355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Винцесь Мудров » Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 20:25

Текст книги "Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке)"


Автор книги: Винцесь Мудров



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

– У якi бой!? – вырвалася з Трахiмавай грудзiны, – знайшлi ваяку... у сорак шостым румынаў вартаваў, а потым штаны ў ваенкамаце праседжваў, – Трахiм сказаў яшчэ пару слоў на адрас Дуба, а ўнук, з адчаем зiрнуўшы на сонца, чхнуў, ды так гучна, што кабецiна азiрнулася i ўжо на чыстай расейшчыне гукнула хлопцу з тэлекамэрай:

– Лёша, давай сначала...

Рэшту дня – аж да самага вечару – Трахiм праседзеў у Сяргейчыка аднаногага iнвалiда, якi жыў па суседзтву. Сяргейчык, з-за хваробы, ужо год як не выходзiў з хаты, а таму страшэнна ўзрадваўся, пабачыўшы суседа. З такой нагоды iнвалiд нават дастаў пляшку самаробнай налiўкi i хаця Трахiм быў чалавекам непiтушчым, але гэтым разам прапусьцiў чарку. Балазе, i нагода была адпаведная: у гэты дзень, пяцьдзесят пяць гадоў таму, Сяргейчык застаўся без нагi.

– Ляжалi ў кукурузе, а тут ён як джвагне зь мiнамёту, дык мяне нават з акопу выкiнула, – слухаў Трахiм нетаропкi суседавы аповед i з уздыхам прыгадваў як i яго аднойчы, пад час бамбёжкi, выкiнула з паравозу. I ўваччу на кароткае iмгненьне паўстаў разьвернуты бомбаю тэндэр, ахопленыя полымем цяплушкi санiтарнага цягнiка i перакошаная шыльда з надпiсам "Вязьма" на будынку вакзалу. Трахiм спахмурнеў, кульнуў чарку, закашляўся – налiўка патрапiла ў нос – i Сяргейчык задаволена паляпаў яго па сьпiне.

Калi стары вярнуўся дахаты, тэлевiзiйнiкаў пад вокнамi ўжо не было, але затое ўпоперак вулiцы – адзнака таго, што кiроўца быў не ў гуморы – стаяў гасютавы "беларус".

Зрэшты, не ў гуморы быў i ўнук Мiкола: з адчыненай форткi вырываўся на прасьцяг ягоны гарачлiвы голас:

– Цэлы месяц важдалiся... i атрымалi... пендаля пад зад...

Адчынiўшы дзьверы i пабачыўшы самлелы Мiколавы твар i панылага Гасюту, стары зразумеў: нешта здарылася.

– А можа дадуць якую кампэнсацыю? – нясьмела перапытаў Гасюта: трактарыст сядзеў за кухонным сталом, утаропiўшы вочы ў нейкую паперчыну.

– Як жа... дадуць! Дручком спамiж вушэй, – азваўся са сьвятлiцы ўнук i брыдка вылаяўся.

Трахiм моўчкi кiўнуў Гасюту i той, у сваю чаргу, кiўнуў на паперчыну, што трымаў у руках.

– Во... прыслалi заказным лiстом... "Бюст I.В.Сталiна работы скульптара Леапольда Кангалевiча зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы i мусiць быць перададзены ў фонд Дзяржаўнага мастацкага музэю..."

– Не, ну якiя казлы... Сорак гадоў у рацэ адваляўся... – выгукнуў Мiкола, але фразы ня скончыў – выбег на кухню i зацкавана прамармытаў:

– Пiтонавiч...

– Што – Пiтонавiч? – не зразумеў Гасюта.

– Што-што... Сплавiм вэтэранам за дзьве скрынi гарэлкi, а там хай разьбiраюцца – чыя гэта ўласнасьць.

Яшчэ iмгненьне – i Гасюта зь Мiколам, нiбыта падхопленыя вiхурай, кiнулiся да дзьвярэй i, пiхаючы адно другога, вылецелi на падворак.

V

I вось ён, насьпеў той хвалюючы момант, калi Мiкола ўнёс у хату скрыню гарэлкi, паставiў яе на табурэт i з удумлiвай разважнасьцю аддзьмуўся. Сьледам за iм, цягнучы другую скрыню, увайшоў Гасюта, а праз хвiлю – з трыма пляшкамi мiнэральнай вады пад пахамi – з цёмнага прысенку выплыў Данiк Крываблоцкi.

– Карацей, тры днi да яго зь Мiколам хадзiлi – грошаў так i ня выбiлi, прамаўляў, зьвяртаючыся да Крываблоцкага, Гасюта. – А сёньня, бляха, заходжу з кувалдай у руках. Пiтонавiч тут i ўсхваляваўся. "Прыяжджай па абедзе, – кажа атрымаеш грошы пад распiску".

– А што, бюст ужо ўцягнулi? – запытаўся Данiк дрыжачым ад захапленьня голасам.

– Мальцы з пiльнi на кругляках укацiлi. Цяпер вось будуць падымаць неяк. Трыма дамкратамi.

– Дарма пупы рвуць, – уключыўся ў размову Мiкола, – у Пiтонавiча грошаў больш няма нi капейкi, – Мiкола задаволена крэкнуў i, нiбыта той цыркач, падкiнуў на далонi пляшку гарэлкi.

Дзед Трахiм выйшаў з хаты, падышоў да весьнiц, i, аблашчыўшы поглядам кола сьвежай зямлi – месца, дзе стаяў правадыр, зморана перавёў дых. Стары мерыўся пайсьцi да Сяргейчыка – трэба ж было недзе пераседзець п'янку, ды яшчэ хацеў пазычыць грошаў, бо не было за што купiць нi хлеба, нi папяросаў – але ногi зусiм ня йшлi i Трахiм прысеў на лаўку.

Ён доўга сядзеў з заплюшчанымi вачыма i слухаў няўцямную гаману, якая лiлася з адчыненых вокнаў хаты. Час ад часу гамонка перарывалася бразгатам шклянак, здаволенай керханiнай, Данiк Крываблоцкi раз за разам спрабаваў зацягнуць нейкую песьню, нарэшце зацягнуў – ды так гучна, што на двары сярдзiта заенчыў певень, але нечакана ацiх i дзесьцi непадалёку абудзiлiся сутаргавыя ўсхлiпы.

Трахiм разьмежыў вочы i ўбачыў русявага Пецьку. Падшыванец iшоў па вулiцы i перарывiста плакаў.

– Гэй, пакрыўдзiў хто? – крыкнуў дзед Трахiм, але падшыванец не азваўся.

– Пакрыўдзiў хто? – давялося паўтарыць старому i Пецька скрозь сьлёзы праенчыў:

– Татку... працiснула... у больнiцу адвезьлi.

– Як прыцiснула?! Чым?! – выдыхнуў Трахiм, паспрабаваў устаць, але тут жа iзноў плюхнуўся на лаўку.

– Бацька твой на пiльнi робiць? – гукнуў ён усьлед падшыванцу, але той не адказаў – пайшоў, пацепваючы ад плачу худымi плечукамi.

"Божухна, усё з-за мяне", – бязгучна прашаптаў Трахiм i твар ягоны апалiла задушлiвая гарачыня. Полымя вырывалася з паравознай топкi i краналася русявых валасой качагара. Пецька ляжаў дагары тварам i зыркiя вогнiкi замарачна мiтусiлiся ў шырока расплюшчаных вачах.

– Пеця, ты што?! – гукнуў ён, не пазнаўшы ўласнага галасу.

Ён адцягнуў качагара ад топкi, павiс на парэнчах, зьбiраючыся клiкнуць санiтара, ды ня клiкнуў, бо з вышынi, са страшным гудам, на яго падаў нямецкi самалёт. Ад самалётнага чэрава адарвалася штосьцi падаўгаватае i ў апошняе iмгненьнем перад выбухам ён убачыў за самалётным штурвалам бэтонную галаву бацькi-Сталiна.

Трахiму часьцяком мроiлася тая страшная бамбёжка, мроiлася ахопленая полымем станцыя Вязьма, да вушэй даляталi крыкi раненых i нос казытаў саладжавы пах паленага людзкога мяса, i ў сьвядомасьцi кожнага разу мiльгцеў невыразны твар нямецкага лётчыка, якога ён угледзеў за iмгненьне да выбуху. I вось, нарэшце, ён убачыў – хто кiнуў бомбу.

З вохканьнем Трахiм узьняўся на ватных нагах, пайшоў, хiстаючыся, да гасютавага трактара, зь цяжкасьцю расчынiў непадатныя дзьверцы. Млявая рука пашнарыла пад сядзеньнем, намацала лiпучае дзяржальна кувалды. З апошнiх сiл Трахiм ўзвалiў кувалду на плячук, стоена прашаптаў: – Толькi б дайсьцi! – i рушыў па дарозе, у канцы якой – у дваццацi кроках ад трактара – яго чакалi боская цiшыня i вечны спакой душы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю