Текст книги "Вока тайфуна"
Автор книги: Уладзімір Караткевіч
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
– Снег! – крыкнуў Дубавец і кінуўся дацягваць з кармы буі.– Наваліся, малойцы! Наваліся, як на боршч навальваецеся!
Караблі, што ішлі паўночней, знікалі ў сцяне на вачах, адзін за адным, быццам яна жарліва глытала іх. 3 ненатуральнай, пачварнай хуткасцю. Знікалі ў нічым... Нібы навекі... Другі... Пяты... Шосты.
Потым белая сцяна пасунулася на «Тайфун» і пачала нібыта сціскаць і абвалокваць яго. Нос, мосцік, труба, матча – усё знікла ў белым шаленстве бурану. За нейкія дзесяць метраў ужо нічога нельга было згледзець.
I тут з кармы разануў усіх па вушах адчайны крык Кані:
– Міна!!!
Грукат ног па палубе выбухнуў у адказ на гэты крык, але першага нібы ветрам перанесла да тралбалкі старлея. Дубавец убачыў ягоны малады, прыгожы твар, які дзіка, жаласна і грэбліва перакрывіўся, калі Сцівен націснуў нагою на аварыйную педаль. Лябёдка, заскрыгатаўшы, стала.
3лосць, амаль адчай, гнеў былі на ягоным твары. А старлей усё ціснуў.
«Нібы нешта брыдкае нагой душыць,– недарэчна падумаў мічман.– А Каня аболтус. Стаіць, язык высалапіўшы, як, скажы, марскога змея ўбачыў».
...Амаль ля самай кармы скакаў на хвалях вялізны, чорнага колеру шар. Быццам ваду тараніў, быццам забаўляўся, быццам заляцаўся да карабля: ірванецца бліжэй – і адстане, кінецца да яго – і адскочыць.
Шар густа, амаль да бясформеннасці аброс крышталічнымі калоніямі мідзій і яшчэ нейкай дрэнню. I, чакаючы ўдару, пагрозліва і здзекліва тырчэлі на корпусе міны свінцовыя, вострыя на выгляд каўпакі.
– Як чорт з блізкага пекла рогі паказвае,– сказаў Сцівен і, нават з некаторым непаразуменнем, быццам у гэтым была віна матросаў, спытаў: «Што ж вы гэта, хлопцы, такое чартаўё мне прыцягнулі?»
Збянтэжанасць панавала, аднак, нядоўга. Сцівен збялеў, і ў цяжкай цішыні ягоны голас, які раптам сеў, выдушыў:
– Травіць! Давай ход! За кармою – міна!
Не было ў гэтую хвіліну на палубе чалавека, які не падумаў бы, што нельга чакаць, пакуль дадуць ход, што хвалі кідаюць і карабель, і ягоную смерць, што вось-вось адзіны ўдар, і карабель – не, цяпер ужо караблік,– нахіліцца, пачне рваць бортам хвалі і, як распоратая, іржавая бляшанка з-пад кансерваў, пойдзе на дно. I выбух выкіне гэтых людзей, толькі што жывых і вясёлых. Выкіне, як сардзін з бляшанкі, у ледзяную ваду, дзе ўжо ніхто не знойдзе іх у снежнай кашы. Бо нават «SOS» падаць не паспееш, бо ніхто не спахопіцца раней чым за гадзіну-дзве, а пасля нельга будзе адшукаць у буране. Бо нават той, хто пратрымаецца, ухапіўшыся за нешта, проста замерзне.
Старлей скідваў рэглан, блытаўся ў ім і ніяк не мог сцягнуць рукавы.
– Адпорнік! – і ўсе не пазналі ягонага здзічэлага голасу.
I тут мічман са здзіўленнем пачуў ненавісны голас Кані:
– Дазвольце ў ваду.
Сцівен маўчаў. У ледзяной вадзе скакалі зеленаватыя камякі снегу, збіваючыся ва ўсё большыя і большыя. Крутая хваля кацілася з белай імглы... Але ж людзі, але ж караблік!
Твар ягоны скрывіўся. Ён сам схапіў адпорны крук і пачаў асцярожна адводзіць ім міну ад барта.
– Дабро,– ён не глядзеў у вочы.– Дабро.
I адразу ж глуха бухнула ў ваду.
Мічман не пазнаваў старлея. Звычайна такое маладое і нястрымна лёгкаважнае аблічча зараз быццам падсохла і скамянела... Але ён не пазнаваў і Кані ў адчайным ягоным учынку, у гэтым кідку ў невядомае, магчыма, у смерць. На парозе такога шчасця, халера яго бяры?
«Жыцця б ты не ведаў, шчанюк паршывы...
...а яна там як?.. што будзе рабіць?..
...плакаць будзе...»
Ён, які ніколі не лаяўся ўголас, мацюкаўся зараз сам сабе, але ногі ўжо самі сабою неслі яго да кармы.
На хвіліну стала нават радасна. Усё вырашалася без яго, але ён павінен быў бачыць гэта сам, яшчэ і таму... Не, не таму, а таму, што адказваў за мінёра перад позіркам усіх людзей... і яшчэ перад адным, таму, што ён раптам успомніў словы Кані: ...«у мяне адразу сутаргі», і словы іншых: «...на колькі яго хопіць», і ўсё, што ён заўсёды чуў пра сябе.
«Чаго ж яго панесла да вадзяніка? Забыў, напэўна. Ну і прападай, галава дурная».
Мічман зараз ненавідзеў мінёра яшчэ і за гэты ўчынак, і за тое, што павінны будуць з-за таго ўчынку рабіць іншыя. Зусім без ахвоты.
– Дубавец! Выратавальныя кругі! – Сцівен казаў гэта праз зубы, абы не закрычаць.– Дубавец, куды!?
Але Дубавец ужо не чуў яго. Ледзь прыкмеціўшы сярод імглы чорны паплавок галавы мінёра, ён, сам сабою, зусім не жадаючы гэтага, скокнуў з другога борта, скокнуў нехлямяжай, бо была на ім цяжкая вопратка, «ластаўкай».
Каля міны мільгалі ўжо цяпер два «плыўцы», выратавальны круг, сталёвы канец, што цягнуўся з карабля.
А пасля ўсё гэта растаяла, схавалася ў белым хаосе: загрукаталі машыны, і вада ад вінтоў адкінула міну і людзей, што кешкаліся ля яе.
«А раптам падрэжа міну,– у Сцівена сціснула горла. – Дзе іх тады шукаць?» Ён ледзь выціснуў тэлефаністу, што трымаў сувязь з мосцікам:
– Застопарыць ход... Травіць адцяжку... Даць слабіну! – яму пакутна хацелася вылаяцца, даць сабе волю.– Маць тваю... дабром успомню, даруйце, хлопчыкі... Чорт Дубавец, доўбня чортавая... Стоп травіць!
Бурун за кармой карабля, які рухаўся цяпер па інерцыі, знік. У мёртвай цішыні асабліва гучнымі здаваліся ўдары валоў і злавесны, звонкі спеў сталёвай адцяжкі, што адбягала за карму, адзінай ніці, якая звязвала цяпер людзей за бартом з жыццём, а карабель – са смерцю.
– Сігнал падаюць,– шэптам сказаў старшына Красоўскі, быццам занадта моцны голас мог перарваць нітку жыцця.– Адцяжка торгаецца.
– Выбіраць,– таксама шэптам сказаў старлей.– Выбіраць, хлопчыкі. Выбіраць, чорцікі. Яны ж там замерзнуць могуць.
– Спыніцца сэрца – і ўсё,– пацвердзіў старшына.
Хапаючыся адной рукой за леер, накідваючы другую адцяжку на плечы, спатыкаючыся, слізгаючыся, падаючы на палубу, якую ўвесь час абмывала хваля, матросы беглі на шкафут... Нібы проста выбіралі буй.
Праходзілі гадзіны, суткі...
Калі мінёр пагрузіўся ў ваду, яму здалося, што ў ягоны жывот нехта плюхнуў расплаўленым свінцом. Абпякло рукі, шыю, твар. Галаву сцялі нейкія вялізныя ціскі.
Пасля ён убачыў міну, што ляцела на грабяні хвалі. Велізарны рагаты шар падаў зверху, навальваўся, як пачварнае чорнае сонца. Анатоль нырнуў пад хвалю і, ліхаманкава працуючы нагамі і рукамі, ірвануўся ўбок.
Хваля прамчалася над ім з гарматным грукатам. Скакалі ў вадзе зеленаватыя хлапякі снегу. Злева ён убачыў карму, што навісала над ім, справа – міну, а побач з ёй – галаву мічмана. Учапіўшыся ў рым, мічман цягнуў сталёвы шар убок. Ён прырос да міны, як мідзія, і хвалі кідалі яго разам з ёй. Мічман быў без кіцеля, у адной сарочцы.
3 таго часу, як Каня скокнуў у ваду, прайшло хіба дзве хвіліны.
...Анатоля адносіла. Ён зрабіў некалькі шалёных рыўкоў і вынырнуў ля мічмана, але ў гэты момант запрацавалі машыны. Вада ад вінтоў перакуліла Каню і адкінула яго ад чорнага шара. Яна пенілася вакол, круціла, несла... На імгненне ўбачыў, як мічман стараўся завесці канец за міну... і тут мінёра зноў з грукатам накрыла хваля. Ён ледзь паспеў учапіцца за адцяжку, што бліскавічна бегла перад вачыма. У рот лінула ледзяная, да нудоты рэзка-салоная вада, і ён пачаў ірваць на сабе адцяжку, каб хутчэй глытнуць паветра.
Жыватворнае, яно ўварвалася ў лёгкія і, быццам разам з ім, уварваўся ў глухія ад грукату вушы, крык. Крычаў Дубавец:
– 3 рук вырвеш, чорт, канёк марскі! Мацаваць памагай! Мацаваць!
Ён крычаў гэта так настойліва і злосна, што Каня зразумеў, стаў мацаваць канец за рым. Мічман трымаў трос і міну, і іх, разам, нібы ў смяротных абдымках, кідала з грабяня ў правал.
Даўно ўжо нічога не было відаць. У свеце засталося толькі іх трох. Касая, сляпучая снежная імгла закрыла ўсё. Валы хваль білі іх, неслі, напаўняючы громам вушы, адрывалі, грукаліся зверху шматтонным цяжарам на іхнія распластаныя целы.
Кожны такі ўдар мог адарваць іх ад міны, укрыць снегавой заслонай, і тады знайсці іх не магла б ужо ніводная сіла ў свеце.
Можна было, вядома, кінуць яе, і па адцяжцы дабрацца да карабля, да цяпла і святла, да людзей. Але міну магло падсячы. Яна магла, калі яе кінуць, пайсці ў імглу. Яна, смерць, магла месяцамі і гадамі маўкліва калыхацца, імчаць па слядах караблёў, магла воляю выпадку выйсці на фарватар. Усё гэта імгненна праляцела ў галаве мічмана.
...Белыя-белыя пасажырскія караблі. Смяюцца дзеці, старыя пакурваюць у шэзлонгах, лындае і дурэе на палубе моладзь. Ласкавае мора, сіняе-сіняе неба, чайкі пікіруюць за кінутымі кавалкамі хлеба... I раптам – удар!!!. I раптам, да неба, смяротны слуп вады. I ўсё разламана напалам... I праз некаторы час толькі заклякоча паверхня мора, калі схаваецца пад ёю нос карабля. Каўтаючы ўсё... усё. I не будзе каму ўжо ні заляцацца, ні смяяцца, ні пакурваць.
– Мацуй,– захлынаўся мічман.– Мацуй канец!
Адною рукою ён памагаў яму. Пальцы не згіналіся. I ўсё ж ім удалося надзейна завесці за міну трос.
«Каб падсекла, і зараз,– Дубаўцова думка замірала,– заставалася б адно...
...сіняе-сіняе мора... смяюцца дзеці... хвалі нясуць ім насустрач... плывучую... удар... кіпіць на гэтым месцы мора... можа над Ёю... няма каму смяяцца...
...заставалася б адно... ударыць па адным з ражкоў... і тады плыве сабе і плыве белы параход... Жыццё куплена жыццём... а над імі ўстане слуп вады... і ўсё вырашыцца само сабою».
Мічман усім застылым целам адчуваў гэтае апошняе заспакаенне. А пасля ён глянуў Каню на твар і дзіка спалохаўся. На твары ў таго быў нейкі невядомы боль і пакута.
– Толя... што? – захрыпеў мічман.– Што?
– Уаб-буа-уаб,– адказаў той, захлынаючыся.
Дубавец ледзь паспеў схапіць яго за абледзянелыя слізкія валасы – на ягонай галаве таксама была ледзяная шапка – выцягнуць на паверхню і прывязаць рамянём за трос. I ўсё адно мінёр так знясілеў, што то выплываў, то зноў хаваўся пад вадою.
I раптоўна мічман спалохаўся, смяротна спалохаўся, што ён не ўратуе гэтага чалавека. Толькі тут ён успомніў пра выратавальны круг, надзеты ў яго на нагу (паспеў-такі прыхапіць, то ж бо нешта так замінала). Ён зняў яго, накінуў на матроса зверху, а пасля падняў Каню за каўнер і прасунуў круг яму пад рукі.
Мінёр бязвольна матляўся побач з Дубаўцом. Яго трэба было трымаць адной рукой, каб не падламаліся плечы, каб цела не саслізнула праз круг, на дно.
I раптам бямерная, «ідыёцкая», як падумаў ён сам, пяшчота авалодала мічманам. Ён разумеў, што калі мінёр... зараз... замерзне або патоне, ён ніколі не даруе сабе гэтага. I тады лепей яму, мічману, таксама пайсці туды ж, услед за гэтым паршывым мінёрам, які раскалашмаціў яму... удрузг.... чорт пабяры. ...якога менавіта таму трэба было...
Ён прыцягнуў да сябе абмяклае цела, адчуў слабую цеплыню і заторгаў трос, а пасля, абхапіўшы мінёра левай рукой, пачаў падцягвацца па гэтым тросе, з усёй сілы працуючы нагамі.

Гэтая раптоўная пяшчота да саперніка была, як ён думаў, зусім не для яго, а для той... Усё адно, як быццам гэта ён ратаваў яе... А ўвогуле ён і сапраўды дзеля яе... і гатовы быў з лёгкім сэрцам заплаціць за гэта адзіным, што ў яго было.
Ён спрабаваў вярнуць яму прытомнасць, і гэта яму ўдалося. Лепей бы не ўдавалася. Бо твар мінёра зноў не па-чалавечы перакрывіўся.
– Толечка. Мілы. Толечка!.. Што?! Што, галубок?!
– Су... сутар... Зноў,– у мінёра падламаліся плечы.
Прыўзняўшы яго, мічман нагамі стаў здымаць, сцягваць з яго боты. Ён біўся над гэтым неймаверна доўга, але боты ўрэшце ўсё ж такі пайшлі на дно. I тады мічман нырнуў, ледзь не знепрытомнеўшы ад ледзянога абруча, які сціснуў чэрап, адшукаў скурчаную, цвёрдую, як дрэва, Каневу нагу і моцна, мабыць да крыві, укусіў яе. Нага тарганулася.
...Хутка яны ўжо цягнуліся да карабля. Мінёр, хаця і слаба, таксама боўтаў нагамі. А пасля трос нацягнуўея, ледзь не вырваўшыся з рук, і панёс іх убок. Сцяпан зразумеў: іх цягнуць. Да карабля. Разам з замацаванай мінай.
Трос слізгацеў у задубелых руках, яны спаўзалі да яго канца і хутка зноў апынуліся побач з мінай. Дубавец упёрся ў яе нагамі, замкнуў рукі вакол пояса Кані і так, страціўшы апошнія сілы, чапляючыся хутчэй таму, што ніякая моц не магла расціснуць іхнія зведзеныя, скурчаныя пальцы, яны павіснулі на тросе, павольна набліжаючыся да далёкага, вельмі далёкага карабля.
Мічман адчуваў пад пахаю холад троса, замком рук – шырокія грудзі мінёра, нагамі – яго бязвольныя ногі. Валы раз-пораз накрывалі іх, але ён ведаў, што вочы ягоныя гараць не ад марской солі. Занадта цёпла было вачам.
Занадта, занадта цёпла было вачам.
Нікнучы галавою, ён адчуваў, што робіцца цяплей і ўнутры.
Перад вачыма зыбка ўставалі, увесь час чаргуючыся, майскія сопкі, рабізна пяску на перакатах маленькай беларускай рачулкі, печкуры, што пакусваюць за пальцы босых ног у цёплай вадзе, пяшчотныя жаночыя локці ў далонях... I зноў, нібы пасля ўдару, цяжар нерухомага цела ў замку рук, цела, якое нават коштам жыцця нельга было выпусціць у цёмнае прадонне горка-салёнай вады, якая неразрыўна звязала іх.
А цеплыня лілася і лілася па шчаках. I ўставалі перад вачыма мядовыя таполі, ружовы лотас на азёрах вострава Пуцяціна, жанчына, што стаіць па плечы ў зялёнай крыштальнай вадзе... і цела яе хісткае, бо па вадзе змяіцца рабізна... I трэба сціскаць рукі, каб не адступіць, хаця ўсё незваротнае скончана, скончана, скончана.
Апошнія кроплі цеплыні стылі на веях.
...Згасла прытомнасць. I апошняе, што ўбачыў чалавек, быў ледзяны хаос, успененыя грабяні валоў, пена, што рвецца з іх у неба, і снег, снег, снег... снег.
У снежным буране нічога не было відаць за кармой.
– Колькі ўсё ж гэтыя чэрці паспелі стравіць? – сам сабе, дужа ціха сказаў Андрэй Сцівен.
– Апошняя,– таксама дужа ціха адказаў невымерны па ўсіх габарытах Красоўскі.
У белай завірусе, праз нейкую хвіліну, цьмяна паказаўся, заскакаў на хвалях чорны шар. Людзей не было відаць.
Толькі дужа напружыўшы вочы, Сцівен, здалося яму, заўважыў дзве галавы, якія быццам прыкіпелі да міны. Падцягваць яе бліжэй было падобна да смерці. Старлей цяжка ўздыхнуў, убачыў камандзіра, што стаяў ля кармавога клюза і таксама сачыў за ходам выбаркі адцяжкі, і сказаў:
– Дазвольце ў ваду?
– Адзін?
– Ды й я, бадай, з ім таксама,– хрыпата ад хвалявання сказаў боцман.– Трохі-трохі скупнёмся.
...Калі Дубаўца і Каню абвязалі прыплаўленым з карабля пяньковым канцом, лейтэнант толькі з нечалавечым намаганнем адарваў ад троса іхнія здранцвелыя, заледзянелыя пальцы. Лёд пакрываў іхнія галовы, лёд, які зліпся з мокрага снегу. Потым боцман стаў адцягваць міну далей, а Сцівен паплыў з гэтымі ледзьве жывымі хлопцамі да карабля. Падтрымліваючы над вадою іхнія галовы, хаця сам ужо ні на што не спадзяваўся. Потым яны павіслі на канцы за кармой. Потым дзесяткі рук падхапілі іх і выцягнулі на палубу.
I ўсе былі страшэнна здзіўлены, калі мічман на нейкае імгненне апрытомнеў і, спяшаючыся сказаць, пакуль зноў не надышло бяспамяцтва – магчыма, апошняе – прахрыпеў:
– Каню... Каню ратуйце... Ка-ню.
...Каня наглытаўся вады, і фельчару ў шпіталі давялося тры гадзіны важдацца з ім, а мічман, калі яму ўлілі шклянку спірытусу, ачуўся, але адразу ж зноў заснуў.
Ён не чуў, як за карму спусціліся на плоціку Красоўскі з мінёрам, не чуў, як іх усцягнулі на палубу, як карабель даў ход. Ён не чуў нават таго, як праз некалькі хвілін за кармой разрэзаў штармавую ноч тытанічна-магутны выбух. Выбух, які раздзёр нават гэты непраглядны снег. Ускінулася над базальтавымі валамі, і да самога неба, выцягнутае, калматае, падобнае на даурскую папаху воблака.
Ён не чуў гэтага. Ён спаў, і перад вачыма ягонымі плылі праявы, светлыя і незваротна страчаныя. Ён спаў і плакаў, плакаў у сне.
...Ачнуўся ён толькі наступным вечарам і некаторы час не мог прыпомніць, што адбылося. Дробна вібрыраваў корпус карабля – і ён зразумеў, што карабель. Слаба тхнула спірытусам – і ён зразумеў, што шпіталь.
Ва ўсёй істоце быў шчасны, вызвалены, адлучаны спакой. Як тады, калі яны ўрэшце вырваліся са страшнага вока тайфуна. Цішыня. Не трэба ні за чым гнацца. I нічога не вернеш. I сам ты стаў іншы пасля вока тайфуна. Ды й ці трэба нешта вяртаць.
«Дурнічка ты. Неразумная,– падумаў ён.– Ну вось і на табе. Атрымай. Ці будзе ён трымаць так моцна, як... А, усё адно... Я ўсё ж адпомсціў табе. Н-на».
Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў на суседнім ложку Каню. Той шырока, ласкава ўсміхаўся, паглядаючы на яго. I раптам адвёў вочы на ілюмінатар, які лізала зялёная хваля, і сцепануўся.
– Ты пра што? – спытаў мічман.
– Во каб гэта зноў. Ды зноў такое купанне. Бр-р.
– Не каркай,– сказаў Дубавец, каб схаваць збянтэжанасць.– А то ведаеш як было? Плыве чалавек у шлюпцы – крушэнне было. Два дні без вады, пяць без ежы. I ўзмаліўся богу: «пашлі ты мне хаця які карабель, любы, на які твая, божая воля. I праўда,– карабель. Той махаць. У апошні момант яго з лайнера заўважылі, паднялі. Той матросам: «Як назва лайнера, каб было мне за каго бога маліць?..» А яму адказваюць: «Тытанік».– Памаўчаў.– А наконт купання што? Загадаюць – і купацца палезеш.
– Не загадаюць.
– У тым і справа, што не загадаюць. Тады б яшчэ брыкацца можна было. Сказаць, што запаленне «всегдалишнего» нерва... Сам палезеш...
Зноў трэба было саромецца словаў і хавацца. Але ён, іншы цяпер, не мог забыць пра начную цеплыню на шчаках, з ім ніколі не было такога, і таму ён, з залішняй, бадай, ганарыстасцю, сказаў:
– Ты за мяне ні зараз ні... ну, ніколі не перажывай, хлопец. Добра. Нічога такога не здарылася.
Каня не зразумеў, пра што гэта ён. Пра тую вар’яцкую ноч? Пра міну?
– I тое праўда,– з сарамлівай усмешкай сказаў мінёр.– Калісьці і я... Калісьці і ты мне. Ды й чаго там асабліва перажываць. Апошняя ці што? Іх тут яшчэ навалам.
Мічман зразумеў, што Каня кажа не пра тое, але хіба гэта мела значэнне.
– Ты малпу ў маёй каюце бачыў? – спытаў ён.– Ты забяры яе, падары, каму захочаш... Ну, ясна, не кажы, што ў мяне вісела. Не паложана так, могуць пакрыўдзіцца... Вазьмі і падары. Абавязкова.
I, прыміраючыся з непазбежнасцю, заплюшчыў вочы.








