Текст книги "Новыя прыгоды Несцеркі"
Автор книги: Уладзімір Бутрамееў
Жанр:
Драматургия
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
Карціна чацвёртая
Добра прыбраны пакой. За перагародкай бачны ложак, стол, шафа, буфет, насупраць печка. Частка сцэны – вуліца, ганак, насупраць відаць лесвіца на гару, бачна адрына. Сцяна хаты выходзіць на першы план так, што заслона можа закрываць толькі частку сцэны – вуліцу або хату. У пакоі Малання. Яна паглядае ў акно, кагосьці чакае.
Малання (пяе).
Не закрыю на ноч дзверы,
Няхай будзе халадок.
Каб хадзілі кавалеры
I насілі мне мядок.
Нехта грукае ў дзверы, Малання выглядае ў акно.
А Божачка, і прынёс жа цябе чорт за пазухай (адчыняе дзверы). Пан бургамістр, рада бачыць. Праходзьце, праходзьце.
Бургамістр. Добры вечар, пані Малання. Як жывяце?
Малання. Вядома ж – жыццё ўдавы невясёлае. Сядайце, калі ласка, гарбаты пап’яце?
Бургамістр. Гарбаты, ды з цукрам, а самі пані Малання саладзей за той цукар. (Садзіцца ля стала, хоча абняць Маланню.)
Малання. Вы ўсё жартуеце, а як Брындзюкоўна прыйдзе – зноў пад стол.
Бургамістр. Пані Малання прыдумае – пад стол. Паперка патрэбная звалілася – вось і прыйшлося падняць.
Малання. То вы ўсе свае паперы пад сталом пішаце?
Бургамістр. Улада, пані Малання, ведае, дзе што пісаць. Ва ўлады ўсюды клопат. Вось і да вас сягоння не так сабе.
Бургамістр пакрыху падсоўвае сваё крэсла да Маланні, а яна пакрыху адсоўвае.
Малання. Які ж у вас да мяне клопат?
Бургамістр дастае паперку і здалёк паказвае яе. Цяпер Малання падсоўвае сваё крэсла, а Бургамістр адсоўваецца.
Што гэта ў вас?
Бургамістр. Ды так, паперка адна.
Малання. Пакажыце.
Бургамістр. І з пячаткаю, і ўсё як трэба.
Малання. Дайце, дайце паглядзець.
Бургамістр перастае адсоўваць крэсла, Малання падсоўваецца, потым перасядае на калені да бургамістра і забірае паперу.
(Спявае.)
Аддала ў салдаты Ваню,
Не качала галавой.
Была дзяўчынкаю – гуляла.
Пагуляю і ўдавой.
Пачынае танцаваць і спяваць разам з Бургамістрам.
Бургамістр.
Для цябе стараюся,
Раскраса-красавіца,
Ты ж мяне кахаць не хочаш,
Што не падабаецца?
Малання.
Ты малы і пузаты
I нізкага росту.
Цябе трэба ўтапіць
З высокага мосту.
Бургамістр.
Як мае чырвонцы брала,
Губы не крывіла,
А цяпер пускаць не хочаш,
Нячыстая сіла.
Малання.
А я грошы брала, брала.
Усё жартам выдавала.
Ды ты стары, як калода,
А я млада, як ягода.
У час танца Бургамістр ловіць Маланню і пачынае абдымаць яе. Тут нехта грукоча ў дзверы.
Бургамістр. Каго гэта нясе?
Малання. Мо зноў Брындзюкоўна?
Бургамістр. Э-э, куды ж гэта мне? (Хоча схавацца пад стол.)
Малання. Бач ты, прывык. Лезь сюды, потым у сенцы выкіну.
Бярэ мех, Бургамістр залазіць. Яна завязвае і ставіць ля дзвярэй. Выглядвае ў акно, прыхарошваецца, адчыняе. Уваходзіць пан Пшэбыеўскі.
Добры вечар, пан Пшэбыеўскі!
Пшэбыеўскі. Вітанне пані Маланні. Пані выглядае, што тая кветка, з ёю і дзень, і вечар добры.
Малання. Праходзьце, праходзьце. Я гэтак чакала, сядайце.
Малання дастае з печы гуся, з шафы віно. У гэты час на вуліцы з’яўляецца Несцерка, ён бачыць усё праз акно.
Частуйцеся, калі ласка.
Пшэбыеўскі. Дзенькуем (падсоўвае крэсла да Маланні.) З вашых рук, пані Малання, – усё як мёд. А сама пані Малання – саладзей за мёд.
Яны выпіваюць віно.
Малання. Ах, як вы ўсё гаворыце, якія ў пана манеры.
Несцерка(на вуліцы). Эх, аж слінкі цякуць! Была не была – я ж да яе ў работнікі наняўся. (Грукоча ў дзверы.)
Пшэбыеўскі(спалохана). Цо такое?
Малання(ідзе да дзвярэй). Каго там чэрці прынеслі? (Адчыняе дзверы.) Табе чаго?
Несцерка. Што лаешся, маладзіца, – хіба забылася, як у бургамістра паперу пісалі?
Малання. А, работнічак? Што трэба?
Несцерка. Вядома, што. Наняўся – прадаўся. З рукамі, нагамі – але і з вантробамі. А яны – вантробы – павячэраць патрабуюць. Ды і пераначаваць бы не шкодзіла.
Малання. Бач ты – павячэраць. Але раз ужо наняўся, занясі гэты мех да бургамістра – скажаш, плата за падаткі. Ды на вось посцілку – пераспіш на сене. А як заўтра дровы ўсе паколеш, то будзе і вячэра і сняданак. (Дапамагае яму ўзяць мех і зачыняе дзверы, вяртаецца да стала.) Прабачце, то хлоп.
Заслона закрывае палову сцэны з хатаю. Засталася толькі вуліца. Несцерка нясе мех.
Несцерка. Вось і паеў, спрытная кабетка! Але ж і цяжка, чым гэта яна такім у казну падаткі плаціць?
Кідае мех на зямлю. Чуецца стогн.
Эге, ды тут нехта ёсць!
Развязвае мех, Бургамістр высоўвае галаву, Несцерка хуценька завязвае мех.
Хто такі будзеш, і як сюды трапіў?
Бургамістр. Ты што, не бачыш? Развязвай!
Несцерка. Бачыць я бачу, а развязваць не буду.
Бургамістр. Развяжы! Я бургамістр!
Несцерка. А як дакажаш? Пашпарт ё? Няма? А ты ведаеш, што бывае з бяспашпартнымі валацугамі? Ды яшчэ ў мяху? Ты ведаеш, што я магу з табою зрабіць? Я ж цябе – раз-два – і ў рэчку. Няхай там табе ракі дакументы выпісваюць, бо яны вусатыя, як валасны пісар. (Цягне мех па вуліцы.)
Бургамістр. Э-э, пачакай, давай па-добраму. Я табе заўтра пашпарт выпішу.
Несцерка. Патрэбны ён мне, што мерцвяку балалайка. Я лепш цябе бултых – і ў рэчку.
Бургамістр. Э-э, я табе гандляваць без пошлін дазволю.
Несцерка. I гэта мне, што казе гармонік. (Цягне далей.)
Бургамістр. Э, пачакай, ну што ты здзекуешся з чалавека.
Несцерка. А – і табе з бургамістраў у чалавекі захацелася? Заплач, тады адпушчу.
Бургамістр. Э-э-э… (Плача.)
Несцерка. Што, браток, гульнуў, як голы ў крапіве? Ну ды ладна, калі вада з вачэй яшчэ цячэ, то, можа, штось чалавечае засталося, адпушчу. Толькі памятай – прахожых больш не крыўдзі!
Бургамістр. Навошта ж крыўдзіць?
Несцерка. Эх, бачу, і ты чалавек неблагі. Ды толькі вось не жылец ужо.
Бургамістр. Гэта чаму ж?
Несцерка. Чуў краем вуха, зарэзаць цябе хочуць. Жонка твая. Напоіць і… Дамаўлялася яна.
Бургамістр. Брэшаш! З кім дамаўлялася?
Бургамістр вылазіць з мяха і ідзе налева, а Несцерка вяртаецца да хаты Маланні, бярэ посцілку і хоча лезці на гару спаць. Але тут ззаду падыходзіць салдат Іван і хапае яго за каўнер.
Iван. Я табе пакажу – красці!
Несцерка. Эй-э, што красці – я спаць лезу.
Iван. А хто ты такі – спаць у маёй адрыне?
Несцерка. Работнік я, наняўся дровы калоць. А ты што ж, гаспадар гэтай хаце будзеш?
Іван. Быў гаспадар, ды не паспеў вокам маргнуць, як затараканілі мяне, братка, у салдаты.
Несцерка. I што ж – адслужыў!
Іван. Эге, братка. Адтуль толькі старым ці калекам адпусцяць. Армія ідзе маршам да граніцы. Кароль суседні з царом нашым у карты гуляў – ды і хлоп яго па лысіне. Казаў, муху хацеў забіць. А цар кажа: не было ніякай мухі. Адным словам, вайна можа быць. Гэта, брат, палітыка – справа тонкая.
Несцерка. Бач ты?!
Іван. Ну, пайшлі ў хату, што, табе там месца не знайшлося?
Несцерка. Хто яго ведае. Я чалавек прахожы, мне не пад плотам – і то добра. Дзе пакладуць, там і лягу, хоць і не вячэраўшы.
Іван. Ну то і перакусім разам. Мяне ж іх благароддзе на гадзіну адпусціў – дай Бог яму здароўя, паставіў яму выпіць на апошні рубель. Эй, Малання, адчыняй.
Малання адчыняе дзверы, відаць, як Пшэбыеўскі хаваецца ў бочку ля печы.
Малання(убачыўшы Івана). А-о-о-о…
Іван. Што, касатка, – не рада?
Малання. А-о-о-о…
Іван. Сядай, добры чалавек. А ты цягні на стол усё, што ёсць. Можа, апошні раз у сваёй хаце перакусіць давядзецца – палітыка, брат, – тонкая справа. Ды расказвай, як жывеш тут без мужа.
Малання(ставіць на стол хлеб і сала). Вядома, як удава.
Іван. Мабыць, не сумуеш?
Малання. А і не павесялішся – на хлебе з салам.
Іван. А салдат і вадзе, бывае, рад. А з салам ды хлебам – то свята.
Несцерка. Гэта так. Сала – добра, а вось гусь – таксама не горш.
Іван. Які гусь?
Несцерка. Тушаны – з печы, вунь там, за ўслонам.
Малання. Што ты мелеш, мо п’яны?
Iван. А ты адкуль ведаеш?
Несцерка. Ды я, міл чалавек, наскрозь бачу. Асабліва, калі есці хочацца. Заглянь, заглянь, гаспадынька, у печ і ў шафу.
Малання. Што ты вярзеш, валацуга!
Іван. Ну-ну, не шумі, я і сам загляну. (Дастае гуся.) Каму ж гэта ўсё прыгатавана? Ох, дабяруся я да цябе…
Несцерка. Давай, салдацік.
Iван. I як ты на гэтую шафу глянуў? А то бачыш, як з бабаю. А вось у нас таксама быў адзін гэтакі, як і ты. Але ён усё больш чарцей бачыў – дык яго ў манастыр адпусцілі.
Несцерка. Эй, чарцей – гэта я яшчэ ў дзяцінстве мог.
Малання. Ды ты сам чорт бязрогі.
Несцерка. Вось, напрыклад, бачыш бочку?
Іван. Ну.
Несцерка. А ў ёй – бачу – сядзіць чорт.
Іван. Не можа быць. А калі яго перахрысціць?
Несцерка. Не заўсёды дапамагае. Каб чым другім…
Іван. А ну, пачакай… (Бярэ ружжо, цэліцца.)
Малання. Ты што, здурнеў, у хаце…
Іван паспявае стрэліць, бочка падае, Пшэбыеўскі выскоквае, уцякае праз акно.
Іван. Каб сам не бачыў – не паверыў бы. Я думаў, чэрці ўсе чорныя, а гэты голы, як турэцкі святы.
Несцерка. Э-э, братка. Усялякія бываюць.
Іван. А ты, жонка, што скажаш? Даўно ў хаце чэрці завяліся?
У разбітае акно заглядвае салдат.
Салдат. Гэй, Іван, паспяшай, апошняя рота на маршы!
Іван. Ну, альбо вярнуся – чарцей выведу, альбо зусім не вярнуся – знайду сабе месца: з табою жыць, што з тым чортам. Бывай і ты, добры чалавек.
Салдаты пайшлі. Малання хапае качаргу і кідаецца да Несцеркі.
Малання. Бач, работнічак! Я табе пакажу, як соваць нос у чужую задніцу!
Несцерка. Ціха, ціха, мілая.
Малання. Не тое што праз заслонку – свету божага не ўбачыш.
Малання б’е качаргою. Несцерка аббягае вакол стала. Малання б’е яшчэ раз, трапляе па стале, разбівае посуд.
Несцерка. Ты што нарабіла?
Малання, змарыўшыся, кідае качаргу, садзіцца на крэсла.
Малання. О Божа! Прынеслі цябе чэрці на маю галаву.
Несцерка. Ты б лепш дзякуй сказала, а яна – з качаргою.
Малання. За што табе, іраду, дзякуй?
Несцерка. А ты падумай сваёй бабскай галавою – не было б мяне, дык застаў бы вас Іван уціхую? А расказаў бы я яму пра твае хітрыкі – пра скасаванне шлюбу, думаеш, ён бы ў бочку з свайго ружжа стрэліў ці ў цябе – га?
Малання(спалохана). Што ты кажаш!
Несцерка. Баба – волас доўгі, розум кароткі. Івану што там, на вайне, загінуць, што тут – адна рэдзька. Вось і думай.
Малання. А ты спрытнюга. Бач, як усё перавярнуў. Мне б гэткага памочніка. Яно і сапраўды – баба ёсць баба.
Несцерка. А што за дапамога табе патрэбна?
Малання. Не простая. З розумам трэба.
Несцерка. Гэткага дабра ў мяне хапае.
Малання. Наперад не выхваляйся. Не ведаю, казаць табе або не. (Закрывае падушкаю пабітае акно.) А, цяпер усё роўна. Трэба мне Пшэбыеўскаму вяселле сапсаваць. Хоча ён Кацьку, пісараву дачку, браць.
Несцерка. А навошта табе гэта?
Малання. Даход маю з яго.
Несцерка. Калі пачала – кажы да канца. Паперу аб скасаванні шлюбу навошта брала?
Малання. Добра. Абяцаў мяне Пшэбыеўскі ў Варшаву завезці. Сам падумай, што мне тут. Вернецца Іван – кіне мяне. Мы ж з ім нават у касцёле не вянчаліся, толькі ва ўправе і запісаны. Лепш я сама пра сябе патурбуюся. А Пшэбыеўскага, калі ў рукі ўзяць, то і грошы будуць.
Несцерка. Бачу, ты свайго не мінеш.
Малання. А ажэніцца – памінай як звалі.
Несцерка. Памог бы я табе – мне гэта што вус пакруціць. Але за проста так і сабака не пачэшацца, а мужык задарам і да чорта не пашле.
Малання. Не турбуйся – разлічымся.
Несцерка. Гэта чым жа?
Малання. Пры бабе заўсёды ёсць чым заплаціць. (Падсаджваецца да Несцеркі і падштурхоўвае яго пад бок.)
Несцерка. Бач ты! Яно, канешне, баба ты гладкая. Але ў мяне з гэткае манеты рэшты няма. Мне чырвонцамі трэба.
Малання. Будуць і чырвонцы, але з мяне наперад не выкруціш. Вучаная. Колькі хочаш?
Несцерка. Тысячу.
Малання. Ты што! Тысячу!
Несцерка. А за кукіш – не купіш. Калі я зраблю ўсё як след – у цябе гэтых тысяч будзе што гразі пад свіннёю. Пішы распіску.
Малання. Добра, прайдзісвет. Але наперад – ні грошыка. (Піша распіску.)
Несцерка. Не турбуйся. Толькі зачэпка патрэбна. Парай пану мяне ў лакеі ўзяць. Скажы, маўляў, каб не я – вам бы абаім – крышка. А там справа пойдзе. (Пяе.)
Калі я за справу ўзяўся,
То ўсё будзе гладка.
Не турбуйся, маладзіца,
Пагуляеш сладка.
Малання.
Маё жыта не арана,
Але поле родзіць.
Нікаго я не заву,
Самі ўсе прыходзяць.
Несцерка.
У цябе ёсць тры капейкі,
У мяне тры грошы.
Пацалуй мяне, галубка,
Калі я харошы.
Малання.
Выйду я на вуліцу,
Туды-сюды гляну:
Адзін мне нясе бліны,
А другі смятану.
Несцерка.
Ой, скрыпяць калёсы,
Няма на іх мазі.
Я прыбіўся да цябе
Як свіння да гразі.
Малання.
Як была я маленька,
Калыхала маменька
А як стала падрастаць,
Сталі хлопцы калыхаць.
Несцерка.
Хай цябе, мая галубка,
Чэрці калыхаюць.
Я ж на гэта не прыгодны,
Мяне людзі знаюць.
Лепей я павесялюся.
Чым я бабай задаўлюся.
Карціна пятая
Дом Бургамістра. Стол, крэслы, канапа. Брындзюкоўна адчыняе дзверы, уваходзіць Бургамістр.
Брындзюкоўна. Праходзьце, праходзьце, змучылася чакаючы.
Бургамістр(з асцярогаю). Клопат – адзін клопат. Вось і затрымаўся. Горадам кіраваць…
Брындзюкоўна(лісліва). Канешне, канешне – за ўсім даглядзі…
Бургамістр. Вось і затрымаўся – клопат. На ўсё час патрэбен.
Брындзюкоўна. Вашымі клопатамі горад жыве – сябе не шкадуеце. Адпачніце, павячэрайце.
Бургамістр. Яно і вядома – улада. Сказана ў пісанні: ярмо ўлады.
Брындзюкоўна. Павячэрайце, адпачніце. Стамілася, чакаючы – усё хочаш як лепш, усё як дагадзіць. (Дапамагае распрануцца, збірае на стол.)
Бургамістр. Што гэта сёння, як на свята?
Брындзюкоўна. А для законнае жонкі муж цераз парог – і ў хаце свята. Пасля працы – і паесці і адпачыць.
Бургамістр. Яно, канешне, так…
Брындзюкоўна. Пакаштуйце віна – сама купляла.
Бургамістр. У Яцака?
Брындзюкоўна. Адкуль у яго добрае віно? Упраўляючы пана Пшэбыеўскага ўступіў, а яшчэ – ах, забылася, зусім забылася. (Выбягае.)
Бургамістр. Пшэбыеўскага? Дык няўжо? (Праводзіць рукою па горле.) Гэты што хочаш зробіць. Глядзі, галава, глядзі!
Прыбягае Брындзюкоўна, на талерцы нясе кансерву.
Брындзюкоўна. «Пашлет» – з самой Францыі. I віно адтуль. Піце, піце – усё як у людзей, яно ж вядома – бургамістр, не па-мужыцку ж…
Бургамістр(п’е і закусвае, Брындзюкоўна бегае вакол, падсоўвае талеркі, падлівае віно). Што гэта вы клапоціцеся сёння?
Брындзюкоўна. Хто ж паклапоціцца, як не законная жонка. Селядца вазьміце, «пашлет» паспрабуйце.
Бургамістр. Што гэта вы… турбуецеся… як на свята…
Брындзюкоўна. Хто ж патурбуецца, як не законная… наліце яшчэ.
Бургамістр(п’е). Дзякуй, дзякуй, толькі што гэта вы так частуеце…
Брындзюкоўна. Хто ж пачастуе, як не жонка законная. Ноч не спіш, думаеш, як дагадзіць.
Бургамістр. Дзякуй, дзякуй… Толькі што гэта вы…
Брындзюкоўна. Наліце, наліце хранцузскага. Калі ж і адпачыць, як ні пасля працы, дзе ж як не дома – а жонка, законная, усё падрыхтуе. (Выбягае.)
Бургамістр. Няўжо праўда? Падрыхтуе? З Пшэбыеўскім. (Праводзіць рукой па горле.)
Прыбягае Брындзюкоўна, нясе падушку, кладзе на канапу.
Моцнае віно…
Брындзюкоўна. Заморскае, адпачніце, дзе ж адпачнуць…
Бургамістр лажыцца на канапу і пачынае храпці. Брындзюкоўна ходзіць вакол яго, прыносіць нож, вострыць яго, плюе тры разы, прыстаўляе да шыі. Бургамістр хапае яе за руку, кідае на падлогу і пачынае біць плёткай.
Езус Марыя, Езус Хрыстус, – дапамажы.
Бургамістр. А, душагубцы! Я табе пакажу, як людзей рэзаць! Законнага мужа! Я вас выведу на чыстую ваду. Змова! На ўладу руку паднялі – га?!
Брындзюкоўна. А-а, Езус Марыя, дапамажы!
Бургамістр. Я табе дапамагу – і да Пшэбыеўскага дабяруся! Ён на мяне даўно зубы вострыць – бач, дарогу яму перайшоў. Я вам пакажу! Мужа рэзаць!
Брындзюкоўна. А-а-а-а, я не рэзала, гэта ўсё ён навучыў!
Бургамістр. I да яго дабяруся! Не пагляджу, што Пшэбыеўскі! Усе на катаргу пойдзеце! Бургамістр проста так не дасца! (Кідае плётку, становіцца насупраць Брындзюкоўны і паказвае ёй фігу.) Зарэзаць – а вось бачыла?
Брындзюкоўна(хапае яго за руку, але Бургамістр штурхае яе, і яна садзіцца на падлогу). Не хацела я рэзаць!
Бургамістр. Смерці мае захацела?
Брындзюкоўна. Не смерці я хацела, а кахання… А-а-а…
Бургамістр. Якога кахання?
Брындзюкоўна. Такога, як тады, калі пажаніліся, каб не бегаў па патаскухах… А-а-а…
Бургамістр. Ты што вярзеш?
Брындзюкоўна. А-а-а… (Мацае плечы.) Што толькі не рабіла – і зеллем паіла, і шаптух вадзіла, у, казёл пракляты, як да жонкі – дык яго няма – усё па патаскухах. Валацуга гэты і параіў выгаліць тры валасіны пад барадою і – ад іх, кажа, усё зло. Ці ж я не законная жонка, ці ж я не хачу кахання?! А-а-а…
Бургамістр. Які валацуга?
Брындзюкоўна. У ратушы ў тваёй, калі застала цябе з гэтай макрахвосткаю – а-а-а! – прападзі ўсё пропадам, у манастыр пайду ад такога жыцця – а-а-а… (Паўзе на карачках праз усю сцэну.)
Бургамістр. Стой! Стой!
Брындзюкоўна спыняецца і аглядваецца.
Успомніў. Успомніў, дзе я яго бачыў! Гэта ж ён у мяне ля рэчкі штаны ўкраў! I Яцаку прадаў – а я яго чуць у астрог не пасадзіў! Гэта ж Несцерка! Гэта ж яму стары Пшэбыеўскі коней прайграў! Ага! Дык вось як яно?! Ну пачакай! Я цябе дастану! Толькі трэба ўзяцца з розумам! Я табе выпішу пашпарт! Паглядзім, хто каго!
Карціна шостая
У панскім палацы – сцэна, на ёй рэпеціруюць дзяўчаты, на першым плане Кацярына, да яе падыходзіць лакей.
Лакей. То хай пані пачакае, пан зараз прыйдзе.
Уваходзіць Несцерка.
Кацярына. Дзядзечка Несцер!
Несцерка. Вось табе і на – мне пан загадаў сетку сплесці ды птушку злавіць – а яна сама ў клетку прыляцела.
Кацярына. Што вы тут робіце?
Несцерка. Я то заўсёды пры пану, як тая блыха пры сабаку. А вось ты як сюды трапіла?
Кацярына. Бацька прыслаў. Пан хоча, каб я яго тэатр паглядзела.
Несцерка. Э-э, пан не толькі гэтага хоча, ды, бачу, і бацька твой таксама.
Кацярына. Ведаю, ведаю, дзядзечка, што яны хочуць. (Закрывае твар рукамі.)
Несцерка. Ну, не трэба слёзкі ліць. Паглядзі, у якой прыгожай клетцы жыць будзеш.
Кацярына. З мілым і ў запечку добра.
Несцерка. А пан што – не мілы? Багаты і знатны. А які на погляд – як важна выступае, які гонар. (Паказвае, як пан ходзіць.) Не тое што які мужык – Андрэй, напрыклад, – ні форсу, ні грошай у кішэні.
Кацярына. Ды затое як прытуліць ды як прыгалубіць, ой, што гэта я кажу!
Несцерка. То і кажаш, што ў думках. Каханне і кашаль не схаваеш. Толькі забудзь пра свае каханне. Якая з яго карысць? Самая непатрэбная рэч на свеце. Будзеш жыць у палацах, у Варшаву паедзеш, у золаце будзеш хадзіць, на Андрэя свайго і не паглядзіш, а на дзядзьку Несцера і плюнуць не захочаш.
Кацярына. Ой, дзядзечка, не рвіце душу, я і так усе ночы праплакала.
Несцерка. Няўжо праплакала? Няўжо паненкаю быць не хочаш?
Кацярына. Каб бацьку не ў астрог – збегла б куды вочы глядзяць. А каб прымусілі – то і ў ваду б.
Несцерка. Э, да ты не ў бацьку, ты ў маці нябожчыцу. Памятаю яе, зямля ёй пухам. I цябе з калыскі памятаю, птушачка ты мая. I калі ты сапраўды за панствам не гонішся, у бядзе не пакіну.
Кацярына. Ой, дзядзечка Несцер! (Абдымае Несцерку.)
Несцерка. Ну, ну. Толькі вось бацька твой – ці з розуму зжыўся, ці ў падпанкі яму свярбіць…
Кацярына. Вінен ён пану тысячу рублёў – пасадзяць яго ў астрог. Каб не гэта…
Несцерка. А і пасядзеў бы крыху – можа, розуму дабавілася б.
Кацярына. Не, дзядзечка, я гэтак не згодна. Лепш век гараваць, чым бацьку ў астрог аддаць.
Несцерка. Ну-ну, не сумуй. Знойдзем тысячу.
Кацярына. Дзе ж гэткія грошы ўзяць?
Несцерка. Была б бяда. Яна навучыць. А разумны чалавек і без грошай выкруціцца.
Кацярына. Андрэй павёз тавар гандлярам – павёз няходжанымі шляхамі і ўжо вестачку прыслаў – усё добра абышлося. Грошы ёсць. Ды і пан пра гэта даведаўся – цягне ў касцёл як у пятлю.
Несцерка. Ну дык слухай. Скажа што пан пра вяселле – нічога не абяцай. А ўвечары пад’еду я на панскіх конях – сядай і насустрач Андрэю. А пакуль вы вернецеся, мы тут неяк пратрымаемся.
Кацярына. Значыць, мы коней гэтых украдзём? Так ня добра.
Несцерка. Э-э, Бог чэсных любіць, ды долі не дае. Не ўкрадзём, а пазычым. Толькі вось бацьку б твайго ўламаць. А вунь і сам Пшэбыеўскі сюды стрыканожыць – ну, да вечара.
Несцерка выходзіць. З’яўляецца пан Пшэбыеўскі.
Пшэбыеўскі. О! Пані Катажына! Бардзо рады бачыць! (Кланяецца.) Дзенькуем пані за візіт. Я меў смеласць прыгатаваць пані сюрпрыз – о, пані будзе мець шмат прыемнасці. У гэткай глушы прывабная пані не мае забавы. Я хацеў, каб пані паглядзела мой тэатр.
Кацярына кланяецца.
То, канешне, не Варшава, але я намагаўся зрабіць так, каб пані мела прыемнасць. Я сам аўтар, я напісаў вершы, музыку – то опера прысвечана пані Катажыне.
Кацярына зноў кланяецца.
(Хлопае ў далоні, звяртаецца да дзяўчат-танцорак). Прыгатаваць усё! Перша сцэна – танец. Музыка – раз-два – раз-два-тры!
Танцоркі пачынаюць танец. Яны ў антычным адзенні, дэкарацыі – горы, воблакі, кіпарысы.
О! Матка боска – як нежывыя – віва, віва, вось гэтак. Амарозо – вось так. (Паказвае, як трэба рухацца.) Зноў – музыка – кантабіле, кантабіле. От, як з дрэва зробленыя! Рукі – рукі – грацыя. О, пані Катажына, – як вывучыць гэтых! I музыка – хоць вушы затыкай. Трэба выпісваць італьянцаў. Пастух, дзе пастух? – выхад пастуха.
З’яўляецца пастух, усе заміраюць.
Пастух (спявае).
О! Як я кахаю пастушку!
О! Як яна прыгожа.
Я ноч не сплю!
Усе зноў працягваюць танец вакол пастуха.
Пшэбыеўскі. Стоп, стоп, усё не тое! (Выходзіць сам, робіць некалькі «па» і пяе.)
А! Як я кахаю пастушку!
О! Як яна прыгожа!
Я ноч не сплю!
От, пані Катажына – ну што з імі зробіш. I потым, што гэта за мова?! Ці ж можна размаўляць на гэткай туземнай мове?! На сцэне трэба па-французску або па-польску.
Кацярына. А па мне, паночку, няма лепш той мовы, на якой маці калыханку пела.
Пшэбыеўскі. Маці! Калыханку! Не, не. Ні пець, ні танцаваць! Не тая парода. Трэба выпісваць італьянак.
Кацярына. Занадта складана пан усё прыдумаў – вось і не атрымліваецца. А што пець ды скакаць – нашы дзяўчаты не горш за італьянак могуць.
Пшэбыеўскі. О пані! Мастацтва – тонкая рэч. Тут патрэбна парода. Віва – кантабіле, тэмпо – брыо.
Кацярына. А вось пагляньце – ваша брыла.
Кацярына збірае танцорак і музыкаў, і пачынаецца танец, усе спяваюць.
Чабарок, чабарок,
Ды каля дарожкі,
Харошанькі мой міленькі,
Ды крывыя ножкі.
А мой жа ты даўганосы,
Ой, які ж ты нехарошы;
Каб ты быў такі, як я,
Дык даўно была б твая.
Каля саду я хадзіла…
Ды шчыпала вішні.
Дай жа, Божа, кавалера
Ды пад мае мыслі.
Дзяўчаты акружаюць пана, танцуюць з ім. Кацярына пяе.
У агародзе буракі,
А на лузе мята.
Любіць, любіць мяне мілы,
Хоць я не багата.
Танец працягваецца, усе пяюць.
Біла мяне мама з ночы,
За Івана кары вочы.
I казала: буду біць,
Каб Іванку не любіць.
Я ж Іванку так мілую,
Дзе ўбачу – там цалую.
Кацярына зноў побач з панам, спявае.
Ты не топай нагой,
На пайду я з табой,
Лепш босаю хадзіць,
Чым нямілага любіць.
Пасля гэтых слоў Пшэбыеўскі грозна топае нагой, усе разбягаюцца.
Пшэбыеўскі. То цо такое пані мувіць!
Кацярына. А гэта песня такая.
Пшэбыеўскі. Ах, то песня?
Кацярына. Песня, песня.
Пшэбыеўскі. Песня добрая. Гэткія песні трэба запісаць і выдаць ксёнжкай у Варшаве. То туземны фальклор.
Кацярына. Пан так навукова кажа, што і зразумець цяжка.
Пшэбыеўскі. Але. Да навукі я маю розум. А пані Катажына вельмі добра скакала. Зусім як тая козачка. (Хоча абняць Кацярыну.)
Кацярына. Козачкі не толькі скачуць, яны яшчэ і бадаюцца.
Пшэбыеўскі. О, пані Катажына, я толькі меў намер падзякаваць за танец.
Кацярына. Пан казаў, што мы не ўмеем танцаваць.
Пшэбыеўскі. О, я толькі меў на ўвазе, што гэткія танцы не для сцэны. Мастацтва – тонкая рэч. Вось калі будзе гатова мая опера…
Кацярына. А калі ж яна будзе гатова?
Пшэбыеўскі. О! Такое грандыёзнае прадстаўленне мае быць толькі па асаблівым выпадку. Напрыклад, для вяселля. Як пані Катажына адносіцца да вяселля?
Кацярына. Гэта справа добрая. Ды вось жаніха няма.
Пшэбыеўскі. Жаніха можна знайсці.
Кацярына. Цяжка знайсці такога, якога хочацца.
Пшэбыеўскі. А якога пані хоча?
Кацярына. Каб быў прыгожы…
Пшэбыеўскі. То ці ж я не прыгожы – такіх шчыблетаў ні ў кога ў акрузе няма, а фрак з самога Парыжа.
Кацярына(убок). Добры фрак, ды сам дурак. (Пшэбыеўскаму.) Яшчэ каб разумны быў.
Пшэбыеўскі. О, па розуму мне тут роўных няма.
Кацярына. Вось гэта праўда, цяжка пару знайсці.
Пшэбыеўскі. Другі раз ну проста распірае ад розуму, не ведаеш, што і рабіць.
Кацярына. Падзяліліся б з кім.
Пшэбыеўскі. А я так і раблю, я парады ўсім тады даю. Вось і панне Катажыне хачу даць.
Кацярына. Якую ж гэта параду пан хоча мне даць?
Пшэбыеўскі. Выходзьце, пані Катажына, замуж.
Кацярына. Дзякуй, так і зраблю. Толькі вось каго жаніхом абраць – парады ў пана пытаць не стану.
Уцякае, пан бяжыць следам.
Пшэбыеўскі. За мяне, за мяне, як крулеву апрану, у Варшаву завязу.
Кацярына выскоквае ў дзверы, а пан сутыкаецца з Несцеркам.
Несцерка. Дзень добры, паночку.
Пшэбыеўскі. От, халера ясна, збегла.
Несцерка. Э, паночку, дзеўку голымі рукамі не зловіш.
Пшэбыеўскі. Тады сеткай зловім, залатой. Як адвязу ў Варшаву… Кажы, што новага.
Несцерка. Ох, паночку, што ні навіна, то не радасць.
Пшэбыеўскі. За дрэнныя весткі – сам ведаеш, якая ўзнагарода.
Несцерка. Што рабіць, як лепшых няма. I так заходзіў, і гэтак. I з ёю гутарыў, і з бацькам. Убіла сабе ў галаву гэтага Андрэя – за яго, або ў ваду, кажа, – і ўсё тут.
Пшэбыеўскі. А што ж бацька – тысячу мне вінен, – сілком хай цягне да касцёла. За гэтыя грошы дзве такія Катажыны купіць можна.
Несцерка. Ён не супраць, але ж пан хацеў паціхеньку абвянчацца.
Пшэбыеўскі. Але. Катажына, хаця і прыгажуня, а мяшчаначка, не з рукі мне, Пшэбыеўскаму, пры ўсім народзе. Вось пажыве ў Варшаве, стане паненкаю…
Несцерка. А сілком, паціху, – не атрымаецца. Дзеўка не конь, вупраж не накінеш.
Пшэбыеўскі. Захочаш пакатацца – запражэш. Дзе ж твая хвалёная хітрасць?
Несцерка. Пры мне, паночку, пры мне. Вы казалі, што вам абы да касцёла, а там ужо ваш клопат.
Пшэбыеўскі. От, пасля касцёла дзеўка мякчэй становіцца.
Несцерка. Вось я і прыдумаў…
Пшэбыеўскі. Ну дык расказвай, што ты прыдумаў.
Несцерка. Даведаўся я, паночку, што Кацярына чакае Андрэя з дня на дзень. I хочуць да касцёла…
Пшэбыеўскі. То разбой! Я паклічу варту!
Несцерка. Э, паночку. Толькі спалохаеце. А вось мы ёй вестачку пададзім – як ад Андрэя. А пан пераапранецца – ды замест яго пад вянец. А там – воля ваша, мой клопат – да касцёла.
Пшэбыеўскі. От праўда, галота на выдумкі хітрая.
Несцерка. Хай пан загадае запрэгчы тройку – увечары я пад’еду па Кацярыну, у мяне ўжо ўсё дамоўлена.
Пшэбыеўскі. Малайчына! Толькі зробім гэта заўтра. Усё падрыхтаваць трэба.
Несцерка. Як пан скажа. А тады б няшкода перакусіць ды выпіць.
Пшэбыеўскі. Пшэбыеўскі ведае, як мужычка ўзнагародзіць. За тое, што добра прыдумаў – добра і пагуляеш. Я ведаю, што вашаму брату трэба. (Адкрывае заслону – за ёю стол з ежай і віном.) Пі, гуляй, а заўтра праспішся – і за работу.
Несцерка. Было б сказана – нам забыць нядоўга.
Пшэбыеўскі(прыпыняе Несцерку). Толькі памятай: аб нашых задумах ніхто не павінен ведаць.
Несцерка. Што гэта пан як быццам некага баіцца?
Пшэбыеўскі. А ты што, нікога не баішся?
Несцерка. А каго ж мне баяцца?..
Пшэбыеўскі. Ды вось прыходзіў раніцой бургамістр, цябе шукаў, казаў, трэба, маўляў, у астрог пасадзіць.
Несцерка. То ад добрае душы. Ведае, што ў мяне ні даху над галавой, ні хлеба ў абед – вось і турбуецца.
Пшэбыеўскі(смяецца). Дык, значыць, бургамістр добры чалавек.
Несцерка. Канешне, добры. Калі спіць, і з дубінай прайсці міма можна.
Пшэбыеўскі(смяецца). То добра мовіш. То б запісаць і выдаць ксёнжку ў Варшаве – як фальклор туземны.
Несцерка. Пішыце, пішыце, паночку. (Убок.) Каб табе чэрці віламі па скуры пісалі.
Пшэбыеўскі выходзіць.
Узрадаваўся. Што ты скажаш, як атрымаеш і дулю, а не Ганулю.
Уваходзіць Малання.
Малання. Ну што, работнічак, на другія харчы перайшоў – ці мае не да смаку?
Несцерка разводзіць рукамі.
Нешта ты і носа не паказваеш. Чула, у пана за лепшага сябра. Можа, і пра тое, аб чым дамаўляліся, забыў. А ён ўсё жыццё памятае. Можа, і мне расказаць пану, дзеля чаго ты да яго ўладкаваўся?
Несцерка зноў разводзіць рукамі.
Несцерка. Ты што малоціш?
Малання. А тое, што ў мяне ў гэтым доме таксама вока ды вуха ёсць. Чула, пану Кацьку сватаеш? Хочаш і каля яго, і каля мяне разжыцца.
Несцерка. От дурніца. Табе б у сямнаццаць гадоў да той памяці яшчэ б розум. Гэта ж «манеўр».
Малання. Які «манер»?
Несцерка. Глухому што ні кажы – сваё чуе. Нельга напрамкі лезці – у абход трэба, зразумела? Ты толькі рыхтуй грошыкі. Заўтра вечарам… Адным словам, з’едзе твая саперніца адсюль – табе і карты ў рукі.
Малання. Ох, спрытны ты круцель. Але каб і мяне не падмануў заадно.
Несцерка. Ну, ну – дзякаваць будзеш.
Малання. Гэта я заўсёды гатова – ды ты сам упіраешся. Колькі год адзін шляешся – і да бабы цябе не цягне – га? (Абдымае Несцерку.)
Несцерка. Ну, ну, дзіравага меха не напоўніш, карысці ад вас, ад баб. Вось я лепш сто грамаў вып’ю.
Малання. Эх ты, не тваім носам маліну кляваць. Відаць, і забыўся як.
Чуваць шум.
Ой, Пшэбыеўскі ідзе, трэба схавацца.
Несцерка. Уцякай у другі пакой, а я тута.
Несцерка бярэ бутэльку і лажыцца, быццам п’яны, пад стол. Малання выходзіць. Уваходзяць Пшэбыеўскі і панскі кухар татарын Мустафа.
Пшэбыеўскі(адхінае заслону). Ужо пад сталом валяецца. Дапусці свінню да талеркі. А сёння гэтак і трэба, усё па задуманым. Ты ўсё вывучыў добра?
Кухар. Усё, усё.
Пшэбыеўскі. Прачытаеш – скажаш: «Будзьце мужам і жонкаю» – і хуценька ў алтар. Вопратку скінеш – і на козлы. I адразу кіруйся на Варшаўскі тракт. Гэткае вяселле лепш у Варшаве гуляць.
Кухар. Усё зробім, як дамовіліся. Колькі пан заплаціць?
Пшэбыеўскі. Аб гэтым потым, потым.
Кухар. Грошы адразу. Грэх вялікі.
Пшэбыеўскі. Які табе грэх – ты не хрысціянін. Твая вера гэтага не забараняе.
Кухар. Паганіць касцёл – вялікі грэх. Грошы наперад.
Пшэбыеўскі. Наперад. А ты ўцячэш пасля, а як я дзеўку Кудрачку вярну, хто дакажа, што ты вянчаў?
Кухар. Мяне тады людзі адарвуць мая башка.
Пшэбыеўскі. Затое і грошы табе плачу.
Кухар. Дзеньга – гэта добра. За дзеньга ўсё зробім.
Пшэбыеўскі. Вось яшчэ таксама – туземец. Добра. Палову.
Кухар. Такія – не. Залаты, залаты давай.
Пшэбыеўскі дае мяшэчак з грашыма.
Пшэбыеўскі. Ды ты не турбуйся за сваю галаву. Пажыве дзеўка ў Варшаве – памякчэе, і шуму не будзе ніякага.
Кухар. Пан дзеньга даст – всё будзет харашо, шума не будзет.
Пшэбыеўскі. Пан грошай не пашкадуе. А як прыцямнее – едзь да Кацярыны, скажаш, ад Несцеркі. А то гэтаму прайдзісвету дай коней – ні дзеўкі, ні коней не знойдзеш. Ксяндза адвязеш у суседняе мястэчка. Вось запіска.
Кухар. Усё як пан скажа.
Пшэбыеўскі. Пайшлі, трэба ўсё хутка рабіць, хутка!
Выходзяць. З-за заслоны выходзіць Несцерка.
Несцерка. Вось табе і на! Я яго шапкаю, а ён мяне – абухом!
Уваходзіць Манах.
Манах. Што аслупянеў, як маланкаю стукнула?
Несцерка. Стукнула, брат, ды так стукнула – хоць крычы. А ты што тут робіш – усё на касцёл збіраеш?
Манах. Даўно кінуў гэты занятак. Жыву вось у пана Пшэбыеўскага за вучонага сакратара. А заадно даследую яго вінныя падвалы. Ды ён, відаць, зразумеў гэта. Схаваў ключы. Вось я іх і шукаю. Во яны – ключы пазнання сэнсу нашага існавання праз элексір жыцця.