412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Вясна ўвосень » Текст книги (страница 3)
Вясна ўвосень
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Вясна ўвосень"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Жанр:

   

Сказки


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 4 страниц)

Аўтух-дамоўнік

У старога Васіля жыў за печкаю дамоўнік, які быў падобны на маленькага чалавечка. Нішто сабе, ціхмяны быў, падлоты вялікай не рабіў.

Удзень ён ціха спаў на ложку з попелу, а ўначы пачынаў сваю нячутную тупатню па хаце і піў з сподачка малако, як вожык. Аўтухом клікалі гэтага дамоўніка. Спаў ён таксама ўсю зіму, і толькі калі пачынала страляць печка, рассыпаючы вакол залатыя іскрачкі і глытаючы ротам чурак за чураком, выпаўзаў адтуль і сядаў насупраць, саграваючы скалелыя пальцы. Гаспадыні замінае, тая яго і штурхне іншы раз, але ўзімку ён ставаў вялым і не крыўдзіўся. Затое ўлетку нават і ўдзень шпацыраваў, спаў мала, і ўжо тады не было ад яго спакою нікому. Забярэцца на стайню, выцягне стуль Варанога і гарцуе на ім да світанку. Ранкам конь увесь у мыле, дрыжыць як асінавы ліст. А Аўтух забраўся ў пуню на сена, сапе носам – і чхаў на ўсё. Стары Васіль таму сыну, што на стайні начаваў, аплявух надае: чаму не даглядаў. Вось сын і раззлаваўся на Аўтуха, вырашыўшы яму як-небудзь адплаціць.

Аднойчы бачыць: сядзіць Аўтух на верхняй перакладзіне лесвіцы, якую да плота паставілі, шчыпле з бузіны чырвоныя гроны і ўплятае са смакам, напіхвае за абедзве шчакі.

Старэйшы сын падкраўся ззаду і адпіхнуў лесвіцу ад яго. Тая ў паветры зрабіла паўкруг. Аўтух наверсе вісіць, верашчыць, нагамі дрыгае: вельмі спудзіўся.

М-м-мяк-к!

Ляснуўся аб зямлю, лесвіцай яго зверху прыціснула, варочаецца і крэкча.

А справа была за камяніцаю, вакол дурнап’ян, крапіва проста гаем расце, злосная, як сабака. А Аўтух жа голы, варочаўся, круціўся, неяк выпаўз – і бегчы, не памятаючы сябе. Бег, бег і знянацку ўскочыў у дзежку з гнаёваю жыжаю для гароду. Выдрапаўся стуль увесь зялёны з галавы да ног. Старэйшы сын за плотам – ну рагатаць. Да таго часу рагатаў, пакуль Аўтух усяго не зразумеў...

Вось увечары гаспадыня прыйшла і калі ўвайшла ў пакой – там ляжаў Аўтух на белых узгалоўях.

Ляжыць, з боку на бок перакочваецца з насалодаю. Як вылез з дзежкі, дык і пайшоў лёг.

Адпомсціў!


Казка пра Пятра-разбойніка

Валэндаецца па зямлі пракляты Пётр-разбойнік. Твар у яго чарнейшы за зямлю, не можа ён вачыма людзям у вочы глядзець.

Шмат часу хадзіў ён на жыр і людзей рэзаў. Пакуль паноў забіваў – усё яму даравалася, а калі ўзяўся за простых – напала на яго чорная хвароба: твар зрабіўся такім, што сітам не накрыеш, каўтун галаву пакрыў, абляпілі цела скуллі, уцякаюць ад яго людзі, баючыся заразы.

Рэжа ён дзень і ноч без просыпу, ды сумлення ні ў якой крыві не затопіш. Забівае ён дзядоў, немаўлят за ногі вешае, толькі пачаў адчуваць кожны раз, што лепш бы ў сябе нож уватхнуць, чымсьці ў другога.

Ішоў ён аднойчы ўноч некуды і стаў на раскрыжаванні шляхоў страшна яму зрабілася. Насупраць, над шляхам, працягнулася галінаю сухое дрэва, а на ім пугач сядзіць і вогненнымі вачыма глядзіць.

