Текст книги "Звон ― не малітва"
Автор книги: Іван Чыгрынаў
Жанр:
Драматургия
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
Рагнеда. Але ў статак Красулю не выганяйце. Няхай пастаіць у кароўніку, дарма што павесялела. Ты вось што, нянька, ты прывядзі ў замак дачку майго злотніка, Анею. Ды глядзі, каб непрыкметна, каб ніхто не згледзеў.
Нянька. Зараз?
Рагнеда. Як здолееш, але ў бацькавай хаце яе не пакідай. Калі нельга будзе цяпер прывесці сюды непрыкметна, то схавай дзе-небудзь да цёмнага. I ў замку таксама схаваеш, нават каб і я не дужа здагадвалася, пакуль не спытаюся.
Нянька. Зраблю, матухна княгіня, зраблю.
Нянька выходзіць. Заходзіць прэсвітэр Апанасій.
Апанасій. Матухна княгіня, гневайся ці не, але я не выканаў тваю волю: бачыш, яшчэ ў Ізяславе. Удзень не паспеў сабрацца ў дарогу, цяпер – вечар. Давядзецца новага дня чакаць.
Рагнеда. Як жа ты ладзішся, прэсвітэр, па вадзе?
Апанасій. Са мной, княгіня, слова божае. Хто яго на рэках чуцьме? Рыбы?
Рагнеда. Зрэшты справа твая. Як дабіраўся сюды, да нас, так і адсюль дарогу знойдзеш. Ты таксама, прэсвітэр, не гневайся, што прыспешваю. Не падабаецца мне, што цяпер многа бадзяецца па зямлі людзей, якія бянтэжаць людскія душы і пасяляюць у іх дарэмныя надзеі.
Апанасій. Такі промысел божы.
Рагнеда. Мы ўжо, здаецца, нагаварыліся з табой, прэсвітэр, і аб наканаванасці, і пра саміх багоў… Я цябе не за гэтым, на ноч гледзячы, паклікала. Значыць, пехатой збіраешся ісці?
Апанасій. Так, княгіня. Як развіднее, так і рушу.
Рагнеда. Адзін?
Апанасій. З Богам у душы і на вуснах.
Рагнеда. У Кіеў?
Апанасій. Па дарозе відаць будзе. Але ў Кіеў мне таксама патрэбна.
Рагнеда. У мяне да цябе просьба.
Апанасій. I ў мяне да цябе, княгіня, таксама.
Рагнеда. Ведаю.
Апанасій. Трэба ўратаваць дачку злотніка ад вашых багоў. Па-першае, ён сам грэчаскай веры, значыць, і дачка яго жыве ў той жа веры.
Рагнеда. Яна жыве тут са старымі багамі. I ў свяшчэнны лес разам з тутэйшымі людзьмі ходзіць. А што датычыць бацькі…
Апанасій. Дзяцей нельга адрываць ад бацькоў, княгіня.
Рагнеда (усё роўна як здзіўлена глядзіць на прэсвітэра, пасля гаворыць). А мае дзеці ведаеш дзе? З адным тут жыву. А іх у мяне ажно шасцёра.
Апанасій. На тое воля вялікага князя.
Рагнеда. Я даўно ўсё зразумела, прэсвітэр. Аказваецца, на ўсё ёсць нечая воля. А той, сапраўднай волі, якая завецца воляй, нідзе няма. Вось ты вольны?
Апанасій. Я – слуга божы.
Рагнеда. То слухай цяпер маю просьбу. Возьмеш з сабой у дарогу дачку майго злотніка.
Апанасій. Анею?
Рагнеда. Так. Вялікага здзіўлення гэта не павінна выклікаць у людзей. Да таго ж яе можна пераапрануць, каб не выглядала дзяўчынай. Вось і будзеце мець аднолькавы выгляд – дза вандроўнікі, слугі божыя.
Апанасій. А бацькі яе?
Рагнеда. Злотнік сам прыходзіў ратунку для яе прасіць.
Апанасій. Не, я не ў тым сэнсе. Бацькі яе тут застануцца?
Рагнеда. Ім нішто не пагражае.
Апанасій. Ты так думаеш, княгіня?
Рагнеда (не адказвае; гаворыць). Але давядзецца вам ісці зараз, прэсвітэр, скрозь ноч, каб ніхто не ўведаў. Ты ступай, падрыхтуйся ўсё-ткі ў дарогу, калі яшчэ дасюль не зрабіў гэтага, а я тым часам пагавару з дзяўчынай. Нянька наша звядзе вас пасля. Ну, здаецца, усё. Ты перад сваім Богам загладзіш які-небудзь грэх гэтай справай, а я перад сваімі займею яшчэ адзін.
Апанасій. Бывай, княгіня. Даляцеў усё-ткі з Корсуня сюды звон маёй царквы! Пачуў Гасподзь Бог нашы малітвы!
Рагнеда. Не кожны звон – малітва. Тут у нас быў прэсвітэр адной царквы. Дык казаў, што на іхніх храмах зусім няма званоў. «Як гэта?» – пытаемся. «Бо звон – гэта яшчэ не малітва», – адказвае. Бывай, прэсвітэр!
Апанасій (уздыхае). Мне пра гэта княжыч расказваў. Храмы па-рознаму будуюцца.
Прэсвітэр выходзіць. Заходзіць служанка Рагнеды.
Рагнеда. Што табе?
Служанка. Прыйшла прыбраць цябе на ноч, княгіня.
Рагнеда. Хіба так позна?
Служанка. Я заўсёды ў гэты час увечары прыходжу.
Рагнеда (сядае, апускае галаву на далонь сагнутай у локці рукі). Які цяжкі сённяшні дзень!.. А тут яшчэ Ізяслаў на паляванне сабраўся.
Служанка. Паехалі ўжо. (Падступаецца да княгіні, хоча разбіраць ёй валасы.)
Рагнеда. Пачакай. З гэтым паспеем. Лепей схадзі па старую няньку. Скажы, што клічу з Анеяй.
Служанка выходзіць. Заходзяць нянька, Анея, затым – служанка. Анея ўкленчвае перад княгіняй, утульвае твар у яе ўлонне. Служанка ідзе за спіну княгіні, бярэцца за яе валасы.
Ты ведаеш, Анея, я адношуся да цябе як да свае. Ізяславу таксама ты была ў радасць. Але цяпер пагражае…
Анея. Я чула, як прыходзілі да бацькі са свяшчэннага лесу.
Рагнеда. Тым лепш, раз сама разумееш. Словам, зараз цябе пераапрануць. Дадуць хлапчукоўскае адзенне і выведуць з прэсвітэрам Апанасіем на дарогу.
Анея. Куды?
Рагнеда. Куды ён – туды і ты.
Анея. Значыць, я не вярнуся сюды?
Рагнеда. Не пра гэта трэба думаць, Анея. Над табой навісла небяспека. Неабходна ратавацца. А з праваслаўным прэсвітэрам табе нішто не будзе пагражаць.
Анея. Мяне ж заўсёды бараніў Ізяслаў.
Рагнеда. Ізяслаў на паляванні.
Анея. Дык вернецца!
Рагнеда. Ты слухайся мяне. Калі я кажу так, значыць, іначай зрабіць нельга. Забірай яе, нянька. Пераапранеш, затым звядзеш з прэсвітэрам. I каб нікому ні слова. (Да служанкі.) Ты таксама язык свой доўгі прыкусі на нейкі час, бо можаш…
Служанка. Слухаю, княгіня.
Рагнеда. А ты, Анея, даруй, што іначай не можам. Прэсвітэр будзе клапаціцца ў дарозе пра цябе. У Кіеве ён пакажа табе, дзе жывуць Ізяслававы браты і сёстры. Будзеш пакуль з імі жыць.
Анея плача.
Ну, дурніца, што ты?..
Анея (уголас). А мамулечка ж мая, а татулечка!..
Рагнеда. Сціхні!.. (Гладзіць дзяўчыну па галаве.) Бывай, Анея.
Нянька выводзіць Анею з пакоя.
(Да служанкі.) Ну, што маўчыш?
Служанка. Успомніла Кіеў. Раптам нагарнулася на сэрца. Захацелася туды. Вось ты, княгіня, пра дзяцей сваіх затрывожылася, а я бацькоў згадала.
Рагнеда. А я – Полацк. Хачу ў Полацк. I не маю дарогі туды. Нездарма ж князь Уладзімір пасяліў нас на краі бацькавай зямлі. Бацьку з маці забіў, а мяне з сынам пасяліў на краі зямлі.
Служанка. Анея ўбачыць Кіеў!.. Зайздрошчу ёй.
Рагнеда. Знайшла каму зайздросціць! Гэта калі яна дабярэцца туды, а так – бяглянка. Таксама ж бацькі застаюцца тут…
Праз расчыненае акно чуваць, як зноў пачынае падаваць голас ваўчыца. Рагнеда ўстае, падыходзіць да акна. Слухае.
(Да служанкі.) Ты можаш ісці. Але заначуй сёння блізка ад маёй спальні.
Служанка. Дабранач, княгіня.
Рагнеда. Але не засынай, пакуль не вернецца нянька. Няхай скажа, як у іх там. Прызнацца, я гэту Анею мела ўвесь час на прыкмеце для княжыча. Бо як жыццё далей пойдзе – успомніць пра яго бацька ці не. Ладна, ступай. Гэта не твая справа.
Служанка выходзіць. Княгіня ўсё яшчэ стаіць каля расчыненага акна. Чуваць, як ваўчыца то сціхне, то зноў завые…
(Уздыхае.) Ах ты, няшчасная!..
Вельмі здалёку прыходзіць з’явішча, бы насланнё… Спіць на ложку вялікі князь Уладзімір. Рагнеда ўстае з той жа пасцелі, бярэ прыхаваны нож, замахваецца ім на мужа. Але той прачынаецца, хутка адводзіць ад свайго горла нож. Крычыць – кліча ахоўніка-варага. Той становіцца ля дзвярэй. Уладзімір у споднім імкліва выходзіць. У княскую спальню тым часам забягае малы Ізяслаў. Маці шэпчацца з ім. Ізяслаў павісае на шыі маці. У гэты момант у спальню прыходзяць дзве жанчыны. Пачынаюць рыхтаваць Рагнеду да пакарання. Затым сюды ўваходзіць вялікі князь, з ім – Дабрыня і другія княскія людзі. I раптам паміж Рагнедай і гэтым натоўпам, загароджваючы вялікаму князю шлях да Рагнеды, становіцца Ізяслаў. Заступаючыся за маці, малы крычыць на бацьку, тупае малымі ножкамі. Здзіўлены, Уладзімір адхінаецца назад, адступае, а тады выходзіць з усёй світай са спальні. Ахоўнік-вараг таксама пакідае пакой, дзе адбывалася ў цяперашнім уяўленні Рагнеды маўклівая дзея. Пасля гэтага Рагнеда кідаецца да сына, абдымае яго і горка плача…
…Ноч. Лес. Ад вогнішча, якое палае паміж дрэў на паляне, лятуць іскры… Хрумстаюць у торбах авёс коні. Ля вогнішча сядзяць Ізяслаў і лоўчы. Трохі далей яшчэ – паляўнічыя.
Лоўчы. Княжыч, нарэшце ты хочаш даведацца праўду пра свайго дзеда Рагвалода, полацкага князя… Я ўсяго адзін раз бачыў яго. Другога твайго дзеда, Святаслава, якога забіў печанег Кура, не ведаў.
Ізяслаў. I гэта праўда, што з чэрапа майго дзеда печанегі зрабілі чашу, каб піць з яе віно?
Лоўчы. Так расказалі. Але я сюды, на Русь, прыйшоў ужо з тваім бацькам.
Iзяслаў. Адкуль?
Лоўчы. З-за мора. З варагаў. Адзін час бацька твой шукаў там паратунку ад свайго брата Яраполка.
Ізяслаў. У майго бацькі яшчэ быў адзін брат.
Лоўчы. Так, княжыў у зямлі драўлянай Алег Святаславіч.
Ізяслаў. А хто яго забіў? Штосьці маці мне блытана гаварыла.
Лоўчы. Я ж кажу, гэта не пры мне было. Але чуў, што нібыта яго спіхнулі з моста свае ж воіны, калі ўцякалі ад Яраполкавай дружыны.
Ізяслаў. Незайздросны лёс!.. Можа, на Святаслававых дзецях пракляцце ляжыць?!
Лоўчы. Так, быць князем у вашай зямлі нялёгка. Ну, а наконт пракляцця, дык… Ты папрасі, каб табе прыслалі з Кіева старыя кнігі, якія пісаны яшчэ пры тваёй прабабцы княгіні Вользе. Мне давялося бачыць іх у вялікага князя. Там пра ўсё напісана. Але ці поўная праўда ў іх, не скажу, бо я прыйшоў на Русь з тваім бацькам з-за паўночнага мора, ад скандынаваў. Няхай табе тыя кнігі нанова пісцы перапішуць. Адкуль пайшла чыя зямля і хто жыў у ёй, хто правіў ёй.
Да вогнішча падыходзіць паляўнічы.
Паляўнічы. Нешта даўно не чуваць загоншчыкаў.
Лоўчы. А яны не будуць гнаць сюды мядзведзіцу. Як высачаць яе, Гарабой адразу прышле чалавека. Яна ж не ў берлагу. Увесь час рухаецца.
Ізяслаў. Добра было б, калі б адшукалі яе па той бок Свіслачы. Сабакі б пагналі сюды праз раку. А мы – насустрач.
Паляўнічы. Дрэнна, што яна цяпер лютая.
Iзяслаў. Станеш лютай.
Лоўчы. Я пра гэту мядзведзіцу чуў даўно. Але не сустракаў у лесе. Недзе ж і мядзведзь прыходзіў сюды, раз дзіця ў яе з’явілася.
Паляўнічы. Гэта пэўна ўжо. (Адыходзіць ад вогнішча.)
Лоўчы. Ты б заснуў, княжыч, пакуль што да чаго.
Ізяслаў. Паспім пасля палявання. Ты вось гаварыў пра кніжкі. Помню, бацька любіў, каб яму чыталі іх манахі.
Лоўчы. Кніг цікавых, княжыч, сапраўды шмат. Але пра тутэйшую зямлю мала. Таму і расказваюць аб адным і тым жа кожны па-рознаму. Я вось раскажу табе, княжыч, калі не спіцца, як пасылаў сватоў твой бацька з Ноўгарада ў Полацк. Гэта на маіх вачах было. Я і сам адзін раз ездзіў у такім пасольстве разам з іншымі отракамі да твайго дзеда Рагвалода, каб аддаў за нашага князя сваю дачку, цяперашнюю тваю маці.
Ізяслаў. Расказвай. (Узяў палена, паварушыў ім у вогнішчы; зноў снапом паляцелі ўгору іскры.)
Лоўчы. Да маці тваёй сватаўся вялікі князь Яраполк, які сядзеў тады на стале ў Кіеве. I яна давала згоду пайсці за яго. Уладзімір таксама дачуўся пра яе прыгажосць. А найбольш, можа, хацеў выступіць супроць брата Яраполка, бо пасля вяртання з-за мора меў моцную дружыну і пасягаў у думках на Кіеўскі стол. Было гэта якраз перад паходам на Кіеў.
Iзяслаў. Браты заўсёды варагавалі?
Лоўчы. Можа, таму, што яны толькі па бацьку браты. Маці ў іх былі розныя. Нават з розных земляў.
Iзяслаў. Мы таксама ад розных маці. Мсціслаў з Усеваладам мае адзінаўтробныя браты. Святаполка нарадзіла грачанка, Вышаслава – чахіня, балгарыня – Барыса і Глеба, а ёсць яшчэ Святаслаў і яшчэ адзін Мсціслаў. Бачыш, усіх нават пералічыць цяжка!
Лоўчы. Так, вялікі князь мае моцны корань. Але калі хочаш, княжыч, то слухай, як прыязджалі мы ў Полацк да твайго дзеда Рагвалода.
Ізяслаў. Расказвай.
Лоўчы. Прыйшлі мы да Рагвалода ў замак і кажам: «Князь ноўгарадскі Уладзімір паслаў нас да цябе сказаць, што хоча дачку тваю Рагнеду ўзяць сабе ў жонкі». А дзед твой адказвае: «Трэба спытаць у дачкі». Паклікаў княжну, пытае яе пры нас: «Хочаш за Уладзіміра?» – «Не, – кажа княжна, – не стану разуваць сына рабыні, хачу за Яраполка».
Да вогнішча падбягае Гарабой.
Гарабой. Дзе княжыч?
Лоўчы. Ну вось, не далі дагаварыць. А можа, гэта к лепшаму, княжыч. У тваім узросце не пра ўсё належыць ведаць. Пасталееш – тады ўжо. Міма нічога не праляціць. I добрае, і благое. (Да Гарабоя.) Дык што там у вас здарылася?
Гарабой. Поблізу замка зноў мядзведзіца ходзіць!
Ізяслаў. I ваўчыца там?
Лоўчы. Звер звера палюе.
Ізяслаў. А можа, яны абедзве на людзей палююць – і ваўчыца, і мядзведзіца?
Лоўчы. Урэшце, хто іх ведае.
Ізяслаў. Значыць, пераплываць раку ўсё-такі давядзецца ёй, а не нам?
Лоўчы. А калі яна кінецца ў другі бок?
Гарабой. Усё роўна яе смерды павернуць да нас. Цяпер ёй ад нас не ўцячы. Загадвай трубіць, княжыч.
Iзяслаў. Зараз?
Гарабой. Так.
Ізяслаў. Гэй, трубы!
Чуюцца паляўнічыя ражкі. На паляне ўсе на нагах. Хапаюцца за зброю. Ізяслаў ляскае ў ножнах сваім мечам, спяшаецца да каня. За ім – лоўчы з рагацінай і сякерай. Зноў трубяць паляўнічыя ражкі. Аднекуль здалёку далятаюць чалавечыя крыкі, сабачы брэх.
Дзея другая
Раніца. Зыркае сонца. Па адкінутым драўляным мосце ў замак ідуць вясёлыя паляўнічыя. Паперадзе – княжыч Ізяслаў. Двое смердаў нясуць на жэрдцы мокрую, таму, відаць, цяжкую шкуру забітай мядзведзіцы. Насустрач праз мост спяшаецца Рагнеда.
Рагнеда. Каб ведаў ты, колькі я хвалявалася, сын! (Хоча абняць княжыча, але бачыць кроў.) Ты паранены?
Ізяслаў (радасны). Супакойся, мама. Гэта мядзведжая кроў. Запэцкаўся, калі шкуру здзіралі ды тушу секлі на кавалкі.
Рагнеда (з недаверам глядзіць на лоўчага). Ён праўду кажа?
Лоўчы. Праўду, княгіня. Але паказаў сябе гэты раз сапраўдным мужчынам.
Ізяслаў. Так, мама. Я яе…
Рагнеда. Хвалько ты, Ізяслаў. (Усё-ткі прытульвае сына, нягледзячы што кроў, да сябе.)
Лоўчы. Княжыч праўду кажа. Сёння ён мяне ад абдымкаў мядзведзіцы ўратаваў. Рагаціну яна выбіла з маіх рук, дык ён падхапіў і пад звера падставіў. Так што гэта цалкам яго паляўнічае шчасце!
Рагнеда. Не, лоўчы, не толькі паляўнічае. Мусіць, княжычу… Словам, рада бачыць вас усіх жывымі-здаровымі. Дзякуй за сына, паляўнічыя!
Лоўчы. Мядзведзіцу, дакладней, мяса, вязуць на кані. Куды яго, княгіня?
Рагнеда. А што, княжыч, можа, наладзім пір? Вялікі князь, а твой бацька, заўсёды пасля ўдалага палявання наладжваў пір. Ты таксама становішся магутны.
Ізяслаў. I паклічам сяброў.
Рагнеда. Дзе яны, тыя нашы сябры? У Полацкай зямлі, акрамя нас, князёў няма. Гэта трэба з Турава каго запрашаць, а то і з Польскай зямлі.
Ізяслаў. У мяне, мама, сяброў многа. (Паказвае на паляўнічых.) Вось глядзі!
Рагнеда. Гэта таму, сын, што ты яшчэ ніколі не адчуваў сябе князем. Ды і ці зведаеш калі такое пачуццё?
Чуюцца крыкі: «Коннік! Коннік!» Праз нейкі момант па мосце да натоўпу ледзь не подбегам набліжаецца дружыннік – ганец вялікага князя Уладзіміра.
Дружыннік (яшчэ не адрозніваючы нікога ў натоўпе). Вялікі князь Уладзімір патрабуе ў Кіеў свайго сына Ізяслава! (Нарэшце заўважае Рагнеду, апускаецца перад ёй на правае калена, схіляе галаву.) Княгіня, я да вас адразу з Корсуня. Сказана з’явіцца Ізяславу ў Кіеў!
Рагнеда. Чаму раптам у Кіеў, калі вялікі князь у Корсуне?
Дружыннік. Адтуль ён неўзабаве накіроўваецца ў Кіеў. Там патрэбны яму Ізяслаў.
Рагнеда. Аднаго?
Дружыннік. Сказана з’явіцца аднаму.
Рагнеда. Але чаму? Якая патрэба?
Дружыннік. Не хвалюйся, княгіня, я звычайна не прывожу з сабой дрэнныя весткі. Але чаму вялікі князь кліча Ізяслава ў Кіеў, таксама не ведаю.
Рагнеда. Устань. Даўно ў князя служыш?
Дружыннік. З тае зімы.
Рагнеда. А-а, балазе, што не помню цябе.
Дружыннік. І я першы раз цябе бачу, княгіня.
Рагнеда (да сына). Бачыш, княжыч, а мы толькі гаравалі, што гасцей няма дзе знайсці для піру.
Дружыннік здагадваецца, што перад ім Ізяслаў, схіляе галаву, а тады заўважае мядзведжую шкуру, прыходзіць у захапленне.
Дружыннік. Віншую, княжыч, з выдатнай шкурай. А я – па цябе.
Iзяслаў. Можаш забраць сабе гэту шкуру, калі з добрай весткай да нас.
Дружыннік. Гэта стане вядома табе ў Кіеве. Але ж я ўжо сказаў княгіні, што благіх вестак не развожу па зямлі. Вялікі князь звычайна пасылае мяне з добрымі весткамі. А за мядзведжую шкуру – дзякуй.
Ізяслаў (да Рагнеды). Мама, дазволь клікаць госця ў замак?
Рагнеда. Калі ласка, ганец.
Вечар. У замку ў трапезнай накрыты гасцінны стол. Рагнеда частуе дружынніка з Кіева. Тут жа сядзіць Ізяслаў. Слугі носяць стравы.
(Да ганца.) Дык, кажаш, вялікі князь мяне не кліча ў Кіеў?
Дружыннік. Даруй мне, княгіня, але сказана прывезці аднаго княжыча.
Рагнеда. А новую жонку князеву, Ганну, давялося бачыць?
Дружыннік. Так.
Рагнеда. Ну і што? Як яна?
Дружыннік. Візантыйская царыца.
Рагнеда. Гэта я ведаю, што яна – сястра грэчаскіх цароў.
Дружыннік. Ну, а ў астатнім – яна жонка вялікага князя, княгіня.
Рагнеда (хмурыцца тварам). Колькі ты ў нас прабудзеш, дружыннік?
Дружыннік. Ноч. Можа, яшчэ паснедаю, калі княгіня дазволіць. Княжыч павінен быць таксама гатовы к дарозе ўранні.
Рагнеда. Калі госцю ў нас не падабаецца…
Дружыннік. Задужа ўдзячны, княгіня, за гасціннасць, за ласку, але сказана не бавіцца. Ды і княжычу, бачу, ужо няймецца, засядзеўся тут у вас. Так, княжыч?
Ізяслаў. Я… даўно мару прамчацца на кані да Кіева.
Рагнеда. Ты не слухай яго, дружыннік, ён яшчэ малы. Таму надумала я: ехаць вам у Кіеў не ў сёдлах, а ў ладдзі.
Ізяслаў. Мама!..
Рагнеда. Да Кіева далёка, і ты не вынесеш коннай дарогі. Адна справа, сын, гойсаць тут на Буланчыку, па лясах ды палях вакол замка, зусім іншая – прамчаць у сядле да Кіева. Ды і… навошта гэтак спяшацца? Хіба табе з маці дрэнна ў Ізяславе? Гэта ж твой горад!
Iзяслаў. Мама, я даўно не бачыў Кіева.
Рагнеда. А што там бачыць? (I тут жа да госця.) Давядзецца вам, дружыннік, усё-ткі плыць па вадзе. У нас тут добрая ладдзя ёсць. Коні вашы стануць у ёй таксама.
Дружыннік. Слухаю, княгіня.
Ізяслаў (больш упарта). Мама, па рэках у Кіеў і да восені не даплывеш!
Рагнеда. Хлопчык мой! Іншы раз лепей не паспяшыць, чым раней апынуцца. Думаеш, бацька змяніў нялюбасць да цябе? Думаеш, ён забыў, як ты стаў яму на дарозе, калі варагі ішлі забіваць мяне?
Дружыннік. Княгіня, хто старое згадае, таму вока вон.
Рагнеда. З-за шчаслівай сынавай долі я не ўспамінала б пра старое. Але…
Дружыннік. Я не чорны веснік, княгіня. Я…
Рагнеда. Матчына сэрца заўсёды ў трывозе па дзецях. Ізяслаў вунь на паляванне паехаў, а я вачэй скрозь ноч не заплюшчвала. Ну ды ладна, чаму быць, таго не мінаваць. А паедзеце вы ў Кіеў усё ж па вадзе. Так мне спакайней будзе. Прынамсі, да Турава па вадзе. Спярша адсюль вось, ад замка нашага, па Свіслачы, пасля па Бярозе, а тады ўжо ў Дняпро… Ну, а з Турава можна і на кані да Кіева даскакаць. Значыць, заўтра?
Дружыннік. Так, княгіня.
Ізяслаў падыходзіць, цалуе маці. Дружыннік п’е новы кубак п’янога мёду.
Рагнеда. Ну, а цяпер, дружыннік, раскажы нам, дзе давялося табе пабыць, што дзе бачыў? Ты ўжо ў новай веры?
Дружыннік. Дружыну вялікі князь будзе хрысціць у Кіеве. У Корсуне яго хрысцілі аднаго.
Рагнеда. Дык, можа, гэта ён хоча перавярнуць у новую веру і нашага Ізяслава?
Дружыннік. Ты задаеш, княгіня, такія пытанні, на якія мне цяжка адказваць. Я далейшай князевай волі не ведаю. Мне загадана адно: прывезці ў Кіеў княжыча Ізяслава.
Рагнеда. Ладна, забудзем!.. Тут нядаўна праваслаўны прэсвітэр быў, Апанасій. Не знаеш яго?
Дружыннік. Не.
Рагнеда. Дык той нам шмат расказваў пра новую веру. Дарэчы, твой прыезд, дружыннік, прэсвітэр Апанасій таксама ўсё роўна як прадказаў праз сон. Але раскажы і ты, як хрысцілі вялікага князя?
Ізяслаў. А што за сон, мама?
Рагнеда. Ат, пасля, сынку, пасля. Цяпер паслухаем дружынніка.
Дружыннік. Хрысціў вялікага князя ў Корсуне…
Рагнеда. Пра гэта расказваў прэсвітэр. Чаму вялікі князь прыняў новую веру? Няўжо і праўда – праз тое, што з царскай сястрой захацеў ажаніцца?
Дружыннік. Прэсвітэр гэтак гаварыў?
Рагнеда. Не.
Дружыннік. Якую веру прыняць, у Кіеве доўга думалі, княгіня.
Рагнеда. А старая вера? Чым не падабаюцца цяпер у Кіеве нашы багі?
Дружыннік. То князь Уладзімір рашае.
Рагнеда. І за сябе рашае і за ўсіх людзей?
Дружыннік. Выходзіць, так.
Рагнеда. А што смерды, баяры?
Дружыннік. Наракаюць. Не кожны хоча разлучацца са старымі багамі.
Рагнеда. Дзіва што! А вялікі князь вельмі награшыў з гэтымі багамі, калі шукае новага. Спадзяецца, што новы Бог даруе яму старыя грахі. Дзівак. Ну, то расказвай, дружыннік.
Дружыннік. Перад тым як прыняць новую веру, князь Уладзімір раіўся са сваімі баярамі, пасылаў у розныя канцы свету паслоў. Але да таго яшчэ прыходзілі ў Кіеў балгары магаметанскай веры. Кажуць, ты, князь, і мудры і разумны, а закону не ведаеш. Пазнай наш закон і пакланіся Магамету.
Iзяслаў. А бацюхна?
Дружыннік. Кажа, якая ж ваша вера? Магаметанскія балгары адказваюць, маўляў, вучыць нас Магамет так: не есці свініну, не піць віна, затое можна блудзіць з жанчынамі. Калі хто бедны на гэтым свеце, то бедны застанецца і на тым.
Рагнеда. А жанчынам што дазваляецца пры іхняй веры?
Дружыннік. Яны ў іх тое ж могуць рабіць, а яшчэ і больш таго.
Рагнеда (засмяялася). Цьфу!
Дружыннік. Вялікі князь таксама плюнуў пасля балгарскіх паслоў. Затым прыходзілі ў Кіеў яўрэі. Была ў вялікага князя гамонка з рымскімі філосафамі. Паслухаў ён усіх, а тады рашыў і сваіх паслоў накіраваць.
Рагнеда. Куды яны хадзілі?
Дружыннік. Былі і ў немцаў, і ў грэчаскіх балгараў. Нарэшце дайшлі і да Царгорада. Цары, а там два цары – Васіль і Канстанцін, выслухалі кіеўскіх паслоў, сказалі патрыярху: «Падрыхтуй царкву і клір і сам апраніся ў свяціцельскія рызы, каб пабачылі рускія славу нашага Бога».
Рагнеда. Значыць, не царыцу паслы адразу ўбачылі там, а славу мясцовага Бога?
Дружыннік. Прынамсі, вярнуліся яны ў Кіеў радасныя. Кажуць: «Знаходзіцца там Бог з людзьмі, і служба ў іх лепшая, чым у іншых краінах». Вялікі князь паслухаў ды кажа: «Сапраўды, свайго ніхто не ганіць, адно хваліць. Але ж бабка мая Вольга…» – «Калі б быў дрэнны грэчаскі закон, – сказалі князю баяры, – то не прыняла б яго бабка твая Вольга…» I сказаў вялікі князь: «Дзе прымем хрышчэнне?» – «Дзе табе люба», – адказалі яны. Вось і выбраў князь Уладзімір Корсунь, наперад заваяваўшы яго.
Рагнеда. Значыць, князь і сына кліча ў Кіеў, каб хрысціць?
Дружыннік. Няйначай.
Рагнеда. Аднаго чалавека прымусіць прыняць такую веру; ну, гэта… гэта яшчэ не бяда. А вось цэлы народ, які жыў на сваёй зямлі са сваімі багамі? Гэта нам, князям, толькі здаецца, што народ падобны на статак. I ўвогуле святары новых рэлігій дарэмна ганяць нас, язычнікаў, маўляў, і такія мы і гэтакія… Быццам толькі і робяць, што гібеюць у дзікунстве. А нашы карагоды, нашы язычаскія святы, напрыклад, Купалле… Хто яго забудзе? Не, дружыннік, народ гэтага ніколі не забудзе! У вас, у варагаў нябось ёсць свае багі?
Дружыннік. Так, княгіня.
Рагнеда. У кожнага народа сваё, а тут з Царгорада прысылаюць нам праз мора сваё жаданне. Не думаю, што князю Уладзіміру лёгка будзе давацца хрышчэнне рускай зямлі… Але добра, позна ўжо, заўтра вам у дарогу. Дабранач. (Княгіня ўстае з-за стала.) А з табой, сын, трэба яшчэ пагаварыць. Толькі заўтра. Мне трэба сказаць сёе-тое ў Тураў. Добра?
Iзяслаў. Ага, мама.
Княгіня выходзіць.
Дружыннік. Ну што, княжыч? Смачна мы закусілі мясам тваёй мядзведзіцы. Дык рушым заўтра?
Ізяслаў. Рушым, рушым! (Бярэ пад руку падпітага госця, выводзіць з трапезнай.)
Лес. На начлег укладваюцца прэсвітэр Апанасій і Анея, пераапранутая ў хлопца.
Апанасій (жагнаецца). Прывыкай, отрак, да такіх начлегаў. Іх у нас наперадзе шмат.
Анея. Хоць бы якое вогнішча!..
Апанасій. Вогнішчы, отрак, раскладваюць жабракі. За дзень навыпрошваюць кавалкаў, а тады на вогнішчы пякуць яечню ці сала смажаць. Мы ж з табой, бачыш, нічога не выхадзілі. А тое, што мелі з ласкі княгіні, згубілі, ломячыся сюды праз лес ды балоты.
Анея. Без вогнішча страшна.
Апанасій. Чаго нам баяцца? З намі, отрак, Бог наш.
Анея. Але трэба было дайсці хоць да якога-небудзь жытла.
Апанасій. Да яго яшчэ не адзін дзень тупаць. Я гэту дарогу ведаю. Ёсць тут, праўда, адно паганскае паселішча, на Нямізе. Але туды нам нельга.
Анея. Чаму?
Апанасій. Бо яно пакуль блізка ад тваіх багоў.
Анея. Бацька кажа, што гэта не нашы багі.
Апанасій. Гэта ён цяпер так гаворыць, а дасюль нябось маўчаў, а ты хадзіла ў свяшчэнны лес.
Анея. Думаеш, пагоня будзе за намі?
Апанасій (жагнаецца). Свят, свят! Ну, засынаем, а ўранні, як сонца ўзыдзе, харчу пашукаем. Я ўсё ўмею – і грыбы пячы на вогнішчы, і рыбіну злавіць у балацявіне. У лесе ўсяго хапае, не журыся, отрак. (Кладзе свой хатуль пад галаву, выцягвае на імшаніку наўпрост ногі.)
Анея. Спі, дзядзечка, спі. Я пагляджу.
Апанасій. А то хадзі да мяне. Грэх – замолім.
Анея. Баюся, дзядзечка.
Апанасій. Ты ужо, мусіць, не дзеўка?
Анея. Не, дзядзечка, дзеўка.
Апанасій. Нездарма твае багі захацелі мець цябе за ахвяру. Чыстая, цнатлівая. Гэты ваш вядун Холад… ой-я-ёй!
Анея. Не ведаю, дзядзечка.
Апанасій. Годзе, спі, цётачка, калі мяне не хочаш. Але гэтае тваё нежаданне, дасць Бог, нядоўга будзе працягвацца. Я гвалтаваць не прывык.
Анея. Мне княжыча шкада будзе.
Апанасій. Дурніца, пра княжыча забудзь. Ён табе – не пара.
Анея. А я гатова ў дом да яго хоць трэцяй, хоць чацвёртай, а то і палюбоўніцай.
Апанасій. Цьфу, паганцы!
Раптам чуецца свіст. На прэсвітэра Апанасія, а тады і на Анею тут жа накідаюцца нейкія людзі ў армяках з башлыкамі, з-пад якіх не відаць твараў. Усё адбываецца, лічы, умомант. Прэсвітэру Апанасію нападаючыя звязалі вяроўкамі рукі назад. Анею, якая ўсхапілася на ногі, таксама затрымалі.
Чалавек у армяку з башлыком. Ну што, манах, думаў, ад нас далёка ўцячэш?
Апанасій (спакойна). Я – не манах, я – прэсвітэр праваслаўны. I не ўцякаў, а ішоў з Ізяслава, ад княгіні Рагнеды, у Кіеў.
Чалавек у армяку з башлыком. Няма розніцы – манах ты ці прэсвітэр. Навошта яе звёў з горада?
Апанасій. Гэта не яна, а ён. Хіба сляпы?
Чалавек у армяку з башлыком. Хто тут сляпы, хто відушчы – зараз пабачым. Дык навошта звёў яе?
Прэсвітэр маўчыць.
(Да Анеі.) А ты што нявінныя вочы талопіш? Думала, пераапранешся ў хлопца, дык ніхто і не пазнае. (Дастае з торбы сукню, кідае Анеі.) На, прымі нанава дзявочы воблік, а то срамата. (Бачыць, што Анея не спяшаецца здымаць з сябе мужчынскае адзенне, загадвае свайму хаўрусніку.) Надзявай сам на яе сукню. Ды здзяры спярша штаны, а тады ўжо…
Хаўруснік пачынае тузаць дзяўчыну, але тая сама бярэ ў рукі сукню. Тут жа, на віду ва ўсіх, мяняе адзенне.
А цяпер, манах, бывай. Прабач, рукі мы табе развязаць не можам. Ногі, бачыш, таксама не спутваем, дарма што ты прыткі. А можа, бліжэй да бярозы яго, га?
Усе, акрамя Анеі, смяюцца.
Ладна, заставайся так, як ёсць. Паспееш яшчэ выспацца да раніцы. Ды не ўздумай вярнуцца ў Ізяслаў. Няма чаго бянтэжыць людскія душы.
Адыходзяць. На імшаніку застаецца адзін праваслаўны прэсвітэр. «О Госпадзі!» – ледзь не ў адчаі ўскліквае ён.
Знаёмы пакой у замку Рагнеды. У ім – княгіня. Заходзіць вядун Холад.
Рагнеда. Што табе, Холад, не сядзіцца ў тваім свяшчэнным лесе? Хіба цябе непакояць чужыя багі?
Xолад. Маю справу да княгіні.
Рагнеда. Я ўжо іншы раз хачу, каб вы рабілі свае справы без мяне.
Холад. Без прыхільнасці княгіні нельга.
Рагнеда. Гэта багі табе такую пачцівасць падказваюць?
Xолад. Княская ўлада – боская ўлада.
Рагнеда. Якая ў цябе справа?
Холад. Наконт дачкі твайго злотніка.
Рагнеда. Мне казалі, што яна нібыта знікла кудысьці?
Холад. Нашы багі наставілі яе на правільны шлях. Яна вярнулася.
Рагнеда (здзіўлена). Як вярнулася?
Холад. Пра тое адны багі ведаюць. Гэта іх тайна, як уплываць на людзей.
Рагнеда колькі часу маўчыць, ходзіць задуменна па пакоі. Спыняецца.
Рагнеда. Значыць, лёс дзяўчыны вырашаны?
Холад. Так.
Рагнеда. I чаго ад мяне твае багі чакаюць?
Холад. Каб прыйшла да свяцілішча.
Рагнеда. Калі?
Xолад. Сёння ўвечары.
Рагнеда. Ты чуў, што вялікі князь ужо прыняў хрысціянскую веру?
Холад. Чуў.
Рагнеда. I што ён нам скажа, калі дазнаецца, што дачку яго чалавека, а злотнік ягоны чалавек, дарма што тут, у Ізяславе, жыве, дык што ён скажа нам, калі дачуецца, што дачку яго чалавека прынеслі ў ахвяру драўляным багам?
Xолад. Такая воля багоў, няхай, як ты кажаш, хоць і драўляных. Але не табе, княгіня, здзекавацца з іх. Цяпер хапае каму рабіць гэта. Таму мы павінны абараняць сваіх багоў.
Рагнеда. Адкуль ты ўзяў, што здзекуюся? Але злотнік кажа, што ты знарок наваліўся на яго.
Xолад. Такая воля багоў.
Рагнеда зноў моўчкі ходзіць па пакоі.
Рагнеда. Ладна, я згаджуся прыйсці да свяцілішча. Але з той умовай, што выбар ахвяры адбудзецца нанава, пры людзях. На каго багі пакажуць, таго няхай і бяруць сабе. Няхай перад імі стануць хлопцы і дзяўчаты. А багі пакажуць, каго хочуць.
Вядун думае, пасля з неахвотай ківае ў знак згоды галавой, выходзіць.
(Пляскае ў далоні, кліча кагосьці.) Гэй!
Каля свяцілішча ў лесе, што паблізу горада Ізяслава, людскі натоўп. Вядун Холад, княгіня Рагнеда стаяць побач. За імі – нейкія язычніцкія святыя. Хтосьці са служак свяшчэннага лесу перацірае вяроўкаю знізу драўлянага ідала. Насупраць размясціліся паўкругам на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго дзяўчаты і хлопцы ў белым адзенні. Сярод іх – Анея. Служка, які перацірае ідала, увесь час пазірае на яе, нацягваючы вяроўку так, каб пакласці ідала насупраць Анеі. Людзі зачаравана сочаць за гэтым ягоным свяшчэннадзеяннем. Хтосьці выдае невыразныя гукі – ці то горлам, ці то з дапамогай музычнага інструмента. А можа, грае так наструненая вяроўка. Нарэшце служка перацірае дрэва, драўляны ідал падае на траву, паказваючы вострай галавой на Анею. Чуюцца розныя галасы – радасці, расчаравання і горычы. Злотнік кідаецца з-за натоўпу да дачкі.
Холад (да княгіні). Бачыла, багі зноў пацвердзілі свой выбар!
Рагнеда (сумна і злосна). Багі нашы сапраўды вельмі настойлівыя ў сваім жаданні. Асабліва ты, вядун!
Рагнеда ў суправаджэнні ведуна, які штосьці даводзіць ёй, пакідае ахвярную паляну.
У Рагнедзіным доме на Лыбядзі ў Кіеве Ізяслаў з радасцю кідаецца да чалавека, які расчыняе перад ім дзверы. Гэта – Фар, выхавацель велікакняскіх дзяцей.
Iзяслаў. Дзядзька Фар!..
Фар. Не забыў мяне ў сваім далёкім Ізяславе, княжыч?
Iзяслаў. Сам бачыш, не!
Фар. А я ўжо каторы дзень пасылаю людзей на бераг Дняпра, чакаем ладдзю.
Ізяслаў (усё яшчэ радуючыся). Мы – конна! Нам з дружыннікам матухна дазволіла ад Турава сесці на коней.
Фар. Ну і як? (Ляпае княжыча па клубах.) Не набіў мазалі?
Ізяслаў. Я ў сядле добра трымаюся.
Фар. Далёка адсюль твой Ізяслаў? Я ўсё прыкідваю ў галаве, дзе ён? Знаю, што ў Полацкай зямлі.
Ізяслаў. О, дзядзька Фар! Туды доўга ехаць, а яшчэ даўжэй плысці. Калі з Кіева, то спярша па Дняпры, пасля па Бярозе, затым ужо наша Свіслач. Горад наш яшчэ далей. На самым пачатку яе. Скажы, Фар, а як тут мае браты, сёстры? Маці найперш прасіла паклапаціцца пра іх.
Фар. Што тваім братам ды сёстрам? Яны ў Кіеве. Гэта ты, небарака, у глухамані. Але цяпер, думаю, усё мінецца. Вялікі князь нездарма адтуль выклікаў. Як княгіня?






