Текст книги "Страсці па Аўдзею"
Автор книги: Уладзімір Бутрамееў
Жанр:
Драматургия
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
Карціна пятая
Хата Аўдзея. Уся сям’я за сталом, перапужаныя, незадаволеныя, пакрыўджаныя. Жабрак сядзіць на печы. Уваходзіць Аўдзей.
Аўдзей(са злосцю, з пагрозай). Пасваталіся! Вось табе і пасваталіся, з’ездзілі!
Жабрак прыслухоўваецца, уся сям’я і Андрэй глядзяць на бацьку з увагай і надзеяй.
(Працягвае з той жа злосцю, як бы сам сабе.) Гэта ён Аўдзею адмовіў! Ён мне па пуп (паказвае рукой ад падлогі) – і ён мне адмовіў. Ах ты… (Звяртаецца да сваіх.) Абыдземся! Мы не прападзём! Мы пражывём! Нічога! Наша ўсё цэла засталося, бедаваць няма чаго, у нас не прапала! Паглядзім, як ён сваіх усіх выдасць, каго ён лепшага знойдзе. Мы-то сабе дзеўку найдзем, гэтага шчасця хапае, толькі бяры! А ён… Паглядзім! Аўдзею адмовіць! Гэтак з хаты выгнаць, як жабрака якога. Я ета не забуду! Гэта яму проста так не мінецца. Унукі памятаць будуць.
Жабрак. Эх, Аўдзей, злом не пражывеш. Я ж казаў табе, паслухай…
Аўдзей(перабівае). Замоўкні, а то выганю да д’ябла на вуліцу, сядзіш на чужой печы, яшчэ і рот раскрываеш. (Да сваіх.) Кладзіцеся спаць, нечага сядзець!
Усе разыходзяцца, застаецца толькі Андрэй. Жабрак накрываецца кажухом.
Андрэй. Яна хацела за мяне. Яна хацела!
Аўдзей. Сам бачыў, што хацела! Бацька ўсё!
Андрэй. I бацька быў не супраць мяне!
Аўдзей. Як гэта не супраць?
Андрэй. Я з ім размаўляў тыдзень назад!
Аўдзей. З Зуйком? Сам? Без мяне?!
Андрэй. Я як бы гэтак… Вам я даўней гаварыў, калі б вы што супраць, то я б і нічога. А то… Я сена вазіў, а ён з лесу ішоў. Я яму і кажу: «Добрыя ў вас, дзядзька Пятрок, дзеўкі, хоць на базар вывозь». А ён: «Гэтакі тавар нікому не патрэбен, няма сэнсу на базар вазіць, не прадасі». А я: «А калі б знайшоўся пакупнік і на гэтакі тавар?» А ён і гаворыць: «Гэтакаму пакупніку я б яшчэ і прыплаціў, асабліва калі хлопец талковы, гэткі, як ты, то нядрэнна б і прыплаціў, не пашкадаваў бы, не глядзі, што не багата жыву, а дачку выдам па-людску, так што пакупнік той пакрыўджаны не застанецца». Значыць, не супраць ён быў! Не супраць!
Аўдзей. Ты ж чуў сваімі вушамі!
Андрэй. Не можа гэтага быць! Мо перабіў хто?
Аўдзей. Дык што ж рабіць?
Андрэй. Верка пойдзе за мяне!
Аўдзей. Як гэта пойдзе, калі бацька не пускае?
Андрэй. Скажу – і пойдзе. Пражывём без пасагу!
Аўдзей. Пасаг там не багаты, сам ведаеш. За дзеўкай пасаг – рукі ды розум, каб не толькі ў валасах, ды каб гаспадыняй была. Хаця, калі ёсць што ўзяць, яно нічога не лішняе, у гаспадарцы спатрэбіцца. Ды як жа без бацькі. Без бацькі нельга.
Андрэй. Яна ні за каго другога не пойдзе!
Аўдзей. Дзеўку хто возьме, за таго яна і пойдзе.
Стук у дзверы. Уваходзіць Вера.
Верка!
Верка. Андрэй!
Яны ідуць насустрач адзін аднаму, але спыняюцца і глядзяць на Аўдзея.
Аўдзей. Э-э, ты што ета, дзеўка?
Верка. Дзядзечка Аўдзей, не праганяйце! Утаплюся!
Уваходзіць Варвара.
Аўдзей. Вось табе і на!
Верка. Не праганяйце! Дахаты назад не вярнуся. Утаплюся!
Кідаецца Аўдзею ў ногі, плача. Варвара падымае яе.
Аўдзей. Без бацькі… Гэтак нельга…
Андрэй дапамагае маці, удвух яны падымаюць Веру. Вера плача, паўтарае: «Дзядзечка Аўдзей! Утаплюся! Не жыць! Не вярнуся!» – прыціскаецца да Андрэя. Андрэй абдымае яе.
Ну-ну-ну… бач ты іх! Потым бяды не абярэшся. Варвара, пакладзі яе разам з дзеўкамі. Заўтра паглядзім. З бацькам усё роўна размаўляць прыйдзецца.
Варвара выводзіць Веру.
(Грозна). Ты што, можа, паспеў дзеўцы пуза прычапіць?!
Андрэй. Што ты?!
Аўдзей. Можа, Зуёк што западозрыў ды раззлаваўся, таму гэтак усё і атрымалася?
Андрэй. Калі б гэткае западозрыў, то з хаты б не гнаў.
Аўдзей. I то праўда. Сам бы следам віўся.
Андрэй. Не хоча ён, ну дык і не трэба, а мы пажэнімся, нам жыць, не яму.
Аўдзей. Ну-ну! Бач ты яго! Ад бацькі адмахнуцца хочаш!
Уваходзіць Варвара.
Варвара. Дзеўка нядрэнная, уважыцельная.
Аўдзей. I ты ўжо – баба за бабу. Тут справа не жарт, зусім не жарт!
Варвара. I маці яе не супраць.
Аўдзей. Маці ў хаце слова не мае. Не проста ета ўсё. Паглядзім заўтра – нехта ж прыйдзе следам за ёй.
Адчыняюцца дзверы, уваходзіць сват.
Сват. Добры вечар, сваты. Іду, гляджу, вароты не зачынены, у хаце святло, дай, думаю, зайду.
Аўдзей. Праходзь, сват. (Андрэю.) Ідзі пазачыняй, а то кінулі ўсё. (Свату.) Сядай за стол, сват! Эй, Варвара!
Андрэй выходзіць, Варвара ставіць на стол талерку з салам, бутэльку гарэлкі. Сват і Аўдзей сядаюць за стол. У свата ў руках абрэз.
Што гэта ты пры аружжы?
Сват. Ат, хадзіў да нашых. Забраў у сына. Малады, яшчэ што з дуру, мала які выпадак…
Аўдзей. Які выпадак?
Сват. Цяпер кожны дзень выпадак. Не тое, дык гэта. А ты што, нічога не чуў?
Аўдзей. А што мне чуць?
Сват. Засяданні…
Аўдзей. Ад засяданняў хлеб не вырасце. Мяне засяданні не цікавяць. Каму трэба, хай сабе…
Сват. Хлеб-то не вырасце… Толькі засяданні гэтыя, ведаеш пра што? Пра кулакоў…
Аўдзей. Мяне гэта не цікавіць.
Сват. Затое іх цікавіць.
Аўдзей. Хто?
Сват. Той, у каго гаспадарка спраўная. А таму абрэз у сына і забраў. Сунуцца – а ён, хто яго ведае, а за зброю не адмолішся потым, і ў калгасе не выратуешся. У Сібір… Лепш гэты абрэз у рэчку выкінуць, далей ад бяды. А ты б пацікавіўся, не лішне…
Аўдзей. Пра што?
Сват. Пра засяданні… Там у іх спіскі…
Аўдзей. Мне да гэтага справы няма…
Сват. Яно-то так. Толькі людзі кажуць… Чуткі розныя, быццам, разумееш…
Аўдзей. Якія чуткі?
Сват. Кажуць… Хто іх ведае, ці праўда…
Аўдзей. Што ты цягнеш, кажы!
Сват. Быццам ты ў етых спісках…
Аўдзей. Я?!
Сват. Ягор Вуеўскі ў іх каміцеце… П’яны і казаў, быццам цябе… могуць раскулачыць…
Аўдзей. Як гэта раскулачыць?!
Сват. Вядома як… Прыйдуць, коней забяруць…
Аўдзей. Як гэта забяруць? Маіх коней? Я ж не аддам!
Сват. Яны пытаць не будуць… У каго больш аднаго каня – забяруць. I кароў забяруць.
Аўдзей. Маіх кароў?
Сват. I зямлю забяруць.
Аўдзей. Зямлю? Дык хто ж ета ім дасць забраць?
Сват. А калі супраць – сашлюць у Сібір.
Аўдзей. За што?
Сват. За тое, што ты супраць…
Аўдзей. Дык як жа я не супраць, калі яны грабіць мяне прыйдуць?!
Сват. Гэта не грабіць, гэта – прапрыяцыя.
Аўдзей. Як хочаш называй, я нажыў, а яны адбяруць?! За што? Што я, супраць улады ці падаткі не плачу? За што ета мяне?
Сват. Таму, што ты не бедната. У беднаты каміцет.
Аўдзей. Гэта – не мая справа, каміцеты. Я мужык, я ару, сею, я свайго не аддам!
Сват. Забяруць. Толькі тады выратуешся, калі сам усё аддасі. Уступі ў калгас. Аддай коней, кароў, зямлю, тады чапаць не будуць. Я да сына за гэтым і хадзіў, каб навучыць, каб запісаўся, – толькі гэтак выратуешся!
Аўдзей. Ні ў які калгас я не запішуся! Я сам сабе гаспадар!
Сват. Тады раскулачаць. Горш будзе. Людзі казалі, што ў суседняй воласці…
Аўдзей(перабівае). Ты гэты абрэз куды нясеш?
Сват. Выкінуць у рэчку. Каб далей ад граху.
Аўдзей. Прадай яго мне!
Сват. Навошта ён табе?
Аўдзей. Прадай!
Сват. Дык я яго выкідаць хацеў, бяры так.
Аўдзей. Мне за так нічога не трэба. Прадай.
Сват. Дык я што, купляй.
Аўдзей падымаецца з-за стала, дастае з-за іконы грошы і аддае свату.
Аўдзей. Мінулы год, па вясне, крывы Якім у Івана купляў за пяць рублёў.
Сват. Э, не. Я бачыў той абрэз. Са старой трохлінейкі. А мой з карабіна, сямізарадны, адразу абойма, сем патронаў, англійскі.
Аўдзей. Колькі ты хочаш?
Сват. Дык яно… Ён у два разы лепшы – сямізарадны. Восем рублёў, калі ўжо гэтак.
Аўдзей дае яшчэ грошы, забірае абрэз.
Аўдзей. А патроны?
Сват. Ён зараджаны – там сем патронаў. А астатнія я высыпаў. От гэтага дабра… Прыйдзеш да мяне, забярэш, колькі хочаш. Толькі абрэзам не дапаможаш… Лепш павініся…
Аўдзей. Павініцца? У чым гэта я вінаваты?
Сват. Чуў я… Расказвалі… Калі спіс гэты пісалі, цябе быццам першага і ўпісалі… А сёння быццам еты спіс зацвердзілі на засяданні.
У баку ад стала стаіць на каленях стары, бацька Аўдзея, і чытае на ноч малітву. Голас за сцэнай паўтарае асобныя словы.
Бацька Аўдзея(чытае малітву). «Госпадзі, прэклаі ўхо твае і ўслыш смірэннае моленіе. Не допусці прецерпеці распяціе і ўбіеніе, яко ты вынес за нас на кресце. Спасі людзі твая і душы, і цела іх, і благасастаяніе іх, і бліжніх іх, ахрані мірам всякага раба сваего в поце ліца кресцьянствуюшчэго на земле… Спасі і памілуй і ненавідзяшчых мяне, і абіжаюшчых мяне, і тваряшчых мне напасці, і разграбляюшчых мяне і не оставі іх пагібаць в ослепленіі грэха іх… Святый Божа, святый крэпкій, святый бяссмертный, памілуй нас. I ныне, і прісна, і во векі веков. Амінь».
Сват(задумаўшыся). Ты баб жыта жаць раней наймаў?
Аўдзей. Наймаў.
Сват. Вось за гэта і ўпісалі ў спіс.
Аўдзей. Дык тады ж ніхто не забараняў. А хто гэта ведаў, што потым забароняць?
Сват. Ніхто не ведаў. А выйшла ксплуатацыя. А я не наймаў. Не, я не наймаў, сваток!
Аўдзей. Таму што ты сквапны, а я лепш грошы заплачу, абы хутчэй убрацца па восені. I бабы ж самі просяцца, ім-то заробак.
Сват. Гэта так. Але я не наймаў. Не. Я не наймаў, а ты наймаў. Таму ты і ў гэтым спісе. Хто ведаў, а во як выйшла. Ты суседу свайму, Сцяпану, пшаніцы пазычыў паўмеха?
Аўдзей. Пазычыў.
Сват. А назад хацеў цэлы мех узяць?
Аўдзей. Ты што? З неба зваліўся? Не ведаеш, што паўмеха па вясне каштуе як мех па восені? Ды і дамаўляліся.
Сват. Я-то ведаю. Але цяпер гэта спікуляцыя. Ты ж хацеў і пабіць яго, а ён – бедната. А я нікога не біў, не наймаў – а баюся! Коней прадаў, карову адну пакінуў, у калгас запішуся, бо баюся, лепш у калгас, чым у Сібір. I ты падумай, Аўдзей! Пра дзяцей падумай, пра род падумай! Усе ўсё прадаюць, што ў каго ёсць.
Аўдзей. Дык вось чаму яны мне малатарню за палову грошай прадалі. Але я ад свайго не адмоўлюся. Я свайго не аддам!
З вуліцы чуваць грукат у вароты.
Сват(спалохана). Хто гэта?
Аўдзей. Мабыць, Зуёк. Дзеўкі хапіўся.
Сват. Якой дзеўкі?
Аўдзей. Сватаў сёння ў яго дачку, а ён не даў. А дзеўка ўвечары сама прыбегла.
Сват(з цікавасцю). Брухатая?
Аўдзей. Здаецца, не.
Сват. У Зуйка зяць у каміцеце. Вось ты яго і спытай. Ён павінен ведаць.
Аўдзей. Дык вось чаго ён дачку пабаяўся аддаваць, ён ведаў!
Зноў чуваць грукат у дзверы.
Сват(спалохана). Адзін гэтак не грукоча.
Аўдзей. Пойдзем.
Абодва выходзяць.
Карціна шостая
У двары злева бачны ганак хаты, за вуглом хаты – агароджа. Справа ў далёкім куце сцэны высокія дубовыя вароты, у абодва бакі ад іх цягнецца агароджа, Аўдзей і сват выходзяць з хаты. У вароты зноў грукочуць.
Аўдзей. Што трэба?
Голас з-за варот. Адчыняй! Рашэннем каміцета!
Сват. Гэта яны… Куды мне…
Бегае па двары.
Аўдзей. Чаго ты…
Сват. Сват, мне трэба ўцячы, я не хачу, я ж не ў спісе, сват, куды? Табе ўсё роўна, а я не хачу, сваток… Я ж не ў спісе!..
Аўдзей. Сціхні!
Сват. Сваток, не супраціўляйся, аддай сам, горш будзе!
Аўдзей. Я свайго не аддам!
Доўга грукочуць у вароты. Аўдзей і сват слухаюць грукат, а калі ён сціхае, быццам забываюць пра грукат. Аўдзей хапае свата за каўнер, сват вырываецца.
Сват. Аддай! Ты адзін, іх шмат, у іх каміцет, прапрыяцыя, яны рашылі, спіс напісаны…
Аўдзей. Што мне іх каміцет? Калі яны сабраліся, селі за стол, паперу напісалі, прапрыяцыяй назвалі, дык можна ў чалавека адабраць усё, што ён нажыў гарбом, мазалём? Яны хто – Бог, каб рашаць, жыць мне ці не?
Сват. Бога цяпер адмянілі. Аддай усё сам – жыццё даражэйшае.
Аўдзей. Гэта ты аддай. Навошта я ўсё жыццё жылы рваў – каб цяпер аддаць? Каб стаць гэтакім жабраком, як яны? А яны прагуляюць, прап’юць маіх коней, маіх кароў, маю зямлю?! Не аддам! Як гэта коней аддаць? Коні мае! Мне мая першая кабыла, з каторай хутар падымаў, даражэй за дзяцей была! Я яе да старасці трымаў, не прадаваў, колькі яна мне коней прывяла! Я яе за хлявом у ельнічку пахаваў, нават шкуру здымаць не стаў, толькі што дамавіну не зрабіў ды крыж не паставіў! Я плакаў, як яна прапала. Мы з ёй разам жылі, яна ўсё разумела, разам пот лілі, лес цягалі – упраж ірвалася. Я кожнага каня памятаю, як ступаў, як еў, мне кожны конь, што брат родны, – і я цяпер павінен аддаць сваіх коней? Каму? Ім? Яны не нажылі сабе коней, як я, ды і прыйшлі адабраць маіх, а я – аддай?! Зуйкову зяцю? Ён жа хамута каню падабраць не можа, ён жа прапіў, прагуляў усё тое, што яму Зуёк за старэйшай дачкой даў, яго ж залатымі пяцёркамі абсып, ён праз год зноў у лахманах сядзець будзе! Яму маіх коней! Не аддам!
Грукочуць у вароты.
Аддаць маіх кароў? Я дзесяць гадоў разводзіў гэтых малочных кароў – а цяпер аддай! Калі Чарнуха захварэла – ва ўезд за доктарам ездзіў, дваццаць пяць рублёў плаціў, ета ж амаль карову купіць можна, а цяжкі год быў, дзеці месяц без хлеба сядзелі, апошнія грошы аддаваў – і ім цяпер маіх кароў?! Не аддам!.. Навошта мне гэтакае жыццё – без каня, без каровы, без зямлі!.. Коні, каровы, зямля – гэта ўсё маё, усё маё жыццё, усё, чым жыву – усё ў зямлі…
Сват. Цяпер зямля не свая. Дадзеная. Па едаках.
Грукочуць у вароты.
Аўдзей. Мая зямля – мая! Мне ніхто не прырэзаў па едаках, я сваю зямлю яшчэ за тым часам за свае грошы купляў. Гэта табе прырэзалі па едаках. Не па едаках зямля – па работніках. Едакі зямлю праядуць і з торбай пойдуць, ім гора мала. На едаках свет стаяць не будзе. Не на едаках свет трымаецца, на работніках. Зямлю я не аддам! Матка грошы збірала ўсё жыццё, бацька ўсё за Богам ды за парадкам, а яна капейку ў капеечку! Пяшком у Мсціслаўль сорак кіламетраў туды, сорак назад, як толькі вольны дзень, а гэты вольны дзень толькі зімою, у холад ды вецер наскрозь, накупляе стужак ды іголак на свае капейкі, нясе па вёсках прадаваць, ногі адняліся к старасці, а капейку да капейчыны! А як прыкінулі разам еты хутар купляць – дык і палавіны няма! А як хацелася мець сваё! Каб сам гаспадар! Сваё!!! Паехаў на тыя шахты, пасадзяць у клетку і пад зямлю, не дыхнуць, дзяўбеш кіркаю, вада з каменя сочыцца, то аднаго побач прыдушыць, то другога пакалечыць, пакуль уніз – тры разы малітву прачытаеш, выцягнуць – зноў молішся, што жывы. I гэтак два гады… Грошай быццам і шмат, а праясі, усё ж не на сваім, усё купі, за ўсё заплаці, а вярнуўся дахаты – зямля падаражала! Вось табе і на! А так хацелася мець сваё! А памагчы некаму, сыны малыя, адзін са старым. А тут вайна… Забралі, Бог паслаў ета раненне, зноў упрогся, а падаткі аддай, зноў даўгі, начамі не спаў, потам абліваўся, – а пасіліў, выцягнуў на сабе еты хутар, ету зямлю, у ёй мая кроў, мае жылы – і аддаць?
Грукочуць у вароты.
А як абжыўся, як сыны выраслі, як цяпер у мяне ёсць, як цяпер я – гаспадар, дык яны прыйшлі адабраць! Яны сядзелі, абы не працаваць, упрогаладзь і цяпер сядзяць, не працуюць – а ты аддай ім коней, кароў і зямлю! Не аддам!
Штурхае свата.
Адабраць у мужыка зямлю – што ж тады будзе?! Мужык за зямлю кроў і пот праліваў, не можа таго быць! Тады ж свет перавернецца! Яны ж самі – «зямля – крэсцьянам». Ні Бог, ні ўлада такога не дапусцяць! Не! Пахаваў, шкуру не здымаў, толькі што крыж не паставіў! Маіх коней – ха-ха-ха! Пахаваў – заб’ю, заб’ю, не дамся! Мяне – Аўдзея?! Ха-ха-ха-ха… Не аддам! Зубамі загрызу – не аддам!
Сват вырываецца, у руках Аўдзея застаецца яго каўнер, Аўдзей глядзіць на гэты каўнер.
Матка – ніткі, хусцінку, ногі, ногі адняліся, пахаваў, толькі крыж не паставіў – ні Богу, ні сабе, не, не, не…
Аўдзей падступае да свата, прыціскае яго да агароджы.
Не можа быць! Ні ўлада, ні бог не дапусцяць такой пагібелі!..
Апускаецца перад сватам на калені.
Пагібелі… Свет перавернецца…
Сват пералазіць праз агароджу. Зноў грукочуць у вароты. Аўдзей страляе сем разоў у вароты. Усё змаўкае. На ганак выходзіць Варвара з лямпай у руках, падымае лямпу над галавой, следам за ёй на ганак збіраецца ўся сям’я. Вароты разломваюць, уваходзяць некалькі чалавек, упаўнаважаны з раёна. Аўдзей стаіць, быццам п’яны. Аўдзею скручваюць рукі. Выскаквае Андрэй, хапае вілы, але ў яго іх адбіраюць. Аўдзей робіць некалькі крокаў уперад, рукі за спіною ў яго падняты высока ўгару, сам ён нахіліўся ўперад, і крычыць, завывае нечалавечым голасам. З ганка сыходзіць жабрак, праходзіць міма ўсіх праз усю сцэну. Сярод прысутных і Сёмка, які дапамагаў мужыку прадаваць малатарню.
Другі мужык. Ай да Аўдзей Усцінавіч! Галава, кажаш, грош цана, капейка? Ай да Аўдзей Усцінавіч! Хе-хе-хе…
Жабрак. Госпадзі! Што людзям трэба! Акрайчык хлеба, ды каб цяпло, ды каб не гналі. Госпадзі! Што людзям трэба! Госпадзі! Але і з чужога не пабагацееш, ох не пабагацееш, чужым сыты не будзеш, о госпадзі!
Жабрак выходзіць праз разбітыя вароты. Чуцен плач дзіцяці.
Голас дзіцяці(праз плач). Мамка, чаго татка гэтак стаіць? Мамачка, я баюся!
Упаўнаважаны з раёна. Вось што такое, таварышы, старарэжымныя перажыткі, падноўленыя нэпманскімі тэндэнцыямі! Яны ператварылі селяніна ў аднаасобніка, у тупую жывёліну, каторая толькі і можа, што грабсці пад сябе, не бачачы наўкола нічога, не разумеючы цякушчаго мамента. На гэта мы, таварышы, не пойдзем! Уперадзе ў нас вялізная і адказная работа, і тыя, хто стаіць нам насуперак, будуць адкінуты з дарогі! Тут, на вольнай зямлі, будзе працаваць вольнае трудавое сялянства, з’яднанае ў сельгасарцелі. I першую сельгасарцель у нашай воласці мы так і назавём – «Шлях да светлай будучыні»!
Заслона.
1989