412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Караткевіч » Вясна ўвосень » Текст книги (страница 2)
Вясна ўвосень
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:44

Текст книги "Вясна ўвосень"


Автор книги: Уладзімір Караткевіч


Жанр:

   

Сказки


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 4 страниц)

Жабкі і чарапаха

На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам – вось яны і спявалі.

І тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.

– Жабкі, жабкі, дзень добры.

– А ты што за цуда-юда? – спыталі жабкі.

– Я Чарапаха.

– Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе

быць.

– Ды ёсць жа я, – сумна сказала Чарапаха. – І як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.

– Можам, – сказалі ўлешчаныя жабкі.

Ку-ма, кума Бор-ршчык вар-рыла.

– Выдатна, – сказала Чарапаха. – Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў

свой хор.

– А ты спяваць умееш?

– Не. Я слухаць люблю.

– Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.

– І яна не ўмее, – сумна сказала Чарапаха. – Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.

– Дык нашто ты нам тады? – спыталі жабкі.

– А слухаць вас хто будзе? Хваліць?

– Нас і так усе чуюць. І ўсе хваляць

– Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, – сказала добрая і разумная Чарапаха.

– Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? – спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.

– Плаваць умею. Ныраць.

– Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?

– Не, – уздыхнула Чарапаха.

– Нічога ты не ўмееш... А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне.

– Я замест яе яйкі нясу, – сказала Чарапаха. – Вялікія.

– Ф-фу, – сказала Галоўная, – яйкі... Ну, паспрабуй усё ж заспяваць.

І Чарапаха зарыпела:

Свеціць месячык з гары На шчытах у чарапах

На глыбокія віры. Сіняе святло гарыць.

– Словы нішто сабе, – сказалі жабы, – але ж голас? Бр-р-р!

– Дык я б вам – словы, а вы б – спявалі.

– Словы ў нас не горшыя. Самі прыдумалі:

Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?

Борш, бор-ршч, бур-ракі.

– Добрыя словы, – сказала Чарапаха, – але галасы ў вас лепшыя.

– І што гэта за “шчыты ў чарапах”? – спытала Галоўная Жаба.

– А вось тое, што на мне.

– Гэта карычневае? – усхваляваліся жабы. – Гэта брыдкае? Ну не. Мы вось такія прыгожыя. Зялёныя. Бліскучыя. Як лакіраваныя.

– Жывыя, – сказала Чарапаха, – усе прыгожыя.

– А чаму гэта брыда завецца шчытом? – спытала Маладзенькая Жабка.

– Яна цвёрдая.

– Няўжо-о? Во-ой! Быць не можа.

Самая смелая з жабак падплыла асцярожна і дакранулася да панцыра

лапкай.

– Вой! Яна ж як жалезная!

– Ну і што? – сказала Чарапаха.

– Цвёрдая!.. Голасу не мае!

– Усё роўна вы мне падабаецеся. Спяваеце прыгожа. Мне адной сумна.

Але жабы ўжо разышліся:

– Жалезная жаба, – зарагатала самая насмешлівая.

– А мы мяккія жабкі. Зялёныя.

– Жалезная! Гы-гы-гы!

Чарапаха пачала крьіўдаваць:

– Кожная жывёла – розная. А я – карысная.

– І мы кар-рысныя... А ў цябе голасу няма... Кар-рычневая...

– Жаба ў танку, – пажартавала насмешніца.

Пакрыўдзілася бедная Чарапаха, нырнула і паплыла ў пратоку, а пасля ў сваю азярынку. А жабы, гледзячы на яе бурбалкі, зноў завялі сваю валынку з катрынкай:

Бур-ракоў не было -Бр-ручкі навар-рыла.

.Ну і што? І ці добра гэта атрымалася? Тут сабе жабкі весела спяваюць дурныя словы добрымі галасамі. А там Чарапаха, што не мае голасу, але ведае добрыя словы, ляжыць сабе пад вадой, пад святлом месяца, пакрыўджаная і адна-адзінюсенькая.

І нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды? Ты вось ходзіш на дзвюх нагах, а кот – на чатырох. І няхай сабе.

Дрэнна вы зрабілі, жабы. Ану, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе.


Вясна ўвосень

Маленькі Янка цяжка захварэў. Ляжыць увесь чырвоны, нічога не бачыць і не чуе. Нават Аленкі не пазнае. І не ведае яна, чаго дактары ў доме. Чаго мама плача, калі думае, што ніхто не бачыць яе?

А Янку здаецца: шуміць цёмнае мора пад хмарамі. Ад берага адплываюць чорныя караблі, і завозяць яны некуды ў свет усе ягоныя цацкі. Вось салдацікаў павезлі. Ну хай салдацікаў. А нашто яны Мішку забіраюць? Заўтра дзень нараджэння, а Янка з ім нават не пагуляў.

Апошняга павезлі мардастага шчанюка. Той вішчыць – цёмна ў моры.

– Можа, ты хочаш чаго, сынок? – спыталася мама.

– Сонейка, – сказаў Янка. Нават вачэй не расплюшчыў.

Якое там сонейка! Восень. Льюць шэрыя дажджы. На клёнах дурное лісце. Дурное, бо даўно яму трэба ўпасці.

Ніхто не глядзіць на Аленку. Узяла яна плашчык ды выйшла з хаты ў сад. Сонейка шукаць, браціка ратаваць.

У дварэ вецер моршчыць лужыны. Усе птушкі, усе мушкі, усе звяркі пахаваліся. Хто дрыжыць, хто дзесьці сон бачыць.

– Сонейка-Сонейка, выйдзі, – папрасіла Аленка. – Цябе брацік кліча.

– Сплю, – сказала Сонейка з-за хмар. – Мяне кожны ранак птушкі будзяць. А цяпер іх няма. Хто на поўдзень паляцеў, хто ў дупло схаваўся. Нікога я ўжо да вясны не сагрэю.

– Птушкі, звяркі, мушкі, разбудзіце Сонейка!

– Спім. Холадна, – адказалі жабкі з дна ракі, грыбы – з-пад зямлі, вавёркі -

з дуплаў.

– Разбудзіце Сонейка, – папрасіла Аленка. – Брацік Сонейка хоча.

– І я хачу, – сказаў з хмызоў Вожык. – Ды што я магу зрабіць?

– Брацікаў шчанюк плача, – сказала дзяўчынка.

– І я плачу, – сказаў мокры Верабей на галінцы. – Мне холадна. А тут яшчэ вунь Чорны Кот да мяне падбіраецца.

– Голасу няма, каб Сонейка будзіць, – сказаў Шчыгол.

– Памажыце браціку, – заплакала Аленка. – Ён вас ніколі не крыўдзіў.

– Не кры-ыўдзіў... – ірэбліва сказаў Чорны Кот. – Ён мяне аднойчы за хвост

таргануў.

І тут абурыўся Верабей:

– А хто мяне за хвост скубануў? Не ты?..

– Падумаеш, бяда, за хвост яго аднойчы хлопчык таргануў.

– Ён, мабыць, болей не будзе, – сказаў Вожык.

– І праўда, ніколі ён нас не крыўдзіў, – сказаў Шчыгол.

– Ён і мне ўзімку сала за акно вешаў, – ціўкнула Сінічка – салатная грудка.

– А нам семак сыпаў, – адгукнуліся шчыглы. Вядома, дзе адзін шчыгол, там

і дзесяць.

– Не будзем часу марнаваць, – сказаў Заяц з лесу. – Як нам ні холадна, а трэба памагчы чалавеку.

Упаў на зямлю адзін сонечны прамень. Гэта Сонейка зацікавілася: што там за вясенні канцэрт?

І пайшло. Вылезлі з твані і выплылі з вады вясёлыя жабяняткі. Нясмела крумкнулі. Сонейка і на іх зірнула.

– Сонейка-Сонейка, – папрасіла Аленка, – глянь на браціка ў акенца. Сонейку што, яно і туды зірнула. Заблішчалі шыбы.

Апенькі вылезлі з пня – зірнуць. Слімак высунуў з хаткі рагатую галаву. А Сонейка заззяла ўжо ў лужыне. І апошняя чапля, і бусел, перад тым як ляцець у Афрыку, лавілі на дне лужыны чырвонае Сонейка.

І пайшло па доме шэсце. Вожык нёс на іголках залатое кляновае лісце. Снегіры неслі ў дзюбах пукі празрыстай чырвонай каліны. Грыбы на палянцы высыпалі ў кола. Гулялі ў пацягушкі-разрывушкі. Чорны Кот стаў танцаваць на задніх лапах. Ён быў на гэта вялікі мастак, бо быў вучоны.

А на ўсё гэта глядзеў з хмызнякоў алень. А ў яго на рагах сядзелі птушкі і таксама глядзелі.

Разгаралася Сонейка І спяшаліся з падарункамі да Янкі госці. Хто прынёс моркву? Заяц. Хто вясёлыя бурбалкі? Рыбкі. Прынесла вавёрка арэхаў горку. А клюшню прынёс рак... Вось так.

І сталі ўсе яны разам з Сонейкам глядзець у акно.

– Жыў-жыў! – крыкнуў узрадаваны Верабей.

І тады Аленка пакланілася ім. Заплакала. З радасці.

Сказалі зайцы: мы вас бегаць навучым. Рыбы: плаваць навучым. Бабры: ныраць навучым. Грыбы: расці навучым... Вось так.

І ўсе, разам з Сонейкам, сказалі: разумнымі быць навучым. За дабрыню да

ўсіх.

Зайшла Аленка ў хату.

– Не грукай дзвярамі, – сказала мама. – Янка заснуў. І Сонейка, бачыш, выглянула. Цяпер усё-ўсё будзе добра.

Аленка сама ведала, што ўсё цяпер будзе добра. І няхай зноў зойдзе Сонейка, зноў змоўкнуць птушкі, зацярушаць дажджы, затрашчаць маразы. Няхай. Да самай вясны яна не дасць прапасці тым, хто дапамог браціку.

А Янка-брацік спаў. І плылі да яго пад Сонейкам, вярталіся светлыя караблі. Везлі назад цацкі. Везлі вясёлага Мішку, з якім ён будзе гуляць у дзень нараджэння. І ведалі ўсе, што яшчэ сто дзён нараджэння будзе ў хлопчыка ў жыцці. І радасна вішчаў мардасценькі шчанюк, якога спусцілі з карабля. Пусцілі ў пакой.

І Аленка ведала, што нікому ніколі, нават калі будзе сівой бабуляй, яна не раскажа, хто ў той асенні дзень вярнуў на хвіліну Вясну і Сонейка.


Вужыная каралева

Ці далёка ці блізка, ці нядаўна ці даўно, на той самай зямлі, на якой мы жывема, дагэтуль жылі нашы дзяды – было ўсё гэта.

Стаяла на беразе хата старога Яся, стаяла з краю пачынка. А Ясь жыў тут даўно, пасівелі яго валасы, як грушавы квет, і жонка яго ўжо ў зямлю расці пачынала. Вырасцілі яны двух сыноў і дужа дачку хацелі мець, а яе не было. Тужылі яны, тужылі, ды тугою справе не паможаш.

Толькі раз неяк пайшла старая Ясіха да блакітнага возера, сядзела на яго беразе ды ненарокам і заснула. Сніць яна, быццам звесіўся з галін дрэва вуж з залатою каронаю на галаве, трымае ў роце блакітную кветку і кажа:

– Бяры, маці, кветку. Толькі глядзі: спарадзіш дачку – аддай яе мне ў

жонкі.

І быццам бы кажа яна яму:

– Дзякую за падарунак-кветку, вуж-залатая галава. Толькі як жа ж без дачкі рашаць. Хай сама рашае...

Прачнулася – у руцэ сіняя кветка заціснута. Мусіць, са сну адарвала. Ці праўду казаў вуж, ці няпраўду, а не паспеў Ясь збіць і пары поршняў з самай тонкай скуры, як нарадзілася ў іх дачка і празвалі яны яе Ялінаю.

Ляцелі гады над лесавою хаткаю, як белыя лебедзі, праходзілі сівыя дні зімы і чырвоныя летнія дні. Расла дзяўчынка крыніцы ёй ваду давалі, завірухі румянілі, сонейка сагравала.

Расла і выраўнялася ў красуню, якой у нашых лясах не знайсці, не адшукаць. Статная, як яліна, вочы, як бездань блакітная, валасы залатыя, вусны чырвоныя. Біліся за яе ўжо хлопцы, не шкадуючы сябе. Красуняю была Яліна.

Дзень летні пячэ, смуга над зямлёю калыхаецца. Пайшла Яліна з сяброўкамі да Сіняга возера купацца. А і там усё спіць, нават стракозы селі на чарацінах і скрыдлышкі склалі. Гарачыня!

Скупаліся сяброўкі, клічуць яе за сабою, а яна замарудзілася. Тыя ўжо і на адхіл узышлі, калі выбралася яна з вады і кінулася да вопраткі. Аж бачыць: ляжыць у яе андараку вуж і галаву адтуль выставіў:

– Аддай мне, вуж, мой андарак.

– Не, не аддам. Прымі ў нядзелю маіх сватоў – тады аддам.

Няма чаго рабіць, давялося паабяцаць.

– Пакляніся, Ялінка

– Ну добра-добра. Клянуся.

– Добра ж.

І праваліўся вуж некуды, быццам і не было, а дзяўчына засмяялася і пабегла дадому. А да хаты падыходзіла ўжо невясёлай. Трасца яго ведае, магчыма, і сапраўды сватоў зашле.

Нядзеля надыходзіць – прыбягае з двара брат у страшэннай трывозе. Глянулі – шляху пад вужамі не бачна. Наперадзе вужынага войска паўзе вуж з сінім вянком на галаве ды яшчэ й папярок тулава нечым белым перацягнуты, быццам сват ручніком. Падняўся ён на хвасце і сказаў, б’ючы чалом:

– Дзень добры, бацькі. У вас тавар, у нас гандляр...

Паплакалі бацькі, ды рабіць нечага. Тое, што маці кветку ад яго, вужа, узяла – гэта яшчэ б паўбяды, ды дрэнна тое, што сама дачка вужынаму каралю абяцала і клятву давала. А клятвы трымацца трэба, хоць лопні, а зрабі.

Сабралі яны дзяўчыну плачучы, быццам у труну клалі зажыва. І толькі спыталася маці ў вужа-свата, калі ж яна ў госцейкі прыйдзе, ды той толькі чорнай галоўкаю кіўнуў. Два браты ўзяліся было за сякеры, калі вужы іхнюю сястру вялі, ды як пабачылі, што тых шмат – паступіліся. Плача Яліна.

Вось ужо і хата яе за бугром схавалася, вось апошні раз буслава гняздо на грушы відаць. Бывай, родная хата!

Плача Яліна-красуня, гарачымі слязамі заліваецца: “Аддалі мяне, прапілі мяне, збылі ў край далёкі. А там і сонца не ззяе, там і людзі злыя, усё сякерамі б’юцца. І па буднях там дождж, дождж, дождж, і па святах там дождж, дождж, дождж”.

Падплыў да берага дубовы човен, аплецены белаю лілеяю, і павезлі яе цераз раку, цераз межытокі дрыгвяныя, дзе толькі аднаму вузкаму палескаму чоўну плысці. К заходу сонца прыплыў човен на далёкую выспу. Уся яна пушчаю дрымучай абрасла, хмелем перавілася, павуціннем пераблыталася. І пасяродку гэтага царства мёртвага, бязлюддзя суворага стаіць палац закінуты з дзевяццю вежамі, а вакол яго па ставу нячутна плаваюць чорныя лебедзі. І ўсё як быццам сон здушыў: ціха, як на могілках.

Ходзіць Яліна па багатых пакоях – закінуты палац. Нават вужы знадворку

засталіся.

А ўжо і ноч бліжэй, пачалі ў вежах кажаны лятаць, калышучы павуцінне. Ціха-ціха, ноч на балоты сядае, зоры запальвае, увесь свет ад верху да нізу зорамі гарыць.

У замку святла няма і вакол хоць бы дзе людскі, цёплы, пяшчотны аранжавы агеньчык бліснуў, толькі бегаюць па куп’і сінія балотныя агні.

І раптам ззаду чалавечы голас загучэў, ды такі мяккі, малады, прыгожы.

– Чакай, не павяртайся, Яліна гожая, спудзішся ты нават выгляду майго, мая любая. Што ж казаць табе, чым прывеціць цябе, дрэўца маё маёвае? Звыкла ты жыці на цёплай зямлі, дзе сонца свеціць, дзе кветкі квітнеюць міласныя – не прыйдзецца табе даспадобы мой замак балотны. Цемра ў ім, багна на яго дыхае, сонца сюды не зазірае. Ах як цяжка жыці сярод камянёў балотных. Пашкадуй жа ты мяне, караля вужынага, пашкадуй маё прапашчае жыццё, пакахай мяне, гада падкалодн ага.

Адказала Яліна:

– Чую цябе, кароль вужоў, халоднае тваё жыццё ў шэрых камянях, шкадую я цябе. Аддалі мяне табе бацькі мае, таму буду я вернаю жонкай: не здраджу, не прадам ворагу, вернай буду да сканчэння дзён, але не прасі ты кахання майго, бо не маю яго я...

Вось і гады прайшлі, шмат разоў адляталі і зноў прыляталі на замкавыя ставы чорныя дзікія лебедзі. Жыве Яліна – вужыная каралева ў палацы ўжо не адна. Разам з ёю сустракаюць зімы з завірухамі белымі, вёсны з квітненнем балотных траў і восені, якія забіваюць на багнішчах балесную вольху, дзеці: сыны – Дуб ды Ясень і дочкі – Бяроза ды Асінка. Старэйшы, Дуб, моцны быў, каржакаваты, моц сваю пытаць любіў. Бярозка была пяшчотная, і з вачэй быццам святлом ззяла. У яе ж і Ясенька пайшоў, прыгожы, страмкі, светлы. Ды й Асінка была прыгожая: ломкая гэткая, пужлівая, тоненькая.

Але ўсё ж такі сумна Яліне. Мужа яна так і не бачыць удзень, бо ён не жадае, каб яна выгляду яго вужынага баялася. Ды й роднай хаты не відаць столькі год – таксама не жартачкі. Пачала яна мужа прасіць, каб той адпусціў яе з бацькамі пабачыцца. Паслухаў ён яе і кажа ціха:

– Што ж, з’ездзі, калі жадаеш. Сумна мне будзе. Адпускаю я цябе на тры дні і тры ночы, а потым, калі спознішся – будзе мне кепска. Буду я жыць гэты час у рацэ, калі вернешся – адламі ад крывой вольхі галінку і кінь яе ў струмень – я выпаўзу. Толькі дзеткам пра гэта накажы не казаць нікому. Яны ў палацы застануцца. І вось яшчэ што: кожны ранак прыходзь да межытокі і кажы такое:

Калі жывы ты, калі чуеш ты,

Як заву цябе, змарнелая, -Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,

Закруціся, пена белая.

Калі ж вочы твае мілыя Не глядзяць на свет, яскравыя,

Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,

Пена алая, крывавая.

Паехала Яліна дадому ў дубовым чоўне, абвітым белаю лілеяю. Вось хутка-хутка родная хата, вось выглянула ўжо яна з-за бугра, вось і бацька з маткаю стаяць на парозе і глядзяць на яе.

Гэткае шчасце! Добра пасля цёмнага вужынага каралеўства ў родным краі, дзе кожную сцежку сгаптаў ты па расе босы. Толькі-толькі распытала маці Яліну аб яе жыцці, як раптам кажа ёй старэйшы брат:

– Ну, досыць. Жыві з намі. Сама ж прызналася, што ніколі яму слова “каханы” не сказала.

– Не, не магу, дзяцей там пакінула я.

– Дзеці! Ці ж гэта дзеці, гэтыя нехрысці. Нашто табе дзеля іх жыці там, дзе й сонца не бывае.

– Мо таму й жыву, што сонца там няма, бо калі б добра там было – пайшла б адтуль прэч.

Ранак настаў, пайшла Яліна да межытокі. Усё як трэба, маці і дзеткі жывыя: паявілася, закруцілася белая пена з вадзяной глыбы. Вярнулася дадому, а братоў няма, недзе на сенажаць пашкандыбалі. Толькі не ведала Яліна, што зусім не на сенажаць паехалі яны, а на тую самую выспу, дзе яна жыла. Яліна ж ім, дрэннага не прадчуваючы, аб гэтым апавяла. І тыя парашылі, што, калі заб’юць яны вужа, вернецца іх сястра ў родны дом.

Адшукалі яны выспу з закінутым палацам, выцягнулі з ладдзі мячы і пакрочылі тудой. І яшчэ болей жахнуліся, калі ўбачылі шэрыя муры з вузкімі вокнамі, павуцінне і кажаноў пад зводамі. І тут жа ўбачылі чатырох дзяцей, але, колькі не шукалі – не здолелі знайсці вужынага караля. Падступіліся да дзяцей:

– Кажыце, шчанюкі, дзе ваш бацька?

Тыя нічога не сказалі, толькі Дубок плюнуў на падлогу і адвярнуўся. Скруцілі браты дзяцей па руках і нагах, распалілі вогнішча і пачалі іх біць і менчыць, каб дапытацца, чаго жадалі. Шмат часу сціналі Дубка, а ён маўчыць, сціснуў вусны, як дарослы, і толькі як падгрэблі да яго ног жар – вылаяўся і змоўк зусім. А ні стогну, а ні крыку. Пакінулі яго браты, узяліся за Бярозку. У той вялікія вочы абурэннем наліліся, слёзы на іх варам ускіпелі. Плюнула яна ім у вочы. За Ясеньку ўзяліся, падралі на ім вопратку, катавалі цела белае, а Ясень смяецца ім у вочы, песні пачаў спяваць, здзеквацца пачаў да таго, што ў братоў вочы крывёю наліліся:

– У, змяіныя вырадкі.

Адказаў Ясень:

– Чаго лічыць, хто ад каго нарадзіўся. У нас бацька змей, а справы чалавечыя, а ў вас бацькі людзі, а ўчынкі вашыя, як у змяі.

Схапілі браты малодшанькую, Асінку. А тая, як пабачыла гэта, -затрымцела і заплакала.

– Кажы, дзе бацька, бо мы зараз братоў тваіх заб’ем і сястру заб’ем.

Заплакала Асінка і ўсё распавяла. Браты кінулі ўсё і пабеглі да крывой

вольхі. Дно там чыстае, пясчанае. Выманілі яны караля вужоў на бераг, пасеклі яго мячамі і кінулі ў ваду, а потым паехалі дахаты. Ранак трэцяга дня падходзіць. Кліча Яліна на беразе ля межытокі мужа:

Калі жывы ты, калі чуеш ты,

Як заву цябе, змарнелая, -Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,

Закруціся, пена белая.

Калі ж вочы твае мілыя Не глядзяць на свет, яскравыя,

Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,

Пена алая, крывавая.

Ціха ўсё на паверхні. Збіралася ўжо дадому ісці, як раптам гайданулася вада, і выплыў на паверхню, разгарнуўшыся, як дзіўная кветка, алы згустак крыві. І потым распырскалася, закіпела ў глыбіні крывавая чырвоная пена.

Кінулася Яліна ў хату, схапіла вёслы, а ўжо матка зразумела, у чым справа: стала сярод хаты на каленях, не пушчае:

– Не хадзі да вужа, Ялінка, вужа клятага, вужа слізкага, нялюбага.

– Аслабані, маці. Гэта я думала так, што не кахаю яго. Але чаго ж сэрца маё так баліць.

– А за што табе яго кахаць?

– За тое, што святла не бачыў ён, за тое, што не кахала я яго калісь. Пашкадуй мяне, адпусці.

Сумна паглядзела на яе маці і адпусціла. Бяжыць бегма Ялінка да ладдзі, кроў з ног на вострых камянях пакідае. Бясконцыя сілы ў ёй уваскрасаюць, човен не па вадзе плыве – па паветры ляціць. Плывуць стараною абшары балот, а сэрца на кавалкі рвецца.

– Муж мой! Дзеці мае!

Вось і замак, бяжыць яна да яго. Бачыць, ляжыць мёртвы вуж.

І чуе яна дзіўны голас:

– Не кахала ты яго, не кахала.

Крыкнула ў той час вужыная каралева:

– Хлусіш ты! Кахала я яго болей за ўсё, ды не разумела.

Не разумела ў каханні ды шчасці, затое зараз сэрца маё ў трох агнях гартаванае. Спазнілася я, спазнілася. Падай мне з вады галасочак, кароль вужыны. Ціха ўсё, памёр ты. Хто ці заплача над табою, калі не я. Каханы мой.

Каханы мой!

І бачыць: расплылася каламутная вада, некуды збеглі крывавыя струмені і стаў бачны чысты вір з белым пяском, а па дне яго пад крыштальнай вадой ляжыць цудоўнай прыгажосці юнак у блакітным адзенні з срэбрам, з залатою каронаю на галаве залатой.

І чуе Яліна голас мужа:

– Вось і скончылася ўсё на свеце белым. Зачараваў мяне, прынца гэтага замка, злы чараўнік, і тады толькі мог я зноў ператварыцца ў чалавека, калі самым моцным каханнем пакахае мяне, халоднага вужа, самая лепшая з красунь чалавечага роду. Спазнілася гэтае каханне, няма ўжо паратунку, але сонцу кажу я “дзякуй” за тое, што здолеў абудзіць яго, гэткае каханне, хоць перад смерцю, хоць на гадзіну, на міг адзіны. На ўсё халоднае жыццё гэтага хопіць. Дзякуй табе, і за смерць маю таксама дзякуй.

І зноў усё змоўкла, толькі пры апошніх словах яго пырснуў у чорную прорву балот першы за шматлікія гады сонечны прамень, яскравы і чысты. Дзеці выбеглі з замка, цягнуць да яго, да сонца рукі. І раптам прамень зноў згас.

Зразумела ўсё Яліна, падняла дагары рукі і крыкнула дзецям:

– Дык станьце ж вы тым, кім у жыцці былі. Хто моцны быў – той хай такім і будзе, слабы – хай так і застанецца слабым. І я з вамі разам, як маці, стану.

Плача Яліна над мёртвым прынцам, варушыць вецер яе валасы, раскідвае ўшыр, і – о, цуд! – становяцца зялёнымі залатыя яе касмылькі, стала моршчыцца вопратка, драўлянець рукі. Заспявалі трывожна пад ветрам яе валасы, зазвінелі, як жаночы плач. І вось ужо на месцы Яліны высокая яліна стаіць, зялёная, стромкая, плачуць яе галіны пад ветрам.

Апошнім позіркам глядзіць яна на дзяцей, а тыя ўжо таксама зніклі. На месцы старэйшага сына стаіць каржакаваты, магутны дуб – не гнецца, не ламаецца, глядзіць у вочы навальніцам; на месцы дачкі старэйшай – бяроза расце, усю яе сонцам прасвечвае, грае на ёй кожны лісток радасцю да жыцця, а кожная галіна -цвёрдасцю. Воддаль ад іх стаіць асінка, слабае дрэўца – націснуў – яно й захрупцела.

Пранеслася над імі навальніца, зноў упаў сонечны прамень на балоты, і заквітнелі яны пад цёплым подыхам яго.

Чуеш, хлопча, як за вокнамі гудуць дрэвы?..

А на краі балота стаіць усімі клятая асіна. Ніякае дрэва не плача так, калі апынецца ў печы. Шчэ далёка дні восені і халады, а яна ўжо ўся чырванее, загадзя перад усім схіляецца А калі ўжо загадзя схіляецца – значыцца, поскудзь – дрэва.

Стаіць яна, здаецца, і ветру няма, а яна дрыжма дрыжыць усім лісцем, жаліцца. На локаць падымецца ад зямлі – дрыжыць, вырастае – дрыжыць і памрэ -дрыжэць будзе.

А ты падумаў, чаму гэта так? Іншыя людзі вось не разумеюць, а ты цяпер ведаеш. Гэткія вось справы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю