412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Іван Чыгрынаў » Звон ― не малітва » Текст книги (страница 1)
Звон ― не малітва
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 10:50

Текст книги "Звон ― не малітва"


Автор книги: Іван Чыгрынаў


Жанр:

   

Драматургия


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)

Іван Чыгрынаў
Звон – не малітва

Драма ў дзвюх дзеях

Дзеючыя асобы

Рагнеда.

Уладзімір Святаславіч – вялікі князь кіеўскі.

Ізяслаў – князь полацкі.

Апанасій – праваслаўны прэсвітэр.

Xолад – язычніцкі вядун.

Лоўчы.

Былая Ізяславава нянька.

Злотнік.

Служанка Рагнеды.

Анея – дачка злотніка.

Паляўнічы ля вогнішча.

Гарабой – таксама з лоўчых.

Дружыннік – ганец вялікага князя.

Чалавек у армяку з башлыком.

Фар – выхавацель велікакняскіх дзяцей.

Усевалад, Мсціслаў – княжычы, браты Ізяслава.

Першая княжна.

Другая княжна.

Дзяўчаты і хлопцы, паляўнічыя, смерды, жабракі, людзі ў армяках з башлыкамі.

Дзея першая

Драўляны замак княгіні Рагнеды на беразе Свіслачы ў Ізяславе. У светлым пакоі княгіня Рагнеда і прэсвітэр Апанасій.

Апанасій. Матухна княгіня, яшчэ раз кажу: час адумацца вам. Сапраўдны Бог наш гаворыць мне: я навяду на паганых увесь стэп гэты, значыць, людзей са стэпу, жорсткіх і крыважэрных, якія блукаюць па зямлі толькі дзеля разбою. I яны павыкідваюць косці бацькоў вашых з магіл, параскідваюць па лугах і нівах пад сонцам, месяцам і зоркамі, якім вы пакланяецеся. Скіньце вашых жорсткіх багоў у Свіслач – і драўлянага Перуна з сярэбранай галавой і залатымі вусамі, таксама Дажбога і Стрыбога, як Сімаргла і Мокаш, з усімі разам.

Рагнеда. Пачакай, прэсвітэр. Вось ты пагражаеш нам сваім Богам. Значыць, і твой Бог жорсткі? Дык навошта мяняць нам сваіх, няхай, як ты гаворыш, і жорсткіх, на такога ж, а можа, і больш яшчэ жорсткага?

Апанасій. Княгіня, старое прайшло. Цяпер настае новае. А ты трымаешся за ранейшае. Нават імя Гарыслава, якое даў табе князь Уладзімір, адкінула. Захацела зноў звацца Рагнедай.

Рагнеда. Майму мужу, вялікаму князю, даўно хацелася вытравіць з маёй памяці ўсё роднае, забыць бацьку і маці, якіх ён забіў, малых братоў, якія таксама былі зарэзаны варагамі. Дзеля гэтага ён звацца прымусіў мяне іначай. Але цяпер я зноў на сваёй зямлі. I тут мая воля!

Апанасій. Матухна княгіня, не так твая воля, як сынава. Ізяславу належыць і гэты град, і ўсё, што навокал яго. А ў Полацку – пасаднік вялікага князя.

Рагнеда. Але сын не выгане маці.

Апанасій. Я таксама гатовы маліцца за чысціню яго душы і праведнасць думак.

Рагнеда. Думаеш, нашы багі назусім адступіліся ад яго?

Апанасій. Хто ведае, княгіня, але муж твой у Корсуне, калі прымаў новую веру, перад усім тамашнім народам сказаў: «Толькі цяпер пазнаў я сапраўднага Бога!»

Рагнеда. Не веру я Уладзіміру. Крывадушны ён быў, крывадушны і цяпер. Сын рабыні. А новую веру ўзяў, бо грэчаскія цары не аддавалі без гэтага за яго сястру сваю Ганну. Таму я ў цябе, праваслаўны прэсвітэр, пытаюся: навошта яму, распусніку, яшчэ адна жонка? Толькі дзеля таго, каб парадніцца з вялікімі царамі? У яго ж гэтых жонак без мяне яшчэ чатыры – грачанка, якую забраў у забітага ім жа брата, балгарыня, чахіня і яшчэ адна… Я ўжо не ведаю нават, з якой зямлі яна…

Апанасій. Так, муж твой, княгіня, быў дасюль ва ўладзе пажадлівасці. I новая вера ўратуе вялікага князя ад гэтага. У новай веры яму належыць мець адну жонку.

Рагнеда. Нішто яго не прымусіць адмовіцца ад пажадлівасці. Я добра ведаю яго, таксама як ведаю і тое, колькі ў яго наложніц, а то і звычайных палюбоўніц усяго на адну ноч: у Вышгорадзе – трыста, у Белгорадзе – трыста, у Бярэсце – дзвесце… Не, прэсвітэр, чорт у яго паміж рэбраў заўсёды будзе варушыцца, бунтаваць дурную кроў.

Апанасій. Я ж кажу, па нашай веры нават вялікаму князю можна мець усяго адну жонку. Так што…

Рагнеда. Ці не хочаш ты сказаць, што Уладзімір распусціць свае гарэмы, стане жыць з адной Ганнай? А грачанку сваю, чахіню, балгарыню ды ўсіх іншых развязе ў такія вось удзелы, як мой?

Апанасій. Твайго сына, княгіня.

Рагнеда. Няма чаго лішні раз напамінаць мне аб гэтым! I няма чаго настройваць сына супроць маці! Я ведаю, якія размовы ты вядзеш з ім!

Апанасій. Я выконваю волю яго бацькі, вялікага князя кіеўскага, і майго Бога, Ісуса Хрыста.

Рагнеда. А цяпер, прэсвітэр, слухай маю волю: куміраў мы сваіх бурыць пакуль не збіраемся тут! Скажы вялікаму князю, што мы яшчэ пажывём са старымі багамі. Так што, прэсвітэр, і табе далей знаходзіцца ў Ізяславе не варта.

Апанасій. Матухна княгіня!

Рагнеда. Яне жартую, прэсвітэр. Забірай свае медныя ды сярэбраныя крыжыкі, іконкі на шаўковых гайтанах, на сярэбраных ланцужках ды ступай, адкуль прыйшоў, не бянтэж людскія душы.

Апанасій. Бянтэжыць не варта, але надзею…

Рагнеда. На чаканне кары, на чаканне бяды?

Апанасій. Шлях зямнога жыцця кароткі, але ён нікчэмны перад вечнасцю пакутаў для адных і перад такой жа вечнасцю раю для другіх.

Рагнеда. Для тых, каго выбера твой Бог?

Апанасій. Так. Але і для тых, хто выбера яго і хто заслужыць перад ім.

Заходзіць Iзяслаў.

Ізяслаў. Добрай раніцы, мама! (Падыходзіць да Рагнеды, становіцца на калені, цалуе.)

Рагнеда. Як далася ноч, сын?

Ізяслаў. Над свяшчэнным лесам за Свіслаччу да раніцы cлаўся куродым. Няйначай, вядун Холад зноў выведваў у багоў нейкую тайну.

Апанасій. Так, яшчэ звечара патыхала адтуль цяжкім дымам, ажно нельга было спаць. Відаць, гарэла ў земляных пячурках сырая трава і розная іншая цвіль.

Ізяслаў. Старая ваўчыца таксама выла да самай раніцы. Дазволь, матухна, забіць яе ці хоць бы напалохаць, каб не набліжалася да замка.

Рагнеда. Не, сын. Няхай жыве. Няхай ходзіць і вые. Мы разам будзем адыходзіць на той свет – яна і я. А вось прэсвітэр Апанасій пакіне нас сёння. (Глядзіць на сына, але той апускае вочы.) Ты хочаш пагаварыць з ім напаследак?

Iзяслаў. Калі на тое будзе твая воля.

Рагнеда. Тым часам, сын, прывыкай ужо і да свае волі. Дык хочаш?

Iзяслаў. Хачу.

Рагнеда. Ну, то не варта нікуды адсюль хадзіць. Заставайцеся тут. А мне трэба распарадзіцца па замку. Бывай, праваслаўны прэсвітэр!

Апанасій. Што вялікаму князю сказаць?

Рагнеда (засмяялася). Першае, скажы, што мы жывыя. I сын яго, Ізяслаў, і жонка Рагнеда.

Апанасій. Гарыслава?

Рагнеда. Не, Рагнеда. (Выходзіць.)

Апанасій. Бачыш, княжыч, гоніць мяне адсюль твая маці.

Ізяслаў. Яна не цябе гоніць. Яна тваю веру не прымае. Бо лягчэй спакусіць маладога. А людзі ў гадах, як мая маці, цяжка расстаюцца нават са сваімі няхітрымі звычаямі, не тое што з багамі.

Апанасій. Ты не па гадах разумны, княжыч. I гэта без кніжак. Разумею, як бы ўзбагаціўся твой розум пры грамаце.

Iзяслаў. Мне захожыя святары часта чытаюць кнігі.

Апанасій. Гэта добра, княжыч, што ты ўмееш слухаць. Але самыя правільныя кнігі, каб ведаў, грэчаскія, з Царграда. (Трохі маўчыць, а тады зноў гаворыць.) Хацелася б мне дазнацца, што начараваў на сваім смуродным вогнішчы Холад?

Ізяслаў. Хутка дазнаемся. Але ты раскажы, прэсвітэр, як гэта было там, у Корсуне, калі бацька мой…

Апанасій… І вялікі князь прымаў новую веру?

Ізяслаў. Так.

Апанасій. Матухна твая толькі што казала, што прыняў ён яе з-за царыцы Ганны, але гэта ў яе старая злосць і рэўнасць гавораць.

Iзяслаў. Ты маю маці не чапай, прэсвітэр.

Апанасій. А напраўду было так. Вялікі князь захапіў Корсунь і паслаў царам Васілію і Канстанціну ў Царград сказаць: «Вось узяў ужо ваш град славуты. Чуў жа, што маеце сястру ў дзеўках: калі не аддасце за мяне, то зраблю і вашаму граду тое ж, што гэтаму».

Ізяслаў. Так, гэта голас майго бацькі. Чулі яго пад Пшэмыслам і Чэрвенам палякі. Перамог ён вяцічаў, праўда, на гэтых давялося хадзіць, лічы, за адзін год двойчы. Яцвягі таксама праз год пакарыліся кіеўскаму князю. Паспеў схадзіць мой бацька і на радзімічаў. Там яшчэ і цяпер, кажуць заезджыя сюды людзі, пішчанцы Воўчага Хваста баяцца… Заключыў нядаўна мір з балгарамі. Балгары так і сказалі: «Тады не будзе паміж намі міру, калі камень стане плаваць, а хмель – тануць».

Апанасій. Твая праўда, княжыч. Воін твой бацька выдатны. Але ці чуў ты размову яго са сваім дзядзькам перад заключэннем гэтага міру?

Ізяслаў. Ну?

Апанасій. Паглядзеў я палонных, кажа дзядзька вялікаму князю, дык усе яны, аказваецца, у ботах. Гэтыя даніну не стануць нам плаціць, пойдзем пашукаем сабе лапатнікаў.

Ізяслаў. Бацькаў дзядзька, вядома, дасціпны чалавек, прэсвітэр, але людзі таксама ці мала што выдумаць могуць. Нябось не ў Кіеве чуў пагудку гэту? За морам?

Апанасій. Ад людзей, княжыч.

Ізяслаў. Так, людзі паўсюль жывуць і гавораць. Аднак нельга песціць надзею, што яны аднолькава думаюць і пра сябе, і пра сваіх суседзяў. Дык што вялікія цары? Чым яны адказалі на дамаганні вялікага князя?

Апанасій. Не гонар нам, маўляў, хрысціянам, выдаваць за паганых; калі прымеш хрышчэнне, то і атрымаеш, гэта значыць, сястру, і царства нябеснае прымеш, і з намі аднае веры будзеш.

Iзяслаў. Эйш! I што ж вялікі князь?

Апанасій. Зноў праз паслоў перадаў: закон ваш я ведаю, вялікія цары, і пра веру хрысціянскую чуў і пра богаслужэнне таксама. Тады вялікія цары шлюць сваіх паслоў у Корсунь: «Дык хрысціся, калі ведаеш!» А вялікі князь на сваім стаіць: «Прыйдзіце з сястрой вашай, тады хрысціце мяне!» Пачалі вялікія цары перамаўляцца з Ганнай. Тая ў плач: «Лепш бы мне тут памерці!» А браты ў адказ ёй: «Можа, прывядзе праз цябе Бог наш Рускую зямлю да пакаяння, а нашу пазбавіць ад жахлівай вайны». Ледзь прымусілі ехаць сястру ў Корсунь.

Iзяслаў. Грэчаскія цары сілу бацькаву пачулі. Словам, прэсвітэр, вялікі кіеўскі князь па-ранейшаму пасылае суседзям сваю волю.

Апанасій. Ва ўсім промысел божы.

Ізяслаў. Так, прэсвітэр, багі маюць над намі вялікую сілу, таксама як сонца, месяц і зоркі.

Апанасій. Вы, язычнікі, пагразлі цалкам у забабонах, у прымхах, адным словам, у паганстве. Трэба вам новага Бога.

Iзяслаў. Багі, прэсвітэр, аказваецца, таксама не вечныя. Пакуль што вечныя сонца, месяц, зоркі…

Апанасій. Да канца не хочаш, княжыч, даслухаць?

Ізяслаў. Дык яно ўсё і так зразумела. Вялікі князь прыняў у Корсуне новую веру…

Апанасій. Таксама не без промыслу божага. Захварэлі ў твайго бацькі вочы. Не стаў бачыць нічога. Пакутаваў моцна, перажываў, ужо адчайвацца стаў. I тут яму зноў пачалі раіць: калі хочаш пазбавіцца ад хваробы, хрысціся!

Iзяслаў. Заганялі, як у нерат.

Апанасій. Паслухаўся Уладзімір парады, згадзіўся нарэшце прыняць хрышчэнне. I калі біскуп корсунскі паклаў руку на яго, стаў вялікі князь зноў відушчы!

Iзяслаў. Мы тут, у Ізяславе, чулі пра яго хваробу і таксама прасілі сваіх багоў за яго. Так што яшчэ невядома, хто больш літасцівы да вялікага князя быў – ваш, хрысціянскі Бог, ці нашы, язычніцкія. (Падыходзіць да акна, гаворыць прэсвітэру Апанасію.) На пераходным мосце ўжо стаіць вядун Холад. Пэўна, княгіню чакае.

Апанасій. Смуродзіў жа цэлую ноч…

Ізяслаў. Я на тваім месцы, прэсвітэр, таксама паслухаўся б княгіні, пайшоў бы адсюль. А то невядома, што гэты Холад наваражыў. У чый бок дым ад вогнішча сёння паказваў? Ты за свайго Бога стаіш, ён – за сваіх.

Апанасій (жагнаецца). Свят, свят, свят!

Iзяслаў. Нешта не падабаецца мне сёння выгляд нашага ведуна. Адчувае, што стаю перад акном, можа, нават бачыў, што стаю, але не азірнуўся. Стаіць як зацяты.

Апанасій. Ведуны над князямі ўлады не маюць. Адзін Бог усім распараджаецца.

Iзяслаў. Над князямі не маюць, а над людзьмі маюць. Значыць, па вашай рэлігіі, прэсвітэр, трэба ставіць храмы. Капішчы не патрэбны?

Апанасій. Так, княжыч. Цэрквы, а на іх – званы.

Iзяслаў. Звон – яшчэ не малітва.

Апанасій. Адкуль табе ведама гэта, княжыч?

Iзяслаў. Гасціў у нас адзін кніжнік. Толькі ён быў не з грэчаскай зямлі. Зайшоў сюды праз княства палян. Дык той кніжнік і расказваў – і пра храмы, і пра званы, і пра службу ў храмах, і пра тое, што звон – яшчэ не малітва.

Апанасій. Няйначай, лацінянін.

Iзяслаў. Можа.

Апанасій. Вучэнне лацінян, княжыч, таксама хлуслівае. Вось паслухай: у цэрквах сваіх, а цэрквы ў іх сапраўды ёсць, лацінянін табе праўду казаў, але ў цэрквах тых яны не пакланяюцца іконам. Пішуць крыж на зямлі і спярша цалуюць, а тады становяцца на яго нагамі, топчуць… Гэтаму не вучылі апосталы. Апосталы вучылі цалаваць крыж і шанаваць ікону. Бачу, многія святары тут, па вашай зямлі, ходзяць…

Ізяслаў. То нікому яна не патрэбна была, то раптам…

Апанасій. Ісусу Хрысту спатрэбілася, княжыч. Гэта ён павярнуўся да яе тварам.

Ізяслаў. Добра, прэсвітэр. Ты кніжкі свае пакінь мне, а ўсё астатняе – забірай з сабой. Ды ідзі ўжо, раз княгіня незадаволена. А ў мяне тым часам да цябе просьба: будзеш у Кіеве, схадзі да братоў маіх і сясцёр, яны, відаць, і цяпер жывуць на Лыбядзі, у былым нашым доме. Скажы, што брат іх, Ізяслаў, не забыў іх. Маці таксама плача.

Прэсвітэр Апанасій кланяецца, выходзіць. Счакаўшы трохі, княжыч таксама ідзе следам. На перакінутым цераз роў мосце стаіць вядун Холад. Ізяслаў падыходзіць да яго.

Ваўчыца з твайго свяшчэннага лесу, няйначай, ашалела. Казалі ў слабадзе, што кідалася надоечы на каваля, а сёння спаць не давала, да самага замка падыходзіла.

Xолад (амаль варожа). У свяшчэнным лесе, княжыч, усе свяшчэнныя. I птушкі, і звяры, і людзі.

Iзяслаў. Чаму яна сюды па начах ходзіць?

Xолад. Бо звер. Зверу не загадаеш.

Iзяслаў. Тады навошта твае чары?

Холад. Мае чары за лесам не маюць сілы.

Ізяслаў. Другі раз зацкую ваўчыцу сабакамі. А то стралу з лука пушчу. Вось настане месячная ноч і ўпалюю.

Холад. Князі часцей на мядзведзяў ходзяць. Кажаш – ваўчыца накінулася на каваля, а не чуў, што ў Валоўшчыне мядзведзь задзёр бабу?

Iзяслаў. Калі гэта?

Холад. Здаецца, заўчора.

Iзяслаў. Трэба сказаць пра мядзведзя лоўчаму. Але ваўчыцу таксама неабходна суняць.

Холад. Далася табе, княжыч, ваўчыца! Вунь прэсвітэр Апанасій…

Iзяслаў. Прэсвітэру таксама адмоўлена ад замка.

Холад. Матухна твая ведае, што рабіць – як сустрэць якога госця і як пасля правесці. Ёй бы ў палацы вялікага князя жыць, тады б і ў Кіеве не здарылася такога замарачэння.

Iзяслаў. Дык гэта не ў Кіеве, гэта – у Корсуне.

Холад. Усё ідзе з Кіева. Там у душах зарадзілася, а ў Корсунь дакацілася.

Ізяслаў. З Царгорада, вядун.

Xолад. Царгорад за морам не першы год. Але Кіеў перад ім трымаўся.

Iзяслаў. Ты не абмовіўся апошнім словам з прэсвітэрам?

Холад. Не.

Iзяслаў. Дарэмна.

Холад. Усе гэтыя прэсвітэры не разумеюць аднаго.

Ізяслаў. Чаго?

Холад. Што ўсе людзі, якія жывуць на зямлі, не могуць задаволіцца адным богам. Можа, аднаму чалавеку сапраўды патрэбны адзін бог, але адзін бог на ўсіх людзей… (Круціць галавой і паціскае плячамі.)

Ізяслаў. Вось бачыш, і тваю непахісную душу збянтэжыў хтосьці.

Холад. Кіеў, княжыч, Кіеў збянтэжыў!

Ізяслаў. Але на ваўчыцу ўсё-ткі знайдзі ўправу! (Бачыць, што па мосце ў замак ідзе лоўчы. Крычыць.) Гэй, лоўчы!

Лоўчы падыходзіць.

Ты чуў, што паблізу Ізяслава ходзіць мядзведзь?

Лоўчы. Мядзведзіца, княжыч. Малога мядзведзьку мужыкі на дрэве закалолі, нібыта борці выдзіраў, дык яна цяпер помсціць. Але я паслаў ужо старога Гарабоя дагледзець. Заўтра, калі што, самі можам на коней сядаць.

Iзяслаў. Хвала за кемлівасць, лоўчы. Дык заўтра пагойсаем па лесе?

Холад. Ты б пасцярогся, княжыч. Раз’ятраная мядзведзіца – не старая нямоглая ваўчыца.

Iзяслаў. Спытай сёння багоў, што скажуць пра мой лёс?

Холад. Яны ўжо сказалі пра твой лёс.

Ізяслаў недаверліва глядзіць на ведуна.

Ізяслаў (да лоўчага). Хадзем, лоўчы, на стайню. Хачу паглядзець на Буланчыка. (Да Холада.) А ты чаго стаіш? Ідзі ў замак. Ты ж у замак хацеў?

Xолад. Я тут, на мосце, пачакаю княгіню. Мне яна патрэбна на адно слова.

Ізяслаў з лоўчым на вачах ведуна спускаюцца з моста ў двор замка. Княгіня Рагнеда тым часам з’яўляецца на мосце.

Рагнеда. Аб чым задумаўся, Холад?

Холад. Можна знайсці шмат слоў, каб адказаць табе, княгіня. I ўсе яны будуць правільныя. I ўсе не скажуць да канца праўды. Бо словы ўвесь час мяняюцца. Няма ім ліку і меры.

Рагнеда. Затуманены для мяне сэнс тваіх слоў, вядун.

Холад. Я ўсё пра твайго цяперашняга госця.

Рагнеда. Дык адпусціла ж яго з замка!

Холад. Я не пра тое, княгіня. Вось хрысціяне кажуць, што мы, язычнікі, легкаверныя і прадажныя, што мы па цямноце сваёй панавыдумлялі сабе шмат багоў, да таго ж такіх, якія не маюць і не мелі жывой плоці. А самі хрысціяне што? Таксама вераць у тое ж: у тры дасканалыя сутнасці.

Рагнеда. Ты хутка можаш стаць такім чынам іхнім святаром.

Холад. Не кашчунствуй, княгіня. Але прыйшоў я пагаварыць вось пра што. Нашы багі патрабуюць новую ахвяру. Проста ім належыць яна па праву. Надышоў час чарговай ахвяры.

Рагнеда. Вы кідалі жэрабя?

Холад. Не. Учора змагаліся паміж сабой вада і агонь, плыткае і трывалае, сухое і вадкае.

Рагнеда. На каго ж падзьмула?

Xолад. Гэты раз на дзяўчыну.

Рагнеда. Што ж ты вочы адводзіш? Гавары!

Холад. На дачку злотніка твайго, Анею.

Рагнеда. Што яны, твае багі, памуціліся ў розуме?

Холад. Гэта не толькі мае багі, яны і твае, княгіня!

Рагнеда. А што мне сын мой скажа, княжыч Ізяслаў? Яны ж разам растуць! Думаеш, Ізяслаў ухваліць такую ахвяру?

Xолад. Раней гэта за шчасце лічылася – стаць ахвярай, паслужыць людзям.

Рагнеда. Я не пра людзей. Я – пра княжыча.

Холад. Княжыч наш хоць і малады целам, аднак узмужнелы розумам. Анея – не яго лёс, дарма што разам растуць. Я сон бачыў. Ізяслаў сядзеў на княскім стале.

Рагнеда. На Кіеўскім?

Холад. Не магу сказаць, княгіня. Гэта і мне невядома. Бачыў Ізяслава на княскім стале, а на якім – незразумела.

Рагнеда. Гэта адно аднаму не замінае. Ізяслаў і Анея… Не, вядун, тут штосьці не так. Ідзі ў свой лес, зноў пачынай чараваць. Скажы багам, што гэты раз яны памыліліся.

Xолад. Я ж казаў – змагаліся за Анею вада і агонь, плыткае і трывалае, сухое і вадкае…

Рагнеда. I ўсё-ткі, вядун!..

Холад. Анея цяпер не пара Ізяславу. Ды і вялікі князь не дазволіў бы мець яе свайму сыну за жонку.

Рагнеда. Пра князя ты памаўчаў бы!.. Уладзімір сам паходзіць ад рабыні. Хіба не чуў? Ад рабыні Малушы. Дык не яму пярэчыць, каб сын яго браў за сябе таксама з простых дзяўчыну?

Xолад. На тое воля князя. Але ахвяраваць гэты раз нашым багам мусіць сваю дачку твой злотнік, княгіня.

Рагнеда. Да яго хто-небудзь ужо хадзіў з гэтым?

Холад. Не.

Рагнеда. Вы падумалі сабе, што ён вараг, а не тутэйшы?

Холад. Гэта не мы думалі, княгіня. Як выбар паў на яго дачку, я ўжо сказаў. А што датычыць варага…

Рагнеда. Ён жа чужой веры!

Холад. Дзе яму ў нас тут трымацца было той веры? Нябось забыў ужо. Ды і калі ён быў у тых грэках? Ад язычнікаў прыйшоў у грэкі, да язычнікаў зноў прыйшоў. Нават наведваўся колькі разоў на свяцілішча да нашых багоў…

Рагнеда. I ўсё-ткі няўдалы выбар, вядун, ох няўдалы! I княжыч за сяброўку працівіцца стане, і бацька ўзбурыцца.

Холад. Не нам, княгіня, мяняць дзедаўскія звычаі.

Рагнеда. Але святары заўсёды да голасу князёў сваіх прыслухоўваюцца!

Xолад. Таму я і прыйшоў.

Рагнеда. Ізяславу не гаварыце! Заўтра ён нібыта едзе са сваімі людзьмі на паляванне. Мядзведзіцу хочуць упаляваць.

Xолад. А злотніку твайму сказаць пра дачку?

Рагнеда. Не з добрай ты справай да мяне прыйшоў сёння, вядун, ой не з добрай!

Княгіня падыходзіць да краю моста, раздае міласць жабракам. З бліскучымі чорнымі вачамі, з доўгай сівой барадой вядун колькі часу яшчэ ходзіць на мосце, пасля па сцяжынцы падымаецца на замкавы вал. Княгіня вяртаецца ў замак.

Той жа светлы пакой, што і раней. Заходзіць Ізяслаў.

Ізяслаў (да маці, якая сядзіць каля вялікай скрыні). Чаго прыходзіў вядун са свайго лесу?

Рагнеда. Не трэба варожасці, сын!

Iзяслаў. Ведаеш, іншы раз надта хочацца зайсці ў іхняе свяцілішча ды парушыць там усё.

Рагнеда. А я ўсё думаю, адкуль гэта ў цябе? Аказваецца, душа твая таксама ўзбунтавалася супроць старых багоў?

Iзяслаў. Супроць багоў я нічога не маю, мама. Мне не падабаюцца людзі, якія знаходзяцца ў свяшчэнным лесе вакол багоў.

Рагнеда. Супакойся, сын. Злосць нічога не выкліча ў адказ акрамя злосці. Сваіх багоў мы з табой не выбіралі. Мы нарадзіліся з іх згоды.

Iзяслаў. Няхай сабе так.

Рагнеда. Дык навошта бунтуеш?

Iзяслаў. Пра гэта я толькі табе сказаў.

Рагнеда. Багі не толькі чуюць, яны здагадваюцца.

Iзяслаў. Не падабаецца мне вядун Холад.

Рагнеда. Што зробіш? Ён – табе. Бадай, ты яму – таксама. Відаць, праз твае доўгія размовы з прэсвітэрам Апанасіем.

Ізяслаў. Я і з прэсвітэрам гэтаксама размаўляю. Мне не падабаецца, што яны са сваімі багамі пачынаюць раздзіраць чалавека напапалам. Той з Ісусам Хрыстом, гэты… з Хорсам, Стрыбогам ды з Перуном.

Рагнеда. Бедны хлопчык!.. Ты – малады, а ў такія гады чалавек звычайна бунтоўны. Лепей было б, сын мой, каб бунтавалася ў табе сіла, а не душа. Ты маеш у сабе здольнасць пагаварыць сур’ёзна з маці?

Iзяслаў. Так. Я прыйшоў сюды, каб пагаварыць. Я не стаў гаварыць пра гэта ў прысутнасці прэсвітэра. Таму і адказаў на тваё пытанне, што спаў сёння добра. Не, мама, я не ўсю ноч спаў. Бо ў сне бачыў бацьку.

Рагнеда. I тую раніцу?

Ізяслаў. Я чамусьці не дужа помню яе. Яна для мяне была як навальніца. Прагрукатала і адышла за небакрай.

Княжыч становіцца на калені перад маці, тая бярэ галаву яго ў свае рукі.

Рагнеда. Ты, мой хлопчык, страціў у тую раніцу бацьку, а я знайшла вернага сына. Дык, кажаш, як навальніца для цябе яна, тая раніца? Можа, гэта і добра. А ў мяне ўсё наадварот. Для мяне тая ноч, а потым раніца як насланнё. I ўсё жыццё таксама здаецца насланнём. Значыць, бацьку ты бачыў у сне безадносна да тае раніцы?

Ізяслаў. Так.

Рагнеда. I як жа ён табе сніўся?

Ізяслаў. Здаецца, зусім без злосці, але ўсё нібыта хацеў штосьці сказаць. I якраз у той момант, як пачуць яго голас, мяне хтосьці будзіў. Напэўна, ваўчыца. I так колькі разоў за ноч. Так што спаў я, мама, дрэнна. I ўсё чамусьці мне сёння не падабаецца. Асабліва вядун Холад. У яго вачах сапраўды холад, дарма што дзікім бляскам гараць. А заўтра ў мяне паляванне. Ведаеш, вакол горада нашага мядзведзіца раз’ятраная ходзіць?

Рагнеда. Я чула, сын. Ведаю, што і на паляванне збіраешся. Але ж…

Ізяслаў. Ну вось, цяпер і ты пачнеш ушчуваць. Не першы раз мне на мядзведзяў хадзіць.

Рагнеда. Ты сапраўды не па гадах набіраешся сілы, Ізяслаў. I розуму.

Ізяслаў. Дык пра што ты збіралася гаварыць са мной?

Рагнеда. Гаворка тая нікуды ад нас не ўцячэ. Каго ты возьмеш з сабой на паляванне? Толькі сваіх слуг? Можаш узяць і маіх. Усё-ткі падмога. Ды і мядзведнікі мае больш спрактыкаваныя. А твае – маладыя.

Ізяслаў. Няхай. Са мной акрамя іх будуць лоўчы і Гарабой. Хіба, можа, злотніка твайго папрасіць у цябе?

Рагнеда. Не варта. Злотнік – па золату, не па мядзведзях.

Заходзіць лоўчы.

Лоўчы. Прабач, княгіня. Мне княжыч патрэбны.

Ізяслаў (бачыць незадаволены матчын позірк). Гэта я загадаў лоўчаму адшукаць мяне, дзе б ні быў, калі вернецца Гарабой.

Рагнеда (да лоўчага). Гавары.

Ізяслаў становіцца на ногі.

Лоўчы. Мядзведзіца бадзялася сёння вакол свяшчэннага лесу. Можа, да замка падыходзіла.

Iзяслаў. Хіба людзі з замка яе пакрыўдзілі?

Лоўчы. Не, княжыч. Тыя смерды цяпер не вылазяць з хат сваіх, што ў Валоўшчыне.

Рагнеда. А я думаю, чаму гэта ваўчыца пад самы замак падыходзіла. Таксама абароны шукала?

Iзяслаў. Дзе будзем абкладваць мядзведзіцу?

Лоўчы. Выедзем, княжыч, на ноч, а там відаць будзе. Куды яна, туды і мы. Урэшце, да раніцы высачым. Сабакі дапамогуць.

Рагнеда. Ты, лоўчы, глядзі там!

Лоўчы. Не хвалюйцеся, княгіня. Вачэй не звяду і паперад сябе княжыча не пушчу.

Рагнеда. Няхай з вамі будуць нашы багі.

Лоўчы выходзіць.

Ізяслаў (сядаючы ў крэсла ў прасценку паміж вокнамі). Усё-ткі з якой прычыны прыходзіў да цябе Холад?

Рагнеда. Я ж казала. Пагаварыць. Тут ніхто не можа рабіць без княскай волі. Але тым часам і ён сон свой расказаў. Дзіўна, усе бачаць сны, а я – не. Вось ужо даўно мне нічога не сніцца.

Iзяслаў. Пра што яго сон?

Рагнеда. Нібыта цябе бачыў на княскім стале.

Iзяслаў. У Кіеве?

Рагнеда. Гэта невядома, на княскім стале. Можа, сапраўды бацька твой успомніў пра цябе. Хоць што я кажу? Хіба да гэтага яму цяпер? I жонку новую бярэ сабе, і веру мяняе.

Iзяслаў. Ты ўсё не можаш яму дараваць?

Рагнеда. Ён не толькі маё жыццё зганьбаваў, але і княства наша Полацкае знішчыў. Ты становішся дарослы, сын, таму пра ўсё павінен ведаць. Можа, дарэмна цябе так доўга трымаю пры сабе? Пара б табе свету паглядзець.

Iзяслаў. Да свету адсюль далёка.

Рагнеда. Далёкі свет заўсёды пасля становіцца блізкі. А бацьку твайму я сапраўды не даравала. У яго ўжо была я, а ён забіў свайго брата і ледзь не з-пад яго ўзяў сабе ягоную жонку, грачанку, ад якой Святаполк.

Iзяслаў. Калі гэта было?

Рагнеда. Што?

Ізяслаў. Ну… тое… калі забіў мой бацька свайго брата Яраполка?

Рагнеда. Не дужа даўно. Але заманіў да сябе ў дом яго, а тады двух варагаў нацкаваў, і тыя паднялі на мячах пад пахі на марозе.

Зноў перапыняюць іх размову – заходзіць кабета. Гэта былая Ізяславава нянька.

Нянька. Матухна княгіня, не дагледзелі – Красуля твая занудзілася. Сліна з языка цячэ.

Рагнеда. Калі гэта здарылася?

Нянька. Няйначай, звечара. Недагледзелі, княгіня…

Рагнеда. Можа, травы нядобрай наелася?

Нянька. Калі гэта відана, княгіня, каб карова ды благую траву ела?

Рагнеда. Можа, памылілася?

Нянька. Каровы, як і сабакі, ніколі з гэтым не памыляюцца. Вінаваты, княгіня.

Рагнеда. Хто ў ноч на кароўніку быў?

Нянька. Самая старшая скотніца. Яна дачку сваю падмяняла.

Рагнеда. А тая?

Нянька. Занядужала.

Рагнеда. Нядужых зусім не трэба трымаць на маім кароўніку!

Нянька. Вінаваты, матухна княгіня, вінаваты!..

Рагнеда. Што мне з вашай віны? Пакліч да Красулі са слабады шаптуна.

Нянька. За гэтым вось і прыйшла. Зараз жа пашлём.

Нянька выходзіць.

Рагнеда (да сына). Бачыш, чым у гэтай глухамані даводзіцца займацца? Вось праўда ўжо – наш Ізяслаў не Кіеў. Дык пра што гэта мы з табой?

Iзяслаў. Пра князя Яраполка.

Рагнеда. Ах, так. А Яраполк перад тым таксама забіў свайго брата, Алега. Яны – тры браты былі: Яраполк, Алег і Уладзімір Святаславічы. Жывы цяпер застаўся адзін – твой бацька.

Ізяслаў. А якая варожасць была паміж Яраполкам і Алегам?

Рагнеда. Такая ж, як і паміж тваім бацькам і Яраполкам. За Кіеўскі стол. Хоць за сапраўдную прычыну выдаюць іншае. Нібыта на паляванні Алег забіў чалавека, сына Свенельда, які служыў яшчэ ў вялікага князя Святаслава. Таму нібыта папомсціўся Яраполк. Напаў на Алега, разбіў яго. Але брата не сам забіваў, дакладней, не сваёй рукой. Акурат як не сваёй рукой забіваў твой бацька Яраполка.

Iзяслаў. Страшная гэта рэч – княскі стол…

Рагнеда. Крывавая. Хоць у нас, у Полацку, за ўладу гэтак не змагаліся. Ці ведаеш жа ты, сын, хто забіў твайго полацкага дзеда Рагвалода?

Ізяслаў. Не.

Рагнеда. Вось бачыш!.. Бо яшчэ малы.

Iзяслаў. Сама ж нядаўна казала, што час ужо мне мець сваю волю. Значыць, не такі малы, як думаеш?

Рагнеда. Ну-ну, маці заўсёды хочацца, каб яе дзеці не хутка раслі. Дарослыя – становяцца ўжо не яе дзецьмі. Удачы табе на паляванні, сын.

Ізяслаў спружыніста ўскоквае, выходзіць. Рагнеда з тугой глядзіць яму ўслед. Праз тыя ж дзверы ў пакой ледзь не ўбягае ўсхваляваны злотнік.

Злотнік (падае на калені). Ратуй нас, княгіня.

Рагнеда (робіць выгляд, што ні аб чым не здагадваецца). Гавары, злотнік.

Злотнік. Анею ратуй, княгіня.

Рагнеда. Станавіся на ногі. I супакойся.

Злотнік. Прыходзіў са свяшчэннага лесу ад ведуна чалавек. Анею, дачку маю, хочуць прынесці ў ахвяру багам!

Рагнеда. Ахвяраванне не намі прыдумана, злотнік. I тая сям’я, ад якой звычайна бяруць ахвяру, лічыць за гонар гэта.

Злотнік. Княгіня, зразумей, я – другой веры. Я – хрысціянін. Я прыехаў у Кіеўскую зямлю хрысціянінам. I я не прызнаю мясцовых багоў!

Рагнеда. Але ж, казалі, таксама хадзіў у свяшчэнны лес?

Злотнік. Хадзіў. Дзеля цікаўнасці.

Рагнеда. А дачка твая?

Злотнік. Сама ж ведаеш, яна яшчэ амаль дзіця!

Рагнеда. У ахвяру багам звычайна такіх і прыносяць.

Злотнік. Але як пасылаў мяне вялікі князь з табой, то абяцаў, што тут будуць шанаваць маю веру! Ці я чым-небудзь не дагадзіў табе, княгіня?

Рагнеда. Маёй улады, злотнік, мала для свяшчэннага лесу.

Злотнік. Тады мне давядзецца падавацца са скаргай да вялікага князя ў Кіеў. Я служыць браўся, маючы волю. I я, і мая сям’я недатыкальны тут!

Рагнеда. Гэта ўсё, злотнік, зразумела. Але жаданне багоў…

Злотнік. Гэта інтрыгі ведуна, княгіня. I не багі гэта. Сама ведаеш.

Рагнеда. Я шаную сваіх старых багоў. Да таго ж ты павінен зразумець: тут – не Кіеў, тут – Ізяслаў. Што да цябе мае вядун Холад?

Злотнік. Да твайго злотніка, княгіня, усе нешта маюць. Адны – справу, другія – зайздрасць.

Рагнеда. Ну, а калі ты да Кіева дабярэшся? Да таго ж, мусіць, вялікі князь яшчэ не вярнуўся з Корсуня. Давядзецца, злотнік, скарыцца волі тутэйшых багоў. Тым больш што выбар іх датычыць лёсу тваёй дачкі, а не цябе.

Злотнік. Адумайся, княгіня! Трэба суняць ведуна! Супакой сваіх багоў!

Рагнеда (ледзь не ў адчаі). Ім патрэбна ахвяра, злотнік!

Злотнік. Мая дачка не можа быць прынесена ў ахвяру! Я зноў табе нагадваю: і я, і мая сям’я – яны вольныя. Мы служым па найму ў кіеўскага князя, дарма што прыслужваем цяпер табе.

Рагнеда. Але што я магу зрабіць супроць багоў?

Злотнік. Не багі гэта, а звычайнае дрэва! Сёння яно расце, а заўтра згніе. На зямлю ўпадзе. Гэтыя так званыя багі вашы не ядуць, не п’юць і не размаўляюць. Яны зроблены людзьмі. Бог адзін. Сапраўдны Бог. Стварыў ён неба, зямлю, зоркі, месяц, сонца і чалавека. I даў нам Ісуса Хрыста. А старыя багі што зрабілі? Самі яны зроблены! Не дам дачкі свае паганым!

Рагнеда. Супакойся. Давай разам падумаем.

Злотнік. Можа, княжыча папрасіць? Яны ж раслі разам з Анеяй? Яшчэ невядома, як ён на ўсё паглядзіць.

Рагнеда. Княжычу і словам не абмоўся! Яму – на паляванне. Ладна, ідзі, злотнік. Я падумаю. Да вечара яны ўсё роўна не павядуць яе ў лес. Ты ўстань!

Злотнік. Але з лесу ўжо яе не выбавіш, як павядуць!

Рагнеда. Вось ты казаў, што збіраешся паскардзіцца вялікаму князю. Нябось сам у Кіеў падаўся б? Але да Кіева далёка, а дачка твая патрэбна багам ці не для гэтай ужо ночы.

Злотнік. Дык што рабіць? Можа, забраць яе і знікнуць адсюль?

Рагнеда. Пярэймуць на дарозе. Вось што, знайдзі ты праваслаўнага прэсвітэра Апанасія, здаецца, ён яшчэ недзе тут. Хоць, прызнацца, абрыдзеў мне павучаннямі. Проста ледзь не за горла бярэ: адмоўся ад сваёй веры, прымі другую. Усе яны, гэтыя святары, у сваёй жорсткасці памыляюцца, бо вера да чалавека прыходзіць не так, як яны таго хочуць, нельга прымусіць верыць насуперак жаданню.

Злотнік. Наша хрысціянская вера…

Рагнеда. Памаўчаў бы ты і пра сваю веру!.. Нельга прыводзіць людзей да паслушэнства крыжам і мячом.

Злотнік. Пабойся Бога, княгіня!..

Рагнеда. Сам жа кажаш, іх у нас многа. Было многа, а цяпер пабольшала. Яшчэ твайго Уладзімір навязвае. Але няхай. Старыя багі доўга будуць змагацца з новымі. Дык пашукай, злотнік, прэсвітэра Апанасія. Калі яшчэ тут, у Ізяславе, няхай зойдзе да мяне.

Злотнік кланяецца, выходзіць. Заходзіць нянька.

(Да яе.) Ну што там?

Нянька. Красуля, здаецца, пасвятлела, матухна княгіня!

Рагнеда. Шаптун быў?

Нянька. Ага. Кажа, што сапраўды нейкая благая трава трапілася ёй учора на лузе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю