князева смерць у ласку i Завейку, – прамовiў задумлiва Гвай.
– Завейку? – здзiвiўся Воўк i пасля нiбыта не згаджаўся з Гваевымi падазрэннямi.
– Сам князь укажа ўнаўцу. – I так упэўнена мовiў гэта Гвай, што княжыч даверыўся яму, ведаючы, што мудры настаўнiк заўсёды ведае ўсё.
Яны падышлi да ваяроў. Воўк пераводзiў позiрк з аднаго чалавека на другога. Нехта з iх i нанёс ноччу смяротны ўдар бацьку. Але хто? Усiх ведае добра – самi гатовы памерцi за свайго князя. На каго тут падумаць?
– Князя ўнавiлi.
Гваевы словы ўразiлi ваяроў. Яны нейкi час не маглi апамятацца, лыпалi вачыма i маўчалi, а пасля абурана закрычалi:
– Хто ён? Няма лiтасцi яму!
– Зараз кожны з нас падыдзе да князя i пацалуе яго ў лоб. Князева душа, калi ўбачыць унаўцу, дык на iмгненне вернецца ў пакiнутае цела. Князь схопiць унаўцу, – мовiў Гвай i першы падышоў да нябожчыка, апусцiўся побач з iм на каленi i пацалаваў яго ў лоб.
Адзiн за адным апускалiся перад былым сваiм правадыром воi i, цалуючы яго ў лоб, яшчэ раз пацвярджалi сваю вернасць яму. Шостым павiнен быў iсцi Лютак Воўкаў аднагодак – шыракаплечы i высокi юнак. Княжыч даўно заўважыў, што Лютак пакусваў вусны i палахлiва паглядаў на нябожчыка. Але не мог ён злачынства такое ўчынiць. Рос жа пры княжым двары. I князь не адрознiваў нi Лютака, нi iншых пасынкаў дружыны ад сваiх сыноў – садзiў за свой стол, жалаваў сваёй мiласцю i дарамi. I такая чорная няўдзячнасць.
Лютак марудна крочыў да Жывiнбуда, згорбiўся, уцiснуў галаву ў плечы. Ён спынiўся i азiрнуўся назад. За спiнай, узяўшыся за крыжы мячоў, чакальна пазiралi ваяры.
– Калi праўда твая, чаго палохаешся? – падбадзёрыў Лютака Гвай.
Юнак з усхлiпам уздыхнуў i зрабiў некалькi крокаў. Нiбыта зачараваны, паглядаў ён на мерцвяка. Кропелькi поту выступiлi на Лютакавым iлбе.
– Вочы! Ён расплюшчыў вочы! – нема закрычаў Лютак i прыкрыў твар дрыготкай рукой. – Не трэба! Я не хацеў.
Раптам Лютак, як нежывы, павалiўся на зямлю. Яго збялелы твар скрывiўся пакутлiвай грымасай жаху. Вочы закацiлiся пад лоб. Ён сутаргава хапнуў ротам паветра. Гвай падбег да ваяра.
– Хто патворац? Хто загадаў? – пракрычаў дзядзька i прыўзняў Лютакаву галаву.
– Завейка, – з цяжкасцю прашаптаў Лютак.
* * *
У Жоўнах рыхтавалiся да правежы. Жрыца смерцi Яга абмыла Жывiнбудава цела i апранула яго ў саян, пашыты з нiколi не мытага палатна ў выглядзе доўгай кашулi з шырокiмi рукавамi, якi ўкрываў i ногi нябожчыка. Яго паклалi на лаве на кутнiм месцы ў грыднiцы, перавязалi складзеныя на грудзях рукi чырвонай жычкай, а на шыю павязалi ручнiк, каб на тым свеце, стомлены доўгiм шляхам у Вялесаву краiну, мог князь выцерцi з твару пот. Каля галавы нябожчыка гарэла свяча, якая асвятляла яго душы дарогу ў вырай. Да драбнiц выконваўся старажытны абрад правежы, каб нiчым не пакрыўдзiлася Жывiнбудава душа. Тры апошнiя днi жыла яна ў княжацкiх харомах, сiлкавалася хлебам i соллю, спаталяла смагу вiном з чары – усё гэта стаяла на падаконнi. Тры днi пазiрала яна, як развiтвалiся людзi з яе целам. Забылiся яны пра свае клопаты i працу, забылiся i пра трывогу аб сваiх блiзкiх, што не вярнулiся з сечы. Вестуны ўсе гэтыя тры днi з чорным кiем хадзiлi па градзе i вакольных весях i апавяшчалi пра князеву смерць. "Чорны кiй iдзе вакол". Апошнюю пашану трэба было аддаць Жывiнбуду. I прыходзiлi да яго людзi, прыносiлi яствы, хто чым быў багаты. Ставiлi на стол ядзь i падалi перад нябожчыкам на каленi. "Вось я, – называлi сваё iмя, – прыйшоў да цябе; паспытай сам, каб не галадаў, i гасцей сваiх пачастуй. Памянiце, багi, яго душу, адчынiце ёй вырай прасветлы. Ласкавы быў князь да нас i мiласцiвы. А ты, княжа, малi багоў, каб ахоўвалi яны нас, каб хлеб урадзiўся ў нас i жывёла была жывая". Не сунiмалiся плакальшчыцы, карылi над князем:
Закацiлася нашае яснае сонейка,
Што не грэеш нас, горкiх сiрацiнак!
Веюць на нас ветры буйныя-сцюдзёныя.
I на каго ты нас, бедных, пакiдаеш
На вялiкае горачка?
Цяпер жа за нас, сiрот, некаму i заступiцца,
Нам дапамагаць, нас навучаць,
Каб не была ў нас долечка гаротная,
Каб не была ў нас долечка лiхая.
Ты ўставай-падымайся, бацюшка-князь радзiмы,
Не тая цяпер пара табе спацi ды высыпацiся...
Сядзела пры нябожчыку княгiня Лаўса ў белай вопратцы, у якой некалi брала яна шлюб з князем. Расчуленая жалямi i надрыўнымi галасамi плакальшчыц, i яна не стрымала слёз.
На трэцi дзень павезлi Жывiнбудава цела на жэглiшча. I пачалося тое дзейства, калi кожны рух i кожнае слова – знак пашаны да таго, хто яшчэ ўчора жыў. Шэсць вояў паднялi на рукi свайго былога правадыра i праз пралом у сцяне, каб смерць не ведала сямейнага парога i дзверы адчынялiся толькi для жывых, вынеслi на двор. Пранеслi над дзвюма сякерамi, якiя крыж-накрыж ляжалi на зямлi, – знак таго, што, мiнаючы iх, былы ўладар дома перадаваў яго новаму гаспадару – свайму сыну Воўку. Князя паклалi на санi, запрэжаныя двума белымi канямi – любiмым, на якiм ездзiў Жывiнбуд, i другiм, якi яшчэ пры яго жыццi прысвячаўся святаром дзеля князевай правежы, i нiхто нi разу на iм не праехаў i не ўпрог нi ў воз, нi ў санi.
Воўк пасыпаў лаву жытам, каб яно ачысцiла яе ад плюгаўства смерцi, i выйшаў з харомаў.
I рушылi да жэглiшча. Уперадзе конi цягнулi санi з нябожчыкам. За санямi iшла Лаўса. Яна iшла з высока ўзнятай галавой – велiчная i спакойная, нiбыта ведала: усё, што адбываецца вакол яе, проста ўмоўнасць, якую трэба выканаць, каб зноў сустрэцца з мужам.
Старцы неслi ў руках гаршкi з яствамi для стравы. А за iмi ўжо iшлi астатнiя – тыя, хто праводзiў князя ў апошнi шлях. Увесь час да працэсii далучалiся ўсё новыя i новыя людзi. А тыя, хто не мог пайсцi да жэглiшча, схiлiўшы галовы, стаялi на каленях каля сваiх хат i, калi паўз iх правозiлi нябожчыка, бралi ў рукi жменю зямлi, перацiралi яе далонямi i казалi: "Няхай яму Вялес ласкавы дасць неба". А па баках людской плынi ехалi на конях воi i трымалi лёзамi ўгору мячы. Ахоўвалi душу свайго былога водцы, якую маглi злыя пякельнiкi зацягнуць у пекла. Пад шоргат соцень ног, надрываючыся, пераходзячы амаль на крык, галасiлi плакальшчыцы:
Ай усiм жа ты быў абаронцам,
Ай усiх жа ты любiў,
Ай усiх жа ты прымячаў,
А цяпер такi стаў ганарлiвы,
Што нiкому нi слова не адказваеш.
Усе птушачкi iз выр'я ляцяць,
А ты, наш бацюшка, у вырай ляцiш...
Адразу за градам, на дарозе, жрыца запалiла вогнiшча – гарэла вопратка нябожчыка, грэбень, якiм яго апошнi раз прычэсвалi, салома i палатно, што ўсцiлалi лаву, на якой ён ляжаў, рэшткi палатна, з якога пашылi саян. Прыпынiлiся людзi паглядзець, куды, у якi бок iдзе дым, каб ведаць, у якiм месцы зноў з'явiцца Марэна. Дым плыў у бок града. Новую бяду вяшчаў ён, i яшчэ болей азмрочылiся людзi.
Старцы, што трымалi коней за ручнiкi, завязаныя на конскiх шыях, павялi iх прама да вогнiшча. Конi палахлiва вярнулi галовы i пырхалi, але прайшлi па самай сярэдзiне вогнiшча. Вогненныя языкi лiзнулi санi i дасягнулi нябожчыка. На iмгненне Жывiнбудава цела знiкла ў дыме. Усё, развiтаўся са сваiм мiлым градам князь, i цяпер чакала яго дарога ў Вялесаву краiну. Пахавальная працэсiя накiравалася да жэглiшча.
Так i не прыехаў Завейка ўшанаваць памяць князя Жывiнбуда. Смерць не прымiрыла iх. I як здзiвiўся Воўк, калi перад жэглiшчам убачыў вершнiкаў, наперадзе якiх сядзеў на канi Завейка. Жрыца Яга гучна нараспеў запрычытала:
– А наш ты бацюшка-князь, а наш раднюсенькi! Ды перапрасi ты князя, што памiж вамi была нязгода ды нараканне, а цяпер адзiн другому даруйце, бо вы, бывала, адзiн на другога ваўком глядзелi, а цяпер ужо няма за што гневацца.
Чакальна пазiралi людзi на Завейку. Што ж ён? Князь хвiлiну-другую нiбыта раздумваў, маўчаў, паглыбiўшыся ў сябе, а пасля павольна злез з каня, апусцiўся на каленi i, узяўшы трохi зямлi, патрос яе рукамi.
– Няхай табе Вялес дасць вырай! – прамовiў ён.
Услед за князем пакiнулi сёдлы i яго воi, сталi на каленi i, трымаючы ў руках зямлю, паўтарылi:
– Няхай табе Вялес дасць вырай!
I вось прыйшлi да жэглiшча. Высокi шчыльны плот, збiты з яловых бярвёнаў, – крада вогненная – агароджваў уладанне змрочнай Марэны. Перад брамай старцы спынiлi коней.
А людзi развiтвалiся са сваiм князем. Падыходзiлi да саней, на якiх ляжаў нябожчык, бралi з рук Воўка развiтальную чару з мёдам i, выпiўшы яе, прасiлi Жывiнбудаву душу, каб яна малiла багоў спрыяць iм. Плакалi жанчыны. Маўчалi мужчыны. Вось выпраглi з саней коней, i старцы павялi iх за краду вогненную. Воi паднялi на рукi нябожчыка i панеслi яго да жэглiшча. Загаласiлi на ўсю галаву плакальшчыцы:
– Ой, на каго ты пакiдаеш нас, бацюшка раднюсенькi!
Пайшлi да жэглiшча Лаўса, Воўк i Вышак. Нябожчыка паклалi на папону, якая ўсцiлала зверху жэглiшча, усыпанае лапкамi ядлоўцу, дым якога лiчыўся свяшчэнным. Конскае сядло стала падушкай Жывiнбуду. Ля галавы яго Знiч утыркнуў кап'ё. На яго пасадзiлi сокала i прывязалi ручнiкамi коней. Каля кап'я воi паклалi князеву зброю: шчыт, меч, лук i калчан з сямю стрэламi. З левага боку старцы паклалi нябожчыку мядзведжыя i рысiныя кiпцюры, каб яго душа магла ўзабрацца на высоку гару ў Вялесавай краiне, дзе жылi дзяды. З правага боку паклалi гладыш з мёдам – пачаставаць дзядоў, у рукi – два кавалкi сырога мяса – задобрыць вартаўнiкоў брамы бессмяротнасцi сабак Стаўра i Гаўра. Наперад выступiў Знiч.
– О вялiкi наш бог, Вялес, – падняў рукi ўгору святар, – просiм цябе, каб ты нi ў чым не замiнаў князю Жывiнбуду i бесперашкодна дазволiў яму адысцi ў тваю краiну шчаслiвых i праведных душ, куды яшчэ раней адышлi яго дзяды. Пашлi да яго водцу душ Наваця, каб князь мог лёгка прайсцi доўгi шлях.
За крадай воi ўдарылi мячамi, абухамi сякер i булавамi ў шчыты, каб пачуў iх Вялес i адчынiў браму ў вырай. I засталося самае цяжкае. Спачатку жрыца Яга кiнула нежывую курыцу ў ногi нябожчыка. I там, на нябёсах, як тут, на зямлi, у новы дом бяруць курыцу – сiмвал наваселля. Каб князева душа задавальняла сябе паляваннем, воi паўрозамi задушылi двух хортаў i сокала. Смяротная захлыска абвiла i шыi коней. Жывёлы хрыпелi, паднiмалiся на дыбкi, але моцныя рукi вояў не задрыжалi. Адзiн за адным конi павалiлiся каля жэглiшча.
– Дзяды, прымiце да сябе душу майго бацькi i жывiце з ёй добра, – прамовiў Воўк, абышоў жэглiшча i не азiраючыся накiраваўся да брамы вогненнай крады. Услед за князем адправiлiся i астатнiя. Iх сустрэла старая, якая трымала ў гаршчочку вугалi. Отрак са срэбнага рукамыйнiка палiў на вугалi ваду. Гэтай вадой кожны, хто вяртаўся да людзей з уладанняў Марэны, апаласнуў рукi i твар – ачысцiў сябе ад смерцi. Пасля бралi ў рукi з гаршчочка вугалёк i кiдалi яго праз галаву.
А ў нябёсы падымаўся дым. Агонь усё больш ахоплiваў жэглiшча. Успыхнула, падпаленая адразу ў некалькiх месцах, вогненная крада – адгарадзiла агнём жывых ад нябожчыкаў. Вакол крады скакалi на конях воi, размахвалi ў паветры мячамi i сякерамi, стралялi з лукаў – праганялi злых духаў, каб не схапiлi яны душы тых, хто адправiўся ў вырай, i не зацягнулi iх у пекла.
– Гэй, гець-ць, уцякайце, пекальнiкi! – крычалi ваяры.
Вось i застаўся ён без бацькi. Не хочацца i вяртацца ў апусцелы бацькоўскi дом. Воўк глядзеў на вогненную сцяну крады, на густы дым, што падымаўся з жэглiшча ў неба, i адчуваў сябе разбiтым. Думкi пра заўтрашнi дзень пужалi яго. Добра хоць на iмгненне забыцца пра ўсе клопаты, пра сваю бяду, каб адпачыць i сабрацца з сiламi. Як падарунак долi ўспрыняў ён прыезд Бажэны. Не ласкi яе прагнуў, а спачування, нават шкадобы да яго – яна дапамагла б яму перажыць гэтыя першыя днi, калi так балюча адчуваюцца адзiнота i пустата пакiнутага бацькам роднага дома.
Радасныя крыкi раздалiся сярод людзей. Падзьмуў вецер – закалыхалася, успыхнула ярчэй полымя. Значыць, водца душ Наваць прыляцеў сюды, каб суправаджаць душы ў iх новы дом. Шчаслiвай iм дарогi. Хоць такой маленькай радасцю людзi прагналi ад сябе змрочны дух смерцi. Жываносная сiла жыцця прабiвалася ў iх душах праз жалобу i смутак.
Тым часам княжацкiя слугi рассцiлалi на траве белыя палотны i ставiлi на iх у глiняных гаршках i мiсах ядзь: бабы i гарох, звараныя ў мядовай сыце, пiрагi з запечаным ментузом, смажаную ялавiчыну, жараныя карпы i язi, зярнiстую iкру, асятроў i многа iншай ядзi. Воўк не квапiўся на страву. Хай людзi ад душы памянуць яго бацьку.
Неўзабаве згарэла драўлянае падонне i жэглiшча з шумам апусцiлася ў яму, вырытую пад iм. Сноп iскраў узляцеў у неба. Пасля таго як агонь паглынуў жэглiшча i ад яго засталiся адны вуглi, як i ад крады, Воўк запрасiў усiх да стравы:
– Людзi мiлыя, памянём тых, хто пакiнуў нас сёння. I вас, святыя дзяды, запрашаю за пачэсны стол.
Прысутныя падышлi да накрытага "пачэснага стала" – мужчыны па адзiн бок, жанчыны па другi. Пасярэдзiне "пачэснага стала" стаялi асобна чары, напоўненыя мёдам, i мiсы з яддзю – для душаў. Чакалi, пакуль душы не прыляцяць на запрашэнне. Жрыцы Яге завязалi ручнiком вочы. Яна доўга маўчала, а пасля ўскрыкнула:
– Прыйшлi дзяды i дзякуюць нам за хлеб i соль.
Волак пакаштаваў куццю i перадаў гаршчок Завейку, якi стаяў побач.
Адзiн аднаму людзi перадавалi памiнальную куццю.
Тры лыжкi елi i казалi:
– Няхай яны спачываюць на нябёсах, а нам хлеба-солi засылаюць, каб нам самiм было што спажываць i iх праведныя душы памiнаць. Каб iм так добра было на тым свеце, як яны на гэтым былi добрыя да нас.
Дома Воўк абышоў усе пакоi, усе будынкi на двары, зайшоў на стайню, у хлеў i ўсюды абвяшчаў: "Былы ваш гаспадар адляцеў у той свет. Я цяпер новы ўладар ваш".
А праз два днi Воўк пакiнуў бацькоўскi дом. Сiлы абараняць град у князя не было. Вось i падаўся ён на чале сваёй невялiчкай дружыны ў занёманскiя пушчы. Разам з князем адправiлiся Вышак i Лаўса, а таксама тыя, хто не хацеў прызнаваць над сабой уладу рускага ўладара. Дым запаленага дзяцiнца праважаў уцекачоў у дарогу.
* * *
На месцы дзяцiнца чарнелi галавешкi i кучы попелу. Яраслаў спынiў каня.
Сумна пазiраў ён на сiратлiвыя рэшткi спаленага жытла. Кошка выбегла з разбуранай клецi i насцярожана ўтаропiлася на чалавека. I варта яму было крануцца з месца, як звярок уцёк. Каля падножжа гары князь убачыў двух маленькiх хлопчыкаў. Адзiн нёс у руках бярозавую калоду да свайго сябра, якi стаяў спiнай да вогнiшча i дубцом заўзята сцёбаў крапiву. Убачыўшы перад сабою збройнага чалавека, хлопчык выпусцiў з рук калоду. З-пад аблавухi на князя паглядалi спалоханыя вочкi. Запэцканай у сажу далонню хлопчык пацёр правае вока, пераступiў босымi нагамi.
– Не чапайце нас, дзядзечка, – папрасiў ён.
Нязвыкла для князя прагучала гэтае слова – дзядзечка. Нiхто яго так не называў. I непрыемна стала ад таго, што хлопчык спалохаўся яго, не давярае яму.
– Ты адсюль? – спытаў князь.
– Ага, – махнуў галавою хлопчык. – А вогнiк нам дазволiлi палiць.
– Як завуць гэтае паселiшча?
– Жаўны.
"Тут я пастаўлю свой град. I назаву яго Новым градам", – падумаў князь.
* * *
Была вясна. Стамiўшыся ад восеньскай непагадзi, ад зiмовых халадоў, ад пахмурных дзён, ад доўгiх тужлiвых вечароў, людзi дачакалiся яе. I, як заўсёды, чакалi з трапяткой надзеяй: вось надыдзе час Яр, спаляць Марэну i штосьцi абавязкова зменiцца ў iх самотным жыццi, зменiцца да лепшага. А моладзь жыла ў прадчуваннi кахання. I людзi радавалiся кожнай праяве вясны, кожнаму яе сонечнаму дню, крыгаходу, першай зелянiне. Яна надышла. Сонца ўжо прыпякала па-летняму. I пад яго промнямi лёталi над кветкамi матылькi, гудзелi чмялi. А наваколле звiнела ад птушыных галасоў. Зелянiна дрэў i палеткаў радавала вочы падарожных. I не такiмi ўжо змрочнымi здавалiся старыя засохлыя вербы i дубы, што сустракалiся на шляху. Завейка ехаў разам з дачкою ў Новы град. Немалады быў Завейка. I хоць яму на страстным тыднi пяты дзесятак стукнуў, але не лiчыў ён сябе састарэлым. Ну i што з таго, што сiвiзна асыпала яго валасы i чорную бараду. Ну i што з таго, што зморшчыны запалi на яго твары. Ды толькi ў маладога рэдка сустрэнеш такую радасную ўсмешку, як у Завейкi. Такiя вясёлыя вочы, як у яго. Князь адчуваў сябе шчаслiвым. I з пяшчотаю i любоўю паглядаў ён на дачку. Уперадзе на белым канi ехала яна. I хацелася князю пад'ехаць да сваёй донькi, мовiць ёй ласкавае слова, прытулiць яе да сябе, каб адчуць святло дарагога яму цела, пагладзiць яе, зазiрнуць у вялiкiя вочы. Родная яго крывiначка. Як падобна на мацi. I нiбыта тая нiтка, што так упарта намотвала на верацяно яго гады, рушыла мiнулае i ён вярнуўся ў юнацтва. Ён зноў адчуў сябе маладым, а побач з iм яго каханая Багдана. I ўсё жыццё наперадзе, i, здаецца, пройдзе яно ў днях кахання. А жыццё рыхтавала яму страты.
Бажэна была ў яго малодшай, а першых яму нарадзiла Багдана сыноў Лiтавора i Лелюша. I абодва яны склалi галовы ў сечах. Старэйшы Лiтавор загiнуў на яiго вачах, пяць гадоў назад, у набегу на Русь. Дваццаты раз сустракаў вясну Лiтавор, i гэта была яго першая i апошняя сеча. Дзiдай русiн ударыў Лiтавору ў грудзi. I апусцiў сын галаву на конскую шыю. Стралой iмчаўся да сына князь. Крышыў мячом русаў, прабiраўся да Лiтавора. Вось ён. Беражлiва зняў з каня абамлелае цела сына. Лiтавор! Крывавая пена выступiла ў сына на вуснах. На руках у бацькi апошнi раз i ўздыхнуў.
Лелюш загiнуў васемнаццацiгадовым, калi два гады таму варагi на ладдзях спусцiлiся па Нёмане i пачалi рабаваць лiцьвiнскiя сёлы. Сам жа ўзяў Лелюша з сабой. А пасля сечы знайшоў яго са стралой у грудзях. Смерць сыноў падкасiла Багдану. За нейкi год згарэла яна, як свечка, i адправiлася за iмi ўслед у вырай. А, ён перанёс страту.
Бажэна. I не можа ён уявiць сабе, што аднойчы не сустрэне яго дома дачка, не выбежыць да яго на ганак, не абдыме за шыю, не пацалуе. Ды толькi iдзе час, i трэба аддаваць дачку ў чужую сям'ю замуж. Жыцця не пераробiш – будзе на старасцi няньчыць унукаў. Усё ж не адзiн-адзiнёшаны застанецца.
Цёмная хмара наплыла на сонца, i нiбыта цень упаў на зямлю. Зашамацеў у вершалiнах вецер. З нябёсаў пранiзлiва закрычаў каршук. Да горада яшчэ было далекавата.
I раптам на дарогу выскачылi апранутыя ў звярыныя шкуры, узброеныя мачугамi i дзiдамi людзi. З баявымi крыкамi яны акружылi падарожнiкаў. Трэба ратавацца. Завейка выхапiў з похваў меч.
Не – гэта не сон, але i паверыць, што гэта праўда, Бажэна не хацела. Гэтыя раз'ятраныя людзi, якiя раптам выскачылi з лесу, спынiлi яе каня, i моцныя рукi, балюча сцiснуўшы яе стан, выхапiлi дзяўчыну з сядла i апусцiлi на зямлю.
– Бажэна! – закрычаў Завейка i накiраваў свайго каня да дачкi.
Вострае лязо мяча са свiстам рассякала паветра. Князь нiкога не падпускаў да сябе. Але не выратаваў бацька дачкi. Кiнутая ззаду пятля абвiла яго грудзi. Не ўтрымаўся ў сядле князь i выкулiўся з яго. I тут жа князю скруцiлi рукi i звязалi. Лежачы на зямлi, Завейка пазнаў у чалавеку, што падышоў да яго, княжыча Вышака. Апрануты, як i яго людзi, у скураныя куртку i нагавiцы, з мячом на пасе, Вышак усмiхаўся. На яго, Завейку, i не зiрнуў. Абхапiў Бажэну рукамi, прыцягнуў яе да сябе.
– Iдзi да мяне.
– Адчапiся, – уперлася рукамi ў грудзi княжычу дзяўчына.
– Ха-ха-ха! Не любы я табе! А Воўка не забыла? Ха ха-ха.
Дык вось у чые рукi яны трапiлi. I што iх цяпер чакае? Не, Воўк не даруе яму забойства бацькi. Але ж Бажэна? Як выратаваць яе? Не, у яго павiнна быць надзея.
– Вышак, адпусцi дачку i ты атрымаеш багаты выкуп.
– Ха-ха-ха, – засмяяўся ў адказ княжыч. – Ты кажаш пра выкуп. Ты, злодзей, забiў майго бацьку. Тваё жыццё будзе выкупам.
I толькi цяпер усвядомiўшы, што здарылася, Бажэна не магла спакойна глядзець, як смяялiся гэтыя людзi з бацькi. I такi бездапаможны быў ён, што яе сэрца сцiснулася ад шкадобы.
* * *
Спачатку яны прабiралiся вузкай сцежкай, над якой шумелi вершалiнамi старыя ялiны. Уперадзе ехаў на гнядым канi Вышак. За iм барадаты воiн, у скураной куртцы i нагавiцах, у пасталах, з мячом на пасе, вёў за паводдзе каня, на якiм ехала Бажэна. Iшоў са звязанымi рукамi Завейка.
Мiнуўшы дуброву, яны выбралiся на луг. Трава, якая нiколi не ведала касы, вымахала па пояс. Людзi з цяжкасцю прабiралiся праз жорсткiя сцяблiны. З-пад конскiх капытоў узляталi птушкi.
То шлях iх праходзiў па хвойнiку, дзе на крохкiх нiцях павуцiння зiхацелi сонечныя промнi, то ехалi ўздоўж берага нейкай рачулкi, над якiм нiцма схiлiлiся вербалозы. I ўвесь час азiраўся Вышак назад на Бажэну. Запала дзявочая прыгажосць у яго сэрца. I калi спынiлiся нанач, калi ваяры пачалi разбiваць стан, Вышак падышоў да дзяўчыны. Ён палохаўся, што яна не адкажа яму, але наважыўся на гэты крок.
Бажэна сядзела на канi i паглядала паверх яго галавы, нiбыта не заўважала княжыча.
– Вось ты якая? Нездарма брат упадабаў цябе.
Дзяўчына не адказала княжычу. Маўчала яна i тады, калi селi вячэраць. I нечакана для яго нясмела ўсмiхнулася; яе маленькiя губы затрапяталi i агалiлi шэраг беласнежных зубоў. Ноччу, калi воi леглi спаць, паклаўшы пад бок звярыныя скуры, калi заснулi нявольнiкi i толькi вартавыя не ведалi сну, Вышак падышоў да дзяўчыны. Яна спала на мядзведжай скуры каля вогнiшча. I калi схiлiўся над Бажэнай, захацелася пацалаваць яе. Ён так i зрабiў, i адчуў вуснамi пяшчотную цеплату яе твару.
Назаўтра апоўднi атрад Вышака дабраўся да агароджанага драўлянымi сценамi паселiшча, якое знаходзiлася на высокiм пагорку. Вой, якi стаяў на вартавой вежы, убачыўшы людзей, што падышлi да брамы, нешта крыкнуў унiз. Зарыпелi жалезныя засаўкi, i два чалавекi павольна адчынiлi дубовую браму.
Тут за гэтымi сценамi, знайшоў сабе прытулак князь Воўк.
Вышак увёў Бажэну ў хату. На сценах святлiцы вiселi звярыныя скуры i зброя. З другога пакоя выйшаў насустрач Воўк. Князь быў у льняной срачыцы i партах, у ботах, на пасе вiсеў у скураных похвах кароткi меч. У прыцемках твар Воўка здаўся ёй злавесным i нядобрым. Ды i само маўчанне князя палохала Бажэну.