355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Винцесь Мудров » Ведзьма (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Ведзьма (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 01:03

Текст книги "Ведзьма (на белорусском языке)"


Автор книги: Винцесь Мудров



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)

Мудров Винцесь
Ведзьма (на белорусском языке)

Вiнцэсь Мудроў

Ведзьма

Пасьля залевы сонца палiла па-чорнаму, i ў зале разнасьцежылi вокны. Пахi цёплага асфальту, прывялай травы, таполевай лiстоты завiсьлi ў паветры, перамяшалiся з пахамi парфумы, жаночага поту, вiннага перагару, i дыхаць стала зусiм цяжка.

– Ну, хто наступны? – млявым голасам запытаўся Першы, адною рукою перабiраючы паперы, а другою паслабляючы вузел гальштука.

Паслабiўшы вузел так, што сталi бачныя сiвыя валасы на грудзiне, Першы зiрнуў з-пад iлба ў канец залi й запытальна выдыхнуў:

– Таварыш Мурленя?

Усе разам ацiхлi, гудлiвы чмель, якi ўляцеў быў у расчыненае вакно, плюхнуўся на штору, i запанавалая цiша надала моманту элемэнты злавеснай урачыстасьцi.

На мiнулым тыднi Мурленя езьдзiў у Вiцебск на нейкiя спаборнiцтвы, патрапiў там у выцьвярэзьнiк, i цяпер увесь партыйна-гаспадарчы актыў наструнена чакаў – як адаб'ецца гэтая падзея на ягоных паводзiнах. Старшыня спорткамiтэту ўскочыў на ногi, зiрнуў на Першага затуманенымi ад грамадзкiх турботаў вачыма i, ускудлацiўшы непаслухмяны вiхор, з камсамольскiм iмпэтам заварушыў магутнай скiвiцай.

"Анi ў знак... Хаця б сумеўся, сволач..." – падумаў Макар, скоса пазiраючы на Мурленеву скiвiцу. Важкая й круглявая, што той жарон, скiвiца хадзiла ўбокi, iльсьнiлася на сонцы, малола нейкую несянецiну пра спартыўныя посьпехi таварыства "Ўраджай".

"Што яму будзе, таму Мурленю... Зяць дырэктара базы... Гэта Хамiцкi патрапiў у мыцельнiк, дык усю душу небараку вытрасьлi". – Апанаваны такiмi думкамi, Макар уявiў на хвiлю – што б было, калi б у выцьвярэзьнiк убiўся не Хамiцкi, а ён сам, i па целе ягоным прабеглi халодныя мурашкi. Мурашкi беглi ад патылiцы да хвастца, i давялося нават зварухнуць азадкам, каб пераканацца, што пад iм не мурашнiк, а райкамаўскае крэсла.

Крэсла рыпнула, чмель узьняўся ў паветра, а Першы, перапынiўшы Мурленю, запытаў:

– Вы штосьцi хацелi сказаць, Макар Iванавiч?

Пытаньне прагучала зьнянацку. Макар не пасьпеў нават уцямiць – што да чаго, замармытаў штосьцi ў адказ, i па тым, як скасавурыўся Першы й як нэрвова заляпаў алоўкам па стале, можна было зразумець, што ён нечым незадаволены.

– ... За справаздачны пэрыяд падрыхтавана: значкiстаў ГПА – 48 чалавек... – абудзiўся ацiхлы было старшыня спорткамiтэту, але яго iзноў перапынiлi.

– Таварыш Мурленя, а цi не маглi б вы сказаць, як рэалiзуюцца талёны на харчаваньне, якiя атрымлiвае ваш камiтэт? – Задаўшы гэтае пытаньне, загадчыца райана Сьцефурак адкiнулася ў крэсьле, чмель зь дзiўнай для яго хуткасьцю пачаў кружыць вакол Мурленевай галавы, а аловак у руцэ Першага пакiнуў стукаць i застыў у паветры.

Iншым бы разам Макар расхваляваўся, пачаў бы сябе ўпiкаць за тое мармытаньне: трэба ж было перапынiць Мурленю, задаць якое пытаньне, але сёньня на такiя перажываньнi ён быў папросту ня здатны.

Мурленя зашамацеў паперамi, рыхтуючыся годна адказаць загадчыцы, мiмаходзь баднуў галавой, адбiваючыся ад чмяля, i жартаўлiвым голасам прамовiў:

– Цi ня выгнаць гэтую заразу?

I хаця Мурленя меў на ўвазе пракуду-чмяля, усе разам паглядзелi на Сьцефурак, i тая, гэтак жа, як i Макар, заклапочана заезьдзiла на азадку.

Актыў заварушыўся, зашаптаўся. Першы стукнуў алоўкам па графiну, а Фаiна Рыгораўна Сьцефурак, прыхапiўшы са стала тэчку з надпiсам "На подпiс", пачала махаць ёю ў паветры, выганяючы з залi абрыдлую жамяру.

Нарада доўжылася тры з паловаю гадзiны. За гэты час шафёры, што прывезьлi ў райкам старшыню калгаса "Азяркi" й дырэктара саўгаса "Азярышчанскi" выпiлi чатыры пляшкi "чарнiла", мужык загадчыцы райана, Мiкола Сьцефурак, прывёз дахаты i разгрузiў ля плота машыну крадзеных дошак, у раённай больнiцы упершыню за два гады Пяцiгодкi якасьцi – нарадзiлася двойня, Зямля крутнулася на колькi там градусаў, i выгiнасты цень на яе паверхнi прапоўз ад Далёкага Ўсходу да сiняга Байкалу.

Усё iшло сваiм, загадзя вызначаным ладам. Круцiлася Зямля i сьвяцiла сонца, нараджалiся двойнi й лёталi чмялi, кралiся дошкi й пiлося "чарнiла" й заядалася нясьпелымi ранэтамi, i сакавiтае чвяканьне ўперамежку з прыцiшанымi шафёрскiмi галасамi ўрывалася ў разнасьцежаныя вокны.

Макар сядзеў ля вакна i чуў, як адзiн з кiроўцаў, бразнуўшы дзьвёркаю "ўазiка", мацюкнуўся i, дажоўваючы яблык, прамовiў:

– Раней раз на месяц зьбiралiся, а цяпер штодня балбочуць, курвы...

Вадзiла казаў яшчэ нешта, але ягоныя словы пакрыў гаўклiвы кашаль. Старшыня "Азяркоў", Мiшка Мандрык, якi сядзеў побач, нечакана закашляўся, зашоргаў нагамi па падлозе, а паслабiўшы па прыкладу Першага квяцiсты гальштук на шыi, голасам гогалеўскага мерцьвяка прасiпеў:

– Ду-ушна!

У залi iзноў заварушылiся, загаманiлi, графiн чарговым разам дзынкнуў, а Мiшка Мандрык, выдаўшы шэптам мудрагелiстую тыраду, першымi словамi якой былi: "Выганю да д'ябла", выцер канцом гальштука потную лабацiну.

Гадзiньнiк на сьцяне паказваў палову шостай.

Пры Калупайку такiм часам жанчыны пiсалi цыдулкi, просячы адпусьцiць iх цi то ў палiклiнiку, цi то ў ясьлi па сына, цяпер жа нiхто нiчога не пiсаў, i Макар, памружаўшыся на апалыя стрэлкi гадзiньнiка, зь нейкай няўцямнай трывогай згадаў тую пару, калi ён хадзiў на райкамаўскiя iмпрэзы як на сьвята. Яму нават здалося, што гэта было бог ведае калi. Ён нават паварушыў пальцамi, рахуючы днi й тыднi, а налiчыўшы дваццаць адзiн дзень, ня даў веры сваiм падлiкам.

* * *

Ранiцою, прачнуўшыся авосьмай, ён любiў хвiлю-другую палашчыцца ў пасьцелi, любiў пазяхнуць, пацягнуцца, пачухаць жарсьцьвяныя валасы на пахвiне й толькi тады падымаўся на ногi. Раней гэтага часу Макара не маглi абудзiць нi цвырканьне вераб'ёў пад вокнамi, нi лаянка суседзяў за сьцяною, нi сонца, што мела паганую звычку лезьцi ў вочы.

Тае ранiцы ён прачнуўся а шостай.

Наўкол было цiха: суседзi яшчэ спалi, вераб'i недзе лёталi, i сонечны промень ня лез у вочы, а сьветлаю плямай ляжаў ля ног, лiючы лагодную цеплыню на аголеную лытку. I ўсё ж такi ён прачнуўся, пачухаў потную пахвiну i ўздыхнуў, прымусiўшы мiрыяды пылiнак замiтусiцца ў сонечным сьвятле, зрабiўшы яго жывым i амаль адчувальным на дотык, i ад таго раеньня ў Макара закружылася галава й сон зьляцеў з павекаў.

Ён адразу ж устаў, пайшоў, хапаючыся за сьцены, у прыбiральню, а ўбiўшыся ў цёмны катух, доўга стаяў там, абапёршыся рукой на халодны стаяк.

Такiмi хвiлямi, калi вушы поўнiлiся бадзёрым цурчэньнем i нiз жывата працiнаў лёгкi халадок, Макар мiжволi згадваў мiнулую п'янку, i затуманеная вiнным чадам, але чуйная й чэпкая на дэталi памяць яму нiколi не здраджвала, ды гэтым разам пахмельны чад выпетрыў з галавы рэшткi памяцi, i ён ня мог узгадаць: як там усё было, з кiм даехаў да горада i як наогул патрапiў дахаты. Але адна згадка – няўцямная, як сон, i няўлоўная, як водар парфумы, усё ж цьвелiла сьвядомасьць... Учора ўвечары ён танцаваў з Данутай... Макар зьмежыў павекi, намагаючыся вярнуцца ў зманлiвы сьвет учарашняга вечара, i пакiнуты без нагляду струмень стоена зашамацеў па падлозе. Не разьнiмаючы павекаў – каб не спужаць, не разьвеяць шчымлiвай згадкi, – ён паспрабаваў на слых выправiць становiшча, але ня даў рады й давялося прымружыцца, выглядаючы ўнiтаз, а потым шукаць яго спачатку левай, а потым правай нагой.

Рука ўхапiлася за фаянсавую гiру, бачок над галавой гартанна керхануў, завыў, як той воўк на пiлiпаўку, i ў гэтым шалёным, дагэтуль нечуваным выцьцi Макару выразна пачуўся ягоны ўласны голас. Нават ня голас, а роспачны крык, якi вырваўся з прапiтай глоткi i, скалануўшы каналiзацыйныя трубы, суцiх, заглушаны аднастайным шумам вады.

Звычайна людзi не пазнаюць сваiх галасоў – яны iм здаюцца чужымi, але тут ня столькi вуха, колькi сама душа Макарава пачула той лямант, i Макар ужо гатовы быў крыкнуць штосьцi самому сабе ў цёмную зеўру ўнiтаза, ды ня крыкнуў: выпусьцiў паветра i, не абабiўшы апошнiх кропляў, выйшаў з прыбiральнi.

Праз хвiлiну, падпальваючы нягнуткiмi пальцамi фаерку пад чайнiкам, ён яшчэ раз прыслухаўся да пошуму вады ў прыбiральнi й з сардэчным клёкатам у горле прамовiў:

– Дапiўся, бляха.

Чорныя мятлiкi гэтым разам ня лёталi ўваччу, галава амаль што не балела, а вось душа... душа заходзiлася ад сьвербу, трымцела ў грудзiне, варушылася ў страўнiку, а калi чайнiк закiпеў-засьвiстаў на высокай ноце, раптам схаладнела, сьцiснулася ў камяк i зашылася пад драбы.

Чайнiк сiпеў ня так як раней – адчайна, раскоцiста, i сярод гэтага раскоцiстага сьвiсту Макару выразна пачулiся нечыя галасы. Гаварылi двое мужык i баба. Ён нават разабраў словы, сказаныя мужыком, штосьцi накшталт: Адпраўлю ў Акадэмiю – i, прыкруцiўшы ручку плiты, пацёр дрыжачай рукой тое месца, куды, па ягоных меркаваньнях, забiлася ягоная ўлякнутая душа.

Насланьнё не адпускала й пазьней, калi ён чысьцiў зубы i галiўся. Электрабрытва "Харкiв" – старая, з надтрэснутым корпусам, гудзёлка, якая звычайна працавала з натугаю й ня столькi галiла, колькi дзёрла шчацiньне, зумкала, як цыркулярка, а калi Макар паднёс яе да шчакi, – нiбыта папярхнулася i немым голасам завiшчэла: – Забудзь мой нумар, жывёлiна! – Электрабрытва выпала з рук, стукнулася аб край ракавiны, завiсла на шнуры i толькi тады загула ў сваiм звычайным тэмбры.

З ваннай Макар выкулiўся, трымаючыся рукамi за сьцены. Таямнiчыя галасы яго не на жарты ўсхвалявалi, i ад таго хваляваньня пот пацёк з-пад пахаў, i ногi зрабiлiся ватнымi i нягнуткiмi. Да таго ж, душа Макарава, якая дагэтуль варушылася недзе пад драбамi, падступiла да горла, i ён адрывiста iкнуў. Абапёршыся на дзьвярны ўшак, Макар iкнуў другiм разам: зычна, ядрана, а згледзеўшы свае штаны, якiя вiселi на люстры, iкнуў яшчэ раз – цяпер ужо зусiм па-вар'яцку, страсянуўшы пры гэтым друзлым чэравам.

Штаны зьлёгку варушылiся ад проймы, i гэта стварала ўражаньне, што ў пакоi нехта сасiлiўся. Дрогкаю рукою ён зьняў штаны з кандэлябры, упiхнуў левую, больш гнуткую, нагу ў правую калошу ды зноў скамянеў, пачуўшы суседавы храп за сьцяною.

"Дапiўся... да глюкаў дапiўся... Што ж цяпер будзе? Каму я такi патрэбны?" – вiхурылi ў галаве панiчныя думкi, i рукi цягнулiся да кнiжнай палiцы, i вочы выглядалi карэньчык "Мэдычнага даведнiка", i пазбаўленыя падтрымкi нагавiцы нясьпешна спадалi долу.

"Азоаспэрмiя...", "Актывацыя яйка...", "Алергii" – пажоўклы ад курава палец лiхаманкава гартаў даведнiк, а адгарнуўшы сто трыццатую старонку, гэтак жа лiхаманкава праехаўся пазногцем па словах "Алькагольны галюцыноз".

"На першы плян выступаюць слыхавыя галюцынацыi: шум, крыкi, галасы, якiя звычайна асуджаюць дзеяньнi хворага альбо выказваюць пагрозы... Пры гэтым у хворага захоўваецца ясная сьвядомасьць... Хворы апынаецца ва ўладзе "галасоў", яму здаецца, што яго хочуць забiць альбо зьняславiць".

"Забiць альбо зьняславiць," – уголас паўтарыў Макар, хвiлiну стаяў нерухомы, а калi за сьцяною зноў схрапянуў сусед, захлопнуў кнiгу i з рашучасьцю, на якую толькi быў здольны, прашаптаў:

– Зь сёньняшняга дня – нi кроплi.

... Круглявы iмбрычак стаяў пасярод стала i спалохана бразгаў накрыўкаю. Гэтае бразганьне блытала думкi, напiнала нэрвы, таму Макар, не дачакаўшыся, пакуль запарыцца гарбата, нацэдзiў у конаўку рудаватай вадкасьцi, далiў кiпню, i ў паветры запахла нябожчыкам.

– Што ж там было? – выдыхнуў пахмельны пакутнiк, парушыўшы лямiнарную павольнасьць пары, што падымалася з конаўкi.

Адказу на гэтае пытаньне не было. Макар пацёр скронi, крэкнуў, абхапiў рукамi голаў i стаў безуважна сачыць за кружэньнем чаiнак у вiры ненастоенай гарбаты.

Учора, упершыню за ўвесь час рэдактарства, яго запрасiлi на райкамаўскую п'янку. Ладзiлi яе з нагода ад'езду Калупайкi – Iван Iванавiч ехаў у Вiцебск, другiм сакратаром абкаму.

Выбiцца з Азярышча ў вобласьць, ды яшчэ на такую пасаду – учынак амаль што неверагодны. Хадзiлi чуткi, што Iван Iванавiч даў некаму хабар, а ягоная жонка, падчас наведаньня сталiцы, гуляла зь мiнiстрам сельскай гаспадаркi i вiдавочна ў ложку – упрасiла таго прапiхнуць мужа ў абкам. Так гэта, цi не сказаць цяжка, але Калупайка зьяжджаў, i на загараднай турбазе арганiзавалi разьвiтальную вечарыну.

Пра п'янкi на "Качыным Востраве" – так назавалася турбаза – апавядалi шмат розных плётак. Слухаючы iх, Макар глытаў сьлiну, употай чухаў пахвiну, якая пачынала раптам сьвярбець, i на дне цiхмянай рэдактарскай душы кожнага разу варушылася крыўда. На загарадныя гулянкi яго не запрашалi.

I вось учора, па абедзе, пад рэдакцыйнымi вокнамi зь нецярплiвасьцю квакнула легкавушка. "Мандрык", – мiльганула тады ў Макаравай галаве; Макар схамянуўся, выцягнуў са стальнiцы мутную шклянку – у Мандрыка нiколi не было з чаго пiць – i шырокiм крокам падаўся на двор.

Сябрук часьцяком прыяжджаў такой парой – ехаў з абеду ў "Азяркi" i па дарозе зарульваў у рэдакцыю. Звычайна яны кулялi па дзьвесьце пяцьдзесят, таропка, што тыя зайцы, закусвалi зялёнай цыбуляй i разьвiтвалiся да вечара. Гэтым разам Мiшка быў за рулём. У машыне сядзеў яшчэ нехта, i Макар, раўнiва намацаўшы шклянку ў кiшэнi пiнжака, адчынiў дзьверцы "ўазiка". Дакладней, дзьверцы адчынiлiся самi: ён толькi нацiснуў на ручку, i на грудзiну насунулася важкая, спавiтая цупкiм полiэтыленам, туша.

Тушы Мандрык вазiў i раней – i райкамаўцам, i абкамаўцам, i пракурору, але рабiў гэта ўпотай, па начах. Тут жа вёз сярод белага дня, у самую сьпёку.

– Залазь ужо як-небудзь, – прамовiў Мiшка, i ў голасе ягоным чулася лёгкае хваляваньне.

Абхапiўшы рукамi сьцягняк, Макар убiўся разам з тушаю ў кабiнку, стукнуўся галавою аб нешта брынклiвае i гучна мацюкнуўся. На сядзеньнi, адна на адной, стаялi, падпiраючы брызэнтавы верх, скрынi з гарэлкаю.

– Ня лайцеся! – прагучала над вухам, i Макар зьнiякавеў. Наперадзе, поруч зь Мiшкам, сядзела загадчыца сэктару ўлiку Азярышчанскага райкаму Данута Станiславаўна Францкавяк.

Той хвiляй ён прагнуў толькi аднаго: зьнiкнуць! Альбо правалiцца. Альбо ператварыцца ў адну з тых мух, што бiлiся ў шыбу.

Данута Станiславаўна была ягонай тайнай сымпатыяй. Доўгiх дзесяць месяцаў – ад дня свайго прыезду ў Азярышча – ён марыў спаткацца з гэтай жанчынай. У галаве Макаравай ужо быў распрацаваны сцэнар такога спатканьня, а хвараблiвыя, узбуджаныя алькаголем фантазii кожнага разу пераносiлi яго ў сутонлiвы, напоўнены чароўнымi пахамi i суцiшнымi песьнямi пакой, пасярод якога, на мяккiм варсiстым дыване, ляжала ў паставе ўсходняй адалiскi Данута Станiславаўна Францкавяк.

I вось ён паўстаў перад Данутай – у абдымку з разабраным баранам, з мацюкамi на вуснах i з парэзаным аб гострую стужку, якiмi абабiваюць скрынi, iлбом.

– Трымай, паварочваю! – гукнуў Мандрык, пайшоў на разварот, i давялося ўперцiся рукамi ў скрынi, каб тыя не абрынулi на голаў.

Прыхаваўшыся за тушай, Макар пашукаў – чым бы гэта прамакнуць юшку на лобе; нiчога вартага не знайшоў i прамакнуў партбiлетам.

За ўвесь час, пакуль яны ехалi да "Качынага Вострава", Данута анi разу не азiрнулася. Сядзела моўчкi, безуважна пазiраючы на дарогу. Маўчаў, адчуваючы настрой пасажыркi, i Мiшка Мандрык. Але й яно i добра: Мiшка меў звычку пацьвельваць зь сяброў у прысутнасьцi жанчын, i гэтае маўчаньне было адзiным, што лагодзiла душу такiмi вусьцiшнымi хвiлiнамi.

Усю дарогу Макар хаваўся за тушай, шморгаў носам, i нават калi "ўазiк", квакнуўшы наастачу, спынiўся ля мураванкi з выяваю качкi на франтоне i Данута Станiславаўна, не сказаўшы нi слова, выйшла з машыны, ён усё яшчэ баяўся падняць галаву, i Мiшку давялося ляпаць яго па карку i з гарэзьлiвай iскрынкай уваччу кiваць на скрынi з гарэлкаю.

Яны выпiлi паўпляшкi, выпалiлi па цыгарэце, прыхапiлi тушу i падалiся да возера – кроiць мяса на шашлыкi.

Макар кроiў мяса з шалёнай апантанасьцю. Распранены па пояс, з налепленым на лбе лiстком трыпутнiку – рана ўсё яшчэ крывавiла – ён дэманстраваў Мiшку сваю дасьведчанасьць у шашлычнай справе, а пачуўшы жаночыя галасы, што даляталi з суседнiх кустоў, схапiў мэталёвы пожаг i зь лiхаманкавым iмпэтам пачаў налыгваць кавалкi баранiны.

Ён налыгваў трэцi пожаг, калi ў вушах зазьвiнеў пералiвiсты жаночы сьмех.

– Што ж вы робiце? – прамовiла Данута Станiславаўна, падышоўшы блiжэй, а яе сяброўка – райкамаўская сакратарка Марына, – хаваючы ў далонь крывую ўсьмешку, патлумачыла: – Мяса спачатку марынаваць трэба.

Жанкi пастаялi крыху, пагаманiлi i, падхапiўшы мяднiцу з гарою пакроенага мяса, пайшлi ў бок турбазы.

– Ну чаму, чаму я такi? – прамармытаў Макар, ляпнуў па лобе, забiваючы камара, i толькi тады зразумеў, чаму сьмяялiся жанчыны. На лобе, як той лазенны лiст на пэўнай мясьцiне, красаваў лiсток трыпутнiку.

– Ну чаму?.. – прастагнаў ён другiм разам ды нечакана сьцепануўся ад шалёнага ляманту i плёхканьня вады за сьпiнаю. Гэта Мiшка Мандрык сiгануў з масткоў у празрыстую глыбiню ляснога возера.

Потым яны зноў сядзелi ў кабiнцы – пiў, праўда, толькi ён, Макар, – тапiў у гарэлцы сваю няўклюднасьць, – i калi на базу завiтаў Калупайка на шэрай "Волзе", пад нагамi Макаравымi ўжо зыбалася зямля, а ўвушшу натужлiва гулi званы. Потым ён пiў за бяседным сталом, потым ля вогнiшча, закусваючы недапечанай баранiнай, потым яшчэ недзе, а таму й ня дзiва, што наступным ранкам пахмельная памяць зеўрала праваламi i адзiнае, што запомнiлася, дык гэта п'яная пыса дырэктара канторы кiнапракату Даўгалёва, зь якiм ён цалаваўся ўзасос i якому кляўся ў вечнай дружбе.

I яшчэ адна згадка не давала спакою: ён танчыў з Данутай. Згадка была цьмянай, амаль няўлоўнай, i калi Макар, дзьмухнуўшы на гарбату, заплюшчваў вочы, спрабуючы вярнуцца ў прыцемную залю, дзе ён кружыў з Данутай, уваччу кожнага разу паўставалi альбо вясёлкавыя шары, альбо барвовая пыса Васькi Даўгалёва. I толькi калi ён сёрбнуў гарбаты i на шырокiм лабешнiку ягоным заблiшчэлi пацеркi поту, нос адчуў раптам дзiўны, нi з чым не параўнальны пах Дануччыных валасоў. У прадчуваньнi шчымлiвых згадак Макар iзноў заплюшчыў вочы, але тут з носа ягонага сарвалася кропля поту, плюхнулася ў конаўку, i гук гэты канчаткова разагнаў салодкiя мроi. Макар мацюкнуўся, выцер твар кухонным ручнiком i, дапiўшы гарбату, пайшоў зьбiрацца на работу.

Галава пасьля п'янкi была як цэбар, сьвятло брынiла ўваччу, i дзесьцi на самым дне душы варочалася хваравiтае пачуцьцё – цi то вiны, цi то крыўды, цi то яшчэ нейкай халеры. Такiмi хвiлiнамi, – а надаралiся яны ледзь не шторанiцы, – Макар унiкаў сустрэч зь людзьмi, а таму, прачынiўшы дзьверы, прыслухаўся – цi ёсьць хто на лесьвiцы.

Долу бег, пераскокваючы праз тры прыступкi, i ўсё ж, вылятаючы з пад'езда, наляцеў на хахлушку зь 10-й кватэры. На шыi ў суседкi вiсела нiзка зашчэпак, а да правага клуба была прыцiснута алюмiнiевая мяднiца.

– Добройi раныцi! Доброго вам здоров'iчка! прасьпявала хахлушка, i Макару пачулася ў тых словах злая гiронiя.

– Добрага... – буркнуў ён, не ўздымаючы вачэй, выйшаў на падворак, а заўважыўшы на вяроўцы хахлушкавы трусы з жоўтай мецiнай, скрывiўся i сплюнуў пад ногi салодкую сьлiну.

Мястэчка Азярышча – што б там нi казалi – ня самае страшнае месца ў сьвеце. Зялёнае, суцiшнае, аднапавярховае, з гусiнымi чародамi на ўскраiне i з цыкляпiчнай ленiнскай галавой у цэнтры, яно магло б улагодзiць якога-небудзь адстаўнiка ў дачны сэзон, але нiяк не Макара, якi дагэтуль пяць гадоў пражыў у сталiцы i душа якога прыкiпела да людзкой мiтусьнi, шкла, бэтону, начнога нэону, павiльёну "Ясень", дзе давалi сьвежае пiва, ды iншай урбанiстыкi.

На апошнiм курсе ВПШ яму паабяцалi былi месца ў адной са сталiчных газэт, ён нават хадзiў у рэдакцыю i напiсаў пару артыкулаў пад рубрыкай "Правафлянговыя", але ў апошнi момант месца тое занялi, а яму, уручыўшы дыплём, загадалi ехаць у гарпасёлак Азярышча й ачолiць там раённую газэту.

Зьяжджаць са сталiцы на край сьвету не хацелася. Тры днi Макар абмываў "корачкi", на пытаньнi сяброў – куды яго пасылаюць – адказваў кароткiм мацюгом, а на чацьверты дзень, завiтаўшы ад ранку ў павiльён "Ясень", паведамiў сабутэльнiку – Лёньку Холаду – пра сваё разьмеркаваньне.

Лёнька, вiцебскi малец, якi таксама вучыўся ў партшколе, адразу ж пасуравеў з твару, выпiў нагбом кухаль пiва i, паклаўшы на Макаравы плячук сваю пудовую руку, выдаў фразу, ад якой Макару стала моташна й гарачыя голкi кальнулi пахвiну: – Гiблае месца.

Сябрук спаражнiў без перадыху яшчэ адзiн кухаль i распавёў вусьцiшную гiсторыю пра рэдактара азярышчанскай газэты Несьцяронка.

Несьцяронак гэты, па словах сябра, пiў горкую да поўнага ачмурэньня: спаў пасярод вулiцы, з моста куляўся, а аднаго разу, схапiўшы калун, бегаў вакол хаты, намагаючыся забiць сваю жонку, з якой быў у разводзе. Паколькi журналiсты наогул народ пiтушчы, а рэдактар да таго ж меў заслугi перад радзiмаю – у вайну завiхаўся ў СМЕРШу, дык раённае начальства глядзела на ўсе гэтыя выбрыкi скрозь пальцы. I вось, калi да пэнсii Несьцяронку заставалася нейкiх паўгода, у Азярышчанскi райкам прыслалi Галiну Спартакаўну Пiдуту.

Згадаўшы пра Пiдуту, сябра пасуравеў яшчэ болей, здушыў у бляшанцы папяросу, хрыплым голасам запытаў:

– Ня чуў пра такую?

Макар страсянуў галавой, а Лёнька, пасьля паўзы, прамовiў:

– Яе ў нас усе ведаюць. Страшная баба. Прышыбееў у спаднiцы.

Сябра дапiў пiва, выцер рукавом пузырыстую пену з вуснаў.

– Як толькi ў якiм раёне хлопцы запiваюць, абкам туды Пiдуту шле, трэцiм сакратаром. Яна там i лютуе. У Азярышчы адразу ж два павiльёны зачынiла – на базары i ля аўтастанцыi. Дырэктару прамкамбiната за п'янку страгача ўляпiла, а потым за Несьцяронка ўзялася. Па пяць разоў на днi ў рэдакцыю заходзiла, з вобласьцi брыгаду сацыёлягаў выклiкала – дасьледаваць работу рэдактара. Карацей, увесь плех небараку пераела. Аднойчы прыйшла ў рэдакцыю – Несьцяронак якраз на гарышчы быў, у яго там у бутлях яблычнае вiно дасьпявала, – падышла да лазу i гукае: "Таварыш рэдактар, што вы там робiце?" Ну, а Несьцяронак ужо глынуў з бутлi, душа рвалася на волю, ён i вырашыў... пажартаваць. Раней у рэдакцыйным будынку бязногi iвалiд жыў, пасьля яго на гарышчы два старых пратэзы засталiся. Ну i пажартаваў: зьняў штаны, упiхнуў у калашыньне пратэзы, загарлаў нема: "Бывай, Радзiма!" – i апусьцiў штаны ў лаз. Нiбыта ён засiлiўся. Пiдута, як толькi штаны пабачыла, адразу самлела: iнсульт, заварот кiшак i штосьцi там па жаночай лiнii. Несьцяронак глянуў долу i, як быў у трусах, так i скацiўся па драбiнах. Пачаў штучнае дыханьне рабiць – рот у рот. Тут прыбiральшчыца прыбегла – загаласiла на ўсё Азярышча. Падумала, што рэдактар трэцяга сакратара гвалтуе. Карацей, схапiў Несьцяронак Галiну Спартакаўну за голыя лыткi, гукнуў свайго намесьнiка, i ўдвох паперлi самлелую бабу ў больнiцу.

Ну, ведама, людзi сабралiся – нават прадаўшчыцы з суседняй крамы прыбеглi. Убачылi Несьцяронка ў трусах i вырашылi, што трэцi сакратар пад iм самлела.

На наступны дзень розных камсiсiй панаяжджала, крымiнальную справу завялi, але неўзабаве ўсё ацiхла. Пiдута ў больнiцы паўгода качалася, потым у санаторыi адпачывала, але так дарэшты i не ачуняла. Цяпер у Азярышчы таварыствам аховы помнiкаў кiруе.

– А Несьцяронак? – дрогкiм голасам запытаў Макар.

– На поўнач зьехаў, да роднага брата. Брат ягоны ў Надыме працуе.

Хвiлiну сябры палiлi, засяроджана паглядаючы на пустыя кухлi, пасьля чаго Лёнька Холад iкнуў i бадзёра паведамiў:

– Не сумуй, у мяне ў тых мясьцiнах стрыечны брат жыве – ён мне пра ўсё гэта i распавёў. Мiшкам завуць. Прозьвiшча Мандрык. Калi што – дапаможа.

Уражаны аповедам, Макар запiсаў рэквiзыты Лёнькавага брата ў нататнiк i ўспомнiў пра iх толькi празь месяц, калi прыехаў у Азярышча.

Дзень той запомнiўся да драбностак.

На дварэ быў верасень, i першы жаўталiст, узьвiхураны цягнiком, цiха ападаў долу. Скочыўшы з вагоннай прыступкi, Макар схапiў адзiн лiсьцiк, сьцiснуў зубамi чаранок i пасьмiхнуўся нязыркаму сонцу, што прабiвалася скрозь вецьце высокiх бяроз. Ён паблукаў па прыстанцыйным базарчыку, на якiм пяцёра скурчаных бабуль прадавалi грыбы абабкi й недасьпелыя брусьнiцы, прайшоўся па галоўнай азярышчанскай вулiцы, пазначыўшы свае новыя, яшчэ не разношаныя туфлi попельна-шэрым пылам, пастаяў, як той вiцязь перад Галавою, ля помнiка правадыру i, спытаўшы п'янаватага дзядзьку, дзе месьцiцца рэдакцыя, падаўся ў той бок, куды кiўнуў, мацюкнуўшыся, азярышчук.

Рэдакцыйны будынак – прысадзiсты, урослы ў зямлю, – нiчым ня розьнiўся ад вясковай хаты, адно што пад вокнамi не буялi флёксы, а на пазадзьдзе адсутнiчаў хляўчук. Керхануўшы дзеля салiднасьцi, Макар увайшоў у вохкi прыцемак, пашукаў вачыма прастакутнiк лаза на столi i, не без хваляваньня, падышоў да абабiтых дэрмацiнам дзьвярэй.

У маленькiм, упрыгожаным выцьвiлымi плякатамi габiнэце, сядзеў сярэдняга веку мужчына ў швэдры i, мылячы вуснамi, штосьцi размашыста пiсаў на абрыўку паперы.

Мужчына, не перарываючы пiсанiны, скасiў пукатае вока, запытальна таргануў падбародзьдзем, а ўбачыўшы валiзу, ускочыў з крэсла.

– Хамiцкi, Сазон Пятровiч, – адрэкамэндаваўся гаспадар габiнэту, працягнуўшы хударлявую руку. – Даўно вас чакаем. Ужо i ў абкам тэлефанавалi. Ад працы ж проста захлынаемся. Вось, пiшу, – вiнавата пацёр далонi Хамiцкi, справаздачу з партсходу на прамкамбiнаце. Цiкавы атрымаўся сход. Было некалькi прынцыповых выступленьняў.

"П'е, – падумаў Макар, увабраўшы носам цяжкое, прыпраўленае пiўнымi парамi i пахам мышынага гаўна паветра.

Сазон Пятровiч яшчэ добрых паўгадзiны апавядаў аб складанасьцях журналiсцкай працы, казаў пра тое, што яму, адказнаму сакратару, даводзiцца выконваць рэдактарскiя абавязкi – хадзiць на партсходы i нарады, пiсаць справаздачы ды розныя афiцыйныя матэрыялы, а калi, суняўшыся на хвiлю, спытаў, цi не схадзiць iм у мясцовы рэстаран паабедаць, Макар засьцерагальна кашлянуў i, пасунуўшы блiжэй да сьцяны валiзу, паведамiў:

– Я ў райкам. Хутка буду.

"Разьвiнцiўся без начальства... Сядзiць у габiнэце i пляшка пад сталом, -падумаў Макар грукнуўшы дзьвярыма. – Я гэтаму Хамiцкаму рогi пазьбiваю. Забудзе – у якiм баку гарэлачная крама".

Апанаваны думкамi аб мацаваньнi працоўнай дысцыплiны, ён дабрыў да райкама – навюткай чатырохпавярховай будынiны – i, узьбiраючыся на высокi ганак, вырашыў на першым жа паседжаньнi бюро райкама ўзьняць пытаньне аб пераводзе рэдакцыi ў больш прыстойныя апартамэнты.

Паблукаўшы па пустых калiдорах, ён знайшоў, нарэшце, сэктар улiку, адчынiў дзьверы i нечакана аслупянеў, забыўшыся i на Хамiцкага, i на працоўную дысцыплiну, i на новыя апартамэнты. За перагародкай, якая падзяляла габiнэт на дзьве паловы, стаяла жанчына i, паставiўшы на крэсла зграбную нагу, падцягвала белую панчоху. Ён угледзеў мацiцовае, не прыхаванае капронам сьцягно, адчуў падатлiвасьць маладога жаночага цела, i душа ягоная, а разам зь ёю i нiжняя скiвiца суладна затрымцелi.

Iншая кабета ў такой сытуацыi схамянулася б, таропка абцягнула спаднiцу, а гэтая, убачыўшы наведнiка, задуменна палашчыла калена, уздыхнула i толькi тады падышла да перагародкi.

Дрогкай рукой ён перадаў дакумэнты, разоў дваццаць перапiсаў заяву з просьбаю паставiць яго на ўлiк, а выкулiўшыся з габiнэту, столькi ж разоў перачытаў па складах прозьвiшча загадчыцы на цьмянай шыльдзе.

– Да-ну-та Ста-нiс-ла-ваў-на Франц-ка-вяк.

Ну, а першае, што ён убачыў, вярнуўшыся ў габiнэт адказнага сакратара, былi пляшка гарэлкi i дзьве бляшанкi кiлек у тамаце.

– Абмыць жа трэба... – лiсьлiва прамовiў адказны сакратар, прыхоўваючы за сьпiнаю мiтусьлiвыя рукi.

Думкi блыталiся ў галаве; ён не адразу ўцямiў – што трэба абмываць, i толькi праз хвiлiну, суняўшы хваляваньне, загадна махнуў рукой:

– Пайшлi на прыроду!

Яны прыселi пад кустом бузiны, непадалёку ад рэдакцыi, i Хамiцкi, завiхаючыся з пляшкай, раз-пораз паглядаў праз шчылiны штыкетнiку на рэдакцыйны ганак. Разьлiваючы гарэлку, адказны сакратар нечакана наструнiўся i злавесна прашаптаў:

– Пiдута...

У прасьвецьцi мiж штыкецiн варушылася нечая пахiлая постаць.

Хамiцкi кульнуў шклянку, закiнуў у рот кiльку i, жуючы, распавёў страшную гiсторыю пра тое, як ягоны былы шэф ледзь ня збыў са сьвету трэцяга сакратара райкама. Хамiцкi рыхтык паўтарыў аповед Лёнькi Холада, за выключэньнем аднае дэталi: штаны Несьцяронак усё ж такi пасьпеў насунуць, але не пасьпеў зашпiлiць; яны зрэшты рэшт звалiлiся, i рэдактар, заблытаўшыся ў калашыньнi, павалiўся разам зь Пiдутаю пасярод больнiчнага двара.

– Ходзiць цяпер, вiжуе, ды дакладныя запiскi ў абкам пасылае, карга лупатая, – Хамiцкi налiў па другой i, ўзьняўшы шклянку, дадаў: – Тут нядаўна яшчэ адна халера зьявiлася – Касьян Пракопавiч Зёх.

Адказны сакратар глынуў гарэлiцы, а паколькi думаў аб непрыемным, дык папярхнуўся, закашляўся i скрозь кашаль растлумачыў:

– Адстаўнiк... мэмуары... эх-хы... эх-хы... пiша. Я ад яго... эх-хы... эх-хы... у шафе хаваюся.

Калi гарэлка была дапiтая, Хамiцкi падхапiўся, падцягнуў нагавiцы i, кiнуўшы кароткае: – Я зараз, – зьнiк за кустамi.

"Цудоўны хлопец!" – падумаў Макар пра свайго адказнага сакратара i яшчэ падумаў, што выбiваць новыя апартамэнты, вiдаць, ня варта, бо тут, сярод кустоў бузiны i глогу, яно зацiшней i заўсёды можна ўзяць чарку, не адыходзячы далёка ад рэдакцыi.

Хамiцкi вярнуўся хвiлiн праз дзесяць i, зразумела, не з пустымi рукамi. Яны кульнулi яшчэ па сотцы, укiнулi ў раты па цыгарэце, i Макар запытаўся пра тое, што даўно сьпела на канцы языка.

– А-а... Данута Станiславаўна... – прамармытаў Сазон у адказ, зацягнуўся пякучым дымам i распавёў пра трох Дануччыных мужоў, адзiн зь якiх засiлiўся, другi ўтапiўся ў Гатаўскiм возеры, а трэцi завэрбаваўся матарыстам на гандлёвы флёт, i з той пары яго ў Азярышчы нiхто ня бачыў.

– Тут шмат хто да яе ласы, ды яна баба гордая. Усiх адшывае. – Сазон спахмурнеў, а Макара такiя словы ня толькi натхнiлi, але й засмуцiлi. Данута, гэтая недаступная для мужчын кабета, дэманстравала свае ногi, а ён, недарэка, стаяў як слуп, ня здолеўшы сказаць камплiмэнта.

Неўзабаве i другая пляшка паляцела ў кусты, i па шамрэньнi лiсьця Макар заразумеў: насьпела ягоная чарга лезьцi ў кiшэню.

Разам з грашыма ён выцягнуў зашмальцаваны нататнiк, перагарнуў старонкi, п'янавата зiрнуў на сабутэльнiка.

– Ты, часам, Мандрыка Мiхаiла ня ведаеш?

– Мiшку?! Мандрыка?! – не сваiм голасам галёкнуў Хамiцкi i, нiчога больш ня кажучы, паведамiў, што бачыў Мiшкавы "казёл" ля мясцовага рэстарана.

Азярышчанскi рэстаран "Калiна красная" скаланаўся ад папулярных песень i сiплага баса кучаравага здаравiлы, якi сядзеў за крайнiм столiкам, бязладна падпяваючы рэстаранным музыкам. Лёнька Холад нiчога не казаў пра свайго брата, але Макар, убачыўшы здаравiлу, iнтуiтыўна прызнаў у iм таго самага Мандрыка. I не памылiўся, бо калi ўладальнiк сiплага баса загарлаў зусiм шалёным голасам, Хамiцкi шматзначна кiўнуў галавой.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю