Текст книги "Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Винцесь Мудров
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Мудров Винцесь
Дарога ў дваццаць крокаў (на белорусском языке)
Вiнцэсь Мудроў
Дарога ў дваццаць крокаў
I
– Месца – дакладна тое? – крыкнуў Мiкола, выцiраючы чупрыну калашыньнем спартовых штаноў.
– Тое, – адгукнуўся дзед Трахiм, – якраз насупраць камня. Тады ён на паверхнi быў, а цяпер во... у зямлю ўехаў, – дзед прысеў на камень, выцягнуў пачак "беламору".
– Можа далей адплывем? – падаў голас Гасюта, зiрнуў на дзеда i той, чыркнуўшы запалкай, страсянуў галавой: – Самазвал на паўкола ў ваду ўехаў, як скiдваў. Так што – шукайце. Дзесьцi там i ляжыць.
Мiкола памыляў сьсiнелымi ад холаду вуснамi, зморана ўздыхнуў i, пастаяўшы, як той скакун на вышцы, на носе лодкi, сiгануў у ваду. Гэтым разам ён прабыў пад вадой як нiколi доўга: Гасюта нават сьцягнуў з галавы кашулю, зьбiраючыся ратаваць сябра, ды тут Мiкола вылецеў, па самы пояс, з вады i з панiкай у голасе выдыхнуў:
– Ёсьць!
Пару хвiлiнаў Мiкола аддзiмаўся, трымаючыся за вясло, потым насунуў на плячук зашмаргу, нырцануў пад лодку i з такой рашучасцю адштурхнуўся нагамi ад днiшча, што Гасюта, якi стаяў у поўны рост i разблытваў вяроўку, ледзь не кульнуўся за борт.
Першыя, а таму самыя гострыя сонечныя промнi працялi небасхiл i рака з серабрыстай ператварылася ў ружовую.
– Глеем зацягнула... ледзь адшукаў, – прамармытаў Мiкола, выбраўшыся на бераг: небараку даймалi дрыжыкi, ён увесь сьсiнеў, зуб паганяў зуба i Гасюта, перш, чым пачапiць да трактара канец вяроўкi, палез у кабiнку, выцягнуў адтуль пачатую пляшку.
Мальцы глынулi на поўную губу, працягнулi пляшку дзеду Трахiму, але дзед пiць адмовiўся.
Праз пару хвiлiн гасютавы "беларус" залескатаў на высокiх абаротах, вяроўка напялася i струной засьпявала ў паветры. Дагэтуль дзед Трахiм паглядаў на сьвет зь лёгкай ўсьмешкаю, а ўгледзеўшы напятую вяроўку, ураз пасур'ёзьнеў, прыхапiўся на ногi i застыў, з прыгаслай папяроскай у зубах.
Трактар натужлiва завуркатаў, зямля здрыганулася i з вады ўзьнялося штосьцi зялёнае i круглявае. Напачатку цяжка было ўгледзець у бясформеннай камлызе чалавечыя вiдарысы i толькi калi камлыга прапаўзла па пясочку, а затым успарола берагавы дзiрван, пакiнуўшы на iм пасму зялёнай тванi, сталi праглядацца няўклюдная галава i шырокая грудзiна.
– Някволы бюсьцiк... чатыры тоны пацягне! – выдыхнуў Мiкола, з натхненьнем выкручваючы свае шырозныя, у "сэканд-хэндзе" куплёныя трусы.
Сябрук у адказ задаволена крэкнуў, перакiнуў з рукi на руку пакарабачаную манцiроўку i мiжволi прыпынiў крок, рахуючы – колькi "зялёных" iм адваляць за бронзавага балвана.
Манцiроўка ляснула тупым канцом па балвану i гук ад удару атрымаўся глухiм i няўцямным.
– Цэмэнт, – прамовiў дзед Трахiм, а ўнук, пасьпеўшы нацягнуць трусы толькi на левую кумпячыну, перахапiў манцiроўку i з амонаўскiм натхненьнем стукнуў балвана па няўклюднай галаве.
– Цэмэнт, – уголас прашапталi хлопцы i разам паглядзелi на дзеда.
– Ну што, дзядуля... дзе твая бронза? – голас Мiколавы дрыжэў, як авечы хвост, – папёрлiся... зь цёмнага рана... по-омнiк... бро-онзавы... – унук мацюкнуўся, падцягнуў трусы i рушыў да "беларуса" – дапiваць рэшткi гарэлкi.
Добрых поўгадзiны хлопцы моўчкi ляжалi на траве, смалiлi цыгарэты, нарэшце, Гасюта падняўся на ногi i, кiўнуўшы ў бок камлыгi, запытаў:
– Дык што, адвязваем?
– Ды не-е... – прыспана прамовiў Мiкола, – цягнi да дзедавай хаты. Будзе ведаць, як народу мазгi дурыць.
– Ты што, ашалеў? Навошта мне гэтая халера! – крыкнуў дзед Трахiм, але Гасюта тым часам ужо залез у кабiнку, паддаў газу i цэмэнтавая гаргара, пакiдаючы па сабе глыбокую баразну, папаўзла па беразе.
Унук Мiкола ўжо трэцi тыдзень гасьцяваў у дзедавай хаце. Адранку глушыў рыбу на рачных затоках, удзень непрабудна спаў, а ўвечары хадзiў у мясцовы клюб, альбо пiў гарэлку на пару зь дзедавым суседам – трыццацiгадовым мэханiзатарам Гасютам. Вось i пазаўчора, узяўшы пляшку, унук выправiўся да суседа, але неўзабаве вярнуўся, цягнучы на плячы двухвядзёрны, зьзелянелы ад часу самавар.
– У Гасюты, на гарышчы знайшлi, – патлумачыў унук, а калi дзед з усьмешкай спытаў – навошта ён прыпёр гэтае ламачча? – безнадзейна махнуў рукой i падаўся з хаты.
Наступным ранкам Мiкола спаў даўжэй звычайнага, а прачнуўшыся, працягнуў няскончаную размову.
– Гэта, дзеду, не ламачча, а каляровы мэтал. Мне за яго пяць тваiх пэнсiяў дадуць, – унук спружна пацягнуўся, вохнуў i пачухаў абедзьвума рукамi свае пакусаныя камарамi i парэпаныя аб рачныя карчажыны ногi.
Словы такiя пакрыўдзiлi дзеда.
– Мне маёй пэнсii хапае. I табе даю... на пляшку, – буркнуў стары, пайшоў да дзьвярэй, i ўжо з парогу дадаў: – Тут, непадалёку, гэтага мэталу цэлая тона ляжыць.
Сказаў гэта дзед не падумаўшы, а калi падумаў, унук ужо стаяў на ганку i дапытлiва чухаў голае чэрава.
– Ты што, сапраўды ведаеш, дзе медзь прыхавана?
Стары дастаў "беламорыну", скамечыў яе ў гармонiк, потым выцягнуў запалкi i ўнук, перарахапiўшы карабок, паднёс запаленую сярнiчку да дзедавага носу.
– У рацэ ляжыць, – выдыхнуў, разам з папяросным дымам, дзед Трахiм, прысеў на край ганку i, пасьля глыбокай зацяжкi, ад якой нават пацямнела ўваччу, распавёў унуку гiсторыю саракагадовай даўнiны.
... Аднойчы, золкай восеньскай ноччу, Трахiм пайшоў на раку ставiць донкi, i нечакана з прырэчных кустоў насустрач яму выйшаў мiлiцыянт у плашч-накiдцы. Зыркнуўшы з-пад насунутага на вочы капюшону, мiлiцыянт загадаў тэрмiнова пакiнуць бераг, бо тут мусяць адбыцца вайсковыя вучэньнi.
"Цi не пантонны мост наводзяць?"– падумаў Трахiм, адышоў мэтраў на дзьвесьце i залёг за купiнай – вырашыў паглядзець, як там усё будзе. Ляжаў доўга, скалеў увесь, хацеў быў ужо да хаты падацца, ды тут на бераг – з натужлiвым выцьцём – выехаў самазвал i, даўшы задам, заехаў у ваду. Месца, куды заехаў самазвал, было адметным: там, непадалёку ад берага, круцiў хлапякi белай пены глыбокi вiр – у вiры, адразу па вайне, знайшлi тапельца, а таму тутэйшыя рыбакi нiколi не закiдвалi там вуды.
У цемры пачулiся галасы, мiльгнулi жарынкi цыгарак, самазвал загуў – цяпер ужо iз страшнай натугай – i ў вiр, узьняўшы нябачныя пырскi, бухнулася штосьцi цёмнае i важкае.
Ранiцою, як толькi разьвiднела, Трахiм пабег на раку i нагнаў па дарозе Сяргейчыка – аднаногага iнвалiда, якi таксама быў зацятым рыбаком i хата якога стаяла на другiм баку вулiцы.
– Чуў? – стоена вымавiў Сяргейчык, калi яны парукалiся.
Трахiм таргануў галавой i сусед, секануўшы паветра бамбукавым вудзiльнам, прамармытаў:
– Сталiна скiнулi.
– Як скiнулi? Куды? – гукнуў было Трахiм, прыцiшыў крок, а пачуўшы пра бюст, што стаяў у парку, шпарка пайшоў, прыладжваючы крок да мернага рыпеньня салавейчыкавага пратэзу...
– I што... сапраўды з бронзы? – запытаўся ўнук, не даслухаўшы дзедавага аповеду.
– Ну так... жоўты такi стаяў, – дзед павёў рукамi, малюючы ў паветры вiдарыс сталiнскага бюсту i Мiкола чародным разам пачухаў нiз жывата.
– Гiпс, вiдаць... Пафарбавалi пад бронзу.
– Ды не-э... Гiпс бы ў вадзе развалiўся, а ён цалюткi, – Трахiм вытрымаў паўзу i з разважнасьцю патлумачыў: – У семдзесят другiм годзе, як рака абмялела, макаўка паказалася. Мальцы яшчэ там нырца давалi...
Стары ўздыхнуў, пацёр даланямi санлiвыя вочы, а калi зноў зiрнуў на сьвет, унук ужо бег са двара i на пытаньне: – Куды ты паляцеў? – коротка азваўся: Да Гасюты!
II
Зялёная ад тванi, спрэс залепленая куклянкамi камлыга не пасьпела як сьлед прасохнуць, як на яе ўзьбiўся гурт мясцовых падшыванцаў. Падшыванцы пры гэтым бязладна гарлалi, сьпiхвалi адно другога з бэтоннай камлыжыны, а неўзабаве й пачалi стукаць па ёй нечым жалезным.
– Во йоп... – вылаяўся Мiкола, пачуўшы скрозь ранiшнi сон мэталёвае бразганьне. Сёрбнуўшы на хаду збружэлага квасу, ён выйшаў да весьнiц.
– А ну, салагi, прэч адсюль! – пагрозьлiва гукнуў Мiкола, але голас пасьля купаньня дарэшты асiп i падшыванцы працягвалi валтузiцца на помнiку.
– Каму сказаў... – Мiкола выдзер з паркану збуцьвелую штыкецiну i гэта дапамагло: дзятва сыпанула ўбокi, але далёка не адбегла.
– А гэта што – помнiк? – запытаўся адзiн з падшыванцаў – малец грыз нясьпелы яблык i пры гэтым гучна чвякаў.
– Помнiк... помнiк, йоп вашу... – буркнуў Мiкола, перакрывiўся i сплюнуў пракiслую сьлiну.
Пасьля недасыпу i выпiтай гарэлкi галава Мiколава балела, настрой быў паганы, а таму зь языка зьляталi мацюгi i глытку вярэдзiлi глухiя ўздыхi. Аднак, абышоўшы помнiк, Мiкола пажвавеў i, маракуючы пра штосьцi сваё, павадзiў рукамi ў паветры, нiбыта ён – у думках – укараноўваў сьнежную бабу важкай галавою.
– Ну i што ты будзеш рабiць з гэтай халерай? – гукнуў, перабiваючы думкi, дзед Трахiм: дзед стаяў ля весьнiц i пыхкаў беламорынай.
– Як што? Адрэстаўруем. Выставiм на продаж, – унук выцяў бэтоннага балвана мыском чаравiка. – Думаю, пару тысячаў баксаў возьмем.
– Эгэ-э, Мiколка... Каму ён трэба? – стары папярхнуўся дымам, здушана закашляў. – Вунь i нос адбiты... i ў дзiрах увесь...
– Кавэрны замажам, нос прылепiм... пафарбуем. Карацей, будзе правадыр як навюткi... Ты вось што, дзеду... – унук азiрнуўся, увабраў голаў у плечы, трэба хлопцам... з пiльнi... пару пляшак паставiць... Пазыч да вечару... Гасюта прыедзе – аддасьць.
Стары нiчога не сказаў i толькi зварухнуў пальцамi, рахуючы – колькi яшчэ дзён унук прабудзе на пагасьцiнах.
Па абедзе Трахiм прылёг на тапчан, адразу ж заснуў i неўзабаве быў абуджаны лескатаньнем гасютавага трактару. Трактар ехаў па вулiцы i ззаду за iм, уздымаючы пылюку, валачылася на тросе таўшчэзная калода.
– Божухна, i калi гэта ўсё скончыцца? – прашаптаў стары i з вохканьнем выйшаў на ганак.
Ля Трахiмавай хаты тым часам ужо зьбiраўся народ.
– Чаго вылупiлiся? – гыркаў Гасюта на цётак, што йшлi ў краму, ды спынiлiся паглядзець – што мальцы будуць рабiць з цурбаном ды бэтоннай камлыгай. Цёткi паправiлi хусткi на галовах, стоена зашапталiся, а Гасюта падхапiў з-пад плоту даўгую жардзiну, загнаў тонкi канец пад цурбан i яны ўдвох зь Мiколам пакацiлi яловы кругляк да весьнiц. Усё было б нiшто, ды надарылася неспадзеўка: жардзiна з трэскам абламiлася, стукнула Мiколу па карку, i кампаньён, пачуўшы сьмех грамады, са злосьцю выдыхнуў:
– Г'анд-доны...
Працаваць у атачэньнi натоўпу не выпадала, а таму, падкацiўшы калоду да весьнiц, Гасюта абабiў перапэцканыя ў яловую жывiцу рукi i голасна, каб чула грамада, абвясьцiў:
– На сёньня ўсё!
"I тузанулi ж мяне за язык, – падумаў Трахiм, правёўшы даланёй па няголеным падбародзьдзi, – ляжаў бы сабе на дне, пакуль не рассыпаўся, дык не... выцягнулi нячысьцiка..." – стары ўздыхнуў, падаўся ў хату i сьледам за iм, заглушыўшы трактар i абмацюкаўшы грамаду, рушылi Мiкола з Гасютам.
– Ну што за людзi! Паўгорада зьбеглася, нiбыта яны калоды ня бачылi... ад парога гукнуў зьнерваваны ўнук, а дзед, пазяхнуўшы ў далонь, лёг на тапчан i змучана аддзьмуўся.
На кухнi рыпнула падлога i Гасюта – з воклiчам "Обана!" – грукнуў аб стол чымсьцi цьвярдым i булькатлiвым.
– Вось гэта лоўка! – акрыялым голасам азваўся Мiкола.
– Хопiць iм i адной... Летась пiлавiньне грузiў – нiхера не паставiлi... растлумачыў Гасюта, а Мiкола ўдарыў у ладкi i кiнуўся ў прысенак, дзе стаяла газавая плiта.
– Зараз, бляха, яечню згламэздаем.
Пакуль Мiкола завiхаўся з патэльняй, Гасюта, падобна, адкаркоўваў пляшку, потым бразнуў шклянкамi i нягучна прамовiў:
– Увечары яму выкапаеш... Сантымэтраў на семдзесят, глыбей ня трэба. Заўтра ад ранку калоду паставiм, а ў абед Сiвоха кран падгонiць.
У шклянцы – стоена, але разам з тым упэўнена – зацурчэла гарэлка i пад тыя чароўныя гукi Трахiм заплюшчыў павекi.
На наступны дзень, ад самага ранку, ва ўтульнай Трахiмавай хаце грукалi дзьверы, бразгалi шклянкi i лiлася п'яная гамонка. Першымi завiталi два хлопцы з пiларамы i Мiкола бегаў да мясцовых цыганаў па самагонку. Блiжэй да абеду ў хату ўвалiлiся Гасюта з вадзiлам аўтакрану, усе разам дапiлi цыганскi трунак i, трымаючы пад пахi аднаго з пiльшчыкаў, пайшлi ўздымаць правадыра на "п'едэстал".
Дзед Трахiм зроду не хрысьцiўся, а тут, пабачыўшы, як п'яны ўнук убiўся пад бэтонную камлыгу, што завiсла, як той вiсельнiк, у паветры, тыцнуў самлелымi пальцамi ў лоб, жывот i ў левае плячо. Схоплены за шыю сталёвай зашмаргай, правадыр крутнуўся спачатку ў адзiн бок, потым у другi, нарэшце спынiўся, Мiкола абхапiў правадыра цыбатымi рукамi i той паволi асунуўся на калоду.
Хвiлiн празь дзесяць, пабачыўшы ў дзьвярох унука – цэлага i жывога – стары яшчэ раз перахрысьцiўся i, без шкадаваньня, аддаў Мiколу сто тысяч адной паперкай – апошнiя грошы, якiя былi ў хаце.
Вечарам у хату завiтаў яшчэ адзiн госьць – Данiк Крываблоцкi. Данiк той, немалады ўжо, сiвагаловы мужчына, працаваў у цэху шырспажыву. Вырабляў помнiкi з мармуровай крошкi, ляпiў барэльефы памерлых адстаўнiкоў i, вядома ж, убачыўшы бюст з адбiтым носам, тут жа зайшоў у хату, каб прапанаваць свае паслугi.
... За вокнамi ўжо сьвятлела, а на кухнi ўсё яшчэ гаманiлi i здушана мацюкалiся.
– Калян... ты хоць ведаеш... з кiм маеш справу? – п'яным голасам пытаўся Данiк Крываблоцкi i, пасьля страшэнна працяглай паўзы, адказваў: – Ты маеш справу з прафэсiйным скульптарам.
Калян доўга i неразборлiва мыкаў, потым чхнуў – ды так хвацка, што абудзiў Гасюту; Гасюта ў сваю чаргу таксама мыкнуў, але тут жа суняўся й на кухнi чарговым разам бразнулi шклянкi.
– У Гасюты.. i галава не трымаецца... на стол падае, – прабубнеў Крываблоцкi i ўжо ўцямным голасам працягваў: – Карабейнiкаву помнiк бачыў?.. За дзень зьляпiў... Зяць карабейнiкавы прыехаў, паглядзеў – даў стольнiк i яшчэ пяць "зялёных" наверх... Кажа: – Кiдай усё, прыяжджай да нас у Пiцер табе цаны ня будзе... – на кухнi зацурчэла гарэлка i Мiкола, расьцягваючы зыкi, прасiпеў: – А но-ос?
– Алебастравы прыляплю... Будзе лепей, чым твой... – выгукнуў Крываблоцкi, хлопцы чокнулiся i ў гэты момант штосьцi масыўнае i важкае абрынулася на падлогу.
Дзед Трахiм адсунуў фiранку. На падлозе, нязграбна раскiнуўшы рукi, ляжаў упiты Гасюта.
– Каб вас парвала ад той гарэлкi, – азваўся стары i з вохканьнем кульнуўся на левую бачыну.
Пад самую ранiцу хата напоўнiлася нялюдзкiм храпам. На кухнi, падклаўшы пад голаў палена, хроп Гасюта, а ў сьвятлiцы дзерлi тхара Мiкола з Крываблоцкiм. Данiк зь Мiколам спалi нiжнiкам, пры гэтым унук часьцяком падбрыкваў правай нагой, бiў Крываблоцкаму пяткай у лабешнiк; скульптар на кароткi мiг ацiхаў, мыляў вуснамi i пачынаў храпцi зь яшчэ большым натхненьнем. I вось, калi Данiк схрапянуў ужо зусiм ашалела, i дзед Трахiм панурыў руку пад тапчан, шукаючы – чым запусьцiць у храпуна, на падворку пачулiся крокi i нехта дробна пастукаў у шыбу.
– Цi ў вас мая п'янтосiна? – крыкнула гасютава жонка i ад таго крыку забрахаў суседзкi сабака, а Данiк з унукам пакiнулi храпцi i зморана застагналi.
Падняла мужа Гасюцiха даволi хутка: плюснула зь вядра халоднай вады, а потым, мацюкнуўшыся, агрэла небараку паленам. Удар атрымаўся глухiм, але хвацкiм. Дзед Трахiм, лежачы за фiранкай, уражана залыпаў вачыма, а Данiк зь Мiколам стаiлi дых i з жаласьлiвым гукам выпусьцiлi паветра.
Гасючысiны праклёны зацiхлi на другiм канцы вулiцы, навакольныя сабакi збрахалiся да сiпу, залезьлi ў будкi, i змучаную дзедаву душу падхапiў i панёс па сваiх цёмных лябiрынтах доўгачаканы, а таму чуйны i замарачны сон.
Прысьнiлiся дзеду паховiны Сталiна. Спачатку ў сьвядомасьцi нарадзiлiся зыкi: гуд золкага ветру ў разьбiтых вокнах дэпо, лясканьне жалобных сьцягоў над галавою, галасiсты, з засопленым прыдыханьнем, плач дырэктаравай жонкi. Трахiм страсянуў ува сьне галавою i тут жа ўбачыў стрыжаныя патылiцы, чорную зеўру гучнагаварыльнiка i заплаканую начальнiцкую жонку.
– Мiканор... як жа мы цяпер... безь яго?.. – здушана галасiла кабецiна, уткнуўшыся лобам у пагон мужавага шыняля.
– Капа, нам усiм цяжка... – мармытаў начальнiк дэпо, неадрыўна пазiраючы ўгору – туды, дзе завiхалiся ўвiшныя вераб'i i дзе вiсеў бляшаны рупар гучнагаварыльнiка.
Трахiм аглядзеў краем вока натоўп i зьнерухомеў ад нечаканасьцi. Праваруч, у атачэньнi паравозьнiкаў, стаялi Мiкола з Гасютам. Абое былi на ладным падпiтку, абое смалiлi папяросы i задаволена пасьмiхалiся, падставiўшы золкаму ветру свае – Мiкола малочна-белыя, а Гасюта пракурана-пажоўклыя – зубы.
"Божухна, заберуць!"– мiльганула падспудная думка i ў гэты момант бляшаны рупар крактануў, вераб'i разам узьнялiся ў паветра i навакольле напоўнiў хрыпучы левiтанаўскi голас:
– Пайшоў з жыцьця прадаўжальнiк вялiкай справы Ленiна, друг i настаўнiк працоўных усяго сьвету... – Левiтан зрабiў паўзу, за сьпiнай – раней часу загуў ды асекся паравозны гудок i чыйсьцi знаёмы голас пакутлiва выдыхнуў: Фу, бляць, як цяжка...
Стары разьмежыў павекi. Уваччу паплыла, а потым замёрла на месцы квяцiстая фiранка.
– Ой, бляць, як цяжка! – застагнаў Данiк Крываблоцкi i Трахiм адхiнуў фiранку.
Гадзiньнiк на кухнi паказваў палову дзесятай.
– Памiраю... сэрца спыняецца... – чародным разам выдыхнуў Данiк i з вохканьнем скiнуў на падлогу нягнуткiя ногi.
Сэрца ў Крываблоцкага, вiдаць, i сапраўды спынялася, бо Данiк быў белым як палатно, а нiжняя скiвiца безупынку калацiлася.
"Каб не памёр, халера на яго", – падумаў стары i, апанаваны трывожнымi думкамi, палез пад тапчан, дзе яшчэ з пазалеташнiх Калядаў была прыхаваная пляшка "чарнiла".
... Данiк пiў "Водар мяты" нагбом, з рыльца, а выпiўшы поўбутэлькi задаволена адрыгнуў i гукнуў праз плячук: – Гасюта!
– Сышоў... яшчэ зранку, – гукнуў дзед Трахiм i, сьцiшыўшы голас, дадаў: П'юць, пакуль на падлогу ня зваляцца.
III
Дзесьцi праз гадзiну, а мо й раней Данiк iзноў увалiўся ў хату.
– Дай... – неакрэсьлена выдыхнуў госьць, зь нецярплiвасьцю страсянуўшы рукамi.
– Чаго табе даць? – не зразумеў Трахiм.
– Ну гэты, як яго?.. – Краваблоцкi скрывiў гiмору, крутнуў пальцамi гэткiм рухам звычайна ўкручваюць лямпачкi – i з шумам увабраў паветра, згадваючы – як называецца тое, што яму трэба. – Ну гэты... во, – госьць тыцнуў пальцам у кут i дзед Трахiм уражана крутнуў галавою.
– Табурэт табе трэба, цi што?
– А во-во... табурэт, – прасьвятлеў з твару Крываблоцкi.
Данiк падхапiў табурэтку, зiрнуў на Мiколу, якi й дагэтуль ляжаў на канапе, пакутуючы з пахмельля, i выкулiўся з хаты.
– Зусiм мазгi прапiў, – уздыхнуў стары. Ня ведаючы – чым заняць рукi, Трахiм спачатку схапiўся за венiк, потым запiхнуў у торбу пустыя бутэлькi, нарэшце, адчынiў вакно i ўпусьцiў у пракураную хату сьвежае паветра.
На двары з ашалелай зацятасьцю цвыркалi вераб'i, на суседняй вулiцы гарлалi пеўнi, непадалёку ляскатаў трактар – няйначай, гасютавы, – i да ўсiх тых суладных зыкаў далучалася звонкае i разам з тым непрыемнае шаргаценьне. Гэта Данiк, узьбiўшыся на табурэт, раскеўзваў кельняй па камлызе нейкую шэрую глiну.
"I што з усяго гэтага будзе?"– падумаў Трахiм, вынес у сенцы торбу з бутэлькамi, а калi iзноў зiрнуў у вакно, дык убачыў нейкага дарэшты апухлага мальца, якi стаяў за Данiкавай сьпiнай i пацiраў даланёю пляшывую макаўку.
– Хто гэта цябе так? – запытаўся Крываблоцкi i стары пазнаў у апухлым мальцы свайго суседа Гасюту.
– Ваўчыца... хто ж яшчэ... – Гасюта ўздыхнуў, зацкавана паглядзеў на камлыгу: – Алебастрам мажаш, цi як?
– Алебастрам, – незадаволена выгукнуў Крываблоцкi, а замазаўшы чарговую дзiрку, прамармытаў: – Iдзi... пакiнулi там табе... на апахмелку.
Стары адышоў ад вакна, пазяхнуў наастачу i падаўся на тапчан.
– Калян! Ты там жывы? – грымнуў праз пару хвiлiн сiпаты гасютавы голас, але стары не пачуў тых слоў – Трахiм салодка спаў i квяцiстая фiранка ледзь прыкметна варушылася ў такт ягонаму дыханьню.
У суботу дзед Трахiм напалiў лазьню. Мыўся цэлых дзьве гадзiны, да змору схвастаў сябе дубовым венiкам i, вiдаць, схвастаў бы да сьмерцi, калi б у прымыльнiку не загрукацеў вёдрамi ўнук Мiкола.
– Увесь дух выпусьцiў, – крыкнуў унук, расчынiўшы дзьверы, шухнуў вады на камнi i тут жа, сеўшы на палок, стаў шараваць кавалкам пемзы свае перапэцканыя белай хварбай далонi.
... З лазьнi дзед выкулiўся на ватных нагах i, перш чым iсьцi да хаты, доўга зьбiраўся зь сiламi, трымаючыся за дзьвярны вушак. Сэрца парывiста тахкала, слых поўнiўся звонам, а ў нос лез нейкi незнаёмы пах, якi нагадваў водар чаромхi. Ён, гэты пах, хаця й ня быў ачомна-рэзкiм, але вярнуў да жыцьця. Трахiм удыхнуў праз нос п'янкога паветра i ў той жа мiг галава прасьвятлела, звон увушшу суцiх i зьнямелыя ногi налiлiся гарачай крывёю.
Пакуль iшоў гародам, увесь час маракаваў: чым гэта пахне? – i ўжо ля самай хаты, згадаўшы перапэцканыя Мiколавы рукi, задыхана прашаптаў: – Хварбай засьмярдзела.
Толькi што сэрца хваравiта замiрала i гатовае было спынiцца, а тут ёкнула i спужанай птушкай забiлася ў грудзiне. Стары ўбачыў СТАЛIНА!
У першае iмгненьне нават здалося, што правадыр жывы – стаiць, бялюсенькi, краем вока зазiраючы ў ягоны, Трахiмавы, агарод. Трахiм i так быў мокры пасьля лазьнi, а тут нават уваччу засьвярбела ад поту. Стары падхапiў дрыжачай рукой прыпол кашулi, хацеў выцерцi твар, ды пачуў раптам ломкi хлапечы голас:
– Дзядуля, а хто гэта такi?
Падшыванцы, як заўсёды, сядзелi на плоце i хрумкалi недасьпелыя яблыкi.
– Гэта, мальцы, Сталiн! – крэкнуў Трахiм, выцiраючы мокры лоб.
– А хто ён такi? – падаў голас усё той жа сьветлавалосы малец.
Трахiм уважлiва паглядзеў на падшыванца: цi не пасьмейваецца пракуда над старым чалавекам. Але вочы хлапечыя сьвяцiлiся непадкупнай цiкавасьцю i стары кашлянуў у далонь.
– Ну, гэта... – сказаўшы так, Трахiм задумаўся, засяроджана пачухаў кадык: – Ну, карацей, яго ўсе баялiся. Пры iм парадак быў – о-го-го! У нас у дэпо адзiн на працу спазьнiўся, дык два гады далi... з правам перапiскi.
– А вы, дзядуля, таксама Сталiна баялiся?
– Анягож... i я баяўся.
– А ён кiм быў? Тэрмiнатарам? – русявы падшыванец з такой асалодай куснуў яблык, што нават сок пацёк па падбародзьдзi.
– Цябе як завуць? – запытаўся Трахiм, неадрыўна казелячы вокам то на падшыванца, то на бацьку-Сталiна.
– Пецькам, – адказаў падшыванец i зь невядомай прычыны пакутлiва ўздыхнуў.
"I чым толькi ў iх галовы забiтыя?" – падумаў дзед Трахiм, патупаў да хаты i, пакуль дайшоў да крыльца, тры разы азiрнуўся, каб паглядзець на правадыра.
Увесь вечар ля бюсту тоўпiлiся людзi.
"Як жывы, як жывы..."– наўзахваткi шапталi старыя цёткi i ўнук Мiкола, слухаючы праз адчыненае вакно людзкую гаману, задаволена пацiраў рукi i раз-пораз гукаў:
– Чуеш, дзеду?! Здаю бюст за пяць тысяч баксаў! I нi цэнта меней...
– Эгэ-э... Мiколка... Каму ён патрэбны? – абзываўся з тапчана стары Трахiм, – у людзей грошаў на хлеб не хапае, а яны табе будуць нейкiя бюсты купляць.
– Гэта ў цябе не хапае, а ў "крутых" грошаў як гразi... – Мiкола ўкiнуў у рот цыгарэцiну, пстрыкнуў запальнiчкай i нападворку хтосьцi зусiм па-дурному загарлаў:
Сталин наша слава боевая-а...
Сталин нашей юности полё-от...
Трахiм падхапiўся зь ляжанкi, на дзiва борзда падбег да вакна i незадаволена вылаяўся: на падворку, узяўшы пад руку Юстына Капiтонавiча Дуба былога ваенкома – стаяла i гарлала на ўсе застаўкi Аўгiньня Мiканораўна Кароткая – актывiстка раённага савету вэтэранаў вайны.
– Прынес нячысьцiк, – буркнуў Трахiм i, прычакаўшы, калi Аўгiньня прасьпявае апошнi радок: – Наш народ за Сталиным идио-от! – зачынiў вакно адразу на дзьве просвы.
Аўгiньня Кароткая падчас вайны мыла штаны партызанскаму камандзiру, а цяпер, начапiўшы мэдальку, цягалася па горадзе i, сустрэўшы Трахiма, кожны раз апавядала – як яны адбiвалiся ад карнiкаў, як яе ледзь не забiла асколкам гранаты, а ўздыхнуўшы абавязкова прамаўляла: – Вам хоць добра было, вы ў тыле сядзелi.
– Пасядзела б ты, корга лупатая, у тыле... пад нямецкiмi бомбамi, суцiшна казаў усьлед актывiстцы Трахiм i доўга потым хадзiў не ў гуморы.
... Дзьве галавы – сiвая ваенкамаўская ды чарнявая Аўгiньнiна – праплылi мiма вокнаў i Трахiм, пятым разам згадаўшы нячысьцiка, патупаў да дзьвярэй.
Ён сустрэў гасьцей на ганку. Выставiў чэрава, абапёрся рукой на вушак i тым самым даў зразумець, што ў хату нiкога не запрашае.
– Ну, Трафiм Пятровiч, ня ведаю – як цябе i дзячыць! – прамовiў былы ваенком, цiснучы Трахiмаву руку. – Гэта, скажу табе, вялiкi патрыятычны ўчынак.
– Я нават прасьлязiлася, як Iосiфа Вiсарыёнавiча пабачыла, – уставiла слова Аўгiньня Кароткая, плаксiва шморгнула носам i палезла ў кiшэнь па насоўку.
– Сёньня ж патэлефаную ў цэка партыi i пашлю лiста Генадзю Андрэевiчу Зюганаву. Пра такую падзею павiнен ведаць увесь сьвет, – Юстын Капiтонавiч кашлянуў у жменю, крыху суцiшыў голас. – Вось толькi месца для помнiка няўдалае. Трэба яго ў цэнтар перанесьцi – туды, дзе стаяў...
– Каб дзятва нос адбiла? – весела крыкнуў з кухнi Мiкола.
Юстына Капiтонавiча такая заўвага прыкметна азадачыла. Ён ускудлацiў сiвыя валасы на патылiцы, з разважнасьцю ў голасе прамармытаў: – У Савеце паставiм. А там пабачым.
– Мы, як яго выцягвалi, дзесяць лiтраў саляркi спалiлi, дзьве бляшанкi нiтрафарбы скарысталi i скульптару за працу трыццаць даляраў заплацiлi. Так што задарма не аддадзiм, – крыкнуў Мiкола, i госьць, выцягнуўшы шыю, запытаўся: – Дык колькi вы хочаце?
– Дзьве скрынi гарэлкi! – гракнуў Мiкола.
Госьць пасьля такiх слоў нават хiтнуўся – задужа высокай паказалася цана. Цётка Аўгiньня падхапiла яго пад руку, павяла да весьнiц i на разьвiтаньне гукнула праз плячо:
– Мы ў Савеце падумаем.
– Падумайце... добра падумайце... – прасiпеў усьлед гасьцям Трахiм i з грукатам – аж парахня пасыпалася са столi – зачынiў дзьверы.
– Дык што ж ты... То пяць тысяч хацеў, то на дзьве скрынi пагадзiўся, прамовiў Трахiм, забiраючыся на тапчан.
– Ды пажартаваў я... – адказаў унук, стамлёна зяхнуўшы ў далонь, – у гэтых сталiнскiх пацукоў грошаў i на скрыню ня знойдзецца.
Мiкола пстрыкнуў выключальнiкам i потым доўга мармытаў у цемры, услых прыкiдваючы – колькi "бабак" застанецца ў яго, колькi ў Гасюты, i колькi давядзецца "кiнуць" дзеду.
IV
Наступнага дня, ад самай ранiцы, пачаў сеяць дакучлiвы дождж. Трахiм, запалiўшы ў печы, салодка пазяхнуў, зь цiхай радасьцю падумаў, што гасьцей такiм часам ня будзе i тут жа ўгледзеў, як у мокрым вакне мiльгануў пакамечаны капялюш. Яшчэ празь iмгненьне ў прысенку грымотна затупалi i на парозе паўстаў карэспандэнт раённай газэты Аркадзь Нiчыпарук. Карэспандэнт зьняў капялюш, страсянуў, зьбiваючы дажджавыя кроплi i мутнаватымi, яшчэ дарэшты не працьверазелымi вачыма агледзеў хату.
Аркашка Нiчыпарук даводзiўся Трахiму сваяком: быў жанаты на дзедавай пляменьнiцы, i хаця пасьля таго зьмянiў яшчэ двух жонак, крэўных сувязяў не перарываў – зрэдзьчасу забягаў у хату, куляў чарку, i раз на год – звычайна, на Вялiкдзень – прывозiў на рэдакцыйным "масквiчы" мех крадзенага камбiкорму.
Кiўнуўшы сваяку, Аркашка зазiрнуў у сьвятлiцу, а ўбачыўшы брудныя Мiколавы пяткi, што тырчэлi з-пад коўдры, грымотна скамандаваў:
– Гвардыя, падйо-ом!
– Iнтэрвiю прыйшоў узяць, – патлумачыў Аркашка, выцягваючы з нутраной кiшэнi плашчу пляшку "чарнiла" i зашмальцаваны блякнот.
Хвiлiн праз пяць, глынуўшы вiна, Нiчыпарук стаў распытваць Мiколу – зь якiх вiроў быў выцягнуты сталiнскi бюст – а дзед Трахiм, якому да млосьцi абрыдлi п'янкi, цiхенька высьлiзнуў з хаты. Стары сеў на ганку i стаў слухаць – як цiўкаюць з капяжу рэдкiя кроплi, як квокча ў хляву, наракаючы на дождж, стары певень i як на кухнi, наракаючы на зладзюгу-рэдактара, бубнiў Аркашка Нiчыпарук:
– Немагчыма стала працаваць – рэжа ўсё пад корань. Пры камунiстах i то лягчэй было...
Пазяхнуўшы, стары налёг сьпiнаю на дзьверы, заплюшчыў вочы i калi – праз поўгадзiны – сваяк выходзiў з хаты, кульнуўся таму пад ногi. Сваяк ад начаканасьцi падскочыў, выпусьцiў з роту папяросiну i, дапамагаючы Трахiму падняцца, прамармытаў:
– Ну, Пятровiч, у цябе i жарцiкi...
Потым карэспандэнт доўга шнарыў рукой па падлозе, шукаючы згубленую папяросiну, нарэшце знайшоў, прыпалiў ад падстаўленай Мiколам запальнiчкi:
– Карацей, даю два матар'ялы – адзiн у сваю газэту, другi ў "Праўду". У Маскве такiя рэчы любяць.
– I аб'яву... – нясьмела заўважыў Мiкола.
– За аб'яву не хвалюйся. Сёньня ж патэлефаную Хамiцкаму. Надрукуюць у лепшым камэрцыйным выданьнi. Як там напiсаць? "Прадаецца бацька-Сталiн"?
Сваяк зь Мiколам яшчэ трохi гаманiлi – Мiкола ўсё бедаваў, што помнiк надта цяжкi i гэта можа адпудзiць пакупнiкоў, – дзед Трахiм той парой прыбраў на стале, сасмажыў яечню i з палёгкай уздыхнуў, калi пакамечаны капялюш таргатлiва паплыў мiма вокнаў. Ля весьнiц, аднак, капялюш крутнуўся вакол сваёй восi i Аркашка, увабраўшы голаў у плечы, пабег у адваротным накiрунку.
"Цi не ў прыбiральню пабег?" – падумалася Трахiму; у гэты момант да помнiка падкацiла шэрая "волга" i зь яе нутра вылез, цяжка аддзiмаючыся, старшыня райвыканкаму Ганчарук i яшчэ нейкi, вайсковай выпраўкi чалавек, на носе якога вiселi сонечныя акуляры. Агледзеўшы помнiк, Ганчарук пачухаў патылiцу, сказаў штосьцi напарнiку, тыцнуўшы пры гэтым пальцам угору i сьпехам падаўся да машыны.
Наступныя два днi выдалiся спакойнымi: у хату нiхто не завiтваў, да весьнiц нiхто не пад'яжджаў, i ўзрадаваныя дзедавы куры iзноў пачалi поркацца ў зямлi на сваiм ўлюбёным месцы – пад помнiкам правадыру. Але на трэцi дзень да хаты пад'ехаў даўжэзны белы фургон, зь яго выскачылi маладыя хлопцы ў рознакаляровых кепурках; хлопцы тут жа пачалi раскручваць нейкiя шнуры i ўнук Мiкола, зiрнуўшы ў вакно, каротка патлумачыў:
– Тэлебачаньне.
I дзед i ўнук зьлёгку захвалявалiся – а раптам паклiчуць штосьцi сказаць у камэру. Але хваляваньне было дарэмным. У хату нiхто не заходзiў, а неўзабаве да весьнiц падрулiў "казялок", у запыленай шыбе якога мiльгануў азызлы твар Юстына Капiтонавiча Дуба.
– А гэты чаго тут? – уразiўся дзед Трахiм.
– Эх, дзядуля... На тэлебачаньнi слова даюць толькi надзейным людзям, – з уздыхам прамовiў Мiкола. Унук адсунуў непадатныя просвы, разнасьцежыў вакно. Пазнаеш, дзед, вунь тую стрыжаную сучку? "Панараму" вядзе.
Кабецiна, пра якую казаў Мiкола, падвяла былога ваянкома да помнiка, махнула нейкаму хлопцу i лагодным голасам прасьпявала:
– Вы, Юстын Капiтонавiч, толькi не хвалюйцеся. I глядзiце не на мяне, а ў аб'ектыў тэлекамэры.
Кабета iзноўку махнула рукой, састроiла лагодную ўсьмешку, натхнёна загаварыла ў мiкрафон на чысьцюткай беларускай мове:
– Гiсторыя не бывае добрай цi дрэннай. Гiсторыя такая, якая яна ёсьць – зь яе ўзьлётамi i перамогамi, пякучым болем i трагедыямi. I як бы нi сiлiлiся сёньняшнiя абвяргальнiкi, гiсторыя нашага народу заўсёды з намi, яна вяртаецца да нас i яскравы таму прыклад – вось гэты помнiк, якi стаiць за маёю сьпiнаю. Iмя Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна i дагэтуль выклiкае шмат спрэчак. Але спытаем – як ставяцца да гэтага iмя тыя, хто пралiваў кроў на франтах Вялiкай Айчыннай вайны, хто з iмем Сталiна на вуснах iшоў у сьмяротны бой...