Текст книги "Калодзеж (на белорусском языке)"
Автор книги: Винцесь Мудров
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
"Жонка, жонка" – зашапталiся ў натоўпе i той жа мiг сэрца Матрунiна сьцялася – яна iзноў убачыла Бэртрама. Шалёная радасьць палыхнула, апалiла шчокi й згасла ад усьведамленьня, што гэта быў не Бэртрам, а ягоны сын.
–... Заработная плата сяльчанаў вырасла ў параўнаньнi з 1965-м годам у 1,7 раза. Вёска Бычкi, паводле генэральнага пляна, ператвараецца ў пасёлак з усiмi камунальнымi выгодамi, – грымеў на ўсю вулку зычны голас калгаснага старшынi Сьцяпана Мiканоравiча Бамбiзы. Сьцяпан Мiканоравiч шыбаваў поруч з гасьцямi, а сьледам за iмi, на невялiчкай адлегласьцi, сунуўся той самы мужчына ў шэрым капелюшы.
– Ну вось, – прамовiў старшыня, падышоўшы да весьнiц, – гэта i ёсьць тая самая Матрона Iванаўна Апалонiк, зь якой вы хацелi пазнаёмiцца.
Не ўздымаючы вачэй, Матруна пацiснула спачатку шырокую i цёплую мужчынскую далонь, а потым халодную й далiкатную жаночую долоньку.
– Как ваше здорофйе, Матрйона Iванофна? – запытаўся немец, дыхнуўшы саладжавым пахам мяты.
Матруна неакрэслена кiўнула i, змагаючыся з нэрвовай дрыготкай, пачала перабiраць пальцамi ражкi навюткай, па выпадку павязанай хусткi.
Немец стрымана кашлянуў, расшпiлiў, потым зноў зашпiлiў верхнi гузiк палiтону: – Я ест сын Бэртрама Бомбаха, который тут погiб. Вы же его зналi, Матрйона Iванофна?
Матруна iзноў кiўнула, узьняла вочы i, натыкнуўшыся на суворы пагляд з-пад шэрага капелюша, страсянула галавой.
– Может, Матрйона Iванофна, вы знаете – где он был похоронен?
– Вы ведаеце, дзе быў пахаваны спадар Бомбах? – перапытаў праз хвiлю шэры капялюш, але Матруна маўчала, з хваравiтай зацятасьцю пазiраючы пад ногi.
Немец яшчэ штосьцi пытаўся, выцягнуў з кiшэнi мэталёвую блямбу, згадаў Лёшку Клячкiна, нарэшце асуджана ўздыхнуў i жонка – бялявая й вастраносая кабета – тузанула яго за рукаво. Немка штосьцi прамовiла па-свойму, пайшла да машыны i сьледам за ёю, цяжка шоргаючы падэшвамi чаравiкоў, пайшоў i сын Бэртрама Бомбаха.
– Гендэ хох! – гукнуў з-за плоту Канавальчык. Канавальчык зiрнуў на жанчын, спадзяючыся, што тыя ацэняць ягоны жарт, але жанчыны абурана зашыкалi, а Карпачыха крутнула пальцам ля скронi i мацюкнулася.
– Адзiн гарлае абы-што, другая маўчыць як статуёвiна, – ледзь чутна прасiпеў Бамбiза, махнуў рукой i лёгкiм трухам пабег да свайго "казла".
Неўзабаве машыны зьнiклi за павароткай, i жанкi, пастаяўшы хвiлiнку, пачалi разыходзiцца. Нiхто зь iх не падышоў да Матруны, нiхто нiчога не сказаў, нават Карпачыха сарамлiва адвяла вочы, i толькi Канавальчык штосьцi крыкнуў у ейны бок, ды словы ягоныя заглушыла вуркатанне грэйдзеру, якi выяжджаў з прыдарожных кустоў. Матруна села на лаўку, насунулася сьпiнаю на плот i з дзiўным спакоем падумала, што так i памрэ тут, пад плотам, ня ў сiлах падняцца на ногi.
