Текст книги "Страсці па Аўдзею"
Автор книги: Уладзімір Бутрамееў
Жанр:
Драматургия
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
Карціна трэцяя
Хата Аўдзея. Сям’я Аўдзея збіраецца за стол. Як і раней, вакол стала нічога няма, ззаду печка, збоку ікона. Аўдзей ужо сядзіць за сталом, дзеці носяць хлеб. Жабрак стаіць каля стала.
Аўдзей(жабраку). Сядай, сядай ужо…
Жабрак садзіцца за стол.
Варвара. Што ні гавары, а не блізка, і дарога. З дарогі заўсёды есці хочацца.
Аўдзей(насмешліва). Ага, дарога. Не ў дарозе справа. Паны многа не ядуць і другім не даюць.
Варвара. Ну, галодныя не сядзяць.
Аўдзей. Яшчэ б ім галодным сядзець. Каня даў, грошай даў – а другога каня не нажыў – затое ў новых ботах ходзіць. Шляхта! Ты з ёй гаварыла?
Варвара. Гаварыла. Быццам давольная. Плакацца няма чаго.
Аўдзей. Яшчэ б ёй плакацца! Сілай не выдаваў. Казаў наперад – не прымушаю, паглядзі сама, цяпер век не такі, самі жэняцца, табе жыць, а лепей з мужыком сваім хутарам, чым з панам: ета не так, тое не гэтак. Ды і гаспадар ён – больш языком.
Варвара. От, бабе адно шчасце, каб мірам прыжыцца, а там ужо неяк… Дзіцё толькі слабенькае. Не крычыць – пішчыць. Знаць, не выжыве.
Аўдзей. Не бяда. Народзіць, ета дзела няхітрае. Дзеўка спраўная, народзіць.
На стол ужо сабралі. Усе пазіраюць на Аўдзея. Аўдзей бярэ лыжку.
Ну, у гасцях добра, а лішні раз паабедаць не пашкодзіць.
Бацька Аўдзея. Бога забываеш! Не да дабра за хлеб без малітвы брацца. (Стары доўга моліцца.) «Отчэ наш, іжэ есі на небесі, да свяціцца імя тваё, да прыідзіт царствіе твае, да будзет воля твая, яко на небесі і на зямлі. Хлеб наш насушчный дай нам днесь, і оставі нам далгі нашы, яко і мы астаўляем далжнікам нашым, і не введзі нас во іскушеніе, но ізбаві нас от лукавага. Амінь». Не да дабра без малітвы за хлеб брацца.
Усе чакаюць, і толькі пасля малітвы бяруцца за лыжкі і пачынаюць есці.
Аўдзей. Чула, маці, старэйшы наш жаніцца захацеў. (Паварочваецца да Андрэя.) Не церпіцца, мабыць, га?
Андрэй. Я вам усё як ёсць сказаў. Як вы скажаце, гэтак і будзе.
Аўдзей. А, маці?
Варвара. Хай сабе, яно-то, можа, і ранавата, дык цяпер жа ўсё не як даўней.
Аўдзей. Даўней усё талкавей было. Бацькі выбіралі. Ну дык раскажы, каго нагледзеў.
Андрэй. Я ўжо казаў вам.
Аўдзей. А ты не палохайся, яшчэ скажы. Тута за етым сталом усе свае сядзяць.
Андрэй(апусціўшы галаву). Верку Зуйкову.
Аўдзей. Бач ты, няблізка выгледзеў. А добра выглядаў?
Андрэй. Добра.
Аўдзей. Дзеўку выгледзець таксама трэба ўмець. Галава тут таксама не лішняя ў гэтай справе. Я як задумаў жаніцца, пайду, думаю, прыгледжуся, каторая як на сенакосе ды з сярпом каб не апошняя. А то ж ведаў – хутар купляць будзем. На хутары ета не на вечарынцы скакаць.
Варвара. Зуйковы працавітыя. Хоць і не досыта, але і не галадаюць, людзі ведаюць.
Аўдзей. Зуйка дзеўкі разарылі. Мужык ён сабе так, быццам нічога, а восем дзевак – не паскачаш. А вось таксама глядзець трэба. А як прывядзе табе трынаццаць дзевак у хату, га?
Андрэй. Не прывядзе. Старэйшая іх, што за Пачапёнкам, – двух сыноў вунь нарадзіла.
Аўдзей(задаволена). Бачыш – прыглядаецца. (Усміхаецца.) А пойдзе за цябе?
Андрэй хоча адказаць, але заўважае, што бацька жартуе, апускае галаву. Усе смяюцца, асабліва гучна Аўдзей – ха-ха-ха. Потым усе змаўкаюць і чуцен смех пяцігадовай дзяўчынкі, што запознілася засмяяцца. Ад гэтага ўсе смяюцца яшчэ раз.
Аўдзей. Ха-ха-ха – яна-то пойдзе. (Ён задаволена азірае ўсё наўкола сябе, стол, сям’ю.) Ну дык што, маці, можа, паедзем, паглядзім дзеўку?
Варвара. Як скажаш.
Аўдзей. Ну дык вось, запражэш пасля абеду Сівога. (Да жонкі.) Нясіце там бульбу ды сала, а то шляхецкі абед, што тая вячэра ў посную пятніцу.
Жонка і дочкі прыносяць бульбу і сала, патэльні. Жабрак падымаецца з-за стала.
Жабрак. Дзякуй, дзякуй, благаславі вас Гасподзь.
Аўдзей. Заставайся, хопіць і на цябе.
Жабрак. Дзякуй. (Залазіць на печ.) Мне многа есці нельга, не прывыкшы. Як чаго варанага пасёрбаю з хлебцам, дык на дзень і сыты.
Аўдзей. От, бачу, ты і да яды, як да працы.
Жабрак. А яно ж і сапраўды, не парабіўшы і не паясі, так яно і ёсць.
Усе працягваюць есці. Уваходзіць мужык, за плячыма ў яго паўмеха зерня. Ставіць мяшок на падлогу.
Мужык. Дзень добры вам у хату. Аўдзей!
Аўдзей. Чаго табе?
Мужык. Доўг за мною. Перасып, я са сваім мехам прыходзіў.
Аўдзей выходзіць з-за стала, падыходзіць да мужыка, глядзіць у мех.
Аўдзей. Ты палову меха браў?!
Мужык. Палову і аддаю.
Аўдзей. Мы дамаўляліся, што за палову меха ты вернеш мех, так ці не так? Дамаўляліся?
Мужык. З майго, Аўдзей, табе цяпер прыбытку не будзе. Мінуў той час. Палову браў, палову аддаю.
Мужык хоча выйсці, Аўдзей затрымлівае яго, хапае за руку.
Аўдзей. Чакай! Палова меха ўвесну, як ты браў, каштуе столькі, колькі цяпер, па восені, тры мяхі. Ты што, за лета сумленне прапіў?
Мужык. Ета ўжо не твая справа, хто што прапіў.
Аўдзей. А дамаўляўся хто?
Мужык. Даваў палову, хочаш цэлы? З чужога хочаш нажыцца? Цяпер не той час, хопіць!
Аўдзей. Што? Я з чужога?
Аўдзей хапае мужыка за грудкі. Паміж імі стаіць мех, ён падае, зерне высыпаецца. Сям’я Аўдзея працягвае абедаць, быццам нічога не бачыць і не чуе. Жабрак падымаецца на печы.
Мужык. Ну-ну-ну! Чаго хапаеш! Нахапаліся, хопіць! З мяне не возьмеш, не…
Аўдзей. Ды я цябе…
Аўдзей прыцягвае мужыка да сябе, але той не даецца. Сям’я моўчкі есць за сталом.
Мужык. Прывыклі хапаць, абдзіралы, нацярпеліся, як вы душыце, сокі з мужыка цягнеце, цяпер не тое, цяпер за беднату, цяпер вам костка папярок горла, кулаччо, куркулі, нарабавалі, награбілі, цяпер мужыку воля, цяпер мужык паверху, каб вы паўдушыліся, зажраліся, гадаўё, на етых хутарах!
Аўдзей. Сокі з цябе – хто – я? Ета ты – мужык?! Які з цябе мужык, калі ты па вясне з торбай ходзіш, насенне просіш, жабрак ты, а не мужык! Мужык тады мужык, калі ён гаспадар, калі не прапіў, не прагуляў, не адляжаў бакі. Мужык тады, калі ў яго ёсць! Я зажраўся на хутары – а і ты зажрыся! Зямлю ж па едаках, усім пароўну раздзялілі – чаго ж ты не зажраўся? Едакоў многа, работнікаў мала, не на едаках свет трымаецца, на работніках! Ета я зажраўся, калі рук ад працы не чую? Ты б цяпер зажраўся б у мяне ў склепе, ды ў кладоўцы – там цяпер усё ёсць, а дзе ты быў, як я пуп ірваў, горб гарбаціў, кішкі вузлом завязваў, каб усё ета мець! Цяпер ты рады на нажытае, ты б аб’еўся, апрогся чужым, а я са свайго мазаля зажраўся, сваім мазалём нагроб. Так, як ты грабеш, і ўтрох не награбеш, а я адзін цягнуў, як вол, як конь, як дзікі мядзведзь: і ета ты мне гаворыш – з чужога?! Ах ты гад, сам век з чужога жывеш, век у доўг, падохнеш, адны даўгі застануцца, у аднаго па вясне бярэш, у другога – па восені. За палову мех па вясне – ета па-божаску, у мястэчку з цябе б тры шкуры спусцілі, дык ты прыбег да мяне за пяць вёрст: Аўдзей Усцінавіч, дапамажы, а цяпер аддаваць не хочаш, як дамаўляліся, сволач, яшчэ й зяпу раскрыў, задушу!
Аўдзей душыць мужыка, той спрабуе вырвацца, але Аўдзей мацнейшы. Сям’я моўчкі есць за сталом.
Мужык. Пусці, пусці, а-а-а, пусці…
Жабрак на печы працягвае ўперад рукі.
Жабрак. Аўдзей, Бог з табой, супакойся. За паўмеха жыта чалавека задушыш, чалавечую душу за паўмеха зярнятак, ці ж вартыя етыя зярняткі таго…
Жабрак гаворыць усё гэта, стоячы на печы, праз стол. Сям’я есць, не звяртаючы ўвагі ні на што. Аўдзей крыху адпускае мужыка, паварочваецца ў бок жабрака і адказвае яму праз галовы тых, хто сядзіць за сталом.
Аўдзей. Зярняткі? Для мяне етыя зярняткі – хлеб! Табе хлеб – працягнуў руку – вот табе і хлеб, а мне ён нялёгка даецца, тройчы потам зямлю палью, пасаджу, сабяру, абмалачу, а потым яшчэ млынару заплачу, тады толькі руку працягваю за сваім кавалкам на стале. Мне етыя зярняткі не проста так, мне хлеб цяжкай працай даецца!
Жабрак. Не хлебам адзіным жывы чалавек, апомніся, Аўдзей. Без дабра не пражывеш, як і без хлеба, не злуй, што нам у жыцці трэба, колькі нам трэба!
Мужык(Аўдзею). Я што браў, то і аддаў, хто-небудзь іншы цяпер, калі ўсіх вас, кулакоў, ксплутатараў душыць пачалі, і етага не аддаў бы, а я, каб граха на душу не браць, прынёс, бо сумленне…
Аўдзей. Сумленне? У цябе сумленне? Каб твой бацька пачуў! Ах ты, гад, заб’ю, сволач!
Аўдзей штурхае мужыка, той падае, у Аўдзея ў руках з’яўляецца пуга, ён б’е мужыка, збоку выскоквае сабака, Аўдзей крычыць: «Ату, ату!», гоніцца за мужыком, мужык уцякае. Сям’я моўчкі есць за сталом, як бы нічога не заўважаючы. Жабрак стаіць на печы, падняўшы ўверх абедзве рукі.
Жабрак. Госпадзі! Колькі злобы ў людзей, колькі злобы, нянавісці, хужэй звяроў! Госпадзі, а што чалавеку трэба? Акрайчык хлеба, цяпло, ды каб не гналі. Госпадзі!
Бацька Аўдзея(стаіць перад іконай). «Госпадзі, не пакінь мяне, атхадзяшчаго в мір ночы сей, не дай дземану насільствам абладаці мною, наставі мяне на пуці спасенія быць дастойну саздацеля… Прыйдзі незрыма і вселіся в нас і ачысці душу маю акаянную і астанаві ад прэступленія, но охрані ад варварства і разбоя…»
Карціна чацвёртая
Тая ж сялянская хата. Стол, печ, бачны іконы. Шырма, за каторай спяць. Вера Зуйкова нешта шые разам з сяброўкай Таняй. Збоку – яе малодшая пяцігадовая сястра перабірае фасолю.
Танька. Выйшла ўчора ад цябе, іду, а яны з гармонікам, паселі на бярвеннях каля Фядосіка. Дык Кацька ўжо каля Пецькі, і гэтак увіваецца, гэтак увіваецца, а ён – хоць бы што. Дык так адна да хаты і пайшла. Бястыжая…
Верка. А Пецьку можа абкруціць. Ён ціхі, во паглядзіш. Папомні мае словы.
Танька. А во паглядзім – не!
Верка. Як летась – Валька Сіўцова – круцілася каля Федзькі, ды замуж і выскачыла.
Танька. Параўнала – Валька Сіўцова. Там ёсць на што паглядзець, а то – пігаліца. Прыдумала, што яна прыгажуня, а ў самой нос доўгі, як лядзяш. I бястыжая…
Верка. Ведаеш, я раней таксама гэтак думала – бястыжая, бястыжая… А цяпер неяк падумала – а калі б што паміж намі з Андрэем…
Верка азіраецца на сястру, тая ўважліва прыслухоўваецца, але, заўважыўшы Верчын погляд, паспела адвярнуцца і зрабіць абыякавы выгляд.
(Цішэй.) Калі б што – нічога не пабаялася б зрабіць. Што б хто ні казаў. Цяпер я зразумела, чаго гэта яны ўсе бястыжыя…
Танька. Паслухай, Вер, вы як удвух застаецеся, што Андрэй робіць?
Верка. Што?! (Паціскае плячыма.)
Танька. Не. Твой Андрэй, мабыць, не гэтакі. А за мною ўчора зноў Колька ўвязаўся… I зноў за сваё…
Верка. Ціха ты.
Верка і Танька азіраюцца, сястра не паспявае адвесці ўбок зацікаўленага позірку.
(Да сястры.) Ідзі на вуліцу пагуляй!
Сястра. А мне маці казала фасолю перабраць…
Верка. Ідзі, ідзі, вушы вострыш. Паспееш, перабярэш яшчэ фасолю, паспееш!
Выводзіць сястру з хаты.
Што я табе пакажу зараз…
Танька. Ой, што? Пакажы хутчэй.
Вера дастае хустку і паказвае.
Ой! У Шмуйлы гэткія па пяць рублёў бачыла.
Верка. А ведаеш, хто мне яе падарыў?
Танька. Хто?
Верка. Андрэй падарыў.
Танька. Андрэй?
Верка. Ага.
Танька. Дай паглядзець.
Верка аддае хустку. Танька мерае. Потым задумваецца.
Вер, а Вер? А ты чула?
Верка. Што?
Танька. Пра Зінку Васількову?
Верка. Не-а. Скажы.
Танька. Толькі… каб нікому!
Верка. Няўжо ж!
Танька. Зінка цяжарная!
Верка. Ай, госпадзі!
Танька. Ад Мішкі Барысіка. Усё – мой Мішка, мой Мішка, – вот табе і Мішка! Хадзіла да бабы Сысіхі, а Сысіха і кажа раптам: не, больш грашыць не буду, грэх на душу браць, мне паміраць хутка… А сама потым цётцы Марылі расказала, а тая ўжо – маці. Бацька яшчэ не ведае. Што будзе! Глядзі – каб нікому.
Сяброўкі памаўчалі, а потым Танька нерашуча прадоўжыла.
А спачатку хустку гэткую паказвала, як у цябе.
Верка. Якую хустку?
Танька. Гэткую саму, ад Шмуйлы, па пяць рублёў. (Зноў памаўчаўшы.) Як у цябе…
Верка. Ты што прыдумала?! Дурніца ты!
Танька. Я нічога…
Верка. Хочаш, скажу?
Танька. Што? Гавары.
Верка. Сёння ў сваты прыедуць.
Танька. Яй-богу? Андрэй?!
Верка(з гонарам). Андрэй!
Танька(узрадавана). Ой, Верка, праўда? (Абдымае Верку.) А ты адкуль ведаеш?
Верка. Ведаю.
Танька. А ты маці казала?
Верка. Няўжо ж.
Танька. А бацьку?
Верка. Не-а. Маці, мабыць, сама яму сказала. Андрэй казаў – аддзеліць бацька. Сваім дваром жыць будзем. Я б ні за кога не пайшла, толькі за яго. Ні за кога. Я яго ў сне кожную ноч бачу, толькі вочы закрыю – і бачу…
Танька. Вер…
Верка. Што?
Танька. А табе не страшна? Замуж?
Верка смяецца.
Верка. Андрэй казаў, што ён мяне і пальцам не кране, яй-богу.
Уваходзіць маці, з ёй пяцігадовая дачка.
Зуйчыха. Во сарокі, языкамі лапочуць, а ў хаце не прыбрана. Як праўда людзі прыедуць?
Верка. Я зараз!
Танька. Я пайду, раскажаш пасля.
Зуйчыха, Вера і пяцігадовая дачка прыбіраюць у хаце, накрываюць абрусам стол, выносяць фасолю, Верка выходзіць, застаюцца Зуйчыха і пяцігадовая дачка.
Дачка. Мам, а мам…
Зуйчыха. Што?
Дачка. А за каго б мне замуж пайсці?
Зуйчыха. Што? Шмат жаніхоў?
Дачка(задумаўшыся). Віцька – дык ён недарэка. Пецька зусім малы яшчэ. Сашка Сёмкін бегае да Валькі гуляць, мне гэтакі непатрэбны… А Саўка…
Зуйчыха(сур'ёзна). А што Саўка? За Саўкам без хлеба б не сядзела, у іх усе спраўныя.
Дачка. Не, мам… За Саўку я не пайду…
Зуйчыха. Чаму?
Дачка. У яго соплі з носа цякуць… Прама на губу.
Зуйчыха. А ты прыгледзь. За мужыком хто прыгледзіць. Калі Саўка ў бацьку ўдасца, за ім кожны дзень булкі есці будзеш.
Дачка. Як на Вялікдзень?
Зуйчыха. Як на Вялікдзень.
Уваходзіць Верка. Садзіцца ля стала.
Верка. Мам, а калі цябе сваталі, боязна было?
Зуйчыха. Боязна. Толькі ў той час усё інакш было. Я твайго бацьку да сватоў і не ведала. Нас у сям’і дзве дзеўкі было на выданне, дык як прыехалі, то і не ведалі, да каторай. Во як было ў тыя часы.
Верка. Мам…
Зуйчыха. От ладна, усё яшчэ даведаешся. Бацькі няма – людзі прыйдуць, сорам. Панеслі чэрці на ета засяданне. Пачапёнак еты хаця і зяць, а розуму няма, і бацьку нашага цягне туды ж. Сядзелі б лепш ціхенька па хатах… Ды хто бабу паслухае… Ідзі дзеўкам дай паснедаць, бо прыйдуць людзі, сядуць ды гарэлку пачнуць піць, ды размаўляць, дык тыя галоднымі і застануцца.
Верка выходзіць і тут жа вяртаецца.
Верка. Мамачка! Едуць!
Зуйчыха. А госпадзі! Бацькі ж няма! А госпадзі!
Уваходзяць сваты – Аўдзей, Варвара, Андрэй, дзве старэйшыя дачкі Аўдзея.
Аўдзей. Вечар добры! Прыйшлі не званыя, як прагоніце, дык міма пойдзем, а як пусціце ў хату, дык і вам гарэлкі нальем.
Зуйчыха. Заходзьце, заходзьце, сядайце. Мы гасцям рады. Сядайце. Толькі гаспадара нашага няма – во-во вернецца, выклікалі ў сельсавет, пайшоў пасля абеду ў ета мястэчка, павінен ужо вярнуцца…
Аўдзей. Па якіх справах выклікалі?
Усе садзяцца.
Зуйчыха. Зяць у нас… Старэйшую нашу дачку браў. Вы ж, мабыць, ведаеце, Пачапёнак…
Аўдзей. Чаму ж не ведаем. Ведаем. Мы хаця і жывём далекавата, але ж самі адсюль усіх добра ведаем. I Пачапёнка ведаем. Хто яго не ведае. Зяць не на ўдачу.
Зуйчыха. Яй-бо. Не на ўдачу. Ды што рабіць. Восем дзевак. Як пасватаў, так і аддалі. Нам выбіраць няма з чаго.
Аўдзей. Непуцёвы.
Зуйчыха. Усё засяданні. А ў гаспадарцы не прыбаўляецца, ды і тое, што ёсць, недагледжана.
Аўдзей. Дык ад засяданняў і не прыбавіцца. Засяданнямі хлеба не вырасціш і скаціну не накорміш.
Зуйчыха. Вось і бацьку нашага зацягнуў, у нейкую там камісію. Вы ўжо выбачайце – во-во павінен вярнуцца.
Аўдзей. Мы можам і пачакаць. Нам спяшацца няма куды, мы на засяданні не ходзім, гаспадарка ў нас у парадку, можна і ў госці праехаць. Паглядзець, можа, дзе дзеўкі добрыя ёсць. Праўда, хлопец наш хутчэй за нас справіўся, выгледзеў сабе прыгажуню, вот бы і нам паглядзець.
Зуйчыха. Верка! Выйдзі да людзей!
Верка адразу ж выходзіць з-за шырмы, быццам толькі і чакала, калі яе паклічуць.
Аўдзей(весела). Бач ты, і ўгаворваць не трэба!
Зуйчыха дакорліва ківае дачцэ галавой.
Зуйчыха(як бы апраўдваючы дачку). Дзеўцы гэткая доля – не церпіцца.
Аўдзей. Калі і да работы гэткая спрытная, дык нам падышла б, я гэтак думаю.
Зуйчыха(паспешліва). У нас усе працавітыя. Ета любы скажа, у каго хочаце спытайце.
Аўдзей. Яно і нам гультая не трэба, ды, папраўдзе, і гультаю ў нас соладка не будзе. Калі дамовімся, дык сына я вырашыў па вясне аддзяліць. Ён у мяне талковы, за ім не прападзе, але ж не так ета і лёгка – на свой хлеб сесці. Не кожны гэтую лямку пацягне. Справа – не жарт. Але нам бы з гаспадаром пагутарыць.
Зуйчыха. От гаспадара нашага няма. Ды калі ўжо гаварыць, то што там. Мы людзі простыя. Нам дзеўка з рук – палёгка, што ні кажы, а гэта так. Але іншы раз і аддаваць шкада. Вырасцілі, дзеўкі добрыя, і дапамога ад іх – але ж каля сябе ўсё жыццё трымаць не будзеш. Цяжка дзевак выдаваць, ды што ж рабіць, але скажу адно: нашыя горш як у людзей не будуць. I Пятрок не пастаіць – і грошы дадзім, і карову прывядзе. А што да работы – дык з нашымі мала хто параўнацца можа, хай людзі скажуць. Мы хоць і не багата жывём, але не лежабокі. Каб мірам ды ладам, дык з нашага боку граху ні ў чым не будзе.
Аўдзей. От ета ты, гаспадынька, добра сказала. Не люблю я сватання, п’янай размовы. Справа сур’ёзная, сур’ёзам і гаварыць трэба. Такая размова нам падыходзіць. Мужыку каня купіць – і то розум трэба, а ета жонка, тут удвая глядзець. Мы жывём аднаасобна, ад людзей далёка. Каму сумна, а каму – і не. Лепш пасумаваць, чым пагаладаць. Працуй – і сумна не будзе. Па-мойму гэтак: хто робіць, той і мае, а хто мае – той і жыве. Вось гэткая размова мне, гаспадыня, па душы. Толькі б нам яшчэ з гаспадаром пагутарыць. Гаспадар – гэта гаспадар…
Зуйчыха. От бяда! I ніколі ж раней не хадзіў на етыя засяданні! I казала ж яму. А Божа, ці не ён?
Уваходзіць Зуёк.
Зуёк(хаваючы вочы). Вечар добры.
Аўдзей(падымаецца насустрач). Добры вечар, Пятрок, прыехалі за таварам, а гаспадара і няма.
Абодва стаяць наперадзе, а за імі ў рад сядзяць усе, хто прыехалі ў сваты. Зуйчыха і Верка стаяць каля іх справа і злева.
Зуёк(незадаволена). Я тавараў не трымаю, гэта ў мястэчках у крамах тавары.
Аўдзей. Ну, брат, у цябе тавару на палову вёскі хопіць. Мы тут, хаця і не па парадку, з гаспадыняй размаўлялі ўжо. Дзеўку сватаць прыехалі.
Зуёк(робіць здзіўлены выгляд). Дачку?
Аўдзей. А што ты дзівішся? Прымай сватоў, сватоў прымаць лёгка, у іх гарэлка з сабою.
Зуёк. Дачка мая яшчэ маладая.
Аўдзей. А нам маладая і патрэбна. Навошта сватам старая? Мы за маладой і прыехалі.
Зуёк. Ну вось што. Таго, чаго вам трэба, у мяне для вас няма. Так што, выбачайце, гасцявацца нам няма чаго.
Аўдзей. Пачакай, як гэта?
Зуёк. А так. I гарэлкі мы піць не будзем, і да другога разу адкладваць не будзем. Выбачайце!
Зуйчыха. Пятрок, ты што? З глузду з’ехаў? Ты ж сам казаў!
Зуёк(жонцы). Цыц! (Да Аўдзея.) Што сказана, то сказана – дачку замуж я не выдаю. I ўся справа.
Аўдзей здзіўлена глядзіць на Зуйка. Андрэй падымаецца і робіць крок наперад, азіраецца на Верку, тая хоча нешта сказаць.
Аўдзей(пакрыўджана-абурана і сярдзіта). Ну, тады… Тады ета ўжо вы нас выбачайце! Андрэй!
Верка. Татка, аддай за Андрэя!
Кідаецца да бацькі і падае перад ім на калені.
Зуёк. Бястыжая!
Зуйчыха. Пятрок! А госпадзі!
Зуёк(тупае нагой). Цыц! Марш атсюдава!
Аўдзей і ўся яго сям’я выходзяць. Верка хоча кінуцца следам. Зуёк хапае дачку за руку, штурхае яе. Верка падае, маці падымае яе.
Зуйчыха. Пятрок!
Верка. Што вы нарабілі – а-а-а!! Пусціце, пусціце мяне, што вы нарабілі!
Маці ўтрымлівае Верку, Верка вырываецца, захлёбваецца слязьмі.
Зуйчыха. Што ты…
Верка. Пусціце мяне. Сама да яго пайду! Сама, што вы робіце, пусціце!
Зуёк. Цыц, бабы дурныя! Іш, распусціла! Я вам!
Зуйчыха. Ты ж сам казаў!
Зуёк. Тое было ды прайшло! Ад Аўдзея цяпер чым далей, тым лепей!
Выходзяць некалькі дачок, забіраюць у маці Верку, вядуць за шырму. Верка плача, знясілена.
Верка(паўтарае). Пусціце мяне, пусціце, што вы нарабілі!
Зуйчыха(мужу). Што людзі скажуць – Аўдзею адмовіў, з глузду з’ехаў!
Зуёк. Не да людзей, сваё даражэй, ты ведаеш, што з Аўдзеем будзе?
З новай сілай чуваць плач і крык Веркі, і ўсё раптам змаўкае.
Зуйчыха. Што?
Зуёк. Каб пра гэта больш ні слова не чуў, зразумела? I рота не раскрывай.
Зноў чуваць плач і крык Веркі, і зноў раптам усё змаўкае.
Зуёк. Толькі звечарэе, возьмеш карову – Лысуху, павядзеш лесам, выйдзеш на шлях – да раніцы каб у Мсціслаўлі была, прадасі за любыя грошы.
Зуйчыха. Што ты кажаш?!
Зуёк. Маўчы, баба! Рабі, што мужык кажа!
Зноў чуваць плач і крык Веркі, і зноў ён адразу змаўкае.
I нікому, каб ні слова! I каб ніхто не заўважыў. А я павяду другога каня і кароў… Аддай дачку за Аўдзея, невядома, што з ёй станецца.
Зуйчыха(прыкрывае палахліва рот рукой). Што ты кажаш! Што ж гэта робіцца?!
Зноў чуваць плач і крык Веркі, і зноў адразу ўсё змаўкае.
Зуёк. Маўчы, маўчы, дурная, маўчы. (Пагражае жонцы кулаком.)
Зноў чуваць плач Веркі, яе крык: «А госпадзі, што вы нарабілі, пусціце мяне, утаплюся, утаплюся я, госпадзі, чым я вінавата, што яны са мною робяць, госпадзі, людзі, утаплюся, утаплюся, госпадзі».
Маці Зуйка(стаіць перад іконай). «Госпадзі, дай мне слёзы і памяць, і ўміленіе, паслушаніе, долгацярпеніе і кротасць… Ізбаві мяне ад маладушыя і акамяненнага нечувствія, ад дзьявальскага паспяшанія, ад лютага васпамінанія, ад завісці чалавечаскай і ад насілія па злобе, і ад власцей жастокасердных і нерадзівых… Госпадзі, весь перад табою, яко внезапно судзія прыідзет і каждага дзеянія абнажацца… Пуці твае ніспаведзімы, чалавек, яко трава дні яго, і не пазнает места свайго і не падумает о часе сваём… Госпадзі, гнев твой ачышчаюшчый да не да канца прагневаецца, не дапусці беззаконія, не па беззаконію нашаму судзі нас…»