Текст книги "Новыя прыгоды Несцеркі"
Автор книги: Уладзімір Бутрамееў
Жанр:
Драматургия
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
Несцерка. Няўжо?
Манах. Павер мне. Я чалавек вучоны. Толькі вось бяда – ключы я не знайшоў, а з раніцы ў роце ні кроплі не было.
Несцерка. Э, браток, ведаю гэткую бяду. Але, умеючы, дапамагчы няцяжка. Адкрый заслону.
Манах адкрывае заслону.
Манах. Божа! Як мудра ўсё на гэтым свеце! Трэба толькі адкрыць заслону!
Яны садзяцца за стол, наліваюць віна.
Несцерка. Але ж у цябе і мерка!
Манах. Як самі сабе мераем – гэткай меркаю і нам адмераюць. (Выпівае.)
Несцерка. I колькі ж ты можаш выпіць?
Манах. Гэта гледзячы па абставінах. Якое віно, якая закуска. У пакоях або на ваздусях, за сваё ці дармавое.
Несцерка. Ну, калі найлепшае віно, і закуска, ды ў садку пад вішнямі – і на дармаўшчыну?
Манах. Тады да бясконцасці, і яшчэ адна бутыль.
Несцерка. Чакай, калі да бясконцасці, то навошта яшчэ адна бутыль?
Манах. А каб раніцай апахмяліцца было чым.
Несцерка. Божа! Вось што значыць вучоны чалавек. Колькі гадоў гэтую гадасць п’ю – а да гэткага не дадумаўся.
Манах. Таму дурная галава раніцай і баліць. Налівай.
Несцерка. Але так піць – і ў царства Божае не трапіш.
Манах. Сказана: царства Божае – унутры нас. (Выпівае і гладзіць сябе па жываце.) А дзе ж наш благадзецель, пан Пшэбыеўскі?
Несцерка. Ксяндза шукае.
Манах. А навошта?
Несцерка. Жаніцца хоча.
Манах. I дарэмна. Сказана: жанчына – ёсць сетка.
Несцерка. Ахвота горш за няволю.
Манах. I гэта праўда. Я б і сам мог дапамагчы нашаму благадзецелю. Я ж не проста манах – я і ксяндзом, і вікарыем магу, і грахі адпускаць маю права – у мяне папера ад самага папы ёсць. Сам папа падпісаў – эх, яго б сюды. Ён жа плакаў, калі мяне праводзіў, а вось цяпер бы мы павесяліліся!
Несцерка(хоча наліць). Стары фокус – зноў пуста.
Манах. Неразгаданая загадка быцця, колькі ні пі – дап’еш да дна, а назаўтра зноў поўна – га? «Чудзен сей мір», – хвала яго тварцу. А хто п’е – налівайце, а хто не п’е – не давайце.
Манах засынае, седзячы на крэсле. Уваходзіць Малання.
Малання. Ну што, дарваліся, як свінні да гразі – цяпер да раніцы.
Несцерка. Ох, галубка, не да віна – абкруціў мяне Пшэбыеўскі. Правёў на мякіне. Я думаў, ён дурны, як яго стары бацька, – ды дзе там!
Малання. Стары хоць шчодры быў.
Несцерка. А ты і яго грэла?
Малання. А чаго б і не пагрэць, калі холадна старому.
Несцерка. А вось сынок падпёк – хоць локці кусай.
Малання. А ты думаў, за ўсіх хітрэйшы?
Несцерка. Дурніца, табе ж горш. Вось падсуне свайго татарына замест мяне да Кацярыны – у касцёл ды і ў Варшаву. А ты з носам застанешся.
Малання. Бач ты! Што ж рабіць?
Несцерка. Што рабіць? Трэба нешта прыдумаць. А як дурнем прыкідваўся, га – я і паверыў.
Малання. Я ж казала – гэты такога наабяцае. Мне таксама – у Варшаву завязу, ажанюся з табой. I ўсё – адны абяцанкі. Стары хоць грошы даваў.
Несцерка. Дык ён ажаніцца з табою абяцаў?
Малання. Што бабе не паабяцаеш, пакуль яна гарачая. А я, дурніца, і паверыла.
Несцерка. Што ж ты адразу не казала?
Малання. Гэтак вам кожнаму ўсё і скажы. Але я ім пакажу вяселле, і нявесце дастанецца. Я ім пакажу – злосць хоць зганю.
Несцерка. Пачакай, пачакай. Зноў ты напралом. Вось хто нам дапаможа. (Хлопае Манаха па спіне, той падае з крэсла.)
Малання. Эй, цішэй, заб’ецца.
Несцерка. Яго і колам не заб’еш, цягні на канапу.
Цягнуць Манаха за ногі праз усю сцэну.
Ну і цяжкі, не падняць. Нездарма на жывот плячысты. Заставайся тут – вартуй, і каб да вечара цвярозы быў. Расолу прынясі. I чакай мяне.
Несцерка і Малання выходзяць у розныя бакі.
Манах(падымае галаву). А хто п’е – налівайце, а хто не п’е – не давайце. (Зноў падае і храпе.)
Карціна сёмая
Невялікі пакойчык, лаўкі, стол. За сталом Несцерка і Кудрачок.
Кудрачок. Кінь ты са сваёю свабодаю. Свабода, свабода, а калі есці захочаш, так і глядзіш, у якое б ярмо галаву ўсунуць. Адно мёртвы і свабодзен, ды яшчэ той, у каго грошы ёсць.
Несцерка. Вось табе грошы і засланілі ўвесь свет. Гэта пад старасць шчасце ў цёплым закутку ды пры кавалку хлеба. Кацярыне сямнаццаць год – а ты ёй старэчае шчасце навязваеш. Ці сапраўды астрога баішся?
Кудрачок. Ведаеш, Несцерка, хочаш крыўдзіся, хочаш не, але ты пражыў галота галотаю. Хочаш, каб і другія ўсё жыццё задам свяцілі?
Несцерка. Я на жыццё не ў крыўдзе.
Кудрачок. Ат, ні кала, ні двара, галаву прытуліць няма дзе. Я і сам не болей за цябе нажыў. Ды аднаму лягчэй. А як мне на дачку глядзець – яе жабрачкаю пусціць па жыцці! Маладосць пройдзе – кветка адцвіце, дзяцей раджаць, гаспадарку трымаць – не тая песня. Кажаш, астрога баюся? Ды я да канца дзён гніць у ім згодзен, толькі б Каця шчаслівая жыла.
Несцерка. Не блытай шчасце з багаццем. Быў ты голы, пеў ды весяліўся, і жонка твая не сумавала. А цяпер яшчэ і панам не стаў, а ўжо асунуўся – у труну лепшага кладуць.
Кудрачок. Вось выведу дачку ў людзі – тады можна і ў труну.
Несцерка. А чым Андрэй не людзі? Шукай цар царыцу, а пастух пастушку.
Кудрачок. Значыць, мяне – у астрог, дачку – у жабрачкі. Добрая парада.
Несцерка. А калі закладу за цябе тысячу Пшэбыеўскаму?
Кудрачок. Адкуль яны ў цябе?
Несцерка. Я ж табе казаў: у мяне мільён незаробленых, а з сабою тысяча.
Кудрачок. Ну, а што дрэннага, калі за Пшэбыеўскага пойдзе? За панам босая не будзе.
Несцерка. А што я мацеры яе скажу, як сустрэну на тым свеце?
Кудрачок. Маці дзякуй скажа.
Несцерка. Круціш, братка. Ды мяне не правядзеш. Табе самому хочацца ў падпанкі пралезці.
Кудрачок. I самому пад старасць пажыць трэба.
Уваходзіць Кацярына.
Несцерка. Ну, радуйся, прынёс я грошы, аддаць Пшэбыеўскаму.
Кацярына. Праўда?
Несцерка. Ну дык што перадаць Пшэбыеўскаму – хай вяселле рыхтуе?
Кацярына. Ні за што на свеце!
Кудрачок. Ну вось што, Несцерка, не муці ваду. Не мяшайся не ў сваё.
Кацярына. Не, тата, не пайду за Пшэбыеўскага.
Кудрачок. Эх, дачушка. Не ўсё ж табе сямнаццаць год будзе. Затое будзеш пані. У вышэйшым свеце.
Несцерка. Адусюль па злодзеі – вось і вышэйшы свет.
Кудрачок. А з панам жыць – не з мужыком. Які ні ёсць, а культура.
Несцерка. Вазьмі розум у зубы. Бачыў я свіней панскае пароды. Думаеш, салодка жыць з такім? Ён жа, як певень, вакол кожнае дзеўкі скача.
Кацярына. Татачка, кахаю я Андрэя. З ім мне і жыць, а без яго – хоць у ваду.
Кудрачок. А, дык вы дамовіліся! У роднага бацькі за спіною?! Ну дык садзіце мяне ў астрог, рэжце, рабіце што хочаце. (Хоча пайсці з пакоя.)
Кацярына. Не, чакайце, не. Будзе гэтак, як тата кажа. Знаць, такая мая доля.
Несцерка. Ну, не! Апошняе слова будзе за мною. Слухай, стары дурань. Хацеў я цябе па-добраму ўгаварыць, хацеў, каб ты гонар свой успомніў. Ну дык ведай. Не збіраецца Пшэбыеўскі вянчацца з тваёй дачкою. Наняў ён татарына, каб адслужыў замест ксяндза, забярэ Кацярыну, пацешыцца ды і аддасць табе назад.
Кудрачок. Ды ты што?! Брэшаш, прыдумаў усё.
Несцерка. Сваімі вушамі чуў. А не верыш – праверыць лёгка. Бачыш – тройка едзе. Гэта татарын па Кацярыну. Вось мы яго спытаем.
Несцерка бярэ мяшок і становіцца ля дзвярэй. Уваходзіць кухар-татарын.
Кухар. Мая прывёз…
Несцерка накрывае яго мяшком, валіць і завязвае.
Несцерка. Бач ты, нехрысць, вочы ў сабакі пазычыў, а ну, што тут у яго. (Дастае адзенне ксяндза.) Бачыш? (З кішэні адзення дастае пісьмо і чытае.) «Той, хто перадасць гэтае пісьмо, адвязе вас па маіх справах. Пшэбыеўскі». Ага, гэта мне спатрэбіцца. Ну, што пан загадаў рабіць увечары?
Кухар. Мая твая не разумей.
Несцерка. Зараз зразумееш. (Бярэ нагайку і б’е.) Што пан загадаў рабіць увечары?
Кухар. Стой, стой, разумей, мая твая разумей!
Несцерка. Кажы, а то яшчэ ўсыплю.
Кухар. Вянчаць пана з Кацярынаю загадаў – я не хацеў, але пан загадаў – а яго спалохаўся.
Несцерка(б’е). Не палохайся пана, падпанак чортаў.
Кудрачок. О Божа! Я ж стары дурань – сам сваю дачку на гэткае аддаваў!
Несцерка. Паверыў?
Кудрачок. Прабач, што я, стары дурань, нарабіў бы! Але гэта так проста яму не сыдзе. Я да губернатара дайду – найду ўправу.
Несцерка. Э, кінь. Там, наверсе, яшчэ толькі лапці плятуцца, каб пайсці на людское гора паглядзець. I заўсёды хто-небудзь знойдзецца, каб гэтыя лапці паціху расплесці.
Кудрачок. Ды што ж, гэта яму ўсё так і сыдзе?
Несцерка. Не, брат, спускаць нельга. Толькі не жаліцца. Што, мы самі не знойдзем на панскі розум мужыцкай хітрасці?
Уваходзяць Бургамістр і вартаўнікі.
Бургамістр. А – вось ён. Хапайце яго – і ў мех, і завяжыце, каб больш не ўцёк.
Вартаўнікі запіхаюць Несцерку ў мех.
I нагайку прынясіце мне – я яму адразу ўсыплю.
Вартаўнікі выбягаюць.
Кудрачок. За што ж гэта вы добрага чалавека ў мех?
Бургамістр. Добрага? Ведаю я гэтага добрага. Але на гэты раз ад мяне не ўцячэ. За ўсё разлічуся – эй, нагайку нясіце!
Выбягае таксама следам за вартаўнікамі. Кудрачок хутка мяняе мяхі – з кухарам на сярэдзіну хаты, з Несцеркам – пад стол. Убягае Бургамістр.
(Б’е.) Вось табе, вось табе тры валасіны, вось табе тры валасіны!
Кухар. Разумей, мая ўсё разумей!
Бургамістр. Зразумееш у астрозе, з цябе скуру спушчу – усё зразумееш! Бургамістра не правядзеш!
Вартаўнікі забіраюць мех, усе выходзяць. Кудрачок выпускае Несцерку з мяха.
Несцерка. Вось як, братка. Відаць, намазоліў я тут вочы, трэба далей ісці.
Кудрачок. А як жа з Пшэбыеўскім?
Несцерка. Тут брат – разарвацца, а не паддацца. Адпраўляй Кацярыну насустрач Андрэю, а як звечарэе – прыходзь да касцёла. Будзе яму нявеста, ды з другога цеста. Папомні маё слова: што лапці сплятуць, таго боты не разблытаюць. Будзе вяселле!
Карціна восьмая
Злева – алтар касцёла. Амаль уся сцэна свабодная для танцаў. Пшэбыеўскі ў простым адзенні пад руку з нявестаю. Цёмна, гараць свечкі. За маладымі Кудрачок і некалькі лакеяў. Гучыць арган.
Манах(у адзенні ксяндза). Будзьце мужам і жонкаю, дзеці мае. Пацалуйцеся!
Пан падымае фату нявесты і здзіўлена адскоквае. Нявеста – гэта Малання, якая хапае яго і цалуе.
Пшэбыеўскі. То цо такое?! Хто то? Ты каго, нягоднік, мне падсунуў?
Кудрачок. Не ведаю, паночку. Вы маскарад зрабілі, а мы – кірмаш. Вось і атрымалася ўсё шыварат навыварат.
Пшэбыеўскі. Ага, акруціць мяне захацелі – не выйдзе – вянчання не было, то ж не ксёндз, то кухар мой, татарын Мустафа.
Манах. Пабойцеся Бога, пан Пшэбыеўскі, які ж я татарын?
Пшэбыеўскі. А-а-а, а ты адкуль узяўся, цябе хто клікаў?
Манах. Несцерка прывёз – вось па вашым пісьме. (Падае пісьмо.)
Пшэбыеўскі. «Той, хто перадасць гэтае пісьмо, адвязе вас па маіх справах», – а, дык гэта гэты прайдзісвет!
З’яўляецца Несцерка.
Несцерка. Я-я, паночку, – прабачце, што затрымаўся, пакуль праспаўся пасля вашае гарэлкі.
Пшэбыеўскі. Ды вы ўдвух – і ты. (Кідаецца да Кудрачка.) Ды я цябе за доўг у астрог!
Несцерка. Заплоцім паночку – толькі распіскаю. Ад вашае жонкі. Памятаеш, Малання, тысячу, што дамаўляліся?
Пшэбыеўскі. Якой жонкі?
Малання. А то не? А то не абяцаў, а то не вянчаліся?
Пшэбыеўскі. Ціха, ціха.
Малання. А то я не пры ўсіх правах!
Несцерка аддае распіску.
Несцерка. Вось і разлічыліся. Адным словам, каму вінен – усе прабачце.
Пшэбыеўскі. Ды што ж мне цяпер рабіць?!
Несцерка. Вяселле гуляць. Такая ўжо тут справа – глядзець трэба. На кірмашы і бык цельны. А купіў мыла – еш, хаця і не міла.
Пшэбыеўскі. Стойце! Гэта разбой! Лакеі – хапайце яго.
Несцерка. Ціха, ціха, паночку, – я таксама не адзін. Гэй, людзі.
Уваходзяць людзі. Шум. Крыкі. Вяселле. Прыбягаюць Кацярына і Андрэй.
Андрэй. Чакайце, дзе ксёндз – і нас таксама.
Агульны шум, крыкі, вянчаюць Кацярыну і Андрэя. Раптам убягае кухар Мустафа, падае ў ногі Пшэбыеўскаму і крычыць: «Мая твая разумей, разумей!» За ім бягуць вартаўнікі і Бургамістр з крыкам «Пярэварацень, пярэварацень!»
Несцерка. Гэй, ваша светласць, – давайце на вяселле. Пасля разберацеся, хто і ў што перавярнуўся. Гуляй, людцы, пакуль вяселле.
Пачынаюцца танцы, песні.
Вось цяпер мне пагуляць,
Пакуль грае скрыпка.
Рукі-ногі не баляць,
Сярэдзіна гібка.
Маладыя хлопцы (акружаюць Маланню).
Эх, жаніўся мех на торбе,
Будзем танцы танцаваць,
Няма грошай ні капейкі,
Застаецца пагуляць.
Малання.
Мілы мой, харошы,
Не люблю цябе за так,
А люблю за грошы.
Маладыя хлопцы (вакол Пшэбыеўскага).
Без мяне мяне жанілі,
Мяне дома не было.
Я спачатку зажурыўся,
Потым стала весяло.
Андрэй.
Ох, не піў бы і не еў бы,
Усё на мілую глядзеў бы.
Кацярына.
Хоць пад лаваю сядзець,
Ды на прыгожага глядзець.
Маладыя хлопцы (вакол Манаха).
А хто любіць пана,
А хто пападдзю,
А я, дурачок,
Люблю папоўскіх дачок.
З’яўляецца Брындзюкоўна з таўкачом.
Несцерка. Кінь сваю пушку. Дапамаглі сродкі – цяпер твой муж да Маланні ні нагой!
Маладыя хлопцы (вакол Брындзюкоўны).
Знаў Бог,
Што не даў свінні рог.
А каб баба рогі ўзяла,
Усіх на свеце б забадала.
Несцерка(аказваецца з Пшэбыеўскім на пярэднім плане). Не хмурся, паночку, больш убачыш. Вось бы гэтую гісторыю запісаць у ксёнжку ды і выдаць у Варшаве – от бы быў фальклор. Ну ды прыйдзе час, напішуць кніжкі і пра нас! Эх, гуляй людцы, пакуль вяселле!
Ой, без дудкі, без дуды
Ходзяць ногі не туды.
А як дудкі заіграюць,
Ногі ўдзержу не знаюць.
Усе разам танцуюць.
А не ўсё па горы плакаць,
А не ўсё па ім тужыць.
Прыйдзе час – хаця хвілінку
Ды ў вясёласці пажыць.
Заслона апускаецца. Застаецца адзін Несцерка.
Ну, людцы добрыя, закончан баль – і дудкі ў торбу! Вось гэтак і жывём – часам плачам, часам скачам. Торба не груз, сто вёрст не пераход – дарогу топчам, хлеб есца, лапці трэплюцца, а ногі свае, не казённыя, так і хаджу – паміраць няма калі. I пакуль вы, людцы добрыя, смяяцца не развучыцеся – Далібог, не памру. Адным словам, што было – то прайшло, што будзе – то пабачым, а што дрэнна – то не мы. Здаровы бывайце, дабром памінайце, у госці чакайце: здарыцца зноў вашы мясціны праведаць – не праміну зайсці паабедаць. (Кланяецца і выходзіць, закінуўшы за плечы торбу.)
Заслона