У абед прыгналi статак – быў канец кастрычнiку i скацiну пасьвiлi толькi да абеду. Зьвяздоха доўга рыкала пад гарою, клiчучы гаспадыню, нарэшце прыйшла да хаты, пастаяла ля паркану i, лiзнуўшы шупатым языком вiльготныя ноздры, пасунулася ў хлеў. Па абедзе – ужо ў вечаровым сутоньнi – з-за павароткi выехала крытая машына, пад'ехала да хаты i з кабiнкi выкулiўся той самы мужчына, што прывозiў тэлевiзар ды iншыя рэчы. Мужчына штосьцi запытаў, Матруна кiўнула i праз колькi хвiлiнаў госьць вынес з хаты спачатку тэлевiзар, потым згорнуты ў трубку кiлiм, нарэшце, журнальны столiк i люстру, якая суцiшна зазьвiнела на ветры.
– А ты думала, што табе далi назаўсёды? – гукнуў ад сваёй хаты Канавальчык, калi машына ад'ехала.
Матруна нават не зiрнула ў суседавы бок i Канавальчык, абражаны такiмi абыходзiнамi, падцягнуў зацухмоленае галiфэ, жвавым трухам перабег дарогу.
– Гэта сынок таго фрыца прыехаў, якога мы шлёпнулi? – сусед вытрымаў паўзу, чакаючы, што Матруна абзавецца хоць словам, але тая маўчала. – Тут да мяне чалавек прыходзiў... з Камiтэту... – Канавальчык вытрымаў яшчэ адну паўзу, – мiж iншым, пра цябе пытаўся... Я яму ўсё i распавёў. Як мы таго немца вялi, як той немец жыць прасiўся. Гэта ж я яго i шлёпнуў, а Мiцька Дзянiсенка на сябе запiсаў... Хiтры быў, хахляра, таму i выбiўся ў людзi.
Нейкая дзiўная сiла падняла Матруну на ногi i яна, зьлёгку хiтаючыся ўбокi, пасунулася дадому. Убiўшыся ў хату, Матруна глынула збружэлага квасу, няўмела перахрысьцiлася i, не распрануўшыся, лягла на ложак. Жанчына цяжка ўздыхнула, зьмежыла павекi, а калi зноўку расплюшчыла вочы, дык убачыла ў пройме прачыненых дзвярэй Бэртрама. Бэртрам пасьмiхнуўся ёй аднымi вуснамi, паставiў у кут стрэльбу i, ня ведаючы – чым заняць рукi, стаў расшпiльваць, а потым зноў зашпiльваць верхнi гузiк мундура.
– Сын твой прыяжджаў, мы яго ўсёй вёскай сустракалi, – прамовiла Матруна i, прыкусiўшы дрыготкую вусну, скрозь сьлёзы прашаптала: – Замуж я так i ня выйшла.
– Ведаю, – азваўся Бэртрам i голас ягоны прагучаў гулка, няўцямна, нiбыта з калодзежу.
Згадка пра калодзеж на кароткае iмгненьне абудзiла Матруну; жанчына страпянулася, памкнулася разьвязаць хусьцiнку, якая душыла яе, ды нечакана скацiлася з ложку i паляцела ў халоднае i сырое прадоньне, на дне якога плюскала вада i хтосьцi голасна гукаў ейнае iмя.
Iмжыстым ранкам ў шыбу пастукалi i на падворку прастуджана кашлянуў Канавальчык.
– Гэй, Матруна, выганяй карову!
Канавальчык кашлянуў другiм разам, прыпаў тварам да шыбы i на вiльготным шкле – у тым месцы, куды тыцнуўся канавальчыкавы нос, утварылася буйная кропля. Хвiлiну яна нявыплаканай сьлязiнай трымцела на ветры, а потым сарвалася долу, не пакiнуўшы па сабе нiякага сьледу.