І зразумеў Пётр-разбойнік – няма яму даравання ад простых людзей, няма і не будзе ніколі.

– Скажы, зямля, – пытаецца Пётр-разбойнік, – як мне ў цябе дараванне заслужыць?

Цяжка ўздыхнула зямля:

– Не, Пётр-разбойнік, не будзе табе даравання. Толькі што... вунь ля разбуранага млына ляжаць на зямлі трохпудовыя жорны. Уздзень іх сабе на шыю і пакуль не сатрэш іх уласнаю шыяю на порах, пакуль не луснуць яны і не разваляцца на тваіх рамёнах – не быць табе дараванаму.

Цяжка ўздыхнуў Пётр-разбойнік, нахіліўся, ускінуў на шыю жорны і пайшоў. І што ён толькі з той пары не рабіў: і зямлю розным бедакам араў, і лясы карчаваў, і паміраючых ратаваў, і гарады будаваў – ні крышачкі не сцёрліся жорны. Няма даравання таму, хто кроў сялян піў, вісіць яна цяжарам вялікім на ім да сканчэння веку.

Зноў прывалокся Пётр-разбойнік пад сухое дрэва, згубіўшы ўсялякую надзею на выратаванне. Плакаў там тыдзень – маўчыць зямля. Пустэча. Прайшлі гады, а наперадзе тая ж цемра. Няма даравання!

Толькі падняўся ён, аж раптам, бачыць, сядзіць нейкі чалавек і на магілу мацеры плюе і зямлю родную лае.

– Гэ-эх, – зітхнуў Пётр-разбойнік, – ну й падла. Забіваў я шмат людзей, дык няўжо яшчэ за гэткую гніду мне на душы граху пабольшыцца. Дай яму напрач сальнік выпушчу, бо, дзякаваць чорту, нож заўсёды пры мне.

Падышоў ззаду да таго, хто на матчыну магілу пляваў і зямлю родную лаяў, ды й пярэснуў яго навотліў нажом. І толькі ён зрабіў гэта, як раптам паліў цёплы дождж і змыў з яго каўтун і балячкі.

Навальніца пачалася, сіняй стралою бліскаўка палахнула, і за громам не пачуў Пётр-разбойнік, як з гулам луснуў камень і жорны на яго рамёнах распаліся на дзве паловы і рассыпаліся ў порах.

І ўпаў тут Пётр-разбойнік на зямлю і заплакаў, бо лепей за ўсё – не быць адшчапенцам мацеры-зямлі і калі трэба – пусціць за яе ў ход нож. І плакаў Пётр-разбойнік, а вакол пасля дажджу блішчэлі лісты і звонка падалі на зямлю празрыстыя кроплі, быццам уся зямля плакала ад шчасця разам з ім.


Надзвычаная котка

У беднага мужыка завяліся ў хаце чэрці. Удзень яшчэ так-сяк, а ноччу ў коміне як справяць вяселле – проста хоць святых вынось.

Лёталі туды й сюды, стукаліся ілбамі, ад гэтага ў іх з вачэй іскры сыпаліся, і таму ўжо тры разы ў коміне сажа палала – ледзь хату выратоўвалі.

Ледзь золак, палезе баба ў печ і адразу пачынае раўсці. У гаршку – сажа, на пірагу – сляды і адбітак невялічкага азадка гэта чорт адпачываць на гарачае цеста садзіўся.

Па начах пачынаюць дурэць у трысцяні – гаспадар думае, што гэта тхор да курэй падбіраецца. Выйдзе за дзверы, а яны яму з гарышча прама за каўнер ахапак балотнага сена з асакою – штоўх!

Асабліва адзін быў шкадлівы. Сам тоненькі, лёгка яго пераб'еш, а такая падла. Вазьме ў коткі капянят і пакдадзе іх у скрыню з мукою – хоць смейся, хоць плач. Цярпеў, цярпеў мужык, а потым пачаў з жонкай і дробнымі дзеткамі ў пуню хадзіць спаць. Мароз па спіне паўзе, калі пра зіму згадае.

Вось аднсйчы вечарам стаіць ён на ганку. Сонца сядае, а над вёскаю хмара, і легкі дожджык накропвае. Бачыць: ідуць па дарозе двое. Адзін чалавек як чалавек, а другі каратканогі, пыса ў яго клінам высоўваецца. А сам у цяжкай шубе. А трасца аго матары, каб у такі летны вечар шубу апранаць. Мо цыган гэта.

Падыходзяць абодва бліжэй, і бачыць гаспадар, што памыліўся, бо зусім гэта не чалавек, а мвдзьведзь і з ім павадыр, які яго на лазцугу вцдзе.

– Дзень добры!

– Здароў!

– Пусці, добры чалавек, у хату пераначаваць. Прыладзіўся б і пад кушчом, ды, бачыш,– дождж.

– Па мне што,—кажа гасладар,– заходзь. Толькі ў хаце нячыста, чэрці там завяліся.

– Гэта што,– смяецца павадыр,—яны хоць і рагалі, ды ўсе не праезджыя маскалі – жонку не забяруць. Да таго ж у іншых жонку на чорт забраць пабаіцца.

Добра, калі так. Пайшоў мужык у пуню, а павадыр з мвдзведэем прымасціліся ў хаце. Лёг павадыр на лаву, шапку ў галаву, адзін бок падаслаў, другім накрыўся – вось і пасцель гатова.

А мядзведзя паклаў спаць ля печкі, бо той цеплыню любіў, як стары дзед. Заснулі.

Ноччу чорт, як вядзецца, скочыіў з ліпы на дах, з даха на комін залез і, падняўшы цэлую хмару сажы, з'ехаў па ім у пячурку. Агледзеўся—няма нічога ў печы, толькі адзін гаршчок стаць, з яго смачны пах ідзе. Адставіў ў загнетку, выцягнуў гаршчок на под, запаліў смярдзючую люльку ў добры кулак, адчыніў крышкў. Паваліў стуль сытны пах, залахла рэпай.

– Ага,—думае чорц—рэпа. Гэта я люблю. Сядзіць і ўмінае рэпу, а лушпаі кідае ў пакой, наніз. Мядзведзь таксама пах рэпы пачуў і пачаў лушпаі з моста падбіраць і есці. Ласае жывёла. Сапе, чаўкае, лапамі па падлозе водзіць. Чорту гэта апрыкрыла узяу ён качарэжку і глядзіць. У цемры добра не разгледзеў: яно й ёсць – думае – котка праклятая. I качаргой яе:

– А псік!

Зароў мядзведзь, схапіў чорта, сцягнуў за нагу на падлогу і давай яго мяць, ланцугом пярэсціць.

Чорт лямантаваць, чорт выкручвацца, толькі ж у мядзведзя лапы не з ваты зроблены: чорт нават асіп.

– Гаспадар – моліцца,– гаспадар! Ратуй! Аднімі! Гвалт! Павадыр спіць, быццам сляпога каня ў цыгана старгаваў, але ўрэшче ўчуў і мядзведзя – за хвост: цыц!

Чорт неяк выдраўся, люлькі з шапкаю пакінуў – і драла.

3 таго часу гаспадар з гаспадыняю сталі жыць ціха Ніхто не перашкаджае, не вые ў коміне, кацянят ад коткі (а яна іх адразу чацвярых у кошык спарадзіла) ніхто ў муку не кладзе.

Вось аднойчы арэ гаспадар і бачыць: ідзе нехта да яго цераз поле, такі сумны, нос кручком, на тонкіх, як лучыны, нагах, поўсць мокрая касмылямі звісае. А гэта той самы чорт цягнецца Скінуў шапку, вітаецца гжэчна

– Дзень добры, гаспадар.

– Дзень добры,– кажа мужык і, не спыняючыся, ідзе за канём. Толькі чуе, торгае яго чорт за паху:

– Мужык, а, мужыік...

– Чаго цябе?

– Ці ў цябе яшчэ тая котка, ці няма?

– А дзе ж ёй быць. У мяне, ды яшчэ чацвярых кацянят прывяла Усе як адзін падобны н а маці.

– Ну дык я да цябе болей ніколі не пайду, баюся, хоць мне й дужа трэба было паглядзець, ці цэлыя ірошы, бо там у цябе, пад печчу, у зямлі цэлая скрыня золата стаіць.

I пайшсў цераз поле як на хадулях. Сумны такі дыбае. А гаспадар даарау поле і -дадому. Раскапалі пад печчу зямлю і сапраўдыі скрыню золата знайшлі. Ну і гулянка ж была. На што ўжо я, а таксама выпіў. Але ж вы нікому гэтага не кажыце. Сорам!


Мужык і дзіва аднавокае

П’яны мужык дыбаў з радзін у сястры. Ідзе, хістаецца, дарога ў яго вачах знікае, яліны ўпрысядкі скачуць. А яму гора мала: спявае песні. Толькі чуе раптам:

– Пачакай жа, мужык!

Аглядзеўся – што за трасца з хваробай. Анікога. Ледзь пайшоў далей – зноў

– Ды пачакай жа ты!

Глянуў – і бачыць: сядзіць на двух ялінах дзіва аднавокае, гайдаецца на верхавінах, як на сенніку. Скокнула дзіва на зямлю і пачало перад мужыком расці. У таго й хмель знік:

– А што, мужык, калі б мне дзеля развагі з’есці цябе?

Мужык трохі падумаў і кажа

– Развага, вядома, добра, толькі давай я лепш табе раней нешта пакажу.

– Ану, – кажа дзіва.

Мужык выцягнуў крэсіва, выбіў на “грыб” цяпло, сціснуў яго зубамі, агнём унутр і пачаў дзьмухаць. За зубамі ў яго трут цепліцца, зубы сталі ружовымі наскрозь, і з роту дым заклубіўся.

– Бач ты, – кажа дзіва аднавокае, – відаць, што ты чалавек разумны. Толькі ўсё адно я цябе з’ем.

Мужык засумаваў жыватом, але няма чаго рабіць – сарвалася справа.

– А дзе ты мяне есці думаеш? – пытае. – Я б лепей ля хаты жадаў быць з’едзеным. Тут недалёка, вярсты чатыры.

– Пайшлі, – кажа дзіва, – усё адно ўвесь азадак мохам аброс.

– Так ісці нецікава, – кажа мужык, – давай лепей адзін на другім па чарзе будзем ехаць. Ты сядай мне на шыю і датуль будзеш ехаць, пакуль усіх спеваў, якія ведаеш, не прапяеш, а потым я табе на шыю сяду, і ты мне будзеш везці, пакуль я ўсіх сваіх не прапяю.

– Добра, – кажа дзіва, – я першы палезу.

І з гэтым – скок яму на горб, сам цёплы, гарачы нават, як кот на прыпечку, мяккі. Вось мярзота!

Пачало дзіва аднавокае спяваць, але ж калі патрэбна нешта прыпомніць -яно не прыйдзе ў галаву. Так і тут, не йдуць песні на язык. Няма чаго рабіць, злез, не праехаўшы нават вярсты. А мужык, як толькі ўскочыў дзіву на горб, так і запеў усім вядомую песню “У папа быў сабака”.

Ехалі, ехалі, дзіва хвалявацца пачало, што гэта, кажа, за песня гэткая бясконцая.

– Ого, – адпавядае мужык, – калі б ты ў маё становішча патрапіла – і не тое б заспяваў.

Агеньчыкі вёскі заміргалі. Як жа ж гэта ад дзівы аднавокага пазбыцца, -думае мужык.

– Хопіць, прыехалі, – кажа дзіва, – абдурыў ты мяне, мужык.

– Гм, – кажа той, – а ты, дзіва, чараваць можаш?

– Эге.

– Ну дык давай мы з табой вып’ем.

Дзіва, слова не кажучы, села на мужыковую шапку, а калі ўстала – там бутэлька гарэлкі ляжала і розная страва Выпілі ўдвох, мужык і кажа:

– Залезці туды зможаш?

Дзіва падскочыла – і туды “шчупачком”.

А мужык коркам бутэльку запхнуў і кажа: “Ведай, як з сялянствам размаўляць, падла”.

І пайшоў да вёскі, а дзіва ў бутэльцы варухаецца, каравыя лапкі выпускае, як хрушч з сернічковай скрынкі. Мужык у вёску ўвайшоў, а ўсё прыадчыніць корак і запіхне назад лапку. А дзіва лямантуе:

– Я ўсё адно адсюль па кавалачках выдрапаюся.

І пачало сыпацца стуль кавалачкамі. Мужык давай гэтыя кавалкі лавіць і зноў на месца піхаць. А сам мармыча:

– Вось дзіва! Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.

А ў вёсцы рух, прыбегла нейкая баба да суседкі і крычыць ёй:

– Хрысцінка, твой мужык па вуліцы йдзе п’яны-расп’яны і на чарцей

палюе.

Выглянула тая, і сапраўды бачыць такое: стаіць яе муж на вулцы, разгойдваецца, твар п’яны, вочы без усякага сэнсу.

Трымае ў руцэ пустую бутэльку, а другою нешта ў паветры ловіць і запіхвае ў рыльца, асцярожна прыадчыняючы корак. А сам мармыча:

– Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.


Рыбін цар

Глыбока на дне возера ляжыць рыбін цар. Ніхто яго не бачыў з людзей, а таму й не ведае: рыба ён ці яшчэ хто. Ляжыць ён на дне, раслінамі вадзянымі, як коўдрай, абгарнуўся і носам сапе. А на паверхню ад яго сапа бурбалкі выскакваюць.

Вясною людзі спусцяцца на ваду, затрубяць – хлыне каламутная вада патокам. Прачнецца рыбін цар на дне ракі і пачне расчэсваць зялёную барадзішчу. Зашавеляцца водараслі зялёныя, заскачуць па іх срэбныя маляты – старому і гожа!

Часам сонца прыпячэ – і тады яшчэ тлум цару выпаўзаюць русалкі грэцца ў затоку, а зноў у ваду патрапіць не здольны. Вядома, дзеці! Плавае ён ля берагоў цалюткі дзень і за ногі іх стуль валочыць. Дасць пару разоў шасціпалай ручышчай па мяккаму месцу, а потым, каб непатрэбнага рову не было, пачастуе рачым вокам, альбо скрыдлышкам мухі.

Потым лета настае, і рыбін цар, каб людзей не пудзіць, яшчэ глыбачэй у ваду заточваецца. Ляжа ў віры і ляжыць.

Улетку русалкі на зямлю выходзяць і лезуць на дрэвы, каб грэцца на месячным святле. Сумна без іх дзеду, падплывае да млына, высуне галаву з вады, і разбягуцца па ёй, цёплай, як сырадой, колы. Глядзіць ён з віра, чырвоная яго морда вачыма лыпае, шавеляцца вусы. Млын пад месяцам сінім святлом адлівае, ціхі смех з садкоў нясецца. Ані ветрыку, ані гучнага шуму.

Шмат летам працы рыбінаму цару: павінуючыся яго загадам, пераплывае рыба з аднаго возера ў другое, з гэтай ракі – у іншую. Харчуецца. Усім трэба харч і месца для ікрамёту. Але любіць рыбін цар і дурэць: то жабу ўцісне ў нерат замест рыбы – весяліся, рыбак, то туды ж сікоў напіхае. А то кароў, якія, бызнуўшы, стаяць у вадзе, выдаіць да апошняй кроплі. Але ўсё гэта не ад злосці. Наадварот, калі галадэча – выкіне ён на бераг груды рыбы, як гэта ў Нарачы калісь здарылася...

Восень ціха крочыць. Ляжыць рыбін цар у віры, а дождж барабаніць па вадзе, як па даху. Прытульна, цёпла. Засынаюць азёры. Зрэдку праплыве лебедзь і пакіне за сабою дарожку святла Праз яе бачна шэрае, плакучае неба. Вось і апошні жораў пратрубіў над рэкамі, і тады пачынае цар сваіх рыб у віры зганяць, тванню накрываць. Цёпла ім, добра! А потым пачынае ў апошні раз абыходзіць свае масткі. Ідзе пад вадою: шэрая вада, расліны вадзяныя холад пасцінаў, рыб няма, ракі ў сваіх пячорах зазімавалі. Высуне “надворак” галаву: касабочыцца над грэбляю шэрая павільгатнеўшая млынарня, ляжаць сярод абшараў зялёныя рэдкія чатырохкутнікі, грукоча дзесь малацілка.

