355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Уладзімір Бутрамееў » Страсці па Аўдзею » Текст книги (страница 1)
Страсці па Аўдзею
  • Текст добавлен: 13 мая 2017, 19:00

Текст книги "Страсці па Аўдзею"


Автор книги: Уладзімір Бутрамееў


Жанр:

   

Драматургия


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 3 страниц)

Уладзімір Бутрамееў
Страсці па Аўдзею

Народная драма ў шасці дзеях

Дзеючыя асобы

Бацька Аўдзея, 75 год.

Аўдзей – гаспадар хутара, 50 год.

Варвара – яго жонка, 45 год.

Андрэй – іх сын, 25 год.

Дзеці Аўдзея – ад 5 да 25 год.

Эленька.

Жабрак, 70 год.

Сват Аўдзея, 50 год.

Маці Зуйка, 70 год.

Зуёк – бацька Веры, 50 год.

Зуйчыха – яго жонка, 50 год.

Верка – іх дачка, 18 год.

Дзеці Зуйка – дзяўчаты ад 10 да 18 год.

Танька – сяброўка Веры, 18 год.

Хлопцы і дзяўчаты.

Упаўнаважаны з раёна.

Сёмка.

Першы мужык.

Другі мужык.

Карціна першая

Хата Аўдзея. Пасярэдзіне стаіць стол. Ля стала з абодвух бакоў лавы. На покуці іконы. Гучыць ранішняя малітва.

Бацька Аўдзея(стаіць перад іконай). «Госпадзі, услыш малітвы рабоў недастойных, яко ёсьць человеці в поце ліца дабываюшчые хлеб свой… Восстав, благодарю цябе, святы Божа, яко радзі твайго долгацярпенія не прагневался на мяне, лянівага і грешнага, не прызвал пагібель, но человеколюбствовал і допусціл мяне восстаць ато сна… I дал мне мімошедшее время ночі сей без напасці от всякого зла прейці… Госпадзі, просім шчадрот тваіх от века ідушчых, за труды нашы воздай і пошлі дзень безгрешный і ўсердзіе і сміреніе всякому рабу своему в прележных трудах крестьянствующего на земле… I сохрані ісполняющіх закон твой і завет твой… Амінь…»

Пад словы малітвы да стала збіраецца сям’я Аўдзея, разам з гаспадаром.

Аўдзей. Андрэй і Макар, запражыце коней – снапы павозіце, што засталіся. Дзеці, каласкі збіраць на калінавае поле! (Паварочваецца да старога бацькі, што сядзіць ля яго па левую руку.) Схадзі на гумно, прыгледзь, каб усё прыгатавана было, каб потым не хапацца. Прывязуць снапы – складзіце. (Працягвае, пасопшы носам.) Манька з Нінкай, бульбу дакопваць! Са ўчарашняга разагнана, а пасля абеду Макар яшчэ разгоне, к вечару каб з поля. Ты, Варвара, з дзеўкамі перабіраць, ды паспяшайцеся, трэці дзень капошыцеся!

Варвара. Сёння кончым. Пагода стаіць.

Аўдзей. Бог не для таго пагоду даў, каб спаць на ёй над бульбай ці языкамі трапаць. Работы ўперадзе хапае. (Зноў звяртаецца да старога.) А на гумно я сам пасля прыйду.

Усе разыходзяцца.

Андрэй!

Андрэй спыняецца і чакае.

Адвязеш снапы, прыйдзеш сюды. Праз тыдзень паедзем на базар. Прададзім пудоў семдзесят бульбы дробнай. Прыкінем грошы. Пара вучыцца грошы лічыць.

Абодва доўга маўчаць.

Ну што стаіш? Ідзі рабі.

Андрэй усё роўна стаіць на месцы. Аўдзей, паглядзеўшы на яго спадылба, пасапеўшы носам, гаворыць.

Ну дык вось… Калі сённі ўправімся… Заўтра з’ездзім да Кацькі, паглядзім, як там яна, як за шляхтай год пражыла; мо пабагацелі, што носа не кажуць… А потым ужо і пагаворым, перад суботай, з табой…

Андрэй выходзіць, Аўдзей дастае паперку, аловак, лічыць.

Калі семдзесят пудоў па восем капеек… Восенню… Хлеб па восені па трыццаць… (Піша нешта ў паперцы, чапляе на нос акуляры.) З жыдам разлічыцца… А калі пакінуць у доўг, не разлічвацца, а аддаць вясною… Каня на восень… А можа, вясною… Падаткі наперад… Аўса зімою…

Уваходзіць вандроўнік, з торбай, кійком, у лапцях.

Жабрак. Беражы вас Бог! (Кланяецца.) Пусціце пагрэцца з дарогі.

Аўдзей(не падымаючы вачэй). Многа вас тута з дарогі… I кожны да чужога цяпла ліпне. Бог не дзеля таго ету дарогу прыдумаў, каб па ёй без работы шляцца.

Жабрак(усміхаецца). Не гняві Бога, Аўдзеюшка. Грэх божаму чалавеку адмовіць.

Аўдзей(падымае вочы). Мікола? Адкуль ты?

Жабрак. Ці не пазнаеш?

Аўдзей. Мікола! (Усміхаецца.)

Жабрак. Ён самы. Суседа не пазнаў, усё лічыш, усё няма калі, памажы табе Бог у справах.

Аўдзей. За Богам не пражывеш. Калі сам не зробіш, то і лічыць няма чаго.

Жабрак. А як няма чаго лічыць, дык і пражыць лягчэй.

Аўдзей(зноў усміхаецца). Вот ты лягчэй і жыві. А я гаспадар. Ты з торбай пайшоў з зямлі, дзяцей што ў прымы, што ў беспасажніцы расторкаў. А я за той час хутар нажыў.

Жабрак. Кожнаму, Аўдзей, свой шлях. Мая гаспадарка не горш тваёй была, ты ж ведаеш. А як памерла жонка, пачаў я голас чуць: «Ідзі з торбаю, толькі той, хто з торбаю, той і выратуецца», – я і пайшоў… Дзесяць год, ад вёсачкі да вёсачкі, ад цэрквачкі да цэрквачкі, учора іду сабе, думаю: «Вось і мая старонка блізка, дай завітаю». А дарога ўсё лесам, лесам, і пераначаваць нейдзе. Іду, а ваўкі, лісіцы па лесе бегаюць. Успомніў я, што ета Здзвіжанне сёння, страшна мне стала. Вецер падняўся, лес стогне, сосны скрыпяць, змеі, здаецца, клубком усе дрэвы аплялі, я ўжо на самую сярэдзіну дарогі, як па нітачцы іду, не аглядваюся, а вецер халодны, да костачак прабірае, пад раніцу ледзьве шавялюся, замёрз, пусціў бы ты пагрэцца…

Аўдзей. Пагрэйся… Печ з раніцы пратоплена… Дзесяць гадоў… Я за дзесяць гадоў гаспадарку падняў. Трох коней маю, з даўгамі разлічыўся.

Жабрак(залазіць на печ). Ой, дзякуй, благаславі цябе Божа.

Аўдзей. Дзесяць гадоў! Ты за еты час вады столькі не папіў, колькі я поту праліў!

Жабрак. Ох цёпленька, ох костачкі прамёрзлі, ох мае костачкі!

Аўдзей. I вот за дзесяць гадоў – катомку ды лапці нажыў. Які толк з цябе?

Жабрак. Вось дзякуй, Аўдзей, вось дзякуй!

Аўдзей. Не дзеля таго Бог чалавека на зямлю пусціў, каб жабраваць.

Жабрак. Каб яшчэ накрыцца чым, век Бога б за цябе маліў.

Аўдзей. Ці ты глухі, ці ты прыкідваешся. Ён Бога б за мяне маліў. (Бярэ з лавы кажушок, кідае на печ.) За сябе памаліся. Мне з тваёй малітвы не жыць.

Жабрак(накрываецца). Ось, саўсім харашо. Госпадзі, што людзям трэба: цяпло ды акрайчык хлеба. I каб не гналі. Дзякуй табе, госпадзі.

Аўдзей. А-а… (Махае рукой і зноў бярэцца за падлікі.) Пудоў… Па паўтары… Рубель… Не менш… Зіму… Хлеб па вясне…

Жабрак. Палічы, Аўдзей, палічы, а я пасплю, маё ўжо ўсё наперад падлічана…

Аўдзей(працягвае). Па тры капейкі… За воўну… пятнаццаць рублёў… На коней…

Збоку з’яўляюцца двое. Адзін нечым нагадвае Аўдзея – невысокі, у добрых ботах. Другі ў дзіравых ботах, але відаць, што хітры і нахабны.

Першы мужык(незадаволена). Зацеяў ты ўсё гэта… Дарэмна… Хто гэта паверыць, выганіць з хаты…

Другі мужык(па-змоўніцку). Ён нічога не ведае.

Першы мужык. Як гэта не ведае? Усе ведаюць, а ён не ведае.

Другі мужык. Адкуль яму пачуць – са сваёй бярлогі не вылазіць, на базар прыедзе – з чалавекам не загаворыць. Гэтакі мядзведзь. А грошы ў яго павінны быць. Кулак добры.

Першы мужык. Дык яно… Нядобра гэтак…

Другі мужык. Ты ў царкву прыйшоў? Я табе сказаў – зраблю. Хто б другі не прадаў, а я прадам. А астатняе – не твая справа. Мне кума – яна жонцы старшыні сельсавета траюрадная – гаварыла. (Азіраецца і шэпча першаму на вуха, той палохаецца.)

Першы мужык. Ды ну? Не, я не пайду. Ідзі адзін, я тут пачакаю.

Другі мужык(бярэ першага пад руку). Пойдзем, пойдзем, яго і ўдвух угаварыць нялёгка, мала што яму ў галаву прыйдзе, а так гаспадар на месцы.

Абодва падыходзяць да стала. Першы мужык трымаецца крыху ззаду. Аўдзей падымае галаву.

Дзень добры, Аўдзей Усцінавіч!

Другі мужык здымае шапку, кланяецца, усміхаецца, першы стаіць збоку.

Аўдзей. Чаго трэба?

Другі мужык. Справа да цябе, Аўдзей Усцінавіч.

Аўдзей(усміхаецца). У цябе справа?

Другі мужык. Ага, Аўдзей Усцінавіч, я адразу казаў – гэта толькі да Аўдзея Усцінавіча, толькі ён і зможа. Сваяк мой, далёкі, па жонцы (паказвае абедзвюма рукамі на першага мужыка), малатарню паравую прадае. Ды хто купіць, усё галота, як вось я, напрыклад – хе-хе-хе-хе, – я і сказаў, калі толькі Аўдзей Усцінавіч, бо, вядома, – гаспадар! I грошы, мабыць, мае. Ён, кажу, рэч у гаспадарцы патрэбную не міне. Гаспадар! Выйшаў бы, паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…

Аўдзей. Вы што, сюды яе прывезлі?

Другі мужык. Ага! Я кажу: толькі Аўдзей Усцінавіч, бо гаспадар (да першага мужыка), талкавейшага гаспадара ў нас тут ва ўсёй акрузе няма. Кожны ведае, які гаспадар Аўдзей Усцінавіч!

Аўдзей. Вось таму, што я гаспадар, малатарню ў цябе купляць не буду.

Другі мужык(пакрыўджана). А-а… а ты хаця б паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…

Аўдзей(абыякава махае рукой, усміхаецца). Паглядзець? А што ты каму прадаў, каб не ашукаць?

Другі мужык(разводзіць рукамі). Грэшан, Аўдзей Усцінавіч, усяк бывала… Але ж гэта – чыста. Яй-бо!

Аўдзей. Дарэмна ты пёрся да мяне са сваёй малатарняй. Сапраўдны гаспадар з ашуканцам звязвацца не будзе. Ды я і сам ведаю, добрай малатарні на нашай акрузе ні ў кога няма.

Другі мужык. Здалёк чалавек прыехаў, з-пад Мсціслаўля, павер, Аўдзей Усцінавіч, а малатарня…

Аўдзей. Зразумела, што за малатарня, калі павёз прадаваць далей ад сваіх месцаў, у нашу глуш. Думаеш, тут дурні? Не ведаюць?

Аўдзей падымаецца з-за стала і падыходзіць да першага мужыка, але другі хуценька становіцца паміж імі.

Другі мужык. Выпадак гэты – нельга дома прадаваць. Выязджае ён, уся вёска супраць яго па злабе – бо ці ж любіць галота хазяіна. Як жа ім прадаваць добрую рэч, малатарня ў яго – золата. Чыстае золата, яй-бо! Вось ён і кажа – не прадам нікому са сваіх, лепш у рэчку ўкіну, а не прадам! Прывёз да мяне – за палавіну прадай, – я і падумаў, хто, як ні Аўдзей Усцінавіч, усе ж наўкола – галота. Калі ўжо такі выпадак – за палавіну!

Аўдзей(другому мужыку). Што ты пляцеш, што ты брэшаш, што ты як вужака на патэльні круцішся! Я бацьку твайго помню – прайдоха ён, і ты прайдоха.

Другі мужык. Хе-хе-хе, Аўдзей Усцінавіч, яно-то гэтак, праўда твая, а толькі малатарня добрая! I чалавека я прывёў вартага, гаспадар. Гэта не я. Што я? Аб мяне і ногі выцерці можна… А – хе-хе-хе – малатарня добрая!

Аўдзей. Ты хочаш Аўдзея абкруціць?! Я да імперыялістычнай малатарню з Сячком удвух трымалі, я яе на жалезкі разабраць-сабраць магу. Мне ламачча і за палову грошай не трэба! Не на таго напаў!

Другі мужык. А ты правер, правер, Аўдзей Усцінавіч. Малатарня – што гадзіннік у нашага пісара. Абы ты гаспадар, і абы ў цябе грошы былі. Правер, як што ў малацілцы не так, галаву мне на калодку і сякерай!

Аўдзей. За тваю галаву я б палову капейкі не даў. А паглядзець дзеля цікавасці можна. За пагляд грошы не плацяць.

Другі мужык. Палову капейкі – хе-хе-хе – Аўдзей Усцінавіч. Ты і прыдумаеш. Але паглядзець трэба – добрая малатарня.

Усе выходзяць. Другі мужык увесь час забягае наперад Аўдзею і працягвае расказваць.

У талковых руках была. Спраўная. Вось далібог! Каля гумна паставілі. Як убачыш, пяцёрку шчэ прыбавіш. Яй-бо! Залатая, залатая малатарня! Яй-бо! Ай да Аўдзей Усцінавіч!

Мужыкі выходзяць, з другога боку сцэны з’яўляецца Эленька.

Эленька. Дзень добры ў хату. Эй, гаспадар! Аўдзей! Ёсць хто-небудзь?

На печы жабрак вылазіць з-пад кажушка.

Жабрак. Здароў, здароў!

Эленька. А-а, гэта ты ўжо тут! Ну-ка, раскажы, як жыды прадалі Ісуса Хрыста! Ты ўсім расказваеш, а не разумееш, што цяпер не той час! Цяпер новае ўрэмя! Ісус Хрыстос цяпер не ў пачоце! А калі б жыды не прадалі яго, табе б не было што расказваць мужыкам і бабам і ты б не меў кавалка хлеба і чарку. Ты ж любіш выпіць, я добра ведаю.

Жабрак. Як нальюць, то вып’ю. (Падымаецца, садзіцца на печы.) А ты ведаеш, Эленька, Іуда таксама любіў выпіць.

Эленька. Хіба так напісана ў Евангеллі?

Жабрак. А вось паслухай. Пілат даў жыдам чатыры залатыя цвікі, каб яны прыбілі рукі і ногі Ісуса да крыжа. А Іуда атрымаў за гэта трыццаць сярэбраных манет. Ну, распялі яны Хрыста, грошы прапілі, а з раніцы хочуць пахмяліцца, бо галава баліць. А пахмяліцца няма за што. Тады Іуда і дадумаўся, цвікі з ног у Хрыста выцягнуў, нагу на нагу, ды адным і прыбіў, а другі залаты цвік залажыў, ды і пахмяліўся.

Эленька. Э-э, брат, ты вялікі выдумшчык! Я б даў табе выпіць. Ты ведаеш, сын Мойшы, Іцка, запісвае гэткія байкі. I прымаўкі. Ён вучыцца ва ўніверсітэце – зайдзі да яго, раскажы, ён дасць табе выпіць!

Уваходзяць Аўдзей, абодва мужыкі, Андрэй. Аўдзей выцірае анучай рукі. Другі мужык забягае наперад Аўдзею, заглядвае яму ў твар.

Другі мужык. Адразу бачна, што сапраўдны гаспадар: паглядзеў і ўсё зразумеў. Я гаварыў, калі хто – дык толькі Аўдзей Усцінавіч.

Аўдзей(да абодвух мужыкоў). Калі за палову, дык можна размаўляць. Паловы яна вартая.

Першы мужык(не стрымаўшыся). Яна-то каштуе не палову, бач ты, палову за гэткую малатарню!

Аўдзей. Размова ішла пра палову. Другой размовы не было. Глядзіце самі.

Другі мужык(звяртаецца да першага). Капітонавіч?

Гаворыць, а сам махае рукой, маўляў, згаджайся, мы ж дамаўляліся з табой. Першы мужык у роспачы махае рукой і адыходзіць убок, другі мужык звяртаецца з усмешкай да Аўдзея.

Як дамаўляліся, Аўдзей Усцінавіч, так і зробім.

Усе, акрамя першага мужыка, падыходзяць да стала, за якім сядзіць Эленька. Жабрак зноў лажыцца на печы і накрываецца кажухом.

Эленька. Аўдзей, здароў быў! Як жывеш, даўно цябе не бачыў. Што ты маеш з гэтым прайдохам (ківае ў бок другога мужыка)?

Другі мужык. Маўчы, у цябе свае справы, у нас свае, мы да цябе не мяшаемся, ты да нас не лезь.

Аўдзей дастае з-за іконы грошы, адлічвае і аддае другому мужыку. Мужыкі адыходзяць убок. Першы мужык працягвае руку, другі аддае яму грошы. Першы пачынае пералічваць.

Я ж гаварыў, ён нічога не ведае. Са мной не прападзеш! Сёмка – прайдоха, а справу ведае! I ўсё чыста: твая малатарня добрая? Добрая!

Першы мужык. Не мяшай!

Зноў пералічвае грошы, кладзе іх у кішэню.

Другі мужык. Капітонавіч, а мне?

Першы мужык незадаволена паглядае на другога, дастае грошы і дае спачатку рубель, потым, падумаўшы, яшчэ адзін.

Ты ж абяцаў пяць рублёў?

Першы мужык. Хопіць з цябе і двух.

Першы мужык выходзіць, другі спачатку абурана глядзіць услед, потым спяшаецца наўдагонку.

Другі мужык. Капітонавіч, можа, яшчэ што трэба, дык толькі скажы, я ўсё, што трэба…

На сцэне застаюцца Эленька і Аўдзей, тут жа за сталом моўчкі сядзіць Андрэй, жабрак ляжыць на печы.

Эленька. Ты купіў малатарню?

Аўдзей. Добрая малатарня.

Эленька. Не звязвайся з Сёмкам! Ты ж ведаеш, што гэта за чалавек!

Аўдзей. З малатарняй мяне не ашукаеш, я яе як свае пяць пальцаў знаю.

Эленька. Ты ўсё купляеш! Каня купіў, малатарню купіў! Ці ж ты не бачыш, які час! Усе прадаюць, а ты купляеш!

Аўдзей. Галыдзьба глядзіць прадаць ды праматаць, прапіць, прагуляць. А гаспадар – купіць.

Эленька. Эх, Аўдзей, Аўдзей! Ты разумны чалавек, талковы гаспадар, трэба разумець!

Аўдзей. Ты чаго прыехаў?

Эленька. Ты панімаеш, мне патрэбны грошы. Я табе казаў – можаш не спяшацца, аддай потым, але напярод ніхто нічога не ведае. Прыехаў мой кампаньён, ён патрабуе грошы, мы разам прадавалі скот. Я павінен разлічыцца з ім.

Аўдзей(незадаволена). Я думаў аддаць табе вясною, калі за хлеб можна больш узяць.

Эленька. Але ж цяпер такі час, такі выпадак. У цябе што, няма грошай? Што ты за гаспадар?

Аўдзей. У мяне ёсць грошы, не хвалюйся. Як табе гэтак патрэбна, я аддам.

Эленька. Мы з табой усё падлічым.

Пачынае лічыць.

Ты браў на каня. Ты замяніў карову, мы дамовіліся, што гэта пяць рублёў. Я браў у цябе два бычкі, а ты ўлетку браў трыццаць рублёў. А я браў сорак пудоў жыта. Будуць патрэбны грошы, я аддам.

Аўдзей. Я не чакаў, што ты спытаеш гэтыя грошы. Мы ж заўсёды разлічваліся вясною.

Эленька. Так, але прыехаў мой кампаньён. Мне патрэбны грошы. У цябе няма? Што ты тады за гаспадар?

Аўдзей. Я аддам табе грошы.

Эленька. А калі табе пасля спатрэбіцца, я дам табе зноў. Не хвалюйся. Я ж ніколі не браў з цябе працэнт.

Аўдзей. Як не браў? Браў!

Эленька. Калі гэта было. Ты тады яшчэ не ведаў мяне, я не ведаў цябе, а цяпер мы ж сябры. Дурні б’юцца, а разумныя людзі заўсёды дойдуць да згоды.

Аўдзей падыходзіць да іконы, дастае грошы, каля стала пералічвае і аддае Эленьку. Эленька забірае грошы і падымаецца з-за стала.

Эленька. Да пабачэння, Аўдзей! Паслухай старога яўрэя, не купляй малатарню, не купляй коней. Ты павінен усё сам разумець, ты разумны гаспадар. Бывай здароў.

Эленька выходзіць. Уваходзіць Андрэй.

Аўдзей(Андрэю). Вось прыспічыла яму. З года ў год гэтыя грошы пераходзяць: а тут, як больш за ўсё трэба, – аддай! Усе грошы з рук… Але малацілка добрая. Што там Эленька плёў – не наша справа, малацілка добрая, гэта такі выпадак нам трапіўся. А свая малацілка – о, ета, брат, вялікае дзела! От каб свой млын – тады ніхто табе не ўказ, нікога прасіць не трэба, нікому кланяцца не трэба. Млынар з памолу жыве; зямлю не арэ, неяк спытаў у Івана-млынара, маўляў, чаго зямлю кінуў – не разарвацца, кажа. А я б разарваўся! Я б зямлю не пакінуў. Тады толькі і будзеш нешта мець, як перарвешся, перасілішся, як возьмешся са ўсяе сілы. Я еты хутар з аднаго каня пачаў ды з даўгоў – а выкарабкаўся. Людзі гулялі, пілі, прадавалі, маталі, з мяне смяяліся, кулак, гаварылі, пад сябе грабеш, пуп нарвеш, лопнеш! А ў мяне свой розум! Прагуляць лёгка, прахам пусціць – лёгка! Нажыць цяжка! Хто гняздо ўе, у таго і ўецца, у таго і ёсць, а ў каго ёсць, той і жыве, так на етым свеце спакон веку ўстроена!

Жабрак(з печы). Э-э, Аўдзей, ніхто не ведае, як еты свет устроены. Памятаеш Крывога Якіма, што дзецям за золата зямлю купіў? А зямля стала нічэйная праз год, га? Напярод дня не ведаеш, усе мы ў гасцях, а гняздо наша на пагорку. Туды з сабою нічога не возьмеш.

Аўдзей. Каб усе пра той пагорак думалі – пляцень бы спінамі падпіралі, пальцам бы не варухнулі, з кійка ды торбы жылі.

Жабрак. А як збоку глянеш, Аўдзей, дык што чалавеку трэба – акрайчык хлеба, ды каб пагрэцца, ды каб не гналі. Госпадзі, як падумаеш, ну што чалавеку трэба!

Аўдзей. Кожная варона за сваё каркае. Чалавеку многа трэба! (Разводзіць рукі, быццам хоча абхапіць стол.) А мне б яшчэ млын! А малатарня трапілася, ах, добрая малатарня, вось выпадак. Мне б з маім падвор’ем ды малатарняю, ды маімі сынамі – мне б млын! Вот ета быў бы я гаспадар! А, Мікола? Ха-ха-ха…

Карціна другая

Хата Зуйка. Стол, ссунуты ў кут, лавы стаяць літарай «П». Печ і ікона завешаны. Вечарынка ў Зуйковай хаце. Хлопцы, дзяўчаты, гарманіст. Толькі што скончылася полька, збіраюцца скакаць кадрылі. Верка і яе сяброўка Танька сядзяць убаку, ля акна.

Танька(супакойвае). Мо прыйдзе яшчэ.

Верка(пакрыўджана). Ага, прыйдзе. Ужо расходзіцца час.

Да іх падыходзіць хлопец, запрашае Верку.

Xлопец. Пойдзем на кадрылі.

Верка. Не хачу.

Хлопец. Ах, ах, Андрэя чакаеш?

Верка. Каго хачу, таго і чакаю.

Хлопец. Бач, якая каралеўна. Твой Андрэй, можа, дзе бліжэй знайшоў, чым за дзесяць вёрст цягацца.

Танька. А ты чаго чапляешся? Як Андрэй прыйдзе, дык баішся, а цяпер смелы?

Хлопец. Ха, напалохаліся мы твайго Андрэя. Прыходзілі адзін раз з суседняй вёскі, усыпалі ім так, што доўга памятаць будуць. Можам і Андрэю, калі захочам, не паглядзім, што з хутароў.

Танька. Ах, які смелы. Ды толькі на язык.

Хлопец. Падумаеш!

Хлопец падыходзіць да дзяўчат, запрашае адну з іх. Пачынаюць танцаваць. Хлопец і дзяўчына, якую ён запрасіў, смяюцца і пяюць прыпеўкі. Пачынае дзяўчына.

 
Ой, прыходзьце, хлопцы, ў сваты,
Я жыву багата.
Конь храмы у майго бацькі,
Завалілась хата.
 

Хлопец працягвае:

 
Я мілога ўсё чакала
Ды не дачакацца,
Як ён возьме мяне замуж —
Буду папраўляцца.
 

Танька(хлопцу). Дурань!

Усе танцуюць, уваходзіць бацька Веркі, вечарынка ў яго хаце.

Зуёк. Усё, усё, хопіць. Пара дахаты.

Дзяўчаты(у адзін голас). Дзядзечка Пятрок, рана яшчэ, ну зусім жа рана.

Зуёк. Усё. Ні-ні. Вы б ноч скакалі, як козы.

Дзяўчаты. От яшчэ крышачку…

Зуёк. Пагулялі, хопіць. Спаць даўно пара, заўтра працаваць. Добрыя людзі ўжо малаціць пачалі.

Хлопцы. Багатым, дзядзька Пятрок, будзеш, як малаціць да Пакравоў збіраешся.

Зуёк. От каб ты гэтак у полі, як языком.

Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…

Зуёк. Ні-ні!

Хлопцы. Дзядзьку Петраку кавалеры ды жаніхі больш не патрэбны, ён на хутаранскіх спадзяецца.

Усе смяюцца.

Зуёк. А хутаранскія не такія лайдакі, як ты. Вось сустрэну бацьку, ён табе пасмяецца, лейцамі.

Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…

Зуёк. Усё, сказаў усё, дык усё! А то другі раз не пушчу. Бач, разыграліся.

Усе разыходзяцца і пяюць прыпеўкі.

 
Танцаваць вам сёння хопіць,
Паясніца забаліць,
Прыхадзіце лепей заўтра,
Падсабіце малаціць.
 

Адзін з хлопцаў працягвае:

 
Як у дзядзькі Петрака
Поўна дзевак хата,
Вось аддам усіх іх замуж,
Зажыву багата.
 

Зуёк(нязлосна). От чэмера табе ў бок, зубаскал. От каб цябе…

Застаюцца сем дачок Зуйка і Танька.

(Дочкам). Кладзіцеся спаць. Верка, прыбярыце тут. От каб да работы гэтак, як да гэтых скокаў.

Зуёк выходзіць разам з дочкамі за шырму. Верка і Танька мятуць падлогу.

Танька. А мо здарылася што дома, ці мала што можа… Ды і сапраўды – кожны раз за дзесяць вёрст…

Верка. Дык і той раз.

Танька. Дык перадаваў жа, што не прыйдзе.

Верка. А еты раз наадварот казаў – чакай, абавязкова прыйду, раскажу, як…

Танька(хуценька). Што раскажа?

Верка(зразумеўшы, што прагаварылася). Што… Ну… Ну, як там убраліся…

Танька. Як убраліся? Ды ўжо ж убраліся. Можа, і малаціць пачалі. От пойдзеш за Андрэя – наробішся. У Аўдзея ад цямна да цямна.

Верка. Не за Аўдзея ж я пайду.

Танька. Так ён і аддзеліць вас.

Верка. Ды за Андрэем нічога не страшна.

Танька. А Мішка так і падкатваецца да цябе.

Верка. Дурань. Я Андрэя ні на каго не памяняю.

Сядаюць на лаву ля акна.

Не ведаю, што са мною творыцца. Хаджу, як у сне. Учора бацька трасе за плячо – крычыць у вуха, а я нічога не чую… А трэцяга дня як убачыла яго – дык так бы, здаецца, і паляцела, толькі рукамі махні – і паляціш!

Танька. Ой, Верка, як я табе зайздрошчу! А тут няма анікогачкі! У той вечар Колька Сыпункоў пайшоў праводзіць – і адразу цалавацца лезе… Во дурань, а? Яму-то што… А Мішка пра цябе ўсё гаворыць, маўляў, хутаранскі, дык за ім следам, маўляў, багатыя…

Верка. Дурань ён. Вунь Ягора сын – Сцёпка. Хутаранскі і багацейшы за Аўдзея, а каму ён трэба, недапечаны. Гады два таму праводзіў мяне, сядзіць, як размазня якая, бармоча нешта пра авёс, пра нейкую кульгавую сабаку.

Танька. Ага. Ён прыдуркаваты, яй-богу. А Кацька сёння ўсё ўсміхалася – і прыпеўку гэту з Мішкам – гэта яны ўсё пра цябе. От яна каля Андрэя раней усё хадзіла – як ні павернецца, і ўсё каля яго, я прыкмеціла. Бацька яе гаварыў – мая, маўляў, не заседзіцца, за маёй ёсць што даць.

Верка. Чула. А і не кінуліся браць. Яна ж касая. Ты вось прыгледзься. На левае вока.

Танька. Ай, праўда! Яй-богу! А я думаю, што ета яна ўсё ўбок глядзіць! Во табе!

Верка. Я? Я не магу без яго – калі што здарыцца, яй-богу, не ведаю, што будзе. Я ні за каго другога не пайшла б. Помніш Нінку, што павесілася з-за Федзькі Кастрова? Ой, як я цяпер разумею яе. Ой, як разумею!

Танька(спалохана). Што ты! Госпадзі! Кінь пра дурное. Напужала.

Верка(сур’ёзна). Не, калі што – мне не жыць…

Танька. Перастань, госпадзі, ну цябе. Пайду. I то бацька спытае, дзе так позна была.

У акно залазіць Андрэй.

Верка. Ой!

Верка кідаецца да лавы, накрывае калені кажушком. Андрэй сядае побач, абдымае Верку і пачынае цалаваць. Верка слаба адбіваецца, потым усё ж вызваляецца з яго рук.

(Пакрыўджана.) Я сяджу, хвалююся, а ён… Што толькі не думала. (Усхліпвае.) Усю вечарынку сэрца ледзь б’ецца, перажываю, а ён…

Андрэй. Не мог… Ну яй-богу, не мог. Малатарню купілі, пакуль з бацькам паспрабавалі, раз, другі… Ну, Вер. (Гладзіць яе па плячы, Вера адсоўваецца.) Ну яй-богу… Паслязаўтра ў сваты прыедзем.

Верка(спалохана). Ай!

Андрэй. Во табе і ай. Бацька сам сказаў.

Верка(прыхілілася да яго пляча). Андрэечка, праўда?

Андрэй. Няўжо ж.

Верка. Раскажы.

Андрэй(задаволены, усміхаецца). Кажу аднойчы бацьку – маўляў, так і так, жаніцца хачу.

Верка. Калі?

Андрэй. Ну, яшчэ як убіраліся. Я ж ведаю, ён, каб што – месяц думае. Вось і кажу зараней.

Верка. Ага. А ён?

Андрэй. Убярыся спачатку, кажа, а потым пра жаніцьбу думай. I адразу спытаў – каго, маўляў, нагледзеў. Я і кажу – Зуйкову.

Верка паправіла валасы, прыхарашылася.

Верка. А ён?

Андрэй. А ён кажа, у Зуйка ўсіх дзевак усё роўна не перабярэш.

Верка пакрыўджана адхілілася.

Верка(пакрыўджана). Андрэечка…

Андрэй. Дык я ж ведаю, што калі спытаў каго – значыць, дазволіць. Каб не, то і не пытаў бы каго.

Верка з надзеяй кіўнула галавой.

Верка. Ага, ага.

Андрэй. А ўчора іду, чую, за хатай бацька з маці размаўляюць. Я прыслухаўся. Трэба жаніць, кажа бацька, цяпер не той час, аддзяляць, хату з вясны пабудуем, каня дам. На свае ногі, цяпер і зямлі больш дадуць, бо асобная гаспадарка. I маці згодна.

Верка(весела). Ой, Андрэечка…

Андрэй. Хто гняздо ўе, у таго і ўецца.

Верка абдымае і цалуе Андрэя.

Сваёй гаспадаркай зажывём – сам сабе галава! Адно не лянуйся, усё нажывеш! Бацька казаў, за Зуйковай дзеўкай пасагу асаблівага не возьмеш, ды былі б рукі.

Верка(з гонарам). Пасаг бацька абяцаў, і Вальцы, старэйшай, давалі, і грошы, і ўсё сабралі як трэба. I мне маці ўсё згатавала, і грошы ў бацькі ёсць, я ведаю, маці казала, для меня падрыхтаваў.

Андрэй. Каб грошы, прыкупілі б другога каня – вось табе і гаспадар!

Верка(з гонарам, упэўнена). За мной будуць.

Андрэй. Мы б зажылі! Эх, зажылі б! I малатарня цяпер свая. Бацька сказаў: заўтра да абеду паедзем да Кацькі – паглядзець, як жывуць. За шляхту выдавалі, бацька каня даваў, і грошай колькі, і дапамагалі, а шляхта, сама ведаеш, – гонару шмат, а як да гаспадаркі – то і не вельмі. А даваць за дзеўкай, калі ў талковыя рукі, дык і не шкода. А як не, то бацька не паглядзіць, скажа. А пасля абеду – сам казаў – у сваты.

Андрэй дастае з-за пазухі хустку.

А гэта – табе.

Вера разгортвае хустку.

Верка. Яна ж дарагая… У Шмуйлы гэткія аж па пяць рублёў.

Накідвае хустку на плечы.

Андрэй. Эх, Верка!.. Мы зажывём! Як ніхто!

Верка прыхінулася да Андрэя, Андрэй абдымае яе, пачынае цалаваць. Верка спачатку адказвае, потым хоча вызваліцца.

Верка. Андрэечка, не трэба… Прачнецца хто з нашых… Ой, не трэба… Другі раз, не трэба сёння…

З-за шырмы выходзіць старая, з рук яе выпадае жалезная конаўка. Андрэй і Верка палохаюцца, Верка азіраецца і супакойваецца.

Верка. Гэта бабка, яна глухая, за печкай сядзіць, вады, мабыць, захацела.

Маці Зуйка(стаіць перад іконай). «Госпадзі, Божа праведный, всесільный і всевідзяшчый, прасці мне грахі, іжэ сатварыл па неразуменію в сей ушэдшый дзень і словам, і дзелам, і памышленіем, і ачысці душу маю ат всякай скверны і дай мне, госпадзі, в ночы сей сон перайці в міре, яко семя тваё і во мне есць, чтобы восстаць завтра от ложа, как і во все дні жывата майго і не предай мяне крамоле змяінай і желанію сатаны і врагов маіх плотскіх і не плотскіх, даруй мірэн сон і безмяцежые, яко і всем табою сотваренным… Госпадзі…»


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю