355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Винцесь Мудров » Калодзеж (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Калодзеж (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 00:43

Текст книги "Калодзеж (на белорусском языке)"


Автор книги: Винцесь Мудров



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)

Як нi дзiўна, Лёшка таго дня падняўся а сёмай гадзiне. Раней спаў да абеду, а тут зьлез з гарышча, змачыў твар у каровiным вядры i падаўся ў вёску.

– Ты ж хоць малака папi, – гукнула ўсьлед Матруна, але пляменьнiк нават не азiрнуўся.

... У хаце мерна тахкалi ходзiкi, ля ног, скруцiўшыся абаранкам, спаў кот Базыль, сонная дрымота цьвелiла павекi i Матруна ўжо кульнулася на бок, каб паспаць якую гадзiнку, ды тут на вулцы залапатаў трактар i сон зьляцеў з павекаў. "Каго там чэрцi прыгналi?" – падумала Матруна, зiрнуўшы ў вакно. Па вулiцы, уздымаючы пыл i матляючы прымацаваным да заду каўшом, ехаў пецькавы "беларус".

– Лётае як шалёны, паратунку няма, – выдыхнула Матруна, iзноў кульнулася на бок, але вачэй не заплюшчыла, стала цiкаваць левым – чуйным вухам – куды паехаў трактар.

"Беларус" мiж тым лапатнуў наастачу i загуў лагодна i суцiшна, спынiўшыся дзесьцi ля канавальчыкавай хаты. Пачулiся няўцямныя галасы, ляснула жалезьзе i трактар iзноў завуркатаў натужна i перарывiста. Матруна скацiлася з ложку, абарвала ў сьпешцы фiранку, што вiсела на дзьвярах сьвятлiцы i так, з фiранкай на плячы, i выбегла з хаты. Пецькавы трактар падхапiў каўшом груд зямлi, падняў угору i з каўша ценькiм струмком пасыпаўся той самы пясочак. Яна хацела крыкнуць, але для крыку не хапiла паветра.

– А што ж... а што ж гэта робiцца? – выдыхнула Матруна, шыбуючы да трактара, i сусед Канавальчык, якi стаяў на дарозе i дымiў цыгаркай, патлумачыў: – А то ня бачыш? Мальцы калодзеж рыюць.

– Яшчэ тры каўшы – i хопiць... Далей рыдлёўкай, – крыкнуў пляменьнiк Пецьку Халiмонаву i гэта былi апошнiя словы, пачутыя Матрунай. Увушшу зазьвiнела, потым зашумела, нарэшце, загуло, зямля кульнулася пад нагамi i душу Матрунiну спавiла зьнямоглая цiша.

2

Сакратарка Iя – элегантная саракагадовая кабета з выскубенымi брывамi i з моднай "хiмiяй" на галаве – набрала нумар дарожнага ўчастку, прыцiснула да вуха слухаўку.

Участак доўга не абзываўся, нарэшце азваўся залiвiстым дзявочым голасам: Алё-о...

– Прымiце тэлефанаграму, – прамовiла сакратарка i, не чакаючы, пакуль дзяўчына схопiць асадку, прадыктавала: – Таварышу Даўбешку Эл Пэ зьявiцца на закрытае паседжаньне Бюро райкаму. Пачатак а шаснаццатай гадзiне.

– На закрытае? – перапыталiся на ўчастку, i змучаная такiмi пытаньнямi сакратарка па складах паўтарыла: – За-кры-та-е.

Iя выцягнула з шуфляды стала люстэрка, мелькам паправiла кудзеркi на лобе i ў гэты момант у прыёмную вужакай прасьлiзнуў старшыня спорткамiтэту Мурленя.

Мурленя прайшоўся, як гэта ён заўсёды рабiў, уздоўж сьцяны, спынiўся пад партрэтам правадыра, запытальна кiўнуў у бок абабiтых дэрмацiнавым матрацам дзьвярэй.

– Рыхтуецца да паседжаньня Бюро. Прасiў нiкога не пускаць, – паведамiла Iя, не адрываючы вачэй ад люстэрка.

– А што... закрытае? – стоена запытаўся Мурленя.

У вадказ сакратарка роблена ўздыхнула, замутнiўшы люстэрка, i старшыня спорткамiтэту, гэткiм жа чынам – уздоўж сьцяны – падаўся ўпрочкi. Дзьверы прыёмнай цiхенька рыпнулi i абудзiлi тэлефон нутраной сувязi. Тэлефанавала Шура Неўмывакiна з прамысловага аддзелу.

– Iечка... Бюро закрытае?

– Закрытае, – прастагнала сакратарка.

– А па якiм пытаньнi?

– Не дакладваў! – слухаўка высьлiзнула з рукi, ляснулася на вагар, ды так хвацка, што з носу сакратарчынага пасыпалася пудра.

Iя i сапраўды ня ведала – пра што будуць гаманiць на паседжаньнi, таму i нэрвавалася. Iнтрыгу надавала i тое, што з вобласьцi мусiў прыехаць супрацоўнiк абласной управы КГБ. Ранiцай, калi шэф узяў яе руку i, па старой звычцы, правёў языком мiж пальцаў, яна запыталася – на якую халеру едзе чэкiст i шэф, паправiўшы гальштук, паўжартам адказаў: "Iя, сакрэты ёсьць ня толькi ў жанчын, але i ў партыйных работнiкаў".

"Божухна, у яго яшчэ ёсьць нейкiя сакрэты, – падумала Iя, згадаўшы ранiшнюю размову, – гэты ёлупень думае, што й практыкаваньнi на зялёным стале – вялiкi сакрэт. А пра iх ужо ведае апошнi сабака ў Азярышчы". Сакратарка згадала, што акурат учора ёй давялося зацiраць анучкай тое месца на стале, дзе звычайна сядзеў старшыня райвыканкаму Кабяк i, страсянуўшы кудлатай "хiмiяй", стала набiраць нумар апошняга запрошанага на паседжаньне – дырэктара райхарчпрамгандлю Ванзовiча.

А тым часам у Матрунiнай хаце, расклаўшы на двух табурэтах мэдычнае прычандальле, маладзенькая фэльчарка Нiна набiрала ў шпрыц вадкiя лекi.

– Я ж, дачушка, ужо i сама магу прыйсьцi. I карову даю, i канюшыну ўчора дакасiла, – прамаўляла цётка Матруна, казелячы вокам на шпрыц.

– Навошта ж вам хадзiць? Амбуляторыя на другiм канцы вёскi. А мне прайсьцiся – адно задавальненьне... Кашулю падымiце... – Нiна толькi сёлета скончыла мэдвучэльню i таму рабiла ўсё, як мае быць: паляпала па пэўнай мясьцiне, працёрла ледзь ня ўвесь азадак прасьпiртаванай ватай, нарэшце замружыла вочы i ўбiла iголку крыху нiжэй хвастца.

Цётка Матруна хварэла. Цэлы месяц адлежала ў пасьцелi i толькi сёньня, адчуўшы палёгку, стала на ногi: падаiла ранiцою карову, потым рушыла касiць канюшыну, i Карпачысе, якая апекавала яе пад час хваробы, давялося з крыкам i гвалтам адбiраць касу.

– А што ж ты мне, дачушка, колеш? – запыталася Матруна, абцягнуўшы кашулю. – Ужо ж надта пякучыя, усё адно як жарынка заляцела...

– Спазмалiтычны сродак. Зьнiжае крывяны цiск, – фэльчарка зьняла з твару марлевую маску, з палёгкаю ўздыхнула. – Вам, Матрона Iванаўна, яшчэ паляжаць трэба пару дзён. I нiякай цяжкой працы. Адно лёгкiя прагулкi, – фэльчарка закрыла валiзу i наструнiла слых: да хаты з вуркатлiвым гудам наблiжалася легкавушка.

Яшчэ хвiлiна – i ля весьнiц, узьняўшы пылюку, спынiлася шэрая "волга". Легкавушка вуркатнула наастачу, суцiхла i зь яе вылез мужчына ў даўжэзным, мышастага колеру, плашчы i ў гэткай жа шэрай кепурцы. Мужчына ляснуў дзьверкай, нюхнуў паветра, зiрнуў на гадзiннiк.

– Госьцi да вас, Матрона Iванаўна, – пралепятала фельчарка Нiна, а цётка Матруна, прыўзьняўшыся на локцi, ўсхвалявана пралепятала: – I хто ж гэта сунецца?

У прысенку грукнулi дзьверы, ляснула вядро, пачулiся стрыманыя мацюгi, потым мяккi шоргат – мужчына шукаў у цемры дзьвярную клямку, i фельчарка, пачуўшы такое, кiнулася да дзьвярэй.

Сьпехам апранаючыся, Матруна чула, як госьць штосьцi прабубнеў, стоячы на ганку, Нiна штосьцi адказала, пасьля чаго мужчына кашлянуў i цяжкой ступою ўвайшоў у сьвятлiцу. Не сказаўшы нi слова, госьць прайшоўся ад дзьвярэй да стала, потым ад стала да дзьвярэй, нарэшце тупнуў нагой па падлозе i толькi тады адрэкамэндаваўся:

– Я з аддзела сацзабесьпячэньня. Дасьледуем умовы пражываньня пэнсiянэраў.

У наступную хвiлiну госьць аблашчыў позiркам фэльчарку Нiну, якая прайшлася пад вокнамi i з задуменнай разважлiвасьцю прамармытаў:

– Масьнiцы... гуляюць. Могуць i абламiцца.

– Гуляюць, добры чалавек. Хату ж яшчэ мой прадзед ставiў, царства яму нябеснае, – паведамiла Матруна асiплым ад хваляваньня голасам.

Госьць спахмурнеў, прысеў на табурэт, з роспачным уздыхам прамовiў:

– Мала... мала ўвагi мы надаем пэнсiянэрам!

Матруна кiўнула на знак згоды, выцерла ражком хусткi здранцьвелыя вусны, а госьць, дастаўшы з кiшэнi блякнот, прымасьцiў яго на касьцiстым калене.

– Тэлевiзара ў вас, гляжу, няма...

– Няма, добры чалавек... Да суседкi хаджу на целевiзер. Зiмой дык кожны вечар хадзiла. Паказвалi, памятаю, гэтага... як яго... ну, прыгожы такi мужчына... у нямецкай форме...

– Шцiрлiц, можа? – незадаволена буркнуў госьць.

– А во-во... Шцiрлiц... ён самы, – усхапiлася Матруна, а госьць, зiрнуўшы на столь, прамовiў кароткае слова "люстра" i стаў пiсаць у блякноце.

– У вас сваякоў паблiзу няма? – запытаў госьць, не перарываючы пiсанiны.

– Сястра ў мяне. У Ленiнградзе жыве, – суцiшна прамовiла Матруна, спрабуючы ўцямiць – навошта чалавек пра гэта пытаецца.

– Ленiнград, на жаль, далёка, – мужчына падняўся на ногi, паправiў на галаве кепку, валюхаста пайшоў да дзьвярэй, а сьледам за iм дробна затупала цётка Матруна.

На падворку госьць хiтнуў рукой плот i, зiрнуўшы ў бок хлява, неўцямна прамармытаў: – А дзе тут у вас... гэты самы... – чалавек крутнуў у паветры абедзьвума рукамi i Матруна залыпала вачанятамi. – Ну, разумееце? – чалавек iзноў крутнуў рукамi, потым крутнуў галавой, але цётка Матруна не зразумела i чалавек, махнуўшы рукой, пашыбаваў да машыны.

Па дарозе госьця пераняў Канавальчык.

– Шофэр кажа, што вы з райсабесу, дасьледуеце бытавыя ўмовы.

– Ну, – незадаволена выдыхнуў райсабешчык.

– Дык, можа, вы б i маю хату паглядзелi? Жыць нема як... страха цячэ, заенчыў Канавальчык, а райсабешчык, адчынiўшы дзьверцы, каротка прамармытаў: Другiм разам.

Калi машына, скрыгатнуўшы счэпам, кранулася зь месца i накрыла Канавальчыка пыльнай аблачынай, той сплюнуў рыплiвую сьлiну i са злосьцю прасiпеў: – Нямецкiх падсьцiлак дасьледуюць, а на нас х... паклалi, с-сукi.

I хаця Матруна была глухаватая, словы гэтыя даляцелi да вушэй i ачунялае было сэрца iзноў заныла i попельна-шэрая зямля паволi паплыла пад нагамi.

Ранейшым часам паседжаньнi Бюро райкама заўсёды пачыналiся са спазненьнем. Цяпер жа, не пасьпеў масыўны гадзiньнiк, што стаяў у куце, бомкнуць чатыры разы, як гаспадар габiнэту падняўся з-за стала, абцягнуў, як гэта робяць вайскоўцы, пiнжак i непракерхана прамовiў:

– Таварышы!

У дальнiм канцы стала начальнiк дарожна-будаўнiчага ўчастка Даўбешка рыпнуў крэслам i дрыжачымi рукамi разгарнуў блякнот.

– Сёньняшняе паседжаньне закрытае, таму папрашу не рабiць нiякiх запiсаў, – прамоўца кашлянуў, а Даўбешка, схапiўшы са стала блякнот, выпусьцiў яго з рук i зашоргаў нагамi, падганяючы блякнот блiжэй да крэсла: у мiнулы панядзелак Даўбешка завёз самасвал асвальту на лецiшча генэрала Карзо, быў схоплены абэкаэсьнiкамi* i цяпер хваляваўся, чакаючы разгляду сваёй пэрсанальнай справы.

* Супрацоўнiкi АБКС – аддзела барацьбы з крадзяжом сацыялiстычнай уласьнасцi i спэкуляцыяй.

– Павiнен адразу сказаць, што справа, якую мы сёньня разглядаем, знаходзiцца на кантролi абласнога камiтэта партыi, таму i стаўленьне да яе мусiць быць адпаведным.

Даўбешка iзноў заварушыўся i старшыня райвыканкаму Кабяк пастукаў алоўкам па графiну.

– У двух словах сутнасьць справы можна сфармуляваць так: да нас едзе заходнегерманскi журналiст.

Такую вестку прысутныя стрэлi шоргатам ног i дружнай кашлянiнай.

Гаспадар габiнэту вытрымаў паўзу, таксама кашлянуў i працягваў: – Што сабой уяўляе шпрынгераўскi друк i ў якiм сьвятле падаецца там зьнешняя i нутраная палiтыка нашай дзяржавы, казаць ня буду. Вы, таварышы, ведаеце пра тое ня горш ад мяне. I таму наша задача сёньня – выявiць палiтычную пiльнасць i паказаць заходняму госьцю ўсё лепшае, што маем. Задача, скажу вам, даволi складаная, бо заходнi госьць мерыцца наведаць калгас "Шлях камунiзму" – ня самы моцны ў раёне.

Прамоўца пашукаў вачыма Бамбiзу – старшыню памянёнага калгасу, у гэты момант дзьверы габiнэту прачынiлiся i з проймы вытыркнулася кудлатая жаночая галава.

– Мiрон Пятровiч! – выгукнула сакратарка i прамоўца рушыў да тэлефону.

– Слухаю, Мiрон Пятровiч! – гаспадар габiнэту павярнуўся тварам да прысутных, шматзначна кiўнуў галавой. – У нас зараз партбюро па гэтым пытаньнi. Так, Мiрон Пятровiч, я iх папярэдзiў – поўная канфiдэнцыйнасьць...

– З абкаму званiлi, – патлумачыў гаспадар габiнэту, скончыўшы размову, i Кабяку iзноў давялося стукаць алоўкам па графiне, каб суняць бязладны шэпт i шоргат.

– А хто яго сюды запрашаў? – гукнуў з дальняга канца стала Даўбешка.

Сябры Бюро iзноў загаманiлi i цяпер ужо гаспадару габiнэта давялося стукаць алоўкам спачатку па графiне, а потым па стале, дамагаючыся цiшынi.

– Таварышы, вытрымка – перш за ўсё. Пытаньнi будзем задаваць прыканцы паседжаньня. А зараз я даю слова Iвану Пятровiчу Газiну – супрацоўнiку абласнога ўпраўленьня Камiтэта дзяржбясьпекi. Ён i распавядзе – што за гусь ляцiць на нашыя палеткi.

Iван Пятровiч Газiн, немалады ўжо чарнавалосы мужчына, нетаропка падняўся з-за стала, гэтак жа нетаропка перагарнуў старонкi таўшчэзнага нататнiку.

– Пачну без прэамбул, – прамовiў Iван Пятровiч, мелькам зiрнуў на прысутных i ў габiнэце запанавала мёртвая цiшыня. – Да нас едзе нехта Лётар Бомбах, супрацоўнiк крайне правай, бульварнай газэткi "Бiльд-цайтунг", якую выдае славуты Аксэль Шпрынгер. Вас, вядома ж, цiкавiць пытаньне: "Навошта ён едзе i чаму менавiта ў вёску Бычкi?" Паводле афiцыйнай вэрсii гэты вiзытэр, нiбыта, хоча наведаць мясьцiны, дзе пад час вайны знайшоў сваю бясслаўную сьмерць ягоны бацька, Бэртрам Бомбах. Мы, зразумела, паднялi адпаведныя дакумэнты i высьветлiлi, што яфрэйтар Бомбах i сапраўды знаходзiўся ў складзе 286-га ахоўнага палка i ў жнiўнi 43-га, падчас начнога бою, быў зьнiшчаны партызанскай групай атрада iмя Панамарэнкi. Па сьведчаньнi Зьмiцера Нiкандравiча Дзенiсенкi – былога камандзiра атрада, ён асабiста застрэлiў фашыста на ўскрайку вёскi Бычкi. Пра тое ж сьведчаць i паказаньнi здраднiка Радзiмы Рыгора Таўпiлы, якi бачыў труп забiтага фашыста.

Чэкiст на хвiлю перапынiўся i, лiзнуўшы палец, перагарнуў старонку.

– Узьнiкае яшчэ адно пытаньне: "Чаму гэта шпрынгераўскi пiсака сорак гадоў сядзеў у сваiм Гамбургу, а цяпер выправiўся ў Бычкi шукаць магiлку свайго бацькi? I цi ня ёсьць усё гэта прадуманай палiтычнай правакацыяй?" Мы высьветлiлi i гэта пытаньне i мусiм канстатаваць, што ў гэтай справе, на вялiкi жаль, замяшаныя i нашыя савецкiя людзi. А менавiта: навучэнец 49-й ленiнградзкай вучэльнi мэталiстаў Аляксей Клячкiн. Знаходзячыся на адпачынку ў сваёй цёткi, жыхаркi вёскi Бычкi Матроны Апалонiк, гэты дзяяч знайшоў на гародзе жэтон забiтага немца i, прыехаўшы ў Ленiнград, занёс яго ў нямецкi кансулят. Заўважу, таварышы, што зрабiў ён гэта далёка не з гуманных пачуцьцяў: за такiя жэтоны немцы плацяць добрыя грошы, прычым валютаю.

Пачуўшы пра валюту, грамада разам загаманiла, зарыпела крэсламi, а дырэктар райхарчпрамгандлю Ванзовiч ад хваляваньня нават укiнуў у рот цыгарэту, ды згадаўшы, што iдзе паседжаньне Бюро, пiхнуў цыгарэту ў нагрудную кiшэнь.

– У размове з работнiкам кансуляту Аляксей Клячкiн паведамiў таксама, што ягоная цётка асабiста ведала забiтага немца i гэтую вэрсiю мы цяпер спраўджваем.

– А хто яму дазволiў цягацца па кансулятах? – гукнуў з канца стала няўрымсьлiвы Даўбешка.

– Мы задалi гэтае пытаньне ленiнградзкiм таварышам... Як мы зразумелi з адказу, у паўночнай сталiцы ў гэтым пляне пануе лiбэралiзм. Калi б заходнегерманскi кансулят месьцiўся ў нас, розныя шпанюкi там бы не цягалiся.

Пасьля такiх слоў члены Бюро ўхвальна загаманiлi, Даўбешка – той быў узрадаваны, што яго не разьбiралi, таму i лез з пытаньнямi – гукнуў: – Што зь сябе ўяўляюць нямецкiя жэтоны? – але чэкiст ня стаў адказваць, кiўнуў гаспадару габiнэта i гэтак жа павольна, як i ўставаў, апусьцiўся на крэсла.

Члены Бюро яшчэ пару хвiлiнаў перамаўлялася, потым суцiхлi i наставiлi вочы на гаспадара габiнэту. Гаспадар сядзеў у задуменнай паставе, мерна стукаў асадкай па стале. Невядома – колькi доўжылася гэтае напружанае маўчаньне. Хвiлiну, дзьве, а можа i ўсе тры. I вось, нарэшце, гаспадар габiнэту налёг грудзiнаю на стол i здушана прамовiў:

– Мы, таварышы, ня можам прымусiць заходняга вiзытэра напiсаць пра нашыя дасягненьнi. I, магчыма, плёнам ягонага вiзыту стане фотаздымак якой-небудзь вясковай прыбiральнi на старонцы нямецкай газэты. I ўсё ж сустрэць госьця мы мусiм належным чынам, прадэманстраваўшы нашыя здабыткi i шчодрасьць славянскай душы. Гэта не мае словы, а дырэктыва абласнога камiтэта партыi, – прамоўца зрабiў кароткую паўзу i з партыйнай рашучасьцю ў голасе прамовiў: – Слова мае Куксёнак Тарзан Пятровiч.

Загадчык сельгасаддзелу спружна падхапiўся, правёў даланёй па плеху.

– Я, таварышы, толькi што з Бычкоў... Назад ехалi, сьпяшалiся i ў вынiку райкамаўская "волга" стала на рамонт, – загадчык сельгасаддзелу зiрнуў на Даўбешку i кудлатая даўбешкава галава ўехала ў плечы, не раўнуючы як сьлiмачыная галава ў ракавiну. – Да Балбекаў яшчэ неяк можна ехаць, а потым калдабан на калдабане, – Тарзан Пятровiч перавёў дых, дастаў з кiшэнi пашарпаны блякноцiк. – Хата, у якой жыве Матрона Апалонiк, пабудаваная за царом Гарохам. Масьнiчыны гнiлыя, ганак зусiм правалiўся. У хаце няма нават тэлевiзара...

– Вашыя прапановы, – перабiў Куксёнка гаспадар габiнэту i той, нi хвiлi не раздумваючы, выпалiў: – Сустрэнем немца ў доме Сьцяпана Мiканоравiча... старшынi калгаса. Дом з мансардай, паркет, санвузел... – Тарзан Пятровiч мерыўся далей разьвiваць сваю думку, але, угледзеўшы незадаволенасьць на шэфавым твары, прыкусiў нiжнюю вусну i дробна залыпаў вачамi.

Шэф стукнуў асадкай па стале, керхануў у далонь i гэта азначала, што ён зьбiраўся некага паўшчуваць.

– Таварыш Даўбешка, – шэф хiтнуўся ў бок, спрабуючы сустрэцца вачыма з начальнiкам участку, – дагэтуль вы нам задавалi пытаньнi, настала пара i нам запытацца: "Калi будзе атрамантаваная бычкоўская дарога?" Вы што, чакаеце аргвывадаў? Мы трэцi год запiсваем у плян сацыяльна-эканамiчнага развiцьця пункт: "Асвальтаваньне дарогi Балбекi – Бычкi" i за гэтыя тры гады там нават грэйдзер не праехаўся...

– Эдуард Альфонсавiч... вы ж ведаеце... – пралепятаў Даўбешка, але шэф як i ня чуў таго лепятаньня. – Раённы камiтэт партыi дае вам два тыднi... Усе людзi, уся наяўная тэхнiка мусiць быць кiнутая на аб'ект. Не хапае тэхнiкi пазычайце ў суседзяў, ганiце каткi i грэйдзеры з Нэвеля, Вiцебску – адкуль хочаце. I ведайце – за гэтую дарогу вы адказваеце партбiлетам.

Эдуард Альфонсавiч выцер насоўкаю халодны пот з лобу, перавёў позiрк на загадчыка сельгасаддзела.

– Сядайце, Тарзан Пятровiч... Вы нас сваёй прапановай, шчыра кажучы, зьдзiвiлi, – шэф ляснуў асадкай па стале. – Ну, сустрэнем мы госьця ў старшынёўскай хаце... А што на гэта скажуць людзi? Вы пра гэта, Тарзан Пятровiч, падумалi? Каго мы хочам ашукаць – немца, цi самiх сябе?

У паветры завiсла гнятлiвая цiшыня, якую праз пару хвiлiн парушыў загадчык сельгасаддзела, плаксiва шморгнуўшы носам.

– Думаю, давесьцi да ладу вясковую хату ня так i цяжка. I тэлевiзар можна знайсьцi... у часовае карыстаньне... – ужо лагодным голасам прамовiў гаспадар габiнэту, зiрнуў на старшыню райвыканкаму Кабяка i той згаджальна страсянуў чупрынай.

Ранiцой наступнага дня цётка Матруна ўжо не ўставала з пасцелi i фэльчарка Нiна, зрабiўшы ўколы, узялася парадкаваць у хаце: памыла посуд, падмяла падлогу, згатавала кампот з антонавак, нарэшце, прысела на табурэт i стала чытаць уголас мясцовую газэту.

– Во, Матрона Iванаўна, паслухайце. Тут пра нашыя Бычкi пiшуць.

"Новае ў жывёлагадоўлi" – так называецца стэнд тэматычнай лiтаратуры, устаноўлены днямi ў памяшканьнi Бычкоўскага сельскага клюба. На стэндзе дэманструюцца матэрыялы Красавiцкага пленума ЦК КПСС, кнiжныя навiнкi выдавецтва "Ураджай", у тым лiку брашура нашага земляка, знатнага жывёлавода Э.Дымагарнага "Грамадзкаму статку – клопат i ўвагу". Кнiжны стэнд карыстаецца вялiкай увагай сяльчан".

– I хто ж гэта пiша? – пацiкавiлася цётка Матруна i наструнiла слых.

Пад вокнамi загула, а потым лагодна завуркатала блiскучая чорная "волга".

– Божухна, i што яны ўнадзiлiся... – прастагнала цётка Матруна, а фэльчарка Нiна, убачыўшы праз вакно чарговага цётчынага госьця – падхорцiстага дзядзьку ў шэрым капелюшы, падхапiла валiзку i падалася на двор.

Чарговы госьць увайшоў у хату нячутна – бяз рыпу, амаль бяз груку i тым самым напужаў гаспадыню. Паўстаўшы пасярод хаты, госьць злавесна пасьмiхнуўся, выцягнуў з кiшэнi нейкую кнiжачку, а цётка Матруна, самлеўшы, схапiлася рукой за фiранку, што вiсела ля ложка, i плюхнулася на пярыну.

– Дарма так хвалюецеся, Матрона Iванаўна... i занавескi дарма абрываеце, госьць дапамог гаспадынi сьцягнуць з галавы абарваную фiранку, спрытна прысеў на край табурэту. – Тым больш, мы ня маем да вас нiякiх прэтэнзiй.

Госьць кiнуў на стол капялюш, дастаў з нутраной кiшэнi нататнiк.

– Толькi два пытаньнi, Матрона Iванаўна... Цi ведалi вы такога Бэртрама Бомбаха?

Цётка Матруна залыпала вачанятамi, зацкавана страсянула галавой.

– А вы, Матрона Iванаўна, не сьпяшайцеся... Згадайце вайну. Успомнiце хто зь нямецкiх салдат да вас заходзiў, як вы iх сустракалi, – чакаючы адказу, госьць паляпаў нататнiкам па сьцягне...

– Дзiўна, – госьць засмучана ўздыхнуў, насупiў кусьцiстыя бровы, – а нам казалi, што вы гэтага ваяку добра ведалi, што ён часьцяком завiтваў у вашую хату.

Замарачны звон у вушах ператварыўся ў бязладны шум i Матруна зусiм ня чула – што кажа няпрошаны госьць i зрэдзьчасу, зусiм не да месца кiвала альбо трэсла галавою. I ўсё-такi тузiн словаў дапяў да вушэй.

–... Цалкам верагодна, што немец будзе даваць грошы. Возьмiце вы iх, цi не – вашая асабiстая справа, але мы б не рэкамэндавалi гэтага рабiць...

Пасьля таго цётка Матруна цiха войкнула, закацiла вочы, кульнулася на падушкi. У першае iмгненьне госьць падумаў, што цётка флiртуе, але потым ачуўся: пабег на кухню, сёрбнуў вады з вядра, пырснуў у твар зьнямоглай кабецiне i калi тая расплюшчыла вочы, схапiў капялюш i палахлiвым ценем высьлiзнуў з хаты.

У абед, разам з каровай, што вярнулася з поля, у Матрунчын двор завiтала Карпачыха. Суседка доўга навязвала наравiстую Зьвяздоху, грукала даёнкай, нарэшце ўбiлася ў хату.

– Ну, як ты тут? Цi палягчэла? – гукнула Карпачыха i тут жа дадала: – Я яго шукаю, падлюгу, а ён у кiнабудцы сядзiць, гарэлкай залiваецца. Другiм разам, далiбог, падапру калом, ды падпалю гэтую кiнабудку разам з п'янтосамi.

Карпачыха яшчэ пару хвiлiн лаяла цесьця i сунялася толькi тады, як Матруна войкнула i папрасiла зьбегаць па фэльчарку.

– У больнiцу трэба – хай бы падлячылi, – уздыхнула суседка i ўжо адчынiўшы дзьверы, крыкнула: – Унука пашлю, а то ж каровы стаяць нядоеныя...

Дзьверы стрымана грукнулi i – дзiўная рэч – Матруне адразу ж палягчэла. Сэрца ўжо не рвалося з грудзiны, увушшу не шумела i Матруна нават пачула, як бiлася ў шыбу зумклiвая восеньская муха. Звон у вушах заўсёды зьнiкаў, калi яна згадвала пра больнiцу – гэтае, ва ўяўленнi Матруны, страшнае месца, дзе яна за сваё жыцьцё так нiколi i не пабывала i дзе, па чутках, людзей рэзалi, поркалiся ў нутры, а потым зноў сшывалi.

У хляву рыкнула нядоеная Зьвяздоха, муха стукнулася ў шыбу i пачала кружляць над галавою, а ў самой галаве сталi кружляць беспакойныя думкi. "I чаго яны да мяне прычапiлiся?" – падумала Матруна, згадаўшы нязваных гасьцей. Асаблiва яе ўстрывожыў мужчына ў капелюшы, якi пытаўся пра немца. – Цi не Канавальчык што набрахаў? – прашаптала Матруна i тут жа супакоiла сябе на думцы, што мужчына, вiдаць, яе з кiмсьцi пераблытаў. Муха iзноў стукнулася ў шыбу, а на двары пачулiся шаргатлiвыя крокi. Прычым iшлi вiдавочна не Карпачыха з фэльчаркай, бо знадворку кашлянулi, мацюкнулiся, грукнулi дзьвярыма, ды так, што парахня пасыпалася са столi i нехта сiплым голасам прамовiў: "Ня ўлезе, давядзецца пiлаваць". Другi мужчына гойкнуў: "Улезе!", а Матруна спалохана перахрысьцiлася i прашаптала:

– Каго там яшчэ прынесла?

Мужчыны доўга валтузiлiся ў прысенку, нарэшце ўвалiлiся на кухню i Матруна з жахам убачыла, як у сьвятлiцу, падчапiўшы квяцiстую фiранку, уехала тоўстае габляванае бервяно.

– А божухна, – выдыхнула Матруна i ў той жа мiг ўгледзела барвовы твар карпачысiнага зяця: Казiк трымаў цяжкое бервяно i зморана аддзiмаўся.

– Прыйшлi, цётка Матруна, падлогу табе замацаваць, – засоплена i не зусiм цьвяроза прабубнеў "западэнец", прымасьцiўшы бервяно на калена, – так што выбачай – патурбоцiм.

Хлопцы – а разам з Казiкам у хату ўвалiлiся Васька Халiмонаў ды Пецька Траян – паклалi бервяно, зморана ўздыхнулi i ў хаце запахла гарэлкай.

– З раёну званiлi. Загадалi ўмацаваць падлогу, – патлумачыў Казiк. – I ганак паправiць, – гукнуў праз Казiкава плячо Халiмонаў – немалады ўжо мужчына, якога летась пазбавiлi шофэрскiх правоў i перавялi ў цесьлi.

Казiк раскрыў рот, каб яшчэ нешта сказаць, ды тут у хату ўбiлася цешча.

– Вы што! – гракнула Карпачыха ад парога, – зусiм ад гарэлкi пашалелi? Зь бервяном у хату лезуць!

– Старшыня паслаў, – уставiў слова Пецька Халiмонаў, – загадаў падлогу ўмацаваць, як ветэрану працы.

– Дык што ж вы, будзеце мазгатаць хворай жанчыне над вухам? – не сунiмалася Карпачыха i зяць, адвёўшы вочы, плаксiва прамармытаў: – А можа яе да нас? Хай пажыве пару дзён, пакуль мы ўправiмся.

Цешча неяк дзiўна паглядзела на зяця i, цi не ўпершыню ў жыцьцi, пагадзiлася зь зяцевай прапановай.

– А й сапраўды, Iванаўна... Фэльчарка ў раён зьехала, дык чаго ты тут будзеш ляжаць? Пайшлi да нас, а то ж не дадуць гэтыя п'янтосы жыцьця.

I Йванаўна, шморгнуўшы носам, асуджана ўздыхнула ў адказ.

Да сяброўчынай хаты iшлi моўчкi i гэтае маўчаньне муляла карпачысiну душу. Карпачыха ўвесь час мерылася штосьцi спытаць – керхала, набiрала ў грудзiну паветра, але тут жа стульвала вусны i з шумам аддзiмалася. Нарэшце, абмiнуўшы зялёную каровiну ляпеху, яна чародным разам керханула i запыталася:

– А што за чалавек да цябе прыяжджаў?

Матруна зьлёгку сьцепанулася, паправiла хусцiнку на скронi.

– А я й сама яго ня ведаю. Прыйшоў... у капелюшы, не выпiўшы, дастаў нейкую кнiжачку i пачаў пра нейкага Бомбуха пытацца. Пытаецца, а ў мяне мятлiкi ўваччу. Так i самлела. Ачулася, а яго ўжо i ў хаце няма.

– Хто ж такi, гэты Бомбух? -задуменна выдыхнула Карпачыха, – цi не траянавы гэта швагра, што летась краму абрабаваў?

Сяброўка прымружыла вочы, згадваючы прозьвiшча траянава швагра i, не згадаўшы, стоена прашаптала:

– Гэта ж я сёньня ў сяльпе была, дык там Халiмонiха байкi баяла. Казала: пiльнуйце, бабы, калодзежы, бо нейкi немец едзе – хоча ваду патруцiць.

Матруна, аднак, ня чула тых слоў, бо душа ейная на кароткае iмгненьне вырвалася з грудзiны i адляцела ў мiнулае. I на Матруну iзноў зiрнуў малады немец i ў прысенку iзноў брудна вылаяўся Мiцька Дзенiсенка. I Матруна ўцямiла, нарэшце – хто едзе ў адведкi i бяскроўныя вусны бязгучна прашапталi: "Божухна, няўжо гэта ягоны сын?"

– Ты, Iванаўна, балбатню тую да сэрца не бяры, – засакатала Карпачыха, пабачыўшы, што Матруна зьмянiлася з твару. – Халiмонiха ж вядомая балаболка. Памятаеш, казала на Тройцу, што на Бычкi мiцярыт звалiцца.

... За цэлы дзень Матруна не прамовiла нi слова – ляжала на ложку, глядзела ў столь, маркотна ўздыхала i ад уздыхаў варушылася сiвая павуцiнка, што вiсела над галавой. Увечары сяброўка паставiла на стол чыгунок парнай бульбы, паклiкала есьцi i калi Матруна адмовiлася, сiлком зацягнула да стала.

– Паеш ты, далiбог, а то памрэш з галадухi.

Есьцi i сапраўды не хацелася: Матруна распалавiнiла бульбiну, каўтнула малака, наставiла на сяброўку сумныя вочы i сяброўка, адсунуўшы ўбок талеркi, падхапiлася на ногi.

– Давай пагадаю. Уведаеш, што будзе – адразу палягчэе.

Карпачыха дастала з шафы калоду карт, ператасавала, расклала на стале, засяроджана пачухала гузаваты нос.

– Вось гэты стары псюк табе й не дае спакою, – сяброўка тыцнула пальцам у пiковага караля i ўздыхнула – глыбака i трывожна. – Чакаюць цябе нейкiя згрызоты, нейкiя размовы, а ўсё скончыцца... – Карпачыха перагарнула дагары тварам крайнюю карту, сумелася i ў гэты момант праз парог – з глухой кашлянiнай i тупаценьнем – кульнуўся зяць Казiмер.

– Хату цi зачынiлi? – запыталася цешча, i зяць, пачэрпнуўшы вады зь вядра, стомлена выдыхнуў: – Зачынiлi...

– За вас дужа не бярыся, п'янтосы няшчасныя, – прамовiла Карпачыха i з такiм iмпэтам узялася тасаваць карты, што яны высьлiзнулi з рук i пасыпалiся на падлогу.

Наступным ранкам, а восьмай гадзiне, Казiмер рушыў на працу, але неўзабаве вярнуўся i задыхана паведамiў: – Цётка Матруна! Там да вас прыехалi... Тэлевiзар прывезьлi, i ўсё такое...

– Якi целевiзе-ер, – усхвалявана прасьпявала Матруна i, апранаючыся, доўга не магла патрапiць у рукаво кацавейкi.

Яны выбеглi з Карпачыхай на падворак i ў канцы вулiцы ўгледзелi крытую машыну, а поруч зь ёю Канавальчыка ды нейкага незнаёмага мужчыну.

– Хто з вас Апалонiк? – гукнуў незнаёмец, калi жанчыны падышлi блiжэй.

– Я-а, – дрогкiм голасам азвалася Матруна, зачапiўшы нагой сьвежую каровiну ляпеху.

– Расьпiшыцеся ў атрыманьнi... – мужчына расправiў на жываце скамечаную паперку, – тэлевiзара, люстры, паласа i журнальнага столiка.

– А калi мне што-небудзь дадуць? – пакрыўджана выдыхнуў Канавальчык. – Я, мiж iншым, ветэран вайны, маю тры баявых мэдалi.

– Наступным разам, дзед, – буркнуў мужчына i з кiслай мiнай на твары працягнуў Матруне пакамечаную паперку.

На ганак уласнай хаты Матруна ступiла, ня чуючы пад сабой ног, а пабачыўшы квяцiсты кiлiм на падлозе, маленькi стол на крывых нагах i чалавека, якi стаяў на стале i ўкручваў лямпачкi ў люстра, нават iкнула ад хваляваньня.

– Усё, цёткi, прымайце работу! – чалавек скочыў са стала, пстрыкнуў уключальнiкам i Карпачыха, што стаяла за сьпiнаю, зачаравана прашаптала: – Як у царкве.

Дзень згасаў ужо ад ранку i мяккi змрок, нiбыта дым ад бульбоўнiку, плыў у вокны, кволiўся ў вiсюлiнах казённай люстры, няроўным прастакутнiкам ляжаў на паверхнi журнальнага столiка i ў нетрах прастакутнiка цёмнай плямай вымалёўвалася нерухомая жаночая пастаць. Матруна сядзела ля вакна дробненькая, скурчаная, лядашчая i летуценна паглядала спачатку на грэйдзер, што сноўдаў па вясковай вулiцы, а потым на пакрэсьленае згалелым вецьцем неба.

"Сустракайце, Матрона Iванаўна, госьця. I не забывайце – пра што мы з вамi гаманiлi", – паведамiў учора мужчына ў капелюшы i душу Матрунiну працяў халадок трывожнага чаканьня. Адвячоркам, калi яны з Карпачыхаю мясiлi цеста для пiрагоў, Матруну пачалi бiць дрыжыкi, ноччу яе апанавала нэрвовая лiхаманка, але ранiцою iльдзiнка непакою ў душы растала i цела чарговым разам апанавала хваравiтая немач. Матруна прысела на хвiлю да вакна i, няздольная зварухнуць анiводнай сваёй цяглiцай, так i застыла ў няёмкай паставе, пазiраючы на няўтульны, колеру цьмянага волава сьвiтанак. Яна сядзела так гадзiну, а можа i дзьве, i калi неба канчаткова праясьнела, у яго прадоньнi сталi нараджацца напаўзабытыя аблiччы: гайдалася ў паветры няголеная пыса Мiцькi Дзенiсенкi; таўпiлавы сын Мiкола сарамлiва пасьмiхаўся ёй, блытаючыся ў вецьцi; i сам Таўпiла, акалелы, пакрыты бухматым iнеем, наблiзiўся да вакна i тут жа растаў, зьлiўшыся зь бязрадасным небам. Там, за вакном, нараджалiся напаўзабытыя галасы, гучалi няўцямныя зыкi: Мiцькава лаянка, сiплы таўпiлавы кашаль, вясёлы воклiк "Брава, Зонiа!", ад якога шумела ўвушшу i абуджалася прыспанае сэрца i, апанаваная ўсёй гэтай замараччу, Матруна не адразу ўцямiла – цi то папраўдзе за шыбай паўстала Карпачыха, цi тое ёй прымроiлася.

– Едуць! – гукнула сяброўка i ад воклiка ейнага здрыгануўся i апаў долу апошнi лiст з яблыневага вецьця.

Да весьнiц Матруна iшла як не на сваiх нагах, а ўбачыўшы жанчын, што стаялi ля канавальчыкавай хаты, i зусiм зьнiякавела. "Едуць, едуць", загаманiлi жанкi i з-за павароткi выехала спачатку шэрая "волга", а потым зялёны старшынёўскi "казёл". Цяжка гудучы на няўежджанай дарозе, машыны ўзьехалi на пагорак, спынiлiся i з "волгi" вылез нетутэйшага выгляду мужчына й маладая кабета ў бялюткiм як сьнег палiтоне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю