Текст книги "Ведзьма (на белорусском языке)"
Автор книги: Винцесь Мудров
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
Пасьля сталiцы азярышчанскi рэстаран выглядаў даволi ўбога. У залi панаваў прыцемак, афiцыянткi былi падабныя да пiянэрважатых – белы верх, чорны нiз, а музыкi лабалi мiма нот. Макар паглядаў на ўсё гэта з непрыхаванай гiронiяй, а таму й рушыў па залi хадою рэстараннага заўсёднiка – валюхаста i шаргатлiва.
– Вам прывiтаньне ад Лёнi Холада! – выгукнуў Макар, падышоўшы да столiка.
Здаравiла абарваў песьню, колькi часу сядзеў з адкрытым ротам, а потым, усхапiўшыся на ногi з iмпэтам Сазона Хамiцкага, адчайна загарлаў:
– Лёнька?! Холад?! Дзе ён?!
Прагнутая пастава, шалёны бляск вачэй i сьцiснуты ў кулаку вiдэлец выяўлялi рашучасьць зараз жа бегчы на пошукi брата, таму прыйшлося тлумачыць таварышу, што Лёнька Холад жывы, здаровы i ў дадзены момант знаходзiцца ў сталiцы, дзе вучыцца на трэцiм курсе Рэспублiканскай партшколы.
Здаравiла махнуў рукой, загадваючы субяседнiкам ссоўваць сталы, i шалёны iмпэт ягоны вылiўся ў магутны воклiч:
– Маша! Яшчэ тры бутэлькi!
Мiшка Мандрык гуляў у рэстаране ня проста так, а абмываў пераходны Чырвоны сьцяг, якiм надоечы ганаравалi ягоны калкас за посьпехi ў выкананьнi Харчовай праграмы. Разам зь iм за сталом сядзелi галоўны iнжынэр калгаса – сiвы й дарэшты п'яны чалавек, якi ўжо не даваў рады адрэкамэндавацца, кiраўнiк раённай канторы кiнапракату Даўгалёў – менавiта так, па прозьвiшчы, кiраўнiк i прадставiўся, а таксама старшыня спорткамiтэту Аляксандар Мурленя, далучанасьць якога да спорту выдавала трыкатажная масьцерка з самаробным знакам фiрмы "Адзiдас" на грудзiне.
Мандрык ужо дрэнна валодаў языком, але, тым ня менш, пачаў апавядаць пра сваё дзяцiнства, пра стрыечнага брата Лёньку Холада, зь якiм яны выпiлi аднойчы адразу адзiнаццаць бутэлек гарэлкi, а пачуўшы ад Хамiцкага, што ў газэце цяпер будзе новы рэдактар, распавёў усё тую ж гiсторыю пра Несьцяронка. Як вынiкала з аповеду, штаноў Несьцяронак усё ж такi не губляў, бо iх падтрымлiваў нейкi падшыванец, якi бег сьледам аж да самай больнiцы.
Потым яны скакалi з Мандрыкам хуткi танец, потым ён, пад незадаволеныя позiркi старшынi спорткамiтэту, запрашаў на танец афiцыянтку Машу, а ранiцою, абуджаны галасiстымi азярышчанскiмi пеўнямi, доўга ляжаў на старой рэдакцыйнай канапе, няўцямна пазiраючы на столь i выпусьцiўшы духi, – аж застагналi пад сьпiнай ржавыя спружыны, – падзячыў лёсу, якi дараваў яму сустрэчу з Данутай.
Памяць людзкая ўладкавана даволi дзiўна: зь яе выпетрываюцца падзеi мiнулага дня i ў той жа час захоўваецца тое, што надарылася даўняй парой.
Вось i Макар: выпiў лiтровую конаўку гарбаты, згадваючы – як ён патрапiў дадому, сышоў пры гэтым потам, абпалiў кiпнем вусны, ды так нiчога й не згадаў. Але затое цiхi верасьнёўскi дзень, калi ён прыехаў у Азярышча, запомнiўся ў самых дробных дэталях. Запомнiлiся пахi, зыкi, п'яныя песьнi Мiшкi Мандрыка, запомнiлiся, нарэшце, мацiцовае Дануччына сьцягно i падрапаная, сталiнскiх часiн, канапа, якую ўвесну вынесьлi на сьметнiк. Успамiны гэтыя прыходзiлi ня толькi гульлiвымi вечарамi, але й пахмельнымi ранкамi, калi ён брыў у рэдакцыю. Вось i зараз, пераходзячы галоўную азярышчанскую вулiцу, Макар згадаў, як Данута падцягвала панчоху, запаволiў крок i ледзь не патрапiў пад колы райкамаўскай "Волгi".
Заскуголiўшы гамульцамi, машына ўзьехала на бардзюр, люта ўзвыла, i перапуджаны Макар убачыў за вясёлкавай шыбай Калупайку, якi, цi то жартам, цi то ўсур'ёз пагразiў яму пальцам. Зь перапуду, а можа яшчэ зь якой прычыны, тлумная галава ўраз прасьвятлела, i ў ёй нарадзiлiся словы:
– Я ведзьма. Са мною лепш ня зьвязвацца.
Гэта памяць вярнула той ласкавы шэпт, якi прагучаў учора ўвечары, калi яны танцавалi з Данутай у камiннай залi.
Калупайкава легкавушка зноў заскавытала – цяпер ужо на рагу Савецкай i Чырвонаармейскай, павярнула ў бок райкама, i Макар, адрыгнуўшы ўчарашнiм шашлыком, прысьпешыў хаду.
А дзевятай гадзiне ў раённым камiтэце партыi павiнна была пачацца нарада актыву, i таму пляц нерад ленiнскiм помнiкам быў спрэс застаўлены аўтатранспартам. Стаялi тут ня толькi "Волгi" ды старшынёўскiя "козьлiкi", але й бартавыя "газоны", тры "iнвалiдкi" i нават машына для адпампоўваньня вады, вядомая ў народзе пад назваю "гаўнавоз": гэта завiтала на нараду арганiзатар мясцовага радыё Газевiч, зяць якой працаваў iнжынэрам у вiцебскiм "Водаканале". Але дзiвiцца такой колькасьцi машын не даводзiлася, бо на сёньняшняй нарадзе Калупайка мусiў разьвiтацца з актывам i, да таго ж, чакаўся прыезд абласнога начальства.
Хаця гадзiньнiк паказваў палову дзесятай, ды й Калупайка быў на месцы, заходзiць у райкам нiхто не сьпяшаўся. Актыў стаяў ля ганку – гаманiў, смалiў цыгарэты i зрэдзьчасу зь лёгкiм спалохам у вачах пазiраў на дарогу.
– Першага чакаем... з вобласьцi, – патлумачыў прычыну прыганкавага стаяньня Сашка Мурленя, пацiснуўшы потную Макараву руку.
Макар уплiшчыўся ў натоўп, парукаўся з дырэктарам прамкамбiната Куксёнкам, з iнструктарам раённага таварыства "Веды" Лукашонкам, яшчэ зь нейкiмi людзьмi i, выцягнуўшы з прапанаванага яму пачка цыгарэту, агледзеўся.
Мiшкавага "ўазiку" на пляцы не было. Макар пакруцiў галавой, нахiлiўся да Мурленевай запальнiчкi, i гарбата, якая поўнiла страўнiк, моташна падступiла да горла. Давялося стаiць дых, прыцiснуць далонi да вуснаў, а калi бунтоўная вадкасьць уляглася, выцерцi лiпучы пот з лабешнiка.
– Ну дык хто там будзе замест Калупайкi? – кволым голасам запытаўся iнструктар таварыства "Веды" Лукашонак.
Усе замоўклi, зiрнулi на Мурленю, i той, сабраўшы зморшчыны на пераносьсi, паведамiў:
– Са Шклоўскага раёна таварыш. Былы загадчык зьверафэрмы. Кажуць – зусiм не ўжывае.
Трывожная вестка гэтая павiсла ў паветры. Куксёнак зморана крэкнуў, у Лукашонка ў зубах задрыжэла цыгарка, а па Мурленевым твары прабегла навальнiчна-фiялетавае сьвятло: да райкама ехала мiлiцэйская машына зь мiгалкай, сьледам – блiскучая чорная "Волга", а за ёю – на статутнай адлегласьцi – тузаўся на апошнiх кроплях бэнзiну запылены Мiшкавы "ўазiк".
– Спазьняесься, – выгукнуў Макар, калi сябрук вылез з машыны.
– З Даўгалёвым важдаўся. Усю вэранду мне абванiтаваў, – патлумачыў Мандрык, брыдка мацюкнуўся i, азiрнуўшыся, крыкнуў свайму кiроўцу: – Пазычыш бэнзiну i стой тут. Чуеш?
– Чую! – незадаволена адгукнуўся кiроўца. Кiроўца выкiнуў на асфальт пакарабачанае вядро, i Мiшка, перакрывiўшыся ад бразгату, прыклаў далонь да хваравiтай патылiцы.
Макар таксама пацёр патылiцу i як бы мiж iншым спытаў:
– Слухай, а хто мае штаны... на люстру павесiў?
– Я павесiў, – патлумачыў сябар. Мiшка ўставiў у рот цыгарэту, але тут жа зразумеў, што палiць няма калi, i ўпiхнуў цыгарэцiну ў нагрудную кiшэнь.
– Завёў цябе ў прыбiральню, а ты й апаратуру дастаць ня можаш. Засцаў усе штаны. Я iх i павесiў на прасушку.
Мiшкавы сiплы бас скаланаў перапонкi. Добра яшчэ, што людзi былi занятыя сваiмi размовамi, i Макар стоена перавёў дых..
Пакуль iшлi райкамаўскiм калiдорам, Мiшка апавядаў пра Даўгалёва, якi, дапiўшыся да божай моцы, абванiтаваў падлогу i турэцкi палас, але Макар ня слухаў сябра. Спынiўшыся пасярод калiдора, ён наставiў на сябра дапытлiвыя вочы:
– Я што... сапраўды танцаваў з Данутай?
Мандрык зiрнуў на бокi, узяў яго за штрыфелi пiнжака, ды тут жа адпусьцiў; даў дарогу загадчыцы райана Сьцефурак i злавесным голасам прамармытаў:
– Трымайся далей ад гэтай бабы. Раю табе як сябар.
З нагоды прыезду абласнога начальства ў залi паседжаньняў наваскавалi паркет, павесiлi новыя кандэлябры, стол заслалi зялёным сукном, а на задняй сьцяне, замест няўклюднага бээсэсэраўскага герба, прымацавалi барэльеф правадыра. Гiпсавая аграмадзiна ўражвала настолькi, што пад ёю нiхто не насьмельваўся садзiцца, i Макар, убачыўшы вольныя крэслы, усеўся пад правадыром. Ён дастаў нататнiк, пстрыкнуў асадкай, але рабiў усё гэта машынальна, з адключанай сьвядомасьцю. У сьвядомасьцi тым часам бясконцым паўторам гучалi апошнiя Мiшкавы словы. Мандрык, вядома ж, зайздросьцiў яму. Таму i вылез са сваiмi парадамi. Але каму яны патрэбныя, гэтыя парады?
Думкi варушылiся ў галаве, i Макар не заўважыў, як поруч прымасьцiўся Сашка Мурленя, не пачуў, як яго паклiкалi сесьцi блiжэй да прэзыдыюму, i апрытомнеў толькi тады, як з бакавых дзьвярэй выйшла абласное ды раённае начальства, i ўсе гамузам ударылi ў ладкi. Пляскалi спачатку седзячы, потым стоячы, нарэшце сунялiся i дружна зарыпелi рассохлымi крэсламi. Макар таксама памкнуўся сесьцi, але так i застыў на паўсагнутых: у залю, праз бакавыя "сакратарскiя" дзьверы ўвайшла Данута.
Пад пiльнымi позiркамi прысутных загадчыца сэктару ўлiку прайшла па залi, i, напоўнiўшы прастору пахам польскай парфумы, села поруч з Макарам.
У тарцы стала, дзе сядзеў прэзыдыюм, заварушылiся, зашапталiся, усхвалявана керханулi: гэта Калупайка прачышчаў глотку перад выступленьнем.
– Хвалюецца, – прамармытаў, дыхнуўшы перагарам, Мурленя, потым прамарматаў яшчэ нешта, але Макар не пачуў.
Той хвiляй ён наогул страцiў здольнасьць штосьцi чуць, а рэдкiя фразы, якiя даляталi да сьвядомасьцi, успрымалiся як фрагмэнты нейкай дурноты.
Валасы Дануччыны струменiлi пахi, ад якiх кружылася галава; ён стрымлiваў дыханьне, мружыў вочы i скрозь вясёлкавыя веi зладзеявата паглядаў на аголеныя жаночыя каленi. Зрэшты, галава кружылася ня толькi ад чароўных пахаў, але i ад шалёных фантазiй. Макару мроiлася, што ён цалуе гэтыя каленi, лашчыць языком вельмi пяшчотна i вельмi павольна – Дануччыны сьцёгны. Данута пры гэтым цiха стагнала, а калi ён – у думках – прыпаў вуснамi да празрыстых нэйлёнавых трусiкаў, – менавiта такiмi ён iх уяўляў, – застагнала ўголас i зморана папрасiла вады. Макар схамянуўся i насамрэч пачуў жаласьлiвыя енкi. Але енчыла не Данута, а Пiдута, якой стала млосна ад задухi.
Праз пару хвiлiн, калi самлелую Галiну Спартакаўну вывелi з залi, Калупайка дзесятым разам адкерхаўся, пачаў знаёмiць прысутных з кантрольнымi лiчбамi, на якiя мусiў выйсьцi раён, а першы сакратар абкаму, дамагаючыся цiшынi, пастукаў асадкай па графiну, неадрыўна пазiраючы пры гэтым на Дануччыны каленi. Данута перахапiла рэдактарскi пагляд, закiнула нага на нагу i – о жах! – прыцiснулася цёплым клубам да Макара. Макар усхапiўся, выпрастаў хрыбцiну, здрыгануўся ўсiм целам i, прыхоўваючы хваляваньне, пляснуў у ладкi, ухваляючы Калупайкаву заяву пра тое, што жывёлаводы раёну ня толькi выканаюць, але i перавыканаюць даведзеныя пляны.
З залi Макар выходзiў дарэшты зьбянтэжаны, змораны ад салодкай пакуты i з застойнымi зьявамi ў нiзе жывата. Каб прыхаваць – цяпер ужо застойныя зьявы, давялося сагнуцца, захiнуць пiнжак, прыцiснуць да нiзу жывата нататнiк, а калi з-за сьпiны пачуўся Мiшкавы голас: – Куды ты?! – ён, не павярнуўшы галавы, незадаволена выдыхнуў: – У прыбiральню!
... Пасьля прыцемку райкамаўскiх калiдораў сонца ўдарыла ў вочы, тупымi iголкамi кальнула скронi.
– Не забывайце нас, Iван Iванавiч! – гукалi з натоўпу, – выбачайце, калi што ня так.
Iван Iванавiч – расчырванелы, расчулены, абдораны чырвонымi гвазьдзiкамi, штосьцi казаў у адказ, цiснучы руку ачунялай Пiдуце. Галiна Спартакаўна, аднак, поцiскамi не абмежавалася – палезла цалавацца, i Калупайку прыйшлося ўхiнацца i падстаўляць для пацалункаў танклявую шыю.
На добры лад, трэба было падысьцi да Калупайкi, разьвiтацца, сказаць колькi словаў, але нейкая сiла стрымлiвала Макара, а калi ён узьняў нагу, каб iсьцi па сходах, за сьпiнай зацюкалi туфлiкi i хтосьцi крануўся ягонага локця.
– Чаму вы мяне пазьбягаеце? – голасна запыталася Данута, прымусiўшы здрыгануцца ня толькi Макара, але й загадчыцу райана Сьцефурак, якая стаяла поруч.
Краем вока ён бачыў, як людзi з натоўпу разам паглядзелi на Дануту.
– Я тут днямi артыкульчык накрэмзала. Хачу вам паказаць, – цяпер ужо цiха, амаль шэптам прамовiла загадчыца сэктара ўлiку, ускiнуўшы на Макара даўжэзныя, шчыгульна пафарбаваныя вейкi.
– Ну вядома, Данута Станiславаўна, паглядзiм. Альбо я, альбо Хамiцкi, гэтак жа цiха прамармытаў Макар, i Данута, крутнуўшыся на абцасiках, абдарыла яго шматабяцальнай фразай: – Я пазваню, – i гэткай жа шматабяцальнай усьмешкай.
Ад будынка райкама да рэдакцыi – хады блiзу кiлямэтра, а калi iсьцi напрасткi, агародамi, дык i таго меней. Летась супрацоўнiкi рэдакцыi ўнадзiлiся былi хадзiць кароткай дарогай, але гаспадар сотак абзавёўся сабакам, сабака падзёр Несьцяронку штаны, калi той бег на пленарнае паседжаньне, i пасьля таго выпадку хадзiць напрасткi нiхто не наважваўся.
Шыбуючы ўздоўж плота, Макар супынiўся на iмгненьне, разважаючы – цi варта рызыкаваць, пасьля чаго азiрнуўся, адсунуў дошку ў плоце i зашапацеў калашыньнем па бурачным лiсьцi. Па гароду ён iшоў мерным крокам, прыслухоўваючыся да сабачай зьвягi, – сабака брахаў недзе на другiм канцы вулiцы, – а занурыўшыся ў кусты i пачуўшы, што кудлаты злодзей брэша недзе непадалёку, гiзануў як мае быць.
Хаця i прабег няшмат, але дарэшты змарыўся i, задыханы, зь лiстком бузiны ў валасах, паўстаў перад Хамiцкiм.
У габiнэце адказнага сакратара дурманiста пахла гарэлкай. Макар перавёў дых, незадаволена ўскiнуў брыво, i памiж iм i адказным сакратаром адбыўся кароткi дыялёг.
– Зноў?!
– Iванавiч! Расiнкi ў роце не было.
– Дап'ешся. Выганю н-нахер... (У гэтым месцы рэдактар уздыхнуў.) Мне хто-небудзь званiў?
– Званiлi.
– Хто?!!
– Зёх.
– Фу ты, йоп... – Макар вылаяўся, зьняў з валасоў лiсьцiк i панылым крокам рушыў у свой габiнэт.
Касьян Пракопавiч Зёх не даваў жыцьця. Мiнулым летам прынёс у рэдакцыю аўтабiяграфiчны раман – дванаццаць дробна сьпiсаных сшыткаў – i загадаў надрукаваць бяз правак i скарачэньняў. Хамiцкi ў прысутнасьцi аўтара прачытаў дзеля прылiку першую старонку, задаў пару пытаньняў, а калi за ганаровым чэкiстам зачынiлiся дзьверы, запiхнуў сшыткi ў нiжнюю стальнiцу.
Рэшту лета i ўсю восень стары псюк хадзiў у рэдакцыю як на працу. Прыйдзе, сядзе насупраць Хамiцкага i глядзiць таму ў вочы. I вось аднойчы, калi Сазон прагнуў пахмялiцца i пад сталом у яго ўжо стаяла адкаркаваная бутэлька, у габiнэт увайшоў Касьян Пракопавiч.
Як потым апавядаў Сазон, той хвiляй зь iм здарыўся прыпадак: уваччу пацямнела, увушшу зазьвiнела, правая нага зьнянацку тузанулася, i ён апрытомнеў толькi тады, як пачуў пах разьлiтай гарэлкi.
Макар тады ўжо працаваў рэдактарам: пачуў краем вуха здушанае вяканьне, выйшаў на калiдор i з жахам назiраў, як Хамiцкi, узяўшы наведнiка за каршэнь, выносiў таго на сьвежае паветра.
Такiя абыходзiны з ганаровым чэкiстам маглi мець наступствы, таму Сазон выцягнуў са стальнiцы сшыткi, тры днi i тры ночы разьбiраў крамзолi, а потым цэлы месяц на старонках "Зары камунiзму" друкавалiся ўрыўкi з аўтабiяграфiчнага рамана, у якiм галоўны герой – Касьян Зёх – грамiў у ваколiцах Ферганы нацыяналiстычныя банды Карым-башы i Назарбая.
Пасьля той публiкацыi нага ганаровага чэкiста доўга не ступала на рэдакцыйны ганак – Сазон з Макарам ужо з палёгкаю аддзьмулiся, прыбiральшчыца цётка Маша паставiла па iх просьбе васкоўку ў невельскай царкве, але пэўнага ранку ў Макаравым габiнэце пагрозьлiва грукнула кульба i на стол ляглi дзьве важкiя тэчкi з рукапiсам новага аўтабiяграфiчнага рамана "Расеi верныя сыны".
У першым разьдзеле раману, – а Макар толькi яго i адолеў, – апавядалася, як батальён пад камандаваньнем капiтана Зёха дэпартаваў з Каўказа сем'i здраднiкаў. У порце Махачкала батальён сагнаў на баржу чэчэнак зь дзецьмi, баржу адцягнулi ў мора, а потым патапiлi – разам са здраднiкамi. Прачытаўшы гэта, Макар схаваў раман у сэйф, а потым – ужо на поўным сур'ёзе – папрасiў прыбiральшчыцу паставiць васкоўку за спачын бязьвiнна патопленых чэчэнак.
Згадка пра Зёха сапсавала настрой. Макар плюхнуўся ў крэсла i, неадрыўна пазiраючы на тэлефон, падсунуў пад нос газэтныя гранкi, якiя ляжалi на стале.
Чытаць гэтую лухту не хацелася, ды i нэрвы былi не на месцы; радкi скакалi ўваччу, i цяжка было дапяць да сэнсу прачытанага. Макар прабег вачыма нейкую нататку, але нiчога не зразумеў, пацёр рукамi пераносьсе i стаў чытаць па-новай – уголас i водзячы закарузлым пальцам па рухавых радках.
– "Да позьняй ночы гараць агнi ў вокнах Бычкоўскага клюба, – прамармытаў Макар i адкашляўся. – Сяльчане прыходзяць у клюб адпачыць, паглядзець цiкавы фiльм, азнаёмiцца з кнiжнымi навiнкамi, у тым лiку i з матэрыяламi Лiпеньскага Пленума ЦэКа КаПэЭсЭс. вялiкую дапамогу ў падборцы лiтаратуры аказваюць наведнiкам загадчыца бiблiятэкi Э. А. Забыронька i прапагандыст..."
"Забыронька цi Забаронька?" – падумаў Макар, адарваўшыся ад тэксту, i ў той жа мiг са столi пасыпалася парахня: гэта Хамiцкi выцяў кулаком у сьценку.
Кожны раз, убачыўшы ў вакне пакамечаны каепронавы капялюш, ён бег хавацца ў катух, дзе прыбiральшчыца – цётка Маша – ставiла вёдры, але цяпер кульба стукала па калiдорных масьнiчынах, i Макар, пакрыўшы мацюгамi белы сьвет, палез хавацца ў шафу.
У шафе панавала цемра – адно маленькi струмок сьвятла прабiваўся скрозь замочную шчылiну. Тут пахла мышамi, старымi газэтамi i тут, у зацiшку, добра думалася, i думкi прыходзiлi ў галаву суладныя i чыстыя. Ну а калi разгарнуць сяньнiк, якi, скручаны, ляжаў на сподзе, дык можна было i задрамаць. Сяньнiк той застаўся ад Несьцяронка, i, па словах Хамiцкага, былы рэдактар раскручваў яго падчас начных дзяжурстваў, прымаючы разам з машынiсткай Люсяй экстраныя паведамленьнi ТАСС.
Гэтым разам Макару й сапраўды добра думалася, i думаў ён пра Дануту. Думаў доўга – хвiлiн дзесяць, потым думкi сталi блытацца, аддаляцца, i ля самага вуха пачулася трывожнае буханьне. Ён расплюшчыў вочы, матлянуў рукамi, думаючы, што патрапiў у труну, а калi буханьне паўтарылася, вохнуў i незадаволена запытаў:
– Ну чаго ты?
– Людзi прыйшлi, аб'яву прынесьлi. Пытаюцца – хто там так страшна храпiць? – растлумачыў адказны сакратар, i рэдактар, салодка пазяхнуўшы, вылез са схову.
... Тэлефон зазаванiў а пятай гадзiне. Да таго часу ён ужо стамiўся хвалявацца, i кашуля ўжо ня прэла ад цыганскага поту. Але ўсё адно: пачуўшы Дануччын голас, Макар зьнiякавеў, i слухаўка памкнулася высьлiзнуць з млявай рукi.
– Ну дык я вас чакаю, – гукнула Данута Францкавяк, i тэлефонныя глыбiнi напоўнiлiся вясёлымi жаночымi галасамi. Данута была не адна, i гэтыя галасы вiдаць, ейных сябровак – вярнулi ў душу пачуцьцё няўцямнай трывогi.
"А можа гэта пастка? Можа, зь яго хочуць пасьмяяцца?" Ахоплены беспрычыннай трывогай, ён выйшаў з рэдакцыi i няпэўным крокам рушыў у невядомасьць. Макар iшоў i быў амаль упэўнены: вось зараз, тут, у бузiньнiку, павiнна надарыцца штосьцi страшнае.
У бузiньнiку, аднак, нiчога такога не надарылася. Ён вылез з кустоў, пералез праз жардзянiк i вось там, на бурачных лехах, сэрца ягонае абарвалася i закацiлася на самы дол жывата. У разоры, прыхаваны да самага ашыйнiку чырвоным бацьвiньнем, сядзеў вiславухi злодзей i шчэрыў iклы.
Сабака быў невялiкi – звычайны дварняк, якiх шмат бегае па завугольлi. Аднак пра лютасьць гэтай кудлы казалi страшныя рэчы, таму Макар, ня зводзячы вачэй з кудлатай галавы, даў заднi ход: рушыў да кустоў дробным крокам. Але хiтрыкi такiя не прайшлi. Кудлаты злодзей страсянуў вушамi, яшчэ больш вышчарыўся i папераджальна гыркнуў.
– Божухна, дык што ж гэта робiцца? – плаксiва выдыхнуў Макар i нечакана для сябе самога плюхнуўся на каленi. Плюхнуўся, а потым згадаў бацькавы аповед пра хлопца, якi ўратаваўся ў першую пасьляваенную зiму ад ваўка, якi пераняў небараку ў чыстым полi. Усталопiўшыся на ваўчару, хлопец гадзiну цi дзьве стаяў, зьнiякавелы, а потым, стаўшы вокрач, забрахаў па-сабачы. Гэта яго i ўратавала. Пачуўшы брэх, ваўчара таксама зьнiякавеў i, падкурчыўшы хвост, зьнiк зь вiдавоку.
Макар глынуў паветра i забрахаў з такiм iмпэтам, што не пазнаў уласнага голасу. У дадатак ён яшчэ i заскавытаў, прапоўз вокраччу па баразьне, i сабака, пабачыўшы такiя жахi, зьбянтэжана крутнуў галавой, прыцiснуў вушы i зьвёў да пераносься ўмэнт палагаднелыя вочкi.
Перавядзем разам з героем аповеду дых, абаб'ем разам зь iм калашыны i згадаем тую пару, калi нашымi немаладымi ўжо душамi авалодала запозьненае, а таму хваравiтае i ўсёпаглынальнае каханьне. Згадаем пару, калi недзе пад сэрцам нараджалiся новыя надзеi, ценька гучалi новыя песьнi, калi жар каханьня казытаў пяткi й нам увесь час карцела некуды бегчы. I хаця жар той быў усяго толькi бэнгальскiм агнём, мiтусьлiвым фаервэркам у цемрыве шэрых будняў, душа ляцела на прывiдны агонь, не раўнуючы, як начны матылёк на палахлiвае полымi васкоўкi.
Вось i наш герой, напоўнiўшы навакольле шапаценьнем бурачнага лiсьця, ляцеў на згубны агонь, недзе пад сэрцам ягоным нараджалiся тамлiва-трапяткiя надзеi i гучалi... не, ня песьнi, а словы кагадзе прачытанай нататкi. Словы ўбiлiся ў памяць, з кожным крокам гучаньне iх мацнела, убiралася ў сiлу, а калi наш герой упiхнуў галаву ў пралом пахiлага плоту i азiрнуўся, з вуснаў ягоных сарвалася малiтоўная скорагаворка: – Да самай ночы гараць агнi Бычкоўскага клюба...
На трэцi павер узьбег на адным дыханьнi, пужлiвай чапляй прайшоўся па дывановым ходнiку i толькi на канцы калiдора дазволiў сабе аддыхацца. Кашлянуў, крануўся пальцамi дзьвярной ручкi ды так i застыў у непаразуменьнi: там, за дзьвярыма, чуўся жаночы сьмех, прыглушана дзынкнулi шклянкi, i нехта, праўдападобна загадчыца райана Сьцефурак, прамовiла:
– Абавязкова завiтай у Лiвадзiйскi палац. Гэта цуд нейкi!
Кароткую хвiлю за дзьвярыма панавала цiша, потым Сьцефурак гучна крэкнула, суцiшна мацюкнулася, замармытала штосьцi, выразна прамовiўшы словы "шчасьлiва адпачыць", i празь iмгненьне паўстала перад Макарам.
– Данута Станiславаўна! Да вас наведнiк, – выгукнула загадчыца райана i, кiнуўшы празь плячо няўцямную фразу: – Пазванi, як даедзеш, – высьлiзнула з габiнэту.
Данута была не адна – у габiнэце, закiнуўшы нага на нагу, сядзела сакратарка Марына i яшчэ адна кабета, прозьвiшча якой Макар ня ведаў. На стале грувасьцiлася пляшка шампану, блiскалi чатыры келiхi й ляжала каробка чакалядных цукерак.
– А-а... журналiсты! – сьпеўна i зь лёгкай гiронiяй у голасе азвалася Данута Станiславаўна, i Макару ад тае гiронii стала не па сабе.
Ён спынiўся ля бар'ера, спалохана зiрнуў на бутэльку.
– Заходзьце, Макар Iванавiч, ужо бег гiронii прамовiла гаспадыня габiнэту, мелькам паправiўшы прычоску. – Гэта мы тут, дурныя бабы, гулянку арганiзавалi. Водпуск абмываем. Заўтра ў Крым еду.
Яшчэ колькi iмгненьняў Макар муляўся ля бар'ера, а потым, пад цiкаўнымi позiркамi Дануччыных сябровак, прайшоў на нягнуткiх нагах да крэсла, сеў i, ратуючыся ад жаночых вачэй, склаў далонi на тым месцы, дзе схадзiлася ў адно калашыньне парусiнавых штаноў.
Данута падхапiла недапiтую бутэльку, спраўна, не раўнуючы, як кельнэр, разьлiла рэшту шампану па келiхах.
– Я вам у свой налiла. Не пагрэбуеце?
Макар глынуў пiтва i закашляўся, дробнымi пырскамi пакрыўшы парусiнавыя нагавiцы.
– Ну што вы, Макар Iванавiч. Супакойцеся, нiкога ня бойцеся, – прамовiла, цi, лепей сказаць, прасьпявала Данута Станiславаўна, ляпнуўшы Макара па сьпiне.
Сытуацыя вымагала нейкай дзеi, нейкiх арыгiнальных словаў, i Макар, адкерхаўшыся, афiцыйным тонам запытаў:
– Ну, а як там наконт артыкула?
Запытаўся, а потым пашкадаваў, бо Дануччыны сяброўкi разам засьмяялiся, а загадчыца габiнэту з робленай крыўдай выдыхнула:
– Вось якiя пайшлi кавалеры. Iх не жанчыны цiкавяць, а нейкiя артыкулы.
Болей Макар не прамовiў нi слова. Сядзеў, увабраўшы голаў у плечы, слухаў сакратарку Марыну, якая распавядала – як шмат ёй даводзiцца друкаваць рознай лухты, – i нiяк ня мог уцямiць: дзеля чаго яго сюды запрасiлi.
Нарэшце, хвiлiн празь дзесяць, сакратарка ўзьнялася, плюснула Дануту ў шчаку, пажадала добрага адпачынку i жанкi гамузам выйшлi ў калiдор. Разьлеглы габiнэт напоўнiўся цiшынёю, i ўсё наўкол набыло суворае аблiчча. З шафы сувора паглядаў гiпсавы Энгельс, стрыжаны "пад польку" Брэжнеў ня менш сувора паглядаў з партрэта, i нават шыльда з надпiсам "Намэнклятура абкама" на даўжэзным, застаўленым аднолькавымi шэрымi тэчкамi стэлажы, набыла пагрозьлiва патаемны сэнс. Дзесьцi там, у шэрым шыхце, стаяла i ягоная асабiстая справа.
Адчуваньне таго, што ён, Макар, не шараговы партыец, а намэнклятура абкаму, кранула душу трапяткiм халадком, утуленая ў плечы галава годна ўзьнялася, але ў наступнае iмгненьне зноў убiлася ў плечы: у габiнэт, бразгаючы спаласнутымi келiхамi, увайшла Данута Станiславаўна. Нiчога не сказаўшы, нават не зiрнуўшы ў ягоны бок, гаспадыня габiнэту паставiла келiхi ў бранiраваны сэйф, прыбрала са стала пустую пляшку, потым падышла да люстэрка i доўга папраўляла прычоску, раз за разам паўтараючы адну i тую ж фразу:
– Божухна, што з валасамi?
Каб нейкiм чынам засьведчыць сваю прысутнасьць, Макар рыпнуў крэслам, стрымана кашлянуў, але гэта не дапамагло. Гаспадыня габiнэту глядзелася ў люстэрка, перабiрала паперы, зачыняла фрамугi i не зьвяртала на яго анiякай увагi.
Макар пачаў хвалявацца i падумаў быў – цi не сысьцi ўпрочкi, ды тут Данута, выцершы пыл з гiпсавага Энгельса, кiнула на падваконьне анучку, крутнулася, як тая дзяўчынка, на адной назе i весела прамовiла:
– Ну дык што, iдзем?
Сказана гэта было з такой лёгкасьцю, з такой iскрыстай бестурботнасьцю, што ў Макара ёкнула сэрца i ён, забыўшыся пра ўсё на сьвеце, прыхапiўся з крэсла i зрабiў крок насустрач свайму шчасьцю.
Нi ў калiдоры, нi на сходах яны, дзякаваць богу, нiкога ня стрэлi, а вось на ганку сутыкнулiся са збоем жанчын – былi там i райкамаўкi, i райвыканкамаўкi, i яшчэ немаведама хто. Iдучы па прыступках, Макар паскорыў крок, намагаючыся абмiнуць усiх гэтым пляткарак, але Данута схапiла яго за рукаво, сагнула руку абаранкам i, пiхнуўшы пад локаць далiкатныя пальцы, зацюкала абцасамi па асфальце. Так яны i пайшлi, пад ручку, i сьпiна Макарава сьвярбела ад пранiзьлiвых жаночых позiркаў.
Зьлёгку замглёнае, дасьпелае сонца яшчэ было высока. Сонца вiсела над будынкам райкама, па-над возерам, адбiваючыся ў яго спакойным люстры, над дымным комiнам льнозавода, якi вытыркаўся з-за дахаў азярышчанскай ускраiны, што называлася Зарэччам. Там, у Зарэччы, гарлалi пеўнi, крычалi вароны, бязладнай грамадой пералятаючы зь месца на месца, i голасна мэкалi козы.
Макар ня бачыў сонца, ня бачыў крыклiвых варон, ня чуў казiнага мэканьня. З усiх ворганаў пачуцьця ў яго працаваў толькi нюх – ён удыхаў водар парфумы, невiдушча ступаў па ходнiку, i Дануце даводзiлася тузаць спадарожнiка за руку, каб абмiнуць лужу альбо каровiну ляпеху.
Яны дайшлi да ўнiвэрмага, павярнулi на Чырвонаармейскую i тут, абмiнаючы чарговую лужыну, Данута пацягнула яго за рукаво.
– Памятаеце, што я сказала, калi мы танцавалi?
Ступiўшы нагой у лужу, Макар спынiўся, асавела паглядзеў пад ногi.
– Вы што, як конь – на хаду сьпiце? – рагатнула спадарожнiца, i гэтае параўнаньне вярнула Макару слых i зрок. – Учора... на "Качыным Востраве"... я сказала, што прыношу мужчынам няшчасьце...
Макар няпэўна кiўнуў, паспрабаваў пасьмiхнуцца.
– I не баiцеся зьвязвацца... з такой ведзьмай?
Макар страсянуў галавой, а Данута, паправiўшы валасы на скронях, задуменна i разам з тым нерашуча прамовiла:
– Ну што ж, тады пойдзем да мяне. Пачастую вас кавай.
Ад такой прапановы можна было ашалець. У гарачкавых мроях Макар са сьлязьмi на вачах уяўляў – як ён пакахаецца з Данутай Станiславаўнай. Яму ўяўлялiся прызнаньнi, нясьмелыя пацалункi, прагулянкi ў фасфарычным сьвятле лiхтароў. Але каб так, адразу, без нiчога нiякага, Данута запрасiла да сябе пiць каву – такога ён не ўяўляў нават у самых сьмелых лятунках. Таму й аслупянеў Макар, i Данута, абмiнуўшы лужыну, зь нецярплiвасьцю выдыхнула:
– Ну дык iдзем, цi так i будзем стаяць?
Цагляны дом у канцы Чырвонаармейскай вулiцы быў адзiным пяцiпавярховiкам у Азярышчы i менаваўся Домам спэцыялiстаў. Там, у двухпакаёвай кватэры з усiмi выгодамi, жыла Данута Францкавяк.
Цёмнымi вечарамi, кульнуўшы добрую чарку, Макар часта блукаў каля гэтага дома, заходзiў у пад'езд, крадком падымаўся на трэцi паверх, каб крануцца рукой запаветных дзьвярэй, а iншым разам, пад роспачны брэх сабак, залазiў на яблыню, што расла на другiм баку вулiцы, i апантанымi вачыма глядзеў на зялёны квадрат – вакно Дануччынай спальнi.
Пару разоў ён бачыў, як Данута распраналася, а аднойчы, угледзеўшы ў пройме рассунутых штораў нейкага мужыка ў салатавай майцы, ледзь не самлеў ад рэўнасьцi i, сьлiзгануўшы нагой па суку, звалiўся долу.
Цяпер ён iшоў з Данутай па Чырвонаармейскай – уздоўж парэпанага плоту, мiма газэтнага шапiка, мiма сьметнiцы i горбiўся ад таго шчасьця, якое на яго раптам абрынула.
Ля пад'ездных дзьвярэй Данута на iмгненьне спынiлася.
– Вось тут я i жыву, у дваццаць трэцяй кватэры.
Спынiўся i Макар. З захапленьнем зiрнуў на вокны трэцяга паверха, вiнавата шморгнуў носам i раптам, у памкненьнi кiнуцца немаведама куды, разявiў рот i выцягнуў шыю.
– Куды вы? – крыкнула Данута, калi ён сарваўся зь месца.
– Я зараз... Я вомiгам, – гукнуў Макар, завярнуў за рог дома i стаў на хаду поркацца ў кiшэнях.
Сэрца парывiста бiлася, набойкi на абцасах лiдзкiх "гадаў" ляскаталi па ходнiку, i язык, спрабуючы ўгнацца за тымi зыкамi, таропка паўтараў адну i тую ж фразу:
– Да позьняй ночы гараць агнi ў вокнах Бычкоўскага клюба...
У краме шампанскага не было, а таму давялося бегчы ў "Калiну красную". Разганяючы курэй да качак, ён дабег да рэстарана, узьляцеў на ганак i ў дзьвярах сутыкнуўся зь Мiшкам Мандрыкам.
– Макар?! Ты што? Куды ляцiш?
Ён не адказаў, адно махнуў рукою, узьбег на другi паверх i, перапудзiўшы афiцыянтку Машу, зморана прасiпеў:
– Шампанскага... Бутэльку... за любыя грошы.
Каб iзноў не сутыкацца з Мандрыкам, ён скарыстаўся чорным ходам, пералез цераз плот i пашыбаваў агародамi, сьцiскаючы ў руцэ, нiбыта апошнюю гранату, бутэльку рэстараннага шампану.
Здавалася, чаго прасьцей – нацiснуць кнопку званка. Працягнi руку, тыцнi пальцам у пукаты гузiк, i за дзьвярыма пачуецца мэлядычнае бомканьне. Аднак, падышоўшы да дыхтоўных, абабiтых чорным дэрмацiнам дзьвярэй зь лiчбаю "23" на люстраным сукосьнiку, Макар зьнiякавеў, прыслухаўся да навакольных зыкаў i, не рашаючыся пазванiць, з шумам перавёў дыханьне.
На лесьвiцы было цiха; так цiха, што ён чуў грукат уласнага сэрца. Сэрца бiлася, як стрыножаны певень. Каб суняць шалёнае бiцьцё, Макар прыцiснуў далонь да грудзiны, налёг лобам на дзьвярны вушак i спалохана азiрнуўся: за сьпiнаю рыпнулi завесы, i ў пройме дзьвярэй блiснулi вочкi нейкай старой кабеты. Дануччына суседка пачала сьвiдраваць яго сваiмi вачыма-сьвярдзёлкамi, таму нiчога не заставалася, як нацiснуць на кнопку званка.
Пасьля першага званка яму не адчынiлi. Макар прыслухаўся ў спадзеўцы пачуць таропкiя крокi, але за дзьвярыма было цiха, i толькi аднастайны цьмяны пошум далятаў аднекуль здалёк, магчыма, зь iншай кватэры. Палец зноў нацiснуў на пукаты гузiк, цьмяны пошум ацiх, дзьверы адчынiлiся, i перад вачыма паўстала гаспадыня кватэры. Галава Дануччына была спавiтая махровым ручнiком.