Усё схавалі скнары-людзі, сцягнулі ў пуні і клуні, абдзёрлі чыста палі і сады. Нясуцца па нізкім небе шэрыя хмары. Глядзіць рыбін цар на сонныя абшары, а з нябёсаў шэры дождж льецца.

– Бр-р-р, гэтак і змякнуць можна, – і ныр зноў на дно.

Ляжыць у віры і сумуе. Памерлі палі, памерла рака!

А на яго падаюць бурыя лісты, твань зацягвае.

Добрай зімы!


Пан тванны, шляхціч багняны

Балота! Качкарнік пакрыты рудай сухой травою, а паміж ім чарнее масляністая вада. Крапае дробны, дужа цёплы дожджык, і грэюцца пад ім жабкі. Тырчыць па ўскраі калючая асака, жорсткі белавус, сітняг. Жабак ніхто не пудзіць, і яны нават крэкчуць ад задавальнення.

Але што гэта? Закалыхалася ў адным месцы асака і высунулася стуль хітрая мордачка. Вусны яе смяюцца, нос піпкаю і пад ілбом задзірыстыя рожкі. Гэта балотны чорцік. Ускочыў на купіну, рукі ў бокі.

– А ну, жабкі, хто я такі?

Адна маладая, не бачыўшая свету жабка кажа:

– Чорцік балотны.

– Зноў за сваё, – абурыўся той. – Я гэтаму балоту вялікі гасудар, і вы павінны мне павагу выказваць. Тытул мой поўны ведаеце? Забылі, гады падкалодныя! Паўтарайце за мною: цар балотны, вялікі князь німярэчны, князь межыточны, магнат тванны, шляхціч багняны, альховы і сітняговы, кароль вужыны і водаблышыны, усіх вялікіх, малых і белых пацукоў уладар.

Складна прыдумаў, але жабкам гэта ўсё запомніць нельга; у іх мозаку амаль няма. Супыняюцца, блытаюцца. Раззлаваўся тыран, схапіў адну жабку, уставіў сцябліну ёй і пачаў дзьмухаць без суда і следства. Тая ўжо зусім як барабан зрабілася. Жабкі трывалі, трывалі, а потым пачалі бясчынствуючага гасудара лупіць.

Зароў той, пакінуў жабкам палову хваста і ўцёк зноў у асаку. Запароўся глыбей, сеў і пачаў слёзы махнатым кулаком выціраць.

Па справах і пакуты!


Ноч

Скача ноч над зямлёю на чорным кані. Адрываюцца, падаюць з яе плашча ўніз залатыя зоркі, і пушча ловіць іх пушыстымі рукамі, прымае нячутна і мякка ложыць на зямлю. Унізе агеньчыкі згаслі, дрыжыць свет салаўіным спевам. Мякка перабірае капытамі ў паветры стомлены чорны конь. І твар у ночы чорны, на чорных валасах чорная карона і на юнацкім целе чорныя латы.

Спіце, людзі, вартуе ноч верна ваш сон. Хутка зоймецца світанак, выйдзе на бойку з ноччу зара ружовая, пачне пускаць ночы ў твар сонечныя дзіды. Няроўная бойка, сцячэ цела ночы крывёй уласнаю – шэрым туманом, упадзе яно ў балоты, цёмныя лясы ды на дно глыбокіх азёр.

Але далёка яшчэ да святла: толькі-толькі праспявалі першыя пеўні, вадкая суцень паўсюль, цішыня.

Скача ноч на бязгучным, перабіраючым капытамі чорным кані, і падаюць, адрываюцца з яе плашча залатыя зоры.


Куцька

Ляжыць на двары за дравяніцаю на грудку сена Куцька-шчанюк. Нешта не бярэ яго сон, ці то блохі расскакаліся па голым плямістым пузе, ці то яшчэ нешта, толькі мучыць яго нешта жудаснае, сабачае, тужлівае.

Холадна, працягнуліся ад дома і пуні густыя чорныя сцені, і па-над дахамі выплывае чырвоны месяц, смяецца. І ад гэтага месяца такая ахвота завыць шчанюку, проста жах. І ўсё яму здаецца, што за адрынаю стаіць нехта, шэры і без галавы, і вось-вось накінецца на яго, Куцьку, і пацягне некуды. І на самай справе, пачаў месяц у небе смяяцца і скакаць і ўсё бліжэй-бліжэй да Куцькі. Заціснуўся ён у самы кут, зарыўся ў салому: не так страхліва, калі спіна прыкрыта.

– Ну што, – кажа месяц Куцьку, – сёння маленькага гаспадара за нагу кусануў, костку з кухні сцягнуў? А чыя гэта там, пад сталом, пляма?

Хоча Куцька адказаць, што гэта ён ненарокам зрабіў, што больш не будзе -голасу няма.

– Ну добра, – кажа месяц, – гля-адзі ў мяне. Вось цябе зараз за гэта “нештачка” забярэ.

Дый схаваўся на гэтым за хмарку, канчаткова цёмна стала. І бачыць Куцька, нешта за адрынаю зарухалася, і вось стуль “нештачка” выходзіць, шэрае, як туман, і без галавы.

– А-а-а-а, во-о-ось ён, – і ідзе да яго, растапырыўшы рукі.

Ускочыў Куцька і кінуўся бегчы, але ногі ў яго не рухаюцца – быццам прысталі да зямлі. Заскугліў ён жаласліва, перабірае нагамі. А “нештачка” ўсё бліжэй... А-ай!

Бачыць – нічога няма. Тыя ж сцені ад дома, той жа месяц над дахамі, раўнадушны і спакойны, і сам ён, Куцька, ляжыць на падсцілцы на тым жа самым месцы і яшчэ нагамі рухае. Узрадаваўся. Вось я які храбры, нават “нештачка” спудзілася і ўцякло.

Ззяў месяц, і грызліся блохі.


Вераб'ёва цешча

Ва ўдовінага вераб’я цешча памерла ад злосці. Спачатку ён быў узрадаваўся, што не будзе каму яго поедам есці, а потым адумаўся. Якая б ні была, а ўсё-такі цешча. І вырашыў ён цешчы багатыя памінкі справіць. Сабраліся ў яго на акне за налічнікам іншыя вераб’і, елі смачных чырвоных рабакоў і розных казюль, пілі бярозавы квас і мёд з жалудовай шкарлупы. Упіліся моцна і пачалі біцца і песні спяваць.

А тут котка, лёгкая на ўспамін, села ля налічніка, жоўтымі вачыма блішчыць, не выпускае нікога. Ды з п’яных вачэй і не пабачыў ніхто. Кажа верабей:

– Эх, і надвор’е, месяц ззяе, цёпла... Каб быў госцем – даўно б дадому пайшоў. Высунуўся адзін легкадумны маладзенькі верабейчык – і назад, ледзь жывую душу ўратаваў.

А гаспадар куражыцца: “Ды што, ды я яе”. Да таго расхрабрыўся, што выскачыў з гняздзечка куляю і паляцеў на котку навальніцаю.

– Ах ты, даўбня, каб ты счарнела, як галавешка. Прэч!

Вераб’і ўсе адзін на аднаго падобны...

Котка ад гэтага націску разгубілася, пачала адступаць, а потым пытае:

– Ты, часам, не цешча тутэйшаму вераб’ю?

– Так, – кажа верабей, а сам ужо прахалануў і дрыжыць, як ліст.

– Ох, не зайздрошчу я яму.

Ды ад страху як скочыць у дзядоўнік. Госці пайшлі, а верабей замысліўся.

– Хто зараз за мяне з маім мяккім характарам з суседзямі, з ворагамі, з начальствам лаяцца будзе. Няма ў мяне цешчы, няма абаронцы.

І заплакаў.

І цешча іншы раз карыснай бывае